412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерый Гапееў » Мая мілая ведзьма (СИ) » Текст книги (страница 7)
Мая мілая ведзьма (СИ)
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 18:00

Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"


Автор книги: Валерый Гапееў


Жанр:

   

Детская проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 14 страниц)

Добры быў дзень, і ён прайшоў.

Здаецца, у наступных здымках былі задзейнічаны не больш за восем чалавек з улікам «тэхперсаналу», аднак прыходзілі зазвычай амаль усе. Бо ж цікава было, як Кастусь і Ігнат «угаворвалі» мяне на бойку са скінхедамі, як я атрымаў у лыч ад «гопнікаў» Міхала і Сержука. Не ведаю, што там за прыёмы прымяніў Ромка, але ў нас была нават «нетрадыцыйная сексуальная арыентацыя» – ролю лесбіянак згадзіліся выконваць Ганна Ягутка і Наста Базан. Ганна – валейбалістка, ёй Наста – пад паху, але сыгралі яны. Прыгожа сыгралі, кранальна было. Карацей, на два тыдні кватэра Антося Сямёнавіча ператварылася ў месца нашай тусы, тусы ўсяго класа, і гэта было крута!

Як і чакалася, Віялета закусіла вусны, адмовілася ад удзелу, з ёй і Віктар Марыноўскі. Яшчэ дзве сяброў Віялеты пазадзіралі насы. І цяпер чацвёрка апынулася ў глыбокім вакууме: з астатнімі з класа не было ў іх тэм для размоў. Бо мы ўсе літаральна жылі фільмам. Прыдумлялі новыя сцэнкі на перапынках, узгаднялі з Ромкам, пераконвалі, а потым яшчэ і крэатывілі на здымках.

– Людзі! Людзі! – неяк заломваў рукі перад пачаткам чарговага вечара Ромка. – Мы ж не дакументальны фільм здымаем! У нас ролік ад трох хвілін – і да! А мы ўжо наздымалі на тры серыі!

– Затое будзе цікава манціраваць, – супакоіла яго Марго. – Супакойся, клёва будзе – гэтулькі кадраў удалых. Падумаеш, не выйграем, дык кожны сабе захавае, такое праз дзесяць гадоў паглядзець – за шчасце будзе.

Зазвычай мы былі ў кватэры адны, іншы раз Антось Сямёнавіч прыходзіў раней, гадзіне а пятай, мы не пераймаліся праз яго прысутнасць. Ён прыпыняўся на парозе пакоя, з цікавасцю назіраў за справамі на «здымачнай пляцоўцы», але ніколі не рабіў нейкіх заўваг. Пару разоў ён прыносіў нам пачастунак: адзін раз – вялізны кавун, другі – невялікі кошык яблык. А завяршалі мы кожны вечар ужо традыцыйна гарбатай з тортам, пірагом ці печывам – адзін раз і я папрасіў маці, каб што-небудзь спякла. Яна ведала пра маю ролю ў фільме і дужа прасіла паказаць.

У той дзень Антось Сямёнавіч прыйшоў як заўсёды, каля шостай вечара, мы ўжо амаль скончылі, дапівалі гарбату, удакладнялі дэталі на заўтрашні дзень. Нам заставалася не так і шмат. Стась заўтра абяцаў прынесці гатовую песню, тэкст якой папярэдне ўжо зверылі. Напісаў Стась вельмі файна, пахваліўся нам Ромка.

У кватэры заставаўся Ромка, Марго, Ядвіся, Міхал (ён быў добраахвотным «чорнарабочым» пры Марго, да таго ж нядрэнна шарыў у відэарэдактарах, абяцаў дапамагчы ў мантажы) і я. Юрась і Уладзя пабеглі раней – ім рыхтавацца да алімпіяд. Антось Сямёнавіч павітаўся, Ядвіся запрасіла яго пачаставацца з намі, ад чаго ён зазвычай не адмаўляўся. Згадзіўся і цяпер, пацікавіўся, як ідуць справы. Тут ажыў яго тэлефон, ён выбачыўся, выйшаў на кухню. Адтуль усхваляваны Антось Сямёнавіч таропка вярнуўся ў вітальню, абуўся, накінуў куртку. Мы не асмельваліся нічога пытаць. Ён неяк ацэньваючы зірнуў на ўсіх нас, пасля кінуў мне:

– Кір, калі можна. мабыць, спатрэбіцца твая дапамога.

– Без пытанняў.

Я стаў нацягваць красоўкі, у вітальню зайшла Ядвіся.

– Нешта здарылася, Антось Сямёнавіч?

Фізік колькі імгненняў маўчаў, а потым, мабыць, прыкінуўшы, калі я буду ведаць, дык будуць ведаць і мае сябры, ціха апавёў:

– У вашай класнай маці. хворая. Здарыўся чарговы прыступ. Яна зачынілася ў кватэры, нікому не адчыняе. Там першы паверх, ды без дапамогі не залезеш. Неабходна адчыніць дзверы.

– Я з вамі!

Антось Сямёнавіч няўцямна паглядзеў на яе, але не запярэчыў.

– Не чакайце нас! – кінула Ядвіся нашым ад парога.

Мы ішлі пешкі, ледзь паспяваючы за фізікам, – ён вёў нас добра знаёмым яму шляхам, нацянькі. Праз хвілін дзесяць былі на месцы – стары пяціпавярховік, такія будаваліся раней спецыяльна ў пяць паверхаў, каб не рабіць ліфтаў. На лаўцы пад кустамі старога чорнага зараз бэзу сядзела жанчына. Ліхтарны слуп быў далёка, сам пад'езд не асвятляўся, таму мы і не адразу пазналі нашу класную. Антось Сямёнавіч скіраваўся проста да яе, мы – следам.

Зіначка ўзнялася нам насустрач, на яе ўпала нязыркае святло з вокнаў кватэр. Яна зрабіла рух наперад, бы хацела прыпасці тварам да грудзей фізіка, але спыніла сябе, пазнаўшы нас, яе вучняў.

– Божачкі, божачкі, я не ведаю, што рабіць, Антось. Не ведаю, зусім не ведаю. – роспачна прашаптала яна.

– Усё будзе нармальна, вунь Кіра зараз падсажу, ён заскочыць.

– Нельга, не заскочыць. Яна зачыніла дзверы на два замкі, зачыніла ўсе форткі, крычала мне з-за дзвярэй, калі раптам нехта палезе ў акно, – падпаліць сябе. Чакай, не перапыняй. Яна знайшла спірт, ды я ж і не хавала асабліва, уколы ёй рабіць штодня, мне ўчора цэлых трыста грамаў перадалі. Я не ведаю, я не ведаю. Добра, няма суседзяў па пляцоўцы, яны ж пагражалі падаць заяву ў міліцыю, маўляў, жывуць у небяспецы.

– Выклічам эмэнэс, яны прыедуць, узламаюць дзверы.

– Нельга, нельга! – Зінаіда Мартынаўна адхілілася, ступіла крок назад. – Калі будзе хоць невялікі вэрхал, пачнецца валтузня перад дзвярыма, – яна чыркне запалкай. Ты ж ведаеш, хворыя не палохаюць, яны папярэджваюць! І я адчула пах спірту, яна дакладна выліла яго на сябе і разліла па пакоях. Божачкі. І дзверы нельга выбіць адначасна, яны ж адчыняюцца вонкі. – тут яна звярнула ўвагу на нас, усміхнулася крыва, выбачліва і папрасіла: – Ідзіце дадому, дзеці, выбачайце.

Ядвіся ж падышла да Зіначкі, кранула яе за рукаво:

– Прабачце. Зінаіда Мартынаўна, даўно гэта з вашай мамай? Калі ласка, проста адказвайце, я вас вельмі прашу!

У яе голасе была сапраўды і адчайная просьба, і нешта пераканаўчае, дарослае, нібыта не дзяўчына пыталася, а дасведчаная доктарка, і класная падпарадкавалася ёй.

– Даўно, восем гадоў. Навошта табе гэта? Ды хай. Апошнія пяць гадоў стан да агрэсіўнага, трымаемся на ўколах. Іх раблю ў пэўны час, а сёння нечакана мяне позна затрымалі. Дала напачатку пігулку, ды не пракантралявала. Яна выплюнула яе. Я выйшла ў краму, вярнулася. І не змагла зайсці.

– А чаму яна не адчыняе? Чаго баіцца?

– Яна? Чаго баяцца такія хворыя – адпраўкі яе ў вар'ятню. Неяк было. даўно, з ёй быў першы прыступ, я перапалохалася, выклікала «хуткую». Яны прыехалі, дужыя хлопцы, звязалі яе. Яна помніць. Такі гвалт нельга забыць. І вось цяпер баіцца. – Зінаіда Мартынаўна казала, бы адчуўшы прывідную надзею ў дакладных, зададзеных роўным голасам пытаннях Ядвісі, а, мажліва, яе гэта збянтэжыла і тым вымусіла паверыць у раней немагчымае, умяшанне яе ж вучаніцы ў яе дарослае, раней схаванае ад усіх, жыццё.

– Вы можаце размаўляць з ёй праз дзверы, яна добра чуе?

– Так, чуе яна выключна, – горка ўсміхнулася, мабыць, успомніўшы нешта сваё, Зіначка.

– Можа, варта выклікаць урача? У цябе ж ёсць знаёмы псіхіятр? – умяшаўся ў размову фізік.

– Не трэба доктара, – нечакана цвёрда запярэчыла Ядвіся. – Як імя вашай мамы, Зінаіда Мартынаўна?

– Лідзія. Лідзія Ігнатаўна. А навошта?... – разгубілася Зіначка.

– Хадземце. Але, калі ласка, паклічце яе да дзвярэй, ласкава паклічце, спакойна, без запалохвання.

– Што ты надумала, Ядзя?

– Нічога, паверце, усё будзе добра, проста паверце.– настойліва паўтарала Ядвіся.

І Зіначка паслухмяна пайшла, набрала код, адчыніла дзверы. Мы зайшлі за ёй у паўцёмны пад'езд, нас абдало густым каціным смуродам. Тут былі дзве кватэры на пляцоўку, я чамусьці адразу вызначыў для сябе: вось гэтыя, абабітыя некалі даўным-даўно вішнёвым дэрмацінам дзверы з зялёным пластыкавым дыванком каля іх і ёсць патрэбныя нам. Да іх і падышла класная, нахілілася крышку і нягучна паклікала:

– Мама!

Адразу ж адтуль, з кватэры, у адказ загучаў пагрозлівы старэчы крык:

– Я чую! Я ўсё чую! Прывяла! Прывяла ўжо сваіх гіцляў! А! Паспрабуйце толькі! Толькі шкрабаніцеся! Чыркну адразу запалкай!

І тут да дзвярэй мякка, бязгучна, бы тая котка, падышла Ядвіся, прыгнулася-прыхінулася да вушака, наблізіла свой твар амаль да самай замочнай шчыліны, і мы пачулі яе хуткі, досыць гучны – каб пачулі за дзвярыма, шэпт:

– Ішлі тры пятніцы да Госпада Бога, няслі яны тры нажы, тры свячы. Нажамі заразалі, свячамі зажыгалі і запякалі, з рабы божай Лідзіі нервы выганялі: з белых касцей, з усіх масцей, з жыл, пажылак, з рук, з ног, з буйнае галавы, з чырвонай крыві, з румянага ліца, з рацівага сэрца, з усяго стану і полустану. І урочныя, і прыгаворныя, і мужчынскія, і жаночыя. Па гэту пару, па раннюю зару. Як гэтай зарэ патухаць, так у рабы божай Лідзіі нервам не бываць. Ні сходам, ні маладзіком, ніякай парой. Дай Божа час добры. Амінь.

Яна прамовіла ўсё хутка, мне здалося, на адным уздыху, а потым паўтарыла яшчэ двойчы гэту малітву, ці як яе яшчэ назваць, не ведаю. За дзвярыма было ціха. Ядвіся прыпынілася, уздыхнула глыбока некалькі разоў і пачала зноў гаварыць, павольней, крышачку нараспеў, рыхтык расказваючы дзіцяці цікавую казку:

– Новым разам, лепшым часам на чатыры бакі пакланюся, памалюся, да Дрэва вярнуся. (гэтыя словы Ядвіся паўтарыла тройчы). Як ад таго Дрэва ішлі тры сястры: жалезная, мядзяная ды залатая. Ішлі тры сястры, неслі ў руках: жалезная – здароўе, мядзяная – спакой, залатая – розум. Ішлі тры сястры, сустрэлі Іллю-прарока ля сіняга мора. Мы, Ілля-прарок, да сваёй сястры Лідзіі ідзём, ёй нясём: жалезная – здароўе, мядзяная – спакой, залатая – розум. Ты, Ілля-прарок, загадай мору расступіцца, дай нам да сястры Лідзіі дайсці...

«Казка» была доўгай, мо хвіліны на тры, Ядвіся казала і казала, захліпаючыся ўздыхамі. І нарэшце закончыла:

– Ад Дрэва самага ішлі тры сястры, жалезная, мядзяная ды залатая, ля дзвярэй зачыненых сталі. Ты, сястра наша, Лідзія, адчыні дзверы, упусці ў хату. Мы нясём табе ад самага Дрэва: жалезная сястра – здароўе, мядзяная – спакой, залатая – розум. Адчыні дзверы, прымі падарункі...

Нейкае імгненне была поўная цішыня, потым шчоўкнуў адзін замок, у замочнай шчыліне з'явіўся ключ і мякка павярнуўся.

– Вы не ідзіце! – махнула мне і фізіку Ядвіся, а сама зайшла ў кватэру разам з Зіначкай.

Мы з Антосем Сямёнавічам выйшлі на вуліцу. Пачаў накрапваць дробны дождж.

– Вось такая фізіка, браце, – незразумела сказаў мне настаўнік, але я нічога не адказаў. Што было адказваць? Сам бачыў і чуў. усю фізіку.

Хвілін праз дзесяць выйшла Ядвіся.

– Антось Сямёнавіч, зайдзіце, вас Зінаіда Мартынаўна кліча, – і на наша маўклівае пытанне адказала амаль весела: – Ды ўсё нармальна, спіць ужо Лідзія Ігнатаўна і доўга спаць будзе.

Мы вярталіся дадому пехатою, хоць у паветры і вісела макрэдзь, а я помніў: Ядвіся не любіць шпацыру ў такое надвор'е, ды яна сама так схацела – сказала, ёй варта быць зараз на вольным паветры. Мы маўчалі, я трымаў Ядвісіну руку, адчуваў у адказ зваротны мяккі поціск яе пальцаў. Было цёпла і хораша.

Ля яе пад'езда спыніліся, і я прамармытаў тое, пра што думалася нашай дарогай праз мокры восеньскі вечар:

– Глядзіш на дарослых і думаеш: у іх усё чыкі-пукі, усё наладжана, ніякіх праблем, то ў нас вось траблы розныя, часам наогул жэсць, гемар ды кіпеш з разборкамі. А тут сутыкаешся...

– Ага, ты яшчэ скажы, што у дарослых і кахання няма, і драм розных, і пасля трыццаці не цалуюцца.

– А цалуюцца?

– І ў шэсцьдзясят, сама бачыла. Ведаеш, што прыкра?

– Ведаю. ну, здагадваюся. Ты ж нашу Зіначку зусім мала ведаеш, а мы колькі ёй нерваў паспелі патрапаць. Не ўяўлялася, што ў яе ёсць такая хворая маці, і яна. вось такая праз гэта, вымушаная так жыць.

– І ўяві яшчэ, у яе ёсць каханы чалавек, з кім магла б атрымацца сям'я, ды яна выбрала маці. Страшна. Наша Зіначка насамрэч вельмі прыгожая і добрая жанчына. Яна б дзетак магла нарадзіць. А Сямёнавіч мог бы быць добрым бацькам. Дык жа вось.

Ядвіся пацепнула плячыма, у мяне дрыгануліся рукі – прыабняць яе, бо ж холадна, але я прамарудзіў, а цяпер было ўжо позна. Яна зазірнула мне ў вочы, усміхнулася, быццам здагадалася пра маё імгненнае жаданне і спытала:

– А ты пад дзвярыма вочы не вылупіў, калі я пачала замову казаць?

– Тое менш за ўсё здзівіла, праўда, – адказаў я. – Адно баяўся: каб толькі ўсё атрымалася. І яшчэ, падумаў, як шмат ты ведаеш на памяць.

– Дзякуй табе. Я сама баялася, ці змагу, першы раз. А веданне. бабуля вучыла, але не так, як мы вершы на памяць вучым, па-іншаму. Веданне само прыходзіць цяпер, калі запатрабуецца. Пакуль!

Ядвіся ледзь-ледзь паціснула мае пальцы, вызваліла сваю руку і пайшла.

Мы здымалі наш фільм да самых канікул, бо Марго прасіла паўтарыць асобныя ракурсы, кадры, буйны план нейкіх момантаў. Ды ўсё некалі заканчваецца. Мы – закончылі фільм.

Стала нечага шкада. У першы ж вечар, калі не трэба было збірацца на кватэры Антося Сямёнавіча, я не мог знайсці сабе месца ў кватэры. Бадзяўся са свайго пакоя на кухню, зазіраў у лядоўню. Мне было сумна. Сумна без Ядвісі. За гэтыя два тыдні я так прызвычаіўся: яна побач да самага вечара, мы бачымся па-за сценамі школы, размаўляем, смяёмся, сустракаемся позіркамі, і я ведаў – то для мяне ў яе вачах успыхвалі такія мілыя празрыстыя цёплыя агеньчыкі. «Усё будзе добра», – не аднойчы гучалі яе словы пад гэты бляск, і я верыў, што так і будзе. Але – як павінна быць?

Маці штовечар была дома. Пасля той сваёй паездкі ў Палангу яна паводзіла сябе са мной больш паважліва, здаецца. Ці я раптоўна падрос, ці яна скінула колькі гадоў. Прызналася, што на два-тры тыдні яе мужчына паехаў у камандзіроўку, і. папрасіла усталяваць у яе тэлефоне Вайбер, паказаць, як ім карыстацца. Усталяваў, паказаў, тое ж няцяжка. А яшчэ з Палангі яна прывезла мне кнігу. Таўсценную! Больш за тысячу дзвесце старонак. Стывен Кінг, «Яно». І сказала, усміхаючыся ніякавата, што гэта не ад яе падарунак – ад мужчыны. Я падзякаваў і, папраўдзе, быў задаволены – даўно збіраўся пачытаць гэты раман.

Запрасіць дадому Ядвісю я не мог. Не тое, каб саромеўся маці, не. Мне хацелася, каб было, як раней: наша самотнасць у кватэры, цукеркі, гарбата, музыка і размовы. Мне столькі ўсяго карцелася запытацца ў Ядвісі! Яна ж – разумная, куды больш разумнейшая за мяне, яна – ведзьма, а значыць, ведае. Шмат ведае.

Як і планавалі, заканчэнне здымак фільма вырашылі адзначаць на Уладзевым лецішчы. Дазвол атрымалі, бацька Уладзі яшчэ і дроў падвёз, ды і надвор'е нечакана ўсталявалася ўдзень цёплае, без дажджа. Кажуць на такое – «бабіна лета». Хай сабе і так, насамрэч днямі было па-летняму цёпла.

На перапынку падышоў Алег, кіўнуў мне моўчкі і пайшоў з класа. Я пайшоў за ім заінтрыгаваны. З Алегам мы не пасябравалі, хоць эпізод, дзе ён граў зэка, паўтаралі тройчы, і нармальна ўсё было, ды Алег усё адно аддаліўся, а я навязвацца не люблю. Таму, па шчырасці, было трошкі трывожна: Алег з-за дробязей не стане выклікаць з класа. Мы спыніліся далей ад школьнага вэрхалу.

– Віялета ў суботу арганізуе ўпіску, ведай.

– Дык чакай. мы ж на лецішча валім да Уладзі!

– Таму і кажу.

– А ты дзе будзеш?

Алег толькі цяпер зірнуў мне ў вочы і сказаў цвёрда:

– Я буду там, дзе мне заплацяць.

– Табе Віялета за што плаціць?

– Не твая справа.

– О'кей, прабач. Колькі плаціць? Ну, я не дзеля цікавасці: калі ты там за ахоўніка, дык жа і на лецішчы галава цвярозая спатрэбіцца. Мо хто разыдзецца ды на дах палезе, ці ў самога дах пасунецца. А ты. ты справу ведаеш. Дык колькі за вечар, кажы, мы падумаем.

Алег завагаўся – я бачыў гэта па тым, як ён не спяшаўся пайсці, бо не траціў час на пустыя размовы.

– На ўпісцы я атрымліваю пяць баксаў за вечар, – сказаў ён нарэшце і тут жа пайшоў прэч.

Спачатку я знайшоў Ромку. Ён быў заняты з Марго – нешта крэслілі на паперы, седзячы за сталом.

Ну, зразумела – пра фільм спрачаліся. Марго і Міхал паабяцалі зрабіць мантаж за час канікул. Можна б было і хутчэй, аднак Міхал загарэўся, навыдумляў розных фішак, кшталту: ляціць у мяне красовак, трапляе ў галаву – бац – выбух! Ці я дзіўлюся ў вочы Ядвісі – і мае зрэнкі ўспыхваюць сэрцайкамі. І мы ўсе пагадзіліся, навошта гнаць, хай крыятывяць. Я гукнуў Ромку – ён адышоў.

– Віялета арганізуе ўпіску ў суботу.

– Вось жа. Той яшчэ гемар. Што рабіць?

– Нічога, думаю. Не дзеці ж усе. Галоўнае мы зрабілі, а тут ужо. на ўсё воля Божая, як кажа бабуля.

– Здаецца, яна мае рацыю. Галовы ва ўсіх на плячах. Шкада адно, калі мяса прападзе, – мы закупілі на пятнаццаць чалавек.

– Фігня, замарозім, некалі яшчэ з'ямо.

Не ведаю, чаму я не пайшоў да Юрася. Здаецца, мы крышку аддаліліся за гэты час адзін ад аднаго, я пра нас траіх – мяне, Юрася і Уладзю. Хоць не скажаш так, насамрэч у нас, у кожнага паасобку, з'явіліся яшчэ нейкія кантакты. Юрась цесна працаваў з Ромкам і Марго падчас здымак, мне пашчасціла закантачыць з большай часткай класа. Уладзя. Ён іграў ролю, канечне ж, батана, сыгралі з аднаго дубля, без праблем. Пасля быў амаль на ўсіх вечарах, дапамагаў з рэквізітам: цягаў шпалеры, фарбаваў сцяну, вырэзваў, падтрымліваў. А яшчэ яго заўсёды дзяўчаты запрашалі, каб дапамог на кухні, калі яны гатавалі частаванне. Камандавалі ім, як хацелі. Ды тое бясспрэчна Уладзю падабалася, бо твар яго не быў ніколі кіслы, ляцеў стрымгалоў, адно пачуе, што клічуць.

– Хвалюешся? – спытаў я яго, калі выйшлі са школы. Мы ішлі крыху наперадзе, за намі – Юрась і Ядвіся.

– Ты пра суботу? Ага, ёсць трошкі. Ну, хочацца, каб норм было, весела, з такімі прыемнымі сюрпрызамі, як у першы дзень.

– Будзе табе сюрпрыз – Настачка спячэ яшчэ які пірог! І асабіста табе ўручыць!

І тут Уладзя пачырванеў. Мне ажно няёмка зрабілася – няўжо я ўгадаў? Ну, прыкмеціў я пару разоў, як Наста звярталася да Уладзі за дапамогай (а больш ні да каго з хлопцаў), бачыў яго ззяючы твар, як нёсся хутчэй на кухню выконваць яе даручэнне. Стала прыкра з-за сваёй бесцырымоннасці, таму я паспяшаўся закрыць тэму:

– Выбачай, тут справа ёсць. Пяць баксаў шукаю.

Уладзя паправіў акуляры на носе, уздыхнуў:

– Я маці і так раскруціў капітальна. Яна то і яшчэ дасць, рада за мяне, вось, з сябрамі на лецішчы збіраемся. Адно перажывае, каб усё як след было.

– Лічы, што пяць баксаў менавіта на гэтыя мэты. У нас будзе прафесійны ахоўнік парадку. Алег Харужы. Не наймаем яго мы – яго наймае Віялета ў гэты ж дзень. Яна ўпіску арганізоўвае, першую ў годзе. А там не твае шашлыкі, там, сам ведаеш, якія прысмакі. І яшчэ. Я не стаў казаць Ромку пра Алега. Той і так патраціў бабла нямерана на гэты фільм. Я і цябе не стаў бы пытаць – ведаю расходы, ды ў мяне галяк поўны: маці дала на шашлык, а больш – не прасіць. У мяне, калі палічыць. тры баксы кішэнныя.

– Ну, дык на два я спытаю! – бадзёра адказаў Уладзя, азірнуўся, дадаў: – А ім казаць нічога не будзем? – ён меў на ўвазе Юрася і Ядвісю.

– Думаю, няварта. Дамо ж рады?

– А то...

Уладзя назаўтра прынёс грошы, я дастаў з заначкі свае. Адкладваў, хацеў запрасіць Ядвісю на які вечар. Па суботах у новай кавярні сталі праводзіць нядрэнныя дыскатэкі, казалі, прыязджае надта круты дзіджэй, сталічны. Давядзецца пачакаць – у маці хутка аванс, яна абяцала. Грошы аддаў маці і папрасіў, каб купіла пяць долараў. Сказаў – трэба, яна больш не распытвала. У чацвер такім жа кіўком, як мяне раней выклікаў сам Алег, паклікаў яго з класа. Працягнуў яму ў пальцах складзеную у некалькі столак банкноту:

– Пяць баксаў. Ад цябе патрабуецца, як я казаў ужо, прыглядваць за гарачымі галовамі, калі яны з'явяцца. Пачастунак – шашлык, напоі – за наш кошт. Калі пажадаеш піва...

– Я не п'ю алкаголь, – адрэзаў Алег, пасунуў руку, перахапіў пальцамі банкноту. – Калі і дзе?

– Збіраемся ля прыпынку «Славянскі», субота, у дванаццаць гадзін. Там аўтобусам пятнаццаць хвілін. Плануем у сем вечара быць дома, каб бацькоў надта не трывожыць.

– Замётана, буду.

І Алег быў. І былі ўсе пятнаццаць з класа, хто так ці іначай спрычыніўся да фільма. Калі ўсе сабраліся на прыпынку за хвілін дзесяць да назначанага часу, я падышоў да Ромкі, і ён па аднаму руху зразумеў, што я хачу, і мы неўпрыкмет моцна стукнуліся сціснутымі кулакамі, не кажучы больш ні слова.

То быў цудоўны дзень! Першая наша агульная вылазка на прыроду і без адзінага старэйшага! Збіраліся разысціся ў сем, дык ледзьве сабраліся ў дзевяць. Пачыналіся канікулы, воля п'яніла. Мяса з'елі б яшчэ столькі, колькі насмажылі. Смажыць, дарэчы, даручана было мне і Уладзю. Ён умеў, а мне давялося вучыцца. З дзяўчынак дапамагала нам Наста Базан, рабіла ўсё весела і шчыра, і я цішком радаваўся за Уладзю – іх узаемная сімпатыя цяпер была такой відавочнай і адначасова такой кранальна-непасрэднай, што яе не толькі я, а ўсе вакол імкнуліся не заўважаць, каб не напужаць, ці што. І ніхто услых не размаўляў пра іх – Уладзю і Настачку, бы табу наклалі на гэту тэму. Але, бачылася, узніклая сімпатыя неяк асабліва ўспрымалася ўсімі, бы маленькае дзіцятка спала сярод нас, і мы мусілі паводзіць сябе так, каб не абудзіць яго дурным словам ці брыдотным крыкам.

Адно мяне асабіста брала прыкрасць – увесь вечар Юрась не адыходзіў ад Ядвісі, быў з ёй побач.

Мы развітваліся з выдатным настроем, я ішоў дахаты, потым мыўся доўга пад душам (вось жа, пракурадыміўся ўвесь), піў гарбату, глядзеў фільм, чытаў, круціўся. і думаў пра Ядвісю. Не, нічога не фантазіраваў, не прыдумляў, проста думаў пра яе. Думаў – і ўсё. Вось калі галодны, дык увесь час думаеш пра тое, як хочацца есці. І я так думаў пра Ядвісю.

Раніцай мне патэлефанаваў Ромка.

– Ты выбачай. Больш нікому казаць не буду, але ты павінен ведаць, папярэдзь. сам ведаеш каго. Мяне ўчора чакалі каля пад'езда. Твар сіні. Маці хацела міліцыю выклікаць, а толку. Здаецца, нічога не зламана. Крыўдна так, сука! Крыўдна, ажно да слёз, што здачы нельга даць.

Не люблю я сацыяльныя сеткі, не люблю эсэмэскі! Таму патэлефанаваў Ядвісі, сказаў: тэрміновая размова. Яна запрасіла дадому, бо гатавала абед.

Я расказаў усё пачутае ад Ромкі. Ядвіся маўчала, прыкусіўшы вусны, памешвала і памешвала лыжкай сваё варыва. Потым выключыла газ, пабегла ў пакой, пераапранулася, палезла ў глыбіню шафікаў, корпалася, збірала нейкае сушанае зелле.

– Хадзем!

Ромкавы вочы амаль заплылі, ліловая пухліна на шчацэ выродліва скрыўляла твар. Ён хацеў выглядаць бадзёра, але трохі саромеўся Ядвісі. Тая па-гаспадарску прайшла на кухню, нейкі час бавілася там з Ромкавай маці, тады прыйшла да нас са слоікам з вадкасцю светла-рудога колеру.

– Гэта адвар. Зараз маці прынясе ватныя кружэлкі, будзем змочваць і прыкладаць. Як астыне, маці падагрэе. Трымай на твары, пакуль не ахалодае, будзе надта горача напачатку – трывай.

І потым мачыла тыя кружэлкі ў адвары, прыкладвала на Ромкавы вочы, шчаку, нешта ціха нашэптвала пра сябе.

Ромка набраў мяне ўвечары.

– Слухай, цуд нейкі! На твары пухлін няма, адно сінякі трохі свецяць! І боль сышоў. Я Ядвісі тэлю, яна не падымае нешта.

– Дык выдатна, – пастараўся адказаць я весела. – А Ядвісю Юрась запрасіў у кафэшку. там тлумна, яна, мабыць, не чуе. Ці, можа, танчаць.

Я раптам пазайздросціў Ромку – мне хацелася зараз ляжаць збітым невядомымі і адчуваць які сапраўдны фізічны боль, а не трываць унутры скавытанне пачуцця сваёй непатрэбнасці.

8

На вялікім экране пабеглі цітры. Так, Марго з Міхалам і цітры зрабілі – нашы невялікія здымкі падчас фільма і ў звычайным, так мовіць, ракурсе, без грыму і пераапранання, побач – імёны, прозвішчы. Гэтак самавіта глядзелася. Мы сядзелі, працятыя ўсе адным магутным электраполем, – і дыхалі ці не ва ўнісон, і цяпер вось у поўнай наэлектрызаванай цішыні елі вачыма завуча, Наталлю Іванаўну. Ромка стрымаў слова – запрасіў яе і Зінаіду Мартынаўну на першы прагляд. І для ўсіх, акрамя яго самога, Марго і Міхала, гэта быў менавіта першы прагляд – як ні ўгаворвалі мы Ромку паказаць фільм раней, ён не згадзіўся:

– Усё вельмі проста. Альбо ты прызвычайваешся трымаць слова і трымаеш яго заўсёдна, альбо ты трапло і распішыся ў гэтым. Не прасіце...

І трэба было бачыць, як яны, трое, хваляваліся. Ромку дык проста трэсла, рукі дрыжалі, нібы ў алкаголіка, калі схапіў мышку – не мог патрапіць на патрэбны значок.

Мы не бачылі твараў Таццяны Іванаўны і Зінаіды Мартынаўны – яны селі за першым сталом. А па спінах хіба адгадаеш?

.Экран стаў чорным, потым пакрысе скрозь чарнату прабівалася барвовае – узыходзіла сонца, і яно сапраўды з'явілася, праявіўся краявід: рэчка, туман і вялізнае, на палову экрана, зусім нязыркае, сонечнае кола, выява якога падрыгвала ў паветраных струменях. І ў гэты час, заціхаючы, ужо без музыкі, гучаў голас Стася, паўтараліся першыя радкі яго вялікага верша:

– Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых вачэй,

Я ведаў, што знайду, бо толькі яны свецяць праз час і прастору.

Сярод шэрых дзён, сярод гэткіх жа шэрых, без зорак, начэй

Твае вочы свяцілі мне, твае вочы мне замянялі зоры.

Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых.

Я шукаў твае вочы.

Я шукаў.

Фільм скончыўся – аніводнага гуку. І не спяшалася Наталля Іванаўна, і не ўставала з месца Зіначка. І маўчалі мы.

Нарэшце завуч паднялася з крэсла, павярнулася да нас, і нельга было не заўважыць яе вільготныя вочы. Яна ўсміхалася і адначасова стрымлівала ўсмешку, стрымлівала сябе.

– Бачу, маю параду адносна таго, як і што абіраць, вы успрынялі ў найпростым сэнсе. Ваша права. Праца вельмі грунтоўная. Увасабленне выдатнае! Ніякіх пытанняў – фільм прымаецца на конкурс! – І дадала пранікнёна: – Вы малайцы, дзякуй за цудоўнае эстэтычнае задавальненне.

І выбухнула! Наўрад ці яшчэ некалі ў класе мы раўлі з такой сілай, не маючы больш магчымасці стрымаць свае эмоцыі, бо ж самі, самі былі не проста ўражаныя, а ашалелыя ад фільма. Абедзве жанчыны – завуч і класная – затулілі вушы рукамі. Усе кінуліся да Ромкі і Марго з Міхалам, але каго падкідаць угару першым, не паспелі вырашыць, і завуч паспяшалася крышку навесці парадак:

– Не-не, не падкідвайце нікога! Яшчэ забудзеце злавіць. Макар, калі ласка, перадасі фільм старшыні аргкамітэта, прыём работ са снежня, і каб, барані Божа, ніякіх копій у сеціве да афіцыйнага падвядзення вынікаў. Я вам зычу перамогі!

На другі дзень да нас з Ядвісяй падышоў Ромка, нахіліўся над сталом:

– Слухайце. Ядзя, у цябе ніякіх траблаў не здарылася? Ну, у сэнсе, кшталту як са мной пасля лецішча?

– Ды не, усё ціха, – паціснула плячыма Ядвіся. – Сама трошкі дзіўлюся, бо чакала нечага падобнага.

– Мо адумаліся, – задумліва сказаў Ромка і працягнуў: – Учора Віялета напісала мне ў «УКантакце» просьбу аб дапамозе. Напрыканцы месяца – гарадскі восеньскі баль для школьнікаў, ну, штогадовы, конкурс прыгажосці «Міс Восень». Віялета будзе удзельнічаць ад нашай школы. Наколькі я ведаю, яна фаварытка, так усе шэпчуцца, бо галоўны спонсар свята – фірма яе бацькі. Патрабуецца невялікі выступ, каб паказаць там талент, бліснуць і ўразіць. Карацей, скрэатывіць па поўнай. Вось і просіць прыдумаць ёй нумар. Дарэчы, абяцала заплаціць.

–Дык зарабляй грошы,—хмыкнуў я.—Раней нас прасіў нешта прыдумаць, бач, сам напрактыкаваўся.

– Ага, адаб'еш хоць колькі, – падтрымала Ядвіся. – Не трымай зла, пагатоў, дакладна ж невядома, хто тых гопнікаў на цябе нацкаваў.

– Ды я вось таксама схільны да таго, – згадзіўся Ромка. – Прыдумаю нешта. Яно і праўда, гэтулькі ідэй пасля ў галаву прыходзіла, як здымалі, зараз думкі скіраваныя, куды трэба...

Ён і прыдумаў: ажно тры невялікія сцэнкі, сапраўды, крэатыўныя. Мы пачыталі – цікава, галоўнае – не зашоранае і не сцягнутае з Камедзі-клаб.

Незразумелая трывога з'явілася назаўтра. Ромка, як заўсёды, у сваім чорным гарнітуры, светлай кашулі пад гальштукам зайшоў у клас, і яго першай голасна прывітала Віялета:

– Ромачка, дарагі, вітаю! Я так чакаю! Ты прынёс мне, пра што мы дамаўляліся?

– Так, мілэдзі, уключы блютуз, я скіну файл, – Ромка падышоў да яе і пачаў корпацца ў сваім тэлефоне.

– О, які ты прыгажунчык! – здаецца, шчыра зарадавалася Віялета і дастала свой тэлефон. – Трымай, як дамаўляліся, – і яна пасунула па стале канверт.

Ромка пачырванеў.

– Я перадумаў, – буркнуў ён, хацеў адысці ад стала, не кранаючыся канверта, але Віялета настойліва паўтарыла:

– Трымай, а то ты мяне пакрыўдзіш! Я ведаю кошт часу, я прывучаная за ўсё плаціць, тут няма нічога крыўднага, калі ласка, вазьмі! За мяне перажываюць мае бацькі, ты ж ведаеш.

І Ромка ўзяў грошы, а што яшчэ магло быць там?

Навошта Віялета так дэманстратыўна разлічылася з Ромкам за паслугу? Пытанне не давала мне спакою ўвесь дзень. І вось, далібог, злавесна прагучалі яе, здавалася б, зусім бяскрыўдныя словы: «Я прывучаная за ўсё плаціць». Падзяліўся трывожным пачуццём з Ядвісяй. Яна паціснула плячыма: хто ведае, што ў галаве гэтай дзеўкі.

– Яся. Хачу паразмаўляць, – няўклюдна прызнаўся я пра жаданне сустрэцца.

– У чым праблемы? Запрашай на каву з малаком! Можна і без цукерак, – пажартавала яна ў адказ.

– Маці дома.

– Не разумею, ты ж, здаецца, навучыўся сустракаць дзяўчат, вызначыўся з месцам і сервіраваннем, нават як і кухня занятая, – працягвала яна блазнаваць.

– Тут трошкі іншае. Разумееш, пра маці і хачу спытаць. А як буду пра яе пытаць, калі яна – у кватэры. Неяк. непрыгожа, – прызнаўся я.

– У цябе з маці пытанні? – пасур'ёзнела Ядвіся. – Хадзем пасля школы па вялікім крузе, праз старыя прысады. Добра?

– Добра.

Я зманіў. Не так ужо і хвалявала пытанне пра маці, хоць, чаго хаваць, мучыла яно маленькім чарвячком, не адпускала. Ніяк не выходзілі з галавы колішнія словы пра яе адналюбства. А цяпер. Яна штовечар звязвалася са сваім мужчынам у Вайберы – я чуў, як яны размаўлялі па відэа (таксама ёй паказаў, бо па тэлефоне не надта паразмаўляеш – ён, мужчына, быў у Расіі), чуў, як іншым разам на кухонным стале ціха пазвоньвае яе тэлефон, паведамляючы пра новае паведамленне ў Вайберы. І аднойчы маці мне дала зразумець: яна рэальна можа выйсці замуж, калі сказала: у мяне можа з'явіцца магчымасць жыць цалкам самастойным жыццём, а яна пойдзе да свайго мужчыны. Апошняе дык і напалохала. Зрэшты, было б страшней, каб яна папярэдзіла пра магчымы прыход чужога ў нашу кватэру. Хай тры пакоі, і мая асабістая прастора наўрад ці будзе парушана, але ж. Як жыць з чужым чалавекам? Ды яшчэ ведаць, што ён спіць з тваёй маці у суседнім пакоі за тонкай сценкай?

Пра ўсё гэта я і расказваў Ядвісе, калі мы выйшлі са школы, выбачыліся перад Юрасём і Уладзем і скіраваліся ў іншы бок. Уладзя ўсміхнуўся на развітанне, падбадзёрыў, а вось Юрась. Не, мы з ім, папраўдзе, усё больш аддаляліся. Я ўжо не пытаў яго пра розныя траблы ў жыцці – мы з Ядвісяй пра многае паспявалі перамовіцца на ўроках і перапынках. Юрась не дзяліўся з намі сваімі новымі матэматычнымі гіпотэзамі, нібыта страціў цікавасць да сваёй улюбёнай матэматыкі. Ідучы ў школу, мы зазвычай маўчалі ці казалі розную лухту, пакуль не падыходзіла Ядвіся, – мы змянілі маршрут і цяпер штораніцы спачатку ішлі да яе дома, а адтуль ўжо ў школу. Не, Юрась не стаў іншым, хутчэй я перастаў бачыць у ім свайго аўтарытэтнага таварыша, якому раней зазіраў у рот пры кожнай нагодзе. Мне было прыкра. Але я ведаў, як спатрэбіцца, то давяду сваё сяброўства. Мабыць, мы трошкі падраслі, і цяпер нам зусім неабавязкова, як дзяўчынкам, трымацца ўвесь час побач, каб ведаць, што мы – сябры? Вунь жа і Уладзя на перапынках, па вечарах больш тусуецца не з намі, а з Настачкай. Ён такі цікавы цяпер. Бы знайшоў нешта такое ж крохкае і дарагое, як Шліман тую вазу траянскую, трымае яе ў руках, нясе асцярожна-асцярожна, каб не выпусціць з рук, але каб і не сціскаць моцна. Мы не пацвельваем з яго, як раней, калі ён быў закаханы ў Віялету. Юрась неяк сказаў, што Уладзя належыць да таго кшталту людзей, якім так важна быць патрэбным некаму тут і цяпер, мець свой аб'ект абажання і клопату. Не люблю я гэтых розных тлумачэнняў, няўжо нельга прыняць пачуцці чалавека як ёсць, без падзелу іх на складнікі, без выяўлення прычын?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю