412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерый Гапееў » Мая мілая ведзьма (СИ) » Текст книги (страница 13)
Мая мілая ведзьма (СИ)
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 18:00

Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"


Автор книги: Валерый Гапееў


Жанр:

   

Детская проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 14 страниц)

...Далібог, я не пазнаў Васіля Матыля. Значна маладзейшы, чысты твар, глыбокі позірк сумных вачэй, у якіх адбіваўся розум і выхаванне. Ён працягнуў руку, як даўняму знаёмаму.

– Я тут, пакуль чакаў, нагледзеў непадалёк кавярню прыстойную, праўда, трошкі прайсці, затое там няма вакзальнай публікі.

Я пагадзіўся. Мы сядзелі ў невялікай кавярні, у падвальным памяшканні дома, якое знутры гаспадары паспрабавалі замаскіраваць пад карабельны кубрык ці палубу невялікага карабля: ванты з вяровак, штурвал на сцяне і сам бармен у цяльняшцы. Замест вокнаў былі намаляваны ілюмінатары з відамі на марскую далеч. Я адмаўляўся, але Матыль угаварыў і замовіў гарачае: мяса і смажаную бульбу. У сваю чаргу я папрасіў, каб ён не выкаў, – мне было няёмка чуць такі зварот дарослага чалавека да сябе.

– Піва не прапаноўваю. І сам не буду, бо завязаў, вось, – ціха апраўдваўся ён. – Квас? Сок? А потым – гарбата ці кава?

– Сок і гарбата.

Мы елі амаль моўчкі, адно Матыль задаваў іншы раз неабавязковыя пытанні: у якім класе вучуся, куды пайду далей, ці даўно пішу.

– Першы раз напісаў, – усміхнуўшыся, прызнаўся я.

– Першы? – ён здзівіўся па-сапраўднаму. – Ну, хлопча, не ведаю: азарэнне на цябе асаблівае найшло. Альбо ў цябе талент. У азарэнне без таленту я не веру. Значыць, табе нельга не пісаць.

– Чаму? – у сваю чаргу здзівіўся я.

– Бо талент даецца не ўсім. І даецца звыш. Даецца з той мэтай, каб ім дзяліліся. Ты проста не маеш права хаваць ад людзей Божы падарунак, – вельмі сур'ёзна зазначыў Матыль. – Таму спрабуй далей. Твой тэкст. Рука не ўздымаецца яго правіць, я мог бы паказаць у любым іншым памылкі ці заганы нейкія. Яны ёсць, у кожнага яны ёсць, з боку заўсёды прасцей пабачыць. Як маці і яе дзіця: толькі чужыя бачаць недасканаласці, а для маці ўсё люба. Пішы, дасылай мне на электронную пошту, дапамагу.

– Пра што пісаць? – паціснуў я плячыма.

– Што на душы.

Прынеслі гарбату і каву. Матыль не кранаўся свайго кубка, разглядаў сурвэтку на стале. Урэшце загаварыў:

– Як бы далей ні было, я знайду іх. Ты не перажывай – ты тут ні пры чым. Ведаю, ты мне не аблегчыш задачу, не паведаміш пра горад. Я і не стану прасіць. Ты мне і так дапамог. Яшчэ тыдзень – я запіў бы да апошняга, больш мяне не сталі б трымаць у газеце. Вылецеў бы. Такім чынам, ты не проста прыйшоў у час – само Неба, мяркую, паслала цябе як майго анёла-ахоўніка, папярэдзіць і спыніць. І я спыніўся.

У кавярню завітала пара – хлопец і дзяўчына, няйнакш студэнты. Прыселі, стрымана пацалаваліся, пачалі вывучаць меню. Матыль павёў вачыма на іх, уздыхнуў.

– Найгоршае, што робіць чалавек, – здраджвае самому сабе. Сваім жаданням, марам. Тады. тады ўсё жыццё ідзе насуперак, – казаў ён без усялякага павучання. – Трэба рабіць адно тое, што табе сапраўды хочацца.

– Ага, мне вось вучыцца не хочацца, – уставіў я.

Ён усміхнуўся.

– Ведаеш, я трошкі пра іншае. Зрэшты, ты ўсё разумееш. Я збаяўся тады. Так, збаяўся. Жанчына, з якой я сустракаўся апошні год, паведаміла пра сваю цяжарнасць. І я спужаўся адказнасці. Дый, здавалася, адносіны нашы былі блізкія да таго, каб жыць разам, сям'ёй. Балазе, было з чаго пачынаць: у абласным цэнтры бацькі пакінулі мне трохпакаёўку, самі з'ехалі за мяжу. Я быў адзіным сынам, па тых мерках – кавалер на зайздрасць усім. А тут – Ірына. Бы вочы расплюшчыліся, я першы раз адчуў такое пачуццё, калі. калі аніводнай хвіліны не мог без думак пра яе. Чыстых, светлых думак. Мне за шчасце было пабачыцца з ёй. Але. Кажуць жа вось – насланнё находзіць. І мне так падумалася: ат, часовая закаханасць, тут сум, твая нявеста далёка, вось і успыхнула пачуццё да гэтай прыгожай, мілай настаўніцы, бы матылёк позні выпырхнуў перад першымі прымаразкамі. Не паверыў я сам сабе. А больш – збаяўся, так. І паехаў ад Ірыны. Ажаніліся мы, дзіця не нарадзілася. жылі. Пакуль не зразумелі: мы чужыя людзі. Як няма кахання, сапраўднага, якое найперш на сяброўстве настоенае, на еднасці душ, дык нічога не звяжа – ні багацце, ні ўцехі. За дзесяць гадоў чаго я дасягнуў? Стаў паэтам правінцыйнага маштабу. А дома – пустэча. Урэшце зразумелі абое. Падзялілі кватэру, атрымала былая жонка грошы за пакой і з'ехала. І атрымалася яшчэ большая пустэча. А я помніў Ірыну. Усе гады – помніў. І тая замілаванасць, якую я адчуваў пры апошнім развітанні, нікуды не знікала, цеплілася ўсярэдзіне.

Я адчуваў разгубленасць і няёмкасць. Дарослы мужчына расказвае мне пра рэчы, у якіх я нічога не цямлю. Навошта мне падрабязнасці яго жыцця, ды яшчэ такія. інтымныя? Перад ім жа не святар, а ён не спавядаецца.

Матыль, мабыць, адчуў, пра што я думаю, спыніўся:

– Прашу прабачэння за такія падрабязнасці, Кірыла. Я больш сабе апавядаю, бо сесці ды азірнуцца на сваё жыццё ўсё не ставала часу і не было моманту. Разумею, табе гэта малацікава. Ты даслухаеш?

– Ды калі ласка, – кіўнуў я. – Буду слухаць, раз прыехаў.

Ён уздыхнуў, зрабіў глыток з кубка.

– Дык вось, дапяў я з часам: закаханасць не можа гэтулькі жыць. Тут іншае. Тады і пачаліся мроі: было нешта яшчэ ў нас з Ірыначкай. Шукаў яе ў сеціве, цяпер жа жанчыны сядзяць у розных сацыяльных сетках. Ірына Ляўковіч. Шмат такіх імён і прозвішч, ды ўсё не тыя. Паехаў. А вёсачкі няма, зусім. Ніводнай хаты. Іх і тады было мала жывых. У былой яе школе нічога не падказалі. З'ехала, як памерла маці, даўно. Пасля той паездкі і пачаў запіваць. Падумалася: няўжо такая гожая жанчына, як Ірына, адна да таго часу будзе? Безумоўна, у яе сям'я, дзеці. Ты прабач, калі ласка, вешаю на цябе сваю тугу. Не даводзілася раней хоць каму прызнавацца ў сваім «шчасці». Усе думалі – жыву, бы кот на печы, і смятанку гаспадыня туды ж падае. А тут не печ, а стылая груда цаглін. Ты ж сябруеш з маёй дачкой? – закончыў ён нечаканым пытаннем.

Я нічога не адказаў, глядзеў убок.

Ён памаўчаў, дапіў каву і папрасіў:

– Даруй, калі ласка. Я абяцаў не выпытваць. Адно дазволь спытаць. Я зразумеў. я думаю, ты сам вырашыў мяне адшукаць? Яны не ведаюць?

– Хутка мая электрычка, – адказаў я і паглядзеў на Матыля.

Мне было вельмі шкада яго зараз. Не, не таму, што вось так атрымалася. А таму, што ён быў асуджаны на паразу. У той момант, калі ён назваў прозвішча Ядвісінай маці – Ляўковіч – раптоўна склаліся пазлы. Цётка Ірына выйшла замуж за Васіля Матыля. Па-свойму выйшла. І ўзяла яго прозвішча. Ды на асаблівы лад. Яна больш не Ляўковіч, яна – Лелька. А лелька – гэта матыль. Ён, Васіль Матыль, ніколі не знойдзе сваю Ірыну. Хіба выпадак – усмешка багоў, як кажа Уладзя.

– Тады ідзі, я разлічуся сам, дзякуй табе, – ціха сказаў Матыль, адвярнуўшы галаву да сцяны з «ілюмінатарамі». – А я буду шукаць. І я знайду.

Я выйшаў з кавярні, узняўся па прыступках наверх і ад нечаканасці застыў ля дзвярэй: сусвет быў белы. Густа-густа падаў снег. І мне без аніякае як быццам падставы стала незвычайна лёгка і радасна.

Усё будзе добра.

Ён абавязкова іх знойдзе.

13

Ромка заляцеў у клас збялелы і пераляканы. Зачыніў за сабой дзверы. Яму і прасіць пра цішыню не трэба было – усе сціхлі, уражаныя ягоным выглядам. А ён сутаргава пракаўтнуў сліну, уздыхнуў, выдыхнуў, выпрастаўся і дрыжачым голасам абвясціў:

– У пятніцу. Школьны вечар. Напрыканцы – падвядзенне вынікаў конкурсу відэафільмаў на тэму «Выбірай беларускае!». Удзельнічаюць 11 работ восьмых-адзінаццатых класаў. Вынікі падведзеныя. Але ніхто нічога не кажа. Будзе нехта з аддзела адукацыі, ён старшыня. Усё. Усім быць.

– Дзівак ты, Ромка, – падышоў я да яго пасля таго, як суцішыўся вэрхал ад гэтай навіны. – Мы ж ужо выйгралі, ты сам казаў.

– Ды я ведаю, – кісла ўсміхнуўся ён. – Зараз. я не бачыў іншых фільмаў, але ж абяцаюць лепшыя тры паказаць. І паглядзім, якія будуць лепшыя. За іншае дрыжу. Вось. Вось як зойме першае месца фільм, відавочна за наш горшы, – мы ж тое пабачым? Мы ж можам – і ты, і я, і іншыя ацэньваць, мы ж зразумеем, колькі працы ўкладзена, на якой ступені прафесійнасці зроблена. Такія конкурсы, як для мяне, – яшчэ і праверка дарослых на вашывасць. І ведаеш, будзе крыўдна, калі якая шняга, па іх меркаванні, згодна з толькі ім вядомымі крытэрыямі (а нам жа яны не кажуць, што там за яшчэ схаваныя крытэрыі ёсць!) будзе ўважаны за лепшы. За нашых перажываю. Каб зрабілі абы-якое ўтрох за дзень – не было б ніякай крыўды. А так. больш за два тыдні, увесь клас лічы. А завуч не ў журы. І ёй нават не сказалі вынікі. Усё пад сакрэтам.

– Не перажывай. Калі ты разумееш усё, дык жа і іншыя могуць зразумець, як што якое.

Я вяртаўся дадому кругом – хацеў прайсці старымі прысадамі, якія зараз здаваліся незвычайным светлым тунэлем. Затрымаўся яшчэ ў гардэробе, выходзіў, калі ўсе нашы разбегліся. Уладзя цяпер праводзіць Настачку дадому, з ёй і ідзе ў школу. Я не крыўдую – мне і аднаму няблага. Думаю пра тое, што сказаць Ядвісі. І ці варта хоць нешта казаць?

Крочыў няспешна, збочыў у прысады і спыніўся.

У дваццаці кроках наперадзе ішлі Юрась і Ядвіся. Паасобку, бо Ядвіся ішла, кранаючы то адну, то другую бярозку рукой у чырвонай рукавічцы.

Яны ішлі, аддаляліся, а я не зводзіў вачэй з Ядвісінай постаці, у маёй галаве мільгацела тая карцінка, якую я сам прыдумаў у сваім «апавяданні»: яе маці, маладая настаўніца Ірына, ідзе лясной дарогай, кранаецца хвой, але на ёй не чырвоныя рукавічкі, а чырвонае паліто.

Я не пайшоў сцежкай між бяроз і клёнаў услед за Юрасём і Ядвісяй, мне не трэба было цяпер ісці прысадамі, каб адшукаць важную і патрэбную думку. Усё знайшлося. А яшчэ. Я адчуваў сябе абкрадзеным. Хоць сам і разумеў усю надуманасць гэтага адчування, усё адно было прыкра. Завярнуў назад, пайшоў праз двары. Цяпер я цвёрда быў перакананы, што усё апавяду Ядвісі. У пятніцу. Якім бы ні быў прысуд журы. Таму што нічога не бывае выпадковым у жыцці, нічога! Выпадак – усмешка багоў! Калі богі табе ўсміхаюцца, значыцца, ідзі наперад. Калі падказваюць колерамі – рабі задуманае. Рабі тое, што хочаш рабіць, што лічыш патрэбным. І хай не я ішоў з Ядвісяй прысадамі, галоўнае, я бачыў, як краналася яна бяроз, бачыў яе чырвоныя рукавічкі.

...Мы хваляваліся. Усе. Тыя самыя жарты, тыя самыя рэплікі, дзяжурныя падколкі, але ўсё – з напружаннем, з прыхаванай нервовасцю, а недзе і заўважным дрыжаннем голасу. Не згаварваліся міжсобку, але ніхто не сказаў і слова на тэму фільма: якое ён зойме месца, калі ўвогуле зойме.

Актавая зала школы была поўная. На першыя месцы пасела малышня – яны ставілі нейкі там канцэрт, усё на тую ж тэму: «Выбірай беларускае!». Песенькі, завучаныя рухі на сцэне пад музыку, якія называлі танцамі, вершы. Усё, як заўсёды. Урэшце.

Старшыня журы, незнаёмы нам дзядзька з аддзела адукацыі, малады зусім, у шэрым гарнітуры, чорнай сарочцы і бялюткім гальштуку, узняўся і пачаў казаць пра конкурс кліпаў. Тры лепшыя будуць узнагароджаны. Найлепшы пойдзе на агульнагарадскі конкурс, пры гэтым аўтары перадаюць правы на яго, дзеля чаго будзе складзена адмысловая дамова. У выпадку выкарыстання фільма ў камерцыйных мэтах аўтары фільма могуць яшчэ і зарабіць. Крута, што казаць.

Разгарнулі вялізны экран. «Трэцяе месца!». Першы кадр – сполах зыркага святла са словамілозунгам – выклікаў гучныя і радасныя выкрыкі асобнай групы вучняў у зале: пазналі сваё, радаваліся. Шушукаліся, пераглядваліся, ляпалі адзін аднаго па плячах. Што ж, ёсць падстава. Ролік быў кароткі. Пра тое, як важна выбіраць сваю каўбасу. Пару разоў можна было і ўсміхнуцца. Але цалкам праца добрая, у кожным разе не пусцяковіна.

На другім месцы апынуўся фільм нашых суседзяў-ворагаў – дзесятага «А» класа. Яны паўскоквалі са сваіх месцаў, крычалі «ўра», абдымаліся. Кліп быў неблагі, нічога не скажаш – турыстычная тэматыка, здымкі з розных кропак зямнога шара па адной паралелі, якая, зразумела, і праз Беларусь праходзіць. Неблагая задумка.

Чаму я так нерваваўся? Чаму Уладзя незаўважна для сябе так ціснуў маю руку на падлакотніку крэсла, што мне забалела? Падалося, сэрца зрабілася проста вялізным, запоўніла ўсяго – грудзі, жывот, галаву і тахкала няспешна, аддаючы ў скроні ўдарамі, якія, я баяўся, былі чуваць за метры ад мяне.

– І, дарагія сябры, першае месца, – з відавочным хваляваннем стаў казаць старшыня журы. – Хачу заўважыць, спрэчак у нас было шмат. Тым не менш. тым не менш мы аддалі яму вышэйшую ўзнагароду, і журы разлічвае, што вы пасля прагляду фільма зразумееце, і чаму мы спрачаліся, і чаму ўсё ж такі – першае месца.

Экран заставаўся чорным. Проста чорным. І, мабыць, менавіта гэтая чарната прымусіла залу не проста сцішыцца, а замерці. І ў абсалютнай цішыні загучаў прыцішаны хрыпаты голас Стася:

– Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых вачэй.

Мы – не ўскочылі, не закрычалі «ўра». Мы не пераглядваліся. Мы сядзелі ўсе, бы амярцвелыя. Нашы позіркі былі прыкутыя да экрана, вялізнага, на якім мы ўсе былі такія не падобныя да сябе. Мы перажывалі яшчэ раз тое, што рабілі, здаецца, так даўно і адначасова – учора.

Фільм на вялізным экране быў зусім іншы, успрымаўся зусім па-іншаму.

На тле чорнага экрана разгараўся світанак, узыходзіла вялізнае, трапяткое ў паветраным мроіве сонца, і гучалі, сцішваючыся, словы:

– Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых. Я шукаў твае вочы. Я шукаў.

А потым пачуліся воплескі. Гучныя і дружныя. Запалілі святло, а мы сядзелі моўчкі і таксама пляскалі ў ладкі. А навошта скакаць – усе ж бачылі цітры, ведаюць, хто і што.

– Запрашаю на сцэну рэжысёра фільма Рамана Макара! – прагучаў голас.

І вось калі Ромка прабіраўся да праходу, мы ўсе ўсталі. Адны з усёй залы. І стоячы, пляскалі яму.

Ромка атрымаў дыплом. Ён вяртаўся да нас, усміхаўся нам ззяючымі вачыма. Красава!

Здаецца, усё павінна было закончыцца, аднак зноў белагальштукавы дзядзька узяў мікрафон.

– Хвілінку, дарагія сябры! Канечне, і вы самі, і мы, журы, не маглі не заўважыць у гэтым фільме выдатную ігру акцёраў. Проста неверагодна, як амаль прафесійна сыграны сцэны. Так прафесійна, што мы не ўтрымаліся і вырашылі трошкі падправіць палажэнне аб конкурсе: мы ўвялі дзве ўзнагароды – за найлепш сыграныя ролі. Пакажыце мне, што вы згодны і ўхваляеце рашэнне журы! – тут дзядзька зрабіў паўзу, прымусіўшы залу замерці, і сказаў урачыста: – Узнагароджваюцца каштоўнымі падарункамі за лепшыя ролі. Ядзвіга Лелька і Кірыла Вяргейчык!

Зала выбухнула гулам, крыкамі, плясканнем у ладкі. Вось цяпер падскочыў у радасным угары ўвесь наш клас, скакалі, крычалі. Мяне таўхлі з абодвух бакоў – Уладзя і Міхал – а я бы здранцвеў. У галаве гучала і гучала: Ядзвіга і Кірыла. Нашы імёны, разам, побач, на ўсю залу. Пачаў выходзіць. Прыпыніўся, чакаючы Ядвісю і. падаў ёй руку. Яна, пунсовая, не ўзнімаючы вачэй, падала сваю, я абхапіў нечакана прахалодныя пальцы, такія. такія помныя, пяшчотныя, ціхенька сціснуў. Мы пайшлі разам да сцэны, сталі побач.

Ядвісі ўручылі кветкі і вялізнага плюшавага сабаку, і калі ёй паціснулі руку і ішлі па падарунак для мяне, я зрабіў тое, што мне зараз найбольш захацелася, – нахіліўся да яе і пацалаваў у шчаку. Як умеў, як уяўляў сабе пацалунак:

– Віншую, Яся.

Зала зрэагавала на мой пацалунак крыкамі захаплення і двухсэнсоўным жартоўным гулам. Мы ўсміхаліся. Так, я і Ядвіся ўсміхаліся зале. Я нахіліўся яшчэ раз і прамовіў спакойна і цвёрда:

– Яся, нам трэба пагутарыць. Важкая тэма. Для цябе.

Яна толькі цяпер зірнула мне ў вочы.

Як жа даўно я не сустракаў так блізка яе позірку!

І развучыўся яго разумець. Хоць, па шчырасці, ці мог раней?

– Адразу пасля гэтага спектакля Юрась запрасіў мяне у кавярню. Столік замоўлены, – без інтанацыі адказала яна.

– Я патэлефаную заўтра, – настойліва прапанаваў-паведаміў я.

Яна ўсяго павольна прыпусціла і прыўзняла ў адказ вейкі.

Мне далі нататнік, чорны, абцягнуты скурай, цяжкі і самавіты.

Дзевятнаццаць крокаў назад – да месца, і гэтулькі ж было адсюль. Значыць, трыццаць восем крокаў. Трыццаць восем крокаў мы ішлі, трымаючыся, як некалі, за рукі. Сеў, дастаў тэлефон. Яшчэ не разумеў, навошта я гэта раблю. Было 19.38.

У вестыбюлі і каля гардэроба стаяў вэрхал: усе імкнуліся хутчэй апрануцца. Я адышоў трохі ўбок, чакаў. Бачыў, як Юрась выкараскаўся з натоўпу, несучы сваю і Ядвісіну куртку. Дапамог ёй апрануцца. Усё па-джэнтльменску, дзелавіта, без усмешачкі нават. Ядвісін вялікі сабака ляжаў на стале вахцёра.

Адвярнуўся ўбок. Дурэлі малыя: штурхаліся, нехта за некім гнаўся, нехта ўцякаў.

Далей уся карціна прайшла, рыхтык я глядзеў запаволенае кіно. Двое малых размахвалі сваімі заплечнікамі з кнігамі, імкнучыся патрапіць па плячах адзін аднаму. Ля сцяны. На якой была шкляная вітрына з рознымі кубкамі – спартыўнымі дасягненнямі школы. Цяжкі заплечнік пацягнуў малога пры замаху, той ледзь не ўпаў, але не здолеў спыніць заплечнік, які паляцеў у вітрыну. Я зрабіў крок.

Далей гукаў не было. Я бачыў, як выгнулася шкло, пабеглі роўныя лініі расколін, марудліва, нехаця, пачалі сыпацца долу аскепкі – вялікія і малыя, вострыя і зіхоткія. Хлопчык павярнуў галаву, твар яго быў скажоны страхам, ён занёс нагу для скачка, памкнуўся ад вітрыны. А з яе марудна споўз вялізны трыкутны аскепак, паляцеў долу, на выцягнутую другую нагу хлапчука. Краем пракаўзнуў па лытцы, успароўшы тканіну, уткнуўся вастрынёй у зялёную пліткавую падлогу, стаў крышыцца, сыпацца.

І толькі тады я пачуў гук разбітага шкла, нечы перапуджаны крык. Я падскочыў да хлопчыка: ён паўляжаў, паралізаваны страхам і болем, азіраючыся на сваю нагу, выцягнутую назад. Разрэзаная тканіна на вачах імкліва набрыняла, з сіняй робячыся чорнай, з-пад нагі на падлогу выпаўзала крывава-чорная лужынка, расцякалася.

І тады я закрычаў:

– Яся!

Яна не магла выйсці са школы. Не магла.

Вакол ужо стоўпіліся перапалоханыя вучні, падбягалі ўсхваляваныя настаўнікі, разгубленасць і страх надавалі ўсім тварам аднолькавыя маскі бездапаможнасці. Ядвіся растаўкла кола, кінуўшы пад нечыя ногі заплечнік, сашмаргнула з сябе куртку, кінула вобзем.

– Закасвай калашыну!

Я пацягнуў калашыну, разрэзаную не да канца, рвануў далей мокрую склізкую тканіну, вызваліў нагу. Яна ўся была ў крыві. Разрэзу не было відаць, але ён угадваўся па пульсуючым струмені. Ядвіся коратка азірнулася, бы нешта вышукваючы вачыма, не знайшла, прысела, імкліва зняла цераз галаву свой балахон, адкінула ўбок, сцягнула з сябе белую саколку, склала яе ў дзве столкі і накрыла нагу хлапчука.

– Трымай тут! – схапіла маю руку, пасунула пад калена хлопчыка, прыціснула мае пальцы. – Моцна цісні, кулаком упоперак, там вены.

Пачуўся нейкі гул, мабыць, некага збянтэжыла аголеная, у адным станіку спіна Ядвісі.

– Ціха, – гыркнуў я, сам дзівячыся сваёй рашучасці.

Праз замерлае ў жаху кола прабілася завуч, Наталля Іванаўна, з перакошаным – першы раз я бачыў такі – шэрым тварам.

– Што. здарылася?

Ядвіся ўзняла галаву, сустрэлася з ёй вачыма.

– «Хуткую»!

– Трэба нагу ў калені моцна сагнуць і да жывата падцягнуць! – гучна і безапеляцыйна прагучаў голас Юрася.

Ён стаяў наперадзе ўсіх, глядзеў зверху ўніз, як я цісну пад каленам хлопчыка. У яго на твары чытаўся злы папрок: «Зноў ты апынуўся разам з Ядвісяй, а мы ж дамаўляліся!». Я кінуў рэзка і злосна ў адказ:

– Не камандуй!

– Ты яшчэ пашапчы! – з'едліва агрызнуўся Юрась. – Рабі, як кажуць!

Ядвіся здрыганулася, бы яе хто выцяў па плячах, ускінула вочы на Юрася. Я не мог бачыць яе позірку, не ведаю, што ў ім было, але Юрась раптам няўклюдна падаўся назад з перапуджаным тварам.

А Ядвіся нахілілася, амаль прыпала да нагі хлапчука, да сваёй ужо набрынялай кроўю саколкі, і загаварыла напаўголаса, разборліва і хутка, і ад першых яе слоў імгненна сцішыліся ўсе навокал:

– Першым разам, Гасподнім часам. Плылі тры рэчкі: адна вадзяная, другая малочная, а трэцяя крывавая. Вадзяная – працячы! Малочная – працячы! А ты, кроў гаручая, спыніся і запячыся! Другім разам, Гасподнім часам. Плыла рака морам, а ў той рацэ тры жылы: адна вадзяная, другая малочная, а трэцяя крывавая. Вадзяная – працячы! Малочная – працячы! А ты, крывавая, суніміся і запячыся! Трэцім разам, Гасподнім часам. Плылі тры ручаі: адзін вадзяны, другі малочны, а трэці крывавы. Вадзяны – працячы! Малочны – працячы! А ты, кроў гаручая, сунімайся, запякайся!

Да яе ззаду наблізіўся Уладзя, падхапіў з падлогі балахон і прыкрыў аголеныя плечы.

Ядвіся не заўважыла гэтага, паўтарыла яшчэ раз замову, павольней, і яшчэ раз, напрыканцы, дадаўшы:

– А словам маім ключ ды замок. Словам маім ключ ды замок. Словам маім ключ ды замок. Адпускай, ператрымаем, – ціха скамандавала мне і дадала хлопчыку: – Ляж, ляж на жывот, нагой не варушы, не глядзі сюды. Усё добра, кроў не цячэ, усё будзе добра.

Адняла скрываўлены скрутак, працерла нагу. Кроў спынілася. Разрэз ішоў праз усю лытку, наўскос, глыбокі і жахлівы. Ніколі такога раней не даводзілася бачыць – разрэзанага так моцна жывога чалавечага цела...

Вакол нас стаялі школьнікі і настаўніцы, але ў такой немаце, як ім пазашывалі раты. Ядвіся павяла вачыма, спытала ціха:

– Мо ў каго якая сурвэтка ёсць. Ці насоўка чыстая?

– Ёсць, ёсць, Божа, што здарылася, Максімка, што здарылася? – маладая настаўніца, перапалоханая, дрыжачымі рукамі працягнула Ядвісі белую насоўку, хацела наблізіцца да хлопчыка, але замёрла, пабачыўшы чорную лужыну пад ім, якая расцяклася мо ў метр. Мабыць, яна была класным кіраўніком гэтага героя.

Ядвіся выцерла рукі, дала насоўку мне, нацягнула на сябе балахон, азірнулася на Уладзю, кіўнула яму ўдзячна.

– Дзе «хуткая»? – спытала.

– Зараз. пад'язджаюць. Яны побач былі на выкліку. – Наталля Іванаўна была не проста перапалоханая – выгляд ляжачага вучня з нагой у лужыне крыві ўводзіў яе ў стан шоку. Я падумаў яшчэ, што яна баіцца самой крыві, якой так многа тут, што адчуваецца яе пах, незвычайны, ні з чым не параўнальны, нейкі цёплы і цягучы, і выглядае кроў так страшна на зялёнай падлозе. Мне самому было вусцішна, і каб не Ядвіся... – Дзеці, дзеці! – Наталля Міхайлаўна прымусіла сябе ўвайсці ў свой статус завуча, толькі голас яе яшчэ дрыжаў: – Разыходзьцеся, калі ласка, нічога страшнага няма, кроў не ідзе, трохі парэзаўся шклом, зараз прыедуць урачы, зробяць перавязку.

Шчыльнае кола пачало хутка распадацца. Яшчэ праз колькі хвілін пачуўся шум ля уваходных дзвярэй: прыехала «хуткая». Жанчына ў зялёным касцюме прайшла да хлопчыка, прысела, памацала нагу, з лёгкім здзіўленнем азірнулася на Ядвісю – яна была найбліжэй.

– Як вы спынілі кроў? Зрэшты, неістотна. Насілкі сюды.

Вакол нас стаялі ўжо не вучні – настаўнікі. І дырэктарка, Рэгіна Казіміраўна. Твар яе быў падобны на паверхню каменя – шэры і нежывы. Яна перахапіла мой позірк, кіўнула, я зразумеў і адышоў убок, чакаючы яе.

– Ты ўсё сам бачыў, Вяргейчык?

– Усё. На маіх вачах. Даруйце, не паспеў. Хоць усё было так. так замаруджана.

Хлопчыка на насілках ужо выносілі са школы.

– Прабач, калі ласка. тут зараз прыбяруць. Ты можаш затрымацца на колькі хвілін?

– Калі трэба.

– То памый рукі і ідзі да майго кабінета.

Я кіўнуў.

Ужо тэхнічка прынесла вядро з вадой, ад месца здарэння адышліся, даючы прыбрацца. Дырэктарка размаўляла з Ядвісяй, азіраючыся на мяне. Уладзя падышоў, несучы куртку Ядвісі і яе заплечнік. Мая куртка вісела сіратой у пустым гардэробе. Ядвіся адышлася ад дырэктаркі, падышла. Уладзя паспеў забраць маю куртку і заплечнік і так пайшоў за намі да рукамыйніка – несучы нашы транты. Мы не размаўлялі, вымылі рукі, Ядвіся апранула куртку, пачакала, пакуль апрануся я.

– Хадзем? Дзякуй, Уладзя!

– Хадзем. А Настачка дзе? – спытаў я сябра.

– Стаіць ля выхаду.

– То бяжы, дзякуй. Пачакай хвіліну. Юрася бачыў?

Ядвіся прыпынілася, але не азіралася – яна таксама хацела пачуць адказ.

– Навошта ён табе? – скрывіўся Уладзя.

– Ды. таксама дзякуй сказаць.

– Ён уцёк адразу. Як пачуў, што Ядвіся. шэпча, дык і выскачыў за дзверы. Ён жа рэаліст.

– Я не шаптала, Уладзя, – павярнулася Ядвіся. – Гэта называецца замова на кроў.

Дырэктарка чакала нас.

– Прабачце, калі ласка, але ж заўтра, ды ўжо сёння мне адказваць. Такое здарэнне. я прашу вас расказаць. Каб ведаць з першых вуснаў, як і што было. І прабачце, калі можна. пісьмова.

Мяне перасмыкнула.

Рэгіна Казіміраўна пабачыла, як змяніўся мой твар. Я паглядзеў на яе, у яе вочы. і яна раптам нібы зменшылася ростам, ператварылася з дырэктаркі ў напужаную цётку. нечыю маці. Для якой той вучань – яе родны сын.

– Давайце паперу. А што Ядвісі пісаць, я яе клікнуў, калі шкло было на падлозе.

– Вы аказвалі першую дапамогу. Спынілі кроў. Божа, мне страшна ўявіць, чым усё магло скончыцца, – раптам прыпынілася дырэктарка ад сваёй жа думкі. – Вечар, ніводнага мужчынынастаўніка, медпункт зачынены, жанчыны. разгубіліся, хто б знайшоў, дзе якую вену ціснуць.

Мы прыселі да стала, я напісаў хутка, у некалькі сказаў: хлопчык узмахнуў заплечнікам, не разлічыў размах, заплечнік яго пацягнуў на вітрыну, удар, аскепкі, кроў, клікнуў Ядвісю.

У дзверы пастукалі, яны прыадчыніліся, Рэгіна Казіміраўна запрасіла:

– Заходзьце, Наталля Іванаўна.

Завуч зайшла, прыпынілася ля дырэктаркі, і яны разам глядзелі на нас з Ядвісяй, як мы пішам.

– Ядвіся, ты прадыктуеш тэкст замовы, ці мне проста напісаць: «А мая аднакласніца Ядзвіга Лелька прачытала замову і спыніла кроў.»?

Яна адклала ручку ўбок, зірнула і нечакана ўсміхнулася прыязна і амаль весела.

– А так і напішам, і з тэкстам замовы! А, Рэгіна Казіміраўна? – звярнулася яна да дырэктаркі.

Тая разгубілася. А што ёй было казаць? Што кроў з такога парэзу насамрэч спынілася сама? Ці

Ядвіся нічога не нашэптвала?

– Дзеці. – загаварыла Наталля Іванаўна. – Я ўсё чула, Ядзя. І ўсё бачыла. І яшчэ штосьці ведаю. Але. вы мусіце разумець. Гэтыя паперы тут не застануцца.

– Тады пішы, – скамандавала мне Ядвіся. – «Удваіх з аднакласніцай мы пераціснулі вены і артэрыі на назе хлопчыка, каб спыніць кроў да прыезду «хуткай дапамогі». Так? – запытальна ўзняла яна вочы на Рэгіну Казіміраўну.

– Так, Ядзечка, так, – з палёгкай заківала тая.

У вестыбюлі вахцёрка, невялікага росту, паўнаватая, круглявая цётка сталага веку схапіла плюшавага сабаку Ядвісі і трымала перад сабой, каб, крый Божа, мы на яго не забыліся, заўсміхалася:

– От, дзевачка мая, бяры свайго падаруначка, бяры.

Сабаку ўзяў я.

Мы ішлі моўчкі. З ніадкуль сыпаўся невялікі снег, тратуар наперадзе быў без адзінага чорнага лапіка следу. Я азірнуўся: за намі ніхто не ішоў, ланцужок нашых слядоў губляўся ўдалечыні.

– Я ведаю, хто твой бацька, Яся, – роўным голасам сказаў я і адчуў, што скочыў у прорву.

Яна рэзка спынілася, як спалохалася нечага наперадзе, павярнулася, зірнула ў твар.

– Што?

– Я знайшоў твайго бацьку, – зрабіў я яшчэ адзін скачок, захлынаючыся жахлівым адчуваннем падзення, ад якога замірала сэрца, але вар'яцкае жаданне падаць было няўмольным, і я дадаў яшчэ: – Я сустракаўся з ім.

– Ты дурань. ты дурань набіты, Кір, – роспачна прастагнала Ядвіся. – Хто цябе прасіў? Што ты нарабіў? Няўжо ты думаеш, што я не ведала пра бацьку? Ён не ведае пра нас, а мы ведаем пра яго ўсё! Я маю ўсе кніжкі яго вершаў, я чытаю яго артыкулы ў газетах, я бачыла яго. няхай здаля, няхай і даўно, але бачыла! У яго – сваё жыццё, свая сям'я! Ні я, ні мама не маем права разбураць яго шчасце, бо мы любім яго! Што ты нарабіў! Ты расказаў яму пра нас? Расказаў пра мяне? Даў адрас? Тэлефон? Кажы!

Яна скончыла роспачным крыкам, а я стаяў, глядзеў на яе твар, і ён ніколі яшчэ не быў такі прыгожы і такі блізкі.

Я маўчаў.

– Кажы!

– Што мне табе казаць, калі ты ўсё ведаеш? – ціха спытаў я. – Казаць, як я першы раз сустрэў у рэдакцыі няшчаснага адзінокага п'яніцу, які заношвае сарочкі да чорных каўнерыкаў, а штаны – да стану бліскучага азадку? Да якога не падысці блізка, бо патыхае перагарам да ванітаў?

– Што? – Ядвіся адступіла крок назад, твар яе скрывіўся. – Гэтага. гэтага не можа быць. Няпраўда! Ты не бацьку майго бачыў!

– Хадзем, Яся, – ціха прапанаваў я. – Праз прысады. Я ўсё апавяду. Прабач, будзе доўга.

І мы пайшлі. Прысады патаналі ў мроіве снегу, які сыпаўся, здавалася, толькі ў асобных месцах – там, дзе ліхтары адрэзвалі ад цемры конусы жоўтага святла, запоўненыя перапляценнем чорных галін і мільгаючых белых камячкоў. Нікога больш не было відаць, мы былі адны тут. Адны ў цэлым сусвеце, бо прысады былі не прысадамі, гэта быў тунэль з іншасвету, тунэль, у які збегла некалькі лёсаў, сплялося, каб разбегчыся з яго на выйсці, і зараз ад мяне залежала, як яны знітуюцца і якімі выбегуць з тунэля, каб трапіць іншымі ў звычайнае жыццё разам з намі, з тымі, хто выйшаў з прысад, і мы таксама мусім стаць іншымі...

Мой аповед быў насамрэч доўгі. Я не хацеў прапусціць ніводнай сваёй думкі, ніводной дзеі: чаму вырашыў, як вырашыў, што меў на мэце. Так, я прызнаўся Ядвісі, чаму насамрэч шукаў яе бацьку: вось, дзеля таго, каб паразмаўляць сам-насам. Каб змяніць яе нянавісць і пагарду хоць на горкую абыякавасць. Апавёў, як шукаў, пра сваю паездку ў рэдакцыю, пра тэлефонны званок, згадваў кожнае слова Матыля. Пераказаў нашу сустрэчу. І пра сваю здагадку успомніў: як маці Ядвісі змяніла сваё прозвішча. Бо лелька – гэта матылёк. А ён – Васіль Матыль.

Ядвіся маўчала. Мы дайшлі да яе дома, яна моўчкі забрала свайго сабаку. Не развіталася. Завярнулася і пайшла. І са спіны яна раптам выглядала цяпер такой маленькай і безабароннай побач з вялізным плюшавым сабакам, які сумнымі зялёнымі вачыма пазіраў на мяне з-за яе пляча.

Калі ўваходзіў у пад'езд, адчуў вібрасігнал тэлефона. Здрыгануўся, але гэта была не Ядвіся. Уладзя.

– Ну, што нарабілася? – спытаў я яго.

– Ды ў нас усё добра. Як там вы? Што дырэктарка хацела?

– Звычайна. Тлумачальныя пісалі: як здарылася. Прыкра, канечне, такое свята было – і тут маеш.

– Ага, прыкра, – згадзіўся Уладзя. – Слухай. Што заўтра робіш?

– Не думаў ні пра заўтра, ні пра паслязаўтра.

– То паехалі на лецішча! Бацька закіне на аўто. Яму самому некалі, заняты, а маладыя яблынькі зайцы пагрызуць: снегу ж нападала. Ядлоўцу ў ляску многа, насячэм галінак, абвяжам. І. я хачу Настачку запрасіць, там прыгатуем паесці, каўбасак мне купілі, пасмажым, цікава ж – снег вакол, не холадна надта. Печку распалім. Маці тут напякла смакаты, гарбаты пап'ём, – спакушаў Уладзя.

Я усміхнуўся міжволі.

– А я трэцім лішнім не буду, Уладзь? Што Настачка падумае?

– Ды разумееш. – уздыхнуў ён. – Папраўдзе, дык я баюся. сам-насам на лецішчы з Настачкай. І сама Настачка. яна ж сарамліўка, а хочацца, каб пачувалася вольна. Як ты будзеш з намі, дык ёй будзе утульна. І мне спакайней. Паехалі?

– Ну. а чаму мяне аднаго? Давай, Ромку затэлефануй. Во, слухай! —раптам трапіла думка:

– Марго запрасі! Сёння такі снег сыпле, уяўляеш, якіх яна кадраў наробіць у ляску? І з намі цэлую фотасесію зладзіць, прынамсі, з тваёй Настачкай!

– Дык у машыну ўсе не ўлезем.

– У Ромкавых бацькоў аўто ёсць, у Марго. Ну?! Тут паўгадзіны туды-сюды, не праблема ж.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю