Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 24 страниц)
«Вы, маленькiя людцы, – здаецца, казаў зрак каня. – Што мне да вас? Я дазваляю вам апаганьваць нагамi мае бакi толькi таму, што раблю вам ласку. І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю. А над тым буду панам, бо я бог, а ён толькi чалавек…»
Бацька глянуў на Алеся i ўздыхнуў: усе было зразумела.
– Логвiн, – сказаў бацька конюху, – вядзi Ургу сюды.
Малады i сур'ёзны хлопец падвёў араба да ix.
– Будзеш канюшым маладога пана, Логвiн, – сказаў пан Юры. – Будзеш ведаць толькi яго. Ургу падрыхтуй. Праз месяц ён спатрэбщца. I ты, Змiцер, ведай: Логвiну належыць толькi Касюнька i Урга. Нiчога больш.
Логвiн усмiхнуўся сцiплай харошай усмешкай.
– Панiча намуштраваць, – сказаў Загорскi. – Навучыць скрэбцi, чысцiць, мыць, даглядаць капты. Навучыць лекавым травам для коней.
– Зробiм, – сказаў Логвiн.
– То тады бывайце… Бывайце, мiстэр Крэбс.
Яны прайшлi конскiя двары i падышлi да старасвецкай каменнай сабакарнi. Чалавек сярэднiх год, з прыкметнай ужо сiвiзною ў доўгiх вусах, буры, як абкураная пенкавая люлька, павольна iшоў да iх. На поясе, што ладна перахватваў яго зялёную венгерку, вiсеў доўгi медны рог.
– Карп, – сказаў бацька, – старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы.
Карп падышоў да iх i, не вiтаючыся, пачаў дакладаць звонкiм i трошкi сiпаватым, даязджачым голасам:
– Юнка адышла, пан Загорскi.
– Ведаю, – сказаў бацька, – старасць. А добрая была.
– Знайд, памятаеце, са своркі адбiўся. То схапiў, вiдаць, ад нейкай вясковай сучкi, скурапею. Мазалi празрысценькiм бярозавым дзёгцем i акурвалi. Праз два тыднi будзе як шкло… Сцiнай паздаравеў… I яшчэ Аза мела ласку прынесці шчанюкоў.
– Вось гэта добра. Хадзем, Карп.
Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкiмi акенцамi. Каля паўсотнi сабак розных парод i масцей ляжалi i хадзiлi па загарадках. Тут былi выжлы, ганчакi, норныя, дацкiя п'яўкi для мядзведжага палявання. Брудастыя, шчыпцовыя, камякалапыя… Але хлопец яшчэ не мог адрознiваць iх, i таму асаблiва зацiкавiў яго стракаты ньюфаундленд, з добрае цяля ростам, i куток хартоў.
Харты былi ўсе белыя, з доўгiмi шчыпцамi[14]14
Шчыпец – пашча ў хартоў (паляўнiчы жаргон).
[Закрыть]. Вялiзныя iхнiя вочы былi, як чорныя слiвы.
Бацька на хаду даваў парады, якiя Карп слухаў пачцiва, але з нейкай сваёй думкай.
– Пайшлi б вы ўжо, княжа, да Азы, – сказаў ён. – Хвалюецца.
Калiдорчыкам прайшлi ў парадзiльнiк. Тут, у плеценым кашы, ляжала на аўсянай саломе чорная з белым сука iспанскай пароды i махала куртатым хвастом. Ля яе саскоў павiсквалi цёплыя шчанюкi.
Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Вялiзныя, усе ў дробных завiтках, чорныя вушы раскрылiся.
– Бачыш, – сказаў Алесю пан Юры, – на качак i цецерукоў лепшага не бывае. А якая акуратная. Не сабака, а арыстакратка.
– Я вазьму аднаго шчанюка, – сказаў Алесь.
– Ну вось, – сказаў бацька, – цяпер маеш усё. А iмя ёй будзе – Алма.
Хадзiць давялося доўга. Аглядалi палi, не вельмi добрыя. Аглядалi бровар i – здалёк – багадзельню. Ля сцежкi, што вяла туды, выпадкова падслухалi размову дзвюх старых. Стаялi, абапiраючыся на кii.
– Ты куды iдзеш?
– Га?
– Куды iдзеш, кажу?
– А-а… У анвалiдны дом.
– Ну i як там?
– Нiшто-о.
– Кормяць хаця добра?
– До-обра. Цэбар крупнiку дадуць на тыдзень, акрамя сухога, то хочаш адразу з'еш, хочаш – раздзялi.
I гэта размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургi, Касюнькi i Алмы. Не ўзнiмаючы вачэй, ён глуха спытаў бацьку:
– Гэта праўда, што iм адразу даюць?
– А што iм, дрэнна?
– Але чаму адразу?
Селi адпачыць у парку, на лаўцы з неашкураных бярозак.
Бацька пакручваў хвалiсты бялявы вус, з усмешкай паглядаў на сына. Яго загарэлы твар здаваўся алiўкавым ад рухомага ценю дрэў.
– Добры ты, сыне. Я вось купiў у матчынага траюраднага брата, у Кроера, цукраварню. Прыйшоў – аж работнiкi ўсе ў масках, каб не елi цукру. Гэта Кроер прыдумаў.
– Ну i дурань, – сказаў сын. – Я i чуў, што гадзюка.
– Ды i не ў тым справа. Нельга дазволiць такога здзеку. Што яны, быдла, гэтыя людзi, цi што? Я зняў… Але ж нельга дагаджаць. Будзеш салодкi – згiнеш. Багацця аднаго чалавека на ўсiх не выстачыць. Ведаеш, колькi дваран на Магiлёўшчыне?
– Не.
– Патомных нешта каля дваццацi сямi тысяч, асабiстых – каля трох з паловай, але гэтыя не ў лiк. Дык вось, з гэтых дваццацi сямi тысяч маюць права голасу на выбарах у губернскi сход толькi пяцьсот восемдзесят два. А сялян у губернi восемдзесят сем тысяч пяцьсот шэсцьдзесят адна душа – па тры душы на аднаго дваранiна. Дробная шляхта – гэта бочка з порахам. Ненавiдзяць i нас, i сялян. А ў цябе з братам сем тысяч гаспадарскiх душ. Ты з часам дваццаццю дзевяццю тысячамі будзеш уладаць. Трэцяй часткай усiх душ губернi, не лiчачы тых, што за яе межамi. I калi будзеш даверлiва глядзець у драпежныя зяпы – жывога праглынуць.
– А нашто яна мне патрэбна, тая, трэцяя? – спытаў Алесь.
Бацька аслупянеў.
– Ну, хаця б для таго, каб быць добрым да большай колькасцi хрысцiян… Ты не Кроер, не Хаданскi, не Таркайла… Нашы людзi бога моляць, каб не трапiць ад нас да iх.
– Усё адно гэта нiкуды не варта. Хай добры ты. Хай добры буду я. А што, як памрэм? Яны ж тады сваякам пяройдуць, напэўна… тым. Куды ж такi парадак варты, калi чалавек не ведае, што з iм будзе заўтра? I людзi на вёсцы так гавораць i баяцца.
– З намi нiчога не зробiцца, – сказаў бацька. – Не тое перажывалi. Восемсот год за плячыма. I вера ў будучае. Я не баюся нi чумы, нi вайны, нi палiтычных забойстваў, нi руднiкоў. Хвала богу, усяго было. Горшага не будзе.
Памаўчаў, водзячы прутком па пяску.
– Справа ў тым, што ты належыш да самай дзiўнай суполкi на зямлi. У гэтага клана было славутае i грознае мiнулае, – але i тады ў яго не было iмя. У гэтага клана сучаснае, горш за якое цяжка знайсцi, i будучае, што губляецца ў тумане невядомага. Гэта грамада не мае свайго аблiчча – i пагражала калiсь ордэнскiм землям. У яе няма душы – i яна выклiкае магутны выбух сiл у кожнага суседа, што датыкнецца да яе. Тады яна дае такiя ўзлёты генiя, што ўсiх бярэ здзiўленне. Часам яна знiкае, як рака пад зямлёй, каб усплыцъ у зусiм нечаканым месцы, Штохвiлiнна гiне i адначасова жывучая, як нiхто. У цябе няма адзнак, i менавiта ў гэтым вялiкiя твае перавагi. Ты бязлiкi i ты мнагатвары, ты нiшто i ты ўсё. Ты кладоўка самых неверагодных магчымасцей. I ты ганарыся гэтым, ганарыся сваей магутнасцю, ганарыся тым, што ты – гэта ты.
Пан Юры паглядзеў на постаць сына i раптам спахапiўся:
– Ах, божа, ты ж яшчэ шмат чаго… Ды добра, добра… Я, цi разумееш, i гаварыць не магу. Не мая гэта справа, я чалавек просты. Вось паляваць ды сабачнiчаць – гэта ўжо iншае.
Зноў абмiнулi дом з серабрыстымi фантанамi iтальянскiх таполяў. Ад бакавога ўвахода ў яго цягнулася вузкая алейка. У канцы яе стаяў той круглы павiльён, што заўважыў Алесь, пад'язджаючы да Загоршчыны. Дах гэтага павiльёна перарываўся па кругу суцэльным шкляным акном, а вышэй шкла ўзносiўся зграбны круглы купал.
– Царква, цi што? – спытаў Алесь.
– Гэта карцiнны павiльён. Зрэшты, ты пакуль мала што яшчэ зразумееш. Я хачу табе паказаць толькi адну карцiну.
I ён адчынiў дзверы.
– Тут, брат, усё ёсць. Лепшая калекцыя толькi ў твайго дзеда… Вось глядзi.
Проста перад iмi вiсела на сцяне даволi вялiкая карцiна ў цяжкай, пацьмянелай ад часу залатой раме. На карцiне быў пейзаж, якiх не бывае – празрыста-блакiтны i няўлоўны.
– Мантэнья, – сказаў бацька, – славуты iтальянскi мастак.
Пейзаж праглядаўся праз галiны высокай яблынi з залацістымі пладамi. А пад дрэвамi iшоў кудысь малады чалавек i вёў за аброць белага каня. На чалавеку была круглая шапачка; доўгiя рукавы дзiвоснага ўбору адносiў вецер.
У чалавека былi цёмна-шэрыя вочы i прамы нос.
– Увесь дзень думаў, на каго ты падобен, – сказаў бацька. – I вось успомнiў. Ды гэта ж ты, гэта ты з белым канём. Гэта ты i Урга. Як дзве кроплi вады.
Ах, як не адступаў ад Алеся ўсе гэтыя днi белы конь! I ўсё гэта было як сон. I вось цяпер ён сам, сам Алесь, iшоў з белым канём у нейкую блакiтную далячынь.
V
Так пайшлі дні.
Кожны з іх быў непадобны на другі, і ўсё ж няўлоўна падобны. Гэта таму, што кожны быў адкрыццём і нечаканасцю.
Алесь гідаваў новым становішчам: празмернай пяшчотай бацькоў, недарэчнымі звычаямі палаца і неўсвядомлена ганарыўся гэтым, бо ён быў падлетак, бо яму ўжо, як кожнаму падлетку, хацелася сцвярджаць і ўстаткоўваць сваё «я».
Бацькі, можа, і не ведаючы гэтага, выбралі зручны час. Непрыкметна з яго рабілі не тое, што ён хацеў, а тое, чаго хацелі іншыя.
Падымалі яго а сёмай гадзіне раніцы. Бадай, запозна, бо ў Азярышчы ўставалі раней, і ён часцей за ўсё добрую палову гадзіны ляжаў без сну.
Алесь ляжаў, кожны раз новымі пасля сну вачыма разглядаючы блакітныя сцены пакоя. Над яго галавою, у куце, плыла кудысь старажытная копія з божай маці Куцеянскай: маленькі горкі рот, «нос не кратак», доўгія вочы з такой дабрынёй і тугою, што часам, асабліва ўвечары, хацелася плакаць, гледзячы на іх. Рука прыціскае дзіця, падобнае на маленькага мудрага старога.
Па старому паданню, гэту ікону напісаў, пасхіміўшыся, восемсот год таму назад ваявода Глеб, такі далёкі продак Алеся, што і ўявіць было страшна. Мячом прыводзіў у хрысціянства жыхароў Сухадола і Ршэ, быў у гэтым шчыраванні да веры ледзь не больш суровы, чым мсціслаўскі сабрат, Воўчы Хвост, ды, відаць, не вытрымала душа бязвіннай крыві нядаўніх братоў па Пяруну, таму што кінуў Глеб меч і кінуў ваяводства і, пад імем Анфімія, пайшоў на чорны пострыг і вечнае маўчанне. Ікон такіх напісаў дзве – адну для манастыра, другую – сыну (яна цяпер вісела ў старога дзеда Загорскага).
А тая, што вісела тут, была копіяй шаснаццатага стагоддзя. Рабіў таксама Куцеянскі майстра, Іпаці. Вісела і, нават з некаторым здзіўленнем, глядзела на ложак з полагам, на канторку чорнага дрэва, на блюда з незабудкамі (карэнні іх прыціснулі кавалкам мармуру, кветкі ўсталі і стаялі над блюдам суцэльнай блакітная шапкай).
Алесь ведаў, што за першымі дзвярыма светлы калідор другога паверха, што другія дзверы вядуць у ванны пакой, а потым у пакой для заняткаў, што ён можа заўсёды спусціцца з таго пакоя ў бібліятэку, што ўсё гэта для яго, і гэты прастор палохаў яго.
А сёмай па ўсім доме білі гадзіннікі. Трэба было заплюшчваць вочы. І тады ў спальню заходзілі два чалавекі: немец-гувернёр, гер Фельдбаўх, тоўсты лысаваты і надта рухавы, і прыгонны дзядзька, Халімон Кірдун, па мянушцы Халява, чалавек вельмі добры і вельмі змрочны, напэўна, з той прычыны, што ягоная жонка была незвычайная прыгажуня. Алесь сам чуў ад дваравых, што Халімону даўно варта было б яе набіць. Але Халімон, відаць па дабрыні, усе ніяк не мог рашыцца на гэта. Таму, напэўна, і змрачнеў.
Алесь ведаў, што немец пачне гаворку па-свойму, і не палохаўся гэтага. Проста дзівіўся, як хутка рабіліся зразумелымі чужыя словы. Як быццам выплывалі з далёкага, калісьці роднага, а потым забытага сну. Быццам даўно ведаў, а потым на хвіліну забыў. Так яно, урэшце, і было, бо да сямі год ён не ведаў іншых моў, акрамя французскай і нямецкай. І вось цяпер прагна, са свежай галавой наганяў.
Немец кацiўся да ложка, як шар, i адразу пачынаў буркатаць нешта, зразумелае толькi з пятага на дзесятае, але прыемнае:
– Oh, dieser kleiner Pennbub! Alle sind schon auf, kleine Vöglien singen dem Herren Gott ihre ewige Ruhmlieder, nüch. Der schläft aber immerfort und weiβt nicht einmal – Morgenstunde hat Gold im Munde, nüch?[15]15
О, гэты маленькі сануля. Усе ўсталі, маленькія птушкі спяваюць госпаду сваю хвалу, ці не так? А ён спіць і не ведае, што ў ранняй гадзіны золата ў вуснах, ці не так? (ням.)
[Закрыть]
Гэта быў, на яго думку, самы прыстойны стыль размовы з дваранскім дзіцем.
Фельдбаўх – сын багатага бюргера – скончыў гімназію і першы курс універсітэта ў Гецінгене, але потым бацькі збяднелі, і сын паехаў шукаць шчасця ў невядомае Прыдняпроўе. Тут ён служыў ужо дзесяць год, з іх апошніх шэсць – у Загорскіх. Яго не адпусцілі нават тады, калі Алесь трапіў на дзядзькаванне. Засумаваўшы па рабоце, ён цяпер даганяў, хочучы, чаго б гэта ні каштавала, прымусіць вучня за нейкі год добра гаварыць па-нямецку.
Фельдбаўх рабіў рэзкі рух крысом халата, быццам захінаў рымскую тогу.
– Schon gut. Mach dich drau zu waschen, mach dich Mutti zu begrüβen, mach dich an die Gottesgabe, – ja an die Bücher doch, wenn der Fürst zu keinen dummer Fürsten werden will, nüch?[16]16
Вельмі добра. Ідзі ўмывацца, ідзі прывітацца з матуляй, ідзі прамыць божы твар, ды потым за кніжкі, калі князь не хоча застацца дурным князем, ці не так? (ням.).
[Закрыть]
…Алеся падымалі, вялі ў ванны пакой, і там, пад даглядам немца, Кірдун абліваў хлопца вадой і расціраў. Кірдун раўнаваў паніча і таму ўвесь час бурчаў пад нос, лаючы Фельдбаўха, якому, немаведама нашто, далі права наглядаць за туалетам, як быццам бы ён, Кірдун, рабіў гэта без немца значна горш. Кірдун суправаджаў некалі пана Юрыя за мяжу і таму ведаў некалькі нямецкіх слоў.
Нямецкая мова яго абражала. Спытае, бывала, Кірдун, ці трэба нагрэць яму ванну для ног, а немец адвазвае:
– Das ist mir Wurst[17]17
А мне ўсё адно (літаральна: гэта мне каўбаса) (ням.)
[Закрыть].
Проста чорт ведае што! Не мова, а свінства! Усё адно яму, бачыце, гарачая ванна або каўбаса…
Чыстага і прычасанага паніча апраналі ў вузкія штаны (псеўданароднаму гарнітуру далі адстаўку ў канцы першага ж тыдня) ў вольную белую сарочку з адкрытым карункавым каўняром і вялі на балкон, асабліва светлы ад снежных маркіз. Тут за чайным сталом чакала маці і, у высокім крэсле, дзіўная істота – двухгадовы брат Вацак, які смешна вырачваў на Алеся шэрыя наіўныя вочы.
Матуля цалавала Алеся ў скроню, трымала за падбародак вузкай, да смешнага маленькай рукой, пытала – зрэдку па-французску, каб прывучыўся, – як спаў.
– Бьен, мадам, – адказваў ён, так пакутліва падбіраючы словы, што нават малому Вацаку рабілася смешна.
Елі аўсянку з малаком, яйкі ўсмятку, тарцінкі з маслам і сырам, тварог і мёд. Дарослыя пілі каву, дзеці – чай. З'яўляўся з аб'езду бацька, загарэлы, смяшлівы, сыпаў жартамі.
У рэкрэацыйнай чакалі ўжо Фельдбаўх і швейцарскі француз monsieur Jannot (гэтаму, як найбольш тандэтнаму, дазвалялася снедаць у сваім пакоі). І тут пачыналася пакута не пакута, а нешта накшталт упартага змагання. Людвіг Арнольдавіч біўся з Алесем над нямецкай і латынню плюс матэматыка і гісторыя, monsieur Jannot – над французскай плюс рыторыка і прыгожае пісьменства. Смеху варта было глядзець, як яны стараліся.
Гадзіна ішла за гадзінай. Алесь дзякаваў богу за тое, што англічаніна і настаўніка дзяржаўнай мовы бацька абяцаў запрасіць толькі ўвосень, калі прадасць ураджай. Часам словы трох моў блыталіся ў галаве, і хлопцу хацелася толькі аднаго: каб сёлетні ўраджай быў дрэнны. Але ён адразу ўспамінаў Кагутоў, і яму рабілася сорамна. Ды хоць бы нават і дрэнны ўраджай. Не, яго, Алеся, ужо нічога не ўратуе… Усё адно стары Загорскі дапаможа, у яго грошай граблямі грабі.
Ад гэтых думак яго адрываў натхнёны голас гера Фельдбаўха, у якім гучалі нечаканыя для немца басовыя ноты.
Гувернёр стаяў перад сакратэрам у позе Гракха на форуме: рука выцягнута дагары далонню, вялікі палец адстаўлен убок. Твар ганарысты. Брушка наперад. Гэта ён граміў бязбожных рымлян, што задалі такой шкоды нямецкай айчыне:
– Eben darum stür-rzte sich German Cherüsc einem Löwen gleich auf den gr-räulichen Varus, den Führer der ver-rführ-rten Romanier. Und Teutoburger Wald wurde zum Fel-lde der deutschen Ruhmheit[18]18
Таму Герман Херуск, льву падобна, р-рынуў на аг-гіднага Вара, правадыра р-разбэшчаных рымлян. І Таўтабургскі лес стаў пол-лем нямецкай славы (ням.)
[Закрыть].
«Як гэта лес мог стаць полем, – думала няшчаснае дзіця, – высеклі яго немцы, ці што? Магчыма, і так. Ад іх усяго можна чакаць. Немцы».
…Бiў гонг, абвяшчаючы канец заняткаў. Вочы Фельдбаўха, якiя толькi што кiдалi блiскавiцы, зноў рабiлiся блакiтнымi i добрымi.
Пасля заняткаў на хлопца наводзілі вонкавы лоск. Гадзіна танцаў (акампаніраваў на лялечнай скрыпцы monsieur Jannot), якая была для малога пакутай, а пасля гадзіна верхавой язды ў манежы.
Падчас танцаў француз прывіваў дзіцяці вытанчаныя манеры, якія потым паспяхова разбураў грубаваты, як кожны аматар коней, містэр Крэбс.
– Шэнкелямі не цісні, шэнкелямі, кажу, не цісні. Не нервуй каня, сто тысяч д'яблаў і зарад карцечы табе ў задніцу… Як пaдаеш? Як пa-да-еш?! А яшчэ лорд! Лорд нават з каня падае прыгожа!
Непарушны англічанін да непазнавальнасці змяняўся, калі даходзіла да коней.
– Аз-зіяты! Хіба вам па-еўрапейску ездзіць?! Іначай вам ездзіць, вар-ва-ры. Ах-люп-кай, – з цяжкасцю вымаўляў ён чужое слова.
А потым шкоду, нанесеную англічанінам, зноў лячыў француз, і на заднім двары яшчэ гадзіну чуўся звон шпаг і буркатлівыя выгукі:
– Тэрца… Квінта… Не так… О месье, не так… Зноў у пазіцыю… Як вы стаіцё, месье? Вы трымаеце шпагу, як начны гаршчок, – пардон… Раз-два… О-ла-ла!.. У вас нечакана атрымаўся цудоўны ўдар… Ларошфуко не мог бы зрабіць лепшага… Брава, месье, я забіты!.. Вы забіты… Майце ласку заўтра рабіць гэта лепей.
Бадай, адно жалезнае, цалкам мужыцкае здароўе дазволiла Алесю вытрымаць усе гэтыя выпрабаваннi. Ён схуднеў, на нагах i грудзях выявiлiся зусiм не дзiцячыя мускулы, позiрк стаў пiльны i насцярожаны. Але затое ў руках усё часцей прарывалася новая, лёгкая i пластычная зграбнасць.
Можа, таму, што ён і раней добра біўся на палках – асабліва вялікімі былі поспехі ў фехтаванні. Ды і Крэбс, калі хлопец не чуў яго, усё часцей казаў:
– Будзе. Будзе наезнік.
Пасля купання аж да вечера быў вольны час. Але «вольны» было толькі словам. Абед быў не абед, бо ўвесь час даводзілася памятаць, які нож для чаго. Лёгка было толькі есці курыцу, бо гэта елі, як і ў Азярышчы, рукамі. Часцей за ўсё ён уставаў з-за стала галодны, і Халімон Кірдун, каб не звялося дзіця, цішком прыносіў яму ў пакой пад'есці. Са скрухай глядзеў на Алеся, уздыхаў па-бабску:
– За што ж табе, гаротны, пакуты? Божа лiтасцiвы, забiваюць дзiця. Жыўцом ядуць.
Толькі часам, вельмі рэдка, можна было ўцячы ў дворню ці ў асобны дамок, дзе жыў даязджачы Карп са сваёй жонкай Анежкай, і там адпачыць душой. Дзяцей у Карпа не было, і таму Анежка шкадавала паніча, частавала звыклым: арэхамі, праглымі на сланечкавым алеі.
Русая і сінявокая, такая распаўнелая і добрая, Анежка глядзела на Алеся і ціхутка падгалошвала:
– Еш, бедненькі, еш, зблажэлы ты мой. І нашто, каму гэта патрэбна, пакутніца ты мая Дарота? Па шкле цябе вадзілі, бедную, а яго па пакутах…
Гэтае падгалошванне было такое чуллівае, што з вачэй Алеся, ад шкадобы да сябе, самі сабой пачыналі падаць рэдкія і буйныя, як боб, слёзы.
Але і наплакацца ўдосталь не давалі. Толькі аджыў, як ужо шукаюць.
…Бацька вядзе па галерэі продкаў.
– Даніла Загорскі!.. Пэндзля невядомага мастака… Даніла ўзначальваў смяротны атрад пры Крутагор'і. Загінуў разам з усімі воінамі…
Ян Загорскі… Пэндзаль Сальватора Розы… Бадай, адзіны, які перайшоў у каталіцтва. Пасля страты зяця зноў удаўся ў схізму, быў пракляты папскім нунцыем і загінуў пры таямнічых абставінах…
Багдан Загорскі. Пісаў крукамі царкоўныя гімны…
Бадай, адзіным шчасцем Алеся было тое, што для бацькі гісторыя рода і геральдыка былі яшчэ больш нудныя, чым для яго. Таму ён і не мог перадаць сыну захаплення гэтымі небяспечнымі рэчамі.
Затое бацька зусiм змяняўся, заходзячы ў круглую карцiнную залу. Тут ён мог гаварыць i гаварыць. Блага цi добра, але ён даваў сыну частку таго запалу, якiм гарэла яго душа.
І ўсё ж найбольш цягнуў да сябе Алеся той самы «Хлопец з канём» Мантэньі. Было ў гэтай карціне нешта наіўна-прывабнае і мудрае.
І не ў тым справа, што хлопец быў – выліты Ён, хаця і ў чужым заморскім касцюме, а конь – сапраўдны Урга, той самы Урга, які палюбіў яго, Алеся, больш за іншых, бо хлопец не абразіў яго нават празмерным недаверам на бар'еры, нават ганьбай шэнкеляў, калі конь разумее без іх, як яму трэба рабіць.
Не ў гэтым была справа.
Справа была ў тым, што праз лісце густа-зялёнай яблыні з залатымі пладамі глядзеў такі далягляд, якога не бывае на зямлі, далягляд невядомай блакітнай краіны, у якую спакойна і ўпэўнена крочылі чалавек і белы конь.
…У адзінаццаць яго клалі ў ложак. За акном, сярод лістоты, дрыжаў і гайдаўся масляны ліхтар, шапацелі лісты італьянскай таполі і далятаў з Дняпра неўразумелы начны крык шэрай чаплі.
Алесь засынаў, здаволены сабой.
А ўначы прыходзілі забароненыя, брыдкія мужыцкія сны. Ён сніў адрыну і гнёзды ластавак над галавой. Ён зноў бачыў росныя пракосы і самога сябе з біклагай на плячы… Яму бачыліся вочы каровы, яе стомленыя сытыя ўздыхі ў цемры хлява і цурчанне малака ў пенную дайніцу…
VI
Скончыўся месяц траў, адквітнеў за ім месяц кветак.
Аднесла ветрам арэхавы пылок, згінула да наступных надзей і новай вясны вампір-трава, адышлі пярэста-зялёныя «капыцікі марыінай асліхі» – падалешніцы. Прыйшоў пчаліны, касазвонны месяц цвету ліп.
Усё мянялася. Нішто не мянялася толькі ў Загоршчыне.
І вось аднойчы, прачнуўшыся пазней звычайнага ад прыглушанага звону гадзінніка, Алесь адчуў, што нешта не так. Не ўвайшоў Фельдбаўх, не з'явілася ў дзвярах хмурнаватае аблічча добрага Кірдуна.
І хлопец на нейкую хвіліну адчуў сябе самотным і пакінутым на волю лёсу. Толькі на адну хвіліну, бо ў наступны момант ён успомніў, што прыйшоў той дзень і з ім, магчыма, нейкая воля, магчымасць быць хоць трошкі гаспадаром самому сабе.
На гэта намякала адзенне, вольна раскладзенае на спінцы крэслаў, і тое, што дзверы ў ванны пакой былі адчынены, – рабі сам, што хочаш. З асалодаю ўспомніўшы гэта, ён пацягнуўся і раптам, быццам кім падкінуты, сеў на ложку.
За акном пачуўся гулкі гук. Аднекуль з-за дома, з берага паркавага стаўка, ударыла гармата. Потым другі раз… трэці… восьмы… адзінаццаты.
Дзверы расчыніліся рэзка, як быццам таксама ад удару гарматы. На парозе стаяў пан Юры, белазубы, загарэлы. Махровы персідскі халат расхінуўся на грудзях. Ад усёй постаці, ад хвалістых густых вусоў, ад сініх смяшлівых вачэй так і веяла здароўем.
– Паставіць на ногі лайдака-князя, – грозна рыкнуў бацька. – Лайдак-князь спіць і не ведае, што яго чакаюць вялікія справы.
Алесь не паспеў спахапіцца, як дужая мужчынская рука рванула коўдру і бліскавічна, асабліва гучна ляснула па мяккім месцы.
– Stehe auf, – грымныў бацька, на хвiлiну так удала ўдаючы Фельдбаўха, што аж страшна стала. – Eine auβerordentlich perfekte Fürterhalbwüchsigerverrichtung ist keine Bettharrung auf'ne Vonsichselbstvollziehung, nüch?[19]19
Выключна пікантна-вытанчаныя адпраўленні, вартыя сапраўды княжацкага недарасля, ёсць не ўпаванні ў ложку на самапраісцяканне, ці не так? (Парыдыйны стыль) (ням.)
[Закрыть]
І сцягнуў сына за нагу з ложка.
– Мыцца, мыцца разам.
У ванным пакоі, ля глыбокага басейна, бацька скінуў халат і пантофлі, і толькі тут старонні заўважыў бы, як яны падобны, пан Юры і Алесь. Хлапечыя, але моцныя формы сына абяцалі з часам зрабіцца падобнымі на гладкія і магутныя формы бацькі.
Бацька нечакана злавіў яго і, прыўзняўшы, так спрытна кінуў галавою ў басейн, што Алесь колам перавярнуўся ў вадзе.
– Адмірал, чалавек за бартом! – крыкнуў бацька, затым услед пляснуўся у блакітную ваду і схапіў сына за пятку. – Купанне Ахіла пачынаецца. У ролі маткі героя князь Юры Загорскі.
…Пасля купання яны апрануліся ў суседнім пакоі, і гэта было вельмі падобна на маскарад, бо абодва апранулі ўзверх батыставых сарочак з карункавай грудзінай і вузкіх нагавіц да калень яшчэ і шырокае мясцовае адзенне, што чакала дзесяцігоддзямі падобных выпадкаў, лежачы ў скрынях паміж лісцяў дарагога турэцкага тытуню.
Бацька ўсклаў на сябе суконны паднізень вішнёвага колеру, а паўзверх яго чырвоную, тканую золатам чугу, крэкчучы нацягнуў малінавыя боты і чырвоныя замшавыя пальчаткі. Потым сын памог яму абкруціць вакол таліі залататканы слуцкі пояс. Бацька прыціснуў канец пояса далонню на жываце і павольна круціўся, сочачы, каб пояс лёг гожымі складкамі.
Цяпер прыйшла чарга Алеся. Ён таксама нацягнуў боты, толькі белыя. Пасля замест паднізня бацька накінуў на яго шырокую белую кашулю з адным плячом, – на другім яе закалолі сярэбранай фібулай. Паўзверх кашулі пан Юры, па-мужску няспрытна, апрануў сына ў вузкую белую чугу, такую самую, як і ў самога, толькі тканую серабрыстымі і блякла-залацістымі травамі.
– Велікародныя гаспадары Загорскія, князі Сухадола і Вежы збіраюцца на вайну.
– Куды на вайну?
– Вядома куды. На аршанскае поле.
– Каго біць?
– Там скажуць!
– А за што?
– А так, – сказаў бацька. – Без дай прычыны. Каралеўскі загад.
Святочныя, яны выйшлі на тэрасу, дзе іх чакала маці з маленькім Вацлавам, гувернёры і некалькі слуг на чале з Кірдуном. Маці і Вацлаў былі ў звычайных святочных адзеннях з белага індыйскага мусліну і карункаў, гер Фельдбаўх у сурдуце, месье Жано – у зграбным чорным фраку.
Затое слугі, падобна гаспадару з сынам, былі таксама ў старой паюцкай вопратцы.
Маці прывіталася з сынам і ўстала за мужчынамі. Усе пачалі спускацца з тэрасы. Алесь ішоў, апусціўшы вочы, калі раптам нешта неўсвядомленае прымусіла радасна задрыжаць яго веі.
Ён ускінуўся – перад ганкам стаялі ў святочных уборах Кагуты: Міхал, дзед Даніла, Андрэй, Кандрат, Павал, Юрась. Толькі Марылі не было ды старэйшага Стафана.
Кінуўся быў да іх – бацькава рука ўладна сціснула плячо.
Кагуты стаялі моўчкі. Ніхто з іх не глядзеў на пана Юрыя; толькі на Алеся глядзелі ўсе. І Алесь, адчуваючы амаль фізічны боль у сэрцы, ішоў да іх.
Толькі наблізіўшыся, ён ўбачыў, як моцна яны цяпер адрозніваюцца ад яго, які высахла-белы стары Даніла, якая ссутуленая, прыгнутая цяжарам зямлі, спіна ў Міхала, якія нязграбныя рухі ў сыноў, быццам спуджаных святочнай вопраткай і дзівоснымі абставінамі. Усе яны хавалі вочы. Толькі Паўлюк, здзіўлена і нават неяк адчужана, глядзеў на паніча.
Кірдун з аброццю на плячы зайшоў перад панамі і стаў твар у твар з Міхалам.
Ён працягнуў адзін канец аброці Міхалу, другі – пану Юрыю.
– Дзе тая аброць, на якой ты вадзіў гэтага стрыгуна? – спытаў Халява.
– Вось, – паспешлівыя пальцы Міхала выцягнулі з-за спіны сырамятную цёмную аброць.
Кірдун узяў і працягнуў другі канец гэтай аброці пану Юрыю. Так яны і стаялі, злучаныя дзвюма аброцямі, мужык і пан…
Цяпер гаварыў Юры.
– Ці абаранялі паніча твае сцены? – спытаў Загорскі.
– Абаранялі. Як сыноў, так і яго.
– Дай, – сказаў пан.
Андрэй ступіў да паніча і выняў са скуранога вацка шчопаць сажы, тлустай сажы з хатняй сцяны.
– Маж, – сказаў бацька. – Каб помніў.
Калі Андрэй мазаў сажай пасму валасоў на Алесевай галаве, хлопец узняў на яго ўмольныя вочы. І толькі Андрэй, перахапіўшы позірк, непрыкметна для іншых усміхнуўся яму краёчкам вуснаў.
Вацок з астатняй сажай таксама схавалі ў ларэц.
– Ці вадзіў ты яго па зямлі, куды мы ўсе пойдзем? – спытаў бацька.
– Так, – сказаў Міхал.
– Тады атрымай трыццаць, – бацька глянуў на Алеся і паправіўся, – не, нават сорак восем дзесяцін… Той клін, што за Лугавым. Каб табе і дзецям тваім было па якой зямлі хадзіць… Гэта зямля вызваляецца ад пабору і давеку астанецца за тваёй сям'ёй.
Юрась, відаць, загадзя падрыхтаваны, стаў на калені, і Юры паклаў яму на рукі шчопаць падножнага.
– Ці вучыў ты майго сына быць літасцівым да жывёл, як то належыць чалавеку?
– Так.
– Тады атрымай сем коней-двухгодак і дзве каровы для жанчын.
Веі ў Алеся былі вільготныя. Што б там ні было, а гэта яго, Алеся, прадавалі зараз, і ў гэтым было яго падабенства з другімі людзьмі ў белым.
– Дом твой будзе моцны, – сказаў пан Юры. – Пад кожную пяту твае хаты і хаты сыноў ты пакладзеш па дзесяць рублёў, бо выхоўваў у працы і поце майго сына. Шэсць сыноў – дзвесце сорак рублёў…
Скураны мяшочак бразнуў, упаўшы паміж двума строямі.
…Пасля Алеся пасадзілі на Ургу і пан Юры павёў яго вакол маёнтка. Астатнія ішлі за ім. Бацька спыніўся на высокім урвішчы Дняпра і абвёў рукою ўсё, што вакол.
– Гэта тваё, – сказаў ён. – Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць.
Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Потым падаў бацьку кароткі корд у срэбных, з залатымі травамі похвах.
Бацька стаў побач з канём і засунуў шаблю ў пятлю высокага сядла.
– Ты носіш добрую зброю, каб не злоўжываць ёю, і багатую вопратку, каб не ганарыцца ёю перад астатнімі.
І ён злёгку пацягнуў сына нагайкай па спіне, а потым прымацаваў гарапнік да другой пятлі сядла.
– Помні.
За ўсімі гэтымі цырымоніямі не заўважылі, як стамілася пані Антаніда. У яе забалела галава, і пан Юры нават з некаторай радасцю адпусціў яе.
– Стаміўся? – спытаў бацька, з паблажлівай ласкавасцю заглядаючы ў вочы сына.
– Не.
– Гэта добра. Зараз, браток, пачнем абрад, на якім нікому не дазволена прысутнічаць, акрамя нас… Добра запомні… Бо давядзецца перадаваць сыну…
Твар ягоны быў стомлены, відаць было, што яму абрыдзела ўсё гэта, але нават ён знаходзіцца зараз пад страшным цяжарам нечага абавязковага, наканаванага і непахіснага.
…Яны мінулі палац і пайшлі па незнаёмай алеі ў тую частку ірэгулярнага парку, куды бацька дагэтуль ніколі не вадзіў Алеся.
Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Замест светлых ліп, ясакараў і італьянскіх таполяў паабапал алеі ўсё часцей трапляліся чорныя і нейкія зімнія яліны ды змрачнаватыя векавыя дубы. Яленец суцэльным магутным дываном укрываў палянкі, нечапаная папараць клубілася над зрынутымі дрэвамі. Парк быў ужо сапраўдным лесам.
І тут бліснуў у непралазным гушчары празрысты, відаць, ад магутных крыніц, стаў, а над ім, на цьмянай ад ценю паляне паўстала дзіўная будыніна, вузкая і высокая, змураваная з шэрага і ружовага каменя-дзікуна.
Такой яна была на вышыню аднаго паверха. Вышэй камень быў абчэсаны, былі нават там-сям раманскія арачкі. А яшчэ вышэй, амаль да верхавін пяцісотгадовых замшэлых дубоў, узносіліся дзве карункава-змрочныя гатычныя вежкі. Змрачнаватая, значна большая ў вышыню, чым у даўжыню і шырыню, будыніна думала аб чымсьці, што не датычылася двох чалавек, якія зараз ішлі праз заценены луг да яе дзвярэй, і гэты яе спакой быў спакоем канца.
Перад ёю, у высокай траве, ляжалі па крузе сем абчасаных камянёў, а ў цэнтры круга ляжаў восьмы, з правільна круглым заглыбленнем наверсе.
– Сядай на зямлю, – сказаў пан Юры. – І слухай.
Неўсвядомлена пранікаючыся нечым страшнаватым, Алесь сеў.
– Глядзі, – сказаў бацька.
На баку цэнтральнага каменя быў выбіты няўмела парушаны ва ўсіх прапорцыях вобраз добрага пастыра, які нясе на плячах агнца.
– А цяпер уяві, што сорак доўгіх чалавечых жыццяў ляжыць паміж табою і гэтым пастырам. Сорак. А ты сорак першы.
Яны маўчалі, схіліўшы галовы. Пад вяршынямі дрэў быў такі спакой – лісток не шалахнецца.
– Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар. Будуць і тыя, каму зробіцца нясцерпна цяжка, і я малюся богу, каб гэта не быў ты. Таму што ніхто не пазбегне. Кожны павінен будзе несці на рамёнах слабага, ягоны боль і ягоную крыўду. Хто гэты слабейшы – кожны выбірае сам. Друг, вера, жанчына або яшчэ нешта, пакуль невядомае… А цяпер паглядзі: на другой грані яшчэ больш старыя рысы. Гэты маладзік – гэта серп, а гэтыя калматыя трысцінкі – каласы. Хто будзе жаць – аб гэтым маўчаць гады і маўчаць стагоддзі. Ніхто яшчэ не дадумаўся, бо той, хто іх выбіў, памёр і не скажа… Пасядзі хвіліну, сыне, падумай або проста памаўчы.








