412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Альгерд Бахарэвіч » Натуральная афарбоўка » Текст книги (страница 5)
Натуральная афарбоўка
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:58

Текст книги "Натуральная афарбоўка"


Автор книги: Альгерд Бахарэвіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 13 страниц)

Па яе твары беглі сьлёзы, на якія Тая ўжо не зьвяртала ўвагі. Інтрыга – супэр.

– Я за свае грошы знайду выдавецтва, дый любое прыватнае за такія страсьці ўхопіцца.

Жана закаціла вочы. Ну й дзіцё. Грошы няма куды дзяваць.

– І вось выходзіць гэткі бэстсэлер… пад назваю… ну, назву потым прыдумаем. Ну як?

Гордая сваім плянам, Тая нават адчула задавальненьне ад таго, у які складаны, пранізьлівы пераплёт яна трапіла. І астроляг яе, гэты Кропышаў, казаў: «У пятніцу жыцьцё можа крута зьмяніцца.» Вось і ня вер пасьля ўсяго гэтага зоркам.

– Пісаць пачынаем сёньня ж, – скончыла Тая й тут жа дастала з паліто тэлефон. Бліснуўшы вачыма, яна набрала нумар. У прыёмным пакоі чуўся нечы абураны голас.

– Юра? Гэта я. Не, усё нармалёва. Дома распавяду. Не, сама. Ну, выязджаю. Чакай.

Яна пацалавала слухаўку, паказаўшы роўныя, белыя, у вясельнай кужэлі сыпны зубы й выйшла.

– Не, менш за сотку за гэтае шоў я з Жаўткова не вазьму, – уздыхнула з палёгкаю Ала.

– Ндаа, – працягнула Жана, з інтарэсам разглядваючы зацяжкі на сваёй кофце, на ўзроўні пупка.

Дзьверы ў жаўткоўскі кабінэт адчыніліся павольна і ўрачыста. Доктар спыніўся на парозе, потым, кульгаючы, прайшоў на сярэдзіну, стаў у асветленае кола паміж Алай і Жанай.

– Уладзімір Барысавіч, гэта геніяльна… – залямантавалі яны, але доктар узмахнуў рукой, і жанчыны замоўклі. У вачох Жаўткова гайдалася цемра глядзельнае залі, у вушах шумеў акіянскі прыбой воплескаў. Лепшая рэжысэрская праца году. Ён зьняў халат і кінуў яго ў кут.

2001


НАТУРАЛЬНАЯ АФАРБОЎКА

На сямі ўзгорках, у самым цэнтры вялікага гораду, ляжыць Прадпрыемства. Ня так важна, што за прадукцыю яно вырабляе, мы ж усе й так, пагадзіцеся, гэта ведаем. Мы нарадзіліся ў гэтым горадзе й пражылі ў ім усё жыцьцё, ніколі нікуды не выязджаючы, быццам на горад надзеты празрысты каўпак, межы якога схаваныя недзе ў прыгарадных лясох. Ды нам і так добра. Колькі год мы садзімся ў трамвай ля Прадпрыемства, шпацыруем уздоўж ягоных высокіх сьценаў з маці або каханай дзяўчынай, з жонкай і дзецьмі, вымаўляем ягоную назву. Але туды, за гэтыя сьцены, нам не патрапіць. Золатазубыя жанчыны паўстануць на нашым шляху, зарычыць каменная ваўчыха, што стаіць пры ўваходзе як напамін пра тую зьвяругу, якая выкарміла некалі бацькоў Прадпрыемства – тых, хто першымі ўсадзілі лапаты ў зямлю на месцы вырубленага гушчару. І мы адступім, лісьліва ўсміхаючыся, і пабяжым прэч ад Прахадной. Бо пропуску ў нас няма, мы забылі яго дома, згубілі, выкінулі – даўным-даўна, вельмі шмат анічога ня вартых гадоў таму. Да самае сьмерці нам будзе невядома, што ўсё ж робіцца за цяжкімі варотамі і аблытанымі калючым дротам мурамі. І толькі потым, пакідаючы нарэшце горад, мы зірнем у ілюмінатар, каб паглядзець на Прадпрыемства хаця б зьверху. Але й тады, забіваючы наш апошні шанец, Яго скрыюць абачліва ссунутыя аблокі.

А ўначы, як высветлілася, прайшоў сапраўдны яблычны дождж. Спаўзаючай коўдрай па-над садам вісела цішыня, халодная, вогкая. Стах зь яшчэ паўзаклеенымі сном вачыма басанож выйшаў на ганак, наступіў на мацярынскія туфлі і ўжо далей тройчы прагрукаў сваё прабуджэньне. У траве ляжалі яблыкі, тоўстыя, рыпучыя, гэткія празрыстыя, што, калі захацець, у глыбіні іх можна было разгледзець маленькія цёмныя шкілеты. Стах таўхануў адзін яблык нагой, той зьнік у кветачных джунглях, цьвёрды й бескарысны.

Звонку дом быў пакрыты мяккай цьвільлю ранішняга туману. Стах вымыўся ледзяной вадою зь вядра, недзе вельмі блізка, падалося, у самага пляча, цішыню разарваў лямант электрычкі. Уздыхнулі дрэвы, стала яшчэ халадней. Гэткае пачуцьцё сярод туману, што знаходзішся ў прасторнай залі, дзе толькі што адчынілі ўсе вокны. Стах вярнуўся ў дом і запаліў газавую пліту.

Ён прыехаў на лецішча ўначы, ледзь паспеўшы на апошнюю электрычку. Яшчэ на вакзале дрогкі тамбур сустрэў яго прадвесьцем нейкага паэтычнага натхненьня, але вагон быў амаль пусты, і Стах уладкаваўся ля вакна, пасадзіўшы побач заплечнік. Спазьніцца баяўся ня ён адзін, перад самым адпраўленнем у вагон уваліліся дзьве цёткі, якія разьмясьціліся ў Стаха за сьпінай. Электрычка кранулася зь месца, цёткі пачалі гамонку, і Стах міжволі прыслухаўся. Размова йшла нібыта пра параўнальныя вартасьці невядомага маньяка, што яшчэ ня трапіў у лапы правасудзьдзя… ён пасьпеў ужо насваволіць у тым самым дачным пасёлку, куды ляжаў і ягоны, Стахаў, начны шлях. Безумоўна, натхненьне было дарэшты зьлізанае языкастымі цёткамі, і слупы ды падсвет леныя яліны, што ўсё шпарчэй праплывалі за вакном, так самі сабою й засталіся. Ды яшчэ незадоўга да станцыі з тамбуру зьявіліся двое амонаўцаў, якія запатрабавалі ў яго дакумэнты. Стах паказаў ім свой навюткі пашпарт, і яны некалькі хвілінаў правяралі графу «Хваробы й калецтвы», а потым нават не казырнулі на разьвітаньне. На станцыі цётак сустракалі п'яныя мужчыны, Стах лёгка падхапіў заплечнік, хутка прамінуў кароткія цёмныя вулкі, адшукаў ключ пад ганкам і, упаўшы на сыры ложак, адразу заснуў.

Цяпер дачны пасёлак няўхільна прачынаўся. Стах ускіпяціў сабе гарбаты, намазаў маслам хлеб і пачаў распакоўваць заплечнік, які ўжо пасьпеў набыць пах нейкіх сутарэньняў ды прамокнуць зьнізу. Бутэрброд, які Стах зрэдку кусаў ды перакладваў з трумо на тумбачку, з тумбачкі на падваконьне, з падваконьня на стос старых газэтаў, стаў урэшце да агіды гнуткім, і Стах выкінуў яго ў вакно.

У юнацтве ўлюбёным заняткам Стаха было стварэнне тэкстаў. У нейкай меры гэта была самая арыгінальная літаратура на сьвеце. Стах пісаў артыкулы пра сябе для энцыкляпэдычных даведнікаў, якія стаялі на паліцы ў ягоным пакоі. Напрыклад, такія:

Аляксандр СТАХОЎСКІ (г.н. 1970) – выдатны – скі археоляг, доктар навук. Сярод ягоных заслуг – адкрыцьцё й вывучэнне знакамітага Стыр'еўскага кургану (1987), Пархоміцкай пячоры, Верхнекорчынскіх магільнікаў. Аўтар працаў «Быт усходніх Славянаў на аснове вывучэння Стыр'еўскага кургану», «Параўнальнае вывучэнне Стыр'еўскага кургану й паўночнаўкраінскіх магільнікаў», «Стыр'еўскі курган як сьведчаньне паходжаньня культу грыба ў паўднёвых плямёнаў Пакемоньня», «Верхнекорчынскія магільнікі й крах яраўлянскага паганства», навукова-папулярных кніг «Славянскія сталакціты», «Сталагміты клічуць» і «Легенды аб Верхнім Корчыне». Член-карэспандэнт Акадэміі навук і Ганаровы член сусьветнай асацыяцыі археолягаў.

Або такія:

Віктар СТАХОВІЧ (г.н. 1970) – вядомы – скі паэт, ляўрэат Маладзёжнай прэміі імя Ў. Дубатоўка, Дзяржаўнай прэміі БССР, італьянскай прэміі П. Пазаліні. Творчасьць спалучае ў сабе вострую актуальнасць, пранізьлівы псыхалягізм і своеасаблівую, пабудаваную на супярэчнасьцях, лірыку. Лёс В. С. трагічны. Прайшоўшы афганскую вайну, эміграцыю (з 1991 г. – у Кітаі, потым перабраўся ў Парагвай) і некалькі хваробаў 1-ай ступені, В. С. скончыў жыцьцё самагубствам, выкінуўшыся з вакна сваёй сядзібы ў Асунсьёне. Позьняя творчасьць B.C. адзначаная несумненным уплывам старажытнакітайскай паэзіі. Аўтар паэтычных зборнікаў «Аслепленыя месяцам», «Хованкі», «Кола акрэсліць вораг», «Анёлы пужаюць мяне», «Парабала», «Выпрабавальнік сэрца», «Бывай, Гуарані!».

Ці яшчэ:

Алег СТАХАЎ (г.н. 1969) – знакаміты – скі інжынэр, вынаходнік Кантралятара (ем. Кантралятар). Нар. у – ску, скончыў Дзяржаўны політэхнічны інстытут па сацыяльнасці «Аўтаматызацыя кантрольных сістэмаў рэгуляцыі». Ганаровы рацыяналізатар – cii. Супрацоўнік Інстытута аўтаматызацыі імя Ф. Э. Шляпкова.

Ажыццяўлялася ўсё гэткім чынам. Той артыкул у энцыкляпэдыі, які меў няшчасьце пачынацца на Стах-, бязьлітасна, але ахайна выразаўся. На ягонае месца Стах уклейваў свой, аддрукаваны на пішучай машынцы, папярэдне наклеіўшы на зваротны бок перавернуты выразаны. Усе без выключэння таўстыя, цяжкія кнігі – спадчына вялікага бацькі – што сытымі прысяжнымі паселі на доўгую паліцу ў пакоі Стаха, падвергліся падобнай апэрацыі. У ва ўсіх цяпер быў ён, Стах, які ўвабраўся ў маналіт старонак і выдаваў сябе хіба што буйнейшым шрыфтам. Стах-вынаходнік, Стах-палітык, Стах-літаратар, Стах-археоляг, Стах-скульптар, Стах-касманаўт, не кажучы ўжо пра Стаха-урача.

Стах-Стах-Стах – мара, якая звычна ўяўляецца ў форме не каўбасы, але птушкі, уздымаецца ў паветра з падваконьня дзіцячага пакоя, ляпаючы вялізнымі крыламі, і зьнікае за сьцяной суседняга дзевяціпавярховіка. Тады ён напраўду хацеў стаць знакамітым, трэба толькі было абраць усё-ткі, да чаго прыкласці свае таленавітыя, у чым ён не сумняваўся, рукі. Вясёлае юнацтва, якое гэтак лёгка кідае водсьвет у будучыню – зманлівы водсьвет ад неіснуючага вагню. На якім стале, між якіх анкетаў і ведамасьцяў на заробак яно забытае, разам з асадкаю, якой ты падпісваў смяротны прысуд самому сабе. Птушка зьнікала, і вярталася, і глядзела праз ваконнае шкло ў дзіцячы пакой, што стаў ужо надта вузкім, і аднойчы зьнікла за дзевяціпавярховікам назаўжды. І паспрабуй параўнай мару з чым-небудзь іншым.

У інстытуце ён паводзіў сябе ўсё яшчэ як знакамітасць, за што бываў згвалтаваны доўгімі жоўтымі калідорамі з вострымі крукамі на канцох, але ўжо з сумневам азіраўся на свой вялікі й непатрэбны, а галоўнае, сонны талент, што вісеў за вузкімі плячыма. На выпускным узгадаў, нябачны, няўдзячны, як у школьныя часы прыбіваў на дзьверы кватэры абвестку: «Тут сьвяткуецца дзень народзінаў паэта й філёзафа Стаха», пазіраючы ў вакно ля сьмецьцеправоду, ці ня йдуць сябры, якія, зрэшты, пастаянна рабілі ў яго за сьпінай усялякае брыдоцьце, кшталту вечарынак зь дзяўчатамі. Сябры прыйшлі, зжэрлі торт, пасьмяяліся з шампанскага, падарылі нейкія бабіны ды сыйшлі да нейкіх бабінаў. Праважаючы іх, ён заўважыў, што абвесткі на дзьвярох няма – маці, як высветлілася, зьняла бяскрыўдны лісточак яшчэ да прыходу гасьцей.

«Пасрэдных здольнасцяў,»– пачуў ён аднойчы яе голас, гэта здарылася ўжо пасьля выпускнога ў інстытуце. – «Пасрэдных… ой, ты што… Калі геніяльны бацька, гэта яшчэ ня значыць, што такім жа будзе й сын.» Маці дамаўлялася зь сяброўкай, каб Стаха ўзялі на працу ў нейкі БзіР. Стах сам зьдзівіўся, як мала яго гэта закранула.

Войска зрабіла зь лянотнай пасрэднасьці пасрэднасць мужную. Пачуўшы ад лейтэнанта адразу ж пасьля каранціну, хто ён ёсьць насамрэч, Стах вырашыў, што будзе бясьпечней заставацца гэтым рэчывам да канца службы. Вярнуўшыся, ён займаўся тым, што траціў пэнсыю маці на халсты й тоўстыя сшыткі. Стомлены, ён прыходзіў дахаты, наядаўся да адвалу кніг ды катлет і пераключаў тэлеканалы, якіх штомесяц болела й болела. Набыцьцё ў растэрміноўку новага тэлевізара са стракатым пультам палегчыла яму задачу і ўрэшце давяло да поўнага абсурду. Празь месяц таямнічы БзіР насьцігнуў яго, апынуўшыся затхлым бюро па нарыхтоўцы і яшчэ чымсьці, што пачыналася на картавае «Р». Там усё было пафарбаванае ў жоўты колер: сцены, сталы, столі, падлога, нават попельніцы ў прыбіральнях. Ён уцёк адтуль праз паўтара месяца па ўласным жаданьні, і нават зараз памятаў, як у слова «желанию», так прыгожа выведзенае на жоўтым лісьце (у пасрэднасьцяў звычайна цудоўны почарк), ён уставіў прадыктаванае навакольлем «т». Зноў пачаліся бясконцыя Дні Маці. Сябры паступова ўгрузалі ў сваіх сямейных праблемах – спачатку ім завальвала вобласць тазу, затым ногі, потым з-пад бясконца падаючых з разнастайных раёў пральных машынаў, дзіцячых калясак і гаражоў заставаліся відаць адно безнадзейна вытыркнутыя рукі й галава… нішчыліся ў ненавязьлівай смузе твары – задаволена і ў той жа час трохі маркотна яны пазіралі на Стаха. Апошнім, што нагадвала пра сяброў, былі галасы, што ўсё часьцей паўтаралі: «Прабач, няма калі.»

Урэшце скончыліся і яны, перамясціўшыся ў сны. Стах спаў да дванаццаці, сьнедаў, доўга, як па Эрмітажы, хадзіў па кватэры, наталяючыся адсутнасцю маці, пакутліва, нібы бязрукі аматар памастурбаваць, выціскаў зь сябе сюжэт для малюнку – але ж гэта ня ўсё, трэба ж каб гэта было ў адпаведнасці з канонамі абстрактнага жывапісу, які Стах так шанаваў… празь некалькі гадзін малюнак быў гатовы й да абеду трываў няўхільнае паніжэньне ў чыне: ад шэдэўрэнфюрэра да обэр-гаўна. «У мяне крызыс,»– шаптаў Стах бацькаваму фота. Бацька спакойна сядзеў у чорным квадраце і пасьміхаўся. Найлепшая дапамога, якую можа чакаць сын-мастак ад бацькі, матэрыяльная. Ды якое там найлепшая – адзіная.

Потым ён абедаў, хадзіў па выставах, па рэдакцыях, з надзеяй скрасьці кавалачак чужога натхненьня. «Усе геніі гэткія,»– разважаў ён, маючы пад увагаю і сябе недзе там у другім ганаровым дзясятку. «Мы круцімся між простых людзей, і выпадкова выпускаем з кішэні таленту якую дробязь… А потым нехта падбярэ, узвысіцца, можа, і да нас далучыцца.» Не пісалася, хоць ты забі каго-небудзь з гэтых прызнаных майстроў. Стах з дакладнасьцю парадыста мог паўтарыць любімую фразу маці: «Што б з табой ня здарылася, дома цябе заўсёды будзе чакаць талерка баршчу, сынок…» Маці вымаўляла гэтыя словы з патаемнай надзеяй. Але са Стахам не адбывалася анічога. Неяк ён прачытаў «Татарскую пустыню» – за адну млосную, вадкую раніцу, і з таго часу стаў уяўляць сябе гэткім Джавані Дрога, які выглядае за дзевяціпавярховікам сваю славу. Слава там, натуральна, была, так называлася аднапавярховая крама для вэтэранаў, далей ішоў яшчэ дзевяціпавярховік, і яшчэ, і яшчэ дзевяціпавярховік, і яшчэ, і некалькі хрушчовак колеру плямбіру, што ўпаў у гразь, і вуліца, і сквэр, і яшчэ дамы, і прыватны сэктар, і дванаццаціпавярховы будынак інстытуту, і праспэкт (дамы, дамы, дамы!), і вакзал, і новы мікрараён, і прадмесьце, і лес, і яшчэ лес, і яшчэ леслеслес, і яшчэ лес, і дачны пасёлак, дзе ён ня быў некалькі гадоў, дзе стаяў дом, што колісь набыў бацька, – дом, куды ён прыехаў учора, каб рашыць дзіцячую задачку: як жыць далей?

Стах кінуў у кут здзьмуты заплечнік, пагрэў рукі ля калярыфэра, што ўдаваў зь сябе дагараючае вогнішча, і выйшаў у двор. Туман сыйшоў у лес, вакол змрочна дрыжэла бурае лісьце, якое сядзела на дрэвах як галодныя злыя птушаняты; мёртва ляжалі ў выкапаных дажджамі канаўках шэрыя кветкі. Яблыкі раздражнялі невыносна. Нягледзячы на холад, людзей у пасёлак на выходныя прыехала дастаткова шмат – вакол адчуваўся прыхаваны рух, паветра было шчыльнае, звонкае. Недзе на суседняй вуліцы ўжо лупілі сякераю, і зьлева, за закалочаным на ўсе вокны домам, чулася спраўная размова на адмысловы лецішчавы манэр, калі суразмоўцы звычайна знаходзяцца на розных канцох гароду й крычаць пры гэтым адно аднаму рэчы, якія зусім не патрабуюць гучнасці. Яшчэ далей тарахцела машына – у Стаха некалі быў сябра, які ўмеў па гуку рухавіка вызначаць марку. Справа стаяла двухпавярховая цагляная сядзіба – там хадзілі й перасоўвалі нешта груваздкае. Каля сядзібы строіў камусьці вочкі ціхі сіні вольва. Стах запаліў цыгарэту – гэтую звычку ён засвоіў у войску, элэмка раскурвалася марудна, і ён доўга чакаў тую ўсьмешку задавальнення, якую хавае першая за дзень прынятая атрута пад дурманам і млоснасьцю. Дачакаўся, плюнуў, вярнуўся ў дом. Там пахла прасам, які ляжаў на мокрай анучы. Стах лёг на ложак. Ён ляжаў і глядзеў на старое, «зь цьвяточкамі» люстра, у якім падрыгваў ягоны шаснаццацігадовы твар, што стаўся, відавочна, галоўнай прычынаю ўчорашняй падзеі.

Твар Стаха быў, у дадатак да сваёй закансэрваванай маладосці, добрым і прыхільным, як ні імкнуўся ён у хвіліны гневу альбо вушнога болю сказіць яго. Як гэта называюць… прывабны фізыягнамічны тып. Чамусьці менавіта ў Стаха заўсёды пыталіся дарогу да майстэрні па рамонце абутку, чамусьці менавіта ён, на думку прахожых, мусіў ведаць месцазнаходжанне вуліцы Радэка й стрэлак на гадзінніку, чамусьці менавіта Стаха абіраў сярод натоўпу дрымучы жабрак і чамусьці менавіта да яго, расштурхоўваючы лакцямі пасажыраў, імкнулі ў вагоне мэтро старушэнцыі, якія шосты год зьбіралі ахвяраванні на пабудову нейкага часовага храму («Сьвятая царква моліцца за вас!»), чыё месца ў будучым мусіў заняць сабор Маці ўсіх Славянаў. Надзвычай прывабны твар маладога выкладчыка ВНУ перад заўтрашнім вясельлем.

У той вечар, даволі цёплы, Стах вяртаўся са шпацыру па парку. Ухіліўшыся ад сотні лужынаў, ён выйшаў да трамвайнага прыпынку, адкуль да дому было рукой падаць. Вырашыў пачакаць трамвая. З суседняга ўнівэрсаму вылез дзядзька ў доўгай скураной куртцы, з-пад якой выглядвалі ногі ў спартовым трыко й тапках. Беспамылкова абраўшы Стаха між дзясятка нэрвова выцягнутых галоваў, дзядзька папрасіў дзьвесьці рублёў. Не выдумваючы ніякіх хворых дзяцей або кавалка хлебу, проста папрасіў дзьвесьці рублёў на зусім празаічную бутэльку. Не хапіла, а дома ёсьць, але вяртацца, а потым зноў, і… Дай, грошы ж невялікія. Стах даў пяцьсот. Дзядзька зьнік у краме, не прамовіўшы ніводнага слова. Трамвай не зьяўляўся. Стах стаў на край тратуару, камечачы ў кішэні чацьвер. Нехта ляпнуў яго па плячы.

– Ну, ідзем, – сказаў дзядзька, ледзь утрымліваючы белае рыльца, што ўпарта лезла з кішэні. Яны моўчкі перасеклі вуліцу, увайшлі ў двор, прабраліся праз могілкі арэляў, супрацьтанкавыя хмызы і апынуліся ў парку. Той быў амаль пусты – толькі дзяўчынка ў чырвоным вязаным каптурку, што злавесна выдзяляўся на бурым фоне, хадзіла коламі па арэне, трымаючы за аброць задышлівага поні, ды пэнсыянэр падымаўся па стромым схіле. Па-над ракою павольна хістаўся туман. За драўляную вежу апускалася кола агляду, краты агароджы падзялялі на роўныя кавалкі пустэльную вуліцу – Стах выбраў сабе той, што са знакам «Асцярожна, дзеці». Ён выпіў, закусіў працягнутым яму плаўленым сырком, прыязна адрыгнуў. Чарнілы зрабілі парк утульным, колеры вакол – насычанымі, пераліўчатымі. Ён з размаху сеў на лаўку, якая яшчэ імгненьне таму падавалася мокрай. Дзядзька ўшрубаваў у сябе тое, што засталося, панюхаў сырок, паклаў у кішэнь. Запалілі, гледзячы на трамваі, нібыта на паралельны, зашклёны сьвет. Ва ўнутранай кішэні ў дзядзькі апынулася яшчэ адна. – З баршчом, – сказаў дзядзька салідна. – Есьці хочаш? – Хачу, – адказаў Стах, усміхаючыся. Ля самага ягонага нёба гарэзьнічалі малюсенькія яблычныя эльфы. – Мяне… – пачаў ён. – Пфф, – зашыпеў дзядзька. – Рана знаёміцца.

На кухні ў дзядзькі яны ледзьве зьмясьціліся паміж дзядзькавай жонкай і чатырма дзецьмі ў спартовых строях, што пахлі сэканд-хэндам. Стах не марудзячы разьбіў кубачак, але атрымаў прабачэньне і абаршчэньне. Дапілі, закусваючы чорным хлебам.

– Ты кім працуеш? – спытаў дзядзька між справаю. – Пісьменьнік-постмадэрніст, – адказаў Стах з гордасцю. – Ясна. А я вось на прадпрыемстве малярствую, – сказаў дзядзька, ні на каліва не зьдзівіўшыся. – Плоцяць добра. Хапае. Старэйшы ў войску, прыйдзе – жаніцца будзе. – А, – працягнуў Стах ветліва. Вечар прадоўжыўся пад песню фальклёрнага ансамблю «Яромка», якую па-заліхвацку выканала радыёкропка, што суседнічала на сьцяне кухні з лайдачкай-зязюляй. – Добра пяюць, – прабурчаў дзядзька з павагаю. Потым Стах выліў дзядзьку на трыко ўсё: пра энцыкляпэдыі, БзіР, маці й Джавані Дрога. Скончыўшы, узьняў цяжкую, занадта цяжкую, каб адчуваць сорам, галаву, і ўбачыў, што дзядзька сьпіць. Зрэшты, неўзабаве ён прачнуўся й сказаў спакойна:

– Ну-ну, зразумеў. Лячыцца табе трэба, хлапец, і не пігулкамі, а ў рабацяшчых, добрых людзей. Каб дурата з галавы выйшла. Ты вось што – прыходзь, калі хочаш, канечне, у панядзелак да нас на прадпрыемства. Нам якраз чалавек трэба ў брыгаду. У нас, ведаеш, там заробак ды соцкультбыт – ого-го. Ты а дзясятай ці ў вадзьдзеле кадраў будзь, ці… скажы, увогуле… што ад Кірылы Антоныча.

Стах балянсаваў у вітальні, спрабуючы завязаць шнуркі на нейкі ледзь не марскі вузел. Кірыла Антоныч запісаў на лісточку нумар хатняга тэлефону – буйнымі літарамі, каліграфічна, і сунуў Стаху ў кішэню паліто.

– Або патэлефануй, дамовімся, я сустрэну. Да дому дойдзеш?

– Дайду, – сказаў Стах, наступаючы на шнуркі. Апошняе, што ён бачыў,– асуджэньне ў вачох дзядзькавай жонкі, якая накрывала ягоную, Стаха, скульптуру ў поўны рост мокрай анучай. Дахаты ён дайшоў не зусім сам – пад абедзьве рукі яго падтрымлівала натхненьне, зусім блізкае (Стах нават адчуваў паэтычны перагар на скрыжаваннях), але няўлоўнае. «Глупае знаёмства…»– паўтараў ён шчаслівым п'яным шэптам, лыбячыся па-ялавічнаму кожнаму сустрэчнаму гопніку, але некранутай часткай мозгу ўсьведамляў, што дзядзькаў тэлефон запомніў назаўжды. Маці адчыніла дзьверы, нічога не сказала – здань з друзлай скурай на рухавых грудзёх.

…Стах намацаў цыгарэты на падваконьні. У доме было сьмярдзюча й цёпла. З вакна – таго, што выходзіла на суседнюю цагляную сядзібу – даносіліся галасы, мужчынскі й жаночы, які з цнатлівым зьдзіўленьнем паўтараў пасьля кожнага неразборлівага слова выразнае і хвосткае «Клас!». Стах намаляваў на запацелым шкле тры кропкі, затым, падпарадкоўваючыся рэху дзяцінства, дужку: punkt-punkt-komma-strich… У дзьверы адрывіста й глуха пагрукалі, нібы яблыкамі кінулі. Стах грузна апусціў ногі на падлогу: «Заходзьце!»

На парозе зьявіўся зацягнуты ў рамні мужчына, і дзіўна было адчуваць тут, у атмасфэры ўсеагульнага дачнага суботніку, водар дарагой туалетнай вады, які хутка зьмяшаўся са смуродам дому. Госьць быў вельмі высокі – прыгнуўшыся й трымаючы за брылёк сваю афганку, ён прайшоў на сярэдзіну пакоя й там спыніўся, разглядаючы Стаха.

– Дарэчы, праветрылі б, няма чым дыхаць, – сказаў мужчына, кашлянуў у кулак і ступіў яшчэ бліжэй. Стах чакальна глядзеў яму проста ў вочы.

– Я ад імя камітэту дачнага пасёлку, – прамовіў мужчына. – Гэта ж ваш участак? Вы, мусіць, чулі ўжо – у Міхайлаўскім лесе арудуе маньяк. Два згвалтаванні, забойства, некалькі крадзяжоў…

– Тады гэта ўжо не маньяк. Маньяк, я маю на ўвазе – сэксуальны, красьці наўрад ці стаў бы. Вы ж сэксуальнага Манька мелі пад увагаю?

Мужчына паморшчыўся.

– Міліцыя ўжо шукае гада. Доўга яму не працягнуць.

– А вы хто? Імя вашае, даруйце, – спытаў Стах усё гэтак жа ціха.

– Дубраўскі Сяргей Мікалаевіч, – адчаканіў камітэтчык. – Мой участак ля самае станцыі, нумар два. Дык вось, камітэт прыняў на надзвычайным сходзе рашэньне кожныя суботу й нядзелю арганізоўваць патруляваньне пасёлку. Усе дарослыя мужчыны ў парадку ачароднасьці зь сямі вечара да сямі раніцы абыходзяць дачны пасёлак, пачынаючы ад станцыі й сканчаючы лясным масівам. Вашая чарга – роўна праз два тыдні.

– А калі я не хачу? – Стах падыйшоў да вакна, на якім выразна віднелася ўсьмешлівая пыса.

– Як гэта не хачу? – шчыра зьдзівіўся Дубраўскі.

– Тыя, хто за жалезкай жыве, таксама патруляваць будуць? – павярнуўся да яго Стах. – Тыя… з джакузямі?

– Гэтая тэрыторыя не належыць да нашага дачнага каапэратыву, – строга сказаў Дубраўскі й засунуў руку за рэмень.

– Ну й дзе расьпісацца? – спытаў Стах нецярпліва.

– На грамадзкіх пачатках, – адказаў загадкава Дубраўскі і, грукнуўшы абцасамі, выйшаў. Стах бачыў з вакна, як госьць ягоны, махаючы невядома скуль узятай лапатай, прайшоў міма цаглянай сядзібы й зьнік за паваротам.

Крыху праветрыць і праўда не перашкодзіла б. Стах адключыў калярыфэр, выйшаў у сад, пакінуўшы рыпець дзьверы. За нізкім плотам ён пабачыў суседзяў, гаспадароў сядзібы.

Мужчына, малады, лысаваты, плячысты, падобны да Стахавага бацькі, якім той быў падчас сваіх выступаў на тэлебачаньні (па-майстэрску загрыміраваная старасьць), сядзеў за ўкапаным ў зямлю сталом і размаўляў па тэлефоне. Нага ягоная, у белым красоўку, задавала размове такт. Недалёка перад брунатай жалезнай бочкай стаяла сьпінай да Стаха маленькая жанчына, якая раптам рэзка павярнулася й звонка крыкнула: «Клас! Юра, паглядзі!»

Яна карміла з рук іржавую бочку, кідала ў ейную пашчу бруднае лісьце. Таючы на ўзроўні валасоў жанчыны, з бочкі высоўваўся тонкі язык дыму. Жанчына была зусім невысокага росту, хутчэй нават маленькая, апранутая ў кароткае паліто колеру кавы. Вакол яе шыі быў туга завязаны тоўсты шарсцяны шарф. Яна была падобная на прыгожага хлопчыка з дарэвалюцыйнай дваранскай сям'і, якімі іх, гэтых хлопчыкаў, паказваюць у кіно. Ашмецьце туману навокал толькі служыла фонам для яе дзіўнага, нэрвовага ачараваньня. Зусім дзіцячыя вочы шырока расплюшчыліся, зь іх пырскала нічым не разбэшчанае захапленьне. Навакольны сьвет саромеўся ў яе прысутнасьці самога сябе і імкнуўся зрабіцца чысцейшым і нават у чымсьці казачным. Мятнай слодыччу патыхаў кожны яе рух – вось яна нахілілася, зь цяжкасцю пераадолеўшы супраціў шарфу і цеснага паліто, узяла са смешнай гідлівасцю ахапак лісьця й, прымружыўшыся, кінула яго ў індзейскі рот бочкі, якая адразу зьмяніла прышчур і пагудзела трохі. Здавалася, гэтую жанчыну можна было спакусіць пры дапамозе плюшавага сабачкі. – Юра! Юра! – запляскала яна ў ладкі. Потым раптам стала сур'ёзнай, дарослай (хаця Стаха не пакідала адчуваньне, што і гэта гульня), задуменна паглядзела на агеньчык у бочцы, які гуляў у хованкі, не разумеючы, чаго ад яго хочуць. – Чаму мы раней ніколі ня езьдзілі на тваё лецішча?

– На нашае лецішча, на нашае, – мэлянхалічна сказаў мужчына, які ўжо скончыў сваю размову й думаў пра нешта іншае, не перастаючы гайдаць нагою з масіўным белым наканечнікам. – Ты ўся прапахнеш дымам, Тая.

Ён запаліў, абмяркоўваючы з кімсьці празрыстым, хто разьмясьціўся ўнутры яго ўважлівым колам, розныя пытаньні, якія, відаць патрабавалі неадкладных рашэньняў. Тая падыйшла да яго, абняла за плечы. – Дай і мне папаліць, – сказала яна пявуча. – Ты ж сама ведаеш, – мякка адштурхнуў яе Юра. – Сама ведаеш, што доктар забараніў…

Ягоны змораны, настаўніцкі голас, відавочна, незвычайна раздражняў Таю. Яна нахмурылася, паціснула плячыма ды зноў накіравалася да бочкі. – А яшчэ ты ведаеш… – мужчына, напэўна, зразумеў, што быў зь ёю надта суворы. – Ты ведаеш… я вось чуў… што нездалёк у лесе водзяцца… водзяцца…

Ён падкраўся да яе ззаду, схапіў за маленькія плечы, падняў на рукі. Тая ў захапленьні завішчала. – …водзяцца маньякі! Я маньяк! Я зараз цябе згвал! ту! ю!!!

Ён заравеў і не адпускаючы з рук Таю, пабег у дом. «Якая мілая дзяўчынка,»– падумаў з зайздрасцю Стах. «Якая мілая, мілая, мілая дзяўчынка.» Халодны ганак апякаў яму пазваночнік. Як быццам аркуш паперы, кінуты ветрам акурат у твар, перад вачыма Стаха зьнянацку зьявіліся радкі: там былі лісіныя вочы, і бочка, і любоўныя цыдулкі на берасцяных граматах. Хутчэй! Пачатак някепскі. Асабліва пра лісіныя вочы. Ён шпарка ўбег у дом, вырваў ліст з паўагульнага сшытку, схапіў сонную, незадаволеную асадку. Запісваць. Такое было… у стылі Айгі. Як там… Вершы катастрафічна спрытна пасьпявалі зьнікнуць за жалезнай заслонай нядаўняга насланьня, якая апускалася ўсё ніжэй і ўрэшце з грукатам закрыла ўваход у запаветную мясцовасьць, па якой прагульваюцца паэты й мастакі. Рука Стаха закранула хісткі стос старых часопісаў, які ляжаў на крэсьле, і верхні ляпнуўся паслужліва пад самыя вочы, разгорнуты на сярэдзіне. Паміраючы Стах прачытаў, і перачытаў наноў дзесяцірадкоўе, у правым ніжнім куце, пад каламутнай фатаграфіяй, на пажоўклай паперы, дзе было ўсё: і бочка, і лісьце, і ліска, і бяроста, і, як водзіцца, каханая, усе анатамічныя падрабязнасці якой былі апісаныя з навуковай уніклівасьцю. Над вершамі стаяла: Алекс Казанкоў, 25 год, Новасібірск. Рубрыка – «Нашы дэбютанты».

Рабіць было няма чаго. Стах кінуў лісток у купу газэтаў. «Дэбютант хераў,»– сказаў ён напаўмасу. І дом, і сад, і нядаўняя мілая, мілая, мілая дзяўчынка – усё зараз страціла фарбы, скінула са сваіх чароўных плечукоў, якія насамрэч апынуліся кашчавымі, прагнілымі вешалкамі прызначаны шарм і абяцаньне бяздумнага, чыстага задавальненьня. Пацямнела, пашарэла, бухнулі раздражнёна дзьверы, дом зарыпеў; з гэткім гукам, нібыта іх ванітавала, крыкнулі за вакном вароны. Стах адчуў смурод нейкага далёкага туалету, як на злосьць прынесенага ветрам акурат на ягоны ўчастак. У выдуманым папом Гапонам Новасібірску палыселы, азызлы Аляксандр Ідыётавіч Казанкоў бяззуба й зласліва пасьміхаўся, кульнуўшы шклянку кедравай самагонкі.

Стах зноў кінуўся на ложак, зноў запаліў, шкадуючы пра выпушчанае на волю цяпло, потым рашуча ткнуў цыгарэту ў запляваную бляшанку. Падняўся пругка й спартыўка, хутка абуўся й выйшаў у сад. За плотам зноў чуўся сьмех маленькай жанчыны. Заела гэты дзень, ці што? Бакавым зрокам ён убачыў Таю, якая цяпер піла каву, цудоўна апякаючы сабе пальцы, – уся ў німбе з найтанчэйшае пары. Стах выйшаў на вуліцу, абыйшоў вольва, таямнічы напаўспалены дамок, каленку, кучу сьмецьця, на якой уладкавалася, бессаромна рассунуўшы ногі, лялька – фарбаваная бляндынка, доўга йшоў праз участкі – сямнаццаты, пятнаццаты, калючы дрот агрэсту, штабэлі шыфэру, блёкі яблыкаў, крыгі дроваў, грэбля грабляў, мокрыя кармушкі, хаўрусы друзу, рай сарайчыкаў, учадзелыя дачнікі, запахла чыгункай: «Дзе тут можна патэлефанаваць?»– «Ля станцыі, на другім участку». Дубраўскі капаўся ў гародзе й Стаха не заўважыў. Праз задратаваную агароджу была відаць электрычка, якая толькі што прыбыла – зь яе ніхто ня выйшаў. Стаху адчыніла шырокаротая дзяўчына. «Прабачце, можна патэлефанаваць,»– сказаў Стах цяжка, па-сабачаму дыхаючы, і ступіў у калідор. Роўна праз тры гудкі слухаўку зьнялі. «Кірылу Антоныча,»– сказаў Стах, усё яшчэ задыхаючыся. «Я Кірыла Антоныч,» – адказаў спакойны, як маць-сыра-зямля, голас. «Кірыла Антоныч, гэта Стах.» – «Ну.» «Гэта, Стах, мы з вамі пілі пазаўчора…»– «Гэта ты піў, а я дома зь сям'ёю адпачываў,»– запярэчыў Кірыла Антоныч – зрэшты, даволі паблажліва. «Так, вы памятаеце, вы казалі… пра прадпрыемства… туды яшчэ м-можна… уладкавацца?»– «Можна.» Стах нібыта ўбачыў перад сабою мудрую ўсьмешку дзядзькі і ўсміхнуўся сам, самому сабе палохаючыся. «Можна. Прыходзь заўтра а дзясятай. Да прахадной.»– «Дзякуй вам, Кірыла Антоныч.»– «Ну, бывай, Стасік,»– сказаў дзядзька й паклаў слухаўку.

– Плаціць, між іншым, трэба за тэлефон, – Дубраўскі стаяў у праёме, у галіфэ й мокрай майцы. Стах машынальна сунуў руку ў кішэнь. – Ну ды добра, – працягнуў Дубраўскі ды выйшаў. Стах выйшаў за ім. – Пра маньяка чулі? – спытала шэптам шырокаротая дзяўчына, зачыняючы за ім дзьверы, але ён утаропіўся на яе няўцямна, і тая, паціснуўшы плячыма, тарганула ручку дзьвераў на сябе.

Для чалавека, які сядзеў перад Стахам, працоўны кабінэт зьяўляўся, відавочна, нечым большым за памяшканьне для штодзённай работы. Лёгка было заўважыць, зь якой асалодаю ён браў у рукі пульт кіраваньня вэнтылятарам, зь якім кепска схаваным задавальненьнем гладзіў беласьнежнаю мышкаю ейны ж уласны дыванок, якім шчасьцем напаўняліся ягоныя вадзяністыя вочы, калі ён высоўваў шуфляды дабротнага, зручнага стала, выгляд якога незямнога раскашаваньня набываў ягоны нібы сплецены з сотняў выкшталцоных кароткіх рысачак твар, калі чалавек гэты закідваў нагу на нагу і аглядаў вялікі плякат зь лягатыпам прадпрыемства, што закрываў напаўпразрыстую сьцяну. Хаця гаспадар кабінэту быў Стаху прадстаўлены па ўсёй форме, і Стах нават мог даведацца, як завуць бацьку гэтага чалавека, тром простым словам так і не ўдалося замацавацца ў Стахавай памяці. Для сябе Стах вырашыў называць гэтага вялікага, як яму сказалі, начальніка, Мурло – падчас вандраваньня па паверху ён бачыў на адных зь дзьвярэй шыльдачку з такім прозьвішчам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю