355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » З людзьмі і сам-насам » Текст книги (страница 1)
З людзьмі і сам-насам
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 04:00

Текст книги "З людзьмі і сам-насам"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 14 страниц)

Annotation

Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» – своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама – цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка – роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.

Янка Брыль

Запісы і мініяцюры

Эсэ

Тры вузлы

Пераклічка

notes

1

Янка Брыль

З ЛЮДЗЬМІ I САМ-НАСАМ

Запісы, мініяцюры, эсэ

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, З людзьмі i сам-насам: Запісы, мініяцюры, эсэ, – Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. – 334 с.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Запісы і мініяцюры


Дзевяноста шосты

Калісьці Вітас Пяткявічус у інтэрв'ю «Литературной газете» гаворку закончыў тым, што, адышоўшы ад палітыкі, паедзе на сваю далёкую дачу i будзе сталярыць, «чтобы не сойти с ума».

Я адыходжу не ў сталярку, a зноў ды зноў у добрую кнігу, у працу літаратурную, якая ў мяне не які-небудзь адыходны промысел ці славутае хобі, але адзіная справа жыцця.

* * *

Пайшоўшы з паста прэзідэнта, Франсуа Мітэран хацеў заняцца любай літаратурай, аднак лес дадаў яму толькі пару месяцаў жыцця... Калі я пачуў па радыё, што ён, чалавек зусім майго пакалення, быў у нямецкім палоне, жыва ўявіліся натоўпы французаў у «маіх» шталагах II-D i ХІІІ-В, i наіўна падумалася, што сярод тых тысячаў, якіх бачыў ды чуў я, мог быць i гэты...

А тое, што ён пажадаў, каб яго пахавалі ў родным кутку, нагадала Пальчэўскага, Адамовіча, Танка...

Прэзідэнт магутнай, прыгожай краіны папрасіў, каб на апошнім развітанні з ім былі толькі родныя i найбліжэйшыя сябры.

Ёсць жа i такія інтэлігентныя кіраўнікі!..

* * *

Казімеж Машыньскі, дарэчы, настаўнік i сябар Генадзя Цітовіча, у сваёй капітальнай працы «Kultura ludowa słowian» цікава расказвае i пра зоркі, як яны ў розных славян называюцца па-рознаму.

Светла i міла згадаліся Міцкевічавы свіцязянскія «gwiazdy nad tobą i gwiazdy pod tobą»,– як яны ўспрымаліся мною, вясковым хлапчуком, упершыню. Вялікая, сапраўдная паэзія ў дзіцячай адкрытасці сэрца як быццам памнажаецца на сіле.

* * *

Бальнічная санітарка, старая дзеўка з бязвольна ціхіх, малапрыкметных руплівіцаў. Калі я сядзеў у чарзе да доктара, яна падышла, павіталася, i мы, даўно знаёмыя, трохі пагаварылі. Яна тут лавіла старэйшую медсястру пры дэрматолагу, каб спытацца ў яе, як гэта дапамагчы старому бацьку з яго пролежнямі. Нічога ж, ніякіх лекаў, каб добрых, няма. I пахаваць жа цяпер чалавека так дорага. Так яна гаварыла, i многа суму, болю было ў яе сіратлівай безвыходнасці...

A днямі прыйшло пісьмо ад сардэчнай сяброўкі, таленавітай паэтэсы, у якім яна, сама пакутніца, піша пра бацьку, якому «ўжо лес дазваляе на дзевяноста чацвёрты наверх жыцця ўзбірацца. Дзякуй Богу, што хоць i з кульбаю, але на ўласных нагах трымаецца, наш верабейка, ды галава ў яго светлая...»

Сёння, вельмі рана прачнуўшыся, успомніў i тыя пролежні, i сяброўчына пісьмо, i тое яшчэ, чаму няма меры i разумения. У тэлеперадачы «Дзікае поле» паказваўся платны кілер (на ўсё цяпер няпростыя акрэсленні), аброслы пад арыштам гарадскі юнак, які амаль зусім па-дзелавому тупа, абыякава да маральнага сэнсу справы расказваў, што яго наняла маладая жанчына забіць яе маці,– такое вырашэнне, здаецца, кватэрнага пытання. Яе па нейкіх прычынах не паказалі. A ў яго, відаць, адна бяда,– што папаўся...

* * *

У падарожжы па Гомельшчыне (для «Я з вогненнай вёскі...»), калі мы на Калеснікавым чырвоным «Масквічы» ўехалі ў Мележавы Глінішчы, нас запыніла вялізная чарада гусей. Разгегаліся, a ўцякаць ані думаюць. Тут наш Валодзя выбухнуў за рулём: «Гусей праганіце!..» А чародка жанчын, што сама разгаманілася поблізу, адказала – таксама з гонарам: «А мы вас не ведаем...»

Потым, у Мінску, Іван Паўлавіч, калі мы расказалі яму пра гэта, задаволена смяяўся, рады, здаецца, не толькі за жанчын, але i за гусей.

* * *

Вечар Улашчыка, рыхтуючыся да якога, пераглядаў па колішніх паметках на палях ягоныя «Очерки по археографии...» i «Была такая веска». Думалася, ідучы ў Дом літаратара, пра амаль пустую залу, тым

больш што сцюдзёна было, аднак аказалася – вельмі нямала тых, каму ён, Мікалай Мікалаевіч, блізкі ды цікавы.

Выступіўшы, заўсёды хочацца спытаць каго-небудзь, як у цябе атрымалася. Гэтым разам, можна сказаць, не найгорш, прынамсі, коратка. Бо сябры-літаратуразнаўцы, ды калі яны яшчэ i выкладчыкі, цягауць часамі бязлітасна. Так было i гэтым разам. A ўсё ж уражанне ад вечара ўрачыста-прыемнае – далучэнне да такой слаўнай асобы, чалавека i вучонага.

* * *

Я трохі вядомы ў маёй вельмі малавядомай у свеце краіне, i вядомасць мая, якая ёсць i якая будзе, калі яна будзе,– гэта не тое, чым трэба жыць i чым я ў асноўным жыву.

* * *

Удала паправіўшы нешта ў новым рукапісе, добра недаўмяваць: як жа гэта магло так i пайсці, без такое неабходнай праўкі?! Нават не проста добра, а радасна, на сваім месцы сябе адчуваеш, далека ад гнілі, якою пачаўся дзень, а з годнасцю.

* * *

Унучка Крапівы, мастацтвазнавец, выкладчыца, не зусім маладая жанчына, выступаючы на стагоддзі Кандрата Кандратавіча, сказала:

«Выхоўваць можна i святлом зялёнай настольнай лямпы...»

Гэта – пра тое, як яна, будучы шасцігадовай дзяўчынкай, любіла свайго дзядулю і, калі аднойчы ўвечары вельмі захацела да яго ў кабінет, цікавала праз шчыліну ў прыадчыненых дзвярах. Ён сядзеў за сваім пісьмовым сталом, для малое не проста вялікім, a вялізным, i штосьці пісаў. Яна глядзела, глядзела i зачыніла дзверы, перамагла самую сябе разумением, што дзядулю не трэба перашкаджаць.

* * *

У школе-інтэрнаце сустракаліся з дзецьмі-сіротамі, пераважна ад жывых, недастойных бацькоў Маладзейшыя сябры-пісьменнікі гутарылі з дзецьмі меншымі, што займалі першыя рады, а я ў канцы – са старшакласнікамі. Адказваючы на адно з пытанняў: які мой твор найлепш мне падабаецца, «само сказал ася»:

«Хацеў назваць «Вайну i мір», але ж успомніў, што гэта не я напісаў».

Разам са слухачамі весела засмяяўся.

* * *

Максім Гарэцкі, дадатковы, пяты том твораў, «Літаратурная крытыка i публіцыстыка».

Сярэдняя каморніцкая адукацыя. A ўся культура – ад таленту i працы над сабой. Яшчэ адно выдатнае сведчанне, як гэта важна для сапраўднага літаратара.

Перачытваецца нават крытыка, чаму, відаць, садзейнічае i прысутнасць аўтара ў яго свабодзе, хоць i няпоўнай, падыходу да роднай літаратуры. Гэтым ён мне нагадвае Юльяна Кшыжаноўскага, які ўмеў гаварыць праўду, хоць i прыкрую, i жывым ды вядомым.

Дакрананне да гэтай душы дапамагае трымацца на годным узроўні.

Бедная, родная хатка на фотаздымку i родная веска, якую мне давялося бачыць двойчы. Цяпер, успамінаючы ix да шчымоты сэрца, можна гаварыць i пра народнасць Гарэцкага, i пра здзіўляючы цуд ягонага ўзлёту на вышыні агульналюдской культуры, i пра трагедыю ды злачынства,– замучыць, замардаваць такога чалавека i літаратара на сорак пятым годзе жыцця!..

Дзеля належнай арыентацыі ў злобе нашых дзён такое трэба памятаць.

* * *

Класавае, што законна застаецца ў свядомасці,– той векавы жахлівы здзек з прыгнечанай большасці, што выклікаў пратэст, паўстанні, рэвалюцыі, здзек, з якім нельга змірыцца, i наогул, з пазіцыі чалавечнасці, i таму, што i сам ты з той большасці.

Думаў – зноў над Гарэцкім («Маленькі фельетон»), успамінаючы нядошла-пацешныя прэтэнзіі на «шляхецкія карані» ў некаторых нашых адраджэнцаў.

* * *

Чэслаў Сэнюх пераклаў «чарнобыльскія» паэмы Сяргея Законнікава, якія вось-вось павінны з'явіцца зборнікам. Ад гэтай весткі, казаў мне Чэслаў па тэлефоне, Сяргей быў «cały w skowronkach». Хораша гэта, i чую яго ўпершыню. Прыемна было сказаць нашаму добраму сябру, што чарговы раздзел з «Новай зямлі», прысланы мне, перакладзены ім выдатна, як i тры папярэднія. Няхай i Чэславу як найшчадрэй заспяваюць скаўронкі-жаўранкі варшаўскія!..

* * *

Просты, недапісаны аловак, які перазімаваў тут, на дачы, у пустой шуфлядзе стала, i зноў вось пайшоў у работу, прыемна ўбачыўся мне прыладай вытворчасці, паўнапраўнай, як гэблік, сякера, нож у іншых руках. А я ім толькі раблю паметкі на палях пазычанай мне сюды кнігі.

* * *

Адзін з указаў царыцы Елізаветы Пятроўны – наконт вызвалення з архангельскай ссылкі прыдворнага кухэн-майстра Халябны – падпісаны Елйсавет. Прыгадаўся Сабакевіч, які падсунуў Чычыкаву ў мужчынскі спіс мёртвых душ адну Елисаветъ Воробей. Гогаль не мог не ведаць «августейшего» Elisabeth, з пятроўска-нямецкім форсам; магчыма, ведаў гэта i Міхайла Сямёнавіч. Усё-такі танчэй, праўдападобней, чым —скажам так – Екатеринъ ці Пелагей!..

* * *

«Созерцая жизни великие, невольно думаешь и о своей давно прожитой и тускло догорающей ныне».

Аляксандр Чаянаў, «Венедиктов, или Достопамятные события жизни моей».

Зноў здзіўленне: якам цяргілінасць у добрых, але сціплых кніг, як яны ўмеюць чакаць чытача, які не ўмее ix заўважаць. Мяркуючы на годзе выдання, 1989-ы, кніга гэтая гадоў чатыры-пяць стаяла тут, на паліцы старое дачнай «сценкі», летавала пры людзях i зімавала без ix, у сваёй непарушнай ціхай цярплівасці.

Словы, якімі я пачаў запіс, маглі б i эпіграфам да нечага быць, a спадабаліся яны проста так сабе, дый настолькі, што падштурхнулі да старонак сшытка. Як ужо неаднойчы бывала з іншымі кнігамі.

* * *

Навокал дрэвы,– i тут, на ўзлеску, i трохі воддаль, над Нёманам,– a бусліная пара, замест дуба ці ліпы, выбрала проста слуп, пашарэлы ад слотаў ды маразоў невысокі слуп электрасеткі. Драўляны, вядома, з разгірачанымі ўпорынамі, бо стаіць ён на крутым павароце лініі дратоў, што ідуць-вісяць ад вёскі да трох гарадскіх лецішчаў

На слупе над дарогай – навалач голля, якое i звісае, i тырчыць канчарамі, а над гэтай вялізнай, непрычасанай чупрынай ужо самавіта, па-сямейнаму вытыркнуўся тонкі трохкутнік белай шыі i чырвонай дзюбы. Мусіць, у матчыным клопаце села сама гаспадыня, а гаспадар кудысьці паляцеў таксама ж не так сабе.

Каля такога дзіва, убачанага мною ўпершыню, ісці захацелася асцярожна.

Другім раннім ранкам, калі i ён, гаспадар, стаяў на ўскрайку гнязда, я не вытрымаў, павітаўся: «Здароў!» А буська ў адказ недаверліва падзюбаў паветра доўгім чырвоным вастрыём у адзін, у другі бок, яшчэ i яшчэ павагаўся, што рабіць, i ўсё-такі, нібы з натугай, замахаў прыгорблена крыламі, пашыбаваў у большую свабоду, над краем поля да ракі, за якою, ажно да пушчы на даляглядзе, адно луг ды луг.

А поле, вялікі клін паміж лесам i Нёманам, сёлета пад лёнам. Ён яшчэ толькі ўзышоў, зарунеўся. Канец мая, блакітная радасць ільнянога росквіту – наперадзе. Па-дзедаўску шчасліва думаю: калі прыедуць школьнікі-ўнукі.

Пераехаўшы з горада днямі, я так вось i пакланіўся роднай красе,– i каля дзіўнаватай буслянкі, i далей на дарозе, калі пастаяў пад разбукечанай крывуляй сасной, што адна пры дарозе ад поля, уся ў румяным ранішнім сонцы, таксама ж красуня – кронай у чыстым блакіце, а медным ствалом на фоне пяшчотнай ільняной зеляніны.

* * *

Аказваецца, i Сталін, i Гітлер у раннім юнацтве абодва спявалі – адзін у царкоўным, a другі ў касцельным хорах, маючы на гэта пэўны слых i голас. У-ми-ли-тель-но!..

* * *

Гаспадыні гадоў за шэсцьдзесят, а сама яшчэ ледзь не як кветка, i сукенка сёння ў яркіх кветках на цёмным. Хвалю, думаючы, што ёй гэта прыемна, а яна як апраўдваецца: «Старая ўжо яна ў мяне, утрупянела, у шафе вісючы!..» I пагаварылася нам прыемна, гэтым пачаўшы пагодлівы дзень, i новае слова панёс я.

* * *

«Чорт з голаду i мухі еў». А я, не абражаючы Энгельса як вучонага, спрабую ад бяскніжнасці дачытаць ягонае «Паходжанне сям'і, прыватнай уласнасці i дзяржавы». I вось жа зноў пачынаю, паралельна чытанню, сёе-тое тэматычна блізкае ўспамінаць.

У адной жанчыны было ажно тры непрыгожыя дачкі. Суседскаму дзецюку яна, удава, прапануе, вядома ж, сам-насам, узяць каторую з яе дзяўчат, а ён, з не меншай прастадушнасцю, кажа:

– Калі ж, цётка, яны ў вас такія брыдкія!..

– Ой, дарагі мой, зірні ты на ix маімі вачыма,– якія ж яны брыдкія, дзяўчаты як дзяўчаты!

Нават пашчымлівае сэрца ад такога матчынага клопату...

А вось i іншае, можна сказаць – пагодлівае, што ўспомнілася мне з мінулага суседняй вёскі.

Удавец араў удаве, а яна, як у песні пяецца, прынесла яму есці. Паселі, пагаманілі, толькі ўжо еў ён адзін. Бравы кавалерыст царскай арміі, нярослы вусач з мянушкаю Вус. А потым на мякенькай, пушыста-цёплай раллі, падаслаўшы яго каптан i яе сачок, у чыстаполіцы, пад лагодным раннеасеннім сонейкам, пад кабыліна хрупанне ды пазвоньванне цуглямі пакахаліся як мае быць, ужо не ўпершыню.

У цёткі гэтай – ажно чатыры дачкі, дзве старэйшыя, прыгожыя, тады былі ўжо замужам, яшчэ адна на дзеўку бралася, а найменшая хадзіла ў школу. I гэтыя абедзве – адразу ж відаць – таксама будуць красунямі. Па маме.

А пра каханне на раллі я што чуў, а што i ўявілася.

Вось так, геносэ Энгельс. I пойдзем з вамі далей...

* * *

Да салаўёў, шпакоў, буслоў, ластавак, зязюляў сёння я з ранняй, пустой дарогі, адтуль, дзе за дачамі злева нізкі, амаль балотны луг, а справа Неман,– першы раз сёлета дый ранавата яшчэ пачуў перапёлачку. Так ласкава, па-песеннаму i захацелася яе назваць.

А яшчэ ж i пра жораваў.

Не толькі чуў ужо ix галасы з таго самага нізкага лугу,– аднаго назіраў у палёце. I не ў тым характэрным для жораваў паэтычна-вырайным клінаванні неба, a нізка над дарогай, над краем лесу, калі я, захоплена спыніўшыся, то бачыў, то не бачыў, то зноў бачыў яго, шэра-магутнага прыгажуна, у ажурна-сетачных прасветах лісцяных ці хвойных вяршыняў. У нейкім звычайным, будзённым клопаце ён аднекуль або кудысьці спяшаўся, i гэта было для мяне незвычайна i люба.

* * *

...Старая, халодная хата i вузенькая, доўгая палоска поля – вось i ўсё, апроч мазольных рук, што было ў жанчыны-бабылькі. Асабліва востра бачыцца мне тая палоска, мікраскапічная рысачка на планеце Зямля... Хоць бы ж ужо ў адным, нерасцягнутым месцы, а зматаным у палянку быў гэты кавалачак яе апоры на белым свеце, а то ж такая тонкая, доўгая палоска. Можа, як i жаль, балючы сіроцкі жаль – на ўсё жыццё...

* * *

Хвалюе музыка, паэзія – як музыка, а добрая, з божым знакам проза таксама хвалюе – паэзіяй.

Мне прывезлі багаты том Рэя Брэдберы, i вось я чытаю «Вино из одуванчиков», i вось яно зноў: «...и пробуждается поэзия во мне!..»

З ночы неба, нарэшце, зацягнута, пачынае нібыта накрапваць кволенькі дождж. На иершай вясковай сядзібе, куды я прыйшоў, нестарая, ветлая гаспадыня папраўляла за хлявом леташні падсцілачны стажок саломы. Даў «дабрыдзень», спытаўся, каб загаварыць:

– Дажджу баіцёся?

– Ага! Яму ж ужо хочацца ісці.

Якая простая, мілая дакладнасць роднага слова!..

А дождж?

Толькі назаўтра пад раніцу, папярэдзіўшы сваё набліжэнне грувасцкімі грымотамі, на наш зялёнаціхманы закутак небывала заядла абрынулася адразу навальніца. Дождж не проста падаў зверху цяжарам кропляў – ён хвастаў адтуль чысценькай, свежай гушчай вады. З шумам, музыку якога цяжка перадаць. Як i густое, шчодра бясконцае тупаценне па шыферы над маім рабочым пакойчыкам на гарышчы.

Ды вось ён як раптоўна пачаўся, так абрывіста i закончыўся. I старая ліпа перад маім высокім акном зноў у лагодным, светлым спакоі, толькі сабе паварушвае найменшымі галінкамі ды паасобнымі лістамі.

I здаецца, што ранняя парнасць не прадвяшчае новага дажджу, а проста вільгаці стала як быццам удосталь, нават для нашай прылясной ненасытнай пясчанасці.

* * *

Бедныя шляхцюкі, Чачот i Міцкевіч, круціліся каля магнацкіх дачок, пакутліва кахалі, адзін Зосю Малеўскую, другі Марылю Верашчаку, тыя любілі ix вершы, бавіліся іхнімі залётамі, а замуж павыходзілі за сваю раўню. Ажно мне прыкра ад гэтага, пра што гаварыў калісьці на адпаведным выступленні ў Доме літаратара, а сёння, каля стэнда ў Карэліцкім музеі, сказаў такое маладзейшаму сябру. I ён адказаў, што, можа, Марылю бацькі не пускалі за Адама таму, што «паўжыдак»? Кажучы грубавата, але ж па-народнаму блізка да праўды. А памагнацку – chudopachołek – чалавек нізкага паходжання, пра што я падумаў пазней.

* * *

Калі мне было i шэсцьдзесят, i пяцьдзесят, я рабіў штосьці як на адчэпнае, як прыблізнае,– такое было адчуванне...

Падумаў так, чытаючы Брэдберы, успомніўшы той час, калі мы летавалі ў вёсцы ў гаспадара i я пісаў «Гіпноз», «А-я-я-яй!», «Сумленніцу», вёў запісы. A быў жа мой час i ранейшы, i пазнейшы, i было ў кожным часе сваё прыблізнае, з чаго i складаецца творчы набытак,– не той, якога спачатку хацелася.

* * *

...Зноў Лермантаў:

...Глубокая еще дымилась рана,

по капле кровь точилася моя.

«Дымилась», «точилася» – i так, i так добра, натуральна.

А вось у Коласа мяне раздражняе ягонае «ўхадзілась», «варушылась»,– так i хочацца натуральнага ў нашай мове «ўхадзілася», «варушылася», «азвалася» – такога поўнагалосся, ці як тут сказаць...

* * *

На Чачотавым свяце ў ягоных Малюшычах, на вялізнай зялёнай паляне за вёскай.

Я сядзеў на першай лаўцы перад эстрадай, а яна, маладзенькая, у нацыянальным уборы, збегла са сцэны i нахілілася да майго твару, i – праз яе духмяна-цёплую задыханасць ды праз хвацкую музыку вясковага аркестра, пад які яна толькі што спявала ў гуртку таксама гарэзлівых сябровак,– стала запрашаць мяне на танец. Пачаў апраўдвацца хворымі нагамі, а сам міжволі, як быццам i просячы прабачэння, прылажыўся да яе свежанькай шчакі.

А дома, прачнуўшыся рана, стаў ныць i над такім яшчэ старэчым смешным грахом.

На лаўцы той я быў, вядома, не адзін, i яна збегла са сцэны не адна,– дзяўчаты ўзялі сабе з публікі кавалераў, у тым ліку i «мая», i ў чатыры пары, зайздросна закружыліся ў вальсе па нізка-зялёнай траве.

А потым зноў на сцэну, каб паспяваць яшчэ i саступіць пляцоўку іншаму ансамблю, якіх сабралася вельмі нямала.

* * *

Пасля артыкула Змітра Бугаёва ў майскім «Полым!» пра раманы Лынькова i Крапівы папрасіў прывезці мне з Мінска толькі «Мядзведзічы»,– захацелася аржанога хлеба. Лынькоў раздражняе сваімі саладжавымі інверсіямі, a ў Крапівы ўсё строга, натуральна, вобразна без падпявання. Мова вёскі блізкая да нашай, хоць ты й Уздзеншчыну далучай да Наваградчыны, з прыемнасцю ўспамінаючы, як гэта Смоліч у сваёй геаграфіі кажа, што іменна Наваградчына ды Случчына – галоўная база, аснова беларускай літаратурнай мовы... Не дакладна прыгадваецца, але па сэнсе ў яго так. I фальклор мядзведзіцкі (чытай нізкоўскі) блізкі да нашага загорскага.

За выключэннем некаторых сцэнаў,– асабліва сваркі ў хаце Верамейчыкаў—раман перачытваўся... не, чытаўся праз паўстагоддзя як штосьці новае. Значыцца, можна гэтую прозу аднесці да тое, якая перачытваецца? – спытаюся з прыемнасцю. Такімі кавалкамі не кідаюцца, асабліва пры нашай усё ж такі беднасці.

* * *

I мілая, i разумная, i паважаная. Так што не выпадае, ну, зусім не выпадае, неяк няёмка думаць пра аголенасць пад сціплай, але спраўнай вопраткай або лягчэйшым адзеннем. Тое ўсё – толькі камусьці аднаму, у поўным інтыме i назаўсёды.

* * *

Святасць жаласці, шкадавання. Усіх, бо ўсе, калі глыбей разабрацца, незразумела i безнадзейна няшчасныя.

Сяды-тады такое вяртаецца да мяне, як балючае шчасце.

Можа, гэта i ёсць тое асноўнае: «Любіце адзін аднаго»?..

* * *

Мая парэчка пакуль што абсыхае на кустах, а я чытаю. Брэдберы, апавяданне «Нескончаемый дождь». Без выбару, а на чым спыніўся дзён некалькі таму назад, залажыўшы ў патрэбным месцы агрызак алоўка.

Адчайная фантастыка, бясконцас шлёпанне пад дажджом не дзе-небудзь, а на Венеры, i раптам – такое зямное, блізкае, што ажно я, як ад радасці, засмяяўся: «...дождь, в котором тонут все другие дожди и воспоминания о дождях».

* * *

Нават у такой ідылічнай глухамані, як наша, не схаваешся ад жахаў сучаснасці.

Днямі мне расказалі, што той вусаценькі «незаконны» сын нашага партызана i хутаранскай цёткі, які так хораша вытанцоўваў на «свяце вёскі», ужо задушаны ў сваёй мінскай кватэры. Хутчэй за ўсё сябрамі, якія ведалі, што ў яго з'явіліся «вялікія грошы» на нейкую пакупку.

А яшчэ праз два дні другая хутаранка пахвалілася, калі я зайшоў, што ў нядзелю да яе ca Стоўбцаў прыязджалі сын i ўнучка. Яна, артыстачка, толькі выбрала клубніцы, а ён, шафёр грузавіка, i падлогу, i бялізну ёй памыў, i яшчэ сёе-тое зрабіў за нямоглую маму, але даўжэй пабыць не змог, бо ў сябра ягонага – пахаванне. Два юначкі запрасілі яго чатырнаццацігадовую, адзіную дачку на матацыкл, на штосьці там наскочылі, зубаскалячы, самі абодва жывыя, а яна – насмерць...

Столькі такога i страшнейшага, i без вайны, а боль адчуваюць толькі родныя, у каго яны ёсць, а збоку, водцаль мы толькі гаворым пра страшнае, як рэгіструючы яго, ведучы бясконцы, як той дождж на Венеры, падлік складаемых усяленскага адзічэння...

* * *

Свята ў Ініцы.

На загладжана-ўтравянелым котлішчы колішняй хаты, дзе нарадзіўся Уладзіслаў Паўлюкоўскі, привезены ды пастаўлены валун з зубрыным профілем i на ім умацавана мемарыяльная дошка.

I тут мне, як два тыдні таму назад у Карэлічах, на адкрыцці помніка Яну Чачоту, выпаў гонар i адкрываць, i прамаўляць пра яшчэ аднаго славутага земляка.

Два зборнічкі вершаў Улада Ініцкага, «Клім бабаю» i «Сон Гаўрылы», трапіліся мне ўлетку 1934-га, а цяпер, выступаючы, нават прысвячэнне на адным з ix працытаваў па памяці:

Вам, браты мае й сястрыцы,

Дробнай шляхце, як з Ініцы,

Так з ваколіцаў Міра,

I ўсім тым, каго зямля

Беларуская трымае,

Гэту кніжку прысвячае

Аўтар.


Прыемны ўспамін сенавання ў тым далёкім годзе, дні, якія праходзілі з паэзіяй Ініцкага, з паэзіяй блізкага зямляцтва, з прадчуваннем i майго творчага шчасця. Хоць я, калі гаварыць усё, бачыў i слабасць гэтай паэзіі ў параўнанні з тою, якую я ўжо ведаў – рускую, польскую, родную.

А самога Уладзіслава Міхайлавіча (як ён па бацьку, мне падказалі яго гарадскія пляменніцы) бліжэй, паўней пазналася якраз там, у Ініцы, з дзіцячых захопленых дэкламацыяў, з выступленняў i пажылой настаўніцы, i адной з пляменніц гэтага «паэта, перакладчыка, этнографа i мастака», 100-годдзе якога віленскія беларусы, на сорам Саюзу пісьменнікаў, адзначылі, як i належалася, летась. Абтрапанае фота дваццацітрохгадовага ў 1918 годзе прапаршчыка з мярлушкавай папахай, шабляй i недарослымі вусамі, а таксама з дарчым надпісам швагру, з падтэкстам у агульнавядомых словах «судьба играет человеком», паказала мне ўсё тая ж найбайчэйшая пляменніца-мінчанка. А судьба з гэтым чалавекам, трэба сказаць, добра-такі наигралась,– ордэн Чырвонага Сцяга ў грамадзянскую вайну, за што пілсудчыкі не даравалі яму ў канцы 20-х, пасадзіўшы на Лукішкі, a ў канцы 30-х – у Картуз-Бярозу, а пасля яшчэ аднаго вызвалення Вільні, у палавіне 40-х, у савецкі лагер, вызвалены з якога сконам Сталіна гэты яшчэ адзін наш пакутнік патрываў зусім нядоўга...

Ініца – вёсачка на дваццаць двароў, сядзібы на адным баку вуліцы, a другі бок зялёны, з рачулкай пад высокімі дрэвамі,– таксама Ініца, якая ўпадае ў Нёман з левага боку.

А на правым – больш вядомая веска больш вядомага Уладзіслава – Жукаў Барок i валуны на месцы колішняга Сыракомлевага Залучча...

Вось так яно з учарашнім святам, ад карэліцкамалюшыцкага, Чачотавага, адрозным большай свежасцю разгадкі яшчэ адной з'явы ў гісторыі нашай культуры.

Падараваны мне каравай на вышываным ручніку, вялізны ды з рознымі аздобамі, сіламі траіх унукаў будзе асвоены з сырадоем, як толькі яны прачнуцца.

Смачна пякуцца гэтыя караваі, як маміны велікодныя бабкі. У ініцкіх «дробных шляхцянак» вельмі смачныя i пернікі, якіх нанеслі яны на канцэрт «адна перад адной» i раздавалі на доўгіх лаўках гасцям. Пакуль дождж не прагнаў нас у вялікі клуб не тут, а ў суседняй вёсцы.

* * *

На пахаванне Віткі не па сваей віне спазніўся прыехаць. Увечары таго ж дня, выказваючы Наташы, ягонай дачцэ, спачуванне, пачаў з таго, што вось упершыню не папрашу яе паклікаць да тэлефона бацьку, а ён не падыдзе, i мы не пагаворым, амаль заўсёды талкова i з лёгкасцю на душы пасля развітання...

I Даніла ўжо мне не пазвоніць, каб запрасіць на яшчэ адно нейкае музейнае мерапрыемства або з просьбай паслухаць па радыё ці паглядзець па тэлевізары штосьці ягонае. Нешта перад маім ад'ездам у вёску, ці ў канцы красавіка, ці ў пачатку мая, ён званіў мне з прапановай паўдзельнічаць... ужо i не памятаю, у чым, i я адмовіўся ад'ездам. А пад канец чэрвеня, яшчэ не пачуўшы ад стаўбцоўскіх сяброў, што Даніла Канстанцінавіч у бальніцы i на адыходзе, выпадкова паслухаў па радыё яго выступление пра малодшага брата Юрку, які загінуў на фронце пад канец 1941-га.

Выступаючы на паніхідзе, я гаварыў пра тое, як ён, i знешне пад старасць усё больш падобны да дзядзькі Якуба ў яго апошнія гады, добра настройваў i мяне на коласаўскі лад, уводзіў у атмасферу бацькавай творчасці, сам заўсёды спаважны, ураўнаважаны, прыязны – заўсёды i ўсюды, у музеі, дома ў яго, у Доме літаратара, дзе мы сустракалі яго як брата, за адных маладзейшага, другім аднагодка, а маладым i старэйшага. Апошні раз мы сустрэліся тады, калі ў музеі адзначалася стагоддзе Крапівы, i мы з Васілём Зуёнкам зайшлі пасля да хворага Данілы. Ужо зусім слабы, мала ходзячы i па хаце, ён усё ж падзяліўся з намі, над чым працуе, а потым, за так прывычна i для мяне гасцінным сталом i чарачку ўзяў, i гутарыў весела...

Праводзілі яго з музея, якому ён аддаў столькі душы, шматлюдна было i ўрачыста. ...За два дні – двух...

* * *

«Цыбуля ў мяне сёлета вельмі добрая. Як мае кулакі. Зяць паважыў адну, дык чатырыста пяцьдзесят грамаў!..»

«Відаць, гною многа даяце?»

«Ды не, гэта яна зямлю палюбіла!..»

Як i сама гаспадыня.

* * *

«Поэтом можешь ты не быть...»

Калі ён, Някрасаў, мог i не быць, a ў многім i не быў, дык былі ж, i ёсць, i будуць такія, што не быць паэтамі не могуць.

Ці не ў савецкі час гэтыя словы былі ўзяты на ўзбраенне сацрэалізму, так падкрэслена ды назойліва ўздымаліся ды паўтараліся? А як было з імі раней?

* * *

Яна была шчаслівая, знаёмячы мяне са сваім сынам-юнаком, i ад гэтага шчасця, як убачылася мне, выразна папрыгажэла. Красою матчынага шчасця.

I трэба ёй будзе гэта сказаць.

* * *

Стары Шэлест, колішні галава Украіны, пытаецца ў артыста Ланавога, адкуль ён, таленавіты зямлякукраінец. «З-пад Вінніцы».– «Там у вас добрыя буракі!..»

Калі б мяне хто спытаўся пра тыя мясціны, я мог бы згадаць сваё, што ўспомнілася над газетай. «Вінніца? Ведаю, быў». Не проста ўспомнілася, але адчулася цяжарам i пахам i прадчуваннем раскошы вялізная дыня на маіх каленях. Абапал асфальту цудоўная пшаніца, асфальт роўненькі, гонкі, аднак яна, дыня, чамусьці гучна лопнула i раскалолася, не дачакаўшыся свайго часу. I трэба было кроіць вялікія лусты, частавацца i ў нашай машыне, з шафёрам, з маёю Нінай i Алесем Адамовічам, і, спыніўшыся, у другой, дзе Валодзя i Зося Калеснікі.

Наша цудоўнае падарожжа, ужо вяртанне з Закарпацця. Трыццаць гадоў таму назад – як у казцы?..

* * *

Уся дробная i драбнейшая проза, бядота, цемра жыцця з мноствам людзей, зблізку ўбачаных, уведаных табою ў сваёй – без віны ці з нейкай доляй іхняй віны – беспрасветнасці, усе тыя цёткі i дзядзькі, што жылі-мадзелі i сышлі ў невядомасць – даруй, Божа,– нібы плесень ці мох-лішай, які можна сцерці, як з валуна, з глоба Зямлі, каб стала на далейшае чысцей. Якая грэшная думка!.. А я ж i святасць іхнюю бачыў, памятаю, стараўся запісаць...

* * *

Бог долі не дае —

Ніхто замуж не бярэ!..

Як хораша народ абыходзіцца без рыфмавання. Ад мамы чутае – ці то з песні, ці то з роздуму толькі. А мне гэта ў пачатак полькі добра ўкладалася, успамінаючы маладзенькіх дзяўчат, захопленых у танцы.

* * *

Па радыё, у выкананні Шырмавай капэлы:

«Святый Боже, святый крепкий, святый бессмертный– помилуй нас!..»

Уявіўся натоўп гарадскіх навабранцаў, нейчых, у нейкіх сем'ях – хлопчыкаў, якім праз год будзе i наш Міша, унук. З мамінымі клункамі яны i з сумам ці адчаем на тварах.

Як тыя, якіх дзесяткамі, сотнямі б'юць штодзённа ў Чачні...

* * *

Пры Польшчы. Мірскі суддзя Рассудоўскі (нібы псеўданім, а не сапраўднае прозвішча), пра якога весела гаварылася ў нашым Загоры. На адным судзе ў яго, як на спектаклі, пабыў аднойчы i я. Спецыяльна зайшоў з кірмашу.

– Ты што ж гэта – дзіця ёй прыжыў, а замуж не бярэш?

Адказчык у хромавых ботах, дый сам фартовы дзяцюк. А яна, што падала на суд, ужо i абабілася ў такім клопаце ды ганьбе.

– Чаму гэта не бяру, пане сэндзя пакою? Бяру!

– Aгa, бярэш! Як цяпер, перад панам сэндзяй, дык ты бярэш, на судзе. А потым будзе зноў...

Дзябёлы, вусаты, з добрай беларускай мовай пан сэндзя пакою вырашае справу як мудры міратворац:

– Ідзі, брат, ды бяры яе. Любіліся дагэтуль, дык любіцеся i далей... Кто там настэмпны?

Апошняя фраза на мове службовай.

Другая судовая справа, пра якую мне ўжо ў вёсцы весела расказалі, пачалася таксама з пытання, яшчэ карацейшага:

– Ну што, украў гусака?

I няма ўжо тым часам у каго спытацца пра таго, хто мне нагадвае нечым i Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, i Мельхіёра Ваньковіча...

* * *

Ман, «Доктар Фаўстус».

Свабода ў мастацкай павольнасці, поўным праве гаварыць грунтоўна i няспешна, што я рассмакаваў яшчэ ў «Іосіфе i яго братах». Гавару як хачу, i нікуды вы не дзенецеся, будзеце слухаць мяне, плысці са мною, куды я хачу.

Мне прыемна i тое, чытаючы, што помніцца i дом Будэнброкаў у Любэку, i дом ягоны ў Нідзе... Добра таму, хто назапасіў трохі ўражанняў!..

Не-не дый любуюся Сёмухавымі моўнымі знаходкамі ў гэтым вельмі нялёгкім, пра што ён i сам гаварыў, дадаўшы, «але ж i вельмі цікавым» перакладзе.

* * *

Сёння ўжо ў мяне пісьменніцкага звання не адбярэш, што зроблена мною – зроблена. A толькі вось зноў я жыва адчуў той балючы страх, які наведваў мяне ў самым пачатку юнацтва,– страх, што без літаратуры, без майго ў ёй удзелу, я – нішто... Чаму ж мне i сёння стала так горка i страшна, як быццам зноў у мяне анічога няма, нават надзеі, як у пачатку?..

* * *

Выступіў з добрым артыкулам, у подпісе пад ім для падмацунку абвесіўшы сваё імя цэлым абярэмкам званняў ды прэміяў.

* * *

Самюэль Джонсан:

«Я ніколі не адчуваў жадання пагутарыць з чалавекам, які напісаў больш, чым прачытаў».

* * *

Самы пачатак кастрычніка, некалькі начных прымаразкаў – i ўжо не толькі наша ліпа пасыпалася так хутка пажаўцелай лістотай, але i прыдарожны дуб, што найбліжэйшы нам успамінамі пра знойдзеныя пад ім баравікі, таксама неўпрыцям азалаціўся.

Жонка неяк сказала, што, каб яна была пісьменніцай,– ой, як хораша напісала б пра свае адчуванні ў лесе!..

Я таксама хацеў бы гэтага шчасця. A толькі ўспамінаю, як яно ў мяне бывала.

* * *

Гэта лянота, старэчая немач ці проста добра памаўчаць, падумаць, падрамаць?..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю