355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » З людзьмі і сам-насам » Текст книги (страница 4)
З людзьмі і сам-насам
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "З людзьмі і сам-насам"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц)

Барані нас, Божа, хоць Ты i не надта беражэш незлічонае мноства тых, каго гробяць выбарачна або забіваюць масава – i ў нас, у СНД, i на ўсёй Зямлі. Ужо i не здзіўляючы гэтай будзённай звычайнасцю.

* * *

Выдадзеная пятнаццаць гадоў таму назад, вялікафарматная, з каляровымі ілюстрацыямі, буйным шрифтам, разлічаным на пачынаючага чытача, a вельмі адпаведным i для чытача старога, добра-такі зачытаная ўнукамі за многія месяцы ix дачнага падрастання, кніга Максіма Танка «Ехаў казачнік Бай».

Унукі, сваім натуральным ходам, павырасталі, усё радзей знаходзяць час для дачнай раскошы, а дзеду, што з бабуляй, міжнародна-казачным ладам, у адзіноце чакаюць, употай лічаць дні, калі ў ix зялёную цішыню завітае былая найраднейшая шумеча,– дзеду захацелася гэтую кнігу пагартаць.

Можа, не так унукаў успамінаючы, пачаўшы яшчэ з таго часу, калі не самі яны, а ён ім чытаў, як успамінаючы сваё юнацтва, у якое – Бот мой, больш за шэсцьдзесят гадоў прайшло!—можна сказаць i так: уварвалася новае паэтычнае слова:

Смяюцца i дзеці, i куры, i коні,

Як ён у шарахаўкі звонкія звоніць;

Смяюцца асверы, i стрэхі, i хаты,

Як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты.

Здаецца, няпраўда, што людзі гавораць,

Што быў ён раней абібокам i хворым.


Гэта, вядома, з «Казкі пра мядзведзя». А вось i з «Казкі пра Музыку»:

A іграў ён заўсёды

Весела.

Нават дрэва, пачуўшы яго,

Хоць бы нізка да долу

Галіны плакучыя звесіла,

Зашуміць, засмяецца.

Атрасаючы пыл,

Закалышацца вецер,

I заскачуць,

Як зайцы,

На полі снапы.


Адчуванне сапраўднай паэзіі пры перачытванні буйным дзіцяча-старэчым пірыфтам, можа, не так востра-радасна ўсхвалявала, бо яно ж, відаць, ёсць усяму свая непаўторнасць. Аднак жа i ў хваляванні старэчым, як наўздагон, ёсць свая перавага – такая, як рэха вялікай душэўнай красы, успамінальна-развітальная, журботна-радасная асалода.

* * *

Джэральд Дарэл, «Мае птушкі, жывёлінкі i радия». Выпісваю, перакладаю з польскага перакладу:

«Мне заўсёды здавалася, што мурашы ціхенька напяваюць самі сабе, шчыруючы ў працы».

Гэта мне будзе помніцца. З далёкага грэчаскага вострава Корфу – на Беларусь, так хораша – ад любові няўрымслівага англійскага хлопчыка да прыроды,– як ён ляжаў у траве, прыглядаўся...

* * *

Па тэлевізары – страшныя вынікі афганскага землятрусу,– што засталося ад вёскі ў горах. А найстрашнейшае, рэзка балючае – дзяўчынка гадоў дзесяці на фоне ўшчэнт разбуранага паселішча, якая на ўвесь дзіцячы рот выбухнула плачам якраз у той момант, як з'явілася ў кадры, пасля чаго пайшлі словы карэспандэнта пра тое, што яна засталася з усёй сям'і, на цэлым свецс – адна...

* * *

«Ва ўсіх стагоддзях i ва ўсіх людзей дзіцёнак падаецца ўзорам нявіннасці, бязгрэшнасці, дабра, праўды i прыгажосці. Чалавек нараджаецца дасканалым, гэта вялікае слова, якое сказаў Русо, i слова гэтае, як камень, застаецца цвёрдым i праўдзівым».

Днямі выпадкова сустрэў i перачытаў гэта, калісьці чытанае, у Льва Талстога. Вельмі дарэчы, бо ўжо дзён некалькі на тэлеэкране, калі даецца рэклама, малое на бацькавых руках, яшчэ не зусім выразна, хлопчык яно ці дзяўчынка, доўга i нібы тупа, лепш– недаўменна прыглядаецца да чагосьці, што за кадрам, i – нарэшце – непаўторна міла смяецца, што i відаць, i крыху чуваць. За тыя некалькі дзён i я прывык да гэтага смеху, чакаю яго і, прычакаўшы, зноў нібы ўпершыню, разам з тою малечай міжволі не ўсміхаюся, а смяюся, таксама кароткім, шчаслівым смяшком.

* * *

Нам тут пакінулі госця, які ахвотна заняў мой пакойчык на гарышчы, бо яму там i спіцца добра, i чытаецца, колькі захочаш, i матэматыкай сваёю можна уволю пазаймацца.

Вось я прынёс з пасёлка ранішняе малако, бабуля мяне накарміла, а сама «на гадзінку» ў лес, даручыўшы мне клопат пра ўнукава снеданне, калі ён устане да яе прыходу.

Ад сонца на дварэ, ад кнігі на стале мне светла, цёпла, як быццам зусім па-новаму ўявілася, як гэта хораша, якое гэта шчасце – сын любімага сына, разумны ды дасціпны юначок, школьнік апошняга класа!..

* * *

Госцю шаснаццаць гадоў, а нага ўжо вялікая, як у дачніка-гаспадара. Мокра пасля дажджу. Абуў хлопец гумовыя боты старога – на прабежку па лясной дарозе. Калі вярнуўся, стары з усмешкай сказаў:

– Во, боты мае, калі мне заўтра ў вёску па малако, самі, глядзі ты, пабягуць! Навучыліся.

* * *

Сын бухгалтаркі, інжынер, удавец, павесіўся... Так у газеце. А я ледзь не напісаў: нечакана, як быццам можна такое прадбачыць або чакаць яго. З пятлі чалавека даставалі старая маці i дзесяцігадовая дачка.

Адну ён, няхай сабе не адразу, але дабіў.

А другую на ўсё жыццё забяспечыў успамінам...

* * *

Ліцэісты-гуманітарнікі, пераважна дзяўчаты, на экскурсіі ў нашай наднёманска-прыпушчанскай глухамані. Пачулі ад мяне, што аўтобус адгэтуль да электрычкі будзе толькі ў чацвер, а не ў аўторак, калі ім трэба вярнуцца ў Мінск, пачулі i заахкалі. Адна з гэтых пятнаццацігадовых подлеткаў, весялейшая:

– Ну, мама мая палезе на сцяну!

Другая, у той ёй:

– Ой, i мая ж таксама!

А тады ўжо, дружна смеючыся:

– Во быў бы цырк, каб яны абедзве разам!

Зрабіў далікатна заўвагу: усё ж такі мамы. А яны:

«Дык гэта ж гумар!» А каб не ведалі мяне, дык, чаго добрага, агрызнуліся б таксама ж неяк па-сучаснаму.

* * *

Учора ўвечары, добра пасля дзевяці, над лесам яшчэ невысока стаяла поўня, раскошна налітая спакойным святлом, каля якое паміргвала пястунказорачка. Толькі адна.

Думка на думку, успамін на ўспамін – усё адразу, умомант. I ўнук, не сённяшні, a гадоў дзевяці, калі ён адзін выстойваў ціхенька на ганку, зачараваны ці зоркамі, ці яшчэ i поўняй. I воблікі некаторых сяброў, што ўжо не бачаць гэтай касмічнай красы. 1 мімалёт-сумок, такая журбінка, што трэба ж будзе неўзабаве i самому з гэтым развітвацца. I – нібы каб адмахнуцца ад мінору, для кантрасту,– маміна показка пра дзеда, які гасцяваў у родзічаў, што жылі ў далёкай вёсцы, i яго з пашаны палажылі адпачываць не ў душнай летам хаце, a ў каморцы. Конча было выйсці з патрэбай, дык ён патоўкся ў незнаемых сенях, адчыніў дзверы ў хату, цурболіць цераз парог ды прыгаворвае:

– Во ночка, ні месячыка, ні зорачкі, цёмна, як у розе!..

* * *

Як гэта добра – пасля тых тэкстаў, якія міжволі хочацца правіць, перайсці да тых, якімі моўчкі захапляешся, адпачываючы душой!..

I колькі б я да яго, Міцкевіча, ні вяртаўся, усё чытаецца як быццам упершыню, усё новае ды новае. Ён з тых, каго пазнаваць трэба ўсё жыццё.

...Яна іграе i пяе:

Да цераз мой двор,

Да цераз мой двор

Цяцера ляцела...


I тут мне выразна ўбачылася артыкуляцыя ягоных вуснаў, як ён – праз векавечную бронзу сусветнай славы, праз чароўную сілу яго польскага паэтычнага слова – як ён то шэптам гаворыць, то шэптам спявае за ёю – па-беларуску:

Да не даў мне Бог,

Не судзіў мне Бог,

Каго я хацела...


А нам, ці толькі мне, дарма не вельмі часам верыцца, якія яны былі свядомыя польскія беларусы – Міцкевіч, Чачот... Дый сама Марыля

...Каб не лічыць Міцкевіча беларусам, лепш, зручней лічыць тую Беларусь Польшчай. Нават гэтак падумалася амаль з самага пачатку зацікаўленага перачытвання багатага каментара да акадэмічнага вы-

дання «Пана Тадэвуша». Як толькі гэты выдатны даследчык, Станіслаў Пігань, не стараўся абыходзіць беларушчыну! Перакладу ягонае: «У Літве», «на Віленшчыне», «у родных мясцінах паэта»... Ёсць, праўда, i так: «Тамашняя польская мова», «відаць, пад уплывам беларускай», «гучанне беларускае»...

Ды ўсё гэта адзнакі i выдаткі нашай гістарычнай долі, што i сёння не надта палепшала...

...Ва ўсіх філаматаў, у іхніх успамінах пра Міцкевіча,– ані намёку на яўрэйскае паходжанне ягонай маці, што, зрэшты, цяпер у палякаў стала адкрытым.

Няма i намёкаў пра нейкую цьмяную нібыта сувязь генія з царскім III Аддзяленнем. Вось Алесь Ходзька піша Эдварду Адзінцу:

«Непараўнальны Адам! Ніхто з нас не прайшоў школу няшчасцяў з такой карысцю для сябе, як ён».

Ніякага падазрэння ў пана Алеся (Алесем ён сам сябе называў) няма, як i ў іншых ды яшчэ большых пакутнікаў. Яны любілі свайго непараўнальнага, ведалі яму цану, яго патрэбнасць, неабходнасць у іхняй найсвяцейшай справе, яны – да таго ж, не былі заражаны нашай, нашчадкаў, эпахальнай бядой – падазронасцю, недаверам...

...«Дзяды», частка III, паэма, раздзел «Дарога ў Расію».

Славутая жандарская аднаконная (?) кібітка на аснежаных прасторах. Сціхотны i панылы, калі не зусім адчайны, сум выгнання, невядомасці.

A ў Гогаля, у таксама чамусьці паэме, не драматычнай, а з празаічных раздзелаў,– тройка. Звышпафасна-патрыятычная. З «прадпрымальнікам» Чычыкавым у брычцы «господина средней руки».

...Нашы юныя ў пасляваенны час трагічныя патрыёты, героі кнігі «Гарт», якія хацелі быць падобнымі на Міцкевіча, Зана, Чачота i іншых «Прамяністых». А ix білі кастровым паленам, што ляжала каля запаленай грубы, каб таварышу следчаму было цяплей,– білі па юнай, светлай галаве. Чужынцы-«суддзі», якія не толькі пра тых філаматаў ды філарэтаў, але i пра Міцкевіча наўрад ці чулі...

...Перакладаю з цікавай, грунтоўнай кнігі Збігнева Вуйціка пра Ігната Дамэйку:

«Балоцісты грунт, непраходныя зараснікі ліянаў i трыснягу напамінаюць часам нетры нашых палескіх пушчаў – адвечную хованку ласёў ды мядзведзяў. Толькі тут – ані следу ніякага звера. Лес пусты».

«Тут» – гэта ў Чылі. Сумесь ведання i захаплення. I скрозь у яго паралельнае бачанне Беларусі, яе пушчаў, напэўна ж, i з адчуваннем Міцкевіча, з яго словам i вобразам.

Ён жа, Дамэйка, праходзіў i тую пушчу, тыя нетры сябравага чарнавіка наваградскай эпапеі, якую рыхтаваў да набору. А перад гэтым слухаў фрагменты адтуль у Адамавым чытанні, нават у нечым служыў яму дапамогай, падказкай.

...Зноў чытаючы пра Дамэйку.

Колькі нам, беларусам, трэба яшчэ папрацаваць, каб было на каго апірацца, кім ганарыцца ды казыраць, не адчуваючы, як сёння, пэўнай няёмкасці ад гаворкі пра славутых землякоў, беларусаў «геаграфічных», якія служылі культуры іншых народаў, лічачы сябе хто палякам, а хто рускім.

...Вялізны юбілейны том – «Пан Тадэвуш» у арыгінале, у беларускім перакладзе П. Бітэля i ў рускім С. Map.

Мне казалі, што ёсць i такое меркаванне – выдаць у адной кнізе ўсе нашы пераклады эпапеі,– Дуніна-Марцінкевіча i Ельскага, як спробы прасігналіць свету, што i мы таксама можам; Тарашкевіча, зроблены ў пілсудчыцкай турме, i Бітэлеў – у бальшавіцкім канцлагеры, як красамоўнае гістарычнае сведчанне; i Семяжонаў, пакуль што найлепшы, але ж, на жаль, разоў ці не на паўтара даўжэйшы за арыгінал.

А каб жа i нам,– успомнім украінцаў з перакладам Максіма Рыльскага,– займець нарэшце адзін дасканалы, які ў нас, напэўна ж, будзе.

* * *

Якое б гора ні было, як ні плакалася б, расказваючы пра яго, а бульбы трэба наабіраць.

I яна абірае яе, нейчая ціха-цярплячая матуля.

* * *

Перад ушанаваннем Данусі Бічэль у Купалавым музеі, уранні, я на звычаі, пераглядаў два яе зборнікі, асабліва «Даўняе сонца», выбраную лірыку, што перачытваючы, што ўспамінаючы. Дзіўна неяк адчулася, што іншамоўнай, іншанароднай паэткай яна аніяк не маша б з'явіцца, быць, бо родная мова яе не па выбару, з ёю яна выйшла ў свет i ўвайшла ў паэзію па-сямейнаму, па-спадчыннаму арганічна i неадменна. I расказала пра сваё —малую дзяўчынку, пасля пра гатовую да кахання i мацярынства дзяўчыну, шчаслівую маму, а вось ужо i бабулю. У гэтую канву жаночай долі, вядома ж, уплятаецца i ценявое, i грамадскае, аднак мне найлепей бачыцца вобраз жанчыны-паэткі ў таленавітым развіцці яе галоўнай значнасці.

* * *

I пры дачцэ-дзесяцікласніцы яшчэ ўсё маладая, толькі з прыемнай ды не лішняй паўнатой паўдзённага жаноцтва, яна была вельмі рада, што мая сустрэча з выкладчыкамі, дакладней – у большасці выкладчыцамі роднай мовы i літаратуры,– падзвіжнікамі ў наш час! —у школах сталічнай вобласці, за што яна адказвала, у чым была шчыра зацікаўлена,– удалася. Рады былі i настаўнікі, рад быў i я, а сама гаспадыня сустрэчы, развітваючыся ca мною перад усімі, пачала: «Я хачу вам нізка-нізка пакланіцца за...» Прысаромлены, я перапыніў яе: «Ну што вы, кланяцца?» I яна падхапіла іншае: «I праўда, я ўжо лепш так...» Пацалавала мяне духмяна ды горача, пад ухвальныя воплескі i смех, i пацалунак гэты чуваць на шчацэ вось ужо ці не пяты год.

* * *

Паміж снежна-беленькай марлевай – зверху i ўнізе – павязкай глядзяць вялікія, карыя, чыстыя вочы маладой медсястры. Хоць на плакат ix тут, у вочным аддзяленні клінікі, з загадным надпісам: «Такія павінны быць ва ўсіх!»

Сказаў ёй пра гэта назаўтра пасля аперацыі. Ужо з вольным, адслоненым тварам i з тымі – не тымі вачыма. Усміхнулася.

* * *

Працавітая, вечна занятая ўдава на пеней, у якое дзве каровы, пяцёра свіней, нямала курэй ды гусак, малая, з горада прывезеная ўнучка, вялікі агарод i соткі бульбы ў полі, кожнай раніцы, прывычна, спраўна падхадзіўшыся, глядзіць па каляровым тэлевізары бразільскі, як для каго, дык i бясконцы мыльны серыял з не хітрым, але ж i займальным плецівам інтрыгаў з каханнямі i здрадамі, сяброўствамі i варажнечай. Нібы малітва, багаслужба ранняя ў яе, а то часамі,– смяецца,– «і ўвечары тое самае пагляджу яшчэ раз». I паўтор не здаецца лішнім.

Бо хочацца казкі, чагосьці здалёку прыгожага, кожны дзень небудзённага.

* * *

Пазваніла з далёкай вёскі знаёмая настаўніцабеларуска. Я не адразу пазнаў яе па голасе, што яна адчула i спыталася: «Ой, вы, відаць, не пазналі, хто звоніць?!» На што я з ходу, нечакана адказаў: «Няўжо ж вы думаеце, што я не ведаю, каго люблю?..» Жаночы смех – узнагарода. Потым i жонцы сказаў пра гэты мой пераспелы флірт. Хоць тут у мяне i не ён, а шчырая павага i сімпатыя.

* * *

Вядучы маскоўскай тэлеперадачы «Человек в маске» культурна, спакойна, словам – па-сённяшняму кажучы – высокапрафесійна даводзіў сабраным у студыі некалькім сотням людзей i некалькім мільёнам тых, што бачылі гэта на сваіх экранах,– даводзіў, што прастытутка нікому не робіць зла, яна сама сабе выбрала такі лес, так зарабляе на жыццё, мае на гэта поўнае права і... гэтак далей.

А чалавек у масцы, які спрачаўся з вядучым на маральныя тэмы, ветліва папрасіў прабачэння, што перабівае, i спытаўся:

– Скажыце, а вы хацелі б, каб ваша дачка была прастытуткай?

Знячэўку ўдараны інтэлігент, з заходнім i ўсходнім ухілам, з выдатнай рускай мовай і, трэба думаць, з таксама выдатнай – у запасе – другой сусветнай мовай, англійскай, пачаў штосьці мямліць пра свабоду выбару i пра іншыя свабоды, a закончыў тым, што ён усё роўна i тады яе любіў бы... Ой, не ўсё роўна, паважаны, не!..

* * *

У дачным доме, у пакойчыку на гарышчы – на сцяне над тапчаном вясковая дзяружка, зялёныя ўзоры на белым.

У вёсцы над Шчарай, у гасцявым застоллі, спяваў калісьці на пару з галасістай настаўніцай. Паслаў ёй пасля сваю кнігу з аўтографам – «За песні». А яна прыслала гэтую саматканую «перабіранку», напісаўшы на паштоўцы – «За кнігу».

Даўні ўжо, мілы ўспамін.

* * *

– А дзякуй вам, а дзякуй!—малёкае жабрачка, прымаючы шчодрую міласціну мукою.

– Богу святому! – адказвае гаспадыня. Сціпласць правільных чалавечых паводзінаў. Народнае гэта. I маміна.

* * *

«Колькі ўжо, Богу дзякаваць, пражылося. А якое мора людзей адхлынула!..»

З гэтым я сёння прачнуўся. Калі яно ў мяне зноў жа матчына, чутае ад яе, дык яна ж мора бачыла,– як яно i на бераг ішло, як i назад адхлынала.

* * *

Вясельнаму свату, чараўніку народнага слова, якім трэба было ці нарадзіцца, ці вырабіцца такім энцыклапедыстам, часцей за ўсё ў даўнія часы непісьменным, якую трэба было мець багатую фантазію, якое ўяўленне, каб належна спраўляцца з такою процьмай прыкметаў, павер'яў, жартаў, анекдотаў, чаго працоўная вёска за свае бяспраўныя стагоддзі назапасіла!

А яшчэ ж i такая чарадзейка слова, як бабуляпавітуха,– тут ужо на адведках ды на хрысцінах.

Ды ўсё ж аднаго такога носьбіта ці адну такую носьбітку народнага багацця цяжка ўявіць праяўленага ці праяўленую поўнасцю ў адной асобе. Кожны патроху, кожнаму свая слава ў родным кутку.

* * *

Чытаць некаторых нашых філосафаў немагчыма без слоўніка,– такая процьма мудрагелістых тэрмінаў... Не памятаю, з кім я пра гэта гаварыў не вельмі даўно i хто гэта засмяяўся, што яны, тыя філосафы, i пішуць таксама па слоўніках.

* * *

Пад рэдзенькім, асцярожным дожджыкам, які нібыта i перастаў, i яшчэ ўсё цэдзіцца, я, зранку, адразу стомлена выйшаў з нашай мокрай, някошанай на паляне травы на сырую, паўзораную трактарным следам дарогу, успомніў чутае, народнае ды старэчае, i ў думках сказаў сам сабе: «Што ж, паківаемся далей!»

Пачаўся новы дзень.

* * *

Дзе тое XVI стагоддзе, дзе той цэнтральнапольскі маёнтак Чарноляс, a ў пана Яна Каханоўскага ідуць у вершах такія словы: babić, kramny, pół rzeczy. Сустракаючы ix, адпаведна кожнаму ўспамінаю, як гэта чулася мною, беручы па адным чалавечым веку, вельмі ўжо даўно, ды сярод тых людзей, якія пра такога трывала таленавітага ды багата адукаванага пачынальніка нацыянальнай літаратуры братняга народа, па сваёй бяздольнасці з пакалення ў пакаленне, i чуць не чулі, i ведаць не ведалі.

A гаварылі: «Яна ў мяне ўсіх маіх дзетак бабіла». «I сваё ж мы тчом, i ў крамным па святах ходзім». «З марозу вярнуўшыся ды місу гарачай капусты высербаць – гэта зусім непаўрэчы!..»

Вось тут i падзяліся, што чыё.

...Днямі я, чамусьці ўпершыню, падумаў пра нашу агіду побач з польскай ohyda. Хоць ты скажы: куды ж падзецца ад гэтай блізкасці моў? Ды нікуды, будзьма самі сабой. Толькі без нейкай таксама ж моды – браць без патрэбы суседскае, маючы нягоршае сваё. A ў нас, услед за słynnym ужо ўжываецца i wybitny. Адзін «старацель» (не золата, а слова) у сваіх перакладах з англійскай мовы нясе ў нашу зноў жа польскае matołek, замест прыдурка, a другі, перакладаючы з нямецкай, цягне ад палякаў gałgan, замест нягодніка... I ўсё дарма!

* * *

Гістарычная забастоўка на расійскіх чыгунках увосені 1905 года дайшла да мяне ў маленстве з матчыным смехам па той прычыне, што наш чыгуначнік бацька тады, калі забастоўка закончылася, «прыехаў пастрыжаны нагала, як галамоўза». А прыехаў ён, трэба думаць, у Загора, бо мама тады ў Адэсе не жыла, дый прыехаў ён, як яна казала, чамусьці з Пецярбурга. Цяжка мне было разабрацца з усёй тою рэвалюцыяй. Дый галоўнае тут, што пастрыжаны «як галамоўза», значэння якога пакуль што ў слоўніках не знайшоў.

* * *

«Нуда горш за каросту». Чуў такое i ў сваёй вёсцы, i ў навакольных.

У этымалагічным слоўніку Праабражэнскага так: «Нуда, нужда, нечистота; нудзіць; нужа»,– гэта бр» (беларускае). «Интересно заметить,– піша ён,– что рус. нужа, можно сказать, совсем вытеснило цел. нужда». (Цел – церковнославянский.)

Са школы помніцца, у Багушэвіча:

...I жывець сабе на волі.

Без бяды, без нужы.



* * *

Учора ўвесь дзень i сёння раніца з кнігай «Фальклор у запісах Яна Чачота i братоў Тышкевічаў». Чытаючы, не-не ды ўспамінаўся рослы, з падзюбаным воспай тварам маўклівы хлапчына з Сакольскага павета Беласточчыны – Саловіч, імя якога не запомнілася.

Дваццацёх нас, нядаўніх салдатаў польскай марской пяхоты, нямецкіх палоннікаў, у пераважнай большасці беларусаў, працавала ў вялікай памеранскай вёсцы на «арбайтскамандзе», па гаспадарах, a начавалі ў абгароджанай калючым дротам «штубе» з закратаванымі вокнамі i насланай на падлозе мятай саломе.

I вось аднойчы, калі ўжо ляжалі без агню, маўчун Саловіч раптам засмяяўся і, не сказаўшы чаго, заспяваў: «Баба Ксютка, дзед Тамаш, ой-ёй-ёй, паехалі на кірмаш, ой-ёй-ёй!..» Песня адразу прыйшлася да смаку, асабліва прыпеўнае ойканне на ўсе лады ды галасы, хто яе ведаў, а хто i не. Я, напрыклад, пачуў яе ўпершыню, нават уранні запісаў у блакноце, які захаваўся. I вось успомніў той далёкі час, тую дружную грамаду, той нечакана ды грубавата вясёлы голас сябра няволі, побач з якім я пражыў некалькі месяцаў, a запомніў так надоўга.

* * *

Апошнія дні месяца хочацца дажыць, перажыць як найхутчэй, каб спакойна, памалу пачаць новы месяц, зноў з першага дня. Як у школе калісьці, ад сшытка памятага, дзе-нідзе заплямленага, а то i з дрэннай адзнакай за нейкі ўрок ці за паводзіны, хацелася, не закончыўшы яго як след, да апошняй старонкі, перайсці да новага.

Параўнанне, можа, не зусім адпаведнае,– так мне думаецца не пра прыход любога месяца, a іменна пра мой жнівень, як быццам я сам выбраў яго для нараджэння. Калі я служыў – у рэдакцыях, у выдавецтве, у апараце Саюза пісьменнікаў,– для адпачынку найахвотней выбіраў яго. Бо i проста жнівень люблю, калі яшчэ ўсё лета, ды ўжо не толькі ў красе, але i ў багацці.

Вось пішу, а за акном, за дрэвамі, за Нёманам, недзе на лузе – дружны i доўгі клёкат адразу некалькіх буслоў, сёлета пачуты так, у харавым выкананні, упершыню. Таксама ж невыказна журботнапрыгожае сведчанне летне-перадасенняй красы.

* * *

Днямі, калі я выйшаў па малако ў пасёлак раней звычайнага, a раніца была ціха-туманная, на павароце прылясной дарогі сустрэўся чалавек. Высокі, босы, без шапкі, аброслы і... з сякерай у руцэ. Міжволі аднекуль з'явіўся страх. Мужчына сказаў мне «здрастуйця!», я яму «добры дзень!», падумалася, што мы з ім недзе бачыліся раней, a ўсё ж я, калі размінуліся, неўзабаве азірнуўся – яшчэ ад страху ад тое сякеры...

Вось яна i зараза нашага часу, са штодзённымі жахамі ў газетах, на экранах тэлевізараў, па радыё, у гутарках з сустрэчнымі.

* * *

Учора пад раніцу – навальніца з грымотамі, такі цудоўны канцэрт, а пад вечар, калі стала i зусім сонечна, пайшоў па дарозе спачатку лугавой, а потым лясной, з вялікімі лужынамі ў каляінах, якія трэба абыходзіць па высока атравянелай абочыне, месцамі чапляючыся за навіслае зверху голле або за стромкія дубцы лазняку знізу.

Добра пасля дажджліва-хмарных дзён!

* * *

Дарога, па якой шмат гадоў каля нашага дома ездзілі на луг над Нёманам выходныя гараджане, i сцежка, па якой мы з таго лугу даходзілі да ракі, так зараслі ў наступе штогадовага запусцення i ад шчодрых сёлетніх дажджоў,– дарога паміж высокіх дубоў, алешын i вязаў, а сцежка ў мокрай лагчыне, паміж высокага густота лазняку, так зараслі, што я з вялікай цяжкасцю перабрыў ,па дарозе да лугу, а перад сцежкай да ракі спыніўся стомлена...

I луг не скошаны, ды богведама ці будзе i сёлета кім-небудзь касіцца. Як запусценне, дык запусценне ва ўсім усюды!..

Перадыхнуўшы, я дабрыў да Нёмана, вышэй ад нашага ранейшага падыходу, пастаяў над нястомна быстрай вадой, тады па іншай дарозе, таксама зарослай, выйшаў на бітую, язджалую. Ногі мае ў гумовых ботах так стаміліся ад упартай заросласці зялёнага бездарожжа, што шырокая каляіна з прыбітым дажджамі i прыгладжанай аўтамабільнымі коламі пылам адчулася з палёгкай.

A ўжо на лаве з жэрдак каля чорнага кастрышча захацелася i прысесці, i пасядзець даўжэй...

* * *

Увішная гаспадыня ў полі, а на лавачцы каля хатняй сцяны, як заўсёды ўранку, бялеюць слоікі з сырадоем, тры трохлітровыя, для дачнікаў сямейных, i адзін літровік, для старое лекаркі, што летуе адна. Раніца сёння халаднаватая, толькі шэсць градусаў. Адно з тройкі пацешных кацянят – чорны каток кемліва прымасціўся да майго слоіка, бачком прытуліўшыся да цеплыні, яшчэ жывое, што я адчуў рукою.

Калі я дома расказаў пра гэта, жонка ўсміхнулася, як быццам трошкі кпліва: «Во, будзе i мініяцюра!..» А я яшчэ ў дарозе ўспомніў Аляксея Кулакоўскага, спакойнага апавядальніка, у мове крыху паслуцку сентыментальнага, які сказаў бы з пацмокваннем: «А то ж, братачка, i дэталька!..»

* * *

Дыхтоўнасць сырамятных шораў з вострым пахам дзёгцю. I здаравенны местачковы рымар Хаім, брахлівы ды нястомны гаварун. Вось ён – помніцца – выклікаў з хаты на двор, дзе мы сядзім, нярослую, рухавую, заганяную малечай жонку i загадаў:

– Малка, дай міне троху соку, міне ўжо суха шыць!..

Яна ведала з яго ранейшых жартачкаў, што гэта за сок, i таму, не маючы часу на большае, сказала толькі «Мішугінэ!» i, плюнуўшы, трушком падалася ў свае незачыненыя кухонныя дзверы, бо там ужо ёй трэба на каго-небудзь больш, чым на дварэ, пакрычаць.

А ён смяецца, задаволены. Няспешна шыючы дратвай набэдрык. На надворным стале, пры якім i я прысеў на лаве.

Усю збрую нам тады пашыў. Лейцы як быццам i цяпер у маіх руках. Такія духмяна надзейныя, як ні рвецца дахаты, застаяўшыся, наша гонкая кабыліца.

Уявілася гэта ўсё, чытаючы «Голэм» Густава Майрынка ў перакладзе з нямецкай мовы Васіля Сёмухі, якога я ўжо стаміўся хваліць, а вось жа трэба зноў.

Нізы пражскага побыту чэшскіх жыдоў. Хоць яны там не рымары ды не шаўцы ці кавалі, a рэзчыкі, гравёры ды мастакі або музыкі.

* * *

– Пагаварыць паселі? – спыніўшыся ў роснай траве, пытаюся ў трох ластавак на белай раме навонкі адчыненага акна.

А яны пакуль што ціха сядзяць, ужо не шыбуючы ў харчавальных бясконцых палётах, маючы права на адпачынак з дарослымі дзецьмі. Здаецца, што ix якраз двое такіх з пані-маткай.

* * *

У жарабячую жычку куплялася «жывое срэбра», ртуць. I не помніцца, каб хто з сямейнікаў гаварыў пра шкоднасць гэтай ртуці. Пакуль тым маленькім i рухавым шарычкам апынуцца ў жычцы, мы ix нават пакочвалі малымі, нецярплячымі пальцамі, то я, то крыху старэйшы брат на разасланым на стале шыракаватым тканым паяску. Пасля той паясок складваўся наўздоўж, з шарычкамі «жывога срэбра» ўсярэдзіне, i сшываўся, a ўжо канцы змацоўваліся на шыі жарабяці. Усё гэта рабіла мама. Яшчэ адзін брат, дзяцюк, трымаў жарабятка адной рукой пад персні, другою пад задок, a маці сшывала канцы паяска, які надоўга застанецца каляровым нашыйнікам, абручыкам ад грыўкі, што прытрымлівала яго, пад горлечка. Мама сказала свайму гаспадару: «Ну, пускай!», а тады жарабяці: «Во як табе будзе хораша!» Што жычка – ад шкоднага, зайздроснага вока, пра гэта гаварылася. Цяпер з гэтым будзе парадак! Не памятаю дакладна, можа, далейшае так i было, а можа, мне хочацца так даўявіць,– як наша кабыла, якая,– здаецца, у свежападасланым хляве – спакойна глядзела на тое абніманне-стрымліванне яе малога ды майстраванне на ягонай шыйцы, a калі яго адпусцілі i яно памкнулася храпкай пад матчын жывот, да салодкага, яна пяшчотна, стрымана за-фу-ту-ту-ка-ла.

* * *

Старому Шарыку, што прыбіўся да нас з залясной далекаватай вёскі, што ўжо i павольны, i глухаваты, i неахвотна гаўкае, нядрэнна начуецца дый днюецца пад паветкай, дзе ён ляжыць на сухім, цёгшым пясочку, нібы заслужаны дзед-гаспадар у ладнай сям'і, на спрыяльна напаленай печы. Каб жа яшчэ не назолы блохі, на якіх тут кажуць «скацукі», ад якіх не адджургацца. Часамі ён нават уцякае ад ix пад нашу вялізную ліпу, на сухі, няросны дзёран на ўзлобку яе разлеглага карнявішча.

Калі па-моднаму ўздыхнуць, дык ёсць у яго i другія праблемы. Скажам, ён вельмі баіцца грымотаў. Ціснецца, просіцца ў хату, да людзей. Так учора, калі разгрымелася, раздажджылася, калі я адчыніў дзверы глухое веранды на ганак, дзед Шарык, намоклы ад перабежкі сюды з падпаветкі, хацеў нырнуць на веранду, а там на падлозе былі разасланы шпалеры, якія нашы дзяўчаты расклалі, абклейваючы свой бакавы пакойчык. I я сабаку не пусціў. Накрычаў на яго, i ён, паслухмяна стуліўшыся, падаўся з ганка па ходніку, а пасля па суточках паміж сеткай агароджы i сцяной – на сваю «печ». Неахвотна, асуджана.

Сусед казаў, што грому вельмі ж баіцца i іхні малады аўчар.

Штосьці таксама «касмічнае» з гэтым. Не ідылія з поўняй, a сцішната. Як у тым усеагульным, несусветным сабачым выцці ў трывожнае неба, якім у ноч магутнага землятрусу быў ахоплены ўвесь распрасторны Ташкент, што мне якраз цяпер, пішучы, успомніўся з красавіка 1966 года.

* * *

Югаславія, май пяцьдзесят шостага.

Саракагадовыя, з адхіленнямі ў пэўную нязначную маладзейшасць ці старэйшасць, мы адчувалі сябе значна маладзейшымі, чым былі. Максім Танк, Пімен Панчанка, Алесь Адамовіч, калі ўспамінаць толькі найбліжэйшых з нашай турысцкай групы. Такому адчуванню спрыяла i часовае вызваленне ад службовых ды сямейных абавязкаў, i свабода, можа, перш за ўсё тая, што адчувалася пасля XX з'езда партыі, якая ўпершыню паспрабавала абтрэсвацца ад сталінскіх грахоў. Спрыяла па-свойму i краса прыроды, i прысутнасць у групе жанчын, таксама ў нечым вызваленых, i гасціннасць югаславян, якіх так яшчэ нядаўна было загадана лічыць ворагамі.

Сёння мне светла прыгадаўся адзін наш ранак, наш молада-пусты, заразліва-неадчэпны смех ад новай забавы ў вясёлым аўтобусе. Ужо i не помніцца выразна, адкуль ды куды мы ехалі, хто завёў тую забаву. А была яна ў тым, што мы пачалі прыдумваць на рускі лад «имена и отчества» з медыцынскіх тэрмінаў. Стараліся ды вызначаліся, хто як мог, то больш, то менш смешна, а смешна было перш за ўсё ад таго нашага памаладзення. Не буду ўзнаўляць па памяці што-небудзь з найсмяшнейшага, тым больш цяпер прыдумваць такое, бо вось прыгадалася толькі адно, а яшчэ выразней – той адзін з сяброў, хто гэта сказаў.

Ca смехам бывае такая бяда, што ён, непрадказальны гарэзнік, падступае, нібы чых ці кашаль, якраз у найменш адпаведны момант. Здаецца, i ўсе варыянты перабраныя, i смеху ўдосталь было ў дарозе,– хопіць, пара i пасталець. Тым больш што ў новым цудзе-горадзе экскурсія пачнецца з цуду тут найзначнейшага – старадаўняга храма. Зноў жа не памятаю, што гэта было – сербская царква, харвацкі касцёл ці баснійская мячэць, але справа тут не ў такой дакладнасці.

Справа ў тым, што наш вясёлы сябар,– можа, не за ўсіх весялейшы, але па-свойму вясёлы ды смяшлівы Пімен,– глядзіць на мяне ў нашым ужо, нарэшце, сур'ёзным, заслуханым, заглядзелым гурце, глядзіць, а мне відно, як яму цяжка стрымлівацца ад смеху. Нават i адварочваецца, каб стала лягчэй. A ўжо калі мы ўсе выйшлі з таго цуду-храма на сонца, калі мой Пімен аказаўся зусім побач, найдалей ад жанчын, ён, як быццам выпускаючы з рота струмень доўга трыманай вады, паўшэптам прасіпеў: «Триперинна Люисовна!» I вызвалена засмяяўся.

Ну што ж, няхай яно цяпер i не надта смешна, а для кагосьці старонняга i звычайная пошласць... Тых, каго я назваў, усіх ужо няма. Час ідзе, адсоўвае даты ix адыходу, хоць i няспешна, a ўсё далей, далей – да журботнага даўно. I кожны ўспамін, тым больш вясёлы, з рэшткамі маладосці... ну, гэта само па сабе зразумела...

* * *

«Литературка» ўспомніла Маноліса Глезаса – пасля доўгага палітычнага перапынку. A ў памяці маёй ажыў сонечны Акропаль i зноў турысцкі смех, на гэты раз з Максімам Танкам, калі мы пачулі ад грэка-экскурсавода, які, крыху пацешна па-руску, да планавага апавядання пра подзвіг Маноліса з ягоным сябрам Сантасам, якога ў нас чамусьці наогул замоўчвалі, дадаў i такое:

Юнакі-студэнты не толькі знялі тады з высачэннага дрэўка гітлераўскі чырвоны сцяг, але i разаслалі яго на свяшчэннай эладскай зямлі, можа, дадам цяпер, яшчэ i на вуглы паклаўшы для большай трываласці чатыры асколкі спрадвечнага мармуру, а на белую круглую пляму з чорным «гакэнкройцам», свастыкай, гарэзна... апаражніліся. У імя антычнай, роднай вечнасці.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю