355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 1)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 14 страниц)

Алла Сямёнава
Слова сапраўднага лад

Падрыхтаванае на падставе: Сямёнава А. Слова сапраўднага лад: Літаратурныя эцюды,– Мн.: Маст. літ., 1986,– 206 с.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

У ПЛЫНІ ЧАСУ


ЧАС – ТЭМА – ГЕРОЙ

У сапраўдным творы заўсёды адчуваецца дух часу. Conditio sine qua non. Абавязковая ўмова. А потым час, толькі ўжо ў яго гістарычнай перспектыве, прасейвае, адбірае, перастаўляе акцэнты. Нават праз некалькі гадоў аказваецца важным нешта іншае, не тое, што ў пару напісання. Узнікаюць праблемы там, дзе раней здавалася – існуюць толькі прыватныя непаразуменні. Набываюць асобую сацыяльную абвостранасць многія з ранейшых праблем. Застаюцца на парадку дня вечныя пытанні ў сучасным іх выяўленні – пытанні дабра, зла, хараства. І ўспрымаецца як сённяшні боль і нязбыўны клопат тое, што быццам бы стала гісторыяй.

Скажам, Вялікая Айчынная вайна. Пераасэнсоўваецца нават і ўласны вопыт. Тымі, хто быў удзельнікам. Тымі, хто так ці інакш прайшоў праз выпрабаванні таго часу. Пераасэнсоўваецца ў перакрыжаваннях асабістага, прыватнага, але і агульнага, грамадскага вопыту, у стасунках усведамлення асабістага і народнага, дзяржаўнага, гістарычнага.

Калі мець на ўвазе літаратурную практыку 70-80-х гадоў, з'яўляюцца новыя творы В. Быкава, І. Шамякіна, А. Адамовіча, І. Навуменкі, А. Марцінавіча, многіх іншых удзельнікаў вайны. Новыя маральныя, этычныя, псіхалагічныя, філасофскія праблемы на тым жа, мабыць, невычарпальным матэрыяле. Упершыню «выйшаў» на гістарычны «зрэз» падзей В. Быкаў, не проста паведаміўшы чытачу пра перадваеннае жыццё герояў («Знак бяды»), а паказаўшы іх і ў перадваенныя гады ў сітуацыях «кантрольных», шматзначных па сваіх маральных выніках. Давёўшы да тых, экстрэмальных выпадкаў падчас вайны, што, як і ў яго папярэдніх творах, патрабавалі ад чалавека найвышэйшай бескампраміснасці і самаахвярнасці. Знайшоў нестандартны, незацёрты паварот тэмы І. Шамякін у сваім творы «Гандлярка і паэт». Паказаў, як абставіны і драматычная сітуацыя падчас вайны абудзілі ці стварылі ў чалавеку здольнасць да высокага ўчынку, у чалавеку па ранейшым сваім жыцці дробным і карыслівым. Стварыў сваіх «Карнікаў» А. Адамовіч у жанры адкрыта філасофскай прозы. Дакументальная аснова – па сутнасці, толькі падстава для пастаноўкі агульных філасофска-духоўных праблем, для аналізу псіхалогіі злачынства. Адчулі патрэбу ў тым, каб вярнуцца да часоў свайго чалавечага і грамадзянскага сталення І. Навуменка («Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці»), А. Марціновіч («Груша на голым полі»), шырока скарыстаўшы аўтабіяграфічны матэрыял з дыстанцыі часу.

У перыяд, пра які ідзе размова, з'явіліся і значныя творы пра вайну пакалення «дзяцей» вайны. Разгорнуты, глыбіням, эпічны паказ сілы народнай, выспявання народнага гневу стварыў у сваіх раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» І. Чыгрынаў. Псіхалагічна насычанае, ліра-эпічнае даследаванне трагічных калізій вайны даў у сваіх аповесцях «Тартак» і «Найдорф» І. Пташнікаў. Няпростыя маральныя калізіі, што ўзнікалі падчас вайны, паклаў у аснову кнігі «Чужое неба» Б. Сачанка, па-свойму падыходзячы да праблемы трываласці і ўстойлівасці духоўнага жыцця народа. Пякучай памяццю вайны насычана аповесць В. Казько «Суд у Слабадзе», трагедыя Колі Лецечкі – адтуль, з тых дзён. Скалечанае яго жыццё, смяротная хвароба – трагічны вынік нечалавечых «эксперыментаў» фашыстаў.

Нечаканы, востры аспект тэмы падаў у сваім рамане «Што пасееш...» А. Рыбак. Дзеянне адбываецца ў пасляваенны час, але карані маральнага канфлікту ў тых днях.

Пра вайну пішуць і пісьменнікі, для якіх вайна існуе толькі ў памяці бацькоў, сваякоў, знаёмых, у памяці народа. Тыя, хто з'явіўся на свет пасля перамогі.

Аднак спыняць гаворку на гэтым не будзем. Пра «ваенную» прозу напісана многа, самымі славутымі і высокапрафесійнымі крытыкамі, і ў нас і за межамі рэспублікі. Размова пра тое, што з цягам часу ўзнікае новы падыход і да праблем, здавалася б, ужо дастаткова і на самым высокім ідэйна-эстэтычным узроўні выяўленым мастацкай практыкай.

Адлегласць часу, дыстанцыя даюць, свядома ці падсвядома, трохі іншы пункт погляду і ракурс успрымання. Залежны і ад прасторавай катэгорыі. Напісаны, да прыкладу, у 60-я гады раман «Птушкі і гнёзды» Я. Брыля мог з'явіцца толькі на той сацыяльна-гістарычнай глебе, існаванне якой было абумоўлена гістарычным лёсам былой Заходняй Беларусі.

Як і раманы В. Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» і «Год нулявы», раман В. Каваленкі «Падвышанае неба», створаныя ў апошняе дзесяцігоддзе. І адлегласць у часе ад тых падзей, што падаюцца ў раманах, дае магчымасць глянуць на абставіны жыцця, на лёс народа і асобы з улікам набытага сацыяльнага і гістарычнага вопыту. Набыты гэты вопыт адчуваецца і ў рамане І. Пташнікава «Алімпіяда» – пра вёску шасцідзесятых гадоў з дыстанцыі дваццаці год.

Час стварае новыя праблемы. У тым ліку такія, што гадоў дваццаць назад здаваліся прыватнымі пытаннямі. Ці ўвогуле не хвалявалі грамадства.

Заўсёды абвострана адчувае сацыяльныя праблемы сучаснасці І. Шамякін. У перыяд, які цікавіць нас у гаворцы, з'яўляецца яго раман «Атланты і карыятыды». Якім павінны быць сучасны горад? І якім быць дойлідам, што ствараюць яго? Як спалучыць узлёт фантазіі і прагматычныя мэты? Як суадносяцца натхненне і цвярозы інжынерны разлік? Як давесці да суладдзя дзелавыя інтарэсы і чалавечую годнасць? Як ісці ўпоравень з часам і не забывацца, ну, калі не пра вочнае, дык пра нармальны заўтрашні дзень і добра памятаць тое, што было. І невыпадкова з'явіўся ў яго раман «Петраград – Брэст». Пра важную, этапную старонку пашай гісторыі. Таму што адтуль – нашы сацыяльныя карэнні, нашы грамадзянскія прынцыпы, стыль нашага жыцця. Праўда, глядзець па ўвесь перыяд з семнаццатага года ці нават з чатырнаццатага як на адзіны маналіт, як на сучаснасць, як гэта робіць Ігар Дзядкоў у артыкуле «Наш жывы час» («Наше живое время») (Новый мир, 1985, № 3), наўрад ці выпадае. XX стагоддзе – так, новая эпоха ў жыцці чалавецтва – безумоўна. Але ў непарыўнай сувязі гэтага прамежку часу ёсць свае перарывы паступовасці, свае выбухі, свае этапы, свае вельмі адрозныя перыяды.

Апошпім дзесяцігоддзем настойліва і ў добрым ідэйна-эстэтычным суладдзі з лепшымі творамі так званай экалагічнай тэматыкі ў рускай прозе і прозе твораў нацыянальных прагучалі такія сацыяльна значныя творы, як «Цвіце на Палессі груша» і «Неруш» Б. Казько, «Паляванне на Апошняга Жураўля» А. Жука, «Пушча» В. Карамазава. Сёння гэта тэма закранае столькі праблем, што становіцца адной з кардынальных, найважнейшых праблем сучаснасці. Будучае кожнага кутка па нашай зямлі і па планеце. Разумнае, навукова абгрунтаванае ў кожнай дробязі гаспадаранне. Не толькі натхнёнае жаданне, але і руплівы, дакладны разлік. Уменне не толькі хвацка рабіць, а і перспектыўна, грунтоўна мысліць.

Гадоў дваццаць назад гэта тэма ў такім сацыяльным маштабе, па сутнасці, не існавала. Нават слова «экалогія» было малаўжывальным. Аднак вытокі многіх праблем – там. Сёння, у эпоху НТР, што такое экалогія, зразумела кожнаму школьніку, але стэрэатыпы ўяўленняў засталіся. У малым, побытавым, і ў вялікім, глабальным.

...Праблема вельмі пашырыла гарызонты беларускай «вясковай» прозы. Па сутнасці, закранае так ці інакш гэтую праблему і А. Кудравец у «Сачыненні на вольную тэму», і І. Пташнікаў у «Мсціжах», і А. Жук у «Халоднай птушцы». Нестандартнае выяўленне знайшла гэтая тэма ў творчасці маладзейшых. У апавяданнях У. Рубанава («Паляванне»), Х. Лялько («Касцы») і інш.

Калі мець на ўвазе літаральна – у «Халоднай птушцы» ці ў «Сачыненні на вольную тэму» канкрэтнай гаворкі пра ахову асяроддзя як быццам і няма. Але ўсім сваім жыццём Анэта з аповесці А. Жука – жывы ўзор разумнай і клапатлівай еднасці з прыродай. Адсюль – мудрасць жанчыны, яе разуменне нармальнай існасці ўсяго па зямлі, разумення, што ўсё мае свой пачатак і свой канец. І заканамерны працяг. Яна ўсё жыццё рабіла на зямлі і для людзей. І блізкі свой канец прымае немітусліва, без боязі, як чалавек, што зрабіў сваю справу па гэтым свеце. Жыццё пражыта – з'ява нармальная, ад гэтага ніхто не можа збегчы. Вось ужо і чатыры вярбы за ваколіцай, якія яна памятае маладымі, «з чыстымі святочнымі лісцікамі», аджылі свой век. Аджыла і яна – з годнасцю, як наканавана чалавеку. Галоўнае – усё сваім парадкам у свеце ідзе. Вось урэшце восеньскую стылую зямлю снегам заслала: не памерзне азіміна. Жыццё не спыняецца, як тое і павінна быць.

І Андрэй Вялічка з аповесці «Мсціжы» ўспрымае сваю пасаду лесніка як пажыццёвую, крэўную місію, як адзіны і галоўны занятак, якому нельга здрадзіць, як немагчыма здрадзіць памяці жонкі. Гэта тое, што ў ім жыве, яго натуральны чалавечы стан, нармальнае светаадчуванне. Яго чалавечая існасць.

Ігнат Сцяпанавіч Вапшчэткі з рамана «Сачыненне на вольную тэму» таксама з людзей, для якіх натуральнае і немарнатраўнае дачыненне да прыроды, гаспадаркі, да лесу, да звяроў – жыццёвы статус. Ён не задумваецца над гэтым – жыве. Але памятае заўсёды пра здаровае карэнне сваё. Сам рабацяшчы, учэпісты, цэніць гэта ў людзях: пашай народы чалавек, скажа ён.

Яўмен Ярыга з аповесці «Цвіце на Палессі груша» В. Казько ўвогуле не ўсведамляе сябе адстароненым ад прыроды, ён і з горада таму вярнуўся, хаця быў на заводзе выдатным спецыялістам. Але, як і ўсе яго аднавяскоўцы, ён браканьер. Рыбак і браканьер. Як усе, ловіць рыбу ў рыбгасаўскіх саджалках. Паводле вось таго самага жывучага стэрэатыпу. Звер – каб яго палявалі, рыба – каб яе лавілі, лес – каб яго секчы. І Яўмен – цудоўны чалавек. І аднавяскоўцы яго – не злодзеі. Але стагоддзямі засвойвалася ну не так каб спажывецкае стаўленне да прыроды, але досыць неагляднае. Была, ёсць, будзе. Здавалася, і багацце прыроды невычарпальнае. І раптам... Выявілася, тое, славутае, не чакаць літасці ад прыроды, браць...– аджыло, узніклі іншыя меры вартасцей. І да прыроды трэба літасцівымі быць. Але ва ўсведамленні чалавека яшчэ добра трымаюцца паняцці былога. Памятаеце, і ў В. Астаф'ева ў «Цар-рыба» ловяць рыбу мужыкі. Ловяць. Глушаць. Прадаюць. І пры выпадку выкідваюць. Калі рыбнагляд падпільнуе. У Сібіры. Дзе неаглядная прастора прызвычаіла да неагляднага шалу здабытчыцай волі. Бяры. Бяры. Але ж той стэрэатып пануе і на Каўказе. Хаця маштаб павінны быў бы сам арыентаваць па асцярожнасць. Ёсць такая аповесць «Лука Чахелі» В. Гігашвілі, дзе ляснік Чахелі, як астаф'еўскі інспектар рыбнагляду Чараміскі, як Сцяпан Дзямідчык А. Жука, спрабуе самаахвярна ратаваць жывое багацце народа. (Сама па сабе гэта хроніка падзей і фактаў грузінскага пісьменніка мала стасуецца па мастацкіх сваіх вартасцях да памянёных тут твораў, але цікавыя факты адносін, аднолькавыя паўсюдна.) Дык вось Яўмен Ярыга, па сутнасці, абкрадвае самога сябе. Як і яго аднавяскоўцы. Але перажыць сваю светлую хвіліну, зорнае імгненне яму ўдаецца. Ён ловіць самага вялікага карпа ў сажалцы ці, дакладней, карпіху, якую ніхто вылавіць не мог. І – адпускае на волю ў згодзе са сваім разуменнем, з вясновай прыродай, што дае жыццё ўсяму яшвому. Яўмену добра, ён адчувае суладнасць сваю са светам: «Нешта радаснае і прыгожае выспявала пад гэтымі маладымі майскімі зоркамі».

У В. Карамазава адзін з герояў рамана «Пушча», маленькі Юрась, пытаецца: «Дзед Гарох, а навошта небу столькі зорак? Дробным макам павысыпалі».– «Трэба, Юрась. Каб душа душу бачыла».– «І птушыную і звярыную?» – хоча ведаць хлопчык.

Вось гэтую і птушыную і звярыную душу ўмеюць адчуць нашы пісьменнікі вельмі тонка. Асабліва, мне здаецца, В. Карамазаў – калі мець на ўвазе яго «Пушчу», многія апавяданні, і В. Казько – у аповесці «Цвіце на Палессі груша» і ў рамане «Неруш». І. Пташнікаў – у яго «Алімпіядзе».

Гэта надае асобы каларыт, выразнасць уражання няпростай сацыяльнай праблематыцы гэтых твораў. Вось, здаецца, і душу расліны, і вады, і глебы разумеў Мацвей Роўда, галоўны герой рамана «Неруш». Аднак – адступіўся перад напорыстай нібыта бы відавочнасцю праваты – патрэбна зямля, а не балота, патрэбна паша, людзям патрэбны хлеб. Падалося не так і важным і маларэальным – парушэнне раўнавагі ў прыродзе. Вунь колькі балота з'ела жывога – здароўе людзей, зеляніна дрэў зніклі ў яго ўчэпістай твані. Нішчыць яго. Такая і назва ўзнікла – зона знішчэння.

В. Казько абвастрыў праблему, знарок стварыўшы сі– туацыю-«перевертыш». Асушвае балота меліяратар Мацвей Роўда, застаецца на асушанай зямлі старшыня калгаса Мацвей Роўда. І сам, па свае вочы, бачыць вынік адналінейнага, свайго і не свайго, гаспадарання на зямлі. Як патрэбна ёй разумная і дзейсная любоў, любоў сына, далікатная, пяшчотная і руплівая. Бачыць, што прыроду такі трэба пераўтвараць, дбаючы пра кожную дробязь. Прырода ўмее быць удзячнай, але ж і кара яе страшная. За дзесяцігоддзі не вернеш страчанае.

Мацвей Роўда пра гэта здагадваўся і да тарфяной віхуры, яшчэ падчас самога працэсу асушэння, слухаючы довады гідрагеолагаў, што Палессю «пастаянна, хранічна, катастрафічна не хапае» вады, што без рэгулявання ўзроўню грунтавых вод немагчыма разумнае «аблагароджванне зямлі». Але «Мацвей слухаў усе гэтыя спрэчкі і, здаецца, быў і не быў на той нарадзе». Бо яго клопат быў іншы, «просты і зразумелы», «датычыўся хлеба надзённага». Просты і зразумелы, таму што лёгка ўявіць клопат старшыні калгаса, што хоча зямлі, дырэктара рыбгаса – якому сажалка для рыбы патрэбна. А тут нейкія адцягненыя разважанні: грунтавыя воды, эрозія, карозія. Спрацоўваў той самы трывалы стэрэатып – браць у прыроды. не дзеля забавы ж – дзеля людзей. Іх дабрабыту.

Памылкі такія – у маштабах дзяржаўных – дорага каштуюць. І робяць іх героі зусім не адмоўныя. Станоўчыя? Так, як быццам – калі глядзець на асобу Мацвея Роўды з боку чыста этычнага. Пра людзей дбае, не пра ўласную карысць. Усім сэрцам любіць Палессе, родную вёску. Чалавек ён актыўнага, сацыяльна значнага дзеяння. Але ж як паглядзець на ляноту яго думкі? На жорсткую цану яго ўчынкаў?

Тут, трэба сказаць, героі «ваеннай» прозы звычайна набываюць перавагу. На вайне абставіны не прымаюць ні кампрамісу, ні нейтралітэту. Учынак у канкрэтнай сітуацыі выяўляе сутнасць чалавека. На вайне надзвычай ясная першапачатковая сутнасць канфлікту. Вораг – гэта вораг, здрада – гэта здрада. Першы крок да здрады – ён па сутнасці выключае магчымасць звароту. Ісціна відавочная. Учынак у канкрэтнай сітуацыі выяўляе сутнасць чалавека. Станоўчую ці адмоўную. Прычым выпрабаванне заўсёды за межамі побытавых эмоцый, наяўнае імкненне да гранічнай этычнай яснасці, да вырашэння найцяжэйшых супрацьлегласцей. Дарэчы, у творах «ваеннай» прозы апошняга часу змяніўся ракурс праблем, але засталася нязменнай духоўная сутнасць героя. Выяўляецца ўсё антымяшчанскае (згадаем гандлярку Шамякіна), надасабістае, усё, што можа ўзняць чалавека і ўзвысіць яго над самім сабой. І ў чым яшчэ найвялікшая сіла прыцягнення герояў ваеннай пары – гэта самыя звычайныя людзі, кожны можа суаднесці іх з самім сабой. Хаця б тая ж Сцепаніда са «Знака бяды». Яна ўсёй сістэмай сваіх жыццёвых дзеянняў увасабляе лепшае, па што здольны чалавек. Звычайны рэальны чалавек. Вывяраюць свае духоўныя сілы героі раманаў І. Чыгрынава. Знікаюць прыватныя вымярэнні. Пашыраюцца далягляды ўсведамлення. Думае селянін Парфён Вяршкоў пра лёс свайго народа, пра тых, хто да яго жыў на гэтай зямлі, пра тое, што давала сілы людзям, калі прыходзіў вораг. Думае пра тое, чым моцны яго народ. Асабліва востра адчувае сябе часцінкай народа Зазыба, адчувае асабістую адказнасць за лёс яго і за лёс сваіх аднавяскоўцаў. Ставяць сваё «я» ў суадносіны з гістарычным момантам героі І. Навуменкі і А. Марціновіча.

Што важна і пераканаўча, у залежнасці, зразумела, ад мастацкай выхаванасці: аўтары ідуць не, ад абстрактных разважанняў, не ад кніжных эксперыментаў – ад праўды жыцця. У тым ліку і А. Адамовіч, хаця ён дэкларуе хаду сваёй думкі не ў выглядзе сцвярджэння, у выглядзе адмаўлення (калі мець на ўвазе «Карнікаў»), адмаўлення страснага, жорстка арыентаванага на захаванне гуманістычных ідэалаў.

Героіка часу стварае гераічныя характары. Ці антыгерояў. Адкрытых. Ярка выяўленых. А вось галоўны герой шамякінскага рамана «Атланты і карыятыды» Максім Карнач і па натуры і па характару канфлікту – змагар, але сама па сабе прырода канфлікту тут, зразумела, іншая, чымсьці ў ваеннай прозе. Дылем на тую пару быць не магло. А тут перад Карпачом нармальныя савецкія работнікі. Тое, што сярод іх ёсць і чынушы, і бюракраты,– трэба давесці. І не заўсёды шляхам логікі. Канфлікт расцягваецца ў часе, бывае, што і на гады, імпульс – самазахавання, ці што?– спрацоўвае і ў карысць кампрамісаў. Але дзеля чаго кампрамісы? Які вынік іх сацыяльнай і чалавечай вартасці?

Сацыяльная і грамадзянская прырода кампрамісаў розная. Як розная мэта, дзеля чаго на іх ідуць. Скажам, заключэнне Брэсцкага міру (раман «Петраград – Брэст») – таксама кампраміс. Але кампраміс гістарычна неабходны. Дзеля захавання дасягненняў рэвалюцыі. Гэтага кампрамісу вымагалі і стратэгія і тактыка рэвалюцыі. Канечне, галоўны герой, які дзейнічае ў рамане, роўны гераічнаму часу, герой, што пазначыў сваім з'яўленнем цэлую эпоху ў гісторыі,– У. І. Ленін. Але геній, як вядома,– з'ява выключная. І выключныя падзеі, пра якія ідзе размова. Не проста экстрэмальны момант, момант, калі ствараецца гісторыя.

Кампрамісы ж Карнача – іншага сацыяльнага парадку – не вымагаюцца нейкай высокай мэтай. Гэта ўступкі самому сабе, сваім этычным, маральным высновам. Прыватныя палягчэнні; якія не падрываюць яго асноўных прынцыпаў. Не кампраметуюць іх, гэтыя прынцыпы, але драбняць асобу Карнача. Як чалавека і як грамадзяніна. Важна, аднак, што мы ўвесь час адчуваем канкрэтную сацыяльную, партыйную пазіцыю пісьменніка, які ідзе ад рэальнай рэчаіснасці. І спрабуе паставіць значныя праблемы, паказаўшы, як шкодзіць важнай справе і чалавечай годнасці нават часовае, нават у прыватным – прымірэнства. Паказвае – не між іншым – і тое, як складана быць непахісна непрымірымым чалавеку на адказнай пасадзе – столькі службовых і функцыянальных сувязей, столькі няпростых псіхалагічных сфер. Столькі супярэчнасцей і процілегласцей выдае неасабістае і асабістае жыццё. Але паказвае – і як гэта важна. Для ўсіх. Як важны яго светапогляд, яго культурны, этычны і псіхалагічны ўзровень. Як і ў таго ж Мацвея Роўды. Нешта ж у яго цэльнай, дзейснай натуры не спрацавала. Калі вырашаліся метады меліярацыі. Бо меліярацыя ж – не асушэнне балот, як часам гэта ўспрымаецца на ўзроўні побытавага разумення. Меліярацыя, нават паводле элементарнага тлумачэння слоўніка,– паляпшэнне, карэннае паляпшэнне зямель для сельскагаспадарчага карыстання шляхам асушэння балот, узмацнення сыпучых пяскоў, штучнага арашэння, дрэванасаджэнняў, наладжвання сажалак і вадаёмаў.

Вось тут і адыграла сваю ролю ўсё. І светапогляд – у першую пару вузкапрагматычны: даць хлеб. Сёння. Пра заўтра думалася, толькі катэгорыямі сённяшняга дня. І недахоп агульнай і прафесійнай культуры – развагі гідрагеолагаў успрымаліся не як канкрэтная дзелавая размова, а як адцягненыя разважанні пра далёкае, малаістотнае. І скіраваны на тое, што здавалася больш блізкім, этычны слых. Нахрапісты напор Шахрая. Маўляў, што там размазваць словы. Крышы, ламі, давай. Недахоп канкрэтных ведаў, непаслядоўнасць этычная – і вось яны, вынікі. У эпоху НТР гнасеалагічнае і этычнае непарыўна звязваюцца.

Хаця – быць паслядоўным няпроста на любой пасадзе. Разумеючы як сваю жыццёвую выснову заўсёды рабіць да знясільвання – апынаецца на бальнічным ложку Алімпіяда І. Пташнікава. Губляе спачатку пасаду калгаснага брыгадзіра (яго выпраўляюць на пенсію), а потым ахвяруе і ўласным жыццём непрымірымы Сцяпан Дзямідчык з аповесці. А. Жука «Паляванне па Апошняга Жураўля». Сцяпан Дзямідчык вельмі востра адчувае свой доўг і свой абавязак – быць гаспадаром па зямлі. І ў высокім значэнні гэтага слова, і ў рэальным, канкрэтным. Яго хвалюе ўсё, што адбываецца ў калгасе. І ён не вагаючыся адстойвае свае прынцыпы. І прынцыпы нашага жыцця. З пункту погляду чалавека, які немалыя веды і немалы гаспадарчы вопыт набыў за доўгія свае гады. Ён адчувае неабходнасць адказваць за ўсё. Спрачаецца з няўдаліцай-спрытнягай старшынёй калгаса, не дае сапсаваць ураджай п'яным механізатарам, спрабуе перашкодзіць браканьеру, які палюе за няшчасным зайцам, шыбуючы на машыне па раллі. Са– цыяльна-актыўны, дзейсны станоўчы герой беларускай прозы – ён больш за ўсё пакуль што ў творах «ваеннай» і «вясковай» тэматыкі. Найбольш пераканаўчы герой такога статусу ў «гарадской» тэматыцы пакуль што застаецца, мабыць, у І. Шамякіна.

Хаця цікавыя, нават значныя спробы ў засваенні праблем часу ў «гарадской» тэматыцы і пошуках героя робяць В. Блакіт, В. Іпатава, В. Гігевіч, У. Рубанаў і інш. З маладых – больш за ўсіх, мабыць, У. Арлоў. Хаця вельмі часта праблема ставіцца «доказам ад супрацьлеглага».

Апошнім часам размова пра героя ідэальнага, станоўчага, амбівалентнага вядзецца рознымі літаратарамі: Л. Анінскім, У. Гусевым, І. Дзядковым, А. Нуйкіным і інш. І з пазіцый ледзь не дыяметральна супрацьлеглых. Не падзяляючы многіх канкрэтных прыхільнасцяў і катэгарычных адмаўленняў абаронцаў традыцыйнага погляду на каштоўнасныя арыенціры, выпрабаваныя тысячагоддзямі,– цалкам падзяляю думку пра тое, што імкненне да ідэалу і ідэальнага героя натуральна ўласцівае чалавеку. Гэтае імкненне існуе ў псіхалогіі чытача. Нават зацятыя скептыкі, а не толькі дзяўчаткі і хлопчыкі ўзросту блакітных мар захоўваюць не заўсёды, можа, на паверхні, але ў тайніках душы вобразы Карчагіна, Овада, маладагвардзейцаў. Як не губляюць з цягам часу прывабнасці героі рыцарсцвеннага кшталту – шэвальо д'Артаньян, паэт Сірано дэ Бержэрак. У гэтым, мабыць, адна з прычын незвычайнай папулярнасці нашага Уладзіміра Караткевіча. Чытачам увогуле падабаецца ягоная прага незвычайных рэчаў і з'яў. Cupiditas rerum novarum. Да герояў і гераінь гэтага пісьменніка ніяк не дастасуеш сённяшнія спрэчкі: чаму фемінізуюцца і губляюць статус надзеі і апоры мужчыны, дзе ж падзеліся хараство і жаноцкасць кабет. У яго і сучасныя героі, і постаці з далёкай ці блізкай гісторыі – рыцары, характары эталонныя, адпавядаюць самаму ўзвышанаму ўяўленню пра чалавека. Жанчыны ў творах пісьменніка – заўсёды ўвасабленне прыгажосці духоўнай і фізічнай.

Галоўныя героі У. Караткевіча – а яны звычайна крыштальна станоўчыя – не змяняюцца ў духоўным сваім выяўленні, хаця змяняюцца тэмы, жанры, эпохі. І ў гістарычна-хранікальным рамане «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча, і ў гісторыясофскай яго прозе, дзе густа пераплецены і патэтыка, і іронія («Сівая легенда», «Цыганскі кароль»), і ў «Чорным замку Альшанскім», творы своеасаблівым, у якім непарыўна злучыліся гісторыя і сучаснасць, будзённасць і экзотыка, навуковая дакладнасць і лёгкі шарм падкрэсленай белетрызацыі, высокая рамантыка і цвярозы рэалізм, герой – натура бездакорная, сур'ёзны вучоны, пісьменнік, чалавек шырокіх інтарэсаў, самаахвярны ў сяброўстве, высакародны ў каханні.

Героі прозы У. Караткевіча пра сучаснасць – таксама характары звышгераічныя і станоўчыя («Нельга забыць», «Чазенія», «Лятучы галандзец», «Залаты бог»),

А з гісторыясофскай яго прозы (мне ўжо даводзілася пра гэта пісаць) адыходзяць ад такога эталону хіба толькі героі рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і своеасаблівага па жанры твора «Ладдзя Роспачы». Ды і то, калі параўнаць іх з многімі героямі і напаўгероямі сучаснай прозы, дык гэтыя неідэальныя героі яшчэ якімі станоўчымі пададуцца.

Ну, а ў большасці людзей існуе прага яснага этычнага і эстэтычнага ідэалу, туга па сапраўдным героі. Хаця ў спрэчках наконт ідэальнага героя нават сам тэрмін выклікае часам нязгоду.

Скепсіс у адносінах да ідэальнага героя – з'ява не новая. І да канкрэтыкі мастацкага выяўлення: «Калі герой рамана, дык ужо і сам сабою прыгажун, і спявае цудоўна, і вершы піша..., і сілу мае незвычайную...» (В. Бялінскі). І да гісторыі яго існавання: «Наседзеўшыся ў рускіх дзеўчынах у Тургенева, герой так «зазяваўся» з Абломавым, што забыўся пра сваё прызначэнне ў літаратуры. Па дарозе гэты герой трапіў у «Гісторыю рускай інтэлігенцыі» [маецца на ўвазе трохтомнік Аўсяніка-Кулікоўскага]... Гераічная спроба Горкага пашыць тогу басяка таксама не ўдалася. Тога была зроблена занадта акуратна, з вялікімі дзіркамі – і хутка разлезлася. Потым..., але тут падзея канчаткова захінаецца туманам, і што далей адбылося, рашуча нічога не вядома» (Ю. Тынянаў). Артыкул Ю. Тынянава называўся «Скарачэнне штатаў», пасля мноства вострых, кплівых і ёрніцкіх заўваг-разваг ідзе вельмі важная тэарэтычная выснова. Менавіта: калі герой – выяўленне ідэй, што пазначаюць літаратуру як духоўную дзейнасць чалавека, дык ён, гэты герой, паняцце куды больш шырокае, чым характар, персанаж. Ён персаніфікуе ідэю.

Але, зразумела, не ў выглядзе просталінейнага выяўлення, не ў літаральным адлюстраванні пазітыўнай тэндэнцыі, а па законах мастацтва. Героя мастацкага твора перш за ўсё вызначае адчуванне часу, блізкасць яго ўсведамлення да ўсведамлення эпохі, яго псіхалогіі – да псіхалогіі часу. Герой увасабляе сабой галоўную ідэю часу. У класічным, вышэйшага ідэйна-мастацкага прынцыпу, вымярэнні. Ідэал, паводле М. Бахціна, пазнанне чалавекам сваіх магчымасцяў і тых памкненняў, што ўласцівыя яму ад прыроды. І, мабыць, іронія В. Бялінскага мела на ўвазе несуадноснасць гэтых памкненняў і магчымасцяў у творы мастака, які лакіраваў сваёй фантазіяй трывіяльную схему. А высокія памкненні і катэгарычны імператыў – існуюць. Іншая справа – у якіх суадносінах яны з канкрэтным мастацкім выяўленнем.

А персаніфікаваная ідэя аўтара ў мастацкім выяўленні, як ужо адзначалася, апошнім часам у беларускіх пісьменнікаў падаецца «доказам ад супрацьлеглага». І герой ці героі, зразумела, не станоўчыя. Адзін з самых выразных прыкладаў – ці не «Усмешка фартуны» В. Блакіта. Дзе паслядоўна, але не задоўжана паказваецца з'яўленне антыгероя. Спачатку – імкненне схавацца за настаўніцкім аўтарытэтам, якое спрадвеку лічылася справай ганебнай ад Ромула да нашых дзён. Ябеда. Потым, у дарослым жыцці – данос на канкурэнта. У юнацтве – эксплуатацыя пэўных літаратурных здольнасцей замест выхавання іх. Пазней – ужо нацэленая мімікрыя пад талент. І ўсё жыццё – пахаплівая прага дабіцца лагоднай усмешкі пані Фартуны. Заняць прыкметнае месца пад сонцам – не дбаючы пра тое, ці яго яно, гэтае месца, ці па праву. Ліхаманкавая гэтая прага нішчыць чалавечую годнасць героя. Ён не згодны на месца ў жыцці, адэкватнае яго магчымасцям. І не аб прафесійным і чалавечым самаўдасканаленні клопат яго. Андрэй Бяскуднікаў, ці, як ахрысцілі яго за несамавітыя ўчынкі былыя сябры, «граф Паскуднікаў», мітусіцца па жыцці, спрабуючы ўхапіць жар-птушку ўдачы. Бярэ шлюб па прывіднаму, як высветлілася, разліку. Не грэбуе ніякімі сродкамі, каб прабіцца. І ўсё ж – банкруцтва. У літаратуры, па службе, у асабістым жыцці. А герой не ўмее ўжо, як яго былы калега Вярэська, паглядзець на свае магчымасці цвяроза. Працягвае бег па кругу. Прыстасавальніцтва, прымірэнцт– ва, прага ўдачы.

Сацыялагічная культура В. Блакіта, узровень яго мастацкага апалітызму дазволілі яму гэтым метадам ад супрацьлеглага сцвердзіць і ясную грамадзянскую пазіцыю, і станоўчыя этычныя ідэалы.

У апошняй сваёй аповесці ён вывеў галоўным станоўчага героя. Не новага агульнага накірунку. Але дадаўшы канкрэтныя лжывыя штрышкі. Галоўны герой – у мінулым змагар за вызваленне былой Заходняй Беларусі, член Грамады. Па асноўных сваіх чалавечых якасцях блізкі Сцяпану Дзямідчыку, Анэце, Вялічку, Сцяпану Ігнатавічу Вапшчэткі. Чалавек моцнага сялянскага кораня, працавіты, сумленны. Але са шматлікіх сямейнікаў яго – сыноў, дачок, іх жонак, мужоў, дзяцей – толькі дачка Ганна ды ўнучка Алена таго кораня моцна трымаюцца. Астатнія ж загрузлі ў цянётах спажывецтва і бездухоўнасці. Збегліся па хаўтуры бацькавы, каб спадчынную сядзібу дзяліць. Сітуацыя ўжо досыць выпрабаваная і ў нашай, і ў рускай літаратуры. І размеркаванне сіл знаёмае. Але ў нечым паказальная канцоўка аповесці. Не толькі фабульнай пакаранасцю зла і перамогай дабра – хаця і гэта немалаважна. Постсюжэтным роздумам над мінулым і сённяшнім днём. Хаця, як гэта часта бывае, станоўчыя героі саступаюць у мастацкай вастрыні сваім антаганістам, Алена ж і Ганна ўвогуле недзе на сюжэтным ускрайку аповесці.

І В. Карамазаў («Дзень Барыса і Глеба»), і В. Гігевіч («Райка», «Калі пойдзе снег», «Доказ ад процілеглага»), і А. Жук у многіх апавяданнях скарыстоўваюць метад «доказу ад процілеглага».

Тым часам узнікаюць новыя праблемы, новыя пытанні. Час стварае новага героя – у кантэксце жывой практыт жыцця. Пакутлівыя супярэчнасці эпохі шукаюць свайго выйсця. У жыцці. Зразумела – у літаратуры таксама. Вядома, і ў нашай, беларускай. І застаецца ўзаемазалежнай трыяда: час – тэма – герой.


І БУДНЯЎ ПЛЁН, І АЗАРЭННЯЎ СВЯТА

Заўсёды ёсць нешта штучнае, але і правамернае ў спробе кінуць позіркам на творчы плён года. Скажам, 1984-га. Штучнае – таму што цяжка аб'яднаць паэтаў самых розных творчых схільнасцей, самыя розныя творчыя індывідуальнасці па дастаткова выпадковым прынцыпе – храналагічным. Правамернае – бо нейкі, здавалася б, выпадковы, адвольны прамежак часу – частка агульнага гістарычнага часу, у якім непазбежна існуе наша яшвая рэчаіснасць. З яе радасцямі, болем, трывогамі. А паэты – чуйныя радары часу. І ў паэзіі, можа, больш як у якой яшчэ літаратурнай творчасці, пазіцыя аўтара падкрэслена відавочна. Паэт часцей выходзіць неадстаронена, непасрэдна, да чытача. Таму, мабыць, у найадказнейшую пару, калі ўсё прагрэсіўнае чалавецтва змагаецца за існаванне планеты, за мір, супраць узросшай пагрозы тэрмаядзернай вайны, у трывожнай атмасферы лакальных войнаў – выніку абвостраных сацыяльных канфліктаў – узмацнілася грамадзянскасць паэзіі, у тым ліку беларускай. Цяжка нават назваць паэта, у якога, з уласцівай, зразумела, яму мерай мастацкага ўвасаблення так ці інакш не выявілася б пільная зацікаўленасць галоўнымі праблемамі часу. Асабліва выразна гэта відаць у творчых набытках мінулага года ў М. Танка, П. Панчанкі, К. Кірэенка М. Лужаніна, В. Віткі, А. Русецкага, С. Гаўрусёва, Р. Барадуліна, В. Зуёнка, Н. Гілевіча, У. Паўлава, Я. Сіпакова, С. Законнікава, А. Грачанікава, У. Някляева, В. Лукшы, Г. Пашкова, В. Жуковіча, Л. Дайнекі, Я. Янішчыц, Р. Баравіковай, В. Коўтун, Т. Бондар, М. Мятліцкага і інш.

Выхад да маштабных праблем, спеласць, выверанасць думкі, пэўнасць сацыяльных арыентацый, усведамленне сучаснасці і эпохі, суаднесенасць класава зразуметага гістарызму і народнасці, актуальнага і сутнаснага характарызуюць паэзію Максіма Танка і Пімена Панчанкі. І справа не ў тым, што па традыцыі і па ранейшых, вышынных заваёвах творчых мы абавязкова і па інэрцыі называем народных, знакамітых. Гэткі абавязковы крытычны рэверанс. Не. Сапраўды, здараецца і так. Многае зроблена. Сапраўды – вяршыня славы. Але ж – па нейкіх прычынах узнікла патрэба творчай паўзы, нешта спеліцца, выношваецца. Бывае і больш складана – цяжка зноў браць высакагорныя пікі. А імя існуе, паўтараецца, згадваецца. Тут жа – надзвычайная творчая актыўнасць. Важкасць роздуму і адначасова – напружанасць эмоцый, свежасць светаадчування, светаўспрымання. Выйшла з друку, пазначаная 1985 годам, кніга П. Панчанкі «Лясныя воблакі». Праглядваецца ясна і значная зместам кніга ў М. Танка, калі меркаваць па публікацыях 1984 года. «Спрацаваны мужыцкі Пегас» Максіма Танка ў адной толькі палымяпскай падборцы здолеў і сягапуць да вышынь спрадвечных ісцін і маштабных праблем («Малітва», «У іх славу», «Я – твой», «Кожны знае...», «Хіба няма нічога цяжэйшага...», «Хвоя», «Садзіце лясы!») і ўмеў дабраць смаку на лужку так званай пейзажнай лірыкі з добрым поцягам да філасофскага роздуму («Ад вясенняй расы травы зелянеюць...», «Ля апаленага бліскавіцай камля...»), і ўспомніць нялёгкія шляхі Вялікай Айчыннай («Салют Перамогі»), і асцярожна, адчуваючы кранальную ўрачыстасць моманту, накіравацца да аазісаў успамінаў і мрояў («Табе», «Стагаванне», «Разбіла жбан...», «Жанчына»).


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю