Текст книги "Натуральная афарбоўка"
Автор книги: Альгерд Бахарэвіч
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 13 страниц)
Жанчына, якую ад Сямёнаўны адрозьнівала хіба дадатковая зорачка на пагонах, шумна захлопнула пропуск і адкрыла Стаху шлях. Усьлед адразу ж пралез і Стахаў спадарожнік, ягоны пропуск ніхто й не зьбіраўся глядзець. Ждановіч уздыхнуў.
– Не, гэты верш не прайшоў… Рэдактар. Вось калі б вы карыкатуру на якога-небудзь несуна намалявалі, або там карэспандэнцыю напісалі. А рэдактару ваша пра Антоныча спадабалася… Як там, здароў, маляр, здароў, Антоныч…
– Гэта не той… Гэта вы… – далікатна пачаў Стах. Яны выйшлі на прызаводзкі пляц, дзе маленькая мэханічная сьмярдзючка, павярнуўшыся да выходзячых з прадпрыемства трасучым задам і надрыўна глушачы ўсіх навокал, дапамагала вясёлым рабочым дзяўбці асфальт. Рушылі ў накірунку мэтро, якое мігцела недалёка ў пахнучым слотай паветры. Адліга працуе ў другую зьмену. Стах міжволі абярнуўся. Прадпрыемства ўсё яшчэ навісала над ім, усё поўнае прыхаванага руху, нейкай рэшткавай тэрцыі – ледакол, які ўпёрся грудзьмі ў гіганцкую крыгу гораду. Стах адкашляўся, і тут жа нязначны, ня варты таго, каб углядацца ў яго, апрануты ў мех цень, які апошнія некалькі сэкундаў мільгаў на заднім пляне ў бачнай Стаху прасторы, матэрыялізаваўся ў жывую, без каптурка, з ваяўнічымі вішанькамі ў маленькіх вачох Таю. Яна вырасла перад ім, надзьмуліся ды апалі тонкія жылкі на шыі, яна прымусіла яго спыніцца, яна ўкапала яго ў зямлю, яна пацягнулася, закінуўшы галаву, да ягонага твару, нібы жадаючы пацалаваць, і потым хвостка й звонка дала Стаху тры гарачыя, у чымсьці нават прыемныя аплявухі пляскатай скураной пальчаткай.
– Я магла бы сказаць Дынкіну, і ён бы прымусіў цябе лізаць уласную задніцу, – прамовіла яна, непрыгожа расцягваючы рот, ад чаго словы выходзілі нібы зь цюбіку з атрутаю. – А потым зьвязаў бы цябе ў такой позе й замураваў у бэтоннай сьцяне якой-небудзь нова-будоўлі, уродзец ты смярдзючы. Я магла б уласнымі рукамі адстраліць табе зараз на гэтым месцы тваю гнілую башку, казёл… Казёл…
– Мне ў рэдакцыю, я й забыў,– пляснуў сябе па носе Ждановіч і пабег кудысьці ўлева, проста па заснежаных клюмбах.
– Казёл, – паўтарыла Тая, не адводзячы ад Стаха вачэй і раптам усхліпнула.
Стах вымавіў яе ймя, ёй падалося – проста ўздыхнуў.
– Так накалоць, – твар яе заблішчаў, адтаяў, пераймаючы гульні навакольнай слоты. – І я… я… Я… павялася, павялася як дзяўчынка…
– Ды што здарылася? – Стах працягнуў да яе руку, і тут жа балюча атрымаў па ўказальным пальцы. Ён мімаволі адступіў, пагрузіўшы нагу ў магілу аднаго з тых пыхлівых сьнегавікоў, што яшчэ ўчора стаялі ля прахадной так непарушна. – Тая, што і… як ты…
– Гэта ты мне скажы, – яна злосна выцерла слёзы. – Ты мне зараз усё распавядзеш. Ня строй дурня, жывёла, латок ты прыпылены… Ты што, дагэтуль не зразумеў, з кім зьвязаўся? Адказваць будзеш…
– Ды што такое? Патлумач мне калі ласка!
Чарговы раз Стах пачуў, як голас ягоны, выхаплены з утульнай мяккай калыскі, каля якой ходзяць на цыпачках ды ціха думаюць услых, голас, вымушаны зноў выконваць нязвыклую для сябе ролю абаронцы свайго ўладальніка, зрываецца, вішчыць, ламаецца, набываючы бабскую пранізьлівасьць.
– Ты заразіў мяне, – сказала Тая, падкідаючы на языку словы, бы ледзянцы. – Ты заразіў мяне, гаўнюк, нейкай парашай, ня ведаю яшчэ якой. Але я была, чуеш, падла, я была ў Жаўткова, у доктара свайго, і ён сказаў, так, сказаў… Карацей, цяпер можаш колькі заўгодна казаць, што ты ня ведаеш анічога, прасіць аб літасьці, і навогул…
Вуліца перад Стахам пахіснулася. Раздваіўся паўзучы тралейбус на прыпынку, і двайніка ягонага панесла ўбок, проста пад колы міралюбнай белай таёты, што стартавала ад чырвонай плямы сьветлафору, плаўна апусьціліся на плошчу фосфарныя аблокі, бы падбітыя цэпэліны; з будынку палацу культуры, які сядзеў за дарогай, выскачылі доўгія пліткі асветленых вокнаў і рухнулі на прадаўцоў кветак. Але вуліца адразу ж стала на месца, у напрацаваныя гадамі звычныя пазы, і двайнік тралейбуса зьнік, і аблокі, надзьмуўшыся, імгненна ўзьляцелі ўверх, і нечая руплівая рука засунула вокны назад, бы шуфляды ў Ясіраўскім стале. І зноў перад Стахам стаяла ў злой адзіноце насупленая Тая, трымаючы за спінай заплечнік з абы-як упакаваным у яго горадам.
– Чым я мог цябе заразіць?… – Стах раздражнёна пахітаў галавой. – Што ты вярзеш?
Нібы сабака, які доўга чакаў загаду ля Таінага сьцягна й вось цяпер нарэшце яго атрымаў, нага яе маланкава кінулася наперад, і мысок цудоўна пашытага боту ўпіўся Стаху ў калена. Ён прысеў, давячыся незвычайна вострым болем.
– Пранцы. Хламідыёз. Трыхаманіяз, – салодкім голасам пералічвала яна, нават цяпер узвышаючыся над Стахам усяго на некалькі сантымэтраў.– Ганарэйны урэтрыт, пахавы лімфагранулематоз, мяккі шанкр, вэнэрычная гранулема, трыхаманадны вагініт… Выбірай, што даспадобы. Чымсьці з гэтага ты заразіў мяне, смярдзючы лох, паскуда ты гнойная. Аналізы пакажуць. І маліся, каб гэта быў хламідыёз, а не, напрыклад…
Хістаючыся, Стах падняўся.
– Чаму ты думаеш, што гэта я?… – сказаў ён хрыпла. – У мяне ня можа гэтага быць. Ніяк ня можа. Я ж толькі з табой, Тая…
– А хто ж? – амаль крыкнула яна. – Што? Што ты там шэпчаш, урод?
– Муж, – паўтарыў ён ледзь чутна, апусціўшы галаву.
– Муж?
– Ты сама казала… ну, што ён табе здраджвае… ты пісала…
– Гэта ня ён, – хутка прамовіла Тая. – Гэта ня можа быць ён. Я зь ім ужо паўтары гады як… ня сплю. Ну, не зусім ня сплю, мы… карацей, не твая гэта справа, няважна. Гэта ты, ты мяне заразіў, і ты адкажаш. Адкажаш як мае быць, не сумнявайся, пралетар смярдзючы. На тваім дзёўбаным прадпрыемстве ўсе, відаць, гнойныя такія… Калі б жа я ведала…. Блін, анэкдот на анэкдоце.
Пясьменьнік…
– Ня будзь такой без… безапэляцыйнай, Тая, – цяжка сказаў Стах, нэрвова чэшучы шчаку. – Паразважай, гэта напэўна ён… Юра.
– Баішся? – горка пасьміхнулася яна. – Мяшок з гнілой спэрмай… Як я не здагадалася. Маляр з заводу! Гэта ж трэба! А прыкінуўся як… Словы якія казаў… пра літаратуру, блін, пра мастацтва. А сам на прадпрыемстве гаўно калупае…
– Тая, – сказаў Стах, набраўшы ў рот паболей сур'ёзнасьці. Ён паглядзеў ёй у вочы, перадолеўшы млосны страх, які выклікалі цяпер гэтыя лялечныя шчылінкі, заўважыў там слабое, але ўсё ж існае сумненьне, і, акрыяўшы, прашаптаў:
– Можна быць маляром на прадпрыемстве й пры гэтым – геніям… Кафка ўсё жыцьцё працаваў страхавым агентам. Горкі быў бурлаком. Тая…
– Што ты мне мазгі накручваеш? – ашчэрыла яна зубы. – Чакай, за табой прыедуць.
Яна павярнулася й пайшла да стаянкі таксі, дзе, зашпіліўшыся на ўсе форткі, драмалі на рулёх няверныя адтулінцы. Можна было пабегчы, дагнаць, паспрабаваць усё растлумачыць. Стах міжволі засунуў руку ў кішэню нагавіцаў, памацаў, яму падалося, што толькі гэта можа зараз прынесці супакаенне. Сьняжана. Калі ня Юра, то яна, каралева маляроў. Стах адвярнуўся, каб ня бачыць маленькай постаці, якая ўжо падыходзіла да першай машыны, запаліў цыгарэту. А яна ж, калі ўсе яе аповеды – праўда, адпомсьціць. Жорстка. За хлусьню ды за хваробу. Калі хвароба сапраўды існуе.
Няцвёрдым крокам Стах падыйшоў да мэтро. Якія вечныя сюжэты падкідвае жыцьцё. Цікава, дарэчы, як жа яна яго знайшла, як выкрыла падман… Учора каханка, сёньня вораг. Хуткаплынна ўсё, хістка, няўстойліва, брыдка. Ён азірнуўся. Прадпрыемства цягнула назад. Ён стаў тут сваім чалавекам. Гэтыя сьцены мусяць абараніць яго.
– Гэй, ты, гадзючае насенне, падыйдзі сюды.
Таксі спынілася ля самага парапэту. Тая высунулася ў вакно, нафарбаваная наноў, зь незнаёмай усьмешачкай на чырвоным твары. Стах упёрся каленам у мокры каменны бок парапэту й чакаў. Пераход пакорліва зносіў чарговы рамонт, унізе, накідваючы на сустрэчных грубую сетку жоўтага сьвятла, гарэла тоўстая лямпа, некалькі рабочых фарбавалі сьцяну, весела перамаўляючыся.
– Ідзі сюды, халоп. Пралетарый, тваю маць!
Стах падыйшоў, чакальна пазіраючы на гэтае ненавіснае сувэнірнае стварэньне.
– Сядай.
Яна адчыніла дзьверцу.
– Ну вырашайце, рабяты, а то тут спыняцца нельга, – нецярпліва перагнуўся назад кіроўца. – Едзем?
– Залазь, – аблізала яна вусны. – Ды ня здам я цябе сваім, і рэзаць цябе ня буду. Прынамсі, сёньня.
Стах, перажагнаўшыся ўнутры, склаў сябе ўдвая й залез у таксі, дзе ўжо пахла Таяй. Кіроўца пагардліва агледзеў ягоную куртку й сьцебануў каня.
Горад раскручваўся за вакном у зададзеным напрамку, застраючы на ляжачых міліцыянтах, рабочых-рамонтніках, чорна-белых сьветлафорах, грамадзянах Кале, што пераходзілі вуліцу ў забароненых месцах. Яны ехалі кудысьці ў раён цырку, да вакна раз-пораз падплывалі трамваі, падносячы амаль да самых вачэй сваю нязьменную жаўцізну, з суседніх машын выглядвалі лядашчыя бляндынкі, гэткія ж сабакі з п'янымі вачыма й дзеці, шмат дзяцей, што паныла жавалі нешта, выціраючы пальцы аб шкло. Яны ехалі, і рух супакойваў.
– Пісьменнікі й мастакі на заводах не працуюць, – казала Тая, здымаючы пальчаткі.– Што б ты там ні казаў, яны мусяць вучыць публіку, даваць ёй прыклад, перасьцерагаць. А тут, блін, ён тырчыць на заводзе, і думае, што мае права на нешта. Ты ў лепшым выпадку аматар. А мастацтва ня можа… ну ня можа яно быць гэтым самым… ну, хобі. Пісьменнік, гэта калі кнігі, рукапісы, прэміі, тамы, мастак таксама – майстэрня, выстава. Няма грошай – сядзі галодны, але пахаць на заводзе… Так мяне разьвесьці… У цябе ж ніводнай кніжкі, ніводнай публікацыі, ніводнай выставы. Пра цябе ж ня ведае ніхто. І не даведаецца, будзь спакойны. Мастак ён… Маляр! І нікім іншым быць ня здольны. І, дарэчы, пра маю кнігу нікому ні слова. А то…
– У іншай сітуацыі я б паспрабаваў цябе пераканаць, – прамовіў Стах асцярожна. – Павер мне, на прадпрыемстве шмат вельмі таленавітых людзей. А галоўнае… Галоўнае – людзей. Іхнай непасрэднасці, іхнай мудрасьці маглі б пазайздросціць…
– Прадпрыемства, – павольна вымавіла Тая, і ў ейных вуснах слова гэтае прагучала як іншамоўнае. – Хлопчык, што ты ведаеш пра прадпрыемства? Ты хаця б уяўляеш сабе, дзе працуеш?
Яна паклала руку на ягонае калена, якое ўздрыгнула, быццам на яго апусьціў малаточак нэўрапатоляг, уважліва, надзвычай уважліва паглядзела яму ў вочы.
– Я…
– Не ўяўляеш, – уздыхнула яна, і па ўзмаху яе вейкаў было відаць, што адказ Тая знайшла менавіта ў ягоных вачах. – Табе й неабавязкова ўяўляць.
Тая дастала доўгую цыгарэту з абручальным кальцом ля фільтру, запаліла, выдыхнула дым у патыліцу кіроўцы.
– Мастак… Сапраўдных мастакоў ты таксама, я гляджу, ня бачыў. Я вось зараз сама дзіўлюся, як гэта я не замачыла цябе там, ля прадпрыемства гэтага, як гэта я сяджу зараз і спакойна так з табой гаманю… Чым ты мяне ўзяў? Сваімі загрузамі пра мастака? Ці мне так патрэбны быў хто-небудзь цяпер? А? Гляджу на цябе, і не магу нічога зрабіць з сабой… Шкадую. Я кагосьці шкадую. Як школьніца, ё-маё.
– Я мяркую… Трэба нешта рабіць з… – Стах апасьліва паглядзеў на вуха кіроўцы, – з нашай праблемай… з хваробай. Няхай гэта ня я, але я…
Ён замітусіўся на сядзеньні, і кіроўца зацікаўлена зірнуў на Стаха ў люстэрка.
– Я неўзабаве атрымаю грошы, і мы маглі б…
Тая засьмяялася, стомлена, зьдзекліва.
– Не хвалюйся, малыш… Дзякуй богу, я ўжо вялікая і ўсё зраблю сама. Слухай, зараз мы заедзем да маіх знаёмых, і я табе пакажу сапраўдных мастакоў. Каб ты зразумеў і не выдумляў, што ты там геній і ўсё такое. А потым мы разьвітаемся, і калі я цябе ўбачу яшчэ хоць раз… калі пачую… калі будзеш спрабаваць мяне шукаць… вінаваты будзеш сам.
– Даруй, – сказаў Стах ціха. – Я выходжу. Тая засьмяялася зноў, паспрабавала паланіць прарэх на Стахавых нагавіцах, ён скінуў яе руку и з агідаю адвярнуўся да вакна.
– І што я ў табе знайшла… Сказала б Дынкіну – і зараз бы ты быў ужо кастратам. У лепшым выпадку. А сама размаўляю, сьмяюся… Трэба яшчэ так палячыцца, каб кабель гэты не зразумеў нічога.
І чаму я цябе так…
Тая пазяхнула – драпежна, барвова.
– …шкадую. А?
Таксі спрытна разьмінулася з апранутай у вечаровы строй іншамаркай, што паважна вылазіла зь цёмнага дворыку, кіроўца загроб пад сябе руль, і празь некалькі хвілінаў Тая ўжо цягнула Стаха па вузкай лесвіцы, якую паўдохлая лямпачка рабіла яшчэ больш бруднай. Яны падняліся на трэці паверх, і неўзабаве іх прыціснула тварам да твару вузкая вітальня аднапакаёвай кватэры. Люстра трумо адбівала нечыя доўгія ногі, што ўзвышаліся на канапе, і зусім лысую галаву, прыслоненую да сьцяны. Стах наступіў на высокі жаночы чаравік, спатыкнуўся аб гіганцкія красоўкі й ледзь не паваліўся на цэлы гурт падрамнікаў, якія былі ахайна выстаўленыя насупраць дзьвярэй у прыбіральню. У куце рабілі камусьці цёмную зваленыя проста на падлогу плашчы курткі ды паліто. На гэтай кучы адзення спаў, прыкрыўшы хвастом жывот, чорны, нібы пафарбаваны алеем, кот. Тая пацягнула Стаха ў пакой.
Першы лысы сядзеў на падлозе й маўчаў, засяроджана гледзячы на выключаны тэлевізар. Другі, трымаючы ў руцэ напоўнены келіх, горача даводзіў непрыгожай, як Джаконда, дзяўчыне, што Харашэвіч – няўдалы пасьлядоўнік Пранішнікава. Дзяўчына ляжала жыватом на падлозе й паліла, выпускаючы дым з носу – струмяні ўтыкаліся ў пажоўклы дыван і іх ашмецьце зноў вярталася да ноздраў. На канапе, па якой, нібы наўмысна, былі маляўніча раскіданыя кроплі фарбы, сядзеў чалавек, які на фоне астатніх выглядаў найбольш прыстойна – прычоска як у Мурла, швэдрык, самалёцік каўняру кашулі на паголенай шыі, нагавіцы. У іншых жа вушы, дый ня толькі яны, прагіналіся пад цяжарам жаночых завушніцаў, грубыя паласатыя кофты, узятыя невядома ў якім сэканд-хэнду, абцягвалі дзіцячыя торсы без намёку на цягліцы, а шырачэзныя джынсы выдавалі хутчэй на дзьве спадніцы, зьнятыя з дзесяціклясьніцаў-блізьнятак. За мальбэртам (куды ж безь яго) хаваўся голы па пояс хлопец з гітараю на ўпацелым жываце. У зашклянелых вачох абыякава адлюстроўвалася савецкая лямпа, што матлялася на доўгім шнуры. Пальцы гітарыста ўтапалі ў струнах, правальваліся ўглыб інструмэнту, аднак жа ён разяваў рот і нудзеў пад нос нешта па-ангельску. У цэнтры на падлозе выгіналіся пад рухомым сьвятлом бутэлькі рознае масьці, смачна пахнуў слоік з кабачковай ікрой, чакалі шакалаў трупы бутэрбродаў. Тая наступіла пяткай на шкло, махнула рукой. – О! – заравеў першы лысы. – Тайка! – Ціха ты, – шчоўкнула пальцамі Тая ў яго перад вухам. Стах дрыжачым голасам назваў сваё ймя й сеў на край канапы, бліжэй да самага прыстойнага з Таіных сяброў, працягнуў руку лысаму. – Ты яму пацалуй лепш, – паморшчыўся другі лысы. – Ён у нас не зусім мужчына. Ён міс Магдаліна. Я Джоні. Гэта Савелій…
– Якая розьніца, хто ёсьць хто, – сказаў міс Магдаліна. – Імя – адно цэтлік, які старасьць навешвае на маладосць. Імя ня мае значэньня. Калі я пабачу гэтага маладога чалавека ў другі раз, я не пазнаю яго, а, значыць, і не ўзгадаю імені. У яго вельмі незапамінальная зьнешнасьць, згадзіся, Долі.
Дзяўчына паглядзела на Стаха скрозь струмяні дыму, кудысьці яму за вуха, памацала позіркам Стахава падбародзьдзе, правяла ўказальным пальцам па сваім, села, пругка пацягнуўшыся, наліла сабе віна.
– Ну ты бы змог яго намаляваць, а, Магда? – спытала Тая, запаліўшы й паклаўшы нагу на калені Стахавага суседу.
– Як нефіг нафіг, – спакойна адказаў міс Магдаліна. – Як чэляс, як грыб, шапка якога пераходзіць у твар. А на твары – ні носу, ні вачэй, ні роту. Чалавек з натоўпу.
– Чалавека з натоўпу мы не ўспрымаем як уладальніка пэўнага твару, – патлумачыў Джоні.– Згадзіся, калі мы едзем, напрыклад, у аўтобусе, іншыя часткі ягонага цела… іхных целаў, сотняў целаў, набітых у гэтую жоўтую падарачную каробку, у гэты басэйн крыві й плязмы, – іншыя часткі цела настойліва спрабуюць зьвярнуць на сябе натую ўвагу. І гэта ім удаецца. Мы адчуваем дотыкі чужых чэлясаў, сьпінаў, грудзей, адчуваем пах з роту рабацягі, пукатасьці цяжкіх валізаў хатніх гаспадыняў… На твар не застаецца ўвагі.
– Так, сярод натоўпу мы сканцэнтраваныя на целе… – сказаў Магда. Стахаў сусед сядзеў усё так жа маўкліва.
– Ты што будзеш піць, Тайка? – спытаў Джоні, кладучыся грудзьмі на дыван.
– Гарэ-э-лкі,– зь вялікай літары выдыхнула Тая. – Поўны келіх.
Джоні паціснуў плячыма й наліў. Долі легла ля Таіных ног, прысланіла галаву да яе калена, узяла з Таіных пальцаў недапалак.
– Загрузілі мы твайго чалавечка, – усьміхнуўся Джоні, вусны якога пасьля праглынутага падлеткава, рабінава расквеціліся. – Давайце я вам лепш прачытаю фернш-квам-пэрфэкт. З апошняга зэ-бэст оф джоні кулікоў.
– Не заебло? – смурна спытала Долі.– Пушкінг свой прапіхваць не бло-бло, кажу?
– Лат іт бі,– кінуў Магда, рыгнуўшы. – Калі ёсьць паэты, камусьці трэба пад іх класьціся.
– Хлопчыкі й дзяўчынкі,– нечакана ясным голасам прамовіў той, што з гітарай, і ўсе здрыгануўшыся азірнуліся. Вочы гітарыста засталіся такімі ж шклянымі, так што ясны выразны голас яму, відаць, прысніўся. – Не будзем гуляць у сарокінскія кніжкі. Давайце блюзон. І ўсе згодныя.
– Чытай, – сказала Тая, нагбом выпіла келіх гарэлкі, у якім чамусьці плавала карабельнае дрэва корку, і яе ледзь не званітавала. Страшэнным намаганнем яна ўтрымала каштоўны напой за мужна сціснутымі вуснамі, Долі засунула ёй туды кавалак бутэрброду. Пару кропель гарэлкі, зьмяшаных са сьлінай, усё ж трапіла Долі на запясьце й тут жа былі зьлізаныя.
– Мы не ў сарокінскія кніжкі гуляем, а ў першых хіпі,– лянотна сказаў Магда, паглядзеўшы безуважна на Стаха. Стаху ўсё падавалася дрэнным кіно. Ён машынальна ўзяў у Джоні танцуючы кілішак, выпіў яго, анічога не адчуўшы. – Сьвятая мудрасьць мастацтва плюс заганная наіўнасць юнацкай гіпэрсэксуальнасьці. Але мы гуляем, так, гуляем. Хто мастак без гульні?
– Давайце блюзон, – сказаў чалавек з гітарай. – І ўсе згодныя.
– Тайка, мне трэба грошыкі,– Долі дакранулася вуснамі да Таінага калена, ашуканская цеплыня якога масіравала Стахаў хрыбет нават на такой адлегласьці.– Тайка, мне трэба шмат. Пяцьсот касых. Інакш я дзяўчынка-капучынка.
Тая падміргвала Нэфэрціці ў келіху.
– Я чытаю, – урачыста папярэдзіў прысутных Джоні, узьняўся, шчыплючы зацёклую нагу, і заплюшчыўшы вочы прадэклямаваў:
Вісеў ля нашага вакна
Сівы маляр самотны
Распасціралася сьцяна
Пад пэндзлем, як палотны
Ён быў прыгожы, бы Ван Гог
У каптуры спартыўным
Ён быў амаль паганскі бог
Ён быў плэйбой! Сэкс-сымбаль!
Дастаў ён прымы, запаліў
З суворай прыгажосцю
Ён бачыў лес, раку, палі,
Варонаў на пагосьце
Так, толькі ты ды я —
Мы ведаем сакрэт
Чаму сівы мастак (маляр?)
Зламаў сабе хрыбет
Чаму ён з трэцяга паверху
Зьляцеў, нібыта альбатрос
Чаму тырчэў зь яго прарэху
Цяжкі сталёвы трос. Усё.
– Ну і што? – млява сказала Тая й прасунула пальцы ў курчастыя валасы Долі.– І што гэта значыць? Што ты хацеў, ізьвініця за выражэнія, гэтым сказаць?
– Фігня, – сказаў Магда ды адвярнуўся. Голаспадаў гітарыст.
– А давайце лізаць, – прамармытаў ён жаласліва. – І ўсе згодныя.
– Можа, усё-ткі блюзон? – насьмешліва запытаўся Магда.
– М-можна, прамовіў гітарыст, і ніжняя струна нарэшце лопнула.
– Ты на гітары граеш? – спытаў Джоні, павярнуўшыся да Стаха. Шкада. Гэх, не разумееце вы нічога у мастацтве рэлігійных сьпеваў, херы касалапыя. Ня хочаш на кухню выйсьці?
Стах падняўся, запытальна зірнуўшы на Таю. – Колы няма, ці хаця б мінералкі якой? – казала Тая Долі, пакуль тая налівала другі келіх гарэлкі. Стах выйшаў. На кухні панавала вясёлая анархія. На лядоўні, перакуленай на бок, каб зручней было выкарыстоўваць яе як стол, спалі нямытыя талеркі, зь якіх, мяркуючы па ўсім, нядаўна вымагалі хлебам яечны жаўток. Джоні прагна абхапіў губамі кран. Стах запаліў сваю восьмую цыгарэту ў гэтым доме. «Трэба будзе набыць. Забегчы ў кругласутачную,» – падумаў ён, шукаючы нагоды, каб хутчэй пакінуць гэтае шызафрэнічнае баляваньне, дзе ён, як высветлілася, усяго толькі істота безь імені зь незапамінальнай зьнешнасьцю. Адзін Джоні – нічога сабе хлапец. Астатнія – нейкія даўны-пераросткі.
– А ты чым займаешся? – пракашляў Джоні, напіўшыся. – Чым зарабляеш на хлеб надзённы?
– Ну, я… – зьбянтэжана прыкрыўся далоняй Стах.
– Ясна. Работнік умсьцьвеннага труда, – сказаў Джоні.– Тайка іншых і не прыводзіць. Яна нас корміць усіх, Тайка. Благадзецельніца наша, матушка. Не, яна праўда файная. Толькі дробная. Ты на ДПА хадзіў? Я ў кастрычніку там выстаўляўся.
– ДПА?
– Ясна, – хутка прамовіў Джоні й прыпаліў ад Стахавай цыгарэты. – Дух. Прастора. Адкрыццё. Выстава маладых, блін, мастакоў. Ты, відаць, па іншых справах. Маўчыш усё, як наш Далай-лама. Ён па тыбецкіх сьпевах. І варган там, ведаеш, уся фігня… Вы дзе рэпэтуеце? Што, зноў у малако? У Джоні зьбіўся прыцэл. Трэба пасёрбаць айн вэніг. Давай.
Гарэлка ў гэтым доме стаяла, мусіць, у кожным куце. Яны выпілі, і Стах урэшце адчуў у галаве слабы гул. Далёкі гул прадпрыемства. Песьню ягоных жалезных бубнаў. Джазавы шоргат пэндзляў. Шаманскі покліч сірэнаў. Буханьне прыручанай лавіны за сьценамі ЛЦ-2. Яны з Джоні паразмаўлялі яшчэ пра розныя мастацкія пытанні, прычым Стах, нягледзячы на тое, што ён сказаў хіба тры-чатыры словы, быў названы найлепшым суразмоўцам і расцалаваны – урачыста й мокра. Стах папрасіў паказаць творы.
– Творы? Карціны, ці што? – недаўменна паглядзеў Джоні.– Ды ну цябе. Што ты як зінгелынухер парышся. Ты яшчэ скажы, што табе цікава. Карціны. Вось, глядзі. Хата мая – чым не карціна?
Тая зазірнула на кухню, тэстам выгнала Стахавага новага сябрука, прыціснулася, пацерлася шчакой аб швэдар. Ён паспрабаваў адштурхнуць яе, і толькі калі гэта на дзіва лёгка атрымалася, зразумеў – і захапленьне, бурлівае, але да пары нямое, завібравала ў грудзёх – зразумеў раптам, што Тая сама да свайго невядома дзе рыпячага ложку не дабярэцца. Яна ткнулася носам у Стахавы рэбры, ён нагнуўся, каб падтрымаць, Тая падняла размытыя вочы й, пуста пасміхаючыся, намалявала вострым языком на вуснах распуснае й немінучае О.
– Выклічы таксі,– сказала яна глупа й з бэзавым пералівам. – На Цэлтніекса восем. Маляр. Малярмалярмалярмаляр.
Стах уладкаваў яе на лядоўні, разьбіўшы талерку.
– Не, я сама.
Яна пайшла на невялікую шафу з посудам і паспрабавала зьвіць там гняздо.
– Не туды, – са зьдзіўленьнем гледзячы на пабітае шкло.
– Прадпрыемства, – любуючыся палоскай уласнай скуры, якая чароўным мазком праступіла на абцягнутай калготкамі ладыжцы.
Стах вывеў яе ў калідор. Джоні ўхапіў яго за плячо: «Можа, умажамся?» Стах амаль вынес Таю на пляцоўку. «І ўсе згодныя,» – пачуўся стомлены голас гітарыста, які йшоў у прыбіральню. Дзьверы за імі ніхто зачыняць ня думаў. Яны выйшлі з пад'езду ды ўпалі ў слоту. Стах ляжаў, удыхаў сонны водар гарэлкі й губной памады, якім шчодра адорваў паветра адкрыты Таін рот. Зірнуў на яе дзіўна цьвярозы твар – яна глядзела на чорнае неба ў драўляных бусах, глядзела з расчараваньнем.
У таксі яна паліла Стахавы цыгарэты, штохвіліны трапна дасылаючы языком мокрыя ліпучыя тытунькі яму ў вуха. Стах зь пяшчотай слухаў вільготнае поканьне яе вуснаў – гэта была тая Тая, якую ён замаўляў у жыцьця. Але тэрмін годнасьці скончыўся, і вось скарыстаны прадукт дысцыплінавана, як і належыць сучаснаму прадукту з гарантыяй якасьці, самаліквідуецца. Магчыма, гэтае разьвітаньне мае такую ж каштоўнасьць, такі ж узровень сэнтымэнтальнасьці, што і расстаньне з выкінутым у сьметніцу старым абуткам. Чаму ж тады гэтак цесна ў грудзёх?
– Як жа ты мяне знайшла? – спытаў ён, цешачыся той палёгкаю, якая надыйшла, калі яны пакінулі кватэру Джоні. Будучае – ні праз паўстагодзьдзя, ні праз хвіліну – ужо не падавалася такім страшным. Тая выкінула цыгарэту ў вакно й прынялася вывучаць пазногці. Стах пасьміхнуўся й перапытаў.
– Як ты мяне знайшла?
– Ты, відаць, усё ж слаба ўяўляеш, з кім маеш справу, – прымружылася Тая. – Ведаючы, дзе ў цябе лецішча… Усё астатняе – як два пальцы. Я чакала чаго заўгодна, але прадпрыемства… Вось, блін, гіронія лёсу.
Яна вінавата разьвяла рукамі перад сваёй гувэрнанткай, той таямніцай, якая заўсёды сядзела ад Таі праваруч. Цёплае дыханьне яе казытала Стаху нос. – Стоп, стоп! – замахала Тая ля нейкага начніка пад назваю «Страўс». – Тармазі. Схадзі набудзь цыгарэтаў нармалёвых і мінералкі. Піць хачу – памру зараз.
Стах вылез ды пахлюпаў праз дарогу па слоце. Начнік адпавядаў назьве: засунуўшыся вітрынамі й касамі пад зямлю, крама дэманстравала вуліцы толькі асветлены зад, зь якога ўніз вяла набрынялая мокрым сьнегам лесьвіца. «Зараз вярнуся, а машына ўжо ўкаціла. І ня будзе больш ні Таі, ні суботаў сярод бязьлюднага пасёлку, ні вось такіх вар'яцкіх вечароў, як сённяшні,» – падумаў ён, набываючы самыя дарагія цыгарэты, пляшку мінералкі й для сябе моцнае піва. «Затое – прадпрыемства, дзеля якога я столькім ахвяраваў. Кніжка, сябры, майстэрня, заробак, пастаяннае пачуцьцё ўласнай дагледжанасьці». Таксі стаяла на месцы. Тая спала, паклаўшы ногі на сядзеньне.
Напоямі давялося памяняцца. Тая схапіла піва, машыну тарганула на нейкай зь зямных восяў, і два рудыя вусы выраслі на яе твары. Стах пагрукваў закаркаванай мінералкай аб пярэдняе сядзеньне.
– Вырашыла, – Тая ікнула. – Слухай…
Яна нахілілася й горача прашаптала, апякаючы Стахавы скроні:
– Паехалі на лецішча. У вапошні раз.
Кіроўца пагадзіўся за двайную плату. Хутка яныімчалі па той шашы, якая існуе толькі ноччу, а ўдзень ператвараецца ў шэры цень ад завіслай у небе камэты. Гадзіньнік на прыборным шчытку зелянеў: 23.23. Таксі рэзала вечар, адкрываючы ўсё новыя падрабязнасьці ягонай анатоміі: мноства залітых вадою, пульсуючых, палаючых сэрцаў, павароты, абгорнутыя вакол напампаваных узгоркаў, бягучых наперадзе людзей, няправільныя крыжы слупоў пад лахмоцьцем успоратай сіняй скуры. За вакном уздыбліваўся мокры сьнег, складваўся ў пісьмёны і адразу ж рассыпаўся, не знаходзячы ўзьнёслага дэшыфратара. Стах чуў, як тахкае Таіна сэрца, заклапочаны лічыльнік пераводзіў боскую валюту ў рублі. Стах пачуваўся як старажытны селянін, што кіруе ў лес забіваць старога каня. Да пачатку працоўнага дня заставалася амаль восем гадзінаў. Зрэшты, якога працоўнага? Заўтра субота, дзень п'яных маленькіх дзяўчынак на прамерзлых лецішчах.
– Ты ведаеш, што ты мне вінны? – спытала Тая густым, як алькагольны румянец, голасам. – Ты мне вельмі шмат вінны.
Таксіст давёз іх да чыгуначнай станцыі. Дом Дубраўскага ляжаў ва ўзорнай цішыні. Яны пайшлі па слотным каралеўстве, варушачы замерзлымі пальцамі на нагах, і кожны не падазраваў, што другі робіць гэта ж. Дачны пасёлак выдзяляў у ноч блакітнае сьвячэньне. Праз радовішчы халоднага туману яны выйшлі пасьля нядоўгіх блуканьняў на патрэбную вуліцу. Стах страхаваў бясстрашную Таю, якая ішла напралом, зусім не баючыся трапіць у пастку выпадковай лужыны.
– Цікава, а што там за лесам? – спытаў Стах, павярнуўшы галаву да цемрадзі, што вартавала пасёлак. – Ведаеш, я ніколі ня быў за гарадзкой рысай. Часам мне здаецца, што горад акружаюць нябачныя сьцены, і дзе-небудзь на сунічнай паляне, там на кусьце адна суніца – раз і сарваў, а хочаш другую, і рука ўпіраецца ў паветра.
– Ты ніколі не выязджаў з гораду? – Тая нават спынілася. – Ты што, сур'ёзна? Не, я многіх людзей бачыла, але такога… Там, за горадам… Вунь там за чыгункай – ведаеш дзе чыгунка? – катэджы ўсякія, загарадныя дамы розных шышак. Радзівіл, дарэчы, у вадным зь іх жыве, памятаеш, я табе неяк казала пра Радзівіла. Ці не табе? Добра, гэта неістотна. А далей там розныя калгасы й маленькія мухасрані. Хаця ёсьць у краіне месцы нічога… Але мы з маім казлом у вапошнія гады па замежжы больш каталіся. Слухай, а ты што, нават да сваякоў там розных, бабулек сваіх ня езьдзіў ніколі?
Стах паматляў галавой. Тая яшчэ доўга абуралася такой нелюбоўю да падарожжаў. Пад канец шляху яе пачало круціць, яна йшла, апусціўшы галаву, рухаючыся па гэткіх мудрагелістых траекторыях, як калі б перад ёй быў намаляваны лябірынт. Нарэшце паказалася цагляная Таіна сядзіба, але ніякіх пытанняў не было – яны накіроўваліся ў дом Стаха.
На дзіва, у доме было ўсё-ткі цяплей, чым на двары. Тая кінулася да ложку, захінулася коўдраю, запаліла змакрэлую цыгарэту, чамусьці пачаўшы пераконваць, што яны – у вапошні раз, толькі дзеля таго каб паставіць кропку, і ніколі болей, і тэдэ, і тэпэ, «і ўсё такое». Стах падняў па камандзе імбрык; зашаргатаў кавай, раскідаючы па кубках попел. Адліга скончылася, вакно пачынала сэрыял пра завіруху, ня менш банальную, чым якое-небудзь каханне.
– А як там бабы на прадпрыемстве? – прамармытала Тая, зь цяжкасьцю ўжо прытрымліваючы вейкі.– Я патрабую, каб ты распавёў, якія там? Сімпатычныя ёсьць? Нагастыя там, грудастыя? Ты там яшчэ… ні з кім…
Яна хіснулася, упала галавой наперад – проста Стаху на жывот, і адплюшчыла вочы: «Кавы!»
– Там працуюць нармальныя людзі,– прамовіў Стах, прыціскаючы яе да сябе вольнай рукой. Кава гуляла па доме зь лёгкім покрывам свайго водару й нашэптвала шаманскія заклёны. – Яны мне, ведаеш, калі ў мяне прэміяльныя скралі, скінуліся па рублі й сабралі ўсю суму. Твае б знаёмыя такое здолелі? Прадпрыемства дасьць мне магчымасць самарэалізавацца. Яно навучыць мяне разьбірацца ў людзях. Яно дасьць мне жыцьцёвы досьвед. Яно памірыць мяне з грамадзтвам. Яно дазваляе мне дасьледваць псыхалёгію, філязофію, іншыя навукі не ў бібліятэках, а непасрэдна, у натуральных умовах. Яно выпусціць маю кнігу, яно прадастаўляе мне майстэрню для працы.
– Спадзяюся, я аніколі ня ўбачу ні кнігі, ні карцінаў,– пасьпешна сказала Тая. – Яно… дасьць… Слухай, а ты задумваўся калі-небудзь над тым, якую цану ты заплоціш за гэта? І ці ня думаў ты, што яно дае табе ўсе гэтыя магчымасці, каб адбіць усякую ахвоту займацца тым, без чаго ты сваё жыцьцё не ўяўляеш? Табе ніколі не здавалася, што надта ўжо розьніцца стаўленьне да цябе па-за прадпрыемствам і на ім? І ты ніколі не лавіў сябе на такім падазрэнні, лёгкім такім падазрэньні, што ўсё тое, што адбываецца з табой там – занадта ненатуральна, каб быць сапраўдным?
– Я нідзе яшчэ не адчуваў сябе так вольна, так утульна, – упэўнена адказаў Стах.
– А ці не ўзьнікала ў цябе такой думкі,– не ўціхала Тая, – што ты – поўная бяздарнасьць? Што ты знайшоў на прадпрыемстве такіх жа бяздарнасцяў, з той толькі розьніцай, што яны не ўдаюць на інтэлектуалаў і творчых, блядзь, людзей, і цяпер вы кажаце адны адным камплімэнты: яны такія таленавітыя людзі, і мой талент цэняць… Бездары, я заўважыла, любяць больш за ўсё на сьвеце сабрацца ў вадным месцы й расхваліваць адзін аднаго, аналізаваць, вывучаць, а потым зьмяшаць з гноем.
– Што? – што яна дазваляе хай замахваецца на што заўгодна але на гэта – Тая, гэта ўжо абраза! Ты мае творы бачыла?
– Сьценгазэту? – яна румзала ад сьмеху. – Оду таварышу Марлокіну? Сэрэнаду брыгадзіру гэтаму… як яго… Кірылу Анатольевічу? Ты ж домік з трубой ня зможаш намаляваць! А твае гэтыя вершы – яны проста набор… набор… ну, карацей…








