412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерый Гапееў » Мая мілая ведзьма (СИ) » Текст книги (страница 12)
Мая мілая ведзьма (СИ)
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 18:00

Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"


Автор книги: Валерый Гапееў


Жанр:

   

Детская проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 14 страниц)

Мне бачыўся ранак расстання, як усміхалася і смяялася ўголас жанчына, праводзячы мужчыну са свайго парога, штурхала ласкава ў плечы: «Бяжы! Зноў спознішся!», а з вачэй у яе цяклі і цяклі слёзы, а ён разгублена мармытаў нешта пра свой доўг, абвязак і сумленне...

Адзінае, што не мог я ўявіць, не мог апісаць – сямейнае жыццё мужчыны. Таму пісаў адно пра тое, як стаў ён вядомым паэтам, як пачалі выходзіць яго кніжкі. І як аднойчы ўначы ці то прыснілася яму, ці то згадалася тая жанчына, і з тым першым успамінам прыйшло асцярожнае, кволае разуменне, што нечага ён не памятае, нешта засціла і засціць дагэтуль куточак памяці, дзе схаваны адзін з самых светлых і дарагіх яму момантаў. Год за годам ішоў, і пакрысе слабла заслона бяспамяцтва, і ў нейкі дзень вырашыў мужчына, што ён ці не вар'ят, бо гатовы быў паклясціся сам сабе: не прымроіў, не прысніў; насамрэч было: першая і апошняя іх ноч у цёплай хаце з квяцістымі ходнікамі, дзе маятнік старога гадзінніка лёгка і амаль бязгучна гойдаўся, адлічваючы іх апошнія хвіліны разам, а вочы намаляванага ката згары зіркалі то ў бок ложка іх спатольнага кахання, то ў бок сашчэпленых клямкай палавінак дзвярэй.

Я апісваў яго адчайны крок: ён сарваўся аднойчы з месца, знайшоў добрую падставу – выйшаў чарговы зборнік яго вершаў, і павёз яго туды, на сваё першае месца працы, каб сустрэць сваіх настаўнікаў, аддзячыць ім, а насамрэч толькі на дзесяць хвілін прыпыніўся ў рэдакцыі раёнкі, а пасля паімчаў у тую вёсачку... І сустрэлі яго два маўклівыя рады самотных ліп, бяроз і клёнаў, здзічэлыя яблыні ў садах, густыя зараснікі бэзу і язміну замест платоў. Не было ніводнай хаты.

А ў гэты час у далёкім ад мужчыны горадзе па тратуары, што бялеў ад ранішняй шэрані, хутаючыся ў хустку, ішла ў школу дзяўчына, нечым няўлоўна так падобная да яго. А ў невядомай мужчыну кватэры ўвечары жанчына яго веку заварвала сабе гарбату, прысаджвалася з кубкам у вялікім пакоі, уключала тэлевізар. Але не дзівілася на светлавыя пырскі з экрана, прыглушвала да ледзь ціхага гук і успамінала-згадвала маладога журналіста з раённай газеты, які паслухмяна крочыў за ёй следам у тым дзіўным восеньскім лесе, які не змог схаваць радасці ў вачах, калі даведаўся, што спазніўся і наканавана яму начаваць у яе доме. Які быў самы жаданы, блізкі і любы ў той вечар і ўсе гады пазней... Асцярожна прыадчыніць дзверы яе дарослая дачушка-дзесяцікласніца, незласліва папракне матулю: «Зноў гарбата ахалодала... Давай новай запару», а яна ўсміхнецца ласкава ёй, будзе глядзець на родны твар і бачыць у ім рысачкі і рысы свайго адзінага каханага.

Яшчэ два дні я не кранаўся тэксту – думаў, мо каму паказаць? Ну, раптам ад пачатку такая дрэнь, што той паэт і чытаць не стане? Я выглядзеў у сеціве, што ён, апрача іншага, рыхтуе літаратурную старонку, значыць, усё мастацкае, вершы там, апавяданні, да яго трапляюць. Але ж мне не дасылаць – мне трэба пабачыць яго. Каб потым апавесці Ядвісі: вось, ён такі, ён – вядомы паэт, яго ведаюць і ім ганарацца. І калі хочаш – я дам табе яго тэлефон, адрас, фота (знайшоў у сеціве, але, на жаль, дзесяцігадовай даўніны).

Так і не прыдумаў, каму даць пачытаць. Так, Уладзю я давяраў, але ж. Ён – кемлівы, ён можа здагадацца. І роўна, акуратна звядзе ўсё ў адну кропку. Хай Алеся пачытае? Не, яна занадта... прастадушная ці што, наіўная нават. Пачытае і яшчэ пахваліцца каму без аніякай ліхой думкі: дзівіцеся, Вяргейчык напісаў хвацкае апавяданне! А настаўніца літаратуры Яўгенія Львоўна ўчэпіцца: дай пачытаць, а раптам вартае на конкурс? Не, тут выключна нікому.

Сядзеў, перачытваў, хацелася ўявіць, што адчуе бацька Ядвісі, калі будзе чытаць гэтыя радкі? А можа, я дурны і нічога не кемлю, можа, ён даўно захрас у сваім сямейным жыцці і побыце і нічога не памятае з таго выпадку, даўно забытая ім лясная дарога.

Зайшла маці, мімаходзь зірнула на манітор, правяла рукой па маёй галаве:

– Думаю, што ў цябе за цішыня, не чуваць звычайных галасоў тваіх герояў... Чытаць зараз задаюць з манітора?

– Ды не. Я сам напісаў, – неспадзявана для сябе прызнаўся я.

– Цікава, і што ты напісаў? – хутчэй больш з ветлівасці, чым цікавасці, запытала маці.

– Апавяданне пра каханне, – не мог утрымацца я ад узніклага жадання падзяліцца.

– Ого! Ты адкрыў у сабе здольнасць пісаць? – гэтым разам шчыра здзівілася маці.

Яна стаяла побач, трымала руку на маім плячы, і хоць галава яе была павернутая да манітора, ведаў: яна ні слоўца не прачытае. Колькі ўжо было раней, падчас майго заседжвання ў сацыяльных сетках, яна падыходзіла, нагадвала пра вячэру ці ўрокі, ці пра смецце, якое трэба вынесці, але ніколі не цікавала за тым, што я пішу ці чытаю. Напачатку я спалохана згортваў браўзер, касавурыўся, але аднойчы маці сказала: «Без твайго дазволу нічога чытаць не буду. Абяцаю раз і назаўсёды». І я паверыў, чаму не паверыць? Ні разочку не западозрыў маці ў яе патаемным жаданні зірнуць хоць адным вокам на ліставанне.

– Мам. – раптоўна вырашыў я. – А пачытай і скажы – ці добра?

– Мне ацаніць тваё апавяданне? – усміхнулася, ускудлаціла валасы. – Які ж з мяне крытык?

– Мне чытач неабходны. Дарослы. Каб сказаў: ці цікава, ці добра, ці можна хоць чытаць.

– Шмат чытаць?

– Ну. пятнаццаць старонак. А я посуд памыю. што яшчэ зрабіць?

– Добра, ідзі мый, хопіць пакуль, – з усмешкай пагадзілася яна.

Не думаў, што мае рукі будуць дрыжэць, калі пайшоў на кухню. І чаго так расхваляваўся?

Маці выйшла не хутка – я ўжо пачаў ёрзаць, фільм ў тэлевізары ніяк не заходзіў. Яна прыадчыніла дзверы і знерухомела, скіраваўшы на мяне позірк, у якім. Там было захапленне, і вочы былі чырвоныя і мокрыя!

– Я не ведаю і пытацца не буду, табе хто расказаў такую гісторыю, ці ты сам яе прыдумаў. Але апавяданне – супер! – урэшце вымавіла маці, а голас яе крышку падрыгваў. – Я чытала і на сярэдзіне забылася, што гэта стварыў мой сын. Прабач, але ніколі б не падумала, што ты можаш так пісаць. Вельмі ўсцешаная. Вельмі.

– Дзякуй, мам.

Я быў шчаслівы.

Засталося пачакаць канікул. Яны хутка. І хутка Новы год, пра які мне думаць не хацелася. Раней мы сустракалі яго заўжды ў мяне, утрох: Уладзя, Юрась і я. Добра наядаліся прысмакамі, якія і хлопцы прыносілі, і мама гатавала, пасля ішлі на гарадскую плошчу – там тусілі гадзіны да трэцяй ночы, калі было цікава. А як не, дык разыходзіліся раней. Летась на навагодні баль, як гучна называюць пераднавагоднюю дыскатэку ў школе, не зазіралі – нецікава. І ў гэтым годзе я дакладна не пайду.

Неяк спакваля, незаўважна, Юрась і Ядвіся аддаліліся ад усіх. Я амаль фізічна адчуваў дыстанцыйны халадок, які ўзнік ля Ядвісі. Да яе не спяшаўся, як раней, падыходзіць Ромка. Настачка, якая кожную перамену круцілася ля Ядвісі, цяпер зазвычай была на перапынках разам з намі – з Уладзем, мной і Ромкам. У сталоўцы ніхто з нашых не бег сесці за стол, за які сядалі Ядвіся і Юрась.

Мне было балюча. Ядвіся амаль ніколі не ўсміхалася, яе голасу на перапынках не было чуваць.

Лічыў дні да навагодняга свята, якое сустрэў ва Уладзі, – маці, выбачаючыся і саромеючыся, папрасіла яе адпусціць сустрэць Новы год у Вільні. Ну, не адной, вядома. Я быў рады за яе. Так прыемна было бачыць яе шчаслівай і вясёлай. Да Уладзі назбіралася чалавек дзесяць, хадзілі на плошчу, якая была шэрай і мокрай, – снегу і маразоў мы так і не пабачылі. Пад парывамі ветру ківалася на плошчы аднабокая ёлка, купкамі стаялі людзі. Ні жартаў, ні смеху, нават петард не чуваць – міліцыянераў паўсюль, бы «сняжынак» на ранішніку ў дзіцячым садку, плошча агароджана, з нечым такім і не пройдзеш. Сустрэлі сваіх – адну, другую тусу, і да Уладзі вярнуліся ці не ўсім класам. Але ягоная маці нас не пагнала, мы дурэлі разам да раніцы, нават ладзілі неблагія танцы. Я быццам і быў разам з усімі, але кожную хвіліну адчуваў сябе акцёрам у не надта прыемным мне спектаклі.

З кім і дзе сустракала свята Ядвіся, я не ведаў.

Пасля Новага года адзначаў у календары дні, аб'яўленыя непрацоўнымі. Не помню, колькі разоў прачытаны і выпраўлены тэкст майго апавядання ляжаў, запакаваны ў тэчку. Дзень я вызначыў, з маці пра ўсё дамовіўся, грошай яна мне дала. Дзве гадзіны на электрычцы – не такі і доўгі шлях.

Хваляванні зніклі, калі я набыў квіток і сеў у паўпусты, але нечакана цёплы вагон. Ні пра што ў дарозе не думалася – я глядзеў на бясснежныя палі, дзе шэрыя, дзе зялёныя ад руні, на голыя ўзлескі. Электрычка спынялася на безлічы прыпынкаў, не паспеўшы як след набраць хаду, але я настроіў сябе на доўгую нудную дарогу. Уваткнуў навушнікі ў вушы, уключыў музыку – што патрапілася. Ведаў, дзе шукаць рэдакцыю абласной газеты, – палазіў у сеціве, ведаў свой маршрут ад вакзала. Пайшоў пехатою, хоць па мапе выпадала больш за два кіламетры.

Захваляваўся тады, калі ў доўгім калідоры рэдакцыі маладая жанчына з высокай фрызурай, у дзелавым строі – белая блузка, чорная спаднічка і фрэнчык, пачуўшы пытанне пра Васіля Матыля, зірнула з незразумелай усмешкай і прамовіла:

– Вам вунь у тыя дзверы, перадапошнія па левым баку. Калі ён здольны вас прыняць.

У яе словах была і насмешка – не з мяне, а з паэта, і заўсёднае раздражненне, і жаль да мяне. Я не разумеў гэтага клубка пачуццяў, але раптоўна ўстрывожыўся. Стукнуў двойчы ў дзверы дзеля прыліку, не думаючы, што пачую запрашэнне, адчыніў.

Хоць фортка акна была прыадчыненая, у невялікім кабінеце на два сталы быў густы смуродны пах. Перагар. За адным сталом сядзела дзяўчына гадоў дваццаці, у вялікіх акулярах, дробненькая, амаль уся схавалася за маніторам. Валасы на яе галаве былі незвычайна для такой маладой гладка зачэсаныя назад і звязаныя ў пучок. А вушкі – маленькія і пацешныя, зусім дзіцячыя. За другім сталом сядзеў мужчына, гадоў сарака пяці ці нават больш, але з цалкам пасівелай галавой. Ён быў у гарнітуры, белай сарочцы пад гальштукам, ды ўсё выглядала бы ў нашага Швондзера

– пакамечаным і нясвежым. Ён павярнуў свой твар – чырвоны, з адвіслымі складкамі скуры пад вачыма. Позірк быў цьмяны, абыякавы, хоць вусны і пасунуліся ў спробе ўсміхнуцца.

– Заходзьце, заходзьце, – прамармытаў ён. – Па якой вы справе?

Я павітаўся. І ў той жа момант мне собіла павярнуць назад, але ззаду як што падштурхнула, і я зрабіў два крокі да стала.

– Вы ж Васіль Матыль?

– Ну, пакуль я Матыль, як ніхто яшчэ не перахрысціў, – нязграбна пажартаваў ён.

Яму было вельмі блага, відавочна. Аблізнуў перасмяглыя бясколерныя вусны, якія здаваліся чужымі на чырвоным твары, каўтнуў. Узняўся, зрабіў два крокі да невялічкага століка ў куце

– там стаяў графін каламутнага белага шкла з вадой і дзве шклянкі. Ліў марудна, мабыць, з асцярожнасці, і стаў піць, адвярнуўшыся спінай. Ззаду яго штаны блішчалі. Вярнуўся, сеў, адкінуўшыся на высокую чорную спінку крэсла.

– Калі да мяне, то прашу, слухаю вас!

У голасе гучала штучная напышлівасць і імкненне выглядаць годна, відаць, яму самому было крыху няёмка – не адышоўшаму ад учарашняй п'янкі – перад нечаканым наведвальнікам.

Я мусіў падысці да яго, дастаў з заплечніка тэчку. І хоць збоку бы нехта скуголіў мне: кінь, не давай яму нічога, няўжо ты не бачыш, перад табой п'яніца горкі, зірні на каўнер яго кашулі, ён брудны, амаль шэры, зірні на вузел гальштука, увесь зашмальцаваны, няўжо такі бацька патрэбны Ядвісі – я паклаў паперы на край стала:

– Вось. Апавяданне напісаў.

– О! Проза – добра, вельмі добра. А то ўсе пішуць вершы. Вершы, якія чытаюць адно самі ды вось я, як іхні рэдактар. А хто чытае мае? Правільна, ніхто, – мармытаў ён, паляпваючы пальцамі, але не расшпільваючы пластыкавую тэчку.

І добра, што ён не стаў гэтага рабіць. Добра, што не схапіўся, не стаў чытаць, запрасіўшы прысесці. Бо мне было невыносна знаходзіцца яшчэ хоць колькі побач з ім.

– А вы скуль, малады чалавек? – гэтым разам Матыль узняў бляклы позірк, у якім адбілася крышачку цікавасці.

– Там ёсць нумар майго тэлефона, – унікліва адказаў я. – То я пайду, да пабачэння.

– Ага, добра, – хітнуў ён галавой, зноў апусціўшы вочы ў стол.

Дзяўчына за гэты час не падала і гуку, не адвярнулася ад манітора.

Я выйшаў. У другі раз адчуў невымоўную пустэчу. Так было, калі Ядвіся тэлефанавала і крычала, што ненавідзіць мяне і не даруе. І вось цяпер. Колькі разоў я спрабаваў уявіць сабе гэтага мужчыну, паэта, колішняга маладога журналіста, які ішоў за маладой настаўніцай па зарослай лясной дарозе, але чаму, чаму ніяк не паўставаў ён мне звычайным п'яніцам з азызлым тварам, чалавекам, які скаціўся ў свой асабісты свет нораваў, звычак і вывернутых каштоўнасцяў? Чаму я быў такі ўпэўнены ў гэтым паэце?

Усё зноў абрынулася, і абрынулася дарэшты.

Не заўважаў часу, сядзеў у паўпустой гулкай зале чакання з высачэзнай пукатай столлю, пасля бяздумна вывучаў сценку вагона. Было нават горача – так напалілі ў вагоне, я расшпіліў куртку і балахон.

На адным са шматлікім прыпынкаў у вагон зайшоў хлопец, мне дык падалося ў нейкі момант – Алег. Ды было далекавата, не разгледзеў. Хлопец у «вайсковай» куртцы, нацягнутай на самыя бровы вязанай шапачцы, коратка, зладзеявата нават, агледзеў амаль пусты вагон, каўзануў абыякава сваім позіркам па мне і хутчэй зацягнуў сваю цяжэнную, старую і брудную сумку на вольнае месца ля самых дзвярэй.

.Іх было трое, у чорных кароткіх скуранках, цяжкіх ботах на шнуроўцы – берцах. Не заўважыць маю саколку з «анархіяй» яны не маглі – яна чорная, літара «А» – белая і вялізная. Яны з развароту, з імпэтам селі – адзін ля мяне, двое насупраць. Не глядзелі ў мой бок знарок, як не бачылі. Непрыемна падцягнула жывот.

Усяго адну бойку памятаю – у дзяцінстве. І з таго часу ўнікаў усялякіх сутычак. Не тое, каб я баяўся болю, невыносна перанесці іншае: чужую маральную перавагу над сабой, сваю асабістую нядужасць, непазбежнасць такога фіналу, у якім ты будзеш збіты, абражаны, прыніжаны пры любым раскладзе. Прыблізна я ведаў, што мяне чакае: яны выпхнуць мяне за адзін прыпынак ад вакзалу. І там саб'юць з ног і пакоцяць па пероне. Так ужо было, мы ведалі – на гэтым прыпынку нямала білі і анархістаў, і антыфа, раён станцыі лічыўся цалкам пад кантролем скінхедаў. І не будзе каму заступіцца, бо там мала выходзіць людзей, ды і што нашы людзі? Дзе сёння хто за каго заступаецца.

Адзін са скінаў быў старэйшы за мяне, гадоў васямнаццаці, двое – недзе мае аднагодкі. Яны маўчалі. Той, што сядзеў побач са мной, раптам гучна пацягнуў носам паветра і рыкнуў:

– Чым тут смярдзіць?

Яго голас, пэўна ж, пачула палова паўпустога вагона, дзе на лаўках сядзелі адзін-два чалавекі. Але ніхто ніяк не зрэагаваў на гэты голас. Адно што хаўруснікі гэтага аматара свежага паветра таксама пацягнулі насамі. І потым усе разам скіравалі позіркі на мяне:

– О, дык гэта анархіст вашывы псуе нам паветра!

– Нічога, ён разумны і выхаваны хлопчык і гатовы выцерці наш перон сваёй анучай.

Выйсця не было. Супраць трох я нічога зрабіць не змог бы. Хоць альтэрнатыва была: можна

распачаць бойку самому, тут. Яны раззлуюцца і біць сваімі берцамі будуць не трапна, як на пероне, прагульваючыся, а куды патрапяць. Могуць скалечыць твар – нос набок звернуць ці скулу рассякуць падэшвай. Ці дачакацца іх прыпынку – яны за хвілін пяць сілком выцягнуць мяне ў тамбур, выпхнуць на перон – і там іх будзе ўжо не трое, там заўсёды нехта пасвіцца з іх хеўры. Пакоцяць па пероне – там адно хавай галаву і твар рукамі, гаварылі: б'юць не надта моцна. Не было вялікага страху, калі казаць праўду. Адно адчуванне яшчэ больш узрослай, страшэннай безвыходнасці і тупіка ва ўсім. Мабыць, так і трэба, каб пасля ўсіх параз намаляваліся ў фінале маіх бездапаможных высілкаў вярнуць Ядвісю гэтыя скінхеды і будучы фізічны боль. Так і трэба.

Так заканчваюцца мары.

– Што за тэму пераціраем? Дазвольце да чэснай кампаніі далучыцца, а то сум у дарозе апанаваў, – пачуўся гучны і ўпэўнены, трошкі насмешлівы, знаёмы голас.

Ля нашых лавак стаяў Алег. Так, то ён зацягваў цяжэнную сумку ў вагон.

– Ты, чувак, адыдзі, тут у нас свой базар, – адказаў Алегу старэйшы са скінаў, які сядзеў з краю насупраць мяне. Нельга было не пачуць папярэджання ў яго звароце.

– Гэта бабулькі на рынку базараць, а мужыкі, кажуць, гамоняць за жыццё? – скрозь зубы раптоўна жорстка, з упіканнем суразмоўцы ў парушэнні асаблівага збору асаблівых правіл, сказаў Алег і сеў, адначасова бесцырымонна, бы знаёмага сябра, пасунуўшы скіна. Яго рукі былі складзеныя на жываце, правая схавана пад левы локаць. І не паспеў ніхто са скінаў разявіць рот, як зноў скрозь зубы са злоснай, сапраўднай, дарослай пагрозай Алег дадаў: – А ты за чувака адказваеш, пацан учорашні? – нават не зірнуўшы на скіна, але ўсе зразумелі, што пытанне да яго.

Ад упэўненага нахабства Алега троіца на нейкі момант разгубілася. Скіны пераглядваліся між сабой. Старэйшы, якога пасунуў Алег, ледзь павярнуў галаву ў яго бок і прасіпеў, яшчэ разлічваючы на сваю колькасную перавагу:

– Ты што тут забыўся? Ідзі, куды ішоў. Чаго лезеш у чужыя справы? Не клікалі.

– Ты, выпаўзак, сваім сучонкам будзеш загадваць, куды хадзіць і што рабіць, ясна, утырак? Не коўзайся на лаве, а то няўзнак наскочыш.

Пачулася характэрнае кароткае пстрыканне, і з пад левага локця Алега выскачыла дугою шырокае, незвычайна завостранае на канцы лязо нажа.

– Ціха, кажу, шалупень. Ніхто нікуды не ідзе. Усе сядзяць на сваіх месцах. Гуляць пойдзеце, калі я дазволю. Хто рыпнецца – ты сядзеш на нож. – Алег пасунуўся яшчэ бліжэй, той здрыгануўся, мабыць, адчуў вострае лязо. Алег вальней раскінуў рукі, лязо прыхавалася між ім і скінам.

І мы ехалі так яшчэ два прыпынкі. Калі электрычка амаль што спынілася на «іхняй» станцыі, Алег загадаў скінхедам:

– Збеглі хуценька, недапалкі.

Яны падхапіліся без адзінага слова. Алег, агледзеўшыся, распрастаў рукі, спрактыкаваным рухам схаваў лязо ў тронкі, паклаў нож у кішэню джынсаў.

– Вось каб цябе раз пракацілі па асфальце, дык разумнейшы стаў бы, – без злосці, нават са шкадаваннем, сказаў ён.

– Усё жыццё хаваць тое, што табе даспадобы? – слаба запярэчыў я.

– Дурань, – хмыкнуў Алег. – Каб бараніць нешта сваё, трэба мець нешта. А ў вас – соплі.

– Зразумела, – пагадзіўся я, бо зараз дакладна разумеў, пра што кажа Алег. Калі ты без нічога

– без сілы, без грошай, без. без сяброў – ты ніхто, ты нідзе, ты ніякі. – Дапамагчы? – я павёў галавой на лаўку, ля якой стаяла сумка Алега.

Ён моўчкі кіўнуў.

Мы разам дацягнулі сумку да прыпынку аўтобуса.

– Далей? – спытаў я. – Мне спяшацца няма куды...

– Давай, – не адмовіўся ён і патлумачыў згоду: – Ад прыпынку з паўкіламетра перці.

Аўтобус цягнуўся марудна, мы даехалі да самай ўскраіны горада, і Алег памкнуўся да выхаду.

Потым моўчкі неслі сумку да гаражнага масіву, прайшлі праз яго на самы ўскраек – крыху наводдаль ад іншых стаяла купка з пяці гаражоў. Спыніліся нарэшце, Алег дастаў ключ, адамкнуў дзверы, пацягнуў скрыпучыя вароты.

У гаражы было пуста, у кутах грувасціўся ў кучах металалом: асобна, самая вялікая купа– жалеззе, у другім куце – скруткі алюмініевага дроту, яшчэ там рознае. Стаялі ля сцяны старыя акумулятары. Была і невялікая кучка меднага дроту, відавочна, абпаленага.

Алег пстрыкнуў выключальнікам – загарэлася зыркая лямпачка. На невялікім стале стаяў электрычны чайнік, вялікая пластыкавая бутля з вадой.

– Гарбаты пап'ем. Не еў зранку. А ты?

Я згадаў, што і сам не клаў нічога на зуб – трохі казытаў нос на вакзале пах свежых беляшоў, але ж такі настрой быў.

Алег выцягнуў з заплечніка пакет, дастаў хлеб, кавалак сала, гуркі. Хутка парэзаў. Мы елі, пасеўшы на старыя, некім выкінутыя з хаты, драўляныя крэслы. Забулькатаў чайнік, Алег спаласнуў кіпнем два пластыкавыя кубкі, насыпаў заваркі, заліў. Выцягнуў пачак цыгарэт, прыпаліў ад запальнічкі.

– Твая гаспадарка? – парушыў я маўчанне, якое ніколькі не гняло, але ж карцела нечага больш даведацца, бо я быў уражаны ўбачаным.

– Мая, – кіўнуў Алег. – Дзядзькаў гараж, аддаў мне пад метал. Тут выгодна: можна касцёр побач раскласці, медзь ці алюміній абпаліць, калі ў ізаляцыі, бо з тонкім намучышся, як пашанцуе кавалак кабелю падабраць.

– Шанцуе калі?

– Ды вось сёння. Тройчы мінаў адну хату, там дах і столь праваліліся, праводку даўно раней знялі. Сёння завітаў ад безвыходнасці, бо нідзе нічога не знайшоў, хоць і небяспечна – усё вісіць над галавой. Бачу – бы вяроўчынка, ажно – старая праводка, тканая ізаляцыя. І – медная. Як мянялі яе, дык на гарышча закінулі. Стаў цягнуць – а там скруткаў! Мабыць, не з адной хаты сабралі раней. Вось, кіло дваццаць будзе, – Алег кіўнуў у бок сумкі, што мы прыперлі.

– Навошта грошы збіраеш?

Ён зірнуў на мяне з расчараваннем, бы здаровы на хворага:

– Я не збіраю, мы на грошы жывём. Вам маткі і бацькі даюць, а мая маці ў дэкрэце з трэцім, брат у другім класе. Спытай у сваёй, як выжыць адно на дзіцячыя грошы.

– Прабач, – ціха прамовіў я, імгненна ўспомніўшы, як згаджаўся Алег сыграць ролю ў нашым фільме, але за грошы, як мы аплачвалі яго «ахову» на лецішчы...

– Фігня.

– Ты па закінутых хатах ходзіш. А міліцыя не ганяе?

– Не. Я ж не ў жывых людзей краду. Бацька навучыў.

Я запытальна паглядзеў на Алега: як бацька мог навучыць і чаму, калі сам сядзіць у турме? Той хмыкнуў, верагодна, зразумеўшы маю няўцямнасць, патлумачыў:

– Бацька мне заўсёды казаў: глядзі на мяне, я з законам не сябрую – і хто я? Зэк прапашчы. Выйшаў, праз паўгода – новы тэрмін. – І раптам пасур'ёзнеў, дадаў рэзка: – Я на бацю не наракаю, не думай. Пакаціўся раз за краты – не спыніцца, такі закон. Таму ад пачатку трымацца неабходна. Ён і іншаму навучыў, галоўнаму: самому за ўсё адказваць. І за сваё – зубамі. За сваіх – зубамі, калі няма нажа ці хоць нечага пад рукой.

– Дзякуй табе, дарэчы, – урэшце знайшоў я момант падзякаваць за ягонае заступніцтва ў электрычцы.

– Сваіх не кідаю, – нехаця буркнуў Алег, адпіў з кубка і, гледзячы мне ў вочы, працягнуў раптам амаль з адчаем: – Вось ты ж – пацан нармаль, а дзяўчыну аддаў і каму? Ды каб мне такая, як Ядзя, у сябры запісалася, я б. Начамі па вёсках закінутых гойсаў бы, збіраў бы цвікі ржавыя з гнілых паваленых платоў, а ўсё адно ёй даў бы, што змог бы даць хоць такі, як Віця Марыноўскі. І горла перагрыз бы любому, хто пакрыўдзіць яе.

Я маўчаў. Мне было сорамна і прыкра.

– Дурнем быў.

– Ты фігню гародзіш, Кір, – са шкадаваннем, цвёрда сказаў Алег. – Дурнем быў – гэта калі цяпер паразумнеў і нешта спрабуеш зрабіць. А ты? Ты – абсікаўся і дагэтуль ходзіш у мокрым. Без крыўд толькі. Калі ты пацан – рабі, а не жуй соплі, не чакай і не шукай жалю да сябе. То мне таксама баця сказаў: недалужнасць ніхто не забудзе, ніхто не даруе. Няўдачы забудуць, дурасць, псіхі, дзівацтвы, выбрыкі розныя. але не недалужнасць і не жаль. За сваё біцца трэба. да крыві, калі трэба. Ды калі адважыўся, не думаеш, да першай крыві ці да смерці.

Пасля канікул мы сталі з Алегам рукацца пры сустрэчы. Мажліва, і тое неяк паўплывала, але я заўважыў змену стаўлення да сябе: запаважалі, ці што. Часцей, чым раней, звярталіся ў розных дробязях, уцягвалі ў гутаркі і спрэчкі, пыталіся і прасілі парады. Не адставалі Міхал Вакульчык са Стасем Фядзьковічам: дай ім ідэю на новы кліп, каб быў – красава! Яны літаральна заціснулі мяне ў кут і прыгразілі не выпусціць. У класе стаяў вэрхал, адно Ядвіся і Юрась сядзелі за сталом, і вакол іх нічога не існавала. Не, яны не былі разам, яны не размаўлялі. Юрась нешта пісаў у сшытку, Ядвіся глядзела за акно, цяпер пустое, – з жалем мы знялі свой «пейзаж» з матылькамі і дзяўчынкай у чырвонай сукенцы.

– Добра, наце ідэю! Хлопец бяжыць, імкнецца злавіць матылька. Ловіць. Крылцы камечацца, ломяцца, яскравы пылок з іх застаецца на брудных пальцах, крылцы становяцца амаль празрыстымі, шэрымі, ніякімі.

Стась з Міхалам пераглянуліся.

– Прываблівасць прыгажосці ў яе таемнасці, – задумліва прамовіў Стась. – Мы разбураем чароўнае, калі хочам ім завалодаць.

– Крута! – ляпнуў мяне па плячы Міхал. – Пазычу ў біялагічкі засушанага матылька, улетку злаўлю трох новых. Пальцы з бруднымі пазногцямі хапаюць. крылцы ломяцца. сціраецца пылок. Будзе тэкст? – павярнуўся ён да Стася.

– Чакай. чакай. – Стась заплюснуў вочы, зморшчыў лоб: – Ёсць! Робім! Кір, з нас.

– Шакаладка! – закончыў я. – Давайце, удачы.

Напрыканцы наступнага дня падышла Святлана, стараста.

– Кір, у цябе макулатура ёсць?

– Злітуйся, два месяцы таму выцягнуў з дому нават магазінныя чэкі, якія захоўвае маці!

– Не менш за дзесяць кілаграмаў, – без эмоцый выдала Святлана.

– А калі не – што будзе?

– Табе – нічога, – уздыхнула, пачала па-чалавечы казаць стараста. – А мне – вымова напоўніцу ад завуча і дырэкцыі. І я буду бегаць па крамах і прыватных шапіках, спяшацца да сметніц, каб перахапіць якую упакоўку, пакуль яе не пацягнулі бамжы. Усё, як раней.

– Трасца. – вылаяўся я. – Падурэлі яны з гэтай макулатурай.

– Дзяржаўная задача. Усе прадпрыемствы павінны здаваць другасную сыравіну, – Святлана тлумачыла, бы дзіцяці.

– Свет! Хопіць, у вушах захрасла.

– А што мне рабіць?

– А прыдумаем прэмію, хто больш здасць.. Ці хутчэй план выканае?

– Адна прэмія – нецікава, помніш, два гады таму рабілі. І мне свае грошы надакучыла траціць.

– Ну. адгулы даваць, як на працы! Здаў дзесяць кіло – адзін дзень вольны.

– Не дазволіць дырэкцыя.

– Ну, тады. тады – мне хацелася абавязкова прыдумаць цікавую і патрэбную ўзнагароду за прынесеную макулатуру, дапамагчы, бо ж Святлана – нармалёвая дзяўчына. – слухай, а дамовімся з настаўнікамі: не выклікаць таго вучня. адзін урок на выбар, во!

Свеціны вочы ажылі. Яна глядзела на мяне і скрозь мяне, нешта пралічвала.

– Дакладна! За кожны здадзены кілаграм кожны атрымлівае. атрымлівае. во, ялінку. Сама накупляю, бачыла маленечкія, пластыкавыя. Дзесяць ялінак – вольны ад выклікаў на ўвесь дзень.

– А сябру перадаць можна? – усміхнуўся я.

– О, тут варта падумаць і прапісаць сістэму. Пабягу да Наталлі Іванаўны. Як думаеш, дазволяць? Тут жа няма, здаецца, парушэнняў? А нашым было б цікава.

Я не ведаў, што там для дырэкцыі важней: нормы навучання ці планы здачы макулатуры. Святлана падскочыла на наступны дзень, на другім перапынку, і загалёкала:

– Дазволілі! Але каб склалі дакладную інструкцыю: як улічваць, хто мае права і на што, і безліч усяго. Сёння пасля заняткаў застаёмся з завучам і Макарам, прадумваем. Але ўжо трэба свае прапановы накідаць.. – І нечакана змяніла тон ажно да плаксівага і працягнула просячы: – Кір, ну, калі ласка, паспрабуем разам, дапамажы.

Я згадзіўся – што яшчэ заставалася? Пагатоў, раптам з'явілася безліч вольнага часу. Мне расхацелася глядзець новыя серыі дэтэктываў, нават Кінг стаміў сваімі жахамі. Без яго несалодка.

Ён патэлефанаваў каля сёмай вечара. Напачатку я не пазнаў голас – дрыготкі, усхваляваны:

– Добры вечар! Прашу прабачэння, Кірыла Вяргейчык? Ці можаце вы зараз размаўляць? Дзякуй. Вас патурбаваў Васіль Матыль.

Голас быў не проста цвярозы – ён звінеў ад напругі, гатовы вось-вось сарвацца на хрып ці крык.

– Кірыла, скажыце, калі ласка. Я вас вельмі прашу, вы не імкніцеся падмануць, вы ж. вы ж дасціпны хлопец, я усё зразумеў, усё, ды аднаго не разумею – навошта вы напісалі? З якой мэтай? Зрэшты, прабачце, не мая справа вам указваць, я іншае хацеў сказаць. Але, чакайце, чакайце, я ж не перапапрасіў прабачэння за мой выгляд у той дзень, прабачце, калі ласка, прабачце, разумею, з майго боку то было сапраўднае свінства. Ат, даруйце, такія справы. Не, я пра іншае, пра іншае. Кірыла, скажыце. вось вы напісалі. і ўсё, Кірыла? Вы мне больш нічога не скажаце?

– Дык я ўсё напісаў. Больш пра што? – збіты з панталыку, абы-што прамямліў я ў адказ.

– Кірыла. паслухайце, Кірыла. Дзе вы жывяце? Гэта не тэлефонная размова, нельга пра такое казаць, калі не бачыш вачэй. Мне абавязкова трэба сустрэцца з вамі, Кірыла. Вы ж маеце што мне сказаць! Я вам прызнаюся: вы ўгадалі, ці вы ведалі мае думкі, я не разумею, як так адбылося, але ж менавіта так і было: я ледзь не звар'яцеў аднойчы, калі зразумеў, што ў маёй галаве нарадзілася новая рэальнасць, якая раней была мрояй, я гатовы быў ісці да дактароў. Кірыла, мы зможам сустрэцца?

Я разгублена маўчаў. Першы раз дарослы чалавек знаходзіўся ў такой велізарнай залежнасці ад мяне. Я адчуваў, як ён чакае свайго прысуду. Мне нічога не будзе, калі зараз скончу размову, а пасля не буду адказваць на выклікі. А ён. ён, пэўна ж, цяпер усё ведае і разумее.

– Кірыла, калі ласка, не маўчыце. Як мне вам патлумачыць, што гэта ўсё значыць. Вось у вас ёсць маці і бацька.

– У мяне няма бацькі. – мой голас прагучаў хрыпата і суха.

– Прабачце, – як спатыкнуўся мужчына, замяўся і выдыхнуў асцярожна: – Але ж. па тэксце я разумею, вы не мой сын?

Я не наўпрост разгубіўся – мне раптоўна стала страшна. Вось у гэты момант я асэнсаваў усю бязглуздасць, няслушнасць свайго ўчынку – я нахабна ўлез у чужое жыццё, стаў на шляху чужога лёсу. І не ведаў, як цяпер выкручвацца. Не адчуванае раней ў такой велічыні пачуццё адказнасці літаральна паралізавала здольнасць думаць. У скронях адно бухала: «Ты папаў! Ты не меў права!»

Што сказаць мужчыне? Як я апавяду Ядвісе пра яе бацьку? Ну, я дураніца.

– Не, вы не мой бацька, – нарэшце адказаў я.

– Дзе мы можам сустрэцца, скажыце? Паверце, я не стану вас дапытваць і мучыць упрошваннем. Я.. Я не змагу сабе дараваць да канца жыцця, якім вы мяне пабачылі. Дазвольце выправіцца.

Я ліхаманкава раздумваў над тым, што рабіць. Няхай прыязджае да нас? Горад вялікі, ён не сустрэне тут ні Ядвісю, ні яе маці, ды і не пазнае, калі сустрэне. Але ж зразумее, што яны – тут, і тады? Пачне блукаць па вуліцах, зазіраць у твары, абыходзіць адну за адной установы, шукаць жанчыну з вядомым яму імем і прозвішчам, месцам нараджэння? Ды ў пашпартным стале. Уладзя распавядаў: сёння элементарна знайсці чалавека паводле месца і года нараджэння! Безумоўна, незаконна, ды папхнецца закон добрым пачастункам ці буйной зялёнай купюрай.

Не, нельга яму ў наш горад. Самому ехаць зноў? Ці лепш за ўсё на нейтральнай тэрыторыі? Ну так, ёсць станцыя вялікая, ад нас – паўгадзіны, там скрыжаванне двух чыгуначных шляхоў, яму не вылічыць, скуль я прыехаў. І я назваў станцыю.

– Сустракаемся ў нядзелю. Давайце. А трынаццатай гадзіне. Вы мяне бачылі, пазнаеце. Я буду ля выхаду на перон.

Я быў адзін. Упершыню за сваё жыццё раптоўна зразумеў: вось, я адзін. Адзін са сваёй таямніцай, якую нельга даверыць нікому. Ні маці, ні Уладзю, ні Ромку, ні Алегу. Нікому. Нібыта ўнутры, у маім жыцці, утварылася, выкрышталізавалася асобная частка, якую трэба не проста берагчы ад чужых вачэй, – ніхто з акаляючых і блізка не павінен ведаць пра яе існаванне, пра яе значнасць у маім (ды каб жа толькі маім!) лёсе...

Паступова шкадаванне пра тое, што распачаў справу, на якую не меў права, прайшло. Зразумеў, чаму адпусціла – то голас мужчыны, Васіля Матыля. Хадзіў па пакоі, стаяў каля акна, глядзеў у цёмны падворак, на суседнія вокны дамоў. Вось жа, у кожным акне – свая гісторыя, ды не адна, дзве ці болей. Свая радасць і свая бяда, сваё шчасце і сваё гора, свая камедыя, драма, трагедыя ці вадэвіль, ці нават баявік сапраўдны. колькі самых розных лёсаў! І вось недзе далёка там – той паэт. Вось жа, я не проста ўгадаў, я амаль што апісаў ягоныя пачуцці і адчуванні ў пэўны адрэзак часу. Ну, там, дзе да яго вярнулася памяць. Мабыць, нічога дзіўнага, бо якім бы ні было зелле забыцця, а самага шчаслівага, як і самага горкага, пазбавіцца з памяці дарэшты хіба магчыма?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю