412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерый Гапееў » Мая мілая ведзьма (СИ) » Текст книги (страница 2)
Мая мілая ведзьма (СИ)
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 18:00

Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"


Автор книги: Валерый Гапееў


Жанр:

   

Детская проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 14 страниц)

– Вам гэтага не зразумець, – з заўсёдным пачуццём перавагі ганарліва заўважыў Уладзя. – Вось закахаецеся самі, дойдзе...

– О, якія ў вас дарослыя жарсці, – усміхнулася Ядвіся. – Кахай, Уладзіслаў, нікога не слухай. Сам некалі ўсё пабачыш, тады будзеш мець досвед.

– Што пабачу? – насцярожыўся Уладзя.

– Тое, што бачаць, калі расплюшчваюцца вочы, – адказала яна. – Гэта і ёсць тое месца, дзе мы будзем праядаць заробленыя матэматычным геніем грошы?

Мы падышлі да кавярні.

– Тое, – пацвердзіў Юрась.

– Блізка ад мяне.

– Выдатна, будзем прыходзіць вечарамі. Вось яшчэ пару кантрольных зраблю – будзе і на піва.

– Не п'ю піва, – паморшчылася Ядвіся. – І вам не раю. Рэдкая брыдота.

– А шампанскае?

– Хіба сёння Новы год? І яшчэ дзень, далёка да поўначы.

– Затое не будзе тлумна, хадзем.

У кавярні насамрэч амаль нікога не было. Мы селі за стол, Юрась пайшоў замаўляць піцу. Вярнуўся з бутэлькай колы і шклянкамі.

– Мабыць, тут па вечарах бывае ўтульна, – агледзелася вакол Ядвіся.

– Намёк зразумелі, кавалеры?

Юрась быў ва ўдары. Трымаўся нязмушана, жартаваў, расказваў пра настаўнікаў, школу. Я міжволі адчуў зайздрасць. Такога раней не было. Я ўспрымаў раней Юрася як свайго сябра, прымаў яго перавагу над сабой як дадзенасць, не бачыў у гэтым нічога зневажальнага і ганебнага для сябе, ды вось цяпер, пры Ядвісі, я ўпершыню паглядзеў на нас траіх бы збоку. І пабачыў, што я – ніхто і ніякі. Мае сябры... Пра Юрася казаць няварта. Уладзя – вунь які разумнік, на кожнае пытанне ведае адказ. Няхай і зачараваны, як кажуць дзяўчаты. Яны – цікавыя. А я? Існую адно для таго, каб быць фонам, падкрэсліваць адметнасці Юрася і Уладзі?

– А дзе ты раней вучылася? Чаму перайшла да нас? – спытаў я Ядвісю пра самае банальнае, але каб хоць неяк нагадаць пра сябе.

– Ведаеш, Кір, – нечакана сур'ёзна задумалася яна і зірнула мне ў вочы. – Людзі так шмат задаюць пытанняў, адказы на якія нічога не значаць ні для іх, ні для таго, хто адказвае. Пустыя пытанні. Ты выбачай, але нешта можа змяніцца, калі я вам зараз скажу, што вучылася недзе там, а перайшла, бо мы. Бо мы купілі новую кватэру?

Ядвіся глядзела мне ў вочы, а я чытаў там зусім іншае. Яна нешта хавала, безумоўна. Чаму на донцы зрэнак – сумны водсвет?

– Ну, выбачай. Здаецца, так прынята пытацца, вось і я.

– Нічога страшнага, – яна ўсміхнулася.

– А ты хто ўвогуле? – вырвалася ў мяне раптам пытанне, і мне зрабілася лёгка – я, аказваецца, даўно хацеў спытаць вось так, у лоб, што называецца. Чаму? Таму што хацеў.

– Я? – Ядвіся задумалася на імгненне, паглядзела міма нас на вялікі экран, дзе мільгацела расійская папса. – А што ты хочаш пачуць у адказ?

– Ды не ведаю, – пацепнуў я плячыма. – Ну, мы пра сябе табе расказалі. Юрась – сама зразумела, хто. Уладзя – эрудыт найлепшы, праўда, безнадзейна закаханы.

– Што не перашкаджае мне жыць, – уставіў Уладзя, а я здзіўлена лыпнуў вачыма:

– Слухай, Ядвіся, ты нешта зрабіла з нашым Уладзем – ён жа зусім страх згубіў, так вольна размаўляе .

– Бо я – ведзьма, – проста адказала Ядвіся.

– Сапраўдная? – невядома чаму ўзрадаваўся Уладзя.

Яна не паспела адказаць – прынеслі піцу.

– Найсапраўднейшая, – пасля нядоўгага маўчання Ядвіся вырашыла працягнуць тэму.

– А што можаш? – заспяшаўся Уладзя.

– Падманваць, – безапеляцыйна абвясціў Юрась.

– Магу і падманваць, – усміхнулася Ядвіся.

– А яшчэ? – не адчапляўся Уладзя.

– А што ты хочаш? – як пра нешта самае звычайнае запыталася Ядвіся, і тут я ёй паверыў. Паверыў, што яна – нешта можа.

– Ну. паваражы! – нечакана замест Уладзі азваўся Юрась, схапіў сурвэтку, выцер рукі і працягнуў абедзве далоні Ядвісі.

– Усё ў цябе будзе добра, – амаль урачыста адказала яна на гэты жэст, нават не крануўшыся Юрасёвых рук.

– Так мая баба Марыля ўмее, – скрывіўся я. – Як што ні здарыцца, дык яна: усё будзе добра.

– Але ў Юрася так і будзе, – заўпарцілася Ядвіся. – І ў сям'і яго ўсё наладзіцца.

– Што – наладзіцца? – Юрась абмяк на табурэтцы, ажно падалося – зменшыўся ростам.

– Бацька кіне піць, – ледзь чутна, гледзячы Юрасю ў вочы, сказала Ядвіся. – Прабач, калі ласка.

– Ды не, нічога, – авалодаў сабой Юрась. – Вось ты нашаму Уладзю паваражы! Ці ажэніцца ён з Віялетай? Колькі ў іх будзе дзяцей, дзе яны будуць жыць, і кім Уладзя стане, і як Віялета будзе ім руліць?

– Гэтулькі пытанняў адразу.

– Ты яму скажы, калі ў яго секс з Віялетай будзе, – зменшыў я задачу.

– Не трэба мне варажыць, – заўпарціўся Уладзя і нават схаваў свае рукі пад стол. – У прадказаннях няма сэнсу.

– Чаму? – шчыра здзівілася Ядвіся.

– Таму, – уздыхнуў Уладзя, дастаў свае рукі і паклаў на стол. – Калі чалавека папярэдзіць пра бяду, ён яе абміне, але тады атрымліваецца, што прадказанне не спраўдзілася. А калі не.

– Ты што! – заспрачаўся я. – Як будзеш ведаць, калі секс з Віялетай, дык падрыхтуешся як след!

– Пайшоў ты са сваім сексам.

– Вой, ты скажы яшчэ, не марыш, як голую Віялету будзеш ціскаць?

Мяне панесла, я не разумеў, чаму мне так сёння карціць каго-небудзь прынізіць, так, прынізіць бяскрыўднага Уладзю – гэта было няправільна, несумленна, але спыніцца я не мог.

– І не мару! Не чалавек тады? Вам толькі да траху ўсё звесці – нечакана цвёрда, з крыўдай у голасе адказаў Уладзя.

– Платанічнае каханне! – гукнуў Юрась і разліў колу ў шклянкі. – Вып'ем за чыстыя пачуцці, вольныя ад бруду жывёльнага сексу!

Я заўважыў у гэты момант, як сур'ёзна, вывучаючы твар Уладзі, імкнучыся зазірнуць у ягоны розум, глядзела на яго Ядвіся.

– Ты перакананы, што прадказанні і прароцтвы не маюць сэнсу, так? – перапыняючы наш гвалт, ціха спытала яна Уладзю.

– Дзе сэнс? Ды і лухта ўсё. Ніхто нічога не ведае.

– Лухта? – засмяялася Ядвіся. – А ну, дай сюды руку! – загадала яна, і Уладзя нясмела працягнуў ёй правую, а потым і левую руку. Ядвіся ўзяла абедзве яго далоні ў свае, а мне раптам заманулася, каб яна і мае далоні вось так патрымала.

– Ты не адзіны сын у сям'і, – пачала ўпэўнена казаць Ядвіся, разглядаючы далоні Уладзі. – Але старэйшы. У цябе ёсць. сястра, якая цябе вельмі любіць. І твае бацькі цябе вельмі любяць. Так?

– Так, – вырачыў вочы Уладзя, далоні яго заўважна задрыжалі.

– Даўно. ты зазнаў сур'ёзную траўму, доўга хварэў, – працягвала Ядвіся. – Было?

Мы ўсе ведалі, што было: Уладзя ўпаў з рыштаванняў, калі ягоны бацька будаваў дамок на лецішчы. І ён амаль страціў зрок, рабілі аперацыю. Таму цяпер і носіць акуляры. Дарэчы, калі ляжаў спачатку ў бальніцы, потым дома, падсеў на чытанне розных цікавостак.

– Уга! – выгукнуў Юрась. – А-а-а, Ядвіся, пра секс, пра секс з Віялетай яму скажы!

– Не! – Уладзя выхапіў свае рукі з Ядвісіных, зноў схаваў іх пад стол. – Не хачу ведаць, што будзе.

– А мне скажаш? – я працягнуў да Ядвісі свае рукі. – Мне можаш і пра будучыню казаць, я не баюся!

– А што ты чакаеш ад будучыні? Кім ты сябе бачыш? – Ядвіся ўзяла мае рукі ў свае далоні, і я ледзь не здрыгануўся – падалося, адчуў укол, бы электрычны разрад (мы дурэлі некалі ў летніку, калі даведаліся пра статычную электрычнасць, і церлі рукі аб ваўняныя коўдры, а пасля «віталіся» з тымі, хто заходзіў і не чакаў ніяк сапраўднай іскры пры дакрананні рук).

– Дык, канечне, касманаўтам! Каб помнік у горадзе паставілі! – рагатнуў я. – А куды спяшацца, яшчэ два гады амаль парыцца ў школе. А там – будзе, як ва ўсіх і як раней: паўпіхваемся ва ўніверы, як каму пашанцуе, – заспяшаўся я. – Нічога тут не мяняецца, няма чаго мазгі сушыць. – Я хваляваўся? Ну, так чаго хаваць ад сябе. – А ты хіба задумвалася, якой будзеш? Ці ты, Юрась? Ты, Уладзя?

– Я – не, – усміхнуўся Юрась. – У гэтым катле з дзярмом лепей трымацца бліжэй да сценкі.

– Ты пра які кацёл? – Ядвіся прыўзняла бровы, скрывілася.

– У якім мы ўсе, – трошкі напышліва адказаў Юрась. – Наша жыццё і ёсць такі кацёл.

– А ты, Уладзя? Таксама не думаў? – Ядвіся зірнула на сябра, і той апусціў вочы.

– А што тут думаць? Кір праўду кажа – яшчэ два гады ёсць. А ты хіба думала?

– Пра будучыню? Кім я буду, як жыццё складзецца?

– А навошта ёй думаць? – хмыкнуў я. – Праўда ж, Ядвіся? Ты ж усё ведаеш.

– Пра сябе я нічога ведаць не магу, – сур'ёзна ўздыхнула Ядвіся, але змаўчала далей, разгарнула мае далоні. – А ты адзіны ў сям'і. Вой, цябе так любіць твой бацька!

Я высмыкнуў рукі з яе далоняў – рэзка, нават груба. Яна са спалохам паглядзела на мяне.

– Выбачай, ведзьмы з цябе не атрымаецца, – насмешліва пачаў я. Мне было крыўдна. Так усё было. цікава, загадкава нават, і вось такая нікчэмная развязка. – Нешта ты магла даведацца пра кожнага з нас. Не праблема: аддзел кадраў, завуч, дый невядома, дзе працуюць твая маці ці бацька, можа, і настаўнікамі. Дый мы ў «Кантакціку» пра сябе нямала апавядаем, і Уладзя свае здымкі з малодшай сястрой выкладаў. Ён яе і сапраўды любіць.

– Я не падманваю вас, – апраўдальна загаварыла Ядвіся. – І не збіралася. Навошта мне?

– Ну, мо, каб уражанне выклікаць, – хмыкнуў я. – Усё, Юрась, дзякуй за піцу, мне час ісці, справы.

– Кір, што цябе ўкусіла? Супакойся, не псіхуй. Ну, памылілася дзяўчына.

– Я не памылілася! – нечакана ўпарта выгукнула Ядвіся. – І мне да лямпачкі нейкія ўражанні. Якая я ёсць – такая ёсць!

– Усім – пакуль, – я ўзняўся з-за стала.

– Чакай! Я пакрыўдзіла цябе? Выбачай, калі ласка, я не хацела. Я казала тое, што бачыла.

– Слухай. Я нават не помню твару свайго бацькі, – я глядзеў у Ядвісіны вочы і бачыў там сябе маленечкага, і мне было незвычайна і трошачкі жудасна. – Ён аднойчы не вярнуўся з заробкаў у Расіі, калі я пешкі пад стол хадзіў. Такая вось любоў.

І я шпарка выйшаў з кавярні.

Праз сотню метраў я супакоіўся і паспрабаваў зразумець: чаго я насамрэч так запсіхаваў? Ядвіся ўспомніла майго бацьку? Ды не, даўно не пераймаюся праз гэта. А вось што яна сказала няпраўду, і што выкрылася яе бяскрыўдная хлусня, спроба ўдаць з сябе незвычайную дзяўчыну, – тое было крыўдным. А так яна нармальная, няблага ўсё было. Трэба ёй яшчэ гэта вядзьмарства. Хоць я сам урэшце і вінаваты – ніхто ж мяне за язык не цягнуў з гэтым пытаннем: «А ты хто такая?».

Я не помню твару свайго бацькі. Постаць, яго вяртанні памятаю, больш – сярод ночы. Ён стаяў у вітальні, вялікі, ад яго тхнула непрыемнай сумессю пахаў: поту, цыгарэтнага дыму, гарэлкавага перагару. Ён абдымаўся з маці, а я лез у ягоную вялікую сумку, дзе сярод бруднай вопраткі заўсёды быў нейкі пакунак з падарункам і прысмакі.

Мы жылі тады не ў сваёй кватэры – яе яшчэ не пабудавалі, а ў бабулі. У яе ўсяго два пакоі, і калі прыязджаў бацька, я ішоў жыць у бабулін пакой. Праўда, так было нядоўга. Памятаю, як бацька спачатку адлежваўся, адпачываў на канапе дні запар, глядзеў тэлевізар, маці прыносіла яму піва, збірала парожнія бутэлькі з падлогі. Зазвычай тыдзень так і мінаў – у насцярожанай цішыні кватэры, у маўклівым жаданні ўсіх нас траіх – маці, мяне і бабулі – дагадзіць бацьку. Бо ён – здабытчык, ён зарабляе грошы, якія так неабходныя, каб дабудаваць сваё жытло. Мяне маці прасіла таксама надта не круціцца каля бацькі: толькі першы-другі дзень ён колькі часу бавіўся са мной, а потым казаў мне суняцца з пытаннямі і просьбамі – хацеў адпачыць.

Пазней маці нясмела пачынала пытацца ў бацькі пра нейкія свае справы, далей – больш настойліва, той пачынаў раздражняцца, а далей і наогул адказваў крыкам. Збіраўся з хаты і ішоў некуды, вяртаўся позна ўвечары, падпіты і нахабны, гучна патрабаваў есці, курыў на кухні, на поўную моц уключаў тэлевізар, рагатаў сам з сабой. Іншы раз знікаў на дні два-тры, маці казала – на рыбалку з сябрамі. Адзін раз ён і сапраўды прывёз многа рыбы – вялікіх карпаў, ад якіх непрыемна тхнула балотам. Маці з бабай увесь вечар скрэблі тую рыбу, смажылі, на кухні стаяў прэсны пах рыбных вантробаў. Бацька ляжаў задаволены ў пакоі на канапе, гэтаксама піў піва і глядзеў тэлевізар, казаў мне: наступным разам абавязкова возьме мяне на рыбалку. А я на падлозе складваў з вялізнага набору «Лега» робата-трансформера і нясмела запытаўся: наступным тыднем паедзем? Бацька амаль весела адказаў, што зараз ён зноў збіраецца ў дарогу, а вось як прыедзе праз два месяцы – абавязкова пойдзем.

Але праз два месяцы ўсё было гэтак жа: ягонае вяртанне сярод ночы, тыдзень на канапе з півам. І наступным тыднем ён пачаў зноў збірацца, хоць маці нясмела ўшчувала: гэтулькі розных спраў у кватэры, усё старое. Бацька тады злосна гыркнуў: я даю табе грошы, наймі людзей, хай паправяць спецыялісты.

Маці расказвала мне, што бацька пачаў ездзіць на заробкі яшчэ да таго, як яны ажаніліся. Было, з'язджаў на паўгода, але грошай вялікіх не прывозіў: заўсёды нешта не атрымлівалася.

Баба намаўляла маці (я чуў не аднойчы), каб яна забараніла бацьку ездзіць на заробкі:

– Дзіця без бацькі расце, лічы. Ездзіць-ездзіць, такія грошы і тут можна зарабіць, а то і больш. Вунь колькі людзей будуецца, паўсюль спецыялісты патрэбныя. Плітку ў ванным пакоі нам пераклалі – за тры дні колькі той спецыяліст зарабіў? Хіба толькі ў Расіі тынкоўшчыкам праца ёсць?..

Маці і згаджалася, у кожным разе я не чуў, каб яна спрачалася з бабай. Мне пасля казала, што не адзін раз упрошвала бацьку кінуць тыя паездкі. Асабліва апошні раз, як прадчувала.

Бацька не вярнуўся ні праз месяц, як абяцаў, ні праз тры. Маці кінулася да яго сяброў, тыя казалі: у бацькі быў «свой аб'ект», дзе ён працаваў – яны дакладна не ведаюць. Тое Падмаскоўе – вялізнае. Праз паўтара гады маці звярнулася ў суд, каб бацьку прызналі невядома адсутным, бо ўзніклі пытанні з кватэрай, якую будавалі: усе паперы былі аформлены на бацьку, а тут трэба нешта тэрмінова рабіць з дакументамі.

Так я афіцыйна застаўся без бацькі.

Дома захаваліся фотаздымкі. Раней я іх пераглядваў. У бацьку я нічога не бачу свайго, нічога ўва мне не ўздрыгвае. «Ты да маці падобны», – кажа мне баба, і гэта сапраўды так: у нас з маці скуластыя, выцягнутыя твары, выразныя бровы, тонкія вусны. Але маці прыгожая, а я.

Маці сапраўды дужа прыгожая. Тое я цяпер ацаніў. У яе зграбны, акуратны стан, яна не худая і не тоўстая, надзене джынсы, цішотку – бы студэнтка. Валасы злёгку завіваюцца, маці звычайна падстрыгае іх коратка, фарбуе ў прыемны цёмны колер. Вусны напамаджвае ледзь-ледзь, і памада няяркая, а яны ў яе ўсё адно выглядаюць свежымі, прывабнымі. Яна ўмее хутка сабрацца на працу ці на якое мерапрыемства: крышачку падвядзе вейкі і танюткія бровы, два разы махне пэндзлікам з пудраніцы – і вось, усё так выразна, так святочна. Хіба вось зморшчынак ля вачэй у маці шмат – яна мружыцца на зыркае святло, так гэта тлумачыць. Усё лета яна носіць цёмныя акуляры і выглядае ў іх загадкавай і трошкі чужой.

Каб я пайшоў у маці, дык быў хоць бы крышку прыгожы... А так? Недаўгалыгі, як Юрась, немаленькі, як Уладзя, сярэдні між імі. Спорт мяне ніколі не вабіў, то і выгляд такі – ніяк не Рэмба. Але што тыя плечы, калі на твары – новыя прышчыкі і сляды ад старых, увесь лоб імі пакрыты, таму і прычоска ў мяне такая, каб лоб затуляць цёмна-русым чубам. Вушы вытыркаюцца... Нос з невялікай гарбінкай – яе ў маленстве не было, пазней з'явілася. Скулы вострыя, ад носа складкі ідуць уніз да рота, а вусны тонкія, асабліва верхняя. Хоць бровы нармальныя – роўныя і густыя. Іншым вечарам я цісну і праціраю свае прышчыкі рознымі сродкамі, якія купляе маці, цісну з нянавісцю, твар палымнее, а іх не становіцца менш, яны ўкрываюць бараду, шчокі.Маці кажа – узроставае, гармоны. Ага, у іншых хлопцаў даўно прайшло, адно я ды Юзік ходзім прышчавыя...

Маці больш не выйшла замуж. І я ніколі не бачыў яе з іншым мужчынам. Толькі аднойчы, ужо калі мы жылі ў новай кватэры, мне было ніяк не заснуць. Мо праз гадзіну, як я лёг, пачуўся ціхенькі стук у дзверы, крокі маці ў вітальні, асцярожнае шчоўканне замка, шамаценне вопраткі. Гэтак неспадзявана моцна ёкнула ўнутры: «Бацька вярнуўся!», у першы момант я ледзь не падскочыў з ложка і не кінуўся туды, на гукі, але ж раптоўна зразумеў, што гэта не бацька: з вітальні пад дзверы ў мой пакой не прасочвалася паска святла, не было гучнага загаднага, які я памятаў, выгуку: «Ну, сустракайце!». Гэта нешта іншае, не бацькава вяртанне. Я сцяўся ў ложку, накрыўшыся з галавой, і пастараўся хутчэй заснуць, хоць было горача і душна.

Маці раніцай была занадта клапатлівая, ці мне ўсяго падалося, але што рэальна, дык нервавалася, вінавацілася перада мной. Мне было страшэнна няёмка. Але болей падобнага я не чуў ніколі. Калі ладзілі вечарынку разам з бацькамі па заканчэнні дзявятага класа, я запытаўся прамым тэкстам у маці: чаму не выходзіць замуж ці хоць не завядзе сабе мужчыну, яна ж маладая і прыгожая. Маці засмяялася, ускудлаціла мне валасы на галаве і адказала: «Я адналюбка»...

Я пацёгся ў бок чыгуначнага вакзала. Там ёсць месца... маё месца. Калі ад станцыі ўздоўж рэек прайсці сотні тры метраў вузкай сцяжынкай (мабыць, рабочыя пратапталі), дык узыдзеш на невялікую горку. На ёй расце некалькі бяроз. Можна тут сесці і глядзець долу – на цягнікі.

З малых гадоў, калі я бачыў цягнікі, як хадзіў да бабы (яна жыве ад нас па той бок чыгункі), унутры мяне нешта сціскалася. Падалося так захапляльна: ехаць у вялікім вагоне, сядзець ля акна, піць гарбату ці колу, есці. Я зайздросціў тым людзям, якія праносіліся міма ў цягніках. Іх чакае нешта новае. Вось зараз яны некуды прыедуць, будуць змены, ды яны, па сутнасці, жывуць у тых зменах. Мне гэтаксама карцела сесці аднойчы ў цягнік, ехаць далёка-далёка, туды, дзе будзе ўсё інакш. Ну, няхай будуць і тыя самыя дрэвы і дамы, і людзі, і крамы. Але там будзе ўсё напраўду. Недзе там, далёка, павінна быць усё напраўду. Па-даросламу. Без падману.

Чаго я прыпёрся сёння на гэты ўзгорак?

Праз напамін пра бацьку? З-за Ядвісі?

Надакучыла. Юрась кажа, мы жывём у катле з дзярмом. Ну так, з ім не паспрачаешся, ён разумны. Ды больш агідна тое, што кожны сваё дзярмо выдае за золата. І імкнецца цябе самога яшчэ таўхануць туды, каб нырнуў з галавой. Ненавіджу школу, ненавіджу горад. Усё несапраўднае. Паказуха. Падробка. І Ядвіся вось. Чаму не быць простай і шчырай? Хоць бы адна дзяўчына была без гэтых прыдуркаватых найгрышаў, без жадання звіць вакол сябе таямніцу цікавасці.

З'ехаць бы хутчэй.

Маці дома не было – яна прыходзіць позна, бо падпрацоўвае. На адну зарплату нам цяжка пражыць. Добра, баба дапамагае – яшчэ працуе, хоць які там у яе заробак, у бібліятэцы? Але маці нягледзячы на гэта ніколі не шкадавала грошай на мае патрэбы. І новы комп ёсць, і на сеціва грошы дае, і на смартфон добры нядаўна вось перад тым, як у школу ісці, дала. Яна ніколі асабліва не жалілася, што грошай не стае, так, абмовіцца іншы раз, што з тым ці іншым пакуль пачакаем. Аднаго разу пайшлі з ёй на рынак, даўно ўжо, каб купіць мне джынсы. Маці ўздыхала, гледзячы на цэны. А я пабачыў шыльду сэканд-хэнда і пацягнуў маці туды. Там сабе выбраў джынсы, батнік, балахон. Маці не пярэчыла, толькі ніякаватая была, пыталася, ці добра мне ў такім. Вось жа: клёвыя рэчы, тое, што мне акурат і трэба! З таго часу я апранаюся сам: маці дае грошы, я іду і купляю, што мне даспадобы. Адно абутак – красоўкі – купляем добрыя, дарагія, бо танны адстой рвецца праз два месяцы, распаўзаецца, як блін.

Уключыў комп, каб зайсці ў сваю групу «УКантакце» – там мы абмяркоўваем, што ёсць цікавае паглядзець з новых серыялаў. «Гульня тронаў» мне не пайшла, паглядзеў колькі серый з аднаго сезона – не маё. Не люблю я бясконцы працяг. Мне каб адна серыя – адна завершаная гісторыя. Вось як той «Менталіст» ці «Х-файлы».

У групоўку нашага класа амаль ніколі не заходжу: лажаюць адзін аднаго бясконца. У школе дык мала хто з кім паразмаўляе, а тут як пачнуцца гамонкі – адкуль імпэт бярэцца. Вядома ж, пісаць лягчэй, чым казаць у вочы.

Мяне чакала запрашэнне да сяброўства. Ёкнула, калі пабачыў – ад Ядвісі Лелькі. Прыняў. Яна была анлайн, адразу напісала ў прыват: «Выбачай яшчэ раз. Я не хацела нічога дрэннага табе зрабіць». Адказаў: «Фігня, не пераймайся. Усё норм». Яна адказала смайлікам, а пасля дадала: «Мне спадабалася ваша кампанія – ты, Юрась і Уладзя.»

Мне не хацелася працягваць размову, не люблю я такіх вось прызнанняў праз сеціва, але і карцела пабыць на нябачнай сувязі з Ядвісяй.

«Я не аматар балакаць па маніторы. Хочаш, сустрэнемся ў рэале, пабазарым».

Напісаў і замёр у чаканні, назіраў, як доўга піша Ядвіся радкі.

«Выбачай – іншым разам. Адно пераехалі, гармідар поўны, рэчы не разабраныя, мэбля не сабраная. Не ведаю, калі мы рады дамо з мамай. Дарэчы, каб ты ведаў: мы з мамай таксама адны». Апошні сказ быў падобны на яшчэ адно прабачэнне і пасвячэннем у асабістае, ад чаго я сапраўды прабачыў Ядвісю.

Сам не чакаў, што вырвецца гэта прапанова, напісаў хутчэй, чым падумаў:

«Дык, можа, дапамагчы? Ну, мэблю там расставіць, рэчы пацягаць? Давай, кажы – прыйдзем утрох))».

«Праўда? Зараз спытаю маму. Калі можаце – самае неабходнае хоць. Бо мама змагла дамовіцца са зборшчыкам мэблі не раней за паслязаўтра».

«О'кей, кажы адрас!»

«Юрась і Уладзя ведаюць, яны мяне праводзілі дадому».

Я выключыў на пліце боршч, які паспеў закіпець, патэлефанаваў Юрасю.

– Няма праблем! Патэль Уладзю!

Мне падалося, Юрась нават узрадаваўся. Не, дакладна, ён запаў на новенькую.

Яшчэ таму я адчуваю, што Уладзя і Юрась – сапраўдныя, бо не помню выпадку, каб нехта з нас каму адмовіў, калі патрэбна была дапамога.

Маці Ядвісі аказалася надзвычай прыгожай жанчынай. У яе такія вочы – цёмныя, глыбокія, позірк і цёплы, і добразычлівы. Усмешка прыязная, шчырая, кончыкі роўных зубоў вільготна пабліскваюць. Вельмі яны з Ядвісяй падобныя: і ростам не дужа розняцца, і паставай, і нават валасы амаль аднолькава заколваюць ля скроняў. Адно што ў цёткі Ірыны няўлоўная плаўнасць у рухах, яна крочыць – а плечы не варухнуцца.

– Ну, спрабуйце, хлопчыкі, як атрымаецца – тое і добра. Нам бы найперш на кухні большменш прыбрацца.

Разабраная мэбля была паўсюль, грувасціліся скруткі, мяхі, кардонкі, шафкі. На кухні мыйка і газ былі падключаны, у сцяне засталіся крукі, каб навесіць шафкі – падышлі, у нас паўсюль стандарты.

На другі дзень мы накіраваліся да Ядвісі адразу са школы – і сабралі вялікую сценку, хоць Уладзя пры гэтым і прышчыкнуў сабе далонь – запяклася кроў пад скурай. Трэцім вечарам мы хутка (вопыт жа набылі!) сабралі другую шафу ў пакоі Ядвісі. Цётка Ірына запрасіла нас на кухню, дзе ўжо была згатавана вячэра.

А напрыканцы – пірог з малінавым сочывам толькі з духоўкі, такі смачны!

Гэта былі тры клёвыя, сапраўдныя дні. Тады мне ўспомніліся словы Уладзі пра тое, як файна адчуваць сябе некаму патрэбным.

3

Тыдзень мінуў – Ядвіся як быццам вучылася разам з намі колькі гадоў, у школе усталяваліся звычайныя сум і нуда. Мая незразумелая ўстрывожанасць пакрысе знікла, хоць раз-пораз, сустракаючы раніцай Ядвісін позірк, на нейкае імгненне мне рабілася вусцішна. На адно кароткае імгненне, а потым усё знікала. Неяк лёгка Ядвіся і мы трое сышліся, пачалі разумець адзін аднаго без ідыёцкіх тлумачэнняў, кшталту «прабач, я хацеў, а ты не зразумела.» ці наадварот. Уладзя рэальна ажывіўся, іншы раз выдаваў слоўцы да месца, не тужачыся, не жарты-самасмейкі, але, відаць, Віялета яго прыструніла – у апошнія дні на перапынках ён амаль не выходзіў з-за стала ці быў поруч са сваёй каралеўнай.

Дзясяты клас – самая вольніца. Ніхто над душой не стаіць, маўляў, апошні год, варта думаць пра атэстат, кантрольныя, тэставанні. Шэрая будзённасць. Адзіная прадуха для ўсіх – лёгкі тролінг аднакласнікаў у школе і наезды без тармазоў з прасаваннем у сеціве. Папраўдзе, абмяркоўваць не было чаго: настаўнікі засталіся тыя самыя, нейкія змены ў іх паводзінах, адзенні ды звычках абсмакталі ў групе яшчэ за першы тыдзень, новых фічаў заўважана не было. Уладзя аднойчы сказаў: запісы ў групе пра настаўнікаў можна скарыстоўваць для тых самых настаўнікаў як тэст на вынослівасць – там такі трэш сустракаецца, не кожны вытрымае пра сябе падобнае чытаць.

Пакуль яшчэ цёплымі вечарамі ці не ўсе былі на флэтах. На хатах пакуль не збіраліся, у кожнай тусы сваё месца ў горадзе, зазвычай не перакрыжоўваліся, каму патрэбныя лішнія цёркі? Пару разоў мы ўчатырох – Юрась, Ядвіся, Уладзя і я – хадзілі на маю горку. З грашыма пакуль ва ўсіх назіраліся траблы, таму міналі кавярню, не згадваючы пра абяцанае.

Была нядзеля, першая гадзіна дня. Я яшчэ валяўся ў ложку – завіс на новым серыяле да чатырох раніцы. І яшчэ б паваляўся, але папоўз па падлозе на вібрасігнале тэлефон. Здзівіўся, бо маці, Уладзя і Юрась ведаюць, што ў нядзелю мяне лепей не чапаць да гадзіны трэцяй дня. Але нумар быў незнаёмы, у сэнсе, у адраснай кнізе такога не было, і нібыта знаёмы. Я не адказаў, хацеў забіць, але выклік паўтарыўся.

– Вяргейчык, ты дзе?!

Тут я адразу згадаў нумар. Класуха верашчала. Яна пыталася так, быццам зараз я павінен прысутнічаць на нейкім дзяржаўным экзамене, дзе сядзіць камісія з самім міністрам і ўсе чакаюць мяне аднаго.

– Дзе-дзе? Дома! – амаль схаміў я і яшчэ павітаўся, каб падначыць: – Добры дзень, Зінаіда Мартынаўна!

Не люблю класуху. І такіх, як я – палова ці болей. Вісклівая іншым разам, знерваваная цётка трыццаці гадоў. Юрась, кпліва пасмейваючыся, казаў: у яе сіндром дзеўкі-векавухі. Замуж не выйшла, дзіцяці не нарадзіла, вось і прэ з яе раздражнёнасць на жыццё наўпроставым залпам на нас. Яе нервовасць і выгляд яе псуе, а то была б нічога сабе жанчына: сярэдняга росту, статная, апранаецца стыльна. А пабачыш твар з вечнай насцярогай у вачах, апушчанымі долу куточкамі вуснаў. Такі пакутніцкі выраз з відавочным дакорам – усё адно як ты толькі што зламаў яе жыццё і зруйнаваў яе будучыню. Яна ў нас другі год класным кіраўніком. Не шанцуе нам. Год пабудзе нехта – і знікае: то выйшла замуж і пераехала, то зацяжарыла-нарадзіла... Зіначка (так клічам мы класуху за спінай) выкладае біялогію, таму, дзякуй Богу, бачымся мы нячаста. Хоць, шчыра кажучы, настаўніца яна неблагая: на ўроках нясумна, наўмысна нікога не гнобіць адзнакамі, незлапамятлівая, ды і досыць паблажлівая – каму з нас праз два гады неабходна будзе нешта ведаць пра нейкія там гены? То і не пытае надта строга. А вось на класных гадзінах яна так можа мазгі вынесці сваімі пропаведзямі з заломваннем рук – хопіць разу на тыдзень.

– Вяргейчык, кажы: дзе вы ўчора былі?

Вяргейчык – маё прозвішча. Не самае прыгожае, згодзен. Вяргейчык – па маці. Яна, калі бацьку афіцыйна прызналі невядома дзе адсутным, вярнула сабе назад сваё прозвішча. А калі мне надышоў час атрымліваць пашпарт, сказала – выбірай. У сэнсе, ці заставайся на прозвішчы бацькі (якога няма), ці на маці. Было б з чаго выбіраць! Прозвішча ў бацькі – Калінка. Як для дзяўчыны дык самае тое, а хлопцу? Хоць бы Каліна.

Але крыху зацыкліўся. Ну, здаецца, пытанняў быць не павінна. Я ж – сын бацькі. А чаму маці вярнула сабе дзявочае? І я спытаў пра тое.

Маці прысела ля стала (на кухні былі), чамусьці пацерла рука аб руку і доўга маўчала, паглыбленая ў сябе, ці то ўспамінала, ці то думала: казаць не казаць. Зірнула ў вочы – у яе быў сумны, дужа сумны позірк, я такога і не бачыў раней. Пачала гаварыць...

– Не ведаю, мо і няправільна раблю. Але ж, сказаць мушу, калі пытаешся, а маніць табе ўжо нельга, ты не дзіцятка, не даруеш. Ды і ніколі я цябе не падманвала, хіба не дагаворвала.– маці ўздыхнула, прыгладзіла свае густыя, бліскучыя валасы. – Расія ў многіх жанчын мужыкоў адняла, не ў адной мяне. Так, нехта ад рук бандытаў загінуў, нехта перап'е ды куды ўлезе, з даху зваліцца, між сабой бойкі былі, забіваліся. Я, калі да следчых пайшла, гэтулькі розных гісторый пачула. Каб раней пра тое ведала, дык і не пусціла б больш яго на заробкі. Хіба пераступіў бы ды паехаў. Дык вось, адны гінуць, а іншыя проста не вяртаюцца. Жанчын жа і там стае. Ды яшчэ шмат такіх, хто кар'еру будаваў, пра сям'ю не думаў, а вось з узростам захацелася пазбыцца самоты. І з гэтай прычыны нашы мужчыны не вярталіся. Нехта і па дзве сямі'і вось так заводзіў. Тут жонка і дзеці, і там жанчына і дзеці. Але ж колькі так ні катаешся між дзвюма, а выбіраць некалі мусіш. Калі я мужа свайго шукала, то мне следчыя і параілі распытаць мужчын, якія з ім былі, каб расказалі шчыра. Паўгода мінула, як Аляксей не вярнуўся, мне адзін мужчына і прызнаўся, што была ў яго там жанчына, апошнія гады ў яе ён і жыў увесь час. То я тады і супакоілася – значыць, жывы, не забілі, няма ні на мне, ні на табе ніякай віны. Хоць, я, канечне, вінаватая: не змагла ўтрымаць. Ды як ужо склалася. Хто ведае, можа, сустрэў ён там сваё сапраўднае каханне, там яго лёс. Хай будзе шчаслівы. Ты выбачай, сынок. Агулам цябе Аляксей як сына бачыў гады з два. такі вось бацька. Сам цяпер вырашай.

Вядома, тут не было чаго вырашаць. Значыць, я – Вяргейчык паводле пашпарта. У школе трохі насамі пакруцілі – маўляў, нешта ім там перапісваць прыйдзецца, а мне што? Ваша праца, дык рабіце.

Не люблю, калі на мяне крычаць. Маці ніколі голас не павысіць, з маленства памятаю дакладна. Уладзя вычытаў недзе, што мужчына не ўспрымае крык. Да прыкладу, калі яму сказаць роўным голасам нейкую навіну і калі са злосцю гыркнуць яе ж, дык мужчына ўспрыме інфармацыю роўна процілегла. А ёсць тыя, хто чуе пры гэтым адно рык, а сэнс слоў не разумее. Мабыць, з мяне вырас менавіта такі. Таму я са злосцю агрызнуўся на пытанне класухі:

– А вы чаго крычыце? Я зараз у сваёй кватэры, на мяне тут маці не крычыць, я не ваш сын! Нарадзіце сабе, тады і размаўляйце з ім, як вам уздумаецца!

Класуха асеклася на паўслове. Я пачуў уздых, нейкі занадта хатні, так маці іншы раз уздыхае, калі на нешта неабходнае патрэбныя вялікія грошы. Потым Зіначка ціхім голасам прамовіла:

– Я выбачаюся за сваю нервовасць. Скажы, калі ласка, Вяргейчык: дзе ты быў учора?

Што-што, а выбачацца наша Зіначка ўмее. Тое праўда: калі зразумее, што сарвалася без дай прычыны, дык павініцца сама. Ну, і выбачаем, жывы ж чалавек.

– Дома я быў, Зінаіда Мартынаўна. Дакладна дома, можаце патэліць маці, ды яна недзе ў горадзе. Глядзеў фільмы да ранку. А што здарылася?

– Добра, веру, – уздыхнула яшчэ раз класуха, цяпер з палёгкай. – А Дубоўскі і Мітранка? Не ведаеш, дзе былі?

– Ды не збіраліся мы нікуды, не пастух я ім. Уладзя на лецішча з бацькамі меўся паехаць, у Юрася свае справы.

– Добра, дзякуй.

Нешта нарабілася ўчора. Мабыць, нехта з нашых ўляцеў. А куды і завошта? Бач, ні слова не сказала. Юрасю патэлефанаваць?

Не паспеў я падумаць, як тэлефон зноў завібрыраваў, – Юрась быццам пачуў маё жаданне.

– Пабудзіла класуха?

– Пабудзіла. Што за фігня, ведаеш?

– Давай да мяне зараз, я ўжо Уладзю выклікаў, – загадаў Юрась без тлумачэнняў. – Маці кліча.

Юрасёва маці – журналістка, фрылансер, піша для нейкага жаночага часопіса, а раней працавала ў недзяржаўнай газеце. Падстрыжаная пад хлопца, курыць проста ў пакоі за сваім ноўтам, хоць і пры адчыненым акне. Хоць там залева, хоць мароз ці снег – кубак кавы злева ад ноўта, папяльнічка – справа, акно насцеж. Разумная вельмі, спакойная такая, з намі размаўляе заўсёды, бы з роўнымі, ніякіх там «дзетачак» і «сыночкаў». Ніколечкі б не здзівіўся, калі б яна да нас па імені і імені па бацьку звяртацца пачала з выканнем. Пра бацьку Юрася я ўжо казаў трохі. Працуе ў прадпрымальніка, рамантуе камп'ютары. Гэтак разбіраецца ў іх – бы Юрась у матэматыцы. Бяда, меры не ведае, калі выпівае. Але тое не наша справа, разбяруцца. У астатнім нармалёвы мужык, хоць не такі кампанейскі, як ва Уладзі: мы на лецішчы з яго бацькам – лепшыя сябры, ён нам раней рабіў розныя драўляныя штукі: мячы, аўтаматы, рагаткі. Цяпер і мяса насмажыць, і з мячом з намі пабегае, распавядзе, як на спатканні да дзяўчат узімку на лыжах ганяў, як вушы адмарожваў і кухталёў ад мясцовых атрымліваў. Але ні піва, ні гарэлкі не п'е і нам настойліва раіць: «Ты – гэта ты, калі цвярозы. Адна кропля спіртнога робіць з цябе іншага». Шкада, што бацька Уладзі ў камандзіроўках па тыдні-два, па выхадных заняты – ён менеджар у прыватнай фірме, з ім цікава на лецішчы...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю