Текст книги "Натуральная афарбоўка"
Автор книги: Альгерд Бахарэвіч
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 13 страниц)
Напачатку Мурло не зьвяртаў на Стаха аніякае ўвагі, быццам знаходзіўся ў кабінэце адзін. Мурло сядзеў перад кампутарам, пальцы ягоныя заклапочана перабіралі плястмасавыя чоткі, зрэдку адцягваючыся на мыш, сьвятло манітора надавала вачам гэтага чалавека ўсялякія яркія ненатуральныя адценьні, проста не Мурло, а Кібэрмурло. Зрэдзьчас Мурло нават начэсваў нагу, какетліва прыпадымаючы калашыну нагавіцы ледзь не да калена. Стах сядзеў у вельмі ўтульным скураным крэсьле, азіраўся навокал. З плякату на яго наўскос глядзеў мужык, які настолькі нагадваў Кірылу Антоныча, што ў Стаха ўзьнікла падазрэньне, ці не займаецца гэты ягоны новы старэйшы сябра пазыраваньнем у вольны ад малярства час. Уласна кажучы, лягатыпам прадпрыемства зьяўляўся сам чалавек – паводле сьмелай задумы мастака анатамічныя асаблівасці мужыка на плякаце плаўна пераходзілі ў стылізаваныя літары. У кабінэце яшчэ пахла Кіры лаю Антонычам – часнок ды адэкалён, а можа, адэкалон «Часночны». Сам Кірыла Антоныч абмежаваўся прадстаўленьнем Стаха й Мурло аднаго адному й зьбег, спаслаўшыся на тэрміновую працу – «пасьля пажару ў агапэ работы проста нямерана».
Нарэшце Мурло пагадзіўся са сваім кампутарам, што чалавеку сапраўды не зашкодзіць зачыніць парачку вокнаў, зірнуў на Стаха й зрабіў да яго паварот на крэсьле-круцёлцы. Стах пастараўся надаць вачам багемнасьці. Мурло надзеў акуляры й глыбока ўздыхнуў, рыхтуючыся да ўсьмешкі.
– Значыць, працаваць.
– Працаваць. Я…
– У нас.
– Так. Мне каза…
– На прадпрыемстве.
– Кірыла Антоныч паведаміў мне, што вам трэба маляры.
– Маляры. Вы маляр?
Стах разгубіўся, і гэта было пагатоў крыўдна, бо яшчэ хвіліну таму ўпэўненасьцю сваёй ён думаў падзяліцца з Мурлом. Самае ж паганае было ў тым, што ён насамрэч ня ведаў, што адказаць. Атрымлівалася глупства, зусім невясёлае, немастацкае й несправядлівае. З аднаго боку, малярствам ён ніколі не займаўся, і, натуральна, маляром сябе назваць ня мог. З другога боку, ну што гэта за прафэсыя – маляр, тут што, дыплём трэба мець, або талент? З трэцяга, і самага неадольнага боку, раз ён не маляр, то нашто ўвогуле ён прыйшоў сюды і адымае час у чалавека – мурло мурлом, але гаспадар кабінэту быў на працы, прычым дзяржаўнай. Існаваў яшчэ й чацьверты бок: не казаць жа Мурлу, што ён, Стах, не маляр.
Мурло сядзеў, апусціўшы галаву, і з інтарэсам разглядваў пальцы, што нядаўна так спрытна перабіралі чоткі клавіятуры. Стаху падалося, што Мурлу нейкім фантастычным чынам усе ягоныя разважанні дасяжныя, і ён адчуў самы натуральны страх. Прычым гэта быў не высакародны страх мастака перад дзяржаваю, а дробненькі, і адтаго гнюсна-млосны страх школьніка, якога спаймалі на хлусьні.
– Маляр, – млява кінуў Стах пасьля недарэчна доўгай паўзы, каб хоць неяк падагнаць разьвіцьцё падзеяў.
– Цудоўна, – у тон Стаху прамовіў Мурло. – А дзе працавалі дагэтуль?
– Я мастак-канцэптуаліст, – заявіў Стах з выклікам. – У мяне было некалькі выставаў. Так што з фарбаю я знаёмы. Не па чутках. Калі мастака з вышэйшай адукацыяй вам ня трэба, калі вам патрэбны ўсяго толькі дасведчаны рамесьнік, то… Ня будзем марнаваць час і разьвітаемся. Я лічу, гаворка можа йсьці пра супрацоўніцтва мастака й прамысловага прадпрыемства. А калі не…
На апошніх словах голас Стаха сарваўся на прыцішаны віскат, як у падлетка, затрымцеў, і Стах адчуў з сорамам, як да шчокаў прылівае здрадніцкае цяпло. Мурло зноў апусьціў вочы і ўсміхнуўся:
– Ды не хвалюйцеся вы так. Усе творчыя асобы…
Пры гэтых словах Мурло выпрабавалі паглядзеў на Стаха – як падзейнічае на яго такая лабавая лісьлівасьць. Падзейнічала, Стах зразумеў, што творчая асоба, пад якой разумеўся ён, была ўведзеная наўмысля, дзеля тонкага садысцкага зьдзеку (Мурло паводле становішча свайго мусіў ненавідзець творчых асобаў за сваім сталом і любіць іх выключна ў тэлевізыйным выглядзе), але на шчацэ Стаха ледзь не зьявілася ўдзячная сьлязіна.
– …такія нэрвовыя. Што ж, я разумею, натхненне – бура, а не Чыжоўскае водасховішча. Проста Кірыла Антоныч не сказаў мне, што на прадпрыемства просіцца працаваць такі таленавіты чалавек. Даруем яму гэта. Не хвалюйцеся, прымем мы вас на працу. Пагатоў рэкамэндацыя ў вас маецца, і не ад каго-небудзь, а ад аднаго з нашых вэтэранаў. Кірыла Антоныч – вельмі паважаны на прадпрыемстве чалавек, да таго ж вайну прайшоў, заслужаны дабэрліншчык…
– Хто, даруйце? – не ўтрымаўся Стах. Яму падалося, што ён не дачуў, або… Або гэта сацыяльнасць нейкая. Тое, што адбывалася ў кабінэце, усе больш нагадвала тэатр абсурду, пофлую фепялявую кафку.
– Да Бэрліну дайшоў,– патлумачыў Мурло абсалютна спакойна. – А праца, можаце не сумнявацца, у вас у кішэні. Маляры, ды й мастакі, на прадпрыемстве заўсёды патрэбныя. Толькі вось… Хаця не, паспрабуем па-іншаму.
Мурло перагнуўся праз стол. За ягонай сьпінаю на экране манітору калыхаліся залатыя рыбкі.
– Скажыце мне, толькі шчыра – вы гатовыя тры месяцы працаваць на прадпрыемстве бясплатна, адмовіўшыся ад заробку?
– У вас што, несвоечасова выплочваюць заробак? – расчаравана прастагнаў Стах.
– Не, не, вы няправільна мяне зразумелі. Я прашу вас паразважаць выключна тэарэтычна. Прадпрыемства насамрэч выплочвае ўсім сваім работнікам грошы дакладна і ў поўным аб'ёме. Але ўявіце такую сітуацыю – пагадзіліся б?
– Мусіць, не, – адказаў Стах шчыра. – Навошта ж…
– Рэч у тым, што надзвычай шмат жадаючых тут працаваць з радасьцю пагаджаюцца на такія ўмовы. Працаваць тут, – Мурло паказаў на плякат, – вялікі гонар і адначасова вялікае шчасьце. Значна большае, чым можа сабе ўявіць самы таленавіты мастак. Людзі гатовыя сядзець на вадзе й хлебе, толькі б атрымаць вашае месца. Гэта я да таго, каб вы зразумелі, якая адказнасьць на вас ускладаецца. А цяпер тое, што я хачу вам сказаць ад сябе асабіста – ня як намесьнік начальніка адзьдзела кадраў. Адмоўцеся, пакуль ня позна. Я страшэнна не хачу, каб вы апынуліся ў нашых радох. Вы мне не патрэбныя.
– Я… – на такіх месцах добрыя пісьменьнікі звычайна ўстаўляюць загадзя падрыхтаванае «дыёнвар'ятасяніластахастраш-наяздагадка». Не, усё было ня так – зьдзіўленьне і адчуваньне, што зь яго, Стаха, сьмяюцца людзі, упэўненыя ў сваёй беспакаранасці.
– Гэта ня жарт. Прашу, адмоўцеся. Вы нам абсалютна не патрэбныя, малады чалавек.
– А вы пераканайце мяне, – вымавіў ні з таго ні з сяго Стах. Як усё ж не хапае Кірылы Антоныча. За вакном нечакана працягла й страсна заенчыла, а потым, прарастаючы з аблітых звонку сонцам жалюзі, раўнамернымі штуршкамі пачалося грукатанне – глухое, далёкае, нібы блукаеш у лесе, які пры ўважлівым вывучэньні апынаецца валасамі на грудзёх велікана. Гук ішоў з боку тэрыторыі прадпрыемства, і Стах раптам прыўзьняўся над сталом, бо адчуў, што задыхаецца ад гэтага грукату. «Аднойчы, калі мне было пяць гадоў, старэйшы брацік засунуў мяне ў басовы бубен…»
– Пераканаць? Фарба – атрутнае рэчыва, шкодна дзейнічае на ўсе сістэмы арганізму.
– Паленьне больш шкоднае.
– На вас будзе крычаць самы захудалы майстар, самы смярдзючы адзазаб.
– Я вельмі вытрыманы чалавек. Вось вас жа я выслухаў, усё гэтае трызьненьне, і брывом не павёў.
– Вы будзеце працаваць па дзесяць гадзінаў на содні.
– Кірыла Антоныч распавядаў, што заробак на прадпрыемстве адпавядае затрачаным намаганням.
– Я асабіста не хачу браць вас на працу.
– Але возьмеце ў любым выпадку.
– Вы памрэце тут.
– А вы ў вар'ятні, спадар Мурло.
– Распішыцеся вось у гэтым месцы.
– Што гэта?
– Кантракт. Ваш кантракт з прадпрыемствам. Дзякуй. Віншую вас з уступленьнем у слаўную сям'ю работнікаў айчыннай прамысловасці.
– Дарэчы, а… А што за прадукцыю вырабляе прадпрыемства? Такое ўражаньне, што гэта дзяржаўная таямніца.
– Не твая справа, Стасік. Валі з гэтага кабінэту. Сёньня схадзі азнаёмся з рабочым месцам, павывучай нашую геаграфію, разьбярыся, што да чаго. А заўтра выходзіш на працу. Працоўны дзень пачынаецца а сёмай. І запомні – ты працуеш у цэху будынкаў і збудаваньняў. Маляры належаць яму. Вось пропуск, і каб болей, хлопча, я цябе ня бачыў.
Прахадная, уласна, уяўляла сабою мноства турнікетаў, паміж якімі месьціліся шкляныя будкі. У будках, прытуліўшыся адна да адной, сядзелі жанчыны ў вайсковых куртках – дзесяць жаночых параў колеру хакі. Іхныя сьпіны так шчыльна судакраналіся, твары былі настолькі падобныя сваёй пыхлівай безуважнасьцю, а шкло будак гэтак рамантычна падсвечвалася знутры маленькімі ліхтарыкамі, што вартавыя нагадвалі закансэрваваных у аб'ёмных прабірках сіямскіх блізьнятаў. Стах нерашуча спыніўся перад гэтым паноптыкумам. Кожная другая вартаўніца ўпускала на прадпрыемства, астатнія выпускалі, і любая зь іх магла па сваёй прыхамаці заблякаваць запаветны сімсім. Так, арабскія казкі тут таксама былі б дарэчы. Са столі зьвісала камэра на доўгім гнуткім штатыве, і ейнае адзінае вока зацікаўлена сачыла за тым, як Стах падыйшоў да турнікету, зламаў свой картонны пропуск і падаў адной з вартаўніцаў. Жанчына кінула на яго кароткі позірк – картонны Стах, відаць, спадабаўся ёй больш за жывога – і абыякава адвярнулася. Шлях быў вольны. Стах штурхнуў мэталёвы локаць і – перасек прахадную. Лёгкія плексыглясавыя дзьверы пругка расчыніліся, і ён ступіў на тэрыторыю прадпрыемства. О, гэты няўпэўнены, нетрывалы першы крок дзіцяці! – але ён зьдзейсьнены, ты зрабіў яго, ты абарочваешся, бачыш клятчасты адбітак сваіх падэшваў, плянэта адзначаная таўром твайго сьледу – ура.
За доўгі час блуканьня па адзьдзеле кадраў (які разьмяшчаўся ў будынку адміністрацыі, на тым баку прахадной, у тым сьвеце) Стах забыў, што дзень сёньняшні, адметны, між іншым, першым сьняжком, – надзвычай сонечны, разьлінаваны чорным, напоўнены бляскам і ветрам. Падавалася, што на прадпрыемстве сьвятлей, чым там… Стах усё яшчэ губляўся, як называць цяпер той сьвет – аднароднасць жыцьця парушыла прахадная. Ён машынальна зрабіў некалькі крокаў, трохі аслеплы, не ўсвядоміўшы значнасьці падзеі, якая толькі што адбылася. Потым спыніўся і агледзеўся як сьлед. Ён стаяў пасярод невялікага пляцу, што сканчаўся алеяй, абсаджанай ліпамі са старанна ўзьбітымі чорнымі шатамі. Абапал алеі ды пляцу гуртаваліся цагляныя будынкі, за імі хаваліся вузкія вуліцы. Грукат, які Стах пачуў у кабінэце Мурла, тут, натуральна, быў гучнейшы, але больш прыймальны для слыху й на сэрца ўжо ня ціснуў. Цяпер іншыя гукі прыцягвалі ўвагу й не давалі засяродзіцца. Па-першае, з-за бліжэйшай да Стаха будыніны чуўся загадкавы глухі рокат. А дзесьці зьлева, за статуяй багіні Прадукцыі (раскрыты агромністы рот, пукатае, курчастае, быццам скульптар вырашыў паказаць, як яно дыміцца, улоньне й рукі – вялізныя, з распухлымі венамі) валаклі па асфальце нешта жалезнае. І яшчэ дыханьне зямлі пад нагамі, прыглушанае шчыльнасцю забудовы. Стах азірнуўся. Гадзіннік над будынкам адміністрацыі, на першым паверсе якога й месьцілася прахадная, з натугаю таргануў стрэлкай. На даху ўзвышаліся трохмэтровыя літары, якія з таго, звычнага боку, чыталіся як назва прадпрыемства. Адсюль жа, вядома, яны маглі бачыцца толькі ў люстраной выяве. Дваццаць два таямнічыя знакі для абазначэньня сьвету за прахадной. Хаця, чаму таямнічыя? Калі дадаць гэтых двух птахаў, што кружляюць над перавернутай літарай З, атрымаецца… Фраза вельмі непрыстойная, а таму надта папулярная ў народзе. Што ж ты стаіш, Стасік? Дай я пазнаёмлюся бліжэй з тваёй мамаю.
Стах рушыў наперад па алеі. Хутка насустрач яму сталі трапляцца мясцовыя насельнікі. Ён, відаць, трапіў сюды ў самы разгар працы, так што на пляцы рабочым няма чаго было рабіць, а тут, на алеі, іх было досыць шмат. Адныя зь іх існавалі застылымі фотапартрэтамі, што ўсьмешлівай чарадою, бы помнікі на могілках, ціснуліся да ліпаў. Другія крычалі, рухаліся, тупалі, але амаль ніхто не ўсміхаўся. Многія грэлі рукі ў кішэнях рабочых куртак, іншыя былі апранутыя па-лецішчаваму, у ні да чаго ўжо не прыдатныя спартовыя трыко, швэдры, джынсы. Урэшце Стах знайшоў двух рабочых, якія нікуды не сьпяшаліся, проста стаялі й палілі каля голай сіняй сьцяны без намінкі на вокны або дзьверы. Ён прыпыніўся ля іх, упершыню бачачы работнікаў прадпрыемства прыкладна адных зь ім, Стахам, гадоў. Глядзеў Стах на іх, мусіць, залішне ўважліва, бо рабочыя заўважылі ягоны непрыхавана зацікаўлены позірк і пачалі нэрвова мясіць нагамі сьнег. Стах стаяў нібы зачараваны. Гнілазубыя маладзёвы ў лыжных каптурках спынілі лянотную размову і адвярнуліся. Адзін зь іх ня вытрымаў. – Чаго зырыш? Підар, ці што? – спытаў ён, высока загінаючы пасінелую верхнюю губу. – Хадзем, гэта карэспандэнт, відаць, – працэдзіў праз зубы ягоны таварыш і нечакана адчыніў у абсалютна голай сьцяне невялічкія дзьверы. Маладзёвы ўвайшлі ў цямрэчу й перад Стахам зноў весела засінела сьцяна.
Раз-пораз між людзей у спэцадзеньні трапляліся й людзі ў дублёнках і паліто. Чым далей ішоў Стах, тым больш сустракаў народу. Ён пачуваўся сярэдневечным рыцарам, што прыехаў у незнаёмы горад і цяпер, адклаўшы на потым пошукі пастаялага двара, з інтарэсам, але наўздагад прабіраецца па вулачках, назіраючы з вышыні за тубыльцамі.
Пра вышыню мы ўзгадалі невыпадкова. За пяцьдзесят гадоў існаваньня прадпрыемства здолела ўзгадаваць адмысловую пароду чалавека, якая паводле сваіх антрапамарфічных якасьцяў вылучалася з агульнай масы жыхароў места. Мужчыны тут былі пераважна нізкага росту, каржакаватыя, зь вялікімі прыплюснутымі галовамі, зь якіх, як наросты на бульбе, тырчэлі масіўныя сківіцы. Маленькія, амаль незаўважныя лбы, поўная адсутнасьць шыі, кароткія, але тоўстыя рукі з зеленаватымі абрубкамі пальцаў. Хада іх таксама была спэцыфічнай – яны рухаліся так, як быццам мелі паміж ног крывавую рану, пастаянна падскоквалі, шырока расстаўлялі свае дугападобныя ніжнія канечнасьці, крывілі рты ў грымасах болю ды агіды. Яны рана лыселі. Стах яшчэ не дайшоў да трэцяй вулкі, а ўжо сустрэў трох сваіх аднагодкаў, абыякавасць якіх да галаўных ўбораў дазваляла разгледзець выразныя пляшыны. У многіх, як кветкі з мудрагеліста змайстраваных гаршчкоў, расьлі з вушэй густыя рудыя валасы. Большасць мела смарагдавыя пракураныя вусы, у тон зубам. Размаўлялі тутэйшыя людзі гучна й рэзка, нават калі стаялі зусім блізка адно ад аднаго, і пара з іртоў зьмешвалася, клубілася, засланяючы твары суразмоўцаў, сімвалізуючы сяброўства й паразуменне, спрыяючы хлусьні. Улетку з гэтай задачай пасьпяхова спраўляўся тытунёвы дым.
Сярэдні рост жанчын прадпрыемства таксама не перавышаў паўтары мэтры. Гэта былі пахілыя істоты зь вечна апушчанымі галовамі, нібы кожная зь іх спадзявалася адшукаць у сьнезе згублены кімсьці кашалёк. Залатыя зубы, відаць, зьяўляліся тут асаблівым шыкам. Сонца нібыта дапамагала Стаху, выхопліваючы з ідучых насустрач яму людзей пераважна тых, хто вёў, шырока разяваючы рот, крыклівую гамонку, – золата ўспыхвала то тут, то там.
Прамінуўшы так пяць ці шэсьць скрыжаванняў, Стах вырашыў зьвярнуць з алеі направа. Тут сонца стала паменей, а сьнегу паболей. Двое мужчын прыбівалі да сцяны непаслухмяны белы транспарант, трэці з дыпляматам у руках стаяў трохі воддаль, заглынаючы ўласную пару. Транспарант складаўся з трох кавалкаў матэрыі, на кожным зь якіх было блакітнай фарбай выведзена па слову. З заключным рабочыя ўжо справіліся – зь нейкім анэкдатычным падкітайчваньнем ён абвяшчаў: «Чалавека». Чвякаючы, у сьцяну ўсмакталіся, дзіўным чынам не даючы вуліцы аніякага рэха, два цьвікі, потым яшчэ два. «От так,»– праскандаваў адзін з рабочых зь вясёлай злосьцю. – «Уейбожылі.» Чалавек з дыпляматам нецярпліва пагойдваўся на зьмерзлых нагах. Яшчэ чатыры цьвікі былі ўвагнаныя менш чым за адну сэкунду. «Уейбожылі, ят-табе кажу,»– прамовіў шчасьліва рабочы, падыхаўшы на пальцы і зьвяртаючыся хутчэй да сьцяны, чым да напарніка. Рабочыя селі на нешта чорнае, шурпатае, што валялася недалёка, пацягнуліся па цыгарэты. – Э-эй, – завішчаў чалавек з дыпляматам. – Тут яшчэ спачатку было слова!
Словы на транспаранце – «упрыгожвае чалавека»– сапраўды патрабавалі яшчэ аднаго. Рабочыя, не адляпляючы ад вуснаў цыгарэты, узяліся за працу. Стах прамінуў іх і пайшоў далей. «А вось і атрымаецца, што слова гэтае – зусім ня тое, якое тут просіцца,»– падумаў Стах, нібы пярэчачы камусьці. «А вось і станецца зараз так, што слова гэтае… ну, напрыклад, „сэкс“, або „опіюм“. Вось зараз абярнуся…» Стах абярнуўся й расчаравана ўздыхнуў.
Вакол па тонкім лёдзе сьлізгалі траскія жанчыны на электракарах, спрабавалі акапацца адзінарогія трактары. Над адчыненым люкам круцілася, марна намагаючыся ператварыцца ў джына ці хаця б у бабруйскі джын белая пара. Вецер гнаў яе аж да канца вулкі. За агароджаю ўзвышалася дыстрафічная арабіна – гронкі як казіны гарох. Засьнежаная лавачка.
Ля лавачкі стаяў чарговы рабочы й, са смакам зацягваючыся, паліў клясычную тугую беламорыну. Магутныя плечы падбіралі пад сябе марознае паветра, цешыліся, пераможна ружавеючы, вушы, рухалася пад брудным, зьдзервянелым швэдрам самадастатковая грудная клетка. Кожная з ног напірала сьнег спакойна й грунтоўна, паказваючы свету, што іхны ўладальнік прыйшоў сюды ўсур'ёз ды надоўга. «Які тыпаж,» – прыйшоў у захапленьне Стах. «Трэба загаварыць. Пара ўлівацца. А то стаю тут як…» Ён з зайздрасьцю акінуў вачыма кароткі вожык рабочага й падыйшоў бліжэй, дастаючы цыгарэты. На бяду, запальнічка ў замерзлых Стахавых руках аб'явіла страйк. Пакуль Стах выкалочваў зь яе хаця б каліўца вагню, рабочы з пагардаю сачыў за ягонымі маніпуляцыямі і энэргічна распраўляўся з рэшткамі свайго перапынку.
– Даўно на прадпрыемстве? – нарэшце запаліўшы, спытаў сіпла Стах. Нічога лепшага яму ў галаву не прыйшло, а выведваць, што азначае надпіс па-над ганкам бліжэйшага будынку – ЦКіУ, яму падалося прыніжальным.
– Табе-та што? – прамовіў насьцярожана рабочы, не варухнуўшыся. – Ты з рэдзіва?
– Што? – Стах зразумеў, што зрабіў памылку. Колькі ён сёньня сустракаў людзей, якія лепш падыходзілі на ролю першага суразмоўцы.
– З радзіва, кажу?
– Не, я… – для свойскасьці чагосьці не ставала, і Стах уцяміў, чаго. – Я, бля, працаваць тут буду з заўтрашняга дня. Маляром, блядзь, узялі, грошы трэба. Ябаць! Ня думаў, што возьмуць. Як тут, бабла плоцяць троху?
Рабочы павольна павярнуў галаву.
– Я ў Кірылы… у Кірылы Антоныча буду працаваць, – сказаў пасьпешліва Стах, заклікаючы бога Дзядзьку ўзяць яго пад сваю абарону.
– У Антоныча? – пазяхнуў рабочы ва ўвесь рот, выставіўшы абломкі брунатых зубоў і белы язык. – Ну, Антоныч цябе хутка адвучыць мацюгацца. Я б сам павучыў цябе… троху, – дадаў ён зьдзекліва. – Але ў Антоныча лепей атрымаецца. Дзе вас бяруць такіх. Загадзілі прадпрыемства. Мазгі бы лепш гадаваў, а не валасы. Люмпэн-малалетка. Рым загубілі раскоша й разбэшчанасьць, а прадпрыемства зьнішчаць такія, як ты – асацыяльныя элемэнты, маргіналы, працоўная моладзь бяз клясавай свядомасці. Меў рацыю Зіневіч – на якім грунце могуць узьнікнуць сіндыкаты, калі прамысловая сфэра ператварылася ў прыстанішча самых неадукаваных слаёў. Пра авангард і галоўную сілу можна забыць…
Ён пацягнуўся ўсім целам і пайшоў абураным крокам да таямнічага ЦКіУ. Недапалак ягоны ўтыркнуўся ў сьнег акурат ля Стахавай нагі.
Пазнаёміцца з чалавекам, якога завуць Дзеленстап Каўкомавіч Зараян, ужо само па сабе было несумненнай удачай – ня кожнаму ў жыцьці выпадае займець знаёмага з такім мяном. А ўлічваючы тое, што зь Дзеленстапам Каўкомавічам Стаху было наканавана працаваць поруч, у вадной брыгадзе, удача набывала падвоеную каштоўнасьць. Новы калега Стаха працаваў на прадпрыемстве ўжо трыццаць гадоў – гэта быў вёрткі чалавек зь няроўна прылепленай шкваркаю мокрых вусікаў пад тоўстым носам. Ён меў манэру сьмяяцца не расціскаючы вуснаў і вымаўляць галосныя гукі амаль да поўнай іх ліквідацыі. Пра незвычайныя імёны – сваё й бацькава – Дзеленстап Каўкомавіч ахвотна распавядаў усім і кожнаму. Дзед ягоны, армянскі бальшавік Бядрос Зараян, ахрасьціў свайго па-за шлюбам народжанага сына Каўказам Камуністычным. Каўком Бядросавіч жыў, ня ведаючы клопату, да дзесяці гадоў, пакуль не зразумеў аднойчы, які сюрпрыз падкінуў яму бацька. Раззлаваны Каўком адпомсціў тым, што чатырох унукаў Бядроса назваў Дзеленстапам, Ерасацам, Сталінградай і Пабедай. «Калі я прыйшоў на прадпрыемства,»– выжоўваў Дзеленстап Каўкомавіч, – «я ня ўмеў рабіць ні храна. Дзела Леніна-Сталіна – гэта ж ім не абы-што. Не ўзялі б – я скаргу ў вабком!»
Вось ён, пакойчык для дзяжурнай брыгады маляроў у цэху рамонту будынкаў і збудаваньняў. Каля сваёй шафкі, унутры якой хаваюць жыцьцявызначальныя бацькоўскія ўсьмешкі два дзядулі – савецкі й нямецкі, сядзіць, начэсваючы фатаграфічную сівізну, Дзеленстап Каўкомавіч Зараян, прыглушана псуе паветра й вядзе свой звычны аповед. Колькі навічкоў брыгады слухала за апошнюю трэць стагодзьдзя сямейную сагу Зараянаў! Сотні, калі ня тысячы. Большасць зь іх даўно на кіраўнічых пасадах, у ЦКіУ, АГТ, а хто нават у АІД або ў РАЙ, а на дзявятай вуліцы прадпрыемства, у аднапавярховым, але шматмэтравым будынку цэху рамонту будынкаў і збудаваньняў, ля сваёй падобнай на дзіцячую дамавінку многаразовага карыстання шафкі сядзіць на свежым нумары заводзкай шматтыражкі Дзеленстап Каўкомавіч Зараян і, мружачыся ад уласнага бесьсьмяроцьця, жуе: «Майго бацю звалі Каўказ Камуністычны. А дзеда – Бядрос. Бядрос быў спачатку жабрак, а потым…» Мова Дзеленстапа Каўкомавіча нялёгкая для ўспрымання – ангельскае вымаўленне (правільнага быць не магло – Каўкомыч ня ведаў, што такое дантыст), пастаяннае пад-цэкваньне, сапенне, разнастайныя гарлавыя вібрацыі. Дзеленстап Каўкомавіч любіў пераймаць птушыныя маналёгі, ён завучваў іх як актор завучвае свае словы ў п'есе, і пакрысе пачаў карыстацца моваю птушак у жыцьці. Стах сядзіць паблізу, адкалупваючы засохлую фарбу з курткі, потым з-пад пазногцяў – прыемны занятак. Ён мала што разумее, але яму цікава – у васобе Каўкомыча ён бачыць выміраючую жывёлу. З каўкомавіцкай на зразумелую яму перакладае Юра Цыцка – гэты калега Стаха слухае аповеды пра Зараянаў прыкладна столькі ж гадоў, колькі цяпер Стаху. Астатнія члены брыгады сядзяць за ліпучым, нібы мёдам нацёртым сталом, гуляюць у карты, ліжучы пальцы. Кірыла Антоныч, з нагамі ўладкаваўшыся ў сваёй цёплай шафачцы, чытае заводзкую шматтыражку («Жыцьцё й прыгоды сьлесара Пролава»), раз-пораз спадылба аглядае падначаленых: Дзела жуе, карты чмякаюць, новенькі слухае, Цыцка бубніць. Усё ў парадку. У самым куце схіліўся над кніжкай Грыша Мурло – ён пляменьнік таго Мурла, што працуе ў адміністрацыі (але не таго, зь якім размаўляў Стах, ён жа назваў намесьніка начальніку адзьдзелу кадраў Мурлом толькі таму, што бачыў у будынку адміністрацыі шыльду на дзьвярох з гэткім прозьвішчам). Мурло калі-нікалі загортвае кніжку, хаваючы ў ёй як закладку пляскатую далонь, і пазяхае, быццам сядзіць перад стаматолягам – старанна, шырока. Стах зьвярнуў увагу на вокладку: «Энгонскія крошкі. Нашэсце». За сьцяной бурліць рогат – там бавіць перадпрацоўную чвэрць гадзіны жаночая частка брыгады. Зь некаторымі Стах ужо знаёмы: з падобнай да тлустага беляша Танюхаю й барбівалосай Сьняжанай.
Цыцка – таксама чалавек, які заслугоўвае ўвагі. Ён адзіны, як заўважыў Стах, хто можа проста, ня робячы пры гэтым нічога, глядзець на пыльныя разводы ў вакне, вывучаць рабрыстае світальнае неба. Кажуць, вершы піша, друкуе ў шматтыражцы.
У першы працоўны дзень Стаху не давалі рабіць анічога. «Стой тутака й вучыся,»– сказаў Стаху Кірыла Антоныч, рукі якога аж трэсьліся ад нецярпеньня ўзяць хутчэй пэндзаль. «Уваходзь у курс,»– дружалюбна пасьміхнуўся Мурло. Стах стаяў ды глядзеў – глядзеў, як брыгада звонку бязладна й неахвотна, а насамрэч вельмі ўмела і арганізавана пафарбавала да абеду палову фасаду цэху зборкі. Трэба зазначыць, што працы на восень у маляроў хапала – прадпрыемства перажывала пару рэканструкцыі, змрочныя хваравіта-цагляныя карпусы, пабудаваныя ў эпоху маладосьці Дзеленстапа Каўкомавіча, мусілі стаць блакітнымі, белымі, ружовымі,– карацей, набыць усе колеры дзіцячых пялюшак. У той жа дзень падчас абеду Стаха адправілі па бліны ў сталовую. Ён зьбегаў. Стаха пахвалілі, але бліноў не далі. Патлумачылі, што традыцыя такая. Кірыла Антоныч за час свайго царавання навогул усталяваў шмат традыцыяў, супраць якіх нікому і ў галаву не прыходзіла выступаць. Навічок у першы дзень нічога ня робіць, у тым ліку й не абедае. А сёмай усе мусяць быць на працы, але на працягу дваццаці пяці хвілінаў усе застаюцца ля сваіх шафак у пакоі для маляроў і пра працу ня кажуць ані слова. За любое нецэнзурнае слова маляр, зноў жа такі згодна з традыцыяй, пазбаўляўся прэміі – разьмяркоўваў іх Кірыла Антоныч. Была яшчэ традыцыя на першы погляд барбарская.
На трэці дзень маляраньня Стаха ў абед па бліны ніхто не пайшоў. Усе сабраліся ў сваім родным цэху, селі колам вакол стала. Кірыла Антоныч урачыста выдаваў з-за шафак зялёнае эмаляванае вядро з накрыўкай. Брыгада ўзьняла вочы ўгору. Накрыўка была зьнятая, і брыгадзір паклікаў Стаха, каб той паглядзеў на зьмесьціва вядра.
Звычайная мутная вадкасьць калыхалася там, напаўняючы вядро трохі больш чым напалову. На яе паверхні плавалі зыркія ліпеньскія вясёлкі. На самым прыдоньні жаўцела нешта густое, што дзялілася з вадкасьцю колерам і насычанасцю. Стах адчуў, як закружылася ягоная галава, ён схапіўся за край стала, яго ледзь не званітавала. Дух, які вылез зь вядра, усадзіў Стаха ў маленькі вагончык нейкага жахлівага атракцыёну ды ўключыў электрычнасць. Адна за адной перад вачыма абрываліся и зноў узьнікалі стромыя пакручастыя дарожкі. Зь вялікім намаганьнем Стах адхіснуўся ад вядра й сеў на стол. З вачэй ягоных цяклі слёзы й нянавісць.
– Яшчэ не маляр, ужо ня хлопчык, – так працэнтаваў сітуацыю Дзеленстап Каўкомавіч. Кірыла Антоныч жа выдастаў аднекуль з-пад стала алюміневую лыжку ды малянкоўскія шклянкі. Усе астатнія напружана маўчалі ў прадчуванні чагосьці важнага.
Стах пакрысе ачуняў. Ён нават здолеў правесьці аналіз зьмесьціва вядра й вызначыў, што ў ім утрымліваюцца фарба – на дне, і настой на фарбе – зьверху. Аналіз навакольля падказваў яму, што супраць яго задумваюць нешта нядобрае.
– Сябры мае! – сказаў Кірыла Антоныч так нечакана, што Стах здрыгануўся й ледзь ня ўпаў са стала. – Сябры мае маляры! Усе вы зьяўляецеся паважанымі й запатрабаванымі работнікамі нашага прадпрыемства. Усе вы ведаеце, які нялёгкі хлеб у чалавека нашай прафэсыі. Тым радасней сёньня нам усьведамляць, што ў шэрагі нашыя ўступае яшчэ адзін Адтулінец. Гэты чалавек пажадаў стаць членам нашай малярскай гільдыі, ён добраахвотна пагадзіўся дзяліць разам з намі ўсе цяжкасьці й радасці малярскае працы, пагадзіўся прыняць нашае сьветабачаньне, пагадзіўся служыць прадпрыемству верай і праўдай. Спытаем спачатку ў яго самога – ці йдзе ён у маляры добраахвотна, ці не абяцаўся ён іншай гільдыі?
Цыцка піхнуў Стаха ў бок і прашаптаў яму на вуха: «Кажы – добраахвотна, не абяцаўся». Стах машынальна паўтарыў, але потым спахапіўся й вырашыў у гэтай гульні болей не ўдзельнічаць. Аднак давялося – настолькі абсурдным было наступнае пытаньне.
– Ці не зьяўляешся ты карэспандэнтам якой-небудзь з цэнтральных газэтаў, які ўладкаваўся на прадпрыемства з мэтаю напісаць пра яго паклёп?
– Не, – адказаў Стах неахвотна.
– Ці пагаджаешся ты ў такім выпадку аддаваць прадпрыемству ўсё, што маеш, працаваць у выпадку неабходнасьці бясплатна, падпарадкоўвацца любым загадам адміністрацыі, усведамляючы, што любая ўлада – ад бога, і не табе вырашаць, чарвяку й рабу, якія законы мусяць вызначаць нашае жыцьцё. Пагаджаешся? Цудоўна…
– Я не сказаў, што пагаджаюся! – ускрыкнуў Стах. – Я супраць. Я звальняюся зараз жа.
– Зваротнага шляху быць ня можа, – мякка сказаў брыгадзір. – Ты ўжо ведаеш надта шмат. Таму…
Стах зьлез са стала, да яго адразу ж падыйшлі Цыцка й Мурло.
– Але як жа так? – запытаўся Стах, краем вока ацэньваючы шанцы на ўцёкі.– Як жа я, чалавек, які вырашыў уступіць у слаўнае племя маляроў, магу быць адначасова рабом і чарвяком?
– Добрае пытаньне, – цярпліва адказаў Кірыла Антоныч. – Чамусьці ад часоў Пролава-дзеда яго ніхто не задаваў. Уся справа, Стасік, у тым, перад якім тварам ты паўстаеш на суд. Калі перад тымі людзьмі, што ніколі не працавалі на прадпрыемстве, то, вядома, ты слаўны маляр, які ў сілу свайго становішча й зьдзейсьненага працоўнага подзьвігу стаіць невымяральна вышэй за іх. Калі ж перад тварам генэральнага дырэктара Марлокіна або каго яшчэ вышэйшага, то ты раб і чарвяк. Бо мы ўсе маем зараз магчымасць мець кавалак хлеба толькі дзякуючы ім. Яны, паводле калектыўнае дамовы – наймальнікі. Выключна ад іх залежыць – караць нас або мілаваць.
– У вас, Кірыла Антоныч, нейкая вычварэнская лёгіка, – нахабна заявіў Стах і зрабіў крок да дзьвярэй. Мурло й Цыцка схапілі яго за рукі. Гэткага са Стахам не рабілі ад часу ягонай службы ў войску. Ён абмяк і даўся пасадзіць сябе ізноў на стол.
– Уладай, дадзенай мне адміністрацыяй, я ўрачыста хачу абвесьціць новага члена нашай брыгады! – усклікнуў Кірыла Антоныч. – І каб завершыць абрад ініцыяцыі, давайце, сябры мае, адведаем малярскае амброзіі, і дамо нашаму новаму сябру ўсмакаваць ад цела багіні Фарбы…
– …каб ніхто ня здолеў сказаць, што маляр гідзіцца таго, чым ён працуе! – хорам сказала ўся брыгада.
– А пэндзаль у задніцу засоўваць ня трэба? – пачуўся голас Стаха. Тут жа магутны ўдар зьбіў яго з ног. Стах, не разумеючы, што гэта зь ім адбылося, павольна падымаўся, трымаючыся за ножку стала. Ён расплюшчыў адно вока (другое чамусьці не хацела) і ўбачыў Кірылу Антоныча, які дзьмуў на кулак, быццам каўбой на рулю пісталету.
– Навошта ж ты так, Стасік? – спытаў пяшчотна Кірыла Антоныч. – Мы ж з табой як з чалавекам…
Астатнія маляры дапівалі фарбавую настойку – маленькімі глыточкамі, нібы апякаючыся. Кірыла Антоныч дапамог Стаху падняцца й працягнуў яму алюміневую лыжку:
– Зачэрпвай, ды еш. Ну, давай.
Стах абвёў вачыма прысутных. Кожны цяпер глядзеў на яго, і ў паглядзе кожнага выразна бачылася разуменьне. А апрача разуменьня – заахвочванне: давай, Стасік, давай.
Стах прыняў у рукі лыжку – старую, адшліфаваную да бляску мноствам пальцаў і далоняў.
Стах падыйшоў да вядра.
Стах нахіліўся па-над ім, імкнучыся ня дыхаць.
«Давай, Стасік, за маму, за тату, за роднае прадпрыемства, за нас, маляроў,»– разабраў ён крэкчаньне Дзеленстапа Каўкомавіча.
Стах зачарпнуў фарбы з прыдоньня вядра. Рука да локця пачырванела, пачала сьвярбець, з лыжкі зьмяіліся жоўтыя ліпучкі.
Стах паднёс да роту лыжку. Кірыла Антоныч увесь сьцяўся, не адводзячы вачэй ад свайго новага падначаленага. От, упарты трапіўся… Нічога, вылячым.
Стах дакрануўся да лыжкі вуснамі і яго званітавала проста на чорныя заводзкія чаравікі Кірылы Антоныча.








