355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ] » Текст книги (страница 8)
Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 13:30

Текст книги "Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 17 страниц)

Пераклічка з леташнім Мантэнем.


* * *

Позні вечар.

У гастракоме каля акна плача малая дзяўчынка. На падваконніку – недаедзеная шакал гдка.

Дзяўчынку пацяшаюць нейкая добрая цёця i п'янаваты дзед, хутчэй за ўсё пенсіянер-рабочы.

Дзед грубавата гыркнуў на добрую цёцкх. прадаўшчыца ўмяшалася, i пачалася сварка. Сталі збірацца людзі.

Малая расплакалася яшчэ горш. I ўсё толькі паўтарае назву вуліцы, нумар дома i кватэры.

Перагнуўшыся цераз прылавак, прадаўшчыца зашаптала мне, незнаёмаму, што маці дзяўчынкі «зноў з некім на блядаход да дому падалася, сцерва. Дзевачка ім мяшае...».

Прыйшоў міліцыянер, i малая, забраўшы сваю шакаладку, пайшла з ім у аддзяленне.

Жонка, калі я дома расказаў ёй пра гэта, параіла напісаць навелу. Але тут жа сама сябе i паправіла: будзе нетыпова...

Да запісу, зробленага тады, просіцца дата: канец шасцідзесятага.


* * *

Ніколі не вядома, дзе што згубіш, дзе што знойдзеш.

У наваполацкай гасцініцы, слухаючы па рэпрадуктары абласную радыёперадачу, раптам пачуў ад вясковага дзеда такое акрэсленне нашай «галоснасці» – неціхота.

«А дяпер неціхота такая, дык гэта добра!..»

У народа ёсць усё.


* * *

У ашчадным банку нестарая бойкая жанчына справядліва абураецца, як марудна ёй афармляюць штосыц ў чэкавай кніжцы.

– Я ноч прастаяла каля станка, i тут яшчэ трэба стаяць? Я вось зараз вазьму!..

I гэтак далей.

Падышла загадчыца, ветліва пачала растлумачваць кліентцы, якая тут у ix сёння загружанасць. A работніца маладая. На сценачку перагародкі загадчыца, i сама маладжавая, усперлася аголенымі да локцяў рукамі i прыстойным бюстам. Кліентка зноў не вытрымала:

– А ты вось не стаяла б ды не лэхтала, а памагла б ёй узяла!..

У нашым «рюскім», а кажуць яшчэ «камароўскім», дыялогу, які не хочацца перадаваць без перакладу, гэтае лэхтанне, пачутае мною ўпершыню, i смешна гучыць, i даўнавата помніцца. Абы зайшоў ды ўбачыў тую загадчыцу.


* * *

Сціплы, сумнавата ўсмешлівы Сярожа Міхальчук, хлопец з бедным маленствам, з цяжкім салдацкім раненнем, старанны, уважлівы выдавецкі рэдактар. A ўзяў ды ўпёрся на адным слове ў маім рукапісе: зладзяйчук. Карандашныя «птушкі» на полі, i раз, i два, i тры...

– А што? – спытаўся я.

– Па слоўніку трэба зладзюжка.

Пры маладосці яшчэ i рашучасць – ані з месца. Я пачаў' гаварыць, як тады гаварылася, што першы пасляваенны руска-беларускі слоўнік выйшаў пад вырашальным удзелам двух уздзенцаў, Крапівы i Глебкі, i ў ix нямала «зямляцкамясцовага ўплыву»... Не памагло. Пад руку трапіў яшчэ адзін аргумент:

– Ну сам жа ты, Сяргей, не Міхалюшка, а Міхальчук!

Усміхаецца.

– Давай пазвонім Глебку!

Згадзіўся.

Заўсёды спакойны, мудра-ленаваты, як лічылася, наш эрудыт... Як ён хораша, сумна бачыцца цяпер на фоне хоць бы толькі мнагатомнага збору фальклору, саліднага трыццацітомніка, пачатага ім!.. Яшчэ i вясёлы, Пятро Фёдаравіч выслухаў мяне, за гэты час у галаве яго няспешна i грунтоўна выспеліўся адказ, які мне выразна помніцца ўжо больш за трыццаць гадоў:

– Слоўнік гэты не тлумачальны, па-руску кажучы – не талковы, i ўсе талковыя хлопцы могуць яго, вядома, дапаўняць, дасканаліць для другога выдання.

– Можа, вы i рэдактару скажаце гэта?

Ён – весялейшым голасам:

–Ну, дай яму трубку, калі ўжо ён так, цераз цябе, не верыць.

Сярожа выслухаў i праверыў.

A ў пяцітомным тлумачальным «зладзейчука» ўсё ж няма. Той самы толькі «зладзюжка». Універсальны.


* * *

Бела-ружовая пяшчотнасць яблынькі, каля якой стаю. Сябар маленства – шпак сядзіць амаль побач, на краечку шыфернага даху павеці; ён час ад часу, у развод паварушваючы крыллямі, пакрэхтвае, трэба думаць, ад задавальнення. За сеткай агароджы, у зарасніку альховай латачыны – салавей, да якога, як заўсёды здаецца, падаць рукою. Далей, у радкаватай яшчэ лістоце дубоў, таксама час ад часу жаўна падае сваё «тр-р-р!», нібы кіёчкам па штыкетніку. Успомніўся Багдановіч:

...а там каля акна

Малінаўка пяе i стукае жаўна.


Не стукае, а трашчыць, хоць яна i дзяцел.

Празаічная прычэпка?


* * *

Апавяданні Гарэцкага, якія не пайшлі, бо не маглі ў той час пайсці ў чатырохтомніку, а таксама «Жартаўлівы Пісарэвіч».

Думалася пра мову Максіма Іванавіча, пра тое, як яна адрозніваецца – мастацкая ў апавяданнях i ў «Пустарэвічы», – ад публіцыстычнай у артикулах i ў крытыцы. У лепшы бок, вядома, бо ён жа перш за ўсё мастак, i калі ўздымаецца да сваёй галоўнай сутнасці, тады i гаворыць сваёю мовай, ускормленай народнасцю.

Так, дарэчы, i ў Ларысы Геніюш – мова яе «Споведзі» даволі прыкра засмечана разнамоўнасцю, а мова вершаў – непараўнана чысцейшая.


* * *

Неяк пасля вайны я прыехаў у родную вёску. Тады яшчэ з адчуваннем, што не ў госці, а дахаты. На шарай гадзіне, адзін у матчынай хаце, не знайшоў запалак, а праз акно ўбачыў, што цераз вуліцу, на суседскай лаўцы кураць.

Аказалася – дзядзька Кандрат, тады часовы фінагент, i нейкі райупаўнаважаны, незнаемы. Пакуль я падышоў да ix, дзядзька шапнуў яму пра мяне, i ён, даўшы мне прыкурыць i запрасіўшы прысесці, пачаў:

– Дык што, ты пісацель?

– Ara, – адказалася неахвотна.

– Эпізадыст? Эпізоды апісваеш?

Не памятаю ўжо, што я на гэта адказаў. А яшчэ i такое акрэсленне жанру, якім ахвотна карыстаюся, сяды-тады ўспамінаецца.


* * *

Хваліць наймалодшых, новае пакаленне літаратараў, трэба ўсё-такі памятаючы, што, пакуль гэтае пакаленне пакажа сябе па-сапраднаму, спакваля астыўшы ад самазахаплення, надыдзе пакаленне новае, з тымі самымі, а то i з большымі прэтэнзіямі на сваю выключнасць.

За многія пасляваенныя гады мы ўжо такое бачылі ў некалькіх варыянтах.


* * *

Немаўлятка крычыць непрыгожа. Хоць i сваё, але ж плач той – грымаса грымасай.

Сапраўдная радасць прыходзіць да бацькоў, калі яно ўсміхаецца. Ужо адухоўлена.

Гэта – пра наймалодшых у літаратуры. Вось i яшчэ адно пакаленне пачынае са скаргаў, з плачу ды крыку, з грымасаў. Цяпер ужо на тое, што бацькі ix абакралі, пазбавілі роднай мовы!.. Толькі бацькі!.. Сам ён, бачыце, не можа яе а ні як след любіць, a ні вывучыць. Хоць i ганяў футбол на поплаве, побач з бібліятэкай, да васемнаццаці гадоў.

Хочацца іхняй усмешкі – як адзнакі росту.


* * *

Ацэньваючы таго ці іншага пісьменніка, мы сёння зусім не ўжываем слова «здольны», а замест «таленавіты» гаворым «надзвычай таленавіты», у чым як мне дык i чуецца штосьці накшталт «аж лішне таленавіты». Пакуль што зрэдку, але ўжо дабіраемся, пра жывых гаворачы, да акрэслення «геніяльны», нават «гігант» ды «тытан», прычым «сусветнага маштабу», не чакаючы, што скажа яго вялікасць Час... I вось, чытаючы проста таленавітую кнігу, хочацца выкарыстаць моднае ў моладзі слова «нармальна», сказаць: нормальна таленавіты пісьменнік.


* * *

«А еще я пою. Теперь же все поют...» Трапна, але i крыху збянтэжана гаворыць такое па тэлевізары сімпатычны юнак, адзін з пасрэдных універсалаў ад усіх відаў мастацтва.

Ад гэтага «все поют», улічваючы i большасць нашых бардаў ды бардзіхаў, бывае проста моташна – ад вякання нейкай рыфмоўкі, глухавата развязнага брынчання, захопленага, як ад козыту, павісквання, хрыпу ажно з утробным бульканнем...

Моладзь часамі пытаецца, ды яшчэ з праведна пераможным падкусваннем, што такое быў «ваш сацрэалізм». Можна адказаць i так.

Нам, калі i мы былі маладыя, убівалі ў галовы, утоптвалі ў душы перакананне, што найважней i перш за ўсё патрэбна ідэйнасць. I мы, хто як мог, таксама вякалі ды хрыпелі, толькі што на паперы, а не пад бедную гітару, – як тая большасць вельмі прыблізных «кампазітараў» ды «паэтаў» у адной асобе, у каго таксама перш за ўсё – ідэйнасць на свой лад, па іншай модзе.


* * *

Памятаю яго на шаснаццаць гадоў маладзейшым – светла, нават i з захапленнем яго таленавітасцю. I вось, пасля доўгага перапынку, надарылася магчымасць пабываць на яго радзіме, павітацца, сказаць яму штосьці заслужана добрае. I гавару гэта. А ён, заўважаю тым часам, грунтоўна п'яны. Сярод белага дня, на ўрачыстым шматлюддзі, a набраўся, як чоп, ледзь мяне бачыць i чуе...

Можа, i ў гэтага трэба шукаць глыбіннага апраўдання?

А можа, будзе дазволена калі не сказаць, дык падумаць: «Ну i пайшоў ты, хлопча, у хлеў»?..


* * *

Капуста-шаткаванка i паэма-рыфмаванка. Толькі ж не такая смачная ды спажыўная, як капуста. У паэзіі такой – абы зрыфмаваць, a ў іншай драматургіі – абы «здыялагізаваць», раскласці на шэрую, мляўкую гутарку.

Чытаеш, i ўспамінаюцца самадзейныя, няхай сабе i надрукаваныя, п'ескі ў колішняй Заходняй, аўтары якіх, ушчэнт заблытаўшыся ў сваёй бездапаможнасці, часта канчалі так: «Ну, а цяпер паскачам «Лявоніху»!» I скакалi на радасць публіцы, i ўсё цудоўна завяршалася.

I сёння некаторыя п'есы, з новага сяк-так пашытыя або пераліцаваныя з уласнай ці чужой прозы, хочацца закончыць парадай аўтару:

«Давай, можа, лепей паскачам «Лявоніху»?»


* * *

Добра знаёмая мне польская літаратурная сям'я, у якой i сам «пан дому» пісьменнік, i «пані дому» пісьменніца, i дачка паэтка, i зяць паэт. Больш дарослых пакуль што няма.

Падаючы далейшае, прозвішча «панства дому» прыйшлося змяніць.

Пані вядзе на праходку цюціка. Насустрач ім – таксама літаратар, але з тых, што не надта салідныя, а да таго яшчэ i выпіўшы. Праўда, капялюш прыпадняў ён ветліва, аднак i спытаўся:

– Проша пані, чы песэк Кусьнежэўскі руўнеж пішэ?..

Мы ca сваімі літаратурнымі сем'ямі да «песка» яшчэ не дайшлі. Усюды наша адсталасць!..


* * *

Механізатар на пенсіі. Інвалід вайны. Значна старэйшы за свае гады i п'янаваты. На другім годзе ўрадавай пастановы супраць п'янства.

Вяртаемся з санаторыя, I там я неаднойчы бачыў яго пад патаемнай чаркай, з нейкай нягеглай фанабэрыяй вышэйшасці. У нашым купэ яго знайшоў знаёмы па санаторыі, з другога вагона. Пагаварыць яны выйшлі на калідор. Адтуль, цераз прачыненыя дзверы, пачулася, як той знаёмы шаптаў інваліду, хто я. Вярнуўшыся ў купэ адзін, таварыш, крыху памаўчаўшы, спытаўся:

– А вы пісьменнік? Я i не ведаў.

Зноў памаўчаў, а тады, уздыхнуўшы:

– Дурная, браце, работа!

Адкуль ён ведае гэта, я не спытаўся. Аднак бывае, калі прыцісне, i падумаеш: a ці ж не праўда?..


* * *

Разгарнуў пад вечар таміну «Жизнь животных. Птицы», трапілася на жаваранка, пачаў чытаць пра яго, i стала так добра, журботна на душы.

Колькі ўсяго непазнанага, i не пазнаеш яго як след, пакуль прыйдзецца ўсё пакінуць...


* * *

Няўжо гэта конча трэба пасля сябе «пакінуць след» – у сэнсе славы нейкай, шырокай вядомасці? A калі проста жыць на радасць i пашану блізкім i трохі далейшым, з кім зводзіла жыццё?

I я такіх ведаў, i шчыра паважаў, i з удзячнасцю ўспамінаю.


* * *

Чаму я павінен маўчаць, адкладаць на далей свае думкі i пачуцці з нейкіх палітычных меркаванняў, як быццам вышэйшых за маё чалавечае права на свабоду, на адно толькі жыццё?..


* * *

Калі ты сам сябе – хоць i заслужана, i шчыра – у душы або ўголас называет дурнем або гадам – гэта яшчэ не канчатковы прысуд. Недзе глыбей затоена перакананне, упэўненасць, што гэта не ўсё або не зусім яшчэ ўсё, што ёсць жа ў цябе, было i штосьці добрае, а застаецца – спрадвечна i назаўсёды – святое, дзіцячае: я больш так не буду.

«Все в табе, все в любве», – чытаў такое зноў жа ў Льва Мікалаевіча, вельмі ўжо даўно. Так проста i мудра гаварыў у яго хтосьці з вясковых сяброў) не памятаю ўжо, Бондараў ці Сютаеў. I словы тыя, з нейкім ці не беларускім налётам, успомніліся цяпер. Як вывад з горкіх пакутаў, гнілых сумненняў, дробнай, зласлівай зайздрасці, падазронасці, незадаволенасці, крыўды...

Усё ў табе, i гэтага ніхто не забярэ, калі яно будзе ў сіле.

ПА ПЛАНЕ

Снедаючы ў Доме творчасці, Піліп Пястрак i Мікола Хведаровіч дзеляцца турэмнымі ўспамінамі. Польскі вязень успамінае адзін ix бурны пратэст, потым, між іншым, згадвае пра шмалец, які ім дазволена было выпісваць.

– Ну-у, браце, – засмяяўся вязень культаўскі, – наеўшыся шмальцу, добра было пратэставаць!..

Праз дваццаць год, выпісваючы гэта з блакнота, успамінаю прачытаны ў машынапісе дзённік Кузьмы Чорнага. Як ён, наслухаўшыся расказаў Пестрака пра катаванні ў дэфензіве, успамінаў свае, тэхніку ix параўноўваў...

Нямала нарасказваў мне Хведаровіч, расказчык куды цікавейшы, чым літаратар, i ў вершах, i ва ўспамінах. Сёе-тое я занатоўваў.

«...Па плане ўсё рабілася. Прыходзіш у турму, а там ужо твая пайка сабралася за некалькі дзён: павінны былі ўзяць раней, але турма была забітая.

Камера на дзесяць чалавек, а нас там каля сотні. Мокрыя ад поту, у адных трусах, ляжым проста адзін на адным.

А параша саракавядзёрная, ажно брадзіць пачынае ад гарачыні. Уранні наглядчык адчыніць дзверы, а сам набок, каб духам з ног не збіла!..»

Бядняк, член партыі, адказны работнік, з моладу нястомны актывіст, пралетарскі паэт, ён i думаць не думаў, што i яму прыйдзецца цярпець такія пакуты, быць западозраным у такіх неверагодных злачынствах... Упершыню ўштурхнуты, пасля катавання, у перапоўненую камеру, прысеў каля napora, слухае, як храпуць... А потым голас з верхніх нараў:

– Отрок, поди сюда, приляжешь у меня.

Поп расказаў яму паўшэптам пра сябе. Пацяшаючы:

– Привыкнешь, отрок. Я уже четвертый раз посажен. Придешь домой, не успеет матушка первый блин на сковородке перевернуть – ан глядь в окно – уже опять антихрист в сине-красной шапке!..

«...Жанчыны не толькі ехалi за мужамі ў ссылку, але i каля турмаў далёкіх некаторыя аціраліся – куды б яго ні перавялі. Падаянкі перадавалi.

А мужчыну, які ўслед за жонкай прыехаў, бачыў я толькі аднаго...»

«...Вось табе, браце, навела. Арыштаваны быў Тар Качаран, замест Эр Качарана, памылкова. Дзесяць год дамагаўся ён праўды, ды так i не дамогся. Выпусцілі з турмы, а потым зноў узялі, на высылку. «Дык я ж не Эр, а Тэр Качаран!» – апраўдваецца ён. «Але ж сядзелі вы. Вам, значыцца, i на высылку!» Логіка ёсць, – што за розніца, каму сядзець, каго саджаць?..»

Шматгадовы пакутнік, a ўсё ж вясёлы i разумна просты чалавек, сустрэўшыся неяк на выхадзе з Дома літаратара, Мікола сказаў мне:

– Надумаўся, браце, i я адзначыць свае семдзесят пяць. Відаць, апошні раз гэта. Хай будзе, хай пагавораць...

Як напрарочыў, што апошні, бо гады праз два памёр.

На тым юбілейным вечары, даволі прыстойным, работнікі тэлебачання чакалі са сваёй апаратурай да самага канца, да выступлення юбіляра. I трэба ж яна – такая іронія няхай паласкавелага, а так доўга суровага, несправядлівага лесу! Рыхтуючыся з-за стала на трыбуну, Мікола Хведаравіч зашпіліў пінжак не на тыя гузікі. Адно крысо ніжэй, борт адпаведна тырчыць угару. Асвяцілі шаноўнага на трыбуне, узялі, нарэшце, буйным планам, ён выступав, а здымаць няма як... Прыкра, столькі чакалі.

А ён?..

1988

«КАЖЕТСЯ...»

У канцы 1947 года Кагановіча адклікалі з Украіны ў Маскву, i таму ў Кіеве не адбыўся пленум пад вельмі змястоўнай назвай: «Барацьба супраць нацыяналізму як галоўнай небяспекі ў КІІ(б)У», да якога ўжо рыхтаваліся. Крывавага шаўца натхняла пастанова пра часопісы «Звезда» i «Ленинград», пагром Зошчанкі i Ахматавай, адпаведнікаў якім, дарэчы, шукалі i знаходзілі ў кожнай рэспубліцы.

Улетку была праведзена нарада маладых украінскіх пісьменнікаў, якія былі адпаведна нацкаваны зверху на старзйшых, у першую чаргу – на Рыльскага. Так на паэму «Мандрівка в молодість» быў нацэлены сённяшні прагрэсіўны эмігрант Мікола Рудэнка і, як засведчыла прэса, заданне выконваў горача. Партызан Платон Варанько ў сваім выстунленні не знізіўся да бэштання Рыльскага, Яноўскага, Сенчанкі, выдатных пісьменнікаў i высакародных людзей, якіх i я меў гонар пазней уведаць. Міхайла Стэльмах, якомуРыльскі зрабіў нямала добрага, на той пагром не з'явіўся, што было як-ніяк пэўным пратэстам.

Выступленні маладых падтрымалі... ажио пісаць не хочацца: Тычына, Бажан, Первамайскі... Само сабой Карняйчук, I некаторыя іншыя, каго я потым уведаў, але, аказваецца, недастаткова.

Да гонару Міколы Бажана – пазней ён прызнаўся, маючы на ўвазе загадана-калектыўны здзек з Юрыя Яноўскага:

«Мне нялёгка пісаць пра тое, што i я тады выступаў так, як не павінен быў выступаць. Не сцёр i не сатру гэтага са сваёй памяці, не скіну гэтага цяжару».

Іншы цяжар залёг у душы Максіма Рыльскага, якога прымусілі-такі напісаць пакаянне ў «Литературной газете» ў канцы таго самага года.

Чытаю поа ўсёгэта ў «Літературноі Украіни» – i згодзен з незнаемым, відаць, маладым аўтарам публікацыі, які не хоча, не можа цытаваць з таго вымушанага «прызнання». Не будзе яму месца, з гонарам дадае таварыш, і у дваццацітомным Зборы твораў Рыльскага.

Мы, беларусы, кажучы з горкай іроніяй, менш ганарлівыя. Наша «Літаратура i мастацтва» летась надрукавала пакаяльныя пісьмы Купалы i Коласа, глыбока-сумныя акты іхняй капитуляций, што так выразна адбілася на далейшай творчасці. Мала гэтага, дык яшчэ нядаўна на вечары, прысвечаным памяці вымардаваных сталіншчынай пісьменннікаў, у канцэртнай частцы ўрыўкі з тых страшных пісьмаў былі ўрачыста зачытаны артыстам – пад партрэты абодвух класікаў, па чарзе высветленыя на экране...

У Рыльскага на сходзе, дзе ўжо сам Кагановіч падвёў яго аж пад пятлюраўца, хапіла духу ўстаць i сказаць, што такім ён ніколі не быў. У дзённіку Аляксандра Даўжэнкі значыцца, што ў ЦК Камуністычнай партыі Украіны, дзе Рыльскага апрацоўваў хтосьці з найвышэйшых, Максім Тадэевіч сказаў такое, што лепш, як i вершы яго, цытуецца ў арыгінале:

«Ви прийшли i підете, а я вже остався». I яшчэ – пра яго сапраўдную інтэлігентнасць.

Калі праз паўтара года пасля ад'езду Кагановіча ў Маскву пачалася кампанія супраць «бязродных касмапалітаў», пад новы агонь трапіў адзін з тых, што так нядаўна таптаў «нацыяналіста» Рыльскага. Аўтар публікацыі не называв таго «касмапаліта», i мне таксама важней іншае. Рыльскаму хтосьці сказаў, што вось i прыйшла магчымасць адпомсціць пагромшчыку, на што ён, без пары пасівелы паэт, які сівець пачаў яшчэ ў засценках 1937-га, адказаў, – таксама трэба прывесці ў арыгінале:

«Чим би я тоді відрізнівся від нього?..»

I яшчэ скажу – ужо такое, што над старонкаю «Літературноі Украіни» не першы раз успомнілася.

У чэрвені пяцьдзесят восьмага года, праездам гасцюючы ў мяне ў надсвідязянскай леснічоўды, Максім Тадэевіч расказваў, між іншым, i пра сваю сустрэчу на сесіі Вярхоўнага Савета СССР з тым самым Кагановічам. Тым ды не тым – ён ужо блізу год лічыўся ў «антыпартыйнай групе», а дэпутатам па куль што быў. Сустрэліся ў гардэробе. Рыльскі павесіў паліто i адвярнуўся. А тут – ох, як жа знаёмае, шануючы вас, аблічча!.. I ўсмешачка, i пытанне:

«Кажется, Максим, Фадеевич?»

Адказ:

«Да, кажется».

I – міма.

Хоць столькі чалавечага задавальнення.

1989

ЛЫЖАЧКА ДЗЕГЦЮ

Напярэдадні Кастрычніка ў семдзесят першым годзе я гасцяваў у М. П. Прыляжаевай на яе перадзелкінскай дачы, прыйшоў туды з Дома творчасці.

Гасцей было ніштавата, пераважна старыя ды пажылыя жанчыны, а з мужчын, апроч мужа Марыі Паўлаўны, заўсёды карэктнага, прыемнага педагога, сусед па дачы Канстанцін Федзін, крытык В. О. i я.

У цэнтры ўвагі быў, вядома, Федзін. I гэта ўжо не проста павага была, а спрэс богатварэнне з боку састарэлых анеліц, ад чаго было прыкравата. Скажам, такое:

«Таварышы, а цяпер кожны з нас, адзін за адным, скажам Канстанціну Аляксандравічу штосьці добрае! Гэта будзе так слаўна – такія тосты...»

Хочаш не хочаш – нікуды не дзенешся.

Мая чарга была пад канец, я паспеў настроіцца на прыстойную шчырасць, сказаў пра «Першыя радасці», добрае ўражанне ад гэтай кнігі, па якой я некалі i пазнаёміўся з Федзіным-пісьменнікам.

Перад такім кальцавым славаслоўем быў першы нумар анельска-федзінскай праграмы. Канстанціну Аляксандравічу ўрачыста ўручылі сігнальны экземпляр другога тома акадэмічнай гісторыі савецкай літаратуры, яго другі паўтом. Таксама не проста ўручылі, як шаноўнаму саўдзельніку выдання, а з адпаведным уступным малебнам. Які ён, наш Канстанцін Аляксандравіч, акуратны ва ўсім, як ён не пераносіць хоць бы найменшай памылачкі ў кнізе, тым больш у такой, i як мы ўсе, дарагія таварышы, рады, што гэты паўтом выйшаў – «ну, без сучка i задорынкі»!..

Кніга пайшла спачатку ў рукі нібы імянінніка, пасля яе бралі, гарталі, цмакалі іншыя. Дайшла чарга i да мяне. Гэта было ўжо ў час тых кругастольных здравіц, настрой у мяне быў прыкра-прэсны, i я, калі ўжо ўсе адгаварылі сваё, з нейкай блазенскай прыемнасцю ціха сказаў той пасівелай анеліцы, што ўручала кнігу i наогул асанніла найбольш:

«А Уладзімір Калеснік усё-такі Андрэевіч, а не Іванавіч, як тут».

Так значылася над падраздзелам пра заходнебеларускую літаратуру, не ў тэксце дзе-небудзь, а на самым відавоку.

Гады праз чатыры, у Дубултах, я нечакана сустрэўся ў Доме творчасці i з Прыляжаевай, i з тою яе сяброўкай. Марыя Паўлаўна зноў пачала нас знаёміць, а тая з калючай усмешкай сказала:

«Помню я, помню вашу лыжачку дзёгцю!..»

А мне жыва прыгадалася тая вялізная кадзь старэча-анельскага мёду, якім увесь вечар кармілі старога, рассаладзелага пестуна, i прасіць прабачэння не захаделася.

1987

СПАКОЙ

Знаёмы мой, малады літаратар, прыляцеў з Масквы ў Ашхабад, узяць для «Литературной газеты» інтэрв'ю ў Кербабаева. Сазваніўся, завітаў да класіка на дачу.

– Ваш погляд, паважаны Берды Муратавіч, на сучасны стан нашай савецкай літаратуры.

– Які погляд, якое інтэрв'ю, дарагі, хутка вечар, будзем чай піць.

Уранні зноў:

– Які погляд, дарагі, якое інтэрв'ю з самага ранку, будзем чай піць...

Камандзіровачны пачаў прасіцца. Гаспадар палепшаў:

– Ну добра, дарагі, прыязджай пасля абеду.

Прыехаў, зноў просіць, што больш ужо аніяк не можа.

– Дык што ты хацеў, дарагі?

– Ваш погляд на сучасны стан нашай літаратуры. Для газеты, для шматмільённага чытача гэта вельмі цікава i важна...

Нічога не зробіш, можна i так.

Паважаны пайшоў на прыдуманы, падрыхтаваны гумар, звярнуўся да свайго сакратара:

– Слухай, дарагі, пайдзі ты пазвані ў аддзел культуры ЦК, спытайся, які мой погляд на сучасны стан нашай савецкай літаратуры.

I засмяяўся сыценька, прыплюшчана, пашанотна падтрыманы сакратаром.

Гадоў праз пятнаццаць, у Алма-Аце, на ўрачыстым літаратурным вечары, паважаны аксакал нявінненька драмаў у прэзідыуме, ужо выразна састарэлы, хоць i гладкі па-ранейшаму. На гэты ціха-шчаслівы міні-сон я шэптам звярнуў увагу суседа, даўняга ўжо, пры ўсіх перабудовах нязменнага ўсесаюзнага сакратара па арганізацыйных пытаннях. Ён іроніі не адчуў, душэўна зашаптаў мне з гаспадарскай задаволенасцю, што вось нядаўна Берды Муратавіч быў у Маскве i яго паглядзеў у паліклініцы літфонду сам прафесар... Назваў прозвішча таямнічай славутасці.

– Вполне здоров. Как хорошо, как ровно бьется его сердце!..

I тут нячысцік падсунуў мне лермантаўскі радок – пра сэрца, якое можа так біцца... Ды гэтага я ў адказ не шапнуў.

1987

ТЭОРЫЯ I ПРАКТЫКА

Улетку пяцьдзесят чацвёртага года ў нашым Саюзе пісьменнікаў прымалі госця з Японіі, перакладчыка рускай прозы, прозвішча якога я не запомніў.

Ён папрасіў расказаць яму пра сацрэалізм.

«Мне ўжо гаварыў пра гэта таварыш Ілья Эрэнбург, аднак я прашу вас яшчэ раз мне растлумачыць. Толькі, калі ласка, паволі i простымі словамі, бо рускую мову я яшчэ ведаю ўсё-такі слаба».

Прыблізна так прасіў ён, з усім сваім пацешным нібы знарокавым крыўляннем i амаль стабільнапрыязнай ці ветліва-церпкай усмешкай.

Задача!.. Нас было на сустрэчы не вельмі многа, а да таго яшчэ гарачыня. Не без цяжкасці ўгаварылі аднаго-з-нашых. Язык у яго, мы ведалі, падвешаны нядрэнна. Дый разбіраецца, вядома. I вось ён пачаў інтэлігентна i многа, надежным курсам.

Японец толькі падтаквае, як з удзячнай усмешкай: «Да... Да... Да-да...» А потым, калі наш энергічны тэарэтык, нарэшце, выгаварыўся да дна, госць пакланіўся яшчэ раз, з той самай усмешачкай:

– Спасибо. Я тоже ничего не понимаю.

А справа ж не ў Адным-з-нашых – ён гаварыў зусім правільна.


* * *

Пасля вайны ў партыйную школу бралі па заслугах то партызанскіх, то ўжо новых, працоўных. Пры гэтым – абавязковы працэнт жанчын. Адзін з маіх землякоў, дасціпна-вясёлы, злёгку адукаваны партызан, тады таксама слухач, госцячы неяк у мяне, смяяўся. Перадавіца такая, партызанка ці цялятніца, накрыўшы плечы вялікай, ярка расквечанай хусткай, ідзе ў перапынку па калідоры i – пасля лекцыі па філасофіі – тупа, разгублена, прастадушна, здаровае дзіця прыроды, скардзіцца:

– Божа-божа, i хто ж яго ўсё гэта запомніць?!

Той жаласны ўздых часамі ўспамінаецца – пасля чарговай, мудрагеліста туманнай пропаведзі таго ці іншага тэарэтыка ад прыгожага пісьменства.


* * *

А гэта ўжо з практыкі.

Сталічны, акадэмічны крытык Ламідзе ў юбілейным артыкуле ў найважнейшай газеце пра садружнасць савецкіх літаратур ад кожнай з ix, як Ной у каўчэг, выбраў па пары. З нашай – Броўку i мяне. Броўку – як тагачаснага сакратара ўсесаюзнага праўлення, знаёмага па сумесных маскоўскіх сядзеннях. А што да мяне, дык прыпомніў таварыш адэскі Дом творчасці, дзе мы адпачывалі, часамі ў «дурня» разам гуляючы.

Другі маскоўскі крытык, В. Новікаў, у другім юбілейным выказванні, таксама згадаўшы нашы сустрэчы ў іншым Доме творчасці, залічыў мае «Птушкі i гнёзды» ў... экалагічны падраздзел. Арніталогія! Спачатку даў у газеце, а потым – значыцца, беспамылкова – i ў дадатковым томе Літаратурнай энцыклапедыі.

У першым выпадку я проста ўсміхнуўся. У другім – пры нагодзе спытаўся ў знаёмага з «Литературного обозрения», ці дадуць яны маю рэпліку. Не, – быў адказ, – таварыш Новікаў – з недатыкальных: доктар, прафесар, выкладчык вышэйшай партыйнай школы.

Ёсць тут, зрэшты, i іншы аспект, прыкры для аўтара кнігі: лепш напісаў бы, дык не блыталі б...

Можна пацешыцца i так. Тым больш – i на гэта махнуўшы рукою.

1987

СВАБОДА ВОЛЕВЫЯЎЛЕННЯ

У першай палавіне шасцідзесятых я прымаў удзел у рабоце абласной выбарчай камісіі. У перапынку ў вестыбюлі пазваніў у рэдакцыю «Полымя». Салідная незнаемая дама, спыніўшыся збоку, з усмешкай спыталася:

– Вы говорите по-белорусски?

Яна была на пасадзе адказнай за справу народнай асветы, пра што сказала мне, з гордасцю дадаўшы:

– Была у меня одна белорусская школа, но я и ту прикрыла.

– Гэта для нас не нова, – сказаў я. – Да таго ж у вас былі адпаведныя папярэднікі.

– Кто же?

– Мікалай Раманаў, Юзаф Пілсудскі...

Яна, варона, спыталася, ужо без усмешкі:

– А при чем здесь я?

– Варта падумаць.

Пасля паседжання была вячэра. Два маладыя раённыя таварышы, якія, аказалася, чулі нашу з дамай гутарку, падышлі да мяне з чаркамі, каб выказаць разуменне. Гутарачы з хлопцамі, я зірнуў у той бок, дзе за сталом сядзела тая рэфарматарка. Яна глядзела на нас і, злавіўшы мой позірк, прыўзняла свой фужэр i зноў з усмешкай сказала:

– А я свое дело делала и буду делать!

I гэта, вядома, не самадзейнасць была, – калі не па «прямому указанию свыше», дык з «поощрением» напэўна.

I гаварылася гэта як-ніяк беларускаму пісьменніку, у той час нават «члену ўрада».

Зрэшты, гады са два перад гэтым, на першым паседжанні камісіі Вярхоўнага Савета БССР па культуры, першае пытанне было зададзена энергічнай пышкай, настаўніцай з Віцебска:

– Что же, товарищи, будем делать с белорусским языком?

Намесніца старшыні камісіі падклікала энтузіястку да сябе i амаль шэптам пачала тлумачыць пра тактычную заўчаснасць пытання. Пра гэта я толькі здагадваўся, ведаючы тую жалезную лэдзі па яе ранейшых выказваннях, на яе штатнай пасадзе.

На адным з наступных паседжанняў нашай камісіі я ўбачыў яшчэ адну лэдзі. Худая, чорная, з цыгарэткай i ўсмешкай, затоенай у непахісных паўнамоцтвах. Ва ўрадзе яна адказвала за фінансаванне спраў культуры i патрыятычна націскала на эканомію. Тады якраз быў прыкры перапад у тыражах нашых часопісаў, i дама з цыгарэткай прапанавала перавесці «Полымя» i «Маладосць» на выхад – упершыню ў гісторыі – раз у два месяцы.

– Я полагаю, этого вполне достаточно.

Слова ўзяў міністр культуры, лагодны, ветлівы Р. Кісялёў. Ён прасіў, так прасіў тую даму:

– Пусть еще побудет пока так, как есть, ежемесячно. Ибо где же печататься нашим писменникам?

Па звычаі начальства, з такою скідкай: не писатель, а писменник, з цвёрдым «с», нават з двума.

– Рыгор Якаўлевіч,– сказаў я, узяўшы слова,– дагэтуль лічылася, што справа беларускай культуры – гэта справа нашага народа, нашай партыі, а па-вашаму, яна датычыць толькі пісьменнікаў?

Мяне падтрымалі Р. Шырма, Н. Сняжкова, сакратар магілёўскага абкома партыі, рэдактар «Советской Белоруссии» A. Здаравенін, рускі па нацыянальнасці i светлы ў поглядах на справы братэрства. Яшчэ адзін даволі адказны абласны беларус толькі ўсміхаўся, нібыта ў мудрым прадбачанні сваіх пазнейшых высокіх пасадаў. А я неўзабаве быў пераведзены ў камісію па народнай асвеце, у значна большую ізаляванасць.

Усё гэта ўспамінаецда праз дваццаць з гакам гадоў, калі, бывае, чую або чытаю пра «свабоднае волевыяўленне» нашага народа ў «выбары роднай мовы»...

1987

ФІЛОЛАГІ

Хто нашай цёткай не нацешыўся!.. Кажучы гэта, народнае, значна мякчэй.

Палавіна шасцідзесятых. Па прапанове ЮНЕСКА рыхтавалася анталогія беларускай паэзіі для выдання на галоўных еўрапейскіх мовах. Складалі ды абмяркоўвалі яе нашы найлепшыя паэты, дастойную прадмову напісаў Уладзімір Караткевіч. Ды вось не ўлічылі з належнай пашанай, што новы міністр культуры, М. Мінковіч, яшчэ i старшыня рэспубліканскай камісіі па справах таго ЮНЕСКА. I ён узяў гатовы рукапіс на прагляд, сказаўшы: «Я i сам філолаг!»

Забракаваў ледзь не добрую палавіну вершаў. Мала, маўляў, палітычнай паэзіі. Зверху, вядома, яго падтрымалі. Хоцькі-няхоцькі палітыкі рэдкалегія дадала. У выніку – справа з той анталогіяй заглухла...

Праз два гады, вясной шэсцьдзесят восьмага, міністр-філолаг прыехаў на Свіцязь, дзе ў доме адпачынку праходзіў рэспубліканскі семінар творчай моладзі. Я быў там ад Саюза пісьменнікаў, адказным за маладых літаратараў. На той сустрэчы сядзеў зусім ззаду, за мной нікога з нашай літаратурнай групы не было. Тым не менш калі адтуль, з-за мяне, пайшла да трыбуны загадкавая піеулька, потым яе, «дзе трэба», палічылі пісьменніцкай. Ледзь паспеўшы разгарнуць тую затеку, высокі прамоўца прачытаў:

– Чаму міністр культуры Беларусі гаворыць з намі не на беларускай мове?

Прачытаў i без найменшай паўзы абрынуўся на такую апалітычнасць. Зноў пачулася i «я філолаг», i не менш доказнае: «Думаеце, я не ўмею гаварыць па-беларуску?!» З такім высокім падтэкстам: «А вось жа не гавару!..»

Пасля выступлення ён i яшчэ адзін філолаг, камсамольскі кіраўнік семінара, вёрткі таварыш, які, дарэчы, i сёння плавае зверху, адразу ж, неадкладна пазванілі ў Мінск – пра ўспышку нацыяналізму, якая імі «паспяхова ліквідавана»...

Здаецца, праз год, на сустрэчу з амерыканскімі журналістамі ад Саюза пісьменнікаў, па сакратарскім абавязку, прыйшлося пайсці мне, дзе зноў сустрэўся з магутным філолагам, на той самай глебе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю