412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Валерый Гапееў » Мая мілая ведзьма (СИ) » Текст книги (страница 14)
Мая мілая ведзьма (СИ)
  • Текст добавлен: 4 декабря 2017, 18:00

Текст книги "Мая мілая ведзьма (СИ)"


Автор книги: Валерый Гапееў


Жанр:

   

Детская проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 14 страниц)

– Крута! – прыняў маю версію заўтрашняга дня Уладзя. – Тэлю Ромку, а ты – Марго!

– Не, Уладзя, хай Ромка сам запросіць Марго, – імгненна пракруціўшы сітуацыю, запярэчыў я.

– Ты думаеш? – па-змоўніцку прыцішыў голас Уладзя.

– Мне так падаецца.

– Добра, заўтра недзе каля адзінаццатай, стэлефануемся раней, ага?

– Ага, давай.

Я зайшоў у кватэру, мяне сустрэў пах смажанай курыцы і маці на парозе.

– Я не званіла, перажываю. Ты так доўга.

– Прабач, мам. тут накруцілася рознага. Наш фільм – найлепшы. Мне і Ядвісі за лепшыя ролі падарункі далі.

– Віншую! – маці памкнулася была абняць, але спынілася, пільна ўзіраючыся ў мой твар. —

Але ж ты зусім нярадасны. Што так? Здарылася нешта?

– Ды здарылася. Малы з класа пятага вітрыну шкляную разбіў, шклом нагу парэзала, было жахікаў. Крыві шмат, трасло ўсіх. Справіліся. Усё добра.

– І ты там. ля хлопчыка?

– Ну, я, Ядвіся. Вены пераціскаў, – не стаў я далей казаць, што рабіла Ядвіся, але раптоўна выправіўся – а вось хай ведае, цікава, як зрэагуе: – Ядвіся спыніла кроў. Замовай.

– Замовай?

Я глядзеў на маці, бачыў ніякае не здзіўленне, а больш – захапленне і цікавасць.

– Ну, так. Тройчы чытала нешта пра рэкі, ручаі, жылы крывавыя.

– А адкуль яна ведае замовы? – пацікавілася маці так, як у сяброўкі пыталася, дзе тая набыла новую сумачку.

– Баба родная навучыла, казала.

– Якая яна малайчына! – ухваліла маці. – Не спужалася крыві.

Назаўтра тэлефон запілікаў яшчэ а палове дзясятай. Я зірнуў. Затахкала ў горле. Ядвіся.

– Кір. Прывітанне. Мама. мама просіць цябе завітаць. у любы час, калі зможаш, сёння ці заўтра.

Я праглынуў камяк.

– Магу зараз.

– Тады мы чакаем.

Апрануўся-абуўся, збег па прыступках. Пра тэлефанаванне ад Уладзі не думаў, наша паездка падалася зараз дробязным, нязначным фактам.

Маці Ядвісі, цётка Ірына, была апранута ў сукенку. Чырвоную. Не разбіраюся ў строях жанчын, але ж хіба такія носяць дома без дай прычыны? Яна хвалявалася. Церла адна аб адну рукі з прыгожымі тонкімі пальцамі. Вінавата ўсміхалася, запрашаючы за стол, – там быў парэзаны на кавалкі пірог, толькі прыгатаваны, бо яшчэ стаяў на кухні цёплы пах печыва.

– Кірылка, табе чорную ці зялёную гарбату?

– Абы гарачая і салодкая, – няўклюдна пажартаваў я.

Мы сядзелі за сталом, ніхто не кранаўся ні кубкаў, ні пірага.

– Раскажы маме, – ціха папрасіла Ядвіся, бязгучна боўтаючы лыжачкай у сваім кубку, узняла вочы: – Усё раскажы. Як мне.

Я пачаў свой аповед, прапусціўшы «ўступ», дзеля чаго ўсё рабіў. Сёння мне было лягчэй, чым учора, я не замаўкаў надоўга, вышукваючы словы, згадваючы. Не мог глядзець на цётку Ірыну, а яна не зводзіла сваіх вачэй з майго твару, быццам на ім былі яшчэ нейкія падказкі, нешта яшчэ, чаго я не дагаворваў.

– Пі гарбату, ахалодала, – напаўголаса чамусьці нагадала яна, калі я замаўчаў. – Ён сказаў, што будзе шукаць? – яшчэ раз папрасіла ўдакладніць.

– Не. Ён сказаў, што знойдзе, – выправіў я.

Яна вагалася імгненне, потым гэтаксама ціха спытала:

– Ён табе тэлефанаваў. Значыць, у цябе ёсць нумар яго тэлефона?

Я дастаў тэлефон, пагартаў, адшукаў уваходзячыя, сярод якіх быў і нумар Васіля Матыля.

– Ёсць нумар. – і нечакана сам для сябе раптам выдаў: – Я магу набраць яго зараз.

Яны маўчалі, разгубленыя маёй неспадзяванай прапановай, – Ядвіся і яе маці. І я націснуў выклік. Бо калі хочаш рабіць – рабі...

Матыль адказаў на другім гудку.

– Прывітанне, Кірыла. Ты па справе? Але, чакай, я хачу прызнацца табе. Журналіст павінен умець знайсці, дык прабач, хлопча, я лёгка знайшоў цябе ў сацыяльнай сетцы. І я зараз у тваім горадзе. Мне чамусьці здаецца, што і мая Ірына тут. Вось. Цяпер слухаю цябе.

Перахапіла дыханне. Я кашлянуў і адказаў:

– А я зараз у. вашай Ірыны.

І працягнуў тэлефон Ядвісінай маці.

У яе трэсліся рукі, голас быў ціхі-ціхі, яна ці не прашаптала:

– Алё...

Ядвіся выскачыла з-за стала, схапіла мяне за руку, мы таропка выйшлі з кухні, прычыніўшы дзверы. Селі ў зале на канапе, Ядвіся пстрыкнула пультам, залапатаў тэлевізар, яна дадала гучнасці. Мы маўчалі і імкнуліся не сустракацца позіркамі.

Колькі хвілін прамінула? Пяць ці болей, не ведаю. Маці Ядвісі зайшла да нас, працягнула мне тэлефон.

– Я, мабыць, не выключыла, адно са сваім умею. – памаўчала, пакусваючы вусны, і дадала:

– Дачушка. Васіль сапраўды ў нашым горадзе. І я запрасіла яго. Ён будзе праз хвілін дваццаць.

Ядвіся маўчала. Мне стала вельмі няёмка – гэта былі ўжо тыя сямейныя справы, у якіх я быў лішні. Я падняўся, і нечакана са мной устала Ядвіся.

– Мам, ты пакуль адна. Я пасля, потым. Так жа правільней? Так лепей, праўда ж? – і ўгаворвала, і выбачалася яна.

– Дык. Куды ж ты пойдзеш, не лета ж, – з лёгкай роспаччу, але ўсведамляючы рацыю дачкі і з удзячнасцю прымаючы яе словы, занепакоілася маці.

– А Ядвіся з намі. паедзе, – раптоўна знайшоўся я, зірнуў на Ядвісю, вочы якой акругліліся ад неразумення, заспяшаўся, усё адно як мне было адмерана ўсяго некалькі секунд: – Нас тут невялікая кампанія сабралася, едзем на лецішча да Уладзі. Там яблынькі абвязаць, Марго фотасесію зладзіць па першым снезе, печку распалім, каўбасак насмажым. Едзем, Яся?

– Зараз, я хутка. Чакай у вітальні.

Я выйшаў.

– Пірог, дачушка, пірог забяры, – услед за Ядвісяй таропка выйшла з пакоя і цётка Ірына, заспяшалася на кухню.

Ядвіся была ў чорных джынсах і зыркім памаранчавым швэдры. Накінула куртку, абулася, нацягнула на галаву вязаную шапку, паправіла валасы на плячах, узяла з рук маці пакет з кавалкамі пірага. Нахілілася да яе, цмокнула ў шчаку:

– Усё будзе добра, мама! Тэлефануй!

Снег, бязважкі, лёгкі, сыпаў і сыпаў, павольна апускаючыся на ўжо цалкам укрытую беллю зямлю. Уладзя ішоў першым, пратоптваў сцежку – недзе было і вышэй за калена. Падышлі да яго лецішча, сталі, міжволі залюбаваўшыся хараством: дрэўцы, кусты парэчак, арка з вінаградам былі ўкрыты таўсматымі шапкамі белага снегу. Дарожка, якая вяла ад веснічак да ўваходу, была роўненька прыцярушаная снегам, так роўна, бы яго нехта тут разгладжваў. Уладзя таргануў веснічкі, а Марго ажно ўскрыкнула:

– Не ступай! Не хадзі!

І сама прысела з фотаапаратам, пстрыкала. Потым азірнулася на нас, прыпыніла позірк на Ядвісі: – Ядзечка, пабудзь ахвярай! Ну, калі ласка! У цябе такі швэдар, будзе такая мілата!

І Ядвіся зняла куртку на просьбу Марго, зняла шапку, расчасалася, колькі хвілін стаяла і чакала, пакуль у валасах не забялелі снежныя камячкі.

– А цяпер – ідзі павольна сцяжынкай, вольна, не угінайся, ты ў свой дом ідзеш. Азірнешся, як папрашу.

І пстрыкала, а мы любаваліся сапраўды прыгажэннай карцінай: у белым садзе белай сцяжынкаю, пакідаючы выразныя сляды, ідзе дзяўчына ў зыркім, бы сонца, памаранчавым швэдры.

– Ух ты, вось дык кадры! – не стрымлівала захапленне Марго, азіралася наўкола. – Вой, які там лясочак! Хто мяне туды праводзіць? Вой, хачу-хачу.

Мы пасмейваліся, а мне было цёпла і прыемна.

Падышлі да дзвярэй і зноў, як некалі, Уладзя застыў, пазіраючы ў бок цяпліцы.

– Што, наш сябра-бомж там зноў начуе? – усміхнуўся я і падышоў да цяпліцы. Не, дзверцы былі зашчэпленыя з вуліцы. Але ж у куце за плёнкай нешта грувасцілася.

Падышлі ўсе разам, цікава ж.

Пад кавалкамі старой поліэтыленавай плёнкі былі складзеныя роўным штабелем дровы. Прычым – не ламаныя, а парэзаныя і пасечаныя, хоць, відавочна, збіралі іх тут, на месцы.

– Бач ты. аддзячыў, – цёпла ўсміхнуўся Уладзя.

– Хто аддзячыў? За што?

– Мы вам раскажам! – паабяцаў я, яшчэ далей прыадкрыў дровы і пабачыў наверсе пакет – самы звычайны, як у магазінах даюць на прадукты. – О, дык там і яшчэ нешта!

Зазірнуў і выцягнуў. каробку цукерак. Вялікую і цяжкую.

– Неслабыя тут у вас бамжы трапляюцца, – рассмяяўся Ромка. – Уладзь, адчыняй хутчэй – замерзнем!

У дамку было няцёпла, але неяк трошкі утульней, чым у мінулы раз. Хутка распалілі ў печцы. Марго пацягнула дзяўчат у лясок рабіць здымкі, Ромку прымусіла ісці наперадзе і пракладваць сцежку. Мы з Уладзем даставалі з пакетаў тое, што кожны паспеў прыхапіць з дому, ладзілі на стол, які пасунулі бліжэй да печкі, там змайстравалі лаву – будзе дзяўчатам сядзець лацвей – ад печкі ўжо пайшоў цёплы дух.

Забулькатаў чайнік – я пайшоў гукнуць усіх.

Гудзела, патрэскваючы, полымя ў печцы. Паелі са смакам – згаладаліся, як выявілася. Разлілі гарбату, я пацягнуў да сябе той пакет з цукеркамі.

– Дык будзе гісторыя пра вашага бамжа? – спытала Ядвіся.

– Абавязкова будзе, – паабяцаў я. – От будзем есці цукеркі і слухаць нас.

Плёнка на каробцы была надарваная з аднаго боку – саму каробку выцягвалі і зноў засоўвалі. Непрыемна казытнула. Але сарваў усю абгортку, адкінуў вечка і застыў: на раскладзеных у сваіх асобных пластыкавых гнёздах цукерках у абгортках ляжаў згорнуты аркуш паперы. Я прабег кароткі тэкст вачыма і, не ведаю чаму, устаў, узяўшы яго ў рукі. Мабыць, на маім твары нешта было такое, што ўсе змоўклі, насцярожана сачылі за мной.

– Уладзь. – ціха гукнуў я сябра – ён корпаўся ў шафцы, забыліся дастаць цукар.

– Ну? – замёр ён, пабачыўшы мой твар.

– Ён пакінуў запіску. – нечакана запяршыла ў горле, і я адкашляўся. – Прабачце, чытаю. Дарагія маладыя людзі! Прыміце маю маленькую ўдзячнасць – купку дроў. А гэтыя цукеркі – падзяку вам асабіста ад маёй Юлечкі. Сяргей Міхайлавіч.

– Вось дык маеш, – Уладзя прысеў на зэдлік, вочы яго заблішчалі. – Дык ён – дайшоў?!

– Ну, калі нам перадае цукеркі яго Юлечка, – дайшоў, – радасна усміхнуўся я.

– Так, стоп, тлумачце! – удавана абурылася Ядвіся. – Што гэта такое?

– Гэта. Гэта чалавек паверыў у тое, што хоць кожны асобна са свайго боку бачыць сваю прычыну падзеі, ды сапраўдная бывае толькі адна. І што нельга баяцца.

У пакоі раптам пасвятлела: на падлогу лёг зыркі сонечны простакутнік.

– Кадры! Кадры! – усхапілася з месца Марго. – Кір! Пакуль не распавядай! Бяжым, дзяўчаты!

Мы выйшлі разам усе і зажмурыліся ад яркага сонечнага святла і белага ззяння.

Побач уздыхнуў Уладзя.

– Ты чаго? – ціха спытаў я.

– Так, прыемна. І неяк радасна. Чужы ж нам чалавек, ніхто, а вось.

– Так. Памятаеш, Уладзь, гэты бомж. Я тады падумаў, што ён дойдзе. Бо калі выйшаў ад нас, дык пайшоў супраць ветру.

Пакуль Марго зноў вымушала нас то па чарзе, то ўсіх разам станавіцца ў адным, у іншым месцы,кідацца прыгаршчамі снегу, страсаць яго з кустоў парэчак (а пад тым кустом бедная Настачка.), дамок добра прагрэўся, мы вярнуліся, яшчэ больш узрадаваныя той цеплыні, што нас сустрэла, прыкладвалі свае халодныя чырвоныя рукі да гарачых бакоў печкі. Потым падагравалі астылую гарбату, і мы з Уладзем апавядалі дзіўную гісторыю нашага знаёмага бамжа.

У горад вярталіся з захадам сонца, на аўтобусе.

Мы не змаўляліся з Ядвісяй – збочылі ў бок прысад.

– Мама тэлефанавала. – парушыла маўчанне Ядвіся.

Я не ведаў, што пытаць, і ці маю я права нешта пытаць. Прамаўчаў.

Наперадзе нас, у канцы прысад, заходзіла сонца, заліваючы снег ружовым і чырвоным. Мы не адны любаваліся гэтым хараством: перад намі няспешна у той жа бок – да сонца, ішло колькі пар. Мацнеў мароз.

– Ты, Кір, псіх, і табе будзе цяжка, – уздыхнула Ядвіся. – А ў мяне замерзлі рукі, – спынілася яна.

Я выцягнуў свае рукі з кішэняў курткі – у пальчатках было холадна ісці, сцягнуў пальчаткі, узяў працягнутыя рукі Ядвісі, зняў яе чырвоныя рукавічкі. Рукі і праўда былі халодныя. Уклаў кожную ў сваю руку і засунуў разам з рукавічкамі ў кішэні сваёй курткі. Бо ў мяне вялікія і цёплыя кішэні.

Мы стаялі адзін супраць другога, тварам да твару. Хвіліну, другую.

– Дзівак ты, зараз пачнуць стыць ногі, – усміхнулася Ядвіся. – Хадзем. Угрэліся рукі.

Нават самыя доўгія прысады некалі канчаюцца. І мароз усё мацнеў. І чырвонае сонца скацілася

за дахі дамоў.

– Мама тэлефанавала, – ціха паўтарыла Ядвіся. – Будзе позна. Яны паехалі ў рэстаран вячэраць. Мама ніколі, казала мне, не вячэрала ў рэстаране з мужчынам. Яна апранула сукенку, якую купіла чатыры гады таму, на вяселле да стрыечнай сястры, але я тады моцна захварэла, і на вяселле мама не трапіла. І сукенка вісела ненадзяваная. Прыгожая сукенка. Мама гаварыла, а я слухала і думала, што ніколі не чула такога да дрыжання шчаслівага яе голасу... Кір! Што ты зараз хочаш?

– прыпынілася яна: мы акурат дайшлі да яе дому.

– Не ведаю, – ціха адказаў я. – Хіба ты замерзла да стану залатой рыбкі, каб выконваць жаданні?

– Не, але ж я – ведзьма, ты пераканаўся.

У Ядвісіных вачах скакалі гарэзлівыя агеньчыкі.

– Я скажу. – сур'ёзна пачаў я, гледзячы ў яе зрэнкі, не міргаючы. – Скажу як ёсць, а ты. Зрэшты, можаш крыўдаваць. Я хачу. хачу прасіць даравання ў матылька і дазволу пацалаваць яго.

Гарэзлівыя агеньчыкі запоўнілі цалкам яе вільготныя вочы.

– Толькі ты прачытаеш мне сваю гісторыю майго нараджэння, – прашаптала Ядвіся, узяла мяне за руку, злёгку пацягнула: – Хадзем.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю