Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"
Автор книги: Валерый Гапееў
Жанр:
Детская проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 14 страниц)
Я ўсё вышукваў момант, каб сам-насам пабыць з Ядвісяй, мне карцела спытаць, але ж Юрась літаральна прыліп да яе. І тады я бесцырымонна гукнуў Ядвісю. Яна падышла, а Юрась узнагародзіў мяне калючым позіркам.
– Хачу крануцца яшчэ раз тваёй рукі, – патлумачыў я Ядвісі.
– Кранай, – усміхнулася яна і працягнула мне далонь.
– Не ўдарыць токам?
– Цяпер – не, – усміхнулася Ядвіся вуснамі, а яе вочы глядзелі сур'ёзна і з лёгкім здзіўленнем. – Прабач, я не думала, што ты можаш такое адчуць і напужацца.
– Ды я не напужаўся. Тады не напужаўся. Мне за таго пузана страшна стала. А калі ён не адкашляецца?
– Усё з ім будзе нармальна, – па-змоўніцку шапнула Ядвіся і спытала жартам: – Ты хочаш пра гэта паразмаўляць?
– Не, я ўсё пачуў, – не пакрыўдзіўся я.
Фізік выйшаў з аўтобуса, як толькі мы ўехалі ў горад. Нам таксама няблага было б выйсці – так зручней дадому, але ж мы ведаем правілы: Зіначка ў адказе за тое, каб усе разам даехалі да школы. А потым ужо – па хатах, і яна будзе абзвоньваць усіх. Тут яна ці непразмерна адказная, але што ўжо зробіш. Гэтым разам, сёння, калі казаць папраўдзе, па-іншаму ўспрымаўся гэты клопат.
Мы не спяшаліся разыходзіцца ад школы, неяк запаволена выгружаліся, не было звычайнага вэрхалу. Няспешна ішлі дадому, як заўсёды, учацвярых. Маўчалі. Не хацелася гаварыць пра нешта значнае, а базарыць дзеля базару – навошта?
– А я грошы не растраціў, – паведаміў Уладзя, калі мы параўняліся з нашай кавярняй. – Хацеў сувенір адзін набыць, а потым забіў – і так іх няма куды ставіць.
– І сувенір такі быў вялікі, як піца? – падтрымаў я Уладзю і дадаў: – У мяне таксама драбяза засталася.
– Тады палічым усё, што маем, – прапанаваў і Юрась.
Палічылі. На маленькую піцу ставала. Есці нам не хацелася, ніхто галодны не быў, але не было ніякага жадання апынуцца ў кватэрнай самоце. Мне падалося, усе чакалі, калі нехта пачне гаварыць пра фізіка і таго пузана. Але пра могілкі пакуль маўчалі.
У кавярні панаваў звычайны паўзмрок, наведвальнікаў трохі было – нам дастаўся крайні ад увахода столік. Наш улюбёны кут быў заняты. Мы даядалі піцу, так і не распачаўшы гаворкі. Урэшце Уладзя старанна выцер вусны, адпіў соку і ціха прамовіў:
– Я вось разумею, што тыя дрэвы на могілках нечым вельмі значныя для фізіка. Але не разумею – чым? Не разумею, чаму яму так балюча стала.
– Запытайма заўтра? – на поўным сур'ёзе прапанаваў я.
– Я упэўнены, звычайны бзік, пасадзіў дрэва – вось і перажывае, – з асуджэннем выказаўся Юрась. – Якая розніца мёртвым, дзе яны ляжаць? Вунь у Амерыцы, бачылі ў фільмах: раўнюткія рады, аднолькавыя магілкі, невялічкія помнікі. Парадак, сістэма. А ў нас – хто на што здатны. Не памяць пра мёртвых шануюць, а адзін перад адным выхваляюцца: хто круцейшы, даражэйшы помнік паставіць, каб усіх здзівіць.
– Не без гэтага, – згадзілася з ім Ядвіся. – Але фізіку стала балюча не проста так.
Да нашага стала падышла афіцыянтка забраць брудны посуд, ля іншага стала тое самае рабіла яшчэ адна дзяўчына. «Нашая» павярнулася да тае і ўголас сказала:
– Я выклікаю міліцыю, што яшчэ рабіць? Ён п'яны зусім, нічога не цяміць, мычыць нешта. А гаспадар папярэдзіў. Ён заўтра мяне выкіне, калі нехта паскардзіцца.
Мы міжволі крадком агледзелі залу. Спінай да нас у дальнім куце, уткнуўшыся ілбом у складзеныя кулакі, сядзеў мужчына.
– Фізік!
Так, у куце быў наш Антось Сямёнавіч – Ядвіся не памылілася.
– І што рабіць? – спалохана спытаў Уладзя.
– Ну, не кідаць жа яго тут, – з асуджэннем, быццам мы ўжо менавіта так і рашылі – кінуць і пайсці, рэзка прамовіла Ядвіся.
– Як усё дастала, – уздыхнуў Юрась і ўзняўся з-за стала.
Антось Сямёнавіч сапраўды амаль нічога не цяміў. І калі ён так паспеў напіцца? Ён павёў асалавелым позіркам – і пазнаў нас нібыта. Пачаў мармытаць нешта невыразнае, кшталту: вось, мае вучні.
– Выведзем яго пакуль на вуліцу, там лаўка ёсць, можа, на свежым паветры трохі ачомаецца, – распарадзілася Ядвіся.
– Каб яшчэ ногі змог перастаўляць, – выказаў спадзяванне Юрась і загадаў мне: – Бярыся з таго боку, як я!
Што ж, досвед у Юрася быў.
На вуліцы прыкметна пашарэла.
– І што далей рабіць? – нервова спытаў у нас Юрась, калі мы даволі лёгка вывелі фізіка на вуліцу і пасадзілі на лаўку. – Дзе ён жыве? Дый грошай на таксоўку няма. тут кінем – яго аббяруць так, што босы прачнецца.
– Грошы ў яго самога можна паглядзець, – нясмела прапанаваў Уладзя. – І тэлефон зірнуць.
Я зразумеў, што мая чарга нешта рабіць, – і палез па кішэнях фізіка. Дастаў партманет і працягнуў Ядвісі. Тэлефон быў не заблакаваны паролем. – Што глядзець?
– Глядзі апошнія выклікі. Мо там маці ёсць. – падказаў Уладзя.
– Адно раніцай адзін званок быў – «Каханая». Тэліць?
– Тэлефануй!
Яшчэ ішоў выклік, а недзе ў падсвядомасці прагучалі словы, якія я чуў сёння, многія чулі, якія мусілі мне падказаць.
– Алё!
Як жа не пазнаць гэты нервовы, узбуджаны голас! Але ж не адключацца.
– Зінаіда Мартынаўна, выбачайце, калі ласка, гэта Кір. Вяргейчык гэта.
– Што здарылася?
Тут я зразумеў, колькі трывогі і болю можна ўкласці ў адно пытанне з двух слоў.
– Нічога не здарылася, – як мог, хутка адказаў я. – Вы не ведаеце адрас Антося Сямёнавіча? Ён. трошкі перапіў, мы не ведаем, дзе ён жыве, каб адвезці.
– Дзе вы, Кірыла?
Я назваў кавярню.
– Я хутка буду, пачакайце, калі ласка. Не кідайце яго!
Я адключыўся. Уладзя, Юрась, Ядвіся маўчалі і глядзелі так, быццам я толькі што гаварыў з прэзідэнтам ЗША.
– Можна было здагадацца яшчэ там, – пасля маўчання пацепнуў плячыма Юрась.
Мінула хвілін дзесяць у поўным маўчанні. Імкліва пад'ехала таксоўка, мы пабачылі там нашу Зіначку. Мы з Юрасём падхапілі пад рукі фізіка. Ён не ачуняў ніколькі – разабрала яшчэ горш, мы літаральна цягнулі яго да машыны. З Зіначкай намагаліся не сустракацца позіркамі.
– Дзякуй вам, – ціха сказала яна, калі мы пасадзілі фізіка на задняе сядзенне.
– Вам хто дапаможа яго дадому давесці? Там ёсць каму? – дзелавіта пацікавіўся Юрась.
– Не. Не ведаю, – разгубілася Зінаіда Мартынаўна.
– Тады мы праедземся, сядай, Кір, – Юрась плюхнуўся ў таксоўку.
– Вас таксоўка назад прывязе, хлопчыкі, – вінавата заспяшалася Зіначка.
– Тады пачакайце мо нас, – кінуў я Уладзю і Ядвісі.
Мы управіліся хутка, хвілін за дваццаць. Фізік жыў недалёка, на другім паверсе. Як выявілася – адзін. Ключы былі ў кішэні. Паклалі яго на канапу ў вялікім пакоі, амаль пустым, з мэблі адно і было, што гэтая канапа ды часопісны столік з вялікім старым тэлевізарам. Зіначка выйшла з намі, яшчэ раз падзякавала, разлічылася з таксістам.
Уладзя і Ядвіся чакалі нас.
– Усё норм, – даклаў Юрась. – Цела дастаўлена па адрасе і знаходзіцца ў спрыяльным для яго гарызантальным становішчы на мяккай канапе. Зіначка, думаю, паклапоціцца, каб ноч мінула спакойна. Спадзяюся, на гэтым наша місія дакладна завершаная? Калі шчыра, я стаміўся ад сённяшніх. адкрыццяў.
– Усе стаміліся, Юр, – уздыхнула Ядвіся.
Мы пайшлі, і перад тым, як развітацца з Ядвісяй, Уладзя запытаўся больш у яе, вядома, чым у нас усіх:
– Вось не разумею. Ён для яе – Антосік, вырвалася. Ды і бачна ж. Яна для яго – каханая. Па ўзросце падыходзяць. Абое самотныя. Што людзям яшчэ чакаць? Можа, праз гэтыя адносіны наша Зіначка такая?
– Не, не з-за іх, – задумалася Ядвіся. – У нашай Зіначкі нейкі іншы боль, мы пра яго не ведаем. Ды і навошта нам ведаць?
– Ага, менш ведаеш – лепш спіш, – пагадзіўся я.
– «Хто множыць веды, той множыць скруху», – не змог утрымацца Уладзя, каб не сказаць разумнае слоўца.
– Нават вялікія могуць памыляцца, – усміхнулася Ядвіся і нечакана выдала: – Сёння быў цудоўны дзень. Дзякуй вам і да панядзелка!
Заснуць я не мог доўга. Усё круцілася і круцілася ў галаве, думкі скакалі з аднаго эпізоду дня на другі і трэці, а я ўсё перабіраў, перабіраў падзеі, бо нешта выслізгвала са свядомасці, не давала за сябе ўчапіцца. А было яно важным, істотным. Пайшоў на кухню папіць вады. Каб курыў, дык бы сеў ля расчыненага акна. І тут ланцужок, звяно за звяном: фізік закурвае, Алег дастае яму цыгарэты. Алег! Вось яно! Не раздумваючы, схадзіў па тэлефон і набраў Ядвісю. Не стаў выбачацца, што час позні. Мы ж сябры, зразумее.
– Яся, слухай сюды. Вось Алег, якога ніхто ніколі не змог бы западозрыць у сімпатыі да настаўнікаў, раптам першы стаў на абарону фізіка. Хай неяк па-свойму, ён імкнуўся запужаць таго пузана, але ж ён не стаў чакаць падтрымкі, рушыў адзін. Дзіўна. Хто яму фізік? Ды ніхто ж. Настаўнік. Вораг амаль. І двоек Алег нямала адхапіў ад яго. Дык чаму – Алег?
Ядвіся маўчала. Уздыхнула.
– Кір, чаму ты думаеш, што я магу ведаць адказы на твае пытанні?
– А ў каго мне яшчэ спытаць? – сказаў я. – Уладзя не адкажа.
– Чаму ты так думаеш?
– Ну. думаю. Ва Уладзі – гатовыя веды, факты, даты, цытаты. Юрась усё праз сістэмы ды лічбы з мноствамі. А я – проста тупы.
– Ты на камплімент напрошваешся? – пацвеліла Ядвіся. – Не тупы, калі сам сабе такія пытанні задаеш. А я. я ж не ведаю, ці правільна думаю.
– Для мяне ты правільна думаеш, – упэўніў я яе.
– Ну, слухай тады. З іншага боку, Алег зрабіў тое, што і павінен быў зрабіць кожны. каб, да прыкладу, мы былі не вучні, а проста сябры.
– Але мы былі вучні, а Сямёнавіч – настаўнік.
– Тады. Тады я думаю, што бываюць такія моманты, калі не важна хто ёсць хто. І вось быў такі момант. Тут няма розніцы, вучань ты, ці ён настаўнік. Галоўнае – які ты чалавек.
– Крута! – гукнуў я. – Значыць, Алег не такі ўжо і благі.
– А хто яго ў благія запісаў? Ён табе зрабіў нешта дрэннае? – з заўважным асуджэннем запыталася Ядвіся.
– Ды. дзікі, на ўліку ў інспекцыі, яго баяцца.
– Ага, ваўкоў таксама ў лесе баяцца, і ўсе яны ўлічаныя інспекцыяй спецыяльнай, праўда ж?
– Праўда, – прымусова згадзіўся я. – Ты разумная, Яся! Дабранач!
Я ляжаў у ложку і думаў пра тое, што сказала Ядвіся пры развітанні: дзень быў добры. Факт, не самы благі.
6
Мяркую, ніводнага ўрока раней усе ў класе так не чакалі, як фізіку ў аўторак. Ну, наконт усіх я, можа, і загнуў, ды разумелі: фізік павінен нешта патлумачыць, значыць, калі каму і нецікава, можна сачкануць на халяву.
Ён і разумеў наша чаканне, таму не стаў гуляць у строгага настаўніка і тупых вучняў. Паклаў журнал на стол, падышоў да акна. Надвор'е было самае восеньскае – крапаў дробны дождж. Мокрыя шыбы, шэры двор, далей – шэры горад. Павярнуўся да нас, нечакана амаль весела ўсміхнуўся:
– Уяўляеце, некалі людзі і уявіць сабе не маглі існаванне электрычнага поля. Дарэчы, хто яго вынайшаў і калі? – ён хутка разгарнуў журнал, зірнуў у яго. – Не бачу лес рук. Вяргейчык, у цябе нешта слаба зусім, ну?
– Фарадэй, у дзевятнаццатым стагоддзі, – упэўнена паўтарыў я шэпт Уладзі ззаду. – Увёў тэрміны электрычнага і магнітнага палёў.
– Так, выдатна. Залічана. Людзі не здагадваліся пра існаванне гравітацыі. А існаванне гравітацыйных хваляў зусім нядаўна даказалі эксперыментальна. Хто даў свету формулу гравітацыі, і як яна запісваецца?
Вось так і пачаўся ўрок – Антось Сямёнавіч расказваў, задаваў пытанні, адначасова ставячы кропкі супраць прозвішчаў тых, хто даваў слушныя адказы (ну, дзве кропкі напрыканцы ўрока – добрая адзнака), і некуды вёў нас – мы адчувалі. Мы назвалі даты стварэння тэлефона і тэлебачання, успомнілі радыё і рэзананс.
– Значыць, электрамагнітная хваля распаўсюджваецца ў прасторы з хуткасцю святла. паводле якога закона?
– Паводле экспаненты, – прагучаў адказ з месца.
– Выдатна, Вільчакаў, а што тое азначае на простай мове?
– Ну. экспанента імкнецца да нуля, але ніколі яго не кранаецца.
– Вось бачыце. – фізік паставіў кропку супраць прозвішча вучня, працягнуў: – А нашы думкі – электрычныя імпульсы. Яны кволыя, але яны ёсць. Яны знікаюць у прасторы з хуткасцю святла. Але ж не знікаюць урэшце. І вось калі недзе за мільёны светавых гадоў адсюль ёсць такі прыёмнік, які можа прыняць такія імпульсы – усе і адразу, расшыфраваць іх – уяўляеце? Мы навучыліся расшыфроўваць гук і выяву, а іншае? Вось я прамаўляю перад вамі, мае думкі, мае эмоцыі і адчуванні цяпер – таксама імпульсы, вось я крануўся стала – пальцы адчулі дошку – паляцелі імпульсы. Хіба гэта не значыць, што ўся, абсалютна ўся інфармацыя пра кожнага з нас штосекундна разлятаецца ва ўсе бакі сусвету? А імпульсы не знікаюць – закон экспаненты. Дык недзе там, на Таў Кіта ёсць такі прыёмнік, на выхадзе якога хіба не мы ўсе? Цалкам жывыя, але ў іншай форме – хвалявай?
– Фантастыка, – упэўнена выказаўся Юрась.
– Ага, фантастыка, – лёгка пагадзіўся фізік. – Хто ў пятнаццатым стагоддзі паверыў бы ў тэлебачанне? Сённяшні смартфон на пачатку дваццатага стагоддзя быў не меншай фантастыкай, хіба не?
– І што з таго? – не адступаў Юрась.
– З таго? Ды тое, дарагі Юрась. Чалавек не знікае наогул. Сённяшняя, уяві, сённяшняя элементарная фізіка гэта даводзіць. А сённяшняя квантавая фізіка даводзіць тваю тэорыю матэматычнага прадказання будучыні, бо ў свеце элементарных часцінак выяўлены факты, калі будучыня ўплывае на сапраўднасць. Але, сябры мае, я вам не пра пекла хачу давесці, дзе на патэльнях будуць смажыць прагульшчыкаў урокаў фізікі. Я пра тое, што ў сусвеце мінулае звязана з сённяшнім, а сённяшняе – з будучыняй.
Фізік зноў адышоў да акна, памаўчаў, потым павярнуўся да нас – і твар яго быў ужо засяроджаны, сумны нават.
– Што робіць чалавека чалавекам? Чаму ёсць немцы, англічане, французы? Пра немца мы кажам – педант, пра англічаніна – пыхлівы, пра француза – рамантык. Чаму немец – немец, а паляк – паляк? – ён задаваў пытанні больш сам сабе, крышку памаўчаў і адказаў: – Бо існуе культура. Яна робіць з чалавека і немца, і француза, і беларуса. А культура – тыя самыя матэрыяльныя і нематэрыяльныя здабыткі, якія належаць аднаму народу, адной краіне. Мова найперш. Традыцыі. Традыцыі будаўніцтва і гуляння вяселляў. Традыцыя сустрэчы гасцей і заляцанняў да дзяўчат. Традыцыі дзяржаўных свят і пахаванняў. Ведаеце, беларусы – адна з тых нацый, якія з асаблівым трапятаннем ставяцца да сваіх продкаў. У нашым народным календары ажно некалькі дзён ушанавання памерлых. У нас найбольш багатыя звычаі, якія не змаглі вынішчыць і семдзесят гадоў савецкага ўладарання. Дык вось нашы могілкі – бы тыя гаёчкі, зялёныя выспы сярод палёў, зацішныя месцы – яны такімі затуляліся нашымі продкамі. Пытанне да нашага Уладзіслава: дзе знаходзяцца ў Беларусі самыя старыя дрэвы, некаторыя з якіх з'яўляюцца помнікамі прыроды?
– На могілках, зразумела ж, – з месца паціснуў плячыма Уладзя.
– А цяпер уявіце: іх там не будзе. Не, я не супраць парадку, і мне даспадобы амерыканскія могілкі – усё пад лінейку, усё аднолькава. Але ж гэта не проста іншая сістэма – гэта іншая культура. Не варожая нам, але цалкам чужая. Радуніцы ў тых самых амерыканцаў не існуе.
– Але навошта зразаюць усе дрэвы? – прагучала мо першае пытанне па тэме.
– У тым і рэч, – уздыхнуў фізік, каторы раз падышоў да акна, і цяпер ён маўчаў куды даўжэй, мабыць, думаў: казаць нам праўду ці не. – Наколькі мне вядома, па ўсёй краіне такая вось. праца ідзе. Могілкі перадаюць на баланс камунальнікаў. Кажуць, калі будзе адзін гаспадар, тады і будзе парадак. Канечне, чакаецца і плата за пахаванне. У бліжэйшай будучыні. Папаўненне бюджэту. А камунальнікі вырашылі прыбраць усе дрэвы. Ім так сапраўды прасцей, а заадно – дровы будуць, у нас жа, ведаеце, кірунак на выкарыстанне мясцовых відаў паліва, ад газу адмаўляемся, кацельні, як пасля вайны – на дровах...
– Гэта няправільна, – пачуўся голас Ромкі Макара. Фізік зірнуў на яго запытальна, падахвочваючы, і Ромка працягнуў: – Мой дзядзька ў гэтай сістэме працуе. Кажа, адна гігакалорыя цяпла з дроў у паўтара разы даражэй, калі б з газу атрымлівалі. А дроў бракуе, рэжуць, дзе могуць, усцяж дарог усё прыбралі, у гарадах сякуць.
– І то не ўся бяда, – ціха загаварыў фізік. – Кажуць, камунальнікі будуць парадак наводзіць. Значыць, знікне ў чалавека абавязак прыбіраць магілы сваіх родных. Вось у чым галоўная праблема: у чалавека забіраюць яго спрадвечны клопат пра магілы блізкіх. Гэта пачатак разбурэння адной з найгалоўнейшых беларускіх традыцый. А колькі падобных традыцый ужо падсечана пад корань? І кім жа мы станем без нашай культуры? Вось так, сябры. Такая фізіка. Вы не крыўдуйце на мяне, я разумею, што для вас сёння цяжка ўсвядоміць гэтую праблему, гэты боль. так, розумам вы, пэўна ж, усё зразумелі, але тут трошкі іншае патрэбна. Нейкі досвед. душэўны і жыццёвы. Можа, і досвед першай смерці блізкага чалавека, першых важных і балючых для вас хаўтур. А цяпер я шчыра дзякую ўсім вам за той дзень, прыношу вам прабачэнні за сваю нястрыманасць. Некаторым з вас – мая асаблівая ўдзячнасць і мае асаблівыя прабачэнні. Бярэмся за новую тэму!
– А пытанне можна адно?
Гэта Віктар Марыноўскі спытаў. З усмешкай.
– Канечне.
– Дык якая тады сувязь між вашай тэорыяй існавання хвалявага жыцця і косткамі ў глебе? Патлумачце.
Ён усміхаўся паблажліва, зусім не як вучань настаўніку, а як дасведчаны чалавек доўбню. Тое, што Віктар можа быць кампетэнтны ў многіх пытаннях, не навіна. Я ўжо казаў, бацькі яго – чыноўнікі ў выканкаме, то сёе-тое ён ведае добра.
– Не, Віктар, тут нічога звязваць у адзін вузел не буду, – адмовіўся ад тлумачэння фізік. – Ёсць рэчы, над якімі варта падумаць самім.
– Дык я і падумаў, – не збіраўся здавацца Віктар. – Калі існуе жыццё па-за гэтым жыццём, няма ніякага сэнсу ні ў якой культуры, ні, пагатоў, у нейкіх там магілах. Там – усяго толькі косткі. «Хай мерцвякі хаваюць мерцвякоў», – так, здаецца, было сказана?
Віктар адчуваў сябе пераможцам, ён не сумняваўся, што загнаў Антося Сямёнавіча ў лагічны тупік.
– Не, трошкі не так было ў Евангеллі ад Мацвея, – ніколькі не засмуціўся фізік. – Карыстацца Бібліяй варта асцярожна, фразы нельга вырываць з кантэксту, тым больш вольна іх інтэрпрэтаваць. «Ідзі за мной і дай мёртвым хаваць сваіх мерцвякоў.» – так гучыць у Мацвея, а Лука яшчэ дадае: «І прапаведуй Царства Божае». Адно з самых складаных месцаў у Евангеллі. Будзе час – можам паразмаўляць. Пакуль жа скажу, што ў нас, у беларусаў, колькі хрысціянскага, гэтулькі ж і паганскага, свайго, радавога. І што больш робіць нас людзьмі? Па мне – аднолькава абодва фактары. Але – да новай тэмы! Згодны, Віктар?
– Няхай так, – з усмешкай адказаў Віктар, але было бачна, што яго напышлівая перавага знікла, мабыць, ніяк не чакаў, што фізік не менш за яго ведае Біблію.
Мы не каментавалі на перапынку гэты ўрок фізікі, адно ў сталоўцы Юрась, калупнуўшы катлету, пачаў:
– Вось гэтая катлета і макарона – таксама традыцыйныя! Не чакаў.
– Чаго не чакаў? – насцярожыўся я, бо ў голасе Юрася гучаў насмешлівы халадок.
– Ды наш фізік – апазіцыянер.
– І што, не чалавек ужо? – натапырыўся я.
– Не кіпі, нічога я такога не казаў. Ну, насамрэч жа ніяк я асабіста не чакаў, – падаўся назад Юрась.
– Якая розніца, – як малых надакучлівых дзяцей суцішвала, загаварыла Ядвіся. – Не чорт жа лысы, чалавек. І яму баліць!
– А як мне не баліць, дык я не чалавек? – нечакана ціха спытаў Юрась з прыхаваным выклікам у голасе.
– Я такога не гаварыла. Фізік праўду мовіў: для таго, каб усвядоміць, трэба нейкі досвед мець...
– А ў цябе ён ёсць? – уставіў я свае пяць капеек.
– Ёсць, – без ценю крыўды ўздыхнула Ядвіся. – У вёсцы, дзе я нарадзілася, жыла мая бабуля. Я яе вельмі любіла, яна мяне ўзгадавала. Калі яе пахавалі, я колькі дзён з могілак не сыходзіла. Прыйду раніцай – і сяджу да вечара. Там. асаблівае месца. І калі тыя могілкі пачысцяць вось так, усё пад корань, для мяне гэта будзе. будзе балюча.
Памаўчалі. Тут да нас падышоў Ромка Макар.
– Шаноўнае спадарства, бачу, вы ўжо дапіваеце свой кампот, ці магу я выканаць за некага з вас ролю дзяжурнага і аднесці посуд на кухню і чысцютка выцерці ваш стол?
– Мала прагінаешся, ніжэй паспрабуй, ніжэй, – млява заўважыў Юрась і адкінуўся на спінку крэсла. – Прасі!
– Што такое? – Ядвіся запытальна ўзняла вочы.
– Не пужайся. Усё норм, – усміхнуўся я, заспакойваючы яе. – У нашага Ромкі нейкія траблы няпростыя, вось ён і вырашыў памаліцца ля нашага стала.
– Дапамагае? – акідваючы позіркам постаць Ромкі зверху ўніз, папрасіла ўдакладніць Ядвіся.
На Ромку варта паглядзець: чорны гарнітур і чорныя бліскучыя чаравікі, кашуля і гальштук заўжды ў тон. Год таму па яго просьбе, якая пачалася амаль гэтаксама, мы чысцілі двор нейкай бабулькі ад снегу. Ну, быццам БРСМ там праводзіць акцыю: «Ніводнай бабулькі – без чыстага надворку», ці яшчэ як. Дык вось, Ромка нас папрасіў – мы пашыбавалі. Я яго і пытаўся: на халеру табе? Гэты актыў школьны, БРСМ, гэтыя мерапрыемствы ліпавыя (бо ні я, ні Уладзя, які тады кідаў са мной снег, сябрамі БРСМ не былі). Дык вось, Ромка мне тады такое выдаў, што я яго запаважаў. Ён сказаў так:
– Чуеш. Я хачу кіраваць. Вось так. А чаму хачу? Бо хачу нешта змяніць. Мяне так бацька выхаваў: не плач, калі не так робяць, не так кіруюць – бяры і рабі сам, кіруй сам.
– Крута! – без смешачак згадзіўся я. – У прэзідэнты пойдзеш?
– Не гарантую, але буду імкнуцца.
Карацей, нехта мо і пасмяяўся б, а я дык Ромку ўспрыняў сур'ёзна. Мне ён падабаецца – да свайго ідзе настойліва, але ж не па галовах. Вось трэба яму нешта ад нас – ён і посуд гатовы занесці, і стол выцерці, пры гэтым годнасць сваю ніколечкі не губляе. І ведаю: шмат не папросіць. Таму кіўнуў яму ветла:
– Сядай, актывіст. Самі посуд занясём, тут тры кавалеры за адной дамай.
– У любым выпадку, з мяне – пачастунак. – Ромка змяніў тон, прыхапіў вольнае крэсла ад суседняга стала, сеў. – За гэтым сталом – адны з самых разумных галоў класа. То я да вас.
– Можна і да іншых разумных, – буркнуў Юрась, і я падумаў мо ўпершыню, што ён набівае сабе цану.
– А я і не спрачаюся, – лёгка згадзіўся Ромка. – Ды там розум паасобку, а вы – амаль каманда. Вы мне адно можаце дапамагчы.
– А трэба? – спытаў я.
– Трэба, Кір. – нечакана занурыўся Ромка. – Ведаеце, надакучыла даваць нейкія дзяжурныя справаздачы і аднастайныя водпісы. Хачу зрабіць хоць нешта, каб. ну, каб было сапраўднае! А яшчэ, вось прыкінуў, у нас жа столькі талентаў, такое можам замуціць!
– Давай прадметна, – паморшчыўся Юрась. – Званок неўзабаве.
– Прадметна казаць доўга. Застанемся на паўгадзіны пасля заняткаў у класе, а? Я ключы ў Зіначкі вазьму, яна ведае, дазволіць.
Мы пагадзіліся.
Пасля заняткаў у пустым класе Ромка выглядаў куды больш усхваляваным, чым у сталоўцы.
– Вось я калі падышоў да вас, далі вы згоду пагутарыць, і я падумаў: калі гэтулькі нас возьмецца, ну чаму мы будзем абы-што выдаваць, можна ж нешта рэальнае зрабіць, скрэатывіць, каб усім цікава было!
– Блін, ты надакучыў, – не ўтрымаўся Юрась, і я яму падтакнуў:
– Канкрэтызуй, а то пойдзем дахаты!
– Выбірай беларускае! – гаркнуў адчайна Ромка.
Наступіла цішыня, ўрэшце Уладзя, нешта для сябе вылічыўшы, падаў голас:
– Плакат?
– Песня. Ці прыпеўка. Ці відэафільм. Пяць хвілін. Ці дзесяць. Ці тры.
Я ўсё зразумеў і засмяяўся:
– Пайшоў ты, Макар, летась зняў нашу Віялету ў вясёлым строі, як яна так махае рукой – і завод пабудаваўся, яшчэ махае – Лядовы палац. Ну, якога хрэна тут крэатывіць – бяры Віялету і паўтары. Што там у нас пабудавалі? Во, новы гандлёвы комплекс! Дадай поле хлебнае, лінію завадскую...
Не, я ні кропелькі не здзекаваўся, я прапаноўваў выйсце. Чаго дарэмна тлуміць галаву? Напрацаваны сцэнар, кадраў добрых дарабіць – от і маеш відэафільм.
Я заўважыў, што і Юрась, і Уладзя падтрымліваюць мяне: зараз мы ўтрох уперыліся ў Ромку: якога ражна яму яшчэ?
– Ідзіце самі да д'ябла. – стомлена адказаў ён. – Гэта ж апошні год, у наступным – выпускаемся, ніхто грузіць не будзе. Ну. я вас прашу: прыдумаем нешта, а? Вось каб было. ну, не ідэолагам нашым, а ўсім хлопцам і дзяўчатам паглядзець. Хоць нешта сапраўднае пасля сябе і сабе пакінуць. Да Новага года здаць неабходна.
– Тады не пяцёра чалавек трэба задзейнічаць, а ці не ўвесь клас, – увайшоў урэшце ў прапанаваную ролю суаўтара Уладзя. – У кожным разе, чым большая ступень ахопленасці праектам такога кшталту, тым большы поспех.
– Так. – раздумваючы, працягнуў Юрась. – Карацей, зварганіць ролік на пяць хвілін на тэму, як нам добра жывецца?
– Не, не як добра жывецца, – цярпліва выправіў яго Ромка. – Тое ў мінулым годзе было. Цяпер тэма іншая: абіраем беларускае.
– Значыць – абіраем сваё, так? – нечакана гарэзліва, з агеньчыкам у вачах, загаварыла Ядвіся.
– Ну, можна і так сказаць – абіраем сваё, мы ж у сваёй краіне.
– Ну і выдатна! – прыжмурылася Ядвіся і выдала: – Хлопец шукае дзяўчыну і выбірае сваю!
– У вышыванцы! – імгненная думка пранеслася ў маёй галаве, рыхтык Ядвіся перадала яе мне.
– Крута! – падхапіўся з месца Уладзя: – Самая наша тэма!
– Лухта, скажуць, што мы звялі важную ідэалагічную тэму да ўзроўню дзіцячых заляцанняў, – паморшчыўся Юрась.
– Тады – нейкае падарожжа і вяртанне. Адпачынак!
– Відэарад розных пустэльняў і – у процівагу – нашыя лясы.
– Ага, у нас такі сэрвіс – пасмяяцца.
Мы прыдумвалі і абмяркоўвалі ідэю роліка з чвэрць гадзіны. Спрачаліся і крычалі так, што ў клас зазірнула спалоханая прыбіральшчыца, а потым зайшла і завуч Наталля Іванаўна.
– Што тут у вас?
– Ды вось. ідэю фільма абмяркоўваем, Наталля Іванаўна, – патлумачыў без боязі Макар. – На конкурс. Мы спыталі дазволу.
– А ўзровень шуму не абмяркоўвалі пры дамове?
Прыгожая ўсё ж жанчына нашая завуч. Цікава, я неяк раней параўнаў яе і сваю маці. І раптам прыйшла нечаканая думка, што Наталля Іванаўна. ну, яна жыве ў школе. Існуе ў школе. Яна, падалося мне тады, не можа быць маці, гаспадыняй. Хіба можна ўявіць яе, вось усю такую бездакорную знешне, ля пліты? Хіба яна, як мая маці, апранае дома трошкі лінялы халат, павязвае на сябе не самы новы фартух, пераступаючы (бо стамляюцца ногі), абрэзвае бульбу? Варыць суп, смажыць аладкі з яечняй? І вось ужо гады два мінула з таго майго параўнання, здаецца, я паразумнеў, а ўсё адно ніяк не магу уявіць сабе Наталлю Іванаўну ў нейкай іншай ролі, апрача ролі завуча. Дарэчы, класную, Зіначку, гэтаксама ўявіць цяжка, але ж
Наталлю Іванаўну – удвая цяжэй. Мо ў яе нейкі асаблівы дом? Асаблівы муж і асаблівыя дзеці? Дарэчы, мы ведаем, што сын і дачка нашага завуча вучацца ў суседняй школе. Дзіўна трошкі...
– А падкажыце нам, Наталля Іванаўна. – раптам вырвалася ў мяне.
Сам не ведаю, чаму я спытаў. І пра што пытацца? Чаму яна мусіць разумець нашы праблемы? Яна ж – завуч.
– Якую ты дапамогу чакаеш, Кірыла? – Наталля Іванаўна запыталася хутка, але з відавочнай разгубленасцю.
– Вось скажыце. Скажыце, у ваш час. – я ліхаманкава шукаў словы, каб не даць згубіцца той думцы, якая прамільгнула, заіскрылася, пачала знікаць, але, якая радасць! – успыхнула з новай сілай, і я выдыхнуў з палёгкай: цяпер не забуду. – Вось вы – дарослы чалавек, а калі былі такой, як мы, вы ж таксама выбіралі. ну, рознае выбіралі. Дык сёння, з вышыні свайго ўзросту, што б вы параілі самой сябе, той, шаснаццацігадовай: што выбраць? Не, не так трошкі, я блытаюся, выбачайце. абіраць многа даводзіцца. Дык вось. Які выбар самы галоўны? Самы-самы важкі? Які, як памылішся, за ўсё даражэй каштуе?
Чамусьці мне было трошкі няёмка глядзець у вочы сябрам. Я ж не пытаўся ў іх дазволу – мы самі павінны былі прыдумаць, а я тут палез па дапамогу да дарослага чалавека ды яшчэ завуча.
Усе сцішыліся. Наталля Іванаўна выцягнула крэсла ў праход, прысела і неяк стомлена ўздыхнула.
Я ўзняў на яе вочы. Яна па чарзе абводзіла нас позіркам – не сур'ёзным, не, а такім вось. клапатлівым ці што. Сумнаватым. Са светлымі агеньчыкамі, можа, – ад успамінаў?
– Дык вы пра гэта і спрачаецеся? – усміхнулася яна мякка і лагодна.
А ў душы нешта спявала і грала: я адчыніў скарбонку, а там – музыка і святло!
– Пра гэта, – уздыхнуў Ромка.
– Калі пра гэта. і так спрачаецеся, значыць, буду казаць вам праўду, – завяла гутарку з усмешкай у вачах Наталля Іванаўна. – Як педагогу, як завучу школы, мне б лепш было расказаць вам пра значнасць таго, што трэба добра здаць экзамены, пра далейшае абранне шляху, пошукі свайго месца ў жыцці, выбар прафесіі, ўрэшце. Але скажу, раз просіце, як жанчына і маці. Я правільна зразумела?
– Правільна.
– Так.
– Тады вось. Бывае цяжка, калі памылішся з выбарам прафесіі, працоўным месцам. Але гэта можна выправіць, і не бывае надта балюча. І ў кожны час мажліва зрабіць. А вось калі памылішся. калі абярэш не таго, з кім па жыцці ісці, – тады бывае надта балюча і вельмі цяжка. Яшчэ тое важна, што не адно табе баліць, а праз цябе – іншаму чалавеку, ды каб аднаму, бывае, у кругаверць уцягваецца шмат людзей, бывае – пакутуюць і дзеці. Вось так, сябры мае.
– Ага, а я вам казала! – выгукнула Ядвіся і зусім па-дзіцячы паказала нам язык. – Дзякуй вам, Наталля Іванаўна!
– Няма за што, – завуч устала, пайшла да дзвярэй, нямоцна стукаючы абцасамі туфелькаў. Азірнулася: – Калі падказала – буду ўсцешаная і разлічваю на першы прагляд. Дамовіліся, Макар?
– Няма праблем, Наталля Іванаўна! – згадзіўся на ўмову Ромка. – Атрымаецца – запросім на першы сумесны!
Завуч выйшла. Нейкі час мы маўчалі.
– Значыцца, хлопец шукае дзяўчыну і знаходзіць сваю... – пачаў Ромка.
– Беларусачку, – падхапіў я.
– Ён яе сустракае недзе ў натоўпе, выпадкова, запамінае твар. – стаў развіваць думку Уладзя.
– На поле жыта жне?
– Банальна! Хай ужо бялізну мые ля ракі.
– У супермаркеце выбірае каўбасу.
– У бібліятэцы!
– Зноў банальна.
– Чытае ў аўтобусе!!! А што – чытанне кнігі сёння – дзівосы!
– А як зняць?
– Пасля. Прыдумаем, намалюем. Добра, сустракае, губляе. шукае як?
– Ходзіць па горадзе. у твары зазірае.
– Ага, мо лепш па лесе?
– Па горадзе! Вось! Усю субкультуру вываліць! Ну, ідзе – тут скіны, там антыфа, тут гопнікі, там мажоры.
– Тут панкі, там – лесбіянкі.
Мы захапіліся, мы стваралі сваю гісторыю. Не ведаю, як так атрымалася, але напрыканцы, калі цалкам склаўся сюжэт, Ядвіся з захапленнем паглядзела на мяне і сказала:
– Кір! Ды ў цябе фантазія, бы ў пісьменніка! Усё так прыдумаў!
– Ды разам жа мы прыдумалі, – стаў аднеквацца я, але чаго хітрыць перад сабой – мне было прыемна, што Ядвіся заўважыла: вузлавыя моманты сюжэта прапанаваў насамрэч я.
– Эротыкі каб трошкі. – уставіў Уладзя.
Мы ўсе разам пераглянуліся.
– Ну, чаго вы вылупіліся? Ці я першакласнік і не павінен разумець, што пэўная эратычнасць вабіць? Вунь дзяўчынкі ў кароткіх спаднічках на сцэне. ці ў доўгіх, а як крутнецца, – спадніца ўздымаецца, ногі там. Гэта не эратычны момант хіба?
– А справу кажаш, – нечакана падтрымаў Ромка. – Эратычнасць можна ў той момант, дзе ён шукае, уставіць. Скажам, нейкая парачка цалуецца.
– Не, галоўная гераіня будзе мець такую рызіначку. Маленькую, пяшчотную і цнатлівую. Наш герой сустракае групу дзяўчат. на беразе ракі. Яны – у купальніках! – агучыў я сваю ідэю.








