355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » З людзьмі і сам-насам » Текст книги (страница 6)
З людзьмі і сам-насам
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "З людзьмі і сам-насам"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 14 страниц)

* * *

«Дзед здырдзіўся». Лазіў па слоўніках, шукаючы гэтаму слову, вядомаму здаўна, навуковага вытлумачэння. Толькі ў этымалагічным ёсць, а потым, весялей, у старога Насовіча: «Здырдзіцца – выцягнуць ногі».

А «стаць дырда»? Вертыкальна. Таксама ж наша, загорскае.

* * *

Пераглядаю трэці, чацвёрты i пяты тамы новага Збору твораў Купалы.

Ох, гэты цяжкі ды змрочны пяты том!.. З «паэзіяй» трыццатага – сорак другога гадоў, вельмі далёкай ад Яго таленту.

Ніякага асуджэння, a толькі жаль i позірк на падобнае i ў самога сябе.

* * *

...Чытаючы, як ён, Рэмезаў, у маленстве «прикладывался к мощам», выразна ўбачылася, як я, малы, з маміных рук, узяты пад пашкі, прыкладваюся да плашчаніцы, як быццам верачы ў яе сапраўдную незвычайнасць. А потым, само сабою, ведаючы цяпер, што мы з мамай i туды, у царкву, i адтуль ідучы па чатыры кіламетры, а назад яшчэ i прыцемкам, пра нешта ж i гаварылі ў дарозе. I так жа цікава стала: як, пра што гаварылі? Прыдумаць, неяк дагадацца можна, але ж яно будзе прыдумана!..

* * *

У «Полымі» з цікавасцю прачытаў «Маё мястэчка» Васіля Стомы-Сініцы. Цікавасць маю можна апраўдаць i тым, што гадаваўся я ў падобным часе i асяродцзі, але ж таксама i тым, што далёкі, заакіянскі аўтар сваё расказвае каларытна, як добры байдун. Дарэчы, чытаючы, я памятаў сваіх «ніжніх байдуноў». I думалася таксама, што калецтва, як i ў майго Рафалка, дапамагала гэтаму вясёламу назіральніку ў яго таленавітым апавяданні.

Толькі ў пасляслоўі ён палітычна вякнуў: «...у праклятай памяці 17 верасня 1939 году...» З якіх гэта пазіцый?..

* * *

А чаму мне трэба чытаць усё падрад, якая ў гэтым добрасумленнасць, перад чым ды перад кім? Асабліва калі ведаеш літаратурныя магчымасці таго ці іншага маэстра, які вось зноў надрукаваўся, тоўста ці крыху танчэй. Няўжо так многа вольнага часу, a ў перспектыве – дзён, гадоў жыцця?..

Сёння, пачаўшы дзень з Розанава (успаміны яго дачкі ў «Литературной газете») i Дзюрэнмата («Аварыя» ў «Крыніцы», у выдатнай Сёмухавай падачы), падумалася так, згадаўшы часопісную прозу тых з нашых, каго легіш не называць.

* * *

Днямі, як толькі прачнуўся, так i выскачыла ў памяці маміна: «На пахілае дрэва i козы скачуць». Як у народным мудрасць спалучаецца з вобразнасцю.

А сёння вось, у «Народнай волі», адна вясковая інтэлігенгная патрыётка ўспамінае свайго настаўніка роднай мовы, які любіў паўтараць невядома чыё:

Выйдзі, бацька, падзівіся,

да чаго мы дажыліся!

Хата – бокам, клуня – бокам,

i карова з адным вокам.

Ёсць тут i яшчэ два радкі:

Няма сала, няма лою,

маж аладкі хоць смалою.


Аднак захапленне спыняецца на тым «адным воку».

* * *

Нібы жартуючы, крыху паблажліва, аднак калі на розум узяць, са справядлівай удзячнасцю думаем дый кажам: а хто нас чытаў бы, каб не графаманы?..

А тут вось, далей пераглядаючы добрую кнігу Ніны Гаўрош «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы», думаецца i пра мовазнаўцаў, з яшчэ больш сур'ёзнай удзячнасцю, Вось хто чытае нас, так многа i так уважліва.

I пра шчырасць ix трэба сказаць, бо гэта ж з ёю яны накіраваліся ў такую дарогу жыцця, дзе болей працы, чым наедку ды пашаны.

* * *

Во, i яшчэ адзін пнецца быць вельмі сучасным, усё ў яго «аповедзе» на адных намёках, на глыбакадумным недагаворванні... А я, прачытаўшы цярпліва, амаль пазяхнуў: не хапала яшчэ здагадвацца, што тут у цябе да чаго!..

* * *

...сказала, што ў Куляшова лермантаўскі радок «и звезда с звездою говорит» гучыць значна лепш: «зорка зорцы голас падае». Мне было прыемна пачуць гэта, бо i самому той радок Міхаіла Юр'евіча заўсёды адчуваўся ад збегу зычных цяжкаватым.

У «Немане» разумны артыкул Бугаёва пра Куляшова, ад чаго мне цьмяна прыгадалася нядаўна прачытанае ў «Навінах» молада-цынічнае, што Куляшоў маўляў, аўтар верша «Камсамольскі білет» i яшчэ чагосьці іншага. Няўжо гэты верш, якім савецкая педагогіка доўга ды бязлітасна барабаніла па мазгах нялетніх чытачоў трэба абавязкова згадваць так, нібы ён закрэслівае ўсё іншае ў таленавітага, высокакультурнага паэта?.. Нікуды ўжо не падзецца ад тага, што i ў Купалы, i ў Коласа, i ў маладзейшых, шануючы ў ix па-сапраўднаму іхняе, галоўнае, нямала вольнай-нявольнай палітычнай рыторыкі трэба адшалушваць ды па магчымасці забываць. * * *

* * *

Абагдарыць снеданне, абед, вячэру ці так які пачастунак,– абы-як падрыхтаваць тое, што з Божага дару. Такое чуецца ў гэтым слове з маіх родных мясцін. Няма яго ні ў тлумачальным, ні ў паўночназаходнім слоўніках. А вось узяло ды само прыйшло з дал ёкай памяці.

* * *

«Пісаць для вечнасці» – гэта не з думкай пра вечнасць твайго слова, а з належнай настройкай на тое, што па-сапраўднаму жывое i застанецца жыццём.

I няма чаго кпіць з тых, хто ў гэтым паслядоўныя, не мітусяцца.

* * *

Недаперачытаная з дзён свежай жалобы кніга Навума Кісліка «Лестница лет».

Паспрабаваў нібы чапляцца: мова вывучаная, месцамі кніжная, не ўсюды ад сэрца, больш ад розуму. А потым i такое:

Льнут к стеклу любопытные листья,

тень нетерпенья дрожит на стене:

праздник предвидится в скромном жилище —

добрая книга лежит на столе.


. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .


Выключим радио, двери закроем,

ясного света побольше дадим,

чтобы ничто не мешало – запоем

праздновать встречу один на один.


Строфы – першая i апошняя, але адчуванне ўсё. I так добра, люба вядомае.

Можна i з іншых вершаў выпісаць падкрэсленае на палях. Паэзія. Немітусліва-ціхая паглыбленасць у яе. I робячы сваё, i памагаючы другім добрымі перакладамі. За што i ад мяне ў душы паўтарылася: «Дзякую!»

* * *

«Якое жыццё, такая i літаратура» – у сэнсе адлюстравання.

Значыцца, жыццё як мага ніжэй апусціць i туды ўжо цягнуць літаратуру?..

* * *

Пасмяротны Поўны збор твораў. На тое, каб пакараць маю памяць доказамі, колькі непатрэбнага i шкоднага я напісаў?..

* * *

Ноч. Уключыўшы святло.

Каб хацеў паплакаць па тых, што адышлі, дык i паплакаць няма з кім.

Апошні з найбліжэйшых – Шура, пляменнік, але амаль равеснік i блізкі, як брат, пра якога думаю, якога бачу прыступамі, зноў ды зноў. Штуршкі бываюць i такія, што ўспамінаецца евангельскае: «Душа моя скорбит смертельно». На такой ужо, здаецца, набліжанасці. I неяк нібы ненатуральна не страшна ад гэтага. Відаць, таму, што яшчэ не на ўзмежку.

* * *

Паэзію Пушкіна я любіў заўсёды. Вось перачытваю «Анегіна», упрыкуску два пераклады, Куляшова i Тувіма, час ад часу заглядваючы ў арыгінал. I адчуваецца – не перачытваю, а чытаю зноў як новае, з дакорам самому сабе, што не так, як належыцца, чытаў гэта, хоць i неаднойчы, але не ўчытваючыся ў глыбіню.

* * *

...Плачу ад Танінай закаханасці, ужо з дарослай унучкай, з яе чыстай красою параўноўваючы тую, душой паэта народжаную барышню, якая сутыкаецца юнай душой з суровай ды глыбокай, мудрай пяшчотнасцю нянінай народна-жаночай душы, якую Пушкін даваў нам, напэўна ж, бачачы сваю Арыну Радзівонаўну. Недзе ж чытаў я, што Радзівоніха была беларускай, што зусім верагодна ў тым этнічным паграніччы. А памятаючы яшчэ i пра эфіопскае паходжанне Аляксандра Сяргеевіча, чытаючы цяпер яго на трох мовах адразу, хораша адчуваецца агульналюдское.

Вельмі шкада, што якраз на тым XV раздзельчыку, дзе маэстра Тувім усклікнуў, як на развітанне: «Tatiano, o Tatiano miła!», пераклад яго незваротна абрываецца, а далейшы, Важыкаў, гучыць не так дасканала ў паэтычнай адэкватнасці.

* * *

Інтэграцыя, аб'яднанне пагражае нам не толькі цынкавымі трунамі ды «отдельными фрагментами тел» з гарачых пунктаў недаразваленай імперыі, але i раепраеторамі Поўначы i Сібіры, якія засумавалі па новых «нацдэмах» – катаржанах ды ссыльных...

* * *

Цытаваць належыцца звычайна класікаў, а мне вось спадабалася ў маладзейшага ды знешне нягучнага рускага сябра па прафесіі такое, што нават i перакладу:

«Для таго, хто піша, што б ён ні пісаў, самае цяжкае – не сацыяльны прыгнет, не цэнзура, не безграшоўе, не пахворванне, а час, калі не пішацца. A калі пішацца – няма ні хваробаў, ні безграшоўя, ні цэнзуры ці сацыяльнага прыгнёту, цяпер яму – дарогу дай! – ён зноў шчаслівы».

Паэт Федзя Яфімаў. Калі я званіў яму, мы гэтай мудрасцю, гэтым крэда падзяліліся весела, кожны, вядома ж, успомніўшы ў душы сваё.

* * *

Адчуваючы патрэбу i абавязак сказаць пра тое добрае ў бліжнім, што не павінна разам з ім пайсці ў нябыт, трэба ці ўмець, ці вучыцца асцярожна абыходзіць ягоную гразь, ці моўчкі, цярпліва перабрыдаць цераз яе, i думаючы пра блізкі надзейны бераг, зямлю, апору пад сабой, i падмацоўваючыся разуменнем, што гразі, такой самай ці большай, нямала i ў цябе самога, але ж не ўвесь ты ў ёй, а ёсць яно, добрае, светлае i ў табе, як i ў тым другім, пра каго ты хочаш сказаць неабходнае. Памагай табе Бог у цярплівым маўчанні!

* * *

«Мы далі б вам большую аўтаномію, чым даюць рускія». З такой нахабнай прыязнасцю гаварыў мне гэта пан Я., польскі прафесар, увосені 1987-га, ідучы побач па нашай зямлі.

Так думаюць дый гавораць i рускія дэмакраты, на свой лад, лічачы не менш нахабна, што i яны маюць нейкае права камусьці даваць або не даваць, грубай, бязлітаснай сілай не дазваляючы яму па боскаму, па чалавечаму праву браць належнае самастойна.

Такая ўжо доля слабейшых, калі ix няхай сабе i дзесяць мільёнаў, як нас, або значна менш, як лужыцкіх сорбаў ці кашубаў, або i значна больш, як украінцаў ці курдаў.

* * *

Два маладыя беларусы, журналіст i ксёндз, адказваючы па радыё на пытанне перыферыйнага слухача, ці муж i жонка, якія ў каханні ды згодзе пражылі сваё на зямлі, i на небе будуць таксама разам, доўга i цьмяна блытаюцца ў біблійных цытатах, богведама куды падзеўшы сваё юначае, здаровае адчуванне гумару. Ну i што там старый праведнікі будуць рабіць на тым небе, у штодзённым бясконцым святкаванні – у «дурня» гуляць, глядзець тэлевізійныя серыялы, маліцца ўдзячна за вялікапанскі догляд?..

* * *

Чытаючы па-польску славенца Драга Янчара, «Terra inkognita», успомніў пляменніка Шуру, як ён, маладзенькі тэхнік-лейтэнант у танкісцкім камбінезоне, абараніў ад магутна-нахабнага казака дзяўчынку з венгерскай сям'і, у якой спыніўся. Казак з лаянкай страшыў яго аўтаматам, а Шура сказаў, што «пісталет у мяне бліжэй», бо ў кішэні камбінезона, а не за плячыма, як у цябе... Злосць на злосць, аднак пасля абаронца быў вельмі рады, калі тая казацкая часць у той самы дзень пакінула вёску, у якой танкісты яшчэ заставаліся.

Ад Шуры, якому веру, як чыстаму юнаку, выхаванаму ў сям'i апальнага святара, майго намнога старэйшага брата, успомніўся памаўзлівы Н., які расказваў мне, як прасілася дзяўчо нямецкае: «Bitte, nein!..» Ён гаварыў такім чынам, што гэта было з некім другім, аднак можа быць i такое, што ён i сам па даўнасці так адмахваўся ад дакору сумлення.

* * *

Гэтымі днямі перачытваў «Крейцерову сонату» i «Казкі жыцця».

У Коласа, дзе розум сэрца, там найлепш. Шчасце любавання роднай прыродай, якое натуральна наводзіць аўтара на высокія, вечныя думкі. Адхіленні ў палітыку i літаратурнасць, якіх, на шчасце, мала, пагоды не робяць. A паэзіі ў гэтай прозе больш, чым у натужным ці распрэжаным рыфмаванні апошніх паэм i вершаў. Мова, дзе яна – пераважна – не «гарадская», не «вучоная», а па-народнаму, пасялянску простая, чыстая, дакладная, з жывінкамі тумару, там чытаецца, можна сказаць, з асалодай. «Хто хоча жыць паўнейшым жыццём i вастрэй пранікаць у яго таямніцы-глыбіні, той павінен быць адзінокім i незалежным». «Чым, напрыклад, аса горш за авадня або сляпня! I то брыда, i то брыда». «Каб не было на свеце зла, дык кожны дурань легка трапіў бы ў рай».

Над Талстым – зноў здзіўленне сілай i дасканаласцю падачы слова. Закарэлымі струпамі на толькі што адкрытым лобе бачацца, адчуваюцца евангельскія эпіграфы i перад гэтай аповесцю, i перад «Дьяволом». Аўтар – такі заўсёды самастойны – тут як быццам хрысціцца, то на каленях, то лёгшы пластом, i адхрысціцца не можа, бо позна. A іншыя рэчы, у тым самым томе, «Смерть Ивана Ильича», «Хозяин и работник», «Отец Сергий», не менш глыбока значныя, да якіх таксама можна было б падабраць святыя эпіграфы, абыходзяцца i без ix. А яшчэ i недаўменне, што да балюча-палкай «Крейцеровой сонаты» патрэбна растлумачальнае пасляслоўе, перачытваць якое не захацелася.

* * *

Заклапочана аблыселы, вусата ўсмешлівы апошнім часам расійскі міністр фінансаў Задорнаў, як падала «Свабода», днямі заявіў,– ваяваць Расіі няма за што, у найпрасцейшым сэнсе – няма грошай.

Зашмат з'явілася тых, што «работают своим умом»,– усё капітальна раскрадзена.

I такая вось барацьба за мір.

* * *

Па маскоўскім тэлебачанні – кадры хрышчэння. З трайным панурваннем з галавой у падобнай да вялізнага цэбра рытуальнай пасудзіне. Малады мужчына, не відно, ці застрахаваны ад поўнай галізны трусамі. Потым – дзяўчынка шасці-сямі гадоў, а то i яшчэ менш,– зусім дзіця жаночага полу, без намёкаў на грудкі, з голенькім адтапыраным куточкам. Рука святара, які за кадрам, праводзіць на тварыку малое жэсты мірапамазання, а яна, якой, відаць, i не холадна, i не сорамна,– нарэшце ўсміхнулася.

Як гэта хораша – гэтая ўсмешка!.. Адразу так падумалася ўчора, а сёння вось зноў жыва паўтарылася ў свежым каляровым успаміне. Люблю дзяцей – дзяўчынак, хацеў, каб першым дзіцёнкам была ў нас дачка, за што быў узнагароджаны дзвюма, а потым яшчэ i ўнучкамі. Пяшчотная краса, якую ўспрымаеш ca шчаслівым невытлумачальным адчуваннем, што яно – яшчэ не ўсё, што можна адчуць, а тым больш выказаць.

* * *

Гістарычнасць часу. Пачынаеш разумець яе не па сваіх дзядах, якіх не памятаеш жывымі, не па бацьках, хоць i ix ужо даўно няма, а па сестрах ды па братах, якім, як у мяне, каму – па смерці лічачы—107, каму 105, каму 100, каму толькі на два гады менш... Дый самому тым часам сабралася... Але ж я тут жывы назіральнік, думаю зводдаль.

* * *

Калі б ён пачаў хваліцца мне сваім прыёмам у Яна Паўла И, я мог бы ледзь не таксама паганарыцца, як у 1983-м ляцеў з Познаня ў Шчэцін на тым самым анельска-белым верталёце, які абслугоўваў святога айца ў час яго нядаўняга перад гэтым гасцявання ў Польшчы. Духам ягоным верталёт той яшчэ ўсё поўніўся, вядома ж, асабліва ў паветры, якое – неба!..

Усмешлівае лезе ў галаву. А сам чытаю пра Башкірцаву i яе раннедзявочы дзённік, у якім загуста ад непамернага арыстакратызму i ўсебаковай таленавітасці.

* * *

Сонечна. У сцягах нашых многа святла. Мноства людзей, якія ведаюць, што да чаго. З цынічнай дыктатурай, з авантурнымі «саюзамі», з небяспекай вялікай, ці не апошняй вайны, з пакутамі i смерцямі, імя якім чарнобыльскія...

Калі мяне з калоны заўважылі, прыязна замахалі рукамі, заўсміхаліся, кінулі «жыве Беларусь!» – голас мой у адказ слёзна ўздрыгнуў...

Так было ўчора. А сёння ўранні, толькі прачнуўся, адразу падумалася: колькі ў гэтым маім узрушэнні свайго, асабістага, a колькі агульнаграмадскага? Ну, а як гэта трэба i ці трэба дзяліць? Радасна, патрэбна мне адчуванне прыналежнасці да народнага, прыемна ад пашаны людзей, якіх я i сам паважаю. Добра было таксама прысесці на сходках шырознага ганка Палаца спорту, побач з незнаемым мужчынам, у руцэ якога старчма стаяў высока i светла наш бела-чырвона-белы, а з гутаркі неўзабаве выявілася, што гэта рабочы, ужо на пенсіі, што ў яго таксама ногі баляць, хоць ён i маладзейшы аж на семнаццаць гадоў.

Мітынгу, які быў падрыхтаваны, не адбылося, бо ўлады прадумана арыштавалі машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай, а авалодаць увагай шматтысячнай грамады пры дапамозе ручнога рупара было немагчыма. Але свята адбылося. Toe, што агульнае i што ў кожным. Малітвенны настрой душы: дай Бог выжыць, каб без слязы ў душы сказаць, што Яна, Беларусь, жыве.

* * *

Усё расказваць, дазвання ўсё? А трэба ж нешта i для сябе пакінуць. З чалавечым правам на НЗ – недатыкальны запас.

* * *

Учора ў тэлеперадачы «Зеркало» – сюжэт пра Сахалін.

Пастарэлы Валодзя Сангі: «Сахалин не японский и не русский, он нивхский. Русские пришли сюда без приглашения...»

Якая цярплівая ветлівасць або яшчэ ўсё асцярожнасць!.. Бедны народзік, бедная мова, што памірае, што амаль i памерла. Бедны Сангі, як гаварылася, Ламаносаў свайго некалькітысячнага народа, самаахвярны асветнік, які не толькі алфавіт павінен быў наладзіць, але i «Онегина» пераклаў. Сумна, балюча было слухаць яго, глядзець на так даўно ўжо не бачанага, не чутага, міжволі думаючы не проста пра лёс слабейшых, але i пра нас, хоць нас i непараўнана больш, чым яго, Валодзевых, суайчыннікаў. Няхай сабе i ніўхаў – чалавекаў, а не гілякаў – сабак, як ix называлі тыя, што прыйшлі «без запрашэння»...

* * *

Нагала астрыжаны, вымуштраваны біцца, у моцных падкаваных чаравіках, каб «ворагу» балела як наймацней (капытам!). A гадоў, відаць, i васемнаццаці няма.

Фота ў газеце: два такія напалі на польскага журналіста. У нас.

Аказваецца, калі па Мрожаку, не толькі «дзядэк хцэ стшэляць», але i ўнукі таксама. Мінскія «баркашоўды», змагары за «русский порядок» у Беларусі.

Яшчэ, здаецца, ці не пазалетась бачыў гэта ў газеце, а час ад часу ўспамінаецца. Як штосьці сімвалічнае, знак часу.

* * *

Ад ілюстрацыі ў дзіцячай кніжцы, дзе голуб на краечку драўлянага вядра з вадой да самага верху, захоплены хлапчук i таксама босая стомленая нестарая маці, што любуецца i голубам, i сынком.

Горка-балючыя думкі пайшлі да маладых пасляваенных удоў-салдатак, так жа нядаўна вясёлых дзяўчат, крута агрубелых ад гора i непамернай, i сваёй, i мужчынскай працы, ад галечы з малымі дзецьмі...

* * *

Перад ад'ездам з Мінска названіўся сябрам ды сяброўкам, зрабіў усё, што трэба было зрабіць у хатняй i літаратурнай гаспадарцы. Будзем уваходзіць, ужывацца ў сваё «ссыльнае», што камусьці іншаму ад гарадское тупіковасці бачыцца справядліва зайздросным.

Хоць вясна тут, пасля халадоў i яшчэ ў холадзе, бачыцца, адчуваецца ледзь не прастуджанай, сумнаватай у гэтай прастудзе.

* * *

У вясковай бабулі – гарадскі ўнучак з чорненькім, весела трапяткім шчанюком то на руках, то на каленях. Прысеўшы побач на лаўцы каля хаты, я хацеў таксама пагладзіць сабачку, а ён – брахаць i кусацца. ІІІасцігадовы сур'ёзны Валодзя:

– Скажыце яму, як вас завуць, дык ён кусацца не будзе.

Я сказаў яму сваё «дзед Ваня» i смялей пагладзіў па чорнай, вельмі ж рухавай лабацінцы, а ён i праўда не стаў кусацца. Нават i руку маю лізнуў. Каб я нагнуўся, дык i твару, відаць, дасталося б, як хлапчуковаму ўвесь час.

* * *

Холад. A ногі мае расходжваюцца. Апроч паходаў па малако, двойчы ўжо хадзіў надвячоркамі i на праходку. Лесам, то ў бок Студзёнкі, то Лузінаўкі. Прыгожыя назвы лясных урочышчаў. Як i само наша Крынічнае.

Май яшчэ ўсё не той па-сапраўднаму. Лес нейкі насцярожаны, нібы ў чаканні яшчэ горшага. Уранні было толькі плюс два, i на траве паблісквала пад сонцам шэрань.

* * *

Акула ў сваіх «Змагарных дарогах», якія больш успаміны, чым раман, як значыцца на тытуле, падае такі дыялог паміж станоўчым палякам Дэмарчыкам i яшчэ больш станоўчым беларусам Спарышом, за якім бачыцца сам аўтар.

«– Скажы мне,– спытаў Сымон,– які народ ты найбольш ненавідзіш?

– Немцаў.

– А пасля?

– Расейцаў. А ты?

– Насамперш маскалёў

– А яшчэ каго?

Сымон адказаў не адразу. Дэмарчык спасцярог хістанне.

– Скажы, скажы, што ненавідзіш палякаў! – спанукаў Сымона».

А той пачаў выкручвацца...

Да пытання пра немцаў не дайшло, паляк не спытаўся.

З-за любасці да маці-Беларусі трэба ненавідзець i палякаў, хоць i няёмка аўтару ў гэтым прызнацца, i літоўцаў, трохі i латышоў, дый украінцаў, што таксама ж бліжэй да нас, чым немцы. Пра тых, геаграфічна далейшых, гаворыцца так, што каб ix не правакавалі партызаны, каб далі ім, немцам, панаваць у нас спакойна, дык яны, памардаваўшы жыдоў, камуністаў i ўсіх іншых, незадаволеных іхнім прыходам, былі б ласкавейшыя да нашых матак i бабуляў, не так шмат палілі б ix жыўцом у родных хатах, гумнах, драўляных цэрквах, разам з дзецьмі i ўнукамі. А да таго ж яны ашчаслівілі Беларусь паліцыяй, самааховай i «кадэцкай» школай...

Колькі нянавісці трэба, каб жыць!

А жыць – каб ненавідзець?

* * *

Гэта i добра, што кнігу Сяргея Панізніка «Асвейская трагедыя» чытаю адразу пасля Акулавых «Змагарных дарог». Успомнілася, як у сваёй газеце «Зважай!» ён, Акула, злосна кіўнуў на «Я з вогненнай вёскі...». Як быццам злачынствамі адных, сталіністаў, можна перакрыць, апраўдаць злачынствы другіх, гітлераўцаў. Галоўнае ж тут – было i засталося – у злачынствах супраць чалавечнасці, якім няма апраўдання.

* * *

Уранні салаўі пераклікаліся як быццам зусім-зусім у нашым агародзе – так блізка, на вішнях каля сеткі агароджы, на чарэшнях i яблынях, якія на градах, нават, здаецца, i на ліпе, за якою дарога i адразу бярэзнік.

– Цяплей ім тут, у зацішку, лепш, чым каля Нёмна,– сказала мая гаспадыня, калі я, вярнуўшыся ад надворнага ўмывальніка, паведаміў ёй у кухні пра новае ў нашым, яшчэ ўсё халодна-сырым жыцці.

* * *

Барыс Пільняк, «О'кэй», раздзел 23: «...Сколько гениальных произведений создано на всяческих (и фактических и психических) чердаках и в голоде? – И писатель подобен птице: птице легче лететь, когда ветер дует ей в грудь».

* * *

Чытаючы «Записные книжки» Ерафеева, мне былі цікавымі яго выпіскі з кніг, якія ён чытаў. Успомніў, што тады падумалася, а цяпер паўтарылася ў памяці, чытаючы Пільняка: i цікава, i добра, i патрэбна яна, такая міжнародная, міжлюдская пераклічка,– для адчування агульнасці, для накірунку на чалавечае братэрства, мара пра якое жыла, жыве i будзе жыць як ідэал.

* * *

Ці будзе такі час, каб наймацней пашкадаваць, што таго чагосьці, што мог i павінен быў зрабіць,– ты не зрабіў, такі дзень, момант найбольшага праяснення свядомасці, каб усё-ўсенька ўбачыць як найлепш?.. A ўбачыўшы, што рабіць далей, плакаць ад немагчымасці не тое, каб паправіць усё, але ж хоць бы штосьці найбольш неабходнае зрабіць?

Тут скажам пра тыя латы i латкі, якімі можна даштукоўваць цэласць апавядання пра сваё жыццс, пра якія думалася ўчора.

Адчування, што ўсё магчымае табою зроблена (так гаварыў Карпюк Калесніку незадоўга да смерці), у мяне няма. Аднак i пра тое яшчэ большае, што трэба, можна i варта было зрабіць, думаецца не надта настойліва ды часта, відаць, i проста ад узроставай ды хвараблівай слабасці, ад натуральнай стомы, вычарпанасці i – дзякуй Богу – здольнасці бачыць межы сваіх творчых магчымасцяў.

Ногі ўсё-такі баляць, адмаўляюць паслушэнства, што адчуў не толькі ўчора пад вечар, але i сёння ўранні, хоць i пасля сямігадзіннай вылежкі. Больш за дзве гадзіны лежачы зноў, дабіваў Амерыку Пільняка, i з санлівасцю незразумелай, i з усмешкай успамінаючы анекдот, у якім немец, пакуль дайсці да адказу на пытанне: «Германія i сланы?» напісаў «шеститомное введение во слоноведение». Пра паўнемца Вагаў-Пільняка тут можна гаварыць з удзячнасцю за яго цікавую грунтоўнасць, аднак i гэтага крышку зашмат. Даб'ю тры дзесяткі апошніх старонак i каментар, у якім, відаць, будзе сказана, чаго аўтару твор гэты, у сукупнасці з іншымі, каштаваў – да пакутніцкай смерці ўключна.

А тады ў мяне будзе Мікола Гайдук з яго «Сполыхам» у «Беларускім календары» за 1981 год, што я ўчора «знайшоў» на адной з паліцаў. Пасля яго легендаў Беласточчыны i нечакана-заўчаснай смерці ёсць у мяне пэўнае адчуванне віны, што я праглядзеў, недаглядзеў як след гэтага значнага, шчырага работніка, які руплівіўся так недалёка, па-суседску...

* * *

Учора апоўдні грэўся на сонцы, седзячы на ганку, упершыню тут адчуўшы гэтую раскошу.

Успомніў, як Пімену спадабалася ў мяне пра старэчае жаданне наглядзецца на ўсё перад разлукаю.

Да радаснейшага пераспеву птушак – яшчэ i памільгванне белых i лімонных матылькоў.

Толькі ластавак яшчэ ўсё як быццам няма.

* * *

«Віцебскі летапіс» у «кнігазбораўскім» томе «Беларускія летапісы i хронікі», стар. 275:

«У год Божы 1660... нарадзіўся вол з дзвюма галовамі i сямю нагамі...»

Сем ног, дзве галавы... Але найболыйы цуд – нараджэнне быка адразу валом. Цікава – кумам быў сам храніст ці наш перакладчык з польскай мовы?

A ўсё ж i добра – хоць усміхнуцца, сустрэўшыся з такім сярод аднастайна, сумна крывавага ў старадаўнім тэксце.

* * *

Цікавая ўкраіначка Ірына Жыленка (у красавіцкім «Полымі»):

«Свет быў для мяне агромністым, i, згубленая ў яго зялёных хвалях, як конік у траве, я ўсё сюрчала ды сюрчала сваю ўдзячнасць Госпаду, пакорліва прымаючы жыццё з усім яго добрым i злым. Такія натуры спакойна прымаюць старасць i нават смерць».

Хораша такое, калі шчыра. А мне яно чымсьці блізкае.

* * *

Стары, з выгляду ўжо зусім нямоглы i назаўсёды інтэлігентна-сціплы чалавек бездапаможна паваліўся са сваёй гаспадарчай сумкай пры тлумнай пасадцы ў перапоўнены трамвай.

I я ў той трамвай прабіваўся i прайшоў, ды праз акно паспеў убачыць, як той стары чалавек цяжка паднімаўся. Непасрэдна маёй віны не было, аднак ён днямі ярка ўспомніўся мне з далечыні маладосці, пасля таго, як i ca мною нядаўна падобнае адбылося каля тралейбуса, у сутыкненні з маладою ci лай...

Колькі ён, той даўні бездапаможны стары, праіснаваў зусім затоена ў глыбінях маёй памяці, каб іменна цяпер з'явіцца!..

* * *

Яшчэ не адышла надежна пасля складанай аперацыі, гаспадаркай добра займаюцца пазменна гарадскія дзеці, змалку прывучаныя да вясковай работы, аднак ёй з кожным днём усё больш не ляжыцца ды не сядзіцца ў хаце.

– Гэта ж пакуль я ў бальніцы ляжала, дык яны, мае хлопцы ды дзеўкі, каб мне гэта лягчэй было, хацелі адну карову прадаць!

Расказвае i ўсміхаецца, паблажэлая красуня на сёмым дзесятку.

– А я, здаецца, i яшчэ адну купіла б, трэцюю. Я ix люблю, яны такія разумныя.

Так проста i так змястоўна. Народнасць пажаночы.

* * *

Пішу пад ліпай. Сёлета ўпершыню.

Добра было б – на ветрыку, у цяньку, каб не камарэча, незвычайна ўвішная ды куслівая, ад процьмы якой не схавацца ні ў доме, ні на дварэ. Добра было б таксама, нават вельмі добра, каб вецер, даволі пругка адчувальны, нарваў нарэшце дажджу.

Падкрэсленае слова – маміна. Часта думаецца, асабліва цяпер, старому, як багата рознага пачута змалку найперш ад яе.

* * *

Заходзіць сонца – цэлы бяздымны пажар, далека за рэдкімі дрэвамі. Яшчэ ўсё салавей.

A ўдзень ляцелі невысока два жоравы, курлыкалі – хоць ты бяжы за імі. Няўжо гэтага мала?

* * *

Худы, заганяны калгасны каняга, як быццам нейкі маўклівы змоўшчык.

Колькі праз яго прайшло нелегальных паўлітраў? Конюху адзін, аратаму другі. I ўсе яны – міма каня, на радасць тым, што пілі, i тым, што ўдала ўправіліся з дачнымі соткамі.

А ён хоць бы пырхнуў!..

* * *

Быць сучаеным i разам з тым верыць, што тое, чаго не змог надрукаваць цяпер, у свой час, выдасца потым. Ужо не ў сваім часе? Зробленае з надзеяй на час лепшы?

* * *

Колькі я страціў часу, пакуль не пісаў!..

А можа, якраз i нічога не страціў, але набыў,– якасна, дзеля таго, у тое, што вось пішу, як быццам наўздагон.

* * *

Калі чытаеш цікавую, таленавітую рэч, дык i жыццё мае разумны сэнс.

Як у мяне цяпер, чытаючы ў «Крыніцы» незнаёмага дагэтуль немца Зюскінда – «Басэтля».

* * *

I гэта ж трэба разумець, як дзве ластаўкі, блізенька седзячы на драціне, на фоне блакіту, проста сабе шчасліва маўчаць.

* * *

Нехта піша інакш, чым я, чым мне хацелася б. Ну i што? Спытаемся з адчуваннем прасторы, свабоднай i для яго, i для мяне. Прасторы i свежасці, як пасля задухі перад дажджом.

* * *

На ўчарашнім тэлеэкране з Косава.

Маці-сялянка, па-пажылому тоўстая, бежанка ў дарожнай стоме. Спыненая «грушай» замежнага карэспандэнта, i з нейкай адчайнай усмешкай, i ca слязьмі сказала яму,– усё роўна мне, па-сербску ці па-албанску,– што ў яе з сынам толькі й багацця, што ў клунках, а яшчэ ж i не ведаюць, ці дома, куды вяртаюцца, што-небудзь засталося ад пажару або разбурэння.

Сын – крыху воддаль за ёю. Стомлены i маўклівы юнак. Цераз нашага Антося я адчуў яго горкую долю заўчаснага гаспадара, апекуна маці, у якога ні сродкаў якіх, ні вопыту.

Да болю шкада. Хоць боль гэты i мімалётны, здалёк.

* * *

У «Супружеской жизни» Эрвэ Базэна, у пачатку рамана, дзе маладое каханне, прыемна думалася, як гэта можна пра ўсё гаварыць культурна i хвалююча, без хамскага «сексу», якім некаторыя нашы, што неўпрыцям перасталі быць маладымі, намагаюцца сцвердзіць сваю еўрапейскасць.

I ўсюды ў яго натуральны, неназойлівы гумар, жыццядайная іронія, адзнака дабрадушнай сілы.

* * *

Што так – нягожа, што трэба стрымлівацца, паводзіць сябе заўсёды годна, прыстойна,– я ведаю гэта i сам, аднак, на жаль, усведамляючы яго тады, калі йене дый сарвуся. Найпрасцей сказаўшы – нервы. I адчуванне такое, нібы не сам я гэта зноў зрабіў.

* * *

У старасці па-дзіцячы здзіўляцца, як гэта вечна, нравечна цякуць па зямлі розныя па велічыні, па красе ды такія шматлікія рэкі...

* * *

Пакуль зайсці ў жахлівы пераход, я быў паблізу, сядзеў на прыпынку, чакаючы патрэбнага аўтобуса, доўга сядзеў i прыглядаўся да выпадковых дзяўчат, суадносячы ix з тымі сарака чатырма, што былі два месяцы таму назад задушаныя амаль побач з гэтым людным прыпынкам, светлым у спякоце,– задушаныя пад зямлёй... То больш, то менш прыкметныя, то лепш, то горш адзетыя ў спакусліва загарэлай аголенасці, усе прыгожыя ранняй маладосцю, дзяўчаткі то з'яўляліся перада мной, то знікалі, у клопаце, у шчэбеце сваім, здавалася, вельмі далёкія ад таго пякельнага моманту, тых крыклівых касталомных мінутаў. I ўяўлялася вельмі прыблізна, як пад нагамі людскога ахмялелага табуна хрумсцелі, ламаліся ножкі i ручкі, раздушваліся тварыкі i грудкі...

A ў дзень ад'езду я падаўся туды спецыяльна, адзін, каб з таго самага прыпынку, толькі ў падхмарным пахаладанні, пасля надоешняй грымотнай навальніцы прайсці пад зямлёю насупраць таго табуна, толькі ўяўляючы яго шалёна-крыклівы націск, нават, як гаварылася пасля, i з дзікім рогатам. Доўгі тунель, пераход пад шырокай вуліцай. На выхадзе, які тады быў уваходам, убегам, унаціскам маладога натоўпу з плошчы, з-пад дажджу i граду,– мноства прыступкаў, на якіх спатыкаліся i падалі ад слізготы таропкія, бездапаможныя ногі i ножкі, дзе ў жудасным крыку навалам клалася востра, гвалтоўнапакутная смерць. Гледзячы знізу на тыя высокія сходы, з папярэчнай паласою неба, як спадылба шырознага прычолку, балюча падумалася, якая была тут жахлівая пастка...

На сценах надпісы, фота, іконкі, свечачкі. Пад сценамі, з абодвух бакоў перахода, насцілы свежых i нясвежых кветак. Выхад пад хмарнае неба ўнізе амаль запоўнены людзьмі, у большасці маладымі...

Яшчэ ў самым пачатку трагедыі, у нашай дачнай далечы, чытаючы на тэлеэкране пералік задушаных, я ў нейкім цьмяным прадчуванні спыніўся на адным прозвішчы. Прозвішчы добра знаёмага, які нейкі час быў блізкі аднаму з маіх родных. Мог бы i сёння быць блізкім, каб не развод з яго дачкой. Памятаю – мой родны любіў зяця, разрыў перажываў бы нялёгка, калі б не памёр да гэтага. I зяць любіў цесця, пра што я спачатку здагадваўся збоку, а потым яшчэ больш упэўніўся, калі гэты прасцецкі, шчыры вясковы хлапчына, змалку бязбацькавіч, з бядой сваёю прыйшоў да мяне, шукаючы развагі i палёгкі. Пасля палёгка прыйшла ў другім жанімстве, тым больш – у нараджэнні дачкі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю