355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алла Сямёнава » Слова сапраўднага лад » Текст книги (страница 11)
Слова сапраўднага лад
  • Текст добавлен: 20 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слова сапраўднага лад"


Автор книги: Алла Сямёнава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 14 страниц)

Вось Цыганкоў – ён у аповесці пададзены сілуэтам, не выпісаны падрабязна – абураны паводзінамі Прымачака: занядбаў калгас, звальняе вопытных брыгадзіраў. І – гэта адчуваецца па тэксце – менавіта яму даюць ружжо, каб забіць Апошняга Жураўля. Шафёр Міша не так каб зусім бескарысліва і як быццам не ад такой ужо духоўнай неабходнасці, але робіць добрую справу, падвёзшы Сцяпана Дзямідчыка да хаты з горада. І забівае гэтага чалавека – перашкодзіў яго звышхвацкаму спорту. Праўда, пра матывы злачынства пісьменнік прапануе даўмецца нам самім, мы ведаем пра тое, што адбылося, з радкоў пра апошні намер Сцяпана выкрыць браканьераў і інфармацыі постфактум.

Усё пачынаецца з драбніц. Але ці з драбніц, калі мець на ўвазе наш час. Калі зямля больш як калі не толькі дае, але і чакае ад нас, людзей. Каб прыйшлі мы да яе ахоўнікамі і лекарамі. Добрымі гаспадарамі. Каб кожны адказваў за кожны свой учынак і за адсутнасць учынку – таксама.

...Пётр Іванавіч Яновіч не бюракрат і не чынуша. Сумленны чалавек, старшыня паляўнічага таварыства Дзярэча. Яны робяць як быццам усё як трэба. І вынікі ёсць. Прымачака звальняюць. Калгас «Інтэрнацыянал», дзе ён быў старшынёй, аб'ядноўваюць з больш моцным. Але... вось той апантанасці гаспадара зямлі, што дае энергію ўсім учынкам Сцяпана, у іх няма. А калі б была... Можа, быў бы жывы Дзямідчык, не адчувалі б сябе так вольна браканьеры, у пару з'явіўся б патрэбны чалавек на месцы старшыні калгаса. Было б, магчыма, менш бесперспектыўных вёсак.

А Сцяпан Дзямідчык моцны сваёй непарушнай сувяззю з зямлёй, вернасцю традыцыям хлебароба, высокай мараллю, той народнай мараллю, дзе спалучаюцца спрадвечны гонар земляроба, чалавека зямлі, і набытае ў калгаснай вёсцы адчуванне асабістай адказнасці за ўсё. За кожны каласок, за кожнага зайца ў полі, за кожнага бабра ў затоцы. За кожнага жураўля ў небе. За неба над галавой. За жывы подых зямлі, таму што «больш за ўсё на свеце ён любіў поле, што жытам каласілася». Сцяпан Дзямідчык з тых людзей, без якіх не ўяўляецца жыццё, корань і аснова яго. Мабыць, ён нам некага нагадае. Па блізкасці сітуацыі героя Барыса Васільева з рамана «Не страляйце ў белых лебядзяў». Ці каго-небудзь яшчэ. Аднак – у кантэксце аповесці – ён адзіны. І адзіна патрэбны.

І безумоўна патрэбная і своечасовая гэтая аповесць – «Паляванне на Апошняга Жураўля». Прыкметная з'ява ў нашай сённяшняй беларускай літаратуры.

А дзе ж заўвагі? Гэтыя ж эмацыянальныя крытыкі! Ну, калі паставіць такую мэту і ў нечым не згадзіцца з аўтарам, дык, натуральна, можна знайсці тое, што шукаеш. Напрыклад, ці так ужо варта было прымусіць шафёра Мішу абавязкова правесці ноч у дзяўчат. А паміж іншым і дзяўчат акрэсліць-перакрэсліць адной-адзінай фразай: «...дзяўчатам было па дваццаць пяць, і на жыццё яны глядзелі проста». Ці так усё проста – асабліва для такога пісьменніка, як Алесь Жук. Або, скажам, ці не праглядваецца зададзенасць у шматразовым супадзенні абставін – са Сцяпанам, Цыганковым, яго шафёрам?

Але – учытаешся ў тэкст і неяк не ўзнікае ахвоты вышукваць недахопы. Вось як піша гэты пісьменнік: «За крыніцамі даверліва прыпадае да зямлі вёска, а за ёй устае лес. Нягледзячы на ўсе санітарныя высечкі, ён набірае сваю цёмную высокую сілу, якая пачынае ўжо гаманіць з небам. А яно над палямі вечнае і халоднае, часам пяшчотнае, а найчасцей ціха і родна зажуранае. І з усім гэтым, вечным, што было і будзе на зямлі, зліваецца неабдымнае поле. Восенню, калі яно чыстае і прасторнае, аблямавана на даляглядзе кусцістаю зялёнаю рунню, захінута ціхім туманком, далёкае ворыва на небакраі раптам пачынае ўставаць на цябе крылом шэрага жураўля, і хто скажа тады, што з неба і сапраўды не чуцён вечны жураўліны кліч?»


ЯК ЧЫСЦІНЯ АГНЮ...

Факт не падуладны знікненню. Ён – бясспрэчная рэальнасць. У гэтым яго сіла. І – надзвычай важна, што гэты факт адбыўся. Не проста факт – з'ява ў нашым літаратурным жыцці. Ці можа быць такое? Няскончаны твор. Ці не наслоіліся эмоцыі, што абавязкова прысутнічаюць у такім выпадку,– раптоўна пайшоў з жыцця таленавіты малады чалавек. Лепш за ўсё гэтую выснову пацвердзіць сама аповесць Рыгора Семашкевіча «Ясень». Якой дадало кароткае, але ёмістае і пранікнёнае слова Яўгена Лецкі. Самую публікацыю рупліва падрыхтавала Наталля Семашкевіч, жонка паэта, яго дарадчыца, сябар і памочніца. Чалавек далікатны, дасведчаны і надзвычай сціплы.

Аповесць чытаюць. Будуць чытаць. Такую. Няскончаную. Але важную думкамі сваімі. Настроем. Узнятымі праблемамі. Пранізлівай чысцінёй маральных высноў. Абвостраным адчуваннем справядлівасці. Тонкай паэтычнасцю і важкасцю філасофскіх разваг. Роздумам, які ўзводзіцца ў катэгорыю эстэтычную, эмацыянальную, этычную.

Прыём пабудовы аповесці не выдае новым. Пра кампазіцыю, архітэктоніку і фабульную структуру гаворка, зразумела, не вядзецца: твор не закончаны. Але структура сюжэтная, акрэсленасць ідэйнай праблематыкі праглядваецца і ў такім варыянце. Галоўны герой аповесці Сяргей знаходзіцца ў тым стане адначасовай напружанасці – расслабленасці, якая так уласціва сучаснаму чалавеку. У прыватнасці, тут – інтэлігенту. Чалавеку гарадскому. Учарашняму вяскоўцу. Псіхалагічна тып як быццам знаёмы. Па творах М. Стральцова хаця б. Апошнім часам – у нейкіх сваіх выяўленнях – на персанажах А. Жука і В. Гігевіча. І ў гэтым стане пошуку духоўнай раўнавагі (але не стабільнасці, не!) Сяргею ўсё часцей згадваецца родны кут, больш за ўсё ў снах – таксама па трывалай літаратурнай традыцыі. І ў снах тых у асноўным мроіцца маленства, якая-небудзь, скажам, прадвесняя раніца, што «гадоў дваццаць таму была звычайнай, а цяпер здавалася святам». Прыём нярэдкі – і зразумела чаму. У дзяцінстве чалавек заўсёды бывае самім сабою, у тую пару фарміруюцца яго адносіны са светам, са светапарадкам, яго свядомасць і самаўсведамленне. Акрэсліваюцца яго ўзаемаадносіны з усім дальнім і блізкім прыродным і сацыяльным атачэннем. Нездарма ў сучаснай літаратуры праштэмпелевалася шматлікім, але і шматзначным паўторам «я родам з маленства» А. Сент-Экзюперы, таму наш сучаснік так пільна ўчытваецца ў аўтабіяграфічныя творы Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, падвяргае аналітычным штудыям «Словы» Ж.-П. Сартра. Чалавек хоча даведацца, адкуль – пазней – прасветленая відушчасць і заблуджэнні.

Недарэмна згадваецца дзяцінства і герою аповесці Рыгора Семашкевіча. Яму якраз неабходна ўсвядоміць сваю сувязь з быццём, сваю існасць у чалавецтве і сваю сувязь з родным краем, з карэннем жыцця свайго. Якраз зараз маці яго наважылася прадаць хату, цяжка ёй адной, у добрых гадах, парадкаваць гаспадарку. І невясёлы одум бярэ Сяргея – так можна пазбыцца ўсяго – некалі, яшчэ ў дзяцінстве ягоным, выкапалі ясень, што рос каля іх хаты, пасадзілі яго ў горадзе. Вось і думаецца нявесела Сяргею, што ж гэта: «учора ясень, заўтра хату, а пазаўтраму што прадаваць будзем?» Зноў жа тэма, якая атрымала мастацкае ўвасабленне ў сённяшняй літаратуры. І ў рускай, і ў беларускай.

Але ідзе яе ўвасабленне ў аповесці сваімі шляхамі – у непасрэдных дачыненнях да розных праяў рэчаіснасці, непасрэдна і апасродкавана датычных гэтай праблемы, а – галоўнае – таго асноўнага пошуку героя, што ўгадваецца ў аповесці,– пошуку сэнсу свайго духоўнага быцця. І тым, між іншым, асабліва прыдатны відавочны аўтабіяграфізм, нават апавядальны аўтабіяграфізм аповесці, што, вырашаючы праблемы ўласнага ўнутранага, духоўнага быцця, пісьменнік выходзіць да праблем, якія датычаць чалавецтва ўвогуле. І справа не ў тым, што ў пісьменнікаў, якія выкарыстоўваюць у творчасці гэты прынцып аўтабіяграфізму, «ёсць спакуса паведаміць людзям пра сваё жыццё, нібыта яно ўяўляе сабой агульны інтэрас, а таму, што на саміх сабе яны ўсведамляюць сэнс чалавечага быцця» (Б. Бурсаў). Тут, мабыць, Рыгор Семашкевіч бліжэй за ўсё ў сваёй аповесці, калі мець на ўвазе беларускую літаратуру, да Я. Брыля і М. Стральцова. Хаця блізкасць гэтая зусім не сведчыць пра перайманне ці тым больш запазычанне. Напісанае Р. Семашкевічам, узнятыя ім праблемы і выснаваныя ідэі набываюць сілу мастацкага доказу дзякуючы няпростаму, але арганічнаму спалучэнню сюжэтных ліній, нават не ліній, а густой, аднак прадумана выдзеленай сетцы калізій, дзе сутыкаюцца (у агульным спалучэнні) моманты сённяшняга жыцця Сяргея, яго дзяцінства, нядаўняга мінулага яго вёскі, роздум, устаўныя эпізоды.

Рыгор Семашкевіч – розны. Толькі здасца, што ён увесь у ружанцы вясновых мрояў дзяцінства, як ён прамалюе, не баючыся, што яго папракнуць у эклектыцы, гуллівы, іранічны віток усмешлівага такога, зусім не летуценнага колеру. І выявіцца, што гэтых імгненняў, калі «глыбокі начны сон расхмарваўся, і ў лёгкі ранішні змрок аднекуль здалёк наплывала не то музыка, не то спеўны гул», калі Сяргей «быццам плыў у сваім любімым – ліловым – колеры», як ён раптам возьме ды і выпусціць на авансцэну такога нечакана нерамантычнага персанажа, як кот Мур-Мур, з разумнай і добрай усмешлівасцю заўважыць, што завёўся кот у кватэры не з абы-якой несур'ёзнай нагоды, а выключна дзеля прышчаплення вялікіх прынцыпаў, бо «адзін паважаны стары чалавек... сказаў, што любоў і прыхільнасць дзяцей да жывога вельмі ўплывае на развіццё іх гуманных схільнасцей». І, дадась аўтар, з такой ласкавай і хітраватай усмешачкай, «у кватэры пачалося развіццё гуманізму». З непадробным гумарам, адчуваннем каларыту сітуацый раскажа Рыгор Семашкевіч пра рознага кшталту праявы сённяшняга і асабліва таго даўняга, дадарослага жыцця, дзе не менш, чым школа, вучыла дарога ў школу і назад... «Цюкат сякер, звон піл, смольны дух ачасаных бярвенняў кружылі галаву». Усё ў жыцці было неразгаданай – а светлай – таямніцай: прыезд цыган, з іх незразумелымі, але таму асабліва магічна ваблівымі спевамі, заняткі суседа, які займаў некалі пасаду (хлопцу і не вымавіць – каптэнармуса, і песня пра невядомую краіну Трансваль. Хаця ў тую празрыстую светлату дзяцінства ўжо ўварвалася страшэнная навалач вайны: забойствы, пакуты, пажары. І яе бязлітаснае рэха: выбухі мін, на якіх падрываліся цікаўныя падлеткі. Пра гэта расказвае – цяжка сказаць, як яно было б у закончаным творы – ці то ўстаўная навела, ці то адна з сюжэтных ліній.

Сур'ёзнасць апавядання пісьменніка пра сваю вёску будзе ўвесь час прабліскваць шматлікімі ўсмешкамі (такое жыццё), а філасофскае разважанне пракінецца жорсткай іранічнай сентэнцыяй накшталт: «Свет заўсёды кампенсуе пажаданнямі тое, чаго век не хапае...» Затое не ведае пяро Рыгора Семашкевіча ніякіх апраўдальных вердыктаў, ніякай добразычлівай і незласлівай іроніі, калі гаворка ідзе пра з'явы, цалкам пісьменнікам непрымальныя, варожыя яго чалавечаму і пісьменніцкаму сумленню.

Ён робіцца непрымірымым, з'едлівым, ваяўніча злосным. Здаецца, мешчанін не злодзей. Здаецца. У яго свой кодэкс каштоўнасцей. Свая мера вызначэння сумленнасці. І такая вось таксама. Толькі Настачка, знаёмячы яго з адным госцем – не то прарабам, не то майстрам,– шчыра пахваліла таго: «Ён добры чалавек: казённае пацягне, а ў суседа – ніколі». Свая мараль. Тут, праўда, межы яе магчымасцей вызначаны крымінальным кодэксам. І сам учынак досыць ясна пазначаецца – крадзеж. А вось такі маральны стрыптыз ні пад які параграф не падвядзеш. Не інкрымінуеш састаў злачынства. Хаваюць сваячку, якая «раптоўна, толькі перажыўшы сорак», «пайшла ў цёмнач, пакінуўшы беламу свету гора горкае – трох сірот». А цётка Сяргея ў жалобе – прыйшоўшы хаваць жонку пляменніка, «ціха захоўвае сваю логіку». «Мая Настачка як у вянку жыве», «Настачка як купіла машыну, то такая радая была...» Гэтая цётка не рабавала, чужога, здаецца, не брала, але яе і яе мужа апанаваў проста нейкі комплекс уласнага дабрабыту, хранічная глухата да не свайго (не чужога, між іншым, гора – сваякі). Нават калі ўжо труну выносяць і па ўсіх маральных высновах і традыцыях нельга не мець павагі да адыходу жыцця ў нябыт, гэтая пара не можа ўстрымацца ад проста ўжо кашчуннага мармытання: «Харошая машына... выберам час – пад'едзем... а так жа добра, мякка...»

Рыгор Семашкевіч надзвычай востра адчуваў дэфіцыт у нашым жыцці высакародства і хараства. Браў урокі жыцця, не спакушаючыся лёгкім духоўным набыткам. І сёння з нейкім асаблівым і незалежным ад нас, жывых, адчуваннем віны перад тымі, каго ўжо няма, чытаем: «Для нас даўно ўжо школьныя ўрокі заменены ўрокамі жыцця, сярод якіх самы жорсткі – урок свежых магіл». І зусім не містычнае прадбачанне, а чалавечая відушчасць і адвечнае пытанне чалавека ў яго словах: «...няхай сабе не вечны ты, але няўжо ўсё, што любіў – іскрыстую сінечу любімых вачэй, захопленую ўсмешку дзіцяці, цёплы поціск друга,– няўжо і гэта паглыне прорва часу?»

Аповесць можа падацца напісанай у рэчышчы так званай плыні жыцця, гэткая вольная стыхія. Але ў гэтай волі ёсць цвёрдая дысцыпліна адбору, а калі ёсць стыхія, дык гэта стыхія дакладнасці. Адпаведна аўтарскаму бачанню, уяўленням Рыгора Семашкевіча. Адпаведна яго ўспрыняццю свету. Дзе няма рэалій вышэйшых і ніжэйшых. Ёсць адбор, патрэбны аўтарскай задуме.

Аповесць прымусіла пра многае падумаць. Перажыць славуты катарсіс. Згадалася даўняе, пісанае паэтам Рыгорам Семашкевічам: «Як у дыханні сонечным замру...», успомнілася ягонае: «...як чысціня... агню...» Канечне, балюча думаць, што гэтая таленавітая рука нічога больш не напіша. А набіралася такое творчае дыханне.


«І ЛЁГКА Я З ЗЯМЛЁЮ ГАВАРУ...»

З той чарады творчых равеснікаў, якіх некалі, як яны ўваходзілі ў літаратуру, называлі ў аглядах абавязкова побач: Р. Семашкевіч, А. Разанаў, Р. Баравікова, Т. Бондар, Г. Пашкоў, Г. Каржанеўская, В. Коўтун, Я. Янішчыц, а зараз «размяркоўваюць» па розных рубрыках, такімі непадобнымі аказаліся гэтыя паэты, імя Яўгеніі Янішчыц адно з найбольш часта згадваемых. А творчы шлях яе – адзін з тых, над якім нястомна крыляла яркая зорка ўдачы. Поспех – адразу, прызнанне – шырокае. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, удзел у такім адказным форуме, як сесія Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, пятая ўжо, такім сур'ёзным памерам, каля 6 аркушаў, кніга паэзіі. Зразумела, што і патрабаванні ў чытачоў да паэтэсы і да яе кнігі самыя сур'ёзныя.

У гэтай кнізе, «Пара любові і жалю», чытач знойдзе пацвярджэнне многім сваім даўнім уражанням ад творчасці паэтэсы, зноў адчуе той галоўны настрой, што ўласцівы яе творчай індывідуальнасці. Натуральнасць яе голасу, суцэльная знітаванасць з зямлёй сваёй, урачыстая небесстароннасць да людзей той зямлі, да іх абліччаў, іх спосабу жыцця, іх светаадчування.

 
Ёсць ціхі боль у сэрцы – старана,
Яна зусім не лёгкія аблокі,
не песня, што пяецца «на дазволь».
Яна – мой хлеб няпросты і нялёгкі.
Яна – зямлёй пасоленая соль.
 
 
«Зямля і соль»
 

Непазбыўная прывязанасць усіх беларускіх паэтаў да сваёй зямлі, якую яны, у пераважнай большасці сваёй учарашнія вяскоўцы, асабліва востра, неадменна адчуваюць – і як родны кут, зямлю бацькоў, але і як зямлю, глебу, узараную, апрацаваную раллю, поле, заўважна і ў лірыцы Яўгеніі Янішчыц. Таму такое важкае яе слова, у якім нечакана адчуецца сувязь з сусветам, з агульным светапарадкам. («Бярэш мяне, палоніш зноў...»)

 
Бярэш мяне, палоніш зноў,
Матрыярхат прыроды.
Ты ў буйнай квецені садоў —
Пара любові і згоды.
 

Галоўная школа жыцця, усе законы справядлівасці і гонару, лічыць паэтэса, лепш за ўсё вядомы народу, і перш за ўсё – канечне, яе землякам. Іх яна ведае, ім яна верыць больш за ўсіх. Тут – яе сіла, яе жыццё, корань і аснова. Выснова ўсіх якасцей чалавечых, нават і тых, што не прынята лічыць здабыткам сялян. Менавіта яны, лічыць паэтэса, «інтэлігенты ад зямлі – мае вясковыя Сцяпаны», бо кожны такі Сцяпан «інтэлігентна хлеб расціў, інтэлігентна дом галубіў». І ў судачыненні абавязковых гэтых існаванняў – быццё народа і зямлі – уяўляецца Яўгеніі Янішчыц існаванне творцы.

 
І покуль дыхае планета,
Не вынішчаецца датла
Душа народа і паэта
У шуме жытняга святла.
 
 
«У шуме жытняга святла»
 

І ва ўсіх турботах і гаркотах выратоўвае паэтэсу памяць роднага Палесся:

 
З няхітрых песень, прымавак, трывог,
Якімі спеўна дыхае прырода —
Сама сябе узвысіць да Дарог
Праз глыбіню і мужны дух народа.
 

Яўгенія Янішчыц прыкмеціць кожны рух земляка, пачуе кожнае, нават і з нязначнага выпадку слова. У іерархіі каштоўнасцей народа для яе дарагое ўсё: і «адбіткі вякоў, як набыткі» і «легендарныя коні і світкі», і «жураўліны рэквіем», і «белы воблак»,/ Белы сад. / Белы бусел – снегападам». І вось такая, не эпахальная, але патрэбная справа, пра якую паэтэса гаворыць бяседна, нягучна, з усмешачкай, перанятай ад сваіх землякоў.

 
Паляшук – народ рахманы,
Слоў не купіш за пятак.
Лес тралююць. Пах смаляны.
За сялом вішчыць тартак.
 
 
«На тралёўцы лесу»
 

Паэтэса тут жа некалькімі словамі зробіць замалёвачку, жанравую сцэнку, і – на некалькі штрыхоў – эскізны, але кідкі партрэцік: «Ох, і злыя ў дзядзькі кепікі!) Але весела глядзіць. /Вока ворана з-пад кепкі:/ «Прошу, пані, не хадзіць».

Яўгенія Янішчыц уважлівая да вякамі асвечанай працы сялянскай, рытуальных «дзействаў», без якіх не абыходзіцца ні адзін вясковы год. Сяўба, жніво, шаткаванне капусты, нарыхтоўка дроў... Традыцыйнае, спрадвечнае... І заўсёды новае – працай рук, добрым святам створанага і зробленага. І тым святлом фарбаў і музыкай гукаў, якую можа пабачыць і пачуць – паэт. «Сем кастроў нарыхтаваных дроў/ На гумне бяростай белай свецяць»,– скажа Яўгенія Янішчыц. І не проста будзённа заўважыць: «Ты косіш сена, колеш дровы», але ўрачыста адзначыць: «і светла молішся зямлі». А яшчэ абавязкова паспрабуе ўлавіць шматслойную дынаміку жыцця, лёгкімі, амаль бязважкімі, празрыстымі мазкамі назначыць настрой дня:

 
Яшчэ тут непакояцца пра дровы,
Пра сена. І салому на гумне.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Смалою пахне рэдкі вугал зруба
І мальвамі – суседская мяжа.
З напаўпустога шлакавага клуба
 
 
Даносіцца пласцінкі бабскі жаль.
Змываецца наліплы ліст альховы,
Руды пылок вішнёвае кары,
Найшла раса на камень двухбаковы,
І не шалохне зорка угары.
 
 
«Пейзаж з пласцінкай»
 

У вершах Яўгеніі Янішчыц адчуваецца нейкая асобая лірычнасць, шчымлівая наструненасць пачуццяў, парывістасць. Але ёй неўласцівыя голасныя нястрыманасць, кіпучы напор, суцэльная святочнасць. Яна заўсёды пазначыць нюансы, лёгка, ледзь прыкметна мяняючы інтанацыю, не спакушаючыся версіфікацыйнай параднасцю, якой смелай навацыяй – усё з арсеналу традыцыйнага, выпрабаванага. Паэтэса настойвае на натуральнай ёмістасці звычайнага слова, якому дадзена выявіць радасць і тугу, надзею і безнадзейнасць.

 
Слоў не трэба. Варажба
Ўся вачыма сказана.
Будзе вечная журба
Да мяне прывязана.
Дагукаюся ў бары —
Заначую з зорамі.
Чарацінкай на вятры
Музыка азёрная.
І густыя туманы,
І бярозак мроіва,
І Вясна, што без віны
Маё сэрца кроіла.
І каляны лёд каляд
З кудасой лахматаю.
...І прымоўклы шчыры сад
Над сасновай хатаю.
 
 
«Слоў не трэба...»
 

Наўмысна прыводжу верш амаль цалкам. Можна знайсці ў яе больш эфектныя, больш, магчыма, удалыя, але тут можна адчуць танальнасць лірыкі паэтэсы, адну з найбольш вызначальных асаблівасцей яе творчага почырку. Адну з вызначальных. Бо яна бывае вельмі розная. І такая вось – гарэзлівая, зухаватая:

 
Назбірала мех грахоў
Ды ў расу абулася.
Колькі зведала шляхоў —
Гэтак мне не чулася.
 
 
Паўнагрудая кума
Празвініць абцасамі.
Тут прыдумай нездарма
Танец з выхілясамі.
 
 
Рукавочкам – да рукі,
Паяском – да пояса.
З вамі разам, землякі,
І ў зямлі не боязна!
 
 
«Добры вечар, землякі!»
 

Здараецца, разгубленая і пяшчотна-безабаронная:

 
І ападзе, як яблык, мне на рукі
Любві найшчодры, найкароткі дар.
З такою ласкай і з такою мукай
Я Вам гляджу прыветліва у твар.
 
 
«Я Вам гляджу прыветліва у твар»
 

Прыходзіць час – строгая, па-грамадзянску мужная:

 
Зямля-Калыска: песні і жыты,
Няўжо вар'ят цябе са свету спіша?
О, немагчыма уявіць,
што ты
Апошняе дзіця сваё калышаш.
 
 
«Пакіньце цішу вуснам і вачам...»
 

Яўгеніі Янішчыц вельмі дарагія старонкі сваёй, беларускай, гісторыі і гісторыі блізкіх і далёкіх суседзяў. «Ялта – 1917», «Ружы Купалы», «У вянок Лесі Украінкі», «Лістапад. Пётр Ільіч Чайкоўскі», «Гамаюн на Палессі», «На месцы дуэлі Лермантава»... Старонкі найбольш літаратурнай гісторыі, дзе «адменнай ніткай вышыт час» і нават «над смутаю жыццёвай прозы» «душа адкрыта/ Для буры і для зор».

Кніга, мабыць, нездарма называецца – «Пара любові і жалю». Паэтэса лічыць абавязкова патрэбным сказаць сваё слова любові тым, хто ўжо стаў літаратурнай гісторыяй, тым, хто не так даўно меціў сваім заклапочаным словам Кнігу Паэзіі і тым, хто ёсць сёння – творчым настаўнікам, сябрам, паплечнікам. У кнізе шмат прысвячэнняў – здаецца, нават замнога. Паэтэса як быццам баіцца абысці каго сваёй увагай. Абавязкова – верш. Абавязкова – з прысвячэннем. Пімену Панчанку, Яну Скрыгану, Анатолю Вялюгіну, Веры Палтаран... Яшчэ імёны, імёны... Паэтэса імкнецца згадаць кожны творчы адрас, за якім вось хаця б такі чалавек, што некалі «вачыма абагрэў,/ Як песняй незалечнаю». Ды і фарбы яе паэтычных даляглядаў такія залежныя не толькі ад колеру палескіх нябёсаў, але і ад шчадраты палотнаў беларускіх мастакоў: «...Пайду пазычу неба ў Шчамялёва,/ Яно ў яго блакітнае якраз».

Пара любові і жалю. Невыпадковае спалучэнне. Паэтэса ўвесь час трымае ў памяці, што свет эмпірычнай рэчаіснасці ў святочнасці і светлаце сваёй мае і трагічную антытэзу, што радасці не тое каб прадвызначана ператварыцца ў тугу, але паўната жыцця заўсёды нясе ў сабе шчасце і смутак, свята і клопаты, радаснае і трагічнае. Як ужо згадвалася, паэтэса пазбягае патэтычнага красамоўства, але ў эмоцыях яе лірычнай гераіні адчуваецца ўнутраная напружанасць, глыбокае пачуццё, якое, аднак, не вырываецца стыхійным вогнішчам страсці. Радкі стрымана і цнатліва гавораць пра драму лірычнай гераіні. Драму жанчыны, якая многае выверыла жыццём, многае выпакутавала: «Так рабіна панікла пад ліўнем,/ Так закута дарожка ў кілім»; многае зразумела і асэнсавала: «Я чакаю цябе не ў наіўным,—/ Тумановым, ружовым, былым». А не зняверылася: «Я чакаю цябе, як дагэтуль —/ Самых мужных і верных з вайны». Хаця для асаблівай радасці не так многа падстаў: «Прыходзіць позна лепшая любоў,/ Як за пакуты горкія адплата». Аднак зноў па тым жа законе жыцця, калі ўсё мае свой адваротны бок, які адпавядае сутнасці і духу самога быцця, адпаведна «пачуццяў дыялектыкі» – «хай лепшаму навучыць/ Раздвоенасць,/ Расслоенасць,/ Расплаўленасць душы».

Здавалася б, самы выпадак для інфернальнага разгулу стыхій. Ажно паэтэса толькі тужліва асветліцца здагадкай:

 
А мы маглі б сустрэцца і раней...
Ты не аклікнуў. Я – не пагукала.
Дык не здзіўляйся шчаснай немаце,
Балючаму і дрогкаму пагляду.
Так зрэдку ўвосень яблыня цвіце
Наперакор слаце і лістападу.
 
 
«Баюся я нявыказаных слоў...»
 

Гераіня лірыкі Яўгеніі Янішчыц, паэтэса, падкрэслівае: «баюся нявыказаных слоў».

Ратуе лірычную гераіню Я. Янішчыц ва ўсіх скрухах жыццёвых, асабістых крыўдах і нягодах слова народнае, галоўны набытак жыцця паэтэсы – яе высокі занятак, творчасць. («Ці шлях занясло кудасою...»)

 
Спаслаў жа шчаслівую муку
Мне лёс
над паперай карпець.
Без крыўды ўспрымаю разлуку,
Агонь спасылаю на смерць!
 

Нават калі раптам узбунтуецца першароднае жаночае «я» лірычнай гераіні: «Не трэба кахаць мяне за рамяство,/ Перш-наперш я проста жанчына» і чыста па-жаночы яна паскардзіцца – «Як цяжка мне гордую голаў насіць/ У горкім сутонні самоты!», дык праз некалькі старонак годна ўспомніць пра сваю творчую існасць: «Адкуль ты ўзяў, што я цяпер сумую?/ Мне ў самы раз над песняй шчыраваць».

У кнізе ўвогуле роздум над лёсам творцы, над лёсам паэзіі, над нялёгкім, а і шчасным дарам жанчыны-паэта займае асобае, і немалое, месца. І ідзе, далучаючыся да той агульнай творчай лініі, якой цвёрда трымаецца паэтэса: «Паэзія – яна не знае тлену,/ Калі ў душы ёсць прыгаршчы святла». А Яўгенія Янішчыц па-свойму пабачыць належнасць да высокага цэха паэзіі, вызначыць прыкметы: «У паэтэс лірычнае адзенне,/ Яно ў радках з заранак і аблог». І падкрэсліць мяжу, што аддзяляе гэтую кнігу, сённяшні яе творчы час ад нядаўняга: «Саманаіў расстайнай маладосці/ Агнём па сэрцы выпіша радкі», «І змые час дурных здзіўленняў пену,/ І пачуццё абвугліцца датла».

Свежасць непасрэдных уражанняў, роздум – усё гэта патрабуе намаганняў пільных і пастаянных: «Мой светлы дзень і свята – праца!/ Без перапынку, без канца». Таму што майстэрства – гэта і светаўспрыманне, напружанае, а часам і пакутлівае прыслухоўванне да свету і да сябе. Але гэта і праца над вершам: кампазіцыя, слоўнік, гукапіс, метрыка. Каб выявіць дыяпазон інтарэсаў паэта (паэтэсы), і ўменне выявіць іх у слове, выявіць у вобразе.

Вось тады і назначыцца асноўнае, тая «мелодыя душы», «святла замова», што «кладзецца ў сноп пражытага жыцця». Тым, мабыць, і адрозніваецца гэты яе зборнік ад папярэдніх – адсутнасцю былога звонкага наіву, яснаты да болю ўваччу. Але і выпрабаваным жыццёвым гартам сталасці. І – закаваным – адчуваннем сапраўднага на зямлі: дабра, любові, высакародства. Калі паэтэса абвяшчае: «...І лёгка я з зямлёю гавару». Тут – яе ўдачы, асноўная апора яе таленту. Тут – заўсёдная свежасць думкі, і радка, вастрыня ўспрыняцця. А калі яна не зжылася з тым, чаго чакае, пра што вядома «спорнаму пяру», дык атрымоўваюцца «вершы пра вершы». Мабыць, недарэмна сама Яўгенія Янішчыц згадвае пра сваё ўпрыняццё ЗША: «О рытмы краю, вас я не адразу ўспрымаю...» Паводле таго, як прызнаецца сама Яўгенія Янішчыц, літаратурна чаканага, атрымоўваецца літаратурна вядомае: «чорны воран Пентагона», такі знаёмы і вядомы «адкрыты, барадаты, любві і гневу бог» Хемінгуэй, ёсць такая ж знаёмая па шматлікіх фактаграфічных і літаратурных варыяцыях Мэрлін Манро, ёсць статуя Свабоды... Ёсць нават памылка ў чужых рэаліях. У тлумачэнні слова «ланч». Чамусьці ланч выдаецца за званы абед, а паводле ўсіх слоўнікаў свету гэта другі сняданак. І няма ні ў тых ланчах, ні ў тых апісаннях «солі жыцця», што так умее адчуць Яўгенія Янішчыц, калі дакладна «выбера мелодыю на ўток»...

А гэта яна ўмее рабіць. І ў папярэдніх кнігах. І ў гэтай. Калі, «правяраючы час і сябе», выходзіць яна да чытача са сваім, крэўным, вынашаным, выпакутаваным.


«РАСКРЫЙСЯ, ЗОРНЫ ПАРАСОН...»

Чацвёртая кніга паэзіі Валянціны Коўтун у адрозненне ад папярэдніх, што мелі падкрэслена рамантызаваныя назвы: «Каляровыя вёслы», «На ўзлёце дня», «На зломе маланкі»,– мае на сваёй вокладцы адно строгае слова: «Метраном». Аднак, мне здаецца, усе ўзлёты і зломы адчуваюцца тут, можа, нават яшчэ больш, як у першых трох кнігах. І паэтэса Валянціна Коўтун свядома выбірае, як сёння кажуць, экстрэмальныя моманты. Вялікі свет, які абрынуў на яе сваё багацце, сваё святло, свае вышыні і бездані, а і свой мітуслівы тлум, цікавы для яе. І яна спяшаецца ўспрыняць і занатаваць усё: у гістарычнай перспектыве, у пільным, да болю ў галаве, роздуме, у вышынных выяўленнях чалавечага духу, у празарэннях паэтычных і ў штодзёншчыне роздуму, у віраванні пачуццяў, галасоў, у стракаценні фарбаў. І ў яе паэзіі, у агульным накірунку творчасці, у стылістыцы знаходзяць адбітак і высокае празарэнне, і паспешлівая мітуслівасць. Часам паэтка нагадвае плыўца, які кідаецца ў штармавое мора – захлынаецца, хапае паветра, але – абавязкова выходзіць на грэбень хвалі. Не тое каб шукае буры, аднак не збіраецца зашыцца ў ціхую гавань.

Мабыць, таму ўсе партрэты, пісаныя паэтэсай, маюць за мадэлі постаці не толькі геніяльныя ці таленавітыя, але і бунтарныя. У сутнасныя, вызначальныя моманты іх жыцця. Моманты – калі іх творчая і чалавечая сутнасць супадаюць у сваім вышэйшым, духоўным выяўленні. Моманты падрахунку жыццёвага шляху.

Сон у шпіталі смяротна параненага Гіёма Апалінэра, ноч перад дуэллю Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, апошні рахунак, прад'яўлены лорду Байрану недзе там, у Грэцыі, пад Місалунгі. Час выбару, час самаўсведамлення,– калі гаворка ідзе пра Янку Купалу. Увогуле гэтая тэма – чалавек і народ, чалавек і сумленне, чалавек і мэта яго жыцця – абагульняе ўсе партрэты. «Хто пойдзе ў бой за лёс краіны дальняй,/ Здабудзе вольным родны свой народ» – вызначае мэту свайго ўдзелу ў змаганні за незалежнасць Грэцыі Джордж Гордан Байран; «Баліць радзіма ў целе пілігрыма»,– апошняя згадка спадчынніка эмігрантаў з Беларусі Альбера Уладзіміра Апалінарыя Кастравіцкага, слыннага французскага паэта Гіёма Апалінэра. Разам са сваім народам «спазнаў размах і боль палётаў», разам з народам «спяшаў... ад зямлі да зорак» Янка Купала. Разам з народам спазнала нялёгкую сваю долю паэтэса – рэвалюцыянерка Цётка (Алаіза Пашкевіч). Гэты партрэт, пададзены ў выглядзе драматычнай паэмы «Суд Алаізы», на мой погляд, найбольш пераканальны, найбольш моцны сваім вобразным, нацыянальна-моўным ладам, напружаным спалучэннем гістарычнага, сацыяльнага і асабістага (личностного). В. Коўтун даўно і скрупулёзна «займаецца» Цёткай (Алаізай Пашкевіч). Аб'яўлены біяграфічны раман на 17 (!) аркушаў, напісана паэма. Не ведаю, як будзе з раманам, але ў драматычнай паэме, адчуваючы спецыфіку жанру, паэтэса змагла выбраць з безлічы фактаў і абставін, некалькі найбольш напружаных момантаў біяграфіі гераіні. І біяграфіі краіны. Народа. У тыя самыя моманты, калі Час уваходзіў у жыццё мастачкі, уплываў на яе лёс, яе творчасць. На яе самаўсведамленне – як чалавека, асобы і творцы. Той самы Час, які выяўляе сутнасць людзей. Выявіў ён яго і ў паэме. Высокую сутнасць Алаізы Пашкевіч і прывіднае высакародства памкненняў Андрэя Гмырака. Суровая праўда пачуццяў Алаізы, бязлітаснасць яе погляду на свет, бескампраміснасць – якраз тое, без чаго немагчымы падыход часу, які «вякамі жджэцца». Памятаеце, у Цёткі – «такі бой вякамі жджэцца,/ Такі бой гігантаў дасць./ У такім бою толькі грэцца,/ У такім бою толькі пасць».

Многія вершы Цёткі маглі «правандраваць» да плакатнага вырашэння вобраза, многія – да незбыт рамантызаванага. Валянціна Коўтун пазбегла і таго, і другога. Алаіза Пашкевіч у драматычнай паэме «Суд Алаізы» – рамантычна-ўзвышаная, так, але ў рэальных абставінах, з канкрэтнымі ўчынкамі, якія гістарычна і асабіста матываваны. Ну, а плакатна-воклічны змест яе лістовак аўтарка трохі ўводзіць у тэкст, больш – пакідае па-за тэкстам, спадзеючыся на больш-менш падрыхтаванага чытача і гледача. З аднаго боку. З другога – даючы нам магчымасць канкрэтызаваць свае ўяўленні пра славутую беларускую паэтэсу праз непасрэднае дзеянне драматычнай паэмы. Дзеянне, якое, безумоўна ж, па закону жанру, выяўлена не толькі ва ўчынках, але і ў слове. Слова ў гэтай паэме асабліва дакладна выверанае, узважанае і важкае. Важкае, але не цяжкое. У гэтым партрэце Валянціна Коўтун адмаўляецца ад абстрагавана-адцягненай сімволікі, ад тых эстэтычных сродкаў, якія вымагаюць разумення асобага вобразнага значэння слоў, што так шырока выкарыстоўвала ў папярэдніх партрэтах.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю