Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"
Автор книги: Валерый Гапееў
Жанр:
Детская проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 14 страниц)
Валерый ГАПЕЕЎ
МАЯ МІЛАЯ ВЕДЗЬМА
Школьны раман
1
Незвычайны – цёмна-ружовы – матылёк трапечацца між шурпатых рудых ствалоў хвой. Крадуся да яго, ён усё бліжэй і бліжэй, уецца лёгка, але не вельмі зграбна, бачком, быццам у яго адно крылца меншае ці кволейшае за другое. Яшчэ крок, яшчэ паўкроку па мяккай посцілцы з сухіх хваёвых іголак – і матылёк заўважае мяне, імкліва спырхвае ўдалячынь. І тады я бягу адкрыта.
Бягу і разумею: мне нельга лавіць яго, бо хапну рукой – і зломяцца тонкія ружовыя крылцы. І нават калі атрымаецца асцярожна ўзяцца за іх, дык на пальцах застанецца ружовы аксаміт, а крылцы незваротна згубяць сваё хараство. Але я бягу, мне трэба злавіць яго, патрымаць у руках, каб давесці самому сабе, што я – спрытны і хуткі!
Матылёк бліжэй і бліжэй, я бачу, што адна пара крылцаў у яго насамрэч круглявай формы, а другая – завостраная на канцы, таму палёт ягоны няроўны, і ён стаміўся, ён адчайна трапеча, я наганяю яго, ужо ўзняў руку, каб у наступнае імгненне схапіць, сціснуць. Мне ўжо няважна, што зломяцца, ператворацца ў шматкі дзівосныя крылцы, што далонь і пальцы прыцярушацца бліскучым ружовым пылам, а сам матылёк, відавочна ж, загіне.
Раптоўна перада мной рассцілаецца вялізная прагаліна, б'е ў вочы зыркае святло, хвоі раздаюцца, а я не магу спыніцца перад жудаснай кручай. Неспадзявана адчуваю дзіўны водар, матылёк – перад самым маім тварам. Ён з апошніх сіл успырхвае вышэй за маю галаву. А я – падаю. З вялізнай вышыні на дно кручы, дзе струменіцца ледзь бачны раўчук, на жоўты іскрысты пясок...
І ніколі яшчэ не ўпаў.
Я прачынаюся ў той момант, калі, няўмольна набліжаючыся, невялікія мокрыя камяні на дне раўчука затуляюць сабой увесь свет. Страх раптоўна пакідае мяне, я думаю адно пра тое, што мне вельмі доўга прыйдзецца хадзіць з пабітым тварам і распухлым носам.
Сон сніцца і сніцца. З года ў год, у нейкія месяцы я пачынаю сніць яго колькі начэй запар. Прачынаюся з заўсёднай прыкрай пустэчай унутры. Тады я нечакана востра адчуваю, што ўсё вакол – няправільна, што павінна быць усё інакш, і тое, што я раблю – раблю крыва і коса. Чаму няправільна, як рабіць інакш, – я не ведаю. Каб прагнаць назойлівыя думкі і гэта пачуццё няправільнасці самога сябе, іду на кухню, адкручваю кран і чакаю, пакуль вада сцячэ да вельмі халоднай. Але п'ю толькі хіба глыток.
Маці раней прачыналася, першыя разы заклапочана пыталася, ці ўсё добра, а цяпер, калі прачнецца, дык адно буркне нешта незадаволена. Пра сон я ёй не расказваў.
Баба Марыля на мае начныя жахі знаходзіць простае тлумачэнне:
– То ты расцеш, унучак.
Добра бабе – яна што заўгодна патлумачыць самымі простымі словамі. Сярод гэтых простых ёсць універсальныя: «Усё наладзіцца, усё будзе добра», «Надта не задумляйся, жыві ды і ўсё», «Значыць, лёс такі».
Расту, значыць... Ведала б баба, той матылёк – існуе, і я гнаўся за ім, ды не я, а ён падаў з кручы...
Неяк я спытаўся ў Юрася:
– Слухай... адзін і той самы сон сніцца мне цягам колькіх гадоў. Штомесяц, часцей... Сон страхотны. Там я. падаю з вышыні. Але прачынаюся за імгненне да таго, як прыпячатаю сваім тварам камяні.
Мы вярталіся са школы, была вясна, ужо добра прыпякала.
– А памятаеш дакладна, у якія дні сніцца? Даты ці дні тыдня? – зацікавіўся Юрась.
– Ідзі ты са сваёй матэматыкай сам ведаеш куды, – уздыхаю я і паварочваюся да Уладзі: – Уладзь, ну? Ці можа сніцца адно і тое запар, а калі можа, то што гэта за навала?
Юрась усяго хмыкнуў убок – ведае, што са сваёй матэматыкай уеўся ўсім у пячонкі, але ўпэўнены: то мы не цямім нічога ў вытанчанай сістэме мностваў і формул. Без жартаў кажу – Юрась чыкануўся на лічбах, гэта кожны з класа пацвердзіць. Пакуль ідзём у школу, ён запамінае ўсе нумары на пабачаных аўто, лічыць колькасць сустрэтых жанчын, мужчын, дзяцей. А потым складае прагноз на дзень для сябе, мяне і Уладзі. Кшталту, будзе дзень удалым ці не, каму пашанцуе, каго не міне навальніца. «У лічбах сэнс, будучыня і мінулае!» – так кажа, бы дэпутат з трыбуны. Але смяяцца з Юрася не будзеш, бо наша матэматычка Ганна Тодараўна сцвярджае, што за гісторыю яе настаўніцтва Юрась мае найлепшыя здольнасці да матэматыкі. Хоць на выгляд ён ніяк не геній: даўгалыгі, худы, светлавалосы і гарбаносы, ходзіць, нібыта ў нагах нейкія шарніры. І рукі гэтаксама рухаюцца – як у сталоўцы бярэ шклянку гарбаты, здаецца, тое робіць механічная рука робата. Юрась не зануда, да сваіх поспехаў у матэматыцы ставіцца, як да надвор'я, – ёсць і ёсць. Яму не пофіг, праўда, ён гэта скарыстоўвае: цішотку з «Анархіяй» носіць заўсёды непрыхавана, і наша дырэктарка, цётка прыдзірлівая і злапамятная, да яго не чапляецца. Бо Юрася абавязкова запрагаюць ва ўсе магчымыя алімпіяды па матэматыцы і фізіцы яшчэ пачынаючы з шостага класа, ён у нас – гонар школы, мае безліч розных дыпломаў. Неяк на яго наехала дырэктарка на пачатку мінулага навучальнага года, дык ён адкрытым тэкстам сказаў, што альбо яго і яго сяброў – мяне і Уладзю – не чапляюць за адзенне, альбо ён пасылае школу з яе алімпіядамі ў прастору Лабачэўскага. То і мне, і Уладзю побач з Юрасём выгода ёсць.
...Уладзя губляецца ад майго пытання. Ён ад любога пытання губляецца. Вось хто ніяк з дзяцінства не вырасце. Тыповы батан: у акулярах, лапавухі, недалужны, невысокі, задуменна-засяроджаны. І летуценнік. Як вольная хвіліна – ён нырцуе ў тэлефон, праз слабы зрок амаль носам кранаецца экрана. Усё чытае: даведнікі, энцыклапедыі... Больш нічога ў яго тэлефоне няма – ні здымкаў, ні музона.
– Уладзя, табе гэта трэба? – колькі разоў пыталіся мы з Юрасём, калі ён з захапленнем апавядаў нам іншы раз, што, да прыкладу, «пакутаваць хернёй» насамрэч – дыягназ, яго выстаўлялі сынкам заможных людзей у царскай Расіі, каб вызваліць іх ад службы ў войску. Звычайная пахавая грыжа так і звалася па-лацінску – херня. – Ну, трэба табе ведаць гэта?
Уладзя вінавата ўсміхаецца. Дзівак ён. Мы ведаем: кумір Уладзі – эрудыт Васерман. Уладзя добра вучыцца, роўны па ўсіх прадметах. А яшчэ ён умее неверагодна падробліваць почырк першага-лепшага чалавека і, канечне, подпісы. Некалі мы адпомсцілі нашаму фізіку Антосю Сямёнавічу (малады, кавалер яшчэ, можа, таму і нервовы). Ён увесь клас прымусіў перапісваць кантрольную пасля заняткаў – перахапіў у няўклюды Юзіка тэлефон, а там мы праз Вайбер скідвалі варыянты, бо пісалі кантрольную пасля «А» класа, ведалі рашэнні. Юрасю тады ніяк нельга было доўга заставацца ў школе, яму тэрмінова трэба было дамоў, ён і прасіўся ў яго. Хто ж падумае, што Юрась фізіку спісвае? Ён тыя задачкі рашае, як чыпсы есць. Юрась зазлаваў, за хвілін пятнаццаць рашыў усё, кінуў сшытак фізіку на стол. Але на фізіка нешта нашло, маўляў, сядзі, як усе, тады Юрась спакойна ўзяў заплечнік і рушыў да дзвярэй. Моўчкі, але з такім тварам, што настаўнік і рота не раскрыў. Нам з Уладзем ён нічога не растлумачыў, потым адно сказаў праз зубы: «Зноў нажраўся ў бары, маці патэліла: не забяром зараз, дык выклічуць нарад міліцыі». Юрась саромеецца свайго бацькі, ягонага п'янства. Цвярозы дзядзька Ігнат – нармалёвы мужык, не будзе прынюхвацца да цябе, нават калі ты толькі што затаптаў недакурак цыгарэты. Дык вось, я надыктаваў Уладзю тэкст пісулькі, нібы ад нашай бібліятэкаркі. Яна спагадлівая і не даставучая, затрымаеш кніжку, але не бегае за табой па школе – эсэмэскі кідае. Але ж страшненькая: твар шырокі, круглы, нос маленькі, рос ды не дарос. А зубы занадта вялікія, шырокія: як усміхнецца – здрыганешся. Казалі, нашага фізіка пару разоў бачылі ў бібліятэцы. А што яму там рабіць? Зразумела ж. У пісульцы Вольга Арцёмаўна, бібліятэкарка, запрашала фізіка на спатканне ў кавярню. Падкінулі ў яго штотыднёвік.
І ён прыйшоў! Тады восень была позняя, холадна, макрэдзь у паветры. Фізік прытопваў пад парасонам, нервова паглядваў на аўтобусны прыпынак. А мы ржалі, назіраючы за ім, зрабілі пару здымкаў – каб пазней ў свой «Кантакцік» класны закінуць. І тут пабачылі бібліятэкарку! Яна ішла паўз кавярню. Фізік так кінуўся ёй насустрач, мы думалі – біць пачне. Вольга Арцёмаўна разгублена лыпала вачыма на яго, той амаль спалохана мямліў... А далей было нешта: фізік прытрымаў бібліятэкарку за локаць, і яны зайшлі ўнутр!
– Падзея называецца фактам супадзення магчымых верагоднасцей, – выдаў са скрухай Юрась, калі мы вярталіся назад.
Праз сваё ўменне падробліваць почыркі Уладзя і пакутуе. Ну, дакладней, не праз гэта, а праз сваю закаханасць у прыгажуню нашага класа (ды і школы, пэўна ж) Віялету. Закахаўся Уладзя яшчэ ў садку. То і не дзіва – Віялету апраналі заўсёды як ляльку, не адзін ён зачараваны быў. Толькі вось у каго мінула тая дзіцячая закаханасць, а Уладзя не змог яе пазбавіцца. Колькі яму ні кажы, што гэта Віялета наколькі вонкава да лялькі Барбі падобная, нагэтулькі ж і ўнутры пустая, Уладзя не слухае. Раней, гады тры таму, крыўдаваў да слёз (насамрэч плакаў), тыднямі з намі не размаўляў, а цяпер адно ўсміхаецца і кажа пераканаўча і пераможна:
– Вы проста не ведаеце. Яна – не такая, як усе. Яна асаблівая!
Чым яму запярэчыш? І вось ужо каторы год ён выконвае за прадмет сваёй закаханасці хатнія пісьмовыя работы. На кантрольных паспявае спачатку рашыць варыянт Віялеты, потым свой. І нават дыктант піша адразу за дваіх, на двух аркушах адразу. За гэта Віялета дазваляе яму сядзець з ёй за адным сталом. А можа, і яшчэ што: за руку патрымаць. Дурань Уладзя. Мы трохі апякуемся ім: глядзім, каб не надта сцяліўся перад гэтай лялькай. Бо Уладзя ж – шчыры хлопец, у яго грошы заўжды водзяцца, ён з намі дзеліцца, яму іх даюць з разліку на траіх, мабыць. Неяк яго маці, цётка Жэня, маленькага росту жанчына, такая ўся кругленькая і лагодная, выйшла з пад'езда і папрасіла, пакуль я чакаў Уладзю:
– Кірыльчык, вы, калі ласка, не кідайце Уладзечку, сябруйце з ім. Ён нейкі такі... няздатны да гэтага жыцця, жыве бы ў мроях. Я за яго так баюся, усё кніжкі і камп'ютар.
Мне ажно няёмка зрабілася, быццам мяне абвінавацілі ў здрадзе.
– Ды чаго мы будзем кідаць яго, цёць Жэнь? Мы ж ад садка разам, нармальны хлопец ваш сын. Вырасце!
Уладзя цяпер маўчыць на маё пытанне пра сон, моршчыць лоб, раздумвае: казаць ці не, бо мы з Юрасём часта кпім з яго жадання на кожную драбязу знайсці нармальны такі адказ, і пытаемся пра ўсялякія глупствы, кшталту: навошта павуку столькі вачэй і чаму ў некаторых іх восем штук, а ў іншых – шэсць (гэта таксама ад Уладзі ведаем), чаму мух аднолькава вабіць пах мёду і дзярма, а пасля гыгычам з Уладзевай патугі ў пошуках адказу. Але цяпер на маім твары ні ўсмешкі, а ў вачах – ні іскрынкі хітрасці. Цікава: што выдасць Уладзя?
– Ну, калі меркаваць з тэорыі Фрэйда.
– Карацей, не будзь занудай.
– Хутчэй, гэта нейкая нявырашаная праблема.
– Ты даў! Мне сон сніцца з маленства, разумееш? І якую там праблему я вырашаю?
– Неабходна разабрацца. Вось Фрэйд казаў, усе праблемы чалавека звязаныя з яго сексуальнасцю.
– Уладзя, ты дурань? – я ажно прыпыніўся. – Я пра секс успомніў, як ты сказаў.
– А гэта наша падсвядомасць працуе, – заўпарціўся Уладзя. – У ёй усё схаванае.
– Ага, цяпер скажы, як пытацца ў падсвядомасці? Эсэсмэску адправіць, а ўначы сон дзівіцца?
– Ну, і так можна, – сур'ёзна адказаў Уладзя.
– Псіх ты закаханы, – я цыркнуў на зямлю слінай. – Табе Віялета голая сніцца?
– Не твая справа! – агрызнуўся нязлосна Уладзя. – Усё, я на трэніроўку! – крутнуўся і пайшоў.
Уладзя – у камандзе раёна «Што? Дзе? Калі?».
– Як яна аголеная яму прысніцца ці ў рэале яе так пабачыць, каханне скончыцца, – хмыкнуў Юрась.
– Ты чаму так думаеш? – здзівіўся я.
– Таму... Фігурка ў Віялеты далёкая ад ідэалу, бачыў некалі яе ў басейне: ногі хударлявыя, азадак пляскаты... Прапорцыі нявытрыманыя. Не мадэлька, хоць твар прыгожанькі.
– Усё табе прапорцыі...
– Не мне, а прыродзе, чукча, – паблажліва патлумачыў Юрась. – Прапорцыя – аснова прыгажосці і трываласці. У крылцах матылька – залатое сячэнне, адна з фундаментальных прапорцый, таму ён для нас і такі прыгожы!
– А бывае матылёк з рознымі крылцамі? Ну, левая пара – вострыя, правая – круглыя?
– Не бывае! Прырода ідэальна сіметрычная...
– Гэта ў цябе вушы сіметрычныя...
Бо я ведаю – бывае! Той матылёк меў менавіта рознавострыя крылы.
...Гэта здарылася 9 верасня.
Як заўсёды, я выйшаў раней за іх, чакаў, пакуль Юрась сваімі хадулямі адмерае ад свайго дома 97 крокаў (ён даўно іх палічыў!), потым мы разам чакалі ля пад'езда Уладзю (ці ён чакаў нас). Нам да школы – 17 хвілін. Пра колькасць крокаў казаць не буду – у Юрася спытайце, вядома, ён іх палічыў не адзін раз:
– Ад першага класа да сённяшняга дня колькасць крокаў скарацілася на дваццаць тры. Разумееце?
– Гоніш, – млява заўпарціўся я тады. – Сусвет пашыраецца, чуў? Не можа адлегласць стаць меншай.
У той ранак Юрась пабачыў першы сустрэчны аўтамабіль і загадаў нам:
– Нумар! Хуценька сказалі мне нумар, – ды так сур'ёзна, быццам ад тых лічбаў залежала жыццё Сусвету вось тут і цяпер.
– Сам зірні, – хацеў паспрачацца я, але падыграў: – 32-13, дзве тройкі на канцах, сярэдзіна дае тройку. Ну што?
– Што і патрабавалася давесці! – з важнасцю выдаў Юрась. – Разам – дзевяць!
– І што?
– Здарыцца. Сёння.
– Здарыцца, ага, – згадзіўся я і кіўнуў на маўклівага Уладзю: – Віялета дазволіць сёння закаханаму пакласці дрыжачую далонь на сваё калена!
– Пайшлі вы! – звыкла агрызнуўся Уладзя.
– Вер Юрасю! – загарэўся я. – Зараз яшчэ адну дзявятку сустрэнем – і твая рука можа патрапіць на яе цыцачку. Але рот не разявай на шчаслівы выпадак, – працягнуў я. – Цыцачка будзе пад станікам і кофтачкай. І адно пакласці дазволіць, а не памацаць!
– Ты – пашляк і не ведаеш нічога пра сапраўднае каханне, – уздыхнуў з жалем Уладзя.
– Я – і не ведаю? Дык ты ж – прыклад! – працягнуў я тэму і зазлаваў: што ён робіць з мяне ідыёта і пашляка? – Каханне – гэта рабіць за яе кантрольныя і пісьмовыя работы, сядзець за адным сталом, але на ўпісках (гэта такія тусоўкі на кватэрах без бацькоў, куды запрашаюць кожнага таемна, па спісу) яна матляе азадкам з іншымі і перад іншымі. Быць у яе хлопчыкам на пасылках, пісаць ёй паштоўкі. Ці ты і вершы пішаш? І ўзамен... Уладзя, прызнайся: ты нешта атрымліваеш узамен? Яе вось Віктар, сам бачыў, на перапынку дык за попу крадком лапае, а табе што дазволена? Цябе яна хоць раз запрашала на ўпіску? Ты ведаеш, што яна там таму ж Віктару дазваляе? Яны тусяць раз на месяц у каго на кватэры, а цябе бяруць?
– А я не хачу, – спыніўся Уладзя, зірнуў мне ў вочы, і я пабачыў там знаёмы з мінулага года ўстойлівы выраз бетоннай асабістай перавагі. – Каханне – калі ты адчуваеш: ты патрэбны і ты шчаслівы ад сваёй патрэбнасці. Ясна, Кір?
Кір – гэта я. Мне зразумела. Мне зразумела, што абодва мае сябры – чыканутыя. Адзін – на лічбах, другі – на закаханасці. Але ж не будзеш мяняць іх... Ды і як? Мы выраслі разам, у адным двары. У апошні год у садку – разам. І з таго часу – разам. Не тое што прызвычаіліся... Неяк я і не ўяўляю сябе без Уладзі і Юрася. Думаю, яны таксама. Мы былі, і вось цяпер ёсць разам. А як далей? Далей – гэта далей. Усё будзе добра, як кажа мая бабуля.
– Дурні вы! – перапыніў нас Юрась. – Дзявятка!
Але мы ўжо зайшлі ў школу, і ён сціх. Я думаў, Юрась ужо забыўся на свае лічбы, але на другім уроку (была, як на тое, матэматыка, а матэматычка, я ж вам казаў, ці не абагаўляе Юрася і на ягоныя выбрыкі глядзіць скрозь пальцы) ён выцягнуў мабільнік, зіркаў-зіркаў на яго, а потым кажа:
– Зараз здарыцца!
– Што?
– Юр! Вяшчуй канец сусвету і трындзец заняткам!
Юрась цярпліва пачакаў, пакуль пад строгім позіркам настаўніцы сціхнуць крыкі, пачаў гаварыць з месца, зірнуўшы на матэматычку і атрымаўшы ў яе лёгкай усмешцы маўклівы дазвол на сваё тлумачэнне:
– У нашым класе васямнаццаць вучняў – у суме – дзевяць. Калі скласці гады нараджэння кожнага з нас, затым скласці лічбы атрыманага ліку, атрымаем дзевяць. Дзевяць – лічба нашага мноства. Кожнае матэматычнае мноства мае свой індэкс, калі хочаце, множнік, ступень, паказчык. Мы маем дзявятку. Сёння раніцай першы сустрэчны аўтамабіль меў у суме нумар дзевяць. Сёння – дзявяты дзень дзявятага месяца. Больш за тое, сёння дзявяты месяцовы дзень, неверагоднае спалучэнне.
– Але ж гэта проста лічбы, – хоць і паважліва, але з лёгкай паблажлівасцю ўсміхнулася матэматычка. – Калі захацець, патрэбную лічбу можна адшукаць у любым месцы.
– Ды не шукаў я лічбы! – падхапіўся Юрась, я ажно пахіснуўся ўбок. – Зараз – дзявятая гадзіна і сёмая хвіліна. Праз дзве хвіліны. Калі максімальная колькасць дзявятак супадзе.
– Мноства нашага класа наляціць на нябесную вось!
Але на гэты рэмікс вядомай цытаты ніхто не адрэагаваў.
Стала ціха. Ці не на ўсіх сталах засвяціліся тэлефоны. Дзве лішнія хвіліны сачкаваць – каму не хочацца? Пагатоў, можна добра гігікаць а 9 гадзіне 10 хвіліне. Я таксама дастаў тэлефон. Мне было не тое каб трывожна, але няўтульна. Я не мог дарэшты паверыць у Юрасёвы лічбы, але ж... Той матылёк сёння зноў сніўся мне. І я вынырнуў са сну, гэтым разам ужо крануўшыся тварам, адчуўшы холад вады ручая. Раней такога не было. І не было, каб так доўга ніяк не адпускала ад сну.
А дзявятай нуль дзевяць нічога не здарылася. Яшчэ хвіліну стаяла цішыня, а потым пачуўся лёгкі ўздых – то Віялета звярнула ўвагу ўсіх на сябе і роблена шкадуючы праспявала-прамовіла:
– Ах, які жаль. Наш матэматычны геній чарговы раз лахануўся.
Юрась – асабісты вораг Віялеты. І не толькі таму, што яго ніколечкі не чапляе яе агульнапрызнаная прыгажосць. Ён – анархіст. І я – анархіст. Але калі для Віялеты я – нешта невыразна сярэдняе, дык Юрась жа – фігура, аўтарытэт.
Наш клас ці не ад самага пачатку падзяліўся на дзве часткі: эліта і плебс. Звычайная справа для школы. На ўроках мы, здаецца, і разам, але толькі на ўроках. Калі дыскач у школе (ну, туды мы валілі разам у 8—9 класах, цяпер дык і не асабліва) – плебс танчыць асобна ад эліты. Хлопец з эліты ніколі не запросіць на танец плебейку і наадварот. І тусавацца пасля ўрокаў можна адно з сябрамі сваёй групоўкі. Канечне, групы незаўсёдныя, некага з эліты выганяюць у плебс, нехта з плебса прабіваецца наверх. У эліты галоўная – Віялета, яе целаахоўнікі – Віктар і Алег. Калі ў Віктара бацькі – не абы-якія чыноўнікі, дык у Алега – кулакі і моц. Яго рэальна пабойваюцца ўсе ў класе, ды і настаўнікі асабліва не чапаюць. Бацька Алега, ведаем, год таму сеў у турму за разбой. І не першы раз. Сам Алег глядзіць на ўсіх нас, аднакласнікаў, згары: ён ведае шмат такога, што нам і не снілася. Як ён апынуўся ў эліце, і што яго самога трымае там?
– Яго трымаюць грошы, якіх хапае ў Віялеты, Віктара і яшчэ многіх. А ён патрэбен ім як ахоўнік... Моц заўжды трэба, – лёгка знаходзіць тлумачэнне Юрась, рыхтык счытвае аднекуль ці паўтарае завучанае.
У плебса цэнтра няма: кожная групка сама па сабе, свае міжсабойчыкі. Ну, а мы з Юрасём – нейтралы. Нам пофіг гэтыя падзелы, гульні ў іерархію нас не цікавяць. Мы папраўдзе трымаемся асобна ад усялякіх тусовак. У Юрася вось ёсць матэматыка, а ў мяне – мае серыялы і кнігі. Мне падабаюцца фільмы пра розныя крымінальныя расследаванні. Самы круты апошні – «Падмані мяне». Там галоўны герой умее так чытаць пачуцці чалавека паводле яго мімікі і рухаў рук, плячэй, што ажно дух займае. З кніг на першым месцы – Кінг. Набываю кнігі (так чытаць больш прыемна, чым з рыдара, які маці купіла). А нядаўна мне ў «УКантакце» падагналі «Дзікае паляванне караля Стаха». Во дзе ўражаны быў: наш беларускі пісьменнік Караткевіч такую рэч напісаў! Чытаў вечар і ноч – зацягнула.
Карацей, мы з Юрасём не ў тусоўках. І Уладзя з намі. Адно крыху цісне: Уладзю Віялета трымае ў школе пры сабе. Вядома, на розныя ўпіскі Уладзя не трапляе. А шкада, я ўжо казаў. Пабачыў бы там хоць раз Віялету... Неяк Віктар прагаварыўся, як Віялета напілася «Марціні» і ванітавала ў ванным пакоі, куды яны з Алегам ледзь паспелі яе завалачы.
Юрась зрабіў самае разумнае, што можна было прыдумаць у адказ на з'едлівасць Віялеты, – ён быццам не пачуў тых слоў. О, такое нашу лялечку злуе больш за ўсё! Глядзі ж – на яе не звярнулі ўвагу! А тут яшчэ Ганна Тодараўна не дала нават дагучаць апошнім словам і тым перапыніла магчымае далейшае пікіраванне:
– Калі б хоць трэць прадказанняў у гісторыі чалавецтва спраўджвалася, само чалавецтва мусіла б ужо загінуць як мінімум тройчы, – важка сказала матэматычка, абвяла позіркам клас, прымушаючы усіх слухаць. – А лічбы вярэдзілі чалавечы розум ва ўсе вякі.
– І калі першы? Ну, калі чалавецтва павінна было загінуць у першы раз? – прагучала пытанне ад некага з дзяўчат.
– Першы? Ды ў 666 годзе, – усміхнулася Ганна Тодараўна. – У Новым Запавеце агучваецца лік д'ябла – 666. Вось і чакалі канца свету ў тым годзе. Потым – у 999, бо палічылі, што прарок пабачыў лічбы дагары, яны ж былі на небе. Пазней у 1666, далей – у 1999, гэта ўжо так дакладна было нібыта...
Настаўніца казала, яе і сапраўды слухалі – цікава ж, ды нехта ўратуецца ад «двойкі», а я трымаў перад сабой тэлефон, дзе высвечвалася ўжо 9.15. Я раптам зразумеў: патрэбная камбінацыя дзявятак з'явіцца на гадзінніку яшчэ не раз: 9.18, 9.27, 9.36, 9.45, 9.54, пасля будзе 18.09, 18.18. Ніколі раней я не ўспрымаў Юрася і яго лічбы ўсур'ёз. Але сёння. ну, шмат, надта ж шмат дзявятак! Юрась не ўспомніў, а я не буду яму зараз нагадваць, што ў тое лета мы жылі ў летніку ў корпусе пад нумарам дзевяць! А яшчэ я бачыў, я запомніў тыя нумары на «хуткай», амаль нябачныя пад слоем пылу. Там таксама былі дзявяткі. І я не змог стрываць, павярнуўся да сябра, разявіў рот, каб сказаць, і спужаўся адчутага ў горле болю – яго раздражняла, пякло свежае паветра. Амаль фізічна я ўявіў, як будуць драпаць горла словы, але пачаў гаварыць, нечакана хрыпата і гучна для сябе і ўсіх:
– Юр. тады была «хуткая». У яе былі нумары.
Боль раптоўна знік, голас стаў звычайны, хваляванне і страх згінулі.
Я паверыў. Я таксама паверыў: нешта павінна здарыцца.
– Якая «хуткая»? Ты пра што? – здзівіўся Юрась.
– Потым. Зараз 9.17. У той «хуткай», якая прыехала, нумар быў 09-18. Таксама дзве дзявяткі. Вось, зараз.
Гэтым разам, здаецца, ніхто не уключаў мабільнік. Але стала так ціха, так невыносна ціха, што крокі ў калідоры, якія мы пачулі, якія набліжаліся, падаліся д'ябальскім барабанным пошчакам. І ён гучнеў, ён плыў да нас, на нас, у сярэдзіну нас. Выразныя, цокаючыя, і побач з імі – глухое рэха іх – лёгкія, ледзь чутныя.
Крокі сціхлі насупраць нашых дзвярэй.
Усе глядзелі на іх, а я паспеў зірнуць на Ганну Тодараўну. Сталая жанчына стаяла, сціскаючы край стала збялелымі пальцамі. Яна таксама глядзела на дзверы.
Калі ў дзверы двойчы хутка, упэўнена і настойліва стукнулі, нехта з дзяўчат віскнуў пасапраўднаму, ад жаху.
Дзверы расчыніліся.
– Дзевятая васямнаццаць!
Увайшла завуч Наталля Іванаўна. Як заўсёды – з фрызурай, рыхтык толькі з цырульні, у адмысловым гарнітуры, бліскучых туфельках на бездакорнай формы нагах (канечне, Юрась матэматычна давёў – на прапорцыях). Прыгожая жанчына. Неяк мы заспрачаліся, ці бачыў яе хто ў штанах ці джынсах. Яна ў спадніцах і сукенках – ці ў школе, ці ў горадзе. Зразумела, навошта хаваць такія прыгожыя ногі?
Мы ўскочылі так, нібы рэпетавалі гэта вітанне ўсе дзевяць дзён заняткаў. Наталля Іванаўна нават здзіўлена прыўзняла бровы.
– Дзень добры, сядайце! Гэткія вы сёння дружныя. Выбачайце, Ганна Тодараўна. Прадстаўляю вам новую вучаніцу вашага класа Ядвігу Лельку. Спадзяюся, вы пасябруеце, і два апошнія гады ў школе будуць узаемна прыемнымі для ўсіх.
У руках – чорны заплечнік. Чорныя штаны, шэры балахон. Цёмныя валасы ніжэй плячэй, густыя, крыху завіваюцца, ад скроняў прыхопленыя заколкамі. Сярэдняга росту. Звычайная, карацей. Драбнявы твар. Лелька – што за прозвішча?
На яе глядзелі ўсе, яе вывучалі, яе ацэньвалі, а яна. Яна без відавочнага страху, бы вітаючыся з кожным, аглядала па чарзе нашы твары. Зірнула на мяне. Цёплы? Ну так, цёплы позірк. Яна не надта баялася. Вочы вялікія, цёмныя, выразныя бровы. Вусны нефарбаваныя, але добра акрэсленыя. Нос. звычайны нос, акуратны такі, не бульбінай, не дзюбай. У позірку было. запрашэнне сябраваць, так! Ці адзін я пабачыў? Не, Юрась гэтаксама прачытаў.
За намі з Юрасём у гэтым класе заставаўся ўсяго адзін свабодны стол. Зразумела, туды мусіла сесці новенькая, гэта Ядвіга. Вось ужо і завуч прапанавала ёй:
– Сядай на вольнае месца, – і выйшла з класа, прычыніўшы за сабой дзверы.
Юрась схапіў свой заплечнік, падручнік і сшытак і пераскочыў за стол ззаду:
– Даму нельга пакідаць адну – даме неабходна даць магчымасць выбару!
Новенькая ў адказ крыху сарамліва ўсміхнулася, пайшла да нас, прыпынілася ля мяне.
Я сядзеў, сцяты незразумелым хваляваннем. Не, мне сапраўды неістотна было: за які стол зараз сядзе дзяўчына, бо я зразумеў: галоўнае ўжо адбылося – яна з'явілася ў класе. А 9.18 дзявятага чысла дзявятага месяца.
– Але ж варта не забываць, што дама амаль ніколі не спыняе свой выбар на тым, хто прапануе ёй выбіраць! – гарэзліва і адначасова з дарослай, сур'ёзнай ноткай у голасе і напускным жалем прамовіла новенькая і села за стол побач са мной. – Не прагоніш? – спытала паўшэптам.
– Не, – выціснуў я.
– Якая дарослая разумніца з'явілася сярод нас! – праспявала нейкая дзяўчына, безумоўна, з атачэння Віялеты.
Але новенькая ніяк не адрэагавала на гэту шпільку.
– Як звяртацца да дамы? – Юрась ззаду нахіліўся да нас.
– Па імені, – павярнулася яна да яго. – Лепей – Ядвіся. Для сяброў – Ядзя. Для блізкіх сяброў – Яся.
– А я – Юрась, для сяброў Юр, а мой сябра, якога ты выбрала, – Кірыла, для сяброў – Кір. Ён хоць крыху малахольны, затое надзейны і без выбрыкаў. А я – геній матэматыкі і прадказаў тваё з'яўленне ў класе!
Ядвіся прымружыла вочы (як выявілася, шэра-зялёныя, з густымі вейкамі) і загадкава сказала:
– То я абрала менавіта гэты дзень, магла б яшчэ колькі пралайдачыць. І час – 9.18 – таксама мой выбар!
Яна ўсміхнулася.
Юрась разгублена залыпаў вачыма, разявіў рот, каб нешта сказаць, але тут Ганна Тодараўна паляпала далонню па стале:
– Усё, досыць на сёння матэматычнай містыкі, знаёміцца будзеце на перапынку, Юрась, калі ласка, не перашкаджай весці ўрок. Працягнем.
Так мы пазнаёміліся.
2
Мы выйшлі са школы разам – я, Ядвіся, Юрась і Уладзя. Не тое, каб супала, – Юрась прапанаваў паказаць новенькай наш раён. Здаецца, ён запаў на гэту Ядвігу. Мяне казытнула трохі: Ядвіся ж села побач са мной, ці не занадта ён актыўнічае? Але, па шчырасці, я быў і ўдзячны Юрасю. Бо мне хацелася таксама яшчэ пабыць сёння з новенькай. На ўроках не паразмаўляеш, а на перапынках да яе падыходзілі дзяўчаты: адразу Віялета са сваімі «фрэйлінамі» прайшлася міма, яны зморшчылі насы, фыркнулі грэбліва: знешне Ядвіся ніяк да эліты не цягнула: апранутая ў таннае, красоўкі не фірмовыя, золата ў вушах няма, пальцы рук не ў пярсцёнках, пазногці нефарбаваныя, хоць і акуратныя, чыстыя.
– Эліце ты не падышла ніяк, – зрабіў свае першыя высновы Юрась, звяртаючыся да Ядвігі.
– Мне плакаць ад гэтага? – прымружылася яна запытальна.
– Ат, радавацца! – усміхнуўся ў адказ Юрась і стаў тлумачыць: – Эліта наша – сама пабачыла, якая. Астатнія – плебс. Гэта падмноства неарганізаванае, без выразнага цэнтра, разбітае на асобныя групкі, якія флуктуюць адна ў адну, разбіваюцца, знікаюць, варагуюць.
– А вы?
– А мы – нейтралы! Анархісты, – з гонарам паведаміў Юрась. – Мы – па-за ўсімі, мы самі па сабе! Хочаш, будзем разам?
– Вось як? – Ядвіся з цікавасцю зірнула на Юрася, спытала: – А хіба можна быць самім па сабе і адначасова – з некім?
– Можна, – адказаў за Юрася Уладзя. – Калі група падтрымлівае правы кожнага заставацца самім сабой і не навязвае яму свае правілы паводзін.
– Вой, якія ж вы разумныя! – новенькая з захапленнем глядзела на нас, і было незразумела: шчыра яна кажа тое ці не. – І як жа вы мяне возьмеце ў сваю кампанію?
– Калі ты зразумела, што Уладзя і Юрась – разумныя, дык сама, атрымліваецца, ужо не дурніца, – вырашыў і я ўставіць свае словы. Сказаў і спалохаўся: неяк занадта просталінейна атрымалася, груба. Яшчэ пакрыўдзіцца.
– О, куды я патрапіла, – рассмяялася нечакана Ядвіся. – У кампаніі такіх разумнікаў дурніцай быць не выпадае.
– Выдатна, значыць, дамовіліся, – гукнуў Юрась. – Прапаную адзначыць нашу сустрэчу піцай! Спакойна, народ, – Юрась зірнуў на мяне і Уладзю, – я частую, учора матуля падагнала замоўцу – маладая завочніца. Я ёй кантрольныя парашаў, так што на піцу бабосы маем. Прымаецца?
Кавярня была амаль па дарозе, ніхто нікуды не спяшаўся, але Ядвіся нечакана паставіла сваю ўмову:
– Частуй, але пазней, калі мы ўжо ўсе незалежныя і самастойныя, разлічымся з табой.
– У нас іншыя правілы, – патлумачыў я. – У каго ёсць грошы і жаданне – той і частуе.
– А ў мяне не бывае такіх вольных грошай, каб я змагла вас усіх пасля пачаставаць, – заўпарцілася Ядвіся.
– Дык ты ж – паненка! – знайшоўся Юрась.
– Але я не люблю заставацца некаму вінаватай хоць у чым.
Ядвіся сказала гэтыя словы ціха, быццам і згадзілася прыняць нашы правілы, але яны, словы, нечакана драпанулі па маёй свядомасці. Было тут. Не ведаю, што было. З тае хвілі, як яна села за мой стол, пачуццё трывогі і адчуванне нечага значнага, што павінна яшчэ здарыцца, не пакідалі мяне. У галаве з'явіўся нейкі халодны металічны шарык, там усё сканцэнтравалася, шарык асабліва не муляў, не балеў, але ён быў, я адчуваў яго штохвіліны. І вось цяпер Ядвісіны словы прыляпіліся да таго шарыка, ён крышачку пабольшаў.
Тут Уладзя прыпыніўся, зняў акуляры. Мы з Юрасём ведалі: зараз выдасць нешта надта разумнае са сваёй скарбонкі гатовых цытат. Таксама прыпыніліся.
– Я вось думаю. – пачаў Уладзя, круцячы акуляры ў руках, – вось я думаю. Чалавек акурат таму і чалавек разумны, і застаецца такім, бо не заўсёды адказвае адпаведнай рэакцыяй на вонкавы раздражняльнік.
– Вой, ты загнуў, – жартаўліва пакрывілася Ядвіся. – Уладзік, перакладзі!
Уладзя ціскануў плячыма, вінавата ўзяўся тлумачыць:
– Ну. Вось камень стукнуўся аб камень – абодва нагрэліся. Пстрыкні кабылу па носе – яна махне хвастом. А чалавек. Калі яму баліць, ён жа неабавязкова крычыць? Калі радуецца – не шукае магчымасць адразу заплаціць некаму за гэту радасць.
– І калі кахае, зусім не чакае зваротнага пачуцця ад прадмета сваёй закаханасці. – дапоўніў Юрась, тролячы Уладзю.
– І не чакае! – насупіўся той.
– А чаго чакаць ад лялькі хоць нейкай рэакцыі? – уздыхнуў я скрушна. – У лялькі галава парожняя, сам бачыў.
– А пад сукеначкай ёсць трусікі, ды пад трусікамі няма піські, – працягнуў Юрась.
Уладзя адвярнуўся, мы крочылі далей у маўчанні, якое праз хвіліну парушыла Ядвіся:
– А вы злыя. Не, вы – бязлітасныя.
– А ты? – зазлаваў нечакана я. – Нам Уладзю шкада, але ж паспрабуй патлумач яму, што Віялета ніякая не самая асаблівая з усіх асаблівых.








