355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » З людзьмі і сам-насам » Текст книги (страница 2)
З людзьмі і сам-насам
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "З людзьмі і сам-насам"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 14 страниц)

«Мозг устал»,– скардзіўся ў сваім апошнім годзе Леў Мікалаевіч, i ў ягоным выпадку гэта зусім зразумела.

Аднак ці было ў яго столькі страху, колькі перажылося намі, ці ведаў ён i такую стому?..

* * *

Ад завірухі ў нас i ў Расіі – зноў думка, што найбольш адпаведнага часу, каб заняцца толькі мастацкай творчасцю, не трэба чакаць, галоўнае – гэтую творчасць – адкладаючы «на лепшы час», калі можна будзе не маўчаць.

* * *

На коласаўскай канферэнцыі, з выступления Міхася Мушынскага, здаецца, упершыню пачуў, што «стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» – пазнейшае, вымушанае цэнзурай, рэдактурай ці, чаго добрага, i ўласнай стараннасцю аўтара. А першапачаткова было не стрэльбы, а бомы. Як жа гэта лепш гучала – з натуральнай зброяй лесарубаў плытнікаў, наогул землякоў народнага (у галоўным значэнні, не знешне тьпульным) паэта!..

...Думалася i пра тое, што класавая барацьба з панамі за зямлю мела i свой працяг агіднай крывавасці ў суседскіх, нават i ў сваяцкіх, брагніх бойках за пераараную ці толькі паварушаную гранічную баразну, што мы ў дзіцячай i юнацкай рэальнасці бачылі раней, чым у марксісцкіх талмудах.

* * *

«Працую над вершам». I саліднасць, i гонар у такой заяве. I неяк няёмка чуць такое: гэта – праца? Можа, таму няёмка, што верш той, як большасць ix у гэтага аўтара, будзе слабы?.. Дый наогул – справа тут, можна сказаць, інтымная, не настолькі ў працы яна, як у таінстве.

* * *

З цікавасцю перабраў учора кнігу Аляксандра Булыкі «Даўнія запазычанні беларускай мовы».

«Уюкъ, выокъ», «уюк» (тур. jük); на вьюки складшися, въскокъ побегли...; на уюки свое борошно брати...» Прыклады адпаведна з шаснаццатага i семнаццатага стагоддзяў.

А мне згадалася выпадковая кніга у маёй вясковай падлеткавасці, дзе вядомы дарэвалюцыйны літаратуразнавец, прозвішча якога дакладна не памятаю, сказаў, што ён наогул не ведае мацнейшай, ярчэйшай вобразнасці ва ўсёй сусветнай паэзіі, чым такое:

...Звонков раздавались нестройные звуки,

Пестрели коврами покрытые вьюки,

И шел, колыхаясь, как в море челнок,

Верблюд за верблюдом, взрывая песок.


Ён толькі сцвердзіў тое, што я адчуваў ужо тады. А сёння мне зноў лягчэй на душы ад сапраўднай паэзіі.

* * *

Апошнім часам, калі я, пішучы, маю патрэбу ў найбольш адпаведным слове, яно як быццам не само прыходзіць, a хтосьці яшчэ адзін падказвае мне яго. Дзіўнае адчуванне!..

Камусьці ўручаюць нейкі ордэн трэцяй ступені; глядзіш на тэлеэкран, i нават старонняму табе няёмка,– ну, добра, ну, не дацягнуў чалавек, але ж навошта гэта падкрэсліваць?..

* * *

Перакладаю з «Gazety Wyborczej»:

«Адзін англіканскі біскуп паведаміў, што не ўяўляе сабе неба без свайго сабакі...»

«На брытанскіх фермах няма сабак на ланцугу. Англічане кажуць: «Калі сабака носіць наморднік, дык гэта азначае, што насіць яго павінен гаспадар».

I тут мне прыгадаўся пасляваенны выпадак. У нядзелю тры паэты сядзелі, начэкваючы чацвёртага партнёра да прэферанса. Ужо не паэта, a галоўнага рэдактара адной з газет, нядаўна прызначанага на гэтую пасаду партыйнага таўкача, выціснутага з ЦК. I вось ён нарэшце паказаўся ў брамцы, а гаспадыня спалохана закрычала свайму: «Ой, a Дзік жа на дварэ без намордніка!» Аўчар, праўда, яшчэ малады, але возьме ды кінецца.

Аднак наймаладзейшы з «пулькістаў», Максім Танк зарагатаў: «Нічога! I ён таксама ж без намордніка!..»

Прозвішча мелася i тут, ды не хочацца згадваць.

* * *

Там, дзе N. растлумачвае паходжанне слова Нарач – ад індаеўрапейскага нар (вада),– успомнілася, што гэтую назву найбольшага нашага возера я ўпершыню ўбачыў у Танкавай паэзіі, i наваг нрачытаў яе з іншым націскам, Нарач, ледзь не ад таго, што лазіць па норах... Такое было веданне роднай геаграфіі, хоць гэты прадмет у школе я любіў. Адтуль Нарач аніяк не помніцца.

* * *

Бліскучы нарыс Льва Талстога пра Паскаля нагадаў мне пра польскі двухтомнічак вялікага француза, куплены ўжо даўно. Тады я адразу ткнуўся ў першы томік, «Myśli», пагартаў i другі, «Rc&prawy i listy», але ж, як i ў іншых выпадках бывала, адклаў. А тым часам i два дзесяцігодцзі мінула. Але што гэта значыць пры нашай вечнасці – скажам з горкай іроніяй... Буду чытаць, памятаючы, што i Мантэнь таксама быў дачакаўся ў мяне сваей чаргі.

А пакуль што ўчора перад сном выбліснула ў памяці напісанае ў семнаццатым стагоддзі па-французску, у дваццатым перакладзенае на польскую мову вялікім майстрам гэтай справы ЖаленьскімБоем, а цяпер вось з яе на нашу:

«Рэкі – гэта дарогі, якія ідуць, нясуць нас туды, куды мы хочам з імі ісці».

* * *

Журналістка з трыбуны цытуе Ота Вайнінгера, з ягонай кнігі «Пол i характар», пра нацыі мужчынскія i жаночыя. «Немцы – нацыя мужчынская...» Я не стрываў: «У канцы вайны яны былі ўжо нацыяй жаночай!..» Бо згадалася лета сорак чацвёртага, безліч прадстаўнікоў мужчынскай нацыі з разгаўнела-прыкрым «Гітлер капут!..».

A Вайнінгер мне запомніўся іншай цытатай – пра любоў да чалавека, якая вымяраецца веданнем той граніцы свабоды, якую твой бліжні сам акрэсліў для сябе, i павагай да той граніцы.

Такое, здаецца, з 1938-га, а то i з яшчэ ранейшага чытання «Полу i характару», яшчэ адной выпадковай кнігі.

* * *

Цётчын псеўданім «Гаўрыла з Полацка» пераклікаецца не толькі з Багушэвічавым «Сымонам Рэўкам з-пад Барысава» i «Яськам-гаспадаром з-пад Вільні» ў Каліноўскага, а яшчэ – весела бачыцца мне – i з прыказкай «Не адзін Гаўрыла ў Полацку». З гарэзнасцю спрытнай падпольшчыцы: шукай мяне, знайдзі!..


Дзевяноста сёмы

Ад кожнага літаратурнага пакалення патрабуецца ў творчасці новае – за любую цану.

Ад кожнай чарговай вясны чагосьці небывалага не патрабуем, абы толькі яна была сама сабою.

* * *

Кабінет прасторны, вокны вялікія, батарэі халодныя, i таму ўсе, чалавек каля дваццаці, сядзяць апранутыя. Ідзе абмеркаванне сітуацыі, народжанай «вертыкальным» часам: як выратаваць газету творчай інтэлігенцыі... Настрой цьмяна-цяжкі, пануры ва ўсіх, хто выступае i хто маўчыць.

Яна, што сядзіць насупраць мяне, каля кніжнай «сценкі», маўчыць. I наогул яна ціхая, я як быццам i голасу яе на слых не ведаю. Мне яна час ад часу гаворыць штосьці сваім надрукаваным пра музыку ў яе праяўленнях рознымі канцэртамі, фестывалямі, поспехамі паасобных талентаў, ужо больш або менш пакуль што заслужаных, а то i новых, зусім новых. Гаворыць талкова, ці з абурэннем, ці з радасцю, ці з зацікаўленай шчырасцю. Гэта – час ад часу, з ціхенькім подпісам у канцы новай гаворкі. А цяпер, на нарадзе, яна маўчыць. Толькі бачу, як на чорным левым рукаве яе футра белыя пальчыкі правай рукі перабіраюць-варушацца, ці то грэючыся, ці забаўляючыся па-малечы, ці з нуды.

Калі мы разыходзіліся, я сказаў ёй:

– Усё гавораць, гавораць, а мы сабе думаем: «Пісаць усё роўна трэба».

I пра пальцы сказаў. А яна ўсміхнулася, можа, i ўдзячна.

Зноў вось – i пры новым, выратавальным рэдактаРМ—чытаю добры, няспешна грунтоўны нарыс са звычным подпісам у канцы i ўспамінаю тое перабіранне пальцамі, беленькімі на чорным рукаве, тую цёплую ўсмешку на развітанне.

* * *

Рускае «чрево» з нашым «чэравам» – не зусім тое самае. Там i абаяльнасць царкоўнаславянскай узвышанасці, a ў нашым чуецца i грубая прыземленасць: «Во чэрава наеў!» Зусім не аднолькава гэта: «Во чреве матери» i «ў матчыным чэраве». Больш падыходзіць «лона», хоць у тлумачальным слоўніку i стаіць глыбакадумнае «Уст.»...

* * *

«Люблю наш край» i «Эх ты, Нёман-рака», якія спяваліся i на загорскай вуліцы вечарамі, прынятыя як божы дар, безымянна. Цяпер мне дадалася яшчэ «Магутны Божа», i вось – Мікола Равенскі, адкрыццё.

* * *

Спавяданне сціпласці – не ад немачы, а мудра, з высока жыватворчай радасцю. Бачачы вялікіх, адчуваючы ix прысутнасць i ўсведамляючы сваё месца ва ўсеагульным творчым жыцці.

* * *

У пошце «Нашай нівы» за 1909 год ёсць i пацешныя псеўданімы вясковых ці местачковых энтузіястаў: Пятрок Праўдурэж, Праснак, Праўдаказец, Стэфан Брахалка, Кракра, Тарас Бульба, Таракан...

Чытаючы капыльскія допісы Цішкі Гартнага, успаміналіся яго пазнейшыя высокія пасады i завышанае, як расказваюць сучаснікі, меркаванне пра свой сціплы талент паэта i празаіка, а таксама i «панская», пакапыльску сказаўшы, начная доўга-белая кашуля ў літаратурным музеі...

З адпаведнымі кадрамі для найвышэйшых дзяржаўных пасадаў слаба было ў нас i тады, калі стваралася незалежная Беларусь.

* * *

У канцы семдзесят дзевятага, у Браціславе, мяне пазнаёмілі з тамашнім карэспандэнтам, здаецца, «Комсомольской правды», сказаўшы, што гэта з паходжання беларус. Даволі пажылы таварыш ветліва сказаў, у нейкай меры па-зямляцку, што ён яшчэ ў школе зачытваўся «Палескімі рабінзонамі» i іншымі маімі творамі... Прыйшлося з усмешкай падзякаваць.

У дзевяноста пятым годзе, на адкрыцці помніка Алесю Адамовічу ў ягонай Глушы, выступаў я, адкрываючы ўрачыстасць, тады маскоўскі крытык Валянцін Аскоцкі i, ад родных, Міхась Тычына. А ўвечары наша слаўнае тэлебачанне, з падачы некага боўдзілы-рэпарцёра, перадало, што выступалі там Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін i... Янка Маўр...

Гэта мне днямі зноў прыгадалася ў сувязі з каралішчавіцкім летам пяцідзесятага. Ці прэзідыум Саюза пісьменнікаў, ці толькі сам Броўка назначыў двух паэтаў у дапамогу Канстанцыі Буйла пры складанні кнігі яе вершаў «Світанне». Гэтай прыемнай, вясёлай i таварыскай масквічцы было тады пяцьдзесят сем гадоў. Аднак яе значна маладзейшы муж прыслаў на імя Броўкі «исполненный несдерживаемой ревности» ліст, які Пётр Усцінавіч зачытаў на паседжанні праўлення, калі Канстанцыя Антонаўна, закончыўшы работу над рукапісам, была ўжо ў Маскве. A ліст той Броўка атрымаў раней, калі яна гасціла яшчэ ў Доме творчасці, дзе – дакладна помніцца з таго раўнівага пісьма – «вокруг нее увиваются молодчики типа Янки Мавра»...

Паважаны Іван Міхайлавіч (шэсцьдзесят восьмы ад роду) сядзеў у першым радзе, рукі склаўшы на жываце, то назад, то наперад круцячы вялікімі пальцам!. Счакаўшы, калі аціхне рогат, ён сказаў, як часта бывала, па-руску: «Благодарю за доверие!», ад чаго смех паўтарыўся.

Так яго, хоць аднойчы, зблыталі, трэба думаць, са мною, бо з Янкаў на той час у Каралішчавічах быў адзін я. I дыстанцыю, вядома ж, захоўваў надежна.

* * *

Над «Нашай нівай» (той самы дзевяцьсот дзевяты) падумваецца i пра Янку Журбу, якога знайшлі на Чашніччыне ці ў саміх Чашніках, пасля чаго старэнькі, нярослы паэт, ужо сляпы, з'явіўся ў Мінску. Хадзіў ён з павадыром, ад адзіноты сваёй часта заходзіў у Саюз пісьменнікаў Пры мне аднойчы спытаўся ў прыёмнай у ветлівай сакратаркі, ці ёсць куды-небудзь запрашальныя білеты, а яна адказала, што толькі на выстаўку маладых мастакоў. «Дайце, калі ласка, я хоць i не бачу, але папрысутнічаю». Па нестарой тады бяздумнасці гэта здалося мне нават пацешным, як i тое, што ён казаў пра N.: «Гэта не чысты паэт, ён піша яшчэ i прозу». Пацешным... Замест таго каб лепш наблізіцца, паслухаць таго, хто пачынаў у «Нашай ніве» i многа чаго ведаў, а яно пайшло з ім у нябыт. Як i з Купаліхай, i з Сушынскім, старэнькую ўдаву якога яшчэ ўсё можна ўбачыць на мерапрыемствах у Купалавым музеі.

* * *

Сустракаеш думку, падобную да тое, што i цябе раней наведала, нядаўна i даўней, якую ты i запісаў. Прыемна i разам з тым боязна, ці не палічыць хто цябе потым плагіятарам, сустрэўшы тую думку ў кагосьці іншага, запісаную так даўно, ажно ў шаснаццатым стагоддзі.

Вось у Паскаля цяпер пра тое, што мы жывём мінулым i будучым, найменш дбаючы пра наша сёння. Прыемна, аднак, што i табе прыходзяць думкі, якія прыходзілі вялікім, i так ужо даўно, хоць i не даўней за тых, што жылі ды думалі ў глыбейшых па даўнасці эрах.

* * *

«Не вялікай трэба асветы, каб мець здаровую думку».

«Nie wielkiego potrzeba mieć wykształcenia, by mieć zdrową myśl».

Я – з польскай, Жаленьскі-Бой з лацінскай, а тады Сенека сам:

«Paucis opus est litterys ad bonam mentem».

I на сотнях іншых моў змест аднолькава мудры.

* * *

«Багатай скрыні пані». Тут i пасажны куфар, i скрыня наогул, скажам, ужо не з уборамі, а з мукой, калі ўжо нявеста добра ўгаспадынілася.

Дазволіўшы сабе гэта, можа, i як наватвор, успомніў тое, што ўчора бачыў, гартаючы куплены днямі фальклорны том «Гульні, забавы, ігрышчы».

Ходзіць пятух па вуліцы.

Скукарэчыўся.

– Ці ты ножку зламіў,

ці скалечыўся?



* * *

Добры вечар, добры вечар!

Добры вечар, талака!

Да ўхараводзьжтка

Ты нас гэценькі вечар.


У трэцім радку падкрэсленае слова свавольнаёмкае, хоць i цяжка яго за першым разам вымалаць языком, затое ж у чацвёртым радку «гэценькі» – цуд пяшчотнасці. Жаночай.

А вось i вясёлае, таксама ў жанчын:

Гаварылі, сват багаты,

А яны пяшком прыйшлі,

Маладога ў мяшку няслі,

А свата – у карзіне,

Каб не з'елі свінні.


Або i такое, у дзіцячым свавольстве гульні:

Мужык – Вожык,

Украў ножык,

Купіў мыла,

Памый рыла.


Так яно – адхіліўшыся ад Паскаля, які ў сваёй каталіцкай набожнасці бачыцца i нуднаватым.

* * *

Прачнуўся ў тры, паныў у цемры i ўспомніў, што можна пачытаць у «Полымі» Жука. I прачытаў яго «Сны пра маму». Свежы боль. I думаецца, якая ўсё гэта лухта, марнота з супермоднымі акрэсленнямі жанраў плыняў, выбрыкаў, чым займаюцца некаторыя з маладых, ад бездапаможнасці ў пошуках нахапаўшыся «вучоных» тэрмінаў. Жыццё i душа! Гэта i відаць у Алеся.

Такое ўспомнілася з «Атлантаў i карыятыдаў», дзе i Шамякін, у раздзелах пра смерць маці, узышоў быў на сапраўднае.

* * *

Незлічонае мноства дробязей. Можна ix пазнаваць, не пазнаваць, зноў пазнаваць – усё роўна для пазнавання ix не паменшае. Толькі што цікава.

* * *

Яшчэ не ўмеючы чытаць, я часта гартаў батата ілюстраваны том «20 тысяч лье под водою», з толькі што – скажам цяпер, здалёк – абуджанай цікавасцю ўглядаўся ў голага чалавека, які свабодна плыве сабе ў вадзяным глыбінным бязмежжы. Потым мне сказалі, што ён называецца капітанам Нэма. I вось толькі цяпер, праз акіянскую тоўшчу пражытых гадоў – такое простае: пето – па-лацінску – ніхто. I гэта не пра нікчэмнасць, а пра ўсясветнасць чалавека: так мне бачыцца. Цёпла, з журбінкай згадваючы тага, да светлай сцішнаты незвычайнага плыўца ў невымернай, спакойнай, светлай вадзе.

* * *

Успаміны Насовіча.

Ягоная «трасянка», у параўнанні з сённяшняй, усеагульнай, выглядае бязгрэшнай, ці што, бо й не трасянка гэта, а цытаванне роднага, што i хораша падмацоўвае плынь апавядання, i дапамагае ў разгадванні прычыны захаплення гэтага магілёўскага паповіча родным словам.

I што тут дзівіцца таму, што ў яго пачалося ледзь не з канца XVIII стагоддзя, але не стала нацыянальнай свядомасцю i за тры чвэрткі XIX, калі такія эрудыты, як Адам Багдановіч i Яўхім Карскі, i ў наша стагоддзе ўвайшлі з няпоўнай яснасцю ў нацыянальным пытанні, нібы прыглядаючыся збоку: ну, што ж тут у ix атрымаецца з гэтай беларускасцю?..

* * *

Купала, поўнае выданне, першы том.

«Аўтарцы «Скрыпкі беларускай»:

...Эх! іграй жа той, хто можа:

Плакаць будзе весялей.


Прыблізнае рыфмаванне ідзе ў яго i ад народнага, i, часткова, ад польскай паэзіі таксама.

«Куды ты рвешся»:

Цягай ты лапаці з лазы.


I не здаецца, што гэтыя «лапаці» – дзеля памеру, нават прыемна такое, убачанае ўпершыню.

У каментарыях: «У пазнейшых прыжыццёвых выданнях не друкаваўся». Даволі часта гэта паўтараецца. Дваякі падтэкст: ці тут патрабавальнасць аўтара, ці іншая, знешняя «патрабавальнасць»? У паасобных выпадках у карэктуры аўтарава прыпіска, адрасаваная друкарні: «Выбросить, а наборъ оставить». А набор жа тады быў ручны, i працы людское шкада, i надзея на пазнейшае надрукаванне жыве ў паэтавай душы.

«Разлад»:

Рака затоўчана крывёю.


Можна падумаць або сказаць, што лепш прыдалося б закрашана, аднак тут бачыцца не толькі чырвонае, кроў, але i... мяса, целы забітых. Жудасней даходзіць.

...Выгадаваць дачушку i здаць яе,– як сына ў салдаты, там на здзек начальству, на ваенную кроў i смерць,– а тут на службу ў панскі двор ці ў чужую, багатую гаспадарку... Ніколі, здаецца, не адчуваў гэтага, бацькоўскага, так балюча, як цяпер, над Яго старонкамі...

* * *

У «Крыніцы» Вацлаў Гавал. Памылюся, відаць, аднак узнікла чамусьці думка, што i тут, чаго добрага, нацяжка, як з творчасцю другога драматурга – Кароля Вайтылы.

I памыліўся, што не цяжка было i прадбачыць. I даты яго жыцця, i п'еса «Аўдыенцыя», i прамовы ў высокіх людзях (Парыж, Афіны), i перад «мілымі прысутнымі» ў родным Аламаўцы, нарэшце, i артыкул Ірыны Шаблоўскай на першы раз далі нямала для знаёмства. Кажу: на першы раз, бо, уласна кажучы, чытаў дагэтуль толькі штосьці адно ягонае, у «Иностранной литературе», што i не надта запомнілася. Мала i гэтага, што сіламі траіх нашых чэхістаў дала «Крыніца», аднак пачатак адчувальна зроблены.

Глыбокія рэчы Гавал гаворыць так проста, ясна, што нашым мудрагелям – у адным i тым жа нумары часопіса – варта было б пакарыстацца добрым прыкладам, каб змоладу адвучвацца ад туманнага тарахцення тэрмінамі i спадзявання на падтэкст.

* * *

Уважлівае, зацікаўленае знаёмства з добра, з адборнага зерня складзенай кімсьці анталогіяй паэзіі аднаго народа ці народаў некалькіх дае табе магчымасць i права сказаць, што ты тую паэзію пазнаў, няхай не поўнасцю колькасна, але па якасці дастаткова.

Тое самае i з філасофіяй, з выдатна складзенай анталогіяй агульналюдской мудрасці. I я, знаёмы з такімі анталогіямі, дзякуючы Талстому (яго «На каждый день», «Круг чтения», «Путь жизни»), магу перш за ўсё радавацца ў душы, а то i гаварыць пры адпаведнай патрэбе, што я знаёмы з чалавечай мудрасцю, выпрацаванай, выпакутаванай, народжанай азарэннем на працягу многіх стагоддзяў у самых розных кутках Зямлі, на шматфарбным мностве моў.

Запісаць гэта захацелася ад той старонкі ў томе «На каждый день», дзе гаворыць Паскаль, якога я нядаўна чытаў па-польску, у ягонай кнізе, а цяпер, як новае, чытаю з паметкай «По Паскалю», упэўнены, што рускі мудрэц сваім пераказам мудрасці француза цэльнасці яе не парушыў, на свой лад ні ў чым не перавёў

* * *

«Записки янычара» Канстанціна Міхаловіча з Астравіцы.

На Косаўскім полі туркі перамаглі сербаў, султан Мурад i ягоны сын Мустафа былі забітыя, але другі сын Мурада, Баязід, i перамог, i ўзяў у палон князя Лазара i ваяводу Каіміра. Трэба трохі кантэксту, каб надежна пачулася тое, што мяне ўразіла:

«И тогда сказал Баязид князю Лазарю: «Вот видишь лежащих на носилках моих брата и отца. Как ты мог противиться ему?» Князь Лазарь молчал. А Каимир воевода сказал: «Милый князь, отвечай султану, умная голова не пень от вербы, чтобы выросла второй раз».

Далей была i мужнасць, i жорсткасць, якое i ў часе тым, i ў кнізе многа. Аднак мяне, можна сказаць, i ўразіла дэталь з вярбовым пнём, якая цераз тоўшчу некалькіх – сербскай, чэшскай ці польскай, бо дагэтуль не ўстаноўлена, на якой былы янычар пісаў– заблішчала залацінкай народнага таленту, дарэчы – адзінай такой ва ўсім змястоўным i цікавым сярэдневяковым тэксце.

* * *

Як далёкі, ледзь чутны, хвалююча доўгачаканы погрымак, вяшчун вельмі патрэбнага дажджу, адчуў я стрыманы водгалас мастацкага слова...

Каб жа яно прыйшло, вярнулася i да мяне!..

* * *

«Мне давялося бачыць велікапышныя мячэці Стамбула, Дэлі, Сараева, Кордавы, Ташкента...»

Так пачаў выступленне на міжнароднай навуковапрактычнай канферэнцыі «Праблемы вывучэння i захавання культурнай спадчыны татарскага народа на Беларусі». A прадоўжыў успамінам пра сціплую драўляную мячэць на зеляніне татарскіх агародаў каля руінаў Мірскага замка i ціхенькай рэчкі Міранкі, знаёмай мне па ручной рыбалцы, дзе я, хлапчук, насіў пры старэйшым браце мокрую торбу з плоткамі, акунямі i мянькамі, якіх ён лавіў рукамі ў падрэзах i норах. Не ў Міры, вядома, а далей на поўнач, на нашых лугах за Вушай, у якую Міранка там упадае. З тых малечых гадоў я памятаю тую мячэць, як i наваградскую, убачаную крыху пазней, усё ў той жа сумнавата-цьмянай таямнічасці, як i мінскую, нарэшце, пасляваенную...

Усе яны, кожная ў розны час ды «па жаданні працоўных», знікалі з нашай рэчаіснасці, i знііслі ўсе, за выключэннем іўеўскай, якая ацалела i якую мне абяцалі сёлета паказаць.

А пакуль што ўчора я пабачыў новую мячэць, другую ў Беларусі пасля Іўя, у Смілавічах, у якіх я, дарэчы, ніколі яшчэ не бываў. Сучасная па сілікатна-белай цэгле, міжнародна-ісламская, бо збудаваная ў значнай меры за даляры зямлячкі, што апынулася ажно ў Кувейце.

Зацяжное маленне ў бясконцых глыбокіх паклонах.

А высока над мінарэтам,– я выйшаў на двор адзін,– над агародамі далекаватай ускраіны мястэчка – жаваранак, якому трэба грэцца песняй.

* * *

Сярод мірскіх татараў, якіх больш ці менш ведаў, апроч кажушнікаў ды агароднікаў, помніцца стрункавысокі, прыемна інтэлігентны загадчык раённага аддзялення сувязі.

Пагодлівая восень сорак чацвёртага. Нейкі дзядзька звяртаецца да начальніка з пытаннем, ці можна яму выпісаць газету. «Пожалуйста, вот вам местная «Стяг свободы», вот областная «Червонная звезда». А дзядзька, расчаравана: «Ну, усё гэта гаўно, адны калхозы. Мне, таварыш, каб гэта «Праўду» або «Ізвесція».– «К сожалению, пока ничем не могу вам помочь...»

А часова выконваючы абавязкі рэдактара таго самага гаўнянага «Сцяга свабоды», значыцца, я —толькі засмяяўся ў душы i запомніў гэта больш як на паўстагоддзя.

* * *

«Зямля стаіць пасярод свету...» Добрая кніга, падрыхтаваная Уладзімірам Васілевічам. A ўсё ж ёсць у ёй крыху славутага «вясковага ідыятызму». Скажам, ката жывога закопваць, каб на тым полі «дашчэнту знішчыць» асот, або «калі хочаш нашкодзіць суседу, то сей, ідучы яму насустрач... Тады ў суседа жыта прападзе». Адламаны на малацьбе кавалак цэпа, кінуты ў бок хаты непрыяцеля, «выкліча там няшчасце i бойку».

Няхай сабе навука i павінна захоўваць усё, але ж чытаць такое нявесела. I здзіўленне бярэ, колькі людзям ды пакаленням трэба было тыя павер'і збіраць, запамінаць у найменшых, абавязковых драбніцах, на што сыходзіла разумовасць, духоўнасць чалавека працы.

* * *

I Сянкевіч лічыў, што ў будучыні пісьменніцкі дзённік будзе найважнейшым літаратурным жанрам. Прачытаў я пра гэта ў газеце «Polityka», без спасылкі, дзе пан Генрык, вялікі спецыяліст na «fikcji literackiej», пісаў ці гаварыў такое.

* * *

«Шасцімоўны слоўнік прыказак». Нямала падобных, ад латыні да нашых, як падобна ў кожнага народа тое, што нараджае агульналюдскую мудрасць. Прыемна ад гэтай агульнасці, ад моўных залацінак мудрасці i вобразнасці. Можна было б i нацытаваць. Мне – толькі сваё, рускае i нямецкае. Да латыні яшчэ звяртаюся, а французскае ды англійскае нават i прачытаць надежна не магу. Толькі што ў перакладзе. Як i лацінскае.

* * *

...Як мы ўтрох, наш Міша, Валодзя i я, да снедання палажылі старому Калесніку добрую лугавіну над Серваччу – зноў прыгадалася тая раніца, той роены луг, спраўныя косы, маладыя сілы i дружба наша светлая, нейкая затоеная песня роднай сувязі з прыродай i сялянскай працай...

* * *

Успомнілася слова выскрабак i той маленькі боханчык з рэшткі цеста ў дзяжы, гарачы i духмяны падарунак малому ад маці, i тое яшчэ значэнне слова пра найменшага ў сям'і, любімага мамай ці не найбольш з усіх народжаных ёю, бо апошненькага ў шчасці i пакутах мацярынства.

А выскрабак наш – колобок па-руску, chlebek па-польску, яшчэ раз колобок, па-ўкраінску,– гэта так казачна-хораша, з невычэрпнай паэзіі маленства.

* * *

Я стараўся добра пісаць на роднай мове... Не, так нельга. Як быццам я стараўся, практыкаваўся дыхаць чыстым паветрам,– а я ж ім проста шчасліва дыхаў... A ўсё ж няясна i так сказалася.

* * *

Калі б які злосны разумнік на сустрэчы са студэнтамі (зрэдку трапляліся i такія) сказаў мне, што я мала i слаба пішу, можна было б адказаць:

«Я ведаю гэта i сам, сяды-тады пра гэта думаю. З той розніцай, што гэта мне балюча».

* * *

«Целую ваши персты, бряцавшие на струнах давидовой псалтыри»,– пісаў Насовічу магілёўскі пратаіерэй Цвёрды, «знакомый мне от самой юности». Водгук на «Псаломские песни».

Весела скажам: так трэба адгукацца на творчыя ўдачы сяброў!

* * *

«Калі я раней памру, дык ты пасадзі мне ў галавах рабіну. Вельмі ж я ix люблю...»

А маладым, што падслухалі гэтую размову старэнькага ўдаўца з такою ж удавою, якім дзеці ды ўнукі не далі сысціся, такое бяздумна здалося смешным. Бо тут ужо, калі па-сучаснаму, не рэшткі сексу, a толькі старэчы дур, нейкім чынам шкодны нашчадкам у справах спадчынных.

* * *

Паэтка, гадочкаў пад пяцьдзесят, спакойна, з усмешкай кажа мне, што прозы яна наогул не чытае – толькі вершы. Наколькі лягчэй жывецца!..

* * *

«Ні цыбулькі, ні ўкрышыць». Успомнілася, зірнуўшы на палавіну вялікай цыбуліны на кухонным акне. I ў гэтым «укрышыць» на ўвазе маецца, трэба думаць, якая-небудзь скварчына.

I яшчэ штосьці тут ад неўміручасці роднай мовы.

* * *

Пасля позневячэрняй навальніцы з маланкамі ды грымотамі раніца мокра-ціхая, з гудзеннем туркачых ці туркачоў, зрэдку салаўіным перасвістам i несціханым, фонавым шчабятаннем рознай іншай драбязы. Слівы толькі што дружна расцвілі, a ўжо i сыплюцца пялёсткі,– i дождж прычыніўся, i наогул яна, быстрацечнасць жыцця.

Ва ўспрыманні красы прыроды ў мяне не ўпершыню адчуванні больш сялянскія, звычныя даўно, без лішняга паэтычнага ахкання.

* * *

«Очень благодарю вас за Масарика. Он был в Ясной, и я очень полюбил его».

Ці пра гэты прыезд (у маі 1887 года), ці, хутчэй, пра пазнейшы, чытаў у пісьмах Талстога, тады яшчэ не адчуваючы ўдзячнасці гэтаму чэху за магчымасць атрымаць у Празе вышэйшую асвету сотні заходнебеларускіх юнакоў, сярод якіх быў Жылка, Дварчанін i іншыя. He адчуваў, бо проста не ведаў пра гэта ў сваёй ранняй вясковай маладосці.

Як i яшчэ пра адну высакародную постаць – латыша Яна Райніса, якому беларусы таксама маюць за што дзякаваць.

«Зорка» нашага тэлебачання, здаровы мужчыніска, пастрыжаны «пад гаршчок», расказваючы пра свінакомплекс, для большай вобразнасці адхіляецца ў лірыку: «Тут во такое мноства гэтых рохкаючых істот...»

* * *

Пайшоў у наш надрэчны гаёк з балоцістым ровам высекчы заказаныя жонкай кіёчкі i спыніўся там адразу, i смяяцца захацелася, узняўшы вочы на яшчэ рэдкую лістоту вершняку, смяяцца радасна ад двубоя, калі сказаць па Караткевічу, двух салаўёў, так блізка i так захоплена, у смелай ці азартнай блізкасці да чалавека. Нават у амаль паўдзённым сонцы.

* * *

«На добрым харчы выраўнялася». Такое – i пра кабыліцу, i пра дзеўку, то гаспадарскім, то мужчынскім вокам гледзячы.

Само ўсплыло такое акрэсленне ва ўдзячнай памяці, з набытку ў народзе.

* * *

Колькі нагаворана з іхняга i з нашага боку пра неабходнасць аб'яднання, але ж ні слова – ні ў друку, ні па тэлевізары ці па радыё – пра foe, што апаганьваецца, ліквідуецца мова нашага народа, найгоршым, найзлачыннейшым, як дагэтуль, чынам. Такое жахлівае «між іншым»!

* * *

Пад вечар, трохі паварушыўшыся на гаспадарцы, вольна прысеў за сталом пад ліпай, у сонейку, якое яшчэ так не хутка сядзе. Летняя ласка, што сёлета так апазнілася.

Падумалася пра сяброў, якіх перажыў. Можа, таму, што перад гэтым, круцячы ваду з калодзежа, залюбаваўся белымі аблокамі над цёмнай зелянінай ялін i святлейшай бяроз. Міша любіў такое маляваць, а Валодзя i маляваць, i здымаць. Падумалася, паўтараю, як у апраўданне самому сабе, што я перажыў ix, i брата, i нашага з ім сябра, як i некаторых іншых блізкіх людзей, можа, i дзеля таго, каб сказаць пра тых, што адышлі, справядліва добрае слова...

Наіўна гэта – такое дзеля?..

* * *

Прынёсшы з пасёлка малако, дапоўніўшы з калонкі бочкі на паліўку, падумаў, што вось i паднімуся цяпер на сваё гарышча, да старога, заслужанага пісьмовага стала, да акна, расчыненага ў сонечназялёна-галасістую толькі ад птушак раніцу, i буду, як молячыся, дачытваць Міхасёвы вершы.

Аднатомнік – трошкі за трыццаць аркушаў прозы, паэзіі, крытычнай эсэістыкі. Гасцюючы ў мяне, наш польскі друг Флёрыян Няўважны ўбачыў у кніжнай шафе салідны том выбранага Лукаша Калюгі i сказаў адно толькі «О!». Тут я адчуў сябе каўказцам i падаў яму гэты том. Далей стаяў другі аднатомнік, i па таўшчыні, i па кодеры вокладкі вельмі падобны. Міхась Стральцоў. Мой Флёрак толькі зірнуў на мяне, а я на гэты раз сказаў «О!» i аддаў яму i Міхася. Потым, вядома, было шкада, як ні справядліва гаворыцца, што іменна той падарунак блізкаму найбольш дарагі, якога шкада. Доўга i дарма стараўся я потым знайсці тыя аднатомнікі ў нашых кнігарнях. I толькі дзякуючы маладому сябру, паэту Міхасю Скоблу, які на той час стаяў бліжэй да кніжнай справы, абодвух любімых намі ўдалося дастаць i ў маю шафу Найлепшых.

Аднатомнік. Шэсцьсот старонак. I няма ў мяне гэтым разам сумнага адчування, як гэта мала для пяцідзесяці гадоў. Такая паўната душы праяўлена, ва ўсіх жанрах, здаецца, з роўнай сілай, так многа тут для расшыфроўкі ўдумліваму чытачу. Вось перайшоў я да «Чалавека з Малой Багацькаўкі», i няма адчування, што гэта зноў жа перачытванне, а ёсць, як новае i паэтычна мудрае, можа, i нароўні з мастацкай прозай ці з вершамі бачанне жыцця – на сусветны яго размах i агульналюдское паглыбленне.

...Тыя далёкія, на дальнім водшыбе, Чыжоўскія могілкі, дзе ён, Міхась, назаўсёды прылёг каля маленькага сына, адзінага сярод дачок. Хутка ўжо будзе i дзесяць гадоў, калі я маўчаў на яго пахаванні...

I цяпер, памаўчаўшы, можна зноў да яго i Максіма Гарэцкага.

* * *

Сёлета недзе чытаў, што ў Іркуцкай вобласці кожны дзесяты жыхар – беларус. Во як растрэслі нас па імперыі!

Калі прапануюць на дамейкаўскім «круглым стале» ў Карэлічах нешта сказаць пра земляка-юбіляра, можна будзе адштурхнуцца ад таго, што апошнім часам даволі часта паўтараецца: «Куды не трапяць беларусы?!», сказаць, як дзевятнаццатае стагоддзе i палякаў растрэсла па свеце – ад Якуціі да Чылі...

* * *

Добра, хораша, а потым такі чалавек чалавецтва – Растраповіч – кажа, што на Украіну ён са сваёю бандурай не паедзе: «Подожду, пока отдадут Черноморский флот».

Чым не «подбрюшие России» ў Салжаніцына,– пра рэспублікі Сярэдняй Азіі, суверэнныя краіны з многавекавой гісторыяй?..

Ах, вялікія людзі мастацтва,– i чаго вам у папітыку?!

* * *

Пры дарозе ад нашых лецішчаў у пасёлак, на шырозным дубовым пні, неяк жа i зарадзіўшыся, i ўкараніўшыся ў тугой трухлявасці за некалькі гадоў, можна сказаць, што i неўпрыцям для нас, людзей розных узростаў, вырасла на падлетніцу i далей весела расце зусім упэўнена прыгожая бярозка. Можа, нават надзвычай прыгожая, бо як на троне або ў вялізнай кадзі вазона, a іншыя стракаценькія красуні стаяць крыху воддаль чародкай, адна на адну падобныя, мілыя звычайна, а не выключна.

* * *

Прарок Ісаія:

«И оскудеют реки, и каналы Египетские обмелеют и высохнут; камыш и тростник завянут.

...И восплачут рыбаки, и возрыдают все бросающие уду в реку, и ставящие сети в воде впадут в уныние...»

I само па сабе гэта здорава i весела нагадала маіх рыбакоў: Калесніка, Янкоўскага, паэта i акцёра Пятра Ламана, блізкага земляка, брата Мішу калісьці i сына Андрэя цяпер...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю