412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц » Текст книги (страница 11)
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 24 страниц)

– Так, усё добра, – сказала яна. – Ён літасцівы. Гэта Ён папярэдзіў мяне, каб я рыхтавалася.

Назаўтра ў яе пачалося нешта накшталт запозненай радзільнай гарачкі. Жанчына раставала, як воск.

– Адумайся, – маліў ён. – Не пакідай мяне.

– Што ты, – казала яна. – Ён літасцівы. Я акуплю ўсё пакутамі. А калі не – папярэджу цябе, дзе я, каб ты… потым са мной…

– Не пакідай, – трымаў ён. – Як жа мне тады верыць у людзей і бога?!

– А ты вер, – ціха казала яна. – Ты ведаеш, я ўдзячная Яму. Бо Ён даў мне саграшыць супраць сябе самой. Іначай я так і пражыла б без твайго кахання. А ён даў мне два гады. Няхай тады і пекла ўжо.

– Яна яшчэ дзякуе, – без слёз рыдаў ён. – Ды што ж гэта? Ды што ж гэ-та та-кое-е?!

Плоская, падталая, яна ўсё глыбей апускалася ў пярыны, у шоўк прасцірадлаў.

Калі вусны яе не пакінулі ніякай, нават самай маленькай, плямы на люстэрку, ён пасядзеў трошкі, падумаў, а потым пайшоў у малельню і стаў там перад фамільным вобразам Спаса Цёмныя Вачніцы. Малельня была радавая, і на сценах вісела зброя, па абяцанню пакладзеная пад іконы тымі з Загорскіх, што ішлі ў манастыры.

– Слухай, – сказаў Загорскі спакойна, як роўнаму. – Яна ж верыла ў цябе. Наблюзнерыла з гарачкі, але ўсё ж верыла. Яна верыла, а ты яе так, га?

Абраз маўчаў, распусціўшы па плячах залатыя валасы. Глядзеў цёмнымі вачніцамі, у якіх не было відаць вачэй.

Пагаварыўшы, ён зноў пайшоў у спачывальню і сеў ля яе. Ён сядзеў так і чакаў, аж пакуль старая нянька Яўдоха не падышла да яго:

– Загадаеце паклікаць абмывальшчыц, пане?

Ён узняў вочы і, як быццам толькі цяпер нешта зразумеўшы, махнуў рукой:

– Кліч.

Потым ён вярнуўся ў малельню, стаў перад Спасам і проста, як нябожчык бацька, спытаў:

– Пекла? Ну няхай бярэ дваіх, калі не хацеў…

У руках яго апынулася старая баявая сякіра – гізаўра. І ён раптам пусціў яе проста ў цёмныя вачніцы з такой сілай, што лязо на тры вяршкі ўпялася ў дрэва і затрымцела там.

– Дрыжыш? – спытаў ён. – Ну, дрыжы.

І выйшаў, зачыніўшы за сабою дзверы.

І ўвесь час, пакуль ён, знешне спакойны, хаваў яе, прымаў спачувальнікаў і насіў жалобу, у душы яго жыў нясцерпны гнеў. Нясцерпны гнеў і адно пытанне: «За што?» Яна нічога не зрабіла таму, яна была больш святою, чым святая Вольга, якая кідала людзей у яму, а зверху кідала човен, што трушчыў ім косці… Вось ускладаюць венчык у знак надзеі атрымаць вянец на нябёсах, – а ёй безудзельна абяцалі пекла. За што?.. Вось пасля паніхіды гасяць свечкі ў знак таго, што «жыццё наша, палаючае, як свяча, павінна згаснуць, часцей за ўсё не дагарэўшы да канца». Але хто ж думае аб канцы ў трыццаць тры гады? Ты, чыя ікона ў яе збалелых празрыстых руках? Ты мог, ты мужчына, ты за ўсіх. А за каго яна? За што?.. Вось служаць адправу, і яе аблічча звернута да алтара. Пры жыцці ты не пускаў яе ў алтар… За што? Яна жанчына. А твая маці не была жанчынай?.. А цяпер не пусціш у царства нябеснае. За што? За тое, што яна блюзнерыла, знемагаючы ад гора і ад любві да чалавека, ад той любві, за якую загінуў ты? «І ў зямлю адыдзеш…» Але не пакінеш быць «вобразам славы Божай». Калі ўжо такая слава, дык да д'ябла яе…

«Гасподня зямля і іспалненіе яе, сусвет і ўсі жывучыя на ім…»

Няшчасны колас! Няшчасны колас пад невядомым сярпом. Ды і хіба пад адным?.. За што?..

І паколькі на адно гэта пытанне, толькі на адно, не было адказу, гнеў усё нарастаў. У пекла дык у пекла. І ідзі ты з тваёй хвалёнай літасцю, калі ты не мог злітавацца над адной, адной-адзінай сваёй авечкай. Не над ваўком, над авечкай. Можа ж быць так, што і авечка, ратуючыся, паспрабуе ўкусіць? Дык ваўкам дазволена кусаць безліч разоў, а яна паспрабавала адзін раз, і яе за гэта – касой па горле.

…Малельня была забітая, поп выгнаны ў Мілае, у старую царкву-крэпасць, самую непрытульную і сырую з усіх цэркваў, якія былі ў яго ўладаннях. Хутка туды ж накіраваліся і папы з Вежы, Святога і Вітахмо.

– Буду плаціць вам удвая, абы духам вашым не смярдзела бліжэй чым за дваццаць вёрст.

Ён ненавідзеў папоў, ненавідзеў цяпер бога, ненавідзеў салдат і жандараў, тых, ад якіх тхнула потам, даносам і крывёй, тых, якія арыштоўваюць людзей за настроі і гэтым зводзяць у магілу стварэнне, якое нікому не прычыніла зла. Ён ненавідзеў маладога цара, які зрабіў так, што людзей, дваран, якія адказваюць за свае палітычныя погляды, хапаюць у іхняй крэпасці.

Ён закамянеў. Ён песціў дачку, адараў грашыма, уборамі, каштоўнасцямі. І зусім не цікавіўся, што яна там робіць на сваіх балях. Ён ведаў, што ёй належыць дзве тысячы душ і што знойдзецца прыстойны чалавек, які будзе кахаць яе. Што можа знайсціся і непрыстойны, ён не падумаў. Дачка ўцякла з маладым афіцэрам размешчанага ў Сухадоле палка…

Пан Даніла цяпер спаў удзень, а ўначы чытаў, моўчкі гуляў па парку або слухаў у музычным павільёне «Рэквіем» Моцарта. Заўсёды адну і тую ж частку, «Лакрымоза». Граў, седзячы за глухой шырмай, арганіст, якога прывезлі з Сухадола. Пан слухаў з сухімі вачыма. Парушаць яго спакой баяліся і таму абвясцілі аб уцёках дачкі позна.

Прыступ гневу ў яго быў страшны. Дагэтуль спакойны, стрымана-моцны, пан быў у ярасці, быццам адразу хацеў выплюхнуць свой гнеў.

Яна! З кім?! З афіцэрам!

І гэта перапоўніла чашу ягонага гневу.

– Дзе?!

– У грэка-расійскім манастыры ў Ліпічах, – адказаў Кандраці, юнак, малочны брат, адзіны, хто не спалохаўся.

Ясна. Манахі заўсёды рады напаскудзіць яму. Чорныя божыя пацукі!

– Напэўна ўжо звянчалі, – сказаў Кандраці. – Позна.

– Позна?! – Крык быў такі, што палац замёр ад жаху. – Я ім дам, позна. Людзей! Шляхту!!! Мужыкоў узброіць!!!

– Не пойдуць, – сказаў Кандраці. – Збаяцца!

– А мяне яны не збаяцца? – крычаў пан. – Не пойдуць – шляхту выганю і няхай здыхае з голаду! Не пойдуць – кожнага дзесятага ў руднікі прадам! Кандраці, пляшку гарэлкі кожнаму! Мужыкам па тры рублі! Шляхце па пяць! Сем'ям забітых пенсіі! Коней! Гарматы!!!

Кавалькада з шасцісот чалавек рынула на Ліпічы. Грукаталі, падскокваючы на камянях, гарматы, вецер ірваў полымя паходняў. І ў п'яных людзей, якія скакалі за панам, усё ўзрастаў бязмэтны гнеў, наліваліся крывёю вочы.

Манастыр атачылі апоўначы. Манахі з муроў убачылі паходні, полымя падпаленых стагоў, якое рвалася ў неба, пачулі гігатанне коней. Яны чакалі гневу, але не такога.

Ігумен выйшаў на мур і ўбачыў проста перад брамай расхрыстанага пана з ашклянелымі вачыма.

– Дачка… – сказаў пан.

– Тут, – не схлусіў ігумен.

– Адвальвай браму, пёс.

– Не апаганьвайце абіцелі, – сказаў ігумен. – Манастыр не можа адмовіць рабам божым, якія ўмаляюць аб прытулку.

– А гарэць твой манастыр можа?

– А ў Салаўкі на затачэнне хочаш? – спытаў ігумен.

Ён адчуваў за сабою сілу дзяржавы, сілу муроў, чатырохсот манахаў і дзесяці гармат. Не адвучылася яшчэ брація з тых часоў, калі манастыр быў памежнай крэпасцю.

– Лізаблюд, – гнеўна сказаў пан. – Халуй пецярбургскі!

– Анафему накладуць, – сказаў келар. – Ты, быдла. Дзекала недабітае.

– А я вось дам вам анафему. Зводнікі! Па колькі капеек з ложка бераце?

– Не зневажай бога, прычакань Салавецкі, – сказаў ігумен.

– Гэта хто бог? Ты? Казёл ты!

У адказ з муроў рыгнула гармата.

– Д-добра, – сказаў пан. – Т-так. Добра вам будзе з нябёс на мяне ў Салаўках глядзець.

Спалоханы гэтым спакойным тонам, ігумен хацеў быў паклікаць утрапёнага Данілу, але той пайшоў ужо ў крывава-чорны змрок. А праз пяць хвілін адтуль зараўлі гарматы. Сорак штук.

Стралялі гадзіну, не па людзях, а па сцяне. Аконам хапаўся за галаву. Няхай бы білі ў браму, яе і аднавіць лёгка. Не, б'юць у мур.

…А пан з закамянелым тварам загадваў пушкарам сыпаць падвойны парахавы зарад:

– Нічога, не разарве! Сып! Бі… І вось што, распаліце ядры. Біце імі па дахах! Па дахах!

Манахі спачатку стралялі, а потым кінулі. Відаць было, як яны ўздымалі да неба рукі, стоячы на мурах. У барвяным зарыве твар пана стаў жахлівы…

Палалі шчапяныя дахі… І вось са страшным грукатам абурылася, упала ў хмарах чырвонага дыму кутняя вежа.

Абложнікі ўварваліся ў ахоплены полымем манастыр.

Манахі не абараняліся. Аконам ірваў на сабе валасы. Айца келара, які схаваўся на дражніку, за абразу торкалі носам у конскі гной.

Перад брамай, на голай зямлі, два мужыкі праяўлялі ініцыятыву, хвасталі айца ігумена, папярэдне зняўшы з яго кукаль.

Дачку і яе мужа вывалаклі за муры, скруцілі і кінулі ў розныя вазы.

Пану было мала. Гнеў душыў яго, той гнеў, якога ён не мог пазбыцца столькі часу.

Страшная кавалькада рушыла назад. Па дарозе ўзялі без бою, толькі выламаўшы браму, каталіцкі кляштар і за суткі выпілі ў ім усе віны і лікёры.

Святкавалі. І з гора таксама.

Манахі, узрадаваныя ганьбе канкурэнтаў, самі частавалі ваякаў. Чорт з імі, з лікёрамі! Будуць яшчэ. Але ж пан схізматув поперал. І таму сталы аж ламаліся.

Падступалі потым, п'яныя, і да манастыра манашак-візітак і гразіліся ўзяць, але пашкадавалі жанчын. Віску многа!

…Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога – кінуць свойскаму мядзведзю.

Пан сеў і думаў гадзіны дзве. Потым загадаў прывесці маладога. Таго вызвалілі з мяккіх абдымкаў мядзведзя ўсяго аблізанага, ружовага.

Пан Даніла сустрэў яго, седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф.

– Выпі. Палегчае.

Той выпіў.

– Як жа гэта вы? І не спыталі.

– Яна сказала, што ўсё адно за вайсковага не аддасцё.

– Правільна, – грозна сказаў Загорскі. – Ад вайсковых, што жандараў слухаюць, усё злое на зямлі. Яны ў гарматкі гуляюць, яны на світанні прыходзяць па добрых людзей… Чаму зброю не склаў перад сватаўством?

– Гонар.

– А ці ведаеш, што іхнюю пароду калі-небудзь на парапетах цытадэляў расстрэльваць будуць? Як сабак! За ўсё гора!

Малады чалавек усхліпнуў.

– Ты чый?

– Полацкі.

– Пі яшчэ, – памякчэў Даніла. – Праваслаўны?

– Праваслаўны.

– Маёнтэк ёсць?

– Адна вёска.

– І тое нічога. Ставай на калені!

Той стаў. Пан адважыў яму тры гучныя поўхі.

– Не служы кур'яну[53]53
  Кур'ян – курыца, якая крычыць пеўнем.


[Закрыть]
. Не сватайся за спіною. Не шукай у царкоўных пацукоў паратунку… Устань… Сядзь… Пі… Галодны?

– Але.

– Кандраці, курыцу зяцьку. Каплуна! Каб помніў, што каплуну служыў.

Маўчалі. Пан Даніла піў гарэлку, твар яго быў страшны.

– Службу кінеш сёння ж… Пяройдзеш ва уніяцтва…

– Вы ж праваслаўны…

– Я не праваслаўны. Я – ніякі. А ты пяройдзеш, каб ніколі з тымі не сутыкацца, у каго абароны шукаў.

Памаўчаў.

– Атрымаеце дзве тысячы душ. І кіруйцеся ў сваю вёску. З вачэй прэч. У Вежу і Загоршчыну ёй – ніколі. Грошы будзеце атрымліваць акуратна. Калі ўбачу, што выканаў мае загады, што не будзеш служыць гэтай троннай б… з тандэтнымі ручкамі ды са сляпучай усмешкай, калі даведаюся, што дачка ўцяжала – атрымаеце на ўсе душы даравальную. Усё… Можаш браць і ехаць.

І ўзняўшы яго з крэсла, як ляльку, пацалаваў у лоб:

– Ідзі… сыне.

– Няўжо вы з ёю развітацца не захочаце? Яна ж вас любіць.

– І я яе люблю, – сказаў пан. – Але за тое, што яна забыла, ад чыіх рук яе маці загінула, – няма ёй даравання… майго.

– Я вінен, – насмеліўся малады чалавек. – З мяне і спаганяйце.

– Твая правіна – у гародзе хрэн. На тое мужыкі і ёсць, каб шкодзіць… А яна павінна была ведаць… Усё я табе дараваў… За смеласць, што не пабаяўся са мною звязацца. Такіх людзей, сыне, мала на свеце… Ці мо не ведаў, што гэта такое?

– Ведаў, – шчыра сказаў зяць.

– Ну вось. Можа, я палюбіў бы цябе, каб не бачыліся мы сёння першы і апошні раз… Урэшце, калі ўсё абыдзецца толькі, можаш прыехаць… Адзін.

– Адзін не прыеду.

– Яно і лепей, – сказаў пан. – Гэта вам толькі пашкодзіць. Таму што я смяротнік.

– Чаму?

– Не нарадзіўся яшчэ чалавек, які мяне голымі рукамі ўзяў бы. Дый потым… расстраляным быць – гэта яшчэ нічога. Але мяне за блюзнерства могуць у Салаўкі адправіць… да царкоўных пацукоў. А я лепей са змеямі і аспідамі сядзеў бы. Таму досыць загонавым мой хлеб задарма есці… Хай разам са мною льюць кроў. Я не ў Салаўках памру. Я памру тут. На маёй зямлі, у маіх мурах. Ідзі. Перадай дачцэ маё блаславенне.

Маладыя паехалі. А пан Даніла пачаў умацоўваць Вежу. Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Пад палац таемна падвялі фіцілі, каб, у выпадку чаго, узняць яго ў паветра разам з гасцямі, якія, вядома ж, размесцяцца ў ім падчас аблогі. Пан не хацеў нікому аддаваць свайго дзіва.

Ён ведаў: смерць магла прыйсці кожную раніцу.

Ён не шкадаваў аб гэтым.

…Сына адправілі ў Загоршчыну і, скончыўшы ўсё, сталі чакаць.

Гэта зрабілі ў маі, а ў чэрвені Напалеон перайшоў Нёман. Загорскім не было каму займацца, як і ўсёй прыдняпроўскай зямлёй, аддадзенай ворагу.

– Што ж, – сказаў сябрам Загорскі. – Гуляйце. Прысуд пайшоў на абскарджанне.

Ён чакаў, прыглядаўся. Баі грымелі ўжо за Дняпром.

Напалеон быў яму сім-тым трошкі сімпатычны. Ва ўсякім разе, смелы. Воін. І, потым, усё ж было лепей, чым быць аддадзеным у лапы таму, хто загадваў хапаць людзей. Таму, хто адпраўляў людзей у манастыры.

Але, з другога боку, занадта ўжо радавалася Варшава. Ён нічога не меў супраць палякаў. Іх гонар быў блізкі яму, і ён прызнаваў іх права на крыўду. Але пры чым тут ён, Загорскі? Бацьку выслалі з Варшавы, а цяпер Варшава сама ідзе да яго на французскіх штыхах. Затычкай быць? Не, хопіць. Досыць з яго і праваслаўнай сволачы ў расах. Езуітаў – на ліхтар!

Ён нездарма быў вальтэр'янцам. Раздушыце гадзіну! Раздушыце інквізітараў – усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое.

Таму на пытанні суседзяў ён адказваў ухіліста:

– А што карсіканец? Карсіканскай пачварай я яго называць не хачу. Але і ад Аўгуста ў ім – пшык. Я сам, магчыма, не горшы за яго, толькі рэвалюцыя мяне не падсадзіла да консулаў, арміі не дала.

Потым Напалеон узнамерыўся абмежаваць дамаганні Варшавы, стварыўшы літоўска-крыўскую дзяржаву. Варшаўскае панства пакрыўдзілася. Мясцовыя дваране запалалі неабгрунтаваным энтузіязмам, прапанавалі Загорскаму ўзначаліць рушэнне. Ён адмовіўся.

– Чаму? Вы не ўхваляеце думкі? – спыталі дэпутаты.

– Я не падтрымліваю вас, хаця і дзякую за давер.

Тыя не разумелі.

– Гэта не барацьба за радзіму, панове, – сказаў князь. – Ён убачыў вашу сілу і вырашыў скарыстацца з яе. Гэты спрытнюга мае свой розлік. Бо ён хоча вадзіць вас за нос, панове, і вы, прыдняпроўскія дваране, зараз у незайздроснай ролі ката, які цягае малпе з агню каштаны.

Ён апусціў павекі:

– І яшчэ, панове… Народ не з вамі. Ён ненавідзіць Кур'яна, шпіцрутэны, наборы. Але француз прыйшоў у яго дом, забраў яго сена, расстраляў бацьку, асіраціў дзяцей… Кіпцем зачапіў за сэрца. А вы ведаеце, што такое наш народ, калі яго – кіпцем за сэрца… Дык вось, я невялікі аматар кулагі, лапцяў, народных пахаў. Але супраць народа я не пайду…

Узняў павекі і паглядзеў проста ў вочы дэлегацыі.

– Каб я быў баязліўцам – я, ратуючы сваю шкуру, узначаліў бы ваша рушэнне, каб аддаліць расплату асабіста са мной… Колькі вас? Толькі на Магілёўшчыне каля трыццаці тысяч. Колькі б пайшло дваран з усёй тэрыторыі магчымай – гм! – дзяржавы? Шэсцьдзесят. Шэсцьдзесят тысяч адчайных галоў. Больш, чым карсіканец страціў пры Барадзіне. Карсіканец у Маскве. Шалі вагаў дрыжаць… Скажам, каб была надзея на поспех, – баязлівец у карты не гуляе. Што тады? Марыянеткі ў руках чалавека, якога ненавідзіць мой народ? Вялікая дзяржава Шлезвіг-Сухадольская… «Іх глаўбе, гер Кёніг…» – і рукі па швах.

Ён сумна ўсміхнуўся.

– Гэта не цацкі, панове. Не рабі другому таго, што табе не міла. Не сунь пальцаў паміж дзвярэй. Мой Янка зрабіў з гэтых дзвюх прыказак адну: не сунь пальцаў, дзе табе не міла. Не будзь гарматным мясам для чужых капрызаў. Вы не слугі Кур'яна і не слугі маленькага капрала. Цяпер вы толькі метал пад молатам… Вы яшчэ не раз будзеце глытаць жоўць… Але тыя, белыя, унізе, не з вамі, і не з Капралам, і не з Кур'яном… І вось таму я не буду бараніць свае шкуры, іхняй і вашай, і ўсякай іншае крывёй, а проста пачакаю. Пачакаю сярод вашай магчымай пагарды, пакуль не прыйдзе Кур'ян, каб як мага даражэй прадаць сваё жыццё… Усё.

Частка дваран усё ж пайшла, узброіўшы сваіх мужыкоў і шляхту. Пачуўшы аб гэтым, ён паціснуў плячыма:

– Les sal-lariés[54]54
  Н-найміты (франц.)


[Закрыть]
.

Ён вымавіў гэта так, што ў слове выразна прагучала спалучэнне «sal»[55]55
  Бруд (па сугучнасці) (франц.)


[Закрыть]
.

Ах, маленькі капрал, спрытнюга, маленькі абабівач грушак чужымі рукамі! Чаму ж ты тады не збіў з дрэва і нас? Гэта ж так лёгка. У Францыі няма прыгону. Зрабі, каб яго не было і тут, і ў Расіі. Як адразу загрыміць Кур'ян! Ды не, куды табе. У цябе ёсць сілы, – і тое не заўжды, – каб сутыкнуць ілбамі людзей з рознымі славалюбствамі і рознымі страсцямі, але ты не можаш утаймаваць мора. Ты баішся, што яно разбушуецца. І гэта доказ таго, што ты вялікі палкаводзец, але не вялікі чалавек. Вялікі не спалохаўся б мора. А ты спалохаўся. Табе так дорага каштавала закілзаць гэта мора там, у сябе. Ты занадта добра помніш, як кошыкі пад гільяцінай рабіліся слізкія ад крыві. Ты баішся таго ж і ў нас. А чаму? Нашто табе шкадаваць маю галаву? Ты ж не пашкадаваў бы падставіць яе пад кулю на адным з незлічоных рэдутаў. Значыць, справа не ў маёй галаве… Проста ты лялечнік, што тузае ніткі марыянетак, як кожны тыран, у якім заўсёды ёсць і будзе нешта ад халуя. Лялечнік, а не Ладымер з казкі, той самы, што ўзараў нарогам мора.

Ну і чорт з табою! Ты даў мне толькі адну добрую параду. Буду адбівацца, калі па мяне прыйдуць. Але я паспрабую таксама паторгаць за нітачкі, калі да мяне прыйдуць з хітрасцю. Паторгаю проста з цікавасці, каб паглядзець, як яшчэ нізка можа ўпасці чалавек. Я ведаю, што Кур'ян душыцель, але я не ведаю, ці падлюга ён. Я выпрабую гэта на яго халуях. Які гаспадар, такія і слугі.

А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора, карсіканскі дурасліўчык. Дальбог, цікавей загінуць ад рукі мясцовага Рабесп'ера, крывавага і з віламі (на гільяціну ён выдаткавацца не будзе, трымай кішэнь), чым ад Кур'яна з мізэрным задам, зацягнутым у ласіны. Янка-Рабесп'ер, дык гэта хаця цікава. А ты не пажадаў. І вось за гэта накладуць табе аж па самае… І паляціш ты рылам у свой жа гной. І пачнуць жа цябе па замках цягаць, імя гразёю абліваць, узвялічваць, зноў абліваць, пакуль не прыйдуць да вываду, што было дадатнае, а было і адмоўнае, і толькі не вядома, што пераважае, дый наогул, ці варта гэтым займацца, тым болей што ўся твая справа даўно патанула ў цемры вякоў і, за непатрэбнасцю, занесена на антрэсолі архіва матухны-гісторыі.

Косткам і тое спакою не будзе. Павінен быў ведаць гісторыю маленькага Наварца[56]56
  Генрых IV.


[Закрыть]
. Прыйшоў з поўдня, прамяняў Парыж на імшу, памёр, забальзаміравалі італьянскім спосабам, на вякі. Паклалі ў нейкае там абацтва… Сен-Дэні, ці што? А тут Рабесп'ер… Санкюлоты падумалі-падумалі. Добры, здаецца, быў кароль, песенькі пра яго спяваюць.

«Vive Henri guatre…»[57]57
  Віват Генрых Чацвёрты… (франц.)


[Закрыть]
Ды і работы чалавечай шкада… А потым, далей ад граху, у агонь, разам з Людовікам Адзінаццатым, Акаянным… Так і табе будзе. Тваю Вандомскую калону абавязкова нехта скіне рана ці позна. Твой прах, які, ты мяркуеш, пакладуць у дом інвалідаў, – нехта выкіне.

Ну вось, ведаеш, а пнешся.

А дарэмна ты не паспрабаваў раскілзаць мора!..

Такім думкам аддаваўся Даніла Загорскі, усё яшчэ ўмацоўваючы камяніцу, рыхтуючы яшчэ адну хітрасць і п'ючы, бы ў пустыні. А потым, калі Карсіканец сапраўды загрымеў, з Пецярбурга прыехаў рэвізор, каб расследаваць справу пра манастыр, генерал-ад'ютант Баранаў…

«Эге, сілаю браць не будуць, – падумаў пан. – Справа за часам прыахалола і здаецца ўжо не такой важнай. Трэба рызыкнуць».

І ён рызыкнуў: запрасіў генерал-ад'ютанта ў Вежу. А там на вячэру. А там – у камяніцу.

Баранаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, антыкі, карціны.

– Чаму гэта тут? – Баранаў успомніў бочкі з порахам у скляпеннях і здрыгануўся. – Жыццё вам, спадзяюся, не абрыдла?

– Я фаталіст. Трапіць дык трапіць.

– А калекцыі?

– Я не хачу, каб імі цешыўся нехта яшчэ. Зрэшты, вам магу падарыць гэтага фаўна.

Фаўн з часам прыдбаў высакародную цёмную паціну, уцёртую ў мармур. Яна не зніжала яго белі, а толькі надавала яму рэльефнасць і прыгажосць жывога цела.

Фаўн з'едліва ўсміхнуўся Баранаву. Генерал не помніў сябе ад радасці. Гэта было больш каштоўна, чым «Нерон» Юсупава, звычайны афіцыйны бюст рымскіх часоў. У Юсупава была толькі адна «ступа» з такой вось пацінай. А гэта… Элада! У яго, Баранава, ёсць ужо бюст Агрыпіны. Цяпер ён пераплюне і Юсупава з яго «ступаю» і Шарамецева з ягонай славутай пампейскай «Козачкай».

– Бярыце, генерал. Я вызваляю гэтага фаўна ад наканаванасці.

Загорскі ўбачыў, што клюнула. Некалькі такіх пастак, для кожнага тыпу людзей, было расстаўлена ў яго.

– Пашкадуйце гэта, князь, – узмаліўся рэвізор. – Выбух – і…

– Усё адно жывём на вулкане. Не я, дык нехта другі.

Баранаў зразумеў намёк. Ды гары яно гарам, каб праз вежу нейкага ідыёцкага манастыра загінула такое. Але яму было страшна: а раптам і на яго данос?

– Вы ведаеце, што на вас ёсць ананімны данос, князь?

– Магчыма. У мяне шмат ворагаў.

– Аб манастыры.

– Чуў і такое. Спадзяюся, не ігумен скардзіўся.

– Не, ён якраз маўчыць.

«Яшчэ б ён крычаў, – падумаў князь. – Хто яго, калі ён крычаць будзе, бітага на месцы пакіне».

– Бачыце, ветру з манастыра… мне баяцца не даводзіцца. Я ж кажу: плётка ворагаў.

– А дачка?

– Ды што дачка. Вы лепей спытайце ў яе і ў зяця. Жывуць. Пасаг – дзве тысячы душ. Чаго ім яшчэ?

Баранаў паспакайнеў.

– А хто ж манастыр спаліў?

– Французы, любы генерал, французы. Усё яны, фармазоны. Буанапартэ…

– А кляштар?

– Але, – сказаў Загорскі, – частавалі нас там, частавалі. Такія гасцінныя людзі!

І ўсхапіўся:

– Няўжо яны скардзіліся?

– Што вы. Наадварот, хваляць.

– Вось бачыце, генерал, як можна звяртаць увагу на данос без подпісу… Дый наогул, што гаварыць аб гэтым… Давайце лепей у фараон перакінемся.

«Сволач, – падумаў Баранаў. – Яшчэ дражніць. Ну, я ж табе зараз за фаўна грошы прагуляю. Адмовіцца не магу, па няшчаснай слабасці маёй да антыкаў, дык я ж зраблю так, што я ў цябе гэтага фаўна куплю. І рукі будуць вольныя».

– Калі ласка, князь.

«Дурань, – думаў Загорскі. – Ты ж не толькі дурань, ты яшчэ і сволач. Паглядзім, хто прайграе. Каб прайграць у час ды ўмела, на гэта лепшыя мазгі патрэбны, чым у цябе…»

Перад світаннем Загорскі ўстаў з-за стала ў страшэнным пройгрышы: прагуляў Загоршчыну. Баранаў, не разумеючы, як жа гэта так атрымалася, што ён узяў хабар, маліў яго не лічыць гульні ўсур'ёз.

– Радавы маёнтак, князь. Яго ж нельга прайграваць.

– Нельга. Але карты. Няшчасная слабасць!

– Давайце не лічыць.

– А гонар, генерал? Не, картачныя даўгі трэба плаціць.

Баранаў і верыў у хабар, і не верыў. Але нават калі і не хабар, хто паверыць, што не хабар. Радавы маёнтак таго, каго рэвізуеш. Дый не дазволяць! Апекаванне над «умственно несостоятельным» князем. Жах! Сведкі побач.

– Кіньце, генерал… Загоршчыну, вядома, шкада. Дык давайце я пад распіску аддам вам за яе грошы. Га? І нязручна не будзе. На імперыялах пячаткі няма, адкуль яны.

«Заблытаў, загубіў, акаянны… Адной пятлёй цяпер звязаныя. Ён на дно, і я на дно, за ім. Грошы, вядома, не скажуць, адкуль яны. А распіскі ён не пакажа. Божа, толькі б галаву з пятлі, ды давай бог ногі».

І, унутрана прыміраючыся з усім, махнуў рукой.

А Загорскі, адлічыўшы грошы за траціну маёнтка, – «Хопіць і гэтага, ды і фаўн дапоўніць», – гасцінна сказаў:

– Дык я статую да вас адпраўлю са сваімі.

Баранаў надзёрся ў маёнтку да сініх чарцей. Яго пасадзілі ў карэту і «еле можаху» адправілі ў Сухадол. Адтуль ён накіраваў у Пецярбург дэпешу:

«Монастырь сгорел от неизвестной причины и, предпочтительно, едва ли не от руки злодея-корсиканца. Дальнейшее же дело за давностию и неотысканием следов, князя Загорского обеля, следует предать забвению».

Загорскі перамог. Але гэта не прынесла радасці. Брыдка! Нізкі свет!

І ён пусціўся ў разгул так, што самому страшна рабілася. Загоршчыну запісаў на сына. Мільён яшчэ да вайны быў пераведзены за мяжу і пакладзены роўнымі долямі, пад тры складаныя працэнты гадавых, напалову ў швейцарскі і напалову ў англійскі банк.

Нашчадкам няма чаго дакараць яго за разгул. Ён нікога не збядняе. Ён прапівае паўдзённыя землі. Піце, людзі! Піце! Гуляйце ўсе!

Скакалі коні, захлынаючыся бомамі, стралялі гарматы, лілося віно, купляліся статуі і карціны. Кожны месяц нехта абпіваўся да святых дароў.

…Пакрысе гэта абрыдла яму. З нешматлікімі сябрамі ён замкнуўся ў маёнтку, стварыўшы нешта накшталт братэрства, філосафам якога быў Эпікур, а рэлігіяй – Вальтэр.

Музыканты. Спектаклі прыгоннай оперы. Усё, што можа даць мастацтва і вытанчанасць, прырода і каханне.

І пустата.

Паступова адыходзілі верныя сябры. І толькі ён са сваім жалезным здароўем жыў, усё глыбей пагразаючы ў меланхоліі і мізантропіі. Памерла дачка – і да ўсяго гэтага (з узростам ён стаў мякчэйшы) дадаліся туга, мукі сумлення.

Яму было пяцьдзесят чатыры, калі ён канчаткова страціў веру ў сумленне і гонар улад, у карыснасць дзяржаў, у тое, што свет ідзе да лепшага. У гэты год цар страляў у людзей з гармат. Тыя людзі былі храбрыя, браты па духу, бескарыслівыя, сумленныя. Не кур'яны, не баранавы – цвет зямлі! І што ж зрабілі з імі? Вешаць дваран! І хто?! Фельдфебель!..

Ажаніўся сын, нарадзіўся Алесь. Нішто не змяніла дзедавай велікапышнай самоты. Толькі ад сына ён аддаліўся, – нявестка зноў завяла ў Загоршчыне папа. Ён бачыў іх рэдка, раз у год-два.

Калі нарадзіўся другі ўнук – ён ажывіўся. Яму здалася забаўнай новая ідэя. Бацькоўскай уладай ён загадаў, каб унука хрысцілі ў касцёле.

– Народ раздзялілі гэтай верай. Сварацца, як быццам не адной маці дзеці. І кожны лічыць, што мае рацыю, калі гыркае. Дык няхай хаця два браты будуць іншай веры.

Вымушаны былі зрабіць па яго і ўнуку далі імя Вацлаў.

Але нічога не змянілася.

Пышны і магутны абломак старасвеччыны, ён згасаў, абкружаны мастацтвам, паркамі, дзівоснай скульптурай і музыкай.

Яму нічога не было патрэбна. Ён ведаў людзей. Ён ведаў свет.

Да гэтага чалавека цяпер ехаў Алесь.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю