355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Гляну я ў аконца... » Текст книги (страница 9)
Гляну я ў аконца...
  • Текст добавлен: 21 июня 2019, 04:30

Текст книги "Гляну я ў аконца..."


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 13 страниц)

Вечар быў цёмны. Супольнікі паспешліва вынеслі і пагрузілі скрынкі. Стась паехаў. Усе скіраваліся на маліну Казіка да Кацярыны, у былы схоў Барана. Калі яны прыйшлі, Стась ужо чакаў іх. Ён крыху пашкодзіў воз цяжкім грузам. Учатырох яны ўнеслі скрынкі ў кватэру і пачалі распакоўку. Перад вачыма блатных з’яўляліся бліскучыя сталёвыя колы, шасцярні, рычагі. Аглядаючы іх, злодзеі прыйшлі да высновы, што гэта нейкая складаная, дакладная машына. Але што яна робіць, яны зразумець не маглі. Усе былі расчараваныя і знявераныя такім вынікам.

Праз два дні ў гарадской газеце з’явілася надрукаваная тлустым шрыфтам аб’ява:

«За вяртанне або ўказанне месца, дзе знаходзяцца часткі зніклай 19 верасня машыны для вытворчасці цыгарэтных гільзаў, будзе выплачана сума ў 200 000 ост-рублёў. Звяртацца па адрасе: вул. Хрышчэнская, дом № 14, кв. 2, з 10.00 да 2.00 па абедзе».

Ясь параіўся з Баранам. Ён хацеў вярнуць машыну і атрымаць узнагароду. План вяртання быў распрацаваны. Яны аднясуць часткі на вайсковыя могілкі і там схаваюць у зацішным месцы, а з раніцы Ясь пойдзе на Хрышчэнскую і скажа, што выпадкова знайшоў іх там. Баран не раіў яму гэтага рабіць.

– Ніколі не вер фраеру! Што сабака брэша, што фраер абяцае, усё на адзін капыл выйдзе. Як не будзе з квасу піва, так з фраера чалавека слова не будзе.

– А я паспрабую. Яны нічога не дакажуць. Знайшоў, і ўсё. А можа, і выплацяць.

Баран упэўнена сказаў:

– Рабі, як хочаш. Толькі памятай, што фраер цябе, калі зможа, за твае ўласныя грошы ўдушыць, а што ўжо пра ягоныя грошы казаць!.. Мне з тых грошай доля непатрэбная!

Нягледзячы на гэта, Ясь з Казікам Марэцкім пад аховай вечаровай цемры папераносілі часткі машыны на вайсковыя могілкі. Там яны схавалі іх у загадзя нагледжаным месцы. Праца была доўгая і непрыемная. Яны вярталіся шмат разоў. А на наступны дзень а дзясятай Ясь пайшоў па згаданым адрасе. Папярэдне ён прывёў у парадак кватэру, каб магчымы вобшук не даў аніякіх вынікаў. Прыбраў адтуль усе каштоўныя рэчы, аддаўшы іх на захаванне Марусі Лобавай, якая здзівілася, але ні пра што хлопца не распытвала.

Ясь пазваніў ва ўжо знаёмыя яму з работы дзверы кватэры нумар два. Амаль насупраць вядомай прыбудоўкі. Адчынілі адразу ж. У паўцёмным пакоі Ясь разгледзеў фігуру старэйшага нізкага мужчыны ў акулярах.

– Вы да каго?

– Я па аб’яве ў газеце.

– Ага!.. Прашу вас…

Неўзабаве Ясь апынуўся ў пакоі, часткова падобным да канцылярыі, часткова – да бібліятэкі. Сцены былі застаўлены шафамі з кнігамі, а на двух вялікіх сталах ляжала мноства папераў, фармуляраў, эскізаў. Ясь коратка расказаў двум прысутным у пакоі мужчынам, што выпадкова знайшоў на вайсковых могілках часткі невядомай яму машыны. Паколькі ён прачытаў у газеце аб’яву пра зніклую машыну для вырабу гільзаў, то вырашыў што гэта акурат яна.

– Добра, – сказаў другі, маладзейшы мужчына. – Грошы вы атрымаеце, калі мы засведчым, што гэта менавіта тая машына, якую ў нас скралі, і калі яна ў камплекце.

Пасля гэтай размовы Ясь у таварыстве яшчэ двух мужчын паехаў грузавым возам у бок вайсковых могілак. Ягамосць, што адчыніў яму дзверы, застаўся дома. Ясь паказаў на могілках месца, дзе напярэдадні ўвечары разам з Казікам яны схавалі часткі машыны. Усё загрузілі на воз і паехалі назад. Дарогай Яся пераконвалі, што зараз яму выплацяць грошы. Маўляў, усе вельмі ўсцешаныя, што часткі знайшліся, бо без іх уся машына была б непрыдатная, а каштуе яна дзясяткі мільёнаў ост-рублёў. Ясю дзякавалі, цешачыся, што выпадак дазволіў яму зарабіць дзвесце тысяч рублёў. Ясь цалкам гэтаму верыў і збіраўся частку сваёй долі аддаць Казіку.

Воз спыніўся перад домам на Хрышчэнскай. Ясь у суправаджэнні спадарожнікаў зайшоў у кватэру. У пакоі цяцер сядзела трое.

– Усё на месцы? – спытаў спадар, які адчыніў Ясю дзверы.

– Так.

Ясь адразу адчуў, што трапіў у пастку. У двух прысутных мужчынах ён адчуў «гінтоў». Адзін з іх звярнуўся да Яся на «ты»:

– Дакументы пакажы.

Ясь падаў яму дакументы.

– Увесь кашалёк давай!

Другі мужчына тым часам старанна агледзеў Яся. «Меў рацыю Баран», – падумаў Ясь. Страху ён не адчуваў, толькі злосць, што так па-дурному трапіўся. Ён стараўся прадбачыць пытанні, якія яму будуць задаваць, але абшукалі яго нядбайна. Пратаколу не складалі. Спачатку яго мусілі дапытаць у раённым участку.

У Яся забралі дакументы, грошы, гадзіннік і сцізорык. Пасля ў суправаджэнні двух агентаў адвезлі фурманкай у першы ўчастак на Даўгабродскай. Ясь ведаў рамізніка, які падтрымліваў сувязь з блатнымі. Рамізнік таксама яго пазнаў. Паніч падміргнуў яму і рухам галавы даў знак: «Папярэдзь хлопцаў!»

Праз гадзіну Баран ужо ведаў, што Паніча «павязалі» і што ён у першым участку. А пад вечар Ясю ў камеру перадалі пакунак з ежай. Яго даслала Маруся Лобава, якой Баран сказаў, што хлопца арыштавалі. Ён ведаў, што яна Ясева каханка, і пабойваўся, што ў яе кватэры могуць быць «трэфныя» рэчы. Марусю Ясеў арышт не напужаў зусім. Яна толькі перагледзела рэчы, што ён пакінуў. Усё расклала асобна: што ў шафу, што ў камоду, – і пачала гатаваць яму ежу. Назаўтра да яе прыбег збялелы ад страху за свой інтэрас Жардонь. Ён соваў ёй у рукі грошы і казаў:

– Ты ім займіся… Я не магу… Грошы ёсць, колькі хочаш… Вазьмі адваката ці як там…

– Нічога не трэба. Я сама ўсё зраблю, – адказала яму Маруся.

І праўда, яна зрабіла ўсё, што было можна. Нават трапіла да начальніка ўчастка, які дазволіў ёй убачыцца з Ясем. Сустрэча прайшла ў канцылярыі ў прысутнасці двух чыноўнікаў, што сядзелі за сваімі сталамі, і аднаго паліцэйскага.

Маруся горача абдымала Яся. Хлопец расказаў ёй прыдуманую гісторыю пра тое, як знайшоў на могілках часткі машыны і як яго з гэтай прычыны арыштавалі. Маруся сказала, што яго, несумненна, хутка вызваляць. Што яна зробіць усё, што ён захоча, каб дапамагчы яму.

Аднак дні ішлі, і Ясь зразумеў, што так хутка на свабоду ён не выйдзе. Што праўда, праведзены нядбайна вобшук вынікаў не даў, але Следчае аддзяленне даслала ліст, што, маўляў, справа сур’ёзная і пасля высвятлення дэталей ва ўчастку Яся трэба накіраваць для далейшага следства на Серпухаўскую. Паніч адчуў, што можа надоўга завязнуць за кратамі. Справу могуць скіраваць у суд, які праз увесь гэты гармідар можа адбыцца вельмі няхутка. Гэта ён добра ведаў. «Гэта тыя цывілы і “гінты” ўсю справу завострылі», – зрабіў ён выснову.

Натуральна, супрацоўнікі Следчага камітэта зацікаўленыя не ў раскрыцці справы, а ў затрыманні злачынцы. Бо гэта колькасны вынік. Таму ўсе падазрэнні адразу ператвараюць у доказы, а з абвінавачанага робяць вінаватага. Гэта надзвычай проста, нават калі ў абарот трапляе зусім невінаваты чалавек. Хто з нас можа даць моцнае алібі на кожную гадзіну свайго дня? Хто можа даць жалезныя паказанні ў якой-колечы справе? Усё падуладнае тэндэнцыі і добрай або злой волі пратакаліста. У дадзеным выпадку затрымаць злодзея было патрэбна, таму Ясеў лёс быў вырашаны, нягледзячы на тое, што істотных доказаў супраць яго не было. Паніч ведаў, што ў Следчым аддзяленні яго маглі змусіць прызнаць сваю віну запалохваннем, абяцанкамі і нават біццём. Цяпер ён шкадаваў, што так па-дурному сам улез у камеру. Ён быў тут толькі некалькі дзён, а ўжо сумаваў па свабодзе. Ужо былі невыносныя і гэтая смярдзючая камера, і цвёрдыя нары, і раі паразітаў. А найгоршае было тое, што ён не мог па сваім жаданні выйсці з гэтай замкнутай прасторы. Што толькі чужая воля магла адамкнуць гэтыя зачыненыя за ім дзверы. Ясь не спаў. Сядзеў на падаконні і глядзеў у чорную глыбіню ночы за кратамі. Перарваўшы яго трывожны, лёгкі сон, Яся жэрлі клапы. За ім на брудных нарах спалі яшчэ трое вязняў. Селянін з сынам, якіх арыштавалі за адсутнасць дакументаў і якія сцвярджалі, што ў іх наогул ніякіх дакументаў няма, толькі метрыкі, і тыя – каб не згубіць – яны трымаюць дома, і затрыманы да працверазення п’яны каваль з прадмесця.

Камера была для арыштаваных за дробныя правіны. Больш сур’ёзных злачынцаў або адразу адпраўлялі ў цэнтральную, або пільнавалі з асаблівай увагай. Усю ноч гарэла святло. Ля дзвярэй стаяў адмысловы ўчастковы, дзяжурны таксама наглядаў за камерай. Час ад часу Ясь чуў ягоныя крокі. Тады ён клаўся на нары і прыкідваўся, што спіць. Гук выключальніка – і на некалькі секунд камеру залівала святло.

Седзячы на падаконні, Ясь пачаў абмацваць край мура пад кратамі. Яшчэ ўдзень ён заўважыў там пралом у адной з цаглін. Рама была ўмацаваная ў мур на васьмі «асцюках», пракладзеных вапнай між цаглінамі. Знізу на сем пальцаў краты не даходзілі да сцяны. Ясь з радасцю заўважыў, што адна цагліна рухаецца. Праз некалькі хвілін ён дастаў яе з мура і скінуў уніз. Аднак пралом быў занадта малы, каб нават прасунуць галаву. Расшырыць яго голымі рукамі хлопец не мог.

Неўзабаве ён пачуў на калідоры крокі, лёг на нары і прыкінуўся, быццам спіць. Святло на некалькі імгненняў затапіла камеру і зноў згасла. Ясь басанож хадзіў па камеры. Ён пачаў адкручваць ручкі ў печы. У яго атрымалася дастаць з іх закрутку і засаўку. Яны былі масіўныя і досыць моцныя.

Ён вярнуўся на падаконне і старанна працаваў, расшыраючы пралом у сцяне. Крохкія старыя цагліны паступова здаваліся. Вапна між імі лёгка асыпалася. Праз некалькі гадзін працы Ясь, змораны, спацелы, але зацяты ў сваёй працы, зрабіў такі пралом, у які ўжо праходзіла галава. З расповедаў калег ён ведаў, што калі пройдзе галава і адна рука, то пройдзе і ўвесь чалавек.

Ён прыкруціў назад пячныя дзверцы, ачысціў дзіру ў сцяне над кратамі ад дробных аскепкаў цэглы і вапны, лёг і стаў чакаць праходу дзяжурнага. Той з’явіўся няхутка. Свае абавязкі дзяжурны выконваў рэдка і неахвотна, з упэўненасцю, што ніхто не ўцячэ, бо не было яшчэ аніводнага выпадку. Урэшце Ясь пачуў шорганне крокаў у калідоры, шчоўк уключальніка. Цяпер святло згасла не так хутка, як папярэднім разам.

Святло згасла. Крокі паволі аддаліліся. Ясь зняў пінжак, паклаў яго збоку на падаконне і, уціскаючы галаву і правае плячо ў пралом у сцяне, пачаў вылазіць з камеры. Адтуліна была замалая. Вострыя ў месцах пралому краі цаглін дзерлі яму скуру. Кашулю ён падраў ушчэнт, але змог праціснуць верхнюю частку тулава і выцягнуць левую руку. Ён шкадаваў, што не зрабіў пралом большым. Яго становішча было вельмі нязручным. Ён застраг галавой уніз і не мог прасунуць сцёгнаў. Паспрабаваў таргануцца назад, але гэта ўжо было немагчыма. Ён шкадаваў, што не зняў штаны, гэта б крыху паменшыла аб’ём сцёгнаў. Ён намагаўся захоўваць спакой. Павольнымі рухамі сцёгнаў ён стаў пасоўвацца далей праз пралом і адчуў, што вылезе, калі здыме штаны. З цяжкасцю ён расшпіліў іх і рухам тулава вызваліў сцёгны… І ён адразу ж пасунуўся ўніз, падаючы на рукі. Ён падняўся з зямлі. Зашпіліў штаны. Узяў з падаконня пінжак і, апранаючы яго, паціху скіраваўся ад участка ўглыб падворка. Ён быў свабодны.

ЗЛАДЗЕЙСКІ ЛЁС

Антэк Турак і Сыронь – два абротнікі[34]34
  Абротнік – канакрад.


[Закрыть]
– выбраліся за дзясяткі кіламетраў ад горада па «юса». На яго навёў злодзеяў сусед заможнага селяніна, які такім чынам хацеў адпомсціць. Супольнікі намерваліся падысці пад хутар наводчыка і, згодна з яго ўказаннямі, юса[35]35
  Юс – кабан.


[Закрыть]
ліквідаваць.

Паколькі ішлі яны са «статкамі» і былі вядомымі злодзеямі, то, – каб не нарвацца дзесьці на «гінта» – выйшлі з горада на досвітку. Дарога вяла праз вялікі і прыгожы Архіерэйскі лес.

Для чалавека, якога зацягнуў горад і які не бачыць ніколі ані ўсходу сонца, ані заходу зорак, прыроды не існуе. Злодзеі былі незалежныя і па-дзіцячы шчырыя. Іх «свабодная» прафесія не абцяжарвала галаву пастаянным клопатам пра неабходнасць зрабіць нейкі інтэрас. Яны жылі, быццам у сне, і наіўнымі, дзіцячымі вачыма глядзелі на ўсё навокал. Толькі саромеліся гучна выказваць свае настроі і думкі.

Калегі мінулі вялікую паляну, і злева, паміж рэдкімі камлямі дрэваў замільгацелі ружовыя палоскі. Пасмы святла ператкалі сівы туман і пабеглі па дрэвах, сягаючы ўсё вышэй. Верхавіны соснаў адразу ж засвяціліся ружовым, а пасля заліліся чырванню.

Турак і Сыронь, быццам бы ў змове, селі на камель вялізнай сасны, зваленай навальніцай на адпачынак пасля 200 гадоў жыцця і ціхага змагання. Злодзеі пачалі круціць папяросы.

– Глядзі – як кроў! – амаль шэптам сказаў Сыронь.

Там, куды яны глядзелі, ужо клаўся малінавы шаль, а туман прыпаў да травы.

Хлопцы рушылі далей. Апоўдні выкупаліся ў ручаі і паглыбіліся ў лес, збіраючы арэхі. Набілі імі поўныя кішэні і зноў выйшлі на прыгожую лясную дарогу.

Было дамоўлена, што да наводчыка яны прыйдуць у прыцемку, каб ніхто з суседзяў не заўважыў іх прыходу.

Вёў Сыронь. Ён акурат дамаўляўся з наводчыкам – сваім старым кліентам, які купіў у яго крадзенага каня і карову. Цяпер дзядзьку надарылася аказія адпомсціць ворагу-суседу і атрымаць з работы кавалак свінінкі.

Надвячоркам Сыронь згубіў патрэбную сцежку. Ён пачаў яе ціўкаць, але калегу нічога не сказаў. Урэшце ён зусім заблукаў у сетцы лясных дарог і паваротак. І толькі тады сказаў:

– Я не ведаю, дзе мы.

– То хадзем наўгад. Там спытаемся.

І яны пайшлі наперад, крыху большай дарогай. Прыцемкі ўжо ахуталі зямлю. Вечар быў зусім цёмны, калі калегі падышлі да краю нейкай вёскі

– Ты тут пачакай, а я спытаю, што гэта за месца.

Сыронь пакінуў сябра ля плота нейкай хаціны, а сам зайшоў на двор. У хаце мігцела святло, але ўнутры нічога нельга было заўважыць, бо на вокнах віселі палатняныя фіранкі. Злодзей увайшоў у сенцы і намацаў клямку дзвярэй. Адчыніў дзверы і апынуўся ў сярэдзіне. Там за сталом і на лавах сядзела некалькі мужыкоў. Ля распаленай печы завіхалася жанчына, на вялізнай патэльні яна пякла бліны. На стале стаяла пачатая бутэлька гарэлкі. Іншыя – ужо выпітыя – былі адстаўленыя на. падаконне. Ішла звычайная сялянская бяседа.

Сыронь ветліва павітаўся з таварыствам і спытаў пра дарогу. Яму трэба было зразумець, дзе ён знаходзіўся.

– А ты да каго ідзеш? – спытаў адзін з мужыкоў.

Сыронь назваў хутар, што месціўся за кіламетр ад мэты іх падарожжа. Тады з-за стала падняўся высокі, плячысты, крыху пахілены наперад мужчына.

– Гэта мой хутар… А чаго табе там трэба?

Сыронь не ведаў, што адказаць, але, не падаўшы выгляду, сказаў:

– Я ў Менску чуў, што ў тых ваколіцах воўну прадаюць… То купіць хацеў!..

Тады адзін з прысутных, маленькі, худзенькі, са шпаркімі неспакойнымі вачыма і пастаяннай усмешкай-грымасай на твары, падышоў да Сыроня. На яго патыхнула алкаголем.

– Людцы… Дык гэта ж злодзей!… – сказаў п’яны мужык невядома чаму. – Хто яшчэ тут поначы хадзіць будзе.

– Ты што вярзеш… – запратэставаў Сыронь, але не скончыў.

Удар у галаву ззаду абрынуў яго на падлогу. Увушшу ў яго шумела. У роце з’явіўся смак крыві. Крыху апрытомнеўшы, ён убачыў ля сябе з дзясятак чалавек. Яго свідравалі недаверлівыя позіркі. Паветра набрыняла алкагольным смуродам. Злыя п’яныя твары набліжаліся да Сыроня.

– Хто ў мяне палатно з каморы скраў?.. Кажы!.. – нейкі мужык душыў злодзея касцістай рукой за горла.

Сыронь не мог ані слова з сябе выціснуць. Ён пратэставаў рухамі рук. Спрабаваў загаварыць. Але гэта было немагчыма. Яму не давалі казаць. Яго не слухалі. Людзьмі авалодала прага здзеку… Гэта ж можна было зрабіць беспакарана, бо гэта… злодзей.

Сыронь адчуў цяжкія ўдары ног і кулакоў. Білі бяспамятна, зацята… Тады злодзей пачаў крычаць… Ён адчуў, што гэта канец, што ратунку не будзе. Яго агарнуў страх дурной смерці… Смерці без прычыны.

Антэк Турак занепакоіўся, што прыяцеля так доўга няма. Ён пералез праз невысокі плот і падышоў да маленькага акенца. Тут фіранкі не было. Паміж гаршкамі з нейкімі засохлымі кветкамі ён мог разгледзець сярэдзіну хаты, слаба асветленую мізэрнай газавай лямпай і водбліскамі агню з печы. Там варушыліся, быццам плаваючы ў вадзе, цяжкія чорныя фігуры. Складана было адразу зарыентавацца ў сітуацыі. Ён усё зразумеў толькі тады, калі раздаўся крык і енкі Сыроня. Турак задрыжаў ад страху. У ягонай галаве вірыліся бязладныя думкі: «У яго ж няма з сабою статкаў… Што здарылася?»

Рукі яго заціснуліся ў кулакі. «Каб у мяне была руля». Але пісталета не было. Ён бачыў у хаце каля дзесяці чалавек. А на падворку раздаваліся крокі, і ў сярэдзіну ўваходзілі новыя людзі. Яны не заміналі п’яным мужыкам біць Сыроня і самі далучаліся да справы. Хапала слова «злодзей». Гэта значыла магчымасць беспакаранага і беспадстаўнага забойства чалавека. І яны білі.

Сыронь ужо не крычаў, а толькі хрыпеў. Твар у яго быў чорны ад крыві. Адно вока выплыла. Варушыліся збітыя вусны, за якімі ўжо не было зубоў. Мужыкі не гаварылі амаль нічога. Цяжка дыхалі і білі, хто як мог, абы толькі мацней. І тут хтосьці сказаў:

– Дошку яму на спіну і сякерай. Ані следу не будзе!

Гэта была лухта, бо Сыронь быў збіты і знявечаны з галавы да ног. Ён толькі хрыпеў у непрытомнасці.

Прынеслі дошку. Мяккае цела Сыроня перавярнулі тварам долу. Сякера замільгала ў паветры, з хрустам апускаючыся на дошку, з якой ляцелі трэскі. Інструмент вырывалі адзін у аднаго з рук. Кожны хацеў хоць раз ударыць. Сыронь не варушыўся. Ён быў мёртвы.

І раптам лопнула шыба, і ў пакой уляцеў вялікі камень. Пасля другі, трэці, чацвёрты. Турак ашалеў. Па ягоным твары ляцелі слёзы. Ён схапіў вялікі шабер і хуткімі, ціхімі скачкамі кінуўся да ўваходу ў сенцы. Там левай рукой уключыў ліхтарык. Турак бачыў, што мужыкі пачнуць уцякаць з цёмнай хаты, бо адзін з камянёў змёў са стала лямпу. І злодзей не памыліўся. Людзі ўнутры аслупянелі на нейкі момант, а пасля іх агарнула паніка. Яны кінуліся да дзвярэй. Усёй фйтурмой. У сенцах Турак выцяў першага шаберам па галаве. Селянін асунуўся на падлогу. Злодзей ударыў другога. Ён быў нябачны за снопам святла з ліхтарыка.

– Людзі, ратуйце!

З хаты раздаўся крык. Усе кінуліся ад дзвярэй і, спатыкаючыся на труп Сыроня, пачалі ламаць вокны і вылазіць праз іх.

Антэк Турак, трасучыся, быццам у ліхаманцы, ад злосці і страху, з шаберам у руцэ пад покрывам ночы выйшаў на двор.

У змроку ён выбраўся за вёску. Здалёк да яго даносіліся крыкі і воклічы. Ва ўсёй вёсцы заходзіліся сабакі. Колькі разоў прагучалі стрэлы.

Турак ішоў палямі і лясамі ў тым кірунку, у якім, як яму падавалася, быў Менск. Толькі апоўдні, пасля доўгіх блуканняў, ён трапіў у горад. Пайшоў да калегаў-блатных і ўсё распавёў ім. Яму далі гарэлкі і паклалі спаць.

Сыронь быў «ваенным» злодзеем. Да вайны ён працаваў пуцявым абходчыкам. У 1915 годзе яго паранілі на фронце. Пасля лячэння ён быў прызнаны непрыдатным да ваеннай службы. Сыронь вярнуўся ў Менск, дзе ў яго была жонка і трое дзяцей. Ён пачаў хадзіць па вёсках і купляць масла, яйкі, сыр, курэй. На гэтыя грошы яны з сям’ёй ледзь выжывалі.

Адзін селянін прапанаваў яму скрасці суседаву карову і адвесці яе сваякам, на іншы бок горада. Сыронь, карыстаючыся яго інфармацыяй і дапамогай, усё зрабіў. Падвярнулася яшчэ некалькі такіх выпадкаў, і Сыронь стаў абротнікам. І цяпер ён загінуў ад рук тых, хто сам ахвотна купляе крадзеную скаціну і рэчы, «каб танней», і ахвотна «здае» злодзеям суседзяў, асабліва калі з гэтага ім самім будзе нейкая выгада.

Злодзеі ўзрушыліся смерцю Сыроня. Бэсцілі Турка, што пайшлі без зброі. «Да гадаў без рулі нават па курэй не сунься!»

Жонцы Сыроня сказалі паведаміць у паліцыю, што ейнага мужа, перакупшчыка, які хадзіў па вёсках, забілі. Нават вызначылі назву вёскі. Жанчына, у жахлівай роспачы, так і зрабіла. Паліцыі ўдалося высветліць, што насамрэч у той вечар у вёсцы забілі злодзея, так сцвярджалі сяляне, які трапіўся на гарачым учынку. Але доказаў гэтага не было.

Ані зладзейскіх прыладаў, ані слядоў крадзяжу. Труп Сыроня знайшлі ў вялікай кучы гною на полі. На целе не было адзежы і ботаў. Не знайшлі таксама ані ягоных дакументаў, ані гадзінніка. Паліцыя склала пратакол, які выправіўся ў службовае падарожжа. Цела мужа забрала жонка і пахавала яго на Залатагорскіх могілках.

Злодзеі сур’ёзна паклапацілася пра сям’ю Сыроня. Дапамаглі ім адкрыць крамку ля Белацаркоўнай вуліцы. Іх лёсам цікавіліся і доўга пасля.

Антэк Турак прысягнуў адпомсціць сялянам: «Я ім вёску чырвоным пафарбую! Убачыце! Не дарую!»

І насамрэч праз месяц, у адну з цёмных восеньскіх начэй, згарэла амаль уся вёска. І гэта паўтаралася потым ледзь не штогод.

Увосень таго года для злодзеяў Менска-Літоўскага пачалася чорная паласа. Яны трапляліся на работах, трапляліся без работы. Некаторыя – старыя ваўкі – адбіліся ад горада. Іншыя змянялі маліны. Уладкоўваліся ў фраераў. Наогул працавалі асцярожна і чакалі.

Федзя Гусар – разбойнік, які арганізаваў гранду на ўладальніка фабрыкі малочных прадуктаў, – хварэў. У яго страшна балела нага, прабітая куляй падчас уцёкаў са Смаленска. Ён хадзіў з кійком, але пераважна сядзеў на маліне ў фраераў. Яго размясціў там Ігнат Кулікоўскі. Федзю шукалі следчыя некалькіх гарадоў. Ён ведаў пра гэта і намагаўся днём у горадзе не паказвацца.

Маліна ягоная была на Ніжняй Ляхаўцы. Ён жыў у сям’і чыгуначніка, які амаль заўжды быў у раз’ездах. Кватэрай займалася ягоная жонка, ужо немаладая і хітрая кабеціна. У яе было тры дачкі. Старэйшая працавала прадавачкай у галантарэйнай краме. Дзве малодшыя – якім было ўжо па дваццаць – нудзіліся дома. Гусар пачаў заляцацца да малодшай, Зіны, якая яму падабалася. Дзяўчына какетнічала з ім, фліртавала, але на гэтым усё і заканчвалася. Яна лічыла яго магчымым кандыдатам у мужы, таму, хоць і была лёгкадаступнай, але з Федзем трымала дыстанцыю, спрытна спыняючы яго залёты.

Гусару гэтага было мала. Ён быў гарачага тэмпераменту, таму знайшоў сабе дзяўчынку, якая пераходзіла ў блатных з рук у рукі ў адпаведнасці з іх кароткімі, але яркімі кар’ерамі. Яе звалі Ліся – скарочана ад Альжбеты, але хутчэй таксама ад яе манеры паводзіцца: мяккай, ціхай, памаўзлівай, дапытлівай. Ліся пачала ўсё часцей наведваць Федзю і ўрэшце пасялілася з ім.

Зіну агарнуў шал, асабліва калі яна заўважыла, што Гусар купляе сваёй кралі розныя апраткі-аладкі. Яна паскардзілася мамусі на двудушнага кавалера, які дурыў ёй галаву, а цяпер жыве з іншай. Мамуся пачала практычна даследаваць справу:

– Ты ж на спатканні з ім хадзіла?

– Ну, хадзіла.

– І нічога?

– Што нічога?

– Не дала яму?

– Не.

– Ну і дура! – вынесла прысуд мамуся. – Таму ён сабе іншую і знайшоў.

– Я думала, ён са мною ажэніцца.

– За-а-а-араз жа… Што ён падобны да такога, што жэніцца? А бачна, што грошы ёсць. Трэба было адразу з ім закруціць, а пасля выцягваць.

Колькі разоў на тыдзень Ліся не прыходзіла да Федзі. Маўляў, трэба зрабіць штосьці пільнае дома. Насамрэч у гэты час яна аздабляла жыццё іншых, менш заможных кавалераў. Пераважна таксама рыцараў з-пад знаку адмычкі. Ды і ў зладзейскім свеце яна была вядомая як безадмоўная каханка – заўжды карыслівая, у адрозненне ад нармальных зладзейскіх каханак, бо тыя звычайна жылі са сваімі хлопцамі як жонкі і вельмі пра іх клапаціліся. Калі прастытутка рабілася каханкай злодзея, яна кідала хаджэнні на панэль. А калі злодзей трапляўся, то дапамагала яму ў турме матэрыяльна, наймала адваката, падкупала каго трэба, часам і даставала на свабоду. Пакуль каханак сядзеў, прастытутка звычайна вярталася ў прафесію, каб было чым яму дапамагаць. Але ніколі не распуснічала з іншым злодзеем, ужо маючы аднаго злодзея-каханка. Мне вядомыя выпадкі вельмі вернага і доўгага клопату пра каханка з боку такой дзяўчыны. Напрыклад, у турме Святога Крыжа сядзеў адзін вязень, якім каханка апекавалася цягам амаль 10 гадоў. Грошы яна зарабляла, працуючы на фабрыцы. Ліся належала да іншага гатунку жанчын. У свет злачынцаў яна трапіла выпадкова і ставілася да іх як да крыніцы даходу, эксплуатуючы мужчын спрытна і без шкадавання.

Тым, што Ліся пасялілася ў Федзі нястала, вырашыла скарыстацца раззлаваная на нягеглага кватаранта Зіна. Матчына парада прагучала нямарна. А рэўнасць і хцівасць дапоўнілі гэты камплект. Неяк увечары Гусар сядзеў ля акна ў сад, за якім стаялі мокрыя клёны і ліпы, і пра штось думаў. Невясёлыя гэта былі думкі. Грошай ён меў яшчэ даволі, але будучыня малявалася панурай. Каханка таксама ў яго была нямілая, толькі падманвала яго. Ён хацеў рушыць далей у свет. Яго еў неспакой. А тым часам кепска залечаная нага не дазваляла прыняць канчатковае рашэнне.

За акном імжыў дождж. Ззаду рыпнулі дзверы. Гусар абярнуўся. У пакой увайшла Зіна. Яна была ў халаціку і пантофлях на босых нагах.

– Можна? – спытала яна; какетліва ўсміхаючыся.

– Калі ласка, – адказаў Гусар, сапраўды задаволены ейным прыходам.

Зіна падышла да яго і неспадзявана спрытным рухам уселася яму на калені. Гусар адчуў, што пахне яна нейкай парфумай і што пад халацікам у яе нічога няма. Ён пачаў цалаваць яе ўсё гарачэй. Тады Зіна спытала:

– Слухай! Як ты можаш важдацца з такой брыдкай лафірындай? Пасля такой я цябе гіджуся, а ты ж мне вельмі падабаўся. Як ты мог мяне на тую брыдкую посцілку памяняць? Глядзі, якая я.

Зіна падарвалася з ягоных кален і адкінула ўбок халат. Яна напраўду была вельмі прывабная, асабліва для прымітыўнага мужчынскага густу. Таму нічога дзіўнага, што далейшы ход падзей склаўся так, як абое таго жадалі.

Калі назаўтра Ліся пасля ночы, праведзенай з іншым каханкам, вярнулася да Федзі, яна адразу ж заўважыла змену ў ягоным да яе стаўленні. Прывітаўся з ёю ён холадна, неахвотна. Яна зрабіла выгляд, што не заўважыла гэтага і, як звычайна, балбатала і лашчылася да Гусара, які ледзь гэта пераносіў.

Праз некаторы час дзверы ў пакой Гусара адчыніліся і без груку ўвайшла Зіна.

– Ідзі снедаць, – звярнулася яна да Федзі і, пагардліва надзімаючы вусны, крытычным поглядам акінула Лісю.

З пакою Зіна выйшла, ляснуўшы дзвярыма.

– Гэта што за шыкса[36]36
  Шыкса – дзяўчына.


[Закрыть]
? – спытала крыху збянтэжаная Ліся.

Гусар не ведаў, што рабіць.

– Гэта… гэта… мая нарачоная…

– Нарачоная?! А чаму ты мне раней пра гэта сказаў?

– Я толькі ўчора заручыўся.

– Ах так!.. Вельмі міла. А мяне на памыйку! Пакуль трэба, то цацкі-вацкі, а цяпер дык пайшла вон!

– Я цябе зусім не ганю.

– Я сама пайду!

Ліся думала, што Гусар будзе яе затрымліваць, таму падарвалася з месца. Але Федзя толькі ўсцешыўся такому ходу падзей. Дастаў з кішэні некалькі банкнот і даў іх дзяўчыне. Тая кінула іх на падлогу. Пасля падняла. Плюнула і выйшла, кідаючы на развітанне:

– Здохніце тут абое! Сволачы!

З самага пачатку гэтай размовы Федзю карцела навучыць яе розуму, але з прычыны свайго «засвечанага» становішча ён стрымаўся.

Ліся ішла вуліцамі раз’юшаная, поўная крыўды. Яна напраўду адчувала сябе дзяўчынай, ашуканай каханкам. Яе грыз жаль па страце добрай крыніцы ўтрымання. Дзяўчына шкадавала, што дагэтуль так памяркоўна выцягвала з Гусара грошы.

«Цяпер тая будзе яго даіць».

Ліся выйшла ад папярэдняга каханка нашча, разлічваючы паснедаць у Гусара. І ўсё так кепска абярнулася. Яе агарнуў шал. Яна ўяўляла сабе, як Федзя цяпер з той «дрыздай» аб’ядаецца прысмакамі і як яны кпяць з яе – з беднай Лісі, якая галодная туляецца па вуліцах. План дня быў разбіты. Яна не ведала, што рабіць. Нечакана ў ейным жыцці ўтварылася пустка, якую нельга было хутка запоўніць. У Лісінай галаве пачалі раіцца планы помсты. «Заб’ю шэльму! І яе таксама!.. Яе першай!»

Але замест таго, каб хапацца за зброю, яна ўхапілася за крыху іншы спосаб помсты – той, якім звычайна карыстаюцца гістэрычкі і духоўна слабыя людзі. Яна скіравалася на Серпухаўскую ў Следчы камітэт.

Ліся апамяталася толькі тады, калі праспявала ўсё. Яна ўяўляла, як здасць Гусара і такім чынам адпомсціць Зінцы. «Ані мне, ані табе!» Акрамя таго, яна даткліва, але слушна пакарае двудушнага каханка. Тым часам у аддзяленні зарыентаваліся, што госця ведае шмат, і прысвяцілі Лісі асаблівую ўвагу.

Калі дзяўчына даспявала тое, што хацела сказаць сама, яе пачалі дапытваць падрабязна. Ліся не хацела «сыпаць» больш нікога. Тады яе адправілі ў камеру. Да вечара. У камеры яе акружылі іншыя зняволеныя, што сядзелі тут даўжэй. Яны яшчэ лічылі Лісю сваёй. Пад уплывам размоваў у камеры Ліся апрытомнела.

Тут сядзелі пераважна блатныя жанчыны, якія ненавідзелі «гінтоў». Калі Лісю спыталі, за што яна трапілася, яна збянтэжана адказала:

– Гэта непаразуменне. «Лягавы» мяне з вуліцы ўзяў. Павінны зараз вызваліць. Можа, яшчэ сёння.

– Трапіць сюды лёгка, выйсці – горш! – адказала скептычна адна са зняволеных, прафесійная шапенфельдэрка.

Ліся неўзабаве сама ў гэтым пераканалася.

Увечары яе выклікалі на допыт. Яна была ў жаху. Ад сукамерніц Ліся ведала, што гэтыя вечаровыя допыты часта заканчваюцца рукапрыкладствам. Адна з жанчын паказвала ёй вынікі такога допыту на ўласным целе: пісягі, сінякі і ацёкі.

У пакоі на трэцім паверсе, куды Лісю выклікалі з камеры на першым, было чацвёра мужчын. Інспектар і трое агентаў. З першых Лісіных паказанняў было зразумела, у чым тут справа і што ведае яна вельмі шмат. Інспектар сказаў:

– Трэба яе грунтоўна прыціснуць. Тады ўсё спяе.

Лісю ветліва папрасілі сесці і далі цыгарэту. Дзяўчына хвіліну паліла і неспакойна слізгала позіркам па тварах мужчын. Яны не прарочылі нічога добрага. Яе пачалі дапытваць. Адразу заўважылі, што дзяўчына круціць, бо рабіла яна гэта вельмі няўмела. Інспектар сказаў ёй:

– Раю табе казаць праўду, тады, магчыма, мы цябе адпусцім. Калі будзеш хлусіць, атрымаеш у косці і трапіш у турму.

Ліся распавяла ўсё, што ведала пра Гусара, але іншых хлопцаў здаваць не хацела. Агенты гэта лёгка зразумелі, бо перапужаная, дурная па сутнасці, хоць і хітрая ў практычным жыцці, дзяўчына не ўмела пераканаўча хлусіць.

Праз чвэрць гадзіны інспектар устаў і звярнуўся да старэйшага агента.

– У мяне няма часу… Папрашу вас дапытаць яе без мяне… Калі пачне казаць праўду, складзіце пратакол… Пасля ў адзіночку…

Калі інспектар выйшаў за дзверы, старэйшы агент звярнуўся да Лісі сухім, злосным голасам:

– Цяпер мы інакш з табой пагаворым. Распранайся!

Ліся ў жаху глядзела то ў вострыя, халодныя вочы «гінта», то на гумовы дручок у ягоных руках. Яна не магла паварушыцца. Раптам яе падарваў з месца адчувальны ўдар гумовай дубінкі ў спіну, і адначасова другі агент адным рухам кінуў яе на падлогу. Яна выла ад болю, але рот у яе быў заткнуты. Рукі ёй трымаў адзін з агентаў, і ён жа каленам прыціснуў ёй шыю. Ліся давілася. Праз імгненне яна самлела.

Апрытомнела дзяўчына, калі яе ўсю аблілі вадой. Слізістая носа гарэла ад нейкай пякучай вадкасці. Яна не магла зразумець: аміяк гэта ці шкіпінар.

– Усе раскажаш? – спытаў злосны, задыханы голас.

Ліся толькі глядзела перапужанымі вачыма і дрыжала. Зубы ейныя ляскаталі і ад страху, і ад холаду. Гаварыць яна наогул не магла.

Яе кінулі ў цёмную адзіночку. Там яна праседзела ўсю ноч і дзень. Ёй не далі ані есці, ані піць. Горла дзяўчыны апухла. Яе біла ліхаманка. Цяпер Ліся скуголіла з роспачы і праклінала сваю прыдумку адпомсціць Гусару.

У той дзень увечары яе зноў навялі на допыт. Яна зноў убачыла за сталом інспектара, а ў пакоі трох учорашніх агентаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю