412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц » Текст книги (страница 21)
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 24 страниц)

XXIX

Алесь і Усяслаў Грыма ішлі Дамініканскай вуліцай да Святаянскіх муроў. Абодва пераапрануліся з гімназічнай формы ў цывільнае i старалася трымацца далей ад ліхтароў. Хаця гімназістам старэйшага класа i дазвалялася не вельмі пільнавацца гадзіны, пасля якой вучні павінны сядзець дома, але яны iшлi ў дом, наведванне якога магло не спадабацца начальству. Ды i прагулкі без формы не заахвочваліся. А іначай было нельга. Будуць глядзець, як на шчанюкоў.

Ішлі да Адама-Ганорыя Кіркора, рэдактара «Кур'ера Віленскага». У яго збіралася цікавае таварыства, i можна было гаварыць аб жыцці. Бывала i музыка, а ўжо спрэчкі – заўсёды. Гаспадар быў з ліберальных, асветнік i не больш, ды яшчэ з памяркоўных. Нехта з дэмакратаў у запале спрэчкі назваў яго аднойчы нават «калабарацыяністам», але гэтага не падтрымалі нават злоснікі. Проста жыў па прынцыпу «абы цixa было», часам запабягаў перад уладамі і імем імператара, але сяды-тады і яго прарывала злосцю. Ён дазваляў збірацца ў сваёй кватэры самым розным людзям, нават з крайнімі naлiтычнымі поглядамі.

Пачатак сакавіка плакаў капяжамі i ўначы. 3 дахаў раз-пораз спаўзаў i ляскаўся цяжкі падталы снег. Святло ліхтароў весела гуляла на сотнях ледзякоў.

Вёў Алеся знаёміць з людзьмі Усяслаў Грыма.

– Пакрычаць там сёння, – сказаў Грыма.

– Усе крычаць, – сказаў Алесь.

Увесь люты ішоў у Парыжы міжнародны кангрэс, які прыляпіў на чало імперыі ярлык слабасці i непатрэбства i завяршыў, урэшце, ганебную разгромную вайну не менш ганебным мірам.

– Haбiлi морду, – бурчаў цельпукаваты Грыма. – Вось вам. На вазах харч вязуць, гарматы разрываюцца. Ваяваць развучыліся. Шпіцрутэны – гэта мы ўмеем.

Кіркор жыў у будынку былога універсітэта. Хлопцы азірнуліся. Паглядзелі ў бок губернатарскага палаца, цікнулі вокам у цёмную арку двара Сарбевіуса. Наглядчык Цэзар Георгіевіч, па класнай мянушцы Цэрбер Гаргонавіч, мог трапіцца паўсюль.

Яны перабеглі вуліцу i нырнулі ў пад'езд. Падняліся па сходах, пастукалі ў дзверы. Сустрэла ix пакаёўка, узяла паліто. Праз шчыліну дзвярэй даляталі галасы.

…Гаспадар, убачыўшы Грыму, развёў pyкi, быццам хацеў абняць. Азызлы, усё яшчэ загарэлы, дарма што зiмa прайшла, твар яго бы пацяплеў ад усмешкі.

– Змена маладая! Надзея мілай радзімы! То што, Усяслаў, гэта i ёсць твой князь?

– Але. Толькі ён не мой, а свой.

– Ухваляю, ухваляю, князь. Рэферат ваш аб народных песнях упадабаў. Выключна. Верце слову бітага этнографа. Прашу, прашу да мяне.

У невялічкай гасцёўні з мяккай мэбляю i ciнiмi сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі i ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Курылі, пiлi каву ля кутняга століка, спрачаліся. Раздаваліся выгукі, смех, воплескі – відаць, узнагарода камусьці за трапнае слова. Змешваліся польская, французская, беларуская мовы.

– Дав-вайце, маладыя людзі, будзьце як дома, – гасцінна запрашаў Кіркор, робячы, магчыма, занадта выразныя pyxi маленькай зграбнай рукой.

Відаць было, што ён – не без славалюбства – ганарыцца i гэтым зборышчам, i гасцёўняй, i людзьмi, сабранымі ў ёй, i атмасферай дасціпнасці, лёгкай ігры мазгавых звілін, спрэчак i ўсяго іншага.

На вялікае сваё засмучэнне, хлопцы амаль адразу ўбачылі аднакласніка, графа Ігнацыя Лізагуба. Ён стаяў з нейкім хударлявым, сухотным на выгляд чалавекам і ледзь адказаў на прывітанне. У чорным бездакорным сурдуце, вельмі стрыманы, вельмі выхаваны. Ён гаварыў i ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Нібы не семнаццаць яму, а ўсе пяцьдзесят, такі карэктны.

– Вам пашанцавала, маладыя людзі, – мякка сакатаў Кіркор. – Сёння ў мяне якраз найбольш цікавыя госці. Рэдка бывае так, каб у кожнага знайшоўся вольны вечар. Але сёння вы ўбачыце цвет новай віленскай грамады. Прашу быць як дома.

І пабег да іншых людскіх колцаў, улагоджваць, змешваць людскія плыні, там кінуць досціп, там іранічны сказ, нібы вядро вады на занадта зыркае полымя. Хлопцы асталіся адны.

– А ты ведаеш, – сказаў Алесь, – мне ён не падабаецца.

– Нешта праўды тут ёсць, – пакруціў цяжкай галавою Грыма. – Хоча, каб усе былі адзін у адзін: святыя ды божыя. Бач, унь Ходзька Ігнацый сядзіць. Паэтаў цёзка па прозвішчы. Багатыр! 3 ім ён аб залатым веку пагаворыць. А той – граф Тышкевіч, чалавек добры, адукаваны. Археалагічныя раскопкі вядзе. 3 гэтым пагамоніць аб тым, як цяжка было жыць нашым продкам. 3 Ходзькам, з Тызенгаўзам.

– А што тут Лізагуб робіць?

– Правае крыло суполкі змену сабе рыхтуе.

– Каго ты яшчэ ведаеш?

– Унь той, бычыш? З нервовым, тонкім абліччам?

У кутку, асобна ад ycix, сядзеў худы высакалобы чалавек у бутэлечнага колеру сурдуце і шырокім белым гальштуку. Рукі з доўгімі пальцамі нервова гулялі брэлокамі гадзінніка, перабіралі ix, як ружанец. Калі спрэчка выбухала раптам пагрубелымі ад запалу галасамі – чалавек моршчыўся, як моршчыцца меламан з абсалютным слыхам, пачуўшы скрогат цагліны аб цагліну. Мяккае, вельмі беларускае аблічча чалавека было тонкае i жоўчнае. Доўгія, трохі блізка адно да аднаго пасаджаныя вочы глядзелі сумна i засяроджана. I буйнымі добрымі хвалямі падалі на плечы русыя валасы.

– Хто такі? – спытаў Алесь.

– Сыракомля. Паэт.

– Па-польску піша?

– I па-беларуску таксама.

– А той? – Алесь паказаў на невялічкага чалавека, які піў каву ля кутняга століка i, здаецца, быў заклапочаны больш за ўсё тым, каб не паказаць сваёй ніякавасці перад yciмi гэтымі людзьмі, каб узяць i паставіць кубачак з належнай годнасцю.

Занадта інтэлігенцкі шыракаваты твар з добрымі, відаць, блізарукімі, вачыма. Такому б сядзець у хаце, такому б замест сурдута, нават тут, больш пасаваў бы шлафрок.

– Чакай, – сказаў Алесь. – Гэтага я даволі часта бачу на вуліцы. Ён што, таксама жыве недзе на Нямецкай?

– У доме на рагу Нямецкай i Дамініканскай. Не, у другім ад рога. А на рагу Сыракомля жыве.

– Ён хто?

– Я яго кепска ведаю. Ведаю, што працуе арганістам у Святаянскім касцёле. Дзіўна, чаму ён тут бывае? Але тут, наогул, даволі разнамасны хаўрус.

– I прозвішча не ведаеш?

– Яно табе нічога не скажа. Манюшка.

Алесь усміхнуўся.

– Сапраўды, смешнае прозвішча… Нібыта маленькі манюка.

I раптам усплыла ў памяці размова дзвюх жанчын, якую выпадкова пачуў на вуліцы краёчкам вуха. Жанчыны былі ў глыбокай жалобе, i гэта – а таксама іхнія заплаканыя вочы, i маладосць, i пекната – прымусіла Алеся прыслухацца i запыніць.

– Грыма, – сказаў Алесь, – я чуў аднойчы, як святаянскага арганіста назвалі богам.

– Пэўна, касцельныя дэвоткі,– буркнуў Грыма.

– Ну, не кажы. Кожны горад гэта, брат, горад казак. Iдзe артылерыйскі паручнік, а ў патэнцыі ён – Напалеон. Памipae ў багадзельні стары, выкідаюць з-пад ягонага сенніка спісаную паперу. Потым частка гэтых паперак, разам з газетамі, трапляе між дзвярыма i цыратай, якою ix абабілі. А праз сто год мяняюць цырату i выпадкова знаходзяць паперкі, i тады выяўляецца, што ў багадзельні памёр найвялікшы паэт часу. Прырода любіць хаваць брыльянты i золата ў тленны глей i смешную абалонку.

– Разышоўся, – буркнуў Грыма.

– А можа, і сапраўды ў Святога Яна грае сам бог. Трэ было б схадзіць.

– А з гімназіі паляцець хочаш? За хаджэнне на каталіцкія набажэнствы?

А гаспадар тым часам ужо каціўся да ix.

– Нелюдні! Нелюдні! Сугнеі! Не могуць caмi пайсці туды, дзе iм цікава. То хадзем.

Падвёў ix да купкі людзей.

– Знаёмцеся. Пан Грыма, князь Загорскі.

У сярэдзіне колца сядзелі на канапе два чалавекі. Адзін, мужыкаваты, дзіклівы, яшчэ малады, глядзеў на хлопцаў з некаторым выклікам, нібы менавіта ад яго залежала, прыняць навічкоў у размову ці не.

Але галоўным у размове быў, відавочна, не ён.

На краёчку канапы, у кутку, сядзеў, зручна ўціснуўшыся мяккую падушку, нібы патануўшы ў ёй круглаватай фігуркай, маленькі дабрадушны гарбун. Горб у яго быў невялічкі і нагадваў бы лёгкую сутуласць, калі б толькі правае плячо не было вышэй за левае. Гэтая акалічнасць не зрабіла, відаць, ніякага дрэннага ўплыву на псіхічны склад гарбуна. На круглым мяккім абліччы блукала ўседаравальная, расчуленая ўсмешка. Гарбуну было год сорак пяць, але праставатыя блакітныя вочы, светла-русыя валасы, у якіх цяжка было заўважыць сівізну, румяны ўсмешлівы рот надавалі ягонаму абліччу добры, наіўны, у нечым дзяціны выраз.

Зірнуўшы на яго, нельга было не сказаць: «Ах, які добры чалавек!»

– А ото нашы два Вінцукі, – знаёміў гаспадар. – Абодва паэты. Абодва добрыя грамадзяне. Абодва добрыя мужы.

– Ну, проста хоць ікону з мяне пішы, – буркнуў мужыкаваты.

– Абодва добрыя патрыёты. Любяць радзіму. Любяць. Знаёмцеся.

– Каратынскі, – зноў жа з выклікам працягнуў Алесю руку мужыкаваты.

I Алесь падумаў, што гэты падкрэслены выклік – ад неабходнасці сцвярджаць сваю годнасць. Відаць, худародны. Можа, нават з сялян.

– Дунін-Марцінкевіч, – падаючы пульхную руку, мяккім голасам сказаў гарбун. – Прашу не блытаць з Марцінкевiчамi-Асановічамі i Марцінкевічамі-Мустафамі. Я пакуль што не татарын. Хаця? – I ён засмяяўся. – Татарынам тутэйшым быць, дальбог, нядрэнна. Мова – адна. «Кітаб» нічым не горшы за блажэннага Аўгустына. І жонак можна аж сем мець.

Ягонае кругленькае цела калыхалася ад дабрадушнага смеху.

– Ды ён яшчэ i вальтэр'янец, – заўважыў з карэктным гумарам Ходзька. – Будзеце адказваць на тым свеце, пане Вінцук.

– I не буду. I зусім не буду, – калыхаўся гарбун. – У жартах граху няма. І што ж, што татарын. Усякае дыханне хваліць пана бога.

Кіркору, відаць, было замала рэкамендацый, хаця для Алеся абодва паэты, як людзі, былі ўжо зразумелыя.

– Абодва на гаворцы пішуць. На літоўска-мужыцкай.

Алесь звёў бровы:

– Па-беларуску, значыць?

Ходзька нахмурыўся. А вочы Марцінкевіча раптам, на адно імгненне, перасталі быць усмешлівыя, зірнулі на хлопца добразычліва, цвёрда.

«Эге, – падумаў Алесь. – Не такі ты, відаць, прасцячок, не такая божая душа. Ты, брат, дзе трэба, i характар можаш паказаць». I супакоіўся, што знайшоў зразумелага i блізкага чалавека.

– Бачыце, – сказаў Ходзька. – Вось ён, першы плён вашай працы. 3'явіўся ўжо беларус, ды яшчэ i князь. Глядзіце, каб хутка не з'явілася яшчэ, замест мужыцкай гаворкі, нейкая беларуская мова.

– Я не чытаў твораў пана Марцінкевіча, – сказаў Алесь. – Але існаванне беларускай мовы не залежыць ад нашых з вамі жаданняў, пане Ходзька. Як яе ні называй, яна проста – icнye.

Непачцівы Грыма, як заўсёды, рэзнуў проста ў Ходзькавы вочы:

– Разважаеце вы, шаноўны пане, з багатай магнацкай званіцы. Гэтыя словы аб «гаворцы» нам у зубах навязлі. Вы тутэйшы, але, прабачце, чым тады гэтыя вашы разважанні адрозніваюцца ад разважанняў нябожчыка імператара?

Кіркор азірнуўся. Зyciм непрыкметна для іншых. I адразу супакоіўся, заўважыўшы, што ніхто не звярнуў yвaгi, што ўсе свае, што ўсе з цікавасцю чакаюць працягу спрэчкі.

Ходзька холадна сказаў:

– Я – паляк беларускага паходжання. Памятаючы гэта, вы не можаце ўпікнуць мяне ў чужой крыві, у нелюбові да зямлі, на якой я нарадзіўся, у няведанні гаворкі, на якой гавораць яе мужыкі. Я павінен яе ведаць, бо як тады іначай весцi гаспадарку. Выйдзе нешта накшталт непрыемнасці з вaвiлонскай вежай. Але, я лічу, гэтая гаворка зжыла сябе, як зжыла сябе яшчэ некалькі стагоддзяў назад беларуская ідэя. Нічога не зрабілі, акрамя войнаў i звад…

– Толькі Біблію адны з першых надрукавалі, – сказаў Алесь. – Першыя сярод усходніх славян.

У вачах Марцінкевіча Алесь заўважыў пыльную цікавасць.

– Можа, вы не будзеце мяне перабіваць? – сказаў Ходзька.

– Калі ласка, – сказаў Алесь. – Я проста ўдакладніў некаторыя не зусім… пэўныя пастулаты пана.

– Дык вось, – сказаў Ходзька. – Ідэя скампраметавала сябе.

– Або вы яе скампраметавалі, – буркнуў Грыма.

– Ажыўляць нябожчыкаў – гэта не справа гicторый. Мы проста адгалінаванне польскага племені, слабое, чэзлае, якое ідзе дарогаю апалячвання. І хоць гэтай гаворкай гавораць пяць мільёнаў, але яна проста «рабочая мова», каб работнікі рознага паходжання разумелі адзін аднаго.

– Пяць мільёнаў!.. Цi не занадта многа для «рабочай гаворкі»? – сказаў Алесь.

– Я паважаю вашы пачуцці, – сказаў Ходзька. – Але цi не занадта вы малады, каб…

– Чакайце, – сказаў са свайго кута Сыракомля. – Гэта забаронены ўдар.

– Чаму забаронены? – умяшаўся Лізагуб. – Мы сапраўды яшчэ мала ведаем у параунанні з панам Ходзькам.

– Малады чалавек, – сказаў Сыракомля. – Веды i вера ў радзіму – розныя рэчы.

– Магчыма, пане Кандратовіч, – у голасе Лiзaгуба прарвалася непрыязная нотка. – Я проста кажу, што некарэктна перапыняць старэйшага госця.

Ходзька кінуў на яго ўхвальны позірк:

– Я ўдзячны вам. Не турбуйцеся. У мяне яшчэ няма старэчага маразму.

– Паважаю пана, – сказаў Лiзагуб. – Але дадам толькi адно. Брыдка, калi адукаваны чалавек, князь, пачынае насiць лапцi праз нейкiя там меркаваннi. Гаворка гэтая для людзей вашай культуры – тое самае, што лапцi замест чаравiкаў.

– Глупства, – раптам сказаў Марцінкевіч. – Выходзіць, я лапцюжны паэт? I пан Кандратовіч таксама?

– Не звяртайце ўвaгi, – нервова сказаў Сыракомля. – Я не хачу пакрыўдзіць пана Лізагуба, сказаўшы, што яго словы – праява злачыннай абыякавacці да перакананняў.

I замкнуўся, нервова перабіраючы брэлокі. Лізагуб, на знак павагі да слоў паэта, схіліў галаву.

Усім было трохі някавата. Алесь бачыў, што ўсе глядзяць на яго. Нават Манюшка кінуў сваю каву i ўглядаўся, мружачы добрыя вочы.

– Я адкажу спачатку пану Марцінкевічу, – сказаў Ходзька. – Не, я не кажу, што ваша паэзія лапцюжная. Я з прыемнасцю слухаю вашы ідыліі. Ваша «Сялянка» – гэта добра.

– Калі-небудзь я напішу такую ідылію, што вы не будзеце ведаць, куды схавацца ад людскога смеху, – буркнуў гарбун.

– Не, яна не лапцюжная. Яна недарэчная. Пішучы на беларускай гаворцы, вы насаджаеце сярод мясцовага люду, сярод мужыкоў i нават сярод некаторых дваран, як мы бачым, правінцыялізм.

Дунін-Марцінкевіч засмуціўся. Развёў рукамі.

– Я не хачу звадаў, – глуха сказаў ён. – Я хачу i намагаюся пераканаць у патрэбнасці гэтага ўcix… Я хачу, каб yciм было добра, каб на зямлі панавалі гармонія і радасць. Досыць ужо вытрымаў агню гэты няшчасны край. I што ж, мяне кусаюць адусюль. Няма такога сабакі, які не палічыў бы cвaiм абавязкам ухапіць мяне за нагу. А я не хачу даваць кухталі людзям. Нават дрэнныя, яны – людзі.

– Гуманізм, які б'юць і справа і злева, – буркнуў Грыма. – Зноў тое самае.

Але гарбун, відаць, не заўсёды трымаўся таго правіла, што людзям трэба дараваць, нават калі яны кусаюць за ногі. На ягоныя вусны ўспаўзла павольная разумная ўсмешка.

– Самае дзіўнае, што ніхто не выступіў супраць маёй паэзіі ў каралеўстве, у Польшчы. Лаюцца толькі тыя, каму гэтая справа павінна была б стаць блізкай, нашы паны. Больш ваююць за Польшчу, чым самі палякі. Відаць, таму, што ніколі iм не быць ні беларусамі, ні палякамі, ні немцамі, хоць яны схільны быць і тым, і другім, і трэцім.

– Зразумейце, пане Марцінкевіч, – сказаў Ходзька. – Я не супраць гэтага як рэдкасці, як своеасаблівага рарытэту. Але ж гэта наследаванне нязграбных тутэйшых песняў… Ці варта паўтараць тое, што памрэ.

І тут Алесь убачыў, як гаротна затрэсліся вусны інтэлігентнага каротказорага чалавека, які дарма намагаўся схаваць за кавай сваю разгубленасць і ніякаватасць.

– Я таксама gente albarutenus natione polonus[75]75
  Паходжання беларускага, нацыі польскай (лат.)


[Закрыть]
, – сказаў Манюшка. – Мяркую, нядрэнны паляк. Мне добра быць палякам. Але я ніколі не дайду да думкі, што быць палякам – азначае душыць астатніх. Быць палякам – гэта, хутчэй, змагацца за шчасце астатніх. I вы дрэнна цяміце ў музыцы, пан Ходзька, калі ганіце тутэйшыя песні… Гэта ўжо я магу вам заявіць.

На твары чалавечка на хвіліну з'явіліся рысы вышэйшай адухоўленай прыгажосці.

«А мо сапраўды бог?» – падумаў Алесь.

– Яны, песні, не хочуць быць рарытэтамі. Яны звіняць, смяюцца, плачуць. Нават уначы, у сне, я чую іхнія галасы. Я ад Польшчы, я і ад іх.

І нібыта звяў. Зноўку сеў, не ведаючы, куды падзець рукі. Манюшка i Дунін-Марцінкевіч пераглянуліся. Гарбун усміхнуўся, схіляючы галаву.

– Што ж, – спытаў Ходзька, – замест Чымарозы смярдзючы мужык?

– Я з мужыкоў, – сказаў Каратынскі, – будзеце злоўжываць гэтым – скончыцца дрэнна.

– Што ж, – сказаў Ходзька. – Шлях натуральны. Замест культурнага, памяркоўнага гаспадара – п'яны кат з бузуном.

– Мы не хочам ні ката, ні гаспадара, – сказаў Грыма. – Мы хочам волі.

– А атрымаеце бізун… Вам далі магчымасць часова развіваць сваю гаворку. Бо вы – наш фарпост. Але тое, што робіцца тут, – гэта ўжо занадта. Пісаць на ёй? Называць сябе быдлячым iмeм? Калі мы дазволім такое – вас самнуць.

Алесь адчуў, што ў яго звініць у галаве ад гневу.

– Мы, здаецца, пачыналі спрэчку з вамі?

Ходзька з цікавасцю глядзеў на шэравокага маладога чалавека.

– Кажыце далей, – памяркоўна дазволіў ён.

– Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць, – перахопленым горлам сказаў Алесь. – А пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. – Ён павысіў голас. – Мы не хочам быць нічыім фарпостам. Чым слова «магнат» лепшае за слова «барын»? Досыць, панюхалі.

І тут Ходзька ўсміхнуўся, нібы намацаў у абароне хлопца трэшчыну.

Алесь бачыў вочы гарбуна, арганіста, Сыракомлі. Ва ўcix гэтых вачах жыла трывога. А Ходзька падаўся галавой наперад i цixa працадзiў:

– Хіба не стала нашаму мужыку горш жыць пасля прыяднання да Расіі? Адразу салдатчына, павышэнне падаткаў…

Сыракомля нецярпліва перапыніў яго:

– Ходзька, гэта жорстка!.. У маладога чалавека не столькі ведаў… I ягоныя перакананні…

Алесь узняў руку.

– Не трэба, пане Кандратовіч, – ён усміхнуўся. – Тое, што мне трэба, я ведаю добра. I перакананні ў мяне цвёрдыя i… аб-грун-таваныя, у адрозненне ад пана Ходзькі.

– То стала горш? – настойваў магнат.

– Стала горш, – спакойна сказаў Алесь. – Акрамя старых паноў, нас з вaмi, з'явiлiся новыя. Прычына гэтай галечы тое, што на ўсе старыя ланцугi павесiлi яшчэ адзiн, новы – грошы. А грошай у мужыка пры цяперашнiм стане быць не можа. У яго адбiрае ix тое, што страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце.

Чырвоныя плямы папаўзлі на шчоках у Ходзькі.

– Што ж гэта такое, страшнейшае за ўсё? – цixa спытаў ён.

Алесь пабялеў ад хвалявання. А потым у цішу ўпала адно толькі слова:

– Прыгон!

Вочы ў Лізагуба звузіліся.

Стаяла цішыня. Алесь спяшаўся дагаварыць.

– Мы ніколі… – голас ягоны зазвінеў. – Чуеце? Мы ніколі не паддамося нi вам, нi немцам, нікому. І не таму, што мы не любім вас, а таму, што кожны чалавек мае права на роўнае шчасце з другім, а шчасце – толькі ў cвaiм доме.

– Панове, – перабіў Кіркор, – панове, уладаю гаспадара забараняю вам гэтую спрэчку.

Гарбун паклаў руку на плячо Алесю, паціснуў.

– У мяне ёсць дачка, Каміла, – сказаў ён. – Бог ты мой, якія вы падобныя!

У доўгай паўзе прагучаў самотны голас Сыракомлі:

– Якая ж гэта нязведаная парасць расце!

…Ён i Манюшка ішлі ў адну дарогу з Алесем i Усяславам, Лізагуб i Ходзька пайшлі асобна, хоць пэўны час ім было і па дарозе.

На рагу Святаянскай i Універсітэцкай Манюшка прытрымаў Алеся i паказаў яму налева, на касцельны гмах.

– Музыку любіш?

– Але.

– То прыходзь сюды. Я ведаю, табе нельга. Але унь там дзверы на хоры. Прыходзь падчас імшы i проста так. Я там часта. Музыка, князь, не ведае розніцы вераванняў.

Сыракомля маўчаў усю дарогу. Ягонае, маладое яшчэ, тонкае аблічча выглядала на хворае. Ён моўчкі хутаўся ў футра i нагадваў худую зябкую птушку.

I толькі на скрыжаванні, дзе абодвум старэйшым трэба было павярнуць налева, паэт паклаў руку на плячо Алесю:

– Я, пэўна, не дажыву. Але вам… Дай вам бог удачы…

XXX

Ужо самай раніцай наступнага дня, падымаючыся па сходах на другі паверх, Алесь адчуў штосьці нядобрае.

Можа, гэта было ў тым, што здаровая доўбня, Цыпрыян Дэмбавецкі, аднакласнік Алесеў, насуперак звычаю, адарваўся ад ежы і, калі Алесь праходзіў паўз яго, акінуў каламутным, нібы нежывым, позіркам. Гэта было дзіўна, бо Алесь, колькі быў у гімназіі, заўсёды помніў Цыпрыяна з бутэрбродам у руцэ.

А можа, няладнае было ў тым, што другі аднакласнік, Альберт Фан дэр Фліт, ледзь адказаў на паклон.

Усё гэта была лухта. І Цыпрыяну не вечна ж чамкаць, і Фан дэр Фліт, чалавек халодны і паглыблены ў свае думкі, заўсёды глядзіць нібы праз субяседніка. І, аднак, нешта нібы вісела ў паветры.

Але першым урокам была якраз літаратура. Выкладчык прыгожага пісьменства, перад тым як скончыць гімназічны курс, рабіў агляд сучаснай літаратуры, той, што не ўваходзіла ў праграму. І гэта было добра. Бо ён гаварыў, між іншым, і аб улюбёным Цютчаве. Пушкін – гэта, вядома, Элада паэзіі. Нібы ўся гармонія будучых стагоддзяў увасобілася ў адным. І ён любіў яго. Але трэба мець і нешта патаемнае, што любіш ты адзін. І ён любіў Цютчава.

І гэтыя, такія розныя, імёны сучаснікаў, і такое разнастайнае гучанне іхніх радкоў, падобнае то на мёд, то на ярасную пену прыбою, то на атруту, прымусіла Алеся забыцца на тое, падсвядомае, што папярэджвала.

Ён трымаў для сябе імя Цютчава доўга. У старых дзедавых часопісах адшукаў калісьці і адзначыў у памяці гэтыя незвычайныя радкі.

І «Вясеннюю навальніцу» ў «Галацеі», і «Цэцэрона» з «Апошнім катаклізмам» у альманаху «Дзянніца»… Часам ён пазнаваў аблічча паэта і ў вершах, змешчанных пад ініцыяламі, і гэта было – нібы пазнаць блізкага сябра пад маскай.

Дзіўна было, што Алесь яшчэ не нарадзіўся, а паэт ужо адказаў на тыя пытанні, што пачынаюць мучыць яго, Загорскага, толькі цяпер.

 
Оратор римский говорил
Средь бурь гражданских и тревоги:
«Я поздно встал – и на дороге
Застигнут ночью Рима был!»
 

Тут усё было праўда. Сапраўды, вакол была ноч краіны. Сапраўды, усе яны нарадзіліся занадта позна. І ўсё ж…

 
Счастлив, кто посетил сей мир
В его минуты роковые —
Его призвали всеблагие
Как собеседника на пир.
 

І гэта было цудоўна. Як цудоўныя былі радкі «Mal'aria», што спісаў аднекуль Мсціслаў. І радкі «Апошняга кахання». Настаўнік чытаў іх трохі нараспеў, як ніколі не чытаў Дзяржавіна. І вокладка часопіса, з якога ён чытаў, была старанна загорнута ў паперу. Бо гэта быў «Современник», якога баяліся, як чумы, і не падпускалі да гімназічных муроў.

Алесю было смешна. Няўжо настаўнік думае, што яны – дзеці і чытаюць толькі тое, што прадугледжана праграмай. Гэты нумар часопіса чальцы «Братэрства шыпшыны і чартапалоху» зачыталі да дзірак два гады назад.

 
О, как на склоне наших лет
Нежней мы любим и суеверней…
Сияй, сияй, прощальный свет
Любви последней, зари вечерней!
 

Гэта было нязнанае, неймавернае на зямлі шчасце.

 
Полнеба обхватила тень,
Лишь там, на западе, бродит сиянье, —
Помедли, помедли, вечерний день,
Продлись, продлись, очарованье.
 

У тым сумным, суровым і пяшчотным настроі, які заўсёды авалодваў ім пасля добрых вершаў, ён праседзеў другі ўрок, геаграфіі. Мсціслаў збоку паглядаў на яго. І ў вачах была іскра насмешкі і іроніі.

«Павяло», – падумаў Мсціслаў.

А Алесь не заўважаў. Як не заўважаў і таго, што Цыпрыян Дэмбавецкі, крадком жуючы нешта, раз ці два азірнуўся на яго.

Пачалася вялікая рэкрэацыя. Гімназісты, карыстаючыся трыццаццю хвілінамі перапынку, сыпанулі на сонечны двор, дзе на сугрэве, каля мура, было ўжо зусім цёпла, брук нагрэўся, а апошні чорны снег ляжаў толькі ў вечным ценю процілеглай аркады двара.

Алесь выйшаў павольна, апошні, і адразу ўбачыў, што на паваротцы да сходаў стаіць група «арыстакратаў з лёкайскай», як аднойчы ахрысціў іх Сашка Волгін.

«Арыстакраты з лёкайскай» трымаліся заўсёды купкаю і вельмі крыва глядзелі на Алеся і Мсціслава за тое, што яны староняцца іх і водзяць сяброўства з Грымам і Ясюкевічам.

Яны стаялі купкай і цяпер. Прылізаны і карэктны Ігнацы Лізагуб. Побач з ім Альберт Фан дэр Фліт з халоднымі вачыма, якія, нягледзячы на светлы колер, былі цьмяныя, як сутонне. А за імі стаяў Дэмбавецкі.

Яшчэ адзін чалец іхняга гуртка, Альгерд Корвід, стаяў ля сценкі і глядзеў убок. Прыгожае, жорсткае аблічча Альгерда было абыякавае.

І, убачыўшы яго, Алесь зразумеў, што справы – дрэнь. Альгерд Корвід вызначаўся тым, што мог адным непрыкметным ударам пад дыхала або яшчэ некуды кінуць чалавека ў непрытомнасць і вывесці з бойкі на доўгі час.

Як на грэх – нікога не было вакол. Ні сяброў, ні проста прыязных людзей, якія маглі б папярэдзіць. У Алеся нарадзілася раптам брыдкае і халоднае пачуццё бездапаможнасці і агіды. Яго ніколі не білі вось так. Здараліся, вядома, сяброўскія або варожыя бойкі недзе ў прыбіральні ці на вілійскім лёдзе, але гэта былі сумленныя бойкі: адзін на адзін ці сцяна на сцяну.

Тое, што бойкi не мiнуць, ён зразумеў адразу. Iначай на якога д'ябла iм быў патрэбен Корвiд?

– Пачакайце, князь, – сказаў Лізагуб.

Алесь спыніўся.

Лізагуб мякка, амаль па-сяброўску, так, што смешна было вырывацца, узяў Алеся пад руку і адвёў ад сходаў.

– Мне хацелася б атрымаць ад вас некаторыя тлумачэнні наконт вашых учарашніх слоў.

– Я нікому не хачу іх даваць, – сказаў Алесь. – Што сказана, тое сказана.

– Прабачце, не тлумачэнні, а працяг спрэчкі і, магчыма, некаторае неўразуменне і збянтэжанасць, што датычыцца вашых паводзін.

Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць.

– Ваша неўразуменне мяне мала датычыць. Збянтэжанасць – таксама. Учора я сказаў тое, што хацеў.

Алесь вырашыў пайсці, а калі затрымаюць – прабіцца, адкінуўшы кагосьці з дарогі. Тут не магло быць і размовы аб тым, што ўцякаць – ганебна.

І тут адчыніліся дзверы прыбіральні, і з яе з'явіліся, нібы чэрці з табакеркі, яшчэ трое. Першыя крочылі Язэп і Гальяш Цялкоўскія. Браты. Не блізнюкі. Проста абодва мелі звычай па два гады сядзець у кожным класе. Гальяш аднойчы зрабіў подзвіг: не астаўся. І такім чынам дагнаў брата.

Яны стаялі побач. Здаравенныя, з фальварковымі атлусцелымі мордамі. Напаўідыёты.

За імі выслізнуў Воранаў, маленькі, бескаляровы, як белая мыш, сын буйнага акцызнага чыноўніка.

Убачыўшы гэтых трох, Алесь зразумеў: прарвацца не ўдасца. І адразу – ад злосці на тое, што яго так спрытна ашукалі, і ад непаразумення – страх некуды знік, а ў сэрцы нарадзіўся гнеў. Яны не мелі права нападаць на аднаго. Ну што ж, тады трэба біцца. Прайшло, відаць, хвілін дзесяць вялікай рэкрэацыі. Трэба яшчэ хаця б столькі ж заняць размовай аб усім тым, што стаіць паміж імі, а потым яшчэ десяць хвілін пратрымацца. Аднаму супраць сямёх. Не ўпасці, не даць ім рабіць з сабою ўсё, што яны захочуць.

– Калі ласка, – сказаў ён, стаўшы спіною да цёплай грубкі і адчуваючы патыліцай медны люфт. – Што вы маеце мне сказаць, граф Лізагуб?

– Я хачу спытаць, з якога такога права вы ўчора ганьбілі Польшчу, князь Загорскі? Вы ж ведаеце, гэта вельмі высакародна – лаяць тое, што ў гэты момант лае ўрад.

Нахабная хлусня абурыла Алеся. Але ён стрымаўся.

– Я не ганьбіў Польшчу, – магчыма, занадта высакамерна, каб не падумалі, што спалохаўся, сказаў ён. – Вам варта было б бліжэй трымацца да ісціны.

Алесь толькі тут успомніў, што са збораў у Кіркора Лізагуб і Ходзька пайшлі разам. Не можа быць, вядома, і размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака. Відаць, проста выказаў раздражненне, абурыўся «мужыцкім сепаратызмам здрадніка». Гэтага і хапіла. Знайшоў сабе добраахвотнага ланцужнага сабаку. А можа, і не ў «мужыцкім сепаратызме» корань усяго, а ў ягоных неасцярожных словах аб прыгоне. Напэўна так.

– Я не кручу перад вамі хвастом, – сказаў Алесь. – Але я далёкі ад думкі агулам ганьбіць ці агулам хваліць нейкі народ. Я, калі вы хочаце тлумачэнняў, скажу, што я люблю і паважаю Польшчу, спачуваю яе няшчасцям і глыбока шаную палякаў…

– Закруціўся, як уюн на патэльні, – сказаў Дэмбавецкі.

– …Акрамя, вядома, такіх палякаў, як наш Дэмбавецкі. Што зробіш, бываюць сумныя выключэнні, —сказаў Алесь.

Корвід пасунуўся бліжэй.

– Але, – сказаў Алесь, – я не разумею, якія адносіны да Польшчы мае немец Фан дэр Фліт, рускі Воранаў, літовец Корвід, беларусы Цялкоўскія і вы, граф Лізагуб? Мне здаецца, гэта справа пана Цыпрыяна Дэмбавецкага. Я гатовы пагаманіць з ім на гэтую тэму. З ім адным.

– Я паляк, – сказаў Лізагуб.

– За колькі? – спытаў Алесь. – І з якога часу?

– З таго часу, калі мае бацькі зразумелі, што ад двараніна, які называе сябе беларусам, смярдзіць стайняй і дзярмом.

– Не здрадай, прынамсі, – сказаў Алесь. – Не сабачым хвастом.

– Гноем, – сказаў Лізагуб. – І вы, княазь, яшчэ асмельваецеся лаяць парадак, заведзены слаўнымі дзядамі! Крычаць нешта аб «прыгоне».

Алесь засмяяўся.

– Вось яно што, – сказаў ён. – Я так і думаў, што не ў нацыі тут справа, што я стукнуў вас не па нацыянальным гонары, а па кішэні.

Цяпер яму ўсё было ясна. І ён, з невымоўнай пагардаю, сказаў:

– Прыгоннік.

– Чуеце? – спытаў Лізагуб.

– Чуем, – змрочна сказаў Гальяш Цялкоўскі. – Я думаў – ты хлусіў.

– Я таксама думаў аб перабольшванні, – сказаў Фан дэр Фліт. – Прабачце, граф.

– Ясна, – змрочна сказаў Корвід.

Запанавала маўчанне. Потым Лізагуб прашыпеў, увесь трасучыся ад ярасці:

– І ты яшчэ хочаш, каб я назваў сябе тваім быдлячым імем, хаме з тытулам?

– Не. Для цябе гэта занадта вялікі гонар.

– Хто вас прымае ўсур'ёз? – схіляў галаву Лізагуб. – Хто вас паважае, абыякавыя да сябе людзі? Правільна сказаў Ходзька: мы вас церпім як фарпост супраць варвараў. Усе вам выказваюць ласку, апякаючы ды прыядноўваючы. Проста шкада, што прападзяце. І дарэмна, бо толькі залішні клопат з вамі. Кіруй, па-бацькоўску апякай, гадуй…

– Сволач! – Алесевы вусны збялелі. – Рабавалі, жэрлі ды яшчэ…

– Што ў вас рабаваць? – кпіў Лізагуб.

Алесеў твар быў страшны. Прыступ жахлівага дзедаўскага шаленства падступаў аднекуль знутры.

– Кінь, – спалохаўся Фан дэр Фліт. – Яны небяспечныя.

Але Ігнацы не зважаў.

– Ласку! Ласку вам усе робяць! Што б вы былі без нас?

Адчуваючы, што цяпер ён не стрымаецца ад гневу, Алесь размахнуўся і, уклаўшы ўсю сваю сілу, ляснуў па гэтай шчацэ левай рукой, насунуўшы пад сківіцу знізу правай.

Лізагуб віскнуў, адлятаючы.

Вочы, вусны, увесь Алесеў выгляд былі такія страшныя, што хаўрус марудзіў кінуцца на яго. Адзін толькі Корвід мільгнуў недзе ўбаку, наносячы, відаць, адзін са сваіх страшных, непрыкметных удараў.

Біў у галаву.

Але ў Загорскага рэакцыя супраць шпагі, супраць кулака была імгненная. І ён нездарма стаў галавою да люфта.

Алесь таргануў галавою – і Альгердаў кулак змаху наляцеў на медны, востры зачап юшкі.

Корвід адскочыў, сагнуўшыся. Ён сычэў ад болю. З далоні цурком лілася на падлогу кроў.

Адкінуўшы нагою Язэпа Цялкоўскага, Алесь стаў у кут і падрыхтаваўся. Наляцеў Фан дэр Фліт – па мордзе, па мордзе сушанай трасцэ. Нагою ў пах Гальяшу Цялкоўскаму… Набліжаецца Лізагуб… Зноў у сківіцу.

Усё ж яго вырвалі з кута, абкружылі. Нехта – мабыць, Фан дэр Фліт – ударыў ззаду па галаве. Лізагуб сунуў у грудзі…

І раптам усё сціхла. Дзверы прыбіральні адчыніліся, і адтуль выйшаў настаўнік гімнастыкі, адстаўны афіцэр з маладых, падборысты і шыракагруды чалавек з дзіўным прозвішчам Крэст. Крэста большасць гімназістаў любіла, бо ён не задаваўся, не ўдаваў з сябе настаўніка, а паколькі спорт ледзь-ледзь пачынаў уваходзіць у моду і ніхто не лічыў яго за сур'ёзную дысцыпліну, а выкладчыка – за паўнацэннага, Крэст трымаўся з гімназістамі проста і роўна, хутчэй як не з вучнямі, а як з малодшымі сябрамі. Гэта выяўлялася шмат у чым. Між іншым, і ў тым, што ён ніколі не карыстаўся прыбіральняй для настаўнікаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю