355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » З людзьмі і сам-насам » Текст книги (страница 5)
З людзьмі і сам-насам
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "З людзьмі і сам-насам"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц)

* * *

Калі я ў канцы вайны i чатыры гады пасля яе працаваў у сатырычна-гумарыстычным друку, прыходзілася значна больш, чым пазней, заглядваць i ў суседскія вясёлыя часопісы. «Крокодил» вылучаўся культурай мастацкага афармлення, «Пэрэць» народным гумарам, а мы ў сваім «Вожыку» сяк-так намагаліся тыя якасці спалучаць.

Аднак помніцца гумар найбольш украінскі. Скажам, такое, пра будаўніцтва. На лесвічнай пляцоўцы кошка i кацяня. Малое насцярожана: «Мама, мыш!» А кошка спакойна: «Гэта не ў нашым пад'ездзе». Або такое, з медыцынскага жыцця. Разбіты, пакарэжаны, нават на мыліцах «масквічок» стаіць перад белым халатам i акулярамі. Стэрэатыпнае пытанне: «На што скардзіцеся?» I адказ, свяжэйшы: «На студэбекера».

Паўстагоддзя мінула, толькі старэйшыя сучаснікі памятаюць тыя нярослыя «Масквічы» i магутныя амерыканскія лендлізаўскія грузавікі. Нядаўна я, стары, пачуўшы ад маладога бальнічнага лекара ўступнае: «На что жалуетесь?», успомніў «Пэрэць» i пакорна сказаў: «На студэбекера». Смешнасць тут прыйшлося гістарычна растлумачыць, каб i лекару i супалатнікам было смешна.

* * *

Эстраднае дзяўчо натужна верашчыць па радыё, бясконца паўтараючы страсна-кахальнае «Твой саксафон! Твой саксафон!»' З такой пястотай у голасе, як быццам яе дома ці ў дзіцячым садзе толькі што знялі з гаршчочка. Знялі, aгa, а яно адразу ж – у эфірны секс, у моду на звышпяшчотнасць.

* * *

Гераіня аднаго жаночага апавядання, немаладая мастачка, што «выходзіла з дому па сякой-такой патрэбе», нагадала мне безнадзейна старую дзеўку, нашу вясковую суседку, якая ў будзень па-святочнаму апранутая, пад вялікай квяцістай хусткай, ішла па вуліцы, а другі наш сусед спытаўся цераз плот: «Юста, куды ж гэта ты?» – «У Турэц».– «А чаго?» – «За сваёю патрэбай».– «А чаму ж так далека?»

I сапраўды – да мястэчка аж чатыры кіламетры.

* * *

Нэтудыхата – гэта не проста адно з пацешных, але i сапраўдных украінскіх прозвішчаў,– ім можна карыстацца іншасказальна, напрыклад, так: «Не туды ты, браце, палез у сваіх разважаннях!»

* * *

На вясковым двары стаяць «Жыгулі» з разяўленым багажнікам. Па штосьці прыехаў з горада сын або зяць.

Сам я сказаў сабе ўчора ўвечары гэтую сучасную разяўленасць, сам i засмяяўся, як быццам i сапраўды ад нейкага адкрыцця.

* * *

Гледзячы па тэлевізары на выседжвальнікаў гэтага парламента, на мноства лысых, сівых i маладзейшых галоў, неяк дзіўна, нават i весела падумалася:

Чаго-небудзь вартай у кожнага з гэтых багата апранутых целаў з'яўляецца толькі галава, якая да таго ж не заўсёды варыць адпаведным чынам, а за гэты верхні прыдатак народу трэба смачна карміць, хораша адзяваць, абуваць, абмываць, мякка вазіць, пільна ахоўваць яшчэ i такое мноства самаўпэўненых ды капризных, раскормленых ды распоеных целаў. Д opara!..

* * *

Згадаўся «левітанаўскі» Псёл у жніўні шэсцьдзесят сёмага. Золата купалоў над Волгай, у зеляніне, найбольш бярозавай, на крута-высокім травяністым беразе, адкуль – хто седзячы, хто прылёгшы – мы глядзелі ўніз, на тое золата з крыжамі.

Там пачутае пра інтэрв'ю сталічнага журналіста з жонкай мясдовага самадзейнага мастака, інжынера, які ўвесь свой вольны час аддаваў палітры. Для душы.

«Уж лучше бы он пил!..» – уздыхнула тая, з выгляду, на фотаздымку, інтэлігентная жанчына.

* * *

Ну талент, ну голас, ну абаяльнасць знешняя, нават i юная сціпласць свайго дадала. А потым пачы-на-ец-ца! Каралевай спачатку хацелася быць, а далей ужо i каралева яна, i ёй ужо гэтага мала... Лезе, лезе наверх усё мноства назапашаных недахопаў, якім так уласціва множыцца ад папулярнасці i дабрабыту. I незаўважна тая дзяўчо-дзеўка-баба, якой яна тым часам стала, такая нецікавая ў сваім зношана-аблезлым самалюбстве.

* * *

Наднёманская вёска Беражна. Не «Бережное» на рускі лад, навязанае ад слова «бережливость», але ад берага – спрадвеку Беражна, з націскам на «е».

А вось ластавак-беражанак тут не называюць беражанкамі, як у іншых навакольных вёсках, а берагулькамі.

Уязджаем з Калеснікам у доўгае-доўгае Беражна. Даганяем дзяўчыну, якая легка ды спраўна ідзе па сцежцы каля платоў. Параўняліся, абагналі, i мой Валодзя, такі звычайна ўважлівы за рулём, сказаў з нядрэнным веданнем прадмета: – A нішто сабе берагулька!..

* * *

Прозвішча Баравік ніколі не выклікала ў мяне якога-небудзь здзіўлення, нават усмешкі. А вось пачуў ад маладога знаёмага, што дзявочае ў яго сімпатычнай жоначкі – Падасінавік, і... стала весялей.

Бо i я ж люблю ix знаходзіць.

* * *

Тры дні пагодзіла, i камбайн паспеў зжаць-змалаціць, як гаворыцца – выхапіць ад канчатковага змарнення добры ячмень. Толькі салома засталася на нізенькай пожні, крыху пад сонца, а больш, як аказалася, пад дождж. А потым яе ўсё-такі застагавалі, хоць i надсыр.

Поле ўжо тым часам зааранае, прыемная прастора свежа-чорнай раллі. А над ёю, на фоне задарожнага старога ельніку, над вялізным стогам, хоць раніца і церпка-халодная, курыцца пара. Як дымок над ледзь жывым саламяным, у ранішнім сонцы светлым, вулканам.

Гэта нават i прыгожа, калі думаць... ну, не пра «чыстую красу», а проста толькі пра знешні выгляд, такі бок жыцця.

* * *

Плоска-шырокая аўтамабільная каляіна лясной дарогі, па якой не часта ездзяць. Светла-шэры пясочак страката i ўжо даволі густа пацярушаны апалаю лістотай. З некалькіх дзён, менш ды больш пацямнелай, пабляклай ды ярка свяжэйшай. Добра ідзецца па гэтым мяккім шоргаце, у сонечнай ласкавасці ранняга адвячорка, у сцішаным, урачыстым стаянні дрэў. Адаы ў спакойнай вечназялёнай трываласці, другія i без ветру спакваля цярушачы долу славутыя чырвань i золата.

Прыблуда Шарык, i сёння на нашай дачы толькі што накормлены, у добрым настроі суправаджае мяне. Нялёгка цюхкае то спераду, то ззаду, то пастарэчы трэцца, блытаецца ў маіх нагах, нібыта хочучы мяне спыніць, хоць абодва мы не спяшаемся.

Крыху стаміўшыся, прысядаю на змалку люба пярэстым, таўставатым ствале бярозы-вываратня, з камлём у карнявішчы, што бокам тырчыць над сваёй ямай. У палавіне перарэзаны ствол трохі задзёрты над травою, нібы й запрашае прысесці. Вяршыня яшчэ не старое бярозы перацягнута на другі бок дарогі. Гэта ўсё яшчэ летась, калі тут прайшоў буралом.

Сабака спачатку таксама прысеў на хвасце, побач са мною, нават лабаціну падставіў пад маю далонь, з палёгкай хэкаючы ў сваім не вельмі вылінялым чорна-бурым кажушку, потым устаў, адышоўся, гжэчна адзначыўся на зялёнае вераценца – ялаўцовы стромы кусцік, а тады прылёг, нейтральна гледзячы на дарогу, з яшчэ ўсё недаразяўленай для спатольнага хэкання пыскай.

I тут адбылося прыемнае.

Цішыня такая светлая, супакойная, што я ці то ўбачыў, ці то яшчэ i пачуў, як перада мною, блізка да невысокага сядзення, сонечныя каліўцы мятліку выразна заварушыліся. Самі па сабе,– так чамусьці падумалася, пакуль, у наступны момант, не ўспомнілася, што гэта ж мой стары, расхэканы спадарожнік толькі што ix растрывожыў, пасядзеўшы тут ды прайшоўшы. I вось яны старанна, абавязкова выпростваюцца, штосьці нязлосна шэпчучы адно з адным.

Смешна? I міла ў такой красамоўна-журботнай прыродзе, цікава нават з такою драбніцай.

Васіль Пяскоў, якога я люблю чытаць, амаль як Сетана-Томпсана (ведаю – любімага i Пясковым), нядаўна з замілаваннем пісаў у газеце пра месяц жнівень, з яго багатай красой, сваю сакавітую замалёўку закончыўшы нечакана:

«Состояние души такое, при котором яснополянский мудрец записал поразившие меня когда-то слова: «Вышел в Заказ вечером и заплакал от любви, благодарной за жизнь».

I ў жніўні, i ў верасні...

* * *

Пачаў чытаць у «Полымі» артыкул пра творчасць Макаля. А паралельна, у памяці, чуцён мне быў па тэлефоне ягоны плач i праклёны ўсім, хто давёў да таго, каб недзе за светам i невядома завошта гінулі хлопчыкі-салдаты. Гэта было ў 1982-м, я віншаваў Петруся з пяцідзесяцігоддзем, а ён праклінаў i плакаў – за адзінага сына, пра ранение ці хваробу якога ў Афганістане толькі днямі паведамілі.

А раней калісьці Пятрусь даверліва прагаварыўся мне, як ён, «солдат срочной службы», увосені 1956-га быў у Венгрыі i павінен быў даць падпіску пра маўчанне наконт таго, як там адбывалася «подавление бунта».

Бацьку сваё, сыну сваё...

Прачытаўшы добры артыкул пакуль што незнаёмай Зінаіды Драздовай, узяў у бібліятэцы яго «Выбранае» i апошні прыжыццёвы зборнік «Твар i душа», некалькі дзён жыў яго добрай, сапраўднай паэзіяй, тады i потым шкадаваў, што бацька i сваёй венгерскай «прысягі» не парушыў i пра перажытае сынам нічога на сваім узроўні не надрукаваў...

Можа, напісанае ёсць?

* * *

Людзі з запасной душой.

Гэта пра тых, што працуюць у чужой культуры, а потым некаторыя вяртаюцца ў сваю.

Так думалася, знаёмячыся з манаграфіяй пра мастака Станіслава Жукоўскага, дарэчы, сябра Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, а пры гэтым успомніўшы i Вацлава Серашэўскага, які, сябруючы ў якуцкай ссылцы з Уладзімірам Караленкам, пісаць пачаў па-руску.

Абодва яны, Жукоўскі i Серашэўскі, потым, калі гэта стала магчыма, вярнуліся на радзіму, у Польшчу, якая вызвалілася з-пад яе аўстрыйска-пруска-расійскай разарванасці.

Калі Жукоўскага я да апошняга часу не ведаў, дык Серашэўскага ўспамінаю ўдзячна за дзве кнігі, любімыя адна ў маленстве, зборнік апавяданняў «Ze świata», а другая ў юнацтве, «Zamorski diabeł», напісаная на кітайскім матэрыяле.

* * *

Даўней – хто ў лаціну, хто ў польскую, хто ў рускую мовы, бо са сваёю ходу не было.

А сёння літаратурны Ён ці Яна, што ў нас нарадзіліся, што нашай гадоўлі, роднымі каранямі публічна хваляцца, a кронамі шумяць чужымі.

Лічыцца ж хочуць i падаюцца ў свеце i дэмакратамі, i пісьменнікамі... таксама беларускімі. Сваякі!..

* * *

На тэлеэкране, у перадачы «Роднае слова» – кніжны кірмаш. Цэлае мора-акіян кніг, кніжак ды кніжачак, i ўсе такія шматкаляровыя, i ўсе на рускай мове!..

Сціплы паэт-журналіст снуе ад стала да стала, службова, з мікрафонам пытаецца, а дзе ж такія на яшчэ адной, на карэннай дзяржаўнай мове?.. I яму культурна, з падтэкстам адказваюць, што ix, маўляў, ніхто не пытаецца, што нашы людзі думаюць i гавораць, а значыцца, i чытаюць па-руску...

Бедны паэт з чорнай «грушай» мікрафона, з якою ён ветліва, як чужы, тыцкаецца да прадстаўнікоў розных выдавецтваў, бачыцца мне ў гэтым шматколерным моры, як самотны ды ўпотай адчайны тапелец у дзіравай лодцы з адным вяслом або нават на нейкай дошцы з разбітага карабля... I не дзіва тут захацець маладушна на белы велічны, музыкай урачыста раззвонены цеплаход, тым больш што з яго прапануецца драбінка, працягнутая рука братняй дапамогі: «Давай да нас, навошта табе захлынацца?!»

* * *

Тая аршанская бабка, што абуралася каля помніка Уладзіміру Караткевічу:

– Каму вы кветкі несяце, ён жа бэнээфавец!.. Чым гэта не «О, святая наіўнасць!» тое сярэднявечнай старэнькай праведніцы, што падкладала i сваіх дроўцаў у вогнішча пад Янам Гусам?..

* * *

Дубаўцоў артыкул пра ружовы туман, з якога вытыркаюцца адна-дзве галавы, нагадаў мне колішняга пераходнага шаўца. Хадзілі такія ад вёскі да вёскі, з торбаю свайго начыння, то рамантавалі зношанае, то майстравалі новае. Харчаваліся i начавалі ў тых, каму рабілі. I вось неяк аднаго такога будзяць – з жахам, але i з пашанай: «Уставайце! Вёска гарыць!» А ён сабе без панікі: «I ліха з ёю, я за свае капылы ды ў другую!»

Ну, а што як другое няма? – спытаемся літаратурна.

Цікавы публіцыст, мужны рэдактар, крытык, здавалася б, з невычэрпным маладым задорам,– Сяргей Дубавец пачаў ужо i азірацца. Па радыё «Свабода», у сваёй перадачы «Вострая Брама» нядаўна ён заклапочана трывожыўся i нібы нават наракаў, што пасля пакалення «тутэйшых» настала нейкая паўза, ледзь не абвал, няма прадаўжальнікаў. Во як, толькі праз дзесяць гадоў!.. Горкі ў сваіх успамінах пра Талстога згадвае, як той казаў яму, што вось дажывяце да старасці, убачыце, што нічога на лепшае не змянілася, i заплачаце, «как бабы говорят, еще ручьистее».

Перадаю гэта з юнацкай памяці, ад першага чытання, з гэтым «ручьистее», што запомнілася найбольш.

А вось i цытата зусім дакладная:

«Без беларускай савецкай літаратуры ўся беларуская літаратура перастае існаваць. Праз дваццаць гадоў мы зможам дазволіць сабе выкінуць на сметнік Мележа, Танка, Караткевіча, Быкава. Да таго часу тыя, хто не пабываў у ружовым тумане, створаць новую літаратуру. А пакуль што, выбачайце, нельга».

Каб было дабро на свеце!– скажам па-вясковаму. Бо гэта ж не вораг нейкі піша, a сакавіцкае «Наша слова». Нехта Усяслаў Войніч, ці не прыкрыўшыся ваяцкім псеўданімам, падхапіў тую ружова-туманную эстафету i з прастадушнай руплівасцю сігануў далей. Ну хоць бы ўжо, як у людзей, адклаў тых «бедакоў» у гісторыю роднай літаратуры, а то ж проста на сметнік, каб самім – цікава, каму ж гэта? – свабодна рушыць у бездакорную вечнасць.

На Гомельшчыне, дзе Беларусь сутыкаецца з Украінай, якась бабуся, казалі, крычала на ўнука: «Іж сало з білым хлібом! А то будэш мэні, як той дурны білорус, істы одну свою бульбу».

Перабівацца нішчымніцай думкі, наіўнай пыхі, затоенай зайздрасці – i нудна ж яно, i так непатрэбна!..

* * *

З нейкага горада, ці то з Мінска, таксама ж разлеглага, ці то з Масквы, яшчэ куды большай, я выйшаў на далёкую ўскраіну i, як гэта зусім лагічна выглядае ў сне, апынуўся ў яшчэ далейшай чыстаполіцы, кудысьці чагосьці ішоў, не задумваючыся, пакуль не спыніўся i горад свой не ўбачыў на недасяжным даляглядзе...

А навокал не горы, a ўзгор'і, зялёныя з карычнева-жоўтым адценнем, падобныя i не падобныя адзін на адзін, роўныя i няроўныя, радасныя ў сонцы – ледзь не зіхатліва i зусім-зусім бязлюдна...

Я павярнуў назад, каб трапіць туды, адкуль выйшаў I тут перада мною на дарозе, павярнуўшыся тварам да абрыву прыдарожнага ўзгорка – наш Міша, якога ўжо трыццаць тры гады назаўсёды няма... Я пазнаў яго са спіны ў нечым суконна-бурым, як тая жакетка або паўпалітак, што мы насілі ў маладосці, у чым я нават у войска пайшоў Самапрадзеныя, саматканыя жанчынамі, толькі шытыя шаршаткай, дужымі рукамі краўцоў-мужчынаў

Не памятаю, ці я не гукаў на свайго Мішу, ці гукаў, а ён ці чуў, ці не чуў. Чамусьці не павярнуўся. А мне як быццам хтосьці сказаў нейкае невыказнае «годзе!». I я – прачнуўся.

I яшчэ ўсё бачыў тыя зялёныя, карычняватасонечныя i нястрашна пустынныя пад чыстым блакітам узгор'і.

* * *

Як многа людзей, якіх я ведаю толькі па голасе, з радыё, па голасе i выглядзе, з тэлеэкрана, да якіх я прывык, а некаторых i палюбіў,– як гэта яны жывуць сабе, гавораць, усміхаюцца, а пра мяне анічога-ніякага не ведаюць, ні разу нават не падумаюць пра маё існаванне?..

Недзе ў Талстога чытаў падобнае, толькі што ў дзіцяці,– як хлопчык стукаецца, каб увайсці, а на пытанне: «Хто там?» адказвае: «Я!» I яшчэ раз адказвае гэтым «я», з недаўменнем, што гэтага – мала.

Святую наіўнасць маленства ў старасць не перанясеш. У нашым недаўменні штосьці ад суму адзіноты, якое ўсё больш ды больш...

* * *

Жыў чалавек, працаваў, сціпла, міжвольна падмацоўваў другіх сваім глыбока ўгрунтаваным аптымізмам, бачыўся такім надзейна даўгавечным. A ўжо i яго няма. Нечакана ды беспадстаўна.

I я, не быўшы на апошнім развітанні з ім, нават пачуўшы пра гэта са спазненнем, цяпер, ці не больш ужо як праз год, нібы без дай прычыны, здалёк убачыў ягоны твар, упершыню без шчыра прыязнай усмешкі, з назаўсёды закрытымі вачыма, з выразам мудрай, недасказанай значнасці, i ўспомнілася, як мала мы з ім, на жаль, сустракаліся, але як ад кожнай сустрэчы, гутаркі добра было на душы.

Ці не апошні раз такое было не ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе ён выдатна гаспадарыў i рады быў гасцям, i не выпадкова дзе-небудзь на вуліцы, а здаецца, што на святочным дзядзінцы Мірскага замка, у аднаўленні якога ён быў актыўна, дзелавіта зацікаўлены.

Юры Аляксандравіч Карачун.

* * *

Буду чытаць присланы мне «Жыцця адвечны лад», другую кнігу трохтомніка «Беларускія народныя прыкметы i павер'і».

Пакуль пачаць, узяў з паліцы першую кнігу, «Зямля стаіць пасярод свету». Нібы толькі параўноўваю вясёлае мастацкае афармленне абедзвюх кніг, таленавіта зробленае Таццянай Беразенскай, чытаю прыемныя аўтографы складальніка, талковага рупліўца Уладзіміра Васілевіча, на адвароце тытула зноў бачу імёны рэцэнзентаў...

Не ўпершыню з удзячнай пашанай думаецца пра фалькларыстаў, былых i сучасных, успамінаецца народнае пра пчаляроў: «святая работа», адпаведнае i тут, дзе працавіты i нястомны збор нектару несмяротнай паэзіі i мудрасці.

Хораша думаецца пра аднаго з рэцэнзентаў, Арсена JTica. Мой даўні нелітаратурны сябар гаварыў мне гадоў два таму назад пра Арсена Сяргеевіча, што. гэта самы інтэлігентны чалавек сярод беларускіх пісьменнікаў. Нікога іншага не крыўдзячы параўнаннем, я магу сказаць падобнае, бо ведаю гэта даўно, з нашых сустрэчаў, гутарак, з ягоных кніг ды артыкулаў, дадаўшы яшчэ пра глыбінную таленавітасць, высокую прафесійнасць, натуральную беларускую сціпласць.

Імя другога рэцэнзента – Генадзя Каханоўскага – у жалобнай рамачцы. I выданне прысвечана яго светлай памяці.

Яшчэ да таго, як мне прывезлі з Мінска падарунак, другую кнігу трохтомніка, я нібы ў нейкім невыразным, сумным прадчуванні, ідучы раніцай па ціхай прылясной дарозе, нечакана ўявіў Генадзеву маладую, прыязную ўсмешку, ягоны голас, бадзёры i, здаецца, заўсёды з добрай навіною, убачыў светлы вобраз яшчэ аднаго, непаўторна значнага i патрэбнага чалавека, выдатнага работніка роднай навукі i культуры, такая заўчасная смерць якога прыгадала мне польскае: nie do odżałowania – пра боль, якім нельга перабалець.

* * *

Адчуванне ціхай удзячнасці кнізе, якая па-матчынаму верна, цярпліва чакала, калі я вярнуся да яе зноў.

Так я сёння гартаў двухтомнік Уладзіміра Дубоўкі, выдадзены неўзабаве пасля заканчэння ягоных... ой, доўгіх сібірскіх пакутаў.

На гэты раз захацелася перакладаў, у другім томе. I я з прыемнасцю чытаў Славацкага i Сыракомлю ў таленавітым перастварэнні старога, надзейнага майстра.

* * *

Уладзімір Содаль, «Сцежкамі Мацея Бурачка». Яна ўжо тут, гэтая кніга, даўнавата стаіць на дачнай кніжнай паліцы, але чыталася не цалкам, ад пачатку да канца, a прыхваткамі ці выхваткамі цікавейшых мясцін. Ды вось я вярнуўся да яе, чытаю ад пачатку.

Ва ўдзячным спакоі ды разбуджанай цікаўнасці думаецца пра шчырасць у працы гэтага работніка роднай справы. Ён, Содаль, спасылаецца сям-там на другога рупліўца, Генадзя Кісялёва. I таму, відаць, што Генадзь Васільевіч рускі, а з нежынскага перыяду Багушэвіча адзін фотаздымак, адно прозвішча – Насэнка – светла гаворыць пра сябраванне беларуса з украінцам, у памяці маёй ажыў фотаздымак з вясны трыццаць дзевятага года,– украінец Нагірный i паляк Каўчыньскі, вобразы гэтых сяброў у салдацкай масе, дзе мне таксама пашанцавала. На валынскага парубка Сэмэна, пачынаючага паэта, i лодзінскага ткача Уладка, проста добрага, шчырага хлопца, на два аўтографы пра дружбу, на дзвюх мовах.

Успомнім тое, што я ўжо неаднойчы згадваў у запісах, вычытанае ў Кузьмы Чорнага: тая кніга добрая, што наводзіць на добрыя думкі, i будзем чытаць далей.

* * *

Шанцуе на неспадзяванкі. От сабе, так сабе купіў у кіёску «Звязду», а там, гляджу,– разумны i сардэчны артыкул Таццяны Падаляк да дня нараджэння Якуба Коласа. А далей – Ніл Гілевіч захоплена i талкова піша пра сапраўды выдатнае апавяданне Івана Пташнікава «Тры пуды жыта».

Такое нам патрэбна, i заўсёды было, а сёння асабліва,– быць вышэй за драбнату ў адносінах, падтрымліваць адзін аднаго ў галоўным.

* * *

A калі ж ужо, як не ў старасці, гаварыць добрым людзям добрыя словы, якія ім заслужана належацца?

* * *

Заглянуў у змест свайго зборніка «Пішу як жыву», яшчэ раз спыніўся на кароценькай, але змястоўнай анатацыі, напісанай рэдактарам, светлай памяці Валянцінам Рабкевічам, i журботна падумалася:

«А ці падзякаваў жа я яму як след i за гэта, i за добрае рэдагаванне кнігі?..»

* * *

У адной з запісак, на якія адказваў, выступаючы перад студэнтамі філалогіі педуніверсітэта, такое пытанне: «Каго з сучасных пісьменнікаў вы лічыце найбольш значным?»

Знячэўку адказаў успамінам пра тое, як унук, ліцэіст-матэматык, гаварыў мне ўлетку, што апошнім часам яму вельмі ўпадабаўся Алесь Гарун, якога ён ставіць для сябе «адразу пасля Максіма Багдановіча».

Гэтым ён, наш Гарун, i сучасны, як i ўсе тыя, што чытаюцца ды перачытваюцца сучаснікамі розных пакаленняў

* * *

Адзін том напісаны, а яшчэ тры дапісаныя.

Такое можна сказаць ці хоць падумаць пра «некаторых» нашых эпапейшчыкаў.

* * *

Уладзімір Конан у сваім артыкуле ў ліпеньскім «Полымі» шкадуе, што Уладзімір Сядура-Глыбінны не пакаяўся за свае маладыя крытычныя выпады супраць літаратараў, так сказаць, недастаткова савецкіх. A пляменнік Валерыя Маракова ў сваім «лімаўскім» інтэрв'ю дадае сюды, да Сядуры, i іншых, якім трэба было б пакаяцца,– Антона Адамовіча i Юрку Віцьбіча. Яны таксама ж практыкаваліся ў казённа-пралетарскай аглабельшчыне...

Не скажу, што такое ў друку я сустрэў з якойнебудзь злараднасцю. Проста згадалася, што ў нас на ўсіх эмігрантаў – часам ды некаторымі – глядзіцца ледзь не як на святых пакутнікаў. I толькі.

* * *

У Купалу трэба ўчытвацца. Тады ў ягоных радках будзе спыняць увагу такая, для прыкладу, вобразнасць, як тут, у вершы «Мая навука», дзе душа паэта «купалася ў сонцы вясёлкай распетай», што я падкрэсліваю сваім захапленнем, убачыўшы яе, вясёлку, яшчэ раз інакш.

* * *

Ад невычэрпна свежай вечнасці на душу дыхнула тое проста прыродна-вяскова-жыццёвае ў «Ганне Карэнінай», дзе i выхад на паляванне, i касавіца,– што так блізка, родна хвалявала мяне, вясковага юнака, пры першым чытанні рамана.

* * *

Чаму не люблю даваць інтэрв'ю?

Каб не выказваць загадзя таго, што лепш у добры час самому напісаць.

* * *

Запісы, зацемкі, споведзі...

Ратуй нас, натуральны сэнс, ад старэча-недалужнага стрыптызу, а тым больш – ад бяззуба чорнай зласлівасці.

* * *

Столькі чытаць, цікавіцца, удакладняць, запісваць, перадрукоўваць, вычытваць – навошта гэта пасля васьмідзесяці?..

А гэта ж не толькі мае, пісьменніцкае. I дзед вясковы таксама ж варушыцца, робіць у гаспадарцы што-колечы, прымаючы ў ёй удзел. I менш, відаць, задумваецца: а навошта?..

* * *

Пазаўчора, нібы зусім абстрактна, нават весела, як ствараючы афарызм, падумалася, a ўчора i запісаў у блакноце для далейшага ўжытку: «Трохі пагрэцца графаманіяй».

А сёння вось i прымяніў гэта на практыцы, перапісаўшы дзве мініяцюры. I пагрэўся, i яшчэ раз пераканаўся, што калі ёсць адчуванне незакончанасці, недасказанасці, дык перапісванне – гэта не графаманія. Ну, а пацяпленне ад таго, што зрабілася, патрэбна.

* * *

Дыстанцыя ў часе дае пэўную аб'ектыўнасць у стаўленні да зробленага самім табою. Аднак ёсць тут i доля асабістай прыхільнасці, можа, нават i нейкая міжвольная ільгота, спагада самому сабе.

Але ж ёсць яшчэ ў нас, дзякуй Богу, i здаровая прыхільнасць да другога майстра, якая па-чалавечы не перашкодзіць тваёй аб'ектыўнасці ў ацэнцы зробленага ім.

* * *

Добра, калі творчыя прастоі, гнілое ныццё беспрацоўя робяць станоўчы ўплыў на далейшую працу, на якасць яе.

A калі не, калі яны, прастоі ды ныццё, толыгі так сабе?

Мала таго што пакутліва ды агідна, дык яшчэ i непатрэбна?..

* * *

Заложнае чытанне беларускай савецкай прэсы двадцатых – трыццатых гадоў, яшчэ без спецфондаўскай абмежаванасці, у бёзладзе першых пасляваенных гадоў, разам з Валянцінам Таўлаем, нават можна сказаць: пад яго кіраўніцтвам, у Ленінскай бібліятэцы.

А пазней, у пяцьдзесят першым i пяцьдзесят другім гадах, ужо з Уладзімірам Калеснікам, чытанне заходнебеларускай i адпаведна польскай прэсы міжваеннага часу ў Вільні, у бібліятэцы Урублеўскіх літоўскай Акадэміі навук і, карацей па часе, ва універсітэце, карысна дапаўняючыся з Валодзем пэўным веданнем заходнебеларускага жыцця пры Польшчы.

Гэта была для мяне сапраўдная вучоба, як быццам на еўрапейскі універсітэцкі лад – слуханне лекцыяў, чытанне адпаведных крыніцаў, дый яшчэ ў большай свабодзе ўспрымання, бо без экзаменаў.

Калеснік пісаў пра тую маю заложнасць. Дадам яшчэ i пра натуральную прагнасць да ведання.

* * *

У кожнага з нас свая мелодыя стылш. Чаму ж ты хіліш, каб я спяваў абавязкова так, як ты?

Бывала, такое хацелася сказаць нават такому рэдактару, як Янка Скрыган, такому стылісту i чалавеку, з якім мы ўзаемна шчыра шанаваліся.

* * *

На старасць людзі дзяцінеюць, а я, так сказаць, юначаю. Можа, i менш хваляваўся нядаўна, чым ад надрукавання першага верша або выхаду першай кнігі, аднак i хваляваўся, i хвалююся, амаль па-юначы, ад новай публікацыі, потым яшчэ i перачытваючы...

* * *

Пішу алоўкам у блакноце, i ўспамінаецца, як у гады маёй вясковай творчай працавітасці ў акупаванай глухамані пісаў абы-чым i абы на чым, то ў школьных сшытках, то ў самаробных «гросбухах» з упаковачнай паперы, сшытых мамінымі «сўканымі» ніткамі.

Адзін з ix, з дробнымі запісамі, першым «зборам» мініяцюр, застаўся ў хаце з усім іншым дабром, на суседскі прагны расцяг ды на здзек паліцаям.

A другі, з якога я ў партызанскай зямлянцы дыктаваў штабной машыністцы Гіце свае аповесці для адсылкі ў Маскву, Максіму Танку, на хаду рэдагуючыся, той свабодна поўны тэкст на ўсякі выпадак спаліў у нашай печы з вялікай жалезнай бочкі. Бо i вясёлая ды вельмі не дурная Гіта ў паасобных наіўнасмелых мясцінах дыктанту прыязна, прыцішана пыталася: «Ваня, ты что – сумасшедший?»

Сёе-тое з майго вясковага архіва засталося, напісанае то пяром, то алоўкам, хімічным ці простым, i я з гэтымі папкамі не расстануся да канца.

* * *

З народнай мудрасці, даўно пачутае: «Лепш хай маё пяройдзе».

У «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі» падаецца яно так: «Перайсці на карысць другому. Хай маё пярэйдзе».

Тут недзе блізка i кітайскае: «Пераконвай дурня маўчаннем».

Замест таго каб перад ім апраўдвацца.

* * *

Прыцемкам вяртаючыся дахаты, я не разгледзеў да канца ступенькі спуску ў падземны пераход i паляцеў на бетон, ажно звалілася шапка. Пачаў цяжка ўставаць, а з прахожых не хтосьці з мужчын, а жанчына з маладым голасам спынілася i спытала: «Вам памагчы?» Спачатку памкнуўся аднеквацца, а потым адчуў у сваёй старой лапе яе цёплую далоньку i не ад сілы яе, але ад пяшчотнай дабрыні даволі ўдала ўстаў, падзякаваў, нагнуўся падняць шапку... А жанчына тым часам знікла ў рэдкім, мітуслівым натоўпе, таксама ж сгіяшаючыся. Аднекуль i некуды – упершыню i назаўсёды...

Ці «красота спасет мир», ці дабрыня, якая так нам патрэбна?..


Дзевяноста дзевяты

У апошнім леташнім «Нёмане» Адамовічавы «Записные книжки разных лет. 1984-1986 гг.». Чытаецца даволі туга, настолькі яно для самога сябе, вакол «Последней пасторали» i Чарнобыля. Але вось i жывінка, цікавая мне па-свойму: «Погордиться малость, что ли? Я не только предсказал брылевские «Нижние Байдуны», но подтолкнул Брыля к ним – своей статьей «А что же там дальше?».

И то же самое с быковским «Знаком беды». Кожнаму ёсць чым паганарыцца, у гэтым выпадку яшчэ i мне,– тым, што ўсё ж такі, нягаедзячы на сяброўскае «прадказанне» ды «падштурхоўванне», я ішоў перш за ўсё ад самога сябе, па сваіх пазыўных.

* * *

Ёсць у нас меншасці польская, яўрэйская, татарская, будуць, чаго добрага, азербайджанская, армянская... Рускіх так нягожа называць, бо яны ў нас «подавляющее меньшинство». A беларусаў гэтых як быццам i зусім няма. Учора, прачытаўшы ў «Народнай

волі» пра тое, як рыхтуецца перашс i навошта ен задуманы, ажно ў душы пацямнела ад новага наступу інтэграцыйнай «хітрасці». Не дзіва часамі i слязе з'явіцца, калі слухаеш «Магутны Божа», як было ў мяне ўчора, на татарскім свяце ў Коласавым музеі.

* * *

Жыдліцкі коратка павіншаваў навагодняй паштоўкай, у паетскрыптуме дадаўшы: «Іду Тваім следам: пасля аперацыі перастаў бачыць на левае вока». Ад Няўважнага пакуль што нічога няма. У адказ на маё. A ўчора, на акадэмічнай сесіі, у даведніку «Персональный состав» прачытаў, што Навічэнка памёр... яшчэ ў лістападзе 1996-га. Жыва, сумна ўявілася наша апошняя сустрэча ў Кіеве, таксама ў лістападзе, але ж – у восемдзесят дзевятым.

Мой чэх, мой паляк, мой украінец. I такая раз'яднанасць!..

* * *

Думалася днямі i ўчора ўвечары зноў пра мае апошнія рускія кнігі «Сегодня и память», 1986 год, i «От сева до жатвы», 1988-ы. А сёння ўранні думаў пра... хочацца сказаць: багаты запас таго, што хутчэй за ўсё ў перакладзе кнігай мне не пабачыць. З чатырох зборнікаў гам i «Мундштук и папка», i апавяданні, i мініяцюры, i эсэ, i ўсё гэта перакладзена, прапушчана цераз «Нёман». Пішацца, будзе новае i яшчэ, i таксама ж на вылежку...

I гэта ў мяне не сум па савецкім мінулым, але ва ўсе часы законнае жаданне літаратара друкавацца не толькі на роднай мове, але i на мовах іншых, у тым ліку i на рускай, што было ў мяне i чаго ўжо даўно няма...

Пытаюцца часам на літаратурных сустрэчах, ці хацеў бы я пражыць сваё жыццё яшчэ раз, нанава.

А я за сябе не ручаюся, што пражыў бы яго лепш, чым гэтае.

* * *

Адчуванне меры Талстой, што я нядаўна перачытаў у запісах Макавіцкага, лічыў для літаратара першаступенным абавязкам.

Можна дадаць: ва ўспамінах – таксама.

Нават на юбілеях i паніхідах.

* * *

Зноў «польскія беларусы». Не паленаваўся зверыць з двухтомным даведнікам «Literatura polska», колькі ix, старанна сабраных Мархелем у «Расу нябёсаў...», успамінаецца ў тым двухтомніку. Дваццаць сем з сямідзесяці. А нам усё падыходзіць – па прынцыпе геаграфічным, з меншымі i да прыкрасці большымі нацяжкамі ў сэнсе мастацкай вартасці i нашага абагачэння тымі «здабыткамі», якія літаратура іншая, калі злосна сказаць, змятае са свайго стала.

Такое адчувалася i раней, пры іншых нашых вельмі старанных уліках.

* * *

Крутая гушчыня слова i выбуховая магутнасць вобраза. I сярод тых разнамоўных ваяроў, што штурмуюць сцены гэтай паэтычнай крэпасці, i наша светлая руплівіца Ірына Багдановіч.

Чытаючы яе пераклады «Крымскіх санетаў» Міцкевіча, зробленыя з розным поспехам.

* * *

Дзяжа – найсвяцейшае ў хаце. I нейкая няёмкасць адчуваецца, заўсёды мне адчувалася ў тым, што нявесту, дзеля праверкі нерушы, саджалі іменна на дзяжу. Хоць i прыкрыўшы кажухом, відаць, нават i паставіўшы дагары дном.

* * *

Прачытаўшы ў «Нашем наследии», як Ахматава падаравала Лукніцкаму спіс сваіх публічных выступленняў за 1923-1946 гады, падумаў пра свой такі спіс, пачаты з 1981-га, ад даведкі ў Саюз пісьменнікаў, хто колькі выступаў бясплатна, не цераз бюро прапаганды мастацкай літаратуры. Узяўся прывесці яго ў парадак. Здзіўляцца прыйшлося, перадрукоўваючы, колькі ўсё-такі выступаў а гэта ж i праца была, да якое i рыхтаваўся, i значнасць, патрэбнасць яе адчуваў.

* * *

Заходзіў у «Бярозку», дзе Валодзя Ягоўдзік даў мне нумар свайго «Лесавіка». Сёння зранку, знаёмячыся з ім, быў хораша блізкі да адчування роднай, назаўсёды таямнічай велічы свету прыроды, што чаравала з самага маленства, а цяпер шчымліва перагукваецца з тою зачараванасцю.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю