355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ] » Текст книги (страница 2)
Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 13:30

Текст книги "Пішу як жыву [Аповесць, апавяданні, мініяцюры, эсэ]"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 17 страниц)

«Голубчик Павел», нягледзячы на дружбу з «голубчиком Антоном»,– а слова гэтае было ў ix як быццам адно на двух,– у Загора разам не вярнуўся. Ён быў па натуры яшчэ больш за нашага невясковы, хоць i не такі энергічны ды абароцісты. Можна сказаць: мядзведзь наадварот – бо ён, калі ажаніўся, мерыўся па нагаворы жонкі i радні заняцца гаспадаркай, але ўздыхаў: «Эх, каб гэта ж так, як мядзведзь на зіму, заснуць на ўсё лета, а на зіму прачнуцца i – на цёплую печ!..»

Праўда, карэнне вясковае ён, застаўшыся ў горадзе, не абсякаў. На сваю зямлю прыслаў нам заверанае польскім консульствам у Кіеве даручэнне на часовае карыстанне – усё ж з надзеяй на славуты «ўсякі выпадак». Польскія ўлады спрабавалі зямлю тую ў нас забраць, як маёмасць чужынца, а мы судзіліся з казной аж да прыходу іншай улады. Тады ўжо Міша, польскі салдат, які па абмену вярнуўся з нямецкага палону ў лістападзе трыццаць дзевятага, пайшоў з тым даручэннем у сельсавет: бярыце, таварышы, зямлю савецкага грамадзяніна. Шнуры тыя пайшлі па людзях, a Міша з Колем былі рады, што так цяпер не раскулачаць, не вывезуць, хоць на гэта i свайго ўласнага хапала, а на дадатак – я быў у Германіі...

Дарэчы, улетку сорак першага, калі прыйшла акупацыя, у пакінутым сельсавеце нашы знаёмыя бачылі спісы людзей, якіх не справіліся вывезці на ўсход. Там – з-за мяне – значылася i наша сям'я, i яшчэ дзве сям'і, у тым ліку i ўдовай бяднячкі Турчыхі з дзецьмі, два старэйшыя сыны якое таксама былі з польскага войска ў палоне.

Дзядзькавай хатай, каморкай, пограбам, хлявом i гумном карысталіся далейшыя сваякі, а потым яшчэ ўсё пры Польшчы, ён напісаў нам прадаць будынкі i пляц i грошы выслаць яму, бо i жывецца туга, i хварэюць жонка i ўнук. Хіерапіскай ды перасылкай займаўся я. Памятаю з прыемнасцю, як паслаў тыя злоты, а таксама i недаўменне помніцца, з якім чытаў дзядзькавы радасна-ўдзячныя каракуле з пералікам тых звычайных i не вельмі дарагіх у нашым мястэчку рэчаў, якія там, у Саветах, купляюцца цераз загадкавы, экзатычны «Торгсйн». Скажам, бялізна, порткі, чаравікі...

Пасля вайны старому не палепшала...

Ды ён заставаўся самім сабою, усё яшчэ службістам.

Нам ён сказаў, што вызваліцца ў шэсць гадзін i будзе нас чакаць. А пакуль што, як мы зразумелі, ён на рабоце. Людзі зрэдку ідуць праз брамку, у каго трэба праверыць перонны, каму адказаць на пытан не, што ён тым часам, гаворачы з намі, i рабіў.

Здарылася так, што мы, без віны вінавата, увечары прыпазніліся да яго. I тут я ўспомніў тое, што чулася пра дзядзьку ад старэйшых сямейнікаў: што i нервовы ён, i крыўдлівы, i рэзкі бывае, хоць i душэўны чалавек, i любіў спяваць украінскія песні, асабліва са сваёю таласістай хросніцай, нашай Вілітай. Гэта i ў Загоры, калі ён туды прыязджаў, i ў Адэсе, дзе яна вучылася шыць, a ў вайну i ў бежанстве была. На нас ён пакрыўдзіўся, пабурчаў, што мы «знайшлі раднейшых», а тут i вячэра даўно гатова, i суседзі запрошаны. Мы з жонкай павінаваціліся, ён хутка адышоў, разгаманіўся. Пад смажаную скумбрыю, якая i сапраўды астыла, пад памідоры, кабачкі i іншую смакату мы выпілі маленькімі чарачкамі «Червоного міцного», ад чаго Адэса цяплей спалучылася з Украінай, а адтуль – i з нашымі роднымі мясцінамі.

Ён гаварыў па-адэску. «Я слышал за тебя по радио, но думаю: не напишу! Кто чей племянник – я твой или ты мой? Почему Улита мне пишет, а ты что – не можешь?» Хвалячы калі-небудзь, гаварыў: «Это – тот парень». «Слушай, голубчик, сюда...» Да Ніны маёй звяртаўся «мадамачка». «Внучаньку», як i на пероне, пагладзіў па галаве. Паскардзіўся на сваю пенсію: шэсцьдзесят гадоў у адным дэпо, а плацяць капейкі. «Обидно, голубчик Ваня! А все равно – приболею когда, не выйду, так и кажется, что там без меня все поезда постали!..» Праз мноства небеларускіх гадоў прарывалася i наша, загорскае. «Калхоз там хочуць рабіць? Так жа з нашых гор трактары к чорту пазвальваюцца!» А яшчэ i такое, зусім ужо сваё:

«Ванячко, сэрцо мае ўсё баліць. Стары я, адзінадзіночанькі...»

Калі яго субкватаранты, пажылая бяздзетная пара, што i з падрыхтоўкай вячэры дапамагалі, сціпла развіталіся i пайшлі, я нарэшце спытаўся – пачакаўшы i прыцішана:

– Дядя Павел, как же это с Володей нашим случилось?

Стары, заслужаны рабочы, партрэт якога вісіць на вакзале, бацька двух камуністаў, старэйшы з якіх яшчэ i герой, ён адказаў мне зусім «па-старарэжымнаму», не вельмі i прыцішаючыся:

– Жидова партейная погубила его, вот как!..

Так мы з жонкай другі раз за дзень пачулі тое, чаго не было ў пісьмах. Што нейкі М., партыйны сакратар, яўрэй, калі Валодзя, загадчык саўгаснага аддзялення, па справядлівасці выкрасліў яго са спісу на ўзнагароджанне, спадцішка насмуродзіў у гістарычнае «куды трэба». Былі ў яго i сувязі, i памагатыя, на беспартыйнага «паляка», радня якога за мяжой, ды яшчэ i «памешчыкі», таго «куды трэба» хапіла...

Цяпер – пра тых, кім дзядзька папракнуў мяне, сказаўшы пра «раднейшых за яго».

Ігнат яшчэ вясной сорак пятага пісаў мне: «Дяде Павлу и Наде по некоторым причинам не пишу». Мае заходніцкае неўразуменне ён праясніў праз год пры сустрэчы. A нядаўна яго Шура, калі мы зноў закранулі гэтую тэму, яшчэ раз растлумачыў тыя «некаторыя прычыны». Сам ён, Ігнат, сначатку свяшчэннік, пасля «перековки» на Беламорканале са сваёй папоўскай маланадзейнасцю схаваўся за ўральскім хрыбтом, а Валодзя наогул «вораг народа» – што гэта за сваяцтва для дзядзькі з яго сынам-камуністам? А для Надзі – мужаў брат i поп былы, i зэк? А для самога Ігната – з адзіным сынам, за якога дрыжалася ўсю вайну, які павінен далей вучыцца? I асцярожнасць тут, i ўсёмагутны таварыш Страх!..

Тыя «некаторыя прычыны», сцішнаватае для нас з жонкай пачужэнне родных людзей паміж сабою мы ў нейкай меры адчулі i самі. У адносінах дзядзькі з удавой i сіротамі найстарэйшага пляменніка, сына «голубчика Антона», а тым больш да сваякоў па жонцы другога пляменніка, Ігната. Здалося нават, што ўсе яны, бліжэйшыя i далейшыя родзічы, нібы толькі дзякуючы нашаму прыезду i дачуліся адны пра адных, схамянуліся, што вось жа поблізу жывуць, а так даўно не сустракаліся, не ведаюць дакладней: хто, дзе, што...

На «Сквере 9-го Января», які я памятаю як «Старосенную площадь», дзе замест сённяшніх пастарэлых таполяў i акацыяў была проста бязмежная для малечы прастора, стаяць у рад некалькі аднатыпных невысокіх камяніцаў з брамамі i тунельнымі ўваходамі на квадратныя «італьянскія дворыкi», замкнёныя сценамі – на тры паверхі адна, ад вуліцы, i на два з цокалем з трох іншых бакоў, з вялікімі вокнамі i балконамі – усярэдзіну. Мяркуючы па колішніх расказах старэйшых i па сваёй памяці, а цяпер i па некалькіх дзвярных візітках, якія паспелася заўважыць, кватэры тут здаўна i пераважна заселены беларусамі. Лейка, Літвінка, Радзюк, Шавейка, Стэльмах, Булдык, Пляскач... У большасці гэта ўжо дзеці i ўнукі тых, што наязджалі ў Адэсу-маму на лягчэйшы хлеб i часцей за ўсё ўладкоўваліся на «жалезнай дарозе». Удала сяліліся паблізу ад вакзала, які цяпер, пасля ваеннага разбурэння, адбудаваны па-сучаснаму, а дамы – тыя самыя.

Зайсці ў нашу былую кватэру, паказаць яе жонцы, а перш за ўсё пабачыць самому, я не змог, бо там не было нікога дома. Зайшлі мы толькі да Ігнатавых сваякоў па ягонай Веры Раманаўне. Старая мачаха, пажылая сястра па бацьку. Выпадкова, пасуседску пабачыўся там i з мамінай, нібы спрадвечнай сяброўкай, якая пляснула далонькамі i развяла ix, пачуўшы, чый я: «Господи, такой крошка был! Сколько же лет прошло?..» A ў іншым доме, цераз адзін, праясніўшы нумарацыю, якая змянілася, мы знайшлі нарэшце i засталі дома тых, каго хацелі пабачыць першымі.

Вузкі, бедны пакойчык. На тое мае, у сорак дзевятым, яшчэ маладое ўспрыманне – немаладая жанчына, як пішацца даўно i часта, са слядамі былое красы, не вельмі здаровая з выгляду. Надзя, «Надежда Ивановна Бриль». Беларуска, па бацьках зямлячка, з не надта далёкага ад Загора Бярозаўца. У дзявочым прозвішчы Трыбуць рускае вымаўленне даўно адкінула мяккі знак i пераставіла націск з другой на першую галосную – Трибуц. Нават такой беларускасці не засталося.

Праз нейкі месяц яна мне напіша: «...Вы все стоите перед глазами, особенно Вы, Ваничка (разрешите мне называть Вас так, как-то роднее),– как много общего у вас с Володей!..» А тады, спачатку, была таксама стрыманасць. «По некоторым причинам»? Аднак не доўга. Потым пайшлі i гутарка блізкіх людзей, i плач, i трохі смеху...

Віктар – бялявы, моцна загарэлы, быстры адэскі галубятнік i рыбак. У мамы,– яна мне сцішана расказвала,– быў клопат i страх, калі ён, у іхняй чуткай камунальнай камеры з дзвюма койкамі, малым сталом каля сцяны i традыцыйнай «керосинкой» у кутку, аднойчы закрычаў... «подумайте только!» – пра Сталіна: «Я ненавижу его! Он убил моего папу!..»

Набліжалася першае верасня, яму трэба было ў сёмы клас, а яшчэ не сабраўся, падручнікаў ды сшыткаў не купіў. Я тады, ужо трэці год, быў «пры грашах»: за той час выйшлі два зборнікі, вясной апублікавалася ў часопісе першая частка рамана. Мы былі з Віктарам адны ў пакойчыку, жанчыны выйшлі ў магазін. I вось я з грошай, якія заставался да Мінска, працягнуў хлопцу купюрыну: меншыя грошы былі ў жонкі. Ён сумеўся: «Мне никогда таких денег не давали. У мамы нет. Она мне не разрешила бы взять...» Заплакаць можна ад такога, але я стрымана i з няёмкасцю ўгаварыў яго ўзяць i пайсці, адразу цяпер, купіць усё, што трэба. Потым, калі ён хутка вярнуўся з бярэмем кніжак i сшыткаў, мы i далей былі адны ў пакоі, зноў трэба было ўгаворваць пляменніка рэшту пакінуць сабе. «Нет, дядя, я отдам их маме». Строгасць выхавання? Сталенне ў беднасці?.. Кранае гэта i помніцца. I вывад я для сябе зрабіў тады, на некалькі гадоў наперад...

Валя жыла асобна i з'явілася пазней. Сярод маіх пляменнікаў – большасць дзяўчат. Калі я ўпершыню ўбачыў «адэскую Валю» (ёсць i другія Валі, вясковыя), ix, пляменніц, было чатырнаццаць. Няёмка перабіраць, ацэньваць, але пятнаццатую, Валодзеву, я любіў, здаецца, найбольш. Перад усім, вядома, з-за яе трагічнага сіроцтва. Дый так, сама па сабе, яна была слаўная. Добрая, шчырая, шчабятліва-вясёлая. I ўся наша радня яе любіла. Гэта – пазней ужо, пасля таго, як я ўлетку пяцьдзесят дзевятага ездзіў на толькі што купленай «Волзе» ў адэскі дом адпачынку ўкраінскіх пісьменнікаў, а вяртаючыся адтуль, з прыемнасцю пачаставаў нашу Валю радзімай бацькоў. З жонкай, траіма дзецьмі i госцяй – на Кішынёў, Львоў, Брэст, з заездам у Белавежскую пушчу, i – у нашу сталіцу, Загора. Дзе жылі яе цётка i дзядзька. Тады ў суседнія Маласельцы, дзе яшчэ адзін дзядзька. Пасля ў «далёкае» па-ранейшаму, за цэлых семнаццаць вёрст, Палужжа, дзе найстарэйшая цётка. I ўсюды столькі дваюрадных, i ўсе так шчыра рады ёй!..

A ў сорак дзевятым убачыў яе i сапраўды «з першага позірку» палюбіў я першы.

...Два здымкі ў альбоме. Гляджу на ix – праз сорак гадоў пасля той першай сустрэчы.

На адным – дзве сям'і, абедзвюх Трыбуцянак, Надзі i яе старэйшай сястры. У тое хлопец i дзве дзяўчынкі, у нашай толькі маленькая Валя. Па выглядзе яе можна меркаваць, што было ў трыццаць трэцім або ў трыццаць чацвёртым годзе. Цыбаценькая, тады светлагаловая, яна сядзіць на бацькавых каленях, тварыкам вельмі падобная на таго, каго абняла тонкай ручкай за шыю., замкнутая ў кальцы ягоных рук, счэпленых спераду ў «клямары» вялікіх далоняў. Вясёленькая – побач з яго вялікай, пад машынку астрыжанай галавой i худым, чагосьці сумным тварам. Побач з тым, каго я ледзьледзь, «як праз сон», памятаю i не ведаю так, як трэба ведацца братам. Яна – як іскарка, што збліжае нас хоць так: з ім была ў маленстве, са мной у маладосці... Мець брата i так вось, больш як праз паўстагоддзя, пазнаваць яго вельмі здалёк, прыблізна, па здымках такое даўнасці – як гэта дзіўна, нязвычна да сцішнаватасці!

На другім здымку, таксама не пазначаным датай, Валі, адной тут, па выглядзе нейкіх дзевяць гадоў. Яна ўжо чарнявенькая, пастрыжаная пад хлопчыка, з непаслухмяна прыгладжанай направа грыўкай. Вялікія цёмныя вочы, гатовыя бачыць не проста вельмі многа, але ўсё-ўсё. I стрыманая ўсмешка. Бацькава. Складзеныя рукі – локцямі на засланым стале, a далоні схаваныя. Шчаслівае дзіця ў сям'і, якой страшны лёс мноства іншых людзей яшчэ не пагражаў сваім наканаваным набліжэннем...

Цяпер адной з маіх унучак, сынавай дачцэ, таксама шчасліва-вясёленькай, якраз столькі, колькі Валі на здымку. Я даўно прызвычаіўся да глыбейшага пазнавання жыццёвых з'яў такім чынам, што перш за ўсё i міжвольна стаўлю ў розныя незвычайныя сітуацыі сваіх найбліжэйшых, уяўляючы ix на тым месцы. I мне цяпер, праз унучку, балюча бачыць, як яе даўняя равесніца,– Надзя расказвала мне i пра гэта,– крычала цераз бездапаможны плач:

– Ты не иди за ним! Ударь его! Прогони их! Папочка, не иди!..

Гэта – увосень трыццаць сёмага, калі Валодзю арыштоўвалі. Калі прыйшлі ў сям'ю i па нейкім «праве» забралі бацьку. У тых, для каго ён – усё.

Думаючы пра яго, бацьку тое дзяўчынкі, пра лёс яго, мне страшна, жудасна перайсці думкай i сэрцам да бацькі гэтай дзяўчынкі, ставіць унучку на месца пляменніцы, сына на месца брата. А ён жа, Валодзя, таксама быў сынам!.. Цераз сваіх найбліжэйшых – да разумення агульналюдскога. Тут мы становімся найбліжэй да спрадвечнага, найвярнейшага запавету чалавечнасці: палюбі бліжняга як самога сябе, як сваіх найраднейшых, такое хочацца дадаць.

У сорак дзевятым Валя была на сваім дваццаць першым. Мела сыночка, мужа. (Мы не пабачылі яго, ён паехаў да маці, у сяло.) Прыгожанькая, стройная, бойкая адэсітка. Калі мы віталіся, упершыню ў жыцці, яна какетнула: «Я не целую вас, дядя, я накрашена». «А мне это совсем не мешает»,– адказаў я, абняўшы яе, танклявую, моднаэлегантную, ці то з нейкім дзіўным, невыразна светлым напамінам пра кагосьці вельмі блізкага, любімага, ці то з прадчуваннем нашай сардэчнай дружбы, з перапіскай i спатканнямі.

На працягу наступных гадоў, да восені семдзесят другога,– да таго адвячорка, калі яна, касір невялікай аптэкі, маці двух сыноў i жонка хваравітага мужа, шафёра таксі, сумна вярталася з працы і... назаўсёды ўпала на тратуары свайго завулка. Падкошаная кровазліццём у без пары пасівелую галаву, бездапаможную ў жахлівым тупіку наркаманавай маці.

I ўсё гэта жыццё, жыццё!..

Дзядзька Павел яшчэ ў пяцьдзесят трэцім годзе пайшоў з дому i не вярнуўся, так ужо абяспамяцеў. Надзя ледзьве знайшла яго ў адной з бальніцаў, на самым адыходзе.

Сама яна, сардэчніца, памерла ўлетку шэсцьдзесят сёмага.

Потым Валя. I ўжо таксама семнаццаць прайшло.

Мая Адэса для мяне пусцее...

Зрэшты, на гэты раз я меў толькі тры гадзіны вольнага часу, ад самалёта да вечара ў тэатры, дзе будзе Шаўчэнкава міжнароднае свята, дзе трэба будзе выступіць, а пасля вечара – на цеплаход i ў Херсон, i далей.

Я паспеў толькі сустрэцца з Віктарам, пагаварыць ды памаўчаць удвух над Валіным фотаальбомам... Інжынер-будаўнік, i ён тым часам – куды мы, Божа, спяшаемся? – таксама ўжо добра на шостым дзесятку.

А бацьку не памятае зусім...


БРАТ № 17643

Быкаўнянскія сосны больш дародныя за нашы, што ў Курапатах, хоць i растуць таксама на пясчаным грунце. I лес як быццам чысцейшы, цяплейшы. Як у нас на Брэстчыне. Сярод соснаў сямтам акацыі, якім гадоў па дваццаць пяць. Трава i траўка, свежая, якою гэтай вясной пакрылі раскопкі, маскуючы сляды эксгумацыі. Яшчэ i бярозкі, таксама сёлета пасаджаныя,– у светлым дзіцячым няведанні яны хораша прыняліся, зелянеюць новай лістотай, пяшчотна стракацяць тоненькімі стваламі i галінкамі.

Прастадушны румянец вялікіх півоняў – букеты ў нашых руках. Я прыехаў сюды са сваім даўнім сябрам, украінскім пісьменнікам. Кветкі мы пакладзём да помніка з чырвонага граніту, перад якім стаімо. На ім надпіс: «Вічна пам'ять», а што было яшчэ ў правым ніжнім кутку – пра ахвяры... нямецка-фашысцкіх зверстваў – акуратна здзёўбана. Нядаўна. Пад націскам грамадскасці.

«У мяне не забілі нікога – ні маці, ні жонкі, ні брата...» Успамінаецца такі пачатак ваеннага верша аднаго з нашых паэтаў. Гэты першы радок засеў у памяці даўно i частавата паўтараецца з нейкім няпростым сэнсам.

Успамінаецца i бліжэйшае, з тэлеперадачы пра адкрыты, паказальны суд паміж староннікамі розных лагераў: прасталінскага i новага, сучаснага.

Слова сваё прагрэсіўны адказчык пачаў з таго, што ў сям'і яго ніхто не быў рэпрэсіраваны, i таму ён будзе гаварыць зусім аб'ектыўна. Як i той, у каго не забілі нікога, i таму ён пра зверствы гітлераўцаў таксама гаворыць з вышэйшай пазіцыі.

I дзякуй Богу, што не забілі, не рэпрэсіравалі.

A ў мяне тут брат, у сябра майго жончын бацька. Усенароднае мы адчуваем праз сваіх. Мяркую так па сабе, бо мы, вядома, маўчым. Усе ж яны, якіх тут пад старой i новенькай травой толькі сямтам прыкрытая безліч, усе камусьці блізкія, а з гэтых блізкасцей i складаецца неабдымна жахлівая лічба сталінскіх ахвяр, пра якія так пранікнёна гавораць словы памінальнай малітвы: «...имена же их Ты, Господи, веди...» I ад свайго, ад роднага ідучы, я неяк бачу, нібы ўяўляю мноства тых, каго не бачыў, не ведаў, а намагаюся адчуць ix жывымі, у невыносных пакутах. З яшчэ большай безліччу іхніх сем'яў, таксама ж ахвяр, пакутнікаў.

Зусім нядаўна я ўпершыню дакрануўся да братавай «справы».

Адзін з карэспандэнтаў «Литературной газеты», не той, што званіў мне два месяцы таму назад, а цяпер у далёкім ад'ездзе,– другі, старэйшы, знаёмы i паважаны даволі даўно, дапамог мне i кіеўскаму сябру скантактавацца з гарадской пракуратурай. Там нас прыняў следчы па Быкаўні, сярэдніх гадоў таварыш, інтэлігентны i сціплы.

Нечакана, адразу расхваляваўшыся, я пачаў гаварыць яму тое, што чуў i думаў дагэтуль пра брата, паўтараць паўвекавую сямейную легенду пра «сына польскага памешчыка», закатаванага ў белацаркоўскіх засценках, які на спатканні з жонкай сказаў,– я паўтарыў гэта ледзь не з прыплачам гордасці,– што ён нічога не падпісаў...

I тут таварыш следчы па асоба важных справах падсунуў злева да сябе нейкую папку, разгарнуў яе i ветла, сумна паведаміў страшнае, паваротнае:

– Падпісаў. Падпісаў...

І адразу дадаў пра вочную стаўку з братам у турме, пра што ў папцы маецца запіс.

Той чалавек, з кім была вочная стаўка, братаў таварыш па працы, разам арыштаваны ў трыццаць сёмым па падазрэнні ў шкодніцтве, у пяцьдзесят шостым, калі рыхтавалася Валодзева рэабілітацыя, засведчыў – братава прызнанне ва ўсім, што яму навязвалі, выбіта катаваннямі.

A галоўная яго «віна», адно з трох абвінавачванняў,– славуты, універсальны шпіянаж. Але не ў польскім варыянце, як можна было б па простай логіцы меркаваць, а... нямецкі, на карысць Германіі, яшчэ з дагітлераўскай пачаўшы, з дваццатых гадоў...

Здаецца, што не пазней, a іменна тады, у горкім ашаламленні такім паваротам трагедыі, я ўспомніў не толькі тое наша пісьмо пра градабой трыццатага года i словы з Валодзевага пісьма: «Вы пишете, что у вас побил град. А кто у нас побил – черт его знает». Калі ён мог такое пісаць за мяжу, дык мог жа i думаць так, i гаварыць з кім-небудзь. Я ўспомніў i іншае. Спачатку тое, як мы ад'язджалі з Адэсы, як Валодзя, плачучы, ніяк не мог закончыць развітвацца з бацькам, на хаду саскочыў з праёма таварнага вагона, у якім мы ўжо ціха паехалі, i доўга махаў услед сваёй студэнцкай шапкай. I тут жа ўспомніў я, як вясной дваццаць чацвёртага Валодзя нам пісаў, што, атрымаўшы вестку пра бацькаву смерць, ён кінуў усё i паехаў да нас, у Загора, аднак на граніцы яго затрымалі, вярнулі назад. Гэта магло б лічыцца доказам, не меншым за тое «черт его знает», але не стала, знайшлося другое...

Карэспандэнт, якога з намі не было, які папярэдне дагаварыўся са следчым пра наша спатканне i даў нам з сябрам сваю службовую машыну, спачатку ў пракуратуру, потым у Быкаўню, гаварыў мне па тэлефоне, што братаву справу хутчэй за ўсё, дый напэўна, мне не пакажуць: таямнічае «не положено...».

Папка ляжала перад следчым, разгорнутая на той вочнай стаўцы, а я глядзеў на яе здалёк, усётакі збіраючыся папрасіць – хоць кінуць вокам, хоць у руках патрымаць. Следчы тым часам рабіў сваё. Паколькі справа пачыналася са знойдзенага муштука, ён спытаўся, ці пацвярджаю я, што брат мой курыў. Я сказаў, што па расказах маці i старэйшых братоў ведаю – курыў. Спачатку ўпотай, выходзячы на балкон. Ад матчынага вока цяжка штонебудзь утаіць. Калі бацька вярнуўся з чарговай паездкі, яна расказала яму пра патайныя папяроскі. I бацька вырашыў справу так, што падарыў даросламу любімцу партсігар – куры ўжо адкрыта.

Расказваючы гэта, я нібы раптам успомніў, што пазычыў у Віктара Валін фотаальбом, а там жа на адным са здымкаў – Валодзя якраз з цыгарэткай у муштуку. Не надта выразна, аднак...

– О, гэта вельмі важна,– сказаў следчы.– Альбом з вамі?

Ён папрасіў прынесці яго з гасцініцы. А я спытаўся пра муштук – ці можна паглядзець. Яго, аказалася, няма, ён у іншым месцы, вось толысі фотаздымак, але ў адным экземпляры, i даць мне хоць здымак нельга.

Калісьці пра аднаго з маіх літаратурных герояў я напісаў, што ён любіў часамі ісці да сэрца другога чалавека напрасткі. Гэтую рысу характару я герою пазычыў. А цяпер, успомніўшы пра яе, вырашыў прымяніць. Пачаў з муштука, што вельмі хацеў бы яго не толькі ўбачыць, але атрымаць, як горкую сямейную рэліквію. А тады сказаў i пра папку. I потым дзякаваў сабе ў душы за тое напрасткі. Пра муштук следчы сказаў, што той, магчыма, пойдзе на экспертизу, аднак ён перадасць маю просьбу. А што да папкі, дык прамаўчаў, а потым знайшоў такі выхад:

– Пачнём з таго, таварышы, што вы цяпер, паколькі транспарт у вас ёсць, паедзеце ў Быкаўню, а пасля абеду пазваніце, каб я быў на месцы, i прыязджайце з альбомам.

Я зразумеў, што тут не ўсё залежыць ад яго, хоць ён i па асоба важных справах, аднак i на яго як чалавека можна разлічваць.

Сябру майму, паглядзеўшы даведку пра таксама пасмяротную рэабілітацыю яго цесця, медыка з дарэвалюцыйнай адукацыяй, ён сказаў «пакуль што» адно: расстраляны – бясспрэчна, але ці ў Быкаўні закапаны, ці ў іншым лесе каля Кіева – цяжка сказаць. Такіх захаванняў знойдзена некалькі, i яшчэ, трэба думаць, яны не ўсе...

Пасля абеду мы званілі з майго гасцінічнага нумара ў пракуратуру доўга i беспаспяхова. «Найгорш даганяць i чакаць» – мудрасць з вялікага вопыту. Толькі зусім пад канец рабочага дня панылыя працяглыя гудкі перасталі нас раздражняць – трубка паднята!

Следчы, яшчэ задыхана, растлумачыў простую прычыну: ездзіў па выкліку, толькі што зайшоў, i ясна, таварышы,– сустрэнемся ўжо заўтра ўранку.

Глядзенне на папку толькі здалёк i на наступны дзень закончылася не адразу. Сябру майму не было чаго рабіць у пракуратуры, i я прыехаў туды адзін. Следчы спачатку пазнаёміўся з «вельмі важным» фота ў прынесеным мною альбоме, папрасіў яго для пераздымкі, прыняў у мяне другія братавы фатаграфіі, копіі ix, захопленыя мною з Мінска, нібы з прадчуваннем патрэбнасці, а тады выклікаў падначаленага, даў яму тую балючую папку, а мяне папрасіў ісці з гэтым таварышам у яго кабінет. Я падзякаваў з пэўнай палёгкай, зразумеўшы, што i прасіць, i чакаць было варта. I ўжо раскрыўся душой на чытанне, якім бы яно ні было для мяне...

У сваім кабінеце новы таварыш сядзеў не адзін, за другім сталом пісаў нешта яшчэ адзін супрацоўнік. А сам ён папрасіў мяне прысесці паўзбоч яго стала, на якім станкачом грувасцілася старая пішучая машынка. Таварыш сеў таксама. А папка лягла на стол – зноў здалёк... Таварышу трэба было спачатку апытаць мяне для справы па Быкаўні, пасля надрукаваць пратакол...

Праз месяц я зноў сядзеў у гэтым пакоі. Таварыш зноў апытваў мяне, дадаткова – пра тыя здымкі, якія я даў следству, а ён тады забыўся спытацца ў мяне, хто там яшчэ на тых здымках, калі яны, здымкі, рабіліся. За другім разам гутарка наша была карацейшая, i таварыш убачыўся больш сімпатычным, асабліва калі сказаў, што тады, у тыя трыццатыя, проста «уничтожались все мыслящие люди», калі да ўсяго, што мною чыталася ды чулася, ён дадаў i такое, новае для мяне, так сказаць – «чыста савецкае». Некаторым жанчынам яшчэ i цяпер паведамляецца пра пасмяротную рэабілітацыю мужоў, а гэтыя цёткі ды бабкі, аказваецца, не проста не ведалі пра тое, што іхнія расстраляны або памерлі ў лагеры, a думалі столькі гадоў, што гэта яны, сволачы, пакінулі сям'ю, удала замёўшы сляды...

А першы раз таварыш апытваў мяне так няспешна, у два пальцы клацаў на сваім «станкачы» так марудна, даваў мне той пратакол прачытаць, падпісаць... А папка ўсё ляжала... i мне ўжо да болю хацелася выбухнуць, толькі ж баяўся, што напсую, i цярпеў, паглядаў. I нарэшце яна, тая ліловая папка з пяцізначным нумарам, чорна, выразна выведзеным пасля стандартна надрукаванага «ДЕЛО», лягла перада мною на суседнім невялікім стале.

Анкета. Ордэр на арышт. Другі – на вобыск. Даносаў няма, допытаў сведак таксама. Пачата справа 27.XI. 1937 года. Пасля – паўза на цэлыя чатыры месяцы, а 22.III.1938-га – «заявление» на імя начальніка аператыўнай групы «куста», падпісанае вязнем белацаркоўскай турмы. Служыў дзянікінцам. Потым дэзерціраваў з Чырвонай Арміі. З 1928 года нямецкі шпіён, цераз консульства ў Кіеве. Шкодніцтва на працы заатэхнікам, знішчэнне маладняку. I перад подпісам вязня – подпісам іншым почыркам! – такая канцоўка:

«Моя работа как шпиона и двурушника заслуживает тяжелейшего наказания, сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться».

Гэта я запісаў.

Ашаломлены болем, ухапіўся пасля таго «заявления » за сведчанні братавых саслужыўцаў, узятыя пад канец 1956 года. Таксама выпісаў з некаторых галоўнае. Перш за ўсё тое – з вочнай стаўкі.

Ветэрынар Л. Клісенка, у адзін дзень з Валодзем арыштаваны за сумеснае шкодніцтва на рабоце, да чаго потым яму дадаліся яшчэ i «антысавецкія анекдоты», праз два месяцы пасля вочнай стаўкі быў выпушчаны з турмы, a ў кастрычніку пяцьдзесят шостага засведчыў, «як камуніст», што на той вочнай стаўцы:

«...Бриль подтвердил о тех анекдотах. На коридоре я возмущенно спросил, как же это ты сделал, и он мне сказал: «Если бы тебя так избивали, как меня, ты еще не то сказал бы». Наблюдая за Брнлем, я заметил, что он находился в крайне подавленном состоянии и был ко всему безучастен. Тогда он бросил такую фразу: «Если бы ты знал, что я на себя наговорил! Я уже не жилец на этом свете, я почти слеп». Более того, в тот момент Бриль производил впечатление полувменяемого человека».

У пакой да таварыша, які здымаў з мяне пратакол, i да яго маўклівага супрацоўніка за трэцім стадом пачалі заходзіць то адзін, то другі, з пагаворваннем пра абед. Мяне з папкай пакінуць аднаго, вядома, не маглі, i я пачаў спяшацца. A ўсё ж i са сведчанняў іншых братавых саслужыўцаў у пяцьдзесят шостым паспеў сёе-тое выпісаць.

Я сазваніўся з сябрам, да якога паабяцаў зайсці адгэтуль, i не падумаў адразу, чаму ён здзівіўся, што я не стаў слухаць, як мне лепш даехаць да яго, сказаў, што дайду пехатой.

А тады я ішоў – спачатку ўніз па крутым завулку, завужаным высокім плотам нейкага будаўніцтва, а потым доўга, вельмі доўга па люднай, шумнай вуліцы. I ў маёй утрапёнай душы паўтараліся то чорныя, то святлейшыя плямы з той акаяннай папкі, то запісаныя мною, то не. Канцоўка «заявления», падпісаная іншым почыркам,– тая апошняя просьба.

Вузенькая паперына, не першы i не другі, а то i не трэці або чацвёрты, цьмяна-мурзаты экземпляр з-пад машынкі, куды персанальнае ўпісана ад рукі, a ўсё падпісана чырвоным алоўкам i замацавана трохкутнай пячаткай – пра тое, што «приговор приведен в исполнение».

Братавы словы ў двайной падачы – цераз Клісенку i таго, хто пратаколіў: «Если бы ты знал, что я на себя наговорил!.. Я уже не жилец...»

Тады яшчэ словы іншага саслужыўца, старшага заатэхніка В. Коваля, які ведаў Валодзю ў 1930-1937 гадах:

«Характеризуя Бриля с политической стороны, я могу сказать, что он был настоящий советский человек. Политикой он не интересовался, так как все время отдавал основной работе. Случаев вредительства в совхозе не было никогда. Один из лучших совхозов не только на Украине, но и в СССР...»

Яшчэ адзін, Ф. Гацэнка, дырэктар саўгаса, у якім Валодзя працаваў раней, у іншым кутку Кіеўшчыны:

«Работал Бриль добросовестно, все у него было в образцовом порядке. Всем своим поведением он создавал впечатление лойально настроенного по отношению к советской власти человека».

Звычайныя, пратакольна будзённыя словы. Можа, яны i гаварыліся людзьмі, якія сведчылі, даслоўна так, а хутчэй так службова запісваліся„ А мне яны гучалі так па-людску, так высока, змястоўна, былі такою светлай разрадкай у невыноснай чарнаце, што я, як толькі выйшаў са старога цаглянага дома пракуратуры, яшчэ спускаючыся па крутым, пустым завулку, заплакаў ад шчасця такога выхаду ў справе, ад удзячнасці тым людзям...

Дайшоўшы нарэшце да сябра, я пачаў званіць па гарадской даведачнай, шукаць тэлефоны тых, чые адрасы запісаў. Адзін з Васільхава, другія два кіяўляне. Аказалася, што тэлефонаў кватэрных няма. А ісці шукаць людзей я ў той дзень не мог.

Назаўтра ўранні, па тэлефоне развітваючыся са следчым, чаго я не змог зрабіць учора ў пракуратуры, бо ён кудысьці пайшоў, я спытаўся пра тых, каму хацеў падзякаваць. Ён адказаў, што ўсе яны ўжо не жывуць. Пра гэта я i сам учора, астыўшы, падумаў: дзе там – дзевяцьсот першы, дзевяцьсот трэці, дзевяцьсот шосты гады нараджэння... Палажыўшы тэлефонную трубку, я сказаў сам сабе – чамусьці па-польску, як выдыхнуў:

– Cześć ich pamięci!


ЧАМУ ТЫ ПАКІНУЎ?..

«Чаша сия» Ігната таксама не абмінула. Па-свойму. I на шэсць гадоў раней за Валодзю.

Пасля заканчэння гімназіі ў яго спачатку быў намер паступіць на медыцыну. Цьмяна ўспамінаю мамін расказ пра тое, што ён ад гэтага намеру адмовіўся, не могучы пераносіць анатамічкі. Сярод прысланага мне з архіва адэскага сельгасінстытута ёсць таксама даведка, што «Бриль Игнатий Антонович, 19 лет», працаваў у бальніцы санітарам. Магчымасць наглядзецца на розныя жахі была, Разам з Валодзем, нібы па іхняй спрэжанасці ў вучобе ад самага маленства, i ён паступіў у сельгасінстытут, але закончыў толькі два курсы. Бо паралельна i ледзь не падпольна рыхтаваўся да іншага. Вясной дваццаць другога экстэрнам здаў экзамены за духоўную семінарыю i неўзабаве быў рукапаложаны, перад гэтым, як належыцца, ажаніўшыся.

Гэта – знешні бок справы, частка біяграфічных даных. Як знешняе можна дадаць, зноў жа з матчынага расказа, што ён яшчэ гімназістам, ды нешта хутка пасля паступлення, уцёк быў у манастыр, а бацька знайшоў яго там i забраў, пасля чаго называў часамі трынаццатым апосталам. Забягаючы наперад, ажно ў 1952 год, згадаю, як ён пісаў мне тады: «Радует твое трудолюбие в развитии дарования, печалит твое отношение к самому дорогому для меня и покойной матери». На ўвазе мелася «безбожие», праяўленае ў аповесці «У Забалоцці днее», а таксама i наша з Мішам захапленне Талстым, пра што Ігнат ведаў яшчэ з даваеннага часу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю