Текст книги "Натуральная афарбоўка"
Автор книги: Альгерд Бахарэвіч
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 13 страниц)
– Так ня пойдзе, – сказаў заклапочана Кірыла Антоныч, пакуль Цыцка выціраў з чаравікоў нудоту. – Давай яшчэ.
Але я не хачу…
– Малайчына, Стах. Ну, яшчэ адну. І яшчэ-э-э… Цуд. Гэта проста цуд.
Да наступнай суботы сьнег зьнік, быццам яго й не было. Восень зноў улезла ў свае паношаныя бальнічныя халаты; у кватэру Стаха вярнуўся холад, майткі боўталіся на батарэі як на здранцвелым мерцьвяку, маці заклейвала вокны, дадаўшы гучнасці сваім заўсёд-ным дакорлівым вохам і шматзначным скаргам на раматус; на двары панавала вада; у галерэі сучаснага мастацтва спыніў сваю працу гардэроб. Увечары ў пятніцу Стах ляжаў з кніжкай у сваім ложку й думаў пра тое, што халасцякам шанцуе: іхныя ложкі мерзнуць у вадсутнасьць гаспадара толькі за аднаго чалавека, а ложкі жанатых замярзаюць адпаведна ўдвая мацней. Думка яму спадабалася, ён нават запісаў яе ў блякнот, але потым чалавек па імені Томаш, які закапаў пад яблыкамі сабаку, нешта прашаптаўшы па-чэску, ледзь не давёў Стаха да сьлёзаў. «Якая дурата,»– сказаў ён у падушку й выкінуў блякнот у сметніцу. «Я ніколі не змагу так…»– «Калі дурата, дык навошта чытаеш,»– прабурчала пад ложкам маці. «Атрымаеш заробак, дык, мусіць, на кнігі траціць ня будзеш. Зразумееш, чаго працоўны рубель варты.»– «Ні фіга, ты, маць, ня цяміш у мастацтве,»– прамовіў Стах задуменна. Маці, цяжка аддыхваючыся, выціскала ў вядро анучу. «Ты ўжо разумееш,»– пасьміхнулася яна. – «Маляр – самавучка.» Яна прысела да яго на край ложку. Стах абняў яе, запаліў цыгарэту: «А ці ня выпіць нам гарбаты зь лімонам?» Маці падхапіла вядро і пайшла на кухню. «Ты толькі ня долькі кідай, а сок выцэджвай!»– крыкнуў ёй наўздагон Стах і зноў прылёг на яшчэ не астылую коўдру. Скразняк перарубіў напалову струмень дыму. «Заўтра спаць, спаць-спаць-спаць да дванаццаці. Мілая дзяўчынка. Спўааць…»
Назаўтра ён выехаў на лецішча электрычкай на дзевяць сорак. Тэрмас грэў сьпіну, у страўніку астывала ранішняя кава, чытаць не хацелася. Стах бег па адталых сьцежках пасёлку, не сустракаючы на сваім шляху амаль нікога, апрача сабакаў, якія лянотна слухалі сварку варонаў і ціха палясквалі ланцугамі. Значыць, сёньня сюды яшчэ панаедуць, разважыў ён. Ужо недалёка ад дому Стах заўважыў сівавалосага чалавека, які дзелавіта корпаўся на сваім участку, раз-пораз грукаючы нагою ў гумовым боце па непаслухмянай рыдлёўцы. Раней Стах яго ня бачыў. Мусіць, нехта набыў участак. Падыходзячы да цаглянае сядзібкі суседзяў, Стаху давялося яшчэ прагнаць зеленаватае ўскудлачанае стварэньне, якое гуляла ў вясёлае пародзістае шчанё. «Пад яблыкамі пахаваю, Ўронскі,»– замахнуўся на яго Стах, са шкадаваньнем адзначыўшы, што сіняга Вольва ля суседзкага дому няма.
Першае, што ён убачыў на сваім участку, былі сьляды. Ахайна пакінутыя ў вязкай стэрылізаванай зямлі на тым месцы, дзе калісьці быў гарод, яны вялі да адзінага ў доме вакна. Само вакно пакрыўджана рыпела, скардзячыся Стаху на ўварванне. Нехта вырваў проста з драўняным белым мясам кручок з унутранага боку, які й так, па шчырасці, трымаўся на саплях, і безь перашкодаў прабраўся ў дом. Сьляды былі вельмі выразныя, нібы чужынец адчуваў сябе зоркаю, што пакідае адбіткі сваіх ступакоў у бэтоне Алеі Славы. Стах тупа разглядваў іх, круцячы ў руках цыгарэту. Яму і ў галаву не прыходзіла, што незнаёмы можа й зараз знаходзіцца ў доме. Урэшце ён адшукаў пад ганкам ключы і ўвайшоў.
Відаць, злодзею даўно не шанцавала на добрую здабычу. Мяркуючы па тым, што быў згрызены кавалачак хлебу, які валяўся на тумбачцы ўжо падчас мінулага Стахавага візыту, і па пустым слоічку ад гарчыцы, якую некалі, невядома навошта, прывозіла сюды маці, мяркуючы па апаленых фільтрах Стахавых недапаліў, па адсутнасці зьвязку сушаных грыбоў, што віселі ў мінулы раз на цьвіку ля дзьвярэй, па голым ложку, зь якога былі зьнесеныя і сырая коўдра, і прагнілая падушка, гэты няшчасны чалавек быў задаволены любой рэччу, якую яму пашчасціла тут ухапіць. Ягоныя сьляды былі відаць і ў доме – шырокія плямы бурай зямлі. Злодзей скраў і ўсе тыя часопісы, што ляжалі на тумбачцы. Зрэшты, Стах ня стаў удаваць зь сябе дэтэктыву й выйшаў на двор. Тут ён ужо амаль з усьмешкаю зразумеў, што таямнічы наведнік рупліва сабраў яблыкі й забраў іх з сабой. «Вось за гэта дзякуй,»– сказаў Стах у цёмны дзьвярны праём. Не туды ты ламануўся, дружа. Вось там, за чыгункаю…
Верны Стахаў заплечнік утульна ляжаў на падваконьні, дзе таксама нага злодзея засведчыла сваю прысутнасць. Стах весела падхапіў яго, узважыў на руках. У вапошні час ён адчуваў у сваіх членах дзіўную ўпэўненасьць, нейкае абнаўленьне крыві. Калі раней ён спрабаваў дыктаваць рукам дзеяньні, і праз кволасьць і дрыготку ўласнае волі рукі слухаліся Стаха нехаця, змушана, то цяпер, здавалася, надыйшоў час поўнай гармоніі: рукі пачалі дыктаваць Стаху, якое файнае ім можна знайсьці прымяненне, і Стах з радасьцю падпарадкаваўся ім. Усміхнуўшыся ў бок бязьлюднай суседзкай сядзібы, ён не спяшаючыся, смакуючы кожны рух дастаў з заплечніку вялікую бліскучую бляшанку фарбы й па-дзіцячаму прычасаны пэндзаль. На бляшанцы жоўты чалавечак у жоўтым камбінэзоне маляваў сонца, бок якога быў аздоблены надпісам ікарусавага колеру – GELB.
Глыбока ўздыхнуўшы й заплюшчыўшы вочы, Стах правёў пэндзлем па шурпатай сьцяне. Навакольле адгукнулася зьдзеклівым рогатам электрычкі. «На адзінаццаць,»– падумаў Стах міжволі і зноў лізнуў дом сваім новым, атрыманым у падарунак ад Кірылы Антоныча валасатым сябруком. «Зараз набягуць… І Дубраўскі прыпрэцца. І, можа быць, Вольва, – сіні, сіні.» Ён адплюшчыў вочы. На прагнілай, мокрай сьцяне, падобнай да параненага боку даўно затанулага карабля, гарэлі, пераплёўшы хвасты, дзьве ўзбуджаныя кобры. Ікарусавы колер – колер, які ніколі не забыць эмігрантам. Гэльб!
І Стах прыняўся за працу. Адразу ж дом з паважнага пэнсыянэру ператварыўся ў неданошанае гаротнае дзіцё. Фарба сьцякала па ім, як сьліна. Напачатку Стах вырашыў праверыць сябе на хуткасць. Неўзабаве празь неахайна нанесены макіяж пачаў прасьвечваць бруната-зялёны здрадніцкі тон. Хуткасьць не прыносіла плёну – дзе-нідзе фарба ператваралася ў засохлую корку, якая на некалькі сантымэтраў выступала з паверхні, а ў іншых месцах толькі некалькі кволых палосаў сарамліва, але беспасьпяхова хавалі марачную гніль. Але паступова Стах намацаў свой рытм, і вось ужо фарба клалася на сьцяну роўнымі пластамі, і не ўтварала больш лініяў, карункаў, малюнкаў, адвольных арнамэнтаў, а пакрывала старое дрэва неаспрэчным і суцэльным колерам. Стах разыйшоўся, ён пачаў выдзёўбваць невідушчай нагой траншэйку ў зямлі, прытанцоўваць, ён знаходзіў адмысловае задавальненьне ва ўключэньні гэтага вадкага экрану на дрымучай сьцяне. Вусны ягоныя ціха завяліся, забомкалі, пратарахцелі нешта бязладнае, настройваючыся, ніжнюю губу нецярпліва ўкусілі скачучыя ў роце як фальклорны ансамбль зубы, – і Стах нечакана для самога сябе прагнусавіў на матыў бетховэнскага «Сурка»:
– В соседнем доме окна жолты, По вечерам, по вечерам…
Ён вымавіў гэта досыць гучна, сьпінаю адчуваючы пустую вуліцу, вусьціш саду й замерзлае раздражнёнае сонца, якое кантралёры ссадзілі з электрычкі якраз на прыпынку «дачны пасёлак» і якое цяпер марудна, ледзь ня плачучы набліжалася да ягонага апранутага ў кароткую жоўтую спадніцу дома, ён быў амаль шчаслівы, ён зьлізнуў залатую кроплю з махнатага пэндзлю і апусьціў яго ў бляшанку, ён узмахнуў пэндзлем у прадчуваньні чарговага выдрэсіраванага мазка – але пэндзаль тупавата ўпёрся галоўкаю ў сьцяну, фарба расплюшчаным – шлоп! – павучком распаўзлася па маналітнай роўнядзі, бо… Бо ззаду дзявочы голас насмешліва й на дзіва музычна прасьпяваў:
– Скрипят задумчивые болты.
Подходят люди к воротам.
Стах рэзка азірнуўся, разагнаўшы даверлівую гразь. Склаўшы абыякавыя рукі на невысокім плоце, на суседнім участку, і ўсё ж так блізка, так блізка ад Стаха стаяла мілая дзяўчынка Тая, і пара яшчэ таяла каля яе зьзяючых, вострых, маленькіх зубоў.
– Прывітанне, – сказала яна з хітрай усмешкай, забаўляючыся выглядам зьбянтэжанага Стаха. – Прывітанне, дарагі сусед.
Стах разгублена хітнуў галавою ў вадказ. З пэндзлю крапала фарба й пакрывала зямлю густымі плямамі. Ён ня мог адвесьці ад яе вачэй, ад яе чорнай, зашпіленай пад самае горла курткі, ад скуранога барэту на коратка стрыжанай галаве, ад гэтага маленькага разбэшчанага тварыка, у якім мыш мірна суіснавала з коткай і ўтварала зь ёю вельмі дзейны хаўрус. У руцэ Таі паволі дыхала доўгая цыгарэта.
– Я гэтую муру са школы памятаю, – прамовіла яна, кідаючы недапалак на Стахаў участак. – Толькі мы яе ў клясе па-іншаму перараблялі.
– Як? – спытаў Стах, проста каб нешта сказаць.
– Ня памятаю, – кінула яна легкадумна. – А ты любіш фарбаваць, так?
– Ну… – пачаў было Стах, але яна яго не даслухаўшы перабіла:
– А мне мой астроляг казаў у нядзелю, што жоўтага колеру на гэтым тыдні трэба сцерагчыся.
– Астрапрагнозы выдумляюць тыя, хто…
– У цябе фарба крапае на джынсы, – праспявала Тая й, згубіўшы да Стаха ўсялякі інтарэс, рушыла да свайго дому.
Як жа ўсё ж цяжка заваяваць яе прыхільнасць… А зрэшты, чаму гэта ён вырашыў, што яна яму гэтак патрэбная? Дзіўная дзяўчынка, мілая, зь нестандартнай такой прыгажосцю, Стаху чамусьці падабаліся такія – вуглаватыя маленькія стварэньні, зь непрыкметнымі грудзьмі й мангольскімі вачыма, але ж па ўсім відаць – пустышка, кола інтарэсаў якой не сягае вышэй модных буцікаў ды сарокінскіх кніжонак, прапахлых фэкаліямі ўпалову са спэрмаю. На ролю вернай сяброўкі вялікага мастака яна не падыходзіць, ніяк не падыходзіць. Вось блін, засела ў галаве… Аднекуль здалёк даляцела да Стаха размова двух малаткоў, а нос ягоны ўлавіў слабы, але такі выразны водар смажанага мяса. Відаць, ужо панаехалі, будуць сёньня адзначаць працяг восені, будуць затыкаць рот зіме. Стах зноў узяўся за пэндзаль. Цяпер ён працаваў без ахвоты, малярскае натхненьне саступіла месца нейкаму халоднаму шаленству, зь якім Стах моўчкі прыняўся за талію свайго двухкаляровага дому. Дом выглядаў у новым абліччы сарамлівым і безабаронным, нібы распрануты Дзеленстап Каўкомавіч. Пэндзаль выпадаў са Стахавай рукі, Стах выцер далоняй лоб і запэцкаў яго амаль цалкам – ад валасоў да броваў. Ня так трэба было зь ёй размаўляць, ня так. Трэ было показку распавесьці, або напусьціць на сябе туману маўклівасьці, або шчоўкнуць перад яе носам грубаватым жартам. Карацей, трэ было размаўляць на ейнай мове. Ня дзіва, што яна так хутка страціла да ягонага няўпэўненага мармытаньня ўсялякую цікавасьць. А пачыналася ж усё няблага, яму ўдалося яе зьдзівіць, удалося закрануць у ёй той капрызны, свавольны, пазбаўлены лёгікі нэрв, што сядзіць у ва ўсіх маленькіх жанчынах, той нэрв, не раздражніўшы які, няма чаго спадзявацца на пакорлівасць станікаў, спадніцаў, майткоў. Вось тамака пафарбавана бледнавата, трэба падправіць. Яна што, на электрычцы прыехала, гэтая малая? Дзе ж сіні вольва, дзе Юра ў белых красоўках? Можа быць, яна адна зараз у доме, у сваім цёплым доме з паравым ацяпленьнем і камінам, гартае лянотна які-небудзь касмапалітэн, папівае вінцо ды пагладжвае сябе па загарэлых і цьвёрдых каленях, варушыць малюсенькімі пальчыкамі на нагах, лак на якіх каштуе роўна са стахавым месячным заробкам, пальчыкамі, кожны зь якіх здольны крута зьмяніць лёс некалькіх дарослых мужчын – сталых і самазадаволеных істотаў, якім падаецца, што яны гаспадары ўласных жыцьцяў. Яна адна, і можа быць, яна тэлефануе цяпер гэтаму бракаванаму манэкену Юру, і спрабуе сваімі нашэптваньнямі, сваімі ведзьмаўскімі заклёнамі, сваімі кашэчымі стогнамі зрабіць так, каб Юра гэты скончыў проста ў джынсы пад дрыжачым рулём сярод шматлюднай сталічнай плошчы, рызыкуючы не ўпісацца ў паварот і зьмяшаць прадажную кроў з уласнае галавы са сваёй трыюмфуючай спэрмай. Гэткія гульні мусяць падабацца маленькім сумуючым жанчынам. А можа, зайсьці да яе, проста зараз? Скажам, папрасіць запалак. Або сказаць, што яму неабходна тэрмінова патэлефанаваць. Стах ужо папросту хлястаў дом пэндзлем па пляскатай дупе. Яна адчыняе яму, за яе сьпінаю пыхае цяпло, яе рукі прытрымліваюць на грудзёх мужчынскую кашулю. У-у, чаму ж так нахабна лезе ў галаву падобная пошласьць, што за пошасьць разносіць па хісткім стахавым сьвеце гэтая маленькая блядушка. Колькі, цікава, ёй гадоў? Калі браць па росьце, то трынаццаць-пятнаццаць, але праўду кажа толькі твар – ёй, мусіць, каля дваццаці, а мо й болей. І ймя, імя якое, нязвычнае, цяпер дзяцей так называюць хіба ў глухіх калгасах – Таіса. Імя для старой удавы. Але Тая – гэта ўжо значна цікавей. Тая – гэта загадка, гэта дэкаданс, гэта распад, гэта лялька-эксклюзіў, гэта… Стах Шаўчэнка: Тая та я. Валерыя Стахава, юрлівая сьпявачка-трансвэстытка: Таю, Таю, Таю, Таю я б… Па-расейску ж проста непераймальна: Тая – імя, якое зьяўляецца для ягонай уладальніцы падручным дзеепрыслоўем да ўсяго жыцьця. Тая. Ён паспрабаваў уявіць яе аголенай: невысокія моцныя ногі з вострымі каленямі, бялюткія вузкія сьцёгны, трохслойнае пірожнае з празрыстай памадкаю паміж іх (і аніякіх валасоў!), ракавінка пупка, ружовыя смочкі, як вочкі хлопчыка – альбіноса, тонкая птушыная шыя, адкуль пачынаецца ўжо Тая стахадасяжная, Тая дасьледваная прагнымі Стахавымі вачыма.
У Стахавым жыцьці вулкана-халасьцяка былі, натуральна, нейкія жанчыны. Шчыра кажучы, іх было дзьве, хаця Стах і пашыраў дзеля ўзьняцьця ўласнага аўтарытэту гэтае кола аж да тых, хто ўсяго толькі пагладжваў яго калісьці па галаве са спачувальным: «Дзіва нейкае, а не мужык.» Першай была сакурсьніца, для якой Стах стаўся нечым кшталту экстрэмальнага экспэрымэнту й ня больш чым чарговым чэлясам у аб'ёмістай капілцы. Другая была тоўстай дзяўчынай з падбародзьдзем прапаршчыка й вачыма Мальвіны – Стах пазнаёміўся зь ёй на адной выставе мастака Вішнёва, адчуў хвалю рабскай падатлівасьці, якая йшла ад ейнага шэрага цела, зацягнуў да сябе (маці якраз была на працы) ды расправіўся проста ў калідоры, на мацярынскіх гумавых тапачках. «Ты куды канчаеш, прыдурак?»– пяшчотна шаптала яна яму пад паху, салодка заплюшчыўшы неглыбокія вочкі, пакуль Стах пераможна біў ва ўсе званы. Ён кінуў яе праз тры дні, выкарыстаўшы да поўнае зьнямогі й паслухаўшыся агіды, што няўхільна патрабавала разрыву ўсіх адносінаў. Стахава дохлая волі сьпявала гімн, калі Волька, падскокваючы як тэнісны мячык, спускалася па сходах уніз, паўтараючы ягоныя словы: «Ты мне не патрэбная. Ты ніжэй за ўзровень маіх патрабаванняў. Ты не прыходзь болей.» Пры гэтым прыгожых жанчын Стах баяўся. Іхныя доўгія ногі вымагалі, на ягоную думку, багатырскай моцы й нечалавечай мужнасьці. Такіх жанчын любяць толькі ў кіно. Дый тое зь цяжкасьцю. Іхныя грудзі былі занадта самадастатковымі, іхныя похвы мусілі не кахаць, а жэрці, іхныя ільняныя пасмы былі створаныя, каб кіраваць. Ад такіх Стах уцякаў. Але Тая – яна не падыходзіла ні пад якую катэгорыю. Яна была… яна была аскепкам іншага сусьвету. Тай-йя!
Стах скалануўся. Ён даўно ўжо ўпакаваў сьцяну ў цесны жоўты строй, і цяпер ягоная рука фарбавала дом па новай. Недзе ля станцыі гулялі, вецер разносіў п'яную песьню, фарбы ў бляшанцы значна паменела. Канец Стахаваму ачмурэньню паклала сям'я, якая праходзіла гідлівым крокам міма ягонага дому. Погляд бацькі, нагружанага разнастайнымі распухлымі валізамі і ў прыдачу да іх раскладным крэслам, выражаў пажаданне прымусіць пяць мільярдаў чалавек выкапаць агромністую яміну, легчы туды і ўласнаручна засыпацца. Жонка ягоная, якая несла на манэр чамадану абагравальнік, прычытала сабе пад нос, дробненька й сапліва: «Вось зараз дойдзем, авойцікі зараз прыйдзем, зараз мы дойдзем, ну калі ж мы, божачкі, прыйдзем.» Вольнай рукой яна цягнула за сабою малое дзяўчо, якое лямантавала, паказваючы ўсяму сьвету малінавыя дзёсны: «Я не хачу на дачу! Я хачу да Паўліка! Пусьці!» Мужчына мерна прашмякаў міма дома, абдаўшы яго хваляй нянавісьці. Жанчына, выбіраючы шлях пасушэй, зірнула на Стаха з сумесьсю гордасьці й пагарды. «Я хачу да Паўліка!»– енчыла малая. – «Пусьці мяне, сука старая, я да Паўліка хачу! А яшчэ я хачу какаць!» Урэшце сям'я зьнікла за домам, але голас малой яшчэ доўга чуўся ў рухавым зімным паветры.
Гэтая працэсія адцягнула Стахавы думкі ад навязьлівага Таінага вобразу, які так настойліва малявала ягоная рука. Стах узгадаў пра калярыфэр, які быў схаваны ў адмысловым месцы й таму ня стаўся здабычаю злодзея, сагрэў крыху вогкі дом, зьеў пару бутэрбродаў з заплечніка, выпіў кавы, выпаліў пару цыгарэтаў. Дом ён дафарбоўваў ужо не спяшаючыся, з доўгімі цыгарэтнымі паўзамі. Фарбы ўсё адно засталося кот наплакаў. Прыйшоў Дубраўскі, з ухвалаю паглядзеў на Стахаву працу, нагадаў пра дзяжурства. – Памятаю, – зморана адказаў Стах. – Добра, пайду. Дубраўскі пачаў занудны інструктаж, Стах ня слухаў, намагаючыся сабраць рэшткі фарбы з самых далёкіх куткоў бляшанкі.– Зброю дасьцё? – спытаў ён між справаю. – Ну-у-у, зброю… – працягнуў Дубраўскі незадаволена. – Не паложана. Кожны з дзяжурных атрымлівае вось гэткі сьвісток. Ён міліцэйскі, вельмі надзейная штука. Калі што – сьвісьці, і я са сваёй стрэльбай – за пяць хвілінаў. Зразумела? Яшчэ пытаньні ёсьць?
Стах прамаўчаў. Урэшце няўрымслівы камітэтчык сыйшоў на свой участак, дзе ў яго быў абсталяваны, як ён сам выражаўся, «камандны пункт па затрыманні ды абясшкоджанні». Стах кінуў пустую бляшанку пад ганак і сабраўся паляжаць перад дзяжурствам.
– Хочаш кавы?
Яна зноў засьпела Стаха зьнянацку. Пара ад кубачку, які яна паставіла на плот, мяшалася з цыгарэтным дымам. Стах выцягнуў шыю, жадаючы паглядзець, ці стаіць вольва перад яе домам. Машыны не было.
– Муж дома застаўся, – прамовіла Тая абыякава, і шумна адпіла чорнага напою. – Я ўчора сюды на электрычцы рванула, на апошняй. Ледзь паспела. Дык хочаш кавы?
– Мне йсьці хутка… – нерашуча паглядзеў на яе Стах.
– Зьязджаеш?
– Ды не…
– Прагуляцца ахвота. Напрацаваўся, бедненькі хлопчык.
– Не, мне тут сёньня… Ну, карацей, на дзяжурства йсьці. Маньяк тут лютуе… Дык у пасёлку вырашылі патрулі арганізаваць. Ёсьць тут адзін… Дубраўскі. Дык ён і прыдумаў.
– Гэты лох у вайсковай форме?
– Ну. А твой муж, ён жа таксама будзе дзяжурыць…
Тая раптам зарагатала так, што скінула з плоту кубачак з каваю, а потым яшчэ расьціснула бедную плястмасу нагой.
– Хто – Юра? Ды ён гэтага Дурацкага нахер паслаў – і ўсе справы. Мы што – наняліся? А ты, як піянэр – дзяжурыць.
Яна выцерла з твару рэшткі сьмеху.
– Уяўляеш, я тут у часопісе такое прачытала – ёсьць дрэва, кара якога на смак – як хлеб. Адзін да аднаго.
Стах хмыкнуў, ня ведаючы, што сказаць.
– А яшчэ прачытала, што кожны мужык калі-небудзь здраджвае жонцы. Ну, што верных мужоў не бывае. Навогул.
Стах запаліў, прысеў на ганак.
– Слухай анэкдот, – сказаў ён, спадылба гледзячы на Таю й набіраючы ў грудзі паболей паветра. Яна не зьвярнула на ягоныя словы аніякае ўвагі.
– Гэта праўда? Што не бывае?
– Я не жанаты, – шчыра прызнаўся ён.
– Ну і што? Ты ж з мужыкамі жанатымі знаёмы? У піўнухах там, у лазьнях вы ж гутарыце.
– Ну… – закашляўся Стах. – Слухай, мне йсьці трэба.
Яна разьвярнулася й ні слова не сказаўшы пайшла да дому. Стах у роспачы глядзеў ёй усьлед. Але Стахавы кішэнныя багі на гэты раз праявілі літасьць. На паўшляху Тая спынілася, і яе мэлядычны голас ледзь дагнаў Стаха, якога дом ужо прымаў у свае спачувальныя абдымкі:
– А можа, мне з табой схадзіць? А?
Яны выправіліся патруляваць пасёлак, калі электрычка на сем трыццаць сем абвясьціла ўжо надыход шарае гадзіны. Паводле загаду Дубраўскага, Стаху ў дапамогу быў прызначаны яшчэ адзін дачнік – суханькі ватны прафэсар Ільля Раманыч. Таму вартаваць пасёлак ад невядомага вар'ята зусім не хацелася, і прафэсар уздыхнуў з палёгкаю, калі Стах і Тая хорам прапанавалі яму застацца дома, і, мітусьліва дзякуючы ім, пачаў здымаць толькі што з такою цяжкасьцю нацягнутыя боты. Прафэсар насыпаў Стаху халодных прышчавых яблыкаў і запрасіў наведваць ягонае лецішча ў любы час. Яблыкі Стах з маўклівай Таінай згоды выкінуў ля бліжэйшага павароту, што вёў праз статак недабудаваных катэджаў і нябачную ў цемры чыгунку да вялікага й дастаткова дзікага лесу. Тыя, хто ведаў геаграфію, маглі меркаваць пра ягоную велічыню – на хвост лесу за пятнаццаць кілямэтраў адсюль наступала сталіца. Мусіць, менавіта гэткі лес – зблытаны клубок зь лісьця, гальля, дрэваў, павуціньня, моху й папараць-кветак, у якім барахтаюцца прадстаўнікі зьвярыных ды птушыных нацменшасьцяў, а школьнікі раскопваюць муміі партызанаў ды іншых фрыцаў, і саступіў некалі месца льготніку па імені Прадпрыемства ў перапоўненым тралейбусе гісторыі.
Напачатку йшлі моўчкі. Ліхтарык, які Стах нёс у левай руцэ, марна спрабаваў падабраць ключ да густой цямрэчы, і адно ствараў непатрэбныя, аднак надзвычай актыўныя цені, што наступалі адзін адному на ногі і ўсё намагаліся рухацца паміж Стахам і Таяй. – Не баішся? – запытаўся Стах, назіраючы за тым, як па-насякомаму напаўзаюць на мазутнае неба зоркі. – Чаго? – паціснула яна плячыма, думаючы пра нешта сваё; Тая навогул стала з надыходам прыцемак нязвычна сур'ёзнай і раздражнёнай. – Я ж з мужчынам…
Яна памацала Стахаў біцэпс, ад чаго яму раптам стала козытна, і ён нечакана груба вырваўся, прыхлопваючы вуснамі вымушаную глупую ўсьмешку. Тая паглядзела на яго зь недаўменьнем і ўзяла пад руку. Лёд яе пальцаў у чорных пальчатках паласаваў локаць, студзіў кроў. Раззлаваны ліхтарык кідаўся ва ўсе бакі, падрубаў сваім промнем, нібы Лазарам, высокія шасты, на якіх перасоўваліся па навакольнай цемры загадкавыя волаты, на зямлю, да Таіных ног, валіліся бязгучна змрочныя платы і агароджы, буданчыкі ды кунгі, хаткі ды альтанкі; выплывалі шыфэрныя караблі ды дваровыя дрэвы на ланцугох.
– Я чаму пытаюся… – загаварыў Стах. – Адкуль ты ведаеш… можа, невядомы гвалтаўнік – гэта якраз ваш пакорны слуга?
– Які слуга? – падазрона паглядзела на Стаха Тая. – А, ты… Не. Для маньяка ты паводзіш сябе занадта ўжо па-маньяцку.
– Як гэта?
– Прыязджаеш сюды, як я бачу, без усялякае мэты, швэндаешся з дому ў сад, з саду ў дом. Нахабна глядзіш у двор да суседзяў. Бегаеш як дурны. Дом фарбуеш, калі зіма ўжо, і ўвогуле… Глядзіш пастаянна ў вадну кропку. Да мяне заляцаешся, прыстаеш.
– Я прыстаю?
– А вось вернемся дахаты, я пайду да Дубраўскае і распавяду, як ты мяне хацеў згвалціць… вунь за тым сараем. І ўсё – думаеш, табе хто паверыць? Маньяка шукалі – маньяка знайшлі. Ня можа ж такога быць, каб у вадным дачным пасёлку зьверствавала два маньякі. А?
Стах паглядзеў на яе ўважліва. Такая можа ўсё вытварыць.
– Да ладна, ня сцы. Ня выдам я цябе. Падатруся й паспрабую забыць. Хаця безумоўна, траўма на ўсё жыцьцё. Памятаеш, як заціскаў мне рот сваёй сьмярдзючай потнай далоняй? Як я абмякла ў тваіх грубых абдымках? Ах, гэта было так балюча, так брыдка!
– Тая… – прамовіў Стах з дакорам.
Яна тут жа спынілася й павольна-павольна, урачыста й да ачмурэньня спакойна паглядзела яму ў самыя зрэнкі. Стах адвёў вочы.
– А… а адкуль ты ведаеш, як мяне завуць?
– Ну, я ж быў на лецішчы ў мінулую суботу, і чуў, як ты размаўляла з мужам, і выпадкова…
Цікавасьць у яе вачох зноў прымусіла Стаха задрыжэць.
– Я ж кажу – псіх, – прамовіла яна супакоена. – Падслухвае чужыя размовы, лезе, блін, у асабістае жыцьцё… Папа Рацы, тата Карла!
Яны зноў пайшлі моўчкі. Урэшце дайшлі да таго сараю, за якім няісны Стах згвалціў няісную Таю. – А можа сапраўды… – мільганула. – Заваліць на замерзлы гной, скруціць рукі, зьняць зь яе гэткую тонкую на выгляд абгортку й… І потым зрабіць сабе сякераю харакіры. Затое, гледзячы на свой успораты жывот, буду згадваць, як… Наладзіць ёй такое вось спатканьне безвач. Файную ўсё ж кніжку напісаў той паляк. А пісаў жа пра нас, пра рускіх…
– Так, ну й сусед у нас, – загаварыла Тая ненатуральна гучна. – Дай і мне цыгарэту. Ну дай, дай. Што ты глядзіш, як паралітык? На суседзяў навогул шанцуе. Вось у нас у горадзе таксама сусед…
Так, за размоваю, пустой і дзіўнай, бо Тая, здавалася, зусім не магла размаўляць ні пра што, апрача свайго лялечнага жыцьця, і Стаха таксама прымала, мусіць, за аднаго з жыльцоў (не самага галоўнага) уласнага цацачнага доміку, а Стах баяўся сказаць што-небудзь ня тое й пазбавіць сябе шчасьця дрэйфаваць ля ейных бананавых берагоў, і прайшло першае Стахава дзяжурства. Яны ўжо падыходзілі да цаглянае сядзібы, дзе ля варотаў парадыраваў ліхтарык самаўпэўнены вольва, калі Тая нечакана запыталася, пазяхнуўшы:
– А цябе як зваць?
Стах вымавіў сваё ймя так, быццам гэта было мяно ягонага кроўнага ворага.
– Ты, відаць… Давай здагадаюся….
Яна пакруціла галавою, разьмінаючыся перад сустрэчай з мужам.
– Студэнт… а можа й не… ну, зьвязаны з… мэдыцынай… не, ты настаўнік! – усклікнула яна па-пракурорску. – Ты альбо настаўнік, альбо гэты… аспірант фільфаку! Угадала, а?
Стаху вельмі не хацелася яе расчароўваць.
– Амаль, – сказаў ён зьбянтэжана. – Я пісьменьнік… Паэт і празаік… Пішу эсэ, малюю… але гэта так, для сябе…
Такой рэакцыі на свае словы ён не чакаў. Яна спынілася, агаломшана адкрыла рот, пырснуўшы на Стаха каліўцам пахнучай кол-гейтам сьліны, правяла ўказальным пальцам па ягонай шэрай шчацэ.
– Ня хлусіш?… Ты й праўда пішаш?…
– Я член саюзу, – трохі больш ганарліва, чым трэба, прамовіў Стах.
– Слухай, а ты вельмі карысны знаёмы, – хутка сказала Тая. – Ты як, зьбіраешся сюды на наступныя выходныя?
– Ну, ня ведаю… Хутчэй за ўсё, – прамармытаў Стах («ня верачы свайму шчасьцю»).
– Тады сустрэнемся, – коратка кінула яна й паказала на сьвісток, які калісьці ўручыў Стаху Дубраўскі.– Што гэта? А можна мне?
І не чакаючы адказу яна сьвіснула – нібы стрэліла наўздагад і навылёт прашыла пасёлак. Потым павярнулася й, на імгненьне зьнікнуўшы ў васьляпляльным сьвятле фараў, рушыла да дому. Адтуль пачуўся дабрадушны голас. Праз некалькі хвілін зьявіўся Дубраўскі, запыханы, драпежна разьдзімаючы ноздры. – Ну! – крыкнуў ён, азіраючыся. Стах маркотна глядзеў усьлед злой, дагараючай за чыгункай іншамарцы.
Нібы ў карзінах паветраных шароў, яны боўтаюцца пад самым дахам шостага мэханічнага цэху. Якія нахрэн маляры – яны мастакі-партрэтысты: харошы мужык Дзеленстап Каўкомавіч піша харошага хлопца Юру Цыцку – той стаіць, рассунуўшы ногі, трымае пэндзаль як паходню, лягатып на сьпіне маляўніча напаўзапэцканы зьмярцьвелым сонечным зайчыкам, менавіта ў засохлую кроплю фарбы ператвараецца ён, вушасты, спайманы падступнаю сятчаткаю творцы; а харошы сынку Антон Мурло піша Дзеленстапа Каўкомавіча – горды профіль, шапка-вушанка, што імкнецца стаць бесказыркаю; а харошы хлопец Юра Цыцка піша харошага работніка Бурцэвіча; а харошы дзядзька Кірыла Антоныч піша групавы партрэт. Зялёнавалосы Стах, не раўнуючы Джоні Ротэн па-над Metropoliten Opera, піша харошую дзеўку Сьняжану, якая працуе трохі ніжэй. Сьняжана заўважыла гэта, яна пасьміхаецца залатым зубком, ззаду на яе брызэнтавых нагавіцах становіцца глыбей мокрая складка, ляваю лявіруючы ў сваёй карзіне, яна круціць мясістым бокам, ад яе левае пахі йдзе пара, яна – вір, яна – мальстром, куды няўмольна зацягвае стахавы позіркі… О, Сьняжана, сьнежная каралева ў спэктаклі рабочага тэатру, Маргарыта Наварская між малярак! Цыцка малюе Стаха, Стах – Сьняжану, Дзеленстап Каўкомавіч – Цыцку, Цыцка – Сьняжану, Сьняжана – Каўкомыча, Дзеленстах Антоныч – Бурцэвіча, Бурцэвіч – Мурло, Кірыла Антоныч – Цыцку, Стаха, Мурло, Дзеленстапа Каўкомыча, Сьняжану… Скача, хрыпіць, цяжкай збруяй грыміць ігэдэйскі, ігэпэйскі конь. Партрэты іхныя – партрэты сьвятых, яны ўпрыгожаць гэты тысячагадовы храм – шосты мэханічны цэх, новым колерам зайграе амбон, алтар і іншыя акафісты ды аналоі. Усе яны адной крыві – і ідэнтычнымі адзін адному будуць іхныя партрэты, бо няма, няма нічога такога ў чалавеку, што нельга выразіць адным простым вэртыкальным мазком зялёнае фарбы. Дык навошта рабіць адрозьненьне між мастаком і маляром, калі вось таго, трэцяга маляра, мы ўжо прынялі за першага, а пятага зблыталі з другім, і гэтая памылка анічога не зьмяніла ў нетаропкім існаваньні плянэты?
– Ты футбол як? – спытаў Цыцка, заклапочана цыкнуўшы языком – адкалупваючы зь нёба прыліплую плястынку хлебнага мякішу. – Ды ніяк, – адмахнуўся Стах. Сьняжана зьнізу прыняла гэта на свой конт і таксама памахала рукой. – А як ты навогул тут апынуўся? – пахітаўшы галавою, спытаў Цыцка. – А, чыста выпадкова, – адказаў безуважна Стах. Сьняжана паварушыла, гледзячы на яго, вусікамі вейкаў.– Я…
– Запомні,– Цыцка нават прыпыніў працу. – Выпадкова тут ніхто не апынаецца.
Напачатку сваёй працы на прадпрыемстве Стах упарта пераконваў сябе, што ягонае знаходжаньне тут – часовае, што трансфармацыя яго з мастака ў маляра – ня больш за цікавы экспэрымэнт, які Стах ставіць сам над сабою. Як можна прэтэндаваць на пасаду знаўцы жыцьця ў зьменлівай, хісткай гіерархіі творчых асобаў, калі ня ведаеш гэтага жыцьця знутры, калі адарваны ад працоўнага люду. Стах быў пэўны: мастацтва – рэальнае вакно ў сьвет, а не намаляваная шыба на непранікальнай глухой сьцяне. Што ён бачыў за сваё кароткае існаваньне на гэтым сьвеце? Анічога, акрамя роднага гораду й малазнаёмых людзей, што былі пазбаўленыя да яго, Стаха, усялякага інтарэсу. Стах нават за гарадзкую рысу, якая праходзіла акурат за дачным пасёлкам, ніколі не выязджаў, хаця мог – недзе па-за ёю жылі ніколі ня бачаныя ім бабулькі, дзядзька па бацькавай лініі ды іншыя мітычныя сваякі. А цяпер ён апынуўся ў самай гушчы працоўных, простых грамадзянаў, ягоных суайчыннікаў, асобаў, рукамі якіх ствараюцца матэрыяльныя каштоўнасьці. Як ні круці, гэты слой насельніцтва ў любой краіне пераважае. І вось Стах сярод іх, у чужой, па шчырасці, абстаноўцы, але… Як жаніх, што нязмысьля скарміў прызначанае сваёй абраньніцы залатое кальцо ўнітазу, лезе за ўпрыгожаннем дрыжачай рукой, не зважаючы на сьлёзы ад выядаючага вочы смуроду й падступаючы да горла абед, так і Стах вырашыў для сябе, што без адчайнага нырца ў пралетарскія нетры ён ня здолее заставацца шчырым ні перад сабой, ні перад мастацтвам. Начамі ён доўга ня мог заснуць, настойліва намаўляючы таго сьмярдзючага, інфантыльнага хіпі, гэтага абрыдлага саліцёра-нонканфарміста, які жыў у Стаха ўнутры й нудзеў безь перапынку пра немагчымасць рабочага быць мастаком, састарэласьць футурызму й розьніцу ў ва інтэлектуальных узроўнях, прыняць Стахава часовае пераўвасабленьне. «Зноў спаў у плэеры,»– бурчэла ранкам маці, будзячы Стаха на працу. Да таго ж малярства, і ня дзе-небудзь, а на самім Прадпрыемстве, было неацэннай крыніцай досведу. Досьвед гэты мусіў адкрыць для Стаха новыя прасторы, новыя ідэі, новыя вобразы. Пакуль што не адкрываў, але ж і пабыў маляром Стах яшчэ зусім нічога. У параўнаньні, напрыклад, з тым жа Дзеленстапам Каўкомавічам або Кірылам Антонычам. Пасьля першых дзён працы тут Стах вызначыў для сябе галоўную задачу: трэба толькі накінуць на сябе шкуру маляра, але не дазволіць, каб яна прырасла да цела. Моцы, як меркаваў Стах, яму павінна хапіць. Так, так, не апускацца да ўзроўню далёкіх ад мастацкіх і мэтафізычных праблемаў работнікаў прадпрыемства, а падымаць іх – паступова, няўлоўна для саміх гэтых добрых, па сутнасьці, але цёмных і неадукаваных істотаў – да свайго ўзроўню, у вышыні якога Стах не сумняваўся. А ўсе мэтры – яны яму яшчэ зайздросьціць будуць. І трэба, трэба спытаць у Кірылы Антоныча, дзе ён набыў той цудоўны пыласос, пра які нядаўна распавядаў. З заробку Стах абавязкова набудзе маці гэткі ж. Вось парадуецца старая. І, дарэчы, наконт заробку. Цікава, якія тут традыцыі? З розных крыніцаў Стах ведаў, што зь першага заробку неабходна пачаставаць начальства, калегаў… праставіцца, адным словам. Ці не запрасіць усю брыгаду ў рэстарацыю. Невядома, як да гэтага паставяцца. Можа, Кірыла Антоныч скажа, што, маўляў, не пасьпеў грошы атрымаць, а ўжо прапіваць пабег. Кампрамэтуеш, скажа, сьвятыя, працоўныя, кроўна заробленыя. Што гэта табе, скажа, халява якая?








