Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"
Автор книги: Валерый Гапееў
Жанр:
Детская проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 14 страниц)
Але спачатку я апавёў пра маці. Ядвіся маўчала колькі крокаў. Мы акурат ішлі старымі прысадамі, ёсць у нас у горадзе адны такія – цудоўна там, асабліва восенню. Ну, мне цудоўна, Ядвісю дык, бачна, прысады не надта ўражвалі. Але ж яна – лелька, матылёк вясновы.Тут бярозы з аднаго боку, клёны – з другога. То лісця гэтак насыпае! Як няма дажджу, яно шоргае пад нагамі, узлятае, вось як цяпер. Тратуар тут нечакана шырокі, увесь жоўта-чырвоны.
– Вы, хлопцы, думаеце. думкі ў вас, бы гэтыя прысады, – прамыя і роўныя. Вам каб усё было проста і па пальчыках пералічыць, – нечакана з засмучэннем сказала Ядвіся.
– А як думаць? – шчыра здзівіўся я.
– Як? – дзяўчына пакруціла галавой па баках, здаецца, нешта знайшла для сябе, бо ўсміхнулася, спынілася ля бярозы. – Бачыш бярозу?
– Ну, не сляпы.
– Дык глядзі, колькі сучча тоўстага, колькі галін – і ўсе з аднаго камля! Разумееш, я да чаго? Ад аднаго камля да любой галінкі патрапіць можна, а з кожнай галінкі – да аднаго камля!
– І што? – не разумеў я.
– А тое! У нечым адным можа быць сотня прычын!
– Я і без цябе ведаю, – захацелася пакрыўдзіцца мне: я не дурань, каб такіх простых рэчаў не ведаць.
– А калі так, то скажы: як твая маці казала, што адналюбка, каго мела на ўвазе?
– Дык жа. замужам яна была.
– А ты не думаў пра тое, што цяперашні яе мужчына і ёсць той, каго твая маці кахала ўсё жыццё? А замуж не пайшла за яго – дык сотні прычын бываюць! Ну? Уключы фантазію!
Я разгубіўся, ашаломлена паглядзеў на Ядвісю. І насамрэч маці ж не казала, што яна адналюбка ў дачыненні да бацькі! А чаму тады раней яна не магла быць з гэтым мужчынам? Вунь жа колькі часу прамінула, як бацька прызнаны невядома дзе адсутным?
– Чаму, чаму. А як у яго – сям'я, тваёй маці лезці ды разбіваць яе?
– А цяпер?
– А цяпер ідзі да д'ябла, Кір. Адкуль я ведаю, як насамрэч? Хочаш, дык пытайся, але – яно табе трэба?
– Мабыць, не, – згадзіўся я ў задуменні. – Вось жа, дарослыя людзі, а не могуць уладкаваць свае справы.
– Ну-ну, уладкавальнік, паглядзім, як ты сваім дасі рады, – нязлосна пакпіла Ядвіся.
– Слухай. Помніш, ты казала, даўно, што мяне мой бацька любіць.
– Казала і паўтару! Тое на тваёй руцэ. Што, бацька твой недзе знік? Ты прабач, а калі ён, той, што знік, не твой бацька? А калі той мужчына, які вось стане мужам тваёй маці і, значыць, тваім бацькам, будзе цябе любіць?
Ядвіся літаральна адправіла мяне ў накаўт. І я пераключыўся на іншае, бо ў галаве аж гудзела ад неспадзяваных думак. Потым, пасля.
– Слухай, а вось наш гісторык на цябе зуб не вострыць, не разумею. Іншых бы ён з'еў ужо, а ў цябе – няблага. Нашаптала на яго? – пераскочыў я на іншую тэму.
– Не магу я шаптаць, калі мне тое трэба, а толькі калі іншым, ды пільна, ды неадкладна, – з уздыхам адказала Ядвіся. – А да Швондзера я назаўтра падышла і павінілася.
– Ты павінілася? Прасіла прабачэння? – не паверыў я.
– Прасіла. Бо вінаватая. Сарвалася. Нельга дзецьмі папікаць бацькоў. Ці дзяцей бацькамі. Ведаеш. А ён дзядзька разумны і. верыць ён у тое, што кажа. Вось заўважыла: дарослыя жадаюць аднаго, апавядаюць пра другое, а робяць трэцяе. Ты паназірай – сам пабачыш. Мне мама даўно пра тое казала. Але ж хоць і ведаеш, сарвешся. жыццё такое, Кір.
Прысады былі доўгія, мы апынуліся якраз пасярэдзіне. Лісце з дрэў ужо амаль усё абляцела, але ўсё адно выдавала на тое, як быццам мы стаім усярэдзіне тунэля: голыя галіны бяроз і клёнаў спляталіся над намі ў небе, было бязлюдна і ціха, адно зрэдку па шашы, адгароджанай ад нас слупамі клёнаў, праносіліся машыны. Мы ішлі, зноў, як некалі, ўзяўшыся за рукі, Ядвіся пацепвала плячыма – ёй было няўтульна, але яна трывала, не прыспешвала, я разумеў – дзеля мяне, і перахопліваў пальцы яе рукі, каб уся яе далонька была ў маёй, каб было цёпла яе руцэ.
– А наконт Уладзі, ведаеш, вось як скажу: вы, хлопцы, бездапаможныя слепакі, – казала мне з асуджэннем Ядвіся. – Уладзя, Уладзя. Знайшоў сабе быў аб'ект для кахання, закахаўся, і ўсё – я такі, шкадуйце мяне, я бедны закаханы! Ага! Не закаханы, а самазакаханы. У яго Настачка Базан з першага класа закаханая – ён і не бачыць! Яна яму штогод на дзень народзінаў – паштоўку, на дзень закаханых – паштоўку, пры любой нагодзе, калі можна, – паштоўку, а ён іх проста выкідваў! Хоць бы раз задумаўся, зацікавіўся: хто ж гэтулькі гадоў піша такія цёплыя пажаданні, зычыць шчасця табе, табе, які безнадзейна закаханы ў іншую і свету праз яе не бачыць? Так, я ведаю, мне расказала Настачка. І як пад бальніцай, тады здарылася бяда з Уладзем, прастойвала, як перадавала яму цукеркі. Дык я ёй не проста параіла, а літаральна вымусіла: досыць саромецца! Вазьмі і пакажы яму, што ён табе неабыякавы! І не ў «Кантакціку» напішы, а справай! Проста пабудзь побач! Не дурань жа ён зусім, вочы ж у яго расплюшчыліся, павінен пабачыць. Пабачыў. Дык то Уладзя, ён – разумнічак, ён усё заўважае. А іншыя.
– І я – сляпы? – невядома чаго расхваляваўся я.
– І ты. – сумна кіўнула Ядвіся. – Прабач. Мне вельмі няўтульна. Дом мой вунь. Не праводзь далей, бяжы, табе так бліжэй. Даруй за сёння.
Яна вызваліла сваю далонь і нечакана кранулася пальцамі маёй шчакі.
– Вочы ва ўсіх расплюшчваюцца, не перажывай.
Маці не было дома, яна пакінула цыдулку на лядоўні – затрымаецца. І гэта было добра. А то б мы пасварыліся, ці я б нахаміў без дай прычыны. Унутры мяне віравала незразумелая злосць, мяне раздражняла ўсё вакол сябе і я сам. Упершыню глядзеў свой серыял і раптам як ніколі востра адчуў: на экране не сапраўдныя людзі, то – артысты! Нічога сапраўднага там няма! Нідзе нічога сапраўднага! Жадаем – адно, кажам – другое, робім – трэцяе!
.Праз тыдзень мы зразумелі, чаму Віялета так дэманстрацыйна аплаціла Ромку Макару зробленую на яе замову работу. На вялікім перапынку мы хутка справіліся ў сталоўцы (есці прасяную кашу з рыбнымі катлетамі ні ў каго жадання не ўзнікла, таму абышліся кампотам з булачкай) і стаялі ля акна: Ядвіся, я, Юрась і Ромка. Уладзя падляцеў з такім тварам, ажно Ядвіся спалохалася.
– Тая сцерва хоча скрасці! – усяго і змог выгукнуць ён.
– Уладзя, як на цябе непадобна! – упікнула яго Ядвіся. – Ты самы выхаваны хлопчык з гэтага асяродка аболтусаў! Як можна?
– Якая сцерва? Што скрасці? – перапытаў я хутка, устрывожаны, бо ніяк з галавы не ішлі словы Віялеты пра абавязковы разлік з усімі.
І Уладзя стаў расказваць тое, пра што яму апавяла колькі хвілін таму Настачка. Так супала, яе маці сябруе з жанчынай, а тая працуе прыбіральшчыцай у доме культуры, дзе зараз праводзяць рэпетыцыі будучыя канкурсанткі «Міс Восень». Дык вось, зазірнула яна пазаўчора ўвечары да суседкі і пачала расказваць: а ў доме культуры будуць ставіць тое кіно, якое мы з табой глядзелі, дзе твая дачка гэтак бессаромна абдымаецца з другой дзяўчынай (Ромка даў нам скапіраваць фільм пад самае чэснае слова не выкладаць яго ў сацсеткі). Гамонку пачула Настачка і стала выпытваць падрабязнасці. А цётка як цётка, хіба яна можа толкам патлумачыць? Тады назаўтра Настачка пайшла дапамагаць цётцы прыбірацца ў доме культуры, хадзіла там з анучай і насамрэч пабачыла: там сапраўды ставяць наш фільм! Ну, хай сабе трохі па-іншаму, але ідэя – наша! У галоўнай ролі – Віялета, як жа іначай! Яна сустракае хлопца (Віктара Марыноўскага!), далей – расстанне, усё, як у нас: пошукі, субкультуры, вуліцы. І галоўнае, галоўнае: гучыць рэп Стася! У іх ёсць арыгінальны запіс, яны пракручвалі яго некалькі разоў. Зараз яны падганяюць сцэнкі пад словы песні, а далей запланавана, як зразумела Наста, палову слоў будзе спяваць Віялета, палову – Віктар.
Мы маўчалі, збянтэжаныя пачутым. І тады я сказаў:
– А ўсе бачылі, як Ромка прадаў нешта Віялеце.
На мяне паглядзелі, як на чалавека, ад якога раптоўна засмуродзіла.
– Спакойна, я проста патлумачыў сам сабе тую дэманстрацыйную аплату Віялеты табе, Ромка, за нейкую зробленую работу. Давайце без наездаў, але падумайце самі: так усё выглядала збоку. Ніхто не зазіраў у файл, скінуты Ромкам Віялеце.
– Ты паўдурак! – псіхануў Ромка. – Кожны мог запісаць гук фільма падчас першага прагляду!
– Не псіхуй, Рома, – заўважыў памяркоўна Юрась. – Цябе ніхто не вінаваціць у нейкім. злачынстве. Той рэдкі выпадак, калі Кір кажа слушна: абстаўлена было прыгожа. Віялета зараз закоціць вочкі, як ад яе нешта патрабаваць. І я так разумею, за ідэю нашага фільма там схапіліся вельмі ўчэпіста, бач, аддалі нашай красуне гэтулькі часу.
– Дык што рабіць? – адчайна амаль закрычаў Ромка. – Прыём фільмаў з пачатку снежня! У камісіі будзе палова з тых, хто судзіць конкурс прыгажосці, і сам старшыня. Нас абвінавацяць у плагіяце, на горшы выпадак, а самы лёгкі варыянт – не заўважаць, бо будзе паўтор, не будзе навізны!
– І куды мы гналі?
– Мы проста працавалі! Я сам не чакаў таго азарту, задзёру, з якім мы здымалі фільм. Думаў, расцягнецца на месяцы два, найменш.
– Ісці да арганізатараў гэтых і патрабаваць адмены нумара Віялеты, – рашуча выказаўся Уладзя, нават акуляры зняў.
Мы маўчалі ў адказ, бо разумелі – не выйсце. Канечне, схадзіць можна, мо і трэба. для падтрымання свайго сумлення ў стане чысціні новай бялізны, але ж сэнсу? Бо нас могуць проста паслаць, хай сабе Ромка і дастане апошні козыр з рукава – пакажа гатовы фільм. Чаго прыперліся, скажуць там. Мы ставім сваё.
– Не ўздымайце кіпеш, – гледзячы некуды ў тунэль калідора, па якім лёталі першакласнікі, загадкава прамовіла Ядвіся. – Кажу на поўным сур'ёзе: не рабіце нічога. І мы нічога не чулі. Уладзя, супакой Настачку, скажы, хай не пераймаецца. Забыліся. Усё зробіцца так, як патрэбна.
– Як зробіцца, Ядзя!? – усклікнуў Ромка, а тая ў адказ узяла яго руку, павярнула ўгару далоняй, правяла па ёй сваімі пальцамі, мякка націскаючы, быццам хацела зацерці нешта нябачнае:
– Усё будзе добра. Павер мне, – і зірнула ў вочы, а пасля звярнулася да нас: – Паўтару: ніякіх разборак, ніякага кіпешу цяпер. Хай рыхтуецца наша прыгажуня. Я вам абяцаю – усё будзе добра. Ну?
Мы маўчалі. Хацелася запярэчыць: што зробіш ты, адна, дзяўчына, тут нас – чацвёра, і мы пакуль разгубленыя? А ты прыдумала? Я паўтарыў пытанне ўголас.
– Кір, не буду казаць. Прыйдзе час – і ты, і ўсе будзеце мець магчымасць упэўніцца. Паверце мне, калі ласка. Ну?
– Веру, Ядзя, – першым ажыў Ромка, стаяў, цёр сваю далонь, якую хвіліну таму пагладжвала Ядвіся, нібы там свярбела ці пякло. – Зрэшты, як ужо будзе. Прынамсі, важна рабіць сваё, рабіць сумленна. А час.
– Час не судзіць, Ромка, судзяць людзі, – перапыніў яго Юрась, усё роўна як ведаў: вось зараз Ромка абавязкова павінен сказаць: «Час пакажа, хто чаго варты». – Час усяго іншы раз паказвае, як людзі памыляюцца.
– Не спрачайцеся, хлопчыкі, – паспрабавала суцішыць іх Ядвіся. – Зірніце, вунь першы снег.
З нашага акна быў відаць наш невялікі школьны сад у два дзясяткі крываватых старых яблынь. Іх ужо які год намерваліся зрэзаць ды пасадзіць новыя, але ці то шкада было (яны квітнелі штогод, увесну велічныя копы белай квецені вабілі позіркі і надавалі святочнасці школе, давалі шмат яблыкаў, кампот з іх мы пілі ўвесь год, і ён быў, бадай, найсмачнейшым з усяго, што мы атрымлівалі ў сталоўцы), ці то грошай не было ў дырэктаркі, каб купіць новыя саджанцы. Ды якіх яшчэ купіць? Здаецца, гады тры ці болей таму нешта садзілі, зараз яны вунь, стаяць асобным шэрагам – рахітычныя недарэкі, і не цвітуць толкам, і яблыкаў з іх – першакласнікам не паласавацца...
Сад стаяў цяпер голы, і было нешта жудаснае ў малюнку зверху: на тле рудой травы купы чорнага павуціння сукоў і галін. І вось на гэту абстракцыю падаў нечакана густы снег – хмара прыпынілася над школай, з яе сыпаліся і ляцелі долу мільярды сняжынак. Ужо дзе-нідзе забялелі выспачкі на рудой паверхні, і сад спакваля святлеў, весялеў.
– Ты ж лелька, хіба табе падабаецца снег і маразы? – з лёгкім здзіўленнем спытаўся я.
– Сняжынкі, як і матылі, жывуць у палёце, у рукі схопіш – гінуць, – не адрываючы позірк ад падаючага снегу, адказала Ядвіся.
У класе пасля здымак фільма было сумна, кожны быў заняты сваімі прусакамі. Мінула два тыдні, набліжаўся той восеньскі баль, Віялета прапускала шмат урокаў – у яе былі рэпетыцыі, яе адпускалі без пытанняў. Мы не загаворвалі болей на тэму скрадзенай ідэі і песні, Ядвіся была заўсёднай, не было відаць, каб яна перажывала за нешта. Гэта пачало раздражняць. Кралі ж не проста нашу ідэю – кралі нашу працу. Мы з Ядвісяй былі першыя, то для мяне пісаў Стась свой верш, то я першым блукаў па горадзе і шукаў яе, Ядвісіны, вочы. І вось зараз Віктар будзе не ў фільме, а на вялікай сцэне хадзіць і спяваць, яму будуць пляскаць у ладкі сотні гледачоў...
Была серада, на пятніцу, мы ўжо ведалі, Віялета і Віктар адпрасіліся з заняткаў – у іх генеральная рэпетыцыя, бо ў суботу – восеньскі баль. І я не стрываў:
– Ядвіся. калі ў цябе нічога не прыдумваецца, дык кажы зараз. Бо будзе позна!
Яна зірнула здзіўлена, уздыхнула:
– Кір. Я ніколі не забываю сваіх абяцанняў. Я думала, ты мне верыш...
– Ды веру я табе! Проста ты маўчыш, маўчыш, нічога не робіш. А праз два дні – фініта ля камедыя! Я шукаў цябе, ты шукала мяне, для нас пісаў Стась! Як падумаю: Віялета будзе там. А Віктар будзе прамаўляць тыя словы, дык.
– Супакойся, халерык! Вось жа не думала, што ты такі гарачы, – Ядвіся са шчырым здзіўленнем узняла бровы. – Мяне таксама сітуацыя ў шал уводзіць. А каб ты не шалеў, ведай: усё ўжо прадумана, заўтра будзь разумнічкам, ты мне спатрэбішся.
– Раскажы!
– Маўчы і будзь хітрым, – спыніла мяне Ядвіся. – Усё будзе добра.
Другім урокам у чацвер была фізкультура. Фізрук (мужчына гадоў за сорак, некалі вядомы ў горадзе валейбаліст) у нас да нельга прынцыповы. Нават ёсць у цябе вызваленне ад заняткаў – прыйдзі ў форме і сядзі сабе на лаўцы. Не прыйшоў – пропуск, а ў канцы чвэрці паспрабуй, атрымай тады адзнаку. Ваяваць з ім было дарэмна, спрабавалі дзяўчаты. «Ваша даведка дае вам вызваленне ад фізічных заняткаў, але не ад урокаў», – катэгарычна абвясціў ён, і дырэктарка, да якой хадзілі дзяўчаты, толькі рукамі развяла: «Анатоль Паўлавіч мае рацыю».
Урок пачаўся, як звычайна: размінка, за ёй – здача нарматыву, скачок праз каня. Хлопцы – асобна, дзяўчаты – асобна. Скокнула Ядвіся. Здаецца, фізрук яе ідэальна падстрахаваў, прытрымаў, але тым не меней яна раптам асунулася на маты, завойкала, схапілася за ступню.
Той перапалохаўся, стаў пытацца: дзе баліць? Мы сабраліся вакол.
– Усё нармальна, нармальна, Анатоль Паўлавіч, – супакойвала Ядвіся фізрука, пагойдваючыся, абхапіўшы левую ступню рукамі. – Часам бывае так, ледзь нязручна станеш – як стрэліць. Каб перабінтаваць туга на які час, неўзабаве пройдзе...
– У медпункт! Зможаш сама ступаць?
– Змагу, зараз. трошкі суцішыцца.
А ў мяне ўнутры ўсё абарвалася. Я адчуў пустэчу паразы – нічога не атрымаецца. Мы прайгралі. І мала таго – на конкурсе прыгажосці будзе група падтрымкі нашага класа, значыць, яны пабачаць нумар Віялеты, яны здагадаюцца, ці сама Віялета падкажа: Ромка Макар прадаў ёй наш фільм, прадаў ідэю, прадаў песню Стася. І Стась прыйдзе ў панядзелак і найперш плюне ці дасць у пысу Ромку.
– Ну, паспрабуйма, – Анатоль Паўлавіч нахіліўся да Ядвісі, каб дапамагчы ёй устаць, а яна раптам спалохана замахала рукамі:
– Не-не, не трэба вам! Я паклічу. Кір!
На нейкі момант я разгубіўся, мне здалося, іншага гукае Ядвіся, а яна ўжо знайшла мяне вачыма, працягнула ў мой бок руку.
Яна ўстала самастойна, абапіраючыся на адну нагу, я падставіў сваё плячо, яна абхапіла мяне рукой, і мы паклыпалі – я ад неспадзявання ледзь перастаўляючы ногі, Ядвіся – скачучы на адной назе. Выйшлі са спартыўнай залы, за намі зачыніліся дзверы, і нечакана я адчуў, як ціск на мяне Ядвісінага цела рэзка зменшыўся. Я няўцямна зірнуў на яе і пабачыў хітрую ўсмешку:
– Ідзі-ідзі, не збочвай нікуды.
Ля жаночай распранальні яна спынілася, азірнулася, зняла руку з майго пляча. Адчыніла дзверы і скамандавала мне: «Цікуй!».
Я стаў у дзвярах, каб бачыць адначасова і Ядвісю, і калідорчык.
Яна хутка выцягнула са свайго заплечніка невялічкі пакецік, здаецца, там і не было нічога, потым упэўнена падышла і зняла з вешалкі сумачку Віялеты, зняла яе, адкрыла і дастала касметычку. Потым з яе – пудраніцу. Адкінула вечка, патрэсла над пудраніцай са свайго пакеціка і хутка ўсё ўладкавала на месца. Мы зноў пайшлі калідорам да медпункта. Там я пачакаў хвілін дзесяць, Ядвіся выйшла з перабінтаванай ступнёй, і мы вярнуліся ў спартыўную залу. Ні пра што не размаўлялі. Фізрук сустрэў нас з заклапочаным тварам, мабыць, ён трохі спалохаўся, траўма на ўроку – рэч не жартоўная.
– Усё добра, усё проста выдатна, Анатоль Паўлавіч, – заспакоіла яго Ядвіся. – Мне ўжо амаль не баліць, ступаць магу, хаджу самастойна. Выбачайце, напужала я вас.
Апошнім урокам была матэматыка. Напачатку мяне выклікала да дошкі Ганна Тодараўна – мусіў рашаць задачу. Пакутаваў доўга, не атрымлівалася, сталі разбіраць рашэнне ўсім класам. Адчуваў, мне свяціцца ля дошкі да сярэдзіны ўрока, засумаваў.
– Вяргейчык, нейкі ты сёння затарможаны, – не ўхваліла маё стаянне ля дошкі матэматычка.
– На яго плячо лягла рука каралевы, – пачуўся з'едлівы голас Віялеты.
Я кінуў на яе позірк і здрыгануўся. Яна з Віктарам сядзела за першым сталом, ля акна, і твар яе быў зараз добра асветлены – вызірнула нязыркае сонца. І гэты твар, які заўсёды быў падпраўлены рознымі там дзявочымі штучкамі да роўнага бледна-ружовага колеру ад высока адкрытага лба да падбародка, быў цяпер пакрыты вялікімі і маленькімі ярка-чырвонымі няроўнымі плямамі. Мабыць, на маім твары адбіўся малюнак пабачанага, бо на Віялету, зняўшы акуляры, паглядзела і Ганна Тодараўна.
– Пятроўская, ты добра сябе адчуваеш? – заклапочана спыталася яна.
– Лепш за ўсіх, – бліснула ўсмешкай Віялета. – Нешта не так? – устрывожылася яна, калі на яе пільна паглядзеў і Віктар Марыноўскі.
– Твой твар. У цябе няма тэмпературы? – працягвала сваю ролю клапатлівай маці Ганна Тодараўна.
Віялета выхапіла з сумкі сваю пудраніцу, тую самую, адкрыла, зірнула ў люстэрка і завішчала. Роспач-
на, тонка, ажно вушы заклала.
– Ідзі ў медпункт, хутчэй! Марыноўскі, правядзі Віялету, калі ласка! – заспяшалася матэматычка, зірнула на мяне, на імгненне здзівілася – скуль я ля дошкі намаляваўся, кінула разгублена-адчайна: – Сядай на месца, Вяргейчык, сядай.
Прайшло хвілін дзесяць, вярнуўся ў клас Віктар, суха паведаміў:
– Тэмпература ўзнялася.
– А яшчэ праз гадзіну твар апухне, вочы заплывуць, пачнецца сверб. – нахіліўшыся блізкаблізка, ажно кранулася валасамі маёй галавы, ціха пракаментавала гэтую навіну Ядвіся. – Звычайная алергічная рэакцыя на пылок адной кветкі. Нічога страшнага, за дні тры-чатыры пройдзе, слядоў не будзе.
Я ашалела маўчаў. Мне раптоўна стала шкада Віялету. Памятаю, два гады таму ў яе на падбародку з'явіўся быў прышчык, невялічкі, з раніцы. Да апошняга ўрока ён павялічыўся, стаў пунсавець. Не дзіва, у каго іх не было? Але для Віялеты тады была сапраўдная драма. Яе твар быў для яе, мабыць, найдаражэйшы з усяго, што яна мела, бо літаральна здарылася істэрыка: яна плакала, псіхавала, раскідвала са стала падручнікі. І вось цяпер яе твар стаў увогуле выродлівы: распухлы, у чырвоных плямах, ды яшчэ пачне свярбець. Як яна вытрымае? І галоўнае: конкурс прыгажосці! Яна ж толькі цяпер можа ўдзельнічаць, бо летась нельга было – не было шаснаццаці гадоў, наступны – выпускны. Ды як ёй чакаць год? Яна ж, па ёй было відаць, трызніла гэтым конкурсам, яна ўжо бачыла сябе галоўнай Міс Восень, бачыла сябе на сцэне, асляпляльнай і прывабнай! А тыдні падрыхтоўкі, а бальная сукенка, якая, яна хвалілася, каштавала бацькам сотню баксаў? І ўсё раптоўна – кату пад хвост? Як такое перажыць?
– Чаго ты маўчыш? – заўважыла маю разгубленасць Ядвіся.
– Мне. мне шкада Віялету, – прызнаўся я.
Ядвіся доўга глядзела мне ў вочы – я не адводзіў позірк.
– Ты мяне асуджаеш? – спытала яна.
– Не. Але Віялету шкада.
– І мне шкада, Кір. Але кожны павінен плаціць за зробленае – яе словы. Як было спыніць яе іначай? Такія людзі не разумеюць слоў.
І ўсё адно мне было шкада Віялету. Я не зазнаваў сам ніколі вось такіх праколаў, каб раптоўна абрынулася ўсё, чым ты жыў апошнія месяцы, на што спадзяваўся. Вядома, Віялета – тая яшчэ цаца. А можа, дарэмна мы так з ёй? Можа, каб падышлі да яе па-чалавечы, як нармальныя хлопцы, паразмаўлялі, яшчэ колькі сцэнак накрыятывілі, ну хіба яна б працягвала ўпарціцца, не сцерва ж яна дарэшты, хіба ёй нармальныя адносіны лішнія?..
Ядвіся не чапала мяне, а да панядзелка мне было ніякавата. Хочаш не хочаш, але ж я быў супольнікам. І было крыўдна. было яшчэ крыўдна, бо Ядвіся нічога не сказала пра сваю задуму! Яна проста. проста скарыстала мяне! Хіба так можна? Я б згадзіўся тады, не ведаючы яшчэ, як будзе выглядаць насамрэч твар Віялеты пасля таго пылку, – згадзіўся б! Але ж можна было сказаць.
Карацей, субота і нядзеля прайшлі адзіным рытмам – ляжаннем на канапе і чытаннем. Добра, што Кінг напісаў такі вялікі раман... Маці ажно затурбавалася, ці не захварэў. Цеплілася спадзяванне: Ядвіся патэлефануе, нешта патлумачыць. Дарэмна.
Перажываў: ці прыйдзе ў школу Віялета?
Так, мы ведалі – яна не ўдзельнічала ў конкурсе, усё адбылося без яе. Яна прыйшла. І была такой, што я збянтэжана застыў на нейкі час ля стала. Віялета была ранейшай. Не, нават не так. Твар быў настолькі пагардлівы, што ўдаваў з сябе застылую антычную маску. Яна сустрэла мяне, як сустракала літаральна кожнага, хто заходзіў у клас, халодным ненавісным позіркам.
Я сеў на месца, збіты з панталыку.
– А ты збіраўся выціраць ёй слёзкі? – сказала з'едліва Ядвіся і, мабыць, зразумеўшы, які я разгублены і як прыкра мне робіцца, мякка дадала: – Мы глядзім на людзей і міжволі раўняем іх учынкі, іх сумленне са сваім. Табе здаецца, як ты здольны перажываць за чалавека, як табе за нешта баліць, дык і іншы будзе за тое ж перажываць, і яму будзе за тое ж балець. А ў рэале зусім не так.
Яна пяшчотна кранулася маёй рукі, супакойваючы і нібыта просячы прабачэння, – за тое, што не патлумачыла ўсё адразу.
Словы Ядвісі зайгралі ўсімі колерамі, зрабіліся выпуклымі, і не дайшлі, а выцялі па мазгах, бы абухам, адразу пасля заняткаў. Мы апрануліся ў гардэробе, як звычайна, выйшлі, і тут Уладзя захліпнуўся ад непрыемнага здзіўлення. Я бачыў, куды скіраваны ягоны позірк, паглядзеў і застыў. Шэрая куртка Ядвісі на спіне была тонка парэзаная на вузкія паскі, бы пад лінейку. Мы моўчкі назіралі, як яна зняла апранаху, зірнула на яе і крыва ўсміхнулася. А вочы. вочы сталі вільготнымі.
– Сучка. Маўчыце. Не сатрасайце дарэмна паветра.
Яна прыйшла назаўтра ў такой самай куртцы, новай.
– Маці дамовілася з гандляркай, у якой першы раз бралі. Аддамо грошы праз месяц, у нас туга цяпер.
Я чакаў суботу. Маці папярэдзіла: на выхадныя яе не будзе дома. Нічога не тлумачыла, але ж навошта мне былі тыя тлумачэнні? Немаленькі, разумею. Яна ўсё адно дадала, што едуць некуды за горад, там будуць шашлыкі. таму мне нагатуе таксама смачнага. І пакіне грошай. Дзіўная. Мне хацелася ёй прызнацца ў сваім намеры запрасіць Ядвісю ў госці. Але я яшчэ не ведаў, якую прыдумаць нагоду, пра што такое важнае спытаць, каб яна прыйшла, каб не адмовіла. І нічога не знаходзіў. Сам вінаваты: як нешта стрэліць ў галаву, дык адразу і пытаюся, і мы на занятках паспяваем перамовіцца: чаму дзяўчаты разумнейшыя за хлопцаў у класе, чаму шаптух не прызнаюць за лекараў афіцыйна, чаму б Зіначцы не аддаць маці насамрэч у лякарню, і чым заняцца пасля школы, куды пайсці, каб скончыць вучобу і не душыла цябе вечная нястача грошай, якая зараз душыць нашых мацярок.
Юрась прытрымаў мяне за локаць, калі скончыўся апошні ўрок:
– Кір, трэба перацерці адну тэму. Пасядзім на нашым месцы?
Наша месца – маленькая лаўка на дзіцячай пляцоўцы. Колькі гадоў мы збіраліся там утрох, марыліпрыдумлялі! Як субота ды нядзеля – мы заўсёды былі там, чакалі адзін аднаго, каб знайсці цікавы занятак, і дзень свой заканчвалі на той лаўцы, разыходзячыся па сваіх кватэрах, калі пачыналі запальвацца жоўтым святлом вокны шматпавярховікаў. Даўно мы там не сядзелі, і трохі здзівіла прапанова Юрася, але я пагадзіўся без пытанняў. Трэба дык трэба.
Мы правялі да дому Ядвісю, паклыпаў да свайго пад'езда Уладзя, а мы з Юрасём скіравалі ў бок дзіцячай пляцоўкі. Юрась не стаў круціць, сказаў, ледзь мы прыселі:
– Мне падабаецца Ядвіся. Разумееш, падабаецца, як дзяўчына.
– Мне гэтаксама падабаецца, – хрыпата прашамкаў я ў адказ, імгненна ўсхваляваны, адчуўшы невядомую небяспеку ў размове.
– Слухай, мы з ёй двойчы на тыдзень ходзім у кавярню. А ты з ёй сядзіш.
– У кавярню і я яе магу запрасіць.
– Можаш. І вось што ёй тады рабіць, га? Не, ты адзін запросіш – адна справа, а як мы абодва запросім? Нейкая гульня дзіцячая атрымліваецца. Давай вырашаць па-нармальнаму.
– Чаму раптам вырашаць? – разгубіўся я.
– Таму! Ёй мы аднолькава падабаемся. Мне яна сама казала, што не бачыць між намі розніцы, мы для яе – абодва сябры. І так будзе, пакуль мы ля яе двое будзем. Пакуль адзін не сыдзе.
– Ну, і хто той лішні? Ты ўжо вырашыў?
Не зразумеў напачатку, чаму пачала разбіраць злосць. Што я такое пачуў? А словы, важныя, самыя важкія, самі пачалі набрыньваць у памяці тлустымі агіднымі пухірамі: «Не бачыць між намі розніцы». Вось як?
– Я не вырашыў, – без эмоцый адказаў Юрась. – Не ўмею, як ты, імгненна пракручваць сітуацыю.
– Чаму ты рашыў, што я ўмею?
– Ну, як чаму? Ты ў нас – зорка цяпер, самы крэатыўны хлопец, дык вось: думай. Я ж думаць не ўмею, я – матэматык, у мяне не мазгі, а лічыльная машына, так?
Юрась пад'юджваў, я адчуваў. Чаму ён нагаворвае? Хіба я насамрэч лічу сябе зоркай? Хіба я калі пасмяяўся з яго?
– У мяне хапае крэатыву хіба на жэрабя.
– Жэрабя дык жэрабя, – адразу спакойна і нават з нейкай прыхаванай радасцю, быццам чакаў менавіта такіх слоў (зараз усё вырашыцца, знікне нявызначанасць), сказаў Юрась, паляпаў па кішэнях, залез у заплечнік, пашамацеў там і дастаў запалкавы карабок. Вось жа, ніколі не думаў, што ён у яго ёсць. На халеру? А Юрась дастаў дзве запалкі, адламаў у адной галоўку:
– Той выпадак, калі я згаджаюся з тваёй прапановай адразу. Бо іншага нічога сам не прыдумаю.
Ён трымаў запалкі трыма пальцамі правай рукі, левай падпраўляў іх, каб вызіралі роўна, каб былі на адлегласці адна ад адной.
– Цяпер адвярніся, я памяняю запалкі месцамі.
Я адвярнуўся. Было холадна, туга запаўняла знутры, засмоктвала звонку. Раптам падумалася, як ўсё мінаецца: не будзе больш нашага шчырага сяброўства, разваліцца наша кола – трое хлопцаў-сяброў і Ядвіся. Што ж, як яна не бачыць розніцы.
– Ды паварочвайся ўжо і цягні запалку.
– Сам цягні!
– Не, дружа, твая прапанова – ты і цягні!
Са злосцю хапнуў адну з запалак, пабачыў яе абламаны канец, устаў і хутка пайшоў.
– Каб без крыўд і наездаў, – закрычаў у спіну Юрась. – І будзь пацаном: заўтра перасядзь да Уладзі...
Я не адказаў.
Ядвіся патэлефанавала каля дзесятай гадзіны вечара. Я алёкнуў і пачуў яе голас:
– Дык я для цябе – рэч, Кір? Ты мяне прапанаваў па жэрабю разыграць? Ты... ты... Ты не толькі сляпы, аказваецца, ты яшчэ і здраднік! Не дарую!
Цяпер я дакладна зразумеў, што адчувала Віялета, калі пабачыла свой скажоны чырвонымі плямамі твар у маленькім люстэрку.
Усё раптоўна абрынулася. І я ведаў – назад не складзецца.
9
У клас я заходзіў перад самым настаўнікам. А куды спяшацца? Мне не трэба было некуды перасаджвацца – на месцы Ядвісі сядзеў і сустракаў мяне вінаватымі сабачымі вачыма Уладзя. Чаго я ніяк не чакаў, дык тых позіркаў усіх астатніх. Усё адно, як я захварэў на галаву і прыйшоў у клас у адной бялізне: гэткія спачувальныя, маўляў, мы тут усе ўсё разумеем. І цішыня. Як цяжка ў такой цішыні ісці на сваё месца! Я кінуў, як заўжды, ад парога: «Усім прывітанне», прайшоў на сваё месца і сеў. Юрась і Ядвіся ззаду пра нешта размаўлялі, я гэтага не мог не пабачыць, блізка, галава да галавы, нахіліўшыся.
Усё лухта.
Уладзя ні пра што не пытаўся. У сталоўку я не пайшоў. Ён прынёс мне катлету і булку, дзівак, хоць яго не прасілі. Я падзякаваў і з'еў, бо прывыкаеш жа есці ў пэўны час, дык ужо смокча ў жываце.
Час цягнуўся смаўжом па шапцы грыба, пакідаючы за сабой белую баразну новай рэальнасці. Усё цяпер будзе па-новаму.
Апошняй была класная гадзіна, як звычайна, разам з інфармацыйнай. У той момант, калі ў клас зайшла Зінаіда Мартынаўна, я ўспомніў: мне патрэбна было падрыхтаваць якое-небудзь важнае паведамленне з міжнароднага жыцця, бо мая чарга. Гугліць было позна. Ат, скажу як ёсць: забыўся. Не паставіць жа «пару». Ды ўсё адно было няёмка – падвёў класную. І вось жа заходзіла яна пасля першага ўрока, віталася з усімі, пыталася, як прамінулі выхадныя, размаўляла пра нешта з Ромкам і старастай класа Светай Шурко. Дык жа ні халеры не варухнулася ў галаве пра навіны. Зусім дэбіл.
Але класная, падалося, забылася на свой абавязак палітычна нас падкоўваць. Яна сёння была трошкі дзіўнаватая: сумнавата-задуменная, паклала асцярожна, бы шкляны, класны журнал на стол, павольным позіркам абвяла ўсіх нас. Усе сядзелі ціха. А яна пачала:
– Маім самым улюбёным мультфільмам у дзяцінстве быў «Маўглі». О, там шмат серый, як мы чакалі новую! Вы ж ведаеце гісторыю Маўглі? У вашым дзяцінстве былі ў модзе іншыя мультфільмы... А Маўглі – гісторыя пра чалавечае дзіця, хлопчыка, які трапіў у логава ваўкоў. Яны выгадавалі яго. там было шмат прыгод, ды аднойчы ён вярнуўся да людзей. Дарослым і мужным юнаком. А яшчэ ў мой час была неверагодна папулярнай кніга Эдгара Берроуза пра Тарзана. Ведаеце такога? Не-не, не сённяшняя медыйная персона, муж другой медыйнай персоны. Наколькі я ведаю, было напісана мноства кніг пра прыгоды Тарзана, а фільмаў знята каля сотні. Бо надта ж быў папулярны герой.
– Дык мульцік ёсць дыснееўскі, з тым Тарзанам, – удакладніў нехта.
– Не бачыла, шчыра кажу, – працягнула Зінаіда Мартынаўна. – Ды сутнасць не ў гэтым. Дзея адбываецца у Афрыцы. Тарзан, паводле версіі пісьменніка, – маленькі хлопчык, маці якога памерла, а бацька быў забіты малпамі. Адна з малп, у якой якраз сканала дзіця, забірае хлопчыка і даглядае яго, выхоўвае. Хлопчык расце, але аднойчы вяртаецца ў сваё колішняе жытло, дзе знаходзіць мноства рэчаў, у тым ліку кніжкі. Яго дапытлівы розум дазваляе яму даўмець: ён – іншы, не малпа, ён – чалавек. Тарзан нават навучыўся самастойна чытаць, там, здаецца, была такая кніжка, кшталту нашага буквара. Быў намаляваны рот чалавека пры вымаўленні кожнага гука. Вось ён імітаваннем і навучыўся нават размаўляць на чалавечай мове. І стаў чалавекам – там было многа розных кніг, з якіх ён даведаўся пра свет. А потым ў джунглях з'яўляецца экспедыцыя навукоўцаў, там ёсць адна дзяўчына, якая трапляе ў небяспечнае становішча, ён яе ратуе. Да ўсяго, выяўляецца, што ён сын лорда, а ў роднай Англіі яго чакае багацце. Такі хэпі-энд, такая казка. Што агульнага ў Тарзана і Маўглі? Тое, што яны былі выхаваныя звярамі. Ведаеце, навукоўцам вядома колькі сапраўдных фактаў, калі дзеці жылі сярод ваўкоў, гадаваліся малпамі. Але. яны не станавіліся людзьмі, хоць і былі знойдзены і вернуты ў чалавечы асяродак. Вы ж ведаеце, вам ужо казалі пра гэта: чалавек – сацыяльная жывёла. Яго розум, яго асоба можа развіцца толькі ў соцыуме. Розум развіваецца адно сярод падобнага. Калі ў пэўны перыяд гэтага развіцця не адбываецца, надыходзіць крытычны момант, ірвуцца ў мазгу незапатрабаваныя сувязі, і. чалавек ужо ніколі не стане чалавекам.








