412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц » Текст книги (страница 23)
Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 23 (всего у книги 24 страниц)

– Архангел з рожкамі і хвосцікам, – смяшліва сказаў Мсціслаў.

Майка аперлася далонню на ствол ліпы. Сэрца ў яе падала ад адчування непапраўнасці таго, што сёння здарылася…

Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распрасцёртымі рукамі, пагрозліва цёмнымі вачніцамі і валасамі, што стаялі дыбарам над галавой.

– Глядзіце, – рыпенне ўплялося ў словы Франса: юнак, відаць, налёг на гальму, – Майка тут. Майка прыйшла.

– Сядзіш ты тут, Ядвінька, як квяціна ў крапіве, – сказала Майка.

– Гэта хто крапіва? Мы? – з пагрозай спытаў Франс.

Майка разумела, што ім з Мсціславам дрэнна. З неасэнсаванай варожасцю і за сябе, і за брата, і за Маеўскага яна адчувала, што Ядзечка дорага дала б, каб быць на арэлях удваіх з Алесем, што яна цягнецца да яго. А брату дрэнна. І Мсціславу з ягонымі сонечнымі вачыма – дрэнна. Ёй здавалася, што яна пакутуе галоўным чынам за іх.

І яшчэ яна ведала, што Мсціслаў даруе Алесю ненаўмысную крыўду. Проста таму, што любіць яго непарушнай братняй любоўю, таму, што ім, пастрыжным братам, ніколі нельга сварыцца. А Франс не даруе ніколі. І гэтая насцярожанасць можа пашкодзіць ёй як нішто.

– Злазь, Франс, – сказала яна. – Саступі мне, калі ласка.

– А я куды?

– Перайдзі да… Мсціслава.

Чырвоны сполах пракаціўся над пляцоўкай, і яна убачыла, што Алесь глядзіць на яе.

– Я злезу, – сказаў ён. – Гойдаць будзе Франс.

Ад скачка пад яго нагамі рыпнуў жвір.

– Вырашылі ўцячы? – амаль шэптам спытала яна. – Годны ўчынак. Спалохаліся маіх досціпаў?

– Не, Міхаліна… – таксама шэптам адказаў ён. – Проста…

І, падсадзіўшы яе, пайшоў прэч.

…Праз гадзіну яна стаяла ў тым самым цёмным кутку тэрасы і глядзела ў парк. Дождж злёгку спырснуў траву і кветкі, краем зачапіўшы Загоршчыну. Сполахі шугалі цяпер недзе далёка-далёка.

Пані Антаніда заўважыла Майку ля парэнчаў і падышла да яе.

– Ну што? Што з табой, дзяўчынка?

У Майкі перахапіла горла ад нечаканай пяшчоты гэтай жанчыны.

– Не ведаю… Але мне нешта так цяжка! Я такая няшчасная!

– Я разумею… Разумею… – і пяшчотна-тонкая рука яе лягла на Майчыну руку.

– Гэтага не трэба рабіць, дзяўчынка. У гэтым няма праўды… І ты нічога, нічога не зробіш…

– Чаму не зраблю? – з ноткай пратэсту спытала яна.

– Так… Такі ўжо закон, – і, усміхнуўшыся вінаватай усмешкай, пайшла.

…Майка ішла праз залу ў пакоі, сама не ведаючы, куды яна ідзе. Ля самага выхаду ў зімнюю лоджыю насустрач ёй трапіліся бацька і пан Юры. Пан Юры толькі ўсміхнуўся ёй.

– Малітва дзевы, – весела сказаў ён. – Вышэй галаву, панна Міхаліна.

Бацька адстаў ад яго і, дачакаўшыся, пакуль пан Юры аддаліцца, ціха сказаў дачцэ:

– Мы з ім трохі выпілі ў буфетнай… Яму непрыемна… Хаця ён і не кажа.

– Ах, бацька, што да гэтага мне? – нечакана страсна сказала яна.

– Не муч хлопца, – жорстка сказаў пан Яраш. – Не гуляй людзьмі ў гэтым доме. Трымай сябе, як належыць дзяўчыне. Не падабаецца, то і маўчы. Нібы ўзрадавалася, што можаш усё рабіць… А душа чалавека не ў чалавечай, яна – у божай руцэ.

Упершыню ў жыцці яна бачыла бацькаў гнеў.

– Больш ты сюды – ні нагой. Досыць мне сораму. І калі яшчэ ўбачу гэтыя твае гулі – паедзеш на Піншчыну, у Боева, матчыным пасагам упраўляць. Пад наглядам Тэклі.

Крутнуўся. Пайшоў даганяць пана Юрыя.

Міхаліна выйшла ў лоджыю. Неба ачысцілася, і за непамерна высокімі вокнамі мігцелі незлічоныя зоркі.

– Ах, ды што яны ўсе прывязаліся? – вырвалася з грудзей.

Вырвалася разам з плачам. І яна, апершыся на падвоканне, заплакала.

Што яны ведалі? Што яны ведалі пра яе, і пра медальён, і пра хлопца, які ўзносіўся галавою ў зарніцы? Што яны ведалі аб тым пачуцці ганебнай наканаванасці, якое ўвесь вечар валодала ёю?

Нібы і змагацца нельга. Нібы ўсё даўно вырашана за яе на небе, а яна проста бездапаможнае кацяня, з якім лёс робіць усё, што захоча.

Ніхто не думае, што яна чалавек. Ні бог, ні дарослыя, ні Алесь, ні… яна сама. Але ніколі не скажа гэтага. Ніколі.

Яна ведала, што яна і надалей будзе з'едлівай і нядобрай. Проста таму, што нельга, каб наканаванне ламала табе рукі. Але, хай ёй прабачаць усе, яна не хацела губляць юнака, які ляцеў між зарніц.

Амаль страціла яго. І за хваляй пагарды пойдзе хваля пакорлівасці, і, магчыма, прыніжэння. І так будзе заўсёды. Біся ў кіпцюрах лёсу, як спайманая птушка.

«Я не хачу! Не хачу! Божа, як я хачу гэтага!»

Разам са слязьмі нібы знікала нешта. На месца рашучасці прыходзіла безнадзейная пакора. Зоркі за акном вясёлкава расплываліся ў яе вачах. Сярод іх, недзе ля Воўчага Вока, былі іхнія зоркі. Дзе яны былі зараз, зорка Майка і зорка Алесь?

І раптам шкадаванне і няўтольная, вострая, ніколі ў жыцці яшчэ не адчуваная пяшчота авалодалі ёй.

Яна ўжо нiчога не баялася, нi аб чым не думала, нiчога не збiралася сцвярджаць. Яна проста прайшла лоджыяй i спусцiлася сходамi ў парк.

Зоры ззялі над галавою. Яна ішла і ішла алеямі, нібы ў сне, не ў змозе даць сабе адказ на пытанне, куды і чаго яна ідзе.

Зоры ззялі над галавою. Раптам нібы нехта сыпануў іх і ў траву. Слабыя, зеленаватыя, яны мігцелі ў ёй, амаль пад нагамі.

Гэта былі светлякі.

Цалкам неасэнсавана яна брала халодныя агеньчыкі ў руку. Урэшце рука заззяла, нібы ў ёй ірдзеў зялёны жар.

Вытаргнуўшы з галаўной сецi некалькi срэбных нiцей, яна спрытна пляла iх пальцамi.

Яна рабіла гэта, не ведаючы, што сотні пакаленняў жанчын рабілі гэта да яе. Рабіла, нібы ў сне.

Потым яна ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак.

…Алея за алеяй. Майку чамусьці цягнула да става, дзе стаяла «крохкая» вярба. Але яна не паспела дайсці да яе. Калі да става асталося ўжо зусім нямнога і адтуль дыхнула вільготным павевам, яна ўбачыла цень, што рухаўся ёй насустрач.

– Ты? – спытаў цень.

– Я.

Ніколі яшчэ яму не здавалася такім патрэбным быць з ёю. І ніколі яшчэ ён так не гневаўся.

– Вазьмі свой медальён, – сказаў ён. – Я не думаў, што гэта будзе так. Але, відаць, праўда, што на зямлі няма нічога вечнага.

Зоры ззялі над яе галавою. Зоры ззялі ў валасах.

– І ты можаш? – глуха спытала яна.

– Нічога, у мяне застанецца яшчэ адзін. Гэта цётчын медальён. Ён, як яна казала, тройчы тры разы ўратуе мяне. Лухта. Шкада, што яна не дала мне нічога ад дробных жаночых учынкаў. Урэшце, нічога. Спраўлюся сам.

І працягнуў ланцужок:

– Вазьмі.

Яна раптам зрабіла яшчэ адзін крок. Бязвольна і пакорліва ўпала галавою на ягоныя грудзі. Ён стаяў, працягнуўшы рукі ўздоўжз тулава.

– Алесь, – сказала яна. – Алесь…

Была ноч і вярба. Быў усход. А потым было сонца.

І, калі яно ўзнялося над дрэвамі, ад круглых лістоў вадзяных гарлачыкаў ляглі на дно цені.

І цені белых вадзяных лілей на дне става былі, як заўсёды, чамусьці не круглыя, а нагадвалі разарваныя пальмавыя лісты.

XXXII

Лета было летам шчасця. Не разумеючы яшчэ да канца, што такое каханне, Алесь ведаў, што яго кахаюць і ён сам кахае. Майка часта бывала ў Загоршчыне і была такая ласкавая, такая добрая з ім, як добрае лета, што стаяла вакол.

Бываў ён у Раўбічах. І там таксама ўсе любілі яго. Нават Франс супакоіўся. Асабліва пасля таго, як упэўніўся, што Алесь ні ў чым яму не пагражае, а Ядзечка, хаця і сумуе, усё ж мірыцца з новым становішчам і ставіцца да Франса памяркоўна і мякка, бо ён харошы хлопец і ёй добра з ім.

Мсціслаў месяца паўтара жыў у Алеся. Таму ўсім было весела. Ездзілі ўсім хаўрусам і да Кагутоў, і да Клейнаў, і да Мнішкаў. Паўсюль было весела.

А ў Раўбічах асабліва. Таму што Вацлаў і Стась пасябравалі, выкідвалі, разам з Наталяй, розныя дурыкі.

Да таго ўсё было добра, што нават Майчына нянька, старая Тэкля, палюбіла Алеся і, калі чула, што ён павінен прыехаць, буркатала:

– Во і сонейка маё прыедзе. Бог таму дасць, хто яго любіць. А хто такому дачку аддасць – таму бог дасць удвая.

Бывалі і ў дзеда, і там было лягчэй за ўсё. Вежа не перашкаджаў нічым. Хіба што трохі іранізаваў над маладымі людзьмі. І здзіўляўся сам сабе. Чаго гэта ён, стары сугней, якому пакутай было бачыць людзей, аніяк не пакутуе з той прычыны, што дом поўны моладзі, што паўсюль гучаць галасы, песні, смех, што нельга сесці ва ўлюбёнае крэсла, не сеўшы пры гэтым на партабак Франса, нельга зайсці ў галерэю, каб не перашкодзіць юнакам, якія наладзілі там танцы. Дзіўна, гэта аніяк яму не перашкаджала. Наадварот, нават падабалася.

Пакутаваў спачатку адзін Мсціслаў. Гэтаму, нават пры ягонай легкаважнасці, даводзілася дрэнна. Падабаецца табе дзяўчына, а ёй падабаецца твой лепшы сябра. Гэта яшчэ няхай! З сябрам, тым больш пастрыжным братам, біцца не палезеш. Але пастрыжны брат адступіўся. Дык што б вы думалі? Знайшла другога сябра. Каго хочаце, абы не яго.

Ён быў лёгкі чалавек, але такой ганьбы нават для яго было занадта. Таму хлопец крута змяніў сваё жыццё. Замест весялосці і танцаў браў сабаку і ішоў з ім у палі. Блукаў там, поўны меланхоліі, вёў размовы з сабакам, чытаў сентыментальныя раманы, якія яму зусім не падабаліся. Паспрабаваў нават пісаць вершы, поўныя тугі і сардэчных уздыханняў. Уздыханняў было шмат, рыфмаў – трохі меней, складу і мілагучнасці – зусім мала. Плюнуў.

Скончылася гэта зусім нечакана. Рытуал патрабаваў, каб закаханы наведаў тыя месцы, дзе ён бываў шчаслівы. Мсціслаў меў такіх месцаў няшмат, асабліва ў Азярышчы, куды сябры прыехалі наведаць Кагутоў. Маеўскі пайшоў да вялізнай адрыны, дзе калісьці ён і Алесь лазілі па сене, точачы ў ім хады між стогам і латамі страхі.

Прыйшоў туды і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць.

– Паніч прыйшоў! Вой, ды які ж харошанькі!

Дзеўкі спаймалі яго, пакацілі па сене і скончылі тым, што напхалі яму мурагу між целам і вопраткай. Ганьба была страшэнная. Дзеўкі!.. Мужчыну!.. Калі яны пусцілі яго, Мсціслаў выглядаў так, нібы яго надзьмулі.

Бараніла яго толькі дзевяцігадовая Янька Кагут. Крычала на дзевак, штурхала іх як магла і цягнула за ногі. Гаравала, што напалі на аднаго.

Мсціслаў вызваліўся як мог ад сена, а потым стаў нападаць на дзевак па адной. Раскідваў і валяў іх, як коз. Падстаўляў ножку, скідаў са стога і не даваўся, каб зноў схапілі.

Урэшце зразумеў, што ўсё адно спаймаюць, і разам з Янькай уцёк дамоў. З таго часу хадзіў з ёю і на рыбу, і па маліны, і «глядзець ласёў». Жартам называў «нявестай».

– А што? На восем год маладзейшая. Скончу вось універсітэт – ажанюся. Я дваранін, з невялікіх, яна – вольная сялянка. Рамантыка! Карамзін!

Рабіў выгляд, што падыходзіць да хаціны. Скідаў шапку:

– Здравствуй, добрая старушка. Чувствительное сердце твое не может отказать стрелку. Ибо и старые поселянки любить умеют, под сению дерев пляша. Не можешь ли ты дать мне стакан горячего молока?

Усе рагаталі. А ён з таго часу пакінуў гуляць у расчараванага каханка.

У жніўні Алеся і Вацлава запрасілі ў Раўбічы.

Пан Яраш сустрэў іх ветліва і цёпла, але дзіўна. Алесю адразу здалося, што Раўбіч быў бы куды больш узрадаваны, каб яны прыехалі праз дзень або паслязаўтра. Нешта такое было ў ягонай усмешцы, у залішняй гасціннасці, у тым, што ён, здаецца, не ведаў, куды яму падзець вочы.

Таму Загорскі адразу папрасіў дазволу пакінуць Вацака з Наталяй і Стасем, а самому ўзяць Майку і паехаць з ёй вярхі. Да вечара. Ён казаў гэта, не зводзячы позірку з вачэй пана Яраша. І ён упэўніўся ў тым, што яму сапраўды лепей знікнуць адсюль да самай ночы. І Майцы – таксама. Таму што пан Яраш зусім няўлоўна для старонняга вока, але ўзрадаваўся.

– Магчыма, мы заедзем да Басак-Яроцкага, – не адводзячы вачэй, сказаў Алесь. – Тады ён, вядома, не адпусціць нас.

– Не, сынок, – сказаў пан Яраш, – гэтага не трэба. Вядома, калі вы захочаце астацца ў пана Яроцкага, тады справа іншая. Думаю, у яго можа быць цікава, тым болей што ні Міхаліна, ні ты там яшчэ не былі. Але толькі ў тым выпадку, калі вам сапраўды захочацца там астацца.

– Добра, – сказаў Алесь. – Мы астанемся, толькі калі заедзем туды.

Пан Яраш першы адвёў вочы. Яму на хвіліну стала страшна ад недзіцячай пранікласці хлопца.

– Добра, – сказаў ён, – я дам Майцы загад збірацца. Пачакаем, пакуль тое, на стайні.

У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, манежы, праварыне і бегавых дарожках – словам, пры ўсім, што складала конскі завод – некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба.

Там заўсёды былі канапы, каб госці маглі адпачыць. Госці ацэньвалі коней, спрачаліся, мянялі і куплялі, заключалі пагадненні, пілі каву, закусвалі.

У пакоі, куды Раўбіч прывёў Алеся, стаяла вялізная турэцкая сафа, стол з бутэлькамі і закускай і некалькі крэслаў.

Алесь зайшоў і адразу страшэнна здзівіўся: у крэсле за сталом сядзеў чалавек, якога яму менш за ўсё хацелася бачыць і якога ён менш за ўсё спадзяваўся сустрэць тут. Слаба загарэлы, з празрыста-ружовым румянцам на тугіх шчоках, пан Мусатаў сядзеў за сталом і папіваў ледзяную ваду з лімонным сокам.

Вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пільна і весела глядзелі на княжыча. Учэпістыя, прыхавана-нервовыя рукі сціскалі сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі вузкую шклянку, усю запацела-дымную, у пацерачках кропель.

– Што такое, пане Аляксандр? – спытаў Мусатаў. – Вы не чакалі бачыць мяне тут?

– Чаму не, – сказаў Алесь. – Кожны мужчына можа прыехаць на стайню да пана Раўбіча.

Выйшла падобна на поўху, і Алесь пашкадаваў аб гэтым, убачыўшы Раўбічавы вочы.

– Яны, відаць, таксама не чакалі, – усміхнуўся ружовымі вуснамі жандар.

Алесь азірнуўся і ўбачыў пана Мнішака і Юлляна Раткевіча, таго самага прадстаўніка малодшага роду, які некалі на дваранскай зборні падаў запіску аб неабходнасці вызвалення сялян. Нервовае жаўтаватае аблічча Раткевіча было стрымана-злоснае.

– Я прасіў бы вас не жартаваць так, – спакойна сказаў Раўбіч. – Я, урэшце, сам запрасіў вас да сябе.

– Прабачце, – сказаў Мусатаў. – Я прыехаў не ўчора і не заўтра, як вы мяне запрашалі, а сёння. Самі ведаеце, справы… Але я ад усёй душы ўдзячны вам за лаяльнасць і за пастаянную гатоўнасць памагаць уладам.

– Не варта падзякі. Урэшце, каму як не нам клапаціцца аб парадку ў наваколлі.

Алесь ужо нічога не слухаў. Бо за спінамі Мнішака і Раткевіча ён раптам убачыў маладжавы і наіўны твар… пана Выбіцкага, загоршчынскага аконама. Выбіцкі хаваў вінаватыя вочы і выглядаў ніякава, нібы спайманы на чымсьці. І гэта было зразумела, таму што яму не належала тут быць, таму што ніхто – ад пана Юрыя і Алеся і да апошняга мужыка – не думаў, што ён тут. Таму што яшчэ ўчора пан Адам Выбіцкі на дзень адпрасіўся ў пана Юрыя, каб з'ездзіць па пакупкі ў Сухадол.

Недалёка ж ён ад'ехаў ад Загоршчыны.

Варта было б здзівіцца гэтаму, але, урэшце, гэта была ягоная справа…

Да таго ж тут сядзеў халуй, сышчык, якога нельга было дапускаць у справы сваіх людзей. Дзеля нейкай мэты Раўбіч запрасіў яго сюды, вызваліўшы для сябе адзін дзень. «Учора» або «заўтра». Дрэнна ж Раўбіч яго ведаў. Такі заўсёды з'явіцца тады, калі яго не чакаюць, менавіта «сёння». «Сёння», а не «ўчора» ці «заўтра».

Алеся не абыходзілі справы пана Раўбіча. Але ён бачыў, што Мусатаў з цікавасцю назірае за сустрэчай аконама і маладога гаспадара. Пільныя зеленаватыя вочы глядзелі з іранічнай дапытлівасцю.

Загорскі дастаў з кішэні пулярэс і пачаў корпацца ў ім.

– Добры дзень, пан Адам, – неахвотна, нібы злуючыся на аконама, сказаў ён і дастаў з пулярэса сто рублёў.

– Дзень добры, пане Алесь, – адказаў Выбіцкі.

– Бацька вельмі нездаволены вамі, – сказаў Алесь і ўбачыў, як спалохана здрыгануліся веі аконама. – Ён лічыць, што вы маглі б правесці справу хутчэй… Вазьміце вось.

Рука Выбіцкага непаразумела ўзяла грошы.

– Вы затрымаліся на лішні дзень і за гэты дзень не маглі дабіцца нават дробязнай скідкі. Вы ведалі, што без Шаха нашаму заводу – зарэз, і нічога не дамагліся. З вашай літасці мы пераплачваем пану Раўбічу сто рублёў на гэтым жарабцы.

Выбіцкі, нарэшце, зразумеў. Настолькі зразумеў, што нават «абурыўся».

– Вы яшчэ малады, князь, каб чытаць мне натацыі.

– Малады я або не – не вам меркаваць. Я – гаспадар і разам з бацькам плачу вам грошы… Мяркую, дарэмна плачу.

– Прабачце, княжа, – спалохана сказаў аконам.

Мусатаў адвярнуўся, відавочна страціўшы ўсякую цікавасць да зборні.

– Вось так, – сказаў Алесь.

Ён зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярхі ў блізкі свет.

– А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску. Карыстаецеся нашай пільнай патрэбай і таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні!

– Сабе даражэй, – зніякавеў Раўбіч.

– Справа тут у прынцыпе. Адносіны не могуць быць добрасуседскія, калі сусед не саступае суседу.

Раўбічавы вочы няўлоўна смяяліся.

– Ну до ўжо, до, – сказаў ён. – Мы тут без вас паразумеліся з панам Выбіцкім. Шах адправіцца ў Загоршчыну адразу ж. Я адмовіўся ад прыбаўкі. І… ведаеце што, даруйце яму.

– Ды я і сам не хацеў бы, – сказаў Алесь. – Я ж ведаю яго непадкупную сумленнасць. Ведаю, што ён не стане займацца нічым, акрамя спраў гаспадара. Проста крыўдна было.

Жандар цяпер ужо зусім не слухаў. Наадварот, сам завёў спрэчку з Раткевічам. Ён вёрз нешта такое, што можна было прачытаць у кожнай правай газеце.

Алесь адчуваў, што самая прысутнасць гэтага чалавека тут, у Раўбіча, абражае веліч ягонага пачуцця да Майкі і самае паветра любага дома.

– Я прасіў пана Мусатава аб дапамозе, – сказаў Раўбіч. – Проста чорт ведае што. У маёй Хаданоўскай пушчы нейкія падазроныя людзі. Ёсць высечкі. Днямі аб'ездчык бачыў ля вогнішча ўзброеных людзей.

– Зробім, – сказаў Мусатаў. – Трэба звязацца з земскай паліцыяй. Ну і, канечне, вы самі павінны памагчы людзьмі.

Ён канчаткова супакоіўся. А Загорскі глядзеў на Раўбіча і, сам не ведаючы чаму, адчуваў, што той гаворыць няпраўду.

«Проста запрасіў гэтага блакітнага сышчыка, – думаў Алесь, – запрасіў, адцягваючы ўвагу ад чагосьці. Не чакаў, што прыедзе менавіта сёння. Перастараўся, пане Яраш. Гэтак гуляючы, можна і галаву зламіць».

І раптам гарэзлівая думка прыйшла яму ў галаву. Уласна кажучы, нічога не каштавала вытурыць адсюль Мусатава, прычым так, што ён і не здагадаецца. «Не выпендзам, але бардзо проша». Хай сабе пабегае. А між тым паветра ў Раўбічах адразу стане чысцейшае.

– Па-мойму, вы не туды глядзіце, пан Раўбіч, – сказаў Алесь.

– Што-небудзь ведаеце? – спытаў Мусатаў.

– Нічога не ведаю, – сказаў Алесь. – Але страху сёння нацярпеўся. Шчасце, што пісталет быў у хусце, то я недвухсэнсоўна высунуў яго, каб рукаяць тырчала. Мяркую, толькі таму і абышлося. А іначай мог бы і галавою налажыць. Ва ўсякім разе, грошы аддаў бы не Выбіцкаму, а іншаму…

– Хто іншы?

– Еду сюды. Толькі праехаў камень Выдравай грэблі – ну, яшчэ там, дзе лес ля самай дарогі, – перасякае дарогу чалавек на вараным кані. Стаў на ўзбочыне і глядзіць. Ды пільна так, нядобра. Вочы сінія, бязлітасныя. З сакваў пісталеты тырчаць. Пастаяў, усміхнуўся на мой дэрмаш з пісталетам, пасварыўся пальцам і знік у напрамку да Дняпра… Пайшоў, відаць, у Кортаўскі лясны востраў.

– Чаму мяркуеце так?

– А таму. Ля Кортава адзіны на ўсю тую паваротку Дняпра брод. Зручна. Калі перапраўляцца ды ў Янаву пушчу ісці, то толькі там. А калі ўдзень перапраўляцца не рызыкне, то і ў Кортаўскім востраве перасядзець можна.

– Аблічча не запамяталі?

– Чаму ж не, – Алесь біў на тое, што Мусатаў анічога не ведае пра дзве сустрэчы яго з Войнам. – Нос гарбаты. Аблічча загарэлае такое, як гарчыца. Я чаму і падумаў, што падазроны, што нельга звычайнаму чалавеку, які пад дахам сядзіць, ну вось хаця б вам, пане Мусатаў, так загарэць. Адразу відаць, што не сядзіць, а цэлымі днямі пад сонцам гойсае… Што яшчэ? Ага, валасы чорныя і нібы хто ў іх павуціннем сыпануў. Усе сівізною перавітыя…

Мусатаў збялеў.

– Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б.

Устаў і пайшоў з пакояў. Раўбіч, счакаўшы трохі, выйшаў за ім.

– Здорава гэта ў цябе палучаецца, – сказаў ён. – Выручыў… Зарэзаў ты мяне без нажа!.. Шаха цяпер адсылай… І брэшаш ты ўсё на сваю карысць.

– А хто на чужую карысць брэша? – сказаў Алесь.

– Т-так.

– Нічога, дзядзька, заплацім.

Вочы пана Яраша з раптоўнай пяшчотай зірнулі на юнака.

– Хочаш – заставайся, – з нечаканым парывам сказаў ён. – Не ездзі.

– Не, – сказаў Алесь, – вярхі ездзіць лепей, чым тут сядзець. З Міхалінай гаварыць лепей, чым з уласным аконамам.

– Горды, – сказаў Раўбіч, – так і не даруеш?

– За што? У вас свае справы, у мяне – свае.

Калі Майка і Алесь выйшлі на конны двор, з-за ягонай брамы даляцеў да іхніх вушэй дзікі пошчак капытоў. Апалон Мусатаў не вытрымаў Алесевай весткі, а на гэта і разлічваў юнак.

Жандар выехаў з двара назнарок павольна, трымаючы гонар, нібы яго аніяк не ўсхвалявала чутка аб з'яўленні Войны. Але на доўгі час вытрымкі ў яго не хапіла, і ён прыўдарыў так, што толькі пыл закурэў пад капытамі каня. Што ўжо што, а ў смеласці жандару нельга было адмовіць.

Яны ехалі пустымі раўбічаўскімі ржышчамі, і Алесь вучыў Міхаліну ездзіць «па-сапраўднаму».

– Ты сядзі ў сядле толькі ў час конскай хады. Калі конь ідзе рысссю ці наўскапыта – ты ўставай у страмёнах і хіліся наперад. Галоп будзе роўны, чалавек не будзе скакаць у сядле. Гожасць у такога палёту дзівосная, зручнасць – выключная. Ну, пагналі.

Вырашылі ехаць да загорскага замчышча, а адтуль у лес. Майка настаяла, хаця Алесь і лічыў, што гэта далёка. Але ёй хацелася туды, бо гэта была дарога шчасця, і руіны, і дно той крыніцы, у якую яны, дзеці, заглянулі калісь.

– Кастусь табе нічога не піша?

– Прыслаў нядаўна ліст… Ён са мною.

– Кастусь спадабаўся мне, – сказала Майка, – ён харошы і вельмі сумленны. Лепшы твой набытак за ўсё жыццё, калі не лічыць Мсціслава.

– Ну і цябе, канечне, – засмяяўся Алесь.

– Сакрэтаў у лісце няма?

– Няма.

Алесь дастаў з пулярэса ліст, спісаны роўным дробным почыркам друга.

– Прыгожа піша, – сказала Майка.

– Галоўнае, разумна піша. Вось, слухай:

«Дарагі Алесь!

Уяві сабе, што я пішу ўжо не з Масквы, а з Пецярбурга, якога калісьці так не любіў і ў якім не хацеў жыць. Але зрабіць нічога было нельга. Брат Віктар з Маскоўскага універсітэта звольніўся, а мы вымушаны трымацца адзін за аднаго. Ён слабейшы фізічна, я – бяднейшы. Без абаетнай дапамогі прападзем, як рудыя мышы.

Словам, я “звязаў кілбасу”, абышоў і назад вярнуўся, і столькі лішняй дарогі зрабіў. Але не шкадую. Не шкадую і Масквы, бо яна – дзівосная. Не шкадую цяпер і Пецярбурга, бо тут жыццё, як вір, і нашмат болей цікавых і нашых людзей. Канечне, нагляд стражэйшы і да “брамы пад архангелам” аж занадта блізка, а начальства пачасту крычыць “ашкір”, як на авечак, але людзі – дзіва. І горад – дзіва! Размыты, увесь сіні і залаты. Прыгажосць невыказная. Здатны быў бы пакахаць яго самым гарачым каханнем, каб не выходзіла адсюль столькі благога і цяжкага. Але, як падумаць, людзі не вінаватыя. Вінаватыя нелюдзі… Бачыў, між іншым, нашага “Лабыра”. Ехаў па Неўскім. У абліччы самае цікавае – прычоска, а падбароддзя зусім няма. Едзе сабе ў ландо такі даліктун, свіны тата, глядзіць на свет звысоку. Стрэліся позіркамі, і я нават спалохаўся, а што, як раптам здагадаецца аб пачуццях адной з тых мурашак, якія сноўдаюць ля ног. Зразумеў: ненавіджу. Кацюга, людаед, кат роднай нашай зямлі».

– Як гэта ён не баіцца? – перапыніла Майка.

– Ён нічога не баіцца. А ліст з аказіяй прыйшоў, з верным чалавекам. Дык вось:

«Каб вочы маглі спапяляць, – адзін попел ад яго астаўся б. Падумаць толькі, колькі ж ліха можа нарабіць адзін?

Дык вось, дванаццатага ліпеня Віктар з універсітэта звольніўся, і мы адразу паехалі “жалезным зміем” у Пецярбург. Нанялі пакойчык на Васільеўскім востраве. Першага жніўня падаў рэктару прашэнне, каб ласкава дазволіў здаваць прыёмныя экзамены. Прозвішча рэктара – Плятнёў. Друг Пушкіна, але чалавек, здаецца, досыць старамодны і да асаблівых навін не схільны. Прасіцца буду на юрыдычны, па разраду камеральных навук. Спачатку думаў быў у медыкі, як Віктар, але раздумаў. Здароўе людзей – гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. З камералаў выходзяць самыя лепшыя гаспадары і адміністратары. А гэта – галоўнае. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў. Унь у нас на Гродзеншчыне. Неўраджаі некалькі год, халера лютуе, тыфус косіць людзей, гарачкі іх кладуць.

А яны, сабакі, на нас ціснуць. На ўсю краіну адна навуковая ўстанова: Горацкая акадэмія (гэта калі не лічыць смаргонскай, дзе мядзведзяў вучылі). Вядома, так ім лягчэй нас у кіпцюрах трымаць. Што з беларуса возьмеш? Цёмная бутэлька. Віленскі універсітэт закрылі, гімназіі ў Гродна ды Беластоку закрылі. З нашай, Свіслацкай, зрабілі вучылішча на сорак вучняў. А было ж некалі чатырыста!

Ну, добра! Вучыцца буду, як вол. А вывучуся. Не ведаю, як будзе з платай за навучанне. Пяцьдзесят рублёў срэбрам у год – гэта для мяне зашмат. Можа, вызваляць па беднасці. І яшчэ каб стыпендыю нейкую атрымаць. Але гэта раней як на другім-трэцім курсе не атрымаецца, так што няма чаго і думаць. Буду даваць урокі».

– Ты б прапанаваў яму дапамогу, – перапыніла зноў Майка.

– Не возьме. Ды яшчэ і аблае. Ён горды.

– То што рабіць?

– Папрасіў дзеда, каб Ісленьеў патрос сувязямі.

– Хіба можа?

– А што? Ён рускі, пецярбуржац. У кар'еры яму ніякія сувязі не памогуць, а ў такой лухце знойдуцца. Дзед пад сакрэтам накіраваў грошы за навучанне на ўвесь тэрмін. А там скажуць – «вызвалілі». Толькі ты нікому не кажы.

– Не скажу.

– Стыпендыю з часам атрымае. А не атрымае – зробім, як з платай. Ну і ўрокі. Я палічыў. За нядрэнны пакой – дзесяць рублёў. Есці, каб хаця два разы – восем. Кнігі – пятнаццаць. Форма з дзвюма зменамі – дваццаць. Значыць, за ежу і дах у год дзвесце шаснаццаць. А разам з вопраткай і кнігамі – усяго дзвесце пяцьдзесят адзін рубель.

– Я не думала, што ты і практычны.

– Я – усялякі… То слухай далей:

«Дуніна-Марцінкевіча, аб якім ты пішаш, не ведаць – сорам. Першы наш сапраўдны паэт. У сорак шостым годзе надрукаваў у Вільні сваю “Ідылію” (здаецца, так), а ў мінулым, у Мінску, “Гапона” ды “Вечарніцы”. “Гапона” з “Вечарніцамі” дасылаю, “Ідылію” дастань сам. Трохі гэта, канечне, занадта дабрэчае і на ружовай вадзіцы з панскімі...»

– Прабач, Майка, – сказаў Алесь.

«...соплямі замешанае, але ён можа быць і злы. Нічога, што ён, пакуль тое, кроераў у нашым жыцці не заўважыў. Будзе і гэта. Галоўнае, наш чалавек. Таленавіты. Галоўнае – дыхнула наша пісьменства, з часоў агульнай панскай здрады забітае, загнанае. Сіраціна наша з табою першы свой голас падала. А чысты! А звонкі! Золата на хрусталі. Васількі ў жыце! Срэбныя кропелькі. Каб ты ведаў, Алеська, як хочацца вершы пісаць! Але ведаеш: лёс разгарнуцца не дасць. І хапаеш сам сябе за руку. А Марцінкевіч малайчына! Я зайздрошчу табе, што ты яго бачыў.

З тваёй гімназічнай гісторыі і пасмяяліся мы, і задумаліся потым. Але мне стала трохі сумна, што ты гэты год не будзеш паступаць ва універсітэт і станеш, дзедавым намаганнем, прывучацца да гаспадаркі. Як паедзеш, то цяпер, вядома, у Пецярбург, а не ў Маскву. Будзем разам. А пакуль тое, я табе падрабязна пра свае справы пісаць не буду. Так, трошкі. Папера, сам ведаеш».

– Шкада, – сказала Майка.

Алесь чытаў:

«Ты ведаеш, я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы. Я раней іх ведаў па горшых узорах, па жандарах, што да нас панасылалі. Сам ведаеш, добры чалавек на такое не пойдзе, сумленных і шчырых у такім асяроддзі – дарэмна шукаць. А тут прыглядзеўся – лухту гэта на іх нашы панкі, накшталт твайго Лізагуба, вярзуць. І тое праўда, што няма дрэннага народа. Канечне, гэта не яны нас на часткі шматуюць, у пятлю пхаюць, выбіваючы дух. Гэта дзяржава катаў, абрыдлівая, страшная, гнілая. Турма людзей, турма плямёнаў. Жандары, алілуйшчыкі, прадажная погань! З турмы, з турмы гэтай трэба вырывацца, калі хочам жыць. Трэба разумець, што справа ў рондзе [78] 78
  Ва ўрадзе.


[Закрыть]
, а не ў народзе. І што калі адасабляцца, то ад яго, а не ад людзей, што самі шукаюць сяброўства з намі. Шмат харошых хлопцаў. І сярод нашых, і сярод палякаў, і сярод рускіх.

“Современник” чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча – Дабралюбаў. Чалавек, па ўсім відаць, страшэнна памяркоўны, страсны і чысты. Нашы хлопцы ганарацца. Вучыцца ён у педагагічным. Гэта ў будыніне універсітэта. Пад адным дахам. Памятаеш, у Грыбаедава (па тваім спіску цытую):

Есть в Петербурге институт

Пе-да-го-гический – так, кажется, зовут?..

Там упражняются в расколах и в безверьи

Профессоры!

Прафесары “доупражнялись”. Цяпер узнялі голас выхаванцы. Вось яно як!

Пасля напішу аб усім. Перадавай прывітанне бацькам, дзеду, Мсціславу. І, вядома, Майцы. Я люблю яе. Перадай.

Залатыя прыножкi,

Дзе стаяць яе ножкі,

Дзе яна сядзела,

Там лаўка залацела».

Майка паружавела. Варухнула вуснамі.

– Во гэта кавалер! Не тое, што ты.

Алесь, нібы не слухаючы, чытаў далей:

«Яна сапраўдная беларуская дзяўчына. І таму, прабач, браце, я не хацеў бы для цябе небяспекі».

Майчыны шчокі сталі чырвоныя.

– Што ты напісаў?

– Напісаў, што мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражей за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна – мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дыгнуць нагою ды сказаць je suis de passaga[79]79
  Я тут праездам (франц.)


[Закрыть]
. Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці.

Яна зірнула на яго з павагай.

Урга і Касюнька імчалі па свеце. Снежна-белы і мышастая. А свет вакол быў жоўты ад іржышчаў і хрустальна-сіні ад неба. Сям-там на апошніх лапіках поля жанчыны яшчэ ваявалі з каласамі. Жоўтыя бароды жменяў здрыгаліся і бязвольна клаліся пад сярпом. І тонка-тонка, высока, далё-ока дрыжалі, плакалі ў чыстым паветры празрыстыя крынічкі галасоў.

 
Перапёлка, пераляці поле і сіняе мора, перапёлка.
Нясi звесьцi ад лiхой свякроўкi ды да роднай маткi, нясі звесьці.
Пра што, за што свякроў мяне біла асінавым кіем, пра што, за што?
А ці я ёй пасцелькі не слала, ці не разувала, а ці я ёй?
Пасцель слала: кулачок пад бачок, камень пад галоўку, пасцель слала.
Пазувала ў цёмным куточку альхавым пруточкам, разувала.
 

– Бедная мая, – глухім голасам сказаў Алесь. – Бедная мая зямля!

Жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна прыстоіла Касюньку да Ургавай рысі і пяшчотна пагладзіла каштанавыя валасы хлопца.

Яна ніколі не ведала, чаго, калі ад яго чакаць. «Нечаканы, як прадзед Акім», – казаў Вежа. Сапраўды, нечаканы, як удар маланкі. І таму страшэнна прывабны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю