412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц » Текст книги (страница 24)
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 24 (всего у книги 24 страниц)

– Я цяпер ведаю, – сказаў ён. – Ты думаеш, ты дарэмна была барвянай у тым белым пакоі? Не, ты такая і ёсць.

Ён глядзеў на яе дзіўнымі, зусім новымі, вялізнымі шэрымі вачыма. І ёй раптоўна стала страшна.

– І валасы ліловыя… Усё ў свеце такое складанае. А мы нічога не ведаем. У ружы, напрыклад, блакітны вячэрні пах. Ён гучыць, як струна віяланчэлі, калі яе кранеш у глухім пакоі. А ў бадзяка, у чартапалоха, пах пярэсты, чмяліны, і ён зусім як басовае «до».

Незразумелыя вочы, здаецца, бачылі яе да самага дна.

– Я твае валасы пахнуць дурманам і таму, вядома, ліловыя.

Коні глыталі шырокі, добры і страшны абшар.

Натоўп дваран ішоў падземным ходам да Раўбічавай камяніцы. Пан Яраш крочыў паперадзе з кандэлябрам у руцэ. Крокі глуха гучалі пад шэрымі, нібы запыленымі, скляпеннямі. Вычварныя чорныя цені кідаліся ва ўсе бакі на кожнай паваротцы.

Iшлi ў маўчаннi, якое нават прыгнечвала. Пятнаццаць чалавек не хацелi абмовiцца i словам.

Урэшце пан Яраш сказаў глухім голасам:

– Прыступкі, панове.

Пачалі падымацца. Потым Раўбіч адчыніў жалезныя дзверы, і гурма выйшла на дзённае святло, што падала праз закратаванае акно ў вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпенчатай столлю. Востра шыбнула ў твары саладкаватым серным смуродам. На сталах стаялі колбы, рэторты, палаў у саганах агонь. Лёгкі дымок цягнуўся пад выцяжны каўпак.

Чатыры чалавекі ўзняліся са сваіх месцаў, калі натоўп уцягнуўся ў сутарэнне. Глядзелі, нібы чакаючы, насцярожана і нядобра. Суконныя плашчы. Бледныя, нібы фарфоравыя, абліччы людзей, якія рэдка бачаць сонца. Бледныя, як парасткі бульбы ў склепе.

– Спакойна, панове, – сказаў ім Раўбіч. – Гэта свае.

Звярнуўся да гасцей:

– Спадзяюся, прозвішчаў вы не спытаеце. Але яны таксама свае. І ім аніяк нельга выйсці адсюль. Усе ўжо дзесяць год думаюць, што яны за мяжой. А яны туды не могуць. Нянавісць не дазваляе. І таму свядома ахвяруюць сабой.

– Група Зянкевіча? – спытаў Мнішак.

– Але[80]80
  У 1846 годзе на Магілёўшчыне выкрылі групу «карбанарыяў», якая рыхтавала закалат. Данос Горацкага студэтна Белавуса быў своечасова раскрыты, і група самаліквідавалася. Не арыштавалі нікога.


[Закрыть]
. Гэтыя два сябры – хемікі. Біліся столькі год – і ўсё ж вынайшлі такі гарт сталі, што яна больш надзейная, чым златавустаўская. Не ломіцца ад удару молатам. Сячэ хусцінку. Маем такіх шабляў ужо трыста сорак і дзве.

– Малавата, – сказаў Раткевіч.

– Адразу нiчога не бывае, – Раўбiч адчынiў нiзкiя дзверцы. – Там яшчэ ход. У другое сутарэнне. I ў iм нешта каля пяцiсот пудоў пораху. Самаробнага, але не горшага за фабрычны.

– Прах і агонь? – спытаў Мнішак.

– Нічога, гэта надзейна. Ход цягнецца на трыццаць сажняў. А ўрэшце, у жыцці і смерці наш гаспадар – бог. Я паклікаў вас дзеля таго, што ўсё гэта трымаць у камяніцы стала небяспечна. На мяне могуць склеіць і другі данос. Блакітныя актывізаваліся… Вам давядзецца добра папрацаваць у гэтую ноч, панове. Гарбом.

– Яны не могуць, – усміхнуўся аксамітнымі вачыма з'едлівы Януш Біскуповіч, той самы паэт, Мацееў бацька, з якім Алесь і пан Юры ездзілі да Кроера. – Яны на панства хворыя. Як гэта гарбом? У іх няма гарба.

Пасмяяліся. Янушу ўсё даравалі. Баяліся языка.

Раўбіч звярнуўся да «хемікаў»:

– Адразу ж старанна згасіце агонь. Жалезныя рэчы загарніце ў тканіны і пакладзіце ў кладоўцы. Падлогу засцяліце кілімамі.

Адзін з бледнатварых схіліў галаву.

– А вы бліжэй пад вечар скінеце чаравікі (я тут нарыхтаваў для вас мяккія такія боцікі з аўчыны, накшталт індзейскіх макасінаў), выцягнеце і здасцё мне ўсё металічнае: партабакі, ключы, крэсівы, калі хто не давярае сярнічкам, кашалькі з срэбнымі грашыма.

– Пакуль той закалат, дык ужо кашалькі адбіраюць, – сказаў Біскуповіч.

– Трэба… І за адну ноч, як простыя фурманы, завязем усё гэта ў мой Крыжыцкі лес, у схованку. Там надзейна. Людзі ў леснічоўках адной вяроўкай са мною звязаны. Схаваем – і ўсё.

Паны схілілі галовы на знак згоды.

– Вас пятнаццаць, ды я, ды іх чатыры… Дваццаць чалавек. Па дваццаць пяць пудоў на чалавека і каня. Па адной ездцы.

З ачага, куды «хемік» выліў вядро вады, ірванула, засычэла пара.

– Нішто сабе лазня, – сказаў Біскуповіч. – А дзе венікі?

– Венікі табе Мусатаў падорыць, – жоўчна ўсміхнуўся Раўбіч.

– Раўбіч кака, – сказаў пан Януш. – Раўбіч чарадзей. У Раўбіча з падполаў серай цягне. Да Раўбіча нячыстая сіла па начах праз комін лётае.

Памаўчаў.

– А і малайчына Раўбіч! Я ведаў, але не думаў, што такі зух!

– Хадзем наверх, – сказаў Раўбіч. – Пагаворым.

Яны падымаліся вінтавымі сходамі даволі доўга, пакуль не далезлі да верхняга паверха камяніцы, вялікага пакоя з камінам, у якім яшчэ асталіся гнёзды ад пожагаў і дзве старажытныя кулеўрыны ля акенца.

Кулеўрыны глядзелі жараламі ў нязмерны парк. На чашападобную лагчыну, на будыначкі маёнтка, на падкову возера, на дзве выцягнутыя званіцы раўбіцкай царквы, на далёкую шэрую пляму лазні ў гушчары.

Пасярэдзіне пакоя стаяў стол, укрыты цяжкім парчовым абрусам, і крэслы. На стале, на крэслах, проста на падлозе ляжалі жаўтаватыя, пергаментныя, і белыя, папяровыя, скруткі карт, стальныя і гусіныя пер'і, чарніліцы з атрамантам.

– Сядайце.

Усе паселі. Януш Біскуповіч, пан Мнішак, Выбіцкі, Юллян Раткевіч.

Жоўчнае, знясіленае неадчэпнай думай аблічча пана Яраша, ягоныя вочы-правалы дабрэюць, калі Раўбіч глядзіць на гэтых. Надзейныя, свае людзі. Нават на эшафоце будуць такія. І той нядрэнны, і яшчэ вось гэты. І той. Восем чалавек, на якіх можна спадзявацца, як на сябе. Шасцёх ведае горш, але ім таксама трэба верыць. Прадстаўнікі далёкіх паветаў. Двох рэкамендаваў Біскуповіч, двох Раткевіч Юллян. Па адным – Мнішак і Выбіцкі. І толькі аднаго з ахвотаю не бачыў бы, хоць гэта і дрэнна – мяшаць у агульную справу асабістыя пачуцці. Сядзіць Мікола Браніборскі. Сквапны, хваткі, як у галаўня, рот усміхаецца. Не, даваць волю ўласнай нелюбові нельга. Прыгнёт ненавідзіць, сялян тады вызваліць сам прапанаваў, абедзвюма рукамі падпісаўся пад Раткевічавай запіскай. З Кроерам тады пабіўся. А ў справу прыйшоў сам. Сам прапанаваў Янушу стварыць змову, сказаў, што, калі дваране сталі баязліўцы – адзін пойдзе, бо немагчыма больш на такі глум глядзець. Трэба прымусіць сябе добра ставіцца да яго. Так, як да даўжэзнага, нібы калядная свечка, Юлляна. Так, як да рэкамендаванага ім Вірскага. Як да малазнаёмага Ваневіча.

Трэба верыць.

– Вось, панове, – сказаў Раубіч. – Мусатаў шнырыць вакол. Дбаннем маладога Загорскага спіхнулі яго ў Янаву пушчу, пакуль вывезем порах і зброю. Мяркую, усе згодныя са мной?

Біскуповіч схіліў галаву.

– Тады прыступім да чарговай зборні падспуднай рады. Тут усе.

Цяжкія Раўбічавы вочы абвялі прысутных.

– Усе вы ведаеце, што сказаў у сваёй прамове перад дэпутатамі польскага сената, дваранства і духавенства дзесятага мая гэтага года імператар Аляксандр. Motto ягонай лазенскай прамовы была – ніякіх мар.

– Zadnych mavzen, – ціха пераклаў Мнішак.

– «Ніякіх мар, панове. Здолею ўтаймаваць тых, хто захаваў бы мары… Дабрабыт Польшчы залежыць ад поўнага зліцця яе з іншымі народамі майго царства». Любельская маршалка Язерскага не дапусцілі адказваць цару. Забараніў намеснік, Гарчакоў. Гэта прымус, гэта вынарадаванне, гэта навязванне манархічнай сістэты. «Ніякай аўтаноміі, нават фінскай». «Ніякай самадзейнасці, нават абмежаванай». Вось што недвухсэнсоўна сказаў імператар. Калі такі глум царат учыняе ў Польшчы – чаго можна чакаць ад яго нам? Што ён можа даць нам, акрамя яшчэ горшага рабства? Агульнае абурэнне пануе на нашых, на польскіх, на літоўскіх землях. Трон Раманавых зжыў сябе паўсюль. Яны самі распісаліся ў сваёй неспраможнасці даць шчасце і волю падданым і народам. І таму я пытаю ў прадстаўнікоў падспуднай рады: пакладзем мы канец нашым ваганням; будзем цярпець далей або паставім перад сабою ясную мэту, скажам самім сабе, што мы жывём для паўстання, для вялікай змовы, для людовай вайны з усім, што крыўдзіць, ганьбіць і зневажае нас?

Настала маўчанне.

– То як?

– Калі паўставаць? – спытаў Біскуповіч.

– Паўстаць, каб толькі пусціць кроў, – гэта дурасць, – сказаў Раўбіч. – Паўставаць трэба з надзеяй на перамогу. Шкада, што ў часе вайны нас было замала, каб ударыць у тыл… Але за тры гады вайны колькасць нашых паплечнікаў патроілася. Я разлічыў рост нашых арганізацый. Мы будзем мець належную колькасць людзей праз шэсць год. Значыць, прыблізна шэсцьдзесят другі год.

Браніборскі свіснуў:

– Мы паўстаём або гуляем у слімакоў?

Усе маўчалі. Потым Раткевіч Юллян сказаў:

– Доўга.

– Затое верна, – сказаў Раўбіч. – Ты думаеш, Юллян, мне не баліць кожны дзень няволі? Душа запяклася! З раніцы першая думка аб гэтым. Вечарам – апошняя. Не магу ўжо жыць… Раз на месяц абавязкова прыходзіць вар'яцкае жаданне: пачаць. Пачаць. Пачаць адразу, з тымі людзьмі, што ёсць. Нічога і нікога не чакаючы. Нават не баюся загінуць.

Памаўчаў.

– Але думку тую гоніш. Ну, пачнеш непадрыхтаваным. Ну, загінеш і сяброў загубіш. Зямлю шыбеніцамі заставяць. Мы не маем, не маем права рызыкаваць. Загінуць – добра. Загінуць – трэба. Але так, каб ад гэтай загібелі быў нейкі плён.

Яны думалі. Потым небывала сур'ёзны Біскуповіч сказаў:

– Рацыя…

– Пан Яраш падрыхтаваў нейкі план? – спытаў Мнішак.

Замест адказу Раўбіч хрумснуў вялікім пергаментам, раскручваючы яго на стале. Паклаў на адзін канец цяжкую шаблю ў похвах. Два другія рагі прыціснулі срэбнай чарніліцай і кавалкам губчатай крыцы.

– Я заўважаю, паны не кураць, – з усмешкай сказаў Раўбiч. – Курыце.

Усе разгублена паглядзелі адзін на аднаго. Сапраўды, чаму не кураць?

І раптам рогат пракаціўся над галовамі. Усе смяяліся, зразумеўшы, што падсвядома ў кожнай галаве цвіком сядзела думка аб пяцістах пудах пораху.

– Лухта, – сказаў Раўбіч. – Гэта зусім не пад камяніцай.

– Кiньце, хлопцы, – сказаў Бiскуповiч. – Тут i без пораху, як на скрут галавы.

– Гэта яны баяцца, што ад іхніх люлек абурэнне выбухне, – сказаў Раткевіч. – Не бойцеся. Не такі ўжо ён вогненебяспечны, наш народ. І не такое ўжо з нас, з кожнага, добрае крэсіва, каб іскры сыпаліся.

Пацягнула тытунёвым дымком. Закурэлі цыбукі гаспадарскіх доўгіх трубак, захліпалі люлькі гасцей, запунсавелі кончыкі цыгар.

Усе маўчалі, гледзячы на мапу. Прыдняпроўе, зрэзанае сінімі стужкамі рэк, зялёнымі плямамі лясоў, цёмнымі кропкамі вёсак і гарадоў ляжала перад імі.

І таму ва ўсіх трохі сціснула дыханне, як перад першым адчайдушным крокам у ледзяную ваду Дняпра.

– Мяркую, паны не змянілі сваёй думкі аб тым, што галавой падспуднай рады і ваяводам прызначаны я? – спытаў Раўбіч.

– Не змянілі.

– Тады слухайце. Грунтам для майго плана было ваша паходжанне, панове, – сказаў Раўбіч. – Тыя мясціны, у якіх вы пачалі збіраць свае групы. Свае будучыя загоны. Веданне мясцовасці і людзей – вось ваша неацэнная перавага. Таму я і схіліўся да дыспазіцыі, якую прапаную вашай увазе. Адхіленні ад прынцыпу паходжання – невялікія, і тыя людзі будуць кіраваць унутранымі атрадамі, наводзіць парадак, прыходзіць на дапамогу тым, каму будзе цяжка. Трымаць асявую лінію Дняпра ад Лоева да Дуброўны, сто семдзесят – сто восемдзесят вёрст па птушыным лёце. Калі ж улічыць усе лукавіны Дняпра, то ўдвая больш. Сачыць пільна, каб не праляцеў пясчанік-кулік. Трымаць моцна, як трымаюць уласнае дзіця.

Паны слухалі ўважліва і змрочна.

– Дык вось, – сказаў Раўбіч. – Сухадол – гэта фарпост. Гэта вузел. Адсюль пачынаецца асявая лінія Сухадол – Загоршчына – Вежа – Дошчыца. Яе трэба трымаць, калі прарвуцца з-за захаду ці ўсходу. Пакідаць за сабою – любою цаной. Калі яна падзе – гэта клін, гэта меч у цела паўстання. А Сухадол – рукаяць гэтага мяча. І таму я пакідаю яго за сабой. Другое, што нам трэба адразу зрабіць, – гэта адбіцца ад магчымых сікурсаў, ад падмацаванняў, якія абавязкова пойдуць на дапамогу ўрадавым войскам… у той мех, які я, з вашай дапамогай, мяркую ўчыніць ім.

– Як? – спытаў Мнішак.

– Глядзіце. Пан Біскуповіч з наваколляў Елянца. Паўдзённы край майго ўчастка даходзіць да вас. Я трымаю гэтую лінію, і частку асявой лініі Дняпра, і ўчастак па Друці. Вы бачыце?

– Бачу, – сказаў Біскуповіч.

– Пан Вірскі з Даўгалесся. Вы трымаеце Дняпро на дваццаць вёрст на паўночны захад, дзе мост па гасцінцы Гомель – Глінная Слабада (вельмі важна), і на паўднёвы ўсход, прыблізна да Холмечы і Старадубкі.

– Помню, – сказаў Вірскі.

– Пан Якуб Ваневіч.

– Слухаю вас, – грузлы крамяны Ваневіч паклаў руку на кут між Дняпром і Сожам.

– У вас другі па важнасці вузел. Трэць усёй справы залежыць ад вас. Авалодаць сваім рогам, трымаць яго жалезнай рукой – на што атрымаеце ледзь не найбольшую дапамогу людзьмі і зброяй – і не дапускаць сікурсаў з поўдня.

Раўбіч вёў лінію паўздоўж ракі…

– Прашу паноў улічыць: вы ўсе седзіцё на левым, пераважна нізкім беразе Днепра. Таму ўсім нам давядзецца загадзя авалодаць усімі ключавымі вышынямі гэтага берага. Я павінен паклапаціцца аб умацаваннях Доўгай Кручы, Гарадзішча, Чырвонай Гары, Спароўскіх вышынь, Луцкіх гарбоў і гэтак далей. Вы, Біскуповіч, авалодаеце Выбаўскімі і Смыцкімі. Ад Рэчыцы да Лоева асабліва цяжка, бо там пяцідзесяцісажнёвы абрыў грады падыходзіць з варожага боку амаль да ракі, а ў нас мясцовасць нізкая і забалочаная. Дадатковая цяжкасць для вас, Ваневіч, але вы былы афіцэр, ды яшчэ са здольных. На першы раз вам паможа забалочаная мясцовасць і нетры. Паколькі пачнем вясной, а разліў там часам дасягае шасці вёрстаў ушыркі – гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Падбайце толькі аб тым, каб звесці пад сваю руку, на ўсе высоты, якія ў той час будуць астравамі, усе магчымыя плыўныя сродкі. Каб вы мелі поўную свабоду для манеўравання, а вораг яе не меў… Я разумею, не ўсё на вайне выходзіць так, як на паперы. Але ж, ва ўсякім разе, павінен быць план і наша вялікае імкненне зрабіць усё, што ад нас залежыць і што ў нашых сілах, каб наблізіць яго да рэчаіснасці.

– Разумею, – сказаў Ваневіч.

– Ваш левы фланг, Ваневіч, змыкаецца з правым флангам суседа ля самага Гомля. Там якраз край шасцідзесяцісажнёвага плато падыходзіць да самай ракі. Там скрыжаванне дарог, якое трэба трымаць нават коштам жыцця… Пан Яноўскі з-пад Радугі.

Яноўскі, які нервова і горача абводзіў усіх густа-сінімі вачыма, ледзь не ўскочыў з месца, пачуўшы сваё прозвішча. Ён быў самы малады з усіх. Яму было дваццаць год.

– Ведаю, – заспяшаўся ён. – Гэта лягчэй. Высокі край плато. І цяжэй. Скрыжаванне шляхоў на сцюдзёную Гуту – Ярылавічы – Чарнігаў, на Улукаўе – Карму над Харапуццю, на Вузу – Караблішча і на Баршчоўку Рэчыцу – Перасвятае.

– На апошнім шляху вам паможа Вірскі. На Сцюдзёнагуцкім – Ваневіч, на Караблішчанскім шляху – толькі мінімум перасцярогі. Ён будзе ляжаць цалкам у нашай зоне… Але вам і без таго будзе цяжка.

– Ведаю, – сказаў Яноўскі. – Памром, а не адступім.

І густа заліўся чырванню. Пашкадаваў, што кінуў апошнія словы.

– Пан Вітахмовіч, вы трымаеце ўчастак Чачэрск – Карма – Гайшын – Прапойск. Ён зручны вышынямі, але нязручны лясамі.

– Спалім, – спакойна сказаў Вітахмовіч. – Папярэднім летам, у засуш, пусцім пал.

Паны глядзелі на мапу і пачыналі разумець Раўбічавы меркаванні.

Раўбіч называў і называў участкі і прозвішчы, і ўрэшце пятля замкнулася. Акрэслены чырвоным алоўкам, шырэйшы зверху і вузейшы знізу, ляжаў на мапе кавалак зямлі: няроўны крамянёвы нож, накіраваны вастрыём на поўдзень.

Усе моўчкі глядзелі на з'езджаны, па сто раз бачаны, але цяпер такі незвычайны кавалак зямлі. У сініх стужках рэк, у зялёных плямах пушчаў, у кропках вёсак і гарадоў. Родны край.

Цяжкая, ахопленая жалезным бранзалетам, Раўбічава рука лягла на Сухадол і наваколле.

– Тут – цэнтр. Тут пачатак. Пан Мнішак – гэта сувязь і ўзаемаадносіны між атрадамі, – Раўбіч усміхнуўся. – Галава кур'ераў, дымавой сувязі і агнявых віцаў… Па Дняпры ўжо створаны ядры будучых атрадаў, групы Турскага, Севярына Юдэніча, Вітахмовіча-Драгавінскага і Ракутовіча.

Людзі маўчалі, засцяроджана пускаючы дым.

– Мы прыдбаем стрэльбы самі. Скажам, малёўскія склады зброі нам не па зубах. Астаюцца два арсеналы, узяўшы якія мы ўзброім сябе і абяззброім ворага. На самай поўначы і на поўдні. Горкі і Сухадол. На Сухадол нападу я і загоны Турскага і Вітахмовіча-Драгавінскага. Івіцкі-Лаўр разам з Севярынам Юдэнічам наваляцца на Горкі.

– А магілёўскія палкі? – спытаў разважлівы Эсьмон.

– Не думаю, каб яны рызыкнулі кінуць горад. Пажар успыхне ў розных месцах. Адначасова з нападам на арсеналы нашы людзі зробяць падманны выпад у бок Магілёва…

– Каго вы хочаце высунуць на гэта? – прабасіў Сіпайла.

– Хто павінен дзейнічаць з захаду ад вас, Раткевіч? – спытаў Яраш.

– Браты стрыечныя, Грынкевічы. Усяслаў і Тумаш.

– Як мысліце іх?

– Цi не занадта якабiнцы. Спяць i бачаць разню.

– Нічога. Рэзаццца на Дняпры давядзецца найбольш… Вось яны і будуць рабіць той выпад. Колькі ў іх зараз людзей?

– Згадзілася падтрымаць нешта каля пяцісот чалавек.

– Будзе больш. Раён прыдатны. Доўгі Мох, балоты ля Трылесіны. На поўдні іхняй зоны Свержанскія лясы. Ім і палохаць дзядзьку губернатара. На Горкі ён, маючы іх у тыле, не пойдзе. А рушыць на поўдзень – яны сустрэнуць яго першыя і не дадуць падаць дапамогу Сухадолу. А потым – усе на Магілёў.

Раўбіч уздыхнуў.

– Ну вось. У дэталях потым. Памятайце толькі: на той тэрыторыі, што мы збіраемся падняць, жыве нешта каля дзевяцісот тысяч чававек. Ніводзін з гэтых людзей не павінен зазнаць крыўды. Калі мешчанін пачне зводзіць рахункі з ваенным, раскольнік – з католікам, а паляк – з пратэстантам, – скончыцца ўсё гэта загібеллю. Таму я прапаную радзё сёння ж дамовіцца аб тым, каб ні ў якім разе не дапусціць несправядлівасці. Усе людзі, колькі іх ні ёсць, дзеці Адама. Я патрабую ў рады аднаго: строгага пакарання за ўсобіцы. Мы не павінны наследаваць імперыі. Мне здаецца, гэта зямля павінна стаць зямлёй справядлівасці для ўсіх. Вось што я хацеў сказаць.

Людзі маўчалі. Прыдняпроўе ляжала перад імі на стале, а над ім плыў густы дым…

…Алесь сам не разумеў, як яны маглі заблудзіцца. Але ноч ужо даўно спусцілася на пушчу, а яны ўсё яшчэ кружлялі патаемнымі сцежкамі сярод вялікіх, здавалася, да самага неба, дрэў.

Па зорах зведаць дарогу было нельга. Неба густа аблажыла чорнымі хмарамі. Так густа і глуха, што ў пушчы стала цёпла, як пад коўдрай.

Сіняя маланка палахнула зусім нізка над дрэвамі. Збіралася навальніца. Урга і Касюнька мякка ступалі па гліцы. Майка сядзела на мышастай кабылцы стомленая, амаль безуважная. Ёй хацелася спаць.

– Заблудзіліся, – сказаў Алесь.

– Канчаткова?

– Да раніцы.

– Дзе прыстроімся?

– Пусцім коней на волю. У пушчу яны не пойдуць. Будуць выбірацца на нейкія галявіны.

Ён паспрабаваў, спешыўшыся, мацаць стаўбуры дрэў. Паўночны бок знаходзіў, але што гэта магло даць, калі нельга было ўбачыць пальцаў рукі. Праедзеш крокаў дзесяць і зноў пачнеш кружляць. Дый каня ў пушчы «проста на поўнач» ці «проста на поўдзень» не пагоніш. Гэта табе не поле. Нетры вакол.

Таму, выбраўшыся на першую-лепшую сцежку, ён даў Ургу волю.

Маланкі рвалі неба ўсё часцей, але ў іхнім святле вочы бачылі адно і тое ж: чарна-сінія ствалы дрэў, блакітны тор сцежкі, цяжкія шаты над галавой.

Яны ехалі так каля гадзіны.

Трэба было некуды хавацца. Пад якую-небудзь разложыстую старую яліну. Ён так бы і зрабіў, але наступная магутная маланка нібы агнём высекла з цемры маленькую галявіну, а на ёй – нізкую прыземістую будыніну з грыбам страхі, ссунутай ледзь не да зямлі, з шырока разяўленай зяпай цёмных дзвярэй. Па ўсім відаць, лясную адрыну.

– Майка! Хутчэй! Прыстанак!

Ён пагнаў каня да адрыны. Скочыў з Ургі, узяў на рукі лёгенькае цела Майкі.

– Бяжы туды.

Дождж насунуўся такой сцяною, што, пакуль ён заводзіў коней у адрыну, плечы ў яго прамоклі наскрозь.

Чарговая маланка пафарбавала свет у сінія і чорныя вертыкальныя палосы: сцены адрыны былі з даволі рэдкіх жэрдак. Па небе сцёбнула нібы вялізнай агнявой пугай. Алесь убачыў коней, дыван з бярозавых галін, якія кладуць «пад ногі сену», самое сена, што займала палову будыніны, а ля яго – постаць Майкі.

– Лезь туды. Захутайся. Накрыйся сенам. Тут прадзімае.

Падсадзіў яе. Кінуў коням па бярэмю сена і прывязаў, каб не зглумілі шмат. Потым палез сам.

Сапраўды, трохі прадзімала: праз шчыліны веяў вільготны, дрыготкі павеў. Свет штохвілінна фарбаваўся ў сіняе і чорнае, палосамі. І Майчына постаць таксама рабілася паласатая.

– Халодна табе?

– Трохі.

Ён вылаяў сябе. Яна ж была дзяўчына. Магла застыць.

Алесь выкапаў у цёплым сене доўгую ямку.

– Кладзіся.

– Колецца.

– Тады стань на ногі на хвілінку.

Калі яна ўстала, ён усю яе абвіў плашчом з ног да галавы і, узняўшы на рукі, асцярожна палажыў у ямку. Потым пачаў закідваць яе сенам. Спачатку на ногі. Потым на грудзі, на плечы.

Урэшце асталася на паверхні толькі галава. Валасы і вузкае, блакітнае ў святле маланак аблічча, і бліскучыя вочы, што ўважліва і патаемна глядзелі на яго.

– Табе холадна, – сказала яна. – Кладзіся таксама сюды.

Ён лёг і адчуў яе побач. Подых з яе вуснаў часам нібы гладзіў яму шчаку, а побач, зусім блізка, блішчалі ў змроку яе вочы. Гэта было прыемна. І адначасова страшна.

– Ты накідай на сябе сена. А то давай я раскручуся і дам табе частку плашча.

– Не, – сказаў ён.

Яна нічога не разумела. Яна проста забыла пра ўсё ў хвіліну сумеснай непрыемнасці. Сябру было дрэнна, і яна прапанавала. Але яе шэпт здаваўся яму іншым, не такім, як пры сонцы, а прапанова спалохала так, што яшчэ некалькі хвілін ледзяныя хвалі страху падымаліся аднекуль ад ног, заліваючы сэрца.

Гэта было немагчыма: легчы з ёю побач, пад адным плашчом. Гэта было, як мяжа. І невядома было, што тады рабіць, як гаварыць, як заўтра паглядзець у вочы?!

Дый ці будзе яно яшчэ, тое заўтра, пасля такога найвялікшага ў свеце блюзнерства.

Вядома, не будзе.

Вецер веяў і веяў у шчыліны. Свежы і халодны, ён прабіраў наскрозь.

– Зусім ты нядобры, – сказала яна. – І самому халодна, і мне. Злуешся на мяне?

– Не.

– То чаму?

Алесь лёг у ямінку побач з ёю.

– Бачыш, так цяплей.

Ён прыціснуўся да яе бокам, адчуваючы пах яе скуры і пах піжмы, канюшыны і нібыта медуніцы. Ён адчуваў яе цеплыню і цеплыню сена, а вецер цяпер толькі зрэдку гладзіў ягоны твар.

Гэта было толькі як наканаванне, за якім ішла цемра і ўсё самае жахлівае, што магло быць на зямлі.

– Ну вось, цяпер добра. Я засну цяпер, – сказала яна.

Прамуркатала і заціхла. Пакінула яго аднаго.

Калі ён прысунуўся бліжэй, яна нешта муркатнула ў сне і даверліва прыціснулася да яго.

І тут ён зразумеў, што не можа, не павінен аддацца ва ўплыў гэтаму невядомаму, за якім канец усяму. Ён адчуваў, што назаўсёды перастаў бы паважаць сябе, што падмануў і растаптаў бы самае лепшае, што было дадзена кімсьці яму і ёй.

Але ад гэтага гора яго не было меншае.

– Божа, вызвалі мяне… Вызвалі мяне… Вызвалі…

Насланнё згасала і на згасала ў пакутным болю. І ён тужыў за ім, але што, што было рабіць…

За шчылястымі сценкамі зноў узнік незразумелы шум, а разам з ім – галасы.

«Адкуль?»

Ён асцярожна падпоўз да сценкі.

Наступная сіняя бліскавіца вырвала з цемры тое, чаго яны не бачылі з-за адрыны, калі пад'язджалі да яе. Бо адрына стаяла ў самым вузкім месцы галявіны, закрываючы ўсё астатняе.

Алесь убачыў маленькі ставок, грэблю і аксамітную страху млынка. Зусім недалёка. Сажняў за пяцьдзесят. Значыць, шум млынавога кола заглушыла сцяна дажджу.

Сцежка, па якой яны выехалі да адрыны, мела працяг на другі бок. Тут адно рзгалінаванне яе ішло да млына, а другое знікала ў лесе. І на скрыжаванні… ён заўважыў гэта пры другім усплёску маланкі… стаялі два чалавекі. Высокая жанчына ў чорнай хусціне і стары ў белым, па ўсім відаць – жабрак.

Вада залівала ўсё між стваламі, і калі наступная маланка секанула цемру, усё між дрэў і на паплаўцы ўспыхнула. Нібы зямлю залілі расплаўленым срэбрам.

Стары стаяў, прыкрыўшы крысом світкі ліру. Доўгія вусны падалі ніжэй барады.

«Дзе гэта мы? – падумаў Алесь. – Няйначай, гэта Паківачоў млын».

– Пойдзеш гэтай сцежкай, – сказала жанчына ўладна. – Берагам Папараці зараз нельга. Там дзве кладкі нізкія. Іх заліло. Ды тут нават бліжэй. Праз гадзіну выйдзеш да Дняпра.

І паказала рукою ў нетры.

– Бывай і прабач. Справа пільная. Лапаты цябе і сагрэюць, і накормяць, і адплацяць за ўсё. Ды я не забуду. Не першы раз, дзякуй богу, памагаем.

– Але ж.

– Баркалабаўскім, калі будзеш там, перадай: хадзіць пакуль не трэба. Скажы: воўчыя красы ў жніўні… А Лапатам скажы: на пэўнай хароміне хутка чырвоны Будзімір заскача, шэранькага Варгана да кучаравых божых авечак пусціць.

– Добра.

– Таму што, перадай, той, хто трэба, уцёк. З таго месца ўцёк, дзе людзі шышкі ядуць, а ў бочцы плаваюць… Ну, ідзі.

Жанчына тройчы пацалавалася з жабраком. Наступны ўсплёск азарыў белую постаць, што ўваходзіла ў лес, і чорную вялікую постаць жанчыны, якая прамавала да млына…

Алесь вярнуўся на сваё месца і, прытуліўшыся да Майкі, пачаў думаць. Некуды зніклі і жах, і насланнё. Ён проста адчуваў яе побач з сабою, слухаў яе ціхія ўздыхі і баяўся за яе, бо адчуваў, што вакол пануе небяспека, што ў гэтым лесе і гэтым млыне пануе, жыве і крадзецца да адрыны нешта нядобрае і пагрозлівае. І ён баяўся за яе, бо адчуваў: яна па-новаму бязмерна дарагая яму. Стала такой пасля гэтай ночы жаху і наслання. Але ехаць адразу таксама было нельга. Яны нагоняць жабрака на лясной сцежцы, спудзяць яго і гэтых людзей, якія рыхтавалі нейкую сваю цёмную справу. А за сценамі дождж. Хочаш не хочаш, а трэба было ляжаць.

І ён ляжаў, не адчуваючы нічога, акрамя бязмернай пяшчоты і дабрыні, якія аж не змяшчаліся ў сэрцы.

А знадворку раскалваўся, трапятаў ва ўспышках, узнікаў і зноў паміраў у цемры, бурыўся свет.

…Дождж, здаецца, суняўся. Алесь разбудзіў Майку і, захутаную, падсадзіў яе на Касюньку.

Скіраваў коней на сцежку, на якой знік баркалабаўскі старац.

Яны ехалі доўга, бо Алесь увесь час стрымліваў коней. Але кожнай дарозе бывае канец, і ўрэшце лес скончыўся. Налева цурчала Папараць, а перад імі, далёка, трапяталі бліскавіцы ў чорных глыбінях Дняпра.

I тут, калi яны ўжо лiчылi, што ўратавалiся, неймавернай сiлы ўдар раскалоў неба над iхняй галавой. Аглушаныя, залiтыя сляпучым святлом, яны не разумелi, дзе яны i што з iмi. А калi расплюшчылi вочы – убачылi, што пярун кiнуў свой распалены молат проста ў вялiзны сухi дуб, якi стаяў ля дарогi, за нейкiя дваццаць крокаў ад iх.

Сухадрэвіна раскалолася ад верхавіны і амаль да кораня, расшчапілася трохі і асталася стаяць. А полымя заліло дрэва, нібы лаваю, і па расколіне паліўся ўгору паток агню. Чырвоны, плоскі, схаваны ў чорнай расколіне, ён нагадваў вадаспад, які бяжыць з падножжа на вяршыню скалы…

Раўло і цягнула да хмар. Плыла ў неба распаленая вогненная рака.

Канец першай кнігі

    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю