355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 14)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 14 страниц)

 
...У кожнай думы шчырай
Адзіны ёсць выток:
Зямля, народ, Айчына,
Жыцця глыток...
 

І там паэт «прыкуты сваёй мовай да Радзімы і разам да Сусвету усяго...».

Леаніда Галубовіча не мінуў вобраз-спакуса паэтаў не ад Ромула нават, а з незапамятных міфалагічных і даміфалагічных часоў – агонь-таямніца, «агонь, якім мы праведна згараем» («Таемнасць агню»), «і палаюць кастры, і злятаюцца душы» («Агонь»), агонь ачышчэння, агонь пазнання, веры, «агонь, якому сутнасць давяраем жыцця свайго» («Таемнасць агню»). Зразумела, вобраз не новы, аднак, мне здаецца, неабходна патрэбны паэту для падтрымання высокага эмацыянальнага тонусу. А тонус гэты часам пачынае падтрымлівацца трохі штучна, вершамі, якія маглі б належаць і нейкаму іншаму аўтару, не Галубовічу. Ну, скажам, «Давайце жыць аддадзеней і шчырэй...», «Прадвесне» або «Ліпеньскі поўдзень». Але – вось што важна, і тут ёсць радкі і прыкметныя, і таленавітыя: «За зіму вымерзлае сонца», «...Бяжыць і смяецца малое дзіця,/ Сябе пакідае і нас/ без аглядкі/ – у ліпеньскім дні».

Леанід Галубовіч – паэт-лірык. Перш-наперш. І рух душы, настрой абумоўліваюць агульную танальнасць яго паэзіі. І, як амаль ва ўсіх паэтаў, ёсць у яго свае схільнасці да нейкай пары года. Да восені, мне здаецца. І вясны. Лета ў яго звычайна па-сялянску гарачае, працавітае. Зіма ўзнікае свежа і ясна, але рэдка. Вясна і восень – часы роздуму, асабліва вострага ўспрыняцця свету, часцей за ўсё сустракаюцца ў Леаніда Галубовіча, і тут асабліва відавочна выяўляецца напружаная ўнутраная работа паэта. Маю тут на ўвазе, што канкрэтнаму чалавеку Леаніду Галубовічу, магчыма, больш за ўсё даспадобы лета або некаму з яго чытачоў усё ўяўляецца зусім інакш. Гаворка пра маё асабістае ўражанне ад кнігі паэта. Ёсць у яго вось такі верш:

 
Сатканы восеньскі матыў
Сівою вяззю павуціны,
Рудзеюць з вуліцы платы
Перагарэлаю пацінай.
 
 
...Прасторны сад. І ў ім – адзін,
Нібыта райскі, яблык позні
Між чорных вугальных галін
Датлеў амаль пад ветрам слёзным.
 
 
«Сатканы восеньскі матыў...»
 

Мне тут, шчыра кажучы, прыгадалася вось гэтае: «яблык, пераспелы, як даўняя туга» з прозы Міхася Страль цова. Прыгадалася не дзеля непатрэбнай паралелі. Ні ў якім выпадку. Проста не толькі ў гэтым, прыватным перагукванні, але і ў больш шырокім сэнсе, агульная настроенасць паэзіі Леаніда Галубовіча падалася блізкай нейкімі матывамі творчасці Міхася Стральцова. І, магчыма, гэта зноў жа маё, асабістае, творчасці Максіма Багдановіча. Не шкалярскімі перапевамі. І не наяўнасцю прысвячэнняў і эпіграфаў, хаця, калі весці гаворку пра Багдановіча,– яны ёсць. А ўнутранай, не відавочнай блізкасцю.

 
Пад вечар – восень, а зрання
Атуліць сад халодным пухам
Растайны снег, нібы мана,
Якую ты дарэмна слухаў.
 
 
«Сатканы восеньскі матыў...»
 

Або:

 
Цябе ніколі не было,
Аднойчы я цябе прыдумаў.
Любові запаліў святло
Над цёмным непарушным сумам.
 
 
«Жанчына з мары»
 

У адным, не вельмі ўцямным артыкуле мне давялося не так даўно прачытаць, што справа не ў цытацыі: што там паэта паўтараць, я вам усё за яго растлумачу. Мне здаецца, уласцівасць сапраўднай паэзіі ў тым, што яе хочацца чытаць, перачытваць, чытаць другім:

 
Няўжо сплыве абеленая даль
І шэрань зноў дарогі мне пяройдзе?
Размые каламутная вада
Настылае і чыстае ў прыродзе?
 
 
Цяпло і холад, цемра і святло
Прадоўжыць круг заведама вячысты...
О, хоць бы тое квеценню ўзышло,
Што выстыла і выстаяла чыстым!
 
 
«Няўжо сплыве абеленая даль...»
 

Дыяпазон творчага бачання паэта дастаткова шырокі, хаця калі зрабіць спробу накладваць нейкі тэматычны трафарэт, дык многае можа апынуцца па-за межамі, інтарэсаў Леаніда Галубовіча. А ўвогуле – ці трэба праштэмпелёўваць вершы такім чынам – не асвятліў, не распрацаваў. Затое паэт імкнецца ісці ў глыбіню з'яў, не абыходзіцца слоўным праменадам. Праўда, часам адкрытасць эмоцый абарочваецца відавочнай фрондай. «Я ў непагадзь акно сваё раскрылю./ Быць не хачу раздзеленым мяжой./ Хачу істотай адчуваць стыхію...» – натуральнае парыванне. Але заключны радок чатырохрадкоўя – «хачу пажыць з расхлістанай душой» – не пакідае адчування першапачатковай натуральнасці. Відавочны надрыў. Не тое каб хацелася абавязкова зашпіліць душу лірычнага героя На ўсе гузікі і зрабіць яго эталонна-стэрыльным. Проста няма неабходнасці ў гэтай расхрыстанасці духоўнай для ўспрыняцця таго, што далей прапануецца лірычнаму герою: «Хачу падыхаць зорнымі вятрамі,/ Сузор'яў іншых вымыцца дажджом...» Хаця, чытаючы верш далей – «Сусвет вялікі пазнаём вякамі,/ а самі тайнай для другіх жывём»,– пачынаеш разумець, што ў тым, эпатажным, «з расхлістанай душой» – былі і горыч, і выклік. Таму што ва ўсім Сусвеце «у кожнага, на жаль, свае кругі». Гэты радок выклікае нязгоду яшчэ і з той прычыны, што паэт не так каб элегічны, але напружанасць пачуцця і думкі звычайна ў яго не пераходзяць у нагнятанне эмоцый.

Ёсць у кнізе вяртанне да самога сябе, самапаўторы. Здараецца і такое: увайшоўшае ў творчы абыходак слова так падабаецца сваёй семантычнай аб'ёмнасцю паэту, што ён спяшаецца ўжыць яго і там, дзе ў гэтым няма ніякай патрэбы, напрыклад, да дзяцей герой верша «Люблю дзяцей гуллівае грамадства...» звяртаецца такім высокім слогам: «Ліжыце солад юнага быцця» (ён пачаставаў іх цукеркамі). Але – гэта прыватнае. А ў літаратуры беларускай заявіў пра сябе сапраўдны паэт. Якому зараз будзе складана працягваць свой шлях. Адказнасць поспеху – ношка нялёгкая. І ад другой яго кнігі ўсе будуць чакаць многага. Хаця ўсе разумеюць, што ў творчасці дыяграмы росту па ўзыходзячай – немагчымы. Творчы лёс складваецца па-рознаму, і я не буду нічога ні ўгадваць, ні прадракаць. Гэта занятак пусты. Не пустое – вершы, што ўжо існуюць. Леанід Галубовіч быў удзельнікам нарады маладых у Маскве. Мабыць, будзе ў яго магчымасць вучыцца і самаўдасканальвацца. Ёсць галоўнае. Харошая кніга. А сам Галубовіч піша: «Пазнаўшы пачатак – не знаем канца...» Ёсць у яго «спадзяванне светлае такое...».


ДАРОГА – НАПЕРАДЗЕ

Кніга ў Хрысціны Лялько першая. «Дарога пад гару». Але аўтарку ўжо ведаюць і чытачы, і прафесійныя літаратары. А да кніжкі апавяданняў дадаў зацікаўленае слова такі патрабавальны і строгі пісьменнік, як Ян Скрыган. І не выпадкова.

Хрысціна Лялько многіх парадавала ўпэўненасцю і майстравітасцю пісьма. Пластычнасцю яго. Пазначанай аўтарскай пазіцыяй. Узгодненасцю з той літаратурнай традыцыяй, што мае на ўвазе пашану да ўсяго жывога на зямлі – чалавека, жывёлы, птушкі, расліны.

Зусім не збіраюся хуценька падсаджваць маладую пісьменніцу на які прыдатны пагорак Парнаса, але мушу пазначыць, што даступныя ёй найдалікатнейшыя нюансы псіхалагічнага малюнка. «Касцы», «Бярэзнік на загонах», «Мурза», «Лёгкі хлеб»...

Хрысціна Лялько прытрымліваецца ў асноўным традыцыйнай манеры пісьма, больш трымаючыся да таго ж сюжэта някідкага, але такога, што дае магчымасць заглянуць у душу чалавека, у сітуацыі не толькі экстрэмальнай, а звычайнай, будзённай. Сітуацыі будзённыя, падзеі не ўсяленскага маштабу, але з іх пачынаецца, імі пазначаецца чалавек.

У апавяданні «Касцы» таксама нічога незвычайнага не адбываецца. Дзень харошы, усё на зямлі сваім парадкам ідзе. Людзі назапашваюць сена, траву косяць, «...выспелыя травы гінуць, каб даць месца новым», качка пільнуе качанят, «марна стараючыся суняць» іх «радаснае, нецярпліва-маладое крэканне». Не ідылія, не пастараль – нармальны дзень на летняй зямлі. Кожны сваю справу робіць.

І вось тую качку з вывадкам заўважае адзін з касцоў – Вінцусь. Аказвае сваю натуру – ляціць, як зроду мяса не еўшы, за малымі бездапаможнымі качанятамі. Бухаецца ў балотную твань, ледзь ухоплівае аднаго, слабенечкага. І драпежная яго дурнота, менавіта дурнота (бо да сезону палявання яшчэ далёка, і колькі там наедку з качанят) уся на паверхні: «У суботу швагра прывязу. У яго двустволачка і ганчак ёсць».

Апавяданне невялікае – сем старонак, а характары акрэслены хораша, асабліва Ясь і Вінцусь. У словах малады празаік ашчадна, гаспадарліва адбірае толькі тое, што ёй канкрэтна спатрэбіцца ў апавяданні. Яна дае нам адчуць хараство летняга дня, але сродкамі скупымі, прадуманымі. Тут лёгка было спакусіцца нават не прыгоствамі стылю, але добрым веданнем матэрыі і параскашавацца словам, апісваючы тыя мурагі. Хрысціна ж Лялько ўвесь час трымае пад увагай, што гаворка пра людзей, якія не на пікнік выбраліся і настрой у іх адпаведны. Яны працуюць. Разумеюць і цэняць прыгажосць, калі мець на ўвазе галоўнага героя, Яся, але не сузіральна – ах, як хораша! ах, якое паветра! Ясь – натура тонкая, зварушлівая. Аднак усё, што вакол яго,– не ваблівы антураж, не повад для любавання, а зямля, з якой ён адчувае сваю еднасць і ў красе яе і ў работнай повязі з ёю. Для яго паняцце «зямля-карміцелька» не адстароненае. Таму так коратка скажацца ў апавяданні: «цнатлівае хараство наваколля». І мы ўявім сабе гэтую росную свежасць – недзе а чацвёрдай гадзіне раніцы – толькі што народжаны дзень. Зразумеем, як працінае Ясеву душу «адчуванне імгненнасці гэтае прыгажосці»: пад касой нікне свежае жывое хараство – які «букет» кветак і траў! Аднак ён тут жа па-сялянску цвяроза разважыць: «...так на Зямлі ад веку, такі непарушны закон існасці ўсяго жывога на свеце». Закон існасці – трохі высакавата для вяскоўца Яся, але пісьменніца мае права ва ўскосным маналогу так высловіць тое, што адчувае Ясь. А вось гэтае непадробнае, так бачыць зямлю касец, працаўнік: «Пакорліва паддаваліся, падалі ружовыя, трапяткія маланкі, падатліва-мякка слаўся ў пракос духмяны, у зялёных, што маладыя гуркі, стручках аер, купчаста клалася густая, як сцягнуць касою, балаціна, пахла свежаю рыбаю, рачным глеем, водарасцямі».

Зноў жа не будзе Хрысціна Лялько карункі-вышыванкі плесці ў «Бярэзніку на загонах». Некалькімі штрыхамі акрэсліць, што жывіла столькі гадоў душу Сцяпана і яго жонкі – бярэзнічак-самасей: «Забелаў бярэзнік пачынаўся адразу за хатаю. Малады, выносны, цягнуў светлаю шырокаю палосаю ўніз, да невялічкага, абмялелага лужка і ўжо там, у самай нізіне, прападаў, саступаючы месца цубкаму, радкаватаму ў лазе, алешніку».

Не выпадкова пачынаю гаворку з таго, як створаны апавяданні Хрысціны Лялько. Апавяданні, як ужо згадвалася, не вылучаюцца ні своеасаблівасцю тэматыкі, ні значнасцю сюжэтаў, ні незвычайнымі героямі. Нешта падобнае мы зможам заўсёды знайсці. Скажам, літаратурны генезіс таго ж «Бярэзніка на загонах» можна цягнуць ледзь не да някрасаўскага «Плакала Маша, как лес вырубали...». А ў «Мурзы» знайсці папярэднікаў ад тургенеўскага «Муму» да «Белага Біма чорнае вуха». Г. Траяпольскага ці апавяданняў Карамазава. Але Хрысціна Лялько ў лепшых сваіх апавяданнях зрабіла тое, што робіць у такіх выпадках мастак,– сказала па-свойму. А тэма дабраты, тэма людскасці ў адносінах да ўсяго, што ёсць на зямлі,– яна ж ніколі не вычарпае сябе. Тым больш што ў сённяшнім свеце прыватная тэма: згуба бярэзніку або браканьерства набывае – вяду гаворку пра гэта без іроніі – відавочную сацыяльную афарбоўку: экалогія, ахова асяроддзя. Ды і маральныя вартасці кожнага чалавека – яны таксама заўсёды сацыяльную падаплёку маюць. Драпежныя інстынкты Вінцуся з «Касцоў» або Гэнькі з «Бярэзніка на загонах», што ніяк не ўсцешыцца палівам («на гадоў дзесяць бярозавых назапасіў») – яны ж умомант больш адказны азавуцца. І, мабыць, наўрад ці паспагадае людзям чалавек, які вырашыў забіць сабаку, што ўсё жыццё верна служыў свайму гаспадару («Мурза»).

Гэтае апавяданне таксама напісана проста і строга. Без сюсюкання. Без сентыментальнага найгрышу. З адчуваннем псіхалогіі чалавека і жывой істоты, што прайшла шматвекавы шлях побач з чалавекам. Гэта і трагедыя безабароннасці, «брата меншага», і трагедыя старасці, і безнадзейны бунт асуджанага. Перададзена ўсё з горыччу, болем, хаця Хрысціна Лялько прытрымліваецца больш манеры аб'ектывізаванага паказу, свае адносіны да таго, што адбываецца, яна выяўляе толькі праз дзеянне і характары. Цікавіць яе сфера маральнага працэсу. Яна і звяртаецца з гэтымі пытаннямі да сябе і другіх. У асноўным не выходзячы за межы так званай сялянскай тэмы, трывала і ўстойліва пачуваючы сябе тут. І ў самую манеру пісьма ўкладваючы гэтую натуральную паўнаважкасць, нават цяжкаважнасць, відавочна паказваючы схільнасць да эпічнасці нават на малой прасторы апавядання. Устойлівая традыцыйнасць. Адзіны адыход ад лагічна-храналагічнага парадку падачы матэрыялу – часавая інверсія, рэтраспекцыя («Груган», «Марцэля», «Пах мурагу», «Цыба», «Фэлькавы яблыкі»). Яна ўмее даць нейкі штрышок, дэталь, што надае свежасць не так каб адкрыцця, але знаходкі. Вось у «Фэлькавых яблыках» – усё як быццам знаёмае па іншых літаратурных варыянтах. Муж і жонка. Прайшлі век, дзяцей пагадавалі. І засталіся чужыя. Мроіцца яму дагэтуль любая Юлька. Некалі ім, бедакам, некалькіх злотых не хапіла, каб аддаць пробашчу за вянчанне. Так і засталіся кожны сам па сабе. Недзе замужам у горадзе Юлька. Жыве свой век з непрыгожай, але некалі багатай Ганцяй Фэлька. І хаця зараз, пры Савецкай уладзе, не тое што пры панах, і пасаг той непатрэбны, і сваіх грошай у Фэлькі хапае, ажно жыцця не зменіш. І вязе Фэлька кожнага разу ў горад на кірмаш адмысловы кошык, поўны залатых ранэтаў,– раптам на базары Юлька трапіцца. Некалі ж марылі яны пра свой сад – і ў ім яблыня «залаты ранэт».

Гэтыя дэталі, штрышкі даюць жывое дыханне твору. Хаця і сюжэтны ход, і характары нам нібыта знаёмыя. А вось калі чытаеш апавяданні «Груган», «Марцэля», «За ноччу раніца», «Цыба», адчуванне варыянтнасці не знікае. Хаця «Цыба» і «Марцэля» зроблены на добрым прафесійным узроўні. Ну, а ў апавяданні «За ноччу раніца», мабыць, густата сказаў чыста публіцыстычнага, ці нават хутчэй, інфармацыйнага, кшталту зрабіла фактуру твора панцырна-жорсткай, цяжка прабіцца да мастацкага слова праз цвёрдую заслону такога пісьма: «Чакалі, пакуль падсунецца бліжэй шчыльны ланцуг гітлераўцаў. Трэба было затрымаць іх хоць на нейкі час. Але што, што яны маглі супраць такой навалы?» Або: «У адно імгненне ён усхапіўся на ногі, і, то падаючы, то зноў узнімаючыся, кінуўся прэч, ад гэтага каменя, ад гэтай страшнай, варожай лавіны». Ёсць і такое практыкаванне: «Ноч, пасвятлелымі на золаку вачыма, угледзела...»

Лягчэй за ўсё было б палічыць гэта выдаткамі тэмы: не ведае аўтар матэрыялу, героі – людзі, што перанеслі вайну, у добрых гадах, ды і сам па сабе сюжэт вытокамі сваімі ідзе да той пары, да тых трагічных калізій, якія пісьменніцы вядомыя толькі па расказанаму другімі. Але ж і ў «Бярэзніку на загонах», і ў «Светлай руні», і ў «Фэлькавых яблыках» галоўныя персанажы – людзі такога ж веку.

У апавяданні «Лёгкі хлеб» – таксама. А мастацкі эфект зусім інакшы.

Дарэчы, гэтае апавяданне, «Лёгкі хлеб», усім сваім ладам выбіваецца з агульнага строю, робячы больш размаітай танальнасць кнігі. Усё сур'ёзныя, разважлівыя, добрыя і злосныя, але без дзівацкіх захвыцэнняў людзі, і раптам зухаватая, задзірыстая Гэлька. «Чудзік» у спадніцы. Шукшынскі або дудараўскі сюжэт, і зроблена яно хвацка. З цудоўным адчуваннем трагікамічнай сітуацыі. У гадах ужо, самотная жанчына набыла сабе гармонік. Траха каб пацвельвацца з аднавяскоўцамі («Гэта ж во, за адно вяселле, любкі мае, сотні паўтары заграбеш. Месяц на кароўніку таптацца трэба»), траха каб жыццю свайму, небагатаму на акрасу, даць нейкую розрыўку, а то «пражывеш во так, як на свінні праедзеш», траха каб маладосць сваю згадаць. А галоўнае, каб загучала тая галоўная, патаемная мелодыя яе душы, якой жыла яна ўсе гады, і каб пачуў яе Антось, каго Гэлька кахае ўсё жыццё.

Маладосць у яе бедная была, а спеўная, звонкая. Нездарма так сіпіць, «як сытая гуска», Алена, жонка Антосева. Дагэтуль памятае, як спявала Гэлька: «Канарэ-е-чка, дробна пта-а-шачка» – на гаранёўскіх вечарынах. Гэлька, каханая яе ласага на багацце мужа Антося. Ухапіўся за Алену, багатую. А зямелька, як і таму герою з «Фэлькавых яблыкаў», «не спатрэбілася. Саветы прыйшлі». Усім зямлю далі.

Трэба чытаць, як выпісана сцэна, калі Антосева Алена («з шырокаю, як лава, спіною») прыскакала да сунерніцы сваёй звонкагалосай і залямантавала: «Калі што якое, то як хаплю музыку гэту – трэскі пасыплюцца». Гэлька, то праўда, жыла сабе сваім жыццём, як узяў яе каханы ў жонкі заможную Алену. Нікому не перашкаджала. Спявала ў маладосці. Антосіха ж ведае, што ніколі не кахаў яе мужык, пасаг спадабаўся яму некалі. А Гэльчынай «дробнай пташачкай» заслухваўся ён, Алена памятае, «сколькі... з-за «канарэечкі тае слёз выліла».

Сцэна зроблена хораша, каларытна, усё апавяданне – як гармонік у добрых руках. То зухавата зальецца, то задумліва пойдзе ў голас, то зойдзецца ад тугі. І пачуе чытач тую «адзіную мелодыю, якая гэтулькі год жыла ў душы» галоўнай гераіні.

Заўсёды, калі чытаю такую прозу, успамінаю аднаго аўтара, які гаварыў: «Са сцэны мяне чытаць не будуць». Гэтую прозу – са сцэны чытаць. Добраму акцёру.

Не адчуваеш спрацаванасці традыцыйнага пісьма ў такіх выпадках. Не прагнеш абавязковага асацыятыўнага мыслення. І разумееш, што людзей на адно, а то і на два пакаленні старэйшых за сябе Хрысціна Лялько ведае добра і ўмее ў нечым важным спасцігнуць душу іх. Умее адчуць іх і як гістарычную памяць народа, і як «тып, як філасофскую ідэю, як палемічнае падахвочванне: зірніце, раздумайцеся, не адкідайце выпакутаваны вопыт» (А. Бачароў).

І ўсё ж часам нават у такіх добрых апавяданнях, як «Светлая рунь», ёсць налёт другаснасці. Было гэта – працавіты бацька-калгаснік, няўдзячныя дзеці, ваганні – ці ехаць у горад. І вяртанні ў сяло таксама былі. Хаця зроблена гэта добра, выразны мастацкі малюнак, выдатная беларуская мова. Але вось таго самага, штрышка, нейкіх паваротаў сюжэта, што рабілі б сказаным па-свойму апавяданне, няма. На мой погляд. Хаця сама па сабе тэма не звялася ў жыцці, значыць, не знікне і ў літаратуры. Вось і ў такога майстра, як В. Астаф'еў, зноў з'явілася апавяданне на адзін з невычарпальных паваротаў гэтай тэмы – «Жыццё пражыць» (Новый мир, 1985, № 9).

Сама Хрысціна Лялько імкнецца паспрабаваць сябе і ў іншай тэматыцы, у іншай манеры пісьма. Чытачам таксама цікава – а як жа, чым жыве пакаленне пісьменніцы? Якія псіхалагічныя партрэты, якія праблемы можа яна прапанаваць?

У кнізе гэтае пакаленне, у асноўным у студэнцкім яшчэ сваім узросце, ёсць у апавяданнях «Блізка вясна» і «Канваліі». Іх равеснік – галоўны герой апавядання «Белыя брады».

Слова «паспрабаваць» ужыта не выпадкова. Пакуль што гэта больш спробы. Не здзяйсненні. Эскізы. І справа не ў памеры.

Існаванне ў іншай мастацкай сістэме каардынат патрабуе адпаведных спосабаў выяўлення. Хрысціна Лялько шукае іх. «Канваліі» – крыху лірычны дзённік, крыху настраёвыя замалёўкі. Форма, што мне асабіста вельмі падабаецца. Але ён вельмі ж каварны, гэты спосаб пісьма. У лепшых сваіх узорах вабіць нязмушанасцю, прастатой. Але тыя нязмушанасць і прастата патрабуюць дакладнага мастакоўскага разліку, выверанасці думкі, пачуцця, слова. Лёгкі вуаль псіхааналізу не выратуе, інтэлектуальны побыт не заменіць уласна думкі. Устойлівасць, грунтоўнасць Хрысціны Лялько тут, можа, і замінаюць задуме, што вымагае лёгкасці, вытанчанасці, «изящества».

Не збіраюся рабіць рызыкоўныя вывады – гэта не сфера Хрысціны Лялько. Магчыма, у далейшых сваіх мастакоўскіх пошуках яна знойдзе апірышча зусім у іншым, чым тое, што вельмі ж удалося зараз. Не ў «трудах и днях» сяла. Не ў пакаленні бацькоў і дзядоў сваіх. Сапраўднага мастака заўсёды вабіць рызыкоўны ветразь пошуку. Хто ведае – у якіх сферах?

Аснашчанне для гэтага ёсць. Талент. Працавітасць. Выдатная мова.

А дарога – пачынаецца. Дарога пад гару.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю