Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"
Автор книги: Валерый Гапееў
Жанр:
Детская проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 14 страниц)
– Нашых антыфа ўчора затрымалі. Ноч у мянтоўцы былі! – сустрэў Юрась на парозе навіной.
– Хадзем на кухню, я там буцеры раблю, будзеш?
Уладзя сядзеў у кутку на канапе, бы спайманы на гарачым злодзей.
– Ты чаго калоцішся? – пакпіў я з яго. – Хіба цябе таксама лавілі, а ты ўцёк?
– Непрыемна. Хлопцаў шкада. – апраўдваўся Уладзя.
Нашы антыфа – Кастусь і Ігнат. Яны таксама больш у баку ад усіх іншых тусовак, а таксама ад класных і школьных спраў. Калі дзявяты клас заканчвалі, яны апошні месяц цалкам забілі на дырэктарку і яе загады адносна формы адзення – хадзілі на заняткі ў сваіх прыкідах. Хоць ведаем, што яны ў нашай школе такія смелыя, а ў іншы раён не сунуцца – перастрэнуць скінхеды, мала не здасца. У нашай школе скінаў няма, мо і ёсць якія, ды адкрыта не паказваюцца, бо антыфа ўсіх у школе чалавек дзесяць, хлопцы канкрэтныя, доўга не размаўляюць. Кастусь з Ігнатам уваходзяць і ў вялікую гарадскую групоўку, ездзяць на футбольныя матчы як балельшчыкі. Ну, а там іншы раз ці ля стадыёна, ці ў электрычках сутычкі здараюцца неслабыя. Нас у актавай зале збіраў неяк міліцэйскі маёр, пужаў адказнасцю ды іншым.
– А мы прычым? – па праўдзе кажучы, здзівіўся я. – Нам жа глыбока пофіг гэты футбол.
– Усе пры тым і ўсё пры справе, калі гаворка ідзе пра нефармальныя моладзевыя аб'яднанні, шаноўныя анархісты.
Гэта маці Юрася зайшла на кухню. У саколцы і шортах, худая, а ногі ў яе доўгія, рукі і шыя тонкія і гэтаксама доўгія. Такая вось. як высахлае дрэва. Відаць адразу, у каго Юрась удаўся. Павіталася, пачала запраўляць кававы аўтамат.
– Хто каву будзе? Ці ўсе гарбату?
– Я кавы хачу, – папрасіў я, хоць і не аматар гэтага напою. Мяне нешта адразу панесла наперарэз. Сабе і ўсяму.
Юрась тым часам нарабіў бутэрбродаў з сырам і каўбасой.
– Дык нашых выпусцілі? – парушыў я маўчанне.
– Выпусцілі пад раніцу. З вашай школы яшчэ траіх затрымалі, не ведаю, з якіх класаў. А з горада недзе пад паўсотню антыфа. Балельшчыкаў. Разборкі са скінамі ў электрычцы, потым выйшлі ўсе на прыпынку перад горадам, але там ужо чакала міліцыя. Здаецца, быў нават спецназ. Зараз усе класныя кіраўнікі старэйшых класаў пішуць справаздачы: дзе хто быў з іх вучняў апоўдні і да раніцы сённяшняга дня, – безэмацыйна расказвала Аліна Генадзьеўна.
– І што будзе? – не адставаў я.
– Тое і будзе. – маці Юрася зрабіла каву мне і сабе, спрактыкаваным вокам агледзела стол, палезла ў шафку і дастала вялікую плітку шакаладу, разгарнула яе і неахайна паламала на розныя кавалкі. – Частуйцеся.
Мы елі бутэрброды. Аліна Генадзьеўна па дробачцы адкусвала ад невялікага кавалка шакаладку.
– Так. Цяпер слухайце, – пачала яна. – З заўтрашняга дня ўсялякія вашы гульні ў анархію заканчваюцца. Ніякай атрыбутыкі звонку, ніякага выяўлення унутраных памкненняў. І тое, падкрэслю, тычыцца не толькі школы. Закідвайце падалей свае транты з анархіямі. Усё сур'ёзна і надоўга.
– Дык мы ж – анархісты, а не антыфа! – раззлаваўся я. Не, то не словы Юрасёвай маці так падзейнічалі. Сам Юрась! Ён ні кропелькі не здзівіўся словам маці, не абурыўся, ён заставаўся такім спакойным, нібыта гаворка ішла пра нейкую дробязь, насамрэч усяго пра нейкія малюнкі на саколках. Ведаю я, што маці для яго – найвышэйшы аўтарытэт, рыхтык – найвышэйшае бажаство. Вось Юрась казаў, пра будучыню сваю не думае. Сапраўды – у маці галава баліць. Яна неяк раней і раздумвала ўголас: куды сёння такую здольнасць да матэматыкі дзець, каб добрая аддача была? Ну, не ісці ж у інстытут, каб пасля навучання працаваць за капейкі! Сказала, найхутчэй Юрась пойдзе на праграміста ці яшчэ на каго, карацей, у IT-сферу. Дык Юрась нават і слова сваё не ўставіў, бы не яго тычылася. Ён не проста падпарадкоўваецца маці, ён слухае яе, як дзіця казку , – рот разявіўшы. Вось і цяпер – ён жа цалкам з усім згадзіўся! Што, яны ўжо ўсё абмеркаваліперацерлі?
Я не ўмею ў вачах хаваць сваіх пачуццяў, ды і не вучыўся. І цяпер Юрась усё дакладна прачытаў.
– Ну, і чаго ты вылупіўся? – цыкнуў ён на мяне, потым перавёў позірк на Уладзю, а той нешта пільна выглядваў на дне свайго кубка, і Юрась загаварыў некуды ўбок: – Пазабаўляліся – досыць.
– Пазабаўляліся? – выгукнуў я і запытаў са злосцю: – Дык для цябе гульня ўсё была? Гульня? І князя Крапоткіна чыталі, і Прудона – тое гульня была: хто больш слоў запомніць?
– Я не пра тое, – паморшчыўся Юрась. – Ты зразумей.
– Што разумець? Уладзя, скажы ты: твае перакананні, што ніякі чалавек не мае права ўмешвацца ў тваё жыццё – такая дзіцячая гульня? Ну?
– Не чапай ты Уладзю! – пачаў крычаць і Юрась. – Нашы перакананні тады добрыя, калі яны для нас. калі яны нам патрэбныя! Дазваляюць неяк вылучыцца з натоўпу, быць у нечым іншымі. Калі нам зручна з імі, тады яны нечага вартыя. А калі вось так – цягаць пачнуць, яно табе трэба? Дзеля прынцыпу будзеш цішотку з анархіяй нацягваць?
– І буду!
Наступіла цішыня. Дзіўна, але Аліна Генадзьеўна за гэты час не прамовіла ні слова, яна нават не глядзела ні на каго з нас, піла сабе каву, як тут і не было ніякага крыку. І толькі цяпер адставіла кубачак і пачала:
– Гульня ці не гульня – гэта справа дзясятая. Каб вам больш не біцца ілбамі, скажу так: мы вырастаем такімі, у якія гульні гуляемся ў дзяцінстве, юнацтве. гульні – найважнейшая рэч у фарміраванні асобы. Вось што, сябры. Я вам не як маці, а як старэйшы таварыш кажу: далёка не ўчора былі складзены спісы ўсіх, хто ўваходзіць у нефармальныя групоўкі. Хай тое не будзе для вас сакрэтам і навіной. Актыўнасць балельшчыкаў і антыфа дасягнула крытычнага ўзроўню, значыць, будуць рэпрэсіі, каб утаймаваць энергію.
– А мы пры чым? – не мог астыць я.
– Кірыла, паўтаруся: любыя нефармальныя аб'яднанні на ўліку, – цярпліва супакойвала мяне Юрасёва маці. – Між анархістамі і антыфа, па сутнасці, ёсць вялікая ідэалагічная розніца? Ну, тэарэтыкі?
– Вялікай няма, – няўпэўнена падаў голас Уладзя, не ўздымаючы галавы. – Мы – супраць любога гвалту і ціску чалавека над чалавекам, антыфа – супраць гвалту і ціску дзяржавы ці чалавека над чалавекам з прычыны, якую ён атрымаў у спадчыну, ці з нараджэннем.
– Вось бачыце. Па вялікім рахунку, вы выступаеце супраць любой дзяржаўнай машыны, антыфа – супраць любой аўтарытарнай, бо ў аўтарытарызме ці, глядзім далей, у таталітарызме, абавязкова будуць ускосныя прыкметы таго, супраць чаго выступае антыфа, – Аліна Генадзьеўна зрабіла красамоўны жэст рукамі, маўляў, што і патрабавалася давесці.
– Але ж, Аліна Генадзьеўна, я вось гэтага не разумею, – ўрэшце адарваў свой позірк ад донца кубка Уладзя, выпрастаўся. – Там жа, на стадыёнах ці ў электронах, бойкі між антыфа і нацыкамі, ну, скінамі. Дык чаго душаць антыфа і анархістаў, а скінхедаў амаль не чапаюць? Як затрымаюць – дык антыфа.
– Во-во, і ў школе колькі пужалі гэтымі антыфа, а пра скінхедаў маўчаць. На сайты іх гляньце – там рэальна ўсё нацызмам тхне! Атрыбутыка, прыкіды, дый не хаваюць яны сваіх поглядаў. «Славяне – вышэй за ўсіх!» – гэта рэальны нацызм, хіба не? А кнігі вы бачылі? «Мы – арыі! Вытокі Русі. Першая энцыклапедыя вышэйшай расы» – не нацызм? – выбухнуў я, успомніўшы сваё балючае пытанне, якое, па шчырасці, ні перад кім і не агучваў.
– Добрае пытанне, – нечакана згадзілася маці Юрася. – Добрае. вы ж хлопцы разумныя, пашукайце самі адказ. У чым прынцыповая розніца між вамі і скінхедамі?
– Ну вы даяце, параўноўваеце нас. – загарачыўся я, усхваляваны яшчэ і тым, што маё пытанне апынулася раптам значным у вачах разумнай жанчыны.
– Не параўноўваю, а прапаную знайсці прынцыповую розніцу.
– Ідэя, канечне, – адказаў за мяне Уладзя, і я пабачыў, што і яго раней мучыла гэта пытанне: чаму да скінаў усе паблажлівыя? Не думаць жа пра тое, што ў нас шануюць нацысцкія ідэі і групоўкі!
– Ідэя – зразумела, —згодна кіўнула Аліна Генадзьеўна. – Яшчэ шукайце. Што характарызуе кожнае аб'яднанне? Што павінна быць ва ўсяго жывога для існавання?
– Ідэя і форма?
– Малайчына, Уладзя. Ідэя і форма. Дык вось, пра форму. Розніца між скінамі і антыфа ёсць? Карацей, каб не зацягваць час: анархісты, антыфа не маюць упарадкаванай структуры. Скіны – маюць. Жорсткая цэнтралізацыя, яўны лідар, падпарадкаванне ніжэйшых вышэйшым. Што гэта дае? Кіруемасць. Цяпер зразумела? Такая структура трымаецца ўжо не адно на ідэі, але на дысцыпліне, абавязках. І чым далей, тым больш ідэя як асноўны фактар аб'яднання адыходзіць на задні план. Ідэя можа цяпер эвалюцыяніраваць. І ў сваім развіцці стацца зусім іншай. Зразумела, куды я вяду?
– Хочаце сказаць, скінаў у нас асабліва не чапаюць, бо іх можна падпарадкаваць? – нясмела запытаўся Уладзя.
– Вядома ж, – запэўніла Аліна Генадзьеўна. – Яны найперш падпарадкоўваюцца не ідэі, а свайму кіраўніку. Ён – лідар, бог і герой. Сёння ён сказаў адно, заўтра праз пэўныя абставіны ён будзе казаць іншае, тое, што запатрабуецца. Таму і такое стаўленне. Хай гуляюцца дзецюкі і дзеткі, абы вялікай шкоды не рабілі. Такая структура, зразумела, не выхоўвае вальнадумцаў. Яна выхоўвае падпарадкаванне. А вось вашы – выхоўваюць. Вальнадумства і непадпарадкаванне. Таму. Таму, паважаныя, час ікс надышоў – унікніце непрыемнасцей. Прытрымайце пакуль у сябе свае погляды.
– Пакуль? Мне цікава – дакуль? Да заканчэння школы? Да атрымання дыплома? Вось дакуль? Дакуль я не магу жыць і паводзіць сябе так, як лічу патрэбным і магчымым? – зноў усхадзіўся я. Хоць, зрэшты, я разумеў, чаму псіхую. Было крыўдна. Проста агідна.
– Атрымліваецца. – ціха пачаў Уладзя, зноў утаропіўшы позірк на донца пустога кубка, – атрымліваецца, што мы, вось мы з ідэяй роўнасці усіх людзей, іх правам на свабоды больш чужыя для дзяржавы, чым скінхеды?
– Не чужыя, – уздыхнула жанчына. – Больш небяспечныя. Бо вамі нельга кіраваць. А дакуль? Я не ведаю. Даводзіцца жыць у той рэальнасці, якая дадзена.
– Прыстасоўвацца? – з'едліва спытаўся я.
– А што ты хацеў? – ўзвіўся Юрась, яму не спадабалася, як я спрачаўся з ягонай маці. – Пакуль мы дзеці, дык нам яшчэ сёе-тое дазволена. Захочаш нармалёва жыць – будзеш прыстасоўвацца!
– А калі я не хачу?
– Прымусяць!
– Не сварыцеся, хлопцы, – паспрабавала суцішыць нас Аліна Генадзьеўна. – Гэта насамрэч жыццё. Атрымайце першы ўрок. Дамовіліся: ніякіх выклікаў. Будзьце разумныя.
Я падзякаваў за каву і пачаў збірацца дадому. Уладзя таксама пайшоў са мною. Юрась праводзіў нас да дзвярэй з трошкі вінаватым, але адначасова нейкім пераможным выглядам твару: ён дэманстраваў нам, што разумее нешта больш за нас, і то не яго віна, а наша бяда, што мы такія ўпартыя.
Мы маўчалі, потым Уладзя стаў распавядаць, бы самому сабе:
– Учора на лецішчы былі. Корпаліся на агародзе, потым бацька мяса гатаваў на мангале. Хораша так, ціха. Я спытаўся: ці могуць мне ключы даць, ну. вось у нядзелю наступную паедзем: ты, Юрась, Ядвіся, я. Вогнішча раскладзём, мяса насмажым.
– А што за свята ў нядзелю?
– А што, каб нармалёва пасядзець, нейкую дату пільнаваць? – уздыхнуў Уладзя. – Я вось, ведаеш, пра што там падумаў. ну, калі мы нешта не зрабілі, – дык усё незваротна, разумееш? Канечне, ты скажаш: дык жа час яшчэ будзе! Будзе, але ж будзе ўсё іншае. Карацей, вось.
– Нармальны такі пераход. Ад разгону антыфа да шашлыкоў, —трохі збянтэжыўся я.
– Ведаеш, Кір. Я вось думаю, што ў такіх пасядзелках ля вогнішча больш сэнсу, чым у нашых саколках з анархіямі. Дык згода? Маці дазволіла, бацька нам цалкам давярае, ніякіх пытанняў не будзе, мне і грошай дадуць на мяса.
– Слухай. – я зірнуў пільна на Уладзю. Ён выглядаў не проста задуменным, а вартым жалю, як чалавек, які і насамрэч нешта такое страціў, пра што шкадуй не шкадуй – назад не вернеш. Таму я не стаў пацвельваць: – Уладзя, без крыўды, мне незразумела: чаму ты хочаш на лецішча запрасіць мяне з Юрасём і Ядвісю, а не Віялету?
Ён паціснуў плячыма, зірнуў з кволай усмешкай:
– Вы – сябры, а Віялета – каханая... Ёй не такое трэба.
– А што ёй трэба? – я шчыра вылупіў вочы. – Уладзя, яна ж – жывы чалавек!
– Ты не разумееш, – са шкадаваннем прамовіў ён. – Каханая – гэта каханая.
– Цьфу на цябе, летуценнік, – без злосці вылаяўся я, ляпнуў Уладзю па плячы. – Дурань ты. Яшчэ які яна чалавек.
– Не пачынай, – скрывіўся Уладзя, мабыць, думаючы, што я пачну зноў даказваць, што Віялета
– фанабэрыстая і самазакаханая дурніца.
– Не буду, – усміхнуўся я.
Уздымаўся па лесвіцы ў кватэру і думаў, што вось зараз патэлефаную Ясі. Мне зусім не было страшна, хоць да сустрэчы ў кватэры Юрася я пра такое б і не падумаў. Нават не хваляваўся ніколькі, пачакаў, пакуль скончыцца першая серыя гудкоў (Ядвіся не брала тэлефон, я вырашыў – яна занятая, можа, у яе мокрыя рукі, мые-прыбірае), націснуў выклік яшчэ раз.
– Алё, слухаю!
У яе і сапраўды быў запыханы голас, значыць, не памыліўся.
– Яся, гэта Кір.
– А я пазнала. Нешта здарылася ці проста так?
Я не мог вызначыць па голасе: рада яна майму званку, дый тое не было цяпер важным.
– Яся, слухай. ты – нейкая іншая, я адчуваю.
– Ну, я ж сказала вам, што я – ведзьма.
– Няхай ведзьма, тым лепей. Слухай, ведзьма. Яся, калі пачнецца сапраўднае жыццё? Тое, калі можна будзе жыць, а не граць ролю – вучня, студэнта.
– А далей – ролю дысцыплінаванага работніка, закаханага, вернага мужа, адданага бацькі, – нечакана сур'ёзна, без аніякай падколкі працягнула Ядвіся, пачакала, паслухала маё маўчанне, уздыхнула і дадала: – Усё ўжо даўно пачалося, і ўсё даўно папраўдзе, Кір.
– Калі пачалося? – насамрэч здзівіўся я.
– Тады, калі ты першы раз адчуў сорам за нейкі свой учынак.
Я маўчаў, умомант адкінуты туды, у той дзень, калі дзіўны матылёк трапятаў крылцамі між рудых хвой. Ядвіся слухала маё маўчанне, чакала. Я ўздыхнуў, а больш – заглынуў паветра, якога пачало не ставаць.
– Зразумела. Уладзя кажа, што чалавек ад жывёліны адрозніваецца толькі адным: у чалавека ёсць сумленне.
– Я трошкі не пра тое, – ціха прамовіла Ядвіся.
– Ды я не тупы, – хмыкнуў я. – Зразумеў. А хочаш, праўду скажу?
– Якую?
Мне падалося, Ядвіся крышачку спалохалася. І я з палёгкай выдыхнуў, бо калі б яна сказала хоць з лёгкім ценем гуллівасці, далібог жа, ляпнуў бы ў адказ нешта пошлае. А так сказаў, пра што мроілася, пакуль клыпаў па лесвіцы:
– Вось ты сапраўдная. ну, такая, праўда. І калі б мне было зараз больш за васямнаццаць, каб многа гадоў было, і грошай шмат. я запрасіў бы цябе зараз у кавярню. Менавіта зараз. І пачаставаў шампанскім, ці што ты яшчэ любіш.
– Нармальная мара, Кір, – ціха і даверліва адказала Ядвіся. – Яна спраўдзіцца. Абяцаю.
– Тады пачакаем! – з незразумелым узрушэннем выгукнуў я і дадаў: – Дзякуй.
– За што?
– Што не пасмяялася.
– Табе дзякуй таксама.
– За што?
– Што даверыўся, дзівак.
– А-а-а. Бывай.
– Пакуль! Удачы!
Стала лёгка. Не, Ядвіся – сапраўдная. Хай яна і перакананая, што нейкая асаблівая, трошкі ў будучыню зазірнуць можа. Але ж шчыра думае, не прыкідваецца. Мне гэтага так не хапала цяпер. Я заўсёды быў упэўнены ў Юрасю. А сёння. Што ў ім сваё, а што – маці? А заўтра яго пераканаюць у нечым іншым. Крыўдна. Бач, як раптоўна стаў дарослым.
І яшчэ я думаў пра тое, што ў Юрася і Уладзі няма больш сяброў, хіба вось я. Ну, Уладзя яшчэ ля Віялеты трэцца, а вось Юрась жа нікога да сябе не падпускае. Ці ніхто не хоча падыходзіць? Калі падумаць, не сказаў бы, што Юрась некага яшчэ паважае, апрача мяне і Уладзі. Ну, і вось Ядвісі.
4
Не разумею, навошта ў школах трымаюць настаўнікаў-пенсіянераў? Наш гісторык – год як пенсіянер. Ведаем, што ён надта заслужаны, увесь такі ўзнагароджаны. Што праўда, ведаў у яго ага колькі, выкладае гісторыю цікава, запамінаюцца ў яго нават даты. Але ж ён, акрамя гісторыі, лічыць сваім святым абавязкам зрабіць з нас «грамадзян сваёй краіны». «Мой доўг перад сабой і дзяржавай – выхаваць з вас патрыётаў» – на поўным сур'ёзе кажа, кожнае слова падкрэсліць.
Свае рэдкія сівыя валасы ён зачэсвае назад, яны ў яго заўсёды з выгляду мокрыя, рэдкія пасмы зліпаюцца. Твар трохі пакамечаны, як і яго заўсёдны светла-шэры гарнітур. Хіба ён спіць не распранаючыся? Ды яшчэ пасля добрай папойкі – у яго чырвоная скура, на шырокім качыным носе намаляваныя тонкія ніткі ліловых капіляраў. І на запалых шчоках такія ж. Вочы сядзяць глыбока, як у свінні, і вачніцы маленькія, круглыя. Ці не на кожным уроку ўхітраецца крапнуць нам на мазгі: вось у яго маленстве галадалі, камп'ютараў не ведалі, напачатку быў адзін тэлевізар на пад'езд. А такую краіну збудавалі! Так і хочацца спытаць: ну, пакажы той дом, дзе ты цагліны клаў?
Але ніхто супраць не пікне. Іван Мікалаевіч Штонда, так завуць нашага гісторыка, даўным даўно атрымаў сваю мянушку, мы тады ці не ў садку былі. І як выйшаў фільм «Сабачае сэрца», так і стаў Штонда Швондзерам. І мянушка хвастом прырасла. Бо так і ёсць: ён з выгляду бяскрыўдны і ціхі, голас рэдка павышае. А злапамятны які! У восьмым класе, калі ён пачаў у нас выкладаць, Алесь Мазько (цяпер ён з намі не вучыцца, выперлі пасля дзевяці класаў) напісаў на сшытку па гісторыі імя настаўніка: «Іван Мікалаевіч Швондзер». Дык можна паспрачацца, нехта з вучняў так і меркаваў, што Швондзер не мянушка, а менавіта прозвішча! Тым больш Алесь быў хлопец тармазнуты. Ну, і пабачыў Швондзер. І так чырвоны твар літаральна крывёю набрыняў. Сшытак ірваў – рукі трэсліся, сліна на бараду цякла. І сіпеў нешта невыразнае. Мы тады рэальна перапалохаліся
– Швондзера бы трасучка хапіла. З «двоек» Алесь не вылазіў увесь год, выклікаў цераз урок. Хлопец аднойчы не вытрымаў, пачаў правы качаць: што вы да мяне прычапіліся, як п'яны да плота? А Швондзер дакладную напісаў дырэктару: на ўроку вучань абазваў настаўніка п'яным.
Гісторыя ў панядзелак першым урокам. Нашы героі – антыфа Кастусь і Ігнат – стаялі ў куце класа і адшывалі позіркамі і кароткім цыканнем тых, хто намерваўся падысці. Дзіўна яны выглядалі без сваіх звычных балахонаў – у кашулях, швэдрах і штанах, а не джынсах.
Я не паслухаўся маці Юрася. І сваю таксама – ёй тэлефанавала класуха, яны размаўлялі мо з гадзіну, потым маці прыйшла і папрасіла адно:
– Сынок. будзь разумным.
– А я хачу быць чалавекам! – агрызнуўся я так, каб яна болей мяне не чапала.
І мама выйшла з пакоя. Таму сёння я, як заўсёды: саколка з анархіяй на мне. Мабыць, гэта дадало мне смеласці, і я пайшоў у кут да Ігната і Кастуся. Хлопцы зірнулі і працягнулі рукі. Мы стукнуліся кулакамі.
– Фігова? – спытаўся я.
– Вельмі, – шчыра прызнаўся Кастусь, цыганаваты на выгляд, у яго ўжо і вусы прабіваюцца.
– Лепш не трапляць, – крыва ўсміхнуўся і Ігнат. – Ад гумавай дубінкі боль адчуваецца па нарастальнай, праз гадзіну-дзве. Ты якой трасцы свецішся? Харэ геройстваваць, зараз у кабінеце дырэктарка распране. Як ты праскочыў?
– А яна там з дзяўчатамі разбіралася, – прызнаўся я, бо і насамрэч уваходзіў у школу пад «прыкрыццём» дзяўчынак у кароткіх спадніцах – пачакаў, пакуль некага з іх спыніць дырэктарка, якая пільнавала вучняў на ганку.
– Ага, здымі, – параіў і Кастусь. – Ці балахон зашпілі хоць.
– Замок зламаны.
– Я закалю шпількай, давай!
Ля нас стаяла Ядвіся.
– Прывітанне! – павіталася яна і дадала: – Не жартую, ідзі сядай, прыхаплю. Ты нейкі няўцямны, мабыць. Не разумееш, што не табе аднаму цяпер можа быць несалодка з-за тваёй упёртасці?
– Во, дай яму, Ядвіся, – усміхнуўся Кастусь.
Я падпарадкаваўся, пайшоў на сваё месца. Юрась сустрэў мяне позіркам, у якім адчувалася абвінавачванне:
– Чаго ты псіхуеш?
– Аб'еўся галубцамі, усю ноч панос ганяў, – абыякава кінуў я.
Я разумеў, што ранак пачаў не па правілах. Я не стаў чакаць Юрася, не зайшоў да Уладзі – ці не першы раз за гэтулькі гадоў. Я не ведаў, чаму так раблю, але рабіў, таму што хацеў зрабіць менавіта так. Сеў за стол, Ядвіся ў двух месцах прыхапіла крысы балахона шпількамі – вытрасла са свайго дзявочага рыдыкюльчыка. Якраз паспела да званка. І дзверы адразу ж расчыніліся – Швондзер ніколі не спазняўся на ўрок, ён загадзя выходзіў з настаўніцкай і зазвычай чакаў званок ля дзвярэй класа.
Можна было не сумнявацца, з чаго пачне Швондзер. Ён прывітаўся з намі кароткім «здрасце», паклаў на стол журнал і сваю нязменную за многія гады скураную папку. З хвіліну, у поўнай цішыні, хадзіў ад стала да акна, між радамі сталоў. Спыніўся за спінамі Ігната і Кастуся і свідраваў сваімі свінячымі вочкамі іх патыліцы.
Урэшце ён вярнуўся да свайго стала і сказаў:
– Сёння мы будзем размаўляць пра Радзіму. Бо, як паказалі апошнія падзеі, у вашых галовах праз гэты інтэрнэт назбіралася столькі варожай лухты, што іх тэрмінова, бы Гераклу канюшні, неабходна чысціць.
І ён пачаў. Як мы і чакалі – спачатку пра сваё галоднае дзяцінства, пра бацьку, які вярнуўся інвалідам з вайны, пра тое, як сам Швондзер паехаў паступаць вучыцца, маючы адны нагавіцы, дзве кашулі і пінжак, перашыты з бабулінай кацавейкі. І таму: «Вы павінныя. вам дадзена намі, старэйшым пакаленнем. мы ўсё зрабілі, каб вы жылі.» Ён, сёння незвычайна ўзбуджаны, як ніколі пафасны, нёс і нёс даўно чутае намі ад яго ж самога. Складвалася ўражанне, што ён і сам верыў у тое, пра што нам малоў: пра адважных да самазабыцця камсамольцаў на цаліне, якія хлеб не елі, а Радзіме давалі, пра БАМ і тых самых камсамольцаў з камуністамі, якія на руках пераносілі цяжэнныя рэйкі і дзяўблі кіркамі вечнамёрзлы грунт (быццам трактароў не было і бульдозераў, дурні!), пра асушэнне балот зноў жа аднымі рыдлёўкамі... А экскаватары чаго не выкарыстоўвалі? Ага, бо танкі кляпалі, ведаем. Ён казаў, як чытаў з кніжкі, – роўна, размерана, чаканіў кожнае слова, гучна набіраючы паветра перад новай тырадай. І не спатыкнуўся ж нідзе.
Яго нельга было не слухаць. Мы ведалі, што калі хоць аднаму з нас толькі паспрабаваць апусціць вочы долу ці павесці позіркам за акно, Швондзер імгненна спыніцца, падыдзе да цябе, загадае ўстаць, і ты прастаіш так, пакуль ён не дазволіць сесці, а то і да канца ўрока. Паскардзішся? Табе ж даражэй – загнобіць адзнакамі.
– Патрыятызм – тое пачуццё, якое грамадзяне нашай краіны мусяць усмоктваць з малаком маці, узрошчваць у дзіцячых садках, цэментаваць у школе. – вывальваў на нас сваю тэорыю Швондзер, але раптам спыніўся, палец да ілба прыставіў. Ведалі наперад: ён зараз, як у яго называецца, імправізуе – рыхтуецца задаць некаму з нас нечаканае пытанне. Так мовіць, элемент ажыўлення лекцыі.
– А што мы разумеем пад патрыятызмам? Што ёсць патрыятызм? – Гучна сам у сябе запытаўся Швондзер, ссунуў акуляры на лоб і пайшоў між радоў – выбіраў сабе ахвяру.
Ён спыніўся ля нас.
– На гэта пытанне нам паспрабуе адказаць новая вучаніца вашага класа. Зараз мы і даведаемся, з якім багажом ведаў прыйшла да нас гэта дзяўчына. Калі ласка, адказвай! – і ён настойліва крануўся пляча Ядвісі.
Ядвіся ўставала надта павольна для такога настаўніка, як Швондзер, і яго твар пачаў крывіцца, як ад кіслага. Ён прывык, каб ускоквалі.
– Патрыятызм. Патрыятызм – гэта апошні прытулак для нягоднікаў.
Яся! Што ты ляпнула!
Але я не крыкнуў, у класе ніхто не войкнуў. І так было ціха, а цяпер зрабілася – бы мерцвяка вынеслі.
Швондзер стаяў, быццам раптоўна працяты з патыліцы наскрозь вялізным цвіком: галаву ўскінуў, спіна выпрастаная, ногі разам. Ён застыў. Чырвань сыходзіла з твару не адразу, а кавалкамі. Там пляма белая прабілася, там. Зліваліся, раслі.
Маўчанне было невыносным.
Швондзер, нарэшце, сарваўся са свайго цвіка, ціха пайшоў да стала.
– Так. Ты – Ядвіга ЛялькО? – строга запытаўся ён, разгарнуўшы журнал.
– Не, Іван Мікалаевіч, маё прозвішча правільна гучыць як ЛЕлька, – нязмушана, як нічога і не здарылася, выправіла Ядвіся.
– Дык ты кажаш, што патрыятызм – для нягоднікаў? – гісторык уперыў свае круглыя вочкі ў Ядвісю, позіркам гатовы быў прасвідраваць дзірку ў яе грудзях.
– Не, я так не гаварыла. Я паўтарыла словы Льва Талстога: «Патрыятызм – апошні прытулак для нягоднікаў».
Паўза.
– Я. Не. Чытаў. Такіх. Слоў! – твар Швондзера імгненна зноў афарбаваўся ў чырвона-барвовы колер. – Калі ты мне іх не пакажаш у кніжцы, ты. ты.
Ён пачаў заікацца, але не паспеў прыдумаць патрэбнае катаванне для Ядвісі – з месца нечакана ўсхапіўся Уладзя. Стаў прама, і кожная клетачка яго цела была напятая – да дробнага дрыжання.
– Іван Мікалаевіч, дазвольце патлумачыць! – і, не чакаючы дазволу ад гісторыка, які ў гэта імгненне разгубіўся, хутка прадоўжыў: – Словы пра тое, што патрыятызм ёсць апошні прытулак для нягодніка, упершыню сказаў англійскі літаратурны крытык Самюэль Джонсан. Ён іх казаў у тым сэнсе, што і самы апошні нягоднік можа знайсці сабе апраўданне ў грамадстве, калі зробіцца сапраўдным патрыётам. А ўжо Леў Талстой пераказаў словы Джонсана, але з трошкі іншым сэнсам. Вось.
– Вось! – гісторык авалодаў сабой. – Ты сядзь, у цябе ніхто не прасіў тлумачэнняў. Для нас галоўнае тое, што вось гэта маладая асоба, якой дзяржава дала магчымасць бясплатна атрымаць адукацыю.
– Мая маці працуе і плаціць падаткі! З гэтых падаткаў і складаецца заробак настаўнікаў! – нечакана рэзка выдала Ядвіся.
Я глядзеў на яе. Якая яна была прыгожая! Крылцы носа трапяталі ад кожнага ўздыху, яна глядзела наперад, проста ў вочы Швондзеру. Яна не баялася яго! Ні каліва! Хоць ёй было страшна – пальцы рук пабялелі, вусны напружыліся, і куточкі іх падрыгвалі. Мне нясцерпна хацелася зараз стаць побач з ёй, сказаць нешта разумнае, асадзіць Швондзера, але я не ведаў – што сказаць.
А гісторык зноў пачаў бялець, наблізіўся да Ядвісі.
– Хто дазволіў табе перапыняць старэйшых, настаўнікаў?! – засіпеў ён. – Сядзь і слухай! – ужо крыкнуў ён і працягнуў, калі Ядвіся села: – Патрыятызм – тое, што робіць з чалавека грамадзяніна. Тое, на чым трымаецца дзяржава. Патрыятызм – гэта з усяго магчымага абіраць роднае, сваё!
– «Купляйце беларускае», – нечакана гучна вырвалася з мяне хоць нешта. І атрымалася – ляпнуў дрэнь.
– Менавіта так! – аж узрадаваўся Швондзер з маёй падказкі. – Купляйце сваё! Падтрымлівайце сваю эканоміку! Сваю дзяржаву і сваю краіну! Зразумела табе, юная лэдзі? – нечакана ён схіліўся да Ядвісі, ледзь не пырснуўшы слінай у яе твар.
– Зразумела, Іван Мікалаевіч, – Ядвіся ўзнялася з месца, адказала, як бы і вінавацячыся, але і я, і ўсе навокал адчулі, што зараз яна зноў нешта выдасць. – Я вось адно не разумею, патлумачце, калі ласка. У вас тэлефон ёсць?
– Ёсць, – мармытнуў гісторык, яшчэ не ведаючы, як паставіцца цяпер да гэтай настырлівай вучаніцы.
– А ён у вас чыёй вытворчасці? Беларускай? А тэлевізар дома з вялікім экранам? Беларускі? А камп'ютар?
– Гэта дэмагогія! – заравеў Швондзер. – Мы гэтулькі вытрывалі ў вайну, мы мусілі самі падымацца, адбудоўваць народную гаспадарку, у той час як сусветны імперыялізм даваў грошы ўсялякім Германіям, каб тыя хутчэй аднаўляліся. Мы жылі сярод ворагаў і мусілі бараніцца, нам трэба было выдаткоўваць шмат рэсурсаў на абарону сябе! Мы і сёння мусім трымаць немаленькую армію.
– А яна ў Еўропу хоча, – кінуў з'едліва Віктар Марыноўскі.
Швондзеру прыйшлася да душы і гэта падказка.
– Уся атрута для моладзі сёння канцэнтруецца ў Еўропе! Геі, лесбіянкі, аднаполыя шлюбы, усёдазволенасць – вось да чаго прыйшлі! Яны жадаюць аднаго – засяліць у нас распусту, каб моладзь згубіла апошнія маральныя арыенціры! Еўропа – рассаднік маральнага раскладу! Для моладзі наша дзяржава стварыла ўсе ўмовы для таго, каб жыць, працаваць і прыносіць карысць сваёй Радзіме тут, нараджаць і гадаваць дзяцей, для чаго будуюцца новыя сучасныя бальніцы, адчыняюцца светлыя дзіцячыя садкі, ёсць мацярынскі капітал.
– І менавіта таму ваш сын вывучыўся і зараз працуе ў Варшаве, а дачка – у Германіі!
Ядвіся выгукнула словы не з абвінавачваннем – з адчаем, у якім адчуваліся блізкія слёзы.
Швондзер спатыкнуўся і замёр.
Гэта не было таямніцай для школы – ён і раней у нас, і сёлета паспеў пахваліцца: ягоныя дзеці такія высокаадукаваныя, так добра ён іх выхаваў, што іх запрасілі працаваць у нямецкую фірму і польскую бальніцу. Ён ніяк не думаў, што яго гонар можа быць скарыстаны супраць яго самога.
Ён хапаў паветра ротам, як рыба ў каламутным магазінным акварыуме, але урэшце авалодаў сабой:
– Ты, кажучы мовай сацыялогіі – недаразвіты кавалачак соцыуму, у тваіх мазгах – адно каша з агітак Захаду! Ты не адчуваеш ні ўдзячнасці, ні павагі да тых, хто працаваў дзеля цябе! Вось дзе корань зла!
...Ядвіся стаяла. Швондзер хадзіў вакол свайго стала і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Усім было зразумела, што яму не знайсці ніякіх слоў супраць праўды, якую агучыла Ядвіся, але ён не мог змірыцца з гэтым, і больш для сябе, здаецца, шукаў новыя і новыя довады сваёй нібыта ісціны апошняй інстанцыі, ужо непрыхавана здзекаваўся з Ядвісі.
Потым ён дазволіў ёй сесці, але не спыніўся: у яго другое дыханне адкрылася ці што. Сеў на іншага свайго ўлюбёнага канька – на мараль. І зноў пачаў ад свайго дзяцінства, нейкага ражна распавядаў пра вароты, якія дзёгцем шмаравалі вяскоўцы, калі даведваліся, што ў гэтым двары жыве дзяўчына вольных паводзін. І вось не скажаш, што ён Ядвісю ў нечым такім вінаваціў, а так паралелі праводзіў, такія намёкі рабіў, нібыта яна стала найвядомейшай прастытуткай горада, а ўсё праз тое, што, канечне ж, не любіць сваю Радзіму і не разумее, якой удзячнай яна мусіць быць ветэранам Вялікай Айчыннай.
Ядвіся сядзела чырвоная, як вараны рак. Яна не чакала, што яе пачне гнобіць дарослы чалавек. Ды каб адно гэта – клас ажывіўся, нехта пачаў хіхікаць з асобных «жартачак» Швондзера, а той, падахвочаны такой увагай, – папраўдзе ж пачалі з цікавасцю слухаць (хто нам пра тыя вароты ў дзёгці раней апавядаў?) – вышукваў новыя доказы сваёй праўды: ад Еўропы ўсе беды, распуста і жыццю трындзец!
Усе позіркі, зразумела, былі скіраваны на Ядвісю. Я успомніў, як Уладзя некалі казаў, што для людзей наймацнейшае відовішча – смерць. Як забіваюць. Цягне іх магнітам. А калі маральна забіваюць – якая розніца? Вось і цікуюць, ім цікава, цэлы спектакль, іх фінал вабіць: давядзе Швондзер да слёз Ядвісю, ці яна выскачыць з класа?
Калі ты высунуўся, калі паказаў нешта сваё, адрознае ад іншых, – будзь гатовы да зайздрасці, кпінаў, падножак. Тут кожны хоча стаць хоць некім, шэрая маса, бы тая вадзяністая каша ў каструлі, прыўздымаецца, пыхкае бурбалкамі, ападае, зноў надзімаецца ў іншым месцы – і так, безупынна, пыхкаюць бурбалкі. Бач, Ядвіся надумалася пабыць прынцыповай, смеласці набралася. Ага! Ты адна крывішся ад лухты Швондзера, адна такая разумніца, ведаеш пра тэлефоны і тое, дзе зараз дзеці гісторыка? Усе ведаюць, але ж во церпяць. А калі ты вырашыла пакрасавацца перад усімі сваёй прынцыповасцю – дык і атрымлівай!
Я ведаў, што так думае большасць з нас, і ў самога мільгала думка: чаго ты выстаўляешся, самая разумная? Але ў гэтым цкаванні Ядвісі – яўным з боку настаўніка і ціхім, якое праяўлялася ў задаволеных усмешачках з боку вучняў, – смярдзела ганебным збіццём адной натоўпам. Вось яе прывязалі да слупа, аголеную, на плошчы – і цяпер чытаецца прысуд, і ўсе ажно млеюць ад чакання таго моманту, калі ўрэшце запалае касцёр пад слупком і ахвяра пачне курчыцца і прасіць літасці і даравання, адрачэцца ад сваіх слоў.








