355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » З людзьмі і сам-насам » Текст книги (страница 8)
З людзьмі і сам-насам
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "З людзьмі і сам-насам"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 14 страниц)

Мог ли быть политиком великий поэт Толстой, душа, с детства жившая стремлением к «важнейшему»?..»

Не смейцеся, я прымерваюся не да вялікіх, а да справы паэзіі, найважнейшага.

...У Буніна, пасля Талстога, перайшоў на Чэхава. А там i тое, дзе нельга не засмяяцца:

«Есть большие собаки и есть маленькие собаки, но маленькие не должны смущаться существованием больших: все обязаны лаять – и лаять тем голосом, каким Господь Бог дал».

* * *

Прачынаўся рэдка i ўсё блытаўся то ў сне, то ў яве з гэтым i зусім не i n мм тэкстам, нібы маім i не маім, сам бачачы ўсё нібы збоку... Цягіер без чвэрткі пяць, i ўжо надаўжэй не засну. Толькі лягчэй, зноў жа то ў сне, то не ў сне блытаючыся ў тым дзесятку сшыткавых старонак, якія я, устаўшы, буду перадрукоўваць...

I не смешна мне гэта, i нібы зноў жа збоку бачыцца далейшае старэнне, без панікі i без завышаных прэтэнзіяў успомніўшы славутае: «Не мешайте. Павлов работает».

* * *

У аповесці Барыса Зайцава «Голубая звезда» каторы ўжо раз называецца Звянігарад, у якім я ніколі не быў. Успамінаецца спалучэнне «звянігарадскія салаўі», якіх калісыді, больш за трыццаць гадоў таму назад, слухаў з пласцінкі «Голоса птиц в природе». Але раней за тых, i сапраўды цудоўных, салаўёў успомніўся наш загорскі дзядзька Арсень Коцік (кіслагубы Авос у «Ніжніх Байдунах»), які ў тым Звянігарадзе быў салдатам, ці пры цару яшчэ, ці па летняй мабілізацыі 1944 года, пра што мне – таксама ўжо даўно хваліўся ў вёсцы, а яно вось i прыдалося. Як быццам у гэтым ёсць нейкі большы сэнс. А то i проста таму, што назва хораша гучыць, нібы нават узвышана.

...А ў Зайцава далей:

«Старый, маленький город. Красивый издали, беспорядочный, растущий как Бог на душу положит; освященный древнею, благочестивою культурой».

Ён у яго ў аповесці ўвесь час прыгожы толькі здалёк. А для мяне – з адлегласці яшчэ большай.

* * *

Купіў паштовак, каб імі павіншаваць сваіх немінчанак з 8 Сакавіка. На кожнай паштоўцы – незнаемая красуня птушка задумалася на пустой зімовай галінцы. I трэба кожнай адрасатцы нешта адрознае напісаць. Калі дайшло да Ніны Мацяш, у памяці ажылі радкі:

Siedzi ptaszek na drzewie

I ludziom się dziwuje,

Że najmędrszy z nich nie wie,

Gdzie się szczęście znajduje.


Памятаю, чыё гэта, але ж i заглянуў у багаты том «Księga cytatów z polskiej literatury pięknej». Так, гэта Адам Аснык. Калісьці мне, вясковаму юнаку, верш гэты так спадабаўся, што я яго нават i пераклаў... на рускую мову. Тады, шукаючы сябе, я рыфмаваў на грох мовах: кніжна-рускай, школьна-польскай i навакольна-роднай, пакуль яна, свая, не выбралася канчаткова. Не вытрымаў, дастаў з антрэсоляў папку з надпісам «Першыя творы. Вершы» i перачытаў той пераклад. Даволі прыстойна зроблены, i цалкам, усе васемнаццаць радкоў А вось назаўсёды, як можна ўжо вельмі старому сказаць, запомніліся ў арыгінале першыя чатыры. Напісаў ix мілай Мацяшцы на адвароце паштоўкі, дадаўшы, што мы з ёю, Богу дзякаваць, ведаем, дзе яно, шчасце,– у працы, у дружбе, у радасці сказаць любімым пра гэта не толькі з нагоды святочнага дня.

Ніна мне адказала:

«Ваш ptaszek усё яшчэ siedzi na drzewie перад маімі вачыма i цешыць мяне kolorem, Асныкам i Вашай сардэчнасцю. Не знайшла Асныка ў сваёй бібліятэцы, а захацелася пачытаць яго, так дакладна леглі на душу тыя, працытаваныя Вамі, радочкі».

Што ж, Асныка ў нас амаль зусім, а можна сказаць i зусім не ведаюць. Дый у Польшчы, багатай на сапраўдных паэтаў, ён далекавата не з першых. Аднак цытатаў з яго паэзіі ў згаданым анталагічным томе параўнаўча з іншымі паэтамі вельмі не мала. Тры з ix, найбольш любімыя, пашлю Ніне ў наступным пісьме, перапісаўшы, бо кніжак пана Адама цяпер у мяне, на жаль, дома няма, не пашлеш.

* * *

Сам шчасліва сямейны, a ў сваёй пародыі на верш паэткі, якой доля судзіла застацца самотнай, невядома за што i навошта крыўдзіць яе кплівым перайманнем – за тугу па каханні?..

* * *

Наша ўсенароднасць юбілею Міцкевіча. Настаўніцы адной з мінскіх школ спатрэбілася нават... «отчество великого польского поэта». Мне, ад яе імя, ветлівенька-нясмела пазваніла пра гэта настаўніца маладзейшая, спыталася па-сваяцку.

* * *

Добрая, даўняя прыяцелька, зямлячка. Так рэдка бачымся, што, выпадкова сустрэўшыся на вуліцы, міжволі павіталіся з чмэкам.

Само так сказалася, апавядаючы пра гэта дома.

* * *

Дзеля лепшай pogody ducha перачытваў у першым томе двухтомніка «Толстой и зарубежный мир» дзённік i ўспаміны славацкага друга Льва Мікалаевіча Альберта Шкарвана. Перачытванне знаёмага з палавіны 60-х. З падсветкай успамінам пра падарожнае, позневячэрняе наведанне ў лістападзе 1979-га літаратурнага музея ў замачку Брадзяны. Сюды калісьці ў аўстра-венгерскае магнацкае замужжа прыйшла адна са сваячак Пушкіна. У музеі тым было экзатычна-прыемна пачуць, што Шкарванаў пераклад рамана «Воскресение» выйшаў раней, чым арыгінал у Расіі. Ды яшчэ без цэнзурных купюраў!..

Шкарван вёў свае запісы на трох мовах: славацкай, рускай i нямецкай. Згадаўся магутны, на пяцьдзесят тамоў, збор гвораў Івана Франко: на ўкраінскай, нямецкай, польскай.

Мая беларуска-руска-польская трасянка ў побыце i часткова ў нататках. А добра было б ведаць, ды грунтоўйа, болей моў – з роднай у цэнтры.

* * *

Купіў у магазіне стужку да машынкі, а незнаемы, вяеёлы мужчына спытаўся:

– Мемарыялы будзеце пісаць?

Пра мемуары. Ведае, што ў модзе.

* * *

Нешта згубілася, i я шукаю яго, часамі доўга, а то i яшчэ даўжэй, то больш-менш епакойна, а то i нервуючыея, перабіраючы розньтя варыянты здагадак ды меркаванняў, дзе яно, тое нешта, магло прапасці. А потым яно – тая кніга, той аловак, тыя акуляры – ляжыць сабе ў найпрасцейшым варыянце, толькі сваім, адзіным i нібы хоча сказаць: «А дзе ж мне было ляжаць?»

Гэта ўжо я так думаю, а то i гавару, задаволены знаходкай.

* * *

– Ды я ўжо тую чарку i ў рот не бяру,– кажа па тэлефоне саракагадовая загладуха, якая неяк перад гэтым, пры сустрэчы, скардзілася на сваю печань.

Адказваю:

– А яе i не трэба браць у рот. Палажыла краечкам на ніжнюю губку, а тады коўць – i па ўсім страху!..

Смяемся.

* * *

У сноўскай багатай аграгаспадарцы – галандская апаратура для гадоўлі на адкорм i продаж куранятаў. Карэспандэнтка абласнога радыё ў сваім рэпартажы захапляецца міжволі па-сучаснаму, па-хатняму:

– Жывуць кураняткі коратка, сорак пяць дзён, але ж пристойна!.. Як пазайздросціла.

* * *

Славутыя словы Тургенева пра родную мову ніхто, наколькі мне помніцца, ніколі нацыяналізмам не называў. Ён толькі намі, беларусамі, згадваецца часам! іранічна, з горкім падтэкстам, з болем даўно ды глыбока пакрыўжанай меншасці, якую ў гэтым крыўдзяць i цяпер, далей...

* * *

Русіфікацыя пад выглядам другое дзяржаўнай мовы – па праву двухгаловасці i надалей імперскага арла.

* * *

«Белорусский писатель, пишущий на русском языке». Гэта якраз тое, чаго не толькі для нашай літаратуры, але i для ўсяго народа дамагаецца сучасная ўлада.

* * *

Пасля цікавай, шматлюднай сустрэчы з моладдзю ў Купалавым музеі,– «Кніжны клуб ТБМ»,– падумалася, што вертыкальныя культурнікі, трэба думаць, ужо даўно мяркуюць, як гэта знайсці спосаб больш падкантроліць нашы музеі, як падкантролілі Дом літаратара, у планавым заціску нацыянальнага, народнага, называючы яго толькі апазіцыйным, бэнээфаўскім, а то i фашысцкім...

Ох, каб не накаркаць!..

* * *

Галоўны расійскі камуніст з крывой усмешкаи" радасці гаварыў днямі на каляровым экране, як гэта будзе добра, калі аб'яднаюцца Расія, «независимая Украина и самобытная Белоруссия»... Яшчэ не аб'ядналіся, a ўжо толькі самабытная. У складзе Расіі?..

* * *

Дык жа не ў адных нас, беларусаў, такая бядота з роднаю мовай. Вось прачытаў у татарскім квартальніку «Байрам» пра курдаў у Турцыі:

«Улады вырашылі на тэрыторыі Малой Азіі склеіць усе этнічныя групы ў адзін гурэцкі народ... Улады не ўлічылі, што адзін з гэтых народаў – курды – маюць уласную культуру, сваю мову. Улады вырашылі, што курды павінны быць туркамі, i ўсё. Або наогул не павінны быць».

На колькі гэта разлічана? I ў рускіх з намі таксама ж.

А жыць жа трэба!..

* * *

Нашы глядзелі ў купалаўцаў «Тутэйшых», а потым задаволена здзіўляліся, як рэагуе на спектакль зала, поўная моладзі,– i сцягі, i воклічы.

А потым я пачуў i смешнае. Ha спектаклі па «Раскіданым гняздзе» (у рускім тэатры – па-беларуску!), калі са сцэны пачулася: «Чаго сядзіце? Бацька павесіўся!», моладзь грымнула смехам i воплескамі.

А яшчэ крыху пазней пачуў, што тое «чаго сядзіце?» i далейшае ў Купалавым тэксце... знята. Ці па загаду адных, ці з асцярогі або са страху ў другіх.

* * *

Па радыё «Свабода», у Дубаўцовай «Вострай Браме» – слушная думка пра нашу нацыянальную культурную эліту, якую трэба рупліва ствараць ды ахоўваць, як народны скарб, падмурак самастойнасці. Ён спасылаецца на польскага спецыяліста па Беларусі, прозвішча якога я на слых не ўлавіў. А дадаў бы яшчэ i прыказку: «Najgorzej jak się dziady poczną chlebem bić». («Найгорш, калі жабракі пачнуць хлебам біцца».) А мы гэта ўмеем, i маладыя, i старэйшыя, даводзячы кожны толькі сваё.

* * *

Студзеньская «Rzeczpospolita», святочны дадатак «+ Plus Minus», фрагменты з дзённіка Анны Кавальскай:

«4.XI.61. Жукроўскі гаварыў. Бранеўскі, хворы на рак горла, атрымаў у шпіталі ад міністра кошык з апельсінавым сокам. Сказаў: «У мяне ўсё ёсць. Хай пан міністр пашле гэта ад мяне Карнацкаму ў турму».

Ежы Карнацкі быў арыштаваны два месяцы перад гэтым. У яго забралі дзённікі. Кавальская трывожылася, што гэта зашкодзіць многім, каго ён там згадвае. I яе, i Карнацкага я, на жаль, не ведаю бліжэй. Мне толькі роднасна бліснуў здалёк Бранеўскі —мужным характарам, звонкімі вершамі...

* * *

У Ластоўскага каменаклёў – майстар па выклёўванні надпісаў на валунах.

Перакладчык з лацінскай мовы Шатон да месца i дасціпна карыстаецца словам святуля.

A ў Макаля – таксама ўпершыню сустрэтае – безвач.

* * *

Дзябёла-пануры дыктар ледзь не ўдушыўся словам фан-ду-мен-та-ліст, пераможна ўзяўшы яго з другога прыступу ды іменна ў такім гучанні.

...Даволі культурны каментатар стараецца ажно так: «Вера, надзея i каханне». Як не ведаючы, што гэта ж яшчэ i імёны, дзе трэцяе – Люба, Любося, Любоў.

...Замест бізнесмен у нашых рупліўцаў пра роднае слова ёсць двухмоўны наватвор – бізнесовец. Не меней гучна i вясковец, замест спрадвечнатрадыцыйнага, проста прыемнага селянін. Нават i радыёперадача такая: «Для вяскоўцаў i пра вяскоўцаў» – зубное цаўканне кожную раніцу.

...Маладая дыктарка дробна ды ясненька сячэ перакладзенае іншымі: «З-за гэтага каштавала туды паехаць». У сэнсе рускага стоило.

...Зрэшты, i ў сталічнага карэспандэнта радыё «Свабода» неяк пачулася: «Тады яму апранулі кайданкі». А потым – яшчэ лепш, ажио боязна, што можна i не паверыць: «Ён апрануў боты»... Усё роўна ж ад аднаго надевать.

* * *

Увосень 1988-га, на адным з трыумфальных мінскіх канцэртаў Данчыка, у перапынку да мяне падышоў малады мужчына, сказаў, што ён настаўнік, сын Пятра Конюха, нядаўна быў у яго ў Канадзе. «Бацька вас памятае»,– дадаў з прасцяцка-шчырай усмешкай. А пра Данчыка пахваліўся, што з бацькам яны сябры, што Данчыку той памагаў ставіць голас.

«За польскім часам», як у нас гаворыцца i сёння, з Пятром у мяне нейкай большай блізкасці не было. Ён нашмат старэйшы за мяне, хоць такая розніца ва ўзросце не перашкаджала мне сябраваць з іншымі старэйшымі хлопцамі ў нашым мястэчку Турэц, аднак яны былі «кніжнікі», чым Конюх, помніцца, асабліва не вызначаўся. Наколькі я ведаю. Аднак я паслаў яму сваю новую кнігу «Ад сяўбы да жніва», атрымаўшы ў яго сімпатычнага сына адрас.

Ці гэта таму, што Канада ўсё-такі далекавата, а мы ўжо былі старыя i тады, ён на дзевятым, а я на восьмым дзесятку, з перапіскай не вельмі спяшаліся, наша збліжэнне наладжвалася з вялікімі паўзамі. Кнігу паслаў я напрадвесні, ён напісаў мне пад восень. I прыемна было, што наш славуты ў замежжы спявак піша... ну, земляку-пісьменніку, што паміж намі, людзьмі роднай культуры, нарэшце наладжваецца нейкая лучнасць. Трохі дзіўным, нават i смешным здалося тое, што ў пісьмо, напісанае дастаткова прыстойна па-беларуску, была ўкладзена дваццацідоларавая купюрына. Але ж i прыемна было, што там, у Новым Свеце, мяне крыху ведаюць. Пятро спасылаўся на Вітаўта Тумаша, «каторы напісаў некалькі кніг аб Ф. Скарыне», а да таго яшчэ «ён твае кнігі выкупліваў у савецкім магазіне ў Нью-Ёрку i многім беларусам высылаў...».

Пасля пэўнай паўзы я паслаў Пятру альбом пра мяне, напісаўшы, што гэта – «напамінак пра нашы родныя мясціны». Пасля ў маэстра была спроба пабудаваць сабе домік у тых родных мясцінах, i ён цераз сына звярнуўся да мяне па магчымую дапамогу. Я пачаў варушыцца, але, як неўзабаве аказалася, дарма,– бязладдзе старое змяшалася з новым... А тады наступіла яшчэ даўжэйшая паўза – да некралога ў заакіянскай газеце «Беларус», падпісаным яшчэ адным земляком, маладзейшым за нас абодвух, Янкам Запруднікам, Сяргеем Вільчыцкім з Міра.

Дарэчы, у некралогу адна істотная недакладнасць. «У Італіі ён апынуўся,– піша Запруднік пра Конюха,– як i шмат хто з колішняй Заходняй Беларусі, што былі ў 1940-1941-м вывезены ў Сібір, праз маршрут Іран – Ірак – Палестына ды паходы польскага генерала Андэрса». Пятро Конюх не быў вывезены, ён дасканаліўся ў расійскім Ржэве на ільнаводчых курсах, жыў там адзін, без жонкі i дзетак, дзе i застала яго вайна. Як былы польскі жолнеж, здаецца, нават i капраль, трапіў да Андэрса, ну i гэтак далей.

Я змалку ведаў гэтую сям'ю. У школу хадзіў з Пятровымі маладзейшымі братам i сястрой, мой брат служыў у польскім даваенным войску разам з Пятром, які пасля ажаніўся з адной з маіх школьных сябровак. З ёю я сустракаўся ў пасляваенны, нялёгкі ў яе, бязмужны час. Бачыў i сына іхняга, будучага настаўніка, а тады студэнта, што на «гулянні» ў нашым вясковым клубе ахвотна i хораша іграў на акардэоне, які яму, як з пашанай гаварылася, славуты бацька прыслаў, здаецца, з Італіі.

Ад некралога спакваля, з лёгкім усмешлівым сумам у памяці паўтарыліся некаторыя малюнкі школьната маленства.

Як мы крыкліва-весела назіралі за спартыўнымі спаборніцтвамі пажарных камандаў з розных вёсак гміннага наваколля. Верхам на слізкім бервяне, высакавата над зямлёй, з мяшком у правай руцэ, напалавіну ці менш напоўненым сенам або саломай,– так збівалі адзін аднаго з бервяна. І ніводзін не мог утрымацца на ім – усіх збіваў дужы ды спрытны Конюх. Найлепш запомніўся мне толькі адзін са збітых. Вузкатвары ды белабрысы дзяцюк з недалёкай вёскі Лядкі, адкуль пасля, ужо ў савецкі час, нястомны ў сваіх фальклорных пошуках Генадзь Цітовіч вывеў у людзі «Лядкаўскую кадрылю». Сустрэўшыся з тым лядчанінам у партызанах, я ажно засмяяўся міжволі, як быццам зноў убачыўшы той жах на яго кадрыльнай белабрысасці пад сіняй пажарніцкай канфедэраткай, у момант горкага падзення з бервяна на вытаптаную траву...

Успомнілася таксама, як Пятро, які для нас, падшыванцаў, быў найгалоўнейшым у нядаўна арганізаваным духавым аркестры пажарнай каманды – гарністам. На кожным з паньствовых святаў ён іграў на сваім горне збор на пачатак урычыстасці. Спачатку, пакуль ён няспешна ды важна зыходзіў з ганка Людовага дома, выходзіў далей на «места», як называлі тады местачковую плошчу, спыняўся на пагорачку, мы, меншыя школьнікі, суправаджалі яго захопленай чарадою. А пасля заміралі ў чаканні, калі ён уздымаў сваю ярка-бліскучую трубку да прыкметнай таўстагубасці i – нарэшце!– іграў заклікаў!..

I такое яшчэ. Не памятаю нават, ці я гэта бачыў ды чуў асабіста, ці ўяўляю з чужое падачы з таго часу, калі ўжо ў царкву я сам, дастаткова крамольна начытаны, не заходзіў.

Як зноў жа Конюх, Пятро, яшчэ i найлепшы спявак у добра наладжаным царкоўным хоры, выходзіў з кліраса да аналоя, крыху не на самую сярэдзіну паўналюднай, урачыста аціхлай царквы, i грымотна чытаў сваім магутным басам «Апостала». Рэчытатыў быў такі, што празрыстыя вісюлькі панікадзіла над чытальнікам дрыжалі, гайдаліся i крыштальна пазвоньвалі...

...Улетку 1998-га, калі ў нашых раённых Карэлічах святкавалася двухсотгоддзе Яна Чачота – таксама ж земляка! – Пятро па запісе ды з вечнасці спяваў нам велічна натхнёную «Магутны Божа»...

* * *

Што за дурны звычай – хваліць аднаго ў дакор другому, трэцяму, якія тут па сутнасці ні пры чым!.. Нібыта нам цесна побач.

А той, што хваліць, не надта i хавае, не можа схаваць у падтэксце самога сябе. Я, маўляў з тымі быў, што яго блізка ведалі, што хвалілі яго раней ды больш, чым усе іншыя...

* * *

...У палавіне снежня ён званіў мне ўвечары пра ўражанне ад майго «кнігазбораўскага» тома «Запаветнае», весела віншаваў, i тады гэта было мне прыемна, а цяпер, успомшўшы, i горыч дадалася. Ягоны том вось-вось павінен выйеці там, а я яму не адудзячуся віншаваннем...

Калі ішоў на развітанне, думалася, што на ім законна, заслужана будзе вельмі шмат людзей. Гэта ж Мікола Ермаловіч!.. А як выходзілі, услед за труной, з былога Дома літаратара, я нават ціха спытаўся ў найбліжэйшых: «А дзе ж маладыя?..» Згадалася пахаванне Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, калі можна было спытацца таксама. Ды тое ж было ў канцы 1988-га, за гэты час адны маладыя пасталелі, другія, яшчэ маладзейшыя, увайшлі ў строй, а належнай адказнасці ў грамадскіх, нацыянальных справах не пабольшала...

* * *

Прызнацца, што ты зрабіў або неаднойчы рабіў штосьці, кажучы наймякчэй, не так, а то i зусім не так, i гэта ўсё – такое пакаянне?..

А не сказаць пра сваю віну, моўчкі, ледзь не няспынна цярпець дакоры сумлення – гэта лягчэй?..

А перад кім жа каяцца?..

* * *

Учора неяк ясней убачылася пошлая дробязнасць літаратарскай паўсядзённасці, чаго ў маіх запісах нямала. Ужо цяпер трэба праполваць ды адсейваць тое, што не цікава, не патрэбна ўяўнаму чытачу, а калі падумаць шырэй, на большую перспектыву – каму будзе зноў жа цікавай, а то i патрэбнай тая важданіна з мноствам імёнаў, з накідамі вобразаў людзей, у якіх i тады, калі яны існавалі са сваімі мепамернымі прэтэнзіямі, не было за душой нічога сапраўднага, а тым больш нічога не засталося надалей, што ўжо відно крыху здалёк, а потым будзе i яшчэ відней.

* * *

Беларуска-руская, а то i з польскай прымессю («Я бальны, бесскрыдлаты паэт»), калі сказаць пасучаснаму, трасянка не змагла сваёй, даруй, Божа, пявіннай неахайнасцю прыглушыць сапраўдную паэзію Максіма Багдановіча.

Аднак вельмі прыемна бывала ў лепшых перакладах яго вершаў на рускую або ўкраінскую мовы (за даўнасцю не памятаю, чыіх персанальна, але добрае ўражанне, пачуццё задавальнення ўдзячна помніцца здаўна), або на польскую, у выкананні закаханага ў Багдановіча таленавітага Яна Гушчы, калі тыя моўныя недахопы, тая трасянка знікалі ў перастварэнні добрым! i выдатнымі майстрамі на мовы чысцейшыя ад неабавязковых запазычанняў, дасканалейшыя ў сваёй нацыянальнай культуры.

* * *

У густой, шматфарбнай, але ж i запаволенамаруднай прозе Марселя Пруста («По направлению к Свану») блізкім здалося такое (перакладаю крыху скарочана):

«Вялікае адрачэнне старасці (...) можна назіраць у канцы жыцця кожнага чалавека, старасць якога зацягнулася, нават у самых даўніх, гарачых каханкаў, у сяброў, злучаных найцяснейшымі повязямі духоўнага сяброўства, калі, пражыўшы пэўную колькасць гадоў, яны раптам перастаюць ездзіць або проста нават выходзіць з дому, каб пабачыцца, перастаюць перапісвацца, бо настае разумение, што на гэтым свеце ўсё для ix закончана».

Пражыў ён, Пруст, палавіну майго, раман гэты напісаў саракагадовым, i можна толькі праніклівасцю таленту апраўдаць такое разумение старасці. У параўнанні з ім, жыццё маё зацягнулася, аднак жа i адчування, што «кантакты закончаны», на шчасце, яшчэ няма, ёсць чым адбівацца, на што мець надзею, чагосьці добрага чакаць.

...Як ні туга ідзе, дацягну чацвёртыя сто старонак. Другая частка («Любовь Свана») цікавая таленавітавобразным наказам пустаты існавання так званых вярхоў, наводзіла на рэвалюцыйныя думкі, нагадваючы, як зразумела ўспрымаліся яны ў раннім вясковапрацоўным юнацтве са старонак Талстога, найперш – у пазычанай у суседзяў кнізе без вокладак i добратакі патрапанай, дзе была «В чем моя вера?».

* * *

«Последняя любовь», зборнік апавяданняў нобелеўскага лаўрэата Ісака Бешэвіч Зінгера, які прачытаўся па прычыне i той, што шмат гаворыцца там пра Польшчу, пераважна даваенную, сёе-тое нагадваючы мне з вядомага, а то i перажытага. Ды не Шолам-Алейхем гэта з яго светлым смехам, а, кажучы па-польску, drugi, inny żydek, у якога дзеля моднай сучаснасці зашмат каравага, а то i смярдзючага «шэксу».

* * *

У свой час, ужо зусім адзін, самастойна закончыўшы другую частку «Блакаднай кнігі», Алесь Адамовіч расказваў мне, што Даніла Гранін, які наогул не надта прылажыўся да працы i над першай часткай, a ў напісанні другой i цалкам не прымаў удзелу, адчуў няёмкасць i прапанаваў Алесю другую частку падпісваць толькі сваім прозвішчам, з чым той, вядома, не згадзіўся.

А вось у «ЛiMe» за 19.V Міхась Тычына кажа, што ў Санкт-Пецярбурзе нядаўна «Блакадная кніга» перавыдадзена i аўтары пастаўлены ўжо не па алфавіце, а з Граніным наперадзе... Няўжо ж i ён, Даніла Аляксандравіч, мае да гэтага дачыненне? Ці самі выдаўцы падышлі тут «со смыслом»: усё ж такі старэйшы брат?..

* * *

«Кнігарня пісьменніка». Завал літаратуры рускамоўнай, i амаль нічога беларускага. Як выдаецца, так i прадаецца. Самасільна рыхтуюць нас да братняга ўз'яднання...

* * *

У Таварыстве дружбы яўна было зацесна ад збою людзей, што прыйшлі на польскі прыём, людзей у пераважнай большасці маладых, незнаемых. Дрэнны настрой пачаўся ў мяне ад урачыстай часткі. Пасля гімнаў на скрыпках, дзе пасля іхняга, за дзвесце з гакам гадоў загартаванага ў змаганнях, наш прапілікаўся нейкім часовым, няпэўным дадаткам. Польскі пасол дастойна i зусім прыстойна выступіў на беларускай мове, сцісла i ясна паведаміу пра значэнне іхняй Канстытуцыі 3 Мая, таксама двухвекавой, што стала ў сусветнай гісторыі побач з амерыканскай i французскай. А тады наш вертыкальшчык, якога мне з-за спінаў ды галоў нельга было ўбачыць, па-руску ды па-казённаму суха, коратка i ледзь чутна прабубніў сякое-такое віншаванне. Пасля чаго пачаўся ўсеагульны наступ на фуршэтныя сталы i гамана.

Стому i нуду адчуў я душой i нагамі адразу, ды так, што пасля шклянкі грэйпфрутавага соку i палавінкі банана падаўся на выхад, дамоў.

Паважаць нас,– думалася,– можна толькі з дыпламатычных меркаванняў.

* * *

Як гэта добра, хораша,– чытаючы пра выдатнага паэта заслужаныя ім словы нашай удзячнасці, узяць з паліцы ягоную кнігу i перачыгаць, яшчэ бліжэй прыпомніць шчырыя словы аўтографа. Як гэта: «Дарагому Івану Антонавічу Брылю, з вялікай павагай i нязменнай любоўю. A. Пысін. 17.XII.80». У першым томе яго чырвонага двухтомнічка.

* * *

Выступаючы не па напісаным, амаль заўсёды штонебудзь важнае забудзешся сказаць. Так у мяне, у слове да маладых перад пачаткам іхняй рэспубліканскай нарады, павінна было гучаць наступным чынам: «...Прыемна, што на такіх нарадах я ніколі нікога не павучаў, як трэба пісаць, не гаварыў высокіх, тым больш партыйных пропаведзяў, але заўсёды быў адкрыты да творчай дружбы i ca старэйшымі, i з маладымі. Не ведаю, як з гэтым цяпер у вас, а мы калісьці чыталі адзін аднаго да здачы рукапісу ў часопіс або ў выдавецтва. Магу сказаць, што Таўлая, Мележа, Калесніка, а пазней Янкоўскага, Караткевіча, Стральцова i некаторых яшчэ я чытаў спачатку ў рукапісах, а потым ужо, калі сябры адыходзілі назаўсёды, творы ix з сумам i з радасцю перачытваліся...»

А я якраз спыніўся на «партыйных пропаведзях», а далейшае выскачыла з памяці, хоць i я ж да мікрафона прызвычаены нядрэнна. Іншае, што палічыў патрэбным сказаць – сказаў: i тое, як «раней i кахалі не так, i пісалі не так», наіўнасць уласцівая кожнаму новаму пакаленню, якая з часам паступова праходзіць. Аднак пажадаў, каб маладосць захавалася ў ix на ўсё жыццё, як на ўсё жыццё i пісьменніцкае самавуцтва. Сказаў таксама, што мне такія нарады помняцца, перш за ўсё, вобразамі ix удзельнікаў, якія, у свой час з'явіўшыся ўпершыню, спакваля ўвайшлі ў літаратуру назаўсёды,– Караткевіч, Быкаў, Разанаў, Купрэеў, Пархута...

Прыемна было, што сабралася так многа моладзі, амаль зусім незнаёмай. Гэта нядрэннае сведчанне пра імкненне маладых да роднага слова. Колькі ix выядрыцца ў сур'ёзных літаратараў, гэта пакажа час, a ўжо ж i сёння, асабліва сёння добра, што яны – ідуць.

* * *

Сам выдае загад, дурны i шкодны, i сам лічыць яго законам, які нам иельга парушыць.

* * *

Вось i зноў успомнілася з талстоўскага «Фальшивого купона»: забойца некалькіх чалавек пад канец жыцця пачаў адчуваць свае віны, грахі. I што? На колькі стагоддзяў трэба прадоўжыць яму існаванне, каб ён зрабіў i штосьці добрае для пэўнай раўнавагі, калі наогул можна дараваць ужо не ўсё, a хоідь бы адно забойства добрай, мілай бабулі?..

А дзе ж яно – іншае выйсце?..

* * *

«Сляза пякучая айчыны» – зборнік артыкулаў пра творчасць Яна Чыквіна. Хораша выдадзеная кніга дастойна i па-асабліваму прыемна мне адкрываецца словам Валодзі Калесніка. Артыкулы Конана, Мацяш, Разанава i іншых аўтараў шчодра, пераканаўча падмацоўваюцца радкамі з вершаў i сапраўды таленавітага, культурнага паэта. А мне найбольш спадабаўся такі вось просценькі ўсплеск пачуцця:

Сад мой, садок,

Душа найлепшая з душ,

Прыбяжы да мяне ў Беласток

У белай кашулі груш.



* * *

«Такое дабро, як ты, можна выкінуць i без саўка. А я «саўком» не быў i не буду. I слова такое агіднае!..»

У развітальнай прамове Салжаніцына, а яшчэ выразней у яго ранейшым кароткім выступленні па тэлевізары адчулася няёмкасць у тым, як ён, Салжаніцын, хваліць нябожчыка Запыгіна за подзвіг надрукавання ў «Новом мире» ягонага «Архипелага ГУЛАГа». Як быццам у доўгім, працавітым жыцці таленавітага вучонага i літаратара – гэта галоўнае.

* * *

Выкручваю з калодзежа вядро вады, i тут – праз семдзесят гадоў – раптам радкі Жукоўскага:

Рустем рванул – Зораб упал к его ногам;

Рустем давнул – и в грудь Зораба

Глубоко врезался кинжал...


Старэйшы волат забівае маладзейшага, не ведаючы, што той – ягоны сын, як i сын не ўведаў, хто яго перамог.

Падлеткам гэта да слёз хвалявала мяне – як сына, цяпер – як бацьку.

* * *

Эрнест Рэнан, «Жизнь Иисуса» (вытрымкі перакладаю падкарочана):

«Чысты культ, рэлігія без духавенства i знешніх абрадаў, якая трымаецца на сардэчным пачуцці...»

Гэта заўсёды было мне блізкім. Як i наступнае, дзе захацелася падкрэсліць аснову асноў:

«Аб'явіўшы палітыку нікчэмнай, ён адкрыў свету тую ісціну, што радзіма – гэта яшчэ не ўсё i што чалавек старэйшы i вышэйшы за грамадзяніна».

Калі б Ісуса судзілі па законе Майсеевым, рэлігійным, яго трэба было б каменеваць. А па законе акупантаў адправілі на крыж – рымскую вісельню, як злачынцу крымінальнага, нібы забойцу, злодзея, нявольніка, смерць якога падмацоўваецца ганьбаваннем. Ад страшнага – да страшнейшага.

«Як многае, што ў ім было вялікага, не дайшло да нас дзякуючы неразуменню яго вучняў, так, верагодна, i шмат якія недахопы яго схаваныя ад нас».

Які цвярозы рэалізм, якая жыццёвая мудрасць.

A ў самым канцы, ва «Уводзінах», такое:

«Бог адкрываўся да Ісуса, будзе адкрывацца i пасля яго».

Гэта – супраць абмежаванай канфесійнай замкнёнасці ў самой сабе, што жыве, культывуецца i шкодзіць дагэтуль.

Гётэва «Хто хоча зразумець паэта, павінен ісці ў яго край» падыходзіць i тут: кнігу сваю Рэнан пісаў у Галілеі, зачараваны яе райскай красою.

Мяркуючы па каментары, аўтарам выкарыстана процьма патрэбнай літаратуры. Дый сам тэкст гаворыць пра грунтоўную падрыхтаванасць даследчыка. Чытаючы, дакладней – перачытваючы гэтую кнігу, не адзін раз падумалася, як гэта я чытаў яе вясковым дзецюкам, многае не разумеючы. Дый цяпер таксама не да крышачкі ўсё зразумелае, калі мець на ўвазе некаторыя навуковыя тэрміны. Аднак галоўнае збольшага даходзіла ўжо i тады.

* * *

З «галасоў стагоддзя» па радыё «Свабода», хоць сярод ix трапляюцца i даволі цікавыя, нават i нечым значныя, найлепш пакуль што запомнілася выступление мастака Алеся Пушкіна. У мястэчку Бобр яго лічаць дзіваком, усміхаюцца, калі праходзіць міма, а то i хіхікаюць наўздагон. Адзін з такіх высотнікаў нават у царкву, дзе Алесь паказваў турыстам свой роспіс, дазволіў сабе ўгрукацца ў шапцы на п'янай галаве, нават заўвагі нейкія мармытаў i таксама, павулічнаму, усміхаўся. Мастак пастараўся выпрасіць госця, адвёўшы ўбок, шэптам паабяцаўшы, што намалюе яго партрэт, абы ён да яго зайшоў. I той неўзабаве з'явіўся, а мастак, адкінуўшы прыкрасць, пачаў работу, ды так спакваля захапіўся, што ўвайшоў у высокі творчы настрой.

Гэта нас жывіць.

* * *

У «Литгазете» – Васіль Субоцін. Май сорак пятага, здабыты Берлін. I ён, малады афіцэр, фота, на якое хочацца глядзець... Няма тут адраса, каб напісаць яму. Дый не памятаю ўжо, ці мы з ім на «ты» ці на «вы». Напішу пазней, у Мінску, прачытаўшы яго пісьмо, ужо тым часам i даўняе, водгук на «Муштук i папку». Такі нездаровы ён быў, ціхі, удумлівы Васіль Яфімавіч, у канцы 1971-га, у падмаскоўным Перадзелкіне, калі я пісаў пра яго безымянна ў апавяданні «Тройчы пра адзіноту». А вось жа маладзец, трымаецца на сваім васьмідзесятым, новую кнігу закончыў – яшчэ ўсё пра вайну, як падаецца ў газетным слове пра яго.

* * *

Зноў выпадкова Джэральд Дарэл, «Натураліст на мушцы», на гэты раз па-руску. У першай для мяне кнізе гэтага аўтара, «Мае птушкі, жывёлінкі i радня», якую я пазалетась чытаў у польскім перакладзе, англійскі хлопчык, далёка-будучы пісьменнік, на грэчаскім востраве Корфу зачараваны працоўнай мітусянінай мурашніка, шчасліва прыслухоўваўся, як гэта мурашкі, кожная сама сабе, дапамагаюць у працы нягучнай любімай песенькай.

A ў гэтай, другой кнізе колішні хлопчык, ужо недалёкі ад старасці бывалы мужчына, вядомы на ўсёй планеце даследчык прыроды, i ca мной гаворыць з паўночна-вялікабрытанскага вострава Анст. Тут ужо бачу яго загледжаным не на прыземлены мурашнік, заслуханым не ў мурашынае ўяўнае памармытванне песняй. Ён піша:

«Недзе высока ў небе нябачны жаваранак i лілася бясконцая чароўная песня. Калі б зорка, падаючы, мела голас, мне здаецца, яна спявала б голасам жаўрука».

Добра гэта пераклікаецца ў душы – i астравы, i ўзросты, i два мае запісы пра аднаго i пра адно.

...Пацяшаю, апраўдваю сябе тым, што мае бясконцае чытанне – гэта не спосаб цікавей праводзіць час, не прывычка вучыцца, хоць i гэта, адно i другое, важна, а перш за ўсё яно, чытанне, можна назваць адчуваннем шчаслівай прысутнасці ў агульналюдскім свеце глыбокай думкі i чыстага пачуцця.

A ў выпадку з Дарэлам гэта яшчэ i агляданне неабдымнага свету прыроды, шчасце сыноўняй удзячнасці.

...Той ганарыста-важны самец-малпа, важак, што элегантна ласаваўся памідорам, найбольшым з тых, якім i нас на вымушаным дарожным прыпынку з незразумелай прыязнай ветласцю пачаставаў чорна-худы паўдзённы індыец, гаспадар прыдарожнага агарода, i якім, у сваю чаргу, адзін з нас пачаставаў важака чародкі малпаў, што адразу ж, як толькі мы спыніліся, богведама адкуль з'явіліся каля нас пацешным гуртам. Праўда, побач быў лес. Наш чорны i босы шафёр корпаўся ў маторы старога легкавіка, а мы, два беларускія дэлегаты, навуковец i літаратар, работнік Таварыства дружбы Індыя – СССР доктар Шастры i малады перакладчык з консульства, сядзелі на траве, елі цёпла-сакавітыя памідоры i любаваліся самавіта-ганарлівым важаком. Ён акуратна, моўчкі чысціў пазурыкам падораны памідор ад скуркі, пакрысе адкусваў яго i няспешна жаваў, можна сказаць, у глыбокай задуме. А вакол яго, найбліжэй з усёй гуллівай чародкі какетліва круцілася шустрая самачка, з яўным намерам дамагчыся свайго. Аказалася —важацкае сэрца не камень. З недаедзеным памідорам у жмені, як быццам толькі між іншым, па грамадскім абавязку, ён задаволіў яе кароткай атакай, а прыгажуня (можа, па-іхняму, i прыгажуня), прыняўшы патрэбнае, адбеглася i да непазнавальнасці знікла ў групе дарослых i яшчэ весялейшай малечы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю