412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Альгерд Бахарэвіч » Натуральная афарбоўка » Текст книги (страница 8)
Натуральная афарбоўка
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:58

Текст книги "Натуральная афарбоўка"


Автор книги: Альгерд Бахарэвіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 13 страниц)

Пакуль Стаху праца ягоная была даспадобы. Ня столькі празь ейны аднастайны зьмест, колькі праз антураж: людзі, сытуацыі, архітэктура, стасункі. На цяперашні момант праца для Стаха была суцэльнымі «аднойчы», а не абрыдлымі «як заўжды». Аднойчы брыгада ў перадпрацоўныя хвіліны разгадвала крыжаванку, а Стах сядзеў на сагрэтым Каўкомычам месцы ды радасна жаваў хлеб з салам, зьдзіўляючыся, наколькі смачнымі апынуліся гэтыя на выгляд такія неэстэтычныя прадукты. Мурло з алоўкам нахіліўся над газэтаю, і ўсе маляры, апрача Стаха ды Кірылы Антоныча, бралі ў забаве пасільны ўдзел. Спачатку ўсё йшло гладка, Сатурн круціўся вакол сонца, Волга ўпадала ў Каспійскае мора, і Генры Форд шаргатаў навюткімі нарвэскімі кронамі.– Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыс-тэнцыя… тэнія… цыяналіст! – прачытаў Мурло. – Вось, ё, няма Антоныча, можа, ён бы й ведаў. Панапісваюць… Ну, хадзем далей. Васямнаццаць: правы прыток… даліся ім гэныя прытокі…

– Сартр, – сказаў гучна Стах.

Усе павярнуліся на ягонае жаваньне.

– Падавіўся, маленькі?

– Сартр. Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыстэнцыяліст.

– А ты адкуль ведаеш?

– Ну, чытаў… «Млосьць» там, і яшчэ… Карацей, экзістэнцыялізм – гэта гуманізм.

– Чаго? Ты што, вучоны? Можа яшчэ і ўнівэрсытэт скончыў? Што ж ты ў малярох тады робіш?

– Дык дацэнтам жа плоцяць з хера капеечку, – падаў голас Бурцэвіч. – Гэх, мой вунь зараз вучыцца, дык хоць вучыўся б, а то ўсё кніжкі чытае. Скончыць, дасьць бог, дык на прадпрыемстве здохнуць з голаду не дадуць.

– Ведалі б вы… – карыстаючыся ўсеагульнай увагаю да сваёй пэрсоны, сказаў ціха Стах, – Калі б мне падчас маёй вучобы ў інстытуце хто-небудзь сказаў, што я апынуся тут, я б таму…

Аднойчы, калі Стах вісеў у сваёй карзіне й паглядваў ужо на цэхавы гадзіннік, чакаючы на абед, яго зьнізу гучна паклікалі. Стах махнуў рукой: «Спускайце!» і хутка ўжо стаяў перад сутулым маладым чалавекам у чорным паношаным паліто, да якога там-сям прыляпіўся каціны волас. Чалавек палахліва азіраўся, часта круціў вялікімі ружовымі вушамі, баючыся, каб якая шальная кропля фарбы не пацэліла да яго на адзеньне. Гледзячы долу, чалавек зьбянтэжана прамармытаў:

– Добры дзень, я карэспандэнт заводзкай газэты… Алег Ждановіч… хачу напісаць пра вас… Калі ў вас ёсьць некалькі вольных хвілінаў…

Стаху стала шкада гэтага сарамлівага маладзёна, які, па ўсім відаць, на прадпрыемстве нядаўна. Ён хітнуў галавою ў знак згоды і яны адыйшлі да чырвонага кутка, дзе селі на вялікую драўляную лаву. Тут карэспандэнт стаў пачувацца вальней, закінуў нагу за нагу, вочы ягоныя фальшыва засьвяціліся, тоўстыя вусны скрывіліся ў лісьлівай усмешцы. Нейкім казачным чынам у руках карэспандэнта апынуліся зашмальцаваны блякнот і танная асадка.

– Няўжо мая сьціплая пэрсона зацікавіла прэсу? – прамовіў прыязна Стах.

– Што вы, што можа быць на сьвеце цікавей за рабочага чалавека! – зь ненатуральным патасам усклікнуў Ждановіч. – Давайце зробім так: я буду задаваць пытаньні, а вы, адпаведна…

Ён прысунуўся бліжэй да Стаха й нават дакрануўся да яго каленам. Карэспандэнт хацеў ведаць усё. Стах напачатку адказваў неахвотна, але потым непрыемны малады чалавек неўпрыкмет разгаварыў яго, і цяпер на кожнае прамоўленае Стахам слова, плынь якіх усё буйнела, ставіў ў сваім блякноце грубую незразумелую крамзюку – Стаху нават падавалася, што карэспандэнт ня слухае яго, а старанна расьпісвае сапсаваную асадку.

– Скажыце, а які прыплод вы думаеце даць прадпрыемству? – нечакана запытаўся гэты дармаед напрыканцы размовы.

– Што? – Стах нібы прачнуўся. – Які прыплод?

Ён якраз распавядаў пра сустрэчу з Кірылам Антонычам і быў вельмі незадаволены, што яго перапынілі.

– Ну, колькі дзяцей вы народзіце для прадпрыемства? З каго пачнецца ваша рабочая дынастыя? – нецярпліва перапытаў Ждановіч.

– Я звольнюся адсюль празь месяц, – прамовіў Стах, махнуўшы рукой.

– Ну, я бы на вашым месцы не сьпяшаўся сьцьвярджаць гэта з такой упэўненасьцю, – усміхнуўся карэспандэнт. – Дзякуй вялікі, прабачце яшчэ раз, што адарваў вас ад працы. Матэрыял выйдзе на наступным тыдні. Бывайце.

Стах паціснуў успацелую далонь і пайшоў абедаць.

А яшчэ аднойчы… Зрэшты, хопіць пакуль пра гэта.

На гэты раз сьляды адсутнічалі, ваконная шыба, клапатліва прыладжаная Стахам падчас апошняга візыту, глядзела ветла й гасьцінна; дэкаратыўным муляжом падаваўся пакінуты для незнаёмага злодзея бутэрброд. Затое суседзі справа, якія, відаць, прыехалі на лецішча адзначаць дзень народзінаў малодшае дачкі, абураліся гучна й з кепска прыхаваным задавальненьнем – зь іх дому нядаўні Стахаў госьць, невядомы дзед-барадзед зьнес усе зімовыя нарыхтоўкі, якія гаспадары намерваліся адтранспартаваць дахаты ў гэтыя выходныя: яблычны мёд, закансэрваваных малінавых чарвякоў, зялёны пінг-понг памідораў у задушлівых пузатых слоіках. «Малаверагодна, каб выкрадальнік дачных прыпасаў быў забойцам,»– лянотна разважаў Стах, пільнуючы Таю ля зацягнутага млявай напацьцю вакна, празь якое капрызным дзіцём упарта лез белы колер. Бо зіма, тыдзень таму з ганьбаю адступіўшы, сабралася цяпер зь сіламі і акупавала прыгарад, бязьлітасна ўсталёўваючы новы парадак, пад яе пакорліва легла ўсё, што не абараняў Стахаў іржавы калярыфэр, і па-над Стахавым маленькім жоўтым домам лунаў зараз ейны чысценькі накрухмалены сьцяг. А калярыфэр грэў, аддана й сьмярдзюча, і паміж брыдкім цяплом і халодным кіслародам любы, нават самы зацяты мастак абраў бы ў гэтыя ранішнія хвіліны першае. Запаветны цагляны дом маўчаў, і марна чакала маленькіх ног на сваёй спрацаванай сьпіне зацярушаная сьнегам сьцежка.

Стах прысеў на голы халодны ложак, запаліў, сплюнуў у кут. Самае істотнае, што здолела зрабіць зь ім, Стахам, прадпрыемства, можна было выразіць так: яно забіла ў ім веру ў рэальнасьць сучаснасьці. Тыя, хто працаваў там, лёгка абыходзіліся без дэмакратыі й паліткарэктнасьці, без структуралізму й пэрфомансу, без інтэрнэту й канкрэтнай паэзіі, без лацінскіх прымавак і ангельскай мовы, бяз спрэчак пра постмадэрнізм і без абмеркаваньня парыжскіх гатэляў, ім было невядома, што такое экуменізм і чым розьняцца чырвоныя скінхэды й скіны звычайныя, яны ня бачылі патрэбы ў аналізу ваенных канфліктаў у суседнім паўшар'і ды крытыцы ўраду, яны шчыра не разумелі, як чалавек можа насіць даўгія валасы, не зьяўляючыся Аляксандрам Малініным або падобнага кшталту зоркай, і чаму за чорны квадрат Малевіча людзі гатовыя выкласці гэткія фантастычныя грошы. Затое праца ўручную, састарэлымі пэндзлямі, у той час як паводле (дахавай інфармацыі на складах прадпрыемства захоўвалася супэрновае абсталяваньне, якое палегчыла б працу маляра да непазнавальнасці, іх зусім не бянтэжыла. Яны былі сьвята ўпэўненыя, гэтыя Стахавы калегі, што заведзены на прадпрыемстве парадак – найлепшы й найсправядлівейшы, і любы, хто жадае яго зьмяніць, – злачынца, які робіць замах на самае дарагое, самае блізкае, самае неабароненае й хрупкае – жыцьцёвую стабільнасьць. Слова «прагрэс» значыла для іх толькі назоў завода-філіялу недзе ў правінцыі, што пастаўляў прадпрыемству нешта з камплектуючых, гэтаксама як, напрыклад, словазлучэньне «ляўрэат Нобелеўскай прэміі» гучала для работнікаў прадпрыемства як назоў вэнэрычнай хваробы. Некаторыя зь іх усур'ёз лічылі, што зямля плоская, усе беды на сьвеце ад жыдамасонаў, а рок-музыкантаў на парашутах у іхную краіну скідвае цэрэу. І гэта напачатку трэцяга тысячагодзьдзя, калі прыпёрты да сьценкі геном чалавека, калі людзі няспынна рвуцца ў касмічныя аляскі й хутка можна будзе забыцца на інвалідныя каляскі, калі на лаве падсудных сядзяць дыктатары, авечка Долі бегае навыперадкі са сваім клёнам, а Тая адчыняе дзьверы ў дом Стаха, замацоўваючы на стамлёным твары эксклюзыўную ўсьмешку.

І ўсё ж такі яна скрывіла вусны, калі ўвайшла – смурод быў ня тое каб невыносны, але адчувальны – так пахлі калісьці жаночыя распранальні ў інстытуце, дзе Тая вучылася да свайго раптоўнага замужжа. Стах падняўся, словы застралі ў ягоным горле, за яго павіталіся спружыны абрабаванага ложку, а Тая паднесла да ўсьмешкі тонкі ўказальны палец – маўчы. З вакна за імі назіраў, хлюпаючы чырвоным носам, прастрыжаны восеньскі дзень, напружана сачылі за разьвіцьцём падзеяў цынічныя маленькія вочкі сіняй аблупленай разэткі, што ўладкавалася па-над ложкам, зацікаўлена прыслухоўваўся да таго, што адбываецца ў ягоным чэраве, дом, сьцены падрыхтаваліся пратрансьляваць на ўсю вуліцу любы гук, які пачуецца паміж імі. Ціха, ціха – гаварыла яна вачыма, і Стахавы бровы апусьціліся, пытаньні згубілі сэнс, і кава, падрыхтаваная для Таі, стала бескарысным прахам учорашняга дня, які ляжаў у заплечніку выключна згодна зь нейкай глупай традыцыяй, а яна бязгучна, як злодзей, здымала чаравікі, і ногі яе ў цёплых шкарпэтках (і на дзіва, аніякіх калготак) баязьлівымі кацянятамі ціснуліся адна да адной; рухі яе так празрыста паказвалі, што сёньня са Стахам станецца нешта асаблівае, што ён ня верыў ім і яму карцела спыніць усё, апынуцца ў сталіцы, у сваёй цёплай кухні, дзе газавыя фуксіі ў гаршчкох на пліце й яблычны пірог, загорнуты ў ручнік, але чараўніцтва толькі пачыналася. Яна распахнула паліто – так скідваюць накідку з шэдэўру скульптуры, каб прадэманстраваць яго замерлым гледачам, яна трыюмфавала, нібы сама была аўтарам свайго мініятурнага, загарэлага, ненатольнага цела, паглядзі, Стах, гэта зрабіла я: вось гэтыя маленькія пругкія… коска пупка, якая вядзе да тайнаў складаназлучаных сказаў пра… і мядовыя сьцёгны… я кураня табака, захлынайся сьлінаю… не, рана, рана… Усё было менавіта такім, як марыў Стах, толькі паміж грудзей у Таі ўтульна месьцілася шакалядная радзімка, даволі вялікая – напэўна, д'ябал кахаў яе ў дзяцінстве, гэтую лялечку, асьцярожна кахаў, а яна не здагадвалася, наіўнае дзіцё, і наразала задуменныя колы вакол каменнага пісаючага хлопчыка, з уніклівасьцю мастацтвазнаўцы даследуючы вінаградную гронку між ягоных мурынскіх ног – як даўно! Але радзімка не парушала прадказальнасці Таінага цела. Адчуўшы лёгкі ўкол расчараваньня з такой нагоды, Стах тым ня менш рушыў на Таю, грузна й тупа тупаючы, вочы засьціла ананімная сьляза. «Рана, рана…»– зашаптала яна, мружачыся, чапляючыся кіпцюрамі наўздагад – за ягоныя валасы, вуха, ніжнюю губу, падрапаўшы Стахава левае смочка праз тоўсты швэдар, балюча ткнуўшы ў звар'яцелы кадык. «Ня так… ня так…» Аднак было ўжо позна, яны ўпалі ў кут, паліто стала для Таі хіба падушкаю, але ніяк не перасоўным ложкам, Стахавы ногі калацілі па тумбачцы. Тая адчула, як яе працялі адразу з двух бакоў, зьнізу кончык цьвіка, які юрліва высунуўся з падлогі, ня ў сілах болей цярпець, зьверху Стах, які грыз вусені ўласных вуснаў, абсмоктваў іх і аднастайна рабіў сваю працу. Упалі й рассыпаліся прыгожа, нібы картачная калода, пакецікі канцэнтратаў, якія Стах прывёз сюды, паслухаўшыся маці. Між справаю яна зірнула на гадзіньнік. Хутка ўсё было скончана. Яна паляжала пад ім крыху, потым паспрабавала вызваліцца, упіраючыся ў Стаха, як у цяжэзны люк. Стах прыўстаў, прываліўся сьпінаю да сьцяны. Яна зь вялікімі намаганьнямі здолела неяк загарнуцца ў безнадзейна бруднае паліто і ўладкавалася на ложку, запаліла, агледзелася, пачасала сьпіну, вывучыла чырвань на пальцах. Стах аддыхаўся й перасеў да яе. «Ты…»– прамовіў ён нарэшце й пахітаў галавой. «Адстань,»– сказала яна. Абодвум хацелася цішыні.

Цішыня надыйшла. Захацелася гаварыць. «Дай цыгарэту,»– кінуў Стах, выціраючыся. «Сам вазьмі. У нас пажар.» Ён запытальна павярнуўся. Яна зрабіла кароткі рух падбародзьдзем у напрамку дзьвярэй, дзе калярыфэр смажыў высахлую ўжо анучу. Стах, вылаяўшыся, кінуўся падымаць, апёк пальцы. «У цябе ёд ёсць?»– пазяхнула яна. – «Чаму мне заўсёды хочацца спаць?»– «Ёду няма,»– Стах паспрабаваў уціснуць галаву між яе ног – беспасьпяхова. «Ёсьць вось што.» Ён выдастаў з заплечніку цёплую бутэльку малінавага лікёру. «Ненавіджу. Давай,»– яна зрабіла вялікі глыток з рыльца. – «Брыдота.» Тая шчыльней захуталася ў паліто і ўздыхнула:

– Слухай, а чаму людзі жэняцца?

– Ну, каб пакінуць сьлед пасьля сябе на зямлі. Дзяцей… Яны – наш працяг.

– Не, гэта ясна, а ты мне скажы: навошта?

– Навошта? Каб распавядаць адзін адному сны… каб цесьцю было з кім глядзець футбол… а свякрусе было з кім абмеркаваць суседку…

Яна зірнула на яго з павагаю – упершыню, мусіць, за ўвесь час іхнага знаёмства.

– Гэта так… А я яшчэ думаю – каб трахацца спакойна, легальна, не хавацца, не чакаць, што ў дзьверы ў любы момант могуць пазваніць…

Ён флегматычна прамовіў, душачы ў бляшанцы недапалам.

– Разумная думка.

– Прынамсі, у мяне ўсё выйшла менавіта так. Я вучылася ў гэтым долбаным інстытуце, у нас кожная марыла выйсці замуж за замежніка або за бандыта. Пазнаёмілася зь Юрам… Ён сказаў: ня трэба табе інстытут, я цябе сам навучу ўсяму. Я ж цяпер на курсы ўсялякія хаджу, вось так… Зь Юрам у мяне поўная свабода зьявілася: што хачу, тое раблю. І цяпер я вось думаю: гэта не каханьне, гэта… Шлюб – гэта абмен. Я дазваляю сабой карыстацца, а ўзамен атрымліваю грошы, свабоду, і, галоўнае, незалежнасьць ад бацькоў. Ведаеш, у першыя месяцы я толькі тым і займалася, што парушала бацькоўскія абмежаваньні. Потым насыцілася…

– А муж зараз дзе?

– Ня бойся, ён толькі пасьля васьмі прыедзе. Што, адчуваеш сябе на вышыні? Такога мужыка змог абставіць, так?

– Ды не, я…

– Ды добра ўжо табе… Цешся, давай. Люблю, калі людзям добра. Нешта ў табе ёсьць такое… Толькі вось што… У, як узгадаю, якімі вачыма ты на мяне глядзеў у той раз… Страшна становіцца. А ты праўда пісьменьнік?

– Праўда.

– І што, як пішацца? Я чытаць люблю. «Парфумэр» – рэч, так? Я толькі заўважаю…

Яна нахмурылася, і гэта, як з захапленнем адзначыў Стах, зноў ператварыла яе ў ляльку. Ну і дзень сёньня.

– …заўважаю, што ў нас добрых кніжак ужо ня пішуць. Няма чаго чытаць. Што ні вазьмі – усё нейкія перапрацоўкі.

– Гэта вельмі сур'ёзная тэма, пра што ты кажаш. Разумееш…

– А ты Ерафеева чытаў?

– Разумееш, цяпер такая эпоха… постмадэрн паўсюль… ды і ён ужо сыходзіць… Усё напісана да нас. Усё, усё на сьвеце напісана. Я пераканаўся: літаратура – скопішча ўнівэрсальных сюжэтаў. За што ні вазьміся, як ні вычварайся…

Стах сам не заўважыў, як захапіўся.

– …заўсёды знойдзецца знаўца, які скажа – гэтая тэма была, гэты сюжэт ужо быў. Навогул, існуе некалькі дзясяткаў сюжэтаў, і любы твор любой эпохі можна падагнаць пад адзін зь іх. Вось, напрыклад, вазьмі любы твор…

– «Чабурашка».

– Ну, гэта… Ну няхай будзе чабурашка. Галоўны герой – самотнік сярод варожага сьвету, да таго ж ён, кшталту князя Мышкіна, ён… Чабурашка шукае апірышча між жорсткага асяродзьдзя. І яшчэ – ён прадукт грамадзтва, якое прызначала яму ад пачатку ролю цацкі ў руках іншых, больш магутных істотаў. Ну, карацей, ты ўжо зразумела, што падобных сюжэтаў, падобных праблемаў у літаратуры…

Тая засьмяялася, між крысься паліто зьявілася таямнічая шчылінка.

– Хаця мне, – натхнёна працягваў Стах, – гісторыя Чабурашкі больш нагадвае… Чабурашка й кракадзіл Гена падобныя нечым на Шэрлака Холмса й доктара Уотсана…

– Ватсана, – паправіла Тая рашуча. – Зразумела. Слухай…

– Шчыра кажучы, – працягваў не пачуўшы яе Стах, – я – адзін з апошніх мастакоў. Хутка ўсё мастацтва стане адной бясконцай цытатаю для будучых пакаленьняў. І тады мастакоў ня будзе, застануцца адно крытыкі й мастацтвазнаўцы. І цяпер у мяне крызыс, разумееш, крызыс, за што ні вазьмуся – гэта ўжо было ў кагосьці… у дэталях, у сюжэце, у характары… а! Канец мастацтва, усё новае – добра забытае старое, і для мастацтва гэта трагедыя. І таму трэба шукаць новыя формы, ня гэтыя ўсе навамодныя выбрыкі, а…

– Слухай, – Тая нечакана падсела бліжэй і нават пацерлася шчакой аб Стахава плячо. – Я тут таксама паспрабавала нешта такое напісаць, і хачу табе паказаць. Можа, ацэніш, паправіш, калі што ня так. Ну, я хачу, увогуле, ведаць, як гэта зь літаратурнага пункту погляду, а зьмест каб застаўся, зьмест там вельмі важны. Давай я табе прынясу ў наступны раз, а?

Стах паглядзеў разгублена. Не хапала яшчэ… Можна сабе ўявіць, што напісала там ягоная каханая. Нічога прыстойнага чакаць нельга. Графаманія, мусіць, суцэльная. Карыстаецца мной, як хоча…

– А калі мы ўбачымся? – спытаў ён, пагладзіўшы ёй сьпіну.

– У наступныя выходныя, вядома ж… А цяпер мне час ісьці… Ісьці… Ну пацярпі ж да наступнай суботы… куды ж ты лезеш, жывёла… пацярпі, ну… жывёла, самец…

На наступным тыдні, у вадзін зь цёмных, сонных ранкаў, Кірыла Антоныч сунуў Стаху газэту. Пад рубрыкай «Пагаварым па душах» буйным курсівам быў набраны загаловак – «Мы чакаем дзетак, Стах!», ніжэй касабочыліся дзьве невялікія каленкі неахайнага тэксту. Матэрыял пачынаўся словамі «Са Стахам (а менавіта так папрасіў называць яго герой нашага аповеду) я сустрэўся на ягоным працоўным месцы. А дзе ў маляра працоўнае месца, ведае кожны, хто знаёмы з жыцьцём заводу – цяпер, падчас усеагульнай рэканструкцыі, гэта, бадай, усё Прадпрыемства. Маляр у гэты час як марак: сёньня тут, заўтра там…» Далей ішоў да непазнавальнасці адпрасаваны Ждановічам маналёг Стаха. Сканчаўся артыкул так: «Мае Стах незвычайнае хобі – маляваньне. Як прыемна адпачыць пасьля цяжкага працоўнага тыдня на лецішчы, усталяваць на бальконе мальбэрт і паляваць на тыя няўлоўныя імгненьні, якія дорыць нам усім прырода позьняй восені!

Напрыканцы сустрэчы я, ведама ж, запытаўся ў нашага юнага героя: калі ж ён прымецца за заснаваньне сваёй працоўнай дынастыі, калі пачне гадаваць для прадпрыемства новую зьмену? Малады маляр зьбянтэжыўся, было відаць, што ён упершыню чуе пра пункт 9 калектыўнае дамовы, які патрабуе ад кожнага работніка прадпрыемства ажаніцца, выгадаваць ня менш за трох дзетак, якія па дасягненні паўналецця мусяць папоўніць шэрагі нашых працоўных. Пра што гэта кажа? На шчасьце, пакуль толькі пра тое, што кепска пастаўленая праца на мясцох па прававым інфармаваньні завадчанаў. Нашая газэта ўжо ня раз зьвяртала на гэта ўвагу кіраўнікоў сярэдняга зьвяна. Відаць, ня ўсе адказныя таварышы на гэты момант усьвядомілі, што ігнараваньне праблемы б'е ў першую чаргу па іх саміх.

Алег ЖДАНОВІЧ»

У пятніцу пасьля абеду Кірыла Антоныч паклікаў Стаха да сябе. Астатнія ўжо рыхтаваліся да штурму чарговае сьцяны, прагна паглядаючы на яе зьнявечаную, аблупленую паверхню, што проста маліла пра дапамогу – не адно пакаленьне работнікаў прадпрыемства мачылася сюды, крэмзала тут кароткія хоку, не адно пакаленьне заводзкіх маразоў шкрэблася па ёй, шукаючы шчыліны, не адзін прамысловы дожджык займаўся аналізам ейнай душы. Тужліва пазіраючы на такое багатае поле дзейнасьці, Стах стаяў з пэндзлем у руцэ перад дзядзькаю, які заклапочана корпаўся ў вадчыненай скрыні.

– Як казаў Язэп Бэндэр, мне спатрэбіцца ад вас, Шура, мноства дробных паслугаў,– падняўся нарэшце Кірыла Антоныч і пасьміхнуўся, што бывала зь ім ня так ужо часта. Але ўсьмешка тут жа згасла. – Калі сур'ёзна, Стах, справа вось у чым. Будзь такі ласкавы, аднясі вось гэтыя паперы (паперы пацьвярджальна зашаргаталі ў мазолістай дзядзькавай далоні) Васіль Васілічу ў экспэрымэнтальны цэх. Вельмі трэба. Згодны? Няма каго больш пасылаць, ты ж у нас самы малады. Заадно й з прадпрыемствам бліжэй пазнаёмішся. Дабро? Цэх ведаеш дзе? Ён далекавата, давай патлумачу.

Кірыла Антоныч задумаўся. Ён доўга стаяў, хмыкаючы, глядзеў на Стаха з сумненьнем, потым пачаў крэсьліць нагой па засыпанай пілавіньнем падлозе. Аднак неўзабаве крык незнаёмага чалавека ў скураной куртцы, які палову дня тырчэў разам з малярамі, раз-пораз уводзячы Кірылу Антоныча для інтымнай размовы ў чырвоны куток, ня даў дзядзьку дамаляваць схему маршруту.

– Выйдзеш, пройдзеш уздоўж вялікага вунь таго… белага… ну ты ведаеш, – таропка прамовіў ён, падштурхоўваючы Стаха да выйсьця, – Там налева, да брамкі… там брамка будзе… і спытаеш, дзе экспэрымэнтальны. Вельмі цябе прашу, зрабі.

Стах паставіў на мейсца пэндзаль, уздыхнуў, схаваў у кішэню паперы й рушыў да дзьвярэй. – Э, стой! – Кірыла Антоныч зноў бег да яго. – Вазьмі! яшчэ гэта Васілічу перадасі, асабіста ад мяне. Ну' давай!

Нацягнуўшы каўнер курткі на самыя вушы, Стах выйшаў на вуліцу й пакрочыў міма доўгага й белага, нібы самалётны ангар, будынку насустрач невядомаму экспэрымэнтальнаму цэху – таемнаму месцу, дзе прадукцыя прадпрыемства праходзіла першыя апрабаваньні. У левай кішэні пытальнікам выгнуліся загадкавыя й, відаць, вельмі важныя дакумэнты ў мутным цэляфане, правая кішэнь зьмясьціла ў сябе скрутак тоўстага дроту, адзін з канцоў якога пагрозьліва тырчэў і паколваў лёганька Стахаў бок. Ужо празь некалькі мэтраў скрутак вываліўся з кішэні й востры канец нібы стрэлка компасу ўпэўнена ўказаў накірунак. Стах падняў яго, схаваў на месца й вырашыў прытрымліваць рукою. Тым ня менш Стах яшчэ не дайшоў да тых вялізных дзьвярэй, якія дзялілі будынак амаль напалову, як дрот нейкім неверагодным чынам здолеў пралезьці між зьмерзлых Стахавых пальцаў і зноў ляпнуўся ў салёны брудны сьнег. Стах нахіліўся…

– Правільна, у гаспадарцы ўсё прыдасца, – пачуў ён голас за сьпінай.

Гэта была Сьняжана, маляр зь іхняй брыгады – дзіўна, як гэта Стах яе не заўважыў. Ад першага дня Стахавай працы тут яны гулялі ў лёгкі флірт, яна заўсёды старалася гаварыць яму ў тон і пастаянна млява мружылася, рухаючы ненармальна вялікімі вейкамі, калі Стах апынаўся ў межах бачнасці. Па шчырасці, Стаху яна была зусім не даспадобы: высокая, габарытная, фарбаваная бляндынка з абавязковымі залатымі зубамі ў куточку барвовага роту, аматарка складваць губы марскімі вузламі, якія сама Сьняжана лічыла нявіннымі банцікамі, уладальніца сотні, ня меней, высачэзных ботаў і пэрспэктыўных грудзей. Сьняжана ў вачох Стаха, зрэшты, мела і адну вельмі прывабную рысу – зь ёй заўжды было лёгка. Яна з задавальненнем смяялася ўсяму, што б ні прамовіў Стах, і гэта давала яму зманлівае, але надзвычай прыемнае адчуванне таго, што ён здольны ачароўваць жанчын адной толькі размоваю – варты павагі талент, якому пазайздросціў бы сам генэральны дырэктар. Самым жа каштоўным у Сьняжане было тое, што яна зьяўлялася жанчынай, маладой жанчынай з усімі неабходнымі атрыбутамі спераду, зьнізу і ззаду, – марай маляра.

– Тваё ймя пасуе надвор'ю, – сказаў Стах, падымаючыся й выціраючы скрутак дроту аб нагавіцы. Ён мог бы сказаць і што-небудзь яшчэ больш пазбаўленае сэнсу – Сьняжана зарагатала так, быццам сам Леанарда Дзі Капрыё вырашыў пацалаваць ёй пятку. Затоўкваючы сьмех назад у горла, яна сказала празь слёзы:

– Я бачу, зь цябе добры гаспадар выйдзе… А ты ў нас герой, аказваецца, у газэтах пра цябе пішуць. Антоныч паказваў…

Стах пагардліва пасьміхнуўся, адвёў вочы й нечакана ўшчыпнуў яе за сьцягно. Няўдала пераступіўшы бялелую пад нагамі лужыну, ён рушыў далей. За сьпінай было ціха. Пакрыўдзілася, падумаў ён лянотна. Стах узгадаў, як пабачыўшы іх са Сьняжанаю разам, Дзеленстап Каўкомавіч заявіў праз Цыцку: «Я патрабую камсамольскага вясельля!» Хахмач стары… Якая істота ў сьвеце няшчасьнейшая за жанатага мужыка? Хіба што мужык, які жаніўся ў другі раз. Бяспраўная істота для здабываньня грошай. Не, творчы чалавек мусіць быць адзін, бо мусіць быць вольны. Так, вольны.

Гэткім чынам думкі Стаха лягічна прыйшлі да ягонай каханкі, гэтай дзіўнай, чэрствай васьміклясьніцы, ад аднаго вобразу якой Стаху апякала ніз жывата салодкаю хваляй, а на запясьцях ажывалі калючыя дрыжыкі. Незвычайную ж узнагароду атрымаў ён за творчыя пакуты… Рызыкоўная гэта справа. Хто ведае, што ў яе за муж? Толькі б не катаваў, толькі б забіў адразу. А, будзь што будзе. Не адмаўляцца ж ад шчасьця, калі яно само рассоўвае перад табой ногі… Галоўнае – ня думаць. Ня думаць, а браць. Браць пакуль даюць.

Разважаючы, Стах дабраўся ўрэшце да рогу вуліцы й павярнуў, як і было прадпісана, налева. Удалечыні сапраўды жаўцела брамка. Запаліўшы, каб скараціць шлях, і схаваўшы цыгарэту ў рукаў, ён накіраваўся па падступным сьнезе туды. За брамкаю стаў відзён аднапавярховы дамок, за ім узвышаліся цёмныя нагрувашчаньні карпусоў. Хутка ён дасягнуў мэты, брамка безь перашкодаў паддалася, нават ня рыпнуўшы. За ёю пачынаўся абсалютна незнаёмы раён прадпрыемства, куды Стаха яшчэ ніводнага разу не закідвала малярская неабходнасьць. Ля дому разьмяшчаўся невялічкі парк, праз краты пацепаных дрэваў было відаць мокрую няўтульную альтанку з таблічкай «Месца для курэньня».

Трохі больш пасьпешліва, чым было трэба, Стах наблізіўся да дому ды расчыніў дзьверы. За круглым сталом каралі, дамы, вальты розных масьцей, падобныя на актораў пагарэлага тэатру, гулялі – моўчкі й засяроджана – у групу рабочых, адзін зь якіх павярнуўся да Стаха, і астатнія адразу ж навісьлі над сталом, таропка запамінаючы чужыя карты.

– Не падкажаце, дзе экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца? – нерашуча запытаўся Стах. – З-зачыні дзьверы, дзьме! – гістэрычна выгукнуў нехта з гульцоў.

– Экспэрымэнтальны? – перапытаў той, што павярнуўся. На гэтым размова скончылася. Гульцы працягвалі свой занятак, нібы ніякага Стаха ў дамку не было, нібы ніхто не ўскалыхваў тут густое паветра, якое, нібы фарба, мазала сьцены халоднай сьлізкай жоўцю. Маркотна пазіралі ў вакно выцвілыя кінаакторкі, развешаныя па кутох. Ссохлы памідор на падваконьні дадаваў няўтульнасьці памяшканню, фаталізмам патыхалі нерухомыя, сцятыя сьпіны мужчынаў, бязрадаснай і маўклівай, як папраўчыя работы, выглядала іхная гульня. І нават шыльда на супрацьлеглай сьцяне, якую Стах заўважыў толькі цяпер, натхняла чамусьці на думкі пра марнасьць чалавечага йснаваньня: «Газакампрэсарная станцыя № 031. Адказны за пажарную бяспеку Карніюк П. Л.» Стаху невыносна, да сьлёзаў, захацелася дахаты. Як школьніку малодшай школы, на якога павысіла голас маладая настаўніца. Ён уздыхнуў і наважыўся было выйсці. Але адзін з гульцоў падняўся, расчаравана шмякнуў калодаю пад носам у другога й прамовіў:

– Пачакай, я табе зараз пакажу… Зараз. Зараз пакажу.

Рабочы нацягнуў доўгія, да каленяў гумовыя боты, сарваў з прыадчыненай дзьверкі шафы плашч і паманіў Стаха рукой – сюды. Ён прайшоў да супрацьлеглай сцяны, і о цуд! – як часта гэта ўжо бывала са Стахам на прадпрыемстве, у сьцяне, што падавалася гладкаю й суцэльнаю, адчыніліся нечакана вузкія дзьверы.

За імі, як высветлілася, знаходзілася алея, зусім пустэльная, калі не лічыць крумкачоў у чорным спэцадзеньні, што праводзілі паседжаньне цэхавога камітэту. «За мной,»– махнуў рукой Стахаў праваднік і хуткай хадою рушыў наперад. Над алеяй, прыціскаючы сваімі груваздкімі ценямі да зямлі чэзлыя дрэўцы, урачыста навісалі пакрытыя ўнушальным нагарам будынкі. Пад нагамі шалясьцеў падобны на попел шэры сьнег. Недзе на ўзроўні пятага паверху муры сьвяціліся маленькімі байніцамі вокнаў. Будынкі раз-пораз перамаўляліся між сабою гулкім сланоўім енкам. Праваднік Стаха амаль бег, не абарочваючыся. Імкнучыся не глядзець уверх, Стах ледзь пасьпяваў за ім. Зьнянацку ў Стаху ўладна й хамавіта загаварыла стома. Адкуль яна ўзялася… Здаецца, не рабіў жа сёньня нічога адмысловага. Дахаты. Хутчэй бы дабрацца да ханаану сваёй канапы, да мяккай мацярынскай рукі на ілбе, да калюмбавай індыі гарачай вячэры. Праваднік ляцеў ужо са спрынтэрскай хуткасьцю. Відавочна, ён намерваўся ўцячы ад Стаха, але чамусьці не заварочваў, хаця такая магчымасць у яго была: час ад часу гэтыя карабельныя астовы абапал дарогі шчэрыліся цёмнымі паваротамі, дупламі калідораў, неасветленых порцікаў, адчыненых няхітрымі і ад таго яшчэ больш жудаснымі пасткамі дзьвераў, што вялі невядома куды. Вечар апускаўся на безнадзейную зямлю. Будынкі вакол станавіліся ўсё вышэй – сапраўдныя хмарачосы, аброслыя бранёю, дарога штокроку вузела. Стома параіла Стаху павярнуць, і ён болей ня змог працівіцца, на імгненьне спыніўся, азірнуўся назад, укамянеў. Той дамок, адкуль яны выйшлі невядома колькі хвілінаў таму, відаць не было, будынкі абапал дарогі амаль судакраналіся. Стах павярнуўся ў ранейшым накірунку – прыпыненьне дорага яму каштавала, праваднік далёка наперадзе цяпер хіба ўгадваўся, а мо, і тое была ілюзія. Але Стах вырашыў працягваць шлях. Ён паспрабаваў бегчы хаця б зь мінулай хуткасьцю, але тут яму не пашанцавала. Скрутак дроту выпаў з кішэні й зьнік на нябачнай зямлі. Ілюмінатары цахоў сьвяцілі на зьдзек высока. Стах апусьціўся на калені й перапэцкаў рукі ў нечым цягучым. «Ну што, лох,»– дакараў ён сябе, поўзаючы па шорсткім дне гэтай высачэзнай каменнай пасткі, як жук, кінуты дзеля забавы ў паштовую скрыню. «Ты думаў, што ўжо ведаеш больш-менш прадпрыемства, што пазнаёміўся з працаю ісьцінных пралетараў? Доўбня. Індзеец, панімаешты, таксама думаў.» Крыўляючыся гэткім чынам, ён міжволі пасоўваўся бліжэй да сцяны аднаго з будынкаў, на якой бледна выдзяляліся дзьверы з цьмяным чырвоным ліхтаром на іх, і наткнуўся на скрутак. Ужо не хаваючы яго ў кішэню, Стах рэзка выпрастаўся й кінуўся наперад. Кірыла Антоныч не зразумее… гэта сто працэнтаў. Таму – наперад. Адшукаць Васіля Васілевіча, паціснуць ягоную мазолістую руку, і да прахадной. А там мэтро, трамвай, жменька ўласнай стомы ў вагульны кацёл, дзесяць хвілінаў па прагнілай ад гопнікаў горцы, пад'езд і нарэшце ліфт, хаця адзіноту не гарантуе нават ён. Бяжы, Стаху, бяжы. Тое, што гэтая дарога мусіць скончыцца, ня факт. Але бяжы.

У цемры Стах ледзь не наляцеў на правадніка, у руцэ якога весела скакаў ліхтарык – гэткі самы, што выдаваў Стаху на лецішчы Дубраўскі.– Тэмп! – заскавытаў праваднік дзіка й выкінуў руку ў фашыстоўскім прывітанні. Насамрэч ён паказваў – Стах пасьпеў за некалькі сэкундаў трохі агледзецца й заўважыць, што будынкі расступіліся, а дарогу пераразае аднакалейная чыгунка – на пляскатую плятформу, якая, нягучна пагрукваючы, досыць хутка аддалялася ў правы ад дарогі бок. – Туды! – закрычаў праваднік, піхаючы Стаха да чыгункі. На шчасьце, плятформа, якую цягнуў маленькі, бадай што цацачны лякаматыў, запаволіла крыху ход, і Стах не без праблемаў, але ўскочыў на хісткую паверхню. Неўзабаве яны разагналіся, праваднік зьнік з поля зроку, і Стах паспрабаваў, праўда, марна, распаліць цыгарэту, сарамліва засланяючыся ад ветру. Добра, што ён павярнуў твар – на брудным насыпе, падсвечаны зьнізу, проста ў твар Стаху разгарнуўся стужкай указальнік, што не дапускаючы сумненьняў абвяшчаў: экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца ў адваротным баку. Стах у вадчаі скочыў з плятформы на насып, вывіхнуў, відаць, нагу, плятформа атрэслася, быццам котка, якая вылезла зь ненавіснай вады, і хутка ад яе засталося толькі груканьне, што таяла ў прыцемках. Стах ляжаў тварам у цёплым гравіі, і адно гэта замінала яму зарагатаць. Вывіху ўсё ж, мяркуючы па ўсім, не было. Быў, відаць, моцны ўшыб, аматар сіняй, жоўтай і зялёнай фарбы, і Стах пасядзеў на насыпе, спакойна папаліў, скідаючы попел на канчаткова сапсаванае спэцадзеньне, у галаву ня лезла анічога, апрача партызанаў, рэйкавай вайны і аўстрыйскіх землямераў. Кульгаючы, ён рушыў у адваротным накірунку. Туды, адкуль прыйшоў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю