412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Альгерд Бахарэвіч » Натуральная афарбоўка » Текст книги (страница 1)
Натуральная афарбоўка
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:58

Текст книги "Натуральная афарбоўка"


Автор книги: Альгерд Бахарэвіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)

Альгерд Бахарэвіч
НАТУРАЛЬНАЯ АФАРБОЎКА

ТАЛЕНТ ЗАІКАНЬНЯ

Я заікаюся. Усім тым нецярплівым, роспачным словам – вялікаму мноству словаў! – якія я хаваю ў сабе, вельмі рэдка надараецца магчымасць пакінуць маю гартань безь перашкодаў. Я мог бы быць надзвычай красамоўным, стаць выбітным адвакатам або тэлежурналістам, пераконваць самых упартых моцаю свайго красамоўства, караць ці мілаваць – як пажадаю! – калі б ня гэтая непрыкметная, сапсаваная дэталь у маім арганізму, якая бразгае ўнутры, калі я, спатыкаючыся, бягу наўздагон адыходзячаму аўтобусу размовы.

Усё адбываецца так. Які-небудзь капрызны гук, найчасьцей к альбо л, што паслухмяна рушыць наперадзе падрыхтаванай фразы, раптам упіраецца шкоднымі лапкамі ў сьценкі гартані, моршчыцца, хныкае. Тыя, што йдуць ззаду, раздражнёна напіраюць, ціснуць небараку ў сьпіну, але паганы гук не здаецца. Ладны шэраг руйнуецца, суразмоўца адводзіць вочы ці наадварот, заахвочвальна хітае галавой, ветліва чакаючы, пакуль я ўсё ж выкажу тое, што хацеў. Але думкі ягоныя ўжо не перасякаюцца з маімі, ён думае адно пра маё заіканьне. Я адчуваю, што не магу выказаць неабходнае гэтак прыгожа і абгрунтавана, як хацеў, і мяне трасе ад панічнага страху. Ліхаманкава я спрабую сказаць тое самае іншымі словамі, і часам гэта атрымліваецца. Але куды падзелася мая гіронія, прыцэльная дарэчнасьць сказаў, дасьціпнасьць і спакой у голасе, якія толькі што гатовыя былі напавал ачараваць суразмоўцу? Гутарка страчвае сэнс, чалавек насупраць недаўменна глядзіць на мяне, шкадуючы й пагарджаючы адначасова, і неўзабаве сыходзіць, уносячы з сабой свой дар вымаўляць гукі гэтак жа лёгка й натуральна як дыхаць, – вялікі дар, усё шчасьце якога яму ня дадзена ўсьвядоміць ніколі.

«Гэта не хвароба… так, – дэфэкт маўленьня,»– кажа мне сябра майго прыяцеля. «Імпатэнцыя – значна больш страшная рэч,»– адгукаецца на гэта, усміхаючыся брыдка ў вусы, мой далёкі сваяк. «Лепш бы я заікаўся,»– шэпча мне сьляпы. «Ад гэтага яшчэ ніхто не паміраў,»– кладзе сваю руку на маю знаёмая майго знаёмага. Як я ненавіджу гэтае спачуваньне!

Я сьмяюся разам з усімі, калі распавядаюць показкі пра заікаў, але ў гэты момант мне пакутліва карціць давесьці ўсім вам, што маё заіканьне – гэта часова, гэта толькі калі я ўсхваляваны, а так я гэткі ж балбатун, як і вы. Але сам распавесьці показку я ня здольны. Спрабаваў – успамін пра тую ганьбу дагэтуль прымушае мяне заікацца яшчэ мацней. Часам я забываюся і пачынаю трэсьці языком: «Слухайце анэкдот…», але тут жа сяброўская рука мякка кладзецца мне на плячо – лепей ня трэба. Той натужны, фальшывы сьмех, які яны выціскалі зь сябе, зь цяжкасьцю дачакаўшыся фіналу, надоўга адбіў у мяне ахвоту размаўляць навогул. Але ж мой анэкдот быў смешны. Дужа смешны. Я належу да праклятага племені заікаў, да тых людзей, мову якіх на пісьме, як жаўнеры ў ачапленьні, найбольш удала перадаюць значкі, што адзьдзяляюць літару ад літары: «л-л-л-літару ад л-л-л-літары»… Нашая мова ў тэксьце гэтак жа кідаецца ў вочы, настолькі ж прыкметная, быццам двое з нас гучна загаварылі, стоячы ў самай гушчыні натоўпу. Нас заўжды абіраюць нікчэмныя пісьменьнікі, каб ачалавечыць нейкі пэрсанаж, які зусім не атрымліваецца жывым. Вось гэты будзе лысы, гэты – з хранічным насмаркам, а гэты будзе заікацца. Глядзіш – і паверыць чытач.

І ўсё ж пісьмо прыдуманае дзеля нас. Тут мы адрываемся напоўніцу, тут для нашай дасьціпнасьці, нашага гумару, нашай чуласьці да мовы – прастор і воля, тут нашае каралеўства. Літары вынайшаў заіка. Але паспрабуй пачытаць услых перад уважліва замерлай аўдыторыяй напісанае табой – якімі б таленавітымі ні былі створаныя табой радкі, праз колькі хвілінаў слухачы пацягнуцца да выйсьця. Нават тыя, хто, накшталт цябе, адзначаныя таўром заіканьня.

Ад заіканьня яшчэ ніхто не паміраў…

Неяк я цэлы год жыў са сваім дзедам у ягонай прапахлай лекамі, аблезлай аднапакаёвай кватэры. Дзеда маё заіканьне аніяк не кранала, ён зусім звар'яцеў, амаль не ўставаў, не адказваў на пытаньні, еў адно бульбяное пюрэ, якое я з тае пары зьнелюбіў страшэнна – столькі давялося перамясіць варанай бульбы, што я ўскокваў па начах, з намаганнем выдзіраючы сябе з аднаго й таго ж сну: ляжу на сваёй канапе ля халадзільніку на кухні, ня ў стане паварушыць рукамі, залепленымі цьвярдзеючым, як цэмэнт, пюрэ, а са столі зьвісаюць і гайдаюцца панада мною нейкія жалезныя трубкі, зь якіх паўзуць каўбаскі ўсё той жа густой жоўтай кашыцы. Дзед рос у сваім ложку як пустазельле, глыбока пусціўшы ў прасьціну карэньне. Уражаньне было яшчэ мацнейшым ад таго, што нават рукі дзед уздымаў загорнутымі ў коўдру, а калі ён варочаў галавой, разам зь ёй, як цьвікамі прыбітая, варочалася й падушка. Улюбёным ягоным заняткам было разглядваць столь з-пад сваіх густых брэжнеўскіх броваў. Я мяркую, што ў столі, зацягнутай па кутох павуціннем, ён знаходзіў сэнс жыцьця, адказы на ўсе пытаньні. Магчыма, у глыбіні столі, на паверхні якой плаваў падобны на кулак цень жырандолі, дзед бачыў сваю будучыню. Бывала, ён гутарыў са столяй на таямнічым арго ўсіх звар'яцелых дзядоў сусвету, і тады я пачуваўся бессэнсоўнай аблачынкай у тым небе, адкуль дзед узіраўся ў нетры свайго існаваньня. Тым ня менш дзеда я любіў, і шчыра радаваўся, калі доктар казаў, што дзед пражыве яшчэ доўга, а пры добрым даглядзе можа пайсьці на папраўку. Але доктар пакідаў пасьля сябе рэцэпты й сьляды каля дзедавага ложку, якія не высыхалі да раньня, і ў мяне было адчуваньне, што гэта сьмерць прыходзіла ўначы праверыць, ці не гатовы стары пайсьці зь ёю.

Дні мае міналі так. А дзявятай я падымаўся, рабіў укол дзеду, зазіраў у ягоныя неміргаючыя вочы ды йшоў гатаваць сьняданак. Пюрэ для дзеда, куды я дадаваў калі-нікалі й дзіцячы мясны паштэт, бутэрброд для сябе. Ставіў імбрык, глядзеў у вакно. Мы сьнедалі, я йшоў на пошту па грошы, якія дасылаў бацька, або накіроўваўся ў краму. Прыйшоўшы дахаты, я чытаў да першай гадзіны, гатаваў абед, рабіў дзеду яшчэ адзін укол, карміў яго й затым да вечара глядзеў тэлевізар. А сёмай пюрэ зноў вымушала мяне апынуцца на кухні, варыць апошнія пяць бульбінаў з абабраных уранку пятнаццаці, ускрываць круглыя маленькія бляшанкі мяснога паштэту – імі была даверху застаўленая шафа ў вітальні – і, стрымліваючы нудоту, начыняць дзеда гэтай небяспечнай сумесьсю. Здаралася, я сядзеў зь дзедам пасьля вячэры гадзіну-паўтары, мне падавалася, што ягоныя амаль нябачныя вусны і вузлаватыя, у бялёсых плямах рукі кажуць мне, сігналізуюць: «Застанься, пасядзі», і я сядзеў, думаючы, што гэтым падаўжаю яму жыцьцё.

У прыбіральню, дарэчы, дзед хадзіў сам. Паглыблены ў кнігу, я заўсёды губляў той таямнічы момант, калі стары падымаўся з ложку – было вельмі жудасна чуць у паралітычнай цішыні кватэры раптоўны шум унітазу – быццам тузін ледзяных статуэтак абрынуўся з высокай паліцы. На экране дзьвярнога праёму зьяўляўся дзед, рабіў крок ды зьнікаў. Я зноў пагружаўся ў кнігу, але ўжо не разумеў нічога на адгорнутай старонцы, і мне даводзілася вяртацца на пару старонак назад. За год нашага суіснаваньня я так і ня здолеў звыкнуцца з гэтымі нечаканымі, але такімі натуральнымі дзедавымі хаджамі.

Такім чынам, пасьля нашай маўклівай размовы я зноў валіўся на канапу ў кухні й браўся за чытанне. Але чаканьне заўтрашняга пюрэ, цёплы подых нары паміж расстаўленых ног, уваход у якую быў закрыты кнігай, утульнасьць канапы, лямпа, што грэла патыліцу, рука, што, быццам выпадкова, запаўзла за пас джынсаў, тактыльная галюцынацыя пасмы жаночых валасоў ля скроні, аднолькавасьць усіх дзён гэтага году не давалі засяродзіцца, ясна ўказваючы, што гэты вечар скончыцца таксама, як і ўчорашні, заўчорашні, пазаўчорашні, як і… Я кідаўся ў вітальню, зарываўся тварам у глуханямую кампанію плашчоў ды паліто, якія пасьля сьмерці бабулі ніхто не апранаў. Толькі гэтак можна было заглушыць прыступ пякучага жаданьня, каб дзед памёр. Тады… тады можна будзе патраціць рэшту грошай на віно й мяса, садавіну ды чакаляту, і калі не сабой – слабым прыдаткам магутнага дзеда, то хаця б гэтай аднаразовай раскошаю завабіць у пустую кватэру якую-небудзь жанчыну й да болю ўнюхвацца ў вуглякіслы газ, які яна выдзяляе. Гатовы забіць сябе за гэткія думкі, я накідваў паліто ды йшоў у горад.

На што я разьлічваў? На выпадковае знаёмства, на тое, што ў мяне спытаюць цыгарэту (у мяне заўсёды быў пачак у кішэні, хаця я й не паліў), на пальчатку, якая выпадзе з маленькай і спакуслівай рукі, на ўважлівы погляд, на гаваркую спадарожніцу ў паўпустым аўтобусе – на ўсё, з чаго мог бы завязацца хаця б нейкі вузельчык. На маркотную студэнтку, на дзяўчыну, якая сыйшла з дому, пасварыўшыся з бацькамі й цяпер ня ведае, дзе б пераначаваць, на выгнаную з дому п'яным мужам жонку, на шукальніцу прыгодаў, урэшце. Мне нічога адмысловага ад іх ня трэба было – толькі бачыць, чуць, адчуваць водар, ляжаць побач – блізка-блізка – на канапе ў маёй кухні, абдымаючы адной рукой гарачы выгін сьпіны, які мроіўся мне цяпер у ва ўсім, нават у падлакотніках вунь тых крэслаў. Дзед не заўважыў бы нічога – яго цікавілі адно высокія сфэры. Я хадзіў па зьзяючых вуліцах і цёмных завулках, я ўваходзіў у тралейбусы, якія рушылі невядома куды, я вар'яцеў, спускаючыся па прыступках, падобных на клявішы, што паўтараюць адзін і той жа матыў. Я шэршэляфаміў на ўсю катушку. Магу сабе ўявіць, якім прагным і жахлівым падаваўся ім мой позірк, калі на твар мне падала сьвятло ліхтара або вітрыны. Ніхто не рэагаваў на маю не эрэгаваную, але надта далёка закінутую вуду. Апоўначы я быў згодны ўжо на любую істоту жаночага полу, нават на гэтых двух таўстух. Я ляжаў бы паміж імі, заплюшчыўшы вочы, і на раніцу ператварыўся б у шчасьлівае шашлычаня. Але ні ў вадзін з гэтых дзікіх вечароў я так і не знайшоў у сабе моцы з кім-небудзь загаварыць. Я вяртаўся дахаты й засынаў.

Але аднойчы загаварыў дзед. Гэтак я цешыўся толькі пятнаццаць год таму, недзе на саракавой хвіліне фільму «Вяртаньне Шэрлака Холмса». Дзед ажыў. Гэта здарылася апоўдні. Я якраз наліваў гарбату ў вялікі патрэсканы кубак, калі за маёй сьпінаю пачуўся ціхі голас: «Я хачу агуркоў. Сьвежых агуркоў.» Я павярнуўся. Дзед стаяў ля дзьвярэй і глядзеў на мяне з папрокам. Я засьмяяўся, я сьціснуў дзеда ў вабдымках гэтак, што ён ледзь ня страціў прытомнасць. Яму лепш, ён папраўляецца! Я пасадзіў яго на канапу, я паабяцаў хутка быць з самымі свежымі агуркамі на сьвеце. Адзіная праблема была ў тым, што агуркі ў гэтую пару году прадавалі толькі ў вадной краме, дзе неабходна размаўляць з прадаўцом. Я ненавіджу гэткія крамы – яны, відаць, створаныя адмыслова дзеля майго мэтанакіраванага прыніжэння. Мне даспадобы тыя крамы, дзе можна ўзяць тавар і моўчкі заплаціць за яго на касе. Але рабіць было няма чаго. Узрушаны ўваскрашэннем дзеда, я доўга вычвараўся перад прадаўцом, спрабуючы патлумачыць мэту майго візыту, пакуль ня страціў цярпеньне, не перагнуўся праз прылавак і ня тыцнуў пальцам у купку запаветных агуркоў. На гэты абед я не забудуся ніколі. Мы елі пюрэ ды салат са сьмятанаю й гаманілі, выдатна разумеючы адзін аднаго. Потым дзеду захацелася паляжаць. Я зрабіў яму ўкол, перасьцяліў ложак і пайшоў на сваю канапу.

Увечары дзеду зрабілася блага. Белы й голы, як накрэсленыя на адпрасаванай прасьціне контуры чалавечага цела, ён ляжаў і задыхаўся. Я зрабіў некалькі спробаў выправіць становішча, аднак неўзабаве зразумеў – трэба выклікаць хуткую дапамогу. З маім заіканнем гэта было цяжка, але магчыма. Я крутнуў дыск тэлефону, але ледзь на другім канцы зьнялі слухаўку, я ўжо ведаў, што сказаць анічога ня здолею. Я тужыўся й напінаўся, я рыкаў і ікаў у гэтае паўтараючае сваё алё чорнае сіта, але сказаць нічога так і ня змог. Я зрабіў яшчэ тры ці чатыры спробы, ня памятаю. Безвынікова. Я патэлефанаваў бацьку, ён ў любым выпадку правільна зразумеў бы мае сутаргі. Але яго, на злосьць, не было ні на працы, ні дома.

У вадчаі я кінуўся басанож, у вадных джынсах, да суседзяў. Але было яшчэ надта рана, усе былі хто на вучобе, хто на працы. Адно толькі ў крайняй справа кватэры мне адчыніла зусім незнаёмая жанчына ў белым махравым халаце. «Ішоў бы ты спаць, дружа,»– сказала яна ласкава й бразнула дзьвярыма. Я ціснуў званок яшчэ і яшчэ, але вочка, дагэтуль жоўтае й поўнае надзеі, цямнела цяпер на светлым блакіце дзьвярэй. Я пабег уніз, але на пляцоўцы між паверхамі ўспомніў, што стары дома адзін, і можа, яму ўжо лепш, а можа… Рэзка павярнуўшыся, я пабег назад, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў тынк, што сыпаўся са сьценаў. У некалькі скачкоў я апынуўся ля ложку, пад расхістанай, узьнятай на дыбкі столяй. Але стары быў ужо м-м-м-м…

2001

НЕ КРАНАЮЧЫ ФІГУРЫ

– Сабака – гэта сабака, – сказаў Радзівіл і рухам гульца ў кеглі падштурхнуў Фэлікса ў круглы азадак, быццам запусьціў шар. Фэлікс паслухмяна рвануўся наперад, кінуўся да выхаду і ўскалыхнуў бамбуковую фіранку, якая толькі што супакоілася. – Сабака – гэта сабака. А гэта – Кашкін.

На мэталічнай калясцы ляжала нешта, падобнае на чалавечыя клубы, якія прыраслі адно да ад нога. Апрача прадаўгаватай шчыліны ўверсе, уся астатняя паверхня гэтай істоты была зацягнутая ружовай дзіцячай скурай. Істота ляжала нерухома, трохі правісаючы ўнізе між прутоў.

– Як? – хмура перапытаў Андатраў.

– Кашкін, – адказаў Радзівіл, зь любоўю гледзячы на зьмесьціва каляскі. – Гэтак я яго назваў. Як на мой погляд, дык гэтае ймя вельмі яму пасуе.

– Ня ведаю, ня ведаю… Гэта хутчэй нейкая філейная частка сьвіньні.

– Якая сьвіньня! Ды любое мяса згніла б за ўвесь гэты час! Не, тут няма сумненьняў, гэта жывое, зусім жывое… Кашкін завітаў да нас з усялякіх дзіцячых казак.

З агідаю паглядзеўшы на Кашкіна, Андатраў запаліў цыгарэту.

– Дурка нейкая, – сказаў ён і расшпіліў верхні гузік на кашулі.– А можа, яно таго – засланае? Можа, Міхей падсунуў, а?

Радзівіл падсунуўся бліжэй да каляскі й пагладзіў Кашкіна па загадкавай шчыліне. Было прыкметна, што Кашкін крыху напружыўся, скура ягоная дзе-нідзе пасьвятлела.

– Спадабалася, – сказаў задаволена Радзівіл і ўзяў са стала келіх з цытрынавым сокам. Шырокі рукаў халату ўпаў, адкрыўшы да локця паголеную руку, амаль гэткую ж ружовую, як Кашкін. Раптам у вакно ўдарыла сонца, выхапіўшы з дальняга кута пакою, захінутага махрамі ценяў, дзівосны цёмна-чырвоны камін, краты якога ўпрыгожвала чыгунная галава мэдузы Гаргоны. Побач з дубовым абедзенным сталом, за якім сядзелі Радзівіл і Андатраў, цяжка разьлегся пад чорнай накрыўкай більярдны стол. Андатраў паглядзеў на асьветленага сонцам Кашкіна, і яму чамусьці непрыемна падумалася пра ўласнае маленства.

– Дзе ты яго ўзяў? – спытаў ён сіпла, марна спрабуючы ўзгадаць усе тыя лічбы, якія ўраньні падаваліся гэткімі важнымі.

– Знайшоў,– адказаў Радзівіл з падкрэсьленай бесклапотнасьцю. – Наш мілы Кашкін тырчаў на доўгай зялёнай сьцябліне, сярод матылёў ды кветачак, і я яго сарваў.

– А калі сур'ёзна?

– Знайшоў, набыў ці ператварыў у Кашкіна аднаго са сваіх даўжнікоў – ня так істотна, Грыгоры Паўлавіч. Мае значэньне тое, што па сутнасьці Кашкін – напраўду расьліна. Я ўжо правёў некаторыя… хм, досьледы. Прызначэнне гэтай дулы мне зразумелае, і, мяркую, усялякіх вучоных мудакоў яно вельмі б зацікавіла.

Радзівіл узьняў келіх, аглядзеў на сьвятло густую вадкасьць, у якой плавалі рухавыя, нібы жывыя, валаконцы, прымружыў вочы.

– Але я люблю справу, і люблю атрымліваць са справы вынік. Прызначаны Кашкін дзеля таго, каб цярпець.

– Каб што? – раздражнёна перапытаў Андатраў.

– Каб цярпець. Кашкін жывы, але ён ня здольны ні на якія дзеяньні. Ён папросту кавалак плоці, так, бяз лапаў, без хваста, мазгоў, зубоў і таму падобных прыбамбасаў. Ня маю аніякага ўяўленьня, як ён харчуецца, ды мне й пляваць – жэрці ён ня просіць ужо месяц і, як бачым, выдатна пры гэтым пачуваецца.

Радзівіл паляпаў па Кашкіне рукой.

– Ён ня сера й ня вые ўначы. А галоўнае… Ён трывае які заўгодна боль, толькі напружваецца й стогне так… досыць жаласьліва. Раны, дарэчы, загойваюцца ня больш чым за дзень. Падаруначак, а?

У пакой убег Фэлікс, лёг ля ног гаспадара, ляпнуў хлыстом хваста па канапе, якая адказала пакорлівым уздыхам спружынаў. Андатраў недаверліва паглядзеў на Радзівіла й запаліў новую цыгарэту.

– Пачакайце, Грыгоры Паўлавіч, – рука Радзівіла неверагодна грацыёзна выгнулася і ўзяла з далоні Андатрава змайстраваную ў форме кулі цяжкую запальнічку. – Вось зірніце.

Радзівіл паднёс паслужлівы агеньчык да ружовага боку Кашкіна й з захапленнем пачаў глядзець, як задрыжэла скура, як праступіла на ёй выразная пляма, падобная на зуб, якім яго малююць на рэклямных абвестках стаматалягічных лякарняў. Пляма неўзабаве з бледна-чырвонай стала пунсовай, а потым і зусім пачарнела. Кашкін маўчаў.

– Не, дайце лепш цыгарэту, – таргануў рукой Радзівіл. – Вось так. Бачыце? Ды падсуньцеся бліжэй, або вам бінокль прынесці?

Прыкладна праз хвіліну Кашкін тонка і адрывіста завішчаў. Радзівіл прыклаў цыгарэту не туды, дзе нядаўна пабывала запальнічка, а ля самае шчыліны. На пах смажанага Кашкіна падняў галаву Фэлікс, які да гэтага абыякава драмаў каля стала, – пачалі рухацца ноздры, усталі тарчма й быццам зацвярдзелі шэрыя, у бліскуча-чорных паўмесяцах, вушы.

Радзівіл прыбраў цыгарэту, затушыў у попельніцы. Андатраў запаліў другую. Кашкін усё яшчэ вішчаў – ужо гучней, але можна было трываць.

– Фэлікс! – позірк Радзівіла, які весела блукаў па пакоі, трапіў урэшце на сабаку. – Фэлікс, вораг! Вораг!

Сабака ўскочыў, аддана паглядзеўшы Радзівілу ў вочы, – ён яшчэ не разумеў, чаго ад яго хочуць, але ўжо быў гатовы выканаць любы загад. Абвёў разумнымі вачамі Андатрава (той увесь сьцяўся) – ці не яму пракусіць які-небудзь жыцьцёва важны орган? – потым уцяміў, у чым рэч. Фэлікс зарыкаў, з размаху брахнуў па нікчэмным, як мокрая нітка, віскаце Кашкіна.

– Фэлікс, узяць! Узяць! Кусьсі! – заравеў Радзівіл.

Фэлікс, які вырас амаль удвая, кінуўся да Кашкіна, ударыў пярэднімі лапамі пруты каляскі, якая павалілася на дыван. Кашкін выпаў зь яе, пастаяў імгненьне на баку й мякка лёг на пухнаты ворс, не перапыняючы віскату. Фэлікс рвануў нерухомае цельца лапай, адначасова замкнуўшы на ружовай скуры свае строгія маршальскія сківіцы. Вельмі натуральна й чакана з Кашкіна пацякла кроў. Цяпер ён сапраўды нагадваў сьвініну. Енк ягоны стаў пранізьлівым і ўжо не спыняўся, бы высока-высока ўзьнятая нота.

– Цудоўна, цудоўна! – усклікнуў Радзівіл, узьняўся з мейсца й пачаў таптаць Кашкіна – збоку выдавала на тое, што Радзівіл выконвае народны танец. Ногі ягоныя – безвалосыя, моцныя, з пляскатымі каленямі – сінхронна выскоквалі з-пад халату, як быццам падпарадкоўваючыся схаванаму пад ім бубну. Фэлікс, якому адна з ног гаспадара выпадкова стукнула па пысе, адыйшоў ад Кашкіна, але з задавальненьнем працягваў глядзець, як той ператвараецца ў акрываўлены кавалак мяса. – Цудоўна!

– Цудоўна… – стомлены Радзівіл апусьціўся на канапу, выцягнуў перад сабой ногі, памачыў вусны сокам. Кашкін скуголіў, Фэлікс паспрабаваў заняцца ім зноў, але крык Радзівіла «Нельга!» спыніў яго, і ён, пазяхнуўшы, аблізваючы ружовыя зубы, усеўся напагатове каля каляскі. Пакрысе Кашкін сьціх.

– Здох, ці што? – усьміхнуўся Андатраў.

– Ды не, Кашкін у нас жывучы, – сказаў Радзівіл, аддыхаўшыся. – З гарматы па ім страляй – не падохне.

– Што, праўда зажыве як на сабаку?

– Вы сабакаў не чапайце, Грыгоры Паўлавіч, – з крыўдаю прамовіў Радзівіл. – Сабакі – яны дзеля іншага, яны – ваяры, яны – верныя пешкі. Люблю я іх, гадаў. Ды і яны мяне любяць. Сабака за мяне пад нож пойдзе. Гэта вам не каты, паскуды. Сабака – гэта моц, гэта прыгажосць. У сабакаў мазгі ёсьць. А вы Кашкіна зь імі параўноўваеце. Я ж кажу, Кашкін – ён расьліна.

– А я, здаецца, пачынаю разумець, куды ты, Радзівіл, хіліш… – сказаў Андатраў.– Цікава…

Ён пастараўся надаць твару непранікальнасьць. Адкуль ён узяўся, гэты Радзівіл? Размаўляе дзіўна, сапляк яшчэ, але ж вось камітэт сабе набыў, і ўвогуле прыемна, і справу зь ім мець, і паслабленьне сабе наладзіць.

Радзівіл узяў са стала два чыстыя келіхі, напоўніў іх віном, сабе – паменей, Андатраў прыняў келіх зь ягонай рукі, пальцы іхныя лёганька судакрануліся.

– Кашкін – ён, натуральна, нейкая невядомая навуцы жывёла, мутант, магчыма, – пачаў Радзівіл ціха. – Але калі разглядаць паводзіны, ён – расьліна. Сапраўдная жывёла, самая небясьпечная, драпежная, крыважэрная – гэта чалавек, вы ж ня будзеце спрачацца з гэтай відавочнай ісьцінай? Нематываваная агрэсія – вось што адрозьнівае нас ад астатняга жывёльнага сьвету. Трэба ж кудысьці падзець тое, што падсыпаў у начыньне ў руках бога д'ябал. Чаго вы сьмеяцеся?

– Бог, д'ябал… – прыкрыў рот рукой Андатраў.– Сьмешныя словы. Я такія ў жыцьці ніводнага разу не вымаўляў. Дзіўны ты, Радзік. Бог – гэтае слова ў нармальнага чалавека, ну, такога, які цяпер жыве, столькі ж сэнсу ўтрымлівае, як «бля» або «мудак». Ну добра, добра, працягвай, – махнуў ён указальным пальцам.

Радзівіл усьміхнуўся некуды ў сябе і Андатраву, які захоўваў на твары скептычную міну, застаўся адно від ззаду ягонай мімалётнай усьмешкі.

– Вось глядзіце. Мужык вяртаецца з заводу пасьля дзьвюх зьменаў запар, прыняўшы чарліка на грудзь… дома натыкаецца на жонку, якая, само сабою, піліць яго, піліць… Пацан саплівы торгае яго за рукаў: «Тата, дай грошай!»

Твар Радзівіла сказіўся так, што Андатраў міжволі зморшчыўся.

– Што мужык зробіць? Жонцы ў зубы, пацану – выспятка. Жонка параве, і ў мянтуру званіць. Пацан – на двор, і каго-небудзь замочыць. Мужык потым зноў – жонцы й пацану. Выхоўваць жа трэба. Другі прыклад. Адмарозкі йдуць па вуліцы й невядома з чаго будку тэлефонную – у шматкі. Ці тачку тваю, Грыгоры Паўлавіч. Альбо яшчэ. Урач, які за месяц гнойнікаў нагледзецца, а потым заробку атрымае гэткі ж гнайнік. І зарэжа каго-небудзь з расчараваньня.

– Ну, згадзіся, Жаўткову мы ня гнойнік плоцім, – сказаў Андатраў.

– Жаўткова не чапаем. Жаўткоў – бог сярод дактароў. Слухай, Грыгоры Паўлавіч, далей. Вось, памятаю, у вадным апавяданьні герой кажа – гэта самы першы сказ – «Я прачнуўся з жаданьнем каго-небудзь забіць». Заўважце: каго-небудзь. Няважна. Перш-наперш – прага ўбачыць свой боль, які перажывае нехта іншы. І мужыку-рабацягу, і жонцы ягонай, і пацану, і доктару, і ўсім нам мала талерку разьбіць, або ў зубы даць ад злосьці, або дзьвярыма бразнуць, кулаком па стале пагрукаць. Нам трэба кроў сапраўдную ўбачыць, каб ведаць, каб пераканацца – камусьці зараз яшчэ больш хранова за цябе. Толькі гэтае «камусьці» мусіць абавязкова быць жывым, мусіць вішчаць і румзаць, мусіць крывёю сьцякаць. Тады ў нас толькі вернуцца спрадвечная дабрыня, спакой і розум.

– І вось тут Кашкін прыдасца, – сказаў Андатраў, задуменна хітнуўшы галавою. – Ён жа жывы, жывейшы за ўсіх жывых. Але ніхто ня скажа, што ён – жывёла.

– Кашкіна закатаваць – усё адно што дзьмухавец на лузе растаптаць, – пагадзіўся Радзівіл. – Аніякае адказнасьці, ні юрыдычнай, ні маральнай.

Яны трохі памаўчалі.

– Зноў сонца, а я ўсё мерзну, – узяўся за бакі Андатраў.– Сьпіну ломіць, загадай камін затапіць.

– Зараз, зараз, – адгукнуўся Радзівіл. Ён націснуў кнопку недзе ў стале, і ў пакой тут жа ўвайшоў, тузаючы рукавы свайго ватніку, падобны на міністра замежных справаў мужчына.

– Кашкіна – уніз, – распарадзіўся Радзівіл, начэсваючы Фэліксу бліскучую сьпіну. – А камін я зараз сам…

Міністр выйшаў, вярнуўся з лапатаю для прыбіраньня сьнегу, укінуў Кашкіна ў каляску і ўкаціў. Фэлікс праводзіў іх уважлівым позіркам.

– Ёсьць і яшчэ адна рэч, – засьмяяўся Радзівіл, беручы ў рукі вялікі жалезны кій і накіроўваючыся да каміну. – У вас жа ўнук гадуецца, Грыгоры Паўлавіч? Колькі яму ўжо?

– Ды дзесяць, – няўцямна ўсьміхнуўся Андатраў.

– Яму ж хутка сэксу захочацца. Драчыць там, усё такое… А вось будзе ў яго Кашкін – паставіць унучак яму пару палак, у любы час, калі прыпрэ, ну, ведама ж, калі бацькоў дома ня будзе. Патрэніруецца хаця б, а?

– Ды я яму…! У яго ўсё як у людзей будзе!

– Жарт, жарт, але ў кожным жарце… Я спрабаваў. Выключна дзеля дасьледваньня. Сабой рызыкаваў, можна сказаць. Шчыліну ў Кашкіне бачылі? Як дзьве кроплі.

На гэты раз засьмяяўся і Андатраў, хаця на душы ў яго было брыдкавата. Сам не разумеючы, нашто, ён прамовіў:

– Можа, усунеш – ня высунеш?

Яны зарагаталі абодва, як дзеці. У каміне затрашчала, галаву Гаргоны абвіла тонкая сьпіраль дыму. Стоячы ля кратаў й назіраючы, як паўзе па паленьні смала, Радзівіл, усё яшчэ расцягваючы ва ўсмешцы пульхныя вусны, загаварыў ужо іншым тонам:

– Нас мусіць цікавіць адно – як Кашкін размнажаецца, і ці размнажаецца ён навогул. Калі не – размножым. Пасадзім пару вучоных аўтарытэтаў на клянаваньне. Клянуем Кашкіна, а? Зробім краіну чысцейшай! Уся агрэсія будзе сыходзіць у Кашкіных. Кашкін – вызваленьне ад грахоў, Кашкін – збаўца, Кашкін – і ты даруеш сваім ворагам. Царква супраць ня будзе. Разумееце – мы будзем іх прадаваць. Я, як бачыце, ужо думаю пра рэкляму. Кашкіна – у кожную сям'ю. Потым – за мяжу, экспарт, валюта ў бюджэт. Зрэшты, прабачце, практычны бок я бы хацеў абмеркаваць з вамі.

– Па шчырасці, гучыць як трызьненьне дзіцяці,– Андатраў быў уражаны, і ня столькі ўсімі гэтымі ідэямі, колькі пераканаўчым голасам Радзівіла. – Але падумаць трэба. Давай, Радзік, прыязджай да мяне на офіс, недзе аб адзінаццатай, заўтра.

– Дамовіліся, – Радзівіл адыйшоў ад каміну. – Само сабою, сёньня – аніякіх справаў. Толькі адпачынак і натхненьне. Вы яшчэ не памерлі ад нецярпення даведацца, як там справы ў нашым паядынку?

– Мы ж толькі тыдзень таму пачалі,– замахаў рукамі Андатраў.

– Але ж нашыя хады ўжо мелі нейкія наступствы, – кінуўся на канапу Радзівіл. – Цікава ўсё ж гуляць такімі фігурамі. Галоўнае – ніколі ня ведаеш, што прынясе чарговы ход. Але прабачце, Грыгоры Паўлавіч. Пасядзіце, калі ласка, тут. Сястрычка ўжо прыехала. Сёньня пяты дзень, яшчэ пяць уколаў. І як гэта мяне схапіла… Зараза гэткая… Прабачце.

– Ды я пасяджу, пасяджу, – сказаў Андатраў.

– Давайце я вам тэлевізар уключу, – Радзівіл шчоўкнуў пальцамі, і на сьцяне засьвяціўся стракаты квадрат. – Там пульт на канапе, а вы прабачце. Я хутка.

– Добрая тэхніка, – пахваліў Андатраў, але Радзівіл ужо зьнік за бамбуковай фіранкаю.

Дыктар, чамусьці натужна крэкчучы пасьля кожнага вымаўленага слова, распавядаў пра сустрэчу ўрадавай дэлегацыі з работнікамі аховы здароўя. Урадоўцы ў ватачэньні дактароў павольна йшлі праз парк нейкае вольніцы. Усе без выключэння былі ў белых халатах, і немагчыма было зразумець, хто ў гэтым натоўпе на экране палітык, а хто – хірург. Недзе на заднім пляне, пасаджаны камэраю аэратара на чужыя плечы, прамільгнуў твар Радзівіла.

Кашкін, вядома, надзвычай цікавы, але ідэя з клянаваньнем – фантастыка. Хаця часта гэткія фантастычныя ідэі прыносяць першаму, хто ў іх паверыць, забясьпечаную старасьць. «І вечную маладосць,»– прашаптаў Андатраў. Пакуль што маладосць яму прыносіла Гульня. Вельмі займальная гульня, зь якой яго пазнаёміў Радзівіл. У ёй усё злучанае – чым больш вытрыманы азарт, чым вышэйшыя стаўкі, тым вастрэй адчуваньне дыхаючай у руцэ фігуры, тым шырэй гульнёвае поле, тым саладзей сьціскаецца сэрца ад пачуцьця ўлады, у якой знаходзіцца ход, які належыць табе адному. Колькі гульняў было паспытае, а галоўная, пра існаванне якой ён, ужо такі стары й хворы, з інфарктам за сьпіной, да знаёмства з Радзівілам і не падазраваў,– галоўная гульня, не зацыкленая на выніку, а такая, якая дае асалоду ад заціснутых у жменю чужых учынкаў і лёсаў,– галоўная гульня таілася ў пакойчыку збоку ад вялізнай, цёмнай і задушлівай залі Старасьці. Гульня ў пакрытым цьвільлю сасудзе з антычнай гліны. Гульня загадкавая, высакародная, прывабная – як бутэлька фалернскага. Гульня, ад якой ужо няма моцы адмовіца. Пра навіны спорту распавядзе…

– А ў нас свае шахматы, – бадзёра сказаў Радзівіл, уваходзячы ў пакой. – Ну што, наша партыя працягваецца?

У руках Радзівіл трымаў белую, упрыгожаную аксамітам, каробку. Яна была ўрачыста выстаўленая на стол. На дробна, бязладна раскрэсьленым полі, пакрытым па краёх складанай вязьзю, стаяла некалькі дзясяткаў фігураў. Радзівіл падсунуў стол бліжэй да канапы. Андатраў прагна паглядзеў на дошку, спрабуючы адшукаць хаця б нейкую лёгіку ў разьмяшчэньні колаў і квадратаў. Але там быў зусім заблытаны лябірынт.

2001


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю