355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 5)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц)

ШТРЫХІ, АБРЫСЫ, РЫСАЧКІ


«САМАЕ НАДЗЕЙНАЕ, МАЁ...»

Хто яго ведае, чаму такі неадольны, гэты наіўны гонар? Маўляў, во яны, землякі: Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот... І сучаснік, што і зараз часцяком наведвае родныя мясціны,– Янка Брыль. Дзіўна – але кожны з Наваградчыны адчувае асобае дачыненне да высокага духу тых асоб. Не будзем суадносіць маштабы, не ў тым справа. «Ktokolviek Biędzesz w nowogródskiej stronie...» «Хто-небудзь, як будзеш у Навагрудскім краі...» (А. Міцкевіч. Гражына).

Дык не абыдзеш ні Замкавую гару, ні гару Міцкевіча. І кожнаму стане зразумела, чаму з «асаблівым, толькі наваградскім хваляваннем», Алесь Руневіч, герой рамана «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, узыходзіў на курган Міцкевіча «па спіральнай дарожцы – з радасным адчуваннем незвычайнай вышыні... Звычайнае, блізкае, будзённае, што акружала Алеся, на старонках Міцкевіча жыло вялікай паэзіяй» («Птушкі і гнёзды»). Гэтае звычайнае, блізкае, будзённае пабыло сваё незвычайнае, небудзённае жыццё і пад пяром Янкі Брыля. Ну, а як жа не адчуць, хоць гэта суцэльна па-за лагічнымі высновамі, сваю асобую ўзрушанасць, калі вінтавая сцежка знаёмая кожнай травінкай, а курган – хай даруюць ахоўнікі помнікаў – аблётаны ўздоўж і ўпоперак напрасткі.

І як не адчуць сваёй, зноў жа «сепаратнай» прыналежнасці да напісанага Брылём, калі ён у эсэ пра Якуба Коласа возьме ды прыгадае «залаты тунель ліп і клёнаў» на Баранавіцкай брукаванцы. Або раптам сустрэнеш такое сваё, мясцовае: кішке, шчупаке.

І з таго ж ганарлівага адчування – высокая радасць: вось ён, наш зямляк, стаў духоўным земляком многіх на Беларусі, ва ўсёй нашай краіне і за яе межамі. Розным людзям, у розных мясцінах адкрыўся свет Янкі Брыля. Свет, да якога дачыняюцца не адразу і, можа, не ўсе, але ўваходзіць ён у жыццё стала і надзейна. Пра напісанае гэтым пісьменнікам не скажаш – «прачытана». Яго кожны раз «чытаеш» наноў. Знаходзіш у знаёмым новае, яшчэ і яшчэ раз імкнешся наблізіцца да своеасаблівай атмасферы яго кніг, вярнуцца да таго маральнага клімату, дзе шчасліва спалучаюцца глыбокі роздум, паэтычнасць і сялянская разважлівасць. А надзейнасць і трываласць не сумотныя, не дыдактычныя, працавітыя, лёгкія на жарт і ўсмешку. Карэннямі моцна звязаныя з сусветнай культурай і з народам, з яго спрадвечнай, самай старажытнай справай – працай на зямлі. Не проста тэматыкай твораў, выбарам герояў, мовай, а філасофіяй народа, яго разуменнем быцця.

Прытоеная, важкая годнасць чуецца ў такім запісе пісьменніка: «Жанчына, што гутарыла са мной па-нямецку, спыталася пра маю прафесію. Пачуўшы адказ – здзівілася. «А я думала, што вы селянін!» Добра, што і касцюм інтэлігента не змяніў мяне за дзесяць год. Яшчэ лепш было б да смерці застацца ў душы чалавекам працы, сумленным і простым» («Трохі пра вечнае»). Брыль і пра ўдалае слова перш за ўсё скажа: «па-хлебнаму свежае», і спраўдзіць задуму для яго – «урабіць словам».

Усё, што пісьменнік бачыць, асэнсоўвае, пра што піша, ён імкнецца зразумець «ад самага карэння». Як грамадзянін, гаспадар на сваёй зямлі, чалавек, мастак. Няма для яго дробязей. Пільным вокам ён і ў звычайным, здаецца, умее ўхапіць нешта вельмі важнае, асэнсаваць. Увасобіць па-мастакоўску, ствараючы абагульнены вобраз свайго народа, сваёй Беларусі. З тою непадробнай строгай любоўю, якая бачыць усё.

...Заслужанае свята льнаводак – за нялёгкую працу атрымалі ўзнагароду. Пісьменнік з прыязнасцю пакажа нам «смешнавата-ўзварушлівы шык» жанок і дзяўчат, якія атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі. Як яны з гонарам – ведаюць жа, што сумленна, мазалём ды потам, зарабілі высокую пашану,– але і крыху сарамліва, не прызвычаеныя да такіх урачыстасцей, ідуць да сцэны, праз увесь зал загадзя трымаючы руку дошчачкай, каб падаць яе старшыні райсавета. «Як дзеці, усміхаюцца», а пазней «мятуць польку – аж люба глядзець...».

І будзённы, здавалася б, выпадак з часоў вайны. Папрасіў на беларускім Палессі партызан-каўпаковец бялізну памыць, а сам раптам рушыў па трывозе. І бабка знайшла таго хлопца, аддала «і памытую, і пакачаную, і палапленую» бялізну: «Няхай здаровенькі носіць!..» («Жменя сонечных промняў»).

Які народны, спрадвечны, матчын клопат. Высокая дабрата і самаадданасць. Нават ідучы на смерць за тое, што дала прытулак савецкім байцам, маці будзе думаць не пра сябе. Пра сыноў, сваіх і чужых, «з якімі так моцна зрадніла яе доля». Гэта ўжо маці з аднайменнага апавядання Янкі Брыля («Маці»), але абедзве жанчыны паяднаны вось той, з мінулага і да цяперашняга часу, духоўнай роднаснасцю, беззапаветнай дабрынёй, спрадвечнай мудрасцю любові.

Розныя людзі жывуць у творах Брыля. У тым ліку і такія рэальныя, як гэтыя героі нарысаў пісьменніка.

...Былы камандзір «нёманскіх Казакаў», намеснік старшыні Мірскага райсавета Дзмітро Дзянісенка, легендарны «Міцька», пра баявыя справы якога чулі «і Налібоцкая, і Ліпячанская пушчы, чулі Дзяржынск, Валожын». У «Міцьку» гулялі вясковыя «жэўжыкі», а ўдзячныя бабулі і цёткі звярталіся да самага на той момант даступнага «начальства»: у заздароўных спісках, што падавалі на клірас, ставілі імя «Змітрок», а то і больш выразна – «воін Дзімітры» («Нёманскія казакі»),

...Павел Жалязняковіч («Сэрца камуніста») – чалавек самага высокага гарту, рэвалюцыяпер-падпольшнчык у санацыйнай Польшчы, партызан падчас вайны, сакратар Мірскага райкома партыі, адзін з тых, хто ўсталёўваў калгасны лад у Заходняй Беларусі.

...Рафаіл Сяржант («Партрэт старэйшага таварыша»), таксама былы рэвалюцыянер з Заходняй Беларусі, у вайну палітрук стралковай роты ў Чырвонай Арміі, камісар палявога шпіталя, з першага дня дэмабілізацыі – на працы, начальнік абласнога ўпраўлення сельскага і калгаснага будаўніцтва ў Баранавічах, сакратар гарсавета, таксама адзін з ініцыятараў калектывізацыі ў Заходняй Беларусі.

Сапраўдныя камуністы, мужныя, сціплыя людзі. А мужнасць і сціпласць іх «гартаваліся люта». Больш трынаццаці год па турмах Пілсудскага «на рахунку» Жалязняковіча, чатырнаццаць год быў у зняволенні Рафаіл Сяржант. «Славутыя Лукішкі – Бастылія польскага фашызму на «ўсходніх крэсах», Брошкі, што «прыйшліся ў спадчыну Пілсудскаму ад Бісмарка». І ніводнага дня «без дэманстрацый, галадовак і іншых арганізаваных выступленняў».

Гэтыя мужныя людзі не толькі выстаялі і перамаглі, захавалі не толькі мужнасць і энергію, але і чалавечнасць, добразычлівасць, прагу да духоўных скарбаў жыцця, паэтычнасць, урэшце. Непахісны выўратовец (бунтар) Рафаіл Сяржант – і яблыні ў густой квецені, пазней – у духавітым водары ядраных пладоў. Былы вязень ведае сваю, асобую цану жывому: незакратаванаму небу, хараству ранішняга саду, вечаровай цішы, у якой так дарэчы плывуць гукі музыкі – дачка іграе на піяніна. Свой гонар і ў Паўла Жалязняковіча – вясёлы восеньскі карагод вяргінь каля хаты і цесныя паліцы кніг.

Пісьменнік з асабістым, урачыстым хваляваннем адзначыць у запісной кніжцы: «Чытаў матэрыялы апошняга пленума ЦК КПСС. Здзіўляе, захапляе шчырасць партыі, сіла самакрытыкі. Рост, пошукі, творчасць. Трэба вучыцца гэтай шчырасці» («Трохі пра вечнае»). І нястомны літаратар вучыцца. Не праміне ўвагай і задоўжаны нарыс па радыё, «разлічаны на стагоддзе», і «эпічны сяннік», што разбух ад нуднай фактаграфіі. І такую невясёлую дэмаграфію – цэлы гурт маладых, прыгонных дзяўчат і адзін, немалады ўжо, і жанаты, і па падпітку, дзядзька Раман, што дапамагае ім правіць танцы пад патэфон. «Хлопцаў у нашым сяле нэма. То ў арміі, то ў горад пораз'язжалыся, розумныкы...» («Пад гоман вогнішча»). А дзяўчатам не толькі ў скокі пускацца адным, цяжэнныя бітоны з малаком цягаць. Іх і сам апавядальнік, не ўломак і чалавек цягавіты, ледзьве падымае.

Старонка за старонкай – раздумвае, апісвае, увесь час маючы на мэце раўненне на тых майстроў, якія, па словах самога Брыля, адтуль, дзе «моцная страсць гуманістаў і мудры, глыбінны спакой, упэўненасць людзей, якія ведаюць, дзеля чаго жывуць».

...Янка Брыль валодае таямніцай уражання. Жорстка прадумваючы кампазіцыю твора, перш за ўсё навелы, ён падае мастацкі матэрыял у плыні настрояў, пачуццяў, адчуванняў, паволі знаходзячы эмацыянальны ключ, лейтматыў твора, і распрацоўваючы спакваля галоўную, унутраную тэму, дадаючы да лейтматыву тэмы-падгалоскі, як у музычным творы, і развіваючы іх, і даючы ім перагуквацца, счапляцца, дапаўняць адзін аднаго. Ствараючы пастрой, адчуваючы танальнасць твора.

Пісьменнік умее вызваліць унутраную энергію пачуцця і ў сябе, і ў сваіх чытачоў. Перагарне некалькі старонак сваёй эмацыянальнай памяці, успомніць, скажам, як «пахне дым асенніх пырнікавых вогнішчаў, у прыску якіх пячэцца па-свойму хвалююча духавітая бульба, як пахне сырасцю адліжаны, раскоўзаны нагамі снег, калі ты, стомлены, брыдзеш па ім са школы, адчуваючы яго сырасць, зябка і казытліва, прамоклымі нагамі, як пахнуць пляцёнкі цыбулі..., як пахне агарод..., як пахне гарачае сена...» («Тройчы пра адзіноту»), І ў чытача адбівае тое, што ўвесь час было недзе ў запасніках памяці – плывучы пах гарэлага зяленіва, настоенае вільгаццю паветра адлігі, п'янлівы пах угрэтага сонцам укропу, і з імі радасць першых школьных дзён, занятай трываласці будняў, раскошнай летняй ляноты канікул.

Усе гэтыя ўражанні акумулююць ў эмацыянальную напружанасць, нават хутчэй эмацыянальную засяроджанасць, калі ўспрымаеш і крыху збоку, і як сваё асабістае роздум героя апавядання пра неабходнасць чалавечага сяброўства, якое не можа замяніць самае плённае «splendid isolation», і пра неабходнасць увагі людзей адзін да аднаго, і няпэўную надзею.

Такім эмацыянальным штуршком, тым самым лейтматывам становіцца першы снег у апавяданні «Яшчэ раз першы снег».

«Нa цэлым свеце – белы снег, на ўсіх палях і дахах», «непераможна белы снег» – свята, «белае шчасце», што радуе ўсіх і даступнае ўсім. І на адной высокай хвалі з гэтым чыстым святам светлаты ўспрымаецца небудзённая ўрачыстасць арганнага канцэрта ў Домскім саборы. Ці, папраўдзе, наадварот, канцэрт даў такі настрой герою і ўспамін пра першы снег узнік у гэтай сувязі. Цуд з гукаў – ад яго складаныя асацыяцыі, нечаканыя вобразныя сувязі.

Тэкст апавяданняў Брыля ўвогуле жыве не лагічным парадкам сюжэта ці думкі, не вастрынёй фабулы. Фабульная навела звычайна абмяжоўвае выяўленчыя магчымасці прозы, а празаік вельмі даражыць пластыкай пісьма, свабодай руху думкі, выразнасцю лірычна-філасофскай плыні яе. У пісьменніка няма зададзенай выключнасці персанажаў, кампазіцыйная пабудова разамкнёная, ён гаворыць пра будзённае, але звярнуўшы ўвагу на істотнае, галоўнае. З адухоўленай увагай да свету рэчаў, да прыроды, да акаляючага свету, да ўнутранага жыцця герояў. Увагай засяроджанай, заснаванай па дакладных ведах. Гаворыць немітусліва, з несумотнай важкасцю.

Улічваючы перш за ўсё вопыт Талстога, Чэхава, Буніна. Улічваючы, а не абапіраючыся на яго.

Не прайшлі па-за яго ўвагай і творчыя памкненні Прышвіна і Паўстоўскага, многіх славянскіх і заходнееўрапейскіх пісьменнікаў. Але... У мяне неяк не выходзіць з галавы сцверджанне аднаго сур'ёзнага крытыка пра блізкасць Янкі Брыля Шэрвуду Андэрсану і Эрнэсту Хемінгуэю. Хіба што дасканаласцю формы, ёмістасцю зместу пры лаканізме перадачы. Як гаворыць пра гэта сам Брыль: «Кароткасць, сцісласць трэба ўжо лічыць не толькі сястрой таленту, але і меркай сучаснасці» («Трохі пра вечнае»).

Аднак жорсткі, ледзь не закадзіраваны стыль дыялогаў, кароткія, адрывістыя фразы, знешне малазначныя, адсутнасць тлумачэнняў аўтара, амаль што адсутнасць фону, адсутнасць прамога роздуму, вельмі рэдкія параўнанні і метафары – усё гэта ніяк не датычыць Брыля. Нарэшце, стыль вымагаецца зместам – каб паказаць раз'яднанасць свету, у якім жывуць героі гэтых аўтараў, збянтэжанасць іх усведамлення, і, дарэчы, героі Хемінгуэя – скептыкі «згубленага пакалення», героі Андэрсана звычайна людзі, якія перанеслі эмацыянальную траўму і зараз адчуваюць душэўную неўладкаванасць. Героям Брыля рэфлексіі не ўласцівыя, у самых неспрыяльных умовах жыцця светапогляд яны захоўваюць пазітыўны, прытрымліваюцца народнай філасофіі і арганічна адчуваюць нацыянальную глебу, а гэтага таксама па прычынах сацыяльнага парадку няма ў персанажаў амерыканскіх аўтараў.

Янка Брыль па-славянску, у лепшых традыцыях, любіць параскашавацца словам, даць пагаварыць сваім героям усмак, не пагаварыць толькі, а парасказваць, любіць паглядзець уважліва вакол сябе, даць адчуць чытачу водар зямлі і хараство неба, фарбы, гукі, пахі, і ўсё гэта канкрэтна, па тым талстоўскім прынцыпе, пра які сам Брыль зазначаў: «Ён не пісаў, як часта пішам мы, што заспявала на дрэве нейкая птушка, цвілі на ўзлеску нейкія кветкі, конь чамусьці крутнуў галавою...» Нейкіх птушак, нейкія дрэвы шчасліва абыходзіць і Брыль, добра ведаючы, пра што ён піша, дзе ўсё гэта адбываецца. А гаворка ў яго пра тое, што перажыў сам ці блізкім сведкам быў, што адчувае, што перадумана. Зразумела, усё гэта па-мастацку пераасэнсоўваючы і абагульняючы. Ён валодае не так «дарам вынаходніцтва», як «дарам адухатварэння» (Томас Ман). З даверам звяртаючыся да чытача.

Калі сёння бярэш у рукі тамы новага Збору твораў, пяцітомніка Янкі Брыля, дык, перачытваючы, недзе ставіш сабе замету, як ярка выявіліся асаблівасці творчага почырку празаіка ўжо ў першых яго апавяданнях, што пісаліся ці пачыналіся пісацца ў 35-м, 37-м, 38-м гадах.

Тонкая і паэтычная замалёўка «Як маленькі». Вясковы дзядзька, у якога, канечне ж, процьма будзённых, неадкладных спраў, прыйшоўшы ў гумно, рабіць адну з такіх спраў – «абіваць лён» – стаіць, узрушаны хараством: пад «маладым, румяным сонцам», «як тая зорка касатая», зіхаціць сплеценая павуком на пуках ільна сетка. І ён па-дзіцячы радуецца на гэтае дзіва і па-даросламу, з мужыцкай павагай да чужой працы не хоча рушыць зробленае павуком. Мудрая непасрэднасць, здаровы, моцны настой эмоцый. І ашчадная скупасць слоў, сродкаў выразнасці – у дзевятнаццацігадовага юнака. Гэта не сентыментальнае замілаванне – ах, які ж малады і які таленавіты – проста ўсё пазнаецца ў параўнанні. Сёння многія, і куды больш сталыя пачаткоўцы, не толькі ў нашай, беларускай прозе, парадкуюць, цагліну за цаглінай, цяжкія стандартныя словы – як глухую сцяну кладуць, не праб'ешся...

Раннія апавяданні Янкі Брыля маюць выразную сацыяльную афарбоўку, адметны мясцовы каларыт, жывыя характары. І вобразную мову. Праўда, неяк, калі Буніну выдавалі хвалу за яго мову, ён зводзіў усё да жарту: «Якая такая асобая мова ў мяне, пішу на рускай мове, мова, канечне, выдатная, але я тут пры чым?» Не ведаю, што ў такіх выпадках гаворыць Брыль, але факт – вось у тых жа мясцінах гадаваўся, тых цётак і дзядзькоў, здаецца, чуў, а толькі прачытаўшы Брыля, усхопішся, успомніцца, прыгадаецца: «Што ж ты зробіш з каханай бядою?»

Характары празаік умее накрэсліць некалькімі словамі. Во яны, кулакі-смокі, што змарнавалі жыццё некалі «першай у вёсцы жняі і праллі» Марылі. Свёкар – звер і скупеча, «зямля ненаежная». Свякроў – «вельмі ж драпежная ў працы», хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш як усяму свету часу не хапала. На кірмаш сядзе ехаць і то, здаецца, бегла б на возе, каб хутчэй справіцца. «Жміндзіла – хай бог крые...»

Падкупленых сведкаў, якія на судзе не толькі дапамаглі гэтым крывасмокам адцягаць Марылін пасаг, але і абылгалі яе, нябожчыцу, маўляў, прадала і прагуляла сваю зямельку, дык вось гэтых сведкаў празаік як прыпячатаў словам: «пародзісты падлюга».

Мясцовага вясковага «лицедея», што з не самага шчаслівага лёсу жыве ў «нясытых прымах», краўца Лапніку пісьменнік характарызуе больш не аўтарскай мовай, а дае яму слова самому. Лапінкавы дыялогі з яго сябрам і «братам Мішам» празаік будуе так, што яны расказваюць многае і пра самога Лапінку, і з яго слоў пра жыццё вёскі і вяскоўцаў. У вялікі гонар увайшлі ў вёсцы баптысты, і кравец узяў звычку хадзіць да іх, лепш як лаянку мужыкоў слухаць ці кепікі паноў. Спяваюць прыгожа, але ж... Дасціпны позірк краўца прыкмеціў і як «Настуля Кукобіна... моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. А пасля – эх, паляцела – агы-ля!..» І хто там так «шчыруе» ў веры: «А Раман Дуля – ух, ты... «Госпадзі! Ты благаславіў, о, штоб я празрэў і навучаў народы...» А я сабе падумаю: прайдзісвет, прайдзісвет! Забыўся ўжо, колькі ад цябе дзевак плакала?..» Кампанія сабралася ў малітоўным доме адзін да аднаго: яшчэ і Пятрусь з Навасёлак, «закапыліцца, як табакі панюхаўшы, ды толькі адымае: «А-фу-лэ!» А з адной фразы, якую празаік зноў жа даверыць краўцу, стане відно, чаму Лапінкавы хлопцы крадуць лес у багацея Грыба і як Лапінка ставіцца да кулацкага сына, зацятага баптыста, «брата Мішы»: «У цябе і веры больш, і гаспадарка такая, ты і к госпаду бліжэй...» Ніякай рыторыкі – але які глыбокі сацыяльны і антырэлігійны змест.

З двух гэтых апавяданняў відаць і каму «справядлівы» суд у Польшчы Пілсудскага гатовы паспрыяць, і даведзеная да абсурду скнарнасць кулакоў-багацеяў – гэта ж трэба, пячэцца Грыб, заспаў, пільнуючы свой лес, а пазычаных коней узяў ды накарміў,– і як самахоць ідзе слова праўды з Міколам, асуджаным дэфензівай на «блуканне ў межах аднаго Навагрудскага ваяводства».

Кампазіцыя абодвух апавяданняў прадуманая, сюжэт (не фабула, не інтрыга – менавіта сюжэт) збудаваны так, што цвікоў не відно, інтанацыя мяняецца па тым абавязковым правіле рэалізму, што ў жыцці пераплятаецца трагічнае і камічнае, драма з фарсам, гумар з сатырай.

Да тагачаснага жыцця Заходняй Беларусі Брыль вяртаецца і пазней, у аповесцях, у апавяданні «Гуртавое».

У аповесцях пісьменнік не дае шырокай панарамы жыцця, не бярэ сабе на мэту адлюстраваць розныя слаі насельніцтва, не спакушаецца пісаць, абы «ахапіць», «асвятліць». Месца дзеяння ў гэтых яго творах – вёска, мястэчка; героі – сяляне, іх дзеці. Але гаворачы як быццам аб прыватным, ён умее стварыць атмасферу часу, каларыт тутэйшага жыцця, суаднесці тое, што адбываецца ў вёсцы і ў жыцці дзеючых асоб, з падзеямі свету.

Ва ўсіх гэтых аповесцях – «Сірочы хлеб», «У сям'і», «Золак, убачаны здалёк» – гаворка ідзе пра чалавека ў пару ўступлення ў жыццё, аб узросце маленства і юнацтва. Усе гэтыя героі – равеснікі, колішнія сябры самога пісьменніка. Усе яны добра ведаюць смак заробленага хлеба. Ведаюць, што ёсць справядлівасць і несправядлівасць. І што ёсць на Усходзе такая Беларусь, дзе няма паноў, дзе зямля належыць усім, дзе кожны можа вучыцца, вучыцца на роднай мове.

Імкненне да ведаў, да культуры – галоўная рыса герояў усіх трох аповесцяў. Кніга – найбольшы цуд у іхнім жыцці. Найвялікшае багацце. Неабходнасць. Пісьменнік з трапяткой беражлівасцю апісвае гэтыя чаканыя і не частыя, але такія дарагія! – сустрэчы: «І вось яна ўжо ў мяне пад кажухом, пад поясам! Дзядзька... пазычыў на цэлых два тыдні»: «ну, а не зможаш, дык хай сабе і трохі на даўжэй» («Золак, убачапы здалёк»). Радасць далёка не бібліятэчная, дзе перад вачамі безліч шчыльна застаўленых паліц і загадкава перапоўненых кнігасховішчаў; радасць – на маладую прагу самотнага, спатоленага самавука, у якога ад кнігі да кнігі – няпэўныя месяцы надзеі на ўдачу.

Бацька Алеся з аповесці «У сям'і» купляе кнігі, ахвяруючы самым важным – лішнім лапікам зямлі на гэтыя грошы. Ён набывае і дэтэктарны прыёмнік, зусім ужо незвычайны цуд па тым часе ў заходнебеларускай вёсцы, яшчэ адно акенца ў вялікі свет.

Ёсць такі цікавы эпізод у аповесці «У сям'і». Унукі і бабуля (яна ўсё жыццё расказвала дзецям казкі) прыкладваюць да вуха па навушніку – і хаця яшчэ раніца, і столькі хатняга клопату ў бабулі, век не пераробіш, слухаюць па радыё казку, падобную да тых, што расказвае бабка. Якія тут могуць быць больш важныя справы: «Пэўна – гары сабе на скаварадзе цыбуля, астывай у цёрле недатоўчаная бульба...» Тут «з-пад снегу векавога прыгону выбілася... народная казка»,– радасць усім.

Чытаючы аповесць, адчуваеш незвычайную духоўную роднаснасць гэтых людзей: братоў і сястры, бацькі, маткі, бабулі. Не часта здараецца такое ў сямейнікаў. Нават у ідэальных сацыяльных умовах. А тут – і небагата, і беднавата, але ўсе дружна цягнуцца да ведаў, а добразычлівасць і ўзаемаразуменне – натуральная «сістэма адносін».

Ды вось час быў такі, што справядлівасць не шанавалася. Алесю, галоўнаму герою, і яго дзядзьку Міхасю хацелася б ледзь не да зор лупаць. Аднак дзядзька трапляе ў Картуз-Бярозу толькі за тое, што «ўсё чытаў ды пісаў, купіў радыё і слухаў яго». Забіраюць у турму за такое ж «злачынства» – сам чытаў і другіх вучыў чытаць на роднай беларускай мове – і Міколу, аднавяскоўца галоўнага героя з аповесці «Сірочы хлеб».

Але «Сірочы хлеб» і «У сям'і», хаця сюжэт тут «разамкнёны», не маюць фабульнай вастрыні, больш апісальныя. У аповесці ж «Золак, убачаны здалёк» пісьменнік больш як праз дваццаць год вяртаецца да героя, равесніка свайго маленства, ужо з творчым набыткам напісанага і перадуманага. Духоўная танальнасць яе блізкая да дзвюх толькі што згаданых аповесцяў, але розніцца ад іх храналагічнай раскаванасцю выкладання. Аповесць жыве не фармальна лагічным парадкам сюжэта, а складанымі асацыятыўнымі сувязямі, тым філасофскім роздумам, які так уласцівы сённяшняму Брылю, уменнем пабачыць сябе і свайго героя збоку, калі часам «я» апавядальніка, яго сённяшняе светаўспрыманне перакрыжоўваецца з «я» героя і раскрытае ў шматлікіх сувязях з усім, што «не-я», з людскім атачэннем, прыродай, з'явамі гістарычнымі. Гэта не «паток свядомасці», а лірыка-філасофскае ўсведамленне аднаго чалавечага жыцця ў тым, што было характэрна толькі для яго, што, аднак, уласціва многім і, урэшце, абавязкова для ўсіх. Жанр вызначаны як аповесць, але яна ўспрымаецца як паэма ў прозе, мантаж настраёвых замалёвак, канкрэтных падзей, думак пра перажытае і ўсвядомленае.

Перажытае і ўсвядомленае – залежнае ад рэальных гістарычных і сацыяльных умоў. У гэтым кантэксце трэба, мабыць, успрымаць многае з напісанага пісьменнікам у 40-50-я гады. Безумоўна, агульныя тэндэнцыі ў тагачаснай літаратуры і ўвогуле грамадскім і культурным жыцці зрабілі свой уплыў і на Брыля. З'яўляліся апавяданні накшталт агульнаўрачыстага «Лянок мой чысты...» або агульнаапісальнага «Рэўнасць». Але ж вось аповесць «У Забалоцці днее» патрабуе, мабыць, погляду ў кантэксце пэўных умоў.

Тое, што адбывалася адразу пасля вайны ў Заходняй Беларусі, адрознівалася ад таго, прынамсі, што было на той час у вёсках Цэнтральнай Расіі або Усходняй Беларусі. Так, тут таксама былі спаленыя і абрабаваныя вёскі, таксама была разруха. Але ж упершыню праводзілася калектывізацыя – з 1939-га па 1941-шы волю паспелі толькі адчуць, каб яшчэ больш зацята абараняць яе. Фашыстаў – выгналі, зямлі – толькі б сіла была. Набірайся моцы – працы хапае. Нарэшце, кнігі, навука, якія былі недасягальнай марай,– даступныя ўсім. Была не толькі радасць вызвалення, але і шчасце сацыяльнай перамогі, кіпучы энтузіязм, што так уласцівы для першых паслярэвалюцыйных год у Савецкай Расіі. А ў актывістаў вызваленага ад фашыстаў Заходнебеларускага краю, як некалі ў 30-я гады ў маладой Краіне Саветаў, стралялі ў прыцемках былыя кулакі, яны ж былыя паліцыянты. І пісьменніку хацелася стварыць ідэал заходнебеларускай вёскі, «мадэль» калгаснага пасляваеннага жыцця, як адзначаў у сваім нарысе пра Брыля Уладзімір Калеснік. Не выпадкова, мабыць, што, адмовіўшыся ад рыторыкі і многіх агульных мясцін у апошнім, перапрацаваным у 1977 годзе варыянце, Брыль стаў мяняць суцэльна мажорны тон твора. Тым больш што неўзабаве была створана аповесць «На Быстранцы».

Рамантычная прыўзнятасць і ідэалізацыя многіх з'яў саступіла месца рэалістычным, не заўсёды радасным танам, галоўны герой усё часцей задумваецца пра несуадноснасць фанфарных зводак і цяжкасцей у вёсцы. Узрастае роля асобных дэталяў, што дастаткова красамоўна сведчылі пра складанасці ў пасляваенным жыцці. Ну, вось такі штрых – прывезла баба жыта ў млын, дачку замуж выдае, а жыта так мала, што толькі шатраваць можна. Адно хопіць на вясельны каравай, які па звычаю і па вясельнай нагодзе толькі з пекляванай мукі пякуць.

У апавяданнях гэтага ж часу «Прывал» і «Субардынацыя» сацыяльная праўда выяўляецца ў адкрытай публіцыстычнасці, набывае сатырычную, гратэскную афарбоўку.

Адчуваючы сябе на начальніцкай пасадзе, як на бюракратычным троне, Фамут («Прывал») у стане суцэльнай прастрацыі не бачыць, не чуе, не ўспрымае ўсіх, хто ніжэй за яго па службовай лесвіцы. Шафёра і ўвогуле ў разлік не прымае – так, нешта накшталт патрэбнай прылады. Лопух («Субардынацыя»), былы сябар апавядальніка, прышчапіўшы да свайго прозвішча выратавальна-«падкультуранае» «аў», зацёк начальніцкай самавітасцю і на сябра па партызанскім атрадзе пазірае зверху: маўляў, не ў тым ён чыне, каб «фамільярнічаць». Але можна дазволіць сабе, як дакладчыку, «карміць... макухай свайго красамоўства, паіць прэснай вадой нудоты».

Тып самазадаволенага, тупога бюракрата сустракаецца яшчэ ў пазнейшым апавяданні Брыля «Бывае». Для чынушы нават рыбалка – мерапрыемства, а людзі – не з ім – пры ім – штат: «Адна адзінка сядзіць на вёслах, другая прымасцілася на карме». І ўвогуле ўвесь род чалавечы для яго – штатныя адзінкі.

Змест вымагае адпаведнай формы, дыктуе яе. Таму і ўзнікае памфлет пра гадаванцаў бюракратыі.

Сваёй формы шукала і суровая праўда вайны. Калі агульнанародная і агульначалавечая трагедыя заняла такое месца ў памяці, што праз многа год у розных увасабленнях з'яўляецца ў літаратуры і мастацтве зноў і зноў, даючы ўсё новы фактычны матэрыял, выяўляючы новыя асэнсаваныя вышыні і бездані чалавечага духу.

І Брыль, як і большасць беларускіх пісьменнікаў, неаднойчы звяртаецца да гэтай балючай, але незабыўнай тэмы: «Memento morі» (1958), «Дваццаць» (1958), «Апоўначы», «Глядзіце на траву» (1966).

Экстрэмальныя сітуацыі, мужныя характары.

...Чалавечая годнасць старога печніка, які не прымае «міласціва» дараваную яму волю («Memento morі»). Самаахвярная чалавечнасць дваццаці італьянскіх салдат, якіх напаткаў лёс старога печніка – былі расстраляны за тое, што не сталі забіваць другіх («Дваццаць»),

Высокі трагізм знаходзіць у пісьменніка і скупое, ашчаднае, будзённае на фарбы («Memento morі», «Маці»), і паэтычнае, песенна-раздумлівае выяўленне, у якім ёсць нешта агульнае з раннімі апавяданнямі Горкага («Дваццаць»).

Думка пісьменніка ў апавяданні «Дваццаць» вольна віруе ад адной тэмы да другой, апавядальнік як быццам звяртаецца ўвесь час да крыху ўяўнага, абагульненага, і – рэальнага, канкрэтнага. Увесь час напамінаючы нам пра тое, што вакол – Італія, сонца, мора, квецень жыцця. І гэты трагічны ўспамін. Трагічная памяць. Але светлая. Яны, італьянцы, загінулі ў Беларусі, не запляміўшы ні чысціні свайго сумлення, ні натуральнага жыццёвага святла. І святочная сонечнасць сённяшняй Італіі – у іх гонар.

Азвалася – вольнасць думкі, але раскаванасць гэтая і жыццёвая натуральнасць падпарадкоўваюцца задуме аўтара і, вядома ж, строга і дакладна вывераныя. Мяккая задушэўнасць і нават замілаванасць не пераходзяць у сентыментальнасць, меладычная рытміка прозы не раскалыхваецца шматслоўем.

Сам па сабо высокі трагізм падзей адпаведна наладжвае наша ўспрыняцце.

Апавяданні ж «Глядзіце на траву» і «Апоўначы» пра здарэнні, здавалася б, зусім нязначныя.

Вядома, што там, у вялікай крыві вайны, нейкі забіты: шчанюк. але ж гэта першае «практыкаванне» ў бессэнсоўнай лютасці навічка-забойцы, які «не паспеў або не здолеў» пераўтварыцца ў «прафесіянала». А тое шчаня, адзіная ўцеха дзядзькі Петруся, сядзела на снезе і гаўкала ад маладога беспрычыннага шчасця гаманлівым, вясёлым брэхам. Бязлітаснасць – з ёю трэба быць толькі бязлітасным. «Глядзіце на траву» – рэфрэнам ідзе праз апавяданне. Так некалі, успамінае апавядальнік, гаварыў сяржант на стрэльбішчы. «Хай на зеляніне адпачнуць вашы вочы». «Глядзіце на траву» – і сімвалічны падтэкст, і адкрыты ход. Каб пакараць бязлітаснасць, трэба мець вялікі запас дабраты.

Апавяданне «Глядзіце на траву» ўвайшло ў анталогію беларускага апавядання на рускай мове «Бярозы на шляху», «Апоўначы» пад назвай «В глухую полночь» ёсць у 200-томным выданні «Всемирная литература». Гэта не выпадкова. На першы погляд, малазначныя факты сталі адкрыццём мастакоўскім: жыццёвая праўдзівасць, глыбокі філасофска-маральны змест, высокае майстэрства.

У апавяданні «Апоўначы» за некалькі гадзін дзеяння празаік расказаў многае пра жыццё партызан, пра таемна-запаветную сувязь з людзьмі у вёсках, якія дзяліліся ўсім, пра нялёгкую будзёншчыну партызанскіх дзён і начэй, пра мужчынскую беражлівасць і самаахвярнасць – баючыся напалохаць на хутары дзяўчынку, яны, ахаладалыя, галодныя, абмінаюць прыстанак і зноў рушаць у заснежаную стынь: «Толькі няхай не баіцца нас, тых, што і ў завею не спім з-за яе, дзеля такіх, як яна».

Як і ў «Дваццаці», у апавяданні «Глядзіце на траву» далёкае, ваеннае ўводзіцца ў кантэкст больш шырокі. Сённяшні мірны свет, у якім жыве апавядальнік і недзе жыве тая, цяпер ужо дарослая, дзяўчынка з хутара. Свет адваяваны, прыгожы ў вечнай сваёй красе. Пачатак апавядання – прыклад таго адухоўленага сенсуалізму, калі пісьменнік, не пераходзячы мяжы, за якой пачынаецца абстрактнае мысленне, дае магчымасць у прыватнасцях быцця за звычайным убачыць найвышэйшыя ісціны:

«За дваццаць пасляваенных гадоў я гэты хутар бачыў і вясной, і ўлетку, і ўвосені...

Вясной – калі трава асцярожненькай зелянінай пацягне даўно не араныя ўзгоркі, стракатыя ад сумных валуноў і рэдкіх кустоў ядлоўцу; калі ў лагчыне перад старою хатай зацвітуць вішні, а шматок зямлі разварушыцца шэрай свежасцю – на грады нейкія і трохі бульбы.

Улетку – калі бліжэй да гасцінца, па якім я іду або еду, амаль крынічна цурчыць сабе звілістая рачулка, супроць плыні якое трымаецца мужны мясцовы пячкур; калі дарогу пешаходу ці машыне перабягае, свідруючы пыл, па-інтэлігенцку сыценькі і па-хлапечы легкадумны суслік; калі я, не ўпершыню гледзячы на гэтыя запусцелыя, выпражаныя сонцам узгоркі, такія недарэчныя ў нашай, наогул хлебнай, мясцовасці, не ўпершыню чамусьці ўспамінаю палесцінскія пейзажы Паленава. Без Хрыста, без людзей, толькі з дзікай, спякотнай сумотай прыроды.

Увосені – калі на кірмашовых вазах, зусім як быццам неасуджана, спакойна і сыта парохкваюць сальныя парсюкі, а ў кошыках дробнымі кветкамі чырванеюць грабеньчыкі курыных навабранцаў-пеўнікаў; калі наш любы свет наскрозь прапахне антонаўкай, а маладзенькая, стрункая рабіна каля сцежкі стаіць, цнатліва абцяжараная першымі, румянымі ад шчасця гронкамі.

Толькі зімой, у белай, лютай бездані, я памятаю яго, гэты хутар, з вайны».

Праўда жыцця, сацыяльная справядлівасць, радасць адчуваць сябе сынам Беларусі, гаварыць і пісаць на яе мове, быць грамадзянінам Савецкага Саюза – да ўсяго трэба было дайсці, выпакутаваць, адваяваць. Узяць з жыцця суровыя ўрокі, якія ён падзяліў са многімі равеснікамі з Заходняй Беларусі. І вось гэты шлях да сапраўднага, шлях многіх беларусаў, увесь час хваляваў Брыля. І ў аповесцях «Жывое і гніль», «Сонца праз хмары», што вандравалі з ім у партызанах, і ў пазнейшым цыкле апавяданняў над агульнай назвай «Ты мой найлепшы друг». Урэшце з'явіўся раман «Птушкі і гнёзды», раман, па-рознаму ўспрыняты крытыкай і найбольш аб'ектыўна ацэнены Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю