412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц » Текст книги (страница 20)
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 24 страниц)

Вежа слухаў гэтую сумную гісторыю пакутнай бітвы за дабрабыт, кавалак хлеба і незалежнасць без усмешкі. Вочы яго былі ласкавыя і сумныя.

– Пяўся, як вол у баразне, – казаў далей Кастусь. – Дзіва што! Такая сям'я. Трэба было ўсё павялічваць колькасць варштатаў. Узбіваўся ўжо на пятнаццаты, а тут ледзь не крах. Палатніна пачала выходзіць з моды.

– Вядома, – зноў вяртаючыся да ўлюбёнай іроніі, сказаў Вежа. – Куда ўжо нашым дарабковічам на палатняных абрусах есці, пад палатнянай прасціной спаць, палатнянай сурвэткай выціраць вусны… А што, палатніну выраблялі простую?

– І простую, і чынаватую, і клятчастую. Але ўсё ледзь не пайшло макам. Выручыла лібаўская філія данцыгскай фірмы «Ленке і Берг». У іх на палатніну заўсёды попыт, а ў нашым пасведчанні сказана, што нашы сурвэткі і абрусы не горшыя, а чынаватае палатно лепшае за замежнае.

– Спадобіўся пан Сымон, – сказаў Вежа.

– Спадобіўся, ды не дужа, – сказаў Кастусь. – Бо якраз памерла маці.

– Ты яе памятаеш? – спытаў Алесь.

– Дрэнна, – адказаў Каліноўскі. – Амаль не памятаю. Ведаю толькі: прыгожая была. Часам сустрэнеш жанчыну з добрым гожым абліччам – і шукаеш у яе рысах матчыны. Мо такая была. А мо і не такая. Не помню. Ведаю толькі: маладая была надзвычай прыгожая.

– Якога роду? – спытаў Вежа.

– Вераніка з Рыбінскіх.

– Н-не ведаю, – на гэты раз ужо ўсур'ёз сказаў стары.

– Я дрэнна яе памятаю. Толькi рукi. I яшчэ вочы. Ды песню, якую спявала. Захварэла задоўга да смерцi. Расказвалi, якраз калi хрысцiлi мяне. Прывезлi ў Ялаўскi касцёл. Быў познi вечар. Пакуль на бабiнцы рыхтавалiся, купель ставiлi, пакуль тое – матуля з кумою ды мной пайшлi па цвiнтары прайсцiся. Цвiнтар там вялiкi. Падышлi да магiлы Леакадзii Купчэўскай, швагеркi ялаўскага пана (яна маладая памерла, i ўсе казалi, што матуля чымсьцi на яе падобная была, толькi прыгажэйшая, i таму мацi заўсёды там спынялася). Стаяць. А з-за помнiка, з-за барэльефа панi Лiёшкi – раптам морда. Ды страхалюдная, зарослая.

Пакуль зразумелі, што гэта мясцовы юрод, Якубка Кот, – ногі ў абедзвюх самлелі. А той ідзе за імі да касцёла, вытанцоўвае ды кажа нешта накшталт: «Кумы дзіця хрысцілі, горла крапілі, у кажушаны рукаў паклалі, па дарозе згубілі… Ляжыць дзіця на марозе, свечачкі вакол. Пальчыкам варухне – перуны смаляць, кулачок сцісне – грамніцы б'юць. У “чорнага”! У “чорнага”!» Маці крок паскарае, а той плача: «Падбярыце дзіця, добрыя людзі. Ці доўга яму, халоднаму, пальчыкам варушыць? А людцы міма ідуць, а грамнічкі слабнуць. Вох-вох!!!» Юрода, вядома, пагналі. Ледзь пачалі хрысціць – грымоты за цвінтаром. А гэта сусед, Цыпрук Лазарэвіч, сабраў хлопцаў і кажа: «Пагрымім на шчасце кугакалу». Ну, і стралялі ў неба. А ўсім спачатку здалося – грымоты. Пасля юродавых слоў жанчыны аж абамлелі: грымоты ўзімку. Хросная казала: з гэтага дня ў маці і пачалося. Пачала марнець, чэзнуць. Работы шмат. Дзяцей адных дванаццаць чалавек. А яшчэ маладая. Мяне чамусьці вельмі шкадавала.

«Чым жа вы багатыя, панове? – успомніў дзед. – Дзецьмі, ды смехам, ды дняпровай вадой».

А Кастусь расказваў далей:

– Памерла. Бацьку трэба было думаць, як з дзецьмi. Без мацi не кiнеш. А ў таго Цыпрука Лазарэвiча, што на маiх хрэсьбiнах у неба страляў, – сваячка. Трохi з тых гадоў выйшла, калi сваты ля варот ацiраюцца, i прыгажосцi не першай, але добрая баба. Так i з'явiлася ў мяне мачыха Iзабела, ды яшчэ сем братоў i сёстраў. Дзевятнаццаць было б усiх, але двое памерла.

Кастусь памаўчаў.

– У мачыхі знайшліся сякія-такія грошы, бацька наскроб, i купілі мы фальварак, а пры ім дзве сотні трыццаць дзесяцін зямлі. Па трынаццаць дзесяцін на чалавека. Фабрыку перавезлі, жыць стала як адной купай – дык i не дрэнна. Ну i што? Падзеліш – зноў бязглуздзіцца. Горш за іншых сялян. Бацька старэйшых сыноў – вучыцца, на свой хлеб. I, карыстаючыся, што зямля ёсць, – парогі абіваць. «Куку ў руку» даваць. І вось у гэтым годзе, урэшце, уганорылі, далі сенацкую пастанову: лічыць уладара фальварка Якушоўка, Сымона Стафанава Каліноўскага, год шасцідзесяці аднаго, веравызнання рымска-каталіцкага, як i нашчадкаў ягоных, дваранінам. Дваццаць чатыры гады спатрэбілася на прысуд. Пачаў дабівацца малады, у трыццаць пяць год, маці была маладая, здаровая, а дабіўся – руінай. Ненавіджу я ўсё гэта.

На сківіцах у Кастуся хадзілі ўпартыя жаўлакі. Гарэлі на шчоках дзве чырвоныя плямы.

– Нішто, брат, – сказаў Вежа. – Вывучышся вось, галава ў цябе добрая, дойдзеш да вялікіх начальнікаў – толькі перайка з «меншых» ды з «малодшых» братоў паляціць.

– А што, – усміхнуўся Кастусь. – I тарыф над галавою павешу, як зэльвенскі пісар: за подпіс тры рублі ды пірог з вязігай, за пацвярджэнне дваранскай годнасці – тысячу рублёў ды жонцы сем аршынаў аксаміту. А я сам – у сенаце шышка дужа вялікая. Заходзіць гасудар імператар выпадкова: «Гнаць, – кажа, – яго за такую таксу».

– Правільна, – буркнуў Вежа. – «Бо ён нам усім цану збівае, – скажа імператар. – Мне унь за канцэсію на пабудову чыгункі колькі плацяць, ды і то мала. А тут… пірог з вязігай. У дурня і песня дурная»[73]73
  Прадажнасць вышэйшых колаў дасягнула небывалых памераў. Нягледзячы на частыя працэсы, кралі ўсе, і вінаватых не было. Канцэсія на пабудову чыгуначнай лініі каштавала таго, што каштуе, плюс мільён-паўтара рублёў хабару. Калі пасля забойства Аляксандра ІІ ацэньвалі ягоную маёмасць, дык толькі «добранабытая» ім самім сума дасягала амаль шасцідзесяці мільёнаў.


[Закрыть]
.

Лiлося праз вокны ў пакой святло месяца i змешвалася з ружовым святлом свечак.

– Ты што, Кастусь, – спытаў Вежа, – ты, значыцца, паляк?

– Не, я тутэйшы, – асцярожна сказаў Калiноўскi.

– Ён беларус, дзеду, – сказаў Алесь.

– А гэта што такое? – непаразумела спытаў дзед.

I тoлькi тут упершыню заўважыў, як малады чалавек напружыўся, нiбы яго ўдарылi, зiрнуў на Вежу змрочнымi вачыма.

– Ён жа вам казаў, пан Вежа, – сказаў Каліноўскі.

– Я казаў табе, – сказаў Алесь.

– А, – нібыта ўспомніў Вежа, – прыпамінаю. I вы верыце ў гэтыя жарты?

Тут успыхнуў i Алесь. I Вежа зразумеў, што зайшоў далекавата. Але бес усё яшчэ сядзеў у iм.

– Як жа не паляк, – сказаў ён. – Хрысцілі цябе ў касцёле. Веравызнання ты – рымскага.

– Ну i што, – цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў Кастусь. – Прашу прабачэння, заўтра я ахрышчу вас у касцёле – i вы не станеце з гэтай прычыны палякам. А я перайду ў магаметанства i не стану туркам. Будзе беларус магаметанскага веравызнання і беларус веравызнання каталіцкага.

– Нядрэнна для пачатку, – сказаў дзед.

– I для канца нядрэнна. Тым больш што ваш малодшы ўнук – каталік. Па вашаму загаду.

Вежа ажно вохнуў. Чарцяня біла проста пад дыхала.

– Але ж мясцовасць, адкуль ты родам, гэта Польшча?

– Магчыма, – сказаў Кастусь. – Але цяпер гэта Гродзенская губерня. А заўтра наш… гм… Аўгуст… далучыць да Гродзенскай губерні Варшаву.

– А жыхары, якія называюць сябе ліцвінамі, а свой край Літвою?

Размова i падабалася i не падабалася Вежы. Падабалася, бо чарцяня ведала, чаго хоча. Не падабася, бо гэтыя веды пагражалі і ўнуку i самому чарцяняці небяспекай.

– А ты ўмееш гаварыць па-літоўску? – з усмешкай спытаў ён. – Гэта ж, здаецца, не славянска мова?

– Я маю на ўвазе не Літву-жмудзь, – упарта, кусаючы вусны, сказаў юнак. – Я маю на ўвазе Літву-Беларусь… I потым, вы ж добра ведаеце, адкуль вырасла тая памылка.

– Я-то ведаю, а вось адкуль ведаеш ты?

– У мяне брат гісторык. I потым – я не глухі. Семнаццаць год я чую слова «Літва». А да мяне яго ўжывалі яшчэ трыста год.

I тут Вежа зрабіў апошнюю спробу павярнуць варацідла, на якім ткалля-парка ткала лёс гэтых юнакоў. Нанёс апошні i па-сапраўднаму страшны ўдар.

Вонкава гэта выглядала як мілы жарт. Дзед наліў сабе яшчэ кубак кавы.

– I ўсё ж ніякі ты, хлопча, не беларус. Ты – паляк. Праўдзівей кажучы, мазур.

Каліноўскі ўстрывожыўся.

– Бо твой Амброзі Самойлаў сын Каліноўскі быў з Візенскай зямлі… «Мечнік Візскай зямлі. Сын мечніка Візскай зямлі. Унук мечніка Візскай зямлі…» А Візская зямля – гэта Мазовія.

– То вы ўсё ведалі caмi, – разгублена сказаў Кастусь. – Нашто ж тады…

– Ты паляк, хлопча, – сказаў Вежа. – Я ведаю, табе цяжка развітацца з рашэннем, якое зрабіў ты сам. Але гэта вялікі народ, які значна больш ведае аб сабе, чым мы ўсе. Гэтым трэба ганарыцца, а іншых «тутэйшых» кінуць іхняму лёсу, калі ўжо яны нічога не хочуць… Галоўнае – быць чалавекам, сынок.

I раптам цішыню парушыў дзіўны прыглушаны гук.

Кастусь смяяўся. Смяяўся горка, трохі з'едліва i глуха:

– Так, Амброзі быў мечнік Візскай зямлі. Але там жывуць і жмудзіны, і немцы, і палякі, і беларусы. Вы ўзялі няпэўны довад, князь… Але няхай, няхай нават i так… Пасля яго мае продкі сто семдзесят год жылі на гэтай зямлі, елі яе хлеб, гаварылі яе гаворкай, умываліся яе вадою, спявалі яе песні… Ды i хіба не ўсё адно, калі я сам лічу сябе «ліцвінам», беларусам, тутэйшым – назавіце гэта, як хочаце. Xiба не ўсё адно калі дома ў мяне гавораць мужыцкай гаворкай, калі толькі адзін бацька – «для дзяцей» – ведае тое, што ў нас называюць «польскай» i якой не разумеюць палякі, бо гэта перакручаныя нашы словы.

Вочы ў Кастуся блішчалі.

– I хіба не ўсё адно, калі нябожчыца маці не ведала іншай мовы, i браты мае, i я сам не ведаў да прагімназіі іншай… Вы чулі, якая тая адзіная песня, што я помню ад маці?

 
Плакаў бы я, плакаў,
Ды не маю слёз.
Белыя бярозы
Пабяліў мароз.
 

Вежа маўчаў.

– Беларус, – з глухой іроніяй сказаў Вежа. – Сябра трызненняў майго ўнука. Што ж… Бог з табою, сыне. Хай табе доля дае шчасце.

I дадаў:

– Псіхапаты… Неразумныя… Мамчыны сынкі, што пахнуць малаком… Што ж гэта з вамі будзе, ra?[74]74
  Блытаніна з паходжаннем Кастуся Каліноўскага, здаецца мне, ўяўная. Пачнем спачатку. У Мастаўлянах, дзе нарадзіўся Кастусь, не было іншай царквы, чым уніяцкая. Уніяцтва сярод карэннага польскага насельніцтва не было. Уніятамі ў гэтай мясцовасці маглі быць толькі беларусы. Каліноўскія хадзілі ў касцёл. Яны маглі быць або спрадвеку католікамі, або перавернутымі ў каталіцтва уніятамі. Гледзячы на тое, што нават Гейштар, які ўваходзіў разам з Кастусём (да разгрому белага ўрада) у «Камітэт кіраўніцтва», называе Кастуся «Litwin – separatysta», мы маем права верыць i таму і другому. Гейштар, праўда, кажа пра «старпольскае сэрца» нашага героя, але ці можна верыць ворагу Каліноўскага, шавіністу, прыхільніку белага жонда ў Варшаве.
  І, у процівагу яго словам, аб такіх, як ён, Каліноўскі кажа: «Такой дурной мазгаўні, як Варшава, нельга даручаць лёс Літвы».
  Дзіўна было б, каб Гейштар і іншыя «гісторыкі» яго напрамку казалі, што ён – беларус. Краіна ж героя была напаўмёртвая пасля разгрому і не магла бараніць імя сына. Кнігі беларускія канфіскоўвалі і палілі, друкаванне іх, нават ужыванне слова «Беларусь» было забаронена пад страхам кары… Між тым, паролем Кастуся і яго сяброў былі словы: «Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна».
  Але нават каб не было гэтага, заставаўся б яшчэ адзiн, непарушаны нiчым, факт: мова чалавека. На ёй напiсаны перадсмяротныя вершы Калiноўскага. «Мужыцкую праўду» Кастусь выдаваў таксама па-беларуску.


[Закрыть]

…У той год зноў спасцігла Прыдняпроўе страшная летняя повень. Як насланнё нейкае: вада стаяла на узроўні сярэдняй вясенняй паводкі. Дняпро заліў паплавы, яругі, вымачыны. Старарэчышчы ператварыліся ў пратокі, у дoўгiя азёры.

Вада ападала патроху, i відаць было, што Дняпро ўвойдзе ў трубу толькі на пачатку верасня. На ствалах дрэў, якія вызваліліся з-пад вады, быў тонкі пушок карэньчыкаў, так доўга стаяла повень. На ўзгорках карычневая скарынка высахлай твані ляжала як лямец, i ногі чалавека ламалі яе, пакідаючы дзіркі, у якіх была відаць чэзлая, жаўтавата-зялёная, бы у склепе, трава. Стала ясна: сенажаці па нізкіх месцах прапалі.

Кастусь з Алесем, трымаючы ў руках крыгу, ішлі поплавам. I крыга, разгорнутая падвойная рама, абцягнутая мярэжай, нагадвала вялізнага, большага за хлопцаў, празрыстага матыля.

Icці было цяжка. Ішлі па калена ў вадзе. Даводзілася грудзьмі пракладаць сабе дарогу ў траве. Малінавы скрыпень казытаў разгарачаны твар, павой чапляўся за ногі. Усё вакол чырванела, бялела, жаўцела.

Здавалася, зацвіло бязмежнае плыткае мора. Бо травы стаялі ў вадзе, засыпанай каляровым кветкавым пылком.

Спыніліся на краёчку яругі, доўгай неглыбокай катлавіны. Кветкі нібы спыняліся на яе берагах, адкрываючы люстэрка чыстай бліскучай вады.

Кастусь адным вокам глянуў у мяшок, пачэплены вяроўкай за шыю. У ім пераліваліся цьмяна-залатыя ліны, халодныя гусцёркі i блакітна-залёныя малыя шчупачкі.

– А нядрэнна мы ўхапілі, – сказаў Кастусь.

– Гэта яшчэ мала, – Алесь быў чырвоны i трохі спацелы. – Вада высокая шкодзіць. Звычайна па старыках разы за чатыры столькі натрасеш, а тут палову дня ходзім.

– Усё адно цікава. Нават лепей, што шмат ходзім.

– Нішто, – сказаў Алесь. – Зараз дойдзем да гарадзішча – адпачнем на сухім. А то тут i сесці няма куды.

– Як гэта няма куды? – спытаў Кастусь.

I сеў аж па самыя грудзі ў ваду. Сядзеў i смяяўся. Торба з рыбай усплыла i начала барболіцца больш рухава.

– Зручна, – сказаў Кастусь. – Нібы ў цёплай ванне сядзіш. Толькі каб гэта рак за якое месца не хапануў.

– Тут ix няма, – сказаў Алесь. – Яны пад карчамі ды пад берагам. I потым, мала стала ракаў. Гады тры назад пошасць нейкая на ix прайшла. Бepaгi аж кіпелі крумкачамі ды варонамі.

– Гэта яны, мусіць, з гора падохлі. Знайшоўся на ix нейкі свой Аляксашка, – выскаліў Кастусь белыя прыгожыя зубы.

– А што табе гэты Аляксашка?

– А чорт яго ведае. Абяцае зашмат. А ў самога калі што i добрае, дык гэта шавялюра i бакі, ды яшчэ вусы. Як пікі. Але гэта ўжо ад цырульніка хутчэй залежыць.

І дадаў:

– Падбароддзе ў яго бязвольнае. А бязвольныя людзі – ох, якія яны часта бываюць упартыя ды злосныя! На кожным сваім капрызе могуць суседу вязы скруціць. Нібы даводзіць, што i ў яго цвёрдасць ёсць.

Кастусь баўтануў нагамі ў вадзе.

– Справядлівасці, відаць, i тут не будзе. У нас, наогул, справядлівасць гэтую своеасабліва разумеюць. Чорнага iмя Сямашка-біскуп сам унію кінуў i сілком пачаў паству ў праваслаўе гнаць. Тут ужо ўсё, што хочаш, бывае: i страшнае, i смешнае. Смех у нас, вядома, таксама не дай бог! У пятлю хочацца ад такога смеху. То рэжуць людзям бароды, а з тых, хто не хоча, мыт за бараду бяруць. А тут прымусілі ўніяцкіх былых папоў бароды гадаваць ды вопратку мяняць. Усе забарадзелі, як казлы. І тут Сямашку данос: поп такой i такой вёскi барады назнарок не хоча адпускаць, а значыць, i надалей перабывае ў гнюснай epaci, такі ён i гэтакі. Марыць аб аўтакефаліі беларускай царквы, спіць i бачыць, каб гасудар ухайдокаўся… Папа туды, папа сюды, папа на допыт… «Што, быдла, зламысныя ідэі ў чорным сэрцы гадуеш?! Аўтакефаліі захацеў?! А ў манастыр на хлеб i ваду?!» I, галоўнае, ён, халера, ні ў чым не прызнаецца. Некалькі месяцаў цягалі. Ледзь сапраўды за краты не трапіў. Ужо i прадпісанне было. I толькі потым выявілася, што барада ў папа ад прыроды не расце.

Яны шырока разгарнулі крыгу i падставілі яе пад куст, заліты вадою. Алесь спінаю, каб вачэй не папсаваць, палез у хмыз i пачаў боўтаць у iм нагамі. Праз хвіліну Кастусь смыкнуў за вяровачку, i крылы самкнуліся. Загорскі падскочыў да сябра i памог яму ўзняць крыгу над вадой. У ёй ляжаў, відаць самлеўшы ад жаху, даволі вялікі шчупак, а побач з iм калаціліся тры цьмяна-залатыя ліны.

Ставячы раз-пораз крыгу, яны павольна пасоўваліся да гарадзішча.

– I чаму гэта, братка, так? Звычайная рыба доўга, мужна, я б сказаў, трымаецца, а шчупак, вялікі, моцны, драпежны, як выцягнеш яго з вады, так i самлее, – сказаў Кастусь.

– Я думаю, звычайная рыба, яна – працавік. Жыве сабе, б'ецца, «штодзённы» свой цяжка зарабляе. А гэты – хапун, аспід драпежны. Злы чалавек не бывае мужны. Так i тут. Пострах ракі, а на расплату, як ва ўcix такіх, кішка тонкая.

Кастусь вырваў з вады крыгу, i ў струменях плыўкага срэбра яны ўбачылі яшчэ аднаго нерухомага шчупака i зарагаталі…

…Калі яны паселі ля падножжа вялізнага гарадзішча i расклалі сушыць вопратку, Кастусь, абводзячы шырокімі вачыма мора кветак у вадзе, сказаў:

– Ну i зямля! Бог ты мой, якая зямля! Дык, хаця б за прыгажосць, няўжо яна кропелькі шчасця не заслужыла? Скубуць i скубуць, душаць i душаць.

– Гэта праўда, – сказаў Алесь.

Каліноўскі лёг на жывот i глядзеў цяпер на гіганцкую ўсечаную піраміду гарадзішча, на сляды равоў, на закляклыя схілы, на якіх шумела трава, на самотны дубок, што неяк прымасціўся на краёчку верхняй пляцоўкі, здабываў карэннямі бедны пакорм з цвёрдай, як камень, зямлі.

– Трымаемся, як той унь дубок, – сказаў Кастусь. – На руінах.

– Слухай, – сказаў Алесь, – чаму ты апошнія два дні сумны?

– Ты не думай, братка, – пасля паўзы сказаў Каліноўскі. – Мне добра ў вас, хаця i нязвыкла, бо танцуюць вакол цябе i Логвін, i Кірдун з жонкай, i Карп з Анежкай, i Кандраці, i іншыя.

– То што?

– Скажы, табе ніколі не было дрэнна ад думкі, што на цябе працуюць многія тысячы людзей? Калі пасяліць у адно месца, атрымаўся б вялізны горад. А вас шэсць чалавек…

– Мне тут пакуль нічога не належыць… А хатнія – людзі традыцыі, хаця i разумеюць неабходнасць змен, – стрымана сказаў Алесь. – На зборні, чатыры, здаецца, гады назад, падалі галасы за скасаванне прыгону.

– Ну, а ты сам як думаеш?

– Калі буду гаспадаром – гэтыя людзі атрымаюць волю. У гэтым маё слова. Ведаю, можа, мне нават i хрыбціну зломяць. Але іначай нельга.

Над галовамі ў хлопцаў ляцелі на гарадзішча, нібы штурмуючы яго, сонечныя, сляпуча белыя аблокі.

…Уначы, калі хлопцы ўжо ляжалі ў cвaix ложках, да ix прыйшоў на хвіліну стары Вежа. Сеў на краёчак Кастусёвага ложка, уважна глядзеў на госця.

– Ну як табе тут?

– Мне тут добра.

– Слухай, Кастусь, магу табе прапанаваць сёе-тое.

– Але.

– Пачакай да універсітэта тут. Разам з Алесем налета паедзеце. А гэты час будзеш вучыць дзяцей у маёй вясковай школе. I падзаробіш за год на два гады, каб па ўроках не бегаць… Га?

Кастусь адмоўна пахітаў галавою.

– Не. Я разумею вас, пан Вежа. I я вам удзячны. Але тут справа больш складаная. Мне трэба потым цягнуць братоў. I да таго ж…

Ён замяўся.

– I да таго ж, мне трэба хутчэй вывучыцца. Я не маю права рызыкаваць яшчэ адным годам.

– Я ведаю, ты ніколі не возьмеш ад мяне грошай.

– Ніколі, – сказаў Кастусь.

– То i дурань. Падзарабіў бы. А то будзеш сядзець на каве з хлебам.

Мускулы на шчоках у Кастуся абцягнуўся скурай.

– Кaвa i хлеб, – сказаў ён. – Вада i хлеб. Кроў i хлеб.

– Ну, гэтай дарогай мала каму дадзена icцi.

Кастусь упарта паматаў галавою.

– А калі дадзена, дык нельга збочваць. Народ наш без багацця, без зямлі, без мовы… I таму варта жыць і сутыкацца з ворагам. Хутчэй.

– Што ж, – сказаў Вежа. – Бадай што, маеш рацыю…

Вежа пайшоў. Хлопцы ляжалі i моўчкі слухалі свежы шолах паркавай лістоты. Спаць не хацелася. Быў самы лепшы час для размовы.

– Кастусь, што ты такімі вачыма сёння на Галінку Кахнову глядзеў?

– Прыгожая, – пасля паўзы адказаў Каліноўскі.

– Закахаўся, бядак?

Кастусь маўчаў. Потым уздыхнуў.

– Не. Я-то ўлюбчывы. Я нават вельмі ўлюбчывы. Але я, відаць, не маю права. Жыццё не маё.

– Як гэта не тваё?

– А так. Звычайна ў людзей так. Першае – гэта я, другое – сям'я, родны дом, трэцяе – родны горад, чацвёртае – родная краiна, пятае – родная Зямля, роднае Чалавецтва. I кожны любiць сам сябе, амаль усе – сям'ю, большасць – родны горад, частка – радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах…

Ён сеў i абхапіў мускулістымі рукамі калені.

– Мы нават да любові да радзімы ў большасці не дараслі. I таму тут больш за ўсё патрэбны людзі, якія прайшлі ўсе ступені. Бываюць такія, багатыя любоўю i нянавісцю. У ix увесь свет узарваны i перакулены. Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам – больш за caмix сябе. Яны, разумееш, свабодна аддаюць жыццё i дом i ўсё – для краіны i чалавецтва.

– I ты хочаш быць такім?

– Буду вельмі старацца… Што ж, самога сябе я аддам. А каго я маю права аддаць, акрамя сябе? Жонку? Дзяцей?

У цемры блішчалі ягоныя вочы.

– Не, калі аддаваць, то толькі сябе. Брат Віктар кажа: каханне не павіннa вісець у нас на нагах… Наш народ спявучы, таленавіты, горды. I вось яго ўвесь час дзякуюць за дабрыню, седзячы на ягонай спіне.

Стукнуў сябе кулаком у грудзі.

– Песні нашы затаўклі ў гразь, талент распялі, гордасць аплявалі. Усё забралі: зямлю, ваду, неба, свабоду, гісторыю, сілу… А я ўсё гэта люблю…

Шапацела лістота. Быццам тысячы тысяч уздыхаў ляцелі ў адчыненае акно.

– Нельга больш. Нельга больш. Нельга больш цярпець, іначай страцім апошняе: душу сваю жывую.

– Я таксама даўно пра гэта думаю, – сказаў Алесь. – Зброяй трэба нарадзіць павагу да сябе i да мужыка. I волю нарадзіць таксама – зброяй. Я гаварыў пра гэта з сябрамі.

– 3 Мсціславам?

– I з iм.

– Мсціслаў – харошы хлопец. Ён мне спадабаўся. I Майка твая мне спадабалася. Але як табе з ёю быць, калі справа дойдзе да зброі?

– Не ведаю.

– А хто яшчэ?

– У нас у гімназіі ёсць суполка. «Братэрства шыпшыны i чартапалоху». Праўда, амаль дзіцячая яшчэ выдумка. Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Усяслаў Грыма, Мацей Біскуповіч i я.

– Знойдуцца, відаць, i іншыя, – стрымана сказаў Кастусь.

– За апошні час мы трохі сцішэлі, – Алесь таксама сеў. – Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць.

– Лухта! – сказаў Кастусь. – Лягчэй стала жыць! На гэта мне нядаўна даў адказ Алекс дэ Таквіль.

– Француз гэты? Гісторык?

– Але. Віктар аднекуль дастаў выпіскі з ягонай новай, ненадрукаванай яшчэ кнігі. Пастараюся прыпомніць больш дакладна… Ага: «…не заўсёды прыводзіць да рэвалюцыі пераход ад дрэннага становішча да горшага. Часцей здараецца, што народ, які цярпеў без скарг i больш страшныя ўмовы, сілком скідае з сябе іхняе ярмо, менавіта тады, калі яно робіцца лягчэйшае. Стан рэчаў, які выклікае рэвалюцыю, бывае амаль заўсёды лепшы за той, які быў непасрэдна да яго, i вопыт вучыць, што для дрэннага ўрада найбольш пагрозлівая тая хвіліна, калі ён, урад, пачынае трохі выпраўляцца. Зло, якое цярпліва выносілі, як штосьці непазбежнае, робіцца нясцерпным пры думцы, што можна ад яго вызваліцца…»

Кастусь стаў на калені i, гаворачы, глядзеў у парк, дзе білася i тужліва ўздыхала лістота.

– Так, відаць, i ў нашым становішчы. Тым больш што царок нічога вялікага не робіць, а так, нібы мёдам злёгку па вуснах мажа. Усё, як раней. Дзяржава – паліцэйскі ўчастак. Дзяржава – турма.

На твары ў Кастуся зноў з'явілася нешта пакутлівае, цень нязвыклай i, па маладосці год, страшнай, непажаданай думкі.

– Ты раптам зрабіўся падобны на Раўбіча. Толькі маладзейшы.

– Мне ніякавата, – уздыхнуў Кастусь. – І мне вельмі страшна. Здаецца, я беспаваротна вырашыў. Іншай дapoгi для мяне няма.

Алесь развёў рукамі:

– Каб жа ж можна было хоць што зрабіць! Школы на сваёй мове, паступовае вызваленне – тады яшчэ сяк-так. Але ж не даюць. Не паўстанеш – будзеш жыць, як усе: жэрці, напівацца, паляваць, ацірацца ля спадніц. Сумленне страціш. А паўстанеш – таксама страшна. Гэта, магчыма, i плаха.

Голас ягоны сарваўся:

– Галоўнае, мала нас, мала! Адзiнкi!

Кастусь лёг на спіну. Доўгі час маўчаў, глядзеў у цемру бліскучымі вачыма. Пасля сказаў глухім, але цвёрдым голасам, нібы канчаткова вырашыў усё:

– Не трэба тысячы, каб пачаць. І не трэба ста, каб пачаць. I не трэба… дваіх, каб пачаць…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю