412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц » Текст книги (страница 19)
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 24 страниц)

– А propos de[71]71
  Дарэчы, наконт… (франц.)


[Закрыть]
вершаў… Я б гэтага хахла не ў Сібір, а міністрам асветы замест дурня Уварава зрабіў. Нічога, хлопцы. Усё нічога.

І прыкрыў вялікімі далонямі рукі юнакоў.

XXVI

Над Вільняй павольна плыў звон. Званілі ў праваслаўных цэрквах, званілі ва ўсіх касцёлах ад Вострай Брамы да Антокаля. Пад гэты звон, які зусім не пасаваў да празрыстай вясновай лістоты, пакідала горад брычка, у якой, заціснутыя між чамаданамі і кофрамі, сядзелі два – цяпер ужо шасцікласнікі – хлопцы. Пан Юры, збіраючыся ехаць з Вільні на ўвесь час, дабіўся ад папячыцеля вучэбнай акругі дазволу, каб сын і Мсціслаў здалі экзамены датэрмінова. Яны і здалі. З вышэйшымі адзнакамі па ўсіх дысцыплінах.

У апошні момант пан Юры, лаючыся, паведаміў хлопцам, што губернскія дваранскія справы прымушаюць яго на тыдзень затрымацца ў Вільні і што ім давядзецца, каб не мазоліць вачэй сябрам, якія ўсё яшчэ пацелі над вакабуламі ў святаянскім гімназічным падвор'і, ехаць адным пад наглядам Халімона Кірдуна. Грэх сказаць, але сябры ўзрадаваліся і абставінам пана Юрыя, і падарожжу.

Загорскі бачыў гэта, але апраўдваў хлопцаў. Што зробіш, больш за ўсё на свеце маладосць любіць самастойнасць.

Брычка ляскатала па бруку, і Алесь бачыў на тратуары бацькаву пастаць.

Потым тройка завярнула на Дамініканскую. Коні нерваваліся, са званіцы сабора Дамініканаў падаў густы чорны звон.

Над усёй Вільняй гаварылі званы.

Дамініканам праз нейкіх сто сажняў басавіта адказаў святы Ян. Злева пацягнуліся святаянскія муры, дзе была гімназія. На другім паверсе, пэўна, якраз гадзіну таму назад, селі за сачыненне малодшы Біскуповіч, Ясюкевіч і цельпукаваты Грыма.

Звон суправаджаў брычку на ўсім яе шляху праз горад. Званіў Ян, званіў касцёл Базыліянаў, плакала святая Тарэса. І нават калі горад знік, вецер яшчэ часамі даносіў да вушэй юнакоў далёкае водгулле званоў. Званы плакалі.

Плакаць было чаго, хоць улады ў гэтым і не прызнаваліся, даючы загад аб імшы. Набліжаўся час расплаты за слепату, за саракагадовую ўпэўненасць у сваёй непераможнасці.

Першага красавіка саюзнікі засыпалі Адэсу бомбамі, разлілі па яе вуліцах, садах і прычалах мора агню. Чарнаморскі флот амаль адразу страціў ініцыятыву, а потым і зусім засеў у Севастопальскай бухце і быў патоплены.

…На поўдзень, дзе ваявалі, пайшло з сухадольскага наваколля зусім няшмат людзей, і ў тым ліку малады граф Ілля Хаданскі. Выйшла ў яго нечакана. Яшчэ напярэдадні не думаў, але тут прыехаў – па дарозе ў Севастопаль – у свой маёнтак Курылавічы васемнаццацігадовы прыгажун гусар Мішка Якубовіч, адзіны спадкаемца ўдовага бацькі, што нядаўна адышоў «у лона Аўраамле». Шчаслівы спадкаемца, не спадзеючыся на лепшае ў той касталомцы, куды меў трапіць, загуляў з усёй самаадданасцю гвардзейца і пацягнуў з сабою Іллю. Равеснікі пачалі піць і сваволіць. Магілёўскія камеліі, жанчыны з не зусім прыстойнай вуліцы ў Сухадоле, корчмы, рэстарацыі, гасцяванні ў суседзяў, дзе было шмат моладзі, – нічога не прамінулі.

Насваволілі яны з Іллём вышэй меры. П'яныя намагаліся патрабаваць сатысфакцыю ў губернскага скарбніка (у таго была маладая палюбоўніца, і было вырашана, што няхай нават адзін з сяброў і наложыць галавою, дык затое другому будзе добра). Скарбнік пад маркай перагавораў аб дуэлі ледзь не здзейсніў падступны план: завабіць сяброў да сябе ў двор і там сіламі прыгонных адхвастаць абодвух, як марцэліных сабак. Сябры ледзь прабіліся на волю са зброяй у руках, а потым – у гневе на хамства і недалікатнасць скарбніка – абзывалі яго пашахонскім графам і з кампаніяй сяброў тры ночы запар ірвалі ля ягонага дома пятарды.

Потым, якраз на судны дзень, пусцілі ў сінагогу спайманую недзе саву, а дзверы моцна падперлі тоўстым калом.

Паліцмайстар спрабаваў быў сунімаць іх – яны, заплаціўшы задатак, прыслалі да яго на падвор'е труну, абабітую глазетам, і магільную пліту з гранітным крыжам, на якім было ўжо высечана ўсё, што трэба, акрамя года смерці. Паліцмайстар з гора запіў, а ўсе прынады склаў пад павець на сваім двары: усё дзешавей абышліся.

У Сухадоле разышліся. Была пільная патрэба выпіць з афіцэрамі на гаўптвахце. Узялі будынак абвахты, спаліўшы з надветранага боку пуд і чатыры фунты серы. Калі варта разбеглася – выцягнулі ачмурэлых калег з будыніны і ўмыкнулі іх у Курылавічы, дзе і пілі тры дні.

Там іх і заспеў Ісленьеў, што прыехаў у госці да Вежы, і, дачуўшыся пра свавольствы, паехаў сунімаць вісусаў. Прачухана даў надзвычайнага і параіў, калі не хочуць высылкі, кінуць хутчэй ідылічнае развітанне з «мілай радзімай» і ехаць далей. Ілля Хаданскі, якому ўсё роўна не было куды падзецца, пайшоў з Якубовічам добраахвотна змагацца за айчыну, веру і гасудара.

Тым усё і скончылася.

А Ісеньеў пасля непрыемнай гэтай размовы паехаў зноў у Вежу. Стары ўзрадаваўся.

Алесь сядзеў трохі ў іхняй кампаніі. Толькі тыя сядзелі за сталом, папівалі каву і віно, а ён залез у самы зручны куточак, палажыў сабе на калені «Дафніса і Хлою» (такія рэчы за апошні час пачалі цікавіць яго) і то слухаў, а то і чытаў.

А на вітражах вакол плылі дзівосныя птушкі, рыбы і крылатыя жанчыны. Яны свяціліся наскрозь, так, як ніколі не свецяцца звычайныя фарбы. Свяціліся гранатавым, жоўтым, апельсінавым колерам, як свецяцца на сонцы келіхі з віном.

– Прайдзісветы, – усміхаўся Вежа. – Ну што яны, скажыце вы мне, граф, зробяць з тымі французамі ды ангельцамі?

– Анічога, – румяны, як яблыка, твар графа за яснымі вачыма і свежымі зубамі быў грэблівы. – Што ў іхняй галаве, акрамя гэтай брыдоты з савою ды п'янкі.

– Ото і я кажу… Скажыце вы мне, хто тут мае рацыю, тыя, што ідуць біцца, ці тыя, што чакаюць?

Ісленьеў скасіўся на Алеся. Дзед зрабіў абуранае аблічча.

– Тут я і сам не ведаю, – сказаў граф, пагладжваючы сівыя бакенбарды. – Скажу толькі, што нас паб'юць усё адно, неадменна. Дрэнны, пусты чалавек добраахвотна пад кулі не пойдзе, пойдуць лепшыя і загінуць. А іх і без таго не густа.

– Б'юць, – сказаў дзед. – Ой, б'юць. Наторкалі нас носам.

– Гэта ўсе разумеюць. Дазволілі ім пад Еўпаторыяй высадзіць дэсант, такі плацдарм аддалі… І гэтае злашчаснае паражэнне ля Альмы… Што мяне здзіўляе, дык гэта тое, што, дальбог, няма чаго ім асабліва ганарыцца. Салдат наш – смелы, безадмоўны, разумны. Лепшы за іхніх па трываласці, цярплівасці, сіле. Ды і генералы ў іх не лепшыя. Гэты іхні Сент Арно, ён хто? Шулер у былым, акторык, з усімі дрэннымі рысамі гэтай прафесіі.

– Дык у чым жа справа?

– А тое, што самы моцны салдат без хлеба, без зброі, без адпачынку, без… волі скора робіцца дохлай шкапай. І самая лепшая галава, калі на яе сто дурняў, нічога не можа. Нахімаў, бедалага, як пакутуе. Чалавек з мужнасцю, з любоўю да радзімы. А розная поскудзь, якую ўсё жыццё выхоўвалі ў спадзяванні на загад начальства, на старэйшага дзядзьку, – яны з яго пасмейваюцца. Знайшлі ў чалавека «загану», «травіць» ён у моры, хоць і адмірал. Што зробіш, калі арганізм такі. Ён «травіць», але з мосціка не сыдзе, справу да канца зробіць.

– Нельсан таксама «травіў», – сказаў Алесь.

– Праўда? – узрадаваўся граф. – Ну, суцешыў!

– Я салдат, – пасля паўзы сказаў граф. – Я іду, куды мне загадваюць… Але па сваёй ахвоце я б туды не прасіўся.

– Чаму? – спытаў дзед.

– Кожны лішні чалавек – гэта адтэрміноўка канца.

– Горай, думаеш, не будзе? – спытаў Вежа.

– Горай быць не можа, – сказаў граф. – Хаця б таму, што кожнае новае цараванне спачатку на некалькі год адпускае гайкі, зарабляе сабе добрае імя.

– Каб потым зрабіцца яшчэ горшым. Чулі мы гэта.

– Але ж некалькі год, – сказаў Ісеньеў. – Гэта вельмі важна. І потым амаль абавязкова амністыя. Значыцца, тыя, хто жывыя яшчэ – вернуцца. І я сустрэнуся са сваёй маладосцю.

Вежа асцярожна падліў графу віна. Вусны старога сумна ўсміхаліся.

– Я сёння чуў прароцтва, – сказаў ён. – Прарочыў тут адзін лапатны Іерэмія: «Прасвішчуць яны Свістопаль».

– Нічога дзіўнага. Саракагадовае дрэннае становішча ў арміі. Амаль трыццацігадовае замоўчванне агульнай прадажнасці, слабасці, жорсткасці да простых, рабства.

– Усё было добра, – падтакнуў Вежа. – Так ужо добра, што, выявілася, пораху не было. Умелі хадзіць на парадах і не ўмелі па гразі. Заганарыліся. Усю гісторыю думалі напалеонаўскім капіталам жыць…

XXVII

І зноў восень. Зноў гімназія. Зноў зіма з заснежанымі вербамі над Віліяй, з пахам бярозавых паленняў. Толькі цяпер Алесь жыў з Кірдуном і Логвінам. Было б зусім дрэнна, каб не «Братэрства чартапалоху і шыпшыны» ды не рэдкія, вельмі рэдкія, лісты ад Кастуся і яшчэ радзейшыя, стрыманыя і сухаватыя, цыдулкі ад Майкі. Улетку амаль не бачыліся: Раўбіч павёз дачку на кіслыя воды. А разлука і не ў такіх гадах рэдка вядзе да лепшага. Забываеш голас, жэсты, рысы і, урэшце, нават тое, што лепш за ўсё кажа аб сяброўстве: непадробленае адчуванне ўсяго чалавека побач з сабою. У яе, вядома, новыя знаёмыя, новыя людзі вакол, новыя думкі.

Гэта было балюча.

А потым зноў прыйшла вясна. Асеў наздраваты снег. Дзівосна сінела над горадам чысценькае, з рэдкімі імклівымі аблокамі неба. Аблокі імчаліся з-за гары, з-за кароткай, нібы назнарок абсечанай зверху, Гедымінавай вежы: два паверхі, на якіх прымасціўся і недарэчна, як жук-плывунец, махаў у паветры лапкамі аптычны тэлеграф. Перадаваў дрэнныя весткі. Увесь сакавік і ўвесь май цягнулася ўраганная бамбардзіроўка Севастопаля, не хапала зброі, гарнізон абяссілеў і трымаўся ледзь толькі не на цвёрдых людскіх душах – без дапамогі, без умацаванняў, без правіянту, без абозаў.

І яшчэ аб тым, што загінулі Істомін і Нахімаў, што ўлада над людзьмі ў руках тых, якія няздольны кіраваць нават сабой.

Усё часцей ля вітрын, дзе вывешвалі лісты-паведамленні з тэатра вайны, можна было пачуць хмурнае:

– Начальнічкі, трасца ім…

Галоўнага, на галаву якога трэба было клікаць трасцу, ужо не было. Бомбы падалі на дамы Севастопаля, магілы тысяч простых шчасцяў. Бомбы – увесь сакавік і май! – ірвалі паверхню бухты, магілу флоту. Але нават водгуле іх не даляцела да сабора ў далёкім паўночным горадзе, дзе ляжаў у магіле труп чалавека з грэнадзёрскім ростам і розумам абозніка.

…Настаўнік Гедымін пасля жалобнага набажэнства сабраў гімназістаў у вялікай халоднай зале і доўгі час маўчаў, гладзячы свае бакенбарды. З разрэзу фалдаў форменнага сурдута тырчаў насавічок, які ён палічыў за лепшае выцягнуць загадзя, яшчэ перад пачаткам прамовы.

– Плакаць будзе зараз… Свідрыгайла, – як заўсёды, занадта голасна сказаў няўважлівы Грыма.

Бліжэйшыя шэрагі грымнулі смехам. І гэта было добра, бо заглушала сэнс Грымавых слоў. Гедыміна клікалі Свідрыгайлам за з'едлівасць і дробную зваднасць. Ці не зашмат гонару яму было ў ягоным сапраўдным прозвішчы. Сёй-той казаў, што і Свідрыгайлы яму замнога: крамольны князь меў хаця ўласную думку і не баяўся змагацца за яе, а гэты быў вернападданы з вернападданых і вечна ганарыўся тым, што ён «ісцінна рускі і ўсіх гэтых палячкоў, хахлоў-задрыпанцаў, жабнікаў, кілбаснікаў, жыдоў і іншых іншародцаў цярпець не можа».

– Зноў Грыма?! – пагрозліва спытаў Гедымін.

І тады, разумеючы, што ў такі момант гнеў гэтай падлы можа каштаваць Усяславу тройкі за паводзіны, Пятрок Ясюкевіч узвысіў свой мілагучны, бы музычная скрынка зайграла, голас:

– Прабачце, пане настаўнік. Гэта я.

– Што такое? – бледна-блакітныя вочы Гедыміна дапытліва глядзелі ў нявінныя, шчырыя вочы Петрака.

Вочы ў Ясюкевіча не ўмелі хлусіць. Як бы ён ні сваволіў, яны былі простыя і сумленныя, гэтыя вочы. Такому хлопчыку магла б паверыць і пусціць яго ў дом нават самая багатая з касцельных дэвотак.

– Ну? – трохі больш мякка сказаў Гедымін.

– Я выпадкова наступіў яму на мазоль, – сказаў Ясюкевіч.

– Што ён сказаў?

– Плакаць будзеш зараз… Нядбайла, – аддана і проста сказаў Пятрок.

– Д-добра, – памякчэў Гедымін. – Маеце шчасце, Грыма.

Падумаў.

– А за тое, што ўжываеце мужыцкую гаворку – будзеце мець клопат, Ясюкевіч. Пяцьсот разоў перапішаце гэта па-французску, руску і нямецку.

– Па сто шэсцьдзесят шэсць і дзве трэці раза на кожнай мове, – прыкінуўшы, шэптам сказаў Мацей Біскуповіч. – Як з двума трэцямі быць, га?

– Дзякуй, Пятрок, – на гэты раз шэптам сказаў Грыма. – Танна вылез.

Сашка Волгін, Алесеў цёзка, падміргнуў Грыму:

– Нішто. Выручым.

Сашка вызначаўся з усіх фенаменальнай здольнасцю падрабляць руку кожнага чалавека так, што той і сам не адрозніў бы.

– Гімназісты славутай нашай гімназіі, – ціхім і прачулым голасам, які аж дрыжаў ад хвалявання, пачаў Гедымін. – Вялікае гора напаткала нашу краіну. У бозе пачыў наш імператар, наш палкаводзец, гаспадар рускай зямлі, Мікалай Паўлавіч, чалавек вялікай духоўнай моцы, дабрадзей усяго нашага народа, зіждзіцель светлага храма нашай будучыні і, пакуль што, самая светлая асоба нашай гісторыі пасля Пятра Вялікага.

– «Пакуль што», – буркнуў Грыма.

– Ліс, – з нянавісцю гледзячы на Гедыміна светлымі вачыма, сказаў Сашка. – Пры кожным выпадку такое кажы – не памылішся.

Голас у Гедыміна сарваўся:

– Рускі народ у журбе і тузе.

– Сашка, – шапянуў Алесь, – ты ў журбе ці, можа, у тузе, га?!

– У вялікай, – усхліпнуў Сашка. – Проста рыдаю. Харошы быў чалавек. Хрысціянін. Даўгі за Пушкіна паабяцаў заплаціць, калі той на ложы смерці выспавядаецца і святыя дары прыме… Заплаціў…

Гедымін глядзеў некуды ўгору вычыма, у якіх аж трапяталі сардэчнае замілаванне і скруха.

– Ён тужыць бязмерна… наш… рускі… народ…

– А каб ты спрах! – ціха сказаў Сашка.

Грыма штурхнуў яго пад рабрыну:

– Цс-с, пасадзяць у карцэр – хто тады паможа?

Алесь ціха смяяўся. Ён ведаў, што гэта Волгін быў завадатарам гісторыі з Гедымінавай радаслоўнай. Сабралося некалькі хлопцаў і склалі жартоўнае «дрэва годнасці» настаўніка, дзе сама менш сем продкаў былі ўсе хто хочаш, толькі не рускія, а бацька – паляк. Потым Сашка напісаў ліст почыркам Гедыміна. А ў лісце было пакаянне ў тым, што вось да гэтага часу ён, Гедымін, толькі вонкава трымаўся праваслаўнага абраду, а сам лічыў яго за ерась і схізму і не хоча больш губіць сваю неўміручую душу. Тым больш што ягоны, Гедымінаў, бацька быў паляк і ўсё жыццё змагаўся з няправеднай справай мітрапаліта літоўскага Ёсіпа Сямашкі, які злашкодна і падступна вынішчаў унію. І што ён, Гедымін, у гэтым дастойны сын свайго бацькі і просіць лічыць яго надалей католікам, тым больш што ў яго, Гедымінавым, дваранскім гербе ёсць крыж. А, усім вядома, калі ў гербе ёсць крыж – гэта азначае, што продак быў выхрыстам.

Ліст з радаслоўнай накіравалі віленскаму папячыцелю і сталі чакаць, што з гэтага будзе.

Папячыцель паверыў. Яму здалося, што Гедымін з'ехаў з глузду. Ён выклікаў «рымскага каталіка і нашчадка выхрыстаў» да сябе, і там, за шчыльна зачыненымі дзвярыма, адбылася бурная размова з высвятленнем адносін і тлумачэннямі, спачатку толькі Гедымінавымі, а потым узаемнымі. Гедыміна ледзь не хапіў удар.

Завадатараў свавольства шукалі, але не знайшлі.

…Настаўнік тым часам дабраўся да апошніх хвілін «хрысціяніна». Голас дрыжаў, рукі, ускінутыя на ўзровень твару, далонямі да яго, калаціліся, нібы вось-вось маглі ўпасці на вочы, каб ніхто не ўбачыў слёз, ды толькі жахлівае намаганне волі трымала іх.

– Ён кіраваў, як сапраўдны ўладар, ён жыў, як чалавек, ён любіў супругу, як хрысціянін… А адыходзіў да продкаў, – Гедымін зрабіў разгублены жэст рукамі, – як нібыта сумясціўшы ў сваім апошнім слове ўсе свае якасці. Я не пабаюся нават сказаць іпастасі. Слухайце гэтыя словы… На ложы смерці ён сказаў сыну і спадкаемцу свайму… «Служы Расіі, сын мой! Я хацеў узяць на свае плечы ўсе цяжкасці, каб пакінуць табе вялікую дзяржаву, спакойную, упарадкаваную, шчаслівую. Але вышэйшая воля меркавала іначай».

Гедымін паклаў руку на горла.

– Ён ляжаў на сваім простым ложы, накрыты салдацкім плашчом… Вы ведаеце, ён заўсёды спаў, як просты воін. Ён усё жыццё не накрываўся нічым іншым. І гэты плашч увойдзе ў гісторыю нароўні – не, вышэй! – з трывуголкай Напалеона, з ягоным шэрым паходным сурдутам, з простым кіем вялікага Пятра, з сядлом пад галавою Святаслава… Плашч… простага… салдата!

Рыданне раздзерла горла настаўніка.

– І ён сказаў сыну свае апошнія словы… «Вучыся паміраць…» – Гедымін зрабіў доўгую паўзу. – Вы чуеце гэтыя словы?! Гісторыя запіша іх на свае скрыжалі!.. «Ву-чы-ся па-мі-раць!», «Вучыцеся паміраць» – вось які апошні запавет ён пакінуў нам, панове.

Слёзы тачыліся праз карцінна прыціснутыя да аблічча рукі настаўніка…

Тры месяцы прайшло з таго часу. Далёка ад паўночнай магілы «чалавека і хрысціяніна», не даходзячы да яе нават водгуллем, густа-густа падалі бомбы на бухту, магілу флоту, і горад, магілу велічы.

І яшчэ на шматлікія магілы людзей.

Бо нехта вучыў паміраць, а не жыць.

Аддалі Малахаў курган. Пайшлі з Севастопаля.

Расплаціліся за ўсе дзесяцігоддзі, у якія распіналі ўсё як ёсць маладое, смелае, годнае.

А, між тым, апошніх слоў імператара, за якія так распіналіся тысячы гедымінаў, зусім не было. Іх прыдумалі потым, каб людзі вучыліся гінуць, не наракаючы.

XXVIII

У жніўні тысяча восемсот пяцьдзесят пятага года да Алеся, які ў гэты час жыў у Вежы, прыскакаў з Загоршчыны Логвін, прывёз ліст у грубым пакеце з шэрай паперы. Каліноўскі пісаў:

«Дружа, я скончыў сваю мачыху-прагімназію. Еду паступаць у альма матэр. У Маскву. Хацелася б убачыцца з табою, ды толькі ведаю: немагчыма. Трохі-трохі падзарабіў, атрымаў у начальніка губерні пашпарт і падарожную за нумарам пяцьдзесят шостым. А ў ёй – усё. Двухгаловая курыца, рубель срэбрам гербавых зносаў, прыкметы (аблічча – авальнае, цяжкае, год – семнаццаць, рост – сярэдні, валасы – цёмна-русыя, бровы – чорныя, вочы – сінія, нос і рот – памяркоўныя, трохі велікаватыя, падбародак – звычайны, – распісалі, хоць ты на Ветку, да раскольнікаў, уцячы, і то знойдуць). Такая лухта! Пачынаецца падарожная, як выявілася, словамі: “Па ўказу яго Вялікасці гасудара імператара Аляксандра Мікалаевіча…” Аж во як! Нібыта кожнага з падарожных ляпае па плячы: “Едзь, братка, шчаслівай табе падарожы”.

Вось я і еду. У Мінску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Свіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць.

Падарожжа, пакуль тое, падабаецца. Едзеш сабе, ні аб чым не думаеш, званок не звініць, наперадзе – воля, бачыш людзей і іншыя мясціны.

Дзесятага траплю, калі верыць падарожнай, у Воршу. Буду там гадзіны чатыры і зусім блізка ад цябе, нейкіх сотню з лішнім – дакладна не лічыў – вёрст. Але гэта таксама далёка, так што не ўбачымся і на гэты раз. І дорага. Мне прагонных за два кані з правадніком выпала нешта каля сямі рублёў, табе будзе – у два канцы – рублі два з паловаю. Чаго ўжо тут. Дык ты ў гэты час проста падумай, што я блізка, і я абавязкова адчую.

А калі скончыш на будучы год гімназію – што мяркуеш рабіць? Сядзець мядзведзем у сваім берлагу ці ехаць вучыцца далей? Калі другое – едзь туды, дзе я. Пагаворым аб усім-усім. Ёсць шмат цікавых навін».

Алесь пайшоў да старога Вежы. Той сядзеў на сваёй улюбёнай тэрасе.

Унук спыніўся, не хочучы яго турбаваць.

– Я чуў цябе яшчэ за пяць пакояў, – не ўздымаючы павек, сказаў дзед. – Што ў цябе там?

Алесь падаў яму ліст.

Стары пан расплюшчыў вочы.

– Твой Кастусь, – сказаў ён. – Ты даеш мне, каб я прачытаў?

– Так.

Пан Даніла далёка адставіў руку з лістом і стаў чытаць.

– У яго добры, роўны почырк, – сказаў ён. – Ён часам не з «памяркоўных і акуратных»?

Вочы ягоныя, відаць, убачылі словы «двухгаловая курыца», і ён усміхнуўся.

– Прабач, сам бачу, што гэта не зусім тое. Ну, а што, калі недзе ў Бабруйску сядзіць поштмайстра Шпекін?

Чырвоны Алесь паціснуў плячыма.

– Пячаць, – сказаў ён.

– Пячаць, – перадражніў дзед. – Пячаць можна зняць гарачай брытвай, а потым пасадзіць на месца.

Дачытаў да канца.

– З небагатых, – сказаў ён.

– Я казаў вам гэта, дзядуля.

– Вы і надалей намераны карыстацца паслугамі дзяржаўнай пошты для перадачы адзін аднаму свежых параўнанняў і шчырых выказванняў пачуццяў, падобных на гэтыя?

– Мы іначай не можам гаварыць. Мы далёка адзін ад аднаго.

– Нашто ты паказаў мне гэта?

– Я хацеў яшчэ раз паказаць вам, які… які ён.

– Калі ты хацеў паказаць мне, які ён разумны, то ты не мог бы дасягнуць сваёй мэты лепшым чынам. Я ў захапленні ад яго разумовага ўзроўню і… гм… асцярожнасці.

Ён працягнуў руку па цыгарку.

– Я на сёмым небе ад яго высакароднага захаплення радзімай. Mais il faut aussi quelque inteligence[72]72
  Але трэба таксама мець хаця трошкі розуму (франц.)


[Закрыть]
.

Дзед, ані слова больш не кажучы, пускаў пахучы дым і пісаў цыгаркаю ў паветры нейкія дымныя іерогліфы, якія расплываліся раней, чым хто-небудзь мог бы іх прачытаць. Ён рабіў гэта доўга, вельмі доўга.

Дзедавы думкі прачытаць было цяжэй, чым гэтыя шэрыя жывыя знакі ў паветры. Кандраці з'явіўся ў дзвярах нечакана.

– Што, – спытаў Вежа, – нікога больш не было?

– Я быў бліжэй за ўсіх, – сказаў Кандраці.

Алесь уцяміў, што ўвесь гэты час Вежа трымаў нагу на званку пад сталом.

– Слухай, малочны брат, – сказаў Вежа. – Я ведаю, ты сам адчуў, што нешта здарылася ў доме. Магчыма, хацеў даведацца, што прывёз Логвін.

– Вельмі трэба, – буркнуў Кандраці.

– Але ты ўсё ж не хлопчык, каб ісці на кожны званок. Ты – брат і наглядчык лясоў. Твая жонка – другая гаспадыня ў доме пасля Еўфрасінні.

– Ды ўжо, – сказаў Кандраці. – Ніхто не забароніць маёй жонцы памыць падлогу, калі яна захоча. Паня якая!

Дзед асекся.

– Што трэба пану брату Данілу?

– Тройку для панiча, – сказаў дзед. – Зараз.

Кандраці пайшоў. Некаторы час панавала маўчанне.

– Дзеду, – ціха сказаў Алесь. – Я вам гэтага ніколі не забуду.

– Не варта падзякі, – сказаў дзед. – Я эгатыст, ты ведаеш. Я хачу, каб у дзяржаўнай пошты было хаця на два пісьмовыя доказы менш. Мне не хацелася б, каб цябе з тваім Кастусём за лухту заслалі некуды на Орскую лінію.

– Я разумею…

Вежа ўздыхнуў.

– Сёння якое?

– Дзевятае.

– Адны суткі. Калі паспяшаешся, можаш сустрэць.

– Тады лепей вярхом.

Дзед памаўчаў.

– Так што хапай яго на «яме» і цягні сюды. Перадай: не прыедзе – табе будзе балюча, а я за цябе пакрыўджуся. Цікава паглядзець, што то за птушка, з якой дзяліцца даводзіцца.

…З цугляў каня падала ўжо мыла, калі Алесь, мінуўшы алею, што вяла да белых муроў і сляпучых макавак куцеянскага манастыра, вырваўся, урэшце, на край высокага плато і ўбачыў стромы спуск дарогі, сінюю істужку нешырокага тут Дняпра, а за ёй гарадок, што ўтульна прымасціўся між Дняпром і невялікай рачулкай.

Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.

Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.

Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне – і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.

Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, то тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месцы двум коннікам.

Гэта былі руіны «моста на крыві», на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума.

А паколькі на доўгія дыспуты ні ў кога не хапала ні часу, ні розуму, то пераконвалі адзін аднаго ў справядлівасці «свайго» Хрыста спосабам, у якім было мала талеранцыі і яшчэ менш гуманізму. Не апошнімі довадамі ў гэтай спрэчцы было завушэнне, розных ступеняў моцы ўдары бібліяй ці каўчэжцам па галаве, выспяткі.

Да ліку неабвержных доказаў, якія даводзілі няслушнасць апанента і з якімі ўжо не было як змагацца, належалі ўдар бязменам по галаве і скіданне з вышыні ў ваду. І так цягнулася дзвесце год, невядома на чыю карысць.

Узняўшыся на другі бераг, Алесь зноў пагнаў каня. Прамільгнулі з левага боку замчышча, мікалаеўская царква і два касцёлы. Наводдаль лёгка ўзносіліся ў неба дзве званіцы Пакрова-Гумённай царквы.

Замкавай вуліцай вырваўся на Пецярбургскую, высякаючы падковамі іскры з каменных пліт.

Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая – хоць ты пальцам на ёй пішы – паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі кофры і сакваяжы.

Ён асадзіў каня і скочыў з яго, кінуўшы павады.

Нейкія не тыя людзі. Стары чыноўнік з клуначкам… Жанчына ў чапцы, відаць, ягоная жонка… Семінарыст… Два шляхцюкі з сярэдніх.

– Скажыце, дыліжанс па смаленскай лініі рушыў ужо?

У той самы момант, як спытаў гэта ў семінарыста, з радасцю ўбачыў, што не спазніўся.

Кастусь сядзей ля сцяны, на лавачцы. Сядзеў, палажыўшы падбароддзе на сугiб рукi, i глядзеў сваiмi сiнiмi вачымi, як запрагаюць коней. Глядзеў пахмура i з вiдочнай нудотай.

Гэта быў той і не той Кастусь. Валасы па-ранейшаму падалі назад, паказваючы высокі і чысты лоб, але былі даўжэйшыя. Ледзь прыкметна прабіваліся вусы, і хлопцаў рот здаваўся, ад асмужанага ценю над ім, яшчэ больш уладным.

Апрануты ён быў у сурдуцік, у бэжавыя нанкавыя панталоны і запыленыя паўбоцікі. На гожай мускулістай шыі сцягваў каўнер белай кашулі шырокі чырвоны гальштук.

Каліноўскі ўзняў галаву і доўгім непаразумелым позіркам, нібы не пазнаючы, абвёў цёмнага ад загару юнака.

– Алеська…

– Кастусь!..

– Панове, – сказаў гарэлачным голасам станцыйны наглядчык. – Проша сядаць.

– Я… еду зараз, – яшчэ цішэй сказаў Кастусь. – Во і дыліжанс.

– Пайшлі яны са сваім дыліжансам! – выгукнуў Загорскі.

Кастусь збянтэжана муляўся. І тады Алесь працягнуў яму рукі.

– Кастусь!.. Во дык Кастусь.

– Алеська! Братка! Алеська!

Яны кінуліся адзін да аднаго ў абдымкі.

Коннікі няспешным трухам выехалі з дрымотный засені векавой пушчы і ўбачылі пад страшным стромым урвішчам Дняпро. Ён спакойна і рэдка зіхацеў дробнымі хвалямі, як сіняе срэбра.

Яны ехалі адны, далёка наперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту.

…Ноч спалі ў котчым вязку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок.

Кастусь ехаў на снежным Ургу, той быў спакайнейшы. Алесь – на Тромбе, які нікога не хацеў ведаць, акрамя гаспадара.

– Дзівоснай якой прыгажосці коні, – сказаў Каліноўскі.

Алесь усміхнуўся.

– Ведаеш, я аднойчы, яшчэ дзіцем, сасніў дзівосны сон. Разумееш, была ноч і туман. І коні. Белыя, дзівоснай прыгажосці. Я ляжаў ля згаслага вогнішча, а коні схілялі галовы і дыхалі цёпла. А паміж коней стаяла мокрае жарабятка. Снежнае ўсё, а хвост смешны, тоўсты… І туман збягае, а ўсюдых белыя коні.

– Ты, Алесь, часам вершаў не пішаш?

– Спрабую, – чырванеючы, адказаў Алесь.

І тут пачуў нешта такое, чаго ніяк не чакаў ад Кастуся.

– І я часам… таксама, – натуральна і проста сказаў сябар.

– І… добрыя вершы?

– Дзе там, – уздыхнуў Кастусь. – Каб пісаць добрыя, трэба ўвась час працаваць. А я… Мне здаецца, не ў гэтым цяпер наш лёс.

Алесь здзівіўся, так пазмрачнеў раптам твар сябра. Нешта пакутлівае з'явілася ў яго вачах. Ён быў зусім непадобны на Яраша Раўбіча, ягоны сябра, але агульны выраз вачэй, вуснаў, ссунутых броваў зрабіў іх на хвіліну вельмі падобнымі.

– Цябе нешта прыгнятае? – спытаў Загорскі.

– Потым, Алесь.

– Бачу, – сказаў Алесь. – Ты не хочаш, але…

– Я не хачу, але гэта вышэй за мяне.

– І таму ты не хочаш пісаць вершы? Але ж лёс паэта – самы шчаслівы лёс.

– Хто гаспадар у сваім лёсе? Хто ведае, колькі яму дадзена жыцця і калі прыйдзе смерць?

Коні ішлі ледзь не над самай стромай. Салодкі, магутны вецер ляцеў з-за Дняпра, нёс з сабою пах стагоў, водар звялай лістоты, якой іх прыкрылі зверху, пах сырасці і балотных кветак са старыкоў.

– За такую зямлю ўсё аддаць можна, – ціха сказаў Кастусь. – Усё. – І вярнуўся да ранейшай думкі: – А наконт таго, што твой дзед так накінуўся на цябе за мой ліст, то тут я зрабіў, як апошні ёлуп. Ён, відаць, усё разумее.

– Што ўсё?

– А тое. Тое, што раней душылі і хвасталі, а цяпер… цяпер патроху ціснуць. Забяры ў чалавека ў адзін дзень сваякоў, хлеб, волю, мову. Ён жа ўзбунтуецца. Ён зброю возьме. А тут ціснуць патроху, па каліву, па слоўцу, па чалавеку, па песні – непрыкметна адбіраюць.

– Так, – Алесь матлянуў галавою. – І ўсё ж, пакуль тое, цягне цяплейшым ветрам. Вясною… Пасевастопальскай вясною, калі ўжо так называць.

– Пачакай, дасца яна нам яшчэ ў знакі, тая вясна… Яны заўсёды так спачатку. Адпусцяць нібыта, а потым грабуць ды скубуць… Но, не брыкайся! Адпусцілі ж!

Урга пакасіўся на ездака нервовым вокам.

– Новы цар, здаецца мне, дабрэйшы, – сказаў Алесь.

– Паглядзім, – сказаў Кастусь. – Паглядзім, які ён будзе, як прыпячэ.

Яны сядзелі ўтрох у бібліятэцы, за кавай. Дзед у сваім крэсле, юнакі, падкурчыўшы ногі, на канапе. Праз расчыненыя вокны лілося цёплае вячэрняе паветра і ззянне месяца. Дзве свечкі ў кутым жалезным падсвечніку асвятлялі – высока над сталом – сухое аблічча старога Вежы, яго ссутуленыя магутныя плечы, сплеценыя пальцы змаршчкаватых рук.

Дзед з прыхаванай цікаўнасцю раз-пораз паглядаў на Кастуся. Хлопец і падабаўся і не падабаўся старому. Ён-то і разумны, відаць, і шчыры, але адкуль у ім такая самаўпэўненасць, пачуццё гэткай сваёй racio?

А Кастусь разглядаў сівую грыву валасоў, хвалю белых карункаў на пукатых яшчэ грудзях і думаў.

«Таксама яшчэ… выкапень. Проста “сей остальной из стаи славной екатерининских орлов”. Нібы закансервавалі яго тут. І нa табе яшчэ, разглядае».

Пры сустрэчы дзед амаль нічога не сказаў яму, акрамя назначных слоў прывітання. Потым хлопцы абедалі. І вось сядзелі, мацалі адзін аднаго вачыма.

– Дык гэта ты, значыць, і ёсць Кастусь?

– Кастусь… Сымонаў сын… Каліноўскі.

– Дваранін? – спытаў дзед.

– Цяпер зноў дваранін, – сказаў Кастусь.

– Як гэта? Хіба можна быць сёння дваранінім, заўтра купцом, а паслязаўтра зноў у дваране пасунуць?

– Пры такім урадзе, як наш, усё можна, – зрабіў Кастусь першы выпад. – Сёння чалавек – смецце, заўтра – дваранін, паслязаўтра – зноў смецце.

Алесь усміхнуўся, заўважыўшы, як адно з крылатых броваў Вежы прыўзнялося ў непрыкметным для старонняга здзіўленні.

– Гм… Дык як жа гэта выйшла, мо ўжо ты раскажаш мне?

– Магу!

Вежа зручней прымасціўся ў крэсле і праз краёчак кубка кінуў на юнака дапытлівым хітрым вокам.

– У семнаццатым стагоддзі мой продак, Амброзій Самойлаў Каліноўскі, купіў маёнтак у Бельскай зямлі.

– І няблага зрабіў, – сказаў Вежа.

– Мы там не прабылі і сотні год. Роўна праз дзевяноста, у тысяча семсот шэсцьдзесят дзевятым, прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.

– Як жа клікалі яго высакароднасць?

– Мацеем… А далей пачалі жыць так. Што праўда – у шляхецтве нам не адмаўлялі. Пацвердзілі яго трыццаць тры гады назад на беластоцкай губернскай зборні. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан. Бацька пабіваўся, як той лін аб лёд. Праз чатыры гады пасля паўстання ён (а яму ішоў ужо сорак адзін год і пазнавата было пачынаць «справу», але з голаду здыхаць – таксама рана) пазычыў у фабрыканта з Астраленкі, Ігнацыя Бонды, грошай, ды сам далажыў, ды і адкрыў у Мастаўлянах сваю «справу». Пан Радавіцкі дазволіў. Шкадаваў беззямельных. Ды і гонар: «споспешествовал промыслам в крае». Спачатку было на фабрычцы чатыры варштаты. У год майго нараджэння, у трыццаць восьмым, ужо дзевяць, з семнаццаццю рабочымі. А ў саракавым годзе, калі Бонда паступіўся сваёй доляй, стала ўжо дванаццаць ваштатаў і дваццаць рабочых.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю