Текст книги "Натуральная афарбоўка"
Автор книги: Альгерд Бахарэвіч
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 13 страниц)
Пры набліжэньні Вікторчыка дзяўчына схавалася за брамкай. Вікторчык нешта сказаў ёй, стоячы, як паштальён, ля плоту. Нечакана брамка расчынілася, і на вуліцу выскачыў голы да поясу хлопец зь сякераю ў руках. Не сякераю, вядома, але… Вікторчык упаў у сумёт (ад сьнегу, відаць, толькі нядаўна ачысцілі праход да дому), потым падняўся, размазваючы па твары кроў.
– Пойдзем, ён нас дагоніць, – сказала Эла Сямёнаўна, і за ёй, быццам за гусьсю, пацягнуліся астатнія, імкнучыся не азірацца. Хутка міма іх прабег Вікторчык, глытаючы соплі й кроў, у канцы вуліцы спыніўся, павярнуўся, але ўбачыў адно сваіх пазмрачнелых калегаў.
Урэшце дайшлі да плошчы. Вырашылі паспаць гадзінку ў аўтобусе ды йсьці рыхтавацца. Вікторчык, забыўшы, якая далікатная, сылікатная апэрацыя яго чакае, захрапеў, паклаўшы галаву на пухнатыя калені Марыі Пятроўны. Палеглі й іншыя. Уключыўшы радыё, спаў на рулі кіроўца. Ня спала толькі Эла Сямёнаўна. Неўзабаве перад ад'ездам са сталіцы яна хадзіла па касьцюмы да свайго былога мужа, зама дырэктара Дому культуры БЗІр. Той быў яшчэ і экс-танцорам «Яромкі» – лядашчы, з лысінай між кучаравых вушэй мужчына па прозьвішчы Багатыроў.
– Ну калі ж ты ўцяміш, – казаў ёй Багатыроў, усё адчыняючы ды адчыняючы бясконцыя шафы, у якіх стаяў пыл і днішчы якіх былі застаўленыя пустымі павуціністымі бутэлькамі і стосамі ніяк не жадаючых жаўцець брашураў кшталту «Унівэрсальны сцэнарый камсамольскага свята на 1981–1999 год». – Калі ж ты ўцяміш, што сама абрала гэты шлях. Лёшка – наш сын, але калі ўжо ты забрала яго сабе – зрабі ласку, выхоўвай яго сама. Нахабства якое, сына забраць, а цяпер садзіць мне на шыю!
Адначасова Багатыроў кідаў перад ёй на доўгі стол сукенкі ды кашулі, як нейкія доказы таго, што ён мае рацыю. Некаторыя строі ён, агледзеўшы, вешаў назад у шафу.
– Я ня маю такой магчымасці (сукенка), у мяне асабістае (кашуля) жыцьцё зьявілася – дарэчы! – амаль крычаў Багатыроў, утапаючы ў хэбэ. – Раней (боты) трэба было думаць (сукенка), Эла!
– Толькі на тыдзень, – казала, перабіваючы яго, Эла Сямёнаўна, якой у гэты момант больш за ўсё хацелася чаго-небудзь выпіць або плюнуць Багатырову проста на лысіну. – Багатыроў, ты ж ягоны бацька! Ты ж разумееш…
Яна зрабіла паўзу і без аніякае веры ў посьпех выдыхнула:
– …што такое гастролі.
– Але гэта твой клопат, – аднастайна, быццам на грузчыкаў, пакрыкваў Багатыроў.– У нас няма – няма (Багатыроў прымерыў на сябе кашулю з арнамэнтам у каўнера і барвовай плямаю ўнізе) агульных праблемаў. Ёсьць твае і мае, Эла. Адвязі яго да мамы… да Ганны Іванаўны.
– Яна хворая! – закрычала Эла Сямёнаўна, – Яна, можа, да Новага году не дажыве! І што ты мне суеш – тут жа на бірцы «Рускі народны касьцюм» напісана. Чытаць ня ўмееш?
– Хворая! – усклікнуў Багатыроў, паказаўшы вострыя пацучыныя зубы. – Яна ўсё жыцьцё хворая – на сквапнасьць ды тупасьць! Рускія, беларускія, гаўнарускія, хахляцкія – каму якая справа! Хто разьбярэ? Хоць у паранджы лявоніху танчы – ніхто слова ня скажа!
– Ды мне пофіг, – сказала Эла Сямёнаўна. – Толькі нас перад ад'ездам бэтэ здымаць будзе для нейкай підарачы. Трацімся на вочы якому-небудзь прафэсару…
…А чацьвертай Эла Сямёнаўна пабудзіла сваіх падначаленых, і «Яромка» рушыў у клуб. Усе пераапрануліся ў народныя строі, і Вікторчык, смокчучы абломак зуба, сеў заклейваць бас-балалайку. А пятай пачаў зьбірацца народ. Прыйшлі дырэктар, Анжэла, пэнсыянэр з фотаапаратам й трое маладых людзей дэгенэратыўнага выгляду. Ансамбль схаваўся ў пакойчыку за сцэнай. Празь некалькі хвілінаў туды завітаў пэнсыянэр. Высветлілася, што ён карэспандэнт раённай газэты й жадае ўзяць інтэрвію ў худрука.
– У народных традыцыях – мудрасьць пакаленьняў. Таленты нашых дзедаў й прадзедаў сканцэнтраваныя ў гэтых песьнях і танцах, – мармытала машынальна Эла Сямёнаўна, думаючы пра Лёшку – як ён там? – Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына. В условиях бездуховности и девальвации искусства она нам лаской матчынай. Аб ёй у СМІ нам баюць казкісны, а таксама вясеннія праталіны, якія, на жаль, предпочитают массовый ширпотреб таму, што прынята называць багацьцем народа, святыняй яго. Говорят, что народная культура исчезает, ёй зьнікнуць пара. Для ансамбля «Яромка» яна ж – вечна жывая. Як вада, як зямля, як зара.
Пэнсыянэр згодна хітаў галавою ды запісваў. У залі засьвісьцелі.
– Усё-ткі йдзе народ, – сказаў Мікола. – паслухайце, што ў залі крычаць.
Але ў залі клікалі нейкага Ромку. Урэшце ўсталявалася бурлівая цішыня, і са сцэны, быццам рапартуючы, загучаў узрушаны голас Анжэлы:
– Добры вечар, дарагія сябры! Сёньня ў нас у гасьцях – фальклорны ансамбль «Яромка», які прыехаў да нас са сталіцы нашай Радзімы. Сёлета «Яромку» спаўняецца 40 гадоў. За гэты час калектыў шматразова станавіўся лаўрэатам разнастайных конкурсаў, выязджаў на гастролі па рэспубліцы, а таксама за мяжой. «Яромка» унесла… унес… «Яромку» належыць неацэнны ўклад у захаваньне й разьвіцьцё нашай народнай культуры, у выхаваньне пакаленьняў людзей на вечных, спрадвечных узорах нашага фальклору, які заўжды ўяўляў сабой скарбніцу мудрасьці, здаровага гумару й служыў…
Голас Анжэлы раптам згубіўся ў аглушальным пульсуючым грукатаньні. Мікола вызірнуў у залю. У вакна пяцёра або шасьцёра падлеткаў хавалі магнітафон. На фоне вухаючага умца-умца пацёк, як расплаўлены чупа-чупс, салодкі вакал: «Дзевачька… Слаткаайя… Пацэллуй… Пацэллуй…» У залі ўхвальна заржалі. Там сядзела з паўсотні школьнікаў, цінэйджары разваліліся на крэслах, некаторыя старанна пісалі нешта на драўляных сьпінах тых, хто сядзеў наперадзе, іншыя імкнуліся наступіць на ногі суседзяў, правальваючыся пад сядзеньні. Заднія рады, не баючыся быць атакаванымі са сыпны, спрабавалі даплюнуць да пярэдніх радоў. Тыя ўставалі і ў сваю чаргу імкнуліся дамацюгацца да галёркі. Ля правай сьцяны, саставіўшы колам крэслы, сядзелі няпэўнага веку мужыкі й рэзаліся ў дурня. Ніна Саламонаўна віскнула на ўладальнікаў магнітафону, і тыя неахвотна прыглушылі гук.
– …а таксама прадэманструюць свае таленты самыя ўмелыя выхаванцы Шмальцэвіцкага Дому культуры…
Адзін з гледачоў падняўся на сцэну, абыйшоу Анжэлу ды ўладкаваўся ззаду, любастрасна рухаючы тазам. Заля выбухнула воплескамі. Анжэла, нічога не заўважаючы, раздражнёна скончыла:
– А цяпер мы запрашаем на сцэну ансамбль «Яромка»!
Заля ўзвыла, у паветра ўзьняўся воблак з насліненых папяровых снарадаў. Павярнулі да сцэны цёмныя твары карцёжнікі, крыважэрна павяла ноздрамі дарослая публіка. Выйшлі Ягор і Вікторчык, сеў на падрыхтаванае крэсла Мікола. Каля Ягора стала Дзіна, поруч зь Вікторчыкам – Жэня. Марыя Пятроўна з заплюшчанымі вачыма выйшла апошняй. Заля прыціхла. Прыціхла. Прыціхла.
– Ну пачынайце ж, – гучна, на ўсю залю шапнула Эла Сямёнаўна.
– Балалайка, скажы ўсім, хто табе сёньня зуб выбіў? – крыкнуў са свайго мейсца адзін з гледачоў. Вікторчык з жахам пазнаў у ім хлопца зь сякераю. – Ладна, лабай давай!
Марыя Пятроўна адкашлялася й заравела, нібы мула зь мінарэту:
– Хто песьню бае – той розум мае,
Хто лён кідае – той аддыхае,
Хто любіць чарку – любіць і скварку,
Хто любіць катацца – любіць і…
– Ябацца, – крыкнуў нехта з гледачоў радасна.
– Хто хлеб пасее – той і пажне, – не зьвярнула на яго ўвагі Марыя Пятроўна. – А хто нас слухае – той…
Тут па задуме патрэбны быў хор астатніх удзельнікаў «Яромкі», але кожны змрочна думаў пра нешта сваё, і толькі Ягор віскнуў, зь цяжкасьцю ўтрымліваючы ў руках сваю бочку: «…той з намі сьпяе!» Эла Сямёнаўна, якая ўласнаручна склала ў Менску вышэйпамянёны тэкст, са звычнай прыкрасцю апусьцілася на крэсла.
Пачалі граць, але, трэба адзначыць, музыка даўно ўжо не прыносіла яромкаўцам аніякага задавальнення. Яны грукалі, шчыпалі струны й расцягвалі мяхі гармоніку з гэткімі мэдытатыўнымі выразамі на тварах, што здавалася, народная музыка йдзе аднекуль з-пад сцэны, а музыкі граюць нешта ціхае й маркотнае. Скрывіўшы вусны, пачалі хадзіць адно супраць аднаго Жэня й Дзіна, а потым у справу ўступіла Марыя Пятроўна. Як вопытны баец, яна захоўвала натужную ўсьмешку героя працы, які выканаў пяцігадовы плян у Бадзін дзень і не атрымаў за гэта анічога, апрача граматы й вазы. Песьня значылася ў рэпэртуары як гульлівая й вясёлая, але заля, быццам рухавік сьпісанага трактара, заводзіцца не зьбіралася й змрочна маўчала.
Другая кампазыцыя была пра каханьне. Тут на авансцэну выйшлі Жэня й Дзіна, якія дэманстравалі голуба й галубку. Зь нецярпеньнем чакаючы канца гэтага катаваньня, яны паказалі нейкае кароткае порна й пасьпяшаліся схавацца за бубнам Ягора. У фінале галоўнай дзейнай асобаю мусіла стаць Марыя Пятроўна, якая сымбалізавала любоў ды дзетанараджэньне. Трасучы неабдымнымі грудзьмі, яна рабіла па сцэне дзікія скачкі. Валасы трапілі ёй у рот, і яна, закусіўшы іх, нібы цуглі, скончыла свой страсны танец, упаўшы на калені. Школьнікі глядзелі на яе з пагардлівым шкадаваннем, адзін з карцёжнікаў крыкнуў:
– Гэтая з цыцкамі начуе ў мяне, жонка якраз у трэцюю зьмену!
– Ну карова, – сказаў адзін з падлеткаў, што сядзелі ў першым радзе, і павярнуўся да суседа:
– Ты жопу ейную бачыў?
Ягоны сусед, падобны на п'янага чорціка, падавіўся шчарбатай усьмешкай і закрычаў:
– Яйкі мне пачашы, карова!
Яромкаўцы сыйшлі адпачыць у пакойчык за сцэнай. «Балалайка ня ладзіць,»– сказаў Вікторчык. – «А я тут сала раздабыў і самагону.» «Вось у Хмельніках самагон быў – сьляза,»– прамовіў летуценна Ягор. «Дзіна, Жэня, вы чаго сабатажам займаецеся?»– спытала Эла Пятроўна. «Паняў,»– сказаў бадзёра Жэня. – «Выправім.» «А ты, Ягор, граеш, як дыван выбіваеш,»– накінулася худрук на бубнача. «Яшчэ тры граем,»– пазяхнуў Мікола. «Чатыры,»– удакладніла Эла Сямёнаўна.
– А цяпер вершы нашага паэта-земляка прачытает выхаванец літаратурнага гуртка Кірыл Добрык, – звонка сказала за дзьвярыма Анжэла.
На сцэну выйшаў хударлявы юнак у чорным. Заля сьціхла. Кірыл Добрык зрабіў вельмі злыя вочы, падняў правую руку і, выразна выдзяляючы паўзы, прад эк лямаваў:
На бэтоннай шашы дождж балтыйскі напяўся
І ўрэшце закрапаў
Падарожнік у кнізе закладку зрабіў
Узіраецца ў мапу
І нібы кінакадры, на шкле лабавым
Гэтак хутка зьмяняецца ўзор
У кабіне няроўны хістаецца дым
І аўтобус адольвае ўзгор
Раздваілася мокрай шашы бескарыснае джала
На палеткі, як бомба, дарожнае сонца ўпала
Хмара з назвай вясковай – «Дражэ» —
Навакольле асыпала дробам
Град на гразкіх гародах
ўпалову з каменьнем і бобам
Добрык павярнуўся да паўадчыненых дзьвярэй у бакавы пакойчык, дзе адпачывала «Яромка», і чатырма кантрольнымі стрэламі прагрымеў:
Нібы рот, учарнелы ад кіслых, парэчак
Зь цемнаты праступае чарговае з тысяч мястэчак
Паспрабуйце, бадзягі, такое скарыце!
Хіба толькі зваліцца на мэтэрыце
На гарматным ядры, як Мюнгхаўзэн, вярхом
На плякат не зважаючы: «Госьці, гоў хом!»
Вельмі сур'ёзна заля запляскала ў потныя далоні. Выхад «Яромкі» быў сустрэты сьвістам. Пад градам папяровых шарыкаў было адграна яшчэ дзьве кампазыцыі – «Вясна» і «Камар». Цяжка дыхаючы, Марыя Пятроўна арала носам сцэну. Зноў надыйшоў перапынак, падчас якога дзяўчынка гадоў дзесяці, пастаянна зьбіваючыся, выканала на цымбалах дзяржаўны гімн. Выйшла Эла Сямёнаўна, зь недаўменьнем, як муха ў баршчы, успрынятая гледачамі (яны й не падазравалі, што ў бакавым пакойчыку ёсьць нехта яшчэ), уручыла дзяўчынцы плякат, на якім «Яромка» пры поўным парадзе шыхтаваўся на фоне камышовых зарасьнікаў.
«Яромка» адграў палову наступнай песьні, калі ў залю, грукаючы ботамі, увайшоў нізкалобы мужычок перадпэнсыйнага веку. Разьмераным крокам ён наблізіўся да сцэны і ўважліва паглядзеў на экзэрсысы Марыі Пятроўны. Тая пачала скакаць з падвоенай энэргіяй. «Здарова, Грысь,»– крыкнулі мужыку карцёжнікі. Грысь рушыў да іх, парукаўся з кожным, пагладзіў па. макаўцы, потым падняўся на сцэну і ўзмахам далоні спыніў Вікторчыка. Музыка абарвалася, абярнулася Марыя Пятроўна, зь незразумелым захапленьнем гледзячы на Грыся. Той узяўся за грыф бас-балалайкі, сьціснуў яго, быццам руку суперніка па армрэстлінгу, цяжка паглядзеў на музыкаў, потым на ўзьніклую ў дзьвярох Элу Сямёнаўну. Усе маўчалі як загіпнатызаваныя. Нечакана Грысь усміхнуўся, і яромкаўцам стала неяк адразу цяплей, нібы зьяўленьне гэтага мужыка вырашыла ўсе праблемы, надала сэнс гэтай усеагульнай лухце.
– А давай Таганку, – душэўна прамовіў Грысь і нават павярнуўся да залі, шукаючы падтрымкі.– Ты ж Таганку магёш?
Вікторчык ацепаўся.
– Я кажу, ты Таганку магёш? – павысіў Грысь голас, але вочы ягоныя працягвалі глядзець пяшчотна й лагодна.
– Гэта бас-балалайка, – сьцяўся Вікторчык. – Басовы інструмэнт… Рытмічны малюнак…
– Я не маляваць цябе прашу, – раздражнёна сказаў Грысь. – Я Таганку прашу злабаць.
Вікторчык стаяў у здранцьвеньні, вочы ягоныя прасілі літасьці, але пальцы ўжо запрацавалі: цыганка з кар-тамі-і-і…
– А казаў не магёш, – працягнуў Грысь. – Гаварыў інструмэнт… Дарога дальняя… Ну давай, давай…
Грысь вельмі спрытна разьмінуўся з Марыяй Пятроўнай, заграбаючай паветра лапатападобнымі далонямі, падыйшоў да мікрафону й захрыпеў:
– Казённы дом…
Да Вікторчыка далучыўся, адбіваючы просты – прасьцей няма куды – рытм, Ягор. Ня гледзячы на бубнача, Грысь падняў вялікі палец, і раптам заспяваў прыгожа й глыбока, нагнятаючы тугу, якая чакала за сьценамі клюбу й цяпер уварвалася ў залю, несучы прыемнае ачмурэньне. Захацелася быць шырокім, як кашуля, разарваная на грудзёх. Пілікнуў, падладжваючыся, гармонік, і затым разыйшоўся – надрыўна, прасторна. Марыя Пятроўна загрукала нагой, Жэня й Дзіна сьпявалі, як перад расстрэлам. «Па новай ждёт,»– вымавілі вусны Элы Сямёнаўны, і ёй закарцела дакрануцца да чорных вусоў Грыся – зараз жа, грудзьмі, шыяй, жыватом, шчакамі. Мікола спачатку граў неахвотна, але цяпер ягоны гармонік выдаваў пад падаючую ў залю песьню гэткія мудрагелістыя варыяцыі, што аж задыміўся… не, гэта запаліла першую ў жыцьці цыгарэту дзяўчынка, якая выконвала на цымбалах дзяржаўны гімн, і прысланілася да пляча падобнага на чорціка хлопчыка. Засьпявалі карцёжнікі, зьмяшаліся з грашыма законы й шасьцёркі. Кірыла Добрык падыйшоў да Ніны Саламонаўны й лёгка ўсадзіў ёй у жывот нож. Тая з удзячнай усмешкай села ў другім радзе, восьмае мейсца зьлева. Школьнікі пацягнуліся да дзьвярэй. Над заляй, выглядаючы здабычу, лунаў бусел.
2001
БЕЛАРУСЫ НА КРЫШТАЛЬНЫХ ШАРАХ
1
Малады Ўладар падкраўся да Барліса ззаду, асцярожна ўзьняў лазэрны меч, і раптам зьверху на іх абрынуліся цітры. Пайшла рэкляма, загарэлыя твары ўсміхаліся, рытмічна рухаліся сківіцы. Хлопчык, не адводзячы ад экрану вачэй, правёў рукой па падлозе, намацаў сваю шкарпэтку, потым пісталет і падушку. Давялося агледзецца вакол. Пульт ляжаў ля самай нагі – ня дзіва, што ён яго не знайшоў.
Хлопчык сядзеў у пустой кватэры, на дыване, прысланіўшыся спінаю да канапы. Дзьверы на балькон былі адчыненыя, варушыліся фіранкі, ля самых прутоў бальконных кратаў гайдалася гальлё ў хрусткіх абгортках. За бэтоннай агароджаю на тым баку вуліцы чулася песьня, там месьцілася вайсковая частка. Хлопчык звыкся з тым, што песьня заўжды пачынае гучаць незадоўга да заканчэньня чарговае сэрыі. Гэтак выйшла й на гэты раз. Аднастайна шаргатала гальлё, унізе, у двары, кагосьці абстрэльвалі каштанамі. У хлопчыка каштанаў было трыццаць сем, некаторыя былі схаваныя ў пісьмовым стале, некаторыя – у заплечніку, быў яшчэ некрануты запас у каробцы пад ложкам. Галоўныя каштаны ляжалі ў нагавіцах. Каштаны былі каштоўнымі прадметамі – іх можна было перабіраць, засунуўшы руку ў кішэню. Каштаны трэба берагчы – узімку іх ня знойдзеш.
Лета, вядома, было цудоўным вынаходніцтвам чалавецтва, але быў у яго і адзін мінус. Улетку не было сьвятаў. Для дарослых яны, натуральна, былі – выходныя напачатку ліпеня, калі бацька не хадзіў на працу нават у панядзелак, і маці тырчэла тры дні запар дома. Але ў хлопчыка ж і так былі вакацыі. Да таго ж у гэтыя летнія як быццам сьвяты ніхто не дарыў яму падарункаў. Тое лета, якое нядаўна мінула, навогул было нібы сон, кароткі, зімовы. Сон, кропку ў якім ставіць будзільнік, і ты зьдзіўляешся – пашкадуйце, я ж вочы заплюшчыў хвіліну таму. Іншая справа зіма і вясна. Новы год, стары Новы год, восьмага сакавіка, потым дзень народзінаў, два вялікадні, вельмі зручна, бо адна бабуля праваслаўная, другая – польскай веры, дзяды ўсякія, затым – заканчэньне школы, на якое хлопчык заўсёды што-небудзь атрымліваў. Сёлета, напрыклад, свайго Кашкіна, зусім новага. У бацькоў Кашкін быў ужо стары, паношаны, крычаў надта гучна і ўвесь чамусьці жаўцеў. А лета хлопчыку не спадабалася, і ён нават быў задаволены, што зноў пайшоў у школу. Яна нагадвала яму фае перад уваходам у залю сьвятаў.
Хлопчык пераключыў тэлевізар на другі канал. Там панылыя чорна-белыя людзі катавалі скрыпкі. Ён пасьпешліва націснуў кнопку яшчэ раз. Тут якраз скончылася перадача пра нейкія дыетычныя хлябцы, і зноў пайшла рэкляма, але ўжо не расейская, а свая. На экране зьявіўся чалавек, на выгляд – сапраўдны забойца, зь вялізным аранжавым гальштукам у сініх зорках.
– Увага! Увага! Увага! – Дзяржаўны цырк адкрывае свой чарговы, трыццаць восьмы сэзон! – закрычаў чалавек, махаючы палачкай, з-пад якой выскоквалі, адзін за другім, трус, мартышка, галава клоўна, ахапак зьнічак, малюсенькі жанглёр у цыліндры. – Мы пачынаем яго з самага захапляльнага, самага прыгожага прадстаўленьня, – чалавек загаварыў цішэй, голас ягоны стаў хітрым і саладжавым. – Калі ты напраўду любіш цырк, гэтае прадстаўленне – для цябе. Гэткага ты яшчэ ня бачыў…
Чалавек пагладзіў хлопчыка па галаве, дакрануўся палачкай ягонага вуха, нахіліўся, абдаўшы пахам мокрай замшы.
– … і наўрад ці ўбачыш калі-небудзь яшчэ! Толькі ў верасьні – унікальная праграма… Беларусы на крыштальных шарах! – нечакана залямантаваў чалавек і зьнік.
Бліскучыя кропкі, якія ўвесь час міргалі на экране, ператварыліся ў сляпучае зьзяньне. Яно імкліва набліжалася да хопчыка. Тысячы пераліўчатых трохкутнікаў, падмінаючы пад сябе чорную дугу залі, сталіся раптам агромністымі коламі, што быццам маятнікі загайдаліся пад купалам. Пранізьліва-белы прамень вырас зь цемры, ударыў у гэтыя колы, зьліўся зь імі. Звыкнуўшыся з асьвятленьнем, якое пастаянна зьмянялася, хлопчык заўважыў нарэшце постаці людзей над гэтымі коламі. Апранутыя ў дзіўныя, зеленаватыя, струмяністыя строі, людзі брылі па пякучым паветры, па шчыкалатку ўтапаючы ў сьвятле. Гэта было так прыгожа, што ў хлопчыка забалелі вочы. Беларусы на крыштальных шарах.
2
Цудоўнае цыркавое прадстаўленне да вечара не выходзіла ў хлопчыка з галавы. Прыйшлі бацькі, маці сыйшла на кухню, зачыніўшы за сабой дзьверы, бацька, расціраючы ногі, сеў ля тэлевізара. Хлопчык доўга выбіраў, да каго пайсьці са сваёй просьбай, і адправіўся ў рэшце рэшт на кухню. «Ты ж ведаеш,»– сказала маці, шмыгаючы носам і аціраючы крысом халату слёзы, да якіх яе давяла цыбуля. «Такія пытаньні трэба вырашаць з бацькам.» Хлопчык схапіў са стала апякаючы рукі дранік і рушыў у залю.
– Цырк – гэта добра, – сказаў бацька, пагладжваючы жывот. – Сланы, удавы! Толькі клоўнаў не люблю. Вось у наш час былі клоўны! Як цяпер памятаю – Пончык і Чэмберлен.
Хлопчык распавёў бацьку, што справа зусім не ў сланах або клоўнах. Ён паспрабаваў патлумачыць, як гэта прыгожа – беларусы на крыштальных шарах, але заблытаўся й неўзабаве заўважыў: бацька толькі ўдае, што слухае, а насамрэч глядзіць сэрыял пра міліцыю. Хлопчык і сам любіў гэты сэрыял, любіў уладкавацца на канапе, пагладжваць жывот, як бацька, і з захапленьнем назіраць, як вясёлыя сябры забіваюць злых бізнэсмэнаў. Ён любіў гэты сэрыял да сёньняшняга дня, калі зразумеў – прыгоды міліцыянтаў – казка для немаўлятаў у параўнанні зь Беларусамі на крыштальных шарах.
На шчасьце, надыйшла рэклямная паўза, і першы ж яе ролік абвясьціў пра цудоўную цыркавую праграму. «Глядзі, глядзі, во пра што я казаў!»– узрушана прамовіў хлопчык. Бацька зь неахвотаю пачаў услухвацца. Ролік скончыўся. Хлопчык, поўны надзеі, вачыма ўпіўся ў твар бацькі: «Ну што, спадабалася? Я ж табе казаў? Пойдзем?»
Бацька раптам стаў вельмі сур'ёзны. Ён пасадзіў хлопчыка сабе на калені, і той уцяміў, што зараз адбудзецца нешта надзвычай важнае. «Паслухай,»– сказаў бацька нерашуча, а потым уважліва паглядзеў кудысьці праз хлопчыка. – «Ты ўжо дарослы, а хутка будзеш зусім мужчынам, у цябе зьявіцца свая сям'я, і ты будзеш распараджацца грашыма… сямейным бюджэтам. Ты бачыў лічбы ў самым куце экрану? Гэткія маленькія лічбы? Гэтыя лічбы – кошт квіткоў. Разумееш, гэта надзвычай дорага. Мы ж падарылі табе Кашкіна, а ці ведаеш ты, што твой тата працаваў паўгады, каб набыць яго?»
Ад гэтых словаў патыхнула чымсьці надта дарослым, кшталту бабуліных лекаў. Хлопчык сам не заўважыў, як у вачох ягоных выступілі сьлёзы. Ён кінуўся ў свой пакой, зачыніў дзьверы, упаў на ложак і даў сьлязам волю. Потым ён доўга, да крыві малаціў свайго Кашкіна.








