412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерый Гапееў » Мая мілая ведзьма (СИ) » Текст книги (страница 4)
Мая мілая ведзьма (СИ)
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 18:00

Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"


Автор книги: Валерый Гапееў


Жанр:

   

Детская проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 14 страниц)

Не дачакаліся: Ядвіся трымалася, твар яе застыў, хіба грудзі заўважна ўздымаліся-ападалі ад глыбокага і частага дыхання.

Зазвінеў званок. Швондзер спыніўся на паўслове – ён не дазваляў сабе парушаць парадак, адно дадаў:

– Мы працягнем на наступным уроку!

Ён быў задаволены, адчуваў сябе пераможцам – выходзіў з класа з задранай угару больш чым звычайна барадой, невялікім чэравам наперад.

Ядвіся адразу выскачыла з класа.

Я знайшоў яе ля акна ў канцы калідора. Падышоў, стаў глядзець, як і яна, за шкло.

– Даруй мне, – нарэшце ціха сказаў тое, з чым яе шукаў.

Ядвіся не адказала, нават не паглядзела на мяне, толькі ўздыхнула ледзь заўважна.

Падышоў Юрась, стаў з другога боку ад Ядвісі.

– Швондзер табе не прабачыць.

– А чаму ты думаеш, што я праз тое заганяюся? Мне пляваць! – са злосцю крутанулася да яго Ядвіся.

– Ну. калі не думаць пра атэстат, – прамямліў збянтэжана Юрась.

Мы не думалі, што ў яе можа быць гэтулькі злосці. Сама ж вінаватая.

Падышоў нясмела Уладзя. Ядвіся павярнулася спінай да акна, сустрэла яго насмешліва:

– Давай, выдай і ты што-небудзь разумнае!

Я адчуў крыўду. Мы ў чым перад ёй вінаватыя?

Уладзя разгублена спыніўся перад намі, сказаў, відавочна, даўно падрыхтаваныя словы:

– Рэчаіснасць. праўда. далёка не ўсім даспадобы. І не ўсім. патрэбная.

– А табе – патрэбная?

– Што? – лыпнуў вачыма Уладзя.

– Табе патрэбная праўда? Табе трэба ведаць пра рэчаіснасць? – Ядвіся ажно падалася наперад, і стала трывожна за Уладзю: зараз можа нешта адбыцца.

– Мне – трэба, – ціха, але ўпэўнена адказаў Уладзя.

– Ах, так. Хадзем! – Ядвіся схапіла яго за руку і пацягнула да лесвіцы, каб, напэўна, спусціцца на першы паверх. Азірнулася на нас з Юрасём – мы стаялі ў поўнай прастрацыі – і загадала рашуча: – Вы з намі!

Уладзя, бы маленькі хлопчык, спяшаўся за імклівай Ядвісяй, яна не выпускала яго рукі, мы – за імі. Я не адразу скеміў, куды яна цягне сябра і якой трасцы, а калі спынілася, здзіўляцца было позна: мы былі ў кутку паверха, дзе знаходзілася жаночая прыбіральня.

– Чакайце!

Ядвіся пацягнула на сябе дзверы з намаляваным чорным кружком, што абапіраўся на вяршыню такога ж самага чорнага трохкутніка, зазірнула, потым разнасцежыла дзверы, схапіўшы за руку цалкам збянтэжанага Уладзю і крыкнула яму:

– Рэчаіснасць, праўда? Ты сказаў, што не баішся яе. А пра існаванне жаночай прыбіральні ведаў? Вунь там унітаз, і твая Віялета таксама сюды ходзіць, і сікае, і какае! І вунь пракладка ў куце валяецца, глядзі, нехта паспеў ужо збегаць сюды на ўроку, скрываўленая, такая і ў Віялеты бывае, і мо зараз у яе ёсць, і яна выкідае вось сюды такую, бо яна – жывая, у яе таксама месячныя бываюць! Як бясплатны дадатак да тваёй закаханасці – рэчаіснасць, якую ты хочаш ведаць!

Мы з Юрасём аслупянелі.

Уладзя ірвануўся і панёсся некуды па калідоры.

– Ну, ты дала, – выдыхнуў Юрась.

– Ён не дзіця, – нервова адказала Ядвіся. – Я ў сем гадоў зразумела, што балерыны зусім не матылькамі какаюць. Вось так.

– Фізіялогія так фізіялогія, – сказаў, абы нешта сказаць, я.

– Ты пра што? – ускінула вочы Ядвіся.

– Чорт яго ведае. Разбурыла Уладзеву казку.

На наступным уроку Уладзя адсутнічаў. Мае выклікі па тэлефоне ён скінуў двойчы, на Ядвісін таксама не адказаў. Гэта суцяшала: значыць, засільвацца ён не пабег. Я сказаў пра тое Ядвісі.

– Трэба адшукаць, – вырашыла яна і дадала: – Адчуваю сябе такой гадаўкай, папраўдзе. Нельга было так, нельга.

– Хай пабудзе адзін, – запярэчыў я. – Знойдзецца. На вялікім перапынку ў сталоўку, есці захоча...

– Не прыйдзе...

На другім перапынку да нашага з Ядвісяй стала падышла Віялета, грэбліва зірнула на Ядвісю, капрызліва працягнула:

– Кірыла, дзе Уладзечка? У мяне алгебра нязробленая.

– Не ведаю, – нечакана весела, бо зараз мне гэта прыносіла задавальненне, адказаў я і дадаў з яшчэ большай весялосцю: – Будзеш цяпер сама рабіць, рыхтуйся!

– Што? – Віялета насамрэч здзівілася, больш, магчыма, з маёй нахабнасці.

– Штонікі!

Яна грэбліва фыркнула і пайшла да свайго стала.

На вялікім перапынку Уладзя не з'явіўся. Мы – я, Ядвіся і Юрась – пачакалі ля сталовай, потым рушылі на апошні паверх. Было ўсяго адно месца, дзе мог бавіць час наш Уладзя, калі ён яшчэ застаўся ў школе. Некалі раней мы часцяком там былі – на даху. То было ў 7-8 класах. Выхад на дах замкнулі, але былі такія дні, калі туды можна было патрапіць: плоскі школьны дах бясконца рамантавалі то ў адным, то ў іншым месцы, увесну дык зазвычай штодзень на даху былі рабочыя.

Навяснога замка на дзвярах, якія вялі туды, не было. Мо пасля лета (зноў жа недзе дзіркі лапілі) забыліся замкнуць, а цяпер не спяшаліся, бо не вясна – той парой, пакінь незамкнёнымі дзверы, школьнікі лезуць на дах катамі, у якіх вяселлі пачаліся.

Уладзя сядзеў там, дзе мы раней упадабалі сабе месца: табе прастора растуляецца, а знізу ніяк не відаць. Ён знайшоў дошку, якую, відаць, пакінулі будаўнікі, некалькі цаглін (то рамантавалі вентыляцыю) і зрабіў лаўку.

Ён азірнуўся на шоргат ног, падскочыў:

– Чаго вы прыйшлі?

У яго адчайным выкрыку гучалі слёзы. Мне раптоўна ўспомнілася наша дзяцінства – так крычаў ён некалі, калі да яго чапляліся старэйшыя хлапчукі. Я адчуў сябе поскуддзю.

– Уладзя, прабач, калі ласка! Я вінаватая! – Ядвіся казала з неўдаваным болем у голасе, потым зрабіла крок наперад.

– Ідзіце адгэтуль! Якая вам справа да мяне? Чаго вы лезеце не ў сваё жыццё?

А голас дрыжэў, дрыжэў на нейкай апошняй нітачцы трывання, і мажліва, скажы Уладзя ці паспрабуй сказаць яшчэ хоць слова, ён бы расплакаўся. Мы ўсе адчувалі гэта, і гэта адчуваў сам Уладзя, і яму, апрача ўсіх іншых пачуццяў, пра якія можна было толькі здагадвацца, было яшчэ вельмі сорамна. Хай сабе мы і сябры, але што можа быць больш зневажальным для цябе за твае ж слёзы?

Уладзя прабег паўз нас. Ніхто не памкнуўся затрымаць яго хоць словам.

– Я сука.

Ядвіся кусала вусны, яны чырванелі і рабіліся большыя.

– Усё будзе добра, – нечакана вырвалася ў мяне, і я паўтарыў, як мантру: – Вось пабачыце, усё будзе добра.

– Хадзем, званок зараз, – незадаволена нагадаў Юрась, быццам мы тут займаліся нейкай дзіцячай гульнёй і маглі прапусціць нешта надта значнае.

Уладзя быў у класе – сядзеў на сваім месцы, таропка, нізка-нізка схіліўшыся над сшыткам, пісаў. Віялета стаяла над ім, заглядвала ў сшытак, нахіліўшыся так, што яе белыя кудзеркі краналіся галавы і шыі хлопца. Яна азірнулася на нас, і ў яе позірку была не перавага, не. Яна глядзела так, як можна было глядзець на якую здохлую мыш пад нагамі, – грэбліва, з гідлівасцю. Я раптам зразумеў, што гэта гідлівасць і грэблівасць імгненна могуць перарасці ў нянавісць. Усё будзе залежаць ад Уладзі...

Ён да канца тыдня хадзіў, бы пад зямлёй. І так не актыўнічаў у класных рухах, а цяпер і не размаўляў ні з кім. І на занятках яго не было чуваць. Хатнія заданні рабіў сяк-так, паспеў адхапіць дзве «пары». Але я бачыў – ён па-ранейшаму рабіў хатнія заданні для Віялеты. Мы з Юрасём хадзілі ў школу без яго – ён не чакаў нас, выходзіў раней, мы бачылі яго за сотню крокаў наперадзе, і самотная постаць у рэдкім ланцужку людзей на тратуары выклікала ў мяне сорам – я ж помню, што абяцаў яго маці: ніколі не кідаць сябра. У суботу ўвечары я не вытрымаў, патэлефанаваў. Ён адказаў на выклік.

– Уладзь, ты як?

– Зараз я на лецішчы. Вось, раней хацеў вас запрасіць. Калі атрымаецца, наступным разам?

– Ну, канечне, ты адно свісні, як бацькі дабро дадуць! – заспяшаўся я. – А ты сам? Усё норм?

– Ды трохі адпусціла. – Уладзя памаўчаў, загаварыў далей: – Цяжка. Цяжка ўбачыць у тым вобразе, у які закахаўся, жывога чалавека.. Ядвіся. я разумею, што павінен быць ёй удзячны, праўда. Тыцнула носам літаральна ва ўнітаз. Віялета – чалавек. З костак і мяса. А калі незваротна пабачыў, што. каханая – найперш чалавек, дык і ўчынкі яе, і словы, і паводзіны пачаў бачыць, як чалавечыя. Крыўдна, што не бачыў раней. Дурань я. Разумееш, яе словы, дзеянні для мяне існавалі асобна ад яе самой, усё адно гэта не яна казала і рабіла, а нехта іншы. ну, яны не мелі ніякага значэння. для мяне. А калі спакваля сталі звязвацца, дык. характар намаляваўся. І чалавек з характарам, жывы такі чалавек. І зусім непрывабны, хітры, хлуслівы, грэблівы і эгаістычны. Я такі дурань.

– Ніякі ты не дурань! – горача запратэставаў я. – Тут я выпадкам падслухаў, як маці з сяброўкай дзялілася сакрэтам. Ну, там у іх на працы нейкі трыкутнік любоўны, такія жарсці! Дык вось, я слухаў і думаў: ну і дурнота! І дарослыя ж людзі, а такія глупствы вырабляюць! Во, значыць, закаханасць – такая хвароба, што першага-лепшага напаткае.

Падслуханую размову я выдумаў – нічога я не чуў. Фільмы ж розныя глядзіш, дык бачыш, на што закаханыя здольныя. Але ж Уладзю пра фільмы казаць не будзеш, жывыя людзі яны і ёсць жывыя, так больш пераканаўча.

– Ага, цяпер разумею, – весялей адказаў Уладзя. – Некалі давялося прачытаць стары «баян»: тым розніцца геаметрычны трыкутнік ад трыкутніка кахання, што ў геаметрычным толькі адзін кут можа быць тупым.

Я засмяяўся, быццам гэтага «баяна» папраўдзе не чуў раней.

– Знаеш, мая бабуля Марыля ведае адну цудоўную формулу. Думаў – проста словы, а вось калі іх не тое што паўтараць, а мець заўсёдна на ўвазе, дык гучаць зусім не бессэнсоўна. Хочаш, скажу?

– Скажы, – зацікавіўся Уладзя.

– Усё будзе добра.

– Так проста?

– Ну. дык і проста. Але – усё будзе добра, скажы?

– Скажу. Усё будзе добра!

У панядзелак Уладзя чакаў нас з Юрасём. Мы зноў ішлі ўтрох. Ядвісю пабачылі на лаўцы ў двары школы, падышлі і селі, выцягнуўшы ногі, бо лаўка была нізкая. Павіталіся. Маўчалі.

Уладзя сеў ля Ядвісі, крануўся пальцамі яе рукі, якую яна паклала на калені.

– Ты не перажывай, – сказаў ён з кволай усмешкай. – Я. Карацей, нешта адбылося, і я. у суботу, на лецішчы, там. там такая вольніца, дык і я адчуў сябе свабодным. Крутое пачуццё – быць свабодным.

– Прайшла любоў, завялі памідоры? – асцярожна пажартаваў я.

– Ілюзіі прайшлі, казкі больш няма, – выправіў Уладзя. – І неяк пофіг, ужо не баліць. Смешна вось з сябе зараз. Трошкі шкада. Трошкі агідна. Наогул – пуста.

– Усё адно даруй, – Ядвіся павярнула далонь, сціснула сваімі пальцамі пальцы Уладзі, якія ён не спяшаўся ўбіраць. – Я ведаю, як можа быць балюча, калі расплюшчваюцца вочы, – і голас яе ўздрыгнуў.

– Норм, кажу, не перажывай, – рагатнуў нязмушана Уладзя. – Воля таго каштуе, каб трошкі пабалела. Юр, я да цябе сяду!

– Давай, – кіўнуў Юрась, і нешта ў яго вачах мне не спадабалася. Ён, падалося, шкадаваў, што вось Уладзя, магчыма, пазбавіўся сваёй летуценнасці, стане звычайным пацаном без закідонаў. Ці Юрасю даспадобы, каб у ягоным атачэнні былі менавіта такія, як мы з Уладзем: адзін невылечны ў сваёй дзіцячай закаханасці і другі – шэры да невыразнасці?

– Уладзечка, што гэта значыць? – Віялета спыталася і гучна, і насмешліва, ступіла крок з-за стала, калі пабачыла, як Уладзя скіраваўся да Юрася і сеў з ім побач. – Я зараз атрымаю па алгебры кол, ты пашкадуеш...

– Не пашкадую. – Уладзя без аніякай сарамлівасці паглядзеў у яе вочы, спакойна і ціха дадаў: – Даруй, але далей спраўляйся без мяне.

Віялета свідравала яго позіркам, вочы яе звузіліся, твар імкліва мяняўся: вось ён быў разгублены, вось ужо грэблівасць, а вось і сапраўдная нянавісць.

– Цябе ж папярэджвалі – некалі усе становяцца відушчымі, – заўважыла Ядвіся са з'едлівай усмешкай.

– А ты, лялька анучная, запомніш!

Усю сваю злосць Віялета ўклала ў гэту пагрозу. Ядвіся зноў усміхнулася, гэтым разам з нечаканым шкадаваннем, бы глядзела на псіхічна хворую, і прамовіла:

– Не лялька, а Лелька. І. ты бойся, каб я нешта запомніла, бо мая памяць часам дорага каштуе!

Гэта быў не выклік, а хутчэй папярэджанне, сяброўскае такое. І ў класе ўзрушана зашапталіся: здаецца, пачыналася вайна, і было цікава – хай хоць нешта, абы быў нейкі рух у застылым балоце школьнага быцця.

5

Як толькі Зіначку прызначылі нашай класухай, яна ўсё імкнулася арганізоўваць розныя сумесныя выправы-вандроўкі. Спадзявалася зрабіць з нас «дружны клас». Мы бачылі яе намаганні, пасмейваліся сабе, не скажу, што аднекваліся, – нехта ў першы год з імпэтам дапамагаў Зіначцы, збіраў грошы, нават нейкія сцэнары рабіліся, каб весела было. Карацей, спрабавалі гуляць у весялосць і той самы «дружны клас». І да сённяшняга часу ў яе захаваліся добраахвотныя памочнікі, той жа Ромка Макар, дзяўчаты некаторыя. Я дык увогуле не разумеў гэтых высілкаў і неяк запытаўся ў Юрася:

– Вось глядзі. Я, ты, Уладзя – мы разам. А Віялета, Алег, Юзік, іншыя. мы ўсе – розныя. Цяпер вось змушаныя мець нейкія агульныя рысы, бо школа ж, клас, а мы – вучні. Не разумею.

– Што не разумееш?

– Не разумею, навошта прыкідвацца, гуляць у нейкае сяброўства, «актыўна і весела бавіць вольны час». Навошта? Мы праз два гады —разляцеліся. Ты ж бачыў летась, хто на сустрэчу выпускнікоў прыходзіць? Алкашня адна, каму такая сустрэча – нагода і прычына выпіць, некаму і на халяву. Ну, вучыліся разам, дык што? Ды я з паловай класа развітаюся і не захачу ніколі бачыцца.

– Правілы соцыуму, – Юрась як ведаў, пра што я спытаю, гэтак шматзначна і важна выдаў адказ, пабачыў, як я скрывіўся, і нехаця дадаў: – Ну, так мне маці казала. Усё жыццё – гульня, усё жыццё – нейкія правілы.

– З'ехаць бы куды-небудзь. Дзе ніякіх правіл, – шчыра ўздыхнуў я.

– На выспу, аднаму, – упарта заспрачаўся Юрась. – Бо нават калі ты з некім будзеш, усё адно будуць правілы.

– З каханым чалавекам правілы непатрэбныя, – сказаў і я нешта разумнае і дарослае.

– Ты фільмаў нагледзеўся, – рагатнуў паблажліва Юрась. – Яшчэ як патрэбныя. Вунь, нават шлюбныя дамовы складаюць, пратаколы паводзін!

– Да д'ябла такое каханне, – замяўся я: – Хутчэй бы зваліць.

Мінуў месяц заняткаў, і наша класуха, як і чакалася, вырашыла распачаць сваю культурную праграму з закідам на наша будучае адзінства: паездка аднадзённая, экскурсія ў Нясвіжскі замак. Па шчырасці, ніхто асабліва супраць не быў, бо аўтобус – праз нашу вучаніцу Галіну Ягнешык: у яе бацькі фірма турыстычная, ён – у складзе мецэнатаў школы, то нам амаль бясплатная паездка, бензін адно аплачваем. Квіткі ў музей – таксама бясплатна, там акурат у той дзень, які запланавала Зінаіда Мартынаўна, акцыя праходзіць. Ну, і апошняе – гід зноў жа праз знаёмых знаёмых – і задарма. Што ні кажы, умее класуха. У паездку сабраўся амаль увесь клас, адно не было Віялеты і Віктара ды яшчэ пару чалавек з плебса. Ну, Віялета з Віктарам, зразумела, чаму: яны даўно ў гэтых месцах пабывалі, не той кантынгент, якога ўразіш экскурсіямі па Беларусі.

Разам з намі на экскурсію ехаў і фізік Антось Сямёнавіч. Я ўжо казаў пра яго – прынцыповы. Дарэчы, той наш падкол яго з бібліятэкаркай, Вольгай Арцёмаўнай, не атрымаўся наогул. Выявілася, яна – стрыечная сястра фізіка, а не ўпадабаная ім жанчына. Мы ведалі, што на такі вэрхал, як наш клас, патрэбныя мінімум двое дарослых суправаджэння, таму не здзівіліся, хоць і пакрывіліся: з фізікам не пасваволіш ўдосталь.

Выехалі рана, дарога амаль чатыры гадзіны толькі ў адзін бок. Мы з Уладзем сядзелі ў першым радзе – наша месца ў паездках, ніхто не аспрэчвае. Бо Уладзя – Вікіпедыя хадзячая – павінен бачыць дарогу лепш за ўсіх, і што сустрэнецца цікавае – усім апавядаць. Але гэтай дарогаю мы ехалі ўжо двойчы, таму Уладзя маўчаў. Юрась з Ясяй сядзелі за намі. Краем вуха я чуў, як Юрась даводзіць ёй, што будучыня – цалкам спрагназаванае сучаснасцю, і матэматычным метадам можна прадказаць значныя падзеі наперадзе. Улюбёная яго тэма. Калі канчаткова ўсе супакоіліся і пачалі сумаваць, класуха ўстала з месца, павярнулася да салона і прапанавала:

– Зараз будзем гуляць у новую гульню! Увага! Хто самы знаходлівы? Правілы вельмі простыя. Вядучы, няхай ён будзе следчы, выходзіць сюды, сядае да мяне, спінай да салона. У гэты час нехта прыўстае, назавём яго шпіёнам, і садзіцца на сваё месца. Вядучы паварочваецца і цяпер – увага: ён павінен даведацца, хто ўздымаўся. Для гэтага яму дазваляецца задаваць пытанні, кшталту: сядзіць ля акна, сядзіць у левым або правым радзе, юнак ці дзяўчынка і гэтак далей. Любыя пытанні, але адказ можа быць адзіны – так ці не. Зразумела? Перамагае той, хто вылічыць патрэбнага чалавека за самы мінімум пытанняў. Потым следчым становіцца колішні шпіён. Прыз пераможцы – вось! – і Зінаіда Мартынаўна ўзняла руку з заціснутым вялікім «Снікерсам».

– Нецікава, – голасна, з уздыхам працягнуў нехта ззаду.

– Чаму? – засмуцілася класуха. – Гэта ты, Стасік?

– Каб на піва, Зінаіда Мартынаўна, дык я – першы! – у тон ёй адказаў Стась Фядзьковіч.

У салоне рагатнулі. Стась – наш рэпер, патлаты насуперак усялякім модам пацан, неблагія рэчы выдае, выкладае свае запісы на Ютубе. Сам і вершы, і музыку піша. Ну, якія там вершы. Але паслухаць цікава, чытае Стась эмацыйна, голас напружвае неяк да звону. І музыка неблагая, дарэчы, у тэму. Працуе на пару з Рытай Шкуцько. У Рыты – прафесійная фотакамера. Для нас усіх яна – Марго, цыбатая дзяўчына з такім тварам, бы нехта яго проста высек сякерай з вялікай дубовай калоды: раз – лоб плоскі, два – нос прамы і раўнюткі, тры – вусны бы пасмачкі вакол рота, тонкія. Кажу з дубовай, бо скура ў Марго цёмная, яшчэ і таму прыляпілася да яе мянушка на такі ўсходні манер. Грудзей у Марго амаль не відаць, носіць яна нейкі мужчынскі пінжак, але дзяўчына канкрэтная, той яшчэ характар – можа і на тры літары лёгка паслаць, калі яе дастаць. Прынамсі, нешта прывабнае, загадкавае ў Марго ёсць. Бацька яе трымае свой невялікі фотасалон,вось і падсадзіў дачку на фатаграфаванне. Здымае Марго класна – тут брахаць не будзеш. Апошні іх кліп – Стася і Марго – некалькі тысяч праглядаў сабраў, поспех незвычайны, яны самі хваліліся два дні таму.

Класуха ніколькі не разгубілася:

– Стасік, пакуль табе піва ўжываць нельга, ідзі паспрабуй выйграць шакаладку! Тут шмат арэхаў, з'еш – напішаш песню яшчэ круцейшую за «Вечны дождж над маім горадам», і шэрыя твары пачнуць усміхацца!

Вой, гэтым яна купіла Стася і ўсіх нас – аўтобус ажно загуў ад захаплення: бач ты, аказваецца, заходзіла класуха на Стасеў канал на Ютубе, слухала песню і нават памятае, пра што там! Мне таксама адзін радок адтуль запаў: «І толькі ў лужынах нашы твары дробныя хвалі робяць жывымі».

Стась паслухаўся, выйшаў, павярнуўся спінай, пачакаў, пакуль з месца не ўсхапіўся Ромка Макар. Ён – школьны актывіст, бээрэсэмавец, яму «мяркую» паводле статусу трэба падтрымліваць педагогаў. Стась пачаў задаваць пытанні:

– Яна?

– Не! – адказалі яму рознагалоса.

– Ён?

– Ну і следчы. А кім яшчэ можа быць той, хто ўздымаўся, калі не яна?

Гэта ззаду нас хмыкнуў Юрась. Хутчэй за ўсё, ён зараз складаў у галаве алгарытм пошуку. Стоадсоткава, пасля Макара падхопіцца, каб паказаць усім, якія пытанні і ў якой паслядоўнасці задаваць. Так і адбылося. Зіначка запісвала ў свой нататнік, хто за якую колькасць пытанняў вылічыў «шпіёна». Было даволі цікава. Паспрабавалі ўжо быць шпіёнамі-следчымі чалавек сем, Юрась, вядома, быў у іх ліку, але не сказаць, каб бліскуча, – шэсць пытанняў.

Аўтобус мінуў невялікую вёску, калі наш фізік, які сядзеў праз праход з павернутай да нас галавой, але глядзеў некуды скрозь нас, раптам падскочыў з месца і кінуўся да вадзіцеля:

– Стойце! Спыніцеся тут, спыніцеся!

Голас у яго быў такі ўсхваляваны, што не толькі вадзіцель, мы ўсе ажно ўздрыгнулі – што такое здарылася?

Аўтобус рэзка запаволіў хаду, з'ехаў на ўзбочыну.

– Ды што ж яны робяць, што яны робяць такое?! – цяпер ужо амаль роспачна, напаўголаса мармытаў Антось Сямёнавіч, гледзячы ў акно.

– Што здарылася? – спалохана спытала класуха ў фізіка.

– Спыніцеся. я хутка, хутка. Што ж яны нарабілі.

Там былі могілкі. Нейкія голыя. Калі раней мы праязджалі паўз іх, помню, дык і не відаць было, што гэта – могілкі. Недалёка ад вёскі, якую мы нядаўна праехалі, на ўзгорку стаяў невялікі лясок з хвой і бяроз. У мінулым годзе, здаецца, мы праязджалі перад самымі канікуламі, дык гэтая зялёная выспа стаяла сярод жытнёвага поля. Прыгожа было, неяк урачыста нават. А там, аказваецца, мерцвякоў закопвалі.

Цяпер дрэў не было, і ўзгорак, як вычварны вялізны рот фантастычнай пачвары, ашчэрыўся незлічонай колькасцю шэрых помнікаў і самых розных крыжоў, прамых і нягегла нахіленых. Відовішча сапраўды – бы з фільма жахаў, каб яшчэ ноч, святло поўні і туман. Зараз быў дзень, між магіл корпаліся людзі – выцягвалі на ўскрай паваленыя раней і парэзаныя на кавалкі дрэвы. У асноўным гэта былі жанкі.

Дзверы аўтобуса нарэшце мякка паехалі ўбок, адчыніліся, наш фізік, як апантаны, выскачыў і пайшоў хуткай хадою да могілак. Зразумела, мы пайшлі следам, хоць і не ўсе. Цікава ж. Класуха паспрабавала нас запыніць, але слаба, і яе не паслухаліся. Неяк так атрымалася, я нават здзівіўся, што першым за фізікам ішоў Алег. Мяне дагнала і кранулася рукі Ядвіся. Нечакана быццам статычны зарад электрычнасці казытнуў маю далонь, такі самы, як і тады, у кавярні, ды куды мацнейшы. Я крадком зірнуў на Ядвісю – а ну, раптам насамрэч быў удар токам? Але яна маўчала, глядзела наперад, і я міжволі напяўся – яе вусны былі падцятыя, нават прыкусаныя. Чаго яна так занервавалася разам з фізікам?

Да могілак праз лужок было метраў сто. Пакуль мы дайшлі, нас ужо чакалі – пэўна, усім гэтым вяскоўцам было цікава: во, ехаў аўтобус, спыніўся раптам, бягуць з яго людзі. Мо дапамагаць?

Антось Сямёнавіч пазнаў адну з жанчын, што моўчкі сустракалі нас зацікаўленымі позіркамі, звярнуўся да яе:

– Цётка Адар'я, што ж вы робіце?

Столькі болю было ў яго пытанні, што мне падалося: ён грае на сцэне нейкі спектакль.

– Дык жа во... – разгубілася ад пачутага болю жанчына, – дрэвы старыя прыбралі. Во, начальства раённае кажа: упадуць – помнікі паломяць, ато ж грошы цяперака, як парамантаваць? А ты чаго прыехаў, Антосік, мо дапамагчы?

– Якія старыя? Якія старыя? – амаль застагнаў настаўнік. – Бацька памёр, мы з маці бярозку ля яго магілы пасадзілі – так маці папрасіла, каб пад той бярозкай разам ляжаць! Што я маці сваёй скажу? Той бярозцы – пятнаццаць гадоў, якая яна старая? Што ж вы самі сябе нішчыце?

Не ведаю, як хто, а я здрыгануўся – адчай у словах фізіка быў зусім непадроблены. Ён стаяў паперадзе нас, за ім мы: я, Уладзя, Ядвіся, Юрась, нечакана – Алег, Стась, падыходзілі яшчэ. Калі я азірнуўся – спяшалася і Зіначка.

З натоўпу жанчын, які незаўважна сабраўся перад намі, раптам вываліўся, бы той мех, мужчына гадоў пяцідзесяці, з такім вялізным пузам, што я здзівіўся, нечакана падумаўшы пра тое, як ён шкарпэткі нацягвае, хіба такі пагорак не перашкаджае?

– Мужчына, што вы тут дэзарганізуеце наша грамадства? – выдаў гэты таўстун і пасунуўся пузам наперад на настаўніка. Трэба аддаць належнае Антосю Сямёнавічу – ён кроку не ступіў назад.

– Я хачу ведаць, што адбываецца на могілках, дзе пахаваны мой бацька і дзе будзе пахавана мая маці! – нервуючыся, спытаў ён, хацеў нешта яшчэ сказаць, аднак гэты таўстун з узмакрэлым чырвоным тварам перапыніў:

– Хто ты такі, каб мы табе давалі справаздачы? Але, няхай, я скажу: людзі сабралі грошы, нанялі работнікаў, каб яны ліквідавалі на могілках аварыйныя дрэвы. Ёсць пытанні?

– Што? – фізік амаль збялеў, зірнуў за спіну таўстуна на купку жанчын. – Людзі, вы што? Вы самі сабралі грошы, каб цалкам зруйнаваць свае могілкі? Што вы нарабілі? Цётка Адар'я! Вы памраце, вам будзе добра, калі вас пахаваюць на санцапёку?

– Ат, Антосік, якая мне ўжо розніца... – адгукнулася гэтым разам з вінаватасцю ў голасе цётка.

– Дык вам не будзе розніцы, а дзецям? – падхапіў яе словы фізік. – Бацька прасіў перад смерцю: пасадзіце бярозку, вырасце – будзе зацішна вам, цянёчак, больш пасядзіце ля магілкі. Нам што зараз – на пустку прыходзіць?

– Ат, Антосік, мы ж людзі маленькія... От, улада кажа – дрэвы падаюць, помнікі ломяць... лісця ўвосень шмат... – пачала апраўдвацца цётка, і многія з жанок, што стаялі побач, дапытліва нас вывучалі, пачалі ўзірацца сабе ў ногі.

Змену ў настроі жанчын-працаўніц адчуў і пузаты, няйнакш, кіраўнік нейкага мясцовага ўзроўню, бо раз'юшыўся не на жарт, накінуўся на настаўніка:

– Што ты тут дэмагогію разводзіш? Бач, бацька тут пахаваны! Дык прыехаў бы во, дапамог парадак наводзіць! А то, бач, сядзяць сабе ў гарадах, прыязджаюць і давай крытыкаваць мясцовую ўладу: нічога не робіць, гармідар на могілках. Прыбіраем дрэвы, каб людзям меней клопату было, – гэтулькі лісця ляціць! Двойчы на год даводзіцца тут суботнікі арганізоўваць. А на гэты час вас не знайсці! Вось, бач, старыя адно і могуць. Не перашкаджай працаваць, ідзі адгэтуль, разумнік такі. А то міліцыю зараз выклічу, хутка рады дадуць, знайшоўся бэнээфавец!

– Які я вам бэнээфавец? – разгублена прамармытаў Антось Сямёнавіч, збіты з панталыку абсурдным абвінавачваннем. – Вы хоць разумееце насамрэч, што робіце? Вы ж не дрэвы нішчыце, вы падсякаеце пад корань адну з галоўных беларускіх традыцый! – роспачна спрабаваў ён давесці нешта сваё пузатаму.

– А такі, усё ведаю! – пузан хацеў прыўзняць свае грудзі вышэй за жывот, ды ні халеры не атрымалася. – Кірылаўна, хто гэта такі, зараз я патэлефаную, куды варта, – павярнуўся ён да той самай цёткі Адар'і, ігнаруючы Антося Сямёнавіча і нас, што стаялі ў кроку ззаду. Ён дастаў вялікі чорны тэлефон, стаў тыцкаць кароткімі тоўстымі пальцамі ў экран. Відаць, гэты дэвайс яму на днях падагналі ўнукі ці дзеці, бо трымаў ён яго досыць няўпэўнена.

І тут два крокі наперад зрабіў Алег Харужы. І апынуўся далей, чым фізік, амаль перад самым пузам гэтага мясцовага бажка. Той з няўцямнасцю пазіраў на дужага дзецюка перад ім (я ж казаў: Алег – высокі і дужы), тармазнуўся ў сваіх рухах.

Алег цыркнуў слінай між зубоў сабе пад ногі, як умеў рабіць у класе толькі ён, амаль на брудныя туфлі пузана, і спытаў, бы пра нешта нейкае – ну, пра колер аблокаў, напрыклад:

– Ты, хрэн пузаты, за базар адказваеш?

Твар пузана перасмыкнуўся. Было зразумела: ён сцяміў адразу лексіку Алега, у якой хіба дурань не змог бы пачуць крымінальныя ноткі. «За базар адказваеш» – адтуль, з-за крат пайшло, і ў гэтых словах не проста пытанне, а самае жорсткае папярэджанне, якое і цывільным знаёмае, за якім і на смерць пойдуць.

– Ты... ты будзеш палохаць? – паспрабаваў ён сабраць разам рэшткі сваёй смеласці, бо мы ўсе пабачылі – ён затросся. – Ды я цябе зараз...

– Цябе папярэджваюць, а не запалохваюць, чмо! – нечакана ступіў і стаў побач з Алегам Стась, і гэты таўстун знерухомеў. Перад ім, відавочна ж, ніколі раней не паўставалі вось так, наяве, супраць.

– Ды я зараз міліцыю выклічу! – нечакана пісклява крыкнуў ён.

– Ай нашто тая міліцыя Цімафеевіч то ж наш чалавек яго бацька тут пахаваны і маці тут яго жыла і тут яе ён пахавае а сам жа ён настаўнік то ж з вучнямі ён сваімі ўжо даруй ты ім, – раптам адным бясконцым сказам без усялякіх прыпынкаў загаласіла тая самая цётка Адар'я, рыхтык сапраўды хавалі нябожчыка.

Ажно вусцішна стала. Працяла думка, што калі не стану зараз побач з Алегам і Стасем, ніколі сабе не дарую. І я зрабіў два крокі наперад і пабачыў, як гэтыя ж два крокі робіць Юрась, Уладзя і... Ядвіся.

У гэтага таўстуна акругліліся вочы, але... там загарэліся агеньчыкі перамогі – ён пачуў, асэнсаваў нешта значнае для сябе.

– Ага, дык ты настаўнік? От я зараз даведаюся з якой школы, бач, як выхоўвае вучняў сваіх, хай там разбіраюцца, – упэўнена выказаў свае думкі ўголас гэты таўстун, і мы раптам усе – і Алег, які хвіліну таму быў круты і непахісны, і я, упэўнены ў сабе, як Бог у стварэнні сусвету, згубілі галоўнае – перавагу ў сваёй сіле. Гэтая цётка сваім галашэннем зрабіла з нас – смелых і дужых – усяго толькі вучняў. А вучняў ён, пузан, не баяўся. Нам трэба, трэба было нешта яшчэ, апрача нашай рашучасці, але што і адкуль было ўзяць, калі з такім таўстуном, нейкай там мясцовай уладай,– мы сустрэліся ўпершыню. Якія тут словы шукаць? І мы зразумелі ўсе ў тую хвіліну, што калі не выйграем, – наш настаўнік пацерпіць, будзе яму вялікая непрыемнасць. А не выйграць мы не маглі – то быў наш настаўнік, хай мы яго не вельмі любім, але ён нам куды бліжэйшы, чым гэты таўстун і яго каманда бабулек-пенсіянерак. Мы пакуль стаялі – не кідацца ж з кулакамі на яго.

– Ён настаўнік, – раптам загаварыла Ядвіся, якая апынулася крышачку наперадзе ўсіх, незвычайна голасна, урачыста нават.

Пузан зірнуў на Ядвісю напачатку са здзіўленнем, змерыў яе вачыма, бы якое шалудзівае кацяня пад нагамі, але. нешта ў твары дзяўчыны, мабыць, здзівіла яго, бо ён, зіркнуўшы, адвёў было вочы, але зноў паглядзеў на дзяўчыну, цяпер ужо ўтаропіўся, не мог адвесці позірк і нечакана для ўсіх плаксіва амаль залямантаваў, быццам пабачыў перад сабой невытлумачальна страшнае:

– Я зараз пазваню, я пазваню!..

– Нікуды ты не патэлефануеш... – гучна, пераканаўчым голасам пачала казаць Ядвіся, і наступіла поўная цішыня – нават дыханне сваё ўсе вакол утаймавалі. – Перш чым у грамадстве парадак наводзіць, зірні на свой дом і сваю сям'ю: дзе зараз твая жонка... патэлефануй... А потым – правер...

Таўстун пачаў хапаць паветра шырока разяўленым ротам.

– Гэта... не твая. не ваша справа, – віскліва, ажно агідна было пачуць такі віск ад мажнага мужчыны, выціснуў ён з сябе, апусціў руку з тэлефонам долу, заглытнуў адзін і другі раз паветра і закашляўся.

– Хадзем, – Ядвіся павярнулася, мы падпарадкаваліся яе слову, і нават сам настаўнік фізікі паслухмяна пайшоў за намі, угнуўшы галаву. Ля яго прыпынілася расчырванелая Зінаіда Мартынаўна. Мы не хацелі, але пачулі:

– Што там такое, Антосік? Што здарылася?

Усе паскорылі крок, каб не чуць размовы настаўнікаў.

За нашымі спінамі на могілках таўстун усё кашляў, ніяк не мог супыніцца. Стаяла жанчын з дзесяць побач з ім і за ім, але ніхто не кратаўся з месца – яны глядзелі ўслед нам.

Ля аўтобуса мы сталі, чакалі, пакуль яны падыдуць – класуха і фізік. Зінаіда Мартынаўна пайшла ў салон, моўчкі, нібы не яе то была справа – аддаць нам загад заняць свае месцы.

Антось Сямёнавіч без ценю ніякаватасці, але з просьбай у голасе, запытаў:

– Хто курыць?

Алег з падкрэсленай увагай дастаў пачак цыгарэт з унутранай кішэні курткі, падаў фізіку, яшчэ працягнуў запальнічку. Антось Сямёнавіч прыпаліў цыгарэту, вярнуў запальнічку і мякка загадаў нам:

– Сядайце ў аўтобус. я хутка.

Нечакана я пашкадаваў, што не куру.

Да самага Нясвіжа ў аўтобусе было ціха. Трохі развеяліся ў замку – усё ж было цікава. А калі накуплялі рознай колы і булак, настрой палепшыўся ва ўсіх. Хоць ранішняй бестурботнасці не было. І фізіка, і Зіначку як падмянілі – яны не прыкрыквалі на нас, звярталіся калі да каго – па імёнах, з такой. павагай нават ці што. Здавалася, мы ўсе нечакана падраслі гадоў на дзесяць. Ды і мы ўсе, ну, няхай большасць, адчулі нязвыклае для сябе. Я думаў над тым, што фізік з простага настаўніка стаў для нас раптоўна чалавекам, мужчынам. Вось як сусед на пляцоўцы ці нечы бацька.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю