Текст книги "Натуральная афарбоўка"
Автор книги: Альгерд Бахарэвіч
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 13 страниц)
– Дзьве, – скрывіўся Мурло, выстаўляючы на Стаха локаць, бо таго нечакана штурхнуў бяскрыўдны мужычок, і Стах ледзь не ўпаў галавой уперад. – Ты ня думай, што калі Сьняжанка з табой ходзіць, яна табе так проста дасьць. Пад ручку яна тут са многімі разгульвала, а каб легчы – ты што. Але ты дзейнічай.
Дзеленстап Каўкомавіч таксама нешта пражаваў, і Мурло задуменна пераклаў:
– Дзела вось кажа, што ён дзівіцца, як гэта Сьняжанка цябе абрала. Ёй сапраўдныя мужыкі падабаюцца. А ты ўсё малюеш ды сьцяхі пішаш. Ну жартую, жартую… Ты добры хлапец.
– Мы сур'ёзна, Стасік, – прабасіў Кірыла Антоныч ссунуўшы бровы і адначасова даследуючы языком лябірынты сваіх зубоў.– Чалавеку жаніцца трэба. Хто будзе працаваць тут, калі ня нашыя дзеці. Абстаноўка ў краіне складаная, сам ведаеш. Многа хто халявы шукае, а так каб рукамі… Мне ўжо й на прафкоме казалі: колькі, казалі, працэнтаў нежанатых? Выпраўляй, Антоныч, сітуацыю.
Яны ўжо прайшлі праз шкляныя дзьверы и спыніліся ля дэтэктару, чакаючы, пакуль падыдзе чарга Ззаду напіралі. Стах усхвалявана круціў у пальцах цыгарэту. Проста перад ім на сценцы будкі вісела пагрозьлівае папярэджанне: «Загадзя рыхтуйце пропуск!», але Стах ведаў, што гэта ён здолее зрабіць і ў вапошні момант. Ад дэтэктару да турнікету быў адзін крок. Сыпны нарэшце ўздрыгнулі, турнікет коратка загудзеў, і Стах ступіў наперад. Адразу ж дэтэктар з паляўнічым азартам заверашчаў, а потым выпусціў у душнае, нібы ў вакзальнай залі чаканьня, паветра прахадной тонкі струмень надзвычай непрыемнага для вушэй сьвісту. Счэзьлі размовы, крутануліся на калючых шыях тысячы зацікаўленых галоваў, тысячы вачэй утаропіліся у Стаха Па той бок таксама ўтварыўся натоўп, бо нават тыя, хто ўжо прайшоў праверку й выходзіў з прадпрыемства, вярнуліся да турнікету паглядзець што здарылася. Цішыня вібравала й патрэсквала. Людзі глядзелі на Стаха, Стах глядзеў сабе пад ногі. Яму было страшэнна няўтульна пад гэтым пільным тысячавокім позіркам. Ды што здарылася? Падурэлі. Зламалася ў іх машынка гэтая, чаго ёй вішчаць, ён жа штодня праз прахадную ходзіць. Потым ён урэшце ўзьняў галаву й запытальна ўсміхнуўся:
– Ш-што?….
– Падыйдзі сюды, – вартаўніца ледзь стрымлівала шчасьлівую дрыготку.
Стах наблізіўся, нясьмелая ўсьмешка на ягоных вуснах падрыгвала, бы вужык на гарачай патэльні. Зараз, зараз усё высветліцца, і ў яго папросяць прабачэння, і з палёгкай пагаснуць гэткія строгія вочы навокал, і сумленьне ўзрадуецца, назіраючы, як ляціць у плявацельніцу некалі непрымірэнчы зуб.
– Падымі рукі,– сказала вартаўніца ласкава. Стах выканаў просьбу, бо толькі просьбай, але аніяк не загадам можна было назваць гэтыя словы, якія мусілі б належаць дзіцячаму краўцу. Але перад ім тырчала, перагнуўшыся праз сьценку шкляной будкі, бясполая істота ў вайсковай форме з пагонамі, у фуражцы зь лягатыпам прадпрыемства – яна хуценька, з прафэсыйнай пяшчотаю прастытуткі абмацала Стахавы плечы, палашчыла смочкі, пагладзіла жывот, які не разумеў, чаму ў нас сёньня такая затрымка зь вячэраю. На Стахавых сьцёгнах рукі яе спыніліся, правая зьнікла ў кішэні курткі, пагрэлася крыху ля цёплага боку мехавой падкладкі й, удзячная, выцягнула на белы сьвет цэляфанавы пакецік, у якім, нібы ў кокане, чакала свайго моманту ледзьве ня сотня навюткіх, пражэрлівых, цьмяна-бліскучых шрубкоў. Вартаўніца ўзьняла вочы ўгару й застагнала, падстаўляючы твар пад кароткі грыбны дожджык з прэміяльных. Па натоўпе прайшоў задаволены рокат. Стах тупа глядзеў на невядома скуль узяты пакецік, перавёў погляд на Кірылу Антоныча, разгублена затрэс падбародзьдзем у накірунку Мурла. Адкуль?
– Што гэта, – вартаўніца вярнулася на сваё працоўнае месца, і цяпер выключна дзеля захаваньня традыцый рэагавала так, як трэба. Праўда, казала яна без усялякіх пытальных інтанацыяў.– Так. Што гэта мы сабе дазваляем. Як гэта можна так нахабна, проста ў кішэні. Пасаромеўся бы, схаваў нармалёва, ты што ж, думаеш, мы тут усе дэбілы. Ну распавядай, дзе ўзяў. Што рабіць будзем.
– Гэта не маё, я гэтага ня браў,– прашаптаў Стах, але яго ніхто ня слухаў. Зь лесьвіцы, што вяла на другі паверх, спусьціліся двое дужых пэнсыянэраў з адзьдзела аховы.
– Што тут у цябе, Сямёнаўна? – бадзёра пракрычаў адзін, пакуль другі заклікаў натоўп разыходзіцца й не ствараць затораў. Людзі ўздыхнулі й рушылі ў заведзеным парадку. Уцягнуўшы галовы ў плечы, маляры не азіраючыся выйшлі з будынку.
– Нясун! – урачыста выдыхнула Сямёнаўна. Яе напарніца, што прыціскалася да Сямёнаўны азадкам, з зайздрасьцю паглядзела праз плячо:
– Шчасьціць дурам.
– Задавіся сваімі срулямі,– пракамэнтавала словы напарніцы шчасьлівая жанчына. – Вось, глядзіце. Складаем пратакол.
Пэнсыянэрам усё й так было зразумела. Адзін падкідваў на руцэ злашчасны пакецік, другі распытаў у Сямёнаўны абставіны затрыманьня. Нарэшце Стах быў узяты пад рукі. Пальцы ў ахоўнікаў апынуліся жалезнымі – аціскалі Стахавы канечнасьці ня горш за апарат для вымярэння ціску.
– Ну, пойдзем, – прамовілі пэнсыянэры хорам, паглядзелі адзін на адного й засьмяяліся.
Яны рушылі наверх, туды, дзе Стах калісьці ўжо быў, калі прыходзіў уладкоўвацца на працу. Аднак паверх, дзе знаходзіўся адзьдзел кадраў, быў прамінуты, пэнсыянэры пацягнулі яго вышэй. На лесвіцы пахла селядцом, ад чаго страўнік Стаха паныла завурчаў, сьцены штопрыступкі гублялі аптымістычна-дзелавы белы колер, дэманструючы ўсё больш змрочныя брудна-зялёныя пералівы. Відавочнай станавілася і адсутнасьць на вышэйшых паверхах кандыцыянэраў, пасоўваньне па тутэйшым паветры нагадвала пастаяннае дакрананьне да стылай, прамарожанай, запэцканай у мазут бляхі. Афарбоўка сьценаў ясна паказвала, што добраўладкаваньнем на гэтых паверхах не займаліся ўжо прынамсі гадоў дваццаць. Памяшканьні, якія бачыў Стах, пасавалі бясплатнай савецкай прыбіральні часоў застою, але не заводзкай катавальні. Працы тут для маляроў хапала. «Чаму нас сюды не накіроўваюць?»– падумаў Стах тужліва, і нібыта цень Кірылы Антоныча памахаў пальцам яму зь цёмнага кута, дзе стаяла мэталічная сьметніца: не пра тое думаеш, Стасік, не пра тое.
Нягледзячы на вонкавую маладжавасьць Стахавых канваіраў, яны задыхаліся й выціралі з ілбоў заслужаны пот, калі ўрэшце прывялі свайго апекаваны да патрэбных дзьвярэй. Які гэта быў паверх, Стах ня ведаў, мусіць, шосты, а можа, і вышэй. У пакоі, куды ён увайшоў, чуючы за сьпінай сіплае пакашліваньне, стаяў невялікі пісьмовы стол з тэлефонам бяз дыску. На адзінай палічцы, прыбітай пад партрэтам генэральнага дырэктара, памірала дзіравая кветка. Фіранкі колеру хакі ўпускалі сюды роўна столькі сьвятла, каб можна было разгледзець невысокага чалавека, які сядзеў за сталом і глядзеў проста перад сабой. Пры зьяўленьні Стаха чалавек ускочыў і забегаў па пакоі, ад сьцяны да сьцяны.
– Ты ў мяне зямлю есьці будзеш! – закрычаў чалавек. Кабура на ягоным рамні здавалася ненатуральна вялізнай. – Ты ў мяне крывёю ўласнай захлынешся, сука! І дружкоў тваіх на чыстую ваду выведзем, будзь спакойны. Ты…
– Я…
– Маўчаць! Не размаўляць! Забі свой славесны фантан, гаўнюк!
Пасьля гэтага вывяржэння чалавечак раптам сьціх. Ён вярнуўся да свайго месца за сталом, прамармытаў: «Артылерыйская падрыхтоўка скончаная» і ўтаропіўся зноў перад сабою. Пэнсыянэры замерлі каля дзьвярэй.
– Дакладвайце, – махнуў рукой чалавек і чыхнуў.
– Будзьце здаровыя, – сказаў Стах асьцярожна, ён вырашыў не губляць годнасьці ні пры якіх абставінах. Трэба заставацца ветлівым і стаяць на сваім. Тады напэўна яму ўдасца давесьці, што яго, Стаха, нехта падставіў, элемэнтарна падставіў, і хутчэй за ўсё, з банальнай чалавечай зайздрасці. Але не пасьпеў ён прамовіць свае словы, як чалавечак ужо стаяў каля Стаха, патрасаючы недзе на ўзроўні Стахавых грудзей «настаяшчым» пісталетам. Кабура ягоная ў захапленьні закусіла губу.
– Заб'ю, падла! – чалавек упёрся галавой Стаху трохі вышэй за жывот, б'ючы пісталетам чамусьці па адным і тым жа гузіку, так што ў пакоі чулася раўнамернае ціхае пагрукванне. – Ён мне здароўя яшчэ жадае! Гэта табе яно зараз спатрэбіцца! Маўчаць, сука, маўчы, а то цябе ў катавальню на насілках панясуць!
І зноў гістэрыка скончылася раптоўна. Чалавечак ахайна схаваў зброю ў кабуру й сеў за стол.
– Сямёнаўна затрымала, – ступіў наперад адзін з ахоўнікаў.– Хацеў пранесьці з прадпрыемства праз прахадную пакет са шрубкамі. Штук пад сто. У кішэню паклаў і думаў, што не заўважаць. Я проста не разумею. Калісь несуны хітрэйшыя былі, у майткі, памятаю, хавалі, у задніць! засоўвалі, а як машынка нашая зьявілася, дык цяперака толькі на транспарце. А гэты нахабнік такі – проста ў кішэні хацеў.
– Нясун, значыць, – чалавечак крыва пасьміхнуўся. – Справа ясная. Імя? Прозьвішча? Па бацьку?
Стах назваўся, намагаючыся адказваць упэўнена й цьвёрда. Але голас атрымліваўся ўсё адно нейкі аблуплены, з-пад верхняга слою праглядвала апраўданне.
– Дзе працуеш?
– Маляр.
– Брыгадзір?
– Кірыла Антоныч.
– Э-э, – горка працягнуў чалавечак. – Шкада Антоныча. Такое ты яму западло падкінуў… Ну што, пішам пратакол. Дзейнічаў адзін або з групай?
– Разумееце, – Стах заплюшчыў вочы й жалаблівай скарагаворкай прамовіў: – Я нічога не хацеў выносіць, у мяне і ў думках ніколі нічога такога не было, гэта нейкая памылка, я шрубкоў гэтых ня бачыў, ня ведаю, як яны маглі да мяне трапіць, мне іх падкінулі, зайздросьнікі нейкія, паверце мне, калі ласка.
За сваімі таропкімі тлумачэньнямі ён не пачуў, як пэнсыянэры і іхны начальнік зарагаталі. Стах адплюшчыў вочы.
– Ды ты дэбіл нейкі,– сказаў чалавечак, аддыхаўшыся. – У цябе й праўда мазгоў нямашака. Акцябронак хераў. То ён спрабуе ў кішэні шрубкі пранесці праз электронны дэтэктар, то цяпер казкі распавядае пра белага бычка. Прыдумаў бы чаго больш цікавага.
– Усё што я сказаў – чыстая праўда, – сказаў Стах і міжволі нават пакланіўся. Але яго зноў ніхто не пачуў, бо на стале хрыпла зазваніў чорны тэлефон.
– Ясіраў,– гаўкнуў у слухаўку чалавек. – Маю, маю… Давай.
Слухаўка легла на месца.
– Справа ясная – пратакол. Па стацьці звольнім. Можаш лічыць, што ўжо не працуеш, гадзюка.
– Я не хачу сыходзіць, – Стах зрабіў крок наперад. – Я не…
Гэта было ўжо занадта. Як гэта – звольніць? Маляры, заробак, праца, фарба, Фарба, Праца, Маляры, Прадпрыемства, Сьняжана, прахадная – усё гэта, набытае з такой цяжкасьцю, так проста страціць? Што ён будзе рабіць без прадпрыемства? Хто будзе маляваць газэту на наступны год? Вяртацца да свайго колішняга бязмэтнага жыцьця, дзе Стах ня ведаў ні славы, ні сэнсу? Прадухіліць, тэрмінова прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў, бо зараз будзе позна. А заробак, што мусіў быць у пятніцу. Фантастычная сума, потам і фарбаю, пэндзлем і крывёю… Не.
– Але паслухайце, – ледзь не завыў ён, кінуўшыся да стала. – Ну гэта ж проста трыццатыя гады. Тады за каласок у Сібір адпраўлялі, а тут вы за пакецік шрубкоў…
– Э-э, – пахітаў галавой Ясіраў і зноў чыхнуў, падазрона зірнуўшы на Стаха – ці не наважыцца той зноў што-небудзь ляпнуць пра здароўе. – Тваё шчасьце, што не трыццатыя. У трыццатыя я б цябе, сабаку, уласнымі рукамі… А добрыя гады былі. Парадак у краіне. Моцная рука нас усіх трымала, цёпла было ў такой руцэ, утульна, і не рабіў ніхто лішніх рухаў. Скажы, Косьцік?
Адзін з пэнсыянэраў летуценна закаціў вочы й правуркатаў нешта.
– Мы вось стараемся, каб трыццатыя… Э-э, ды што казаць, што ты разумееш у трыццатых, гаўнюк.
Дзьверы адчыніліся, пэнсыянэры адступілі ў бакі, не раўнуючы вартавыя ля маўзалею. Стах са зьдзіўленьнем убачыў, як у пакой, па-жаночаму віхляючы тазам, прайшоў знаёмы яму Мурло, ня той, маляр, класны хлопец, хаця й грубаваты, а намесьнік загадчыка адзьдзелу кадраў.– Добры, – павітаўся Стах, нечакана зразумеўшы, што Мурло можа яго абараніць. – Добры дзень, таварыш Мурло…
Мурло ціхенька падыйшоў да стала, прыняў з рукі Ясірава пачак цыгарэтаў, спытаў ціха: «Працуеце?» і пайшоў да выйсьця. Стах кінуўся да яго, схапіў за бездакорны рукаў.
– Таварыш Мурло… Вы зможаце мне дапамагчы…
Мурло нечакана спрытна вызваліўся, незадаволена паглядзеў на пакамечаную тканіну, прамовіў «Вы памыліліся, маё прозьвішча Цыпранаў. Ня буду вам замінаць» і так жа ціха выйшаў. А Ясіраў ужо лез на Стаха зь пісталетам.
– Ты што сабе дазваляеш, мразь ты сучая! Ты ж нават запомніць ня можаш, як начальства завуць, гаўнюк!
Стах цярпліва дачакаўся, пакуль прыпадак скончыцца, і, трасучыся, заплюшчваючы запаленыя вочы, адказаў:
– Рабіце што хочаце, але я нічога ня краў. Гэта падстава. Я не зьбіраюся сыходзіць, я да генэральнага дайду. Пішыце свой пратакол, і я пайду.
Ясіраў уключыў сьвятло, бо за вакном нарэшце сьцямнела. Пэнсыянэры ля дзьвярэй засумавалі, асабліва Косьцік – ён нюхаў беламорыну, камечыў яе, трымаючы ля валасатага носу, і з папяросы на форменны мундзір падалі маленькія завітушкі. Рот Стаха таксама перапаўняла сьліна, ён зглатваў яе, відаць, надта шумна, і Ясіраву гэта чамусьці было даспадобы. Гэстам ён адпусьціў ахоўнікаў, і яны са Стахам засталіся ў кабінэце сам-насам.
– Пратакол… – сказаў Ясіраў задуменна. – Ты разумееш, што ў працоўнай кніжцы тваёй будзе запіс: звольнены за спробу крадзяжу. З такой характарыстыкай у касманаўты ня возьмуць. Та-а-ак…
Ён дастаў з шуфляды стала паперу і асадку.
– Пратакол… Добра. Ты, я гляджу, зусім сапляк яшчэ. Шкадаваньне – пачуцьцё прыніжальнае, як сказаў адзін разумны чалавек. Думаю, такога прыніжэньня зь цябе на гэты раз хопіць. А там паглядзім. Можна абысціся без пратаколу.
Ясіраў паглядзеў Стаху ў самыя вочы, спадзеючыся знайсьці там неймаверную радасьць. Знайшоў, пасьміхнуўся, узяў паперу ў рукі.
– Тут гатовы тэкст, табе трэба толькі падпісаць. І пратакол не спатрэбіцца. Пойдзеш да жонкі, пад крылца, боршч есьці, тэлевізар глядзець. Ты ж добры хлапец. Д'ябал спакусіў, разумею. Захацелася грошыкаў на халяву. Вось, паглядзі.
– Я, дарэчы, конкурс сьценгазэтаў выйграў, чулі? – Стах дрыжэў ад радасьці. Як ён ня стрымліваўся, на скулу выехала ўдзячная сьляза на белым мэрсэдэсе. У той жа час знутры Стаха душыла незразумелая млосьць. Чагосьці не ставала арганізму, але чаго? Пра цыгарэты думалася ўжо з агідаю, іншая хваля накатвалася на пустэльны Стахау бераг праводзіла па ім языком, не знаходзіла патрэбнага й расчаравана адступала, прыносячы тупы боль і галавакружэньне.
– Тым болей, – адказаў Ясіраў стомлена. – Памыліўся, з кім не бывае. Але пачакай. Мне як следчаму трэба пераканацца… Пераканацца, што ты больш не схаваў нічога. Я ж так гляджу, яны шрубкі знайшлі, а далей не капаліся, ахламоны. Так што выбачай, мой доўг – праверыць да канца. Распранайся.
Стах абражана замахаў рукамі. «Пратакол!» – гідка агаліў зубы Ясіраў. «Хрэн зь ім,»– падумаў Стах, якому не цярпелася вырвацца на волю, і зьняу куртку.
– Далей, далей, – прадырыжаваў Ясіраў, разваліўшыся на крэсьле.
Стах зьняў швэдар і кашулю.
– Нагавіцы, – прамовіў Ясіраў па складох. Стах азірнуўся на дзьверы.
– Пратакол? Звальненьне?
Стах падпарадкаваўся. Ён стаяў у майтках пасярод кабінэту, і Ясіраў па-бацькоўску ўсміхаўся, пастукваючы пальцамі па стале. Дзіўна, але Стах зусім ня мерз, наадварот, цела, якое ўпершыню за такі цяжкі дзень змагло ўздыхнуць вольна, смакавала салодкі сюрпрыз паслабленьня, і пад пахі, пах якіх адразу ж пасяліўся ў пакоі, сьпешна атабарыўшыся ў ва ўсіх кутох, забіраўся прыемны халадок.
Добрае ацяпленьне.
– Калі вы… ну, мужчын любіце, я не дазволю, – сказаў Стах сарамліва. – Я на вас паскарджуся, чуеце?
– Як у цябе какетліва атрымалася, – праспяваў Ясіраў.– Ня бойся, ня буду я да цябе лезьці. Худы які, скура ды косьці… Ну, падпісвай.
Стах, натуральна, спачатку вырашыў прачытаць. Ён падыйшоў да стала, узяў паперу, але тут жа з жахам адчуў, што ў такі адказны момант яго ўсё ж падпільнавала эрэкцыя. Прычым якая… Сьняжана бы страціла прытомнасць. Стах адвярнуўся ад Ясірава, які зарагатаў, і прабег вачыма тэкст. Словаў там было мала. Абавязуюся адпрацаваць на прадпрыемстве дзесяць гадоў са дня падачы заявы. Абавязуюся ўладкаваць сюды на працу ўсіх сваіх дзяцей абодвух палоў. Абавязуюся прадастаўляць у адзьдзел аховы ўсе неабходныя яму зьвесткі пра настроі й пра ўсе размовы, якія пачую ад сваіх калегаў. Абавязуюся захоўваць наяўнасьць дакумэнту ў тайне. У выпадку парушэньня дамовы буду сплочваць прадпрыемству… Колькі? Ко-оль-кі-і?
– Я апранаюся, – кінуў Стах і падняў з падлогі нагавіцы. – Я адмаўляюся. Пішыце пратакол.
Ясіраў, зусім не зьдзівіўшыся, узяў асадку ды ўзмахнуў ёй па-над новым лістом. У той жа момант рука Стаха накрыла асадку, як каршук, і на паперу вылезьлі нейкія крамзюкі.
– Згодны. Я… Я расьпісваюся. Не! Не, згодны.
– І майткі.
– Навошта вам гэта? – прастагнаў Стах. Рука яго, якая толькі што падпісала самую важную паперу ў жыцьці, легла на гумку майткоў, пацягнула яе ўніз. Ясіраў корпаўся ў сваім стале, нешта шукаючы – збоку выдавала на тое, што ён часаў схаваную ў паліраваных нетрах стала загадкавую істоту, і істота гэтая шчасьліва павісквала. Партрэт генэральнага назіраў са сьцяны, па-казацку пасміхаючыся, як Стах выдастаў сябе з вузкіх майткоў і замёр, згорбіўшыся. У трохкутніку цёмнага ваеннага шкла таксама стаяў Стах, толькі паменшаны, і трымаў паміж ног галаву зьмяі – той зьмяі, якая прыносіць удачу. Зьмяя напружылася, здранцвела, прасіла літасьці.
– Любіш музыку? – спытаў Ясіраў зусім новым, незвычайным голасам. Вочы ягоныя бліснулі й тут жа згасьлі, каб праз імгненьне засьпяваць, ціха й хрыпла, – засьпяваць першы куплет гімну бесстароннасці. Стах разгублена глядзеў, як Ясіраў, трымаючы галаву пад абсалютна нежывым, парадным простым кутам, марадзёрскім рухам выцягнуў з-пад стала патэфон, што імшыста зайграў сваімі нікелевымі аздобамі пад сьветлападам лямпы, потым з грукатам паставіў на паперу са Стахавым подпісам зьзяючую гулкую трубу.
– Артылерыйская падрыхтоўка скончаная, – прашаптаў начальнік аховы, прыладжваючы трубу да корпусу патэфону. – Грасмэйстар Караштаньнікаў па вашым загадзе зьявіўся. На пазыцыях танцы. Любоў Арлова. Прашу падмацавання. Горад-герой.
Два байцы. Плі. Музыка.
Ясіраў зноў палез пад стол. Стах як зачараваны стаяў на месцы, баючыся варухнуцца – было адчуванне, што любы ягоны рух парушыць да часу прыхаваную гармонію вечара, і ня дай божа паляціць прахадная, і цыстэрны фарбы, і кабінэт, і сам Лараў, і неба пад тоўстым слоем бэтону й шыфэру, і заваконная поўня зь лягатыпам прадпрыемства у малянкоўскую шклянку якой-небудзь Рэспублікі Тартарары, і ўсьлед за імі, натуральна, туды ўсмокча й Стаха, без майткоў, беланогага, з бруднай душой, раба па сацыяльнасці, мастака па прызванні. Ясіраў вярнуўся з запыленай кружэлкай, з салодкім банцікам на вуснах накруціў спружыну, быццам набраў нумар каханкі.
– Зараз, зараз, – прастагнаў ён і выйшаў з-за стала. У патэфоне пайшоў летні начны дожджык, зарыпела нябачная брамка далёка ў казачным садзе Тут жа патэфон усё сапсаваў – забляяла камісійнае далёкае танга. Стах нахіліўся, каб падняць майткі, але Ясіраў падыйшоў да яго ўшчыльную, зрабіў кароткі паўпаклон і абхапіў Стахаву тонкую талію. Левая рука Ясірава, пальцы на якой былі спрэс пасечаныя мініятурнымі шарыкамі, мякка, але рашуча ўзяла ўспацелую Стахаву далонь. Агаломшаны Стах не супраціўляўся, і яны зрабілі па кабінэце некалькі цалкам пэўных колаў. Ясіраў павярнуўся да вакна, запракінуў галаву, губы яго з жарсьцю гладзілі адна адну. Шурпатая тканіна форменнага мундзіру прымушала стаяць у фронт усе валаскі Стахавага цела. Стах выварочваў галаву, каб толькі не адчуваць подыху Ясірава, ад якога надта ўжо несла першасортнай цыбуляю. Загіпнатызаваны, Стах доўга ня мог уцяміць, што адбываецца зь дзьвярмі, пакуль да яго не дайшло: яны адчыняюцца, надзвычай павольна й шматабяцальна. Адчыніліся. На парозе, аберуч трымаючыся за касяк, стаяў генэральны дырэктар Марлокін. Кашуля яго была расшпіленая на грудзёх, з нагруднай кішэні тырчэў кончык гальштуку. Стах адчайна паспрабаваў схавацца за сьпінай Ясірава, што, натуральна, загадзя было наканаванае на няўдачу. Марлокін абвёў пакой каламутнымі, зацыганенымі вачыма, але позірк ні за што не чапляўся, перакатваўся па сьценах, прадметах, танцуючых фігурах, бы шарык у дзіцячай гульні. Стах паторгаў Ясірава за каўнер, начальнік аховы прамармытаў нешта незразумелае й прыціснуўся да Стахавага жывата яшчэ мацней. Марлокін пахіснуўся, яго скаланула, як быццам ззаду ўдарыў таямнічы кулак, потым адвярнуўся й зрабіў крок па калідоры, па-ранейшаму застаючыся ў межах бачнасьці. Ён упёрся галавой у аблупленую сьцяну, і з тоўстагубага роту Марлокіна выляцеў на падлогу доўгі пярэсты струмень. Папляваўшы на плінтус, Марлокін уздыхнуў, прастагнаў нешта й рушыў далей. Генэральны дырэктар быў п'яны, п'яны, як замочаная ў віне ялавічына.
У пятніцу ўраньні страх пабудзіў Стаха, як і належала гэтаму пачуцьцю, роўна а шостай. Увесь учорашні святочны дзень Стах правёў у намаганьнях прыкрыць яго чым-небудзь, газэтаю, коўдраю, сшыткам са сваімі паэтычнымі вопытамі, лістом ватману, шырмай у лазьніцы, на страх можна было б паставіць тэлевізар, замазаць яго жоўтай фарбай, накласьці на яго закляцьце нікчэмнымі размовамі з маці пра новы халадзільнік, – безвынікова. Страх расплываўся тлустымі плямамі на такой, здавалася, чыстай паперы, страх аглушаў яго, калі Стах стаяў пад прыручаным дожджыкам душа, ён вылазіў на экран тэлевізара ў выглядзе параноікау-афганцаў, фарба апаўзала зь яго гордай паверхні. Як прымуць заўтра на прадпрыемстве, ці стрымае абяцанне Ясіраў, ці не наткнецца Стах на ветлівы байкот такіх прыхільных раней да яго маляроў? – бессэнсоўныя пытанні такога кшталту нанізваліся на нетрывалую нітачку Стахавага настрою, прылягалі адно да аднаго шчыльна, ладненька, хоць вешайся на гэтай нітцы. Стах давіўся чарговай цыгарэтай, пстрыкаў запальнічкай гэтак часта, нібы хацеў зьнішчыць папілярныя лініі на вялікім пальцы. Прамерзлая лесьвічная пляцоўка, дзе ён прабавіў, відаць, некалькі гадзінаў, паскудна нагадвала пра нядаўні шлях да кабінэту начальніка аховы; у пад'езьдзе да вечару адбываўся чэмпіянат па разгрузцы вялікага фургону – да іх у дом засялілася нейкая надта ўжо маладая сям'я. Пераможца прапанаваў выпіць разам, пазнаёміцца, хакей паглядзець. Стах пагадзіўся. «Я вось працу шукаю,»– прызнаўся новы сусед, калі яны ўвайшлі ў кватэру, па якой перарвалася з кута ў кут прыватызаванае рэха. – «Думаю на Прадпрыемства пайсьці. Ведаеш, есьць тут паблізу такое.» На падлозе курчылася ў сутаргах вільготнае дзіця. «Зараз, зараз,»– замітусіўся гаспадар, па-лёкайску распранаючы тэлевізар. Стах не разьвітаўшыся пайшоў дахаты й доўга сядзеў з пэндзлем у руцэ над аркушам паперы, што пры бліжэйшым разглядзе апынуўся не такім ужо белым. Страх. Іх са Стахам імёны былі вельмі падобныя, але Страх меў рацыю, меў рэгаліі, рыштунак, рэвалюцыйны крок, роспач абарачаў у радасць, страх мусіў рэінкарнавацца заўтра ў рыцара-пераможцу, кардынала Рышэлье, у той час як Стах ня меў гэтага ўпартага, рашучага «Р» і ў імені сваім чуў адно рафінаваны, дыстрафічны выклічнік. Ён лёг спаць з малітваю, каб ноч не сканчалася аніколі.
Але пятніца надыйшла. У перапоўненых аўтобусе й вагоне мэтро страх адступаў, бо з усіх бакоў да Стаха ціснуліся людзі, для якіх боязь СНІДу ды беспрацоўя даўно сталі сэнсам жыцьця. Але варта было апынуцца на вуліцы, між бамжуючых птахаў, заінелых машынаў і дрэваў, кожнае зь якіх падавалася згарэлым, як Стахавы ногі адмаўляліся рухацца, і ранішні сыр падыходзіў да самага горла. Стах хапаўся за кожную цыгарэту як за саломінку, узгадваліся чамусьці дзіцячыя візыты да стаматоляга. Ён падыйшоў да прахадной акурат у той час, калі мусіў ўжо сядзець у малярскім пакойчыку. Аднак, як гэта заўсёды бывае, нічога страшнага ня здарылася. Знаёмая ўжо Сямёнаўна па-змоўніцку яму пасьміхнулася, рабочыя віталіся як у лепшыя часы, ён спазьніўся хіба што на дзесяць хвілінаў. Брыгада й праўда прыняла яго насьцярожана, але да працы Стах быў дапушчаны безь перашкодаў. Першая палова дня цягнулася невыносна доўга, становішча вымагала тлумачэньняў, аднак жа ніхто не хацеў пачынаць. Спрыяльны момант надыйшоў падчас абеду. Кірыла Антоныч абменьваўся з астатнімі ўражаньнямі пра ўчорашні хакей, і Стах наважыўся ўрэшце ды спытаў, ні да каго канкрэтна не зьвяртаючыся: «Дык хто каго ўчора?» – «Нашы шэсьць тры,»– таямніча адказаў Бурцэвіч, і ўсе рэзка павярнуліся на ціхі Стахаў голас. «А ты чаго не прыйшоў?»– спытаў Кірыла Антоныч. – «Мы чакалі»– «Дзеўкі важнейшыя,» – пераклаў нехта словы Дзеленстапа Каўкомавіча і брыгада звычна засмяялася. Стах старанна крывіў вусны і энэргічна трос праяснелай галавою. «Дык як там гэтая гісторыя, са шрубкамі?»– нібыта мімаходзь кінуў Мурло. «Так, патлумач калегам, варуга,»– нахмурыў жартаўлівыя бровы Кірыла Антоныч. Стах уздыхнуў. «Ды нармалёва. Нехта падставіў, падкінуў у кішэню шрубкі гэтыя. Свалата. Але я ўсё растлумачыў… Разабраліся, адным словам. Цяпер я чысты перад законам.» Палёгка на тварах маляроў прывяла Стаха ў, бадай, жаночую расчуленасьць. Маляры падыходзілі, ляпалі па плячы, абдымалі. «Я ўжо й праўда паверыў,»– казаў Мурло. – «Ты ж проста дзіўны такі… Хто цябе ведае.»– «А я верыў,»– прамовіў Бурцэвіч. Дзеленстап Каўкомавіч таксама прамыкаў нешта, але нікому не было ахвоты перакладаць. «Хацеў бы я ведаць, што за курва цябе падставіла,»– задуменна прамовіў Кірыла Антоныч, панюхаўшы бутэрброд з салам. – «Калі б Рулінскі сабе пуза не ўспароў, я б у першую чаргу на яго падумаў. Ён мог, ад зайздрасці.» Пры згадванні Рулінскага маляры ажывіліся яшчэ больш. У кожнага, як высветлілася, былі да гэтага інжэнэра ЦЗЛ нейкія асабістыя рахункі. Кожны памянуў генія сьценгазэтаў нядобрым словам: у Кірылы Антоныча той пазычыў грошы й не вярнуў, так што магіла стала для самагубцы яшчэ й даўгавой ямаю, у Мурла Рулінскі адбіў дзяўчыну, Дзеленстапа Каўкомавіча нязьменна пры сустрэчы абзываў Еўстафіем Пахомычам, а ў Бурцэвіча дома гэты зайздросьнік быццам бы ненаўмысна выліў на новы светла-блакітны палас бутэльку «лоры чырвонага».
Пра Сьняжану Стах успомніў толькі напрыканцы працоўнага дня. Яе не было на працы ўвесь дзень, і Стах, як яму гэтага не хацелася, пацікавіўся, хаваючы вочы, у Танюхі, дзе ж падзелася Сьняжынка. «Адгул узяла,»– ашчэрыла гнілушкі Танюха. «Што, сумуеш? Ты ёй пазвані. А то зьезьдзі, праведай. Яна якраз да дзевяці сёньня адна.»– «Пазваню абавязкова,»– адказаў Стах голасам п'янага трактарыста, не наважыўшыся прызнацца, што ні тэлефонам, ні адрэсай Сьняжаны яму ніколі і ў галаву не прыходзіла пацікавіцца.
Шруб жыцьця, так груба вырваны са сваёй адтуліны вар'яцкімі падзеямі серады, на дзіва лёгка стаў на месца. Стах вырашыў жыць як жыў, ні пра што не даносіць, пастарацца навогул забыцца на існаванне гэтай зьніадкуль узьніклай паперчыны, якая ляжала зараз у стале Ясірава. Шчасьце, вядома, што яму дазволілі застацца на прадпрыемстве. Пад сажаю штодзённай працы, пустых размоваў і дзіўных звычаяў, у якіх, праўда, Стах знаходзіў з кожным днём усё менш дзікунскага і нават пачынаў лічыць іх надзвычай павучальнымі для гэтых інфантыльных людзішак адтуль, гэтых самаўпэўненых адтулінцаў (яму надта карцела ўбачыць у брыгадзе якога-небудзь навічка ды паназіраць за ягонымі пакутамі), пад усёй гэтаю сярэднявечнай таямнічасцю хаваліся бліскучыя пэрспэктывы. Мала таго, што прадпрыемства давала яму рэгулярны заробак, адзін з самых высокіх сярод дзяржаўных прадпрыемстваў гораду, так што Стах мог дазволіць сабе завесьці некалькі пародзістых, пухнатых, нявыхаваных і мілых звычак; мала таго, што ён кахаў фарбу мацней за ўсіх жанчын усіх сьветаў і цешыўся сваёй прыбліжанасцю да Яе Вялікасьці; мала таго, што на ягоным жыцьцёвым шляху сустрэліся нарэшце людзі, якія здольныя былі ацаніць ягоны талент, якія бачылі ў ім асобу, вартую ўвагі, якім ён, Стах, быў цікавы й сімпатычны. Мала таго, што ён пачуваўся тут натуральна і ўтульна, так добра, як нідзе па той бок, мала таго, што ён адкрыў для сябе вельмі прыемнае пачуцьцё, недасяжнае яму ў ягонай мінулай ролі – пачуцьцё радаснай стомы пасьля грунтоўна выкананай Работы. Было і яшчэ нешта. Па-першае, начальнік цэху паабяцаў Стаху пасьля Новага году выдзеліць памяшканьне пад майстэрню дзе-небудзь у падсобны, з умовай, што Стах будзе займацца афармленьнем цэху, рабіць матэрыялы па нагляднай агітацыі, патрэбныя надпісы на прадукцыі ды абсталяванні. Па-другое, ён дамовіўся, што друкарня прадпрыемства выдасьць увесну ягоную кнігу. За казённыя грошы. Значэньне гэтага цяжка было пераацаніць! Кніга. Ягоная першая кніга. Ягоны паэтычны зборнік. Назва ўжо была. «Рукі сноў, або сны рукі»– гучала годна.
Ужо каля самай прахадной, слухаючы разважлівы аповед Кірылы Антоныча пра апошнюю хваробу ягонай жонкі, якая ўжо тыдзень ляжала ў больніцы з падазрэннем на рак, Стах заўважыў у небяспечнай блізкасьці ад сябе карэспандэнта Ждановіча, апранутага ў нязьменнае сваё паліто, па якім струменіў каціны волас. Ждановіч таксама заўважыў Стахаву галаву, якая мерна пагойдвалася на паверхні натоўпу, але адразу ж удаў, што не пазнае, і дэманстратыўна ўзьняў вочы да балянсуючага на мяжы двух безагаворачных колераў прыземістага неба. У Стаха не было асаблівага жадання размаўляць, ён якраз задумаўся над рыфмаю да слова «Марлокін», аднак па прыхамаці чалавечай масы іх урэшце падсунула адзін да аднаго. Сарокі, далёкі, папрокі…
Ждановіч, намагаючыся не прыціскацца надта блізка, фамільярна павітаўся і, з прыкрасцю паглядваючы паверх галоваў, пасьпешліва загаварыў:
– Ну, як, вясной кніжка, а я прачытаў вашыя, выйдуць, выйдуць на наступным тыдні. Але ж хацеў вам параіць, вы бы на час кінулі паэзію, а напісалі б нам карэспандэнцыю якую, пра рэканструкцыю ЦТО, прыкладам. У нас за вершы ня плоцяць – а яны выйдуць, так, добрыя вершы – а за рабкораўскія матэрыялы пару рублёў атрымаеце. Я вось з друкарні йду і…
Маляры пазіралі на Ждановіча з пагардай, якую імкнуўся зьмякчыць хіба Кірыла Антоныч – брыгадзір змоўк ды павярнуў твар у бок карэспандэнта, што круціў галавою й спалохана азіраўся. Овэрлокі, урокі, вытокі… Вытокі…
– А верш той… ну, пра цэцэ… вы ўзялі? – спытаў Стах, інстынктыўна засланяючы Ждановіча ад Мурла, якому карцела, відаць, засадзіць карэспандэнту па назе. Натоўп марудна набліжаўся да дэтэктара. Стаху ўдалося акружыць сябе й Ждановіча зусім незнаёмымі людзьмі, і цяпер яны з карэспандэнтам нібыта стаялі ў цеснай кабінцы мужчынскай прыбіральні, удыхалі подыхі адзін аднаго; маляры паднялі ўверх пропускі, махалі імі, дэтэктар чытаў Пушкіна на памяць.
– Пра цэцэ, так… А, памятаю, цікавы верш, я зразумеў, файна вы абыгралі, як гэта там, і пад уладай тысяч сноў стаіць над імі Цэх Цахоў, добры дзень, Юры Максімавіч, і я пыльца ў яго руцэ… у яго руцэ, так, дзе гэта мой пропуск, вы, дарэчы, хакей учора глядзелі? так, пыльца ў яго руцэ… Ён песьня песьняў, ён ЦЦ… Так, здаецца?








