Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"
Автор книги: Валерый Гапееў
Жанр:
Детская проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 14 страниц)
– Ні фіга сабе, нічога цікавага, – хмыкнуў Уладзя. – Як людзі са звычайнага жыцця раптам застаюцца без нічога і нідзе? Праз гарэлку?
– Нехта і праз гарэлку, – смялей пачаў бомж. – І часцяком яна – спадарожнік такіх прыгод.
– А вы?
– А я. Вам, маладыя людзі, праўда, цікава?
Ён угрэўся, перастаў горбіцца, сядзеў амаль нязмушана, і ў яго паставе праявілася ужо не хвілінная, на патрэбу, а сапраўдная сціпласць.
– Мне дык вельмі, – упэўніў яго я. – Пагатоў, відаць жа, вы – не просты рабочы ў мінулым, так?
Ён ледзь усміхнуўся ў адказ.
– Гэта хутка праміне. такі лад жыцця адвучвае ад звычайных чалавечых звычак, бо на іх бракуе сродкаў і часу. Галюся, бо знайшоў нечае лязо, а як не стане, дык. і іншае.
– Кім вы працавалі? Дзе?
– Працаваў. А можна, маладыя людзі, я пачну здалёк?
– Можна, – кіўнуў згодліва Уладзя. – Нам тут сядзець доўга, неабходна печку напаліць як след, сагрэць дамок.
– Так, добра. Тады слухайце. – бомж сербануў гарбаты, многа адразу, зрабіў яшчэ колькі глыткоў. – Самая згубная звычка для бамжа – курыць. Бо між цыгарэтамі і ежай за грошы, якія выручыў за здадзеную паперу ці шкло, абярэш, канечне, ежу. А курыць хочаш – збірай недапалкі. Вельмі брыдка выглядае збоку. Натуральна, не нясеш той знойдзены недапалак прама ў рот, збіраеш, падсушваеш, вытрусваеш тытунь, круціш цыгарку. Але – агідна на прыпынках, ля ўстаноў збіраць тыя «бычкі». І я кінуў курыць. Колькі разоў у тым жыцці збіраўся, не змог. А тут кінуў за месяц. От кажуць, каб ва ўсім шукалі добрае, ёсць яно і ў мяне, – са скрухай усміхнуўся ён, дапіў гарбату, пацягнуўся і падкінуў колькі паламанага сучча ў печку. – У юнацтве я разрываўся між двума заняткамі: любіў маляваць, ажно мне смылела, усе вокладкі кніжак змалёўваў на ўроках, у кожным сшытку апошнія старонкі, хоць і пападала вельмі. І хімія! Так, як пачалася хімія, я чакаў урокаў, як свята. Хадзіў у хімічны гурток, у Дом піянераў – у гурток выяўленчага мастацтва. І нічога больш не цікавіла. Людзей зазвычай не маляваў, так, краявіды незвычайныя, мора, горы. Па тым, што бачыў у кіно, сам прыдумляў. А тут неяк быў на возеры з бацькамі, пабачыў сваю аднакласніцу. Яна. трошкі незвычайная была, ад усіх адрозная. Летуценная крышку і адначасова нібы сталей за ўсіх нас, разважлівая такая. І дзікаватая, трымалася звычайна ў баку ад агульнай класнай мітусні. Але ўмела быць і вясёлай, непасрэднай. Ёй нехта дастаў белы гарлачык, яна яго ўваткнула ў валасы – яны ў яе былі доўгія, густыя – і так сядзела ля берага задуменная. А над галавой – вярба свае косы зялёныя апускае. І вада ў возеры – з белымі аблокамі. І ўва мне нешта такое варухнулася. Перадужаў сваю сарамлівасць, папрасіў: каб яна дазволіла мне яе намаляваць, ну, і пасядзела крыху нерухома. Яна ўсміхнулася згодліва, цёпла, доўга сядзела, пазіравала старанна, яе бацькі колькі разоў клікалі паесці – адмахвалася. А я рабіў эскізы. Зазвычай я маляваў адно алоўкамі ды ручкай, гуашшу плакатнае нешта, акварэллю. А тут – алеем рашыў напісаць. Мучыўся доўга, ды так атрымалася – і сам здзівіўся. Тая карціна фурору нарабіла ў Доме мастацтваў. Яна, Юлечка, пабачыла, гэтак расхвалявалася. Лета сваё апошняе школьнае мы з ёй разам былі: хадзілі па ўзлесках, па берагах возера і нашай плыткай рачулкі, шукалі цікавыя мясціны. І я маляваў яе, маляваў. Толькі маляваў, і больш нічога. Аднойчы. мы далёка ад людзей адышліся. Яна ў купальніку была, сядзела на пяску, ногі ў вадзе, задуменная ўся, і такое было ў яе позірку, столькі ў ім было пачуццяў! І хутка я пачаў рабіць эскізы: твару, вуснаў, вачэй, рук і ног, хваль. А яна ўстала і зняла з сябе. усё зняла. І папрасіла так намаляваць. У горле ўсё захрасла, але я маляваў. Потым падышла, пацалавала ў вусны, апранулася і пайшла. Назаўсёды пайшла – бацька яе быў вайсковец, яго пераводзілі ў іншы горад. Той малюнак застаўся ў эскізах.
Ён маўчаў, пакусваў вусны, я не ўцярпеў, спытаў:
– І што, не спрабавалі шукаць, пісаць?
– Дык як шукаць, малады чалавек? То вам зараз праз сеціва можна, а тады. Куды пісаць, на які адрас? Чакаў ад яе ліста. Не напісала. ды я вінаваты – у апошні вечар не да яе дома пайшоў, а чытаў «Займальную хімію».
– А чаму не намалявалі партрэт? – нагадаў пра яго аповед Уладзя.
– Не ведаю нават. Пазней мая жонка тыя эскізы спаліла разам з усімі іншымі. Ды я памятаў той момант да кожнай хвалькі на паверхні вады, да кожнай жылачкі на яе тонкіх руках. І ўсё чакаў, чакаў – прыйдзе той час, я змагу намаляваць вялікае і шчырае палатно. Вось дзе бяда: толькі праз шмат гадоў я зразумеў, што час не можа прыйсці, час ніколі не прыходзіць. Час можа толькі прайсці і адысці назаўсёды. Дык вось. Яна паехала, а я больш не змог нічога маляваць. Праз год паступіў на хімічны факультэт, скончыў з чырвоным дыпломам, запрасілі ў інстытуце застацца. Стаў аспірантам. Дзяўчына адна сустрэлася. У кіно разам хадзілі, абдымаліся, цалаваліся, здалося – каханне. Ажаніўся. Жылі ў інтэрнаце. Працаваў. Наша група распрацоўвала новыя пластыкі, цікава было вельмі, часта заседжваліся дапазна. Якія там заробкі ў аспіранта? Пілавала жонка штодзень, перавёўся на завод, на вытворчасць, хоць вельмі прасіў кіраўнік не кідаць навуковую працу. Ды на заводзе удвая болей заробак. Будавалі кватэру, гадавалі дачку. А ўсё марыў пра той час, калі намалюю тую сваю дзяўчыну з юнацтва. Лецішча ў нас з'явілася, во такі дамок я там пабудаваў, як вясна, то марыў: ужо гэтым летам намалюю. Не атрымалася. Усё грады, гной, капай, палі, апырсквай. І грошы, грошы, грошы. Перавёўся ў простыя рабочыя, яны ж больш атрымлівалі тады, чым нейкі там тэхнолаг. Чытаў начамі навуковыя часопісы, шукаў, дзе якую рацпрапанову зрабіць, – за такое капейчыну атрымаць можна было добрую. І не заўважыў, як адзіная дачка вырасла, як стаў я ў сям'і і кватэры чужы. Адно і згадвала дачка, адзінае, што пытала – грошы. Умела выпрошваць. Даваў, думаў: вось, будзе паважаць, цаніць. Тут крызіс за крызісам, усё абрынулася, грошай – вобмаль. Вытурыла мяне жонка ў Маскву ялавічныя ногі з капытамі прадаваць. І няблага прадаў, ды ў цягніку скралі кашалёк. сыпанулі нечага ў гарбату, пасля зразумеў. Падказалі потым: грошы трэба на адмысловым поясе насіць, а той пояс на сябе чапляць і хаваць пад адзенне. Наступным разам паехаў, жонка праз некага тварагу набрала. Дык у Маскве міліцыя затрымала, бо ж нельга гандляваць на вуліцах. Іншыя тым міліцыянтам па дзясятцы-дзве сунулі – дый вольныя, а я не змог даць, не ўмеў – усё канфіскавалі, аштрафавалі. От такі няздара. То сталі на мяне дома глядзець, як на дармаеда, кавалкам хлеба патыкалі. Бацькі мае памерлі, родных не было – ні ад каго дапамогі чакаць не даводзілася. На заводзе скарачэнні, зарплату затрымліваюць. А жонка, наадварот, дужа здатнай да гандлярскай справы выявілася. Двойчы некуды ажно пад кітайскую мяжу з'ездзіла гэтак удала. Дачка ўжо замужам была, з'ехала за мяжу, муж паляк. І тады задумаўся я: які сэнс далей жыць разам, бо мы ж – чужыя людзі. Хоць з той кватэры мне і няма куды ісці: бацькоўскі дом даўно прададзены – на пасаг грошы дачцэ збіралі, лецішча гэтаксама прадалі – хто там тыя грады палоць будзе, як жонка два шапікі гандлёвыя трымае? Напачатку ля сябе трымала, ды з мяне ніякі гандляр. Аўтамабіль набылі, і вадзіцель я ніякі атрымаўся. Пачаў я па заробках ездзіць. Аднойчы з сябрамі вось тут недалёка працавалі – лецішча рамантавалі. І пабачыў я на суседнім участку жанчыну. Як перуном ударыла – то ж Юлечка мая з юнацтва. Сустрэліся мы з ёй, паразмаўлялі. І тады зразумеў я, якім дурным быў, якім баязліўцам, якім слепаком! Яна мяне ці не ад садка кахала, чакала і чакала, а я. І цяпер яна кахала. Замужам пабыла, развялася, двое дзяцей сама ўзгадавала. Цяпер у яе ўсё ёсць: кватэра, дзеці вывучыліся, лецішча, аўтамабіль. Але ж. «Я так стамілася быць адна. Так стамілася быць моцнай. Чакала цябе.». І здарылася ў нас, маладыя людзі, каханне. Ці вы думаеце, толькі ў вашым узросце такія пачуцці могуць успыхваць з магутнасцю выбуху?
Ён прыпыніўся і насамрэч глядзеў на нас з жаданнем пачуць адказ на сваё пытанне. Азваўся я:
– Як хто, а я дакладна ведаю, што бывае.
– Дзякуй, дзякуй вам. Дык вось. Я паабяцаў Юлечцы: прыеду да яе. Хутка прыеду. Вярнуўся дадому з цвёрдым намерам развесціся. А тут навіна: у дачкі сынок нарадзіўся. І непрыемнасць разам: муж дачкі ў аферу трапіў, арыштаваны, то пакуль прыедзе дачка да нас. І неяк на другі план адышла мая Юлечка і маё каханне. І вінаватым сябе адчуў: пра якое каханне мне думаць, калі ў сям'і праблемы? Дачка прыехала, паўгода пражыла, і пачалі яны з маці меркаваць: як нашу кватэру трохпакаёвую прадаць, а купіць дзве – каб асобна дачушцы жыць, ёй жа і асабістае жыццё наладжваць, наперад глядзець – з тым палякам, мабыць, талковага жыцця не атрымаецца. Пачалі жонка з дачкой шукаць варыянты, мне даводзілі: як купляць, дык хай дачка абедзве кватэры, бо жонка – прадпрымальнік, нейкія дадатковыя праблемы могуць быць з падатковай. Мне ўсё адно было. На цэлы месяц паехаў у заробкі, вярнуўся ўжо ў аднапакаёўку – усё паспелі зрабіць мае жанчыны. Закруцілася: рамонт у кватэры дачкі зрабіць, мэблю ёй новую, у сваёй рамонт, мэблю. Працую і адчуваю сябе простым наймітам. Нават унука ад дзеда далей трымаюць. І усё болей выспявае маё рашэнне развесціся ды паехаць да Юлечкі. Год цэлы мінуў. Ды падумаў: прыеду з пустымі рукамі? Каб неяк крадком назбіраць грошай. Жонка ўладкавала на працу да свайго знаёмага прадпрымальніка – у таго вялікая крама, грузчыкам. А які з мяне грузчык? Я ж падсобным рабочым увесь час быў: прынесці, падаць, патрымаць, абеды-вячэры гатаваць. То і надарваў спіну. У бальніцы ляжаў, дома, хадзіў, нагу цягаў. Наслухаўся тады ўсяго: і які я нягеглы, і які бездапаможны, і жыццё маё нікчэмнае, і ні муж я, ні гаспадар, ні работнік. Заікнуўся я тады пра развод. А жонка ажно ўзрадавалася. І сама заяву падала. Праз тры месяцы нас развялі. Жонка рэчы мае спакавала і паставіла ля парога: кватэра, як выявілася, не наша, а падораная дачушкай ёй, маці. То няма тут і аднаго майго метра квадратнага. Пацягнуўся з двума пакункамі на вакзал, грошай трохі было. І першы раз напіўся ў кафэ, заснуў без памяці на вакзальнай лаўцы. Міліцыянер растаўхаў, зірнуў я – няма маіх пакункаў. Добра хоць, дакументы і грошы, прыхаваныя на сабе, засталіся. Паехаў я да Юлечкі. Вясна была. летась. На лецішча яе прыйшоў, стаю, назіраю незаўважна. А яна на градах корпаецца. І побач з ёй мужчына, мажны такі, вясёлы. І яна вясёлая. Усміхаецца яму, капаюць зямлю рыдлёўкамі разам. Пабег я адтуль, бы злодзей, якога ледзь не схапілі за каўнер. Вось так. Надта позна я прыехаў. Абяцаў хутка, а прайшло тры гады. І жыццё прамінула. Усё і цалкам. Прабачце, маладыя людзі, за такі доўгі аповед. Першы раз сам шчыра і без прыхарошванняў і апраўданняў зірнуў на сябе. Тое дрэнна, што напрыканцы жыцця разумееш нарэшце галоўную ісціну: казаць і рабіць трэба тады, калі ты хочаш тое казаць і тое рабіць, а не тады, калі з'явіцца магчымасць. А іначай – усё пад адхон.
Мы маўчалі. Я глядзеў на бамжа і з цяжкасцю, але змог уявіць, якім ён можа быць, каханы і побач з каханай: у чысцюткім адзенні, з кветкамі. У яго ж добрыя вочы, без злосці на донцы. Бы дзіцячыя. Такі не пакрыўдзіць.
– І як вы зараз? – запытаўся Уладзя.
– Ат, пра тое навошта, маладыя людзі, – ухіліўся ад адказу бомж. – Страшна, і сорамна, і холадна, і пакутліва. ды з цягам часу прызвычайваешся. Чалавек – страшная жывёліна. Вельмі хутка апускаецца, забываецца на цэлы шэраг абавязковых раней традыцый і звычак, маральныя нормы, калі яны незапатрабаваныя ці становяцца перашкодай для здабывання ежы. Ранкам чысціць зубы? Навошта? Сярод такіх самых, як я, многія перастаюць мыцца, асабліва ўзімку, і потым ўсё далей і ніжэй. Голад – страшнае пачуццё. Вясну, лета і пачатак восені я на лецішчах – дапамагаю гаспадыням, кормяць, з сабой даюць. У падлеску буданчык свой быў. Мінулай зімой у закінутым дамку жыў, змог дзверы адчыніць, паліў печку ўначы, каб не заўважыў ніхто, харчаваўся бульбай, буракамі, морквай, якую раней давалі людзі, а больш, прызнаюся, крадком навыкопваў. Ды я не адзін тут такі ўлетку, канкурэнцыя нават. Бойкі бываюць, і мяне былі збілі, бо я ж адзін, не кампанейскі. Пашпарт адабралі...
– Вам бы ў вёску ехаць якую, – упэўнена загаварыў Уладзя. – Там гэтулькі адзінокіх жанчын, ім без дапамогі цяжка...
– Канечне, канечне. – заківаў, пагаджаючыся, бомж. – Але ж які я работнік? Спіна хворая, зямлю капаць – самая цяжкая работа, якую магу зрабіць.
Я зазірнуў у печку, вырашыў падкінуць колькі дроў. У рукі трапіўся сукаваты кавалак, хвіліну я няўцямна глядзеў на яго, у галаве круціўся нейкі вобраз. І згадаліся прысады, Ядвіся, яе прыклад з адным камлём і мноствам галін.
– Слухайце, дзядзька, – пачаў я ўпэўнена, – мне адзін разумны чалавек нядаўна давёў простую рэч. Ва ўсім можа быць мноства прычын, пра якія мы не ведаем. А нядаўна класная нам казала, што нельга прымаць інфармацыю з адной крыніцы як адзіна беспамылковую. Так?
– Так, дужа цікава, малады чалавек, – пагадзіўся бомж, вочы яго ажывіліся.
– Цікавага тут якраз няшмат, – паблажліва ўсміхнуўся я, ужо верачы, ды што верачы – я быў перакананы ў сваёй слушнасці! – Дык вось. Вы збеглі ад сваёй жанчыны. Збеглі, адно паспелі пабачыць на яе лецішчы мужчыну, які ёй дапамагаў. А як то быў яе родны брат? Ці стрыечны? Ці муж сястры? Ці сусед, якога яна запрасіла дапамагчы? Ці калега з працы, муж сяброўкі, а сяброўка недзе там ежу гатавала на ўсіх? Глядзіце, колькі варыянтаў: пяць! А вы вырашылі, што ён – яе мужчына, і збеглі. Вы пабаяліся.
Ён з хвіліну сядзеў, апусціўшы галаву, пасля падняўся.
– Бязмерна ўдзячны вам за такі прыём, мне час.
– І куды? – здзівіўся Уладзя. – Хоць ваша справа. Забірайце вунь: там яшчэ швэдар, кашуля мультановая, шкарпэтак пара чыстых. Зараз мы паесці яшчэ збяром.
Мы чакалі, пакуль бомж пакаваў свой заплечнік, акуратна складваючы рэчы і ежу. Цяпер было асабліва шкада яго: куды ён пойдзе? Тут – цёплы дамок, на вуліцы – марозны вецер, а неўзабаве вечар і ноч. Дзе ён будзе начаваць? Але ўголас пытанняў не задавалі.
Ён прыпыніўся ля дзвярэй, сцягнуў з галавы (першы раз) сваю вязаную шапачку, скамячыў яе ў руцэ. У яго былі сіваватыя, неахайна коратка падстрыжаныя валасы.
– Пайду. Так, малады чалавек, я – збег. Я заўсёды збягаў: у дзяцінстве і юнацтве ад боек, унікаў канфліктных сітуацый, збягаў ад няпростых пытанняў, меркаваў – само неяк вырашыцца. Я баязлівец. Усё жыццё я баяўся зрабіць нешта не так, пайсці не туды, некага пакрыўдзіць, некаму не дагадзіць. Баяўся самога сябе, баяўся прымаць рашэнні. І от такі вынік. То. паглядзіце на мяне і згадвайце, як раптам будзе страшна. У баязліўца адзін шлях – на ўзбочыну.
Ён так і выйшаў, з заплечнікам за спінай і скамечанай шапачкай у руцэ. Праз акно мы бачылі, як на вуліцы ён насунуў шапачку і пайшоў, крыху згорбіўшыся, уцягнуўшы галаву ў плечы, супраць ветру.
– Думаеш, накіруецца да той жанчыны? – ціха спытаў Уладзя.
– Хто ведае. Яго жыццё. У нас свае траблы. Слухай. тая сцэнка з гопнікамі, дзе яны сядзяць з півам. Бутэлек было дзве, у руках трымалі хлопцы. І пілі з бутэлек. Там жа не відаць, што менавіта піва?
Уладзя прыплюснуў вочы – згадваў кадры, упэўнена матлянуў галавой:
– Нельга адназначна сцвярджаць пра піва. А навошта?
– Заўтра паклічам Ромку, складзём ліст. Да дырэкцыі школы, у аддзел адукацыі, міністру, д'яблу, Богу і ўсім святым разам: мы не распівалі піва ў кватэры фізіка, падпішуцца ўсе.
Уладзя глядзеў уважліва колькі секунд і ўпэўнена кіўнуў галавой:
– Згода. Я ўвечары знайду ўсе патрэбныя адрасы. Але для пачатку. Ромка пагодзіцца са мной, трэба дырэктарцы напісаць. А ўжо пасля – далей, ну, калі нас пашлюць у школе.
– Цяпер не пашлюць! Пайшлі яшчэ па дровы. Хай будуць.
Мы схадзілі двойчы, нанеслі добрую купу, крыху папрацавалі сякерамі – атрымаўся хай каргівы, ды ёмкі штабель уздоўж усёй сцяны веранды. Потым зноў гатавалі гарбату.
– Ты не раскажаш. пра Ядвісю? – без папярэджання раптам спытаў Уладзя.
Я маўчаў. Думаў: апавесці ці не. З іншага боку, Уладзя ж ніколі не хаваў ад мяне нічога. Шчыра ўсім дзяліўся. І вось як з Настачкай ён. І чаго мне хаваць тое, што адбылося? Юрась, як бачна, не стаў таіць ад Ядвісі. І я расказаў. Усё, ад пачатку і дарэшты. Як паклікаў Юрась на размову, як атрымалася, што я прапанаваў тое жэрабя, як цягнуў запалку. І нечакана адчуў палёгку. Бы нейкі цяжар спаў, захацелася выпрастаць плечы. Нават устаў і прайшоўся па пакоі. Уладзя нервова цёр насовачкаю, якую заўсёды носіць з сабой, шкельцы акуляраў, доўга маўчаў.
– Мы мяняемся. Ці нас закаханасць мяняе. От на сабе паспытаў, як можна аслепнуць і аглухнуць. Але тут. Кір, я чуў, як Ядвіся казала, што ты і Юрась ёй аднолькавыя. Ды яна казала іначай: вы абое – яе сябры, а з сяброў яна не выбірае горшых і лепшых. Дык тут. перакручванне. Рэальная падстава. Калі падумаць, ты насамрэч нічога не прапаноўваў, адбылася маніпуляцыя, прыём тролінгу. Ты павёўся, факт. І слухай, мы столькі сябравалі, непрыемна казаць. Платон мне сябар, а ісціна даражэй. Чаму раптам у Юрася запалкі ў заплечніку? Каб разабрацца. Нешта ў галаве круціцца з запалкамі гэтымі. І яшчэ той момант, самы непрыемны. ты ж адвярнуўся. А навошта? І так можна было запалкі ператасаваць. І вось цяпер ты ўпэўнены, што абедзве запалкі не былі зламаныя?
– Хіба цяпер гэта мае значэнне? Жэрабя было. Я згадзіўся. Ядвіся не даруе. І праўда на яе баку.
– Пабачым, – устаў і Уладзя, падышоў да акна. – Гэты бомж сказаў добрыя словы, варта запомніць.
– Ты пра якія?
– Пра тыя, дзе баяцца нельга. Што трэба рабіць тады, калі хочаш, а не чакаць магчымасць. Брыдка: ён цябе накруціў да жэрабя і пасля даклаў Ядвісі!
– Калі ты мне сябар сапраўдны, дык ты да Ядвісі не падыдзеш наконт нас, – цвёрда папярэдзіў я Уладзю. – Ніякіх разборак.
10
У нядзелю Ромка і Уладзя прыйшлі да мяне, і мы разам гадзіны тры складалі ліст. Спрачаліся: ці варта пісаць, што піва было сапраўднае, бо ж хіба гэта крамола: мы здымалі фільм, зараз праглядалі – там адно Сяржук Мігно падносіць рыльца да рота, і то не відаць, што каўтае, а так хлопцы адно размахваюць бутэлькамі. Уладзя даводзіў: пісаць рэальна, каб не блытацца, як прыціснуць пытаннямі: дзе бралі пустыя бутэлькі? Што налівалі? Ды і добрая справа не будуецца на хлусні. Пагадзіліся. Дапісалі, што піва цалкам пакінулі ў кватэры фізіка, і тое было праўдай – ніхто на яго не паквапіўся. Далей я прапанаваў уставіць інфармацыю пра пэўную колькасць незадаволеных асоб, якія пакрыўдзіліся на прапанову ім другасных, а не галоўных роляў. І верагодна (мы не сцвярджаем, а ўсяго падазраём), што ліст напісаны дзеля таго, каб нам дапячы, каб мы адчулі сябе вінаватымі перад настаўнікам. Ромка з Уладзем падумалі і падтрымалі.
Маці гатавала нам гарбату, папыталася, што за справа такая важная, бо надта ж мы сур'ёзныя. Ромка вырашыў ёй коратка апісаць сітуацыю. Маці слухала ўважліва, потым сказала тое, пра што раней даводзіў Уладзя: няварта скакаць праз галовы дырэктара і аддзела адукацыі. Мае сэнс пачынаць знізу. І запэўніла нас, што людзі разумныя ёсць паўсюдна, разбяруцца.
Мы падрыхтавалі адразу тры лісты, каб лішні раз не збіраць подпісы. Да дырэктаркі рушылі ўтрох.
Рэгіна Казіміраўна сустрэла нас без здзіўлення, мабыць, здагадвалася, з чым мы ідзём. Прапанаваўшы сесці на крэслы ля сцяны, сама не села, чытала, засяродзіўшыся, пададзены ёй ліст.З дырэктаркаю мы сутыкаліся, прынамсі, я, толькі праз пытанні па школьнай форме, ніякіх прадметаў яна ў нас не вяла. Ромку яна ведала болей, як ніяк ён у школьным актыве, Уладзя таксама ёй быў вядомы – адзін з галоўных гульцоў каманды «Што? Дзе? Калі?» – як такога не ведаць? І таму я здзівіўся, калі дырэктарка, усё яшчэ трымаючы ў руках аркуш, найперш звярнулася да мяне:
– Вяргейчык, мне тут апавядалі, што ты вельмі артыстычны, і фільм такім цікавым атрымаўся дзякуючы найперш тваёй фантазіі. Што ж ты гэтулькі гадоў хаваў свой талент?
– Ды. Неяк нагоды добрай не было, Рэгіна Казіміраўна, – знайшоўся я. – А пра мае здольнасці перабольшваюць.
– Бач, ты яшчэ і сціплы, добра.Макар, у цябе, я так разумею, яшчэ такія ж лісты?
Ромка замяўся на хвіліну, падхапіўся з крэсла (дырэктарка працягвала стаяць), адказаў са шкадобай у голасе:
– Так, Рэгіна Казіміраўна, не будзем маніць. Мы падрыхтавалі лісты да вас, у аддзел адукацыі, у міністэрства. Але адпраўляць пакуль нікуды не збіраемся, спадзяёмся.
– Спадзеяцеся, але ж не давяраеце, так?
Я сцяўся. Мы чакалі такога пытання, прадумвалі на яго адказы, да пэўнасці цалкам не дайшлі. Ромку выкручвацца.
– Не ў даверы справа, Рэгіна Алегаўна, – пачаў Ромка нечакана ўпэўнена. – Мы, збіраючыся да вас, падумалі: а раптам вы нам падкажаце менавіта самім звярнуцца вышэй? Мы ж не ведаем, як вырашаюцца такія справы.
– Дыпламат. сядай, не стой.
Дырэктарка сама села за стол, нейкі час маўчала, потым роўным голасам сказала:
– Не трэба больш ніякіх папер. Вы зрабілі дастаткова. Не будзем цяпер браць тлумачальную ад кожнага, хто там быў, на здымках. Пытанне фактычна вырашана на нашым, мясцовым узроўні. Канечне, факт таго звароту ў міністэрства дужа непрыемны для нас, не буду хаваць. Надалей, калі ласка, улічвайце такія моманты з напоямі. Вы задаволеныя адказам?
– Дык... Антося Сямёнавіча не паставяць нашым класным кіраўніком? – задаў пытанне Ромка.
– Можаце мне паверыць, класнае кіраўніцтва вашым класам не звязана з тым пасквілем. У Антося Сямёнавіча з'явіліся пэўныя сямейныя праблемы. Паўгода пабудзеце з Наталляй Іванаўнай. Яшчэ ёсць пытанні?
Мы выйшлі з кабінета з няўцямнымі пачуццямі. З аднаго боку, здаецца, дасягнулі свайго, з іншага – а што змянілася? Але хай будзе, як ёсць, абы горш не было.
Мы стаялі каля «свайго» акна, калі да нас падышоў Юрась. Ці мне падалося, ці насамрэч у яго быў трохі зацкаваны выгляд. І нешта яшчэ непрыемнае ў позірку. Магчыма, і крыўда – вось, не ўзялі з сабой, а мог бы дапамагчы, і адначасова – палёгка, маўляў, добра, што без мяне абышлося, увязвацца ў вашы разборкі – яшчэ дадуцца ў знакі.
– Што выхадзілі, хадакі? – спытаў ён у Ромкі бадзёрым такім голасам.
– Усё норм, – няпэўна адказаў Ромка і дадаў: – Усё будзе добра.
– Як яны вырашаць, так і будзе, – хмыкнуў Юрась і звярнуўся да Уладзі: – Слухай, юны Васерман, скажы мне па-сяброўску: колькі ў нашым горадзе народу і колькі было ў пачатку гэтага стагоддзя?
Уладзя раптам гучна і цяжка задыхаў. Ён зняў акуляры, зноў надзеў і нечакана выдаў:
– Я табе больш не сябра!
На твары Юрася застыла ўсмешка, ён з вышыні свайго росту глядзеў на маленькага Уладзю, а ўсмешка расцягвалася ў грэблівую грымасу.
– Ты што, з'еў дрэнь нейкую? Ці ад чытання энцыклапедый дах паехаў? Не ведаеш, так і скажы, вікіпедык.
Паважаныя чытачы!
З-за прыкрай недарэчнасці, выкліканай тэхнічным збоем, у папярэднім нумары «Маладосці» ў рамане была прапушчана частка тэксту. Яе кароткі змест такі: пасля таго, як Кір пабачыў на плячы Ядвісі радзімку ў выглядзе матылька, ён вырашыў запрасіць яе дадому. Адбываецца сустрэча, падчас якой Кір расказвае, што ў дзяцінстве ён, Уладзя і Юрась штогод адпачывалі ў адным летніку, а ў адзін год ля ручая, дзе бавілі час, вельмі моцна напалохалі дзяўчынку, кінуліся яе праганяць. Яна ўцякала ад іх, тады Кір і пабачыў на яе плячы ружовага матылька. Дзяўчынка звалілася з абрыву, моцна пабілася. Хлопчыкі спужаліся яе маці, якая ішла да капальні, і збеглі. Маціпрынесла дзяўчынку ў летнік, адкуль яе забрала «хуткая». Хлопчыкі чакалі, што іх пазнае маці дзяўчынкі, хаваліся, але ўсё прайшло быццам бясследна для іх. Толькі Кіру пачаў сніцца матылёк. Ядвіся прызналася, што тады маці даведалася іх імёны і адкуль яны – важатыя расказалі, дзе бавіць час тройка сяброў. Ядвіся вельмі захварэла,не магла спаць, усё падала ў прорву, і яе бабульцы трэба было ведаць імёны віноўнікаў, каб адшаптаць унучку ад перапалоху. Цяпер Ядвіся сама выбрала школу, каб сустрэцца з імі і зразумець: чаму так жорстка абышліся з ёй тады невядомыя хлопчыкі, а галоўнае, якімі яны сталі? Але помсціць яна не будзе.
Ядвіся расказала Кіру гісторыю кахання сваёй маці да журналіста раённай газеты, пра апошнюю іх сустрэчу, якую мужчына не змог запомніць, бо быў напоены зеллем, якое прыгатавала бабуля. Ядвіся нарадзілася з вялікай радзімай плямкай як аплатай за вядзьмарства. Кір быў вельмі ўзрушаны пачутым: як жа так, мужчына недзе жыве і нават не ведае, што ў яго ёсць дачка. Ядвіся ж адказала, што яна не вінаваціць бацьку, не асуджае маці – такі лёс…
Кір не расказвае ні Юрасю, ні Уладзю пра тое, што тая маленькая дзяўчынка, якая па іх віне звалілася з абрыву і пабілася, – Ядвіся.
Юрась збіраўся павярнуцца, каб ісці, але голас Уладзі, настоены на адчаі і злосці, прымусіў яго (ды і нас з Ромкам) застыць на месцы:
– Я ведаю! Як ведаю і тое, што ты заходзіў на кухню ў кватэры Антося Сямёнавіча, там ты трымаў у руках запалкі, а пасля яны зніклі! Ведаю, сто разоў паказвалі ў фільмах пра жэрабя-фокус з дзвюма абламанымі запалкамі! Ведаю, што ты даўно вылічыў з матэматычнай дакладнасцю, як завесці Кіра, каб ён не кантраляваў сябе. Ты заўсёды падстаўляў яго! З таго самага разу, там, у летніку. Ты, а не Кір, закрычаў «Лаві яе!», ты першы пабег за дзяўчынкай! Ты затросся ад страху, ты гукнуў нам «Уцякайма!» і першым кінуўся бегчы прэч. А мы маглі б... мы павінны былі скочыць і дапамагчы той жанчыне, паднесці дзяўчынку. А мы ўцяклі! І ты тады абвінаваціў Кіра, што ён арганізаваў пагоню, што ён таўхануў дзяўчынку з кручы! І цяпер ты зноў падставіў Кіра. Ты данёс на яго Ядвісі! Ты мне больш не сябра! Не сябра, чуеш!
Юрась прымружыў вочы, твар яго згубіў чырвань. Ён не ўсміхаўся, разгубленасць у вачах спакваля знікла, там запалала хцівасць і пагарда. Ён хмыкнуў і кінуў грэбліва:
– Дзіцячы сад, малодшая група. Ідзіце на. – і пакрочыў па калідоры.
Зазвінеў званок. Мы скіравалі ў клас, не прамовіўшы ні слова. Сядзелі на ўроках, я кідаў іншы раз крадком позірк на Уладзю. Так, уразіла яго «прызнанне ў любові» да Юрася. Але я быў літаральна шакіраваны іншым: ён да гэтага часу памятае, перажывае і не можа дараваць сабе тую пагоню за аголенай дзяўчынкай. Мы хавалі адзін ад аднаго сваю віну. Што сніцца яму? Як яна бясконца падае з пясчанай кручы? Ці сам ён падае і яго нясе на тыя камяні?
Калі б я прамаўчаў, хіба б я мог цяпер уважацца ягоным сябрам? Таму і запытаўся, як выйшлі са школы: што яму снілася?
– Мне нічога не снілася... – выдыхнуў Уладзя, але я адчуў, што ён зараз падзеліцца са мной самым патаемным, самым балючым. І не памыліўся, ён працягнуў напаўголаса: – Мяне грызла.
А праз год, помніш, упаў на лецішчы. І калі ачуняў у бальніцы, калі пра зрок даведаўся – згадалася нечакана ўсё да драбніц, усплыло, як тая дзяўчынка падала, як стукнулася аб каменне. А тут маці сядзіць, трымае за руку, усхліпвае і прыгаворвае: «А за што ж гэта, за якія грахі бяда такая?» Я плакаў тады сам – так сорам пёк, так балюча было, што маці лье слёзы, ды не ведае прычыны, а то ж мне адплата была! І далей вось цягнецца, вось жа жыву недарэкам, пасмешышчам, энцыклапедыяй хадзячай... Кір! Давай знойдзем яе, папросім прабачэння! – адчайна выгукнуў ён, зазірнуў мне просьбітна ў вочы.
Цяпер я упэўніўся, што зрабіў слушна, пачаўшы размову.
– Ніякі ты не недарэка, – з ушчуваннем заўважыў я. – І нічога не цягнецца – нармальна ж у цябе ўсё цяпер, вунь з Настачкай пасябраваў, ажыў сам, зусім іншы стаў. Ты ведаеш, яна ў цябе ад садка закаханая?
– Прызналася, – ад непрамінулай горычы Уладзева ўсмешка была больш грымасаю болю. – А я вось дурань. Кір, знойдзем?! З'ездзім у вёску.
– Не трэба нікуды ехаць. Не трэба яе шукаць, Уладзя. І не трэба прасіць прабачэння, – адказаў я на яго вокліч ціха, але цвёрда.
– Чаму? – ён, збянтэжаны, спыніўся.
Я таксама стаў насупраць і ,гледзячы проста ў яго зрэнкі за тоўстымі шкельцамі акуляраў, выдыхнуў:
– Таму. Яна нам прабачыла. Гэта Ядвіся.
Уладзя не міргаючы глядзеў на мяне. Потым скінуў заплечнік, кінуў яго на бардзюрыну і сеў зверху. Я зрабіў тое самае. Было напляваць, як мы выглядалі збоку: два дурні сядзяць, выцягнуўшы ногі ў сівую ад маразоў траву за тратуарам. Тут тратуар быў высокі, лужок ад яго збягаў долу, мы нібыта сядзелі на беразе ракі, што схавала свае воды ў густой някошанай траве, паніклай і звялай. Уладзя маўчаў. Я напаўголаса стаў казаць:
– Я запомніў, у той дзяўчынкі... такая радзімка была, мне падалося – мятлік на плячы сядзіць. І бег, не мог спыніцца, за тым мятлікам... Помніш, я пытаўся пра сон? Мне снілася... А калі Ядвіся з Віялетай стрыптыз паказвалі, то пабачыў таго мятліка. У Ядзі на спіне, ну, на лапатцы. Прызнаўся ёй. Мы пра ўсё паразмаўлялі. У мяне цэлы вечар сядзелі, я ўсё згадаў. І яна таксама. Нас тады важатыя здалі Ядвісінай маці, імёны, з якога горада, якая школа. Але нас не чапалі, нам прабачылі, дзеці ж, ды і назад нічога не вернеш, хоць нас саміх кінь з таго абрыву. Імёны патрэбныя былі бабульцы-шаптусе, каб пераляк з Ядвісі зняць... Вось так. Мне больш не сніцца, як я ганюся за мятлікам, а далей падаю ў бездань. І ў цябе ўсё добра, сам прыкінь. Яна сапраўды нас прабачыла.
Паўз нас за нашымі спінамі праходзілі людзі, нехта нават буркнуў кшталту таго, што зусім моладзь разбэсцілася. Вось жа, хіба мы некаму замінаем?..
– Яна адмыслова ў нашу школу прыйшла?
– Ага.
Мы зноў маўчалі.
– Кір. табе варта падысці да Ядвісі і расказаць, як усё было. З Юрасём.
– Не, Уладзя. Яна сказала – ненавідзіць. І не прабачыць.
– Можна патлумачыць, яна ж – разумніца, мусіць зразумець.
– Ты дапяць не можаш пакуль, а да мяне дайшло. Мне Зіначка на развітанне ведаеш, што сказала? Пачуццям патрэбныя справы і ўчынкі, а не тлумачэнні. Здавалася, банальшчына, па вушах праехалася. А потым уявіў. Вось ты стаіш перад ёй, кажаш ёй разумныя, лагічныя, поўныя праўды словы, кажаш пераканаўча, горача. Але што толку з іх, калі яна цябе ненавідзіць? Калі ты ёй агідны? Яна ж проста не чуе, разумееш? Бо цяпер я нават не ў фрэндзоне, як ты!
– Здаецца, даходзіць... Тады я сам падыду.
Уладзя ўзняўся, падхапіў заплечнік.
– Ты гэтага не зробіш, – усміхнуўся я яму знізу, устаў.
– Чаму? – з выклікам спытаў Уладзя, быццам я засумняваўся ў яго смеласці.
– Бо я табе кажу не хадзіць. Я табе расказаў пра Ядвісю? Я даверыўся табе. Дык зрабі, як прашу.
– Ты псіх!
– Ідзі да д'ябла, – усміхнуўся я. – У тваёй Настачкі праз тыдзень дзень народзінаў. Падарунак выбраў?
– Не. – Уладзя скрывіўся ад сваёй разгубленасці ў гэтым, пэўна ж, важным для яго пытанні.
– Не прыдумаю.
– Яна ж гатаваць любіць, паедзем посуд зірнём ці што яшчэ гаспадыні шукаюць, распытаем жанчын там.








