355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ] » Текст книги (страница 7)
Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 13:30

Текст книги "Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 17 страниц)

«Не забывайце! (I калі сціхну... назаўсёды.)»

Нібыта не забываем. I пачынаем прыпамінаць. Самі. I маладзейшым.

1990-1991

НЯСМЕШНЫ ГОГАЛЬ

Шчасце – смяяцца над яго старонкамі я спазнаў вельмі рана, толькі-толькі навучыўшыся чытаць. Пісаць пра тое смешнае пачаў ледзь што не ў самых першых празаічных спробах.

«Смяяцца», «смешнае»... Пра непаўторна жыццярадасны, назаўсёды свежы гумар Гогаля гаварыць такімі словамі няёмка – з-за ix убогай прыблізнасці. На гэты раз я i не буду шукаць больш адпаведных слоў, бо гаварыць хачу пра Гогаля іншага, які хвалюе мяне таксама вельмі даўно.

Яму было дваццаць адзін – дваццаць два, калі ён пісаў «Сарочынскі кірмаш». А мне здаецца, нават нібы помніцца, хоць i невыразна, але шчасліва, што надрыўна, шчымліва журботнае заканчэнне гэтай сонечнай аповесці я адчуў яшчэ пастушком.

Асцярожна папешчу яго, той цудоўны акорд, родным словам.

Спачатку набліжэнне, падыход: «Гром, рогат, песні чуліся цішэй ды цішэй. Смычок паміраў, слабеючы i трацячы няясныя гукі ў пустаце паветра. Яшчэ аднекуль чулася тупаценне, штосьці падобнае на рокат мора, i хутка ўсё стала пуста i глуха».

Тады музычная паўза, як перадых, каб з новай сілай выказаць найважнейшае:

«А ці не так i радасць, цудоўная i няпэўная госця, адлятае ад нас, i дарэмна самотны гук думае выказаць весялосць? Ва ўласным водгуллі чуе ўжо ён сум i пустэчу i дзіка ўслухоўваецца ў тое рэха. A ці не так вясёлыя сябры бурнага ды вольнага юнацтва, кожны сабе, адзін за адным, разыходзяцца па свеце i пакідаюць, нарэшце, ix даўняга брата? Сумна пакінутаму! I цяжка, журботна гады на сэрцы, i няма чым яму памагчы».

Якія тут знойдзеш словы, каб як след перадаць гэты высокі, глыбінны сум? Асабліва ў падкрэсленым мною. Ці не ад гэтага суму пачынаецца ён, той украінска-рускі Гогаль, што вельмі нялёгкі для пераносу на іншую моўную глебу. які так нямала траціць ад перакладу? Праўда, пра гэта я больш чытаў, а сам, на жаль, магу меркаваць па перакладах толькі нашых i польскіх, аднак пэўнае права так меркаваць ёсць i ў мяне.

«Яшчэ пастушком...» Думаў, думаў i дадумаўся, успомніў. У чарнавіку сваёй «Граніцы» знайшоў такое:

«Валька канчаў «Сарочынскую ярмарку». Дачытаў, адвёў рукою каласок ад шчакі i азірнуўся. Азірнуўся i ахнуў: іхнія каровы выпрасталіся на пашы адна за адной, як вагоны, а за імі ішоў Паўлік і, пэўна ж, смяяўся з «чытакі».

Валька пусціўся ўдагон, да сэрца тулячы кнігу. Ён бег спачатку па вузкай мяжы, абмінаючы калючыя кусты расцвіўшай шыпшыны, а потым па голай, як бубен, пашы, пастукваючы па выпражаным грудзе карэлымі пяткамі. A ў душы яго свяціла гарачае ўкраінскае сонца, задаволена пакрэхтвалі падмазаныя салам колы, ні крышачку не варушыліся раскошныя, як сонца, сланечнікі i тэнарам рыдала скрыпка. А з рыданнямі яе неразлучна, бясконца шчасліва хапалі за сэрца заключныя словы аповесці: «I цяжка, i сумна робіцца сэрцу^і няма чым яму памагчы...»

Пісаў я гэта ў канцы сорак сёмага года, i было яно не толькі ўспамінам перажытага, але i ўспамінам пра адно з самых першых апавяданняў, якое не захавалася, толькі пакінула ў памяці той запаветны плач i словы «няма чым яму памагчы».

У першай, часопіснай i кніжнай, публікацыі «Граніцы» ў сорак дзевятым годзе гэта ішло, a ўжо ў чатырохтомніку i пяцітомніку, дзе незакончаны раман, відаць, у апошняй ужо рэдакцыі, друкуецца як раздзелы з яго, я – дзеля кампазіцыйнай строгасці – апусціў гэтае «адхіленне»: пра тое, што іменна чытаў малы пастух. I цяпер цытую па чарнавіку. Праз сорак з гакам гадоў i прыемна, i сумна гэта – свежым вокам, здалёк зірнуць на тое, што калісьці рабіў, нейкім чынам паглядзець i на самога сябе колішняга. I з сумам, нават крыху па-старэчы расчулена думаецца: няўжо гэта, чаму аддадзена столькі сэрца i працы, ні на што больш не патрэбна, як на ляжанне ў архіве дома, а потым дзе-небудзь яшчэ? Няўжо гэта толькі вучоба? I няўжо з цябе мала гэтага? А што, як i з усёй той вучобы ды выйдзе няўдача, як у мяне з раманам?..

Але гэта ўжо зноў «адхіленне».

Задоўга да часу, калі i мне давялося самому адчуць цяжар трывожнай разлукі з родным кутком i найраднейшай істотай, я перажыў гэта ў малечай самоце над кнігай, чытаючы заканчэнне першага раздзела «Тараса Бульбы». Уражанне – зноў жа на ўсё жыццё. Далека было мне тады да сыноўніх дарослых пачуццяў, яшчэ далей да пачуццяў бацькоўскіх. Але матчына гора я адчуваў, відаць, дзякуючы той чысціні, з якою мы пачынаем свой шлях. Вось перачытваю тыя старонкі i зноў хвалююся, ужо i ўспамінаючы тое маё, такое даўняе, уражанне, на яго памнажаючы вопыт i стому старасці. «Адна бедная маці не спала...» Яна незабыўная – тая бяссонная ноч на двары, над сынамі, што завіталі пасля разлукі на адзін толькі дзень, што спяць бесклапотным сном маладосці, каб зноў пайсці ў разлуку, цяпер ужо не ў семінарскую бурсу, а на Запарожскую Сеч, не проста ў матчын сум i чаканне, а ў яе трывогу, жах i боль як найгоршага прадчування. Потым, уранні, пасля развітання, – яшчэ адзін, яшчэ апошні парыў, калі яна «з неўразумелай сілай спыніла каня i абняла аднаго з сыноў з нейкай вар'яцкай, непрытомнай гарачнасцю; яе зноў павялі». Яе павялі, а я, малы, зарумзаны чытач, пераходжу да суму сыноўняга, які мне ўсё-такі бліжэйшы, хоць яшчэ i далёкі. I я зноў паўтараю яго – больш як праз цэлую палавіну стагоддзя:

«Вось ужо адзін толькі шост над калодзежам з прывязаным зверху колам ад воза самотна тырчыць у небе; ужо раўніна, якую яны праехалі, здалёк стала гарою i ўсё сабою закрыла. – Бывайце i маленства, i гульні, i ўсё, i ўсё!»

Выпісваючы гэта ў сваім перакладзе, я думаў пра тое, што аўтар, i мой змалку любімы Мікалай Васільевіч, пісаў гэтую аповесць, ці не найбольш працаёмкую з усіх яго твораў, ва ўзросце дваццаць шэсць – трыццаць адзін, але многае за гэтыя гады сталення шмат разоў перапісаўшы, сцэну ад'езду Бульбы з Бульбэнкамі на Сеч пакінуў у першым варыянце. I ў гэтым бачыцца мне трываласць самага істотнага, трапнасць падачы яго ў найбольш адпаведны момант адчування. I хіба таму яна, тая мясціна ў аповесці, хвалюе мяне з найбольшай сілай, прайшоўшы ўсе праверкі часам i вопытам.

Цяпер – пра патрэбнае ў «Шынялі».

У наш суровы, бездухоўны час такое адчуванне зусім нядаўна лічылася, a кім i лічыцца сентыментальнасцю, закансерваванай у класіцы на ўспамін пра беззваротна мінулае. А сёння, у чэрвені восемдзесят восьмага, у мнагаслоўі перабудовы яно – яшчэ ўсё трывожна: a ці надоўга? – называецца то гуманізмам, чалавечнасцю, то ажыўленым рэлігійна-паэтычным словам міласэрнасць. Тое, што слабасць i сіла адразу, тое, што ў тайніках душы ад самага пачатку тоіцца побач з найзапаветнейшым словам, якое прачынаецца i выходзіць на вусны ў апошні момант адчайнай мужнасці, перадсмяротнага жаху, у невыносных пакутах i ў паніжэнні, – першае i апошняе чалавечае слова...

Як празаічна гэта, нібы звычайна:

«Толькі калі ўжо зусім невыносны быў жарт, калі штурхалі яго пад руку, перашкаджаючы займацца сваёю справай, ён гаварыў: «Не чапайце мяне, завошта вы мяне крыўдзіце?»

I тады ўжо непаўторна гогалеўскі па сваёй прастаце i змястоўнасці ўзлёт туды, адкуль ідзе наша галоўнае:

«I доўга потым, у самыя вясёлыя хвіліны, яму ўяўляўся нізенькі чыноўнік з лысінкай на лобе, ca сваімі праніклівымі словамі: «Не чапайце мяне, завошта вы мяне крыўдзіце?» – i ў гэтых праніклівых словах звінелі іншыя словы: «Я брат твой». I закрываў сябе рукою бедны малады чалавек, i шмат разоў скаланаўся ён пасля на сваім вяку, калі бачыў, як многа ў чалавеку бесчалавечнасці...»

З гэтага «Шыняля» нам бы як найдалей i вырастаць, i расці!..

I апошняе, што з «Запісак вар'ята».

Артыст быў не тое каб вельмі таленавіты, i чалавек ён, казалі, не надта цікавы, а я яму ўдзячны вось ужо трыццаць шэсць гадоў. На стагоддзі з дня смерці Гогаля ён вынес на людзі тое, што хвалявала мяне зноў жа ў маленстве, вынес на сцэну адтуль, з надкніжнай адзіноты, ад сутыкнення дзіцячай чысціні i велічы слова, якое – як зорнае неба, што над табою, калі ты адзін у дарозе, ідзеш i спыняешся, i глядзіш...

«Інтэлігент у першым пакаленні». I я магу так сказаць пра самога сябе, з агаворкай, што ў нашай сям'і я не адзін такі. Нада мною было дзве сястры i чатыры браты, усе пісьменныя, хто з пачатковай, сярэдняй, а хто i з вышэйшай асветай, усе чыталі, хто менш, а хто i вельмі нямала, калі мне сёння параўнаць з начытанасцю нават некаторых літаратараў. Але ні сапраўднага спевака, ні сапраўднага драматычнага артыста я, пакуль гадаваўся ў вёсцы, не чуў i не бачыў. I не скажу, што быў ад гэтага ў вялікай духоўнай нястачы. Няхай засведчыць фальклор, як яны i жывуць у народзе, i радуюць людзей у найважнейшай працы – таленты з самых нізоў. Былі яны i ў маім сялянскім асяроддзі. На патрэбу сваю, няхай сабе без прафесійнай вывучкі, аднак i спявалі яны, i расказвалі, i смяяліся з божай іскрой. A ўжо ж як прафесійнасць, адукаванасць ды спалучаецца з душой – гэта зусім ад сапраўднага.

Калі гаварыць толькі пра Гогаля, дык «Рэвізора» на вялікай сцэне, у маскоўскім Малым тэатры, я пабачыў на трыццаць пятым годзе жыцця. Урывак з «Запісак вар'ята» слухаў са сцэны па ўзроўні меншай, у мінскім рускім тэатры. Тою самай юбілейнай вясною. I ў Маскве, i дома я быў, нарэшде, шчаслівы дасягнутым, аднак не залішне думаў пра высокую прафесійнасць ды славутасць тых, што i мне давалі Гогаля, – галоўнае было ў ім, у свеце яго, i ў тым таксама, як той свет быў i маім, у пажыццёвых скарбах маёй памяці.

Артыст чытаў...

Я зноў жа адхіляюся ад рускага слова ў сваё, перакладаю i гэты фрагмент. Спачатку вырываючы паасобныя сказы. Такія: «Што я зрабіў ім? За што яны мучаць мяне?» Тут у душы маёй ажываюць згаданыя словы беднага героя «Шыняля», з новай сілай вяртаедца тое самае адчуванне. Тады яшчэ: «Выратуйце мяне! вазьміце мяне! Дайце мне тройку быстрых, як віхар, коней!..» Яшчэ раз тройка, але ранейшая ды іншая, чым у «Мёртвых душах», хоць у нечым калі не такая, дык падобная – з тым самым пафасам i адчаем, з выхадам на ўвесь свет, аднак не гістарычнапатрыятычная, а журботна i нават цёпла агульналюдская. Можа, адгэтуль i «струна звініць у тумане», i «з аднаго боку мора, з другога Італія», а тады ўжо «і рускія хаты паказаліся»?.. I, нарэшце, заканчэнне цалкам. Як геніяльны заклік да святое міласэрнасці:

«Ці гэта мой дом сінее ў далячыні? Ці гэта маці мая сядзіць каля акна? Матуля, выратуй свайго беднага сына! капні слязінку на яго бедную галоўку! Зірні, як яны мучаць яго! прыгарні да сваіх грудзей беднага сірату! няма яму месца на свеце! гоняць яго! Матуля! пашкадуй сваё беднае дзіцятка!..»

Колькі разоў паўтараецца беднасць, колькі клічнікаў, таксама лішніх для сучаснага рэдакцыйнага грамацея!.. А яны – глыбіннае пульсаванне, дэтанаваныя штуршкі, стрымана-глухаватыя выбухі пачуцця. А потым, пасля шматкроп'я, такі нечаканы, такі неабходны абрыў:

«А ці ведаеце вы, што ў алжырскага дзея пад самым носам скуляк?»

I ўжо не смешна яно, хоць гэта i тормаз адтуль, дзе найвышэйшае адчуванне меры i такту. Хоць i смешна яно, але – са слязьмі. Тымі, што словамі значацца на яго надмагіллі, белым па чорным – спрадвечнае, прароцкае: «Горкім словам сваім пасмяюся».

Тое, што Гогаль. I смешны, i не. Кажучы найпрасцей.

1988

ЗАЎСЕДЫ СЛОВА

У наш нялёгкі ды шалёны час чаго-чаго, а палітыкі ўсім хапае. Радыё, тэлевізар, прэса, сходы, чэргі – усюды яна... Кажуць, багатаму не спіцца. Не спіцца i старому. I дзень ад гэтага даўжэйшы. I ўвесь з палітыкай!..

Як быццам не нацешыўшыся ёю, ужо ў пасцелі ўключаю радыё. I раптам – Смактуноўскі, якога я яшчэ больш палюбіў, калі даведаўся, што ён вясковы хлопец з нялёгкім лёсам, а не з нейкай, як здавалася, рафінаванай інтэлігенцкай сям'і, выдатны артыст Смактуноўскі пачаў чытаць яшчэ выдатнейшага мастака – Пушкінаву «Метель». Як хораша стала на душы, якім гэта святам адчулася!..

Сёння ў мяне такім святочным быў увесь дзень. Без радыё, тэлевізара, без газет, толькі з Коласавай паэзіяй, у яго родных мясцінах, дзе ўсё нагадвае «Новую зямлю» з яе прыродай, жыццёвай красою, душэўнай шчырасцю.

Гэта не азначае, што так вось трэба ўцякаць ад пытанняў гарачай сучаснасці. Я пра тое, што гэтак добра i хочацца палячыць душу высокім, найвышэйшым.


* * *

Хораша гэта – месца на сваёй зямлі, у родным кутку, стол перад самым акном у любае поле, неба, аддалены лес... I слова сваё, якое трэба сказаць. З упэўненасцю i з сумненнямі: a ці дойдзе яно да людзей будучыні, да твайго народа?.. У Багушэвіча – дайшло.

I на яго радавой сядзібе, у адноўленым доме, з якога робіцца музей, а потым i каля валуна на лясным узвышшы, толькі ў адным месцы прычасанага валуна, дзе па-польску, але пра беларускага паэта Macieja Buraczka сябрамі сказана высакароднае слова братэрства, – усюды там, у Кушлянах, добра, глыбінна думалася. I пра тое, што вось праз дзве сусветныя вайны, праз безліч дзён i начэй, марозных, слотных, сонечных, месячных, словы тыя i мне на семдзесят трэцім годзе ix існавання моўчкі гучаць пра вечнасць.


* * *

Пра Чорнага мне было жыва, хораша згадалася здалёк, з Польшчы, з Зялёнагурскага ваяводства.

Гаварылі там пра славутых сілезскіх ткачоў – не толькі пра ix умельства, але i пра тое, што ім было цесна ў родных мясцінах i яны ездзілі, а то i хадзілі далека ў людзі, шукаць работы, месца на Зямлі.

I ў Беларусь траплялі. А потым – i на старонкі яе грунтоўнага таленавітага летапісца.

Праз год, на васьмідзесяцігоддзі Мікалая Карлавіча, у Цімкавічах, я гаварыў пра гэта ў сваім выступленні каля школы, перад землякамі патомнага парабка, якому жорсткі час не даў стаць нашым Бальзаком, гаварыў у яго роднай вёсцы, якой яму прататыпна хапіла б, як ён казаў, на ўсё яго творчае жыццё.

Ён спадзяваўся, вядома, на доўгае, плённае. Не на сорак чатыры гады. Уключна з арыштам, катаваннямі, турмой i немаччу на апошняй свабодзе...


* * *

Нешта ўвосені сорак пятага года, калі ў мяне было больш сялянскага клёку, я, супрацоўнік «Вожыка», ужо тым часам i пасмялелы ў дэмакратычным рэдакцыйным калектыве, спытаўся ў нашага галоўнага, Крапівы, пра адно сваё неўразуменне.

Добры касец скошвае ў дзень паўгектара ці больш. Працуючы – «як сабе», на ўсю сілу, добрасумленна. Як жа ён можа перавыканаць план?

Кандрат Кандратавіч, – а мы былі толькі ўдвух у пакоі, дарэчы, адным на ўсю рэдакцыю, – наглядзеў на мяне праз свае нетаропкія акуляры i пачаў паволі ды грунтоўна гаварыць штосьці правільнае, што ні мяне не вельмі пераконвала, ні яго самога, думалася мне, таксама. Бо i ён жа ад плуга, ад касы.

A ўлетку пяцьдзесят першага мы a Уладзімірам Калеснікам, перад сваім падарожжам па Наваградчыне, прыйшлі на Камароўскі рынак, каб забраць з рамонту мой (пазычаны) веласіпед. Дома ў мяне нікога не было, жонка з малымі ў вёсцы, а Валодзя наогул божая птушка, аепірант, i мы вырашылі там жа, на рынку, i паабедаць. У драўлянай «чайной» старога рынку нам падалі нейкі «суп», нейкае «ўтарое». Гародніны – анізвання. А цераз нешырокую, спякотна-пясчаную вуліцу яе – можна сказаць,, i процьма. Чырвона, жоўта ды зялёна на доўгіх сталах. Але ў чайную гэтай свежасці не перабрацца. Бо толькі ж цераз базы, накладныя, перавозкі, добра прыпсаваўшыся...

Гэтага нам, хлопцам з вёскі ды «заходнікам», таксама, як i са стаханаўскай касьбой, было не зразумець

I гэта – адзнакай здаровага сэнсу, народнага клёку – помніцца мне чатыры з гакам дзесяцігоддзі.


* * *

Гэта было б натуральна, каб ён яшчэ жыў, наш Мележ, як жывём i працуем мы, – няхай нямногія ўжо, – яго сябры, равеснікі ды менш ці больш старэйшыя. Была б паўнацзнна завершана i раз, i два, i тры разы грунтоўна дапрацавана, перад здачай у друк i пры кожным перавыданні, яго «Палеекая хроніка». Ажыццявіліся б, новымі адкрыццямі выйшлі б з тайнікоў глыбокай, шчырай душы іншыя задумы. Нібы не цяжка ўявіць, як ён балюча перажываў бы чарнобыльскае гора родных надпрыпяцкіх мяецін, як ён па-сыноўняму, па-грамадзянску, па-чалавечы ўдзельнічаў бы сёння ў жыцці Беларусі, краіны, свету...

Журботна i радасна стаяць на Іванавых кнігах аўтографы i мне. Пачынаючы з першай кнігі, аж надта сціпла выдадзенага зборніка апавяданняў, пад ваеннай назвай «У завіруху», i да апошняга з яго рук падарунка – важкага тома з таксама змястоўнай назвай «Жыцдёвыя клопаты». У «капітальным», a ўсё ж няпоўным яшчэ, бо патузаным, пакляваным цэнзурай, дзесяцітомніку з найбольшай цеплынёй бачыцца мне вяршыня ягонай творчасці – тыя еардэчна-запаведныя чатырыста старонак «Людзей на балоде», што былі калісьці i маім хвалюючым адкрыццём, i маёй чытацкай радасцю, што найбольш надзейна застануцца з намі i застануцца пасля нас – як нятленны народны набытак.


* * *

Музей Алесю Пальчэўскаму зрабілі ў школе добры. Светламу, добраму чалавеку можна трохі i перадаць як пісьменніку – за пакуты яго ту рэмна л a rep н ыя, за чалавечнасць, якую адчулі многія. Родная хата i роднае месца апошняга супакаення пад урачыстай засеншо спрадвечных дрэў. Адрамантаванай, пафарбаванай хаце нязвычна быць у вясковым бязлюддзі нібы таксама музеем, a помнік, гранітная стэла з прафесійным барэльефам, сярод старых, нават замшэлых, i навейшых, стандартна танных помнікаў па радні i суседзях не выбіваецца нясціпласцю. «Добры быў чалавек, такому не шкада», – скажу за Алесевых землякоў. I не думаю, што памылюся.


* * *

Папрасілі выступіць у тэлеперадачы, што рыхтуецца да 70-годдзя Веры Палтаран. Спачатку падумаў: а што я магу сказаць больш пасля таго, што напісаў дзесяць гадоў таму назад? Перачытаў колішняе, i ясней не стала... А пасля падумалася пра той «дэфіцыт», які ў наш час найгалоўнейшы, – недахоп, удушлівы недахоп прыязнасці, дабрыні, узаемаразумення... Дарэчы, i гэта ўжо стала пашлець у моду, i пра гэты недахоп ужо замнога крычаць, стараюцца адзін аднаго апярэдзіць у крыку... A іншыя сціпла маўчаць, нясуць тую святую службу чалавечнасці, якая была для ix заўсёды непрыкметна галоўным. Пра адну з такіх я i сказаў сваё юбілейнае слова.

...Верачка. Якою яна была неўзабаве ў рытуальнай зале крэматорыя. Не «страшная» ад бязмежных пакутаў, a дзіўна, ледзь не хораша спакойная. У дарозе яе крыху раскалыхала ў труне, галава ад гэтага трохі збочылася, легла свабадней. Пасля прамоў i развітання паволі пад ціхую музыку яна – з мноства кветак – паехала, апусцілася ўніз, у нашу светлую, сумную памяць.

Згадалася, як два... так, ужо два гады таму назад мы наведалі яе ў трагічных Бараўлянах з Міхасём Стральцовым. Дзве блізкія i мне душы. А яго ж – пад музыку жаль удвая. – таксама ўжо год i восем. месяцаў няма...

Тэлеперадачы пра сябе яна ўжо не бачыла, была ў непрытомнасці.

Яшчэ адзін з бліжэйшых пазваніў мне пасля пахавання, што перадача наша i для яго прагучала як рэквіем...


* * *

Сакратарыят Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнуўся ў ЦК КПБ з пісьмом, больш за дзесяць старонак машынапісу, пра непаладкі з нацыянальным пытаннем у працы дзяржаўнага выдавецтва. Пісаў тое пісьмо ў асноўным Іван Мележ, я збольшага дапамагаў, падпісалі ўсім сакратарыятам, плюс сакратар партыйнай арганізацыі.

Сем чалавек, i немаладых, i нібы вопытных, a пралічыліся ў адным. Кнігі на рускай мове, выдаваць якія абавязвала Масква, з'ядалі львіную долю нашай паперы. I трэба ж было, каб на той час сярод такіх кніг была i «Молодая гвардия», якую мы ў пераліку назвалі. I таварыш Машэраў знайшоў у гэтым выхад з пікантнай сітуацыі: «Да как они смели?!» Нават як быццам назваў тую кнігу «нашим Евангелием», на. якое мы «посягнули»...

На гэтым справа i закончылася.

Гэта было ў пачатку шэсцьдзесят восьмага года. Праз два гады пасля вялікай гутаркі ў ЦК па нацыянальным пытанні. Вялікай гутаркі – з дзесяці гадзін раніцы да васьмі вечара, «чтобы не отвлекаться на обед» – з перакускай на месцы, у цэкоўскім буфеце. З аднаго боку наш прззідыум, з другога – члены бюро i ўрада. Гаварылася многа, адкрыта. Намі, вядома. Я i сам, якраз вярнуўшыся з пахавання брата, гаварыў на ўсю душу. A ўсё абышлося касметыкай, абяцаннямі, i яшчэ раз ясна стала, што пытанне вырашаецца не ў рэспубліцы... Хоць новы сакратар па ідэалогіі. самападкрэслены бел ару с Пілатовіч, які толькі што замяніў вялікага маўчуна Шауру, што за паўтара года на знайшоў часу прыняць наш прэзідыум, каб пагаварыць па тым горкім нацыянальным пытанні, здаўся нам тады на штосьці добрае надзейным.

Дарэчы, гэта i спакусіла Мележа, Панчанку i мяне пайсці праз два месяцы ў пісьменніцкі сакратарыят – таксама з надзеяй...

Зноў жа ў пачатку шэсцьдзесят восьмага, выступаючы на нарадзе ў ЦК, я гаварыў i пра тое, што дырэктар i загадчык літаратурнай рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» – адзінага тады, што выдавала мастацкую літаратуру, – наладзілі, нібы па прыкладзе яжоўскіх «троек», вырашальна безапеляцыйныя « пяцёркі».

Спрэчны рукапіс абмяркоўваўся такім складам: дырэктар, галоўны рэдактар, загадчык літаратурнай рэдакцыі, сакратар партыйнай арганізацыі, хоць сабе i адстаўнік-маёр з нейкай гаспадарчай пасады, і, нарэшце, рэдактар рукапісу, найменшы ў «пяцёрцы». Ён жа потым перадаваў аўтару вырашэнне ягонага лесу.

Так было, напрыклад, са мною, з «Птушкамі i гнёздамі». Пратакол у мяне захаваўся. Вядома ж, крытычна-адмоўны. I вынесены мне рэдактарам на калідор. Алесь Адамовіч казаў тады, што калі б у яго было сваё выдавецтва, ён выдаў бы маю кнігу з тым нратаколам у канцы. Факт усё-такі гістарычны.

На той цэкоўскай нарадзе гаварыў я i пра Якава Герцовіча, галоўнага «бракера», ацэншчыка Быкава, Караткевіча i іншых ненадзейных, прыдворнага крытыка i рэцэнзента, «явно и тайно образующе». Назваў яго нават літаратурным рабінам.

I кіраўнік той нарады, ідэалагічны сакратар Пілатовіч, сказаў мне пасля яе заканчэння, самнасам, што як сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў я не меў права так гаварыць. Не толькі, вядома ж, пра рэбэ...

Я адказаў, – што як толькі калі адчую, што вось i перастаю быць пісьменнікам – адразу ж перастану быць сакратаром.

З такім вырашэннем сваёй пазіцыі было часамі даволі складана, яшчэ ажно тры гады...


* * *

З трыбуны сходу, скліканага на асуджэнне Пастарнака за «Доктара Жывага», таварыш Б. выступаў, каб з найбольшай ударнай сілай, паруску:

– I этат празрэнны Пястрак...

Піліп Сямёнавіч, які з-за глухаватасці сядзеў у першым радзе, пырхнуў смехам, разам з усімі, i з узнятым наперад пальцам павучальна сказаў:

– Акадэмікам трэба выступаць па паперцы!..

Праз некалькі гадоў, у Нарыльску, пасля нашага беларуска-рускага выступлення па тэлебачанні, да нас, беларусаў, прыйшоў у гасцініцу нарыльчанін, здаецца, бухгалтар, i назваўся бра там Б. Даўняя заслуга акадэміка: у канцы трыцдатых гадоў ён ад гэтага брата публічна адмовіўся. Сцішнаватае пачужэнне, убачанае i адчутае мною ўпершыню так канкрэтна. Цяжка сказаць, як гэта паварушвалася ў выпетранай рознымі накірункамі душы нашага Б. А яго малодшы, i мы разумелі гэтага чалавека, не меў намеру братацца нанава.

Яшчэ адно, пазнейшае. Абмеркаванне на рэдкалегіі «Полымя» дзённікавых запісаў Івана Мележа. Рэдакцыя, у згодзе з духам часу, патрабавала купюраў. Там, дзе развагі пра культ асобы i штрыхі да вобразаў некаторых, завысока ўзнятых, сучаснікаў. Зноў жа найбольш запомнілася выступленне Б. Ён, вядома, стаяў за купюры.

– Прабачце, – сказаў я, – дык вы ж гэтага рукапісу не чыталі.

Ён – чалавек на восьмым дзесятку – бойка, пачырванела абсек мяне:

– Ну i што з гэтага? А я веру рэдакцыі!

Адхілімся ў пастскрыптум.

Румяна ўсмешлівы філосаф, таксама Б., сказаў тады, што ён «рассматриваемую рукопись тоже не читал, но, уважаемые товарищи, поскольку теперь на Западе...». Як быццам «на Западе» толькі цяпер!.. Словам, i філосаф, хоць i кроў з малаком, i маладая, хітрая ўсмешка, i толькі дальні прыцэл на акадэміка, таксама выказаўся за купюры.


* * *

Рукапіс пабіты воспай дурных рэдактарскіх i цэнзарскіх. заўваг.

У кнізе меціны гэтай немачы прыязны чытач не заўважыць – яны толькі ў горкай памяці аўтара.


* * *

Патрабаванні бывалі ўсякія – сам такога як быццам i не прыдумаеш.

У апошнім брэжнеўсісім годзе галоўны рэдактар партыйнага часопіса, знаёмы з партызанскага лесу, па-сяброўску прасіў мяне ў юбілейным артыкуле пра славутага паэта – ужо ў карэктуры – «дапісаць яшчэ некалькі абзацаў». Навошта? Каб апошняя старонка была запоўнена ніжэй. Паперу трэба лепш выкарыстоўваць. Бо згодна з дэвізам часу «эканоміка павінна быць эканомнай».

Ён не настойваў, ён прасіў, аднак з усёй нрафесійнай сур'ёзнасцю, i здзіўлены быў, што я не згадзіўся дапісваць.


* * *

Мантэнь, «Вопыты.»:

«Честолюбие несовместимо с уединением. Слава и покой не могут ужиться под одной крышей».

Першае, што захацелася выпісаць, бо найбольш яно падыходзіць да майго тут, у вёсцы, жыцця, бо ў гэтым i я знаходжу пункт апоры.

Думаў спачатку чытаць усё падрад, але пасля некалькіх раздзелаў павяло на выбарку, што цікавейшае. Во ж i нялёгка дый нецікава бясконца лазіць з тэксту ў каментарыі, каб лепш зразумець той далёкі час. Далёкі i агромністы, таямнічы. Ажно навальнічныя хмары згадаліся – з глухім мармытаннем грому, які сваё адгрымеў, але яшчэ ўсё варушыцца, злуецца, як. патрывожаны ў берлагу мядзведзь... «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю». А пасля таго, як гэта было надумана i сказана, чалавецтва назапасіла такую процьму культуры, што адчуваеш сябе зусім бездапаможиым, каб хоць часткова, сяк-так у ёй разабрацца.

...Дзіўна ды цьмяна думалася над Мантэнем пра тое, як чалавецтва жыве ў слове сваіх лепшых сыноў, якія нібы свядома перадаюць адзін аднаму агеньчыкі несмяротнасці, што i мала, i больш пажыўшы як быццам не паміраюць яны – для тых, што былі перад намі, што будуць пасля нас.

...I заўсёды было шмат палітычнай блытаніны, то мутнай, то крывавай, i не ўсім яна перашкаджала паводзіць сябе разумна.


* * *

Шаламаў, «Четвертая Вологда». Шчырыя, мудрыя ўспаміны, якія пісаліся «для сябе»... ва ўсякім выпадку без асаблівай надзеі на хуткае ці нават пазнейшае надрукаванне. Подзвіг i катарга сапраўднага інтэлігента, у гэтым выпадку рускага.

Бог мой, колькі ж яшчэ трэба ўбачыць, пачуць, каб думаць або гаварыць, што ты ведаеш жыццё хоць бы ў пэўнай меры!.. Не толькі ў вялікай літаратуры, але i ў меншай. Вось жа не ведаў я, упершышо пачуў нядаўна пра мовазнаўцу Анатоля Багдановіча, які добра, плённа пачынаў, а потым быў лягчэй за іншых выкінуты з роднага асяроддзя: не застрэлены, не замучаны ў тайзе ці ў шахце, a толькі сасланы туды, куды i вароны нашы не далятаюць, каб там яму вылечыцца ад «беларускага надыяналізму». Прыжыўся там недзе, як Язэп Пушча рускім настаўнікам на Уладзіміршчыне, як Сцяпан Ліхадзіеўскі i Сяргей Гайко рускімі выкладчыкамі ВНУ, адзін у Ташкенце, другі ў Сярове на паўночным Урале... 8 першымі двума я сустракаўся, памятаю сумную ўсмешку Пушчы, энергію Ліхадзіеўскага. З Гайком, вялікім кніжнікам, мы перапісваліся да яго апошніх дзён...

Пішучы «лягчэй за іншых», я падумаў: а ці такім ужо i лягчэйшым было для ix, пачаўшы з Анатоля Багдановіча, тое выгнанне, тая адчужанасць?..

Многае трэба ўбачыць, уведаць, адчуць.


* * *

Славак Дамінік Татарка. Па-польску.

Тры ўзоры сапраўднай прозы, асабліва апавяданне «Пеўнік у агоніі», сведчаць пра значнасць гэтага, як ён кажа сам пра сябе, «карпацкага пастуха, які абагаўляе ўсё, што праўдзівае», пра яшчэ адно для мяне радаснае адкрыццё.

А яшчэ прыемна было, на прыкладзе гэтага славака, думаць, як гэта важна – клопат пра родную мову.

I блізка нам тое, што ён гаворыць французу Наэлю:

«Гэта страшна – спісванне ў страты малых народаў. Для каго ён небяспечны, такі малы народ, у якога свая культура, свае традыцыі i імкненні? Вы ведаеце, гэта сапраўды драматычна».


* * *

«Байкал» Валянціна Распуціна. Учора пачаў, толькі што кончыў. Увесь час адчуваючы розніцу паміж рускім i «рускамоўным». I не «расавасць» тут, як крычаць з-за мяжы i дома іхнія падпявалы, а законная арганічнасць. Яна адчуваецца, калі гаварыць пра рускіх, апроч Распуціна, у Казакова, Бялова, Астаф'ева...

...Па тэлевізары – Нагібін пра Апалона Грыгор'ева. Паслухаў з павагай да эрудыцыі i адданасці справе, што мне даўно імпануе ў Нагібіна, i з зайздрасцю да такой багатай літаратуры.

I паралельна такая думка ішла: гэта ж не выхад – перакантоўвацца ў тую, гатовенькую літаратуру, як гэта робяць некаторыя нашы «рускамоўнікі», спадзеючыся, што ад гэтага i яны будуць значна большымі самi.


* * *

Чытаю «Вороненка» Юры Тууліка, падарунак з аўтографам. Зноў прыемнае адкрыццё, зноў сапраўднае слова. I яшчэ што хораша раскрываецца: раней чым па-руску, гэтая кніга выдадзена ў яго па-фінску. Навошта гігантаманія (ці як тут сказаць ясней?), калі ёсць i такія слаўныя народы, як эстонцы i фіны, такія землі, як Суомі i (Юравы словы) «маленькая Эстония», калі ёсць законнае шчасце быць самім сабою?..

Як жа гэтага не хапае нам, беларусам!..


* * *

Салжаніцын, «Бодался теленок с дубом». З цікавасцю чытаў i з пэўным здзіўленнем: якія справы адбываліся ў наш час, колькі мужнасці, працавітасці праяўлялася іншымі, пакуль мы не «дацягвалі» на сваім меецы!.. I, разам з тым, думалася i пра тое, што не трэба было яму, няхай сабе i Салжаніцыну, беручы яго ў сённяшнім сусветным вымярэнні, узвышацца над Твардоўскім, які – таксама ж з'ява, значна непаўторная.


* * *

«Нехта напіша: увайшоў чалавек, i не верыцца, а Гогаль напіша: увайшоў чорт – i верым».

У разумнага, народна вясёлага балгарына Ердаиа Радзічкава, у кнізе «Успаміны пра коней», бедны дзядзька, чыча па-іхняму, уцякае ад лесніка. Ужо няма куды дзецца, а тут над полем стаіць раскошная вяеёлка. I ён набег па ёй, як па гарбатым мосце над ракою, цераз якую лесніку не пераправіцца. I ўсё было б як найлешп, аднак з рукі, з вясёлкі ўпала сякера... Ах, сякера – як i яе набыць у бядоце няпроста!.. A ляснік задаволены, яішу большага i не трэба, падняў i пайшоў у свой лес.

I я, чытач, задаволены – найісана хораша i праўдзіва.


* * *

«Дзённік» братоў Ганкураў. Куплены ў палавіне шасцідзесятых, гэты мажны двухтомнік, выбранае з 22-х тамоў французскага выдання (!), я пачынаўужо чытаць неўзабаве пасля набыцця і, здаецца, яшчэ раз пазней, але тады «не пайшло». Цяпер, калі згадаць тое, што мне Лакшын пісаў пра «Поиски слова», я пачаў «выклёўваць» у Ганкураў сваё, бліжэйшае. Смерць Жуля, апісаная Эдмонам, вярнула мяне з ісанца першага тома да яго пачатку, i пайшло «выклёўванне», з алоўкам на палях. З аднаго боку – духоўнае, агульналюдскае, з другога – пра пісьменнікаў, якіх у пэўнай меры ведаю i я, а яшчэ i ецэны сустрзчаў, цудоўныя навелы, асветленыя высакародетвам, як смерць іхняй старой служанкі... Абмінецца ўвагай пры такім выбарачным чытанні i шгосьці, напэўна ж, важнае, але i ўсё пад рад чытаць я цяпер не магу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю