412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц » Текст книги (страница 22)
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 24 страниц)

Усе адскочылі. Крэст стаяў, выціраючы вільготныя рукі хустачкай, і белазубая ўсмешка ляжала на яго ружовым абліччы.

– Курыце ў прыбіральні, бэйбасы? – звярнуўся ён да Цялкоўскіх. – Усе кураць, халдзеі вы… Будзеце мець курыныя грудзі… Вось што.

Усе, хто нападаў, апусцілі галовы. Толькі Алесь глядзеў проста ў вочы Крэсту. Бачыў, як плавала на самавітым абліччы настаўніка лагодная ўсмешка.

– Прабачце, джэнтльмены, – сказаў Крэст, – я выпадкова чуў усё. Я не хацеў бы перашкаджаць вам. Іначай мне давялося б праседзець у прыбіральні да канца рэкрэацыі. Не звяртайце ўвагі.

Пайшоў прэч. Потым прыхільна спыніўся каля Лізагуба. Добразычліва параіў:

– Хіба так б'юць? Калі б'еш – бі ў жывот.

Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар – чатыры. У грудзях свістала. І раптам мільгнуў перад вачыма Лізагуб, а потым у вачах успыхнула вострая цемра…

Ігнацы скарыстаў параду.

Трымаючыся за сонечнае спляценне, Алесь хістаўся на нагах і не мог дыхнуць. Усё вакол то цямнела, то святлела.

Лізагуб стаяў перад ім і цадзіў праз зубы словы, якія таксама то знікалі, то даляталі аднекуль здалёк, то раптам жундзелі нібы ў самым вуху:

– Слухай, ты, дзярмо… Ты, мужыцкая зязюля… Ты, бруднае беларускае быдла… Мы цябе для тваёй жа карысці трохі патопчам нагамі, павучым… А перад гэтым ты запомні мае словы… Кінь…

Загорскага ўрэшце адпусціла. Яшчэ імгненне – і ён задыхнуўся б. Неймаверна салодкае паветра ўварвалася ў грудзі. Пачало святлець перад вачыма.

– Юда! – з усхліпамі хапаў паветра Алесь. – Мразь!

У вачах стала зусім светла. І тут Алесь убачыў за спіною ў Лізагуба, у дзвярах прыбіральні, светлавокага Сашку Волгіна. Волгін стаяў, папраўляючы рэмень, і глядзеў на тое, што рабілася, з неўразуменнем.

– Ты слухай, – звягаў Лізагуб. – Запамінай. Ты запомніш, бо потым мы цябе… для памяці…

– Зап-омню, – упершыню выдыхнуў Алесь. – За-помню.

– Запомніш… Не вякай пра гэты свой «прыгон»… Не вякай пра гэтую сваю «Беларусь»… Ведай, хто цябе церпіць… Ведай, каму ты раб… Вялікай Польшчы, а не Маскве…

Ярасць выбухнула раптам такім полымем, што ў Алеся збялелі вочы. Яна прыйшла нібыта з паветрам, якое ўдыхнуў ён і якім памылкова дыхала гэта дрэнь.

– Сашка, – сказаў ён. – Што ж ты глядзіш?! Бі свалоту!

Але ён не паспеў яшчэ крыкнуць да канца. Сашка нечакана ўзняў нагу і моцна, як страус, даў падэшвай у паясніцу Лізагубу. Нібы зламаўшыся, Ігнацы падаўся жыватом наперад, і тут Алесь, канчаткова ачуняўшы, ударыў Лізагуба пад ніжнюю шчэлепу.

У далоні Гальяша Цялкоўскага бліснуў вялікі медны кружок: боўдзіла нацягваў на руку каўчукавы цяж накладкі. Не даючы яму апамятацца, Алесь даў Гальяшу правай у скронь, і той пакаціўся па падлозе.

І тады астатнія з галёканнем рынулі на іх. Малацілі, хрыпелі, імкнуліся дарвацца бліжэй.

Было зусім дрэнна. Хаця Алесь і Волгін стаялі спіной да муру. Алесь убачыў, як Корвід дубасіць Сашку. Убачыў, што вочы ва ўсіх шалёныя і што ў гарачцы могуць кагосьці і забіць.

І тады ён схапіў плявацельніцу і – з маху – пусціў ёю ў акно. Шкло са звонам пасыпалася на двор. Сашка падскочыў бліжэй да акна і – у два пальцы – свіснуў разбойніцкім, чацвярным свістам.

Над дваром, над пляцоўкай для лапты рэзка, як нож, праляцеў гімназічны кліч аб дапамозе.

Унізе, на двары, а потым на сходах, нарадзіўся і стаў мацнець грукат соцень ног. Бліжэй. Бліжэй.

…Першае ўварвалася ў гулкі калідор, пабегла на гукі бойкі «Братэрства шыпшыны і чартапалоху». Ляцеў, як апантаны, Мсціслаў:

– Алеська! Братка! Сашка! Трымайцеся!

Лупілі за ім, рука да рукі, Пятрок Ясюкевіч і Мацей Біскуповіч. Цяжка соваў за імі цельпукаваты Усяслаў Грыма.

З маху ўдарылі ззаду. Алесь убачыў побач ясныя вочы Мсціслава. Мсціслаў раскідваў «арыстакратаў лёкайскай»… Грыма наскочыў на Дэмбавецкага, даў па шыі.

– На аднаго?! На двух?!

Калідор ужо грукатаў бегам, гулка выбухаў галасамі. Прыбеглі «мазунчыкі», сябры Лізагуба з сёмага і шостага. Іх было шмат.

Братэрства стала сценкай. Беглі і беглі новыя людзі. У калідоры стала цеснавата, і бойка на хвіліну сцішылася, як полымя, у якое паклалі зашмат дроў.

– Сябры, што здарылася?

– Панове, цо?..

– Хто каго?

Сашка скінуў з сябе Корвіда і адразу атрымаў па зубах ад Лізагуба. Крыкнуў:

– Білі беларуса за тое, што беларус!!!

Натоўп прасвідраваў худым жылаватым целам шасцікласнік Рафал Ржашэўскі. Выбіўся з месіва. Стаў. Зірнуў на Алеся ўтрапёна-спакойнымі сінімі вачыма.

– Цябе?

– І я таксама, – усміхнуўся праз распухлыя вусны Алесь. – Пацярпеў за ідэю вялікай Польшчы.

Шчокі ў Рафала нібы высахлі. Ён абвёў вачыма суседніх людзей. Сінія вочы стрэліся з тытунёвымі вачыма Лізагуба.

– Гэты, – нібы сцвердзіў Рафал. – Вядома. Хто ж яшчэ?

І наблізіўся да графа.

– Што ж ты нарабіў, смярдзючка?! – сказаў Рафал. – Халуй! Шкоднік!

…Бойка выбухнула ў розных канцах калідора, які дрыжаў, нібы ў ім грымела кананада. Настаўнікі і наглядчыкі мітусіліся недзе ў канцы і не маглі прарвацца да тых, што біліся. Крэст спрабаваў нешта рабіць, хутка, як гарох, раскідаючы задніх, але паток юнакоў са сходаў і верхняга паверха плыў і плыў.

Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся накладкай на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага і ёю, з накладкай разам, мазануў ворага па носе… Потым дзіўны гук уразіў Алеся. Ён азірнуўся. Плакаў адной глоткай Пятрок Ясюкевіч. Горла юнака сутаргава пашыралася. І Алесь усім сэрцам зразумеў, што яны прысутнічаюць пры найвялікшым дзіве, калі табе здавалася, што ты і друг твой самотныя, а выявілася, што ўсе, большасць думала так, як вы, але маўчала, бо кожны лічыў, што ён адзін са сваімі смеху вартымі думкамі.

І тут Рафал раптам узнёс кулак і апусціў яго на галаву Дэмбавецкага.

– Вучыся, ёлуп, – зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. – Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня!

– Ліцвіны! Беларусы! У імя Канарскага!

Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.

…Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Усе паверхі будынка раўлі, стагналі, тупалі нагамі, пляскалі.

Прыйшоў час зводзіць рахункі за ўсе былыя крыўды. За пагарду. За здзеклівыя словы. За ўсё.

Яшчэ праз нейкіх пяць хвілін мазунчыкі пахіснуліся і падаліся назад, па сходах…

Загорскі цяжка ўздыхнуў і, нібы праз туман, убачыў, што са сходаў спускаюцца дырэктар, Гедымін і Крэст.

– Што гэта? – спытаў дырэктар.

Худы перст паказаў на нерухомага Лізагуба.

– Дзікуны, – сказаў дырэктар. – Папуасы… П'яныя нігілісты.

І звярнуўся да Алеся:

– Гэта, здаецца, з вас пачалося?

Начальніцкі гнеў вось-вось павінен быў прарвацца ў ягоным голасе.

– Так, – проста сказаў Алесь. – Настаўнік Крэст быў гэтаму сведкам.

Дырэктар сказаў:

– Я ведаю.

– То вы, напэўна, ведаеце таксама, што бітвы не было б, каб пан Крэст спыніў яе яшчэ тады?

– Не ваша справа займацца крытыканствам, малады чалавек, – сказаў Гедымін.

– Я ведаю гэта. Але, напэўна, настаўнік Крэст не адмовіцца пацвердзіць, што напаў не я. Што яны напалі на мяне. Сямёра на аднаго. Я вымушан быў бараніцца.

Крэст трохі ніяката развёў рукамі.

– Гэта так, – сказаў ён.

– Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? – сказаў Гедымін.

– Ведаю. Для ўсёй гімназіі. І, ва ўсякім разе, я папрашу бацькоў, каб яны прасачылі за тым, каб мяне выключылі восьмым. Адразу за гэтымі вось, што ляжаць тут.

Дырэктар з прыкрасцю зірнуў на Крэста. Сапраўды, восьмым. Сапраўды, бацькі з іхнімі сувязямі прасочаць за гэтым. Бойка! Які год праходзіць без бойкі, агульнай бойкі ў гімназіі. Ох, гэта трэба замяць! Саміх пагоняць, як даведаюцца!

– Вы чулі, за што яны хацелі яго збіць? – спытаў дырэктар у Крэста.

– На жаль, не, – сказаў Крэст.

– За што вы яго? І за што яны?

Алесь узняў на дырэктара цвёрдыя глыбокія вочы.

– Я не магу сказаць вам гэтага.

Ён успомніў, што калі за «прыгон» не пахваляць яго, то за лаянку Лізагуба на ўрад і іншыя мілыя штучкі не пахваляць не толькі Лізагуба. Папячыцель, а за ім і ўсе іншыя напэўна прычэпяцца да слоў дурня, каб яшчэ мацней прышчаміць хвост палякам.

– Я не магу сказаць вам гэтага, – паўтарыў Алесь. – Але паверце слову двараніна: варта было.

Дырэктар паціснуў плячыма. Хто, сапраўды, разбярэцца ў рахунках гэтых юных вандалаў? Ён пакасіўся на Крэста.

Але Крэст таксама маўчаў. Утапіць Загорскага яму нічога не каштавала, але тады да папячыцеля дайшло б, што ў гімназіі асуджаюць прыгон і ўрад, што сёння змялі і выкінулі з будынка добрую палову тых, што стаялі за ўсё гэта.

І першы будзе адказваць ён, Крэст, бо гэта ягоным патураннем выбухнула бойка. Вось табе і «даў магчымасць правучыць».

Таму Крэст маўчаў.

Звяртаючыся да «ваўчаняці», дырэктар паказаў на Лізагуба:

– Вы лічыце, што збіць да паўсмерці – годны ўчынак? Біць двараніна?

– Яшчэ раз кажу, – сказаў Алесь, – варта было.

– Вы не раскайваецеся? – спытаў Гедымін.

– Я зрабіў бы гэта заўтра. І паслязаўтра.

– Гм, – сказаў дырэктар.

…Алесь сядзеў у крэсле, захутаны ў коўдру і тры пледы. Твар у яго быў чырвоны, светлыя вочы блішчалі.

Насупраць, ля танканогага століка, сядзеў стары Вежа.

Дзед думаў. Ён не глядзеў ні на ўнука, ні на Халімона Кірдуна, што стаяў ля сценкі. Халімон, таксама пераапрануты ў сухое, быў чырвоны, як з лазні: выпіў тры кручкі гарэлкі. Ратаваўся хатняй методай.

Выхаванец і дзядзька ледзь не патапіліся сёння. Ехалі з Вільні нібы насустрач вясне, разводдзямі, веснім лёдам. А ўсімі ярамі ўжо свістала – вада не вада, а снегавая каша, набрынялая, здрадніцкая.

Яры раўлі так, што нават збоку, здалёк страшна было чуць іхні рык. Першы яр праехалі. І другі праехалі. А трэцім ледзь не сплылі ў Дняпро. Ледзь не засмактала іх празрыстая ледзяная вада, што струменьчыкамі тачылася праз снегавую саладуху, раўла, круціла, перамешвала сама сябе, цягнула ўсё старонняе на трохсажнёвую глыбіню.

З цяжкасцю выцягнулі іх дрыгавічанскія мужыкі…

– Т-так, – суха сказаў дзед. – Заплаціў ты, значыцца, першую даніну свайму вар'яцтву. Скончылі, іх высокасць, курс навук.

– Я ж расказваў вам, дзеду.

– Ухваляю. Годна. І па-рыцарску. Але мне не лягчэй. Бацькам таксама. Ды яшчэ ў яры палез. З баязлівасці? Каб хутчэй насустрач небяспецы?

– Не.

– Што ж рабіць?

– Нічога, – сказаў Алесь. – Я не разумею, чаго вы напалі, дзеду. Ніхто, акрамя мяне, не пацярпеў. Ну добра, ну я тыдзень лічыў, што выключылі. А потым проста, «улічваючы небяспечнасць», не далі мне вярнуцца да сяброў, прымусілі сядзець пад хатнім наглядам. Згодай папячыцеля прымусілі здаць экзамены і выпхнулі з Вільні. Далі ж скончыць.

– Не яны далі, – сказаў дзед. – Імя тваё дало.

– Не імя, – сказаў Алесь. – Боязь. Баяліся камісіі. Баяліся, што Лізагубавы словы ўсплывуць.

На вуснах у Вежы з'явілася іранічная усмешка.

– Ну і што? Ну і выпхнулі б Лізагуба ў Пензу, а цябе ў Арзамас. Яго за нянавісць да рускіх, цябе – за нянавісць да імперыі, да прыгону. Лягчэй бы гэта было?

Унукавы вочы ліхаманкава блішчалі.

– А вы хацелі б, каб мяне сямёра білі за тое, што я – гэта я, а я не адбіваўся б, а даў сябе біць?

Вежа глядзеў на Кірдуна.

Змрочны, добры Кірдун стаяў ля сценкі і чырванеў усё больш. Ці ад гарэлкі, ці мо ад сораму.

І раптам Кірдун, а па мянушцы «Халява», замест таго каб апраўдвацца, тлумачыць, словам, рабіць усё тое, што было асвячона традыцыяй, раптам зароў на поўны голас і перайшоў у наступ:

– У гімназію анахцемскую аддалі. А там усямёх паніча біць хацелі… Дзякуй богу, не далі добрыя людзі.

Дзед збіраўся быў прыкрыкнуць, але спыніць Халімона было немагчыма.

– Карактарыстыку дрэнную далі… – роў Кірдун. – Дзеля чаго? Дзеля смярдзючкі той. Будучы, бачыце, царскі злачынец знайшоўся. Невядома яшчэ, хто з іх злачынец, панічык ці цар.

– Ідзі, Кірдун, – нечакана мякка сказаў Вежа. – Ідзі, выпі яшчэ. За любоў – мецьмеш ад мяне.

Кірдун, прыхліпаючы, рушыўся да дзвярэй.

Алесь глядзеў, як Вежа невідушчымі вачыма таропаецца на чорны мокры парк, на голыя дрэвы, на лапікі снегу і на сіні ўздзьмуты Дняпро.

Трывожна крычалi ў галiнах гракi.

І раптам дзед груба вылаяўся. Упершыню за ўвесь час, што ведаў яго Алесь:

– Маці іхнюю так… маці іхнюю гэтак і разгэтак… Не пусцяць ва універсітэт – у Оксфард адвязу. Загорскі, бачыце, патэнцыяльны цароў злачынец… Пляваў я на іх…

XXXI

– Майка – май, Майка – май, – звінелі за вокнамі кроплі. І Майка Раўбіч, рассмяяўшыся ад шчасця і прадчування, прынікла да акна. Зеленаватыя, як марская вада, вочы дзяўчыны прагна глядзелі на мокрыя дрэвы, на бялюткі сад, на чорныя куртыны, ля краёў якіх ужо цвілі аксамітныя браткі.

Прыцемак насоўваўся на сад. Мяккі, вільготны, майскі.

Толькі што адгрымела першая навальніца. Нястрашная, грамыхліва-радасная, майская навальніца. І цяпер пад вокнамі старога цёплага дома аж шалеў ліловы і сіні бэз.

Мокры і салодкі вецер ляцеў у вокны.

Увесь гэты дзень вялікі дом у Раўбічах аж віраваў у сумятні і калатэчы. Рыхтаваліся ехаць на баль у Загоршчыну. Падшывалі, прасавалі, мыліся. Ніткі аж свісталі ў руках швачак. Тлум сціхнуў толькі гадзіну назад.

Міхаліна стаяла ля акна, паклаўшы рукі на падвоканне, нібы аддаўшы іх пяшчотным пацалункам свежага паветра.

Гэта ўсё ж было шчасце. Шчасце першага «дарослага» балю, шчасце першай «дарослай» бальнай сукенкі, белай у амаль белым, толькі трохі блакітным карункавым чахле.

І сорамна, і трошкі ганарліва было глядзець на аголеныя плечы і рукі, яшчэ тонкія, але ўжо не дзіцячыя, на бела-ружовую ружу ў попельных, з няўлоўным залацістым адценнем валасах.

Яна не ведала, ці прыгожае гэта ўсё: матава-белы, з празрыстым глыбінным румянцам твар, рот – адным краёчкам трохі ўгору, бровы – доўгія і вычварна зламаныя, і таму трошкі ганарлівыя.

Але яна бачыла сябе нібы новай, чужой, і гэтая чужая шаснаццацігадовая дзяўчына падабалася ёй.

Вялізныя, цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы глядзелі на яе з люстэрка насцярожана, дапытліва і шчасна.

І гэта было такое шчасце, што яна засмяялася.

А ў суседнім пакоі дурная нянька Тэкля раскатурхвала Наталю. Не магла пачакаць, пакуль паедуць.

– Уставай… Устань, ласачка… Заснула, не памаліўшыся… Нельга спаць без малітвы…

Наталя мармытала нешта і адпіхвала рукі старой. Божа мой, ну нашто гэта. Во дурная нянька. Дзеля малітвы будзіць дзіця. Нічога не скажаш, рэзон.

– Трэба аці божачку сказаць… Іначай ваўчаня за бачок ухопіць.

А бадай ты… Пільная патрэба ўзяла.

– Ды я не хач-чу, – хныкала Наталя. – Я… спаць.

– Чытай-чытай.

Майка прыслухалася. Сонны галасок чытаў у суседнім пакоі:

 
Среди ужасного тумана
Скиталась дева по скалам.
Кляня жестокого тирана,
Хотела жизнь предать волнам.
 

– Так-так, – ухваляла яе Тэкля.

І зноў шапацеў сонны галасок:

 
Теперь куда я покажуся,
Родные прочь меня бегут.
Нет, лучше в море погружуся,
Пускай оно меня пожрет.
 

Майка прыснула.

– Усё, – з уздыхам сказала Наталя.

І раптам добры жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна хутка прайшла ў сястрын пакой. Наталя, заспаная і ружовая ад сну, торкала чарнявай галоўкай у падушку.

Дзяўчына, адчуваючы нейкую вельмі блізкую, зусім не сястрынскую, шкадобу да Наталі, падышла да яе і ўзяла на рукі, зусім не баючыся, што самне сукенку. Наталка расплюшчыла чорныя вочы, ахапіла Майчыну шыю гарачымі танюткімі рукамі.

– Майка, – сказала за спіной пані Эвеліна. – Зараз жа пакладзі. Самнеш сукенку.

Наталя прытулілася мацней, як паратунку шукаючы. У Майкі сціснула сэрца:

– Матулечка, возьмем Наталю, возьмем Стася… Загорскія крыўдуюць, калі не бяром…

Цёмна-блакітныя вочы пані Эвеліны глядзелі на сёстраў. Потым усмешка кранула яе вусны:

– Н-ну…

– Едзем, едзем… Наталечка, едзем… – і Майка заскакала вокол маці.

…Выехалі ўсе разам, у дзедаўскай карэце-прорве, якую трымалі спецыяльна на такія выпадкі.

Майка адчувала сябе дзіўна. Сэрца захлыналася ад чакання. Чаго яна чакала – яна не ведала і сама. Хутчэй за ўсё – беспрычыннага, маладога, такога вялікага, што аж сэрца спыняецца, шчасця.

З Алесем яны мала бачыліся ўсе гэтыя гады. Разы два. Бо яна была ў інстытуце. Ён – у гімназіі. А ўлетку, калі ён жыў у Загоршчыне, бацька вазіў яе то на воды, то ў госці да цётак. За гады міжволі вырасла нейкая дзіўная адчужанасць. Чужым і чамусьці маладзейшым за яе здаваўся ёй суседскі хлапец, якому яна калісьці падарыла свой жалезны медальён.

І ўсё ж яна чакала.

У яе быў такі шчасны выгляд, што Яраш Раўбіч схіліўся да яе. Вочы без райка вінавата ўсміхнуліся.

– Што з табою, доня?

– Нічога, – ніякавата сказала яна. – Мне здаецца, павінна нешта здарыцца.

– У цябе заўсёды павінна нешта здарыцца, – сказаў паважны Франс.

А пан Раўбіч глядзеў на дзяцей і думаў, што Франс дарослы хлапец. Ды і Майка ўжо амаль дарослая паненка… Ён думаў і з пакутлівай усмешкай, нібы катаржнік свой ланцуг, круціў жалезны бранзалет з трыліснікам, коннікам і шыпшынай на капцы. Круціў вакол запясця рукі.

…Італьянскія аркады белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі. Палалі суцэльныя вокны. Па крузе павольна пад'язджалі да сходаў карэты і брычкі. Плыў прыступкамі ўгору стракаты натоўп.

Майка сышла на зямлю і, побач з Франсам, рушыла насустрач музыцы, святлу, духмянай цеплыні. Музыка спявала нешта весняе, такое мяккае і страснае, што слёзы прасіліся на вочы.

На верхняй прыступцы стаяў Вежа з панам Юрыем і паняй Антанідай.

– Раўбiч, – цiха сказаў ён. – Радасць, радасць мне… А ты чуў, што царок сказаў на прыёме маскоўскiх дваранскiх маршалкаў[76]76
  30 сакавіка 1856 года.


[Закрыть]
?

Падняў палец:

– «Существующий порядок владения душами не может остаться неизменным…» О! Як думаеш, радасць?

Шыракаватае ў сківіцах аблічча Раўбіча загуляла жорсткімі мускуламі. Цень лёг у вачніцах.

– Каб гэта ад шчырага сэрца – радасць была б. А так гэта, па-мойму, нешта накшталт прапановы Браніборскага. Гаворыць аб радасці, а ў самога шчэлепы, як у галаўня. Прагныя.

– І я думаю, – іранічна ўсміхнуўся дзед. – У лібералізм гуляе. Як ягоны дзядзька. Ну і скончыць таксама… адпаведна… Гулі ўсё… Les merveilles gymnastiques[77]77
  Дзівосы гімнастыкі (франц.)


[Закрыть]
.

Вузкая, да смешнага маленькая ручка пані Антаніды кранула дзеда за локаць.

– Бацька, тут дзеці.

Дзед замаўчаў. Потым зірнуў на нявестку і даволі лагодна ўсміхнуўся. Ён вельмі памякчэў да нявесткі за гэтыя гады: быў удзячны за ўнука.

– Пані Эвеліна, – усміхнуўся Юры, – радасць райская, што прыехалі… Франс, вы паважны, як магістр масонаў…А Стах… Не, глядзіце вы, які наш Стах… А ты, Наталечка, усё маладзееш. Што ж з табой далей будзе, алянятка?

Смяяліся снежныя зубы.

– І Майка, – нечакана сур'ёзна сказаў ён. – Вы сёння дзівосная, Майка… Алесь зараз прыйдзе. Ён пайшоў размясціць хлопцаў.

Вежа глядзеў на Майку.

– Ты! – спытаў ён. – Колькі ж гэта?

– Шаснаццаць, – сказала пані Эвеліна.

– Та-ак. Бадай што, цяпер ужо цябе не назавеш чорцікам…

– Што дзіўнага, – сказаў Раўбіч. – Скончыла інстытут.

Дзяцей адвялі ў іхнюю залу, у тую самую, дзе калісьці дзеці разбілі вазу. Майка ўспомніла: чарапок з хвастом сіняй рыбкі і дагэтуль ляжыць у скрыначцы.

У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Будзе лепей, чым назнарок нацерці.

Майцы адразу падумалася: «А нам цяпер сюды, у гэты пакой, ужо нельга. Мы цяпер дарослыя».

На хвіліну прыйшоў жаль. А потым зноў вярнулася радасць.

Яна ўступала ў залу з тым самым пачуццём, што і раней. Бачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды. Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: «Нашто яны так глядзяць на мяне?»

Думка адразу ж знікла. Бо стракатая чародка людзей абкружыла яе.

– Гэта хто? Бог мой! Ядзя! Ядзечка!

Ядзечка стаяла ўсё такая самая, усё гэтак жа падобная на ляльку. Але яна была… яна была ледзь не з Майку ростам. Тоненькая, зграбная…

– Маюнька! Маюнька! – смяюцца сінія вочы.

А потым пайшло. Чорны ўсмешлівы Янка і ягоныя рукі, што моцна сціскаюць яе далонькі.

– Майка! Майка! – глядзіць у вочы, нібы не верыць. – Як мы рады! Як узрадуецца Алесь!

– Табе добра, Янка?

– Мне добра. Я цяпер сын, рачоны Ян Клейна.

…Куды гэта глядзіць паўз яе доўгі, такі «састарэлы» Янка?

Міхаліна паглядзела туды, і ў той самы момант на хорах заспявалі скрыпкі. Нібы назнарок. І ад іхняга задуменнага спеву зноў глыбока ўпала сэрца.

За пяць крокаў ад яе стаяў Алесь і дзіўна, нібы спалохана, нібы не пазнаў, глядзеў ёй у вочы.

Яна таксама не адразу пазнала яго. Зусім дарослы. Выцягнуўся амаль з пана Юрыя і, відаць, будзе вышэйшы. І такі самы загарэлы. Аблічча аж аліўкавае, і на ім асабліва светлыя – аж свецяцца – цёмна-шэрыя шырокія вочы.

Але чаму ён так разгубіўся, нібы ўбачыў дзіва? І што гэта ў ім такое новае?

Ага, вочы сталі не такія мяккія. І ў постаці няма нічога ад медзведзяняці: стройная, гнуткая постаць.

Алесь схіліўся і пацалаваў ёй руку.

– Я вельмі ўзрадаваны, – голас чамусьці асекся. – Мы так даўно не бачыліся.

– Вельмі даўно. І хаця б… адзін ліст.

– Гэта вы, Ма… Міхаліна, не адказалі мне.

– Я, па-ранейшаму, Майка.

Паўза.

– Сходзім да Вацлава. Я з Вежы. Ледзь паспеў пераапрануцца.

У «зале разбітай вазы» Стась, Вацлаў і Наталя гулялі ў жмуркі. Вадзіў Вацак, і Алесь назнарок «спаймаўся» яму.

– Спаймаў!

– Не, брат, гэта я цябе спаймаў, – сказаў Алесь.

І ўзняў Вацака высока-высока.

– Алеська! Братка! – крыкнуў Вацак, боўтаючы нагамі ў паветры.

– А паказаць табе, як барсук дзяцей гладзіць? – спытаў Алесь, прыціскаючы брата да грудзей.

– Не-а, – малы закрыў галаву рукамі. – Супраць поўсці гладзіць будзеш. Дулі калупаць.

– Ты ў мяне разумны, – засмяяўся Алесь.

Майка заглядзелася на яго. Высокі, шырокі ў плячах, ён стаяў, трымаючы брата, як перайка.

Наталя ціха падышла да Майкі і пацерлася шчакой аб яе далонь. Міхаліна прысела і, расчырванеўшыся, правяла носам па вачах сястры.

Якраз у гэты момант Алесь, падхапіўшы на рукі яшчэ і Стася, зірнуў на дзяўчыну. Нешта разгубленае зноў мільганула ў ягоных зрэнках.

– Ну, до ўжо, хлопчыкі, – глухавата сказаў ён. – До.

– Алесь, – віскнуў спушчаны на подлогу Вацак. – А Наталя харошая. А Наталя казала, што яе не бралі, аж потым Майка ўзяла. Яна разумее, што мне без Стася і Наталі сумна. Яна харошая.

– Вельмі харошая, – сказаў Алесь. – Гуляйце, хлопцы.

Падвёў, падштурхнуў хлопцаў да Наталі, абняў усіх трох. І тут ягоная рука выпадкова дакранулася да Майчынай рукі.

Майка раптам адчула: здарылася нешта нязнанае. Зірнула на Алеся і ўпэўнілася, што ён таксама адчуў, затрымаў на яе плячах і руках чужы позірк.

Здарылася непапраўнае.

А ў зале пяшчотна звінела музыка, клічучы іх да сяброў.

…Яны танцавалі разам вальс, і гэта была пакута. Даводзілася трымацца як надалей адзін ад аднаго. І ён стаў чужы. І яны сталі чужыя. І немагчыма было больш танцаваць разам. Таму, што ўсе глядзелі і ўсё-ўсё бачылі.

Таму Міхаліна нават узрадавалася, калі перад мазуркай убачыла ля калоны двух сяброў. Яна не любіла Хаданскага, але тут ён здаўся ёй свойскім, дураслівым. Стаяў сабе, пакручваў залацісты чуб.

Вось заўважыў яе, схіліўся да Мішкі Якубовіча і нешта шапянуў яму на вуха. Гусар засмяяўся, паказваючы белыя зубы. І відаць, што дурань, але прыемны дурань, таксама свойскі. І няма ў ім таго, што так яе палохае ў Алесевых вачах. Проста зух у бліскучай форме. Белазубы і дзёрзкі, шчодры п'янчук.

Калі Хаданскі перайшоў залу і запрасіў яе на мазурку, яна пайшла танцаваць, нават не зірнуўшы на Алеся. І яшчэ раз з Хаданскім. А потым з Якубовічам. А потым яшчэ з Хаданскім.

Назнарок не глядзела на Алеся. Раз толькі выпадкова сутыкнулася з ім вачыма і ўбачыла суровыя вочы і няшчасны, глыбакасумны твар.

Урэшце Алесь заўважыў, як яна непрыкметна выслізнула на тэрасу, і рашуча выйшаў за ёй.

Над цёмным парканам трапяталі недзе далёкія зарніцы. У свежым ад дажджу паветры стаяў вільготны водар бэзу.

Алесь прайшоў у самы канец тэрасы, куды не падала святло з акна, і там, ля парэнчаў, убачыў тонкую Майчыну постаць. Майка не павярнулася на крокі, а калі ён пазваў яе, коса ўскінула на яго дзікаватыя і нібы разгневаныя вочы.

– Што з табой?

– Так, – апусціла яна вейкі.

– Ты робіш мне балюча. А я помню цябе.

– Хіба?

У адказ ён распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок.

– Вось твой медальён.

Разам з жалезным ланцужком пацягнуўся і залаты. Ён быў прывязаны да жалезнага ланцужка. Калі Загорскі ўзяў Майчын медальён на далонь, залаты саслізнуў з далоні і захістаўся ў паветры, звісаючы між вялікім і ўказальным пальцамі.

Амулет старога дзьмутага золата, цьмяны і зіхоткі. А на ім Коннік з дзіцячым, нібы апухлым, тварам бароніць Авечку ад Льва, Змія і Арла.

– Усё як раней, – сказаў Алесь. – Высакароднае жалеза, а ў ім пасма тваіх валасоў і надпіс па-беларуску… Твой… Першы… Ты помніш вярбу?

– Не, – сказала яна раптоўна нейкім жорсткім, нібы не сваім, голасам. – Не ўсё, як раней.

У першую хвіліну яна бадай што ўзрадавалася, а потым у радасць пракраўся боль. Яна сама не ведала, што з ёю.

– У цябе яшчэ адзін, – сказала яна. – Чыстае наша жалеза змяняў на золата.

Ёй чамусьці хацелася яшчэ раз уразіць яго. Яна не магла іначай, так з ім было цяпер няпроста.

– Вядома, – сказала яна, – хто ж будзе трымацца звычайнага жалеза? Каму яно цяпер патрэбна?

– Я…

– Не трэба мне твайго «я». Барані сваю Авечку, якая першаму-лепшаму дорыць трохсотгадовыя фамільныя медальёны.

– Міхаліна, – сказаў ён, – калі ты будзеш так…

Яна не адказала. Крутнулася. Пайшла тэрасай. Усё хутчэй і хутчэй. Ноч і святло з акон, чаргуючыся, беглі на танюткай постаці.

І пачаўся здзек.

…Гулялі ў загадкі. Вяла Майка. Той, хто адгадае, меў права пацалаваць тую паненку, якая загадвала. Франс Раўбіч і ненатуральна ажыўлены Мсціслаў так і сачылі за вуснамі Ядзечкі, калі надыходзіла яе чарга.

– Ядвінька пытае, што расце без кораня, а людзі не бачаць.

Маўчанне.

– А галоўныя ворагі – слімак і порах, – дадала Міхаліна.

Франс і Мсціслаў аж нагамі капалі. Алесь даўно здагадаўся, але не хацеў перашкаджаць ім.

Майка залілася смехам. Ён гучаў весела і трохі здзекліва, асабліва пасля таго, як яна зірнула на Алеся.

– Панове, – сказала Майка, – што ж вы, панове? Некаторыя амаль скончылі гімназію.

Гледзячы ёй у вочы, Алесь нядбайна кінуў:

– Камень. Камень расце без кораня. Порах разбівае яго звонку, камень слімак точыць знутры.

Ядзечка працягнула яму вусны. Маладым людзям накрылі галовы вэлюмам. Зайграла на хорах скрыпка. І ў снежным паўзмроку Алесь убачыў, як апусціліся веі колішняй лялькі, і зразумеў, што ён не абыякавы для яе.

Калі вэлюм з шолахам споўз з іхніх галоў, Алесь заўважыў насцярожаныя вочы Франса, сумна-ўсмешлівы позірк Мсціслава і яшчэ вусны Міхаліны. Куточак Майчынага рота прыўзняўся вышэй, чым звычайна.

Алесь зірнуў у вочы Мсціславу і павольна апусціў павекі на знак таго, што ён усё зразумеў.

– Загадка пра чалавека, – сказала Майка. – Задаю я.

Загорскі бачыў звужаныя, чымсьці нядобрыя вочы.

– Божанькаў лянок, – сказала Майка, з ходу вяжучы слоўную вязь, – звіў з ланцужком ланцужок. Змяняў жалеза на золата. Залатой шабляй хоча невядомую авечку бараніць.

Гэта было глупства. Няскладнае, нядобрае. Ніхто, канечне, нічога не зразумеў і не мог адгадаць.

– Гм, – сказаў Мішка Якубовіч, смеючыся чорнымі вачыма. – Божанькаў лянок – гэта, вядома ж, я.

Зарагатаў:

– І жалеза на золата я змяняў, узяўшы на год водпуск. І авечак ад мяне бараніць трэба.

Алесь глядзеў проста ў Майчыны вочы.

– Я, – сказаў ён. – Тлумачыць не буду, але я. Спадзяюся, панна Раўбіч не адмовіцца, калі ў сэрцах зямных дзяўчат засталася іскра шчырасці.

…На іхнія галовы накінулі вэлюм. Вежа здалёк глядзеў на ўсю гэтую гісторыю аж вельмі няўхвальна.

Алесевы вочы глядзелі ў Майчыны вочы. Між імі лёгка мог бы стаць трэці, так далёка стаяў Алесь.

– Дзякуй вам, Міхаліна Яраслаўна, – ціха сказаў Алесь. – Не бойцеся. Я проста скарыстаў апошнюю магчымасць застацца ўдвох. І потым, я ж павінен быў адгадаць. Проста каб вы ведалі, што я нічога не баюся і ні аб чым не шкадую.

– За што дзякуй? – ціха спытала яна.

– За сумленнасць. За тое, што нікога не пусцілі ў нашу дзіцячую таямніцу.

Убачыў разгубленыя вочы і скінуў з галавы вэлюм. Усе, напэўна, глядзелі з непаразуменнем на дзве постаці, што так і не варухнуліся пад флёрам. Ну і няхай.

Вэлюм споўз на падлогу. Алесь падышоў да Мнішкавай Анэлі і схіліў галаву. І, нібы ў адказ, з гонарам і павагай схіліў ля сценкі галаву стары Вежа.

…Усю астачу вечара яны танцавалі паасобку.

Спачатку Майку душыў гнеў і глыбокая крыўда.

Але потым яна ўспомніла, што сама дамаглася гэтага, успомніла той страх, які адчувала, калі Загорскі быў побач, успомніла, з якой радасцю, як збавенне ад смерці, адчула яна запрашэнне Якубовіча. І тады яна павесялела.

Вечар быў кароткі. Яна сто разоў да гэтага сніла яго ў сне. Сніла гэты баль, і музыку, і зарніцы за вокнамі, і нясцерпнае шчасце ад танцаў і ўласнай маладосці. Усяму гэтаму немагчыма было ставіць мяжы. А Загорскі быў такой мяжою. Няхай прывабнай, але і страшнай у сваёй безагаворачнасці.

Яна танцавала, і ёй хацелася танцаваць, як часам хочацца спаць у сне. І таму, калі раптам танцы скончыліся, калі запрасілі на вячэру, слёзы з'явіліся на Майчыных вачах. Так не хацелася гэтай непатрэбнай вячэры, так не хацелася траціць часу.

За вячэрай ап'яненне прайшло. Яна заўважыла, што Алесь так і не прыйшоў, не сеў за сталы.

Да канца вячэры знікла з-за стала Ядзечка. А потым непрыкметна, нібы іх і зусім не было, здолелі ўцячы Мсціслаў і Франс.

Мішка Якубовіч сядзеў насупраць, жартаваў, выскаляў белыя зубы. Чорныя вочы нахабна і дзёрзка смяяліся. І раптам Майка адчула, як нараджаецца недзе ў душы трывога. Яна не ведала, адкуль яна, трывога. Здавалася толькі, што губляеш нешта важлівае. Урэшце яна не вытрымала і, пад умольным позіркам вачэй маладога Іллі Хаданскага, паднялася з месца і пакінула застолле.

Выйшла на тэрасу – нікога. Абложаны хмарамі, нібы ў мяшку, глуха стаяў загоршчынскі парк. Зарніцы сталі ярчэйшыя. Яны шугалі і шугалі. Гэта, напэўна, ад іх рабілася нясцерпнай трывога.

Майка абмінала палац. Злёгку храбусцеў пад нагамі жвір.

Ад пляцоўкі з арэлямі даляцеў голас Ядзечкі:

– Алеська! Дзе гэта ты знік? Хадзі да нас. Мы гайдаемся.

– Ну і добра, – сказаў Алесь. – Чаго гэта вы, як маленькія, з балю ды на арэлі? Сукенку памнеш.

– Алесік, даражэнькі, глядзі, якая ноч! Якія зарніцы! Толькі і гайдацца.

Зарыпелі ў цішыні канаты: відаць, Алесь моцна налёг нагамі на дошку арэляў.

Майка падышла зусім блізка. У гэты момант успыхнула зарніца, і дзяўчына ўбачыла Алеся, які ўзносіўся галавою проста ва ўспышку.

Ён, здавалася, быў вышэйшы за дрэвы, вышэйшы за слупы арэляў, вышэйшы за ўсё на зямлі.

Зноў успышка. І зноў ён высока. Ён адзін, бо Франс за ягонай спіною: відаць, уставаў на ніжняй кропцы плёту, штурхаючы чоўнік.

– Алесь! Алесь! Ну, ты проста як архангел! І галава ў хмарах! – крычаў Ядвіньчын голас.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю