412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Альгерд Бахарэвіч » Натуральная афарбоўка » Текст книги (страница 9)
Натуральная афарбоўка
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:58

Текст книги "Натуральная афарбоўка"


Автор книги: Альгерд Бахарэвіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)

Крокаў праз сто ў ягонай галаве гучалі ўжо млосныя маршы. Засынаючы на хаду, Стах брыў міма чыгункі, але патрэбнага скрыжаваньня ўсё не было. Ён паспрабаваў аблаяць мацюгамі казла-правадніка – атрымалася млява ды непераканаўча. Неўзабаве слых ягоны намацаў удалечыні раўнамерны шоргат, які, на шчасьце, не зьбіраўся йсьці супраць законаў фізыкі й па меры Стахавага пасоўваньня наперад усё гучнеў. «А магло й быць наадварот,»– абыякава падумаў Стах. – «Я пазнаю цябе, Таркоўскі. Ich kenne dich, Franz.»

Чыста вымеценую пляцоўку перад драўлянай будынінай, якую з двух бакоў падпіраў плот, падмятала, нізка сагнуўшыся, сівая старая.

– Не падкажаце, да экспэрымэнтальнага цэху далёка адсюль? – спужаў яе Стах, увадначас любуючыся кубкам, што стаяў на плоце, параю, якая прычэсвалася, купаючыся ў гэтым кубку, ліхтаром, што, падвешаны да брылёчку над ганкам, заліваў пляцоўку мірным сьвятлом. Кубак, пара, ліхтар, мяцёлка. Як чыста тут.

Старая разагнулася – паволі, велічна.

– А нашто табе? – спытала яна падазрона, агледзеўшы Стаха з усіх бакоў.

– Мне б знайсьці Васіля Васіліна.

– А нашто табе Васіль Васіліч?

– Не твая справа, старая, – адказаў Стах, губляючы цярпеньне.

– А ў руцэ ў цябе што?

– Дзе экспэрымэнтальны? – пайшоў на яе Стах, прыпадаючы на левую нагу, але ўзьняўшы ўгору драцяны скрутак. – Скажаш ці не, курва старая?

– А я падумала, пісталет, – з палёгкай прамовіла прыбіральшчыца, зірнуўшы на скрутак зблізку. – Ды не крычы ты, хлопец… Вось ён, тутака. Заходзь вось сюды, там Васіль Васілій у канцы калідору сядзіць, гарбату п'е з сакратаркаю.

Усё. Пасьміхнуўшыся, зь цяжкасьцю вытрымліваючы патрэбную адлегласьць між вейкамі, Стах няцвёрдым крокам рушыў да дзьвярэй. Ліхтар над ганкам ласкава папляскаў яго па плячы. Усё. Цяпер – толькі да прахадной.

Удар ззаду па патыліцы быў вытанчаны й мастацкі.

Ачомаўшыся, Стах знайшоў сябе на круглай паляне, прывязанага тросам да тоўстага слупа. Вакол стаялі людзі ў спэцоўках, ды й знаходзіўся Стах, безумоўна, на прадпрыемстве – на няроўным даляглядзе выразна віднеўся характэрны профіль галоўнага канвееру, а калі глянуць направа – плаўныя, жаноцкія абрысы ЦТСЛ.

– Прывядзіце Галіну Ігнацьеўну! – скамандаваў адзін з мужыкоў, па ўсім відаць, брыгадзір. Не мінула й хвіліны, як з-за ялінак (якія ялінкі? не было тут ніякіх ялінак) некалькі маладзёнаў, асцярожна ступаючы па закіданай нейкім ламаччам зямлі, вывелі старую індыянку, зморшчаныя грудзі якой боўталіся пад падбародзьдзем, нібы амулеты. Яе клапатліва правялі праз паляну й паставілі перад Стахам. Ён зірнуў са страхам у яе вочы. З пустых вачніцаў яму адказала сустрэчным позіркам справядлівасьць.

– Просім цябе, дарагая ты наша Галіна Ігнацьеўна, правер гэтага бледнажопага.

Кашчавая рука лягла на Стахаў твар. Стах чакаў, што яго зараз званітуе. Не, гэта было ня так гідка, толькі козытна. Ён з радасьцю ўсьвядоміў, што скрутак усё яшчэ ў руцэ, заціснуты ў кулаку, нябачны для тых, хто паланіў яго, Стаха, у гэты вар'яцкі вечар. Стах пачаў раскалупваць канцом дроту трос, і той паддаўся – зь неахвотаю, але паддаўся. Галіна Ігнацьеўна засланяла ягоныя маніпуляцыі ад прысутных, і ўсё гладзіла, вывучала, дасьледвала шурпатую скуру Стахавага твару мілімэтар за мілімэтрам.

– Ня ён.

У тое ж імгненьне Стах сарваў путы, піхнуў старую нагой у жывот, войкнуў ад болю й пабег да ялінак. Яны апынуліся паркавым сквэрам, дзе калісьці. Кал. Лісьце. Калісьці на… Сьвяціла ісьціна, цяпер калісьціна. Прадпрыемства ў іншым баку. А можа, кінуць тут гэты скрутак гробаны і паперкі ў сьнег. Яны пусьцілі сабакаў… і вось жа трамвай. У горадзе не дагоняць. Але Антоныч, і Дзеленстап Каўкомавіч, і Цыцка, і Сьняжана, і Мурло з Бурцэвічам, і Васіль Васіліч – добры ж, мусіць, мужычоккк… Зь імі як быць? Стах рэзка павярнуўся й з той жа хуткасьцю памкнуў насустрач перасьледнікам. Бо ў тым баку прадпрыемства, а ў гэтым, блін, што? Васіль Васіліч атрымае свой дрот. Свой дрот і свае паперкі. Пераследнікі заўважылі яго й зьбянтэжана прыпыніліся.

– Во фарба дзейнічае, – з зайздрасьцю сказаў Цыцка. – Мне б так…

– Шанцуе дурням маладым, – падаў голас Бурцэвіч, набіраючы ваду ў малянкоўскую шклянку, кожнае рэбра якой поўнілася зімовым сонцам. – Успрыімлівы які хлопец.

– Якая белая… белая прыгажосць, – нахіліўшыся над тварам, прашаптала гучна Сьняжана, засаромелася ды адыйшла ў куток – вачэй не адвяла.

– Вось каго Яна… абрала, – самому сабе прамовіў Кірыла Антоныч. – Я верыў, мужычкі, я ведаў. Ёй жыць трэба, а мы… Прабрала хлопца. Далібог, прабрала. Цыцка, накрывай на стол. Пасьля такога працаваць грэх.

У самым пачатку дваццаць першага стагодзьдзя (на тысячу кілямэтраў вакол ні карэйцаў, ні кубінцаў), у цесным пакойчыку для маляроў («Тата, а хто такія будзёнаўцы?») сядзіць малады чалавек (які здольны падрабязна патлумачыць, што такое структуральны аналіз паэтычнага тэксту) зь дзіўным мяном Стах і робіць сьценгазэту. Збляднелы, з запалымі вачыма, на якіх ярка-чырвоным выдзеленыя маршруты сьледваньня цяжка нагружаных цягнікоў, што праносяцца праз палярную ноч у ягонай галаве. На стале творчае бязладзьдзе, карнавальнае шэсьце рознакаляровых алоўкаў, гумовым пылам прысыпаная прамакатка, намагаюцца разагнуцца скамечаныя лісты, варушацца, лежачы на стосе чыстай паперы. Самае складанае тут прыстасаванне – Стахава асадка, яна нацэленая Стаху ў сэрца – годная сьмерць. Як на кожным гуляньні, тут маецца свой жабрак, гэта просты аловак, на якім марудна астывае пот Стахавых пальцаў – ён, як звычайна, марна просіць падаць яму хаця б якую міласьціну – колерам або лязом. Стах працуе натхнёна й велічна, у вачох ягоных адбіваюцца зусім іншыя дзьверы, і зусім іншыя вокны дораць яму ачмуральныя краявіды. Даўно ён не атрымліваў такога задавальненьня ад жывапісу. Стах зараз – нешта сярэдняе паміж Хрыстом і прынтэрам «Лексмарк». У кішэні ягонай – пісьмовы дазвол застацца на прадпрыемстве пасьля заканчэння працоўнага дня, выдадзены Кірылам Антонычам.

Працуючы… пардон, творачы, Стах не задумваецца над тым, што ягоны занятак, па сутнасьці, спадчынны. Абодва Стахавы дзеды ў далёкія трыццатыя малявалі сьценгазэты, прычым адзін зь іх умеў перамалёўваць з кніг чырвоных кавалерыстаў, а ў другога лепей выходзілі былинники речистые. Правадыроў яны выразалі з газэтаў і наклейвалі зьлева ад назвы, так, каб тыя дыхалі адзін адному ў патыліцу. Сапраўдная сьценгазэта – гэта каляж. А Стахава маці? Дзе толькі не даводзілася ёй рабіць сьценгазэты. У задушлівай школьнай клясе, на настаўніцкім стале, дзе перасякаліся змрочныя цені ўзгрувашчаных на парты крэслаў, пад калідорнае скавытанне вядра прыбіральшчыцы й пыласоснае скуголеньне заваконнай завірухі. У актавай залі, дзе па-над сцэнаю гайдалася турэмная лямпачка й вецер перабіраў шарыкі на сьценах. На дыване бацькоўскай кватэры, нага да нагі з аднаклясьніцай Людай Шавардак. У піянэрлягеры, пакуль астатнія члены атраду гулялі ў піянэрбол ці піянэрылі ў малых цукеркі. У пустых аўдыторыях інстытуту, у засені бародаў вялікіх матэматыкаў зь незапамінальнымі прозьвішчамі. А Стахаў бацька, той навогул быў у школе рэдактарам сьценгазэты, а апрача таго яшчэ й палітінфарматарам, юнатам ды старшынём савету дружыны. І падчас вучобы ва ўнівэрсытэце папісваў. Толькі калі стаў асьпірантам, сьценгазэта адклеілася ад яго. Але тады ўжо кожны разумны чалавек маліўся на дзядзюшку Сэма: няхай хаця б дзеці мае, хаця б унукі ня ведаюць, што ж гэта такое – сьценгазэта. Дзядзюшка Сэм зрабіў усё, што ад яго залежала, а вось пра сьценгазэту, відаць, забыўся. І таму зараз, калі невядомы кадэбіст за вакном перапранаецца ў зімушку-зіму, Стах сядзіць за ліпучым сталом, цыркулем выставіўшы локаць, і робіць сьценгазэту. Зрэшты, ні пра што такое ён не разважае. Мэдытатыўнасьць ягонага занятку, тая ж, якая ўласцівая абіральшчыкам бульбы, вязальшчыцам і сакратаркам фіктыўных фірмаў, схіляе Стаха да ўспамінаў пра дзень учорашні. Стах шчыра не разумее, як можна не заўважаць насалоды ўспамінамі. З гэтых раздробленых костачак, звараных у кіпячым часе, можна высмактаць шмат цікавага й карыснага.

Ягоныя пальцы яшчэ пахнуць Таяй, яе фальшывым ладанам. Заўчора ён прыехаў на лецішча ледзь не на першым цягніку. Доўга мераў крокамі дом: высветлілася, што ад дзьвярэй да вакна пяць Стахавых крокаў, ад сьцяны да сьцяны – шэсьць, высьветліў, якую ноту дае кожная з палавінаў, і нават зграў на падлозе вальс «Гуканьне Таі». Час ішоў страшэнна марудна, як ні дзьмуў Стах на замерзлыя стрэлкі. Ля запацелага вакна разьюшана рвалася ў вырай позьняя муха. Пасёлак быў амаль бязьлюдны, нібы Пампеі, яго заносіла хрусткай белай ляваю. Чаканне было ідыёцкім і ад гэтага яшчэ больш пакутлівым. Прадвызначанае начное чаканьне вартаўніка, што ахоўвае пусты склад на ўскраіне гораду. Чаканьне Гадо. Гадачаканьне, гадзіны йдуць, маўчыць пустая дачка. І лезе з пачка наступная цыгарэта.

Яна зьявілася на пачатку чацьвертай, калі Стах ужо памёр. Увайшла быццам нехаця, пальчаткаў замш ня мучыла, затое трымала пад пахаю празрыстую папку. Задумліва кінула прывітанне, прысела на край ложку, коратка спытала «Як маешся?» і не чакаючы адказу прамовіла:

– Я прынесла тое, ты памятаеш, я казала – кнігу, якую пішу. Прачытай, тут пакуль сорак восем лістоў…

Ён пацягнуўся да яе, няўклюдна, быццам маці, абняў, паклаў руку на калена. Яна спыніла яго – «на самым цікавым месцы».

– Перастань. Я табе, а ты… Гэта вельмі…

Яна паглядзела яму ў вочы, як афтальмоляг. Ён убачыў, як згасае ў ейных жаданне пранізьлівасьці.

– …вельмі важна для мяне. Ты мусіш разумець такія рэчы. Ты разумееш?

Стах у расчараваньні падняўся, узяў яе руку, памацаў, пагладзіў пальцы. Прывід вялікага ашуканства рагатаў па-над ім, сцякаючы сьлінай. Ён пашкадаваў, што праца на прадпрыемстве пакрысе адвучыла яго лаяцца. Сытуацыя вымагала словаў.

– Чаму ты так позна сёньня? – запытаўся ён віскліва, і сам зморшчыўся, пачуўшы свой голас. Яна раздражнёна хітнула галавой, на лоб успырхнула гняўлівая пасмачка валасоў.– Я пытаюся… – пачаў ён, яна нецярпліва адмахнулася, гледзячы на Стаха са зьдзіўленьнем. Стах прысеў каля яе на калені, паклаў гарачы твар на яе пакрытыя гусінай скурай рукі.

– Тая, – зьмяніў ён тон. – Ну паслухай. Я чакаў, мы дамовіліся… Ты была занятая? Я ж…

– Нічым я не была занятая, – адказала яна змрочна. – Тэлевізар сёньня глядзела, і навогул… Ты будзеш чытаць?

– Спачатку… – Стах штурхнуў яе перад сабой на ложак. – Спачатку спачатку.

Яна стамлёна ўзьняла вочы.

– Ну Тая… Потым я ўсё прачытаю. Мне вельмі цікава, павер.

Паміж ног пякло аж да болю. Тая ўздыхнула:

– А можа, спачатку пачытаеш?

Але ён ужо таропка расшпільваў прарэх, гузікі блішчалі ў паўзмроку, падобныя да манэтаў, якімі Стах зьбіраўся расплочвацца. Яна ўздыхнула яшчэ раз і пачала флегматычна й мэтадычна распранацца. Стаха калаціла, але хутка перад ім ужо ляжала іншая Тая, і ймя гэтае было адно мянушкай цёплага, зморшчанага зьвераняці. І паляўнічы кінуў на яго свой цень, бы сетку, і зьвераня задрыжэла пад ім, а тая Тая беспакойна пазірала на гадзіннік, задзіраючы галаву, бо рука яе лунала недзе высока ў паветры. Усведамляючы ўсю ненатуральнасьць гэтай мэханічнай валтузьні й той пачварны падман, які быў над ім зьдзейсьнены ў гэты дзень, Стах тым ня меней зрабіў ўсё што хацеў і ўпаў упоперак ложку, задыхаючыся хутчэй ад крыўды, чым ад задавальнення.

– А цяпер чытаць!

Яна павесялела, усьміхнулася, дакранулася сухімі вуснамі да ягонага падбародзьдзя, уселася Стаху на жывот, азваўшыся рэхам у яго пад лапаткамі. Ён сам і не заўважыў, як пакой асьвяціла катавальная лямпачка, а яны – два іншаплянэтнікі, якія ставяць загадзя наканаваны на няўдачу экспэрымэнт спароўваньня – апынуліся апранутымі й зашпіленымі на ўсе, усе гузікі, пад самае горла.

– Давай я вазьму з сабой, – сказаў ён млява. – Дома пачытаю, а…

– Не, – адказала яна зь летуценнай усмешкай. – Чытай. А я пайду зраблю кавы. І каб пакуль я прыйду, ты ўжо прачытаў пятнаццаць… дваццаць! не, пятнаццаць, ладна, дзесяць старонак.

…Прадпрыемства чарговы раз унесла ў ягоную душу спакой. Цяпер, ствараючы сьценгазэту і ўзгадваючы тую дзіўную суботу, Стах ужо не адчуваў ані крыўды, ані прагі, ані злосьці. Фраза, якую ён столькі разоў чуў ад маці й за якую ён так маці ненавідзеў: праца – лепшы лек, была, як высветлілася, цалкам слушнай. Перад вэнджаным і мудрым тварам прадпрыемства, які зазіраў зараз у вакно малярскага пакоя, праблема «Тая – ня Тая» станавілася дробнай і нязначнай. Сьценгазэта атрымлівалася зусім неблагой. Стах акуратна адарваў кавалачак картону, раскрышыў на ім чырвоны грыфель, зьмяшаў кучку зь зялёным і заняўся цудоўнай справаю – расьціраньнем гэтага радаснага пылу па тым урачыстым у сваёй парушанай белаце лісьце, які ў выніку мусіў стаць Малярскаю Сьценгазэтай. І субота закруцілася наноў.

…Спачатку ён доўга ня мог засяродзіцца, першы аркуш чытаў хвілінаў дзесяць, вачам зусім не хацелася ўспрымаць накрэмзаную нейкай дзеўкай муць. Аднак паступова Таіна пісаніна зацягнула яго, і раптам узьніклы зь цямрэчы інтарэс зачыніў за Стахавай сьпінай дзьверы. Прычым усё было ня так ужо блага, адно памылак у ахайна запоўненых тэкстам лістох прысутнічала трохі больш, чым належыць мець пачаткоўцу. Паводле формы гэта было нешта кшталту аповесьці-маналёгу. На месцы назвы пагрозьліва тырчэў тлусты пытальнік. Рэч пачыналася кароткім, але стратэгічна правільна абраным сказам: «Я ненавіджу свайго мужа». Далей разгортвалася бясконцае апісаньне Юры, апісаньне дастаткова падрабязнае й цікавае. Стах чамусьці адразу паверыў у ягоную ісьціннасьць. Тэкст быў напісаны сапраўды зь нянавісьцю, але гэта была халодная нянавісьць, яна біла не празьмернай эмацыйнасцю, а наадварот – халоднай бесстароннасьцю, прыцэльнай дэталёвасьцю, можна было падумаць, што з чалавека проста пішуць партрэт, як з натуршчыка, на прыкладзе якога трэба паказаць, што ўмееш маляваць цела й ведаеш прапорцыі, але не – чытачу прапаноўвалася тут зьняць дах зь Юрынага дому, паназіраць за паддоследным у прыбіральні, у лазьніцы, у ложку, перад тэлевізарам, з ныючым страўнікам, з пальцам у носе, з налітай гарэлкаю галавой, паслухаць, якія словы ён кажа Таі ў ложку, як размаўляе з маці, якія стогны булькаюць у ягоных грудзёх падчас аргазму, якія песенкі напявае ды якія танцы танчыць перад люстэркам, калі думае, што знаходзіцца ў вадзіноце. Усьведамленьне таго, што перад ім, Стахам, асабістае жыцьцё жывога, рэальнага чалавека, які зараз займаецца чымсьці ды не падазрае нават пра Стахава існаваньне, што перад ім усе звычкі гэтага чалавека і ўсе павадкі той жывёлы, што жыве ў гэтым чалавеку, давала проста жудаснае адчуваньне. Гэта як чытаць любоўныя цыдулкі прэм'ер-міністра. Зрэшты, адчуваньне Стаху было знаёмае. Прыкладна тое ж адбывалася, калі Стах упершыню пранік у Таю, у чужую таямніцу, у яе загадкавую похву, выпадкова знойдзеную ім сярод гэтай восені.

Прыкладна ўсё гэта ён выказаў Таі, зрэдку падносячы да вуснаў гарачы кубачак і абпальваючы гнюсныя балячкі, якія чырванелі там ужо трэці дзень. Тая патрабавала словаў яшчэ і яшчэ. Цыгарэта ў яе руцэ дрыжэла, язык раз-пораз на імгненне выскокваў са свайго ўкрыцьця і, аблізнуўшы куточак роту, хаваўся назад.

– Ты ня ведаеш, – сказала яна, калі запас словаў Стаха скончыўся. – Ня ведаеш, чаму я гэта пішу. Юрка мне здраджвае. Прычым адразу з дзьвюма бабамі. Проста як у кіно, а?

Тая нэрвова ўсхліпнула, пагасіла цыгарэту й тут жа запаліла яе наноў.

– Я прыйшла неяк у клініку, да свайго доктара, там дзьве дзеўкі такія сядзяць. Сядзім, трэплемся… Яны мне пра мужыкоў сваіх давай распавядаць. Слухаю, прыкалваюся, потым разумею…

Яна сьціснула ў кулаку кубачак, потым нагбом укінула ў сябе гарачую каву, скрывілася й працадзіла:

– Гэта мой Юрачка. Муж мой, блін, Юрачка-чэляс. Кабель сраны. Не магу. І тады я вырашыла, ведаеш, яно неяк само прыйшло, што адпомшчу менавіта так. Па-мойму, гэта страшна, калі зь цябе зрываюць усе твае таямніцы. Любы чалавек хоча мець асабістае жыцьцё, такія, ведаеш… ну, такое, каб туды ніхто не суваўся…

Стах слухаў, не адрываючы вачэй ад чытаньня, хітаў галавой, пазногцем падкрэсьліваў памылкі.

– Так жа? А пра тое, чым яго ванітуе, даведаюцца тысячы людзей. Хай падае потым у суд.

Тая ціха засьмяялася.

– Ты вось пісьменьнік, вазьмі й напішы пра гэта раман цэлы. А мая кніжка будзе такая… невялікая, і пра сапраўднае жыцьцё, пра жывога вось такога Юрачку. Я памятнік яму пастаўлю нерукатворны.

– Твая кніга будзе дакумэнтальная, – мэлянхалічна сказаў Стах.

– У цябе няма на прыкмеце выдаўца добрага? І ўвогуле, скажы мне што-небудзь яшчэ пра маю кнігу.

– Я ж сказаў ужо.

– Яшчэ.

Стах паклаў лісты ёй на калені.

– Добра. Калі шчыра, напісана досыць прыстойна, але… Вось ты мужа апісваеш. Ну і што. Атрымліваецца характарыстыка. Вялікая, падрабязная, але характарыстыка. Каго будзе цікавіць апісаньне нейкага левага мужыка, такое падрабязнае. Табе трэба дадаць сюды літаратуры. Прыгажосці. Мэтафараў, параўнаньняў. Эпітэтаў. Тропаў. Гіпэрбалаў.

– Чаго-чаго?

– У цябе мала ў кнізе прыметнікаў, ды й тыя, што ёсьць, нейкія аднастайныя, прымітыўныя. У цябе няма дынамікі, сюжэту, аповед не разьвіваецца, стаіць, як… замерзлая лужына.

«Добра сказаў,»– пахваліў Стах самога сябе й прадоўжыў:

– Трэба, каб чытач убачыў у тваёй кнізе разынку, тое, што адрозьнівае яе ад іншых кніг. Мы ўсе, людзі пішучыя, шукаем у сваёй творчасьці новых багоў і потым даем іх чытачам, каб тыя стваралі новыя рэлігіі. Людзі, якія сімпатызуюць якому-небудзь…

– Багоў? – рэзка перапытала Тая, на твары якой ужо даўно блукала нязгодная ўсьмешка. – Я раскажу табе пра прыроду белізны. Хочаш ведаць, як выглядае бог? Рэальны бог? Я зь ім знаёмая, і, калі хочаш ведаць, усе пісьменьніцкія й іншыя багі перад ім проста дзіцячыя лялькі. Блін, Стах, я распавяду табе, бо такім наіўным юнакам, як ты, даўно трэба прачысціць мазгі.

– Вельмі цікава, – пасьміхнуўся зьедліва Стах.

– Бога, які кіруе ўсім, міласэрнага і ўсёмагутнага, завуць Аляксандр Барысавіч Радзівіл. Яму трыццаць тры, ён старшыня камітэту па эканамічнай… ці не, па… ня памятаю… карацей, нейкага крутога ўрадавага камітэту. У яго тры кватэры ў горадзе, адна на плошчы Цанавы, і лецішча тут недалёка, за чыгункай. Мой Юра на яго працуе. Я нават была ў Радзівіла ў гасьцёх. Раз ці два. Ён інтэлігентны вельмі, мілы такі чалавек, так. Нежанаты, дзяцей няма. Шкада, што я не ў ягоным гусьце. А так – стаць каханкаю бога… Нармалёва?

– І хто ж яго абраў на такую пасаду? Выбаршчыкі Ленінскага раёну? Або прызначыў Саўмін? Насмяшыла.

– Дурны ты лапаць. Калі б ня ён… І яшчэ. Хаця хопіць на цябе інфармацыі. Давай сюды кнігу.

Яна рушыла да дзьвярэй, спынілася ў іх, павярнулася.

– Калі ўсе такія ж як ты, то я не зьдзіўляюся, што Радзівіл…

Стах пайшоў за ёй, але Тая ўжо выйшла ў цемру двара.

– Мы ўбачымся ў наступную суботу? – крыкнуў ён, не асабліва спадзеючыся атрымаць адказ. Але калі Стах ужо зачыняў дзьверы, яму пачулася аднекуль з-за плоту: «Можа быць».

Можа быць.

Сьценгазэта атрымалася нават лепей, чым Стах меркаваў. На яблычнага колеру полі рэльефна праступалі абрысы заводзкіх карпусоў, зь якімі гарманічна спалучаліся разьмешчаныя па кутох малюнкі. У правым верхнім куце знаходзілася выява прымацаванага да дошкі аб'яваў ліста, дзе друкаванымі, стылізаванымі пад гатычны шрыфт літарамі былі пазначаныя асноўныя этапы гісторыі разьвіцьця на прадпрыемстве малярскай справы. Насупраць Стах памясьціў уласнаручна выкананыя партрэты калегаў. Пазнаць па іх, хто ёсьць хто, было складана – Стах зрабіў партрэты ў кубістычнай манэры, але давялося ўсё ж па просьбе Кірылы Антоныча паставіць пад кожным малюнкам прозьвішча ды ініцыялы. Кірыла Антоныч, дарэчы, сябе пазнаў, што, па шчырасці, не зьдзіўляла – ягоная выява зьяўлялася самай вялікай. Навогул, калі Стах запытаўся ў брыгадзіра, ці даспадобы таму газэта, брыгадзір вымавіў нешта незразумелае й толькі пасьля ўдакладніў: «Перарабляць няма часу.» А вось Мурло, які займаўся ў брыгадзе гэтай справаю да Стахавага прыходу, выказаўся больш пэўна: «Гаўно». Памянёнае слова Мурло любіў, прамаўляў яго заўжды са смакам, даводзячы да дасканаласьці мярзотнасьць кароткага й дурнога «ў» у сярэдзіне. Цяпер жа гэтае слова прагучала асабліва брыдка. «Зайздросціць,»– падумаў Стах з асалодаю. «Упершыню ў жыцьці маім мне нехта зайздросціць.» Такім чынам, у левым верхнім куце ціснуліся да партрэта брыгадзіра, як кураняты да мамкі, партрэты маляроў. А ў ніжнім правым куце Стах намаляваў ружу вятроў. Навошта, ён бы й сам ня здолеў патлумачыць – проста яму зь дзяцінства падабалася выводзіць яе трапяткія, пругкія лініі, гадаваць выгіны… усе школьныя сшыткі былі запоўненыя такімі ружамі. І нарэшце правы верхні кут займаў партрэт Сьняжаны. Аголеная, напісаная са спіны бліскучай сіняй тушшу, яна стаяла на немудрагелістым белым шары й задуменна вывучала, апусціўшы долу вочы, вялізны й махнаты, нібы экзатычная кветка, пэндзаль у сваёй руцэ. Сама Сьняжана не здагадвалася, што менавіта яе партрэт будзе ўпрыгожваць малярскую сьценгазэту, для яе, відавочна, правы верхні кут быў адно хаатычным нагрувашчваннем плямаў. Стах займеў яшчэ адну таямніцу й цяпер пасьмейваўся, прыхопліваючы сьценгазэту да фанэрнага шчыта, – як бы вішчала Сьняжана, калі б ведала, у якім выглядзе ўбачаць яе тысячы калегаў. І як бы рагаталі тысячы калегаў, калі б даведаліся, чый гэта партрэт на шчыце адкрыты кожнаму позірку.

У цэнтры сьценгазэты палымнелі вершаваныя радкі. Стах нарадзіў іх некалькі дзён таму, пасьля надзвычай цяжкога працоўнага дня, калі пальцы ягоныя, бадай, не адрываліся ад пэндзля на працягу дзесяці гадзінаў і фарба шумела на твары, як мора. У той вечар ён запісаў гэты верш, як толькі апынуўся за прахадной, на рублёвай купюры, дома перапісаў у навюткі блякнот, а ўвечары наступнага дня каліграфічна, пушкінскімі літарамі высадзіў радкі на ўдзячную картонную глебу:

 
Здароў, завод, Сяльмаш Сяльмашыч!
Здароў, зямная благадаць…
Так птахі крыламі ня машуць,
Як ты ўмееш працаваць.
Іду ў жалезных труб суквецьце,
І пэндзлем папіраю сталь.
І даражэй няма на сьвеце
Цябе, о ягададэталь!
 

Напачатку верш Стаху вельмі падабаўся. Стах чытаў яго сам-насам зь люстэркам, Стах настукаў яго на машынцы й насіў у кашальку, раз-пораз даставаў дзе-небудзь у аўтобусе па дарозе на працу й перачытваў, варушачы губамі – някепска, чорт мяне бяры. Стах прачытаў яго Кірылу Антонычу, калі яны пілі аднойчы разам выпадковае піва ў прызаводзкіх прыцемках. «Маякоўскі?»– спытаў Кірыла Антоныч. «Э…»– пачаў Стах. «Адразу відаць,»– з павагай сказаў Кірыла Антоныч. – «А ты ў курсе, што гэта таксама ён напісаў, гарлан-бунтар: люблю я жэншчыну белую, а ўпрочам, якая тут разьніца, паставіў яе к дзераву, Іў… Сам разумееш куды. Чаго сьмяешся… Я ў газэце чытаў.»– «Гэта я напісаў,»– прашаптаў Стах, нязмысьля плюнуўшы брыгадзіру ў куфаль. «Жартуеш усё,»– пасьміхнуўся дзядзька, нічога не заўважыўшы. – «Ну, хадзем. Ты ў нас пра жэншчын ня пішаш.»– «Пра завод,»– віскнуў Стах, але ўжо лезла да ягонага пупка шырокая дзядзькава далонь: «Давай! Да відзэньня!»

Гаў ду ю ду, місыс Празьнік! Сьвята пачалося ў пятніцу, як толькі надыйшоў час абеду. Але сталовыя ў ва ўсіх цахох былі зачыненыя, павары выходзілі з бакавых дзьвераў і няспешным шпацыруючым крокам рухаліся да заводзкага пляцу. Брыгада адправілася ў свае малярскія пакоі. Спэцадзеньне было ахайна павешанае ў шафы, маляры перапрануліся ў жоўтыя форменныя пінжакі – Стах таксама атрымаў такі, з вышытым на штрыфлі прыгожанькім пэндзлем. Дзеленстап Каўкомавіч уставіў у пятлічку абшчыпаны гвазьдзік, Цыцка расчасаўся на прабор, Мурло, увабраўшы грудзі, спырснуў пахі французскім дэзадарантам, Бурцэвіч пачасаўся электрабрытваю. Да мужчынскай часткі брыгады зазірнула Тацяна: «Мужыкі, а корпаюцца, як бабы.» Стах падхапіў сьценгазэту, загарнутую ў пунсовы аксаміт, і маляры выйшлі на двор. Паколваў прыемны марозец. Яны рушылі ў напрамку плошчы. Выйшлі на галоўную алею, зьмяшаліся зь іншымі каленамі, людзі былі ўсе сур'ёзныя, урачыста-ўзбуджаныя, нібы на пахаванні Сталіна. Так сталася, што Стах, які паддаўся агульнаму настрою, пайшоў у пэўны момант папярод усёй брыгады – яму падавалася, што іхная маленькая калена рухаецца надта ўжо марудна. Тут жа на плячо яму лягла рука Мурла. «Ня лезь папярод бацькі,»– ціха, але ўнушальна абдаў яму вуха параю Мурло. Не павярнуўшы галавы, на чале брыгады апынуўся Кірыла Антоныч. Стах жа замешкаў, і давялося яму да самае плошчы йсьці ў самоце паміж мужчынскім авангардам і жаночым крыклівым ар'ергардам, што, на агульны сорам, выглядаў неяк надта весела. Стах павольна рыпеў па ўтрамбаваным сьнезе і ў чарговы раз не пачуў, як яго дагнала Сьняжана.

– Зрабіў газэту? – запыталася яна, намагаючыся пакідаць пасьля сябе гэткія ж сьляды, што й Стах. – Угу, – правёў ён языком па верхніх зубах і сплюнуў. Яна з павагаю паглядзела на жоўты камочак і тарганула яго за рукаў:

– Ня холадна? Або цябе любоў грэе? Ну, сухар!

Невялікая заводзкая плошча, тая самая, адкуль Стах калісьці пачынаў сваё першае знаёмства з прадпрыемствам, была застаўленая нерухомымі людзкімі фігурамі. Сьнег тут расчысцілі, і цяпер тэрыторыю плошчы дзялілі на аднолькавыя квадраты тыя пліты, зь якіх яна была выкладзеная. Кожнага з работнікаў ставіў на прызначаны квадрат рухавы чалавечак, які не казаў ані слова – проста хапаў таго, хто прыйшоў, за талію й ставіў на належнае мейсца. Стах не адразу заўважыў на грудзёх чалавечка бэджык са словам «Распарадчык», а жвавы гэты абслугоўца выхапіў са Стахавых рук сьценгазэту й перадаў камусьці, і той перадаў далей, і далей… Стах пацягнуўся за нябачнай ужо ўласнасцю, і зараз жа голас Мурла ззаду з гатоўнасьцю прамовіў: «Так трэба.» Стах паціснуў плячыма й вярнуўся на свой квадрат.

Пакрысе плошча сьціхла. Строгае разьмяшчэньне людзей настройвала на вайсковы лад, хацелася калі не навыцяжку стаць, дык хіба мыскі ног рассунуць. Стах выгнуў галаву. Пад статуяй Прадукцыі на невысокай трыбуне грэлі рукі ў кішэнях дублёнак чалавек дзесяць у ваднолькавых мехавых капелюшах. Прадукцыя ўзвышалася па-над імі, нібы іхная маці, з чэрава якой яны толькі што ўсе выйшлі. Адміністрацыя. «Марлокін,»– прашалясцела па натоўпе. «Марлокін,»– прамовіў прыглушана Цыцка. «А хто там побач зь ім?»– «Замы,»– драматычным шэптам азваўся нехта з суседняй калены. «А баба тая хто?»– «Дык гэта ж Клюцкая,»– трохі гучней, чым дазволена, адказаў той жа знаўца. На яго цыкнулі, але вакол працягвалі ціха перамаўляцца. «А тыя хто, з краю?»– «Хто іх ведае.»– «Гэта не Прусевіч?»– «Не… Прусевіч у паліто.»– «А, гэта Ясіраў.»– «Ясірава я бачу, ён за Марлокіным стаіць, а гэты хер, напрыклад…»– «Нейкі новы.»– «Гэта з ураду,»– аўтарытэтным тонам прамовіў Кірыла Антоныч, – «Госці свята.»

Раптам па-над плошчаю засьвісьцеў, загрымеў гістарычны голас. Па эмацыйнасці яго можна было параўнаць хіба з голасам Гітлера, калі ён абвяшчаў у рэйхстагу вайну Польшчы. Голас апускаўся на сабраны натоўп як хлыст, даваў слухачам сэкундную перадышку, уздымаўся высока ў паветра й зноў лупіў па замерзлых вушах. Ніводнага слова нельга было разабраць, хаця мікрафон, па ўсім відаць, быў наладжаны цудоўна. Магчыма, у выступоўцы дэфэкт маўленьня, падумаў Стах, выціраючы мокры ад выдыхаемай пары нос. «Прадпрыемства, прадпрыемства,»– толькі й можна было зразумець, а Стаху навязьліва чулася: «Б'емся, п'ём, б'емся, п'ём, б'емся, п'ём, б'емся…» «Хто выступае?»– прашаптаў ён паміж патыліцаў. «Марлокін,»– адказаў нехта збоку й перажагнаўся. «Генэральны,»– дадаў нехта ззаду закахана.

Высветлілася, што й словы наступных выступоўцаў сталіся неспасцігальнымі. Яны проста былі загучнымі, яны стараліся ахапіць увесь горад, гэтыя галасы, яны варочалі гарамі, калі трэба было ўсяго толькі насыпаць пяску ў гадзіньнік. І таму Стах з палёгкаю ўздыхнуў, калі ўсе аратары нарэшце выступілі, і з аграмадных дынамікаў Сафія Ратару заныла пра залатое сэрца. У натоўпе ўсчаўся рух, парушыліся ладныя шыхты, адміністрацыя й госьці прадпрыемства зьніклі з поля зроку. Людзі нетаропка пасоўваліся бліжэй да трыбуны. Стах, якога ззаду прыемна падштурхоўвалі напорыстыя грудзі, таксама быў вымушаны рухацца наперад, сладастрасна ціснучыся да паголеных, пахнучых фарбаю патыліцаў. Першыя некалькі крокаў ён яшчэ нэрвова пахіхікваў, адчуваючы пад сваімі ніжнімі рэбрамі нечыя бесцырымонныя локці, потым збоку наваліліся так, што грудная клетка Стаха, як яму падалося, зазьвінела ад напругі. Рука Стахава згубілася недзе зьлева, між шчыльна ссунутых плячэй рознага полу, расшпілены пінжак злазіў са Стахавага цела гэтак пераканаўча, нібы яго зацягвала адмысловая бязьлітасная монструозная сушыльня. Стах рвануўся, напружыўся – беспасьпяхова. Стала зразумела, што ён знаходзіцца амаль у самым ачагу даўкі. Побач хруснула, вылаяўся матам нехта, голас каго надта ўжо нагадваў голас Цыцкі. Незразумела, як гэта ўдалося, але натоўп здолеў на некалькі імгненьняў расступіцца. Цыцка ляжаў на цьвёрдым сьнезе ў такой позе, быццам быў на ім намаляваны. Стах нахіліўся над ім і адразу ж зразумеў, што гэта было памылкаю – людзі рушылі далей, бо канвеер святкуючых пачынаўся ня тут, ня тут сканчаўся й зусім не адсюль кіраваўся. На Цыцку наступіла ваяўнічая жаночая нага, прыкрываючыся сьцягам спадніцы, і востры мысок доўгага брунатага боту ўвайшоў Цыцку ў жывот. Адразу ж другая нага, шырокая, у кароткіх вараных джынсах, з-пад якіх тапырыліся валасы, без ваганьняў наступіла Цыцку на вусны. Людзі рухаліся да трыбунаў. Сафія Ратару ў шосты раз цягнула прыпеў. Стах, пачуваючыся як пад коламі звар'яцелага камбайну, здолеў усё ж такі выдавіцца з натоўпу, як паста зь цюбіку, ды ўстаць на ногі.

Перад трыбунаю зьмяіўся доўгі хвост людзей. Прагна заглынаючы паветра, Стах наступаў на пяткі Бурцэвічу, які чамусьці схаваў галаву ў плечы й варушыў пальцамі ў кішэнях пінжаку. Стах паспрабаваў азірнуцца, яму не далі, над плошчаю калыхаліся ў мутным паветры словы наступнай песьні: нешта про них и про нас. Загорнутыя ў палотнішчы зь лягатыпам прадпрыемства, уздымаліся высока ў неба мэталёвыя шасты, за якімі заклапочана ганяў фатографа Алег Ждановіч. Да трыбуны заставалася ўжо некалькі мэтраў. І нарэшце Стах змог разглядзець усё як сьлед: пад трыбунаю ў жоўтым аксамітным фатэлі сядзеў непрыкметны чалавек у дублёнцы й мехавым капелюшы. За ім гайдаліся высокія хударлявыя целаахоўнікі, а ля края трыбуны пра нешта перамаўляліся, пасміхаючыся, нібы пахваляючыся белымі зубамі, астатнія члены адміністрацыі й госьці. Пра цэсія з работнікаў урачыста прамінала чалавека ў фатэлі, і кожны, хто праходзіў міма, дакранаўся вуснамі да працягнутай яму рукі. Стах набліжаўся да трыбуны. Ён быў ужо зусім блізка, мог убачыць кожную зморшчыну на тварах кіраўнікоў, раптоўнае сонца ў іхных акулярах сьляпіла яму вочы. Пара зь іх іртоў далятала да Стахавага роту, упэўненыя іх словы штурмам бралі Стахавы вушы. «…аб'ём выпуску… Рудня… тая ў міні… а вунь тая… тэмпы…» Бурцэвіч нахіліўся над каральным і смачна прыклаўся да ягоных пальцаў, на адным зь якіх папераджальна ўспыхнуў пярсцёнак. «Гэта ўжо пераходзіць усялякія межы,»– падумаў Стах, адчуваючы ўнутры млосьць. Вуснамі, тымі ж самымі, якія пілі Таіну сьліну, якія працякалі ручаямі на яе смочкі,– гэтымі вуснамі дакранацца да валасатых пальцаў мужчыны, якога Стах бачыў упершыню ў жыцьці… Звольніцца. Звольніцца заўтра ж. Стах сам не разумеў, што за сіла стрымлівае яго, і чаму вясёлае слова «Заява» цяпер ужо не выклікае ў яго таго ўздыму, які калісьці, нібы паток свежага паветра, ратаваў Стаха ад рамесьніцкай смерці. Цалаваць пальцы генэральнага… А зрэшты, чаму б і не? У гэтым дзеяньні абсурду ня болей, чым, напрыклад, у цалаванні ілба мёртвага дзядулі, што ляжыць у труне нібыта ў ваньне. Дык тут хаця б жывога чалавека цалуеш, зь любога боку, зь якога ні вазьмі, жывога, ды яшчэ ня самага горшага, – дырэктара буйнога прамысловага прадпрыемства, разумнага, прадпрымальнага, нармальнага мужыка. А дзядуля, васковы халодны лоб якога Стах цалаваў, будучы яшчэ недабітым піянэрам, у параўнанні з Марлокіным быў поўным убоствам, смярдзючым алькаголікам, які трэціраваў маці, жлукціў з ранку да вечара вадкасьць ад паценьня ног ды забаўляўся з унукам тым, што вучыў малога лаяцца па мацеры. Так што цалаваць Марлокіна, па разважаньні, апыналася значна менш брыдкай справаю. Ды што тут цяжкага? Сэкундная апэрацыя. Ніхто ж не прымушае цябе смактаць яму пальцы. Лёгка дакраніся ды йдзі далей. Дакраніся… Пальцы Марлокіна пахлі дарагім дэзадарантам, пазногці былі каротка абстрыжаныя, на запясьці ягоным таямніча гарэў цыфэрблят гадзінніку бяз стрэлак. Стах разагнуўся, намагаючыся не парушаць заведзенага тэмпу, а душа Стахава сьпявала: здолеў! Марлокін з млявай усмешкай павярнуўся да астатніх членаў адміністрацыі й нешта прашаптаў. Стах ужо адыходзіў, калі сухая рука ў блёстках пярсьцёнкаў спаймала яго руку й сунула нешта ў Стахавы пальцы. На трыбуне паблажліва запляскалі. Стах пакланіўся й з пачуцьцём добра выкананай справы саступіў месца Мурлу. Паглядзеў на падарунак генэральнага – стракаты каляндарык зь лягатыпам прадпрыемства. Схаваў на сэрцы – адзіная на пінжаку кішэнь знаходзілася менавіта там.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю