412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц » Текст книги (страница 9)
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 24 страниц)

І ўсе маўчалі, быццам словы паміж імі былі зусім непатрэбныя.

Успышкі ўсё часцелі. І вось чалавек ля горна зняў з сагана зусім круглую бутэльку з вузкім рыльцам, ускалаціў нейкі асадак і паказаў чалавеку з паласой. Той сцвярджальна апусціў галаву.

Трапятала чырвонае полымя.

Чалавек падаў паласу аднаму з тых, што сядзелі. Вызваліў другую паласу, крутой дугою выгнутую між двума ціскамі, і падаў суседу першага. Тыя скінулі плашчы і, застаўшыся ў суконных нагавіцах і белых сарочках, пачалі маўклівую і страшную сваёй маўклівасцю гульню ва ўспышках чырвонага святла. Пачалі біць паласой аб паласу, па-рознаму трымаючы іх, білі па чарзе. Потым адзін біў па паласе другога, уторкнутай адным канцом у шчыліну паміж плітамі падлогі. Потым другі біў даволі тоўстай доўбняй па паласе першага.

Адзін з удараў доўбні зламаў метал. І ўладар доўбні моўчкі, са змрочным тварам, развёў рукамі.

І тут успышка небывала чырвонага густога полымя ахапіла сутарэнне. Чалавек над жароўняй стаяў і выскаляў зубы ў патоках чырвонага святла, якія змяіліся ўсё вышэй і вышэй. Рукі ягоныя былі пераможна ўскінутыя ўгору.

Гэта было так страшна, што хлопцы кінуліся прэч і апамяталіся толькі за рогам будыніны.

– Што бачылі? – спытаў Паўлюк.

– Выклікалі кагось, – коратка сказаў Андрэй.

– Каго?

– Не ведаю. Але не на дабро. Пайшлі адсюль.

– А агонь? – напомніў Кандрат.

– Так, агонь, – у Андрэя ўпаў голас.

Яны ўзнялі вочы да акна і ўбачылі, што сіні агеньчык згас. На яго месцы цяпер цямнеў правал акна. Звычайны мёртвы правал. Больш нічога.

І хлопцы адразу адчулі, як жах саступіў месца расчараванню. Агонь быў так блізка, такі высокі і сіні. Хто ведае, якія дзівосы ён асвятляў. І вось яны, дурні, пакінулі яго, дачакаліся, пакуль ён згас.

– Ёлупы, – сказаў Кандрат. – Боўдуры.

Гэта сапраўды было горка, калі ўжо забыцца на страх. Столькі разоў бачыць іскру над шатамі парку, наважыцца, нарэшце, ісці сюды, нацярпецца жаху, убачыць агонь зблізку, такі зменлівы і сіні. І ўсё зглуміць.

– Пайшлі, – сказаў Андрэй.

Зноў сцежка, на гэты раз з уступу, у абход невялікай падковы возера. Зноў пах грыбніцы і стылая раса.

Хлопцы ішлі моўчкі, з апушчанымі галовамі. Было халодна і няўтульна пад шатамі дрэў. Добра, што хаця Янька не плакала, бо ёй было ўсё адно, так яна хацела спаць. Андрэй зняў з сябе світку, і яны падвязалі дзяўчынку на спіне Кандрата, зрабіўшы нешта накшталт мяшка, у якім было цёпла і ўтульна. Кандрат цяпер мог вызваліць рукі, яму стала лягчэй.

– Прыйдзем яшчэ сюды? – ціха спытаў ён у Андрэя.

– Прыйдзем, – падумаўшы, адказаў Андрэй. – Трэба прыйсці.

– Каго ж яны ўсё-ткі выклікалі? – спытаў Кандрат.

Андрэй не адказаў. Ды і што можна было адказаць?

Цемра. Глухія крокі. Сонныя пасопванні Янькі на спіне ў Кандрата. Пачынае прабіраць холад, той санлівы холад, калі сківіцы раздзірае пазяханне і чалавек марыць, як аб вышэйшым шчасці, аб ахапку сена, у які можна зашыцца.

Мужны дух прадпрымальнасці і прыгод заўсёды церпіць ад такіх акалічнасцей.

Яны мінулі возера, з якога патыхала вільготным халадком і рыбнай сырасцю. Парк зноў зрабіўся густы, – не парк, а нейкія нетры з лаўжамі і ветрабоем, з рэдкімі глухімі сцяжынкамі.

Па адной з такіх сцяжынак яны ішлі даволі доўга; ішлі і амаль не спадзяваліся, што калі-небудь ёй будзе канец. Але сцежка ўлілася ў папярочную сцежку, што была шырэйшая і нагадвала хутчэй вузкую дарогу, па якой ледзьве можа праехаць воз. Дарожка гэтая была як тунель, так спляталіся над ёю галіны дрэў, з левага боку яна праз нейкіх пяць сажняў улівалася ў невялічкую паляну. І палянка была таксама цёмная, бо над ёю схіляліся, засцячы неба і ўтвараючы над ёю шацёр, верхнія галіны магутных, вычварна-каржакаватых дрэў. А пад шатром, займаючы амаль усю палянку, стаяла самая дзівосная будыніна, якую ім давялося бачыць у сваім каратусенькім жыцці.

Будыніну абкружаў частакол з завостраных бярвенняў. Над частаколам уздымаліся толькі два-тры вянцы сцен ды трох'ярусны дах з грубай замшэлай шчапы. На вільчаку верхняга яруса нерухома ўзвышаўся «балотны чорт», вычварная карчага, якой вятры і гнілая вада часам надаюць падабенства з пачварным ідалам.

У вянцах сцен там-сям цьмяна блішчалі маленечкія сляпыя акенцы з разьблёнымі ліштвамі. Такая ж разьблёная брама разрывала ў адным месцы частакол. Палі яго вянчалі пабеленыя непагодай конскія чарапы з цёмнымі праваламі вачэй.

Дзеці не ведалі, што гэта была лазня Раўбіча, пабудаваная ў «казачным» стылі, але, дрыжучы, адчувалі гэта казачнае і страшнае. Відаць, сюды, да гэтай брамы, павінны былі прыязджаць, каб загінуць: увечары – светлы дзень, а перад світаннем – чорная ноч.

З цёмнага тунеля дарогі даляцеў стомлены, рэдкі стук капытоў, а потым з'явілася сама ноч, як гэта ёй належыць – на чорным кані і ў чорным плашчы.

Конь ішоў мернай ступою, а коннік сядзеў на ім, схіліўшы галаву, і доўгі чорны плашч, падобны на абвіслыя вялізныя крылы, прыкрываў рэпіцу жывёлы.

– Вось каго выклікалі, – шапнуў Кандрату Андрэй.

Хлопцы не здзівіліся, пазнаўшы ноч у твар, пазнаўшы гэтыя доўгія вусы, гэтую рукаяць пісталета, што выглядала з сакваў.

Коннік пад'ехаў да частакола і з хвіліну пастаяў перад ім. Потым, не ўздымаючы галавы, павольна ўзняў стрэльбу і тройчы, з вялікімі перапынкамі, стукнуў руляй у дошкі варот.

…Не чакаючы больш ні хвіліны, баючыся невядома чаго, дзеці кінуліся бегчы так, як не беглі ніколі ў жыцці.

Яны не памяталі і не ведалі дарогі, не звярталі ўвагі на стому, ад якой рэзала ў грудзях, не памяталі, дзе пералезлі агароджу. А можа, яе і зусім не было? Яны беглі і апамяталіся толькі на знаёмым раздарожжы, ад якога да Загоршчыны было не больш як дзве вярсты.

Было цёмна. Пахла бярозавымі венікамі. Пасля ўспыхнуў агеньчык. Рука, упрыгожаная на запясці жалезным узорным бранзалетам, паднесла сярнічку да васковай тоўстай свечкі. Потым да другой. Да трэцяй.

І тады другая рука, загарэлая аж да гарчычнага адцення, зняла са стала ўпрыгожаны срэбнымі насечкамі пісталет. Схавала пад стол.

– Баішся? – іранічна спытаў Раўбіч, скідаючы на лаву плашч.

– Сцерагуся, – сказаў Война.

Раўбіч выняў з-пад плашча кошык і паставіў на стол.

– Падсілкуйся.

Спаласаваны і зрэзаны страшнымі шнарамі твар усміхаўся.

– «Правда ль, что Бомарше кого-то отравил?» – спытаў Война.

І гаспадар лазні адказаў у тон яму:

– «Гений и злодейство две вещи несовместимые».

– Ведаеш класіку, – сказаў Война.

Яны сядзелі за адным сталом. Война еў, скоса паглядаючы на субяседніка насцярожанымі і бязлітаснымі вачыма. Яго чорныя бровы былі нахмураныя.

А Раўбіч сядзеў насупраць, і яго твар ажыўляла іранічная ўсмешка. Вялікія, зусім без райка, цёмныя вочы спакойна назіралі, як пальцы Войны ламалі курыную нагу.

– Згаладаўся ты, браток.

Вычварна зламаныя, пагардлівыя бровы Раўбіча дрыжалі.

– І так дваццаць год, – сказаў ён. – Божа мой, колькі пакут! І, галоўнае, дарэмна. Увесь час спаць адным вокам. Увесь час недаядаць.

– Лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.

– Намёк? – спытаў Раўбіч.

– Ты што? – сказаў Война. – Не, кум, цябе гэта не тычыцца. Ты таксама не ціхая горлінка, таксама «хищный вран» над гэтай напаўжывой падлай. Гэта не пра цябе. Гэта пра тых, што зажэрліся, што забылі.

Яны глядзелі адзін на аднаго. Прылазнік, асветлены спакойнымі язычкамі свечак, быў някепскай дэкарацыяй: вышараваныя да жаўцізны бярвенні сцен, пучкі мяты пад столлю, шырокія лавы пад мяккімі чырвонымі налаўнікамі, стол, на стале ежа і паліваны збан з чорным півам, а ля стала два насцярожаныя чалавекі.

– Урэшце, хто мяне выручыў, параненага, – сказаў Война, канчаючы есці, – хто падабраў у яры? Хто выхадзіў? Каму ж можа больш верыць Чорны Война.

– А ты не ганарыся, Багдане, – жорстка сказаў Раўбіч. – Я тады не ведаў, што ты – Чорны Война. Проста бачыў тваю перастрэлку з земскай паліцыяй. А ў мяне, кумок, з гэтай публікай свае рахункі. Дый, потым… калі шасцёх нападаюць на аднаго – праўда не на іх баку.

– Лыцар, – сказаў Война. – Ты ж глядзі, лыцар, не забудзь папярэдзіць «блакітных», што мяне бачылі ў наваколлі.

– Папярэджу, – спакойна сказаў Раўбіч. – У мяне таксама ёсць тое, чаго нельга ставіць на карту.

Война скручваў з грубага тытуню цыгарку. Знявечаныя пальцы рухаліся няспрытна.

– Дай я, – сказаў Раўбіч.

– Не трэба. Ва ўсякім разе, адзін палец у мяне здаровы… Той, што кладзецца на курок.

– Война, – сказаў Раўбіч. – Не рызыкуй сабой, Война. Пачакай трошкі. Час надыходзіць. А ты можаш не дажыць. Ты будзеш патрэбен жывы, а не мёртвы. Перасядзі год-два. Месца я табе знайду. Адпачні. А потым я паклічу.

Цень Войнавай галавы адмоўна хіснуўся на сцяне.

– Ты нядрэнны чалавек. Але я кажу – не. Таму, што ты шукаеш сяброў. А сябры прададуць. Чалавек – быдла. У атрадзе з трох – адзін здраднік. І, потым, мне няма часу. Старыя салдаты жывуць, пакуль ідуць. Калі я прысяду – я не ўстану, такая стома ў маіх касцях. Я падаю табе знак і прыходжу сюды, калі ўжо зусім немагчыма. Я сплю тут як чалавек, але потым мне зноў цяжка звыкаць да насцярожаных вачэй, да дажджу, да свайго берлагу… як дваццаць год таму.

Ён апусціў павекі.

– Сёння я раскажу табе нешта, – не вельмі ахвотна сказаў ён. – Ты памятаеш бунт у трыццатым годзе?

– Але. Толькі тады я быў іншы і не разумеў яго.

– А я разумеў. Мне тады было дзевятнаццаць, i я верыў у людзей. Верыў у бунт, у наша паўстанне, у тое, што людзi яму не здрадзяць. Веру я ў гэта цяпер або не – мая справа. Золата – самы брудны метал, але з яго робяць шапку, i яе гаспадар з мазгамi каптэнармуса атрымлiвае права сядзець на чалавечай пiрамiдзе, мучыць людзей, якiх ён мазаля не варты. Гарнастай – подлы i хцiвы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, i яе гаспадар чамусьцi атрымлiвае правы шматаваць свой народ i процьму другiх.

Война паклаў на стол цяжкую далонь.

– Я верыў, што астатнія думаюць, як я. Напэўна, таму, што я любіў сваё Прыдняпроўе і верыў, што мае сябры жадаюць яму дабра. А потым пачалося. Перш за ўсё здрадзіла гэтая сволач, Хлапіцкі[49]49
  Хлапіцкі – дыктатар у паўстанні 1830 г.


[Закрыть]
. Дыктатар паўстання. Напалеончык… Потым іншыя. Разгул подласці і жывёльнага жаху… Што здзіўляцца, што нас разбілі, што мужыкі нам не верылі. Але я верыў. Праз год я прыйшоў да некаторых сяброў і сказаў, што час пачынаць спачатку. І ўбачыў, што адзін разводзіць капусту, а другі служыць столаначальнікам. Убачыў пустыя ад жаху вочы… А яны ж былі зусім як я. І я зразумеў: яны спыніліся ў нянавісці. Што мне было рабіць? Начальнікі здрадзілі. Сябры дрыжалі. Народ пакорліва цягнуў ярмо. Усё, у што я верыў, было, значыцца, як байка для дурных дзяцей, а мая мара – паламаная цацка.

Ён усміхнуўся.

– Я быў малады і гарачы. Адзін дык адзін. І я вырашыў: паўстанне будзе жыць, пакуль буду жыць я. Павінна ж быць праўда!

Цяпер у яго словах гучала наіўная, але цвёрдая гордасць.

– І вось яно жыве. Яны думаюць, што задушылі яго, а яно жыве, дваццаць год гучаць яго стрэлы. Які яшчэ мяцеж трымаўся так доўга?! Таму я і сплю адным вокам, таму сцерагуся. Яно павінна жыць доўга… аж пакуль не падстрэляць мяне. Мне нельга спыняцца. Іначай атрымаецца, што я дарэмна жыў.

Уздыхнуў.

– Часам мне цяжка. Я гляджу здалёк на твайго Стася. Гляджу на тваю Наталлю. На Франса. На Майку… Я люблю дзяцей. Часам думаеш, што супраціўленне ні да чаго не вядзе. Можна кінуць усё і жыць… Але потым я ўспамінаю, як мітусяцца яны ўсе, пачынаючы з Мусатава. Я ўспамінаю, што кожны мой стрэл – гэта поўха тым, з пустымі вачыма… І вось таму мне з табой не па дарозе. Я не магу чакаць.

– Добра, – сказаў Раўбіч. – Я пайду, бо ты зусім засынаеш… Спі спакойна, кум.

– Чаму ж не спаць? Буду спаць. Інсургент спіць, а інсурэкцыя[50]50
  Паўстанне.


[Закрыть]
ідзе.

XIII

Калі першая птушка ціўкнула ў хмызах – ёй ніхто не азваўся. І гэта азначала, што быў жнівень і птушкі сталі больш лянотнымі.

Такая, мусіць, халодная раса! Так не хочацца кідаць гняздоўя! Хто гэта там азваўся? Ах, ён няўрымста!.. Хоць бы яшчэ хвіліну! Хві-лі-начку!

Раса сапраўды была халодная. Лісцікі бэзу, густа пакрытыя ёю, здаваліся шэрымі. Шэрае, туманнае прабівалася праз лістоту святло.

Страсяні галіну карычкі – сцюдзёны і нават балючы, як шрот, дождж прамочыць з галавы да ног.

У першым святле вывелі коней на цёмны ад расы жвір. Логвін, пазяхаючы, глядзеў, як Кандрат і Андрэй запрагаюць у маленькую лялечную брычку двох шатландскіх поні. А тыя запрагалі і не пераставалі здзіўляцца жывёлам. У поні былі чубкі і вочы, такія рахманыя.

Худы, падабраны Логвін быў усцешаны тым, што не давядзецца ехаць. Ён вось пастаіць-пастаіць, а потым і пойдзе і даспіць гадзінку-другую. Хай сабе едуць адны. Хто пакрыўдзіць дзяцей? Дзеці – усмешка божая. Іх крыўдзіць нельга.

І таму Логвін здаволена ўсміхнуўся. Разбудзілі «дам», кінуўшы жменю пяску ў акно першага паверха. Яны апрануліся хутка і, праз капрыз Майкі, вылезлі праз акно і, вядома, адразу ж прамоклі. Таму іх, пад агульны рогат, давялося з месца садзіць у брычку і захутваць вярблюджай папонай. Так яны і сядзелі, як двайняткі. І прыемна было глядзець на ганарлівы твар Майкі і свежанькае пыска Яні.

Жвавы, як цвыркун, Мсціслаў адразу ж забраўся ў брычку, на месца фурмана, каб быць бліжэй да дзяўчатак. Логвін, гледзячы на гэта, толькі галавою круціў: «Спрытны, чорт, як артуць. Такі ўжо татарын. Проста дзівуешся».

Алесю падалі Ургу, Андрэю – мышастую Касюньку, Кандрату і Паўлюку – спакойных дарашаватых кабылак.

Алесь агледзеў кавалькаду – усё было гатова. І ён зноў адчуў у сэрцы тое шчасце, якім жыў ужо другі дзень.

…Маці ў гэтыя дні трошкі прыхварэла і не выходзіла да іх. У яе якраз пачынаўся той настрой асаблівай уражлівасці, якога пан Юры заўсёды пабойваўся і які цягнуўся звычайна толькі некалькі дзён на год.

Пачыналася гэта з першымі жоўтымі лісцікамі на бярозе, за Іллёю, які, як вядома, скінуў з кожнага дрэва па два лісты. Дрэвам яшчэ бясконца доўга было зелянець, але няўлоўны сум, які разліваўся з гэтага часу ў прыродзе, няўлоўныя для вока першыя прыкметы памірання быццам адразу забівалі сумную і слабую жыццярадаснасць маці, і яна замыкалася ў сабе.

Паскараў усё гэта дзень, калі пан Юры збіраўся на першае сапраўднае паляванне. Учарашнія хлапунцы ўзняліся на крыло. Крыжныя яшчэ не пачыналі ліняць. Набліжаўся дзень вялікай птушынай крыві.

Звечара пачыналі рыхтавацца. І адразу ў матулі пачынала балець галава, а вочы сумнелі. Ведаючы, што нічога не паможа, што добры і мяккі пан Юры робіцца, як толькі дойдзе да палявання, сапраўдным убоіскам і нізавошта не паслухаецца яе, яна ўсё ж распачынала вартыя жалю спробы ўтрымаць яго.

– Як вы можаце гэта, Georges?

Жорж маўчаў, утаропіўшыся ў талерку.

– Філёмон (так яна называла Халімона) казаў, што ўчора бачыў, як качка вяла хлапунцоў. Іх яшчэ многа. Яны ва ўсіх качак, у якіх ліса разбурыла першае гняздо.

– Да мы, матухна, хлапунцоў не страляем, – бараніўся пан Юры. – Што ў нас, разумення няма? Мы сёння на бакасоў едзем.

– Яшчэ горш. За што такіх маленькіх?

Пан Юры маўчаў. Што ён мог зрабіць, калі з лугоў і балот ляцеў такі прызыўны кліч?

І пані Антаніда разумела, што яна нічога не зробіць.

Тады яна замыкалася ў сваіх пакоях, не пускаючы на вока нікога. Нават малы Вацлаў у гэтыя дні пераходзіў на рукі мамак. Што ж, калі ў яго кволыя ружовыя пальчыкі? Яны таксама будуць трымаць стрэльбу.

Гэта было нейкае сумнае непаразуменне перад пачаткам забойства, які жыў у душах многіх.

Пан Юры, сустракаючы сына, казаў яму:

– Ты, брат, не лезь да яе. У яе, ці ведаеш, не тое, што ў нас…

Пакоі маці былі цёмныя, як і яе думкі.

Затое з панам Юрыем дзецям было лёгка і проста. Ён сядаў за стол і перш за ўсё пытаўся ў дзяцей грубым голасам:

– Што, дзеці, ці лілі вы алей у бульбу, ці не лілі?

І пытаў другім голасам:

– Чаго ты цілікаеш?

І зноў адказваў першым голасам, толькі вінаватым:

– Я не цілікаю. Я пытаю.

Дзеці рагаталі. А ў бацькі хоць бы ўсмешка, зусім сур'ёзны, нават змрочны. Толькі ў вачах таіліся вясёлыя чорцікі.

І дзеці яшчэ больш палюбілі яго, калі ён згадзіўся адпусціць іх адных агледзець старое загорскае гарадзішча з руінамі камяніцы.

Госці пайшлі спаць. Бацька з сынам і герам Фельдбаўхам абмяркоўвалі гэтае пытанне ўтрох. І калі немец па сваёй ахвоце вырашыў далучыцца да дзяцей, бацька разважліва зазначыў яму на шматлікія невыгоды, якія давядзецца цярпець усяму наваколлю ад легкаважнага імкнення пана Фельдбаўха да забаў.

– Я б і рад, пан Фельдбаўх. Але я толькі падумаў, што вы, напэўна, забылі…

– Was?

– Вы, напэўна, забылі, што Хаданскія рыхтуюць феерверк, каб здзівіць гэтых выскачак з Магілёва. Яны прасілі, каб гер Фельдбаўх прыгледзеў, бо ўсім вядомыя яго поспехі ў піратэхніцы, якіх ён дабіўся, удзельнічаючы ў падрыхтоўцы традыцыйнага студэнцкага феерверку яшчэ ў Гецінгене…

Гувернёр схапіўся за галаву. І сапраўды забыў. Было б няўдзячнасцю… Ды яшчэ феерверк, шум, выбухі.

Ён паспешна пайшоў збірацца, каб назаўтра раней выехаць да Хаданскіх. Бацька і сын засталіся ў курыльні. Пан Юры задумліва пускаў дым сігары.

– Бацька, – сказаў Алесь, – у мяне да цябе справа.

– Ну?

– Адпусці Кагутоў на волю.

Бацька зірнуў на сына са здзіўленнем. Той сядзеў у крэсле, і шэрыя вочы глядзелі непрымірыма.

– Мне сорам глядзець ім у вочы. Я хачу, каб яны прыходзілі да мяне самі, а не тады, калі я іх паклічу. Ім трэба даць волю і… вучыць таго з дзяцей, хто гэтага захоча. Магчыма, Паўлюка, яму якраз час.

Бацька не раззлаваўся.

– А ты падумаў, ці захочуць яны гэтага? Уся адказнасць адразу падае на плечы вольнага. Адказнасць за неўраджай, за магчымую пошасць…

Пан Юры з павагай паглядзеў на сына.

«Дарослы, – падумаў ён. – Умее нават разважаць. І мае перакананні».

І, хутчэй ад замілавання гэтай нечаканай даросласцю, чым ад усведамлення неабходнасці волі для кагосьці з Кагутоў, бацька сказаў:

– Добра. Праз два тыдні я паеду ў Сухадол і аформлю вольную. А ты не баішся, што, вольныя, яны пакінуць цябе?

– Іхняе права, – сказаў сын. – Ды толькі яны не пакінуць.

– Добра, сын. Я зраблю гэта для цябе.

– Для сябе, – сказаў сын.

– Ну, для сябе. Што яшчэ?

– Вучыць іх трэба.

Бацька памаўчаў.

– А ты падумаў, сыне, ці вядзе гэта да шчасця?.. Зараз у іх простыя думкі і пачуцці, упэўненасць у тым, што карысная іхняя праца і яны самі. Чым ты хочаш гэта замяніць? Ты ведаеш, якія бяздонні, адна за адну страшнейшыя, расчыняюцца перад вачыма дасведчанага? Якія бяздонні жаху і холаду? Сам я не так далёка пайшоў – і то часам адчуваю. Ледзяны холад і ледзяная самота. З кожным пытаннем усё менш разумееш. Просты бачыць толькі зладжаны крок чалавечых кагорт. Мудры чуе тупат чарады, якая бяжыць да прорвы. Ён бачыць, што тыя, хто яе вядуць, ненавідзяць чараду і адзін аднаго. Ён бачыць, што ўвесь наш хвалёны свет – рота, якая крочыць не ў нагу і ў якой толькі паручнікі, толькі ўрады імперый крочаць у нагу… Каб давесці людзей да агульнай пагібелі.

Ён паківаў галавою:

– Дык ці не лепей араць зямлю?.. Паляваць?

Сын сур'ёзна глядзеў на яго.

– А мне ты хацеў бы гэтага?

– Не…

– Дык не жадай тады і ім.

…Успамінаючы цяпер гэтую размову, Алесь не мог не думаць, што зрабіў правільна.

Усё добра. Цяпер трэба ехаць. І ён лёгка занёс нагу ў стрэмя.

– У сёдлы, хлопцы.

Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў, косячы на брычку і дзяўчатак залатым і трошкі крывавым па бялку вокам.

Рушылі.

Застаялыя коні пайшлі лёгкай ступой. Коннікі, абкружыўшы брычку, ехалі моўчкі. Абы з дарослых вачэй.

Паабапал алеі стаялі туманна-блакітныя дрэвы. Яны павольна адплывалі назад.

А Майцы ўсё гэта было нова. І тое, што хлопчыкі эскартавалі іх, і тое, што ўсе маўкліва прызнавалі правадыром гэтага трошкі няўклюднага хлопчыка, які ехаў наперадзе ўсіх на арабе, і тое, што побач з ёю сядзела гэтая, зусім не непрыемная, сялянская дзяўчынка з дзікаватымі сінімі вачыма.

– Ён жыў у вас, – шапнула яна. – Які ён?

– Го-ожы, – сказала Янька. – І сме-елы. Ён ад мяне бычка-гадавіка адцягнуў. Я з таго часу баюся кароў.

І Майка чамусьці была ўдзячная ёй за добрыя словы.

– Алесь, – сказала яна.

Алесь прытрымаў Ургу, паехаў побач.

– Ты малайчына, што зрабіў так.

– Як?

– Ну… што мы без дарослых.

Блізнюкі пераглянуліся, заўважыўшы манеўр Алеся. Бадай што, гэта было непатрэбна яму: аставацца з дачкой чалавека, у парку якога яны пазаўчора былі. Але яны змоўчалі. Яны, наогул, нічога не расказалі Алесю аб начных сваіх прыгодах, калі ўбачылі, што раніцай прыехала Раўбічава дачка. Не варта. Тым больш што яна ніштаватая. Бываюць жа і ў чараўнікоў добрыя дочкі – гэта ўсе ведаюць, хаця б па дзедавых казках. Прыедзе каралевіч, дык яны яго яшчэ і ад злога бацькі ўратуюць, вядома, калі закахаюцца.

Мсціслаў сядзеў на месцы фурмана, і таму Алесь і Майка не абмовіліся і словам пра медальён.

Калі выехалі з парку – усход ужо моцна чырванеў. Хлопцы пачалі дурэць, ганяцца адзін за адным. Ад'язджалі так далёка, што рабіліся лялечнымі, а потым намётам, з дзікімі выгукамі, ляцелі проста на брычку.

Потым паехалі паплавамі ўздоўж Папараці. Тут травы ніхто не касіў – занадта далёка было, – і коні хаваліся ў ёй вышэй жывата. Буяна цвіў малінавы скрыпень, жоўтыя конусы магутнага царскага бэрла хісталіся, як сягала вока. Кандрат на хаду зрэзаў полае сцябло дудніку і зрабіў з яго пісталет, а потым, нечакана наляцеўшы на брычку, наставіў яго на Мсціслава.

– Хто такі? – спытаў Мсціслаў.

– Ваўкалака, – ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. – Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню – з сабою вазьму.

І цягнуў рукі да Янькі. Дзяўчаткі віскаталі, хаця Ваўкалака быў мілы і зусім не страшны і нават падабаўся Майцы.

Было весела. А потым Андрэй спяваў песню пра Ваўкалаку, і яму падцягваў нечакана прыемным голасам Мсціслаў:

 
Што то за сцежка – без краю, без краю?
Што то за конік – ступою, ступою?
Злыя татарнікі пад капытамі,
Воўчае сонейка над галавою.
 

А потым другую, як малады Ваўкалака пайшоў адбіваць у гайдукоў бацькавых валоў і не вярнуўся ў дом і як груган на сухім дубе казаў яму, што робіць у двары Ваўкалакаў бацька. А бацька ламаў рукі і прыгаворваў:

 
Я, жывучы, валоў нажыву,
А цябе, сыночак, увек не знайду.
 

Песня ляцела над морам разнатраўя, і ўсім было шкада старога бацькі, але так і карцела самім пайсці ў лес, на волю, пад воўчае сонца.

Пацягнуліся мяккія гарбы, зарослыя верасам. Сонца ўзыходзіла за спіною, калі яны ўз'ехалі на адзін такі горб, а па другі бок яшчэ ляжалі цень і туман. І тут перад вачыма дзяцей успыхнула ў тумане белая шырокая вясёлка, слаба-аранжавая звонку, шыза-блакітная знутры. Затым сонца адарвалася ад зямлі, і белая вясёлка знікла, і верас лёг перад вачыма, упрыгожаны мільёнамі павуцінак, якія ззялі ў кроплях расы.

– Што ж гэта яна? – жаласна спытала Майка. – Нашто знікла?

– Чакай, – сказаў Андрэй, – зараз будзе табе ўзнагарода.

І ўзнагарода з'явілася. На павуцінках, на росным верасе раптам з'явілася другая радуга. Выцягнутая, яна ляжала проста на траве, ззяла ўсімі вясёлкамі, уцякала ў бясконцасць ад іхніх ног.

– Ты адкуль ведаў? – спытала Майка з павагаю.

– Ведаў, – проста адказаў Андрэй.

Майка з павагаю ўздыхнула.

…А потым, як працяг гэтай феерыі, над верасам, над гарбамі, зарослымі лесам, з'явілася на збегу Папараці і другой рачулкі, на высокай гары паміж імі, вялікая руіна: тры вежы і рэшткі муроў.

Уброд перайшлі Папараць. Лазілі па каменнях. Майка, Алесь і Андрэй узлезлі нават на адну з веж. Кандрат і Мсціслаў з Янькай асталіся ўнізе.

Майка, Алесь і Андрэй стаялі ў вышыні і глядзелі на неабсяжны свет, які ўвесь, здавалася, належаў ім. Зубцы вежы сівелі палыном, рудыя ад іржы кавуны ядраў былі сям-там бы ўмураваныя ў кладку. А далей была Папараць, лугі, лясы, свет.

– Гэты замак аднойчы ўзялі мужыкі, – сказаў Алесь.

Майка міжвольна зірнула на Андрэя.

– А што ж, – сказаў Андрэй. – Што мы, зломкі?

А знізу маленькі Кандрат крычаў брату:

– Злазь ужо, галата! Злазь!

– Прывязка, – сказаў Андрэй.

– Злазь! – крычаў Мсціслаў. – Злазь, цівун Пацук! Тут цябе Ваўкалака з беларускім Ладымерам чакаюць.

Раззлаваны за «цівуна Пацука», Андрэй палез уніз.

А яны сталі ўдваіх і глядзелі на зямлю.

– Ты атрымаў? – спытала яна.

– Атрымаў.

– Хораша тут?

– Вельмі… І… ведаеш што, давай будзем, як брат і сястра.

– Давай, – уздыхнула яна. – На ўсё жыццё?

– На ўсё жыццё.

Пасля таго як пад'елі ў ценю адной з веж, Андрэй прапанаваў падацца яшчэ далей у лес, бо там, на гэтай самай Папараці, жыве млынар, вядзьмар Грынь Паківач.

Сонца ўздымалася ўсё вышэй. Ярасны шар, калматы шар над зямлёй. На гарызонце лягла ўжо белая смуга, над якой плавалі ў паветры, ні на што не апіраючыся, верхавіны дрэў і вежы загорскай камяніцы.

Лес сустрэў холадам, звонам ручаін, сонечнымі зайцамі на салатавых плоскіх крыжыках заечай капусты.

Хутка Паўлюк заўважыў лясны ставок, маленькі, схаваны між дрэў. І тут усе зразумелі, што ніякі млынар ім не патрэбен. Распраглі коней, а самі разлегліся ў густой траве.

Над ставам ззяла сонца. Над люстранай паверхняй вады стракозы ганяліся за сваім ценем. Заміралі ў паветры, каб падмануць цень, а потым кідаліся. А ніжэй за іх слізгалі па паверхні вадамеркі. Іхнія лапкі апіраліся на ваду і прагіналі яе, і таму па дне стаўка ад кожнага малога канькабежца бегла па шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі.

Алесь і Майка, прыхапіўшы з сабою Яню, пайшлі вакол стаўка, каб паглядзець, адкуль ён бярэ ваду. Натрапілі на ручаіну, што бегла, такая чыстая, сярод свежых імхоў, і пайшлі ёй насустрач.

Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.

…Гулка, як з гарматы, вырваўся з дрыгвяністай лежкі дзік. Кінуўся ў нетры.

Спалохаўшыся, яны ішлі далей, цяпер ужо не аглядаючыся на бакі. А на адным з валуноў, ледзь не над іхняй галавою, стаялі Корчак і Грынь Паківач, глядзелі, як маленькія фігуркі прабіраюцца ўсё вышэй і вышэй па цёмным дне.

Калі яны зніклі ў засені ляшчыны, бледны Корчак перавёў дыханне, сціскаючы ў руках Паківачову дубальтоўку.

– Аднаго ведаю, – шэптам сказаў ён. – Траюрадны пляменнік нашага Кроера. Гэтага б…

Паківач спалохаўся.

– Ты што?

На шчоках у Корчака хадзілі жаўлакі:

– Іх усіх – пад корань… панянят, княжат…

– Ну і дурань, – сказаў Грынь. – З імі сялянская дзяўчынка. Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць.

– Залішняй злосці не бывае, – сказаў Корчак. – Хадзем адсюль.

Густыя зарасці ляшчыны і воўчага лыку прагнулі іх.

А дзеці тым часам знайшлі ў самай глыбіні яра, у растапыраных шатах арэшніку, праз які падаў у лонца вады адзіны прамень, крынічку.

Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы «гейзер», амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі.

– Бацька вады, – шэптам сказала Майка.

– Бацька вод, – паправіў Алесь. – Вось так і Дняпро пачынаецца недзе.

– Жывая вада, – сказала Яня.

І яна апусцілася на калені і зламала пальчыкамі крыштальную паверхню.

– Піце. Будзеце жыць сто год…

Яны ляглі на жываты і доўга, часам адрываючыся, пілі ваду, такую халодную, што яна абручом сціскала лоб.

А вакол быў зялёны і чорны паўзмрок, і толькі адзін прамень падаў між іхніх галоў на нябачную ваду, мякка залоцячы дно.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю