412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерый Гапееў » Мая мілая ведзьма (СИ) » Текст книги (страница 6)
Мая мілая ведзьма (СИ)
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 18:00

Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"


Автор книги: Валерый Гапееў


Жанр:

   

Детская проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 14 страниц)

– Чакай, мы ж дамовіліся, што сустракаюцца ў аўтобусе, яна кнігу чытае, такі момант знакавы нельга пляжыць! – заўпарціўся Ромка.

– Норм будзе, мы гэты момант – яна чытае кнігу – адносім у канец! Фінал: дзяўчына ў вышыванцы чытае кнігу ў аўтобусе, і яе знаходзіць герой.

– Супер! – выгукнуў Ромка. – Заўтра Марго зробіць фотасесію і скажа, хто падыходзіць на якую ролю, ролю галоўнай гераіні. Але. Ядвіся, будзь ты, га? – нечакана папрасіў ён.

– Ромка, цябе Віялета запіша ў ворагі пад нумарам адзін, – сур'ёзна папярэдзіў я.

– Да д'ябла! – нечакана зазлаваў Ромка. – У яе твар бы ў лялькі, усмешка – штучная, захапленне – напускное, не твар. маска! Мне леташняга роліка да гэтай пары сорамна. Ядвіся!!!

– А Марго мяне забракуе, – усміхнулася дзяўчына.

– Не веру! Ты на відэа яшчэ прыгажэйшая будзеш, упэўнены.

– А каго мне ў героі? Хто мяне шукаць будзе?

Цяпер у словах Ядвісі прабілася дзявочая гуллівасць і сарамлівасць. Мне нават было прыемна заўважыць іх. Што ні кажы, а падабаецца дзяўчатам, калі іх называюць прыгожымі.

Ромка сур'ёзна задумаўся.

– Я хачу, каб то быў чалавек, на якога я магу пакласціся. А пакуль магу толькі вось на трох вас. Яшчэ на Юзіка, але з яго артыст не атрымаецца. Стась? Яму тэкст пісаць. Карацей, Кір! Ты прыдумаў, ты і герой.

– Я згодная, – адразу сказала Ядвіся, не даючы нікому запярэчыць, не чакаючы і маёй згоды. – Кір, хіба адмовішся? – і усміхнулася мне так, як не ўсміхалася ніколі. Самая звычайная ўсмешка, здаецца, а ў вачах. было нешта такое, ад чаго ў мяне раптоўна сціснулася горла, і я ўсяго кіўнуў, а потым па-блазенску пакланіўся.

Позна ўвечары я глядзеў першыя серыі новага сезона «Менталіста», а бачыў на экране толькі ўсмешку Ядвісі. Што яшчэ мне зрабіць такое, каб яна ўсміхнулася гэтак жа яшчэ хоць раз?

Назаўтра на першым жа перапынку Ромка не даў нікому выйсці з класа сваёй гучнай заявай:

– Увага! Будзем здымаць кіно! Запрашаем усіх ахвотных!

Загулі, закідалі пытаннямі.

Ромка счакаў хвіліну, даў хвалі апасці і пачаў дзелавіта і па тэме:

– Гэты відэафільм трэба прадставіць на конкурс. Асноўная і галоўная тэма: «Выбіраем беларускае». Спакойна, не крывіцца, я не скончыў. Сюжэт цалкам прадуманы. Ён такі: наш герой, такі хлопец у кашулівышыванцы, з паяском...

– У лапцях!

– Босы!

– З касой...

Ромка ўсміхнуўся ў адказ гэтым прапановам:

– У чым быць героям – усё прадумана ў сцэнары, хопіць крэатыву. Мне патрэбныя зараз толькі тэатральныя здольнасці. Я расказваю сюжэт, кожны можа абраць сваю ролю. Значыцца, наш герой ідзе берагам ракі ці возера і сустракае групу дзяўчат, у купальніках, зразумела. Такі момант эротыкі. У гэтую групу запрашаю ўсіх дзяўчат. Для сціпласці і ўтрымання ў рамках маралі дзяўчаты будуць паказаныя адно да пояса, далей – кусцікі там, ногі знізу да каленяў. Значыць, наш герой натыкаецца на дзяўчат, яны там вішчаць, кідаюцца ў яго.

– Гранатай!

– Усё, досыць! – строга загадаў Ромка ў адрас дасціпніка. – Кідаюцца ў яго там. розным. Наш герой бачыць усіх, але сустракае вочы адной. Успышка! Далей дзяўчаты разбягаюцца, пачынаюцца пошукі героем той самай дзяўчыны. Ён ходзіць вуліцамі, сустракае самыя розныя групы, тут запрашаю ўсіх паспрабаваць сябе ў розных ролях: хіпі, металісты-анархісты, гопнікі, карацей, уся субкультура, увесь трэш. Дазволена курыць, піць піва..

– Піва сапраўднае? Чыё?

– Сапраўднае, я прастаўляю. Але не больш як на тры дублі. Вельмі пажадана, каб яшчэ хто згадзіўся на ролю. э-э-э. прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, але тут разумею, таму як ужо атрымаецца. Значыць, наш герой ходзіць, зазірае ў вочы.

– Атрымлівае ў лыч.

– Так, і атрымлівае. Але недзе яго і запрашаюць, цягнуць да сябе. Урэшце знаходзіць гераіню, тую сваю дзяўчыну – яна ў аўтобусе чытае кнігу. Апранутая ў вышыванку, беларусачка як мае быць. Фініта ля камедыя. Ну?

І ўсталявалася цішыня.

Мабыць, гэтага Ромка не чакаў, таму і сам з хвіліну разгублена маўчаў. Нерашуча працягнуў:

– Здымаць будзе наша Марго. Тэкст піша Стась. Музыка – яго ж. Ну. за ўдзел у фільме ганарар не прадугледжаны, але ж здымачныя вечары нечым буду разнастайваць, фінішная вечарынка за мой лік.

– На маім лецішчы, – дадаў нечакана ўпэўнена Уладзя, хоць мы пра тое не дамаўляліся. – З шашлыкамі!

– Круць! Запішыце нас ў гопнікі! Тры дублі!

– А дзе здымаць?

– Прадумваем.

– І каго на ролю галоўных герояў?

Пытанне было зададзена з насмешлівым тонам, але з прыхаваным глыбокім сэнсам. Пыталася Таіса Гаравая, дзяўчына з атачэння Віялеты.

Ромка чакаў гэтага пытання.

– Сёння Марго зробіць фотасесію, папрацуе ўвечары – што каму пасуе найбольш. Але табе, Віялеце і іншым з вашага кола я хацеў прапанаваць ролю мажораў. Па сюжэце герой на вас натыкаецца, вы яго адганяеце, дэманструючы максімум эмоцый.

– Ромачка, ты мне прапануеш нейкую другарадную ролю? – падкрэслена-плаксіва працягнула Віялета. У класе захіхікалі і заціхлі.

Віялета сапраўды паводзіла сябе ў класе так, быццам у яе галава – ад лялькі-Барбі. Але за апошнія гады мы дакладна даведаліся, што гэта звычайная маска, насамрэч яна была дзяўчынай разумнай і хітрай. І бязлітаснай. Прынамсі, крыўдзіць Віялету ніхто не адважваўся. Міхал Вакульчык летась неяк абазваў яе пустадомкай, то назаўтра прыйшоў з сіняком пад вокам. Казаў, ля пад'езда чакалі трое. А каму і на каго паскардзішся? У Віялеты – грошы. А за грошы можна купіць усё.

Ромка зараз ішоў, бы той Матросаў, на амбразуру дота грудзьмі. Віялета колькі ўжо гадоў – прызнаная прыгажуня школы. Нават здымалася ў нейкім рэкламным роліку, праўда, не ведаем, хто каму плаціў – бацькі Віялеты рэжысёрам, ці ганарар атрымала Віялета. Напрыканцы мінулага года да нас прыязджаў нейкі надта важны чыноўнік, дык яму хлеб-соль на парог школы выносіла Віялета. Тут ніхто і не спрачаўся. Шчыра, дык Віялета тады ў доўгай сукенцы пад народны строй, з саламянай каронай на галаве выглядала вельмі эфектна. Хоць Ромка праўду кажа: усмешка ў Віялеты – бы грымаса, мёртвая, у вачах – стома і абыякавасць, а вусны расцягнутыя, далібог, пластычную аперацыю зрабілі. Усе адзначылі раней: калі Уладзя перасеў ад Віялеты да Юрася і на гэтым скончыў сваю ролю закаханага паўдурка, Віялета атрымала поўху. Хай сабе і не моцную, але ж пры ўсіх. Ды яшчэ тая сутычка яе з Ядвісяй. І вось цяпер.

– Роля галоўнай гераіні прапанаваная папярэдне мне, – нечакана ўзнялася са свайго месца Ядвіся, павяла плячыма, быццам на сцэне паказвалася. – Ты хочаш таксама паспрабаваць? Добра, тут і цяпер!

– Што? – на нейкі момант разгубілася Вілета. – А, разумею, Ромка адчуў зямлю пад нагамі. Глядзі, то ўсяго можа быць зэдлік, а ты сам пакуль з вяроўкай на шыі...

– Ты Ромку не чапай, – настырліва працягнула Ядвіся. – Табе зайшло ў вушы: першая сцэна – дзяўчыны ў купальніках. Памераемся зараз!

– З табой? – насмешліва працягнула Віялета і раптам рассмяялася, хоць і з'едліва, але і шчыра. – Ты сябе збоку бачыла, задрыпанка?

– А-а-а! Даеш стрыптыз! – залямантаваў Міхал Вакульчук, яго падтрымалі агагуканнем, і нават нехта свіснуў. А ён тым часам выцягнуў сваё крэсла, падштурхнуў свайго сябра, з якім разам сядзіць, Сержука Мігно: – Рассеўся! Уставай, дзеўкам п'едэсталы трэба!

Паперлі разам два крэслы да дошкі (ну, каб настаўніцкае не чапаць), паставілі, Міхал паляпаў, нібыта пыл выбіваючы:

– Прашу прыгажунек!

Ядвіся выйшла наперад без хвалявання, усміхнулася і падзякавала Міхалу з Сяргеем:

– Дзякуй, хлопчыкі! Яшчэ б газеціну пад ногі якую, бо падлога не блішчыць, панчошак шкада беленькіх. – Павярнулася да Віялеты, паглядзела амаль што са здекам: – Ну што, прыгажуня запісная, слабо? Чула, першая сцэна – у купальніках, як у трусах і станіках. Паехалі...

І раптам стала зразумела, што гэта – будзе! Будзе нешта надзвычайнае, чаго раней не было, чаго не мог ніхто ўявіць і ў думках. Пасля якога нешта зменіцца. у класе зменіцца, у жыцці некага...

– Гэй, на шухер хто да дзвярэй! У нас яшчэ пяць хвілін ёсць, ну? – дадала Ядвіся, і гэтым не ставіла кропку, а адчыняла шлюз, за якім – магутны напор вады, і тую плыню ўжо нічым нельга было стрымаць.

Да дзвярэй кінуўся Ромка, адчыніў, вызірнуў, прычыніў. Ён быў збялелы. Цалкам згублены кантроль над сітуацыяй яго палохаў. І адначасова вочы яго ззялі ліхаманкавым бляскам: нешта важнае для яго зараз магло вырашыцца.

– Вы звар'яцелі, дзяўчаты, – выдыхнуў ён, але не столькі спыняючы гэтым выдыхам дзею, а больш захоплена яе ўхвальваючы.

Унутры мяне ўсё сціснулася. Віялета была ў заўсёдных светлых джынсах у абцяжку, кофтачка, гэтаксама ў абліпку, падкрэслівала яе акруглыя плечы, акуратныя, для яе росту і камплекцыі, грудзі, адкрывала тонкую шыю. Бялявыя валасы – да плячэй. Міжволі параўноўваў яе з Ядвісяй: чорныя джынсы, шэры балахон, які хаваў пад сабой формы цела. Не, нічога прывабнага ў Ядвісі не бачылася, сваім някідкім тварам у аблямаванні цёмных валасоў яна не вылучалася. Толькі зараз я здзівіўся: навошта яна пагадзілася на ролю галоўнай гераіні, калі. калі такая нязграбная?

Віялета ўспыхнула. Крылы яе тонкага носіка затрымцелі – яна дыхала хутка і часта. Адступіць годна яна зараз не магла – ёй быў кінуты выклік, эшафот падрыхтаваны: два крэслы стаялі побач, Сяржук сцяліў газеты, каб стаць разутым. Амаль два дзясяткі пар вачэй неадрыўна сачылі за кожным яе рухам, за мімікай твару. З другога боку, Віялета нічога не губляла, бо вартасць яе выгляду ніколі нікім не ставілася пад сумнеў. Хіба што. Я ўспомніў ацэнку Юрася: непрапарцыянальныя ногі і трохі пляскаты азадак. Але ж хіба яны распрануцца? З глузду з'ехалі?

– Не баішся сваёй бялізнай спалохаць нашых хлопчыкаў? – са з'едлівым клопатам запыталася Віялета ў Ядвісі, а тая, усміхнуўшыся ў адказ з неменшай ядавітасцю, адпарыравала:

– Ты бойся напужаць іх сваім задам!

І раптоўна сбэрснула красоўкі, хутка расшпіліла і пацягнула долу джынсы.

Цнатлівай беллю засвяціліся ногі Ядвісі. Балахон быў доўгі, Ядвіся была бы ў кароценькай сукеначцы.

Усе стаялі, як паралюшам скутыя, выцягнуўшы галовы. Ні гуку.

Віялета нервова, з застылай усмешкай, што падціснула яе вусны, гэтаксама скінула красоўкі і пачала сцягваць джынсы.

Пачуўся нейкі рух у класе, адразу ж узняўся Алег, зірнуў у тым кірункку і сказаў пагрозліва:

– У каго ў руках тэлефон заўважу, выдзяру з рукамі і выкіну за акно. Без папярэджвання! – і застаўся стаяць тварам да ўсіх астатніх, не зважаючы на дзяўчат, здавалася, яго аднаго ніколечкі не цікавіла тое, што адбывалася за яго спінай – там распраналіся дзве аднакласніцы! У класе распраналіся, да трусоў!

Тым часам Віялета, авалодаўшы сабой, пераможна пазіраючы ў клас, стоячы ў трусах, марудна, па адной, расшпільвала гузікі кофтачкі. Яна зараз, было добра відаць, адчула сваю хвалю: яна была ў звычным для сябе цэнтры ўвагі. А што распрануцца. дык, калі падумаць, яе фоткі ў сеціве ў купальніках яшчэ якія вольныя. Віялета скінула кофтачку адным рухам, бы запраўская стрыптызёрка. Адначасова, чакаючы гэтага моманту, праз галаву скінула балахон разам з саколкай Ядвіся. І яны амаль разам ступілі на крэслы, ну, рыхтык усё рэпетавалі зараней.

– А-а-а-у-у-у! – урэшце прарвала цішыню шматгалосае захапленне.

А Ядвіся і Віялета ўдавана нехаця, з рэўнасцю ў вачах, сузіралі адна адну. Амаль аднолькавыя ростам, Божа, якія яны былі прыгожыя! Ніхто не здзівіўся фігуры Віялеты, бачылі ж фоткі, але ж Ядвіся. Яна выйгравала. Трошачкі даўжэйшыя ногі, трошкі акуратнейшыя сцёгны (у Віялеты яны былі пашыраныя з бакоў, як самі дзяўчаты кажуць, – галіфэ). Балахон адкрыў тое, што раней прыхоўваў: акрэсленую вузкую талію, ружовыя роўныя плечы, нейкую стромкасць усяго стану ўгару. Яна проста стаяла, не цягнулася ўверх, а выдавала на тое, што прыўзнялася і хоча ўзляцець.

Бялізна абедзвюх дзяўчат рэзала неміласэрна вочы беллю і блакітам, сузіранне яе падавалася страшным грахом. Камяк пад горлам стаў цвёрдым і шурпатым, ніяк не каўтаўся. Раптам засвярбелі вочы, я міргаў, цярпеў, мне было сорамна. Так, пякучы сорам заглушыў усё. Хоць што там было такога – стаялі дзве дзяўчыны у трусах і станіках, ну, хіба на пляжы ў купальніках яны б выглядалі іначай? Але ж. то купальнікі, а тут – бялізна, там возера, а тут клас. А бялізна – інтымнае, такое. І хай тая Віялета, але ж Ядвіся. Мне было нечага крыўдна і прыкра, што вось увесь клас бачыць яе. такую.

– Паварот! – раптам ахрыпла гукнуў нехта, і дзяўчаты падпарадкаваліся, павярнуліся.

І ў гэты момант мне ў вочы як пырснуў «зайчык» электразваркі.

У класе адышлі ад першага пераляку, і цяпер сапраўды ацэньвалі станы дзяўчат. Я пачуў, як захоплена загуў клас, як пачуліся прыглушаныя крыкі: «Ядзя форэва!». Недзе ў падсвядомасці яшчэ адзначыў, што нездарма: ззаду Віялета прайграе Ядвісі – Юрась меў рацыю, калі казаў пра азадак і караткаватыя ногі. Постаць Ядвісі выглядала куды больш зграбнейшай. Але ўсё – на заднім плане.

Таму што на першым плане быў матылёк.

Цёмна-ружовы, як намаляваны, на лапатцы Ядвісі, прыціснуты тонкай белай паскай станіка. Такая вялікая радзімка, якую можна было прыняць і за татуху, калі б не відавочная неахайнасць мастака: пара крылцаў была вострай, а другая – закругленай.

Я сеў.

Мяне ўжо не цікавіла, што там адбывалася далей. Вэрхал сціх са званком, Ядвіся села побач, усхваляваная, расчырванелая.

– Я табе не спадабалася? – паспрабавала яна пад'южыць, зірнула какетліва і нешта прачытала на маім твары, бо яе гуллівасць знікла. Запыталася занепакоена:

– Нешта здарылася?

– Матылёк прыляцеў, – ціха адказаў я.

Ядвіся глядзела мне ў вочы, а я не змог разабраць позірку – ці то клопат, ці то радасць, ці то недавер.

– Ты памятаеш?

– Ён сніцца мне ад таго самага дня. Часта. Я даганяю яго, але ён узлятае, і я падаю, падаю, падаю ў бяздонны роў, дзе цячэ неглыбокі ручай, і прачынаюся, калі бачу на дне кожны каменьчык асобна, і тварам кранаюся вады...

– Мы... пагаворым пра яго, добра? – папрасіла-паабяцала Ядвіся.

– Добра.

7

Падавалася, што наша задумка з фільмам разгорнецца, як і ўсе іншыя: напачатку бязладныя сходкізборы са спрэчкамі і крыкам, смешачкі-хіхіканне дзяўчат пад жартачкі хлопцаў на мяжы фолу. Ну, як і ранейшыя нашы прыгатаванні да нейкіх там абавязковых аглядаў ці штосьці падобнае. Ды выйшла ўсё іначай: Ромка Макар разгарнуў сапраўдную дзейнасць, пры гэтым без аніякіх агульных зборышчаў. За тыдзень ён разам з Марго абышлі кожнага, хто пагадзіўся быць акцёрам. Перамовіліся, Ромка уручыў колькі аркушаў з тэкстам. І мне такі дастаўся, ды не адзін – пяць! Ну, я ж галоўны герой. Сцэнар. Першы раз я такі бачыў: тут быў распісаны літаральна кожны мой крок, тое, як я павінен выглядаць у пэўныя моманты: дзе здзіўляцца, дзе абурацца, дзе засмучацца. Вось жа, умее Ромка, што ні кажы. Сапраўдны рэжысёр, вунь як да справы паставіўся. А я так умею? Ды і паводле сцэнару я – нехлямяжы хлопец, трошкі тупаваты, гэткі памяркоўны беларус.

Мне нечага не ставала ў гэтыя дні, я раптам пачаў адчуваць крыўду на самога сябе: што я рабіў дзесяць гадоў у школе? Чаго дасягнуў, чаму навучыўся? І чаму хачу навучыцца? Хай сабе Юрась уголас кажа, што не выбіраў, куды пойдзе і чым будзе займацца, ды яны ж з маці даўно ўсё абмеркавалі, тут і сумнявацца не будзеш. І Уладзя вунь вырашыў удзельнічаць у алімпіядзе па геаграфіі – як хвіліна вольная, ён у тэлефоне, вывучае розныя даведнікі. Нават у танчыкі я гуляць не люблю, а двое з нашых удзельнічалі летась ў гарадскіх спаборніцтвах па контр-страйку. За іх увесь клас перажываў. Не ўмею граць-спяваць-танчыць, не гуляю добра ў футбол-валейбол, не малюю, не пішу рэп, не фатаграфую. Не, не, не. Пра вучобу і казаць няма чаго. Каму я магу быць цікавы – такі вось шэры і ніякі, зусім ніякі?

Ядвіся, верагодна, заўважыла мой настрой, бо выдала проста, у лоб:

– З табой усё добра? Нейкі ты бы мехам прыплюснуты ходзіш. Мо сніцца нешта зноў?

Ранкам, пасля той сустрэчы ў мяне, Ядвіся спытала толькі, ці сніўся матылёк. Мы сядзелі адны за сталом, Юрася і Уладзі не было, і мяне за язык нехта пацягнуў сказаць дурніцу:

– Сніўся! Сказаў, каб я пацалаваў яго па-сапраўднаму.

Ядвіся зірнула так, што я пачырванеў, – насамрэч стала сорамна.

– Даруй.

– Не трэба болей брыду казаць ніколі, бо гэта – не тваё, – прымірэнча паўшчувала Ядвіся. – І цалавацца ты хіба ўмееш? – і ўсміхнулася задзірліва, па-сяброўску.

– Не умею, канечне, – спакойна прызнаўся я. – А ты ўмееш?

– Не ведаю, – нечакана пацепнула плячыма Ядвіся. – Ніхто не паспеў навучыць. І ты вось не ўмееш, а то б папрасіла па-сяброўску дапамагчы. Здолеў бы?

– Вядома, каб жа ўмеў! Мо мне на курсы якія запісацца, не ведаеш, ёсць у нас?

– А ты пагуглі – майстрыху на дом выкліч.

– Ідзі да д'ябла. Сама майстра выклікай.

Так скончылася адзіная размова, у якой мы ўспомнілі нашу гісторыю з той капальняй і матыльком. І больш не краналіся яе, бо яна. магла забрудзіцца ці змяніцца, раструшчыцца ўвогуле, калі яе кранацца лішні раз без дай прычыны.

Адказаць Ядвісі я не паспеў, падляцеў Ромка. Зрэшты, я быў удзячны яму, бо выварочваць сябе перад дзяўчынай у класе, сярод вэрхалу, ніякага жадання не было. Ромка сунуў мне ў рукі чарговы аркуш.

– Дружа, у цябе будзе яшчэ адна сцэна – з зэкам. Ён цябе будзе спакушаць, пакажа, як лёгка жывецца, калі ты па-над законам і людзьмі. Ты нібыта згаджаешся, потым кеміш што да чаго і адмаўляешся. Пры гэтым ён цябе спрабуе выхоўваць, застрашвае, але ты, хоць і пераляканы, вырываешся. Зразумеў?

– Зразумеў. чуеш, Ром, дзе ты навучыўся? Ну, такія вось сцэнары пісаць?

– А-а-а. Сакрэт фірмы! – замяўся крыху Ромка, але мы з Ядвісяй не адпускалі яго патрабавальнымі позіркамі, і ён няёмка прызнаўся: – Маці параіла падысці да аднаго рэжысёра ў ДК чыгуначнікаў. Тры вечары пасядзелі, тры бутэлькі дзядзька выжлукціў. Такі разумны! Думаю, ён бы мог зняць класны фільм! Ну, сапраўдны. Вось дараблю сцэнар дарэшты, панясу яму на канчатковую чытку.

Я мільгам глянуў у аркуш і залыпаў вачыма – ролю зэка выконваў Алег Харужы!

– Ого! – не утрымаў я свайго здзіўлення. – Алег вырашыў стаць артыстам? Як ты яго ўгаварыў?

Ромка маўчаў, пакусваючы вусны, потым ціха прамовіў:

– Я вам скажу, толькі каб ніякіх там далей. І папрашу. ну, каб самі былі адэкватныя з Алегам і іншых там прытрымалі, калі раптам што. Дарэчы, Ядзя, мы сцэнар крышку змянілі, як ты бачыла, калі паспела паглядзець, – табе гэтаксама давядзецца ісці па ўсіх групоўках. Ну, каб не адзін герой праходзіў праз выпрабаванні, але і ты. То і ў цябе ёсць сцэна з зэкам. І там пацалунак нахабны.

– Вытрымаем нахабны пацалунак, – заспакоіла Ромку Ядвіся, а мяне непрыемна кальнула недарэчнае пачуццё крыўды: вось жа, навучышся цалавацца цяпер. з іншым!

– Дык вось. – працягнуў Ромка, – Алег сам папрасіўся ўдзельнічаць, і ролю прапанаваў. І файна. Ён – каларытны, татух на руцэ намалюем. Спытаў невялікі ганарар. Але – ша, вельмі прашу.

Ша дык ша, няцяжка зразумець. Яшчэ адно муляла, і я запытаўся:

– Ромка. Гарэлка рэжысёру, ганарар Алегу. А дэкарацыі ж нейкія яшчэ. Грошы дзе бярэш?

Той зірнуў пільна, сумна ўсміхнуўся:

– Кір, навошта такія пытанні? Мая ідэя – мой клопат. Канечне, без грошай ніяк, але іх адшукаць не так цяжка. Вось з месцам здымак траблы. Пасля заняткаў збярэмся? Я яшчэ колькі чалавек папрашу застацца. Ёсць што абмазгаваць.

– Ідзі, Ромачка, збярэмся, – адпусціла яго Ядвіся, а мне кінула: – Мог бы і не пытацца пра грошы. Ці ты думаеш, яму іх БРСМ выпісвае?

Я прамаўчаў у адказ, каўтаючы пачуццё прыкрасці.

У некага ёсць ідэя. І ён ахвяруе гэтай ідэі свой час, свае нервы, выпрошвае на яе ў бацькоў грошы. Робіць справу. Чаму мяне нічога не цікавіць вось так?

У класе пасля заняткаў засталіся Ромка, Ядвіся, Марго, Стась, Сяржук, Юрась, Уладзя і я. Як і казаў нам Ромка, вялікія траблы былі з памяшканнем для здымак. Папярэдне Марго прапанавала здымацца ў якім-небудзь пакоі, каб адну сцяну цалкам выкарыстоўваць замест дэкарацый: скажам, тут мажоры тусуюцца – хуценька намалявалі (тое павінен Сяржук рабіць) кавярню ці хату, стол, прысмакі.

– У маёй бабулі меліся рабіць рамонт у кватэры. У вялікім пакоі сцяна паклееная шпалерамі, то мы б без праблем малявалі і замалёўвалі ўсё. І мэблі там няшмат, вынесі лішняе – і здымай. Ды бабуля захварэла, маці штовечар там, кропельніцы стаўляе, – са скрухай апавядаў Ромка.

– А чаму б не паспрабаваць зняць іначай? – нечакана важка пачаў Юрась. – Вы бачылі кліп адзін? Там у школе здымкі зробленыя, на падлозе. Выдатна глядзіцца, цікава і арыгінальна.

– Той кліп – процьма работы, – жорстка перапыніла яго Марго. – Там не кіно, а пакадравая здымка, далей ўсе кадры зводзяцца разам. Мы думалі пра такое – занадта доўга і рэквізітаў амаль нуль там, значыць, шмат маляваць у рэдактары. З мяне – невялікі мастак, Стась таксама не любіць корпацца. Мы вырашылі па-іншаму: звычайная здымка, але пры мантажы вырэзваем кадры – атрымаецца нешта ў стылі фільмаў Чапліна. будзе цікава.

– А калі на маім лецішчы? – прапанаваў Уладзя.

– За горадам. Калі б яшчэ аўто было, а так губляем шмат часу, – адмоўна пакруціў галавой Ромка. – Давайце, мазгавы штурм.

Аднак штурму не атрымалася, што мы маглі прапанаваць, кожны паасобку, бо ж бачылі: трэба памяшканне, вольнае па вечарах, наша, каб мы там былі гаспадарамі. У арэнду зняць нейкае? А грошы? Там у еўра за квадрат лічаць, дзе іх наеўрыць?

У клас зайшла Зіначка, спынілася на парозе, агледзела нас па чарзе.

– Я не перашкодзіла?

– Ды не, Зінаіда Мартынаўна, – пачціва адгукнуўся Ромка. – Няма тут чаму перашкаджаць...

– А чаму так сумна, ці можна даведацца?

– Нам бы памяшканне...

– Так. І на колькі?

– Ну. штовечар, тыдні на два.

– Ого. Гэта, я так зразумела, для здымак фільма?

– Правільна зразумелі, Зінаіда Мартынаўна, – уздыхнуў Ромка. – А, можа, мы наш класны пакой скарыстаем? Праўда, нам каб маляваць на сцяне можна было. Ну, і вэрхал жа будзе.

– Наўрад ці дазволяць. Але ж пачакайце, удакладнім, – Зіначка прайшла да стала, села. – Значыць, вам патрэбны адзін пакой, дзе будзе вольная для малюнкаў сцяна. Звычайны пакой у кватэры вас не задаволіць?

– Ды якраз і задаволіць! – горача запярэчыў Ромка, адчуўшы нейкую надзею для сябе і ўсіх нас.

Зіначка пасядзела з хвіліну засяроджаная, думаючы пра нешта, узважваючы – бо пакусвала не-

прыкметна вусны, а мы глядзелі на яе, як на чараўніцу, якая вось зараз можа ўстаць і сказаць: «У вас ёсць памяшканне». Класная не сказала гэтага, хоць узнялася з крэсла, але папрасіла пачакаць хвілінку і выйшла. Мы сядзелі ў поўнай цішыні хвілін дзесяць – пра што было размаўляць? Чакалі. Нарэшце на калідоры пачуліся крокі – ішлі двое. Ля нашых дзвярэй спыніліся. І ў клас першым зайшоў наш фізік, Антось Сямёнавіч.

Мы літаральна елі яго позіркамі, а ён, стрымана ўсміхаючыся, павітаўся з намі, акінуў усіх позіркам.

– Так, сябры мае. Тут Зінаіда Мартынаўна апісала мне вашу праблему. Так атрымалася, я меркаваў праз месяц пачаць рамонт кватэры, вялікі пакой цяпер амаль пусты. Як я разумею, вам патрабуецца час пасля заняткаў. Падыходзіць. Скажам, да шостай гадзіны вечара, ну, можаце і пазней затрымацца, калі мая прысутнасць вам не будзе перашкаджаць.

– Не будзе, не будзе, Антось Сямёнавіч! – радасць выперла ў Ромкі ягоны крык: – Ура! Будзе кіно!

І праз гадзіну мы былі ўжо на кватэры Антося Сямёнавіча. Ён дазволіў нам карыстацца кухняй (кава, гарбата), рыхтаваць вялікі пакой («агледзьцеся там самі»). Мы і агледзеліся – перасунулі часопісны столік да канапы, тэлевізар паставілі на падлогу – і адна вялікая сцяна, паклееная старымі шпалерамі, нявыцвілыя лапікі якіх нагадвалі пра колішнюю тут мэблю-сценку, была перад намі. Потым адны ездзілі з Марго да яе бацькі – бралі асвятляльныя прыборы, іншыя – у крамы – набылі колькі трубак розных шпалер: блакітных найперш, каб з іх зрабіць хвалі возера, у якім будуць купацца дзяўчаты, і зялёных – для кустоў. Сяржук ездзіў па фарбы, а Ядвіся прыбіралася ў пакоі.

Карацей, адбыўся нечаканы зрух: усё закруцілася, пачало нешта адбывацца. Дзіўна было назіраць, як кожны займаўся справай, рабіў сваё, нікому не перашкаджаў, а рухалася цалкам усё. Я зайздросціў Ромку: вось атрымалася ў яго, усё атрымалася, і далей будзе, як задумаў. Адзінае, што выклікала няўцямнасць, – Юрась не быў у ліку артыстаў. Здаецца, Ромка з Марго яму нічога і не прапаноўвалі. І нейкіх даручэнняў асабістых ён не меў, дапамагаў іншым. Але ж быў з намі.

У першы дзень здымак Ромка дазволіў прысутнічаць усім, хоць меліся пачаць адно сцэну купання ў возеры, а далей – паглядзім, атрымаецца – то і я буду задзейнічаны. Ды ж усім цікава было. Ромка адно папярэдзіў-папрасіў: ніякага вэрхалу, смешачак, слухацца яго, як дырэктарку. І каб на дзяўчат у купальніках не вырэчвалі вочы. Ну, і, канечне, ніякіх самастойных здымак тэлефонамі. Хваляваўся ён дарэмна: калі ці не ўвесь наш клас (пятнаццаць чалавек – столькі згадзілася удзельнічаць у фільме або дапамагаць у нейкіх справах) сабраўся ў кватэры, калі мы разам пабачылі падрыхтаваную «сцэну» для здымак, асвятляльныя прыборы, драбінкі з адмысловым сядзеннем для Марго, дык міжволі сцішыліся. А як пачалося. Вось цяпер я мог назіраць ролю Юрася – ён быў памочнікам рэжысёра ці неяк так. Марго здымала, а ён, трымаючы перад сабой поўны сцэнар, камандаваў героямі на сцэне: што каму рабіць, як рабіць.

У кватэры было холадна – ацяпленне яшчэ не ўключылі, а ноччу зубы ляскалі, нават калі пад тоўстую коўдру залезеш. Мы шчыльна (з дазволу Антося Сямёнавіча) занавесілі акно пакоя, каб яшчэ і нікога не пужаць магутнымі лямпамі асвятлення, і ад саміх лямп добра награвалася паветра, то дзяўчаты ў купальніках не павінны былі змерзнуць. Аднак яны, пераапрануўшыся на кухні, выходзілі ў наш здымачны пакой, дрыжачы і абдымаючы сябе за плечы. Гэта было незвычайна хвалюючым для ўсіх хлопцаў, не ведаю, чаму. Дзяўчаты ахвяравалі нечым. дзеля агульнай карысці. І тое адчувалі ўсе.

А потым пачалося! Двое хлопцаў тузалі лёгка палотны шпалераў – хвалі, яшчэ двое трымалі «кусты». Марго мяняла кропкі здымак, ёй дапамагалі пераносіць вялікі і цяжкі штатыў.

– Спалохаліся! Прыселі! – крычаў загадна Юрась – дзяўчаты паслухмяна вылуплівалі вочы, пішчалі і прысядалі. – Кідаем красоўкі! Кастусь! Лаві красоўкі і прынось назад, дзе ты там! Яшчэ кідаем! Па чарзе кожная! Стоп, адпачнём. Другі дубль, другая кропка, цяпер Ганулька і Наста ў цэнтры кадра! Буйны план, максімум шчырасці!

Гэта захапляльна! Нешта чароўнае было ў здымках, мы бачылі на сцэне зусім не тое, што, адчувалася, пазней паглядзім у кадрах. Вось асобна здымаецца, як ляціць красовак, – Кастусь кінуў яго ці не дзесяць разоў, а Марго лавіла палёт аб'ектывам. Вось Марго ляжыць на спіне, усе дзяўчаты над ёй, нахіліліся... па адной знікаюць з кадра, застаецца Ядвіся, якая схіляецца нізка-нізка, валасы кранаюцца аб'ектыва...

– Вочы! Позірк! Мне не падабаецца позірк, – стомлена кажа, лежачы на спіне, Марго. – Ну, Ядзя, ты на чалавека глядзіш, на яго вочы, а потым ён іх расплюшчвае – і ты яму ўсміхаешся. Ну, уяві, калі ласка. Яшчэ дубль!

А потым здымалі першую сцэну са мной. Напачатку хлопцы кідалі ў мяне дзявочыя красоўкі, потым буйным планам – як адзін трапляе ў галаву. Вось я ляжу на спіне, Марго здымае мяне зверху і загадваекрычыць:

– Лыпай вачыма! Ты бачыш пакуль адно неба. Потым – постаці, ты нічога не разумееш. Над табой нешта нахіляецца, такое цёмнае воблачка, ты разглядваеш-разглядваеш – гоп! Твар дзяўчыны, яе вочы! Пачынай! Неба! Дзе неба? Дайце мне неба асобна!

Марго падала на спіну, над ёй соўгалі блакітныя шпалеры з белымі намаляванымі плямамі. Потым – зноў яна ўставала нада мной і патрабавала ўявіць Ядвісін твар і яе вочы. Дзівачка! Мне не трэба было надта напінацца для гэтага. Я глядзеў у вялікі лупаты аб'ектыў і насамрэч бачыў перад сабой вочы Ядвісі, замілавана ўсміхаўся – мне можна было не саромецца нават самога сябе, бо так патрабуе сцэнар.

Мы не заўважалі, як бяжыць час, – усе так захапіліся. Хацелася яшчэ, хацелася больш, ды Ромка катэгарычна расцяў рукой паветра:

– На сёння – усё! Усім – проста вялізарны дзякуй. Крута, малайцы!

– А піва? – здаецца, Кастусь пакрыўджаным голасам прабляяў з кута.

– Зараз фізік прыйдзе. Ды й, выбачайце, як данясе хто. ну, з суседзяў, маўляў, на кватэры настаўніка яго ж вучні распіваюць спіртныя напоі. яно нам трэба? Па сцэнары будзе, тады абяцаю.

– Аднак адзначаць першы дзень здымак мы будзем! – нечакана рашуча, бы гаспадыня кватэры, заявіла Ядвіся. – Хлопчыкі, часопісны столік на сярэдзіну! Так. Ба-бам! Пірог у студыю!

Во ўжо чаго ніхто з нас, хлопцаў, ніяк не чакаў – чацвёра дзяўчат зніклі на кухні, а зараз выходзілі адтуль з падносамі: на адным быў вялізны румяны пірог, на другім і трэцім – пластыкаўкі, цукар, чайнік.

Ромка стаяў сярод пакоя разгублены і расчулены – ён ніяк не чакаў такой неспадзяванкі, і бачылася – яму прыкра: сам вось не даўмеўся да таго, каб купіць які торт. Дык жа хлопец, мы ўсе такія. Ядвіся ўзяла з падноса вялікі нож, пашукала вачыма, паклікала Алега:

– Нож, як і разразанне пірага на роўныя кавалкі, магу даверыць толькі найбольш дасведчанаму і спакойнаму, ураўнаважанаму чалавеку сярод нас!

Алег, беручы нож за тронкі, усміхнуўся.

Ён па-сапраўднаму ўсміхнуўся – і я бачыў яго ўсмешку мо першы раз за апошнія гады. Бо ў любым іншым выпадку ён хіба што шчэрыўся ці паблажліва пасмейваўся.

Калі ўсе з вясёлым узбуджэннем пачалі частавацца, Ядвіся зноў павысіла голас:

– Спадарства, прашу звярнуць увагу: вы зараз жуяце пірог з вішнёвым сочывам, які прыгатавала, яшчэ раз увага, Настачка Базан! Апладысменты!

І праўда ж, шчыра запляскалі ў ладкі. Больш ад здзіўленага захаплення. Бо Наста – наша шэраяшэрая мышка. Самая маленькая ростам з дзяўчат, дробненькая, ніяк не скажаш, што дзесяцікласніца. Хоць постаць ў яе выявілася зграбненькая – я прыкмеціў, яна была сярод дзяўчат у купальніках. Валасы светла-русыя, доўгія і радкавыя, твар дробненькі і нейкі бы птушыны: нос востры, з гарбінкай, вузкі, а крылы яго тонкія, трапяткія. Вочы вялікія і бесперапынна міргаюць. З ёй сустрэнешся позіркам, а яна ўжо сцялася ўся, у вачах – гатоўнасць прыняць невядомую віну і адначасова просьба: не чапайце. То хто яе чапаў? Так і прасядзела пераляканым верабейчыкам усе дзесяць класаў. А тут бач – і ў купальніку не засаромелася пакрасаваць, і на табе – такая гаспадынька, атрымліваецца. Яе гучна пачалі хваліць, прасілі яшчэ пячы, а яна – вось дзе дзіва – запунсавелася, але ж ніяк не хавала свайго позірку і адказвала хай сабе і стрымана, ціха, аднак упэўнена і такім мяккім, прыемным голасам: «Дзякуй. Я яшчэ спяку! Ешце на здароўе!».

Нешта і праўда адбылося з гэтым нашым кіно...

Елі пірог, запівалі гарбатай, нязлосна жартавалі, а калі ў дзвярах у вітальні зашчоўкаў замок, дык застылі с разяўленымі ратамі – зусім забыліся, дзе мы і ў чыёй кватэры. Фізік, Антось Сямёнавіч, павітаўся з намі ад парога, да яго адразу падбегла Ядвіся, пацягнула ў пакой пачаставаць пірагом. Было відаць, як настаўнік уразіўся, мабыць, ніяк не чакаў сустрэць у сваім пакоі пах печыва, а не піва ці цыгарэт.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю