355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сяргей Пясецкі » Гляну я ў аконца... » Текст книги (страница 1)
Гляну я ў аконца...
  • Текст добавлен: 21 июня 2019, 04:30

Текст книги "Гляну я ў аконца..."


Автор книги: Сяргей Пясецкі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 13 страниц)

Сяргей Пясецкі
ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...
Менская трылогія.
Кніга другая

.

УСТУП АЎТАРА

У рамане «Яблычак» я па меры магчымасцей пазбягаў выразаў і зваротаў зладзейскага жаргону. Я рабіў гэта, шкодзячы раману, каб не абцяжарваць змест спасылкамі і не адцягваць увагі чытача… У гэтым рамане я буду крыху больш шчодра карыстацца зладзейскім жаргонам, бо лічу, што інакш згубяцца характэрныя рысы некаторых герояў. У прасцейшых выпадках – там, дзе можна выхапіць значэнне жаргонных выразаў са зместу, – я не буду даваць адмысловыя тлумачэнні.

Адзначу: зладзейскі жаргон, якім карыстаюцца героі гэтага рамана, неаднародны, напрыклад уцёкі злодзеі апісваюць словамі «валіць», «джгаць», «плітаваць», «ліняць», «сігаць», «драпаць», «даваць гвінта». Стаяць на варце: быць свечкай, стаяць на строме, стаяць на ліпцы, цынкаваць. Папярэдзіць: даць зэкс, даць цынк, даць абцынг. Крадзеныя рэчы: барахло, авантыж, фацыент, шмокты, лахі. Агент: мосер, гінт, сабака, лягавы. Нязлодзей: фей, карась, фраер, жлоб, шкоп, хам, гад, звон, балон, туман, шпагат (інтэлігент). Выраз «ліпа» мае шмат значэнняў: фальшывы пашпарт, ліпы – фальшывыя грошы. Ёсць рэдкія жаргонныя выразы, яны амаль незразумелыя, напрыклад: оксы – лёс, а ёсць выразы часцейшыя: пяхота – куры.

Я не мовазнаўца і не спецыяліст у галіне даследавання мовы злачынцаў, таму не буду развіваць гэтую тэму. Зрэшты, цяпер гэта і не мая мэта. Скажу толькі, каб зарыентаваць чытача, што згаданыя вышэй выразы з ужытку тагачасных менскіх злодзеяў (дзеянне рамана ахоплівае перыяд з ранняй вясны 1918 да жніўня 1919 года) паходзяць з розных раёнаў Польшчы і Расеі, паколькі на той час у Менску як у вялікім прыфрантавым горадзе з шырокімі магчымасцямі для прафесійных злачынцаў канцэнтраваліся прайдзісветы з самых разнастайных раёнаў былой Расійскай імперыі.

ЯСЬ НАДЗЯВАЕ ТОГУ ЛІТАРАТУРНАГА КРЫТЫКА

Змрок залівае Камароўку. Дождж сыпле і сыпле. Дзесь далёка неахвотна, нізкім басам адгукаецца сковер[1]1
  Сковер – сабака (звяга).


[Закрыть]
… Без усялякай нагоды, для забавы. Можа, голас спрабуе або падбадзёрвае сябе.

Бондараўскім завулкам шыбуе Ісай. Кумпалам ліхтары б’е, нагамі па брудзе выпісвае, з парканамі вітаецца. Уся вуліца – ягоная. «Скокі»[2]2
  Скокі – боты; сінонім – колы.


[Закрыть]
ў яго шаўровыя, гусарскія, гармонікам збіраюцца ля долу халяваў. Шапка з лакіраваным брыльком па-заліхвацку заламаная набакір, а з-пад яе задзірыста, па-казацку, чубіцца кудзер валасоў. Пінжак расхрыстаны. Рукі – кулакамі, кулакі – у кішэнях. Шалік ззаду развіваецца, быццам пірацкі сцяг. Адразу бачна: керны[3]3
  Керны – на падпітку.


[Закрыть]
хойрак[4]4
  Хойрак – зухаваты, самаўпэўнены чалавек.


[Закрыть]
плыве.

Ісай – ані злодзей, ані альфонс, хоць у розныя перыяды свайго жыцця і хадзіў тымі сцежкамі. Хутчэй стырачнік[5]5
  Стырачнік – картачны шулер.


[Закрыть]
: падчас кірмашоў на Траецкай гары ў «чырвона-чорнае» хамаў абрабляе. А так напраўду, то і не стырачнік, а звычайны камароўскі хуліган. Сёння ён напіўся. Прымазаўся да хлопцаў пры грашах і гульнуў на халяву. Цяпер шыбуе завулкам, а як бачыць, што здалёк хтось ідзе, то зігзагі вырабляе карацейшыя і часцейшыя: зачэпкі шукае.

Бондараўскі завулак цесны… Цесны, крывы, брудны. Малыя драўляныя дамкі ў пярэпалаху разбегліся ў розныя бакі, прыселі і заплюшчылі вочы. Толькі дзе-нідзе, праз шчыліны ў дзвярах ці аканіцах, праслізгваюць жоўтыя штылеты святла і, быццам у смале, вязнуць уначы… Гэта апошняя вуліца дзікага прадмесця Менска – Камароўкі. Апошняя як з гледзішча размяшчэння, так і з гледзішча бяспекі. Фраеры сюды нават удзень зазіраюць неахвотна, мянты прыходзяць узброеныя, групамі на некалькі або і дзясяткам з гакам чалавек. Адсюль, як у джунглях, разбягаюцца сцежкі, але не звяроў, а паляўнічых. Сцежкі тых, хто шаберам зрывае замкі і прабоем, адмычкамі пранікае ў самыя таемныя сховы… Бо і звярына ў іх незвычайная: пільнуюць яе зграі двухногіх дрэсіраваных сабак, закутых у сталь і закон… Сюды паляўнічыя вяртаюцца са здабычай. Або не вяртаюцца доўга, а часам і ніколі не вяртаюцца… Тут жывуць, гуляюць, пакутуюць і кахаюць, але ніколі не паміраюць. Можа, саромеюцца смерці.

Ісай патануў дзесь у змроку – дзесь там, за апошнім заўважным у цемры газавым ліхтаром, што служыць для згушчэння змроку і рассейвання па свеце смутку. А вось са Сляпянскай вушцы выкаціўся Фіська. Таксама п’яны. Сёння ён пальнуў з патоку[6]6
  Паток – воз.


[Закрыть]
мяшок аўса і апыліў[7]7
  Апыліць – прадаць.


[Закрыть]
сваёй вернай скупшчыцы Лаі. Цяпер паточнік трымае курс на маліну, увесь час усміхаецца, жэстыкулюе і з кімсьці размаўляе. Яму весела і добра. Увесь свет да сваіх зладзейскіх грудзей прытуліў бы і гамірай[8]8
  Гаміра – гарэлка.


[Закрыть]
пачаставаў. Знай фартовага! Як выруліў крутым зігзагам у Бондараўскі завулак – наймілейшы порт, – сарваў шапку з галавы і, трасучы ёй у паветры, заспяваў:

 
Калі будзеш з блатным[9]9
  Блатны – злодзей, свой.


[Закрыть]
жыць,
Будзеш золатам ільсніць!
Мама, злодзея люблю!
Гэй-я!
Мама, злодзея люблю!
 

Гэтая песня выклікала сварку ў бліжэйшым дамку. Ужо два гады там жыла без шлюбу, але ў дабраным таварыстве пара, і амаль кожная размова ў іх заканчвалася сваркай – інакш яны б і месяца адно з адным не вытрымалі. Гэта былі фармазон Пецька Бык і даліншчыца[10]10
  Даліншчык – злодзей-кішэннік.


[Закрыть]
Кася Залатая Труба. Пецька Бык, шырока пазяхаючы, бо ўсім сэрцам знудзіўся, з цяжкасцю прамовіў:

– Фіська прэ-эцца… Пры заро-о-бку!

– Ага, пры заробку! – іранічна фыркнула Кася. – У каня сняданак пальнуў.

– Фіська – хлопец фартовы! – пацвердзіў Бык.

– Угу… Як сядло ў каровы, – іранізавала Кася. – А блатны з яго, як з цябе, адно паветра псуяце.

Кася Залатая Труба бліснула вокам на палюбоўніка, чакаючы выбуху. І не памылілася. Пецька пачырванеў, апусціў галаву долу (таму і Бык) і рыкнуў:

– Што-о?

– То-о! – перадражніла яго Кася, надзьмуўшы ніжнюю губу і ўзяўшыся ў бокі.

Адначасова яна акінула позіркам пакой у пошуках адпаведнай прылады для абароны: «Хапану хіба качаргу».

Пецька Бык – персанаж незвычайны. Уявіце сабе: морда як фарбаваная цэгла, нос бясформенны, доўгі, як спелы агурок, і сіні, як сліва. Вушы амаль вісяць. Вочы-разынкі плаваюць у жоўтых згустках флегмы.

Ані веек, ані броваў – такі падпалены на агні блінец. Дзіўна нават, што Каська Залатая Труба не спусціла такое таварыства ў трубу. Сама яна таксама нічога надзвычайнага, але самавітая: клубастая, грудастая і азадкам адпаведна ёмкая. Акрамя таго, спрытная дзеўка. І з харчамі клёва ўпраўляецца. Не адзін горшы фартовец зайздросціць Быку і аблізваецца на ягоную каханку. У яго б даўно яе адбілі, але яна сама не хоча. Штосьці такое Кася знайшла ў ім і прыстала як смала.

Як толькі Кася ўзялася ў бокі са з’едлівай мінай на твары, Пецька яшчэ ніжэй нахіліў галаву і прасіпеў:

– Шкура табе свярбіць!.. Свярбіць!.. Глядзі мне!..

– Ты, халера, булдавешкай не круці! Наіндычыўся, шляга фраерская! – пішчала Кася, задзірліва круцячы задам, а падбароддзем быццам свідруючы паветра.

– Ой, глядзі! Глядзі! – хрыпеў Бык. – Бо я табе зяпу запячатаю!

– Зараз жа, запячатаеш! Ведаю я цябе: смелы, як стары Абрам, што праз фортку на рудога сабаку крычаў.

Кася, сыплючы бліскавіцы з вачэй, паддрыпала да Быка і яшчэ вышэй задрала падбароддзе.

– Ой, запячатаю! – усе цяжэй хрыпеў Бык палатнеючы.

– Калі рыба задрышча, рак засвішча, курыца заверашчыць, карова паляціць… Не падабаецца яму. Гройсэ ганэф![11]11
  Гройсэ ганеф (ідыш) – вялікі злодзей.


[Закрыть]
Забыўся ўжо, як курам у дулы дзьмуў!

Намёк тычыўся былога занятку каханка, які перакупам хадзіў па вёсках. Цяпер ён гэтага саромеўся. Пецька Бык не вытрымаў: вылупіў вочы і паволі ўстаў з крэсла. Гаварыць ён ужо не мог, толькі хрыпеў.

– Ого, як наіндычыўся!.. Не падабаецца яму! – пішчала Кася, усё больш задзірыста надзімаючы губы.

Пецька Бык зрабіў крок наперад, перабіраючы пальцамі рук, быццам знянацку апаранымі. Кася таксама выступіла наперад.

– Бач ты: фартоўца знайшоў! Фіська і фартовец!

– Фартовец!! – выгукнуў Бык.

– Ага, – піскнула Кася. – Сам у мультановым гальштуку ходзіць, а шмара ягоная ў зрэбных майтках!.. Фартовец!.. Цягнецца, што той дым па дахах. Тхара ў куратніках падмяняе. Бабам «усю пяхоту» падушылі! Блатныя!

І яны зрабілі яшчэ два крокі наперад. Бык усё больш бялеў і хмурнеў, Кася чырванела і запалялася. Быку заняло мову, ён цяжка дыхаў. Кася тарахцела ўсё жывей. І сварка дакладна скончылася б біццём посуду і крушэннем рэчаў наўкола (сабе самім яны наносілі найменш шкоды), але ў дзверы пастукалі. Гэта адбылося, калі яны ўжо амаль сутыкаліся лбамі. Гаспадыня кватэры Кацярына Сперда прыйшла да Касі чагосьці там у яе пазычыць. Кася пайшла адмыкаць дзверы.

А віноўнік гэтай сутычкі, Фіська, размашыста шыбаваў Бондараўскім завулкам далей, ажно бруд з-пад ботаў на чатыры бакі свету ляцеў. Раптам дарогу яму заступіў цёплы заходні свавольнік-вецер. Быццам ветразь, надзьмуў пінжак і спыніў рух. Фіська нахіліўся наперад для атакі. Хацеў зламаць нечаканы супраціў. Алё вецер спрытна ўхіліўся ўбок, і Фіська, губляючы раўнавагу, развярнуўся на пятках і задам сакавіта-смачна пляснуўся ў лужыну… Яна ажно з берагоў выйшла… Злодзей уздыхнуў. Пасля рассмяяўся… Сядзець было зручна і мякка, а холаду вады ён не адчуваў, бо алкаголь самавіта яго грэў… Ён бы, напэўна, і доўга так праседзеў, але вецер зноў наляцеў (мо на працу сваю паглядзець) і галаўны ўбор з яго здзьмуў… Шапёха пусцілася ў непакорны заплыў па лужыне. Гэтага Фіська ўжо не вытрымаў, вылаяўся і некалькі разоў беспаспяхова паспрабаваў быў вызваліцца з гразевай ванны. Нарэшце ў яго гэта атрымалася. Ён схапіў шапку з вады і, стоячы пасярод калюжыны ў наскрозь мокрай адзежы, трыумфальна зацягнуў:

 
Злодзей будзе выкрадаць,
А я буду прадаваць.
Мама, злодзея люблю!
Гэй-я!
Мама, злодзея люблю!
 

Ясь адарваўся ад чытання рукапісу і запаліў цыгарэту.

– Як табе гэта? – спытаў хлопца Грамадзянін, бо лічыў малога найбольш разумным у гэтым таварыстве і даў яму прачытаць першую частку рамана з жыцця злачынцаў, над якім цяпер працаваў.

– Мне зусім не падабаецца, – шчыра адказаў Ясь.

– Што табе не падабаецца?

– Усё, пачынаючы з назвы… Што гэта за назва для рамана, «Туман»?

– Над назвай я доўга думаў, – сказаў Грамадзянін, – і менавіта гэтую выбраў як найбольш адпаведную. Бо разумееш, я пішу пра свет зусім невядомы і жудасна абылганы. Звычайнаму грамадзяніну жыццё злачынцаў вядомае менш за жыццё бізнесменаў.

– А навошта табе гэта пісаць?

– Хачу сказаць праўду пра тых людзей, пра якіх гавораць і, свядома і несвядома, пішуць хлусню.

– Навошта гэтая праўда патрэбная? Навошта і каму?

– Перш за ўсё яна патрэбная самім злачынцам, каб паказаць шляхетным людзям, што іх абяздоленыя браты таксама людзі, у жыцці якіх больш болю, чым ліхіх памкненняў. Акрамя таго, для будучыні. Для людзей мудрых, якія будуць шукаць праўду пра даўнія часы і пра розныя адрэзкі чалавечага жыцця, Для тых, хто захоча ўкараняць і паглыбляць веды пра чалавека… Я хачу публічна сказаць, што злачынцы – гэта проста няшчасныя людзі. Што віна за іх учынкі павінна быць падзеленая паміж усімі грамадзянамі, якія не здолелі ўсцерагчы іх ад гэтага страшнага лёсу. Я буду пісаць пра гэта. Я скажу людзям шмат праўды пра тых, каго выкінула за борт нармальнага жыцця… Я сам адчуваю віну перад імі… Наша абыякавасць і суворасць да іх – вось што сапраўднае злачынства. Подлае, жорсткае… Не магу без агіды згадваць сябе самога, як я некалі выступаў на судзе прысяжным, у ліку дванаццаці іншых прысяжных. Мы судзілі маладога селяніна за забойства бацькі. Ён забіў яго сякерай і сам прыйшоў у паліцыю. На судзе з яго нічога нельга было выцягнуць. Казаў, што д’ябал падкаснуўся, і ўвесь час плакаў. З паказанняў сведкаў таксама нямнога можна было даведацца. Пракурор, какетнічаючы з прысутнымі ў залі дамамі, разануў ладную прамоўку. Мы згодна прызналі: вінаваты. І мужыка адправілі на катаргу, бестэрмінова. Карацей, мы выдралі яго з жыцця. Знішчылі назаўжды… Нядаўна я пачаў думаць пра тую справу. Згадаў сабе пэўныя падрабязнасці: што бацька часта вяртаўся п’яны і біў маці і малодшых дзяцей. Сведкі называлі гэта: «Любіў стары павучыць». Сын заўжды быў цвярозы і працавіты. І шмат іншых падрабязнасцей дадалося. І тады ў мяне склалася абсалютна іншая карцінка. Бацька – тыран, дэспат, як напіваўся, катаваў сям’ю. І неяк сын пастаяў за сябе, маці або меншага каго з дзяцей. Абарвалася ў ім, можа, тое, што ён бачыў, што цярпеў столькі гадоў. Прыйшла «ліхая хвіліна» у якую асляпленне і сякера абрубілі тое, што трываць ужо не было сілаў. Хто вінаваты? Гэта правільнае пытанне… Хто вінаваты ў гэтым, акрамя цемры і галечы?.. Бо гэта наша супольная віна... Хто з тых дваіх больш вінаваты… Забойца ці забіты?.. Можа, забіты?.. А хто будзе саджаць гэтых сытых разумнікаў-быкоў, якія зладзілі сабе тэатр з чалавечай трагедыі і свядома да гэтага злачынства далічылі яшчэ адно… На якое зямное пекла мы асудзілі таго чалавека?.. Асудзілі і ганарліва пайшлі, поўныя пачуцця добра выкананага абавязку. Ці паспрабаваў хоць хто паглыбіцца ў душу таго чалавека… Халера!.. І ніхто не згадаў словаў Хрыста: «Не судзіце, ды не судзімы будзеце…».

Грамадзянін змоўк. Ён быў заўважна стомлены і расчараваны. Важкасць і складанасць узнятай тэмы быццам прыціснулі яго. Ён склаў рукапіс напалам і засунуў яго ў бакавую кішэнь бруднага, зношанага паліто. Ясю перадаўся гэты настрой. Пасля доўгай паўзы хлопец адгукнуўся:

– Ніхто твайго рамана не надрукуе; калі ты будзеш так пісаць. Скажуць, што ты выступаеш у абарону злачынцаў.

Грамадзянін раптам пачырванеў і відавочна раззлаваўся.

– Мо і скажуць… Людзі подлыя… Я выступаю і буду выступаць у абарону справядлівасці… Досыць у нас ужо подласці на сумленні… Я подла жыў: сыты, абыякавы і ў бяспецы тады, калі іншыя галадалі і вымушаныя былі красці тое, што ім па праве належала… Ніхто мяне так жыццю не навучыў, як злодзеі… Адзін мне неяк так сказаў (я тады ў Арле ў турме сядзеў): «Як вы, пане, так у жыцці ўладкаваліся, што жылі сумленна і наогул у турме не сядзелі?» Яму дзіўна было, што я толькі на пяцьдзясят трэцім годзе жыцця ў турму трапіў, – Трамадзянін усміхнуўся. – Я некалі згадаў, як студэнтам сядзеў ля акна і назіраў за арыштантамі, якія пілавалі на падворку дрэва. Падворкам ішла нейкая добра апранутая мажная жанчына. Мінула вязняў, але тут жа спынілася, дастала пяць капеек, падышла да аднаго і ўрачыста сказала: «Вось вам, Бог вас не забыў!» Вязень, якому яна давала грошы, адхапіў руку і раптам сказаў злосным хрыпатым голасам: «Ты, пануся, Богам сабе морды не падцірай. Ён табе не брат! Не для цябе ён прыйшоў! Ты дасі 5 капеек, набалбочаш на 50, нос задзярэш на 500, а скрадзеш на 5000! І гэтыя 5 капеек таму даеш, што або ўдачу ў інтарэсах сваіх мець хочаш, або квіток уваходны ў рай купіць!! Але Бога не падкупіш! Лафірында! І мяне не ашукаеш! Я табе не драбіна ў неба!» Я тады быў страшна абураны – такое хамства! Такіх бы вешаць! Наглядчык вылаяў вязня. Пануся наіндычылася і сказала, што падасць скаргу пракурору… Так была прынятая трапна выказаная праўда… Як бы я хацеў сустрэць таго чалавека!.. Ён ведаў жыццё!.. Для мяне цяпер ён варты больш, чым тысяча прыстойных грамадзянаў з майго мінулага…

Гэтая размова адбывалася ў кватэры Ігната Кулікоўскага на Ніжняй Ляхаўцы. Грамадзянін прынёс туды рэчы, купленыя ў розных крамах на замову Яся згодна з падказкамі Ігната. Яны рыхтаваліся да працы «на машынку». Тады гэты від аферы быў яшчэ невядомы.

Ясь, які пасля апошніх справаў меў шмат гатоўкі, даў Грамадзяніну 500 рублёў за турботы.

– Не трэба так шмат, – пратэставаў Грамадзянін. – Я нішто сабе жыву. Не галадаю.

Грамадзянін скіраваўся ў трушчобу[12]12
  Трушчоба – маліна, зладзейскае логава.


[Закрыть]
Цыпы, дзе яго чакаў Філіп Лысы. З цягам часу Грамадзянін стаў неад’емным сябрам брацтва з-пад знаку шабера. Злодзеі прызвычаіліся і палюбілі яго. Ён змог заваяваць іх давер і дапамагаў вырашаць розныя дробныя справы. Пісаў лісты, насіў малявы, а часам і «статкі»[13]13
  Статкі – інструменты ўзломшчыка.


[Закрыть]
, але яго ніколі не бралі на аніякую, нават найдрабнейшую работу. Злодзеі адчувалі, што яму было б непрыемна… Грамадзянін паступова спазнаваў і паглыбляўся ў жыццё злачынцаў. Ён браў з яго тыпажы для свайго рамана. Гэта шкодзіла канструкцыі твора, але было карысна з гледзішча фактуры.

У суседнім пакоі Ігнатава сястра, Міла, напявала песеньку:

 
Гляну я ў аконца, пагляджу я ў фортку —
Крочаць злодзеі ў расклёшаных портках…
Гальштукі модныя, выпрасаваныя,
Боцікі новыя, лакіраваныя…
Гэй, дыгу-дыгу!
Гэй, дана-дана!
Боцікі новыя, лакіраваныя…
 

Міла была вельмі прыгожая. Ёй было ўсяго сямнаццаць. Ясь ведаў, што дзяўчына жыве з братам як з каханкам. Зрэшты, яны зусім гэтага не хавалі. Ігнась казаў: «Я кахаю Мілу, а яна мяне. А што людзі балбочуць, то мне ўсё адно. Нашто мне з дрыздай абы-якой паскудзіцца. Мне яна больш падабаецца. А што сястра, то што з гэтага? Таксама жанчына, не каза ж. Праўда ж?!.»

Гэтая іх смеласць імпанавала Ясю. Калісьці, крыху пад чаркай, ён спытаў Ігната, як гэта адбылося ўпершыню. Ігнась задумаўся, а пасля паволі сказаў:

– Мне самому дзіўна… Я на Мілку ніколі ўвагі не звяртаў… Бабай не лічыў… А неяк заходжу да яе. Бачу – мыецца ў мядніцы. Кашулю ўніз спусціла. Я праходзячы, вось так сабе, пляснуў яе па азадку. Яна як вызверыцца, і вадою – плясь мне ў твар… Я яе за гэта яшчэ мацней стукнуў. А яна мяне кулаком у грудзі. Схапіў яе і сам не ведаю, як мы на ложку апынуліся… Я, напэўна, лютаваў. Яна крычыць: «Што ты робіш, паскуднік?!» Адыграцца хацеў, але яна ўжо маўчала і сама мяне за шыю рукамі трымала… З таго часу і пайшло ў нас… Такія справы… Кахаем адно аднаго… Лепш яна, чым сто іншых…

 
Пальцы дашчэнту ўсе у дыяментах,
У кожнага тростка – слановая костка!
Гэй, дыгу-дыгу!
Гэй, дана-дана!
У кожнага тростка – слановая костка!
 

Ясь не дачакаўся вяртання Ігната з горада. Пра сустрэчу яны не дамаўляліся, таму ён не крыўдаваў на сябра. Сказаў Мілцы, каб брат чакаў яго заўтра ўвечары дома, а сам выправіўся ў цэнтр.

На Камароўцы, быццам дзве ракі, зліваюцца два тракты: Барысаўскі і Лагойскі. Іх вусце раскінулася ля канца Захар'еўскай вуліцы, што рассякае на дзве часткі амаль увесь горад.

Камароўка – рай для паточнікаў. А паточніцтва – базавая школка для злодзеяў-пачаткоўцаў. Гэта найпрасцейшы спосаб крадзяжу, для якога непатрэбныя аніякія інструменты і адмысловыя веды. На «патоку» працуюць нават дзеці. Ёсць, аднак, злодзеі, якія амаль усё жыццё «ходзяць на паток». Старыя паточнікі ў справе сваёй звычайна карыстаюцца падлеткамі.

Паточнікі крадуць з вазоў на тракце што толькі можна. У іх няма сталых метадаў працы. Яны крадуць зранку і ўвечары. Абкрадаюць тых, хто ўязджае ў горад, і тых, хто з яго выязджае. Падразаюць куфры або валізкі, ззаду прывязаныя да вазоў. Прабіраюцца ў заезныя дамы і, карыстаючыся разявацтвам або нядбальствам, а часам і п’янствам мужыкоў крадуць, што падвернецца. Здараецца, здымаюць нават вупраж з каня, а былі выпадкі, што забіралі і каня з возам. Наймілейшыя дні для паточнікаў – кірмашовыя. Некаторыя паточнікі выходзяць далёка за горад і там пільнуюць сваіх ахвяраў. Бывае так, што селянін выедзе рана з дому і задрэмле. Прачынаецца і бачыць, што няма тавару, які ён на рынак вёз. Але найчасцей бралі падарожных ля ўезду ў горад. Тут прасцей за ўсё адцягнуць увагу ахвяры.

Неяк мужык, некалькі разоў абчышчаны паточнікамі і даліншчыкамі, прадаў каня і паехаў дадому. Навучаны досведам, загарнуў грошы ў хустку і ўсеўся на іх з цвёрдым рашэннем не ўставаць, пакуль не апынецца за горадам. Даліншчык «пасвіў» яго даўно, пільнуючы, куды той схавае грошы. За возам пайшоў на Камароўку. Там сустрэўся са знаёмым фірмовым паточнікам і патлумачыў справу.

– Зробім яго капэлай? – спытаўся паточнік.

– Клёва.

І яны пайшлі далей, уважліва сочачы за мужыком. У нейкім месцы воз спыніўся. Мужык дастаў з кішэні дробныя грошы, гукнуў хлопца, што круціўся напаўбліз, і загадаў яму купіць цыгарэты і запалкі. Паточнік шапнуў колькі слоў даліншчыку і рашуча пайшоў да каня. Спакойна і абыякава пачаў выпрагаць яго з воза. Мужык ажно вочы вылупіў ад здзіўлення і проста аслупянеў. Толькі калі аглоблі ляжалі на зямлі, ён схапіў пугу і падскочыў:

– Ты што робіш?

Паточнік быццам бы са здзіўленнем зірнуў на селяніна:

– Халера! Я думаў, гэта швагер… Памыліўся.

Таго моманту, калі мужык падскочыў, хапіла, каб даліншчык прыбраў яму з-пад зада хустку з грашыма. А мужык, выехаўшы з горада, калі хацеў грошы дастаць, аніяк не мог уцяміць, як і калі іх скралі.

З пэўнага часу Ясь стаў частым госцем на Камароўцы. У яго было шмат прыяцеляў, і ён ведаў амаль усе маліны. Працуючы далей гуртом з Баранам і яго калегамі, якія былі элітай зладзейскага свету, ён ахвотна знаёміўся і з яго пралетарыятам. Некаторы час Ясь «хадзіў на паток» з Балеронам. Гэты від работы даваў яму малы прыбытак, але адкрываў яшчэ адны дзверы ў зладзейскія салоны горада. Цяпер ім кіравала не жаданне прыбытку, але неўтаймоўная цікавасць да свету і людзей. Ні ад якой працы ён не адмаўляўся. Часта сам высоўваў новыя канцэпцыі работы, якія на справе выяўляліся цудоўнымі. Гэта ўсё стварыла яму рэпутацыю характэрнага хлопца.

Ясь усё мацней урастаў у асяроддзе злодзеяў і з усіх бакоў спазнаваў іх жыццё і звычаі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю