355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ] » Текст книги (страница 3)
Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 13:30

Текст книги "Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 17 страниц)

Хто з ix на каго больш уплываў у набожнаеці, ён на маці пазней ці яна на яго раней, з маленства, мне цяжка сказаць. Мама, пры ўсёй наяўнасці ў яе натуры здаровага сялянскага сэнсу i гумару, i верыла, i малілася шчыра. Ад нашага з Мішам юначага вальнадумства, калі ўжо махры ў выхаванні не памагалі, яна, старая i нямоглая, з невылечна хворай нагой, магла часамі сысці на ранішнюю малітву ў каморку, дзе, стоячы перад цьмяна-гарызантальным акенцам, шаптала ўвесь немалы набор сваіх пацераў. Не памятаю, ці гэта я неяк аднойчы падгледзеў, ці потым, у палоне, у суме разлукі ўяўляў яе перад тым акенцам, цераз якое ў спакутаваны, адухоўлены твар свяціла роднае сонца, таксама нястомнае. Затое помніцца зусім выразна, як яна тады, калі лепш хадзілася, прыйшла аднойчы з мястэчка, за чатыры вярсты з царквы і, сеўшы каля стала адпачыць, сказала:

– Вось хоць ачалавечылася. А то i жыў бы чалавек без слова божага, як якая скаціна...

Кожны з нас, а я думаю перш за ўсё пра братоў, любіў яе па-свойму. Па праву старэйшага, бо Валодзі ўжо не было, Ігнат пісаў мне, але з надзеяй на перадачу Колю i Мішу, вясной сорак пятага, калі ўсе ваенныя злыбеды закончыліся: «Дорогие братья, насколько возможно заботьтесь о маме, мы все в большом долгу перед нею. Она выносила в сердце все наши невзгоды». Гэта ўжо цяпер мне захацелася падкрэсліць, наўздагон, думаючы перш за ўсё пра нашага найстарэйшага,– колькі яна выплакала па ім, спачатку як прадчуваючы бяду, а потым i ведаючы пра яе...

Быў у адным з Ігнатавых пісьмаў i прыклад з геніяльным Пастэрам, які, калі ў яго спыталіся, як ён сумяшчае свае веды з вераваннем, адказаў: «Я многа вучыўся i веру, як брэтонскі селянін, a калі б я мог яшчэ больш вучыцца, я верыў бы, як брэтонская сялянка».

Ігнат наш верыў – амаль з маленства i да смерці ў сане протаіерэя з акадэмічнай адукацыяй, закончанай у апошнія гады жыцця завочна.

Ягоны Шура ў бяздольным маленстве ізгоя-паповіча, калі бацьку забралі, быў пераведзены маткай на яе прозвішча, бо інакш не прымалі ў школу. Мабілізаваны на другі дзень вайны «са студэнцкай лаўкі», вярнуўся ардэнаносным параненым афіцэрам. Энергетык з грунтоўнай адукацыяй i шматгадовай практыкай на ўральскіх электрастанцыях, у канцы шасцідзесятых ён пераехаў з сям'ёй i з аўдавелай маткай у Мінск, «бліжэй да радні i радзімы». Праз нейкі час яго павысілі на пасадзе i адпаведна прапанавалі ўступіць у партыю. На прыёме знайшоўся, вядома, марксіст «с вопросиком»: «А скажыце, таварыш Лейка, як вы ставіцеся да таго, што ваш бацька быў папом?» Адказ чалавека на шостым дзесятку гадоў: «Я ўсё жыццё глыбока паважаў яго, i памяць яго паважаю». Такое ж магу сказаць i я – пра бацьку i пра сына. Дарэчы, «вопросик» не перашкодзіў на прыёме, бо i кандыдат – адпаведны работнік, i час быў ужо крыху не той, хоць i «застойны».

A ў даўнасці маёй, у тым дваццаць другім годзе, калі на адэскім пероне ішло развітанне перад разлукай, калі наша сям'я трагічна распалавіньвалася ўслед за падзелам i Беларусі на дзве палавіны, калі Валодзя ніяк не мог развітацца,– Ігнат адчуваў сябе як быццам спакайней. Удваіх са сваёю Верай яны развіталіся з усімі як належыцца хораша i сталі сабе на пероне, побач. «Той плача,– успаміналамне ў вёсцы мама, прадучы,– а гэты стаіць са сваёю матушкай, i абое маўчаць». «Матушка» – гэта пра Веру, маладзенькую, вось-вось i пападдзю. Бо ён, Ігнат, быў яшчэ не ў расе.

Веру нашы бацькі любілі, я памятаю гэта па маме. Ціхая, сціплая сірата пры мачасе, дачка бацькавага саслужыўца i блізкага земляка. А з Ігнатам яны, маладыя, сябравалі, яшчэ ходзячы ў гімназіі, кожнае ў сваю. Дый жылі нашы сем'i – вокны ў вокны, цераз забрукаваны дворык, нават паверх той самы.

Яшчэ раз, i не апошні, вяртаючыся да розных дакументаў, якія Валодзеў Віктар сёлета што выпрасіў, а што спісаў для мяне ў архіве сельгасінстытута, адкуль i ён, як званіў мне, так нямала даведаўся пра свайго бацьку, я з прыемнасцю сустрэў даведку, выдадзеную Ігнату. Будучы студэнтам, ён, аказваецца, падзарабляў у садаводстве ў якасці «огородного рабочего» i, як дадаў да гэтага Шура, калі мы глядзелі з ім тыя даведкі, «насіў маёй маме ружы. Яна расказвала мне». Тады, відаць, расказвала, калі яны, маці i сын, былі з Ігнатам разлучаны.

Шура прынёс мне яшчэ адзін цікавы i патрэбны дакумент, знойдзены ў маленькім чамаданным архіве, што застаўся пасля яго набожнай мамы. Мне хочацца прывесці тое пасведчанне ў шэрых вокладачках проста поўнасцю:

«УССР. Губтрудсобес и Губкомтруд. Подотдел учета и распределения силы.

Личный учетный билет № 8292. Лейко Вера Романовна, 1901 г. р., возраст 19 лет. Педагог дошкол ьн. Белорусская труд, школа № 115. Судейский пер., 2.16.XII.1920 г.

Продлен до 9.V.1921 г.».

На Ігната такой даведкі няма, не захавалася. А ён таксама працаваў тады вечарамі ў беларускай школе, можа, i ў той самай. У пачатку сорак пятага, калі я паслаў яму свае першыя публікацыі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», ён мне пісаў, што яны з Верай чытаюць ix разам, бо «мы ведь с нею учительствовали в белорусских школах в Одессе».

Пішучы пра вучобу ў Мірскім гарадскім вучылішчы, я адзначаў, як мне прыемна было думаць, што ў адзін час з нашымі вучыўся Уладзімір Жылка... У верасні шэсцьдзесят сёмага мы, чатыры беларускія літаратары, будучы ў Маскве, паехалі ў Хімкі – наведаць старога Міхайлу Грамыку. Вучоны-геолаг, паэт i драматург, яшчэ адна ахвяра сталінскай барацьбы з беларускім «нацыяналізмам», ён быў яшчэ i вельмі змястоўны, абаяльны чалавек. Светла ўспамінаецца мне вечар, праведзены ў гасціннай сям'і гэтых маскоўскіх беларусаў, а перш за ўсё – сам белабароды, у белай доўгай кашулі, светлы душой гаспадар. Потым, прачытаўшы, што ён у пачатку двадцатых гадоў наладжваў i вёў у Адэсе беларускія школы, я сумна пашкадаваў, чаму не ведаў пра гэта ў той вечар. Тады старэнькая гаспадыня сказала, адкуль яна родам – з мястэчка Ярэмічы, што за шэсць кіламетраў ад маёй вёскі, i мы весела паўспаміналі роднае Наднямонне. Зноў жа неяк па-зямляцку шчымліва-светла думалася над Верыным даўнім адэскім пасведчаннем пра тое беларускае настаўнічанне, i шкада (ох, ці мала чаго шкада!..), што i ў Грамыкаў пра гэта не згадалася, бо не ведаў, i з братавай не сабраўся пагаварыць як след пра гэта дый пра іншае таксама...

Тая адэская моладзь, пераважна дзеці чыгуначнікаў, русіфікаваная царкоўнапрыходскімі школкамі ў вёсках, гарадскімі вучылішчамі ў мястэчках Беларусі, гімназіямі ды інстытутамі ў рускамоўным горадзе, дома чула беларускую мову бацькоў, адчувала роднасць яе такім чынам. Нашы хлопцы найбольш па маме, якая потым, у вёсцы, i мне дала вельмі нямала род нага ў пісьменніцкім станаўленні. I таму мне Ігнатава з Верай настаўнічанне бачыцца невыпадковым. Не думаю, што i ў Валодзі тое роднасці не было, х.оць ён чамусьці не настаўнічаў.

Службу свяшчэннікам Ігнат пачаў – выразна помніцца гэта змалку па зваротным адрасе яго пісьмаў адтуль – у сяле Візірка на Адэшчыне. Арыштавалі яго ў кастрычніку трыццаць першага года; Шура i дзень мне дакладна назваў – 31-га, страшны дзень ix сямейнай гісторыі. Спачатку рабілі вобыск. Хлопцу было тады восем гадоў, ён памятае, як адзін з чэкістаў нават вядро памыйнае не абмінуў – выплюхнуў яго перад ганкам: ці не схаваны там якія доказы або каштоўнасці. Ігнат яшчэ заставаўся дома. Назаўтра, калі малы прачнуўся, то ўбачыў, што бацькаў ложак —засланы. Спытаўся, дзе папа, а мама заплакала. Зрэшты, яна, відаць, яшчэ i не спынялася ціхенька плакаць.

Свяшчэнніка адправілі на. лесанарыхтоўкі, у тайгу каля Марыінска, адкуль пасля перавезлі на будаўніцтва Беламорканала.

Амаль праз сорак гадоў пасля таго будаўніцтва, падарожнічаючы па Карэліі, у драўлянай Кемі, перавалачнай перад Салаўкамі, я, наслухаўшыся расказаў пра частыя гукі начных адстрэлаў у той час, успамінаў Ігнатавы пісьмы з тых катаржных мясцін. Пісьмы – ужо без зваротнага адраса, з суровай тэлеграфнасцю тэксту, на няпоўную старонку са сшытка, адкуль тры словы адчаканіліся ў маёй памяці, нібыта назва аповесці з таго жыцця: «Одет, обут, накормлен». I подпіс: адно загалоўнае «И» з кропкай... (У лістападзе трыццаць дзевятага, мокры, халодны, галодны нявольнік, зусім нядаўні польскі салдат, я пісаў з «арбайтскаманды» маме – тымі самымі словамі пра сваё ўжо – «адзеты, абуты, накормлены». Пісьмо гэтае, на стандартным лагерным бланку, першае мае пісьмо з палону, дайшло i захавалася...) Успаміналіся ў Кемі i чатыры радкі Ігнатавага зэкаўскага верша, што трапілі ў маю памяць з яго пасляваеннага пісьма з Урала:

Малыша моего мне хотелось бы видеть портрет:

У меня, как вы знаете, ведь его нет.

Радость будет большая моя.

Ах, мой мальчик, порадуй меня!


Улетку трыццаць трэцяга года мы атрымалі ў Загоры яшчэ адно кароценькае нісьмо з подпісам И., i я са здзіўленнем убачыў на наштовым штэмпелі слова Мінск (а можа, i Менск: не запомнілася). Колькі розных здагадак i меркаванняў у нашай вясковай глухамані!.. Намнога назней стала вядома, дзе ён быў, адкуль вяртаўся. З «перековки», датэрмінова, як ударнік. Так успамінае яго сын. А я чытаў нядаўна, што, калі тое славутае будаўніцтва было трыумфальна закончана, начальства атрьшала ордэны, а кожны шосты зэк (там гэтае слова i ўзнікла) адпускаўся дахаты. Відаць, наш аказаўся шостым.

Забралі айца Ігнація ў pace, a вярнуўся ён у нейкім бушлаце, «лагерном серяке», разрэзаным на левым баку, дзе нутраная кішэня. Расказаў, што ў вагоне ён засынаў на сярэдняй паліцы, а цераз праход ляжала нейкая жанчына. Нібыта праз сон, яна махнула рукой i – ён пачуў праз дрымоту – ляпнула па левым баку яго грудзей. А потым, калі ён прачнуўся,– там было разрэзана, дакументы i сякія-такія грошы зніклі. Суседка – таксама. Праз нейкі час, ужо ў Адэсе, дзядзька Павел прынёс з вакзала яго паперы, знойдзеныя ў смеццевай урне: па прозвішчы ix аддалі старому Брылю.

Неўзабаве прыехаў з Кіеўшчыны Валодзя. Шура бачыў тую сустрэчу. Мамы, фельчаркі, дома не было. Абдымаючы брата, дзядзька Валодзя расплакаўся, але ж адразу тады i сказаў:

– Ну что, помог тебе твой Христос?

На што Ігнат адмахнуўся:

– Об этом не будем. Не будем.

Па характары ён быў стрыманы, аскетычны. У маладосці купаўся ў моры зімой, правяраў сябе доўгаю галадоўкай, строга займаўся гімнастыкай па сістэме Мюлера. Бязлітасна муштраваў па ёй Колю i Мішу, з абліваннем халоднай вадой уключна. Толькі мяне яшчэ не чапаў, па малалецтве ці па матчынай забароне. Нават i ў вёску ён нам тое «пособие» палажыў у карзіну разам з іншымі кнігамі, i мы з Мішам, вярнуўшыся з вучобы на гаспадарку, у разгары самаадукацыі нават i таго Мюлера не абмінулі, што было смешна для юнакоў, скажам, пасля накідання гною або малацьбы цапамі. A Ігнату ён, Мюлер, i галадоўкі, i маржаванне, можна думаць, i ў тайзе, i на канале прыдаліся як набытая загартоўка.

Пра стрыманасць. У сорак шостым, калі яны з Шурам прыехалі да мяне, я быў на рабоце, у рэдакцыі. Прыбег дахаты, куды было недалёка, задыханы, кінуўся вітацца i заплакаў. А брат, такі незнаемы i такі свой па расказах ды пісьмах, у той час не святар, а часова, дзесяць гадоў, выкладчык рускай літаратуры, геаграфіі i нямецкай мовы ў Троіцкім рабфаку, саракапяцігадовы, трохі вусаты мужчына ў даўгавечнай выгаралай касаваротцы,– ён павітаў мяне стрымана, словамі першымі i ў памяць маю – назаўсёды:

– Спокойно. Спокойно.

Расказваючы пра тую сустрэчу бацькі з дзядзькам, дзе быў закрануты Хрыстос, Шура мне сказаў, што бацька тады вельмі пакрыўдзіўся. Гэтую крыўду я памятаю i па Ігнатавым расказе пра сустрэчу ca старэйшым, які ў той час, можна сказаць, быў у росквіце сваёй кар'еры: i прэміі атрымліваў, i на курорты ездзіў, нават з наркомам сустракаўся. I крыўда тая, справядлівая, усё-такі ў нечым была для мяне з нейкай горкай недагаворанасцю...

Сухаром Ігнат не быў. У адзін з тых радасных дзён, над рэчкай i яго маленства, над нашай ціхай, маляўнічай Вушай мы сядзелі з ім удвух, з вудачкамі, глядзелі на паплаўкі, на родную красу, няспешна гаманілі. I вось ён пачаў спакваля падбірацца са сваім запаветным – угаворваць, каб я ахрысціў сваю Галю, якой не было яшчэ года.

Пасля «перековки» ёнбыўпаспрабаваўзноўстаць свяшчэннікам, але яго зноў, ужо ў іншай вобласці, выклікалі i строга папярэдзілі. Прыйшлося падацца за Урал, балазе там былі знаёмыя па Адэсе, надзейныя. Яны, самі ўжо там абжыўшыся, змаглі ўладзіць яго настаўнікам у ix рабфаку. Дырэктар, праўда, касавурыўся на той разрэзаны ды зашыты лагерны «серяк», аднак i выкладчыкі былі патрэбны, i рэкамендатар салідны,– новага прынялі. Настаўнічаў ён на добрым узроўні, карыстаўся пашанай студэнтаў i выкладчыкаў, аднак у душы заставаўся самім сабою. Што i ўсплыло наверх праз год пасля гасцявання ў нас. Ён па здароўі звольніўся ў рабфаку i зноў аблачыўся ў расу.

Але пакуль што мы з ім над ракой.

Мама жыла тады ў мяне, яна засталася ў Мінску, не з яе здароўем было ехаць у вёску на спадарожных грузавіках. На тэму святога хрышчэння яны з Ігнатам паспелі сам-насам пагаварыць. I вось ён прадоўжыў тэму на адпаведным узроўні:

– Не лишай ты своего ребенка благодати, которую сам получил...

Я ўжо добра асвойтаўся з ім i ў адказ, з цёплай рыбацкай лянотай, адказаў нешта так: я вельмі рад, што вы з Шурам прыехалі, што мы нарэшце ўбачыліся, i я магу табе, бадай, уступіць – ахрысціць малую...

I тут ён зусім нечакана сышоў з набожнага тону, засмяяўся свабодным мужчынскім смехам:

– Чудак! Да разве же это – для меня?

I стаў яшчэ бліжэйшым.

Аднак невыразна прыкрае ўражанне ад той яго сухаватаправеднай крыўды на Валодзю за Хрыста не толькі закранула мяне ў тыя нашы загорскія дні – я гэта ўспомніў i летась, пасля ракавога кіеўскага званка. Баюся браць грэх на душу, але быў, здаецца, i затоены працяг той праведнай ісрыўды: калі прыйшоў Валодзеў час – яму, маўляў, ніхто не дапамог, нічога не дапамагло!..

I горка думалася мне, пасля таго званка згадалася, што калі б i самому яму, Ігнату, пасля арышту,– Шура расказваў: не бітаму,– прыйшлося так пакутаваць у бясконцых, пякельна напрактыкаваных катаваннях, дык, можа, i ён сказаў бы са свайго крыжа – у душы ці ўголас:

– Божа мой! Божа мой! Чаму ты пакінуў мяне?

Як гаварыў гэта – нялёгка думаецца – i Валодзя.


ВАКОЛ ПАДТЭКСТУ

Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, «нічога не падпісаў», а потым уведаць, што адбылося не так,– гэта нялёгка...

Пасля дняпроўскага тыдня, на працягу якога столькі было вячэрняй i ранняй красы ўкраінскай прыроды, шматлюддзя сустрэчаў у некалькіх гарадах, столькі паэзіі i музыкі, Шаўчэнкавай i народнай, пасля Быкаўні i папкі з пяцізначным нумарам – я апынуўся ў родным наднёманскім кутку, у прылясной цішыні.

I кожную раніцу абуджаўся з тым самым сумам i болем...

За тым, пра што я даведаўся, прыадкрыўшы заслону паўвекавое даўнасці, адчуваўся глыбокі, цёмны, студзёны падтэкст...

Я шукаў выхаду, i ён мне ўсё з большай ды большай настойлівасцю бачыўся ў тым, што трэба зноў ехаць у Кіеў, пагартаць тую папку яшчэ раз.

Было i тое, што адцягвала ўвагу ад аднаго, рассейвала яе i неяк супакойвала,– сякія-такія дачныя клопаты, чытанне вялікай карэктуры, глядзенне па тэлевізары Першага з'езда народных дэпутатаў. Аднак жа праз некалькі дзён я ўжо званіў з Мінска ў Кіеў, следчаму, i дамовіўся пра сустрэчу. Справа была яшчэ ў яго.

Пачалося лета, курорты, канікулы, з білетамі ў паўднёвым кірунку стала туга, i самалёт быў мне ў Саюзе пісьменнікаў забяспечаны толькі на дваццатае чэрвеня. Але i гэты дзень нарэшце прыйшоў. I вось я яшчэ з аэрапорта званю ў гарадскую пракуратуру, зноў чую знаёмы голас: калі ласка, чакаю.

Праз дзве гадзіны, уладзіўшыся ў гасцініцы i дачакаўшыся канца абедзеннага перапынку, я прыйшоў да следчага і, павітаўшыся яшчэ раз, прысеў да стала, у добрым настроі i поўнай гатоўнасці. А ён, усётакі сімпатычны хлапчына, скажам па праву ўзросту, убачыўся нейкім стомленым ды маркотным. I зусім не спяшаўся даваць мне папку. На ягоным стале яе не было. I ён прыкметна змагаўся з няёмкай неабходнасцю штосьці сказаць. А потым i сказаў, з недагаворваннем ды невыразнасцю, што справу даць мне другі раз – не можа. Яна ўжо не ў яго...

Ясна стала адно – я прыляцеў дарма. I падумалася таксама, пачалася такая здагадка, што за дзве гадзіны, ад майго званка да прыходу, адбылося тое, што ён камусьці пазваніў, на ўсякі выпадак папрасіў дазволу паказаць мне яшчэ раз, i яму, таксама на ўсякі выпадак, не дазволілі.

Дзіўны характар у мяне! – успрыняў я няўдачу... раптам спакойна, як быццам нават ці не з палёгкай. A ў апраўданне самому сабе падумаў: ну што ж, нічога не зробіш, можа, нічога я там больш i не вычытаў бы, хопіць i таго, што прачытаў месяц таму назад. Цудам паказаўшыся з таго страшнага часу, папка тая махнула ліловым хвастом і, нібы залатая дзедава рыбка, нырнула ў сваю, зноў таямнічую, недасягальную глыбіню – «пучину совершенной секретности», выкінуўшы на бераг «вещдок с индивидуальным признаком» – муштук.

Яшчэ раз успомніўся компас у маім палоне: як хітра мы з сябрам схавалі яго перад вобыскам у бараку – загарнулі ў шматок бруднай газеціны i кінулі каля лагернай «лятрыны», так сказаць, адкрытай прыбіральні, даўжэзнай яміны з жэрдкамі на слупках, для доўгага, натужнага сядзення галодных нявольнікаў. Нехта яшчэ хітрэйшы прыкмеціў, як быў кінуты той шматок, падняў яго, компас узяў, a газеціну шпурнуў. Як жа абурыўся гэтым мой сябар па таямніцы, па намеры ўцякаць дахаты, як ён злаваў на мяне за... спакой! Ён той компас недзе (ужо не памятаю дзе) раздабыў, спачатку насіў таямніцу адзін, потым даверыўся мне, а я... Што ж, я цяпер, праз сорак дзевяць гадоў, зноў успомніўшы тое, падумаў, што ў мяне, чаго добрага, было i падсвядомае прадчуванне, чым закончыліся б на радзіме нашы ўцёкі, калі б яны ўдаліся. Тады, улетку саракавога. Яшчэ на двух «нямецкіх шпіёнаў» стала б i больш, а потым i менш – адразу, у Еурапатах ці, спакваля, у якім-небудзь з ГУЛАГаў. Праўда, праз два месяцы я ўсё-такі ўцякаў, з іншым сябрам, бо з тым разлучыла няволя, i праз тры тыдні нас злавілі, ужо на польскай зямлі. I яшчэ раз, відаць, трэба падзякаваць лесу, што не ўдалося стаць «інпіёнам»...

А якая ж тут аналогія з папкай? Так думаў я, ідучы з пракуратуры. I адказаў самому сабе: ды проста тая, што ўжо не будзе больш так балюча рупіць, абы прачнуўся, што не прачытаў братаву справу з як найбольшай увагай, што павінен быў убачыць у ёй значна больш, чым убачыў. Хопіць, відаць, i таго, што ведаю, каб надежна сказаць сваё, напісаць патрэбнае. Нават канцоўка сама па сабе атрымалася. Тое, што называецца крывавай сталіншчынай, не канчаецца – ёсць яшчэ сілы, якім не патрэбна поўная ліквідацыя белых, чорных, чырвоных плямаў нашай жахлівай гісторыі, што не так легка сілы тыя пойдуць на ператварэнне ўсіх лубянак у музеі ці кнігасховішчы, як прапанаваў на з'ездзе адзін з народных дэпутатаў, не дадуцца яны, тыя сілы, i пад народны кантроль, як патрабаваў другі дэпутат. Хутчэй паставяць помнікі ў раскрытых Курапатах ды Быкаўнях, чым пойдуць на раскрыццё іншых захаванняў памардаваных, на рассакрэчанне цяжкаўяўнай безлічы спраў – у папках i без ix...

Калі пра безліч, дык вось i прыклад: з адной Белай Царквы, з аднаго «куста раёнаў» – 17 643. А на Валодзю нашым i не пачалося, i не закончылася...

Канец майго сумнага дня прайшоў у беспаспяховых намаганнях дастаць на заўтра білет на самалёт або цягнік; пад вечар прыйшлося-такі звярнуцца ў Саюз пісьменнікаў.

A ўранні трэба было пазнаёміцца з тым Палацам культуры, дзе раней рыхтаваліся трупы для Быкаўні.

...Мой Кіеў.

Першае ўражанне – у тым усё, не раз успомненым дваццаць другім – доўгі мост на шырокім Дняпры, які мы пераязджаем, высокі бераг, густая зеляніна дрэў, золата купалоў з іскрыстымі крыжамі. Праз шэсцьдзесят сем гадоў бачу, як ён асцярожна сунецца па тым мосце, наш бруднаватабелы таварны вагон... I я ўдзячны таму, хто тады разбудзіў мяне зарана, каб я панёс на ўсё жыццё ўспамін пра першае бачанне такой красы. А разбудзіў хутчэй за ўсё бацька. Маці пашкадавала б у сваёй больш практычнай любасці да найменшага, а бацька не мог не паказаць таго, чым сам неаднойчы любаваўся з правадніцкага акна. Так мне хочацца думаць. Бо так зрабіў бы i я, дый рабіў падобнае з дзецьмі, а цяпер з унукамі.

Пасля, у глухой заходніцкай вёсцы, Кіеў быў для мяне на каляровай паштоўцы, забытай некім у адной з нашых адэскіх кніжак. На ёй былі i Дняпро, i зеляніна на кручы, i залатыя купалы. На для кагосьці звычайнай, паднішчанай паштоўцы, з якое дзіцячае сэрца так многа бачыла. Гэта – пакуль навучыўся чытаць. Бо тады ён, мой Кіеў, пачаў адкрывацца ў кнігах, скажам – у Гогаля, з апісання Падола ў «Віі», а далей i ў многіх іншых.

Першы ў жыцці, дзіцячы прыезд у Кіеў адбыўся ў раннюю рань канца мая. Другою майскай ранню, i таксама з поўдня, летась я набліжаўся да любага горада па Дняпры. Пад салаўіны бой на абодвух церпка-зялёных, крыху прымглёных берагах, абапал шырокай, спакойнай вады. Пад гутарку з другім старым дзіваком, якому таксама не спіцца,– з кітайскім паэтам, перакладчыкам Кабзара. Таварыш i ў нас, у Мінску, бываў. У гутарцы на сыраватачысценькай, яшчэ пустой палубе, пад песні салаўёў, мы ўспомнілі, між іншым, i пра яшчэ аднаго салаўя – несмяротную дацкую казку з прастадушна чароўным пачаткам, які мы на мове Талстога, якога таксама згадвалі, працытавалі, дапамагаючы адзін аднаму, амаль з дзіцячай прыемнасцю: «Ты, верно, знаешь, что в Китае все жители китайцы и сам император китаец». Без лішніх ды гучных слоў адчуваліся намі i мудрасць, i краса чалавечых, братніх адносін, да якіх яшчэ так далека...

A ў душы ў кожнага з нас было, вядома, i штосьці толькі сваё. Што ў яго – я магу вельмі прыблізна меркаваць. A ў мяне быў глыбінна прыглушаны боль, прадчуванне ўжо недалёкай сустрэчы з братняй трагедыяй...

Побач са словам Быкаўня, з якім я нядаўна зблізіўся, стаялі яшчэ тры словы: Жовтневий палац культуры. За першым бачылася невымерная магіла, за другімі – патайное месца забойстваў...

Палац гэты я ўбачыў спачатку толькі збоку, праездам. Першы раз едучы ўранні з гасцініцы ў пракуратуру, папрасіў таксіста паказаць мне яго, паехаць тою дарогай. I неўзабаве здзівіўся, што гэты будынак з выгляду я ведаю, што ён – цераз вуліцу ад высотнай гасцініцы на гары, дзе я некалькі разоў спыняўся. I ў падарожжы з найбліжэйшымі, вяртаючыся з чароўнага Закарпацця, i ў камандзіроўцы, калі мы прыехалі ў Кіеў удвух з маладым, ці не найбольш сімпатычным мне нашым пісьменнікам, а тут i з даўнімі сябрамі сустрэліся, i новых набылі...

А наведаць Палац культуры ў маі мне не ўдалося, не хапіла часу.

Цяпер, уладжаны якраз у той, даўно знаёмай гасцініцы, я з найранейшага ранку быў гатовы да сустрэчы з палацам, перад вайной – галоўным падзямеллем братняй Украіны. Гатовы i толькі стрымліваўся, каб не прыйсці зарана, калі там яшчэ не будзе яго цяперашніх гаспадароў. А ледзь прычакаўшы пачатку рабочага дня – пайшоў.

У даведніку «Кшв» пра «Жовтневий палац культури» напісана, што ў дваццатых – трыццатых гадах XX стагоддзя ў ім «розмищувалися різні державни установи». I як даніна сучаснасці (год выдання даведніка – 1981) адзначана, што двойчы там выступаў Леанід Ільіч Брэжнеў, уручаючы гораду i рэспубліцы ўзнагароды.

У іншай украінскай кнізе я прачытаў, што гэты колішні «Институт благородных девиц», збудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя, пераабсталяваны быў пад сядзібу Народнага камісарыята ўнутраных спраў УССР пасля таго, як у чэрвені 1934-га ў Кіеў з Харкава перанеслі сталіцу рэспублікі. У гэтым гмаху размясціліся i работнікі наркамата, i тыя, з кім яны «працавалі». У турме гэтай было ціха, як у магіле. Наглядчыкі хадзілі перад камерамі ў валёнках па дыванах, вязняў на допыты выклікалі шэптам.

Падобнае, пра цішыню, чытаў я летась i яшчэ ў адной кнізе, рускай, у дачыненні да самых першых насельнікаў палаца «благородных девиц», якія тут «ходили бесшумно, как того требовал устав заведения».

Трэба думаць, што гэтай даўняй традыцыі прытрымліваліся i «тройкі» з усім дапаможным персаналам інстытута ўсясільных катаў, i гукі расстрэлаў не парушалі рабочай цішыні паверхаў – схаваныя глыбока, за тоўстымі сценамі.

Дзень абяцаў стаць зноў спякотным, але раніца была яшчэ толькі прыемна светлая, молада свежая пасля начной астыласці. Лістота дрэў i травы на адкосе ад вуліцы гусцела сакавітасцю. Урачыста яснелі кветкі. Чысценька ўсюды, злёгку росна. Перачырыкваліся вераб'і. Стары дворнік на ўзбочнай ад вуліцы алеі ішоў сабе па нядаўна палітым асфальце. Мы павіталіся, пастаялі, ён паказаў мне, дзе, за вуглом, цэнтральны ўваход.

Даўні, класічны колер сцен – светла-жоўты. Белыя калоны, белая аблямоўка акон i дзвярэй. Тры паверхі i цокаль, пад якім падзямелле, куды мне трэба заглянуць.

Пажылы вахцёр, калі я пачаў гаварыць яму, што мне трэба, сказаў, што ён тут працуе даўно, але нічога такога не ведае. Аднак начальніку свайму, па маёй просьбе, пазваніў. Неўзабаве да нас спусціўся малады ветлы мужчына і, выслухаўшы мяне, павёў у падзямелле.

Бясконцы лабірынт. Былыя камеры. I сцішна, як пад пірамідай. Хоць я пад пірамідамі i не бываў – проста такое адчуванне чагосьці аграмаднага, цяжэннага над табою... Як быццам усе тыя асобатроечныя фараоны яшчэ ўсё сядзяць наверсе, яшчэ ўсё «судзяць», ціснуць зверху ўсім сваім злавесным цяжарам... Там, дзе былі камеры, карцэры, бойні,– цяпер то нейкія майстэрні, дзе відаць адзін-два чалавекі, а то ўсё дзверы, дзверы, ці так зачыненыя, ці пад навясным замком. Дзе ж тут стралялі? Ад куль на паверхах, з дыванамі i валенкам!, не чуваць было наганных туканняў?.. Ветлы таварыш не ведае. Ідзём, ідзём... I вось ужо выхад – на задні двор.

Тут мой прыязны чычэронэ ўбачыў каля грузавіка старога без шапкі, з мноствам ордэнска-медальных планак, павітаўся з ім i папрасіў падысці.

Пазнаёміў нас. Чалавеку гэтаму, як аказалася, ужо за восемдзесят, сёе-тое ведае i раскажа.

I расказаў, што прыблізна, па чутках, а што i дакладней, вядомае яму. Вазьму з дакладнага.

У вайну гмах быў разбураны бомбамі. Аднаўляць яго сабраліся толькі ў пачатку пяцідзесятых гадоў. Прыбіраючы, вымятаючы ацалелае падзямелле, вёдрамі выносілі кулі. Была тут у той час i механізацыя, транспарцёр для падачы трупаў на грузавікі. Начамі...

Так я выйшаў адтуль – з тою транспартнай стужкай, на якой мне бачыўся i Валодзя, з тымі кулям!, відаць, у большасці расплясканымі аб бетон, кожная з якіх 9 грамаў, стандартных, як i 100 грамаў, агульнанародных, i адна з ix– ягоная, наша.


ПРАЦЯГ

Калі мы развітваліся са следчым, ён нараіў мне пра муштук напісаць у пракуратуру рэспублікі. Даў адрас i прозвішча.

«На гэтым будзе i ўсё»,– падумалася, запісаўшы.

З пракуратуры той мне адказалі тыдні праз два, а паехаць па «вещдок» я сабраўся ажно праз тры месяцы.

...У чорным канверце ад фотапаперы ў тумбе майго пісьмовага стала вось ужо хутка чвэртку стагоддзя ляжыць страшны здымак. Канверт гэты не адзін, у іншых таксама здымкі, у розны час атрыманыя ад сяброў-фатографаў. Але ж як толькі я, для чаго-небудзь перабіраючы фота, выпадкова ды памылкова загляну i ў той канверт – заўсёды міжволі ахну!.. Там – наш, мой Miшa на белым, пад белым, пакуль прывязуць труну...

Здаецца, першая смерць, што так глыбока мяне ўразіла, нават у параўнанні са смерцю бацькоў, Бацькаву смерць я, шасцігодак, усвядоміў не адразу. Маці памерла ў такім узросце, калі мы, пачуўшы ад знаёмага пра смерць каторага з яго бацькоў, міжволі пытаемся, a колькі ёй ці яму гадоў. Пачуўшы, што i нямала, гаворым, каб перакрыць няёмкасць: «Усё роўна шкада». A Міша памёр так нечакана, так без пары, так адчувальна нагадаўшы мне, што вось i гавары, i спадзявайся, плануй, а яна толькі пстрыкне, як з-за вугла, i ўсё – назаўсёды, беспаваротна...

Пра здымак той я ўспомніў, думаючы, як жа сустрэнуся з муштуком. Стары ўжо, здаецца, i з вопытам, a наіўна падумаў, што яго аддадуць мне ўсё-такі неяк больш-менш урачыста...

Праўда, таварыш, які адказаў мне замест таго, каму я пісаў, сустрэў мяне ветліва, нават здзівіўся, што я прыехаў, бо можна ж было i выслаць мне муштук. Як быццам не сам ён, пракурор i кіраўнік адпаведнай трупы, пісаў мне, што «мундштук будет вручен Вам в удобное для Вас время», i нумар свайго кабінета паведаміў. Я сядзеў, ён шукаў, адамкнуўшы адзін з двух сейфаў каля сцяны. Шукаў марудна, шалпочучы раскалмачанымі папяровымі скруткамі, перабіраючы, абшукваючы ix адзін за адным, некаторыя развязваючы, тады завязваючы, усё гэта няспешна, заклапочана, i толькі ў самым апошнім скрутку знайшоў патрэбнае. Падаў мне, а я... без хвалявання ўзяў яго, амаль зусім спакойна. Распіску напісаў пад дыктоўку, нібы атрымаўшы на складзе нейкую запасную частку.

I таксама спакойна спытаўся, ці можна мне паглядзець у ix братаву справу.

А яна, аказалася, была ўжо не тут, а там, адкуль бралася для следства. Я ўжо ведаў, што іменна гэты таварыш, з кім гавару, не дазволіў у чэрвені даць мне папку яшчэ раз. I я не паверыў яму, што справа не ў ix,– падумаў, што ён адводзіць убок. Але таварыш параіў мне самому зайсці ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі i папрасіць. Назваў адрас, растлумачыў, як даехаць. I я, у тым самым – дзелавым, ці што,– спакоі вырашыў сваё «ісці да сэрца напрасткі» прымяніць яшчэ раз.

Там, пакуль што ў прыёмнай, элегантны прапаршчык прапанаваў мне пасядзець. Намеснік старшыні камітэта якраз заняты іншым наведвальнікам. Мінут праз дзесяць мой папярэднік выйшаў, i я быў запрошаны ў кабінет. Яшчэ ўсё спакойна вылажыў сваю просьбу. Малады чалавек выслухаў мяне, сказаў, што іменна сёння вырашыць гэта нельга. «Гэтаж не проста спусціцца ўніз ды папку тую ўзяць – архіў наш не тут, гэта справа некалькіх дзён». А ў мяне зваротны білет, цягнік праз тры гадзіны. Таварышу намесніку, вядома, трэба i параіцца. А мне, старому, з хворымі нагамі, не так ужо i зручна паехаць-прыехаць... I тут ён параіў зрабіць прасцей: напісаць ім з дому, на імя старшыні камітэта (назваў імя, па бацьку, прозвішча), i папку мне, «у парадку выключэння», вышлюць для прачытання ў ваш, беларускі, Камітэт дзяржбяспекі.

Вунь на якім узроўні пайшло! Ажно, вядома ж, не верыцца...

Дома, адаспаўшыся пасля дзвюх начэй «пункцірнага» ад грукату колаў недасыпання, я павагаўся трохі, a ўсё ж такі напісаў у тую найвышэйшую інстанцыю – хай ужо будзе, што будзе. Адаслаў пісьмо ў панядзелак, a ў пятніцу пад вечар – чаго не бывае ў наш час! – сам старшыня камітэта пазваніў мне з Кіева, што папка будзе днямі выслана. Пра «выключэнне» i намёку не было. Яшчэ больш – на развітанне ён ажно расчуліў мяне, пажадаўшы добрага здароўя... «от вашего читателя».


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю