412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерый Гапееў » Мая мілая ведзьма (СИ) » Текст книги (страница 11)
Мая мілая ведзьма (СИ)
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 18:00

Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"


Автор книги: Валерый Гапееў


Жанр:

   

Детская проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 14 страниц)

– Такі падарунак? Я думаў нешта з сувенірчыкаў.

– Ты лох! – пакпіў я без злосці. – Уяві: яна гатуе пірог і ведае, што патэльню ёй падараваў ты! Там жа не пірог – такое смакоцце само атрымаецца!

– А ты шарыш, – здзіўлена працягнуў Уладзя, радасна гукнуў: – Паехалі зараз!

І мы павярнулі не дамоў, а да прыпынку аўтобуса, каб ехаць у цэнтр.

Дамоў вярталіся ў прыцемках. Раптам пасыпаў з чорнага неба дробны, але спорны дождж, вуліца – тратуар, дарога, самі людзі ў куртках і паліто – заблішчэла ў жоўтым святле аднавокіх ліхтароў, якое раптам ажыло, напоўнілася мільёнамі зіхоткіх кропелек. Ісці заставалася нядоўга, мы не пабеглі, пагатоў што пад нагамі зрабілася адразу коўзка – было трохі ніжэй за нуль, адчувалася. Людзей на тратуары раптоўна паменшала, іх як растварыў гэты нечаканы халодны дождж. І вуліца стала больш нашай.

Мы нічога не купілі, прыцэньваліся, разглядалі, нават папыталіся ў прадавачкі: што лепей. І тая катэгарычна нам параіла: спытаць у гаспадыні, бо, па-першае, у яе такое можа быць, а па-другое, яна можа хацець нешта канкрэтнае.

– Як баішся, дык я спытаю, – прапанаваў я Уладзю.

– Ды я не баюся пытацца. Баюся, што адмахвацца пачне, яшчэ пакрыўдзіцца. От, скажа, патэльню мне захацеў купіць! – засумняваўся раптам Уладзя ў мэтазгоднасці такога падарунка.

– Слухай. А ты пачні шчыра: учора базарыў з Кірам, ён спытаў, ці выбраў я табе падарунак, і прапанаваў купіць табе нешта на кухню, бо ты ж любіш гатаваць, дык каб была і памяць, і карыснае, – без крыўды, але жорстка закрыў я тэму. – Усё, разыходзімся! Так і пытай.

Маці сустрэла ў вітальні, трошкі ўсхваляваная.

– Вой, галава мокрая! Зараз рушнік дам, выцірайся хутчэй. Не змёрз? Мо пад душ гарачы?

– Ды не, усё добра.

– А ў нас госці – дзве мае аднакласніцы, уяўляеш, – усміхалася вінавата маці. – Мы там заселі на кухні, ты ўжо выбачай – ідзе перадача «Чакай мяне!», а там, уяві, наш аднакласнік знайшоў сястру! Так цікава. – маці прынесла ручнік, чакала, пакуль я вытру галаву. – Пайшлі, сынок, на хвілінку, я цябе пакажу сяброўкам.

Я уздыхнуў, але што зробіш? Зайшоў на кухню, павітаўся. Дзве цёткі сядзелі на канапцы за накрытым сталом, на выгляд – старэйшыя за маю маці. Адна – гэткая тоўстая, у джынсах, кофце ў абліпку, якую яна хіба знарок апранула, каб вось так, седзячы, дэманстраваць пяць таўсценных складак тлушчу і яшчэ там чаго ад шыі і да ног. Падстрыжаная зусім коратка, валасы выбеленыя, тонкія, бы поўсць нейкая. Але вось што незвычайна – твар яе быў прыемны: вочы вялікія, светлыя, глядзяць з жывой цікавасцю і зычліва, нос акуратны і вусны нятлустыя, прыгожыя. Яна ўсміхалася мне гэтак шчыра і радасна, рыхтык нязнама колькі гадоў чакала тут майго з'яўлення:

– А-ёй, Волечка, ды твой сын – вылітая ты! Ай, які прыгажун! Ну, сапраўдны мужчына!

Другая жанчына была станам падобная да маці: невысокая, не худая, але нейкая ўся вуглаватая:

плечы вострыя. Чорныя, відавочна ж, пафарбаваныя валасы да плячэй падстрыжаныя гэтаксама

– рэзкімі лініямі, і на лоб стрэшка падае строга наўскос, валасок да валаска. І твар. твар быў стары. Я нават падумаў, што маці нешта пераблытала: гэтая цётка, можа, іх настаўніца? Бо ж вакол вачэй – зморшчыны, зморшчыны па ўсім твары, з двух бакоў ад носа – тонкія складкі скуры, скулы рэзка акрэсленыя, мабыць, яна аднекуль з Усходу. татарка хіба.

– А вось вусны – бацькавы! – сказала яна, а голас быў нечакана тонкі і дзіцячы.

Не сказаць, каб мне было ўтульна стаяць перад двума парамі жаночых вачэй, ды яшчэ маці абдымала. Але трываў, адчуваў па лёгкім, ледзь улоўным трымценні далоняў маці на плячах, што ёй прыемна і хвалююча. І яшчэ мне было радасна ад думкі, што мая маці – такая прыгожая сярод сваіх аднакласніц!

– Смачна вам есці! – пажадаў я.

Мне хорам усе трое падзякавалі, маці замітусілася – пачала збіраць мне вячэраць:

– Сынок, я табе ў пакой прынясу, добра? Мы ўжо тут даглядзім, так цікава.

– Няма праблем, якія пытанні!

Жанчыны гучна гаманілі на кухні, і хоць маці прычыніла дзверы, я чуў і іх гамонку, і галасы, і музыку з тэлевізара. Бач, іх аднакласнік дзякуючы шоу адшукаў сястру. І радасць у людзей, цэлае шчасце. Для некага так важна знайсці сваіх. Калі б знайшоўся мой бацька, што б я адчуў? Хочацца, каб ён быў. чалавекам. Каб павініўся за ўсё – за тое, што кінуў нас з маці, за тое, што не з'яўляўся гэтулькі гадоў. Каб быў. ну, хай не заможны надта, але каб у яго было ўсё: кватэра, аўтамабіль. Маці ці б даравала яму? Мабыць, так. Хоць у яе зараз ёсць мужчына, але б у мяне з'явіўся бацька. І я з'ездзіў бы да яго ў госці, ці ён прыехаў на сваім аўто. Мы б размаўлялі з ім шчыра. Хіба я не зразумеў бы яго? Гэтулькі давялося ўсяго перацерці ў мазгах за гэты час, зразумеў бы.

А Ядвіся? Хіба ж яна не будзе шчаслівая, калі даведаецца, што яе бацька, да прыкладу, – вядомы паэт?

Я знайду Ядвісінага бацьку!

Ажно падскочыў з канапы і плюхнуўся ў крэсла ля компа.

«Пачуццям не патрэбныя тлумачэнні, адно учынкі і справы».

Я знайду бацьку Ядвісі.

Не праз гэты тэлевізар. Іншым шляхам. І тады. тады я змагу падысці да Ядвісі. Хіба ёй не будзе цікава: хто яе бацька, дзе жыве, кім стаўся? Тым больш яна ж кажа, што нарадзілася ад кахання, ні ў чым бацьку не вінаваціць, неяк па-асабліваму аберагае.

Я згадваў гісторыю Ядвісі, якую яна апавяла мне вось тут, седзячы на канапе. Яна казала, маці працавала ў школе, а жыла ў бабулі. І пазней Ядвіся была з бабуляй. Значыць, гэта тая вёска, якая стаяла блізу летніка. А ў якім раёне быў летнік? Што было яшчэ побач? Вось жа, не цікавіліся ніколі. Я пайшоў на кухню, пачакаў пад дзвярыма адноснай паўзы ў гутарцы, зайшоў, запытаўся ў маці. Яна здзіўлена заміргала, але я адно усміхнуўся: «Трэба». Маці назвала раён і найбліжэйшую вялікую вёску.

На мапах Гугла была і тая вялікая вёска, і летнік быў. І быў нават наш ручай! Але не было той вёсачкі. Угадаў месца колішняй капальні – лысы ўзгорак, бегла з яго нітка дарогі. да вёскі мусіла бегчы, але на мапе вёскі не было, і на спадарожнікавых здымках адно два шэрагі дрэў угадваліся. Ніводнай хаты. Трохі наўзбоч – роўны чатырохкутнік, засаджаны дрэвамі. Здагадаўся: тыя самыя могілкі, дзе ляжыць Ядвісіна бабуля.

Нічога, у нас ёсць райцэнтр. Сямнаццаць гадоў таму там працаваў па размеркаванні малады спецыяліст з Мінска. Якія праблемы? Вось табе і сайт раённай газеты. Вось тэлефоны. Ледзь утрымаў сябе, каб не набраць нумар, сам з сябе пасмяяўся – то ж рабочыя, зараз вечар.

Маці правяла сябровак, зайшла спытаць, як мае справы.

– Норм, мам! А як ты?

– Ды таксама ўсё добра. Пасядзелі вось, паўспаміналі. Нат не верыцца, што час так праляцеў. Некалі былі дзяўчынкамі.

– Мам, слухай, ты ў параўнанні з імі маладзейшая на дзесяць гадоў!

Маці ўсміхнулася неяк сумнавата, уздыхнула.

– Жанчыну не гады робяць старой. Таццяна, якая поўная. У яе дыябет, жыве на ўколах. Пасля родаў другога дзіцяці хварэла. Лячылі гарманальнымі пігулкамі, яе і разнесла страшэнна. І скінуць вагу не змагла потым, нешта там парушылася. Яна зычлівая, вясёлая і добрая. А Хрысціна. Двойчы была замужам, не магла зацяжарыць. Па дактарах ездзіла. Па манастырах і цэрквах, у паломніцтве была. Кажуць, усё добра, а дзіця займець не можа. Гэта яе і забівала. Зараз адна. Вось так.

Укладваўся спаць і думаў: колькі яшчэ разоў, колькі будзе выпадкаў наперадзе, калі я зноў лахануся так, што будзе пячы сорам за дурныя думкі?

Назаўтра заняткі цягнуліся як ніколі марудна. Я ёрзаў за сталом, нават Уладзя пацікавіўся: чаго мяне сёння носіць? Сам ён быў задаволены, нібы ўзяў незвычайна цяжкае і вырашальнае пытанне ў сваёй гульні – набраўся рашучасці, спытаў у Настачкі пра падарунак. Дарэчы, прызнаўся: пытаўся так, як я яго вучыў. Настачка, казаў, засаромелася напачатку, але папрасіла форму для выпечкі кексаў, нейкую адмысловую, мяккую, але тэмпературу трымае...

У сталоўку я зноў не пайшоў, падняўся на трэці паверх – ён самы пусты падчас вялікага перапынку, знайшоў зацішак, зрабіў выклік на нумар, які ўчора забіў у тэлефон.

– Слухаем вас! – адказаў прыемны жаночы голас.

– Раённая газета «Новы шлях»?

– Так.

– Выбачайце, калі ласка. Ці магу я даведацца пра імя аднаго былога вашага работніка?

– Работніка былога? Выбачайце, але хто вы? – насцярожыўся голас.

– Мой бацька. моцна захварэў. Ён меў сябра, журналіста. Яны разам вучыліся, потым іх шляхі разышліся. Яго сябра па размеркаванні з Мінску працаваў у вашай газеце. Бацька хоча яго знайсці, але цяпер. ён не памятае шмат, забыўся і імя свайго сябра.

Я фантазіраваў на хаду і сам дзівіўся той лёгкасці, з якой стваралася мая «легенда», бо ўчора нават не задумляўся над тым, што мяне могуць адразу, як на той мяжы, спыніць пытаннем: «А ты хто такі?» Мабыць, прыдумаў я добра, казаў пераканаўча, бо на тым канцы пацяплела:

– Разумею, разумею. Але ж выбачайце, калі ваш бацька. То колькі гадоў таму было?

– Шаснаццаць-сямнаццаць.

– О, на жаль, наўрад ці мы вам дапаможам. Сёння ў нас няма ніводнага чалавека ў рэдакцыі, хто б працаваў гэтулькі, тут вялікая цякучка, людзі мяняюцца. І штогод у нас бываюць адзін ці два выпускнікі ўніверсітэтаў, якія адпрацоўваюць сваё размеркаванне і знікаюць. Бухгалтэрыя таксама не дапаможа, бо дакументы здадзеныя ў архіў, мяркую. Месяц таму звольніўся наш найстарэйшы карэспандэнт. Я магу даць вам яго тэлефон, ён, можа, успомніць тыя гады. Аднак тэлефануйце яму зранку, бо да вечара ён. можа быць на падпітку, – шчыра прызналася жанчына.

– Дайце, калі ласка, тэлефон.

Я запісаў нумар і нейкі час разгублена глядзеў у акно. Вось жа насамрэч, калі там тыя выпускнікі мяняюцца як пальчаткі, хто будзе памятаць некага асабліва? Але вырашыў патэлефанаваць адразу ж на дадзены мне нумар.

– Віктар Леанідавіч? Дзень добры!

– Ну, хай будзе добры твой дзень, дружа, – амаль што праспяваў мне ў адказ мужчынскі голас. «П'яны», – варухнулася думка, але я вырашыў пытацца цяпер. Якая розніца? – Даруйце за пературбацыю, Віктар Леанідавіч. Шаснаццаць ці сямнаццаць гадоў таму ў вашай рэдакцыі працаваў пасля ўніверсітэта журналіст. Ён з Мінска быў. Такі малады. Ён сябра майго бацькі, я яго шукаю.

– Дык зразумелая справа, што той журналіст быў малады! А як яго клікалі?

– Не ведаю імя.

– О, дружа, дык ты ведаеш, колькіх маладых я пабачыў на сваім вяку? Сто! Вось, дакладна, калі палічыць – сто! Яны прыходзілі і сыходзілі, як першы снег увосень – рабілі с..., а ты потым прыбірай.

– Тады даруйце, – вырашыў я завяршаць размову, бо добрага фіналу тут не прадбачылася. Потым вырашу, што рабіць далей. Яшчэ ж універсітэт ёсць. Там павінны недзе захоўвацца даныя.

– Не, хлопча, куды ж ты бяжыш, калі я табе яшчэ ніяк не дапамог? Ты не спяшайся, тут каб падумаць. Ведаеш, з гадамі. з гадамі ўсе мінулыя гады робяцца падобнымі адзін на другі. От спытай, што я рабіў пяць гадоў таму, – не адкажу! Бо рабіў адно і тое: рэпартаж, артыкул, нататка. І на тыя ж тэмы! Тут пасеялі, тут узаралі, а там ужо жнуць. Так, дружа. От я ўспамінаю, што хлопцаў да нас прыходзіла і няшмат, нешта дзеўкі паперліся ў журналістыку, але, я табе скажу, некаторыя пішуць. пішуць зубаста! Канечне, няма грунтоўнага мужчынскага падыходу, бо жанчына будзе жанчынай. Ага, значыць, хлопцаў у нас было небагата, але якраз дзесяць-пятнаццаць гадоў таму яны і прыходзілі. От каб твой сябра быў нечым адметны. Мо ён руды? Ці кучаравы? Мо ростам у два метры? Такі адзін быў – аловак у руцэ хаваўся. Але не ўмеў пісаць. дык твой знаёмы які?

Я выдыхнуў з палёгкай – урэшце скончыўся гэты маналог-разважанне, можна задаць пытанне ды выбачацца і адключацца – зараз грошай на рахунку не застанецца.

– Ён. ён пісаў вершы! – згадаў я дэталь з аповеду Ядвісі.

– О, дык гэта важкая дэталь! Важкая! І я ўспомніў! Быў такі! І ён гады тры таму прыязджаў у наш раён, завітаў да нас, сапраўдны паэт! Падараваў мне кнігу вершаў.

– А як яго імя?

– Не трэба перапыняць старэйшых, дружа, ты збіваеш мяне з думкі. Ён падараваў мне кнігу сваіх вершаў, казаў, кніга ў яго ці не трэцяя, вось як. Сам ездзіў у нейкую вёску. яе зараз ужо і няма, у нас многа вёсак знікла, што ж, невялічкія, не перспектыўныя. Людзі хочуць жыць з выгодамі, от ты б хацеў жыць у вёсцы, дзе ні газу, ні крамы, ні школы? От. А кніжку я згубіў. Вяртаўся з працы, сустрэў сябра, пасядзелі ў парку, у нас стары, прыгажэнны парк. Дамоў прыйшоў – кніжкі няма. А то б я табе сказаў імя, абавязкова сказаў. А так – не памятаю, ніякая памяць, ніякая. І назвы кніжкі не помню. Ніякая памяць.

– Дзякуй вам! Усяго найлепшага! – і я адключыўся.

Ледзь дачакаўся канца заняткаў, падганяў Уладзю, як ішлі дахаты. Муляла папытацца ў яго: як лепш шукаць, але раптам перадумаў: потым падключу сябра, пакуль сам. Пашукаю ў сеціве, павінны ж быць нейкія Вікіпедыі, усіх паэтаў, якія падыходзяць па ўзросце. Пачытаю біяграфіі. Не можа быць, каб не было напісана, дзе які распачынаў сваю працоўную дзейнасць!

Крадком спадзяваўся на халяву: раптам па запыце «пачынаў сваю працоўную дзейнасць у раённай газеце «Новы шлях» выскачыць нейкае імя. Не праскочыла халява. Мяняў словы ў запыце – нічога не дапамагло. Што ж, пачаў складаць спіс.

За два дні я назбіраў каля трох дзясяткаў паэтаў патрэбнага мне года нараджэння. Яшчэ дзень вышукваў біяграфіі тых, у каго заставаліся цьмяныя плямы ў пачатку працоўнай дзейнасці. Ні адзін не падышоў. Але ж заставаўся яшчэ ўніверсітэт, хоць цяпер, пасля званка ў рэдакцыю раёнкі, аптымізм мой зменшыўся : прыеду, што і дзе мне пытаць? І на якой падставе нехта пачне клапаціцца? Лягчэй жа проста сказаць: «Не можам» і паказаць на дзверы, хто будзе марнаваць свой час на патрэбу вучню?

Кволая надзея неспадзявана варухнулася падчас урока літаратуры. Наша Яўгенія Львоўна прыйшла з навіной: з Новага года пачнецца конкурс «Спроба пяра», дык каб усе ахвотныя пісалі вершы і апавяданні. І надта ж прасіла не падвесці яе. Наколькі я ведаў, літаратурным талентам у нашым класе ніхто пахваліцца не мог. Настаўніца заахвочвала нас магчымасцю раскрыцца і творча расці – як, да прыкладу, Алеся Трында з паралельнага класа. Яна ўдзельнічае ўжо колькі гадоў, яе вершы нават друкаваў рэспубліканскі часопіс і маладзёжная газета.

І я падумаў, што яна можа некага ведаць.

Алеся меней за ўсё ўдавала на паэтку. Ростам вышэйшая за мяне і ў два разы таўсцейшая. Павольная такая. Ну, проста кабеціна, а не дзесяцікласніца. Пастаў спінамі яе і завуча, дык яшчэ ўгадай, хто з іх – вучаніца, хто – настаўніца. Але вось твар у яе зусім дзіцячы. Алеся з такой цікавасцю выслухвала маю праблему, бы я ёй вершы чытаў, далібог. І вось разумніца, адразу ж выдала:

– Я магу папытацца ў аддзеле паэзіі часопіса, каго яны ведаюць такога ўзросту. Але, скажу табе, сёння многія выдаюць свае кніжкі за свае грошы, паэтаў шмат, а чытачоў практычна няма. То і не ведаюць нават адзін пра аднаго. Ведаеш, варта табе лепш звярнуцца да старшыняў абласных аддзяленняў. і абодвух Саюзаў пісьменнікаў.

– Абодвух?

– Ну так, у нас два Саюзы пісьменнікаў.

– А што, у адным усім месца не хапіла?

Алеся паціснула плячыма.

– Я не ведаю, але два. Я маю іх тэлефонныя даведнікі, там усе-усе занатаваныя. Лепш старшыняў пытацца, яны ведаюць сваіх. Праўда, калі мінскія, гарадское ці абласное, дык яны надта вялікія, тут цяжэй.

– Нясі даведнікі, а я табе – шакаладку!

Алеся ўсміхнулася крыху сарамліва і нечакана выдала:

– Не хачу шакаладку. Тут уся школа кажа, што ты – вялікі прыдумшчык, цэлы сцэнар напісаў. Можна, я дам табе пачытаць сваё апавяданне? Я вырашыла пісаць прозу, бо вершы нікому не патрэбныя. І саромеюся дасылаць у рэдакцыю, раптам зусім нягегла.

– Мне? Пачытаць? – я ажно адступіў на крок. – Вось я выславіўся. ужо, як яго, крытыкам зрабіўся?

– Ну. мне здаецца, ты зразумееш. Дзе што не так. Дык я прынясу?

– Слухай, а калі мне не спадабаецца? Так і казаць?

– Кажы. Толькі патлумачыш, чаму. Каб я змагла выправіць. Калі можна будзе нешта выправіць.

– Ну, нясі. На паперы, не люблю на экране, добра?

Назаўтра Алеся прынесла мне невялічкія кніжачкі – тэлефонныя даведнікі і старонак дваццаць тэксту. Я цішком пацешыўся – не так і шмат. Тым вечарам не пачаў адразу пошукі – лёг чытаць раздрукаваны тэкст. Пачытаў. Здзівіўся. А класна ж! Думаў, будзе яна баяць пра нешчаслівае каханне, а яна пра тое, як качак у гарадской сажалцы карміла. Як зіма была, качкі па лёдзе хадзілі, а людзі кідалі ім ежу. Неяк усё і проста, ды ўзнікала думка пра пэўную нелагічнасць такой карцінкі, і Алеся задумвалася над тым, чаму няправільна карміць качак узімку. Так, варта шкадаваць, але ж мы сваім шкадаваннем адвучылі птушак ад выраю, ад палёту. Сталі качкі утрыманцамі. І далей зусім такі нечаканы крок – да людзей. Людзі цяпер нават не імкнуцца ў неба – як мы качак гэтых лянотных, так і нас корміць нехта нябачны.

Нічога сабе ў яе думкі! Красава наўпрост, хіба што задоўгія сказы, на цэлы абзац, пакуль прадзярэшся да канца, дык забудзеш, з чаго пачынаў. Не стаў чакаць заўтра, патэлефанаваў Алесі. І сказаў, што думаў.

– Дзякуй, дарагі Кір! Дзякуй-дзякуй! – так узрадавана закрычала ў адказ яна, усё адно як я паведаміў пра публікацыю яе апавядання ў мажным часопісе. Ды яшчэ «дарагім» дражніцца.

– Ты там не ашалела? З чаго я табе дарагі? – засмяяўся я.

– Бо шчыра ўсё сказаў! Я так баялася, што мае думкі будуць недарэчныя.

– Нармалёвыя думкі і цікавыя. Пра сказы доўгія я табе сказаў. А, яшчэ ты напрыканцы наўпрост заклікаеш не спадабляцца гарадскім качкам. Мне не пакаціла. Навошта ў лоб вучыць іншых, як наш Швондзер? Хай самі думаюць, ты ж падказала. Ну, я так мяркую.

– Вой, Кір, які ты разумны! І праўда, навошта дыдактыка, ды яшчэ ад вучаніцы. Прыбяру, і сказы паразбіваю! Слухай, ты бяры сабе Саюз пісьменнікаў, каторы. ну, афіцыйны, а я – другі. Пачнём разам. давай з Берасцейшчыны, па алфавіце. Добра?

Ніяк не чакаў яе шчырай падмогі. Вось жа, падумаў бы раней на гэтую тоўстую няўклюду, што яна – такі добры чалавек? Усяго пачытаў ды выказаў свае думкі.

І яна, Алеся, знайшла. Праз дзень.

– Кір! Кір, ёсць! Адшукаўся твой паэт! Ён сапраўды пачынаў у газеце «Новы шлях», мае на сёння ўжо чатыры кніжкі. Праўда, імя зусім не гучнае, узровень абласнога. Запісвай: абласная газета. Тэлефоны. Я цябе віншую! І дзякуй табе яшчэ раз. Я ўсё выправіла!

– Табе дзякуй, дзіўная ты! – на пэўны час разгубіўся я – не верылася, што сапраўды пошукі скончыліся і скончыліся ўдала. Нават асаблівай радасці не было, не ведаю і чаму. Раптоўна захваляваўся. Ляжыць перада мной аркушык: Васіль Матыль, загадчык аддзела сацыяльных праблем абласной газеты. А што далей? Паехаць да яго ды ў лоб з парога: «Дзядзька, у цябе ёсць дачка»?

Карацей, я завіс.

Пачаўся снежань – сцюдзёнымі вятрамі, макрэддзю і поўнай адсутнасцю снегу. Маразоў не было, малыя на школьным двары гулялі ў хакей на асфальце. Сонца, здавалася, знікла назаўсёды за тоўстай шэранню нябёсаў. Няўтульна, холадна.

Але ж – у хуткім часе Новы год! Трэба ўсім ладзіць свята. Вось і загад дырэктара падаспеў: да 15 снежня каб кожны клас стварыў святочны настрой у сваім кабінеце і падзяліўся гэтым настроем з вуліцамі! Конкурс будзе, спецыяльнае журы ацэньвае. Нам шанцуе, як беднаму жаніцца: класны пакой на вуліцу і ажно на тры акны. Зноў пачнецца: выразанне сняжынак, маляванне дзеда Мароза і Снягуркі, развешванне гірляндаў. Ну, падумаць, дык з вуліцы ўвечары школа выглядае насамрэч трохі святочна. Але сэнс? У каго ў такі час уздымецца настрой ад гэтай вясёлкавай ілюмінацыі і вялізных папяровых сняжынак? Няма снегу. Маці абмовілася – выраслі цэны, бутэлька шампанскага за год падаражэла ўдвая, як і цукеркі, як мяса. Я раней і не задумваўся над коштамі, а тут атрымліваецца, яны ўплываюць на настрой людзей куды больш, чым размаляваны школьныя вокны.

Наталля Іванаўна, завуч, якая цяпер у нас за класную, зайшла на перапынку, павіталася.

– Так, сябры, засталося чатыры дні. Калі ласка, давайце прыдумляйце, каб наш клас быў не горшы за іншыя. Вы паказалі сваё майстэрства крэатыву, таму я чакаю.

І пайшла. У яе ж не адны мы, уся школа – тут не да агульнай распрацоўкі канцэпцыі, як кажа Ромка. Ён падышоў да мяне:

– А давай здзівім!

– Я заняты, праўда, Ромка. Справа з'явілася.

– Нарадзі ідэю!

– Я табе не жанчына.

– Ну, Кір, будзь чалавекам!

– Слухай, Ромка. Навошта? Які сэнс?

– Не хачу рабіць фігні, ты ж ведаеш! – і раздумліва, сур'ёзна дадаў: – Сапраўднае людзей яднае, а як абы з рук, дык потым разбегчыся хочацца ў розныя бакі і вочы іншых не бачыць. Ты ж сам адчуваеш – у класе зусім не так пасля здымак.

– Дык што ты хочаш?

– Халера ведае. Вось каб сапраўды нешта такое: ішоў чалавек паўз школу, зірнуў на нашы вокны і ўсміхнуўся, хоць крышачку яму пацяплела.

– Пацяплела?

Я знайшоў вачыма Ядвісю. Яна стаяла адна, ля акна, абхапіўшы сябе рукамі. Як жа захацелася падысці да яе, сказаць ціха і ўпэўнена: «Неўзабаве будзе вясна. І лелькі ажывуць.»

– Неўзабаве будзе вясна.

– Што? – Ромка адхіснуўся ў здзіўленні.

– Што чуў. Хутка вясна, патрывайце, людзі! – упэўнена паўтарыў я, і раптоўная карцінка склалася: – На ўсе тры акны робім з каляровай паперы краявід: зялёны луг, сіняя рэчка, блакітнае неба. Дзяўчына ў лёгкай чырвонай сукенцы выпускае з далоняў віхур ружовых і жоўтых матылёў. І словы: «Трывайце, людзі! Вясна хутка!»

Ромка раскрыў рот, заміргаў вачыма.

– Слухай, а гэта ж. гэта ж крута! А! Насамрэч кожны спыніцца! І ўсміхнецца! Пайшоў збіраць банду! Пасля ўрокаў застаемся на паўгадзіны?

– Ідзе... Стой! – імгненная думка пранеслася і прымусіла сэрца забіцца.

– Што? – Ромка нават спалохаўся майго рэзкага воклічу.

– Слухай. Я цябе папрашу: не напружвай Ядвісю. Ну. давай мы без яе.

– Не разумею, – Ромка глядзеў з жалем. – Досыць табе. Калі разам, ты ж ведаеш, дык.

– Ромка. тут іншае. Ты потым сам пабачыш, – і я ўсміхнуўся, не змог утрымаць радасць ад уяўлення таго, як аднойчы Ядвіся пабачыць наш «пейзаж», як знерухомее і будзе дзівіцца на матылькоў. – І галоўнае: не я, а ты прыдумаў. І кропка! Абяцай.

– Ат, добра! – Ромка хай і не зразумеў, але ўсміхнуўся ў адказ. – Я табе веру. Калі гэтак лепей

– гэтак і зробім.

Пасля заняткаў у класе па просьбе Ромкі засталіся васьмёра, калі лічыць са мной. Ромка патлумачыў: вялікі кагал збіраць не варта, мітусня будзе. І выклаў ідэю. На яго спачатку глядзелі, як на ідыёта, і пачалі ржаць. Урэшце, паспрачаліся – а дзе ж тут Новы год, і вырашылі словы напісаць так: «Трывайце, людзі! Вясна (тут лічба наступнага года) хутка!». Саму лічбу робім вялікай – правіла выканана. Я прапанаваў зрабіць наш краявід двухбаковым – каб і з класа можна было бачыць не белую паперу, а таксама колер. Ну, працы шмат, затое ж і нам весялей! Пагадзіліся. А рабіць з простай каляровай паперы, якая сшыткамі прадаецца. Будзем клеіць на шкло чатырохкутнікамі, недзе падрэзаў – і склаўся малюнак. А яшчэ вырашылі зрабіць сапраўдную падсветку – каб у цёмны час быў відаць малюнак. І лямпачкі купіць адмысловыя, на халеру тыя гірлянды. Распачаць вырашылі пазаўтра – дзень на падрыхтоўку, ды і Міхал папрасіў: яму самую складаную карцінку рабіць – дзяўчыну, то трэба ж знайсці выяву, на нечым вялікім намаляваць, трафарэт зрабіць.

...Мы працавалі ў той дзень пасля заняткаў чатыры гадзіны. Ужо добра сцямнела, у класе было холадна – адчынялі вокны, каб замацаваць лямпачкі падсветкі, вывесці правады унутр. Мы не змаўляючыся ўсе адышлі да процілеглай сцяны. Стаялі і моўчкі глядзелі. Атрымалася. Было неяк цёпла ад нашага «трыпціха». Свой «лозунг» мы таксама напісалі двойчы, каб чыталіся словы і з класа.

– Файна выйшла – парушыла маўчанне стараста Света Шурко. – Каб толькі не прымусілі заўтра ўсё зняць, – і патлумачыла: – Дзеда Мароза няма, Снягуркі не відаць.

– Затое сёння людзі падзівяцца! – бестурботна гукнуў Ромка. – Захочуць яны – будзе Дзед Мароз, я сам намалюю тады. Вакульчык, урубай падсветку! Гасіце святло!

У класе запанавала цемра. А мы залезлі на сталы і праз вольныя ад нашага «краявіду» месцы ў шыбінах пачалі цікаваць за мінакамі.Спынілася пара – мужчына і жанчына. Мы не бачылі іх твараў, але яны глядзелі на нашы вокны. Яшчэ спыніліся дзве дзяўчыны, і яны павярнулі галовы. І потым – яшчэ. А нам было радасна. Мы зрабілі для гэтых мінакоў нешта незвычайна прыемнае! Пасля і самі, калі выйшлі са школы, стаялі і разглядалі тое, што было колькі гадзін таму звычайнымі каляровымі лісткамі. Здалёк «краявід» наш глядзеўся як адно цэлае, на фоне іншых вокнаў са сняжынкамі, снежнымі бабамі і Дзедамі Марозамі, вокны нашага класа выглядалі сапраўднай карцінай – вясёлай, сонечнай, нечым незвычайна кранальнай: з рук дзяўчыны ўспырхвалі, ляцелі праз усе вокны залатыя, ружовыя матылі. І выява наступнага года чыталася нармалёва. Ну, абазначылі ж мы Новы год?

Назаўтра ў школе і тут, і там было чуваць: «Мацуйся, дружа! Вясна неўзабаве!». Я ішоў у клас разам з Уладзем, а ён не змаўкаў, узбуджана-вясёлы тараторыў:

– Вось дык маеш! Крута мы прыдумалі! Усім так цікава! Хоць нешта незвычайнае. Як ты думаеш, дырэктарка не прымусіць зняць?

– Яна, мабыць, ужо у класе, і Ромка стаіць перад ёй навыцяжку, – усміхнуўся я, а сам адчуваў здранцвенне ўнутры. Ядвіся. Як яна адрэагавала?

Ромка насамрэч стаяў амаль што навыцяжку, але не перад дырэктаркай – перад Ядвісяй. Ён зірнуў на нас, позірк быў жаласлівы і дакорлівы: «І як мне цяпер выкручвацца?» – чыталася ў яго вачах. Ядвіся перахапіла позірк Ромкі, павярнулася.

Я адвёў вочы.

Яна нічога ні ў мяне, ні ва Уладзі не запыталася. І калі села за стол ззаду нас, пачала размаўляць з Юрасём. Дакладней, загаварыў Юрась:

– Дзіцячы сад, далібог, – хмыкнуў ён гучна, канечне ж, у разліку, каб пачулі мы. – Хацелася марнаваць час.

– Табе не спадабалася? – з лёгкім выклікам спытала Ядвіся.

– Ды норм, – замяўся Юрась. – Не разумею сэнсу гэтага дзяцінства. Сказалі зрабіць – рабі, як усе. Абавязкова каб вытыркнуцца, пахваліцца сваёй дасціпнасцю, крэатывам гэтым.

– А можа, проста зрабіць некаму прыемнае, – без пытання адказала Ядвіся, як ставіла кропку ў іх кароткім дыялогу.

І тут у клас зайшла Наталля Іванаўна.

Вось жа твар у яе – ну ніяк не вызначыш, што за настрой. Гэтак умее скласці вусны – ці то сапраўды ўсмешка, ці то насмешка, ці то ўхмылка. Падхапіліся, павіталіся. А яна прыпынілася на парозе, і вось тут не атрымалася ў яе схаваць пачуцці! – уражаная глядзела на «пейзаж». Мабыць, ніяк не чакала, што ён будзе і знутры такі ж, як і звонку. І цяпер ужо усміхнулася сапраўднай светлай усмешкай, падышла да стала.

– Не думаю, што вы зоймеце першае месца, – кіўнула яна на вокны. – Але ў настаўніцкай сёння пануе вясёлы настрой, адно размоў пра вашы вокны. Ніяк не чакала, што вы звернецеся не толькі да тых, хто на вуліцы, але і да тых, хто ў клас будзе заходзіць. Што ж, незвычайна. Трошкі не па тэме, але ж цёпла і радасна. Малайцы, дзякуй! Сёння ўсе тут, Святлана? – запытала яна старасту, пачула станоўчы адказ, пайшла да дзвярэй.

І ўжо ля іх азірнулася, не утрымалася, мабыць, і дадала:

– Мне ўчора ўвечары патэлефанавалі. Кажуць, паўгорада сабралася перад вашай школай – там такое ў акне напісана! Мусіла ехаць. І сапраўды, дзясятка паўтара чалавек сабралася – хто падыходзіў, хто адыходзіў. Глядзелі, чыталі ўголас, усміхаліся і смяяліся. І, вось шчыра прызнаюся, мне было вельмі прыемна стаяць збоку, нікім не угаданай, нібыта выпадковай жанчынай, і ведаць, што я – завуч гэтай школы, што мае вучні штукавалі. Здагадваюся, чыя ідэя.

І Наталля Іванаўна паглядзела на мяне. І за ёй – усе. Я не паспеў запярэчыць – завуч выйшла.

На першым перапынку падышла Алеся, паэтка. Без кроплі сарамлівасці, як яна мне сястра, схапіла за рукаў, пацягнула ўбок.

– Як вы крута прыдумалі! Я пра гэта нататку ў маладзёжку ўжо напісала, ёсць такая газета. І сфоткала. Слухай, ты так усё выдумляць мастак!

– Ат, Алеся, давай па справе, чаго прыйшла?

– А я яшчэ апавяданне напісала. Пачытай?

– Слухай, – пачаў заводзіцца я. – Чаму ты вырашыла, што я – майстар чытання?

– Ну, не злуйся, – адчула мой настрой Алеся. – Не хочаш падказваць – не падказвай. Тады хоць сам напішы!

– Я? – вылупіў я вочы.

– У цябе, я ведаю, атрымаецца!

– Ну, ты даеш... Давай сваё апавяданне, – абы адчапіцца ад паэткі, загадаў я.

– Пасля заняткаў! Дзякуй табе. Ты – цудоўны! – агаламошыла мяне чарговым кампліментам Алеся.

А ў маёй галаве пульсавалі, білі ў скроні яе словы: «У цябе атрымаецца». І я зразумеў, што мне трэба рабіць: напісаць апавяданне, ці як там яно завецца. Карацей, гісторыю. Пра тое, як нарадзілася Ядвіся. І даць пачытаць яе бацьку – нашаму знойдзенаму паэту.

12

Тры дні я пісаў. Ніяк не чакаў, калі ўсаджваўся за комп, што так нечакана лёгка пачнуць складвацца словы ў сказы, тыя – у абзацы, а абзацы – у старонкі. Пісаў, не вяртаючыся, не перачытваючы набранае, бо баяўся спыніцца, згубіць думку, якая з'яўлялася за занатаванай. Я пісаў і міжволі думаў пра тое, што я не пішу – запісваю адно ўзніклае ў галаве раней: калі сядзеў на занятках, ішоў дахаты, еў, пыласосіў дыван і дыванкі ў кватэры, размаўляў з маці, адказваў Ромку і Уладзю па тэлефоне, клаўся спаць.

Што праўда, дык іншы раз так ступарыла, бы ў галаве раптоўна знікалі ўсе словы! Аж страшна рабілася. Сядзеў, тупа вылупіўшы вочы ў манітор. Перачытваў напісанае ад пачатку, яшчэ і яшчэ раз. і нешта зрушвалася з месца.

Скуль мне было ведаць, як пісаць тыя апавяданні? Таму пісаў усё, што змог уявіць з Ядвісінага аповеду і навыдумляць сам. Вёсачку, у якой жыла Ядвісіна маці, мы бачылі адно здалёк, але я прыдумаў-прымроіў яе – з шырокай вуліцай, дзе ад дарогі ўзнімаюцца да хат абкошаныя лужкі, з велічэзнымі разлапістымі ліпамі ля платоў, з беластволымі бярозамі, што нікнуць сваімі доўгімі хвосткімі галінамі долу, з шапоткімі клёнамі, у якіх на пачатку лета зумкаюць хрушчы, а ўвосень лісце чырвона-мядзяным колам укрывае зямлю вакол. Я бачыў у сваім уяўленні невялікую, але ахайную хату, дзе на падлозе – саматканыя выцертыя-вылінялыя ходнікі, у якіх роўныя паскі не дарэшты страцілі свае колеры, вялікую печ пры ўваходзе і абраз у куце, такі стары, што намаляваны твар святога ледзь угадваецца дасведчаным чалавекам. І лёгкія дубальтовыя дзверы ў другі пакой, якія яшчэ занавешаны нечым кшталту сённяшняга цюлю, з простых нітак. І там, на да жоўтага вымытай падлозе такія самыя саматканыя ходнікі, але куды акуратнейшыя, зыркіх колераў, святочна-чысцюткія, нядаўна пакладзеныя, бо чакаюць госцевых ног.

Мне мроіўся восеньскі лес, амаль утравелая дарога, якая пятляла між цёмна-рудых хвой, дзе зямля была ўслана сівой ігліцай між рэдкімі купкамі паніклай жоўтай травы. Гэтай дарогай ішла жанчына, нетаропка, кранаючы рукой некаторыя хвоі, як вітаючыся з імі. Яна была. Яна была невысокая, статная, са спіны – амаль што вучаніца-выпускніца, у чырвоным.... Так, у чырвоным дэмісезонным паліто, чорных боціках... Яе густыя чорныя валасы, што злёгку віліся, падалі ёй на спіну і плечы жывой бліскучай хваляй, якая адгукалася на кожны рух і крок жанчыны. Мужчына ішоў у колькіх кроках ззаду, не зводзячы позірку з гэтай постаці, што жывым трапяткім языком полымя асвятляла лес. Замілаванасць на яго твары іншым разам раптоўна змянялася кароткім спалохам адчаю у вачах, пакутлівым роздумам. Але ўсяго на імгненне... Я бачыў і апісваў, як спачатку палохаюцца яны, зразумеўшы, што на чарговым раздарожжы павярнулі не ў той бок і цяпер не паспее мужчына ў час на аўтобус, як абое сцішана, крадком адно ад аднаго, каб не спужаць сваё шчасце, радуюцца гэтай неспадзяванцы: у іх будзе яшчэ такі доўгі вечар у цёплай хаце з жоўтай падлогай, засцеленай святочнымі ходнікамі. Я апісваў іх вячэру, не прамінуў той момант, калі жанчына клікнула мужчыну, каб дапамог адкрыць слоік, і цішком накропіла яму ў чарку з самаробным, са свайго вінаграду, віном колькі кропелек зялёнага зелля.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю