Текст книги "Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 17 страниц)
I ў нас, трох партызанаў i, здаецца, не з надта палахлівых літаратараў, – таксама. I ці страх гэта, толькі звычайны, жывёльны страх за самога сябе, ці гэта i «мудра-тактычная» асцярожнасць, заклапочанасць поспехам, лесам справы, якую ты робіш i хочаш зрабіць? Кнігу сваю мы хацелі зрабіць, мы ўжо былі апантаныя ёю, ужо сабралі палавіну патрэбнага матэрыялу, працавалі ў чацвёртай з шасці абласцей рэспублікі i не былі абыякавыя да лёсу будучай кнігі, якую лічылі патрэбнай.
Куды было з тым незвычайным запісам падзецца? Не толькі не надрукуеш яго, але i здымаць са стужкі, перапісваць з пазычанага ў радыёкамітэце рэпарцёрскага магнітафона на вялікія бабіны, для захавання, дыктаваць машыністцы для публікацыі – усё на людзях, усё небяспечна...
У прадмове да адной ca сваіх кніг, выдадзенай у рускім перакладзе для дзяцей, умудроны лагернымі пакутамі Астап Вішня з затоенай усмешкай расказвае, як ён у маленстве, на самым пачатку стагоддзя, служыў у нейкай барыні казачком. Калі яго так крыўдзілі, ён зашываўся ў яганебу дзь куток, плакаў i помсліва шаптаў:
– Вось пачакайце, прыйдзе Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная Рэвалюцыя – я вам тады пакажу!..
Гэта мне ўспомнілася, легка ўявіўшы голас сучасніка, вядома ж, звонка ды горача маладога:
– Вам захаваць той запіс трэба было, а не апраўдвацца цяпер!..
Што ж, можна па модзе i пакаяцца. У тым, што пра сённяшні час дэмакратыі ды галоснасці мы тады не падумалі, жывучы ў часе іншым.
Мы i тады былі пад пільным вокам, працавалі над кнігай ледзь не падпольна. Самі куплялі плёнку ў радыёкамітэце, з дазволу святлейшых адказных таварышаў, прычым менш светлыя, з ix гаспадарчых намеснікаў, старанна падсоўвалі нам плёнку горшую, не новую. Самі мы выпрацоўвалі маршруты, папярэдне дамаўляліся з мясцовымі ўладамі, зноў жа залежачы ад чалавечага ўзроўню паасобных кіраўнікоў, адны з якіх дапамагалі, другія недаўмявалі i не спяшаліся зразумець, навошта гэта патрэбна, a іншыя проста ігнаравалі такую пісьменніцкую цяганіну. У радыёкамітэце перапісаная для захавання плёнка значылася не за намі, не за мяркуемай кнігай, а за адным з супрацоўнікаў літаратурнай рэдакцыі. Наперадзе чакалі нас цяжкасці з друкаваннем. Службовыя асобы, якім было звычна дый дзеля кар'ернай надзейнасці выгадна перашкаджаць нам, рабілі гэта i тайна i яўна, не чакаючы дабра ад літаратараў не надта пэўных i наогул, i з усёй гэтай іхняй «жертвенностью» i «абстрактным гуманизмом». Чыноўнікам ахвотна памагалі некаторыя нашы «таварышы па пяру», стандартный патрыёты.
Забягаючы наперад ад таго размагнічвання плёнкі, можна сказаць, што такі недавер, непадтрымка, патайныя i адкрытыя перашкоды ажывіліся на розных узроўнях i ў Мінску i ў Маскве, калі мы пачалі публікаваць сваю працу спачатку ў часопісах, а потым кнігамі, у арыгінале i ў перакладзе на рускую мову.
Праўда, былі i такія, хто памагаў нам, асабліва ў канцы работы, што успамінаецца з удзячнасцю.
А тады, калі мы ў гасцініды сціралі запіс расказу старое настаўніцы, у нас быў ужо пэўны вопыт цяжкасцей i небяспек, было i прадчуванне яшчэ большых, была асцярожнасць i – перш за ўсё – страх за кнігу...
Цяпер такое, можа, i пайшло б у друк, з судовай справай у перспектыве (партрэты герояў могуць i абурацца!..), аднак яго як дакумента няма – таго запісу пра яшчэ адну з «вогненных вёсак».
«Адным вокам...»
Такое бачанне ў нашай кнізе, пры ўсёй добрасумленнасці яе збірання i падрыхтоўкі, ёсць. Мне яно бачыцца i ў тым яшчэ, што мы, сааўтары, «каб больш надзейна, пэўна прайшло», сям-там прыціралі ў людскіх расказах тое, што гаварылася i пра характар партызанскай барацьбы, i пра хітрасці ворага.
– Немец ходзіць па вуліцы, сігарэтку пакурвае, a забіваюць свае, паліцаі, народнікі...
Такое чулася даволі часта i ўсюды, дзе мы пабывалі. Заграбанне жару чужымі рукамі, спрадвечнае «падзяляй i валодай», сляпое ўзаемнае знішчэнне нашымі людзьмі аднымі адных дзеля чужое мэты – у гэтым i хітрасць фашыстаў, i наша бяда. I такое ў сваёй кнізе нам трэба было самім «рэдагаваць», сугучна з умовамі часу...
А пра характар партызанскай вайны, якая ў многім была вайной грамадзянскай, – з усёй палітычнай, класавай, сваяцкай i проста варварскай складанасцю, – пра гэта наогул маўчалася.
Як i маўчыцца дагэтуль...
* * *
Праз год пасля таго, як гэта было напісана («у стол»), мне пазваніў, прыехаўшы з Масквы, Алесь Адамовіч, – спытаўся, ці памятаю я прозвішча той настаўніцы з Віцебшчыны i таго камандзіра атрада, які расправіўся са сваімі. Думаў Алесь Міхайлавіч не толькі пра маю памятлівасць: у нашых колішніх падарожжах абавязкі былі падзелены так: ён, Адамовіч, з магнітафонам, Уладзімір Калеснік з фотаапаратам, a ў мяне блакнот.
Я сказаў, што не памятаю, бо i сапраўды не памятаў, таксама як i раней, улетку 1988-га, калі пісаў у вёсцы гэты ўспамін.
Ды тут ужо мне пачало, як гаворыцца, i муляць. Не мог не думаць пра тое, пачаў шукаць хоць які-небудзь запіс. За некалькі дзесяцігоддзяў блакнотаў сабралася шмат, i я яшчэ раз удзячна ўсцешыўся, што не знішчаю ix пасля выкарыстання запісаў.
У блакноце за чэрвень 1972 года па-чарнавому, па-дарожнаму, як разабрацца толькі самому, значыцца, што расказвала нам пра той жах настаўніца Вера Пятроўна Слабада, якой было 74 гады, у вёсцы Дубровы каля Асвеі. Пра камандзіраў яна, аказваецца, гаварыла двух: у мяне запісаны Калайджан i Блінаў. «Адзін зазлаваў, i другі зазлаваў», – такая ca слоў жанчыны паметка, якую шырэй ажывіць у памяці не магу.
У кнізе «Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (Мінск, «Беларусь», 1983 ) прозвішчы абодвух камандзіраў значацца.
Калайджан Ваграм Пагосавіч са жніўня 1942 года да жніўня 1943-га быў камандзірам атрада імя Фрунзе, заснаванага ў Асвейскім раёне «з удзельнікаў падпольных арганізацыяў – партыйна-камсамольскай у г. п. Асвея i камсамолькай у в. Прошкі».
Складаней з другім камандзірам, якога згадвае настаўніца. Блінавых у названым даведніку тры. Найбліжэй да месца расправы – Блінаў Дзмітрый Кузьміч, які камандаваў атрадам імя Кутузава, арганізаваным з жыхароў Полацкага раёна. Да студзеня 1943-га атрад называўся 6-м атрадам 2-й Беларускай брыгады імя Панамарэнкі. 4 сакавіка 1943 года ён выйшаў у савецкі тыл i быў расфарміраваны.
У маім блакноце, апроч старое настаўніцы, запісаны яшчэ два чалавекі. З тых адзіных, што ацалелі ад расправы. З адным, Цімафеем Змітравічам Анісімавым, 73 гады, мы гаварылі раней, чым з настаўніцай, ад расказу яго ў мяне – толькі сказ: «Хто тут застаўся, таго няма, хто не паехаў у лес, як загадалі тыя партызаны». Другое прозвішча дала нам Вера Пятроўна – Рыгор Васільевіч, Шчасны. I тут ужо сказ, пачуты ад настаўніцы: «У себежскай турме дзеці самі сабе з голаду ручкі пааб'ядалі...» А^Шчаснага ў вёсцы мы не засталі.
Калі для пошукаў, для даследавання, дык вось i ўсё. Больш было ў размагнічанай стужцы...
З тым Чырліным, што «хацеў закалоць» Вольгу Мініч, справа прасцейшая. I па часе, i па месцы дзеяння ўсё супадае. І Чырлін Эдзіт Янкелевіч у лютым – верасні 1942 года камандаваў атрадам «Чырвоны Кастрычнік» на Рудабельшчыне. Прасцей справа выглядае тут i таму яшчэ, што! Чырлін, – як ні страшна было Вользе Мініч, калі яна сустрэлася з ім на сваім пакутніцкім шляху другі раз, i як ні крыўдна, калі ўспамінала тую сустрэчу праз дваццаць дзевяць гадоў, – Чырлін усё-такі не забіў яе, a даў двух праважатых, каб завезлі ў больш бяспечнае месца. Тут ужо двайная скідка: на вельмі крутую сітуацыю, у якой быў атрад, i шырэй – на той час, калі пра шпіёнаў, шпіёнства думалася перш за ўсё... Ba ўсякім выпадку справа з ім, Чырліным, непадсудная юрыдычна.
А што цяпер думаць пра тых двух, Калайджана i Блінава, пра тую ажио неверагодна вар'яцкую акцыю?
Запісанага ў блакноце – вельмі мала. Сведкаў тых хутчэй за ўсё ўжо няма: адной, калі б яшчэ жыла, 92, другому, з кім мы гаварылі, на год менш. Дзе шукаць трэцяга, якога мы не бачылі i не ўведалі, куды стары падзеўся? Дзе тыя камандзіры, ці жывуць яшчэ?..
Словам – i цяжка брацца за гэта, і, шчыра кажучы, чамусьці зусім не хочацца. I не таму, што лянуюся ці баюся...
Аднак я пачаў.
У архіве Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, калі я назваў перш за ўсё прозвішча Калайджана, прыязна-руплівая супрацоўніца сказала, што гэтым чалавекам год ці паўтара таму назад «ізноў цікавіліся». У картатэцы на яго анкеце значыцца: «Адмоўная даведка тав. Захарава». У асабістым архіве камандзіра Асвейскай брыгады імя I Фрунзе Героя Савецкага Саюза Івана Кузьміча Захарава, які памёр ужо даўнавата, сярод іншых матэрыялаў захоўваецца напісаная ім уласнаручна, на двух лістах паперы даведка, адрасаваная кудысьці вышэй музея...
Улетку 1942 года, піша камбрыг Захараў, у ix не хапала вопытных камандзіраў, i з-за лініі фронту, «ад Беларускага штаба партызанскага руху», некалькі ix у пачатку жніўня прыслалі. У тым ліку – старшага лейтэнанта Ваграма Пагосавіча Калайджана. Спачатку ён спраўляўся добра,нават да ўзнагароды быў прадстаўлены, а пасля (тут цытую даслоўна):
«Разведкой при помощи партизан были вскрыты крупные недостатки, из которых самым страшным в наших условиях были необузданное самолюбие и властолюбие... Самолично давал распоряжения о расстрелах».
Так па яго загадзе ў адным з баёў хтосьці не названы ў даведцы «пристрочил» начальніка штаба атрада, нібы «за трусость», потым быў расстраляны начальнік паліцыі, які перайшоў да партызанаў i прасіў адправіць яго на Вялікую зямлю. «Имело место и других фактов», піша таварыш Захараў. I выходзіць на наша асноўнае: «Во время карательной фашистской экспедиции в марте 1943 года, скрывающих(ся) 9 семей с маленькими ребятишками из дер. Дубровы в лесу, под видом полицейских, также по его приказу были расстреляны. (Как потом выяснилось, никакие они не полицейские, местные жители.)»
Паколькі Калайджан быў прысланы Беларускім штабам партызанскага руху – туды яго адаслалі ўвосень 1943 года, разам з матэрыяламі пра яго «недостатки».
«Также мне потом не было известно, – ni mą камбрыг, – какое решение в , Штабе МДБ было принято. (Только слухом пользовался, что он к штрафникам был отправлен.) После войны одно письмо его из гор. Казани в/ч 33881 «М» получено, в котором об этом ничего не писал, а только обижался и спрашивал награждения».
Даведка I. К. Захарава напісана была 3 мая 1971 года.
Такім чынам, наш магнітафонны запіс, зроблены ў вёсцы Дубровы 7 чэрвеня 1972 года, не быў бы першаадкрыццём – злачынствам Калайджана, калі меркаваць па камбрыгавай даведцы, заняліся значна раней. Ці знайшлі яго, ці судзілі, ці жывы ён яшчэ, ці памёр – ні ў Музеі гісторыі BAB, ні ў Інстытуце гісторыі КПБ нічога не вядома. У семдзесят другім годзе мы бачылі ў Віцебскім музеі партрэт гэтага «ўладалюбца», а ў 1976-м ён быў па загадзе з Мінска зняты.
Яшчэ менш можна сказаць пра Блінава. Камбрыг Захараў у сваёй даведцы не называв яго, у музейным архіве ён наогул не значыцца. Можна меркаваць, што Блінаў Д. К., атрад якога 4 сакавіка 1943 года, як напісана ў кнізе «Партизанские формирования Беларуссии...», выйшаў у савецкі тыл i быў расфарміраваны, да злачынства ў Дубровах адносін не мае. Там, дзе, як гаварыла настаўніца: «...і адзін зазлаваў, i другі зазлаваў», мог быць i нейкі іншы Блінаў...
Такому «юрысту», як я, больш нічога даведацца не ўдалося.
Застаецца адно.
Недзе ж там, на маляўніча-азёрнай Асвейшчыне або i недзе далей ці бліжэй, куды каго доля занесла, хтосьці з таго мясцовага атрада, якім камандаваў злавесны старшы лейтэнант, хтосьці дый, можа, не адзін – яшчэ жыве, маўчыць пра тое выкананне загаду, глушыць гарай жахлівы ўспамін або вар'яцее пры яго новым ды новым прыступе.
1988-1990
ВОПЫТ
У акупацыю сялянам было нялёгка: днём бралі адны, ноччу другія, i людзі дабро хавалі, а яшчэ больш надзейна – закопвалі.
У нас з братам у гэтым быў добры памочнік, можна сказаць – вопытны кіраўнік. «Васточнік» Фёдар, варонежскі аднаасобнік, які за тое, што не спраўляўся з аблажэннямі, перад самай вайной адбываў пакаранне на будаўніцтве аэрадрома каля Шчучына i ў трагічныя дні адступлення застаўся ў нас, як i іншыя ў Загоры, у якасці байца. Так называлі ўсіх акружэнцаў, i камандзіраў, i радавых, i невайсковых, каму пашандавала не трапіць за лагерны дрот, бо немцы ix распусцілі па вёсках.
Ix было многа, у некаторых хатах нават па двух. Не з патрэбы, а з літасці: куды ж падзецца сваім людзям?.. Калі я прыйшоў з палону, у нашай старой невялікай хаце было аж дзесяць чалавек сям'і: маці, два жанатыя браты, трое малых i два аброслыя акружэнцы. Потым адзін з ix адышоў у суседнюю вёсачку Качаны, a другі застаўся ў нас.
Сяргей, які адышоў, быў ca сваім аднаасобніцтвам такі нецярплівы, што, спрачаючыся з братам Мішам на тэмы калектыўнасці, ніякіх жартаў не разумеў – у нашай хаце, на нашым хлебе ён крычаў так зацята, што i пальцы наставіць, як двухзубыя вілкі, i ўтаропіцца, i прашыпіць заслінена:
«Глаза бы тебе, активисту такому, повыдрать!..»
Фёдар быў спакайнейшы, хоць i цвёрды ў іхнім аднаасобніцтве. Сорак гадоў, а пры вусатым Сяргею i бараду яшчэ запусціў, дзедам лічыўся. I дома «истово» хрысціўся на маміну заіконеную покуць, i ў царкву ў мястэчка хадзіў. У працы быў ён нетаропка цягавіты, у ядзе – таксама. На будаўніцтве таго аэрадрома, расказваў, «з Сяргеем варылі вядро кашы на двух», i здзіўляўся, чаго я тут смяюся. А да чаркі ў яго было проста набожнае стаўленне. Прадчуваючы чарговы прыступ сваёй варонежскай малярыі, ён выпіваў, перахрысціўшыся, шклянку моцнага самагону, прыкусваў i, цёпла накрыўшыся, пажадана доўгім кажухом, прафілактычна лажыўся. «От нея меня всегда вино лечила», удзячна гаварыў пасля, слова «лечила» даючы ў жаночым родзе. Замест Ванька ён гаварыў мне «Ваньке», з націскам на апошнім складзе, таксама «шапочке», «коровенке»... Я любіў з ім пагаварыць. Вясной сорак другога Міша аддзяліўся, пабудавалі мы яго ў суседняй, найбліжэйшай вёсцы Маласельцы, па ўскраіне якое праходзіў наш нявузкі шнур поля; Мікалай – жанаты ды дзіцяты гаспадар; на рабоце мы з Фёдарам, два бессямейныя, часта бывалі сам-насам. Вясёлы, дасціпны быў барадач. Гэта ад яго я запісаў, што ў ix мужыкі хадзілі ў царкву з аброцямі: «Авось лошадке попадется, хорошо подьехать». Гэта ў яго я спытаўся, як ён жаніўся, па любові ці з разліку. «Нет, по соседству», – адказаў ён дзелавіта. Мне было i дваццаць пяць, i дваццаць шэсць, i ён часамі пасмейваўся з маёй нежанатасці, пацяшаў: «Ничего, Ваньке, кончится война, и мы тебе такую, брат, подберем – с двумя сиськами!..» Час быў страшны, а мы гаварылі пра ўсё з даверам, i пісаў я сваё, не хаваючыся ад яго. Словам – свой чалавек у хаце.
Тым нашым закопваннем ён кіраваў, прывычна шэпчучы ў цемры, што i як рабіць, сам рабіў хутка ды спраўна, даўно ведаючы, чаго спяшаецца. I прыкметна дый адкрыта ганарыўся сваім антыкалгасным вопытам, які прыдаўся i тут.
У партызаны Фёдар пайшоў разам з намі. Там быў таксама «дзедам», пры конях. A ў жніўні сорак чацвёртага, узброены сабраным нашай мамай «сідарам», падаўся з загорцамі ў армію, а там, відаць, абезбароджаны – на фронт. Адтуль нрыслаў мне толькі адзін трохкутнічак, з густа-чорнымі палоскамі купюраў, праз якія высвецілася слова «автоматчики». Жонцы ягонай адрас ён даў, калі мы развітваліся, – я напісаў, але адказу не дачакаўся...
У акупацыю былі таксама наш парты, «аўсвайсы», з абавязковым фотаздымкам. Адзін такі лішні здымачак ён мне падараваў. Памяць пра шчырага i сумленнага русака.
1987
ВЫБУХ
Пасля XXII з'езда ў нашым пісьменніцкім клубе выступаў лектар ЦК КПСС. Гаварыў ён па пісаным, a ўжо адказваючы на пытанні разгаманіўся шчырэй.,Што запомнілася: тры сталінскія забойствы – Кіраў, Горкі, Крупская, i «тое, што мы цяпер гаворым пра яго, – дзесяць працэнтаў з таго, што ведае центральны камітэт»...
Гэта было першае i апошняе выступление таго лектара ў Мінсісу – яго папрасілі вярнуцда ў Маскву.
Да нас прыйшоў таварыш X., дэлегат з'езда, сакратар ЦК па прапагандзе. З яго роўненькага, адаптаванага выступления запомніўся толькі адказ на пытанне: а што будзе з тымі, па чыіх даносах садзілі, ссылалі, расстрэльвалі?
«Таварышы,– сказаў ён,– не трэба пометы, не трэба болей лішняй крыві».
На гэта «выбухнулі» апладысмеяты, кароткія, міжвольныя, неасцярожныя, сіламі, не больш сямівасьмі чалавек. Дваіх я заўважыў, але ж няма належнай упэўненасці, каб ix тут называць.
Саюзу пісьменнікаў быў дадзены гонар першаму патрабаваць зняць помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы. Быў мітынг, былі выступленні, з крыкунамі на ўсіх паваротах,
А ноччу мяне разбудзіў недалёкі выбух. Момант – гістарычны. Я ўстаў, адзеўся i выйшаў, паглядзець. Дарма. Плошча была шчыльна ачэплена вайскоўцамі, ніякія просьбы не памаглі.
Уранні жонка пайшла ў магазін, Пошукі хлеба завялі яе на далёкую вуліцу па-за межамі ачаплення. Вярнуўшыся, яна расказала, як на той вуліцы з Цэнтральнай плошчы, на якой з ночы, пасля выбухаў, гурчэла, грукала тэхніка, ішоў грузавік з поўным кузавам гістарычнага друзу, на якім зверху ляжаў вялізны Сталінаў бот.
Людзей там стаяла больш, чым магло быць звычайна. Рогат i крыкі. Асабліва моладзь.
А бабка з кашолкай, як прарочыца, на ўсіх:
– Смейцеся, смейцеся! Памрэ гэты – i гэтага абсеруць!..
1987
АРОЛ
У студзені шасцідзесятага года я быў госцем пленума Саюза пісьменніісаў Украіны, які праходзіў у Львове i быў прысвечаны апавяданню i нарысу. Светла помніцца ён i дзелавой атмасферай, i сустрэчамі, знаёмствамі, i выступленнямі перад чытачамі, i яснымі днямі з багатым чысцень кім снегам у маляўнічым, вельмі ўкраінскім горадзе.
I Чыжам помніцца, адным з хрушчоўскіх вундэркіндаў.
«Гэта не чыж – гэта арол!» – нядаўна на адпаведнай нарадзе гукнуў гарачы Мікіта Сяргеевіч.
Новае адкрыдцё, яшчэ адна панацэя – карміць свіней сырою бульбай...
У зорныя дні «каралевы палёў» адна з вясковых жанчын, рукі якое добра ведалі зямлю, недаўмявала пера да мною: «Якая ж яна тут у нас каралева? Во каралева!» I наказала на свой агарод, дзе густа, хораша цвіла бульба.
Па просты чалавечы сэнс i пра Чыжа гаварылася: дзе яна, тая дурная свіння, што не захоча варанай, цёпленькай бульбяной тоўчанкі з мучною вобмешкай, a кінецца да сырое, халоднае бульбы?..
Аднак ён стаяў перад намі, на трыбуне пленума, нярослы, непаголены мужычок у валенках з галёшамі, ён гаварыў, i не абы-як, а зверху:
«Пішыце так, як мы працуем! – i ў заключэнне: – Цяпер я пайду, а вы яшчэ пабалакайце...»
A ў зале i ў прэзідыуме – сівізна акадэмікаў, стомленыя, яшчэ не вельмі стомленыя i поўныя маладога задору вочы работнікаў багатай літаратуры вялікага народа.
Калі сябры мяне праводзілі, Чыж выпадкова трапіўся нам на пероне. Ён ехаў другім цягніком, у іншым напрамку – зноў засядаць, выступаць, пакуль яго палітычна свядомыя свінні хрумкаюць недзе сырую бульбу. Ён трушком «чымчыкуваў» уздоўж вагонаў, з вакзальнага буфета ў свой купэйны вагон, яшчэ ўсё ў валёнках з галёшамі, з чатырма бутэлькамі салодкага напітку ў абедзвюх руках. Паставіў ix на пероне і, знаёмячыся са мной, сказаў паблажліва, як па плячы паляпаў: «Знаю, знаю», ведаючы ўжо, што так яно гаворыцца ў такіх выпадках зверху.
Слава i ўдзячнасць Хрушчову за развянчанне культа, за вызваленне i рэабілітацыю многіх i многіх!.. Але ж яго рэформы гаспадарскія, нібыта крыгі на рацэ, у імкненні наперад штурхаліся, таросамі налазілі адна на адну, кружыліся, адплывалі... Разам з сырою бульбай тады якраз ішла кампанія па скарачэнні колькасці спіртазаводаў.
«Брагай корміць хітрун сваіх свіней, – смяяліся мне хлопцы пра: Чыжа, – а вось паглядзім, што будзе, як спіртзавод, які ў яго побач, закрыецца».
I праўда, увосень мяне наведаў адзін з львавян. Яшчэ з napora, не распрануўшыся, ён нібы радасна паведаміў:
«Іванэ Антонавычу, а Чыж пляснуўся!»
Я ўжо ведаў гэта i сам.
А тым не менш, вясной наступнага года, на Брэстчыне, дзе мы з Калеснікам рыбачылі на Ясельдзе, прыйшлося ўбачыць у адным калгасе прапагандысцкі шчыт, нават захацелася ефатаграфаваць яго на ўспамін, з-за верша на аперэтную мелодыю:
Разносится слава
Чижа Ярослава,
Почет им заслужен вполне...
1987
ТАКОЕ ГАВАРЫЛАСЯ
Галоснасць, галоснасць... Цяпер яна багата выйшла на старонкі прэсы, у эфір. А была ж i раней. У народзе, паміж людзьмі, нават i незнаемымі. Патрэба ў ёй спакваля нарастала.
Адзінаццаць гадоў таму назад, вясной сем-
дзесят шостага, на Кубані, работнік крайкома партыі, інвалід вайны, гаварыў нам, невялічкай групе літаратараў, у Прыморска-Ахтарску:
«Шкада, таварышы, што мяне адклікаюць, што не я паеду з вамі ў Новарасійск. Я вам паказаў бы там усё, расказаў...»
Пра «Малую зямлю», якая ў той час – i такое было на нашай нядаўняй памяці!– перакрывала сваім гераізмам ледзь не сам Сталінград ці Курскую дугу...
Людзям, якіх ён пазаўчора ўпершыню ўбачыў, якіх не ведае, каб давяраць, таварыш расказаў, якой не вельмі абавязкова жудасна крывавай была тая аперацыя, як там на штурм кавалачка сушы, што языком вытыркалася ў мора з-пад ненрыступнага амфітэатра гораў, ішлі «камсамольскія часці, i крык «мама» перакрываў кулямётны i артагонь...»
А тады яшчэ i зусім неабачліва шчырае:
«А тым часам наш паважаны Леанід, далека за вадой, сядзеў сабе на гары, выдаваў партбілеты...»
Такое гаварылася. A вялізны, расшалэхтаны махавік інерцыі афіцыйна круціўся, парыпваў на поўны размах. На «малой зямлі» нам праз тры дні гаварылася пра яе зусім інакш, зрэшты ўсё тое, што безліч разоў паўтаралася ў друку, па тэлебачанні. Нам выдалі па вялізным альбоме пра гераізм, у цэнтры якога быў герой галоўны...
Піраміду яму збудавалі найлепш, бадай, украинцы, Напрадвесні восемдзесят першага года я аглядаў яе ў кіеўскім Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Высозная сцяна, як неабсяжны мармуровы шчыт, для мноства высечаных ды пазалочаных надпісаў. Імёны Герояў. Знізу, ад падлогі, гушчыня імён Герояў з адною зоркай. Ix так многа, што яны бачацца вельмі грунтоўнаю асновай піраміды. Міжволі думаецца, што i ніжэй, шырэй, глыбей фундамент ідзе – тыя, што толькі з ордэнаіаці, з медалям), што i без ix – народ!.. Над мноствам Герояў з адною зоркай – значна менш, a ўсё ж многа двойчы Герояў, сярод якіх нянроста адшукаць i Сталіна. Тады ідуць тры тройчы Героі – Пакрышкін, Кажадуб, Усцінаў. Вышэй – палкаводзец над палкаводцамі – Жукаў. А над ім... Сёння ўжо можна было б уголас спытацца: «Што, i над ім?» Так, i над ім, i над усімі – я пяццю зоркамi ён – Лід Ліч, як вымаўляў адзін з яго састарэлых паплечнікаў...
«Расія без цара не можа быць», – гаварыў вясковы дзед, бацька майго знаёмага, яшчэ вясной пяцьдзесят трэцяга года.
Праўда, спачатку было трохі калектыўнасці, пакуль спакваля не акульціўся «наш дарагі Мікіта Сяргеевіч». Тады зноў пэўная калектыўнасць з фіналам на цэлых васемнаццаць геройскіх зорак, сваіх i суседскіх, плюс медаль Ленінскай літаратурнай прэміі i пісьменніцкі білет № 1.
Андропаў адышоў раней, чым падхалімы здолелі разгарнуцца. Пра адыход яго ў народзе гаварылася са шкадаваннем...
Для Чарненкі, з-за недахопу якой-небудзь хоць бы «Маленькай зямлі», знайшлі пагранзаставу, дзе ён служыў, зноў жа галоўную на ўсіх дзесятках тысяч звілістых кіламетраў дзяржаўнай граніцы. Ну, i зорачкі, ледзь не як гузікі, пачалі прышываць.
Прыкрае відовішча – чалавек, пачварна раздзьмуты непамернай, неадпаведнай славай, як ён дурнее, нахабнее сам... На ўручэнні Брэжневу Ленінскай прэміі ён выступаў: «Я яшчэ напішу!» Як быццам мільёны перад тэлеэкранамі... ну, хоць не ўсе, a многія не ведалі, як яна, кім яна, тая трылогія, нісалася.
A ўсё-такі сёння галоснасць! У артыкуле пра Шарафа Рашыдава, правадыра i пісьменніка, «Литературная газета» дакранулася ўжо i да героя «Малой зямлі», да аўтара той трылогіі. Хоць з асцярогай, намёкам!.
Як яно пойдзе далей?..
1987
НЕ ДА СПОРТУ
Нядаўнія «крамлёўскія дзяды»... Непрыемна было чуць такое пра наша старэча-нямоглае кіраўніцтва, якое i сапраўды, як гаварыў адзін з маіх разумна-вясёлых сяброў, нагадвала ўшчэнт зняможаных баксёраў, што потна, захекана павіслі адзін на адным i ім ужо не да спорту...
Асабліва прыкра думалася i ціха, даверліва гаварылася пра гэта на пленуме, прысвечаным пяцідзесяцігоддзю Саюза пісьменнікаў. Тут ужо культ асобы, развенчаны васемнаццаць гадоў перад гэтым, дэманстраваўся з асаблівай пачварнасцш. Дата пленума таксама была прадумана – назаўтра пасля дня нараджэння Чарненкі, якому, у якасці імяніннага сувеніра, была дадзена яшчэ адна Зорка Героя, i ўсе выступленнй пачыналіся з віншавання...
Кульмінацыйным было выступленне Чакоўскага: «Представим себе, товарищи, если бы Ленин зашел теперь и увидел...» I расчулена-вернападданы жэст у бок галоўнага ў прэзідыуме.
Мы, члены i госці пленума, бачылі тое, чаго мільёны не ўбачылі па тэлевізары, – як імяніннік нядошла дыбаў па сходках уніз да трыбуны, каб прачытаць сваё слова з паперкі. Мільёны ўбачылі яго вартую жалю старэчую нядошласць трохі пазней, калі ён галасаваў, потым прымаў дэпутацкі мандат.
«I лафет, i задзіранне ног...» Так асдярожна запісаў я ў блакноце, гледзячы па тэлевізары на яшчэ адно паныла-ўрачыстае пахаванне з усёй яго абавязковай i лішняй пампезнасцю. Па тэлевізары, вядома. А вестка пра смерць прыйшла спачатку музыкай па радыё: з самага ранняга ранку – жалобнае клыганне... Спусціўшыся да паштовай скрынкі, я прывітаўся са знаёмай з суседняга пад'езда i, не задумваючыся, сказаў:
– Што гэта сёння за музыка?
Вясёлая, бывалая кабеціна, яна адказала з усмешкай:
– Яе ж так даўйо ўжо чакалі!..
1987
ПАД СУРГУЧОМ
Вярнуўшыся з Баранавіч у леснічоўку, іду пакупацца. Каля Свіцязі – легкавік i тры раённыя начальнікі. Ляжаць пад ліпай наўкруга разасланай газеты, на якой дзве апарожненыя бутэлькі, адна начатая i нейкае мяса, якога ў ix больш, чым хлеба.
– Прысядзьце, выпіце з намі.
Дзіка здзівіліся, што я не п'ю. Асабліва наймаладзейшы, як аказалася крыху пазней, пракурор з суседняга раёна.
– Кажаце – сэрца. Калі вам суджана пажыць яшчэ два-тры гады, дык пажывіце вы як чалавек – піце!..
Адзін з таварышаў прызнаўся, што назнаў мяне – бачыў на нейкай літаратурнай сустрэчы. Пачалі расказваць, што тут яны, у будзень над возерам, не проста так сабе, a выехалі ўпаўнава.жанымі па кукурузе.
– Ліквідаваць прарыў! – смяяўся пракурор.– Віка патрэбна нам, канюшына, але што ты зробіш...
Пасля ён пачаў даваць мне, як пісьменніку, «матэрыял».
Вось тры выпадкі з пракурорскай практыкі:
Дзядзьку, які аднойчы не выйшаў капаць калгасную бульбу, старшыня вырашыў пераараць упоперак бульбяныя соткі. Трактар прыехаў, давай пачынаць. А дзядзька гэты, перанесены з хутара ў вёску, крыў хату, каб дзедям на галаву не цякло. Спусціўся са страхі.
– Браток, – спыніў ён трактарыста, – ці ж ты не чалавек, што ж ты робіш, што ж ты арэш?..
Угаварыў хлопца, i пайшлі яны да старшыні. Той – ні доступу: «Прэч з мае канторы!» Штурхае дзядзьку, пхае да дзвярэй. А той, не даючыся, разбіў неяк старшыні нос.
I пачалася пісаніна. Hi больш ні менш, а «збіванне калгасных кадраў».
Калі наш пракурор узбудзіў справу супраць старшыні, таму далі толькі... вымову па партыйнай лініі.
Другі выпадак.
Той самы старшыня калгаса. Другую вымову яму далі за тое, што ён разам са сваімі падхалімамі i сабутэльнікамі набіў чыгуначнага рабочага, які з дазволу калгаснага брыгадзіра вёз на калгасным кані дахаты старыя шпалы.
Пакуль да тое вымовы, наш пракурор выклікаў старшыню да сябе, каб хоць пагаварыць з ім, як камуніст з камуністам, што так сябе паводзіць – нельга.
Абураны старшыня шпурнуў яму на стол сваю пячатку:
– Калі я дрэнны, дык кіруйце самі!..
Навела трэцяя.
Два раённыя ўпаўнаважаныя, кандыдат партыі i беспартыйны, ехалі п'яныя лежма на возе i, то на змену, то разам, лупцавалі нямоглую кабылку. Участковы запыніў ix i пачаў дакараць. Яны пазлазілі з воза i пачалі лупцаваць участковага, Акрывавілі хлопца i сумку з паперамі адабралі.
Пракурору прыйшло пісьмо пад сургучом: беспартыйнага судзі сабе, як хочаш, а кандидата не чапай. Калі ж ён не паслухаўся, намеціў беспартыйнаму год, а кандыдату, як больш свядомапу, тры – прымусілі выступіць з абжалаваннем супраць... самога сябе.
– Вось так, таварыш пісьменнік, – зусім па-цвярозаму гаварыў малады чалавек. – А вы нам кажаце: навошта піць... Ці пра такую справядлівасць думаў я, канчаючы свой юрыдычны факультэт? Дый паступаў туды не дзеля гэтага. Іду цяпер па вуліцы i ўжо не толькі кожны слуп, а кожная штакеціна – услед за мною: падлюга, падлюга, падлюга!..
Дзівак – ён думае, што гэта можна надрукаваць...
1958
БЕЗ АЛЕБАРДЫ
На ўскраіне мястэчка, дзе брукаваная шаша ўздымаецца на доўгі мост, пад вербамі – цянёк,
Апоўдні мы, як спелыя грушы з патрывожанага галля, асыпаліся на гарачы перон з падножак прыгараднага цягніка i – цэлыя тры кіламетры – спяшаліся сюды з дурной міжвольнай думкай, што іменна ў гэты час, пакуль мы валачэмся, пад вербамі чакае нас машына...
А цяпер вось сядзім i чакаем самі.
За дзве бясконцыя гадзіны прайшло шэсць спадарожных машын, але ніводная з ix не спынілася, колькі мы ні махалі рукамі. Няўжо гэта шафёры, гады, настолькі разбагацелі?! Мог бы чалавек ca злосці падумаць i так, каб не было відавочным другое. Гэта другое – участковы міліцыянер, які моўчкі i важна ходзіць перад нашымі вачыма – то з ценю, то ў цень, – пільнуючы тут нейкага парадку.
Вось зноў ідзе трохтонка. Да таго ж пустая, з лаўкамі!.. Мы, пасажыры, якіх чамусьці называюць «гаўрыкамі», зноў устаём i з упартай надзеяй уздымаем рукі. Зноў дарэмна!.. Зноў хочацца крыкнуць: «Едзь, няхай табе палопаюць пакрышкі!» Потым зноў пачынаеш прытомнець, вяртаецца думка: шафёры баяцца міліцыі. Пачынаеш, седзячы або лежачы на траве абочыны, вадзіць вачыма за пыльнымі ботамі ўчастковага.
Сёння нас, «гаўрыкаў», няшмат... Зрэшты, мяне толькі i можна назваць гэтым пачэсным імем, бо рэшта пасажыраў – жанчыны: дзве маладзіцы, бабуля з унучкай i дзяўчына з чамаданчыкам, відаць, студэнтка. Па абавязку найбольш адказнага «гаўрыка» мне трэба было б падысці да міліцыянера i сказаць: «Чаго вы, таварыш, хочаце ад нас? I ездзілі людзі, i будуць ездзіць у кузавах, пакуль i тут не пойдзе аўтобус. Ідзіце вы, браток, ды паглядзіце парадку там, дзе трэба». Але на мяне чамусьці напала цяга да пасіўнага сузірання, ніяк не дазваляючы творча ўмяшацца ў жыццё. Прасцей: я i не вельмі спяшаюся, i зусім не ахвотна займацца з гэтым, здаецца, трошкі падсамагоненым служакам. А нервы ўсё ж такі гудуць, як тэлеграфныя драты над галавою...
Не нервуецца, відаць, толькі адна пасажырка. Ціхая бялявая дзяўчына, якая здаецца мне студэнткай-завочніцай, сядзіць на сваім чамаданчыку i запоем чытае. Кніга як быццам знаёмая мне – ці не тыя самыя сінія вокладкі?.., Што ж, i я, відаць, супакоіўся б над гэтымі заўсёды свежымі, вясёлымі старонкамі...