Текст книги "Натуральная афарбоўка"
Автор книги: Альгерд Бахарэвіч
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 13 страниц)
Цалаваньне цягнулася яшчэ доўга. Тыя, хто ўжо выканаў пачэсны абавязак, разьбіліся на купкі. Маляры стаялі недалёка ад прахадной, палілі, сплёўвалі ў сьнег. Стах узбадзёрыўся, тая адлегласць між ім і ягонымі калегамі, якая настойліва дэманстравала сябе ад пачатку сьвята, кудысьці падзелася, цяпер ён пачуваўся роўным сярод роўных. Побач стаяла Сьняжана, Мурло распавядаў непрыстойныя показкі, і зьвяртаўся больш да Стаха, чым да астатніх, але сьмяяліся ўсе, і нават Кірыла Антоныч. Цеснае кола грэла Стахава самалюбства, ён удаваў на твары грубаватасьць, лавіў свой адбітак у шкле прахадной, і яму падавалася, што грубаватасьць такая вельмі пасуе ягонаму твару. «Ой, а можна паспрабаваць!»– Сьняжана ўзяла са Стахавай рукі цыгарэту, з фальшывай няўклюднасьцю зацягнулася, тэатральна закашлялася: «Брыдота!» Маляры засьмяяліся, і Стах гучней за ўсіх.
Нарэшце першая частка сьвята скончылася. Рэпрадуктары ўладнымі галасамі запрасілі ўсіх перайсці ў тэрмічны цэх. Там, як з жахам даведаўся Стах, мусіў прайсьці конкурс цэхавых сьценгазэтаў.
Распарадчык бегаў па агромністым памяшканьні, мітусьліва зрываў тканіну з фанэрных шчытоў, пад якой таіліся цнатлівыя тварэньні мазолістых рук і нізкіх ілбоў. Хаваючыся ў цені бела-зялёнага мэталёвага цыклёпу, які, склаўшы на грудзёх нягнуткія рукі, цярпліва чакаў панядзелку, Стах з палёгкаю аглядаў намаляванае канкурэнтамі. У большасці сваёй гэта былі пляскатыя, як партатыўныя стэпы, прымітыўныя, бедныя на аб'екты малюнкі, пазбаўленыя ўсялякай дынамікі, з убога вытыркнутай, ні ў чым не задзейнічанай прастораю. Да ўсяго шмат хто з гэтых самадзейных мастакоў хварэў, відаць, на касавокасьць. Шанцы на перамогу ўзрасталі незвычайна. Аднак усё вырашала журы. Яно ўжо тапталася ля ўваходу ў цэх, і, хутчэй за ўсё, даўно марыла пра банкет. Стаха прыціснулі да агрэгату, і Стах палічыў за лепшае ўскараскацца цыклёпу на плечы. Адтуль быў, дарэчы, лепшы агляд, і Стах нават мог чуць, пра што перамаўляюцца між сабою насупленыя члены журы, якія па запрашальным паклоне распарадчыка рушылі ў рэшце рэшт у вабход сьценгазэтаў.
Журы йшло досыць хутка, амаль не спыняючыся ля твораў, людзі ў дублёнках стараліся трапіць у нагу з Марлокіным, які кідаў на газэты павярхоўныя, зусім незацікаўленыя позіркі, ды варушыў задумліва тоўстымі губамі: «Добра… Добра… Някепска, так, някепска…» Стах з напружаньнем сачыў за генэральным, а генэральны набліжаўся да мэты. Уласная сьценгазэта падалася раптам Стаху такою роднай, такой шчымліва прыгожай, што ён ужо гатовы быў прабегчы па галовах, якія абыякава назіралі за шэсьцем начальнікаў, выскачыць да экспазыцыі, схапіць сваё дзецішча ды выратаваць, абавязкова выратаваць ад гэтага крыўднага марлокінскага «някепска». «Хвалюешся?»– са спагадлівай усьмешачкай задраў галаву Бурцэвіч. Марлокін падыйшоў да малярскай газэты, акінуў позіркам, рушыў далей. Стах міжволі заплюшчыў вочы. Ад каго, уласна, ён чакае справядлівай ацэнкі? Што, адміністрацыя на чале з Марлокіным або гэтыя адмарожаныя «госьці нашага прадпрыемства» – мастацтвазнаўцы ці мастакі…
Стах гучна выдыхнуў ды адплюшчыў вочы. Марлокін з усёй хеўрай стаяў каля ягонай сьценгазэты, смурна ўтаропіўшыся на каліграфічна выведзеныя радкі пра Сяльмаша Сяльмашыча. Астатнія члены журы нецярпліва глядзелі на дырэктара. Сэкунды, лямантуючы, ганяліся адна за адной па зялёнай лугавінцы Стахавага мозгу. Скажы што-небудзь, шэф, ну жа! Марлокін маўчаў. Маляры ўцямілі, у чым справа, і пераводзілі позіркі са Стаха на дырэктара, з дырэктара на Стаха. Ну жа!
– Плача, – пачулася нечакана сярод цішыні. Баязьлівы шэпт кагосьці з рабочых прагучаў як нябесныя грымоты. – Генэральны плача.
І сапраўды, па шчацэ Марлокіна паўзла, нібы палюючы на схаванага ў валасатым носе тушканчыка, драпежная сьляза. У паветры запахла аміякам. Члены журы насупіліся, і кожны намагаўся выціснуць са сваіх начальніцкіх нетраў належную, няхай і самую малую, кропельку. Твар Марлокіна яшчэ больш пазмрачнеў. Да яго нахіліўся адзін з намесьнікаў, раздумваючы, як бы гэта падалікатней ухапіць вяльможную сьлязу. Марлокін рашучым тэстам адагнаў яго.
– А добра ж, – прамовіў ён бясколерным, пустым голасам. – Як усё ж добра…
Генэральны салютападобна высмаркаўся.
– Зірніце, таварышы, – Марлокін павярнуўся да астатніх членаў журы. – Як?
Але члены журы ўжо ўсе як адзін любаваліся сьценгазэтаю, выдаючы на абазнаных у жывапісе калекцыянэраў.
– А? – Марлокін слаба пасьміхнуўся. На тварах астатніх адразу ж зайгралі кволыя падабенствы ўсьмешак, больш або менш падобныя да арыгіналу. Праўду сказаць, толькі адзін з гасьцей прадпрыемства ніяк не імкнуўся дагадзіць генэральнаму. Стоячы ў расшпіленай чорнай дублёнцы, ён флегматычна й нават трохі пагардліва глядзеў перад сабой і ўсім сваім выглядам дэманстраваў поўную незалежнасць.
– А? – Марлокін усьміхнуўся яшчэ шырэй, і тое ж зрабілі астатнія. Тады Марлокін раскаціста зарагатаў, і неўзабаве журы ў поўным складзе, за выключэннем флегматычнага госьця, які адно стрымана расьцягнуў вусны, рагатала, плявалася, парцалянава адлюстроўвала зубамі адно аднаго ды выцірала мокрыя вочы. Тут Марлокін заўважыў чалавека ў чорным, і сьмех ягоны няўлоўна сказіўся непрыязнай сутаргаю.
– Што скажаце, Аляксандр Барысавіч? – спытаў Марлокін празь сьмех, зьвяртаючыся да гэтага чалавека. – Як вам гэты… узор творчасьці нашых… ге-ге… работнікаў? Што скажаце, дарагі вы наш таварыш Радзівіл?
Радзівіл з прыкрасцю адкашляўся, незалежна пасьміхнуўся кончыкамі вуснаў і мэлядычна адказаў:
– Тамбоўскі воўк, даруйце за грубасць, вам таварыш, Канстанцін Сямёнавіч. Не забывайце, які час на двары, спадару генэральны дырэктар. Калі хочаце ісці ў нагу з часам, памятайце, што эпоха зьмянілася, і ня ўсе господа цяпер в Париже. А сьценгазэта выдатная, гэта праўда. Адчуваецца вялікі талент. Добрыя кадры рыхтуеце, Канстанцін Сямёнавіч.
– Ага, – пераможна ўсклікнуў Марлокін, і вочы яго памутнелі.– Я ж кажу… І таварыш Радзівіл… Знаёмцеся, дарэчы, хто яшчэ ня ведае, – Аляксандр Барысавіч Радзівіл, наш госьць, старшыня камітэту… камітэту… ну, няважна, карацей, самы пэрспэктыўны наш малады, так бы мовіць, гаспадарнік, так… Добрая газэта, выдатная, – голас Марлокіна станавіўся ўсё сур'ёзней. – Асабліва радкі гэныя… да сьлязы давялі… Эх… Та завадзкая прахадная, што ў людзі вывела мяня… Чыя сьценгазэта, кажаце?
– Маляры, таварыш дырэктар, – перад Марлокіным вырас распарадчык.
– Ну дык, як гэта гавораць… – прагнусавіў Марлокін. – Аўтара!
Добразычлівыя кулакі выпіхнулі Стаха прад вочы генэральнаму. Той працягнуў руку, але Стах, сам ня ведаючы чаму, укленчыў перад дырэктарам і ўпіўся ў яе вуснамі.
– Ну, ну, – з вачэй Марлокіна ледзь не бліснула яшчэ адна слязіна. – До, до… Парадаваў старога. Як зваць?
Адзін з намесьнікаў прашаптаў нешта на вуха Марлокіну ўсхваляванай скарагаворкай.
– Малайчына! Ступай. Ух, расчуліў…
Не зьвярнуўшы ўвагі на іншыя газэты, што ціснуліся да сьценаў пахілымі сьпінамі, Марлокін хуткім крокам пайшоў да выйсця. А рэпрадуктар ужо роў: «Першае месца ў конкурсе сценных газэтаў цахоў ды адзьдзелаў прадпрыемства заваяваў…» і г. д. Стах, якога білі па плячох усе, хто насіў на штрыфлі пэндзаль, зьбянтэжана раскрываў рот, але сказаць нічога ня мог. Прызналі… Упершыню… Першы посьпех… Як жа гэта ён мог сумнявацца… На шчацэ ягонай распускаўся густым барвовым цьветам шчодры пацалунак Сьняжаны. – Ну, прэміі нам забяспечаныя, – паўтараў Мурло. – Якое прэміі,– гундосіў Кірыла Антоныч. – За хлопца прыемна!
Між агульнай мітусьні Стаха не пакідала адчуванне, што на ім, як сонечны зайчык, блукае нечы зацікаўлены позірк. Калі ўсеагульная радасьць пачала пакрысе сьціхаць, ён аглядзеўся па бакох. Воддаль, паадстаўшы трохі ад астатніх начальнікаў, стаяў ля бела-зялёнага агрэгату той самы Радзівіл ды заклапочана, але сьветла й вельмі дзіўна пазіраў на шчасьлівага Стаха.
Народ высыпаў на плошчу. Рабочыя ў захапленні вохалі, лаяліся й храсьціліся: плошча была застаўленая палявымі кухнямі, каля якіх шчыравалі павары – сівыя дзяды, завешаныя ардэнамі, мэдалямі ды ордэнскімі плянкамі. Кожнаму жадаючаму, а прычасціцца бясплатнаю сьвяточнай ежаю жадалі хіба ня ўсе работнікі прадпрыемства, у бляшаную місу накладалі разварыстай пярлоўкі ды налівалі чысцюткай берасьцейскай гарэлкі ў малянкоўскія клясычна-рабрыстыя шклянкі. Многія выпівалі, хапалі жменяй хутка астываючую на марозе кашу ды спяшаліся зноў стаць у чаргу. Рух на плошчы разгараўся, людзі бегалі, сьмяяліся, недзе паблізу пятага мэханічнага цэху зайграў гармонік. Цямнела, адзін за адным па-над плошчаю запаліліся вялізныя пузатыя ліхтары, і вось ужо некаторыя падалі ў сьнег, па-жывёльнаму завываючы. Сьціх у дынаміках кабзон, і самы важны, самы моцны ліхтар асьвяціў сцэну. Там гулка завібраваў бубен, топнула табурэтачнай нагою паважная дама ў нацыянальным строі, ліха расьцягнуў пашчу гармоніку невысокі хлопец з накладным чубам. Пара маладых людзей студэнцкага веку з жарсьцю сплялася ў вабдымках і кінулася танчыць. Пад ненармальна вялікай балалайкай гінуў, адбіваючыся ад тоўстых, як тросы, струнаў, суханькі чалавек з п'янымі ачмурэлымі вачыма. Дама зараўла, вывяргаючы з роту тоны ватнай пары: «Ігдзе жа ты гуляла дзярэўня да на ценькі лес!!!» Маладзёвы сіпла прагаласілі: «Вух!» Бубнач калаціў свой інструмэнт, быццам прымушаў яго прызнацца ў страшным злачынстве. «Ансамбль „Яромка“!»– прагудзеў урачыста рэпрадуктар зьлева. «Пераможца-конкурсуўрдлоіконкурсуўіпртоіконкурсуўпвке!!!»– старанным мулою падтрымаў яго рэпрадуктар справа. «Толькі што з гастроляў паўсі!!!» Вакол сцэны імгненна сабраўся натоўп. «Аўтограф папрасі,»– стагнала работніца прадпрыемства, якая ня здолела прабіцца да яромкаўцаў, сваёй сяброўцы, якая лезла да сцэны па плячох калегаў, з задранаю да таліі форменнай спадніцай. «Вечна, бляха, кантралёры гэтыя шчэмяцца,»– нязлосна пракрычаў Бурцэвіч, рыхтуючыся да адчайнага скачку ў эпіцэнтар падзеяў. Палявыя кухні хутка пачалі зьбіраць рыштунак ды ад'язджаць у накірунку Плянава-аўтаномнага радыялягічнага адзьдзелу дастаўкі й забесьпячэньня. Многія з рабочых, ужо не зусім цьвёрда трымаючыся на нагах, накіроўваліся да цямнеючага ў канцы алеі прэсавага корпусу – там, як абвясьціў трэці рэпрадуктар, пачыналіся глядыятарскія баі.
Стах, які ўжо пасьпеў выпіць і з Кірылам Антонычам, і з Мурлом, і зь Дзеленстапам Каўкомавічам, і з Бурцэвічам, і – асобна – з цэлым гуртам размаляваных, пенаротых дзяўчатаў, торгаўся зараз у руках Сьняжаны, як пераламаная камышына, каля самай сцэны, намагаючыся мацней ухапіцца за яе не такі ўжо й тонкі стан, што ўпарта выслізгваў з рук. Яромка, які напачатку быў усяго толькі вясёлым казачком, скачучым пад замілаваныя воплескі дарослых, ператварыўся пакрысе ў заваднога жудаснага Вія, што прыняў парачку пігулак экстазі. Шалёная музыка жывілася вакханаліяй, пануючай на заводзкай плошчы, Яромка знаходзіўся ў сваёй стыхіі, і гэты рэдкі выпадак прымушаў музыкаў выкладвацца напоўніцу. Марыя Пятроўна вязала са сваіх грудзей мудрагелісты вузел і лямантавала ў мікрафон ня горай за Бона Скота, Мікола рваў гармонік так, быццам хацеў паглядзець нарэшце, што ж там ў яго ўнутры, Ягор біў у бубен галавой, Вікторчык фунікулёрам езьдзіў па апошняй жывой струне, а Жэня й Дзіна, здавалася, зараз злучацца проста на падмостках. Між музыкаў поўзала Эла Сямёнаўна, фіксуючы гэта ўсё на фотастужку са спакоем фотааматара з войскаў СС. Апрача таго, выступ «Яромкі» здымаўся на відэа і запісваўся на CD. Лепшы выступ за ўсю гісторыю ансамбля. На апошнім паверсе будынку адміністрацыі палала д'ябальскім сьвятлом шырокае й доўгае вакно – там адзначала Дзень прадпрыемства адміністрацыя.
Стах ужо літаральна вісеў на Сьняжане – да яго рэгулярна падыходзілі незнаёмыя людзі, дыхалі ў твар, білі па плячох, ціснулі пасінелыя Стахавы рукі. Яму падабалася знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, цяпер ён пачуваўся гатовым прайсьці праз усе кардоны й знайсьці Марлокіна, абняць Марлокіна, пацалаваць Марлокіна ў родныя вусны, занесьці Марлокіна на руках у яго рэзыдэнцыю, ды ці мала што яшчэ. Жанчыны вішчэлі, паўтараючы за Марыяй Пятроўнай: «Міленькі, мі-і-іленькі дружо-о-очак, пойдзем у садочак!» Стах пракрычаў гэта разам з усімі, але яму падалося, што занадта ціха. Дый навогул, неяк вяла гэта ўсё, вяла. Ён расшпіліў прарэх і памачыўся ў сьнег. «О-о-о,»– авіяцыйнай бомбаю прасьвісьцела, прагудзела вакол. «Я – Джым Морысан,»– сказаў ён Сьняжане. «А ты чаго такая задаволеная? Я – Джым на шчасьце лапу мне… Команбэйбі… лайкмайфая…» Да яго праціснуўся голы па пояс мужычок з залатым праваслаўным крыжом на валасатых грудзёх. «Я – Паша,»– сказаў ён дзелавіта. – «Хачу, ё, з табой выпіць, ё. Ты ж, ё, герой проста дня. Цябе як?»– «Джым,»– прамармытаў Стах. Паблізу нехта расклаў вогнішча, празь якое зараз жа пачалі скакаць голыя бліскучыя целы. «Джын маецца,»– сказаў мужычок, косячы вокам. – «Барысаўскі. А ты ў курсе, што Рулінскі з ЦЗЛ… ён летась конкурс выйграў… сабе харакіры зрабіў толькі што, ё. Зуб даю, ё. Каля тэрмічкі проста. Сур'ёзна, ё. Ну, давай.» Стах ужо няздольны быў зьдзіўляцца, як гэта ў яго сёньня атрымліваецца так доўга не ванітаваць. Паша адрыгнуў і задыхаў ля Стахавага носу: «Хадзем паглядзім, а, ё?»– «Ноу,»– скрывіўся Стах. «Не, хадзем,»– раптам запярэчыла Сьняжана. Яна вывалакла Стаха з натоўпу. За статуяй панавала ўжо ўсёпераможная цемра. «Можна тваю даму запрасіць?»– нядобрым голасам запытаў Паша. Але тут Стах упаў галавой у сумёт. «Ды ну вас,»– плюнуў Паша. – «Арганізмы слабыя, ё. Панажыраюцца, ні паё, ні пая.»– «Вось і добра,»– прамовіла Сьняжана, яшчэ глыбей зарываючы галаву Стаха ў сьнег. – «Адыходзь.» Паша ўшчыкнуў Сьняжану ды сыйшоў у цемень.
І праўда, праз парачку стагодзьдзяў Стах ачуняў. Сьняжана ўліла яму ў глотку грам пяцьдзесят і яшчэ прытрымала Стаху сківіцы, каб ня выйшла назад. Жыцьцё вярталася. «Холадна,»– прамовіў Стах невыразна. «Зараз будзе цёпла,»– сказала яна па-змоўніцку ды ўзяла яго за руку. «Зараз. Ідзем.»– «На харакіры?»– спытаў Стах слаба. Яна нецярпліва хінула галавой, і яны рушылі туды, дзе цемра зжэрла нават абрысы будынкаў і насякомыя лямпачкі.
Хутка й праўда стала цёпла. Рука Сьняжаны хваравіта падрыгвала, мацала Стахава запясьце, апранала на сябе дохлую чашую ягоных пальцаў. Зьвінелі правады на нябачных сьценах, Стах грудзямі наляцеў на дзьверы. Шумела галава, будынак, у якім яны апынуліся, меў нейкую складаную пляніроўку, бо сьцены тут бесперапынна размнажаліся, пачкаваліся, паміралі й зьяўляліся наноў. Нібыта Стах і Сьняжана беглі па маленькай чорнай плянэце, над якой тлелі закатаваныя зоркі, а іх, Стаха й Сьняжану, такую цёплую, усёразумеючую й такую заўжды зразумелую Сьняжану й такога выздараўліваючага тыфознага, як Стах, абступалі неадступныя маляўнічыя карты, цэлая калода картаў, і на ўсіх дамы, дамы, аголеныя тлустыя дамы, парнаграфічныя карты, дзе мяжа паміж парнаграфіяй, а, Сьняжанга, Сьняжангіна, Зьняць Жану! Ё. Іх прыняла на свае распусныя калені лесьвіца, якая паднялася, распрастала зацёклую сьпіну, і мы ўжо на трыццаць мэтраў вышэй за грэшную зямлю, і лесьвіца падскочыла, грэючыся, – вышыня ўжо шэсьцьдзесят, лесьвіца чакала так доўга, лесьвічная бактэрыя ў запячатанай бутэльцы каменнай вежы, і вось яны адкаркавалі бутэльку, ты адчуваеш пах? так гэта ліцейка, не? тады што адкажы вежа бяз даху я прынцэса я таксама хачу затачы мяне ў слановую костку даху тут няма тут зорнае неба над галавой мы дзьвюхгаловая пачвара, пакрыўджаны прадпрыемствам дракон. Сто мэтраў, сто пяцьдзесят мэтраў. Бачыш, тут такія шыльдачкі на сьценках. Вось і прыйшлі. Ё.
Яны стаялі на маленькай пляцоўцы, круглай і безвыходнай. Прадпрыемства ляжала ў іхных ног, успыхвала дзе-нідзе вагнямі, і з такой ачмуральнай вышыні падавалася, што ўнізе – выпаленая ўшчэнт бязьлітаснымі качэўнікамі зямля, дзе вугольле ў апошні раз нагадвае пра тое, што тут калісьці былі хаты, дзеці, плуг, каханьне, сад. Зьнізу ня чулася ані гуку. Ні адзін вецер не далятаў сюды ў гэты вечар п'яных пераможцаў і прагных сьняжанаў. Стах запаліў, цыгарэта ледзь ня выпусціла яго з рук. Залаты попел павольна паплыў у нябыт. Сьняжана стала да яго сьпінай, пагладзіла сябе па сьцёгнах. Сьняжана за імгненьне ператварылася ў два паўшар'і, што бялелі, нацэліўшыся на Стаха. Сьняжана стала кудлатым дымам, які йшоў з дзіркі на месцы яе шыі. Сьняжана стала пахам нямытага дзіцяці. «Давай жа,»– павярнула яна галаву й закусіла губу. – «Ну што ты як не мужык. Давай.» Стах пагрузіў твар у дым, схапіўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў. Так пахла мацярынская сумачка. Усё будзе добра. Яму падалося, ён рассек яе напалову. Падобна на тое, што ёй гэта нават спадабалася.
Час мінаў, і дарогі яшчэ некалькіх тыдняў прывялі да стылых і дзіўных суботаў. Гэтыя дні, раней такія насычаныя чаканнем, прагай, нейкім даследчыцкім энтузыязмам, пакрысе ператвараліся ў не пазбаўленыя прыемнасці, але ўсё ж аднастайныя і ад таго доўганудныя мерапрыемствы, у якіх Стах быў вымушаны ўдзельнічаць, нібы ягонае высокае палажэньне не дазваляла яму адмовіцца ад удзелу.
Суботнімі ранкамі ён прачынаўся, зь неймаверным намаганьнем адзьдзіраў галаву ад вільготнай падушкі, звыкла засьведчваў прысутнасць ламаты ў скронях, біў чалом крану ў лазьніцы, аглядаў, гледзячыся ў мацярынскае люстра, свежыя прышчы й, калі ў страўніку застраваў папяровы амлет, выпраўляўся на вакзал. Электрычкі адмянялі, вакол вадзілі карагоды кайстры й валізы, і злодзеі-кішэньнікі пілі ў буфэце піва; Стах уладкоўваўся дзе-небудзь паміж сьметніцай і падсьлепаватай сьцяной і глядзеў перад сабой, пакуль трубны глас не прымушаў яго здрыгануцца, абвяшчаючы пра чыгуначныя прылівы ды адлівы. Ён прыязджаў у зусім ужо мёртвы пасёлак, палохаючы касірку, марудна брыў па закарэлых вулках, задзяваючы каптурком нізкае неба, пакрытае бялёсымі плямамі зафарбаваных надпісаў. Дзіўна, але Стах лавіў сябе на думцы, што ягонае каханьне больш не прыносіць радасьці. Адмаўляцца ад Таі, безумоўна, было пакуль няварта, яна давала палёгку целу і ўпэўненасьць словам, яна надавала сэнсу выходным дням, бо безь яе чым бы ён займаўся ў суботу ды нядзелю? яна, урэшце, была цудоўным асобнікам жанчыны і адпавядала многім Стахавым патрабаваньням, але… Яна шмат чаго прасіла ўзамен, і перш за ўсё – непарушнай увагі да яе жыцьця, яе цацачных праблемаў, яе інфантыльных думак, а галоўнае – гэтай ейнай бясконцай кнігі, гэтых паточаных словам аркушаў, на якіх нявіннае сямейнае існаваньне Юры апісвалася ледзь не пахвілінна. Стах ужо цешыў сябе надзеяй, што рагаты Таін супруг забароніць ёй у бліжэйшы час такія дзіўныя паездкі ў вадзіноце на пустое лецішча. Узімку можна сустракацца ў горадзе, можна нават у ягоным пакоі, вельмі весела ўявіць сабе твар маці, калі яна ўбачыць, як Стах уцягвае да сябе маленькую жанчыну з абручальным кальцом на належным пальцы й, ухмыляючыся, зачыняе за сабой тонкія дзьверы. Інфаркт схопіць старую. Аднак пакуль Юра маўчаў, акуратна забіраў Таю зь лецішча, калі іхная субота ўжо была вычарпаная, – можна было падумаць, што ён забірае яе з працы.
Тая прыходзіла нячутна, без усьмешкі, трымаючы пад пахаю папку з гэтай сваёй ненавіснай кнігай, і было ў яе абліччы ў такі момант нешта настолькі няўлоўна-замілавальнае, настолькі кранальнае, што Стахава абыякавасць на некаторы час адступала, каб пасьля Таінага сыходу абрынуцца зь яшчэ большай сілай. Расшпіліўшы паліто, яна абводзіла зманліва-лагодным позіркам прагрэтае памяшканьне, пакуль Стах мітусьліва рухаўся ёй насустрач. У дома дзякуючы Таі зьявіліся абноўкі: зазелянеў на ложку стары, але вельмі якасны матрас, на якім марской зоркаю разьлеглася падушка, ля дзьвярэй верным дварнягаю прыладзіўся плецены дыванок, каля якога спалі да часу цёплыя тапачкі. На падваконьні вырас электрычны імбрык, увіты лацінкаю, а побач узгрувасьцілася вялікая, бяздонная бляшанка кавы. Напэўна, Тая ўсё ж адчувала да Стахавага бярлогу крыху сімпатыі, ад якой перападала нешта й гаспадару – на дробныя выдаткі. Ён кідаў кароткі погляд у яе вочы: ненатуральныя, хлусьлівыя, і ў той жа час самыя жывыя на гэтым дзёўбаным свеце. Вочы, у якіх, быццам неназванае насякомае ў празрыстым мінералу, была замураваная вечная дзіцячая крыўда. Вочы, якія па-майстэрску гулялі ў глыбіню. Але не, ведама ж, не яны зьяўляліся Стахавай мэтай. Яна з уздыхам распраналася й выконвала ўсё, што Стаху было трэба. Справа займала звычайна ўсяго пяць хвілінаў, і Стах некалькі разоў, нават у шкоду ўласнаму вольнаму плаваньню, зазіраў ёй пад вейкі падчас каханьня. Вочы не зьмяняліся, абсалютна не зьмяняліся, хіба прасілі не адцягвацца на непатрэбныя дробязі. Потым яны палілі да ачмурэньня, выпівалі літр кавы, і Стах чытаў, і стомлена казаў усё, што прыйдзе ў галаву, і ўсё цяжэй яму было вышукваць сьняжкі між атручаных стрэл. Яна гуляла ў кагосьці, вось толькі ў каго?
А дзявятай яна сыходзіла.
У нядзелю Стах палову дня спаў, палову траціў на хатнюю гаспадарку. Пад ганарлівым позіркам маці ён пафарбаваў у іхнай кватэры балькон, дзьверы на кухню і ў свой пакой, кухонныя сьцены й парэнчы ў пад'езьдзе. Маці вадзіла суседак падзівіцца на сына, зь якім зьдзейсьнілася гэткая цудоўная мэтамарфоза, яна ведала, Стахава маці, удава вялікага чалавека, што суседкі разьнясуць анатацыю па ўсіх вакольных дамох, прагергечуць пра Стаха сваім суседкам, і суседкам сваіх суседак, і некалі на парозе іхнага дому будзе, неаспрэчна будзе перамінацца з нагі на нагу высокая й чарнабровая, белая, гнядая, шэрая мышка, лебедзь, студэнтка, абрэзчыца, настаўніца, – нявестка. Маці адчувала гэта ды запасалася ў кладоўцы на выпадак вайны – рыхтавала запалкі, соль, муку, макароны, завушніцы, ніткі. Фарба выганяла яе з дому – і маці йшла да Кацярыны Альбэртаўны, а Стах ужо сур'ёзна прыкідваў, зь якога боку ўзяцца за падлогу й прыкупіў шэсьць бляшанак жоўтай. Варочаючыся ўначы ў ложку, ён клаў пад шчаку сьветлае прадчуваньне заўтрашняга спатканьня з прадпрыемствам, з Кірылам Антонычам, Мурлом, Сьняжанаю, Бурцэвічам, і бяссонніца скручвалася нарэшце ў нагах цёплым клубком ды засынала.
Пасьля перамогі на конкурсе Стах нечакана для сябе стаў на прадпрыемстве даволі вядомым чалавекам. Гэтаму не ў малой ступені садзейнічалі ягоныя паводзіны на скоках, яны, так бы мовіць, зрабілі Стахаву асобу больш блізкай народу, які нават у мастаку бачыў акулярыстага інцілігенціка. А тут – людцы добрыя! – аказалася, што нішто чалавечае не чужое пераможцам конкурсу сьценгазэтаў. Яго пазнавалі на вулках, прыязна зазіралі ў твар, падміргвалі ўпотай, маўляў, ведаем, хто ты такі насамрэч, ды не адводзь ты позірк, дзеўка сарамлівая, мы ж уцямілі ўжо, што ты свой, свой у дошку. Аднойчы зусім незнаёмы Стаху чалавек у наскрозь зашмальцаванай спэцоўцы дагнаў яго сярод заціснутай між двума аселымі ад нагару карпусамі, па-злодзейску азірнуўся, схапіў Стаха за нэрвовае плячо й прашаптаў на вуха: «А файна ты тады адліў, прама на плошчы! Я бачыў! Ну ты дзікі! Магёш, тудыт тваю не скажу, магёш!» Стах паціснуў працягнутую яму шурпатую руку – нібы паставіў кароткі аўтограф на чужым непрыкметным жыцьці.
Напярэдадні Дня яднаньня, які прыпаў на чацьвер, працоўны дзень быў скарочаны. Ужо а трэцяй Кірыла Антоныч, размазаўшы чарнату па стамлёным ілбе, дзелавіта махнуў рукой Мурлу: сканчаем, і брыгада, сінхронна сцягнуўшы пальчаткі, пачала зьбіраць рыштунак. Яны працавалі на гэты раз зусім блізка ад уласнага цэху, таму ўжо а палове на чацьвертую маляры выйшлі са сваіх уладанняў ды нясьпешна накіраваліся да цэнтральнай алеі. Ад іхных свежавымытых валасоў сплывала ў паветра лёгкая пара. Сьняжана ў гэты дзень мелася сустрэцца з бацькам, што працаваў у ЦаіНТ, і таму ніхто не трымаў сёньня Стахаву руку, ніхто не зазіраў яму ў твар з сабачым захапленьнем, не пагладжваў ягоныя барабанныя перапонкі аповедамі пра Танюхіных кавалераў. Стах ішоў амаль у вадзіноце, крыху адстаўшы ад брыгадзіра, Мурла й Дзеленстапа Каўкомавіча, якія паважна абмяркоўвалі заўтрашнюю хакейную сечу. Жанчыны рухаліся ззаду, пакуль не затрымаліся нарэшце ўсім гуртам каля грузавіка, проста з кодаба якога прадавалі сьвежаніну ў гонар сьвята. Бурцэвіч хутка таксама некуды зьнік, нават не разьвітаўшыся. Стах зь дзіўнай агідаю ўдыхаў насычанае імпартовым кіслародам паветра, кароткімі кіўкамі адказваў на поўныя павагі кіўкі сустрэчных. Засунуўшы рукі ў прасторныя кішэні новых шырачэзных нагавіцаў, вельмі папулярных на прадпрыемстве, ён упэўненай хадою ступаў па чужых сьлядох і разважаў пра тое, чым будзе займацца ў выходны. Тая адпадала – у графіку іхных спатканьняў падобныя вольныя дні не былі заплянаваныя. Найхутчэй дзень ён прысвеціць бляшанкам жоўтай, а ўвечары… Увечары можна пайсьці да Кірылы Антоныча глядзець хакей. Той запрашаў, ненастойліва, але было відаць, што дзядзьку хацелася, каб Стах завітаў да яго, што брыгадзір шчыра не разумеў, як можна адмовіцца ад такой прывабнай прапановы. Да хакею й да спорту ўвогуле Стах быў абыякавы, але дзядзька так маляўніча апісваў… так распавядаў, як гэта даводзіць да кіпеньня кроў… Кірыла Антоныч сам калісьці гуляў за зборную прадпрыемства. «Да борціку прыціснеш, і навалішся яшчэ ў прыдачу,»– казаў Кірыла Антоныч заўсёдным сваім спакойным тонам, але з вачэй ягоных ужо імкліва набліжалася да суразмоўцы драпежная бліскучая шайба. – '«Косці хрумсцяць… Музыка!» Мурло й Бурцэвіч згодна хіталі галовамі, а Стах няўпэўнена думаў: «Плябейства, ведама ж, увесь гэты хакей, але ж, каб зразумець сутнасьць фэномэну…» Можа, і праўда, узяць заўтра гарэліцы, ды заваліць у госьці да брыгадзіра?..
Тым часам вулка ўлілася ўрэшце ў паўнаводную волгу цэнтральнай алеі. Народу тут было столькі, што Стаху міжволі ўзгадалася сьвята прадпрыемства, тады ж таксама вось такія невялікія калены ўтваралі на алеі магутны людзкі струмень. Адзінае, настрой у гэты дзень людзі мелі іншы – адзначаны няведаньнем, што засунуць у кошык заўтрашняга дня. На цэнтральнай плошчы стала ўжо зусім цесна, рух натоўпу запаволіўся, вартаўніцы ўнікліва абшуквалі кожнага, хто зьбіраўся перасячы турнікет. Нібы перад стаматолягамі, перад неміргаючымі гэтымі жанчынамі няпэўнага веку раскрывалі пакорліва ірты валізкі й торбы, поліэтыленавыя пакеты й скураныя тэчкі, распахівалася паслужліва крысьсё куртак і паліто, выварочваліся кішэні. Скавытала па-дзіцячаму брама электроннага дэтэктара, навучанага імгненна вызначаць колькасьць мэталу ў асобна ўзятым чалавечым арганізму. Стаху да прахадной было яшчэ далекавата, людзкая плынь марудна праносіла яго міма статуі Прадукцыі, то загадваючы прыпыніцца, то штурхаючы ў сьпіну, то адсоўваючы назад. Адзінай прасторай, дзе Стах мог бы ў гэты момант рухацца так, як бы яму хацелася, было неба над галавой, нізкае перакошанае неба, якое пачыналася недзе на ўзроўні пупка багіні й сканчалася, загнуўшы шэры падрапаны край, на даху адміністрацыі. Але ў неба няхай ляцяць карлсаны. Стаху нават падабалася вось так боўтацца ў самай гушчы варава, якое лянотна пенілася й булькатала ў вагромністым гэтым бэтонным катле – варыва, якое хутка астывае, але застыць ня здольнае. Ён пяць разоў на тыдзень двойчы ў дзень праходзіў праз прахадную, і кожны раз у такія хвіліны яго апаноўваў вельмі філязофскі настрой, які ў рэшце рэшт зьмяняўся пачуцьцём амаль рэлігійным. Вось ідуць людзі, дыхаючы адзін аднаму ў патыліцы, бачачы кожны шоў на сьпіне таго, хто йдзе наперадзе, пакідаючы на сьнезе сьляды, што існуюць на сьвеце ўсяго некалькі сэкундаў, менш за найпрымітыўнейшыя мікраарганізмы, вымаўляючы словы, якія імгненна ўгрузаюць ў бязьлітаснай дрыгве са спрацаваных целаў,– ідуць, несучы ў сабе ня столькі інфармацыю, ня столькі думкі й разважанні, колькі простую канстатацыю віднага ім сьвету: я Пётр Пятровіч, працую сьлесарам мэханазборачных работаў, маю жонку ўначы калі здолею, дзяцей лупцую за двойкі, а за пяцёркі даю пяцёрку-другую, мне сорак, на юбілей ваза, прастатыт, раматус, устаўныя сківіцы, варыкознае пашырэнне венаў, язва, вочы карыя, кватэра двухпакаёвая каапэратыўная, хакей, цешча – памрэ, кватэру на дзяцей перапіша, лазьня па пятніцах, друхцёзка па суботах, відэакасэты напракат люблю пра марскіх дэсантнікаў, жопа добрая ў нашай Марыны, гэта сьнег, гэта дрэва, гэта прахадная, гэта мэтро, гэта піва, гэта дом, гэта вакно, гэта мянты, гэта магазін, гэта грошы, гэта нос, гэта кніжка, гэта ключ на пятнаццаць, гэта жыгуль, гэта бліны, гэта порткі, гэта тэлевізар, гэта па-інасраннаму размаўляюць. Гэта вада. Гэта вагонь. Гэта зямля, гэта неба, гэта малаток. А гэта я на вясельлі ў Пецькі. А гэта мы з жонкай у санаторыі шэсьць год таму. Гэта мой старэйшы. А гэта помнік. Гэта сялёдка. Газэта, сталовая, нэгр. Анальгін, кашуля, гной, гума, цьвік, сьветлафор. Халадзільнік. Канал. Паліклініку будуюць. Квіток каштуе сто восемдзесят рублёў. Сёньня другога сьнежня, пятнаццаць гадзінаў пяцьдзесят восем хвілінаў. Я ведаю досыць пра гэты сьвет. Я ўсё магу назваць. Бо мне ў патыліцу дыхае бацька, а бацьку дзед, дзеду – ягоны бацька. У сьвеце проста ўсё. Гады йдуць. І йдуць да прахадной людзі. Вінцікі, скажаце, паслухмяныя мэханізмы, часткі вялікай машыны. Але менавіта зь іх пачынаецца ўсё, ад палітыкі да народанасельніцтва. Яны вырабляюць прадукцыю, прадукцыя прадаецца, багацее краіна, і той, хто нічога вырабляць ня здольны, можа сыта лайдачыць, папісваючы вершыкі, і мастак можа спакойна плаціць за камунальныя паслугі, і музыка-лесавік – забегчы ў краму й набыць сабе доктарскай кіле ці паў. Яны, гэтыя вінцікі, у любы час маглі б сабрацца, так, як запоўнілі сёньня зусім не маленькую заводзкую плошчу, разагнуць зацёклыя сьпіны й наладзіць кампактную, але прыстойную рэвалюцыю й зруйнаваць усё што існуе дашчэнту, як зрабілі калісьці іхныя прадзеды. Але ня робяць гэтага. Нават не абдумваюць такі варыянт. Бо зазвычай маленькія істоты апынаюцца злымі, хітрымі, падступнымі індывідуалістамі, якім толькі й падавай, што стварыць якую-небудзь купку рэфармістаў-інтэлектуалаў, што не пашкадуюць ні жэншчын ні дзяцей, забіваючы іх рукамі падманутых вінцікаў. А пралетарыят – ён волат, і, як многіх волатаў, яго вылучае безабароннасьць, дабрадушны характар, дзіцячая наіўнасць ды ўласцівасць лёгка паддавацца чужым уплывам. Але – волат. І Стаху прыемна зараз пачувацца часткай гэтага волата, ну, няхай не рукой і нават ня пальцам, аднак капілярам на запясьці – дакладна.
Такога кшталту разважаньні Стаха перапыніў Мурло, які зь дзіўным у гэтай цеснаце спрытам павярнуўся й гучна спытаў, аблізнуўшы перасохлыя губы і ўцягваючы яго ў нейкую размову:
– А ў цябе баба ёсьць?
– Аж дзьве, – у тон яму адказаў Стах і з прыкрасцю зразумеў, што казаць пра гэта нікому ня трэба было. Ды жаданьне пахваліцца такой гордаю праўдай было ўсеагульным. Недзе на верхняй палічцы Стаха зь нядаўняга часу ляжала, да пары ахайна згорнутае, шыкоўнае жаданьне такой размовы – каб хто-небудзь з мужыкоў запытаўся неяк наконт кабетаў, і Стах адказаў вось так, лёгка, мімаходзь, не задумваючыся, чыстую праўду. На шчасьце, ягоны адказ быў успрыняты як жарт, тонка хіхікнуў Мурло, затрос жаночымі грудзьмі Дзеленстап Каўкомавіч, усьміхнуўся Кірыла Антоныч.








