Текст книги "Натуральная афарбоўка"
Автор книги: Альгерд Бахарэвіч
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 13 страниц)
3
Аднак на наступную раніцу, калі хлопчык выйшаў са свайго пакою, каб памыцца й пасьнедаць перад школай, бацька, які нацягваў куртку ля дзьвярэй, спыніў яго, узяў за плечы і ўрачыста прамовіў: «Ты ведаеш, мы тут з мамай падумалі…»
Далей можна было не казаць. Хлопчык заскакаў па вітальні, засьпяваў песьню з мульціка пра Барлісаў і Форана, і маці ўсьміхнулася, гледзячы, як падскоквае ў ягоных майтках ужо зусім сфармаваны стручок. У школе хлопчык здолеў ухапіць адразу дзьве адзнакі ў Аляізы Цішкаўны – пяць за адказ у дошкі і два – за паводзіны, а плюс да ўсяго – чатыры ў Бісэктрысы Катэтаўны і яшчэ пяцёрку ў Магнія Формальдэгідавіча. Дахаты ён ішоў, роўна трымаючы сьпіну, і нават прыбраў у сваім пакоі – прапыласосіў дыван і выкінуў каштаны.
4
У нядзелю ўся сям'я паднялася рана, не было яшчэ дзевяці, калі мама, у станіку і трыко, выдастала з шафы прыгожую чырвона-зялёную сукенку, а бацька расклаў на канапе свой пацёрты, але яшчэ цалкам прыстойны касьцюм, і пачаў заклапочана яго разглядваць. Дзень мінуў у пакутлівым чакальні. А пятай гадзіне яны, бліскучыя і напружаныя, выйшлі з дому. Зрэшты, хлопчыку давялося вярнуцца, бо мама забыла, ці выключыла яна прас. Прас яна, натуральна, выключыла, але хлопчык, выходзячы з кватэры, прышчаміў сабе дзьвярмі палец. На дзіва, ён нават не адчуў болю, настолькі перабівала ўсе пачуцці зьзяньне хуткага прадстаўленьня.
Ля цырку было шматлюдна, у касу стаялі даўжэзныя чэргі, але ім гэта не пагражала, бацька набыў квіткі яшчэ ў сераду. Вуліца каля цырку была ўся застаўленая самымі рознымі машынамі. Зь іх, круцячы плячыма, выбіраліся іншыя хлопчыкі, увешаныя золатам, усе лакіраваныя й добра змайстраваныя. Яны пагардліва акідвалі позіркамі пралетарскіх дзяцей і накіроўваліся ў будынак, звысака ківаючы натоўпу, у той час як іх бацькі, выставіўшы ненармальна белыя зубы, як малпы крыўляліся ў слухаўкі сотавых тэлефонаў: «Ды вось малога ў цырк вяду…» Хударлявыя дзяўчынкі пацягвалі аголенымі плячыма, быццам ім было халодна, хаця на двары быў вельмі цёплы, утульны верасьнёўскі вечар. Нейкі дзіцёнак, трымаючы за руку масыўнага лысага тату, стрэліў у хлопчыка зь пісталету. Хлопчык зарубіў яго лазэрным мечам і пабег даганяць бацькоў.
Фае віравала. «За лёдавам станавіцца няма сэнсу,»– сказала маці, спалохана азіраючыся па бакох. Смурныя дамы аглядалі з пагардаю яе чырвоную зь зялёным сукенку й зьнікалі ў залі. «А па-мойму, яна вельмі ёй пасуе,»– падумаў хлопчык.
Яны занялі свае мейсцы, і пах мокрае замшы тут жа напітаў іх. Гэта быў прыемны і хвалюючы пах, і хлопчыку захацелася, каб ён не выветрываўся ніколі. Ён нават панюхаў рукаво свайго швэдру. Пах быў усёпераможны.
Нарэшце згасла сьвятло, заіржала, як конь, які ўзьняўся на дыбкі, музыка. Той самы чалавек, якога хлопчык бачыў па тэлевізары ў рэклямным роліку, выйшаў на арэну і абвясьціў першы нумар. Гэта былі танцуючыя сабакі. Дзеці навокал з захапленнем лізалі лёдава, яно крапала ім на прарэхі й туфлі. Дзяўчынкі захоўвалі пыхлівы выгляд, часта-часта, быццам міргаючы падносілі да доўгіх вейкаў біноклі. «Наташы Растовы»– чамусьці падумаў хлопчык.
Сабакі саступілі мейсца малпам, потым былі сумныя жанглёры, якія выклікалі ў вачох рабізну.
Пасьля жанглёраў на арэну выйшаў фокусьнік, які ператварыў яйка – у курыцу, шыла – у мыла, а чорнае – у белае. Хлопчык зь нецярпеньнем чакаў запаветнай хвілінкі. Але пасьля фокусьніка выступалі акрабаты, якія, выкарыстоўваючы даўгія вяроўкі, напалі на дзяцей з супрацьлеглага сэктару. «Калі ж будуць беларусы?»– грыз пазногці хлопчык. Але й на мейсца акрабатаў прыйшлі два клоўны, якія ўсіх папросту замучылі. Спачатку яны павыторгвалі дзяцей зь ніжніх радоў, паставілі ўсіх на арэне ў шарэнгу й надавалі кожнаму па попе, а потым доўга й нясьмешна жартавалі, скончыўшы зусім ужо непрыстойным жартам пра насосы, засосы і адсосы. Нават у цемры хлопчык заўважыў, як пачырванела мама і кінула на яго зьбянтэжаны позірк. Клоўны сыйшлі, у залі запалілася сьвятло.
– А дзе ж беларусы? – Хлопчык ледзь не расплакаўся ад расчараваньня.
– Антракт, – працадзіў праз зубы ягоны добра нарублены лазэрным мечам сусед.
Такім чынам, мінула ўжо гадзіна, хлопчык ужо адседзеў сабе азадак, а запаветнага відовішча ўсё не было. У антракце яны сядзелі на сваіх мейсцах, вырашыўшы, што абавязкова згубяцца, калі выйдуць у перапоўненае фае. Стракаталі тэлефоны, гучна сьмяяліся бліскучыя, быццам навагоднія елкі, жанчыны. Стагодзьдзе мінула, пакуль сьвятло згасла зноў.
Усё было так, як у рэкляме, толькі ў мільён разоў больш цудоўна. Як іншаплянэтнікі, беларусы йшлі па рассыпчатай серабрыстай дарозе, якая зьнікала ў космасе. Нібы вельмі багаты дзядзька набыў Млечны шлях і выпусьціў на яго гэтых сумуючых па волі зьвяркоў. Іх грацыёзнасць зачароўвала. Было жудаснае і невыразнае адчуваньне, што зараз увесь Сусьвет упадзе на галаву. «Гэта ж трэба так выдрэсіраваць,»– гучна сказаў нехта за сьпінай хлопчыка. У поўнай цішыні беларусы рухаліся, як міражы, у паветры, то зьнікаючы, то зьяўляючыся зноў. Нейкая дзяўчынка ўскрыкнула ад захаплення. Сьвятло мякка ападала на сьцены цырку, расступалася перад яркай дарогай, якая вяла ў нязьведаныя касмічныя далечы. Беларусы йшлі, павольна круцячы лапамі зьзяючыя шары, але ў гэтым не адчувалася аніякага прымусу. І на самым грэбні хвалі захапленьня, якая захінула цырк, нечакана і ў той жа час вельмі дарэчы загучала ціхая музыка. Такой хлопчык ня чуў яшчэ ніколі. Ад ні з чым не параўнальнага відовішча і плаўных, не вясёлых, не маркотных гукаў хацелася плакаць ды любіць. Маму, радзіму, бабулю, Бісэктрысу Катэтаўну, бацьку, дзяўчынку, якая сядзела ў ніжнім радзе, адкрыўшы рот і не заўважаючы лёдава, што крапала ёй на сукенку. Як гэта было казачна!
Музыка абарвалася, беларусы замерлі й вельмі лёгка, як пухіры, апусьціліся на арэну. Запалілі сьвятло, выйшаў дзядзька ў чорным і павёў беларусаў за кулісы, груба торгаючы за павадкі. Заля выбухнула аплядысмэнтамі. Кагосьці апырсквалі джын-тонікам, вяртаючы ў прытомнасць. Хлопчык, карыстаючыся тым, што маці й бацька ўсё яшчэ глядзелі ўніз, ціхенька споўз са свайго крэсла й пабег – паміж ног-ног-ног – туды, дзе яшчэ калыхалася заслона. Ён па-майстэрску праскочыў міма чалавека ў аранжавым гальштуку й хутка дагнаў дзядзьку ў чорным, які вёў беларусаў да клетак. Беларусы былі ўсе мокрыя й зблізку не такія прыгожыя, але нічога, такая ў іх праца. Хлопчык падыйшоў да іх. «Можна пагладзіць?»– запытаў ён, дрыжучы ад нецярпення. «Ты як сюды прапоўз?»– вохнуў дзядзька. Але насамрэч ён быў добрым і чулым чалавекам, які любіў ня толькі жывёлаў, але й дзяцей. Хлопчыку нават дазволілі пакарміць беларусаў праз клетку.
2001
ПАЎЗІ!
Піць. Я, відаць, ад гэтага й прачнуўся. Быццам зробленыя з нагрэтага сонцам каменьня, у роце пусціліся зубы, шчокі, нёба – язык тыкаўся ў іх і, здавалася, нават грукаў пры гэтым. Я паспрабаваў аблізаць вусны, але толькі перапэцкаў іх кіслай, цягучай сьлінай. Я ляжаў на падлозе, зусім голы, мокры жывот часаўся, рукі падрыгвалі; я бачыў край прасціны, які зьвісаў з ложку, Эвэрэст пісьмовага стала й фіялетавае неба ў вакне. Апрача ложку, стала й крэсла, у пакоі нічога не было, але цяпер, глыбокай ноччу, я выразна бачыў сябе заціснутым нейкай груваздкай стогадовай мэбляй, якая згуртавалася вакол і разглядвала мяне ўважлівымі крышталёвымі вачыма.
Я прыўзьняў галаву, каб падняцца, – і тут жа карцінку навакольнага сьвету – сапраўдную, не падфарбаваную літрам замбінчыку – нібыта нехта ўзяў аберуч і пераставіў падалей убок. Мяне павяло за ёю, і на імгненьне я страціў сябе ў гэтым дзіўным пакоі, спалохана замерла сэрца – і знутры спакутаванага страўніка, па даўно чаканым сігнале, вырваліся цёплыя струмяні, ляпнуліся на сцёгны, апілоўваючы хутка ногі агідным абручам. Галава зноў упала на падлогу. Цяпер і яна часалася, але руку ўзьняць… Гэта вышэй за мяне… я ня здолею. Трэба дайсьці да кухні. Там ёсьць вада з крану. А вось калі б кампот. Халодны кампот. Кампот. Ня вельмі густы, прахалодны, няхай нават зь ягадамі, націск якіх стрымлівае верхняя губа, драўляная губа, калі сквапны кубачак поіць цябе. Кампот колеру добрай губной памады. Кампот колеру крыві. Досыць салодкі. Цэлы трохлітровы слоік. Адразу тры літры, нагбом, нібы кілішак, выпіць, – заштурхаць у сябе, ужывіць. Таропка пагнуць бліскучую накрыўку, кавалачкі шкла падаюць на дно, і іх нават можна праглынуць. І можна ня з кубку, можна проста са слоіку, які вось-вось высьлізьне з рук. Або астылая гарбата. Чорная, якая розьніцца ад кавы толькі тым адмысловым мігценьнем, якое йдзе з глыбіні, ды плеўкаю, якая цісьнецца да краёў, застаючыся на іх, пакуль халодная гарбата ператварае скрылік жабяціны на зубах у ружовы язык. Гарбата, якая зьдзірае негабляваную дошку, прыбітую да нёба. Гарбата. Кола. Кола! Літровая бутэлька, запацелая, з прызавымі кропелькамі, яна толькі што зь лядоўні, яна чыхае, калі яе адкаркуеш. Калючая зброя супраць абязводжаных арганізмаў. Хаця б вада з варэннем. Цукар, ягады й хлёр у белай пене. Таксама лек. Як жа ўсё-ткі сушыць! Проста вада з-пад крану. Халодная, шэрая, якая пахне басэйнам. Яна адна на кухні і ёсьць. Ды хоць з унітазнага бачка. Яна, па сутнасьці, гэткая ж, як і з-пад крану. Галоўнае – папіць.
Першай напала прасьціна. Мокрая, можа, пот, а магчыма, і абмачыўся ў ва сьне, са мной і такое здараецца. Чатыры канцы, на твар, мокрая пляма на вачох, яна запаўзае ў рот, заціскае нос. Усё-пераможная цемра. Я спрабую вырвацца, але прасьціна заблытвае мяне яшчэ мацней. Няма моцы вырвацца, а самае дзіўнае – няма жаданьня. Ледзь-ледзь вызваліўся ад прыступу гэтай садысцкай любові – проста парваў прасьціну, намацаўшы пацёртае мейсца ў самай сярэдзіне. Я цьвёрда вырашыў дабрацца да кухні. Мне гэтак пагана.
Разьюшана молячыся на абраз халоднага кампоту, я ўсё ж падымаюся. Адразу ж хапаюся за сьпінку крэсла, і тое помсьціць мне – наступае на пальцы правай нагі сваёй вострай мыліцай і яшчэ націскае потым. Страшэнны, жудасны боль кідае мяне ў кут. Крэсла грукоча, у суседнім пакоі нехта варочаецца. Пальцы на назе баляць невыносна. Узьняўшы нагу, я гляджу на яе, з вачэй маіх выкатваюцца сьлёзы – імі, відаць, можна пахмяліцца. Магчыма, адзін з пальцаў раздроблены. Цалкам магчыма.
Кульгаючы, я йду да дзьвераў. Трэба прайсьці праз суседні пакой, дзе сьпіць нехта з гасьцей, калідор, а за ім – кухня. Я бяруся за дзьверы, і яны б'юць мяне, адскокваюць і займаюць абарончую пазыцыю. Валачу распухлую нагу па падлозе, пад нагой хрумсьціць шкло, я ледзь не наступаю на храпячае цела. Не хачу, каб яны прачыналіся. Як бы яно ні было, мне зусім ня хочацца бачыць аніякіх твараў, нават намаляваных і нямых, нават уяўных, нават слова такога не хачу ведаць – твар. Я паняцця ня маю, што такое твар… бязглуздае слова… колькі іх прайшло перада мной… колькі праходзіць… мільярды… на экранах, карцінах, грошах, цыгарэтных пачках, у кнігах, на фатаграфіях, а маюцца яшчэ жывыя твары… яны пладзяцца як трусы… колькі я бачыў… кожны новы абясцэньвае наступны… твар… равт… варт… трав… врат… арвт… Хістаючыся, я йду праз залю… бягу… мне падаецца, я бягу, хаця не дайшоў яшчэ да сярэдзіны. Храп і прах. Забіў бы каго-небудзь за кампот.
Нарэшце нейкі аскепачак, які стаіць тарчма, упіваецца мне ў пятку. Трапіў якраз над мазалём, для якога ніякае шкло, ніякія голкі, ніякія гарачыя вугольлі ўжо не ўяўляюць небясьпекі. Аскепачак трэба вынуць. Мне, праўду сказаць, на яго пляваць, і на боль, і на кроў, але нейкі інстынкт, што захаваўся зь дзяцінства, падказвае – трэба выдастаць, хадзіць ня здолееш. Нахіляюся – і ў гэты самы момант нехта ўпарты зноў зносіць туманную, цёмную карцінку сьвету з-пад вачэй. Я – лётчык, якога зьбілі. Зямля імкліва набліжаецца. Кажуць, расейцы «парашют» будуць пісаць праз «у». Я валюся на калені ля шафы. Перадышка. Выціраю далоняй вусны. Наперад.
Вантробамі адчуваю, што ў калідоры мяне чакае засада. Гэтак і ёсьць. Толькі я ступаю туды, левая сьцяна весела, нібыта гуляючы, б'е мяне нагой у зад. Даволі адчувальна для таго, хто пераплывае Стыке. Правая лупіць каленам у пахвіну. Паветра, якое я толькі што ўдыхнуў – сумесь дыму, перагару, выпарэнняў нямытых целаў і сьметніцы – ніяк ня хоча выходзіць зь мяне. Я ўпіраюся рукамі ў сьцены, якія ссоўваюцца, каб спрасаваць мяне ў блін і стаць на сваё мейсца як ні ў чым не бывала. На падлозе застаўся б пляскаты прадмет, засохлы й зялёны, невядомага паходжаньня, зь невядома адкуль узьніклым саском у правым верхнім куце. Я паміраю. Драўляная падлога ўвагнала мне пад пазногаць доўгую трэску, якую я беспасьпяхова спрабую дастаць, але толькі заганяю яшчэ глыбей. Зьняможаны, я падаю на падлогу калідора. Да кухні сто тысячаў кілямэтраў. Я плачу. Прачынаецца кот – белы з чорнаю плямай, якая распаўзаецца па сьпіне й сьцякае на жывот, калі можна назваць жыватом гэтую кашчавую, рабрыстую частку ягонага згаладалага цела. Кот прыбягае ў калідор ды крычыць, нібы хворы на шаленства будзільнік. Ён абмінае мяне, дабягае да кухні й спыняецца на парозе, крычыць, глядзіць на мяне зь нянавісьцю ў жоўтых вачох. Жэрці хоча. А няма чаго. Кот на імгненьне замаўкае, падыходзіць да сьцяны, дзярэ кіпцюрамі шпалеры, ужо да такой ступені закатаваныя, што нагадваюць нейкую расьліну, плюшч там, або бярозку Потым ён набліжаецца да мяне зноў і пачынае выць. Вось каго б я забіў. Вось каго трэба прынесці ў ахвяру богу кампота, каб маю высахлую глотку акрапілі парэчкавыя, вішнёвыя, яблычныя, грушавыя, сьлівовыя дажджы. Кот кідаецца на мяне, кусае за нагу – ня вельмі балюча, але невыносна нахабна. Потым адыходзіць і, гіпнатызуючы крыважэрным позіркам, зноў паласуе мой сьвежапраапэрыраваны слых. Заб'ю. Я раблю крок насустрач гадзіне, кот не ўцякае, ён падыходзіць і трэцца аб укушаную нагу, не перапыняючы енку. Я размахваюся й б'ю яго ў жывот. Здароўе ў мяне ня тое, але кот адлятае да кухні. Ягоная пашча закрываецца, але ненадоўга. Пакрыўджана нешта вякнуўшы, ён – вось тупы! – трэцца аб ногі па новай. Тады я, карыстаючыся часовай палёгкай, бяру яго ў рукі й кідаю як камень, у кухню, туды, дзе сьвятлее вакно. Кот б'ецца галавою аб ножку стала і, кульгаючы, ратуецца за халадзільнікам. Я ўваходжу ў кухню й саджуся на крэсла, выцягнуўшы пакалечаную нагу паміж ракавінай і сталом. Вада ўжо зусім блізка, але смага зьнікае. Зараз пасяджу трохі ды адзьдзячу сабе за пакуты. Засьнежаная вуліца за вакном мяккая й празрыстая, падобна на тое, як калі б на начным небе працаваў агромністы тэлевізар, і ягоны экран асьвятляў зямлю. З-пад шыбаў дзьме, і скура мая становіцца нібы скура ашчыпанай курыцы. Гэтак мы сядзім на кухні, я і Вова Калатун, і дрыжым, грэючы рукі паміж ссунутых ног. Я пачуваюся гіпсавай статуэткай, у якой зараз адломіцца шыя. Нехта, хто ўжо зусім надакучыў, наноў спрабуе скрасьці карцінку сьвету ў мяне з-пад вачэй, але на гэты раз я яго апераджаю – затрымліваю дыханьне, дранцьвею, заплюшчваю вочы. Цяпер адплюшчыць – і, здаецца, усё цярпіма. Але вось кот… З-за халадзільніку чуецца ягоны мінорны лямант. Далібог, зараз адным мурлыкам на сьвеце стане меней. Злосьць апаноўвае мной, яна нібы выкід насеньня, яе не спыніць. Я ўскокваю, падбягаю да халадзільніку, кот у паніцы хаваецца ў кут – я хапаю яго за хвост і выторгваю, як пустазельле з градкі. Кот ужо проста хрыпіць, круцячыся ў руцэ, як прашча. Я б'ю яго аб сьцяну й выпускаю. Некаторы час ён ляжыць нерухома – краем вока я гляджу на яго, смокчучы кран. Першая смага мінула хутка, але за ёй – невычарпальныя пласты, другі, трэці, чацьверты. Вада асядае ўнутры непатрэбным грузам, а піць хочацца ўсё адно. Мне ўжо млосна ад вады. Смактаць кран – гэта, відаць, ня вельмі прыстойна выглядае збоку. Кот торгаецца – жывы… Вочы – вочы несправядліва пакаранага дзіцяці. Сорамна мне становіцца, ці што?.. Як-як? Сорамна. Я яшчэ памятаю гэтае слова? Заткні свой сьмярдзючы рот! Я саджуся за стол і запальваю цыгарэту – у пачаку ёсьць яшчэ тры. У попельніцы, быццам зграя лісічак, тырчаць жоўтыя, фільтрам уверх, недапалкі – некаторыя зусім вялікія, амаль ня паленыя, сплюшчаныя гармошкай. І тут пачынаецца… Я, напэўна, зараз памру, і апавяданьне застанецца недапісаным. Карціну ўжо не ўносяць, яе звозяць у браніраваным лімузіне. Кабзьдзец. Трыньдзец. Сэрца заціснутае ў незнаёмым моцным кулаку, і зь яго крапае. Цыгарэта падае на стол, і зь мяне… Не, гэта не катарсыс блаславёных ванітаў, гэта маленькія згусткі жоўці вісяць у мяне з роту, падаюць на цыгарэту, тая шыпіць. Гэтак пагана мне яшчэ не было. Плюнь на апавяданьне, мілы чытач, выратуй мяне. Вазьмі на рукі й занясі на ложак. Я сам вінаваты. Калі б я ведаў хаця б адну малітву… Мяне трасе, гне да падлогі. Цяпер я разумею, пекла напраўду ня ў нас саміх, яно – пад зямлёю. Я дохну. Жоўць блішчыць на брудным стале.
Кот перастае крычаць і мякка ўскоквае да мяне на калені. І паступова ўвесь боль майго беднага, беднага, гэткага беднага цела сыходзіць кудысьці. Становіцца добра й сьветла, хочацца адплявацца й зубы пачысціць… І, відаць, у душ. Не, падымацца яшчэ зарана, але я папраўляюся. Кот сядзіць у мяне на каленях, погляд ягоны сур'ёзны, нібы ён заняты надзвычай важнай справаю. Поўсьць яго грэе мае зусім замерзлыя ногі. Кот маўчыць, толькі зрэдку мружыцца, пазіраючы на мой жывот у корцы засохлай гідоты. Коцік… Каты забіраюць у людзей боль… Калі нам балюча, да нас прыходзяць каты й праганяюць яго… а можа, прымаюць у сябе. А мы… мы нават не цікавімся, што адбываецца ў катох далей, куды яны дзяюць гэты боль, – магчыма, адчуваюць замест нас. О, мой гаючы, чароўны кот! Калі ў мяне забаліць душа, дазволь мне прыкласці цябе да яе.
2001
УСЁ, ШТО АД НАС ЗАСТАЛОСЯ
Кабінэт зьзяў адмысловай, стэрыльнай белатою. Толькі зрэдку па ўзбоччы шафаў, па роўнядзі апарату УЗІ, па гладкай – ні складкі – прасьціне на пустой кушэтцы, па акругленых кутох скрыні для інструмэнтаў, па бляску ўмывальніку, які густа мазаў вочы, праслізгвалі зігзагі ценяў. У вакно біла зімовае сонца.
– Апранайцеся, – прагудзеў доктар Жаўткоў у бараду. Барада ў яго была кучаравая й шырокая, ахоплівала шыю, як вялікае жабо. Ён зьняў пальчаткі й пайшоў мыць рукі.
Тая з палёгкаю пакінула гэтае жахлівае груваздкае прыстасаванне, якое нагадвала прыладу для катаваньня ведзьмаў. Адчула радасьць уласнай крыві, што адразу напоўніла цяплом і ўтульнасьцю яе замерзлыя, худыя, як у падлетка, ікры, прытопнула нават, вельмі непасрэдна, гарэзьлівай, загарэлай нагою – так, што доктар Жаўткоў павярнуўся да яе і ўсьміхнуўся ў бараду. Паправіла валасы, падстрыжаныя па модзе дваццатых, павяла зацёклымі плячыма, прыўзьняла швэдар, адкрыўшы кранальны, паголены лабок. Жаўткоў адвярнуўся й намыліў вялікія, валасатыя рукі.
– Так, эрозія ўсё-ткі ёсьць, – сказаў ён, хінуўшы галавою мэдсястры Але. – Але гэта нічога. Прыйдзеце да мяне ў ваўторак. Час – як вам будзе зручней. Усяго найлепшага, Тая.
Жаўткоў выйшаў у суседні кабінэт, асцярожна прычыніўшы за сабой дзьверы – ён заўсёды быццам бы баяўся зламаць што-небудзь, і таму рабіў уражаньне нязьменна зьбянтэжанага чалавека.
Тая пацягнулася ўсім целам, весела агледзелася вакол. Сьвет быў чароўны ў сваёй бесклапотнасьці, сьвет падпарадкоўваўся ёй, як закаханы ў шэфіню малады падначалены. Учора яна хацела сьнегу, і сьнег пайшоў, прычым, некалькі разоў за дзень відазьмяніўшыся, прыняў увечары тую форму, якой яна ад яго чакала – пухнатага, ціхмянага, перадкаляднага. Сёньня ёй з ранку хацелася сонца, і сонца зіхцела зараз у прастадушна-зьдзіўленых ад дасканаласці навакольля таіных аксамітна-зялёных зрэнках, і ўсё было такім белым, хоць акуляры цёмныя начапі – тыя, што Юра набыў ёй гэтым летам у Гішпаніі. Яна пагладзіла жывот. Як усё добра! І кашаль зусім зьнік, доктар Жаўткоў пастараўся, яшчэ некалькі працэдураў, і яна будзе спакойна спаць уначы, безумоўна, калі засьне раней за Юру.
– Я пачуваюся маленькім парнакапытным, якое выпусцілі пабегаць на лугавінку, – сказала яна мэдсястры Але, адзначыўшы з задавальненьнем, што прамаўляе поўную лухту, што не адпавядае зараз вобразу жонкі дзелавога, сур'ёзнага чалавека. Яна ўцягнула жывот, і той адказаў ёй добрай усмешкай. – Маленькай істотай на яшчэ не акрэплых ножках, якая бегае па вельмі-вельмі зялёнай траве.
Яе любілі ўсе – хмуры ад нараджэньня муж, бацькі мужа, якія мелі краму ля мэтро «Цэнтральная», любілі сустрэчныя на вуліцах, якія, убачыўшы Таю за вакном «Вольва», разумелі, што адзіны талент, якога ім не хапае – гэта талент радавацца Жыцьцю. Любілі, натуральна, яе ўласныя бацькі, якім яна набыла нядаўна новы, пляскаты, як карціна ў рамцы, тэлевізар, што вельмі ўдала ўладкаваўся між дарэвалюцыйнай працы шафаю і пісьмовым сталом. Любілі сябры Юры, мілыя, выхаваныя людзі, абазнаныя ў піве й паляваньні. Любілі люстэркі й люстры, якія яшчэ ніколі не давалі ёй нагоды сумнявацца ва ўласнай дасканаласьці. Любілі акварыюмныя рыбкі й камары, любілі сабакі (нават Фэлікс ніводнага разу ня ўбачыў у ёй чужую). Любілі кветкі, грошы, любілі натуральныя сокі, зіма, восень, вясна, лета. Любіў доктар Жаўткоў, які спытаў яе пры першай сустрэчы, якую клясу яна скончыла, а потым доўга ня мог нацягнуць пальчаткі. Любіла сакратарка Жана, якая сядзела за дзьвярыма ў прыёмным пакоі, любіў ахоўнік, які сёньня, як ёй падалося, глядзеў на яе зь яшчэ большай цікаўнасцю. Прыгожы, дарэчы, хлопчык. Любіла й мэдсястра Ала, яна цяпер пісала нешта, раз-пораз пазіраючы на Таю зь вясёлым недаўменьнем: ну адкуль узялася гэткая «прэлесьць»?
Тая пайшла апранацца, наўмысна не закрыўшы шырму, каб падражніць Алу крыху. Тая была маленькая, і нават Ала, якая сядзела за сталом, была вышэй за яе, узвышалася, як настаўніца над пяціклясьнікамі. Але свой рост Тая цаніла. Прыемна быць дарагой лялькай, зробленай на адмысловую замову. Чыю замову? Юры, натуральна. У яе ж усё атрымалася як у сапліўчыках – прыйшоў ён, малады, багаты, разумны, вопытны, чароўны шпрыц… фу, прынц – проста ўсім сакурсьніцам на зайздрасьць, ды забраў яе з гэтага, бля, інстытуту, куды яна ўлезла пад націскам мамачкі. А Юра вось так прыехаў аднойчы, увайшоў у аўдыторыю, тыкнуў на Фельдмана, які адразу схаваўся ледзь не пад катэдру, вывеў пад руку зь смярдзючага, прапахлага калгаснікамі будынку й пасадзіў у машыну – яна нават не памахала рукой усім тым небаракам, якія стаўкліся ля вакна, – убоствам з прадвызначанымі лёсамі, таннымі гадзіньнікамі, недагледжанымі пазногцямі.
– Тая, я ж табе хацела футра паказаць, – Ала ўстала, прайшла міма Таі да гардэробнай шафы. Тая ўдала на твары крайнюю зацікаўленасьць, села на крэсла, узяла танюткія чорныя майткі, да таго прыемныя навобмацак, што можна проста сядзець і дакранацца, мацаць, гладзіць, да поўнае зьнямогі. Лёгкія, як суфле. Яе любімыя.
Але футра й насамрэч было някепскае. Нават – не было моцы ў гэтым прызнацца – выдатнае. Пясец. Пясец! Ала накінула яго на белы халат, прадэфілявала па кабінэце, з задавальненьнем заўважыўшы, што нос Таі задыхаў нечым падобным на зайздрасць. Не, у Таі дома таксама было падобнае футра, ня горшае за гэтае, але…
– Добрая рэч, – сказала Тая. – Плоціць вам Жаўткоў, я гляджу-у-у…
– Ну, Жаўткоў тут ні пры чым, – з асалодаю прамовіла Ала. – Каханак падарыў. На каханкаў мне шчасьціць, а вось замуж…
Яна паглядзела ў асьляпляльнае, нібы грэх, вакно.
– Так, – сказала Тая, нацягваючы калготкі. Каханак. Адкуль у Алы каханак? Нашто навогул камусьці каханак, калі можна вось гэтак, як яны зь Юрам. Ён жа ёй, дурань, Юрачка, кветкі дорыць штодня. Як даведаўся, што калы – яе любімыя, так і носіць пачкамі. Скалалазкай яе называе. Нясьмешна, але прыемна. – А колькі яму?
– Трыццаць, – адказала Ала, усё яшчэ ярка плямячыся пясцовым футрам. – Ды ён жанаты, дзяўчо нейкае акруціла…
– Трыццаць – зусім як Юры, – Тая ледзь не запляскала ў ладкі, але перадумала. Здраджваць. Вось гэтак. Казёл нейкі.
– Усё футры прымерваеце? – у кабінэт увайшла Жана. У Таі заўжды было падазрэньне, што Жана і Ала – адна істота. Асобна яны не існавалі. Папросту Жана – гэта прэлюдыя да Алы, а Ала – працяг Жаны. Жана адвеку папярэднічала Але, Ала выдавала поўны партрэт. Мэдычкі хрэнавы.
– Усё футры прымерваем, – прасьпявала Тая голасам пастушкі, якая толькі што прачнулася, і выцягнула перад сабой нагу. Нага была не падлеглая сумневу. – Але каханак падарыў, ён ня п'е, ня паліць, жанаты, любіць футбол і рыбныя катлеты.
– Не, да футболу ён абыякавы, – засьмяялася Ала. – Дзіўны, спосаб зарабляць грошы.
– Вось і Юра так кажа, – прамовіла Тая дзіцячым голасам. – Слова ў слова. Дзіўны спосаб зарабляць грошы.
Тая ўжо хацела апранаць спадніцу, але тут ёй прыйшло ў галаву, што ў прыёмным, мусіць, сядзіць якая-небудзь дура й чакае сваёй чаргі, і яна, пагладзіўшы сябе па каленях, адклала спадніцу ўбок.
– Мой таксама так кажа, – сказала Жана. – А шэф у сябе?
– А ты, Тая, сабе каханка пакуль не надыбала? – спытала Ала, хітра прымружыўшы надта ярка нафарбаванае правае вока.
– Навошта? – Тая нясьпешна ўзяла спадніцу, прымерыла. – Ну прыдбала, прыдбала, Юрай завуць. Самы лепшы ў сьвеце.
– Майго таксама Юрам завуць, – адгукнулася Жана, задумалася пра нешта, спахмурнела, але потым зноў прыняла аблічча ўступу да Алы, дзелавітага й ляканічнага, як інструкцыя па карыстанні прыборам, які не патрабуе асаблівых навыкаў.– Мы зь ім пасварыліся ўчора, дык ён мне кветак прыцягнуў, калы, цэлы букет. Па тэлефоне сварыцца зручна…
Прыемнае пачуцьцё гармоніі, знаёмае перш за ўсё шахматыстам і музыкам, прамільгнула раптам у Таі недзе пад маленькімі грудзьмі і схавала галаву ў зыбучы пясок, пакінуўшы на паверхні толькі тоненькі хвост. Быццам пазногцямі ўхапіўшы яго, адчуваючы, што ў любы момант можа выпусціць, Тая паглядзела на Жану. Раскаленыя вочы патрабавалі зьняць зь іх вільгаць.
– Ты што, Тая, ён не жанаты, – сказала Жана спалохана. Здагадалася пра такую салодкую, інтрыгуючую тэму, што выпіхнула са свайго чэрава размова, і Ала, якая зь дзіўнай пыхаю ўтаропілася ў пясцовую поўсьць.
– Ты дакладна ведаеш, ці ён табе так сказаў? – прамовіла Тая, у сьвядомасьці якой зь неверагоднай хуткасьцю раскручваўся доўгі зьвітак, склеены з усіх кнігаў пра каханьне, якія яна калісьці чытала. – Ты дакладна ведаеш, ці ён табе так сказаў?
– Ну, а што… Не крычыце на мяне! – залямантавала раптам Жана. – Ведаю. Сказаў. Табе што з гэтага?
– Можа й мой Юрачка – гэта… – сказала Ала. – Кіно-о-о…
– Як ён выглядае? – спытала Тая, ускочыўшы з крэсла. – Як? Гавары!
– Росту невысокага, моцны. Абязьян такі.
– Апранаецца як?
– Нармальна апранаецца. Куртка, джынсы, швэдар шэры… касьцюм зрэдку…
– З горлам швэдар? З горлам?
– Ну, пад горла. Тая…
– Майткі якія? Кажы, сука!
– Сінія ёсьць… з рыбамі… сямейнікі такія… Кітай яшчэ… там драконы сьпераду.
– Я ж заб'ю цябе, – як злы гном, Тая прабегла да століку ля сьцяны, схапіла мэдыцынскія нажніцы. «Яна зараз як афігелая бабулька,»– адзначыла пра сябе Ала, здымаючы футра – папсуе яшчэ, і павольна рушачы да кабінэту Жаўткова. – Я ж заб'ю цябе, – ціха паўтарыла Тая, падыходзячы да Жаны зусім блізка. Жана, вышэйшая за Таю на дзьве галавы, плакала, але ня рухалася зь мейсца. «Ратаваць,»– вырашыла Ала й крыкнула: «Я ж зь ім сплю таксама!» Тая азірнулася на яе, потым кінулася да шафы, дастала пад дружны звон падаючых флякончыкаў нейкую бутэлечку й вельмі трапна запусціла Але ў твар. Пакуль Ала, пратрубіўшы нешта нецэнзурнае, вызвалялася ад рэшткаў футра, Тая ткнула Жану нажніцамі ў жывот. Але ўдар быў слабы, лязо застрала ў Жанінай кофце, Жана адплюшчыла вочы й схавала галаву ў плечы. Тая сядзела на падлозе, уся ў ваконным яркім сьвятле, якое распадалася на геніяльна выяўленыя, зручныя для лоўлі маленькія вясёлкі. «Сукі, блядзі, посьцілкі, курвы… Я ж усё Юры распавяду, я Андатраву скажу, у яго пісталет,»– мармытала Тая, размазваючы па твары соплі.
– Ну-ну, – сказала Ала прымірэнчым голасам і падняла з падлогі бутэльку. – Адкуль жа мы ведалі…
– Гэта жыцьцё, Тая, зразумей, – сказала Жана. – Мы ж цябе ўсе любім. Ну падзялілі твайго мужыка, так ужо атрымалася. Цікава атрымалася. Ты ж сама баба, зразумей нас.
– А зь Юрачкам разьвесьціся трэба, – пагладзіла Ала Таю па валасах. – Дзяцей няма, нічога не трымае.
Яна прысела побач з Таяй на кукішкі, абняла.
– Не, я падумала, гэта ж трэба – усё складваецца… Усе яны кабялюгі, ёбары даўбаныя.
– Каб я… каб я паміж вамі яго падзяліла… – Тая была падобная на варанага пяцісотгадовага карузьліка.
– Гісторыя, вядома, – проста кіно здымай, – пагадзілася Ала. – Але сама падумай. Яму адно трэба – блядаваць. А ты, дзяўчо, памылілася адрэсаю. У свае дзьверы грукаць трэ было, а ня лезьці да бараноў гэтых.
– Вы, вы ва ўсім вінаватыя… – усхліпнула Тая.
– Таечка, не для цябе ён, – падсела да іх Жана. – Ня трэба ты яму.
– Я пра вас забыць хачу! Курвы! – зноў заравела Тая. – Вы ва ўсім вінаватыя.
Ала й Жана саркастычна пасьміхнуліся адна адной.
– Мы, мы вінаватыя, – сказала Ала, усаджваючы паслухмяную Таю на крэсла. Жана кінулася дапамагаць ёй апранаць спадніцу. – Мы, – паўтарыла Ала, дастаючы са стала «Клоназэпам». – Толькі супакойся. У таксі паплачаш.
– Я яго заб'ю, – прашаптала Тая. – Атручу… яйкі адрэжу… Ён жа й вас… гэтак прынізіў…
– Ты ж сама разумееш, што не заб'еш і не адрэжаш, – прыкрыўшы далоняй вочы, сказала Ала. Спадніца на Таю ўрэшце была апранутая. Жана глядзела на сябе ў люстэрка і адначасова мацала жывот. – Развадзіся.
– Што ж мне рабіць? – прамовіла Тая празь сьлёзы. Дзьверы ў суседні кабінэт расчыніліся, і адтуль паказалася паў-Жаўткова.
– Што за крыкі? – рыкнуў ён, але, убачыўшы Таю, палагаднеў.– Што здарылася? Па тэлефоне размаўляю, чую – крычаць.
– Палец дзьвярыма прышчаміла, – хутка сказала Ала й кінулася да дрыжачага таінага мезенца. – Усё, зараз усё будзе добра.
– А, – сказаў Жаўткоў і ператварыўся ў гладкія белыя дзьверы.
Тая, усё яшчэ румзаючы, накінула паліто, выйшла і тут жа вярнулася.
– Я прыдумала, – Тая ўсьміхнулася, мінулая Тая заплакала зноў, але шанцаў на перамогу ў яе ўжо не было. – Прыдумала. Дасканалая помста. Прыгожая, элегантная. Вы таксама ў гэтым возьмеце ўдзел.
Ала й Жана разам уздыхнулі.
– Мы напішам кнігу. Патаемна. Я буду пісаць, пакуль ён на працы. Кожная з вас апіша Ю… не магу яго так называць… Ю-юру такім, якім ён быў з намі…
Павярнуўшыся да вакна, Ала ўсьміхнулася. Быў. Каму быў, а каму… Выперці б яе хутчэй, дурніцу.
– … усё: інтым, быт, звычкі. Нічога не хаваючы. І пра тое, што на майтках вечна плямы брунатныя… І галоўнае – назваць яго сапраўдным імем… І прозьвішчам… Усю праўду. Атрымаецца Юра як бы праз тры мікраскопы, у трох ракурсах. Мы зь яго труса пад досьледам зробім. Кшталту за шклом. Пра яго кожны даведаецца. А потым я зь ім разьвядуся.








